2 кастрычніка [1926 г.] віленскае грамадства ўрачыста адсвяткавала юбілей паўвекавой працы Часлава Янкоўскага на літаратурнай ніве.
Хаця толькі частку свайго жыцця Янкоўскі правёў у Вільні і ў нашым краі, а пераважна большую частку - у Варшаве, Пецярбургу ці за мяжой, але ён ніколі не траціў кантакту са сваёй "малой радзімай" і заставаўся яе верным сынам, нават калі жыў за мяжой. Заўсёды служыў ёй пяром і заўсёды, як толькі гэта станавілася магчымым, спяшаўся вярнуцца дахаты.
Паходзіў ён з сям'і землеўладальнікаў Ашмянскага павета, якая жыла тут з даўніх часоў, і сам з'яўляўся ўладальнікаў вялікай дзедзічнай зямельнай маёмасці. Але не пайшоў праторанай шляхецкай дарогай: не асеў на зямлі, не шукаў грашовай пасады ў глыбіні Расіі. Яго душа жадала ведаў і жыцця ў мастацтве. Паехаў у вялікі свет, усмоктваючы ўсё, што магло даць яму інтэлектуальнае жыццё. Яго цікавалі гісторыя і літаратура, жывапіс і тэатр, музыка і палітыка. Мог смела пра сябе сказаць, што "nil humanum, a me alienum puto" (лац., "я чалавек, і ўсе чалавечае мне не чужое" - Л. Л.) Ён адбыўся як рэдкі ў нашых краях энцыклапедыст, што дазволіла яму стаць адным з лепшых журналістаў. Што праўда, у гэтым яму вельмі дапамагаў выбітны талент пісьменніка і віртуознае валоданне пяром.
У маладосці Янкоўскі пачаў служыць Апалону і выдаў некалькі зборнікаў паэзіі, але паэтычная творчасць яго не задавальняла. Цягнула бурная, гарачая і рознабаковая праца журналіста, і менавіта ёй Янкоўскі і прысвяціў сябе. Ён пісаў незлічоныя квяцістыя фельетоны, літаратурную крытыку, тэатральныя рэцэнзіі, быў карэспандэнтам шэрагу выданняў, такіх як "Кур'ер Варшаўскі", "Тыгоднік Ілюстраваны", "Край" і іншых.
Ні тэмперамент, ні род заняткаў не дазваляў яму застацца жыць на зямлі ці па прыкладзе Ажэшкі ў глухой і правінцыяльнай у той час Вільні. Але заўсёды ён памятаў пра родны край і часта прыязджаў сюды, доказам стаўлення яго да бацькоўскага краю была авеяная шчырым і глыбокім сантыментам і глыбокім веданнем гісторыі чатырохтомная манаграфія аб Ашмянскім павеце.
Нарэшце, прыйшоў момант, калі Янкоўскі змог аддаць свае здольнасці, сваю дасведчанасць і свой запал для працы на карысць грамадства таго краю, з якім яго лучыла паходжанне і не страчанае ў далёкіх вандроўках пачуццё. Як толькі ў Вільні стала магчымай публіцыстычная дзейнасць, спадар Часлаў паспяшаўся на берагі Віліі і пачаў рэдагаваць "Кур'ер Літоўскі". Ён марыў пра газету еўрапейскага гатунку і прагнуў такім чынам аднавіць бляск старажытнай сталіцы Літвы.
Пад яго кіраўніцтвам "Кур'ер Літоўскі" стаў сапраўднай з'явай у нашай журналістыцы. Газета заўсёды трымала высокі культурны узровень, друкавала лепшых і выдатна інфармаваных аўтараў, але пры тым не страціла свайго індывідуальнага характару. Яна ўсебакова асвячала краёвае жыццё і перад усім служыла яго інтарэсам. Газета займала памяркоўную і нават кансерватыўную, але далёкую ад рэтраградства пазіцыю, якая з-за цэнзуры, магла быць не надта выразнай, але заўсёды падкрэслівала асобную гісторыю беларуска-летувіскіх зямель. Але "Кур'ер Літоўскі" быў далёкі ад шавінізму і нацыянальнай выключнасці, газета адрознівалася талерантнасцю і імкнулася да супрацы паміж народамі.
Гэты кірунак трымаўся дзякуючы рэдактару, які ўсё жыццё застаўся верным сваім прынцыпам. […] І гэта стала хоць не галоўнай, але адной з прычын таго, што газета не магла стаць вельмі папулярнай, Янкоўскаму прыйшлося пакінуць пасаду рэдактара створанай ім газеты і на доўга, да самай вайны, пакінуць Вільню.
Ні як дэпутат Думы, ні як рэдактар, ні як публіцыст, Янкоўскі ніколі не быў палітыкам, але добра арыентаваўся ў палітычных справах і меў трапныя погляды на палітыкаў. Ён заўсёды заставаўся ўразлівым літаратарам і чалавекам мастацтва і таму не мог цалкам прыняць якую-небудзь выключную ідэю ці палітычную канцэпцыю, не мог стаць вызнаўцам нейкай палітычнай праграмы, дактрынёрам ці фанатыкам, а тым больш аддаць свой талент на карысць якой-небудзь партыі ці займацца агітацыяй. Таму ён не здабыў лаўраў як палітычны дзеяч, а яго пазіцыя прынесла яму шмат ворагаў, асабліва з лагера эндэкаў.
Але з-за вялікіх заслуг перад культурай, зараз у грамадстве змоўклі галасы непрыхільнікаў нашага юбіляра, і яго літаратурная праца прынесла агульную павагу і прызнанне. […]
L. A. [ Людвік Абрамовіч] Jubileusz Czesława Jankowskiego // Pregląd Wileński. 1926. № 16. S. 4-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.