Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

З гісторыі стасункаў Чэхіі з Літвой і Беларуссю 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 15-02-2023,
Крыніца: Луцкевіч Антон. З гісторыі стасункаў Чэхіі з Літвой і Беларуссю // Наша слова.pdf № 11 (63), 15 сакавіка 2023.



У сярэдзіне мінулага года (1936 г . - Л. Л.) у Празе на рускай мове выйшла кніга пр. А. Флароўскага "Чехи и восточные славяне. Очерки по истории чешско-русских отношений (X - XVIII ст.)".

Аўтар кнігі - рускі эмігрант, верны старым традыцыям рускіх даследчыкаў, якія беларусаў, украінцаў і рускіх лічыць "адзіным народам". Таму ў кнізе ідзе размова не толькі пра рускіх, але таксама і пра беларусаў з украінцамі.

Першая частка першага тома расказвае пра стасункі паміж Чэхіяй і Кіеўскай Руссю, у другой частцы, у асноўным, ідзе гаворка пра беларускія землі якія ўваходзілі ў склад ВКЛ. Гэтая другая частка, якая расказвае пра XV-XVII ст., і з'яўляецца для нас самай цікавай.

Праца пр. Флароўскага грунтуецца на вялікай колькасці як раней надрукаваных, гэтак і першы раз знойдзеных аўтарам крыніц. І ўжо толькі таму гэта кніга мае вялікую каштоўнасць, аднак, чытачу трэба разумець, пра якія народы ідзе гаворка - калі аўтар кажа пра "усходне-славянскае насельніцтва Польшчы і ВКЛ", дык зразумела, што справа ідзе пра беларусаў і ўкраінцаў. Нарэшце, і сам аўтар ва ўступе паказвае, што тэрмін "рускія" для яго абазначае таксама і ўкраінцаў з беларусамі, пра якіх, у асноўным, і расказвае першы том. […]

Затрымаемся на другой частцы першага тома.

Пр. Флароўскі малюе нам вельмі цікавы кантэкст гістарычных падзеяў XV-XVII ст. на землях ВКЛ і суседзяў. З вялікай сумленнасцю і аб'ектыўнасцю аналізуе ён чыннікі, ад якіх залежалі тыя ці іншыя стасункі Чэхіі з ВКЛ і Польшчай. Цікава, што нават пасля заключэння ў часы Ягайлы польска-літоўскай уніі, Польшча і ВКЛ у сваёй замежнай палітыцы крочаць рознымі дарогамі: калі Вітаўт мае прыязныя стасункі з Чэхіяй, дык Ягайла не вітае гэта, калі ж Польшча мяняе свае адносіны да Чэхіі, Вітаўт нагадвае пра гэта Ягайлу, а потым змяняе сваю прыхільную да Чэхіі палітыку.

Пра этнаграфічную Літву чэхі ведалі з XIII ст., з часоў, калі рыцары-крыжакі агнём і мячом пашыралі хрысціянства сярод паганцаў-летувісаў. Па закліку Рыма, разам з іншымі еўрапейцамі, чэшскае рыцарства і духавенства удзельнічала ў войнах з Літвой. Пасля аб'ядання беларускіх і летувіскіх земляў у адну дзяржаву, у якой ад самага пачатку пераважаў хрысціянскі элемент, а потым пасля хрышчэння Літвы, а тым больш пасля уніі з Польшчай, сітуацыя настолькі змянілася, што ўжо не рэлігія, а палітыка пачынае кіраваць адносінамі паміж Чэхіяй і ВКЛ. У ВКЛ чэхі бачаць сваіх братоў-славян - у асноўным беларусаў якія часцей за ўсё вызнавалі ўсходні абрад. Менавіта тады, на пачатку XV ст., у Чэхіі пачынаецца слынны рэлігійны рух, і гусіты схільныя бачыць у беларусах і галічанах, з-за іх веравызнання, натуральных саюзнікаў у сваёй барацьбе з рымскім веравызнаннем. І таму не толькі каралеўская ўлада, але і грамадскасць Чэхіі імкнецца да стасункаў з ВКЛ.

