Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Пра Людвіка Абрамовіча 


Дадана: 10-05-2023,
Крыніца: Пра Людвіка Абрамовіча // Наша слова.pdf № 19 (71), 10 траўня 2023.



Людвік Абрамовіч

(Замест хаўтурнае прамовы)

9 сакавіка с. г. памёр на 60-ым годзе жыцьця ведамы ў шырокіх колах беларускага грамадзянства рэдактар польскага часапісу "Pregląd Wileński", Людвік Абрамовіч.

Побач з нячысьленай групай польскіх дэмакратаў, побач з прадстаўнікамі Літвіноў, праводзілі нябожчыка на месца вечнага адпачынку на Росе прадстаўнікі ўсяго беларускага грамадзянства - бяз розьніцы груп i кірункаў. Бо-ж сьв. п. Людвік Абрамовіч пакінуў сярод Беларусаў добрую памяць аб сабе.

Людвік Абрамовіч, фота Яна Булгака, 1939 г.

Абрамовіч - віленскі старажыл. Як публіцыст, ведамы ўжо ад 1906 года, калі пачаў супрацоўнічаць у польскай дэмакратычнай газэце "Gazeta Wilenska". Гарачы польскі патрыёт, ён лятуцеў аб ускрашэньні Польшчы i змагаўся, як мог, за правы польскага народу пад уладай Расеі. Але адначасна пачуваў сябе грамадзянінам i нашага краю, думаў аб ускрашэньні колішняга Вялікага Княства Літоўскага, аб'яднанага фэдэрацыйнымі сувязямі з Польшчай, i культурнай мінуўшчыне гэтага краю прысьвяціў дзьве навукова-дасьледчыя працы [1]. З поўнай пашанай адносіўся да адраджэнска-вызвольных імкненьняў Беларусаў i Літвіноў, хоць i з аднымі, i з другімі разыходзіўся ў палітычных ідэалах.

У тыя далёкія перадваенныя часы дэмакраты ўсіх нацыянальнасьцяў Расеі мелі шмат супольнага. Злучала ix перад усім супольная ідэолёгія i неабходнасьць змагацца з супольным ворагам - царскай уладай, каторая роўна няволіла i так званых "інародцаў" i народ расейскі. Усе імкнуліся да волі, усе бачылі ў другіх нацыянальнасьцях натуральных саюзьнікаў, усе мелі супольны язык. Лёгка тады было згаварыцца з усімі i польскім дэмакратам, a на землях беларуска-літоўскіх яны ў пэўныя мамэнты нават маглі супрацоўнічаць i з Беларусамі і Літвінамі.

Пасля ўваскрашэння Польшчы гэтае супрацоўніцтва спынілася, гэты супольны язык - счэз. Паміж "пануючай нацыяй", нават паміж яе дэмакратычнымі групамі з аднаго боку i нацыянальнымі "меншасьцямі" з другога стварылася непераступная прорва. I толькі рэдкія адзінкі спасярод даваеннае польскае краёвае дэмакратычнае інтэлігенцыі захавалі старыя сувязі з Беларусамі i Літвінамі, зьбераглі i колішні супольны язык з імі. Да гэткіх адзінак, лічба каторых з году ў год усьцяж безпаваротна зьмяншаецца, належыў i Людвік Абрамовіч.

У даваенныя часы на грунце разыходжаньня ў палітычных ідэалах паміж Абрамовічам i Беларусамі ўзьнімаліся i спрэчкі, i сваркі - нават даволі вострыя. Але было гэта тады, калі ўсе споркі аставаліся йшчэ ў сфэры тэорэтычных разважаньняў, калі словы йшчэ не ператвараліся ў дзела. Збліжэньне паміж Абрамовічам i Беларусамі адбылося шмат пазьней - ужо пасьля ўскрашэньня Польшчы, калі ўчарашнія лятуценьнікі пачалі рэалізаваць свае тэорыі ў жыцьці. I як-жа далёка адыйшліся яны ад вызнаваных перад вайной ідэалаў!..

Людвік Абрамовіч захаваў поўнасьцю старыя свае ідэалы. Ня мог маўчаць аб тым, што выклікала ў яго боль i патрэбу пратэсту. Узнавіўшы выдаваны йшчэ перад вайной часапіс свой "Przeglаd Wilenski", ён з вялікай грамадзкай адвагай выступіў на абарону інтарэсаў беларускае й літоўскае "меншасьцяў" у Польшчы, каторыя на сваей зямлі складаюць большасьць. Ён голасна трэбаваў пашаны для нашых нацыянальных правоў, трэбаваў здаваленьня эканамічна-гаспадарчых патрэбаў нашага краю i інтарэсаў працоўных масаў гэтага краю. Блізка супрацоўнічаў ідэйна з ведамым віленскім грамадзкім дзеячом адвакатам Тадэушам Врублеўскім, каторы шчыра бараніў правы Беларусаў i Літвіноў ды называў сябе "грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага"; пад уплывам апошняга верыў, як i Врублеўскі, што цэнная рэч - бацькаўшчына, але яшчэ больш цэнная - воля, воля для ўсіх грамадзян бяз розьніцы нацыі i веры. Часапіс "Przeglаd Wilenski" ў працягу цэлага раду апошніх гадоў быў адзінай трыбунай, з якое самі Беларусы маглі прамаўляць да польскага грамадзянства, інфармуючы яго аб сваіх патрэбах i балячках. Праўда, ня ўсё даходзіла да тых, для каго пісалася: за апошнія два гады часапіс Абрамовіча быў сыстэматычна канфіскаваны i паасобныя нумары траплялі да рук чытачоў часта праз некалькі месяцаў пасьля свайго выхаду, калі суд здымаў канфіскату.

У 1936 годзе Абрамовіч спраўляў 30-летні юбілей сваей публіцыстычнай працы. Пасьля публічнага абходу, на каторым гаварыліся шчырыя дый няшчырыя прамовы аб заслугах Абрамовіча для нашага краю, юбіляр папрасіў да сябе на вячэру некалькі бліжэйшых ідэйна асоб - пару Беларусаў, пару Літвіноў i некалькі Палякоў. I тут былі прамовы - толькі ўжо бязспрэчна зусім шчырыя. Прамовіў i сам юбіляр. Гаворачы аб працы ўсяго свайго жыцьця, ён адзначыў, што ў даваенныя часы - часы няволі для Палякоў - ён горача бараніў правы польскага народу i тады пападаў у канфлікты з другімі народамі нашага краю. Шмат хто меў тады падставу крытыкаваць ягонае становішча. Але пасьля ўскрашэньня Польшчы ён лічыць справядлівым, каб "меншасьці" ў Польшчы карысталіся такой самай воляй, якой трэбавалі Палякі для сябе ад Расеі. У Польшчы ён мусіў выступіць на змаганьне з польскім нацыяналізмам - у імя сваіх старых дэмакратычных i гуманітарных ідэалаў.

Гэтая "споведзь жыцьця" Абрамовіча канчаткова пагадзіла яго з тымі Беларусамі, каторыя з даваенных часоў маглі захаваць у сэрцы нейкі жаль да яго - за мінулае.

Незадоўга да сьмерці сваей Людвік Абрамовіч, зламаны цяжкой хваробай i маральна прыгнечаны бязупыннымі канфіскатамі "Przegl. Wil." зачыніў свой часапіс. A праз паўгоду - памёр i сам, як быццам сьцьвярджаючы, што ня бачыць карысьці ад сваей працы, што барацьба яго ў сучасных абставінах дарэмная.

Прадстаўнікі беларускага грамадзянства, каторыя аддавалі на Росе апошнюю паслугу нябожчыку, з глыбокім жалем i пашанай скланялі галовы над сьвежай магілай гэтага шляхотнага ідэаліста i барацьбіта за адну праўду i адну волю для ўсіх.

Хай-жа лёгкай будзе Яму наша зямелька, каторай ён - хоць на свой асаблівы спосаб - шчыра служыў!

Вільня. 11.03.39. А. Луцкевіч.

Калосьсе. 1939. № 1.

Людвік Абрамовіч

Станіслаў Мацкевіч

Учора ў Вільні памёр старэйшы віленскі журналіст Людвік Абрамовіч.

Шануем яго памяць.

Ён нарадзіўся 1879 г. у Маскве. Сын акруговага пракурора паходзіў з шляхецкай віленскай сям'і. У 1906 г. пачаў працаваць у рэдакцыі "Газеты Віленскай" Міхала Ромера - сучаснага рэктара ўніверсітэта ў Коўне. Тады гэта была крайне радыкальная і "чырвоная" газета якая потым згасла з-за браку чытачоў. Пасля гэтага ён працаваў у рэдакцыі "Кур'ера Літоўскага" калі рэдактарамі гэтай газеты былі Чэслаў Янкоўскі і Войцех Бараноўскі, пайшоў з газеты, калі яна злучылася з народна-дэмакратычным "Дзённікам Віленскім". У часы вайны супрацоўнічаў з Вінцэнтам Жымоўскім, яны выдавалі нелегальную газету ў Варшаве, прычым Абрамовіч, шукаючы кантакты з брыгадным генералам Пілсудскім, пераходзіў праз лінію фронту [2]. Быў сакратаром аўстрафільскай "Лігі польскай дзяржаўнасці". Пасля вайны вярнуўся ў Вільню дзе выдаваў "Газету Краёву" і потым "Пшэглёнд Віленскі".

Быў нашым ідэалагічным і маім асабістым праціўнікам. З'яўляўся бескампрамісна прынцыповым чалавекам. Быў журналістам які служыць сваёй ідэалогіі. Ствараў праблемы для нашай прафесіі.

Быў сімвалам і сустваральнікам краёвай ідэалогіі.

Я перакананы, што 90% нашых чытачоў не ведаюць у чым сэнс гэтай ідэалогіі, але натхняліся рознымі адозвамі, якія пачыналіся словамі: "Край твой …".

Гэта ідэалогія імкнулася да стварэння з зямель былога ВКЛ - з Літвы ад Балтыкі і з Беларусі па Смаленск, самастойнай дзяржавы, злучанай з Польшчай.

Гэта ідэалогія складалася з элементаў, якія маглі мяняцца ў залежнасці да асоб, якія яе прэзентавалі. У залежнасці ад іх, розныя элементы ці выходзілі на першы план ці адыходзілі ў дальнія шэрагі.

Першы элемент - польскі шляхецкі - жадаў аб'яднаць землі былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства. Гэты элемент можна назваць гістарычным сантыментам.

Другі элемент - масонскі - не меў прыхільнасці да нацыяналізму і толькі цярпеў нацыянальныя тэндэнцыі каля сябе. Думаю, вялікую ролю ў ім адыгрывалі ўплывы рускіх "кадэцкіх" масонаў, якія пульсавалі ў віленскай польскай і яўрэйскай адвакатуры, для якой галоўным было паменшыць адмоўнае стаўленне да яўрэяў.

Элемент трэці - дэмакратычны, з сімпатыяй ставіўся да летувіскага і беларускага нацыяналізмаў, якія пачалі адбудоўвацца.

З'яднаць гэтыя тры элемента ў краёвай ідэалогіі не атрымалася. Найбольшымі ворагамі яе сталі ўласна летувісы і беларусы. А яўрэі стаялі ў баку і нарэшце ў Вільні яўрэі-нацыяналісты перамаглі яўрэяў-масонаў. Др. Выгодскі перамог др. Шабада [3]. І польскія ўлады, безумоўна, не падтрымлівалі краёўцаў.

Не жадаю тут больш шырока казаць пра краёвасць, жадаю толькі заўважыць, што яе сталым і бескампрамісным ідэолагам быў с. п. Людвік Абрамовіч.

Быў краёўцам пад лозунгам contra spem spero (не гледзячы ні на што). Рыжская дамова, існаванне незалежнай Летувіскай рэспублікі і нарэшце ўнутраная польская палітыка, паступова перакрэслівалі ўсе магчымасці хаця б наблізіцца да выканання краёвай праграмы. Але Людвік Абрамовіч усё роўна выдаваў свой "Пшэглёнд Віленскі". Яго пакідалі прыхільнікі якіх ангажыравалі рознымі пасадамі і працоўнымі месцамі. На момант яго смерці групка апартуністаў "дэмакратаў-краёўцаў" стала зусім невялікай. Людвіка Абрамовіча цанілі ўласна за тое, што ён не толькі меў прынцыпы, але не прадаваў іх за пасаду дырэктара ці якія іншыя выгоды. Таму яшчэ раз скажам пра нашага ідэйнага ворага: "Шанаванне яго памяці!".

Mackiewicz Stanisław. Ś.p. Ludwik Abramowicz // Słowo. 1939. 10 marca.

Незалежнік

Пасмяротныя ўспаміны пра Людвіка Абрамовіча

У 1910 ці 1912 годзе я ішоў па Варшаўскім Саскім пляцы. Памятаю масіўны сабор, які прыгнятаў сталіцу сваім чужынскім выглядам і сімвалізаваў эпоху праваслаўя ў "Прывісленскім краі". Неяк, падчас выпадковай размовы, Людвік Абрамовіч, паглядзеўшы на сабор, сказаў: "Невядома, што ў будучыні з ім рабіць … бурыць шкада, а пакінуць нельга".

