Рэдакцыя "Пшэглёнду…": Гэты артыкул быў нам ужо даўно дасланы, аднак ён і сёння не страціў сваёй вартасці, бо сітуацыя грунтоўна не змянілася.
На пачатку мінулага года (1936 г. - Л. Л.) у Вільні была распаўсюджаная адозва на беларускай мове, падпісаная "Актывам усебеларускага антыкамуністычнага фронту", у якой беларускае грамадства заклікалася да чыннай барацьбы з камунізмам у чаканні савецка-японскай вайны на Далёкім Усходзе. Адозва мела настолькі яркі антысавецкі і праяпонскі характар, што газета "Беларуская Крыніца", падаючы інфармацыю, акрэсліла яе як "японскую".
Паколькі, нават самы павярхоўны аналіз мовы адозвы паказвае, што яе пісаў расіянін, не можна выключаць, што яна была інспіраваная ці выдадзеная праз японскіх агентаў. Калі гэта так, дык мы мае справу з новай чужынскай агентурай, якая дзейнічае на беларускай пляцоўцы.
Калі маршал Пілсудскі з такой глыбокай горыччу і клопатам пра сваю Айчыну падкрэсліваў згубную для Польшчы дзейнасць розных чужынскіх агентур, дык згубнасць іх дзейнасці для беларусаў шматкроць большая: беларусы не маюць сваёй дзяржавы, не маюць арміі, якая б іх бараніла ад варожых намераў, і адзіным сродкам нацыянальнай самаабароны для нас ёсць унутраная стойкасць народа, - а менавіта яе, перад усім імкнецца разбіць чужынская агентура. Характэрна, што кожная з гэтых агентур дэкларуе неабходнасць нацыянальнага адзінства беларусаў, разумеючы гэта такім чынам, што ўсе беларусы павінны ісці ў бок, у які ўказвае гэта агентура. Доказам гэтага ёсць тая незвычайная лютасць, з якой дзеячы, якія свядома ці несвядома падпарадкоўваюцца чужынскай агентуры, ваююць з усімі тымі, хто асмельваецца супрацьстаяць чужынскай агентуры. Справа зусім не ідзе пра творчыя звады паміж рознымі плынямі грамадства, што нармальна і пажадана, бо мае за мэту службу свайму народу і ўзбагачэнне яго ва ўсіх аспектах грамадскага жыцця. Наадварот, чужынская агентура імкнецца перашкодзіць, зрабіць немажлівай гэтую творчую працу для ўсіх, хто ёсць ад іх незалежны, яна імкнецца рэдукаваць, зменшыць творчы імпульс народа як разнастайнага адзінства. Барацьба тут даходзіць да выразнага жадання фізічнага знішчэння асобаў якія думаюць па-іншаму і ў такі спосаб, перад усім, аслабіць сілу і адпорнасць усяго народа. У гэтым ёсць найвялікшая трагедыя беларусаў - больш страшная ў сваіх выніках, чым нават падзел края суседнімі дзяржавамі.
Выдадзеная адозва паказвае на пачатак дзейнасці сярод беларусаў новай чужынскай агентуры - гэтым разам японскай. Пакінем покуль пытанне сімпатыі ці антыпатыі да Японіі і яе палітычных планаў. Не будзем таксама казаць пра сімпатыю ці антыпатыю да камунізму і барацьбы з ім - гэта ёсць праблема міжнароднага маштабу якая не атаясамліваецца з японскімі памкненнямі. Спынімся на высвятленні перспектываў, якія б з'явіліся ў беларускага народа ў сувязі з магчымым збройным канфліктам паміж Саветамі і іх суседзямі.
"Японская" адозва (як і газета "Крыніца", для кароткасці будзем называць яе так) цвердзіць (слушна ці не, гэта ўжо іншае пытанне), што перамога Японіі над Расіяй ў 1905 г., прынесла беларусам свабоду слова і частковую свабоду дзейнасці, і менавіта вынікам гэтага сталася стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. (акт 25 сакавіка 1818 г.), але чырвоны маскоўскі імперыялізм зняважыў дзяржаватворчыя высілкі беларусаў. "Бальшавіцка-японская вайна, якая набліжаецца, пабурыць крывавую камуністычную дыктатуру і прывядзе да поўнай свабоды падпарадкаваных народаў СССР, у тым ліку і беларускага народа".
Так кажа адозва. І дзеля гэтай свабоды, у імя адбудовы незалежнай Беларусі, прызывае ўсе беларускія групоўкі, партыі і арганізацыі з'яднацца разам для чыннай барацьбы з Саветамі.
Ці магла б японская перамога над Саветамі ў сучасных міжнародных варунках прынесці беларусам істотныя дабрадзействы, пра якія піша "японская" адозва? Гэтыя абяцанкі (да таго ж - цалкам ананімныя) падаюцца звыклым палітычным блефам. Пераканаемся ў гэтым, аналізуючы як сучасную міжнародную кан'юнктуру, гэтак і мэты магчымых партнёраў Японіі ў гульні з Саветамі.
Перад усім, Японія хіба не збіраецца нападаць на Саветы без пэўнасці, што на заходняй мяжы СССР выбухне вайна з заходнімі суседзямі. У гэтым выпадку, беларускія землі з абодвух бакоў мяжы сталі б арэнай узброенай барацьбы, і якія вынікі тады атрымаў бы беларускі народ, мы ведам з вопыту сусветнай вайны: лічба беларусаў зменшылася тады з 12 да 8 мільёнаў…
І вынікі вайны для Беларусі мусілі б быць аднолькава фатальнымі і ў выпадку перамогі Саветаў (бо ў такім выпадку на землях Заходняй Беларусі было б вынішчана ўсё тое, што сёння мае нацыянальны беларускі характар а нацыянальна-незалежніцкія памкненні, згодна з савецкай тэрміналогіяй, сталі б "нацдэмаўшчынай"), і ў выпадку калі б споўніліся б прароцтвы "японскай" адозвы. Што да першага варыянту, вынікі яго не патрабуюць адмысловых доказаў: савецкая палітыка ў дачыненні да нацыянальна-свядомых беларусаў ў БССР дастаткова кажа пра гэта. Аднак пра другі варыянт трэба паразмаўляць.
Каб беларусы маглі добра выкарыстаць пагром Саветаў, прадбачаны аўтарамі адозвы, каб маглі арганізавацца для чыннай барацьбы з СССР (ці гэта ідэя мае папулярнасць у масах - гэта іншае пытанне), неабходна было б мець нейкі трамплін па-за межамі Савецкай Беларусі. Як вядома, такім трамплінам для Польшчы на пачатку сусветнай вайны была Аўстрыя. Для беларускіх незалежнікаў гэта магла б быць толькі Польшча. Але ўся сукупнасць польскай палітыкі ў дачыненні да беларусаў перакрэслівае такую мажлівасць.
Пра з'яўленне якіх-небудзь кадраў беларускіх збройных сіл у межах польскай дзяржавы няма нават і размовы. У часы, калі ўкраінская праблема ў Польшчы, здавалася б набліжалася да пэўнага развязання, аналагічная беларуская праблема, кажучы словамі прадстаўнікоў ураду ва ўсіх соймавых і пазасоймавых прамовах і дэкларацыях, "не існавала".
Прапановы і "японскія" абяцанкі ў беларускіх справах нагадваюць агульнавядомы факт з часоў сусветнай вайны. "Маніфест" з абяцаннямі аўтаноміі Польшчы (пасля рускай перамогі!) падпісаны не царом Мікалаем ІІ, а толькі галоўнакамандуючым арміі вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам. Тады крытычнадумаючыя людзі разумелі, што пасля "пераможнай" вайны аўтаматычна знікне ўлада галоўнакамандуючага арміі, а за яго абяцанкі цар адказваць не будзе. Тое самае ёсць і зараз з "японскімі" абяцанкамі беларусам, бо адзіным чыннікам, які ў выпадку разгрому Савета мог бы адыграць сваю ролю, ёсць Польшча, а ўласна Польшча захоўвае глыбокае маўчанне і нічым не выказвае сваёй гатоўнасці да супрацы з беларусамі ў іх незалежніцкіх памкненнях.
У Саветах зараз беларусам дрэнна - гэта праўда. Але нішто не кажа пра тое, што ў выпадку перамогі Японіі і яе заходніх саюзнікаў, сітуацыя ў Савецкай Беларусі ў галіне культуры і стану грамадства будзе палепшана. Пэўна, замест гэтага, увесь тамтэйшы беларускі культурны набытак, прымусова пафарбаваны ў чырвоны колер, як камуністычны будзе сцёрты з аблічча зямлі пераможнымі "антыбальшавікамі". І менавіта да ўдзелу ў такой ваеннай акцыі "японская" адозва прызывае беларускае грамадства ў Польшчы!
Ці японскія палітыкі (калі і насамрэч гаворка можа ісці пра іх) былі гэтак далёкія ад разумення сітуацыі, у якой апынуліся беларусы? Не ведаю. Ведаю, што за грошы заўсёды можна знайсці безыдэйных людзей, гатовых у адносінах да Савецкай Беларусі выконваць тыя самыя функцыі, якія ў адносінах да СССР выконваюць расійскія "белыя" эмігранты на Далёкім Усходзе і ў іншых месцах.
Незалежна ад сімпатый ці антыпатый беларускага грамадства да камунізму і чырвонай імперскай Расіі, "японскія" аўтары адозвы не могуць разлічваць на ідэйную падтрымку распачатай акцыі. Вельмі шмат балячак маюць беларусы ў Заходняй Беларусі, вельмі шмат абавязкаў перад сваім народам ляжыць на нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, каб яна магла свае невялікія сілы класці на вагі, якія могуць вырашыць праблему сусветнага ўладкавання.
На заканчэнне, трэба падкрэсліць тую акалічнасць з адозвы "Актыву усебеларускага антыкамуністычнага фронту", што гэтая адозва з'яўляецца ананімнай і аточаная глыбокай таямніцай, бо яна ўступае ў канфлікт з польскім Карным кодэксам. Нешта тут не ў парадку і ў любым выпадку дае нам падставы зрабіць выснову, што гэтая, так званая японская агентура, хіба не мае падтрымкі сваёй акцыі з боку польскага ўраду. Такім чынам мы маем доказ, што "японскія" абяцанкі свабоды для беларускага народа пасля верагоднай перамогі Японіі над Саветамі, не пацверджаны польскай уладай, што цалкам пазбаўляе іх усялякай рэальнай вартасці.
A. Ł.[Антон Луцкевіч] «Japońska» agentura // Pregląd Wileński. 1937. № 2. S. 2-6.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.