Колькасць эмігрантаў з Польшчы ў Францыю дасягнула 500 000 чалавек. Відочна, што як і ў Польскай дзяржаве, сярод іх ёсць людзі розных нацыянальнасцяў. Не бракуе і беларусаў - у асноўным, рабочых [1]. Яшчэ нядаўна беларусы не фігуравалі сярод эмігрантаў як асобная нацыянальная група. Католікі не былі бачны сярод палякаў, а праваслаўныя не вылучаліся сярод рускіх. Зараз ў гэтай справе бачны глыбокія змены.
Беларусы-эмігранты на нацыянальным грунце стварылі сваю ўласную арганізацыю і маюць сваіх руплівых дзеячаў - але, што праўда, напоўінтэлігентнага тыпу, бо сапраўдных інтэлігентаў сярод эмігрантаў бракуе. Беларускія эмігранты друкуюць свае ўласныя выданні на беларускай мове ў якіх самі пішуць пра настроі і ідэйныя накірункі, якія пануюць сярод беларускай эміграцыі.
Аўтар гэтага артыкула меў магчымасць азнаёміцца з двума парыжскімі выданнямі эмігрантаў з Беларусі. Гэта перыёдыкі "Бюлетэнь" і "Рэха", абодва выдаюцца ў радыкальным, але адначасова ў дэмакратычным і нацыянальным духу.
Верагодна, шмат хто з чытачоў прачытае мае словы з пэўным скептыцызмам - вось, яны "камуністы" і канец! І памыліцца: беларускія эмігранцкія арганізацыі ў Францыі не толькі не "камуністычныя", але нават канфліктуюць з палітычнай лініяй камуністаў [2]. І калізія гэта ў асноўным паўстала на грунце барацьбы кампартыі з так званымі беларускімі "нацдэмамі".
Памятаем мы дзіўныя лёсы лідараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на чале з Тарашкевічам, якіх польскія суды за палітычную дзейнасць прагаварылі да 12 гадоў вязніцы. Пасля таго, як апеляцыйны суд зменшыў вырак да паловы ранейшага тэрміна і пасля некалькігадовага побыту ў вязніцы, у выніку высілкаў польскіх дэмакратычных колаў, яны былі звольненыя, але жыццё гэтых людзей у Польшчы, як асоб, пазбаўленых грамадзянскіх праў, было такое цяжкае, што яны былі прымушаны эміграваць у БССР.
Ідэнтычным быў і лёс паслядонікаў "Грамады" - паслоў з групы "Змаганне". Новая група беларускіх палітыкаў (Дварчанін, Гаўрылік і г. д.), за камуністычную дзейнасць патрапіла за краты а потым выехала ў Мінск - былі абмененыя савецкім урадам на вязняў-палякаў.
Мінула некалькі гадоў, падчас якіх ўсе гэтыя лаяльныя да Савецкай Беларусі людзі працавалі ў Мінску, як раптоўна выбухнула бомба - у сувязі з новым вялікадзяржаўным курсам Сталіна ўсе яны былі арыштаваны і дэпартаваны ў самыя адлеглыя раёны Сібіры ці паўночнай Расіі, асуджаныя пры гэтым за шпіянаж на карысць Польшчы і за супрацу з польскай дэфензівай падчас свайго знаходжання як у Заходняй гэтак і ў Савецкай Беларусі. Гэта былі абсалютна ілжывыя абвінавачванні і мелі яны за мэту пазбавіць гэтых асоб вялікай папулярнасці, якую яны мелі па абодва бакі мяжы і такім чынам знішчыць іх маральна.
Кідаючы такія паклёпніцкія абвінавачванні супраць сваіх нядаўніх ідэйных саюзнікаў, ці дасягнула Савецкая ўлада сваіх мэт? Не ведаем, калі справа ідзе пра Савецкую Беларусь. Але дакладна ведаем, што на Захадзе гэтыя паклёпы не мелі ніякай веры і ў значнай ступені прычыніліся да аслаблення камуністычных уплываў сярод беларускіх мас.
Як бачна з вышэй згаданых выданняў беларускай рабочай эміграцыі ў Парыжы, гэтым закідам не вераць і ў эміграцыі. Выданні, якія там друкуюцца, вельмі энергічна выступілі з пратэстам супраць паклёпніцтва савецкіх уладаў на беларускіх радыкальна-нацыянальных дзеячаў з "Грамады". І ў сувязі з выстаўленнем аналагічных абвінавачанняў супраць самога Ягоды (кіраўніка НКУС - Л. Л.), які кіраваў ўсёй акцыяй супраць "зліквідаваных" беларускіх лідараў, яны патрабуюць рэабілітацыі Тарашкевіча і яго таварышаў. Ужо толькі з аднаго гэтага факта становіцца зразумелым, што беларуская эміграцыя ў Францыі не ходзіць на паску камуністаў і паўстае на барацьбу з імі.
Барацьба гэта тым больш цяжкая, што беларуская эміграцыя ні ад каго не мае падтрымкі.
H. B. [Антон Луцкевіч] Białorusini we Francji // Pregląd Wileński. 1938. № 3. S. 1-2.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Увосень 1930 г. у прэсе з'яўляецца інфармацыя аб росце беспрацоўя ў горадзе Ліда, і таму лідскае староства пачынае запісваць беспрацоўных у чаргу для працы ў Францыі. Але ўжо ў сакавіку таго ж года газета "Слова" паведамляла, што "жыхарка Ліды Марыя Стацкевіч атруцілася эсэнсіяй". Нагодай гэтага кроку было тое, што "яе муж выехаў на работу ў Францыю і не даваў аб сябе знаць". - Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 211.
[2] У лістападзе 1937 г. за захоўванне камуністычнай літаратуры і прыналежнасць да КПЗБ судзілі жыхара Дакудаўскай гміны што на Лідчыне Сцяпана Бандарука. Прыналежнасць да кампартыі ў судзе не была даказана, а кнігі ён легальна прывёз з Францыі, дзе жыў да 1936 г., і таму суд яго апраўдаў. - Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. С. 248.