Я са шчырай павагай паглядзеў на чалавека, для якога незалежнасць бацькаўшчыны з пэўнасцю бачылася зусім блізка і гэта ў той час, калі для самых лепшых патрыётаў яна яшчэ ўяўлялася гэтак далёкай, як збаўленне нябеснае. Яны лічылі, што трэба толькі ў яе верыць і марыць а больш нічога зрабіць немагчыма. А патрыятызм рэдактара Людвіка Абрамовіча не быў марай але рацыяй жыцця - просталінейнай, бескампраміснай, выразнай і паслядоўнай - як і ў яго старэйшых братоў, памерлага праз некалькі гадоў пасля размовы выгнанца і вязня Мар'яна і сенатара Вітольда.

Непраўдападобнасць і нерэальнасць гэтай ідэі ў перадваенныя часы (маецца на ўвазе - перад Першай сусветнай вайной - Л. Л.), патрабавала больш моцную да яе прывязанасць, непакорлівасць, супрацьстаўленне сябе агульным настроям - менавіта ўсё тое, што і вызначала памерлага рэдактара "Пшэглёнда…".

Прыроджаны палітык і публіцыст, ён ужо ў студэнцкія гады за свабодалюбівыя маніфестацыі быў выключаны з Харкаўскага ўніверсітэта. А калі рабіў першыя крокі ў "Газеце Віленскай" Міхала Ромера і потым у "Кур'еры Літоўскім", заўсёды меў адны і тыя ж перакананні, якім ніколі не схібіў. Праграма, якую ён сам сабе вызначыў яшчэ на пачатку публіцыстычнай працы ў Вільні, была для яго непарушным фундаментам ад якога ён ніколі не адступаў. Гэтай сваёй праўдзе, сваёй лініі жыцця, свайму ўнутранаму перакананню, ён быў гатовы прысвяціць літаральна ўсе: спакой, бяспеку, асабістыя пачуцці, кар'еру, дабрабыт. Нёс ў сябе рысы шматлікіх пакаленняў канспіратараў і рамантыкаў, для якіх барацьба за незалежнасць была сэнсам і маторам руху на кожным адцінку жыцця.

Здабываць у Вільні і гістарычнай Літве са старой цвілі, руін, магіл і расійскіх муроў народную культуру, узмацняць яе па меры магчымасці, якая з'явіліся з 1905 г., ствараць новыя пляцоўкі (прэса, Таварыства сяброў навук, выдавецтвы, зборы, агітацыя), думкай і дзеяй ісці наперад да агульнай свабоды - гэты былі маральныя падмуркі тутэйшага журналіста і краёўца, якім ён лічыў сябе ад пачатку сваёй дзейнасці. Цяжка апісаць, як у с. п. Людвіку Абрамовічу ўжывалася яго пачуццё прыналежнасці да польскай культуры з яго замілаваннем да летувіска-беларускага краю. Гэты дуалізм не прымусіў яго адступіць ад праграмы ці ад маральных падмуркаў - ад іх ён ніколі не адступіў і не збочыў, але гэта вяло да грамадскіх стратаў праз немагчымасць яго супольнай працы нават з блізкімі сябрамі ці з шматгадовымі супрацоўнікамі. Бо яны па-трошкі змяніліся і прыстасаваліся да падзей і змен а ён гэтага не мог і не жадаў. Каб ён меў хоць трошкі агітацыйнага таленту, гнуткасці ў стасунках з людзьмі, хітрасці ў правядзенні сваёй лініі, мог бы стаць лідарам "краёвай" партыі. І праз дзясяткі гадоў ён выкладаў у "Пшэглёндзе…" усё тую ж ідэалогію, страчваючы сяброў, якіх ці забірала смерць як "магістра" гэтай ідэі мецэната Тадэвуша Урублеўскага, альбо такіх, з якімі ў яго ўсе больш павялічвалася непаразуменне.

Калі галоўная, з часоў маладосці, ідэя незалежнасці дасягнула сваёй мэты, калі мінулі небяспечныя гады вайны, якія для незалежнікаў-канспіратараў былі грознымі як для цывільных гэтак і для членаў баявых груп, калі мэта, якой Людвік Абрамовіч аддаваў усе сілы, здольнасці, працу і свае пачуцці, была дасягнута, яму здавалася, што ён можа прысвяціць сябе спакойнай працы ў любімай Вільні, што канфліктаў больш не будзе.