Пр. Флароўскі шмат месца прысвячае чэшскай палітыцы Вітаўта, якога чэхі запрашалі кіраваць іх краем, і місіі князя Жыгімонта Карыбутавіча, якога Вітаўт паслаў у Чэхію замест сябе. […]

Далей Флароўскі падае шмат цікавых фактаў пра стасункі Чэхіі з Свідрыгайлам і кажа пра адназначную беларускасць дзяржаўных дзеячаў Літвы, якія выяўлялі прыхільнасць да Чэхіі. У фатальнай для Свідрыгайлы бітве пад Вількамірам, на ягоным баку ў бітве бралі ўдзел чэшскія дружыны, магчыма, як дапускае Флароўскі, дзякуючы Жыгімонту Карыбутавічу. У гэтай бітве ён быў паранены ў шыю і галаву і патрапіў у няволю. Пераможцы надзвычай сурова расправіліся з палонным, пазбавіўшы яго жыцця. У справе Свідрыгайлы, чэхам дасталася і іншыя роля - роля пасярэднікаў, якая, аднак была безвыніковай.

Трошкі пазней, падтрымкі чэхаў шукаў праціўнік Свідрыгайлы вялікі князь ВКЛ Жыгімонт, які ў сваёй палітыцы імкнуўся да незалежнасці Літвы. Жыгімонт завязаў стасункі з чэшскім каралём Альбрэхтам і меў з ім палітычную перапіску. Але да фармальнага саюзу паміж імі справа не дайшла.

Шмат сваёй ўвагі аўтар прысвячае праблеме ўплыву гусізму на беларуска-летувіскія землі. Шукаючы шляхі, па якіх яшчэ падчас жыцця Яна Гуса ў ВКЛ дайшлі звесткі пра рэлігійна-нацыянальны чэшскі рух, пр. Флароўскі, надаючы вялікае значэнне апісаным вышэй палітычным стасункам, адзначае вядомы факт, што ў Прагу, па навуку ў тамтэйшым універсітэце, даязджала шмат беларускай і летувіскай моладзі. Аўтар падае некаторыя імёны (напрыклад: Mathias de Wylna, Ioan Spiczik - таксама з Вільні) і кажа пра цяжкасць устанаўлення іншых імёнаў, бо спісы студэнтаў медыцыны і тэалогіі з XIV і XV ст. не захаваліся цалкам, а ў спісах слухачоў філасофіі і права ёсць шмат недакладнасцяў. У дадатак - у спісе студэнтаў філасофіі прысутнічаюць толькі тыя асобы, якія атрымалі навуковую ступень, але не ўсе студэнты да яе дайшлі. Маецца таксама цікавая інфармацыя пра падарожжа Гераніма з Прагі ў Вільню, Гародню, Віцебск, Полацк і Пскоў.

Падчас сваёй працы над беларуска-чэшскімі стасункамі, пр. Флароўскі мусіў, відочна, сутыкнуцца з асобай перакладчыка Бібліі на беларускую мову і стваральніка першай Віленскай друкарні др. Францішка Скарыны з Полацка. Як вядома, Скарына зрабіў пераклад Бібліі ў Празе, дзе, верагодна, жыў пасля атрымання доктарскай ступені ў Падуі. Там жа, у Празе, ён заклаў сваю друкарню, якую ў 1525 г. прывёз у Вільню, каб працягнуць працу. Гісторыя жыцця Скарыны не вельмі вядомая. […]

Акт, датаваны 1552 г. і выдадзены ў канцылярыі чэшскага караля Фердынанда І Габсбурга (1527-1564) у Празе, кажа пра тое, што сын Францішка Скарыны "Руса" Сымон Рус, як замежнік, прасіў караля аб дапамозе ў пошуках вяртання рухомай маёмасці свайго нядаўна памёршага бацькі (у тым ліку - рукапісаў і кніг!). Францішак Скарына названы каралём "нашым садоўнікам". Відочна, што пасаду садоўніка трэба разумець больш шырока - як батаніка, што цалкам стасуецца са ступенню доктара лекарскіх навук, бо толькі на медыцыне ў той час вывучалі батаніку і траўніцтва. Наогул, з кантэксту акта вынікае, што Скарына, жывучы ў Празе, памёр там у 1551 г.

Такім чынам былі дапоўненыя скупыя звесткі пра слаўнага сына Беларусі. Вынікае з іх, што жыццё ў Вільні стала для Скарыны настолькі цяжкім, што ён паўторна эміграваў у чужы край і тут закончыў сваё працавітае жыццё.

H. B. [Антон Луцкевіч] Z dziejów stosunków Czechów z Litwą i Białorusią // Pregląd Wileński. 1938. № 2. S. 2–6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX