Прашу дапамагчы з назвай гэтага артыкула
Бастуны ў кастрычніку
Двор і хата
Кожны разумее, што Бастуны [1] ў кастрычніку выглядаюць не так, як Гдыня.
Двор і хата стаяць за вёскай. Двор - на ўзгорку, акружаны векавымі дрэвамі. Глядзіць ва ўсе бакі свету, а сонца, калі яно ёсць, як ліхтар свеціць у вокны. З сядзібнага дома бачны голыя ў гэты час палі, іржышча і луг. Відаць так далёка, што вока сягае сцяны лесу, якая стаіць у нас на кожным гарызонце. Божая слава!
У кажух дзьме ледзяны вецер, ды такі моцны, што па ўзглоку можна хадзіць напаўлежачы. Ад гэтага ветру дрэвы стаяць голыя і чорныя. Тапалёвае лісце пакрывае гразь брудна-зялёнай масай. Яны шамацяць пад нагамі, ісці прыемна але холадна.
Долам цячэ рака Жыжма.
А хата і сапраўды за вёскай. У даліне, бліжэй да старой дарогі Тракелі - Бастуны. Вецер лютуе і тузае саламяны дах, раздзірае скупы дым з коміна, а потым ляціць у вырай і вые там. Бррр … Відаць, холаду дадаюць таксама і камяні. Мусіць, у часы, калі ў Ліду яшчэ не прывезлі старасту Чушкевіча, тут разламаўся нейкі ляднік ці было марское дно? Бо камянёў засталося тут столькі, што палі выглядаюць як камнеломныя кар'еры, а дарогі як горныя ручаі пасля дажджу.
Двор - маёнтак Жыжма. Хата належыць да вёскі Гільвінцы.
Навокал усё выглядае па-старому. Звычайны кастрычнік і ўсё тыя ж жыхары.
Толькі асобы, якія прыехалі кіраваць гэтымі людзьмі, новыя. Дабрадзеі! Бо памыляюцца тыя, хто думае, што толькі Гдыні ў гэты кастрычніцкі час дзяржава дае грошы для інвестыцый. У нас таксама. Дабрадзействы льюцца на двор і на хату. Не верыце?
Пра каго буду пісаць
Адразу хачу вас запэўніць, што буду пісаць без усялякай злоснай іроніі. Бо я, шчыра кажучы, добра разумею, што жадаючы зрабіць, як найлепей, могуць канфіскаваць нумар газеты з артыкулам, у якім будзе надрукавана тое, што вы прычытаеце ніжэй. Бо не толькі я сам гэтаму не хачу верыць, верыць, што так бывае. Але, разумею, што ўсё павінна мець нейкую мяжу - нахабства, і глупства, і чалавечае цярпенне. Бо ўсё гэта не можа быць праўдай. Але, Бастуны ляжаць не за гарамі а ў Лідскім павеце. І кожны можа лёгка пераканацца, што ўсё гэта праўда і пагадзіцца сам мной у тым, што перад намі бяспраўе, гвалт, марнатраўства дзяржаўных грошай, атрыманых праз падаткі, і скандал ажно да Бярозы (маецца на ўвазе лагер-вязніца у Бярозе - Л. Л.). Толькі пагроза каму? Маё шчырае сэрца, якое палае прагай справядлівасці, лічыць, што таму, хто сваёй дзейнасцю падрывае аўтарытэт, маральную і матэрыяльную моц дзяржавы, робіць яе пасмешышчам і ўзбуджае варожыя пачуцці. Ці правільна я разумею задуму лагера ў Бярозе? Не ведаю.
У любым выпадку напішу пра лідскага старасту Чушкевіча.
Таямнічыя погляды
На яго ўскладзены клопат аб жыхарах і развіцці павета, а таксама нагляд за карыстаннем грамадскімі дабротамі. І робіць ён гэта наступным чынам.
У балоце каля ракі Жыжма паставілі баракі моладзевага лагера № 61. Вецер зрывае хісткія дахі, дождж лье на коўдры і падушкі. Паміж будынкамі стаіць вада, па ёй плаваюць дошкі для хады. Канцы дзяржаўнага сцяга апушчаны акурат у лужыну. Сумам вее ад валейбольнай пляцоўкі, разбітай над ройстамі [2]. Безумоўна, гэтыя хлопцы ніколі не былі тут патрэбныя. Аднак, паколькі кошт іх 6-гадзіннай працы складае 2 злотыя, а мясцовыя рабочыя бяруць за 8 гадзін працы толькі паўтара злотага, дык павінны быць нейкія вышэйшыя дзяржаўныя прычыны, чаму гэтых чужынцаў прысылаюць у наш край - прычыны, пра якія мы не можам і не павінны ведаць. Ва ўсялякім разе, размова не пра іх. Яны проста ёсць.
Стаўленне да маёнтка
Дарожны аддзел Лідскага павета, бацькам якога фатальна прызначаны Чушкевіч [3], запрасіў гэтых юнакоў на будоўлю шашы Бастуны - Тракелі.
Юнакі прыехалі, знайшлі гаспадара маёнтка Уладзіслава Лясковіча і пасяліліся ў яго. Аднак я б не сказаў праўды, каб прапусціў той факт, што яны гжэчна спыталіся на гэта дазволу ў гаспадара. Дазволіў. Заключылі дамову, па якой кіраўніцтва абавязалася плаціць за занятую тэрыторыю. Не заплацілі ні граша. Лясковіч не думае пра грошы, гэтую суму ён ужо запісаў у Фонд нацыянальнай абароны. Просіць толькі квітанцыю, якую яму таксама не даюць.
Так ставяцца да маёнтка, які стаіць на гары. Але гэта дробязь, пра якую нават не выпадае і казаць, супраць стаўлення да хаты, якая стаіць у даліне.
Стаўленне да хаты
Хата належыць Яну Гайдзісу, уладальніку 1,5 гектараў зямлі каля дарогі. Вёска - Гільвінцы.
Дарожны інжынер, чыноўнікі староства і, не ведаю, можа і сам Чушкевіч, усе разам прыязджалі сюды і праклалі новую трасу старой дарогі. Гэта было на пачатку лета.
А потым у нас пачало рабіцца нешта не тое.
Не ідзе гаворка, што з 80 юнакоў уцяклі 20, што нейкага з іх злапалі на крадзяжы, што ў лагеры акрамя валейболу гулялі ў "цымберг" [4], а адзін юнак з тутэйшых хлопцаў патрапіў у шпіталь.
Але дарога прасоўвалася наперад і заняла некалькі метраў з 1,5 га гаспадаркі Гайдзіса. Яго жыта было скамечанае і ўтаптанае ў зямлю цяжкімі ботамі будаўнікоў. Гаспадару заставалася толькі пратэставаць. Тады яму наўпрост сказалі: "Пайшоў прэч! Бо як прыйдзе паліцыя …".
Два месяцы будавалі непатрэбную дарогу
Дастаткова, каб селянін не раззяўляў вусны. Мы разумеем. Ці варта казаць пра тыя некалькі каласоў жыта? Бо дарога будуецца для ўсяго павета і яго жыхароў, дзяржава дае грошы, якімі мудра кіруе стараста. А ён заўсёды стаіць на баку бедных рабочых, што ўсім стала бачна падчас штрайку ў Лідзе.
І будаўніцтва дарогі рухалася па плане па размечанай трасе, яму не перашкаджаў ні Гайдзіс ні хто іншы.
За апошнія два месяца пабудаваны ўчастак у 1/4 км. Працавалі 60 юнакоў і 10 ваганетак. Перавезена 3 000 кубаметраў зямлі. Камяні. Дарога пабудаваная. Выкапалі равы вакол дарогі. Гатова?
Потым высвятляецца, што траса размечана з памылкай. Памылка на некалькі метраў убок. І што?
І спакой, як быццам справа на 1 грош. Ужо пабудаваная дарога закінута і побач яе пачалі капаць новую. Калі толькі палічыць: 60 юнакоў па 2 злотыя ў дзень, за 2 месяцы - атрымліваецца 7 200 злотых! Дробязь! Смешна, праўда? Хлопцы таксама тады весела смяяліся і зараз смяюцца, калі я размаўляю з імі ў вецер і дождж. Смяецца ўвесь павет і людзі навокал.
- От, - кажуць, які ў нас стараста! Га?
Не "выпростванне", а гвалт
Але ў гэтым смеху ёсць ноткі злараднасці. Бо людзі не любяць чыноўнікаў і не любяць юнакоў. Не смяецца толькі Гайдзіс, і таксама не да смеху беднай удаве Жамайцель.
Ва ўсім свеце існуе звычай, які час ад часу практыкуецца і ў нас - прыватная зямля, якая трапляе пад дарогі, чыгунку ці ў іншыя публічныя патрэбы, падлягае выкупу. Такое вось дзіўнае яно, гэтае права ўласнасці, якое паважаюць паўсюдна. Але стараста Чушкевіч яго не прызнае. […]
Бо дарога, трасу якой "выпрастаў" павятовы інжынер, зараз павінна пайсці праз тыя самыя 1,5 га Гайдзіса. А ў яго ніхто не спытаў дазволу, нават ніхто не папярэдзіў і не паведаміў. Юнакі прыйшлі ў яго жыта і знішчылі. Патапталі буракі, бульбу, усё, што ён меў, усё, што было яго маёмасцю, яго хлебам, яго надзеяй пракарміць зімой сям'ю. Гэты чалавек угнаіў зямлю, араў, сеяў і садзіў. Гэтага ў яго было замала! Дробязь, але для яго - цэлы маёнтак. Цяпер увесь абшар пайшоў пад дарогу, бо спадары … памыліліся.
Няўдалыя жарты!
Селянін кінуўся бараніць, не дазволіць. Але яму сказалі:
- Не дасі працаваць, дык тады сам заплаціш за работу юнакоў! Ці ў вязніцу.
А ведаеце, што яму сказаў павятовы інжынер?
- Замест вашай зямлі, мы аддадзім вам гэтую непатрэбную дарогу, якую памылкова пабудавалі!
Сапраўды, яна каштавала 7200 злотых. Маёмасць Гайдзіса каштуе трошкі менш. Але ён дрыжыць ад абурэння, калі пераказвае мне гэтыя словы. Дарога-шаша, акапаная равамі, Спатрэбяцца гады, каб зрабіць з яе раллю. Як я буду жыць?
Калі гэта быў жарт, дык няўдалы, гэй, спадары са староства! Гэты чалавек плача.
Адарваўся ад наёмнай працы ў полі, кінуў каня, прыбег, і мы разам стаім на яго ўзгорку, дзе расла ягоная бульба. Юнакі насыпаюць зямлю ў ваганеткі. Дзьме вецер. Гляджу на такі цуд - дзве шашы адна каля адной. Адна кінутая, а другая пачатая. Гэтак жа, як і знішчанае поле. У гэтым годзе больш рабіць не будуць, юнакі працуюць толькі да замаразкаў. Акрамя таго, яны працуюць шэсць гадзін і дзве гадзіны вучацца.
Абаронца правоў працоўных з Ліды
- Бульба загінула, - кажа Гайдзіс.
- Вы нікуды не хадзілі, у ваяводства ці павятовую ўправу?
- Як так, не хадзіў! Я патраціў апошнія грошы. Даехаў ажно да Наваградка, там сказалі, што заплацяць. Але калі, колькі? Мне з сям'ёй няма на што жыць. Пайшоў да старасты, каб хоць пачакалі да восені і далі выкапаць бульбу. Дык стараста сказаў: "Што ж, забірай сваю бульбу і вязі дадому". А як я яе выкапаю, калі яна тады яшчэ зусім малая была?
Хм …, пэўна стараста Чушкевіч любіць маладую бульбачку, такую вось - з маслам, наш абаронца правоў працоўных з Ліды, а Гайдзіс не любіць.
Бо стары ўжо. Кажучы гэта, нервова сціскае ў руцэ бізун і плача. Адна сляза ўпала на зямлю. Я бачыў. А з другога вока слязу здзьмуў вецер і, магчыма, панёс на ройсты. Эх, хацелася б вырваць у яго бізун з рук і патрапіць у Ліду ...
Пытаю далей:
- А гэты кавалак поля, які потым забралі, ён чый?
- Жамайцель з Гільвініц.
- А яна не хадзіла па ўладах? Не змагалася?
- Дык, змагалася яна, як магла. А зараз сядзіць у хаце і бядуе.
Дык як гэта назваць?
Забіраць зямлю без выкупу, губіць людзей - гэта адкрыты гвалт!
Але гэтую галечу, гэты плач, гэтыя здзекі, нельга выкінуць на вецер як выкінулі 7000 дзяржаўных грошай. Як назваць такую сістэму ўлады? Хто смелы, падкажыце!
J. M. [Мацкевіч Юзаф] Proszę o tytuł do tego artykułu. Bastuny w październiku // Słowo. № 286 (4492), 18 października 1936.
P. S. 25 кастрычніка газета "Слова" паведаміла, што па справе Гайдзіса і Жамайцель лідскі стараста Чушкевіч зняты з пасады і пераведзены на пасаду радцы Наваградскага ваяводства. Лідскім старастам прызначаны былы гродскі стараста варшаўскага сяродмесця Тадэвуш Міклашэўскі.
Наваградскае ваяводства выпусціла прэсавы камунікат аб тым, што па справе дарогі Бастуны - Тракелі распачата следства
Па ініцыятыве прафесара Казіміра Янтжэна распачаты грамадскі збор сродкаў для Гайдзіса і Жамайцель.
Уладзіслаў Лясковіч з маёнтка Жыжма напісаў ліст у рэдакцыю, у якім паведаміў, што ўжо атрымаў 32 злотая і 64 грошы за арэнду сваёй тэрыторыі лагерам будаўнікоў, якія перавёў у Фонд абароны, і выказаў удзячнасць рэдакцыі.
Slowo. № 293 (4499), 25 pazdziernika 1936.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
[1] Бастуны ад літ.: bastyti - падарожнічаць. Гл: Станкевіч Адам. З літуанізмаў у беларускай мове // Калосьсе. 1938, кніжка 3(16), С. 172-175.
[2] Ройсты, ці ройстры - твань, стабеларускае слова, якое сустракаецца ў Метрыцы ВКЛ. Цікава, што нейкія ройстры каля ракі Жыжмы ўжо ў 1520 г. былі аб'ектам судовага разбіральніцтва, гл: "Решеніе по жалобе Лидского королевского боярина Мартина Станькевича на Василя Сеньковича - о ройстре и лугах подъ Жижмою". ИБ. Т. 20. Петербург, 1903. С. 1485-1486.
Таксама гэтае слова ўжыў Францішак Багушэвіч у вершы "Праўда": "На вялікі ройстры, на ляскі сыпучы …"
А ў 1938 г. у Юзафа Мацкевіча выйшла кніга "Бунт ройстув".
[3] Юзаф Мацкевіч яшчэ раней, падчас "Лідскай рэвалюцыі" (агульнагарадскога страйку) 1936 г., абвінавачваў Чушкеіча ў спрыянні страйкуючым. Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 253-274.
[4] Азартная групавая ігра, сэнс якой у падбіванні манет на плоскай паверхні каб яны ляцелі ў гору. Перамагае той, у каго манета паляцела вышэй.