(У 15-тыя ўгодкі Ягонай сьмерці)
Адкрыцьцё і пасьвячэньне памятніка беларускаму пісьменьніку і паэту Ядвігіну Ш.- Антону Лявіцкаму сталася агульна-беларускім сьвятам у Вільні. Пачалося яно, згодна з уложанай раней праграмай, 30.Х сёл. у касьцеле сьв. Мікалая, дзе раніцай Кс. Ад. Станкевіч адправіў урачыстае жалобнае набажэнства за душу пісьменьніка.
Ня гледзячы на раньні час і на будні дзень, на набажэнства прыйшло многа бел. моладзі, а таксама прадстаўнікі старэйшага грамадзянства.
Ядкрыцьцё і пасьвячэньне памятніка адбылося 2-га лістапада (на Задушкі). Урачыстасьць гэту стараліся ўшанаваць ня толькі віленскія беларусы, але і беларусы з вёскі, і дзеля гэтага былі і такія, што папрыяжджалі здалёк: з-пад Валожына, Глыбокага, Ашмяны і Сьвянцян. (Учасьнік сьвяткавання з Свянцяншчыны - малады супрацоўнік "Шлязу Моладзі" - гр. Я. Ляховіч, прыехаў у Вільню на ровары, праязджаючы на працягу дня больш 120 км). Памятавалі аб урачыстасьцях у чэсьць Ядвігіна Ш. і беларускія студэнты ў Варшаве, каторыя сабралі і прыслалі на памятнік Ядвігіна Ш. 6 зл. і 60 гр., перасылаючы адначасна пісьмо, што яны лучацца разам з усім бел. грамадзянствам і аддаюць чэсьць свайму пісьменьніку і барацьбіту.
А 16-тай гадзіне, 2 лістапада, над над магілай Ядвігіна Ш. на могілках Роса, пры закрытым ільнянай тканінай памятніку, сабралася вялікая грамада беларускага грамадзянства. Былі інтэлігенты, прадстаўнікі вёскі, работнікі, студэнты, вучні і моладзь агулам. Перад адкрыцьцём памятніка Рэд. Калегія «Шляху Моладзі злажыла вянок з нацыянальнай беларускай бела-чырвона-белай шарфай з надпісам "Ядвігіну Ш. - "Шлях Моладзі". Зараз пасьля гэтага злажыла вянок Ядвігіну Ш. дэлегацыя вучнёўскае моладзі Беларускай Гімназіі, а прадстаўнікі Бел. Студэнцкага Саюзу ў Вільні прынесьлі вазоны жывых белых красак. Пры памятніку-ж, як ганаровая страж, сталі кіраўнікі беларускіх скаўтаў. Магілу асьвятлялі лямпіены і сьвечкі.
Урачыстасьць адкрыцьця памятніка пачаў беларускі касьцельны хор песьняй "О Божа, Збаўца наш". Тады прамовіў ведамы бел. дзеяч і публіцыст Кс. Адам Станкевіч. Гаварыў ён аб сіле Духа Волі, пачынаючы сваю прамову цытатай з паэмы Ядвігіна Ш. "Дзед Завала":
"Даўно было гэта...
Хадзіць чуткі сталі -
Яб Вялікай Волі
Ўсе заталкавалі..."
Прамова Кс. Лд. Станкевіча была прыгожая і глыбокая зьместам. Ён казаў: "... Прыйшоў на сьвет Антон Лявіцкі ў 1866 г. Ужо было два гады пасьля таго, як скончыў жыцьце свае на вісельніцы, на Лукіскім пляцы ў Вільні, слаўны Кастусь Каліноўскі, як крывавая ахвяра, зложаная на аўтар расейскага царызму і імпэрыялізму, за волю і долю нашага краю, за волю і долю беларускага народу. Пачалася тады бязьлітасная і безаглядная рэакцыя. Запанавала атмасфэра цемры няволі і прасьледу ўсякай вольнай думкі. I ў гэтай атмасфэры рос, вучыўся, разьвіваўся і працаваў Ядвігін Ш. Здавалася што і ён мусіў праняцца гэтым нявольніцкім духам, стацца нявольнікам. Але не. Сіла цемры і нявольніцтва не перамагла сілы Духа Волі. Ідэалы Волі, за якія аддаў сваё жыцьцё Кастусь Каліноўскі, шырока і глыбока пайшлі ў народ. Гэтыя ідэалы ўзбагацілі душу Ядвігіна Ш. і далі яму магчымасьць стаць у рады першых беларускіх адраджэнцаў, стацца адным з першых беларускіх пісьменьнікаў... - Успамінаючы сьмерць і паховіны Ядвігіна Ш. у 1922 г., калі за труной пісьменьніка йшла невялікая грамадка беларускіх дзетак і раўнюючы гэта да ўрачыстасьці 2.ХІ.1937 над магілай ягонай, сьцьвердзіў Кс. Адам Станкевіч найбольшы кантраст між тым, што было тады і што ёсьць сяньня" ... "што тут над магілай пісьменьніка бачым ня жменьку баязьлівых дзетак, але паважную грамаду моладзі, сьведамай сваіх беларускіх народных правоў і абавязкаў". "І ніякая сучасная сапраўднасьць, што наўзавадкі йдзе з нацыянальнальнай воляй Беларускага Народу ня зможа змуціць нашай Веры, Надзеі й Любові, бо Дух Волі перамагае"...
Пасьля памятнік быў адкрыты і пасьвячаны, а хор прапяяў жалобны марш "Разстаўся з намі". На заканчэньне ўсе прысутныя адсьпявалі рэлігійны бел. гімн.
З магілы Ядвігіна Ш. грамада беларусаў адведала магілу другога бел. паэта, Казімера Сваяка, дзе таксама былі прапяяны беларускія рэлігійныя песьні.
Памятнік Ядвігіна Ш. абложаны кветкамі і вянкамі астаўся на доўгія часы і будзе сьведчыць аб тым, што пахаваны там беларускі пісьменьнік, аб якім памятавала і памятуе бел. грамадзянства. На шэрым беларускім граніце віднее пазалочаны надпіс:
s. † p.
JADVIHIN Š.
(Anton Lavicki)
Bielaruski Pišmiennik
1866-1922
"Daúno było heta...
Chadzič čutki stali -
Ab Vialikaj Voli
Usie zatatkavali" ...
("Dzied Zavało").
Svajmu pišmieriniku - Bieiarusy.
Vilnia, 2.XI.1937.
* * *
Вечарам у той-жа дзень у залі БНА (Завальная 1) адбылася акадэмія, пасьвячаная памяці Ядвігіна Ш. На падвышэньні, сярод жывых кветак і нацыянальна-беларускіх бела-чырвона-белых сьцягоў красаваўся партрэт Ядвігіна Ш. Сярод прысутных, запоўніўшых залю, пераважна і тут моладзь - будучыня.
Адкрыў акадэмію ад імя Рэдакцыйнае Калегіі "Шляху Моладзі" рэдактар Я. Найдзюк, які, падзякаваўшы ўсяму беларускаму грамадзянству за зложаныя ахвяры на памятнік Ядвігіна Ш. і падтрыманьне ініцыятывы "Шляху Моладзі" будовы гэтага памятніка, падчыркнуў значэньне жалобнае ўрачыстасьці ў чэсьць пісьменьніка, а таксама і ахвяраў, якія плылі ад людзей розных поглядаў і кірункаў. Прамоўца выразіў пры гэтым пажаданьне, каб беларусы лучыліся ня толькі над магілай, але ў жыцьці і барацьбе за лепшую долю Беларускага Народу і за яго найвышэйшыя нацыянальныя ідэалы. - На прапанову рэд. Я. Найдзюка, памяць Ядвігіна Ш. прысутныя ўшанавалі хвілінай цішыні.
Далей выступіў з рэфэратам мгр. Я. Шутовіч, рэдактар літаратурна-навуковага часапісу "Калосьсе", які даволі вычэрпываюча, зручна і стройна намаляваў абраз жыцьця і творства Ядвігіна Ш., выказваючы на падставе твораў ягоны беларускі патрыятызм, народніцкасьць і дэмакратычнасьць.
На заканчэньне акадэміі адбылося чытаньне твораў Ядвігіна Ш. Вельмі добра і прыгожа чытала студ. В. Чарнэцкая ("Васількі", "Раны", "Зарабляюць"), а таксама і прэлегент мгр. Я. Шутовіч, які прачытаў урывак з "Успамінаў" Ядвігіна Ш. з Бутырскага вастрогу.
* * *
Усе ўрачыстасьці ў чэсьць Ядвігіна Ш. тварылі сапраўды вялікі і паважны настрой і былі доказам, што мы, Беларусы, жывём і разрастаемся. Урачыстасьцямі гэтымі і хоць скромным, але пабудаваным з дабравольных ахвяраў беларускага грамадзянства памятнікам, была аддана належная чэсьць Ядвігіну Ш. На гэта ён сапраўды заслужыў.
Ядвігін Ш. быў адным з палкіх беларускіх адраджэнцаў, адным з тых, што ахвярнай, ідэовай сваей працай папхнулі ўперад беларускае нацыянальнае жыцьцё. Ён хоць паходзіў з шляхты, радзіўся і гадаваўся ў м. Карпілаўка, каля Радашкавіч, то аднак цесна зжыўся з бел. народам, любіў яго, а пагарджаў тымі, што чураліся свае роднае мовы, беларускасьці. Ядвігін Ш. казаў, што "не загіне беларугкі народ".
Улюбленым жанрам (формай) творчасьці Ядвігіна Ш. зьяўляліся дробныя апавяданьні, пераважна гумарыстычнага характару. Сюжэты да іх браў пісьменьнік з сялянскага жыцьця, якое дакладна знаў. "Ён - як кажа беларускі літаратурны крытык А. Навіна - як быццам падслухаў беларускзга селяніна, праняўся духам ягоным і абразамі народнае мысьлі выяўляў народную душу. А рабіў гэта ён так добра, што ня чуецца ў яго ані фальшывых нотак, ані ненатуральнасьці... У гэтым-жа мера мастацтва... З гэтага вынікае і тая сьвежасьць апавяданьня, і шчырасьць пачуцьця, і лёгкасьць формы, і багацьце мовы, чым так цэнны творы гэтага... першага беларускага пісьменьніка-прозаіка, які заўсёды будзе займаць у беларускай літаратуры адно з пачэсных месц, як мастак слова, каторы здолеў адчуць і выявіць у прозе дух беларускага народу і беларускае прыроды" (Адбітае Жыццё).
Творчасць Ядвігіна Ш. колькасна невялікая, за тое якасна багатая і сапраўды цэнная.
Ядвігін Ш. працу на беларускай адраджэнскай ніве пачаў за маладых дзён, яшчэ ў 1886-87 г., будучы студэнтам. Ён тады закладаў падваліны пад першую арганізацыю беларускае моладзі і за нелегальную працу цярпеў царскім у Бутырскім вастрозе. Дзеля гэтага моладзь асабліва павінна памятаць аб Ядвігіне Ш. і спаўняць ягоныя заклікі: "ня чурацца, не заракацца беларускага народу, а йсьці на сустрэчу яго жаданьням, яго думкам... Хай кожны сьвятлейшы чалавек ідзе паміж гэтага народу і запалівае паміж яго сьветач навукі, справядлівасьці … І толькі такіх людзей можна й шанаваць, каторыя, ня чураючыся свайго, не ўшываюцца ў чужую, прадажную скуру"...
... "Сабраўшы ўсе свае сілы - заклікаў Ядвігін Ш. у 1910 г. ня толькі словам, але і практыкай жыцьцевай пратоптываць адраджэнскія сьцежкі, якія назначыў час, назначыла гісторыя"
З. Б.
На памятнік Ядвігіна Ш ахвяравалі:
Язэп Ляховіч 50 гр., др. В. Грышкевіч 2 зл., Ян Федаровіч 50 гр., Б. Марцікевіч 30 гр., Беларускія Студэнты ў Варшаве 6 зл. 60 гр., Бязіменна 1 зл.; В. Т. 50 гр. Бязменна 1 зл.; Кс. В. Талочка 3 зл.
Усім ахвярадаўцам шчыра дзякуем.
Рэд. Кал. "Шл. Мл."
Высвячэнне помніка беларускаму літаратару
2 лістапада на могілках на Росах быў ўрачыста высвячаны і адчынены помнік на магіле беларускага літаратара і паэта, с. п. Антона Лявіцкага, які пісаў пад псеўданімам Ядвігін Ш. і памёр 15 гадоў таму.
Ядвігін Ш. нарадзіўся ў 1866 г. у Карпілаўцы каля Радашковічаў, у той час Мінскага павета. Сярэднюю асвету атрымаў у Мінску, вышэйшую - Маскве. На літаратурнай ніве Ядвігін Ш. упершыню выступіў у 1891 г. с перакладам на беларускую мову "Сігналаў" Гаршына [1]. Аднак вядомы і яго ўласныя творы больш ранняга перыяду (п'еса "Злодзей"). Ядвігін Ш. атрымаў вядомасць сваімі кароткімі, пераважна гумарыстычнымі апавяданнямі, якія друкаваў у адроджанай беларускай прэсе ("Наша Доля", 1906 г.) і асобнымі кніжкамі: вершы "Дзед Завала" (1909 г.), зборы апавяданняў у прозе "Бярозка" (1912 г.) і "Васількі" (1914 г.). У яго творчасці асаблівы вылучаецца "Лісты з дарогі" у якіх ён апісаў свае падарожжа пешкам з Вільні ў Мінск і друкаваў у шэрагу нумароў газета "Наша Ніва" (1910 г.).
Акрамя літаратуры, Ядвігін Ш. браў чынны ўдзел у грамадскай і культурна-асветнай працы. Быў ён і першым рэдактарам першага беларускага гаспадарчага часопіса "Саха".
Свае апошнія гады Ядвігін Ш. правёў у Вільні, адасоблена ад сям'і, якая знаходзілася за кардонам, у Саветах.
Высвячэнне і адкрыццё помніка на магіле Ядвігіна Ш., пабудаванага стараннямі рэдакцыі часопіса "Шлях Моладзі" на дабравольныя грамадскія складкі, выканаў ксёндз-рэдактар Адам Станкевіч, які таксама пасля гэтага прамовіў даклад "Сіла волі духа". Гэта быў задушны дзень і пасля адкрыцця помніка Ядвігіну Ш. і наведвання магілы другога беларускага літаратара Казіміра Сваяка (кс. Канстанціна Стэповіча), у зале па вуліцы Завальнай, 1 [2] у памяць Ядвігіна Ш. адбылося пасяджэнне грамадскасці на якой з дакладам, які абапіраўся на навейшыя крыніцы, пра жыццё і творчасць памёршага літаратара выступіў рэдактар літаратурна-навуковага часопіса "Калоссе" магістр Ян Шутовіч.
Не гледзячы на дрэннае надвор'е, на могілках і на пасяджэнні прысутнічала надзвычай многа асоб.
W. B. Poświęcenie pomnika literata białoruskiego // Pregląd Wileński. 1