Але ўсе стала інакш і значна горш. Для Людвіка Абрамовіча ўсё сталася не так, як ён марыў. Не злучыліся ў адну дзяржаву два раўнапраўныя краі: Польшча і Літва, не толькі для яго гэта стала трагедыяй. Абрамовіч, як чалавек адданы мастацтву, збіранню карцін, гравюр, кніг - усяго таго, у чым стаў вялікім знаўцам, імкнуўся застацца ў атмасферы навукі, бібліятэк і спраў мастацтва.

Аднак баявы тэмперамент журналіста і палітыка вёў яго да новага рэдагавання "Пшэглёнду Віленскага" і падтрымкі сваёй краёвай ідэі. Блізкі кантакт з нацыянальнымі меншасцямі, абарона іх інтарэсаў на старонках штотыднёвіка, крытыка палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да іх, гэта былі матывы яго выдання.

Нягледзячы на гэта, ён не быў адсунуты да польскага грамадства і яно належным чынам ацаніла праўду і прынцыповасць Людвіка Абрамовіча, а таксама яго здольнасць і аўтарытэт у галіне журналістыкі, ведання антыкварыяту і бібліяфільства.

Смерць касіла сяброў, з якімі ён ішоў разам у адным шэрагу. Пасля цяжкай і доўгай хваробы прыйшла і яго чарга.

Але застанецца памяць пра гэтага рэдкага чалавека. Прынцыповага, са сталымі перакананнямі і, нягледзячы на кан'юнктуру, вернага сваёй ідэі. Такім людзям усё цяжэй жыць сярод сучаснікаў. Здаецца, яны паміраюць не толькі ад той ці іншай хваробы, але і таму, што не могуць больш існаваць па маральных прычынах. Для іх родная зямля стала лепшай за жыццё.

R. Niepodległościowiec. Wspomnienie pośmiertne o Ludwiku Abramowiczu // Kurjer Wileński, Nowogródzki, Grodzieński, Suwalski, Poleski i Wołyński. 1939. 11 marca.

* * *

Учора (10 сакавіка 1939 г.), у 7-й гадзіне вечара адбыўся перанос труны старэйшага віленскага журналіста с.п. Людвіка Абрамовіча з яго дома (вул. Серакоўскага, 21) у касцёл св. Якуба. У гэтай смутнай урачыстасці, якая сабрала сяброў памерлага, былі прадстаўлены журналісты разам са старшынём Віленскага сіндыката журналістаў Харкевічам. Акрамя іх прысутнічалі прафесары ўніверсітэта Касцялкоўскі, Крэдль і Срэбны. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых нацыянальных меншасцяў: летувісаў і беларусаў.

Сёння, у суботу, 11 сакавіка, а 9-й гадзіне раніцы, у касцёле св. Якуба за спакой душы с. п. Людвіка Абрамовіча будзе адпраўлена святая імша, пасля чаго ён будзе пахаваны на могілках Росы.

Kurjer Wileński, Nowogródzki, Grodzieński, Suwalski, Poleski i Wołyński. 1939. 11 marca.


Пераклад трох апошніх тэкстаў публікаці і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] "Problem Litwy podczas wojny światowej, zbiór dokumentów, uchwał, odezw i t. p." i "Cztery wieki drukarstwa w Wilnie (1525-1925)".

[2] Мацкевіч чамусьці забыўся, што Людвік Абрамовіч з 1911 па 1915 гг. у Вільні выдаваў свой "Пшэглёнл Віленскі". - Л. Л.

[3] Выгодскі Якуб (1857-1941) - яўрэйскі грамадскі і палітычны дзеяч, лекар. Ардынатар і дырэктар шпіталяў у Вільні, старшыня віленскай яўрэйскай абшчыны. Да рэвалюцыі адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў на Віленшчыне. Быў міністрам яўрэйскіх спраў у літоўскім урадзе. У 1922-1930 гг. быў паслом польскага сойму, таксама выбіраўся радным г. Вільні. Падтрымліваў сіянісцкі рух. Забіты немцамі.

Цемах Шабад (1864-1935) - яўрэйскі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, лекар. У 1905 г. высланы царскім урадам, у 1907 г. вярнуўся ў Вільню. Адзін з актыўных удзельнікаў яўрэйскага грамадскага руху. Выбіраўся радным г. Вільні у паслом у сойм дзе ўваходзіў у Блок нацыянальнасцей (украінцы, беларусы, яўрэі і немцы). Заснавальнік яўрэйскіх школ, вядомы медык.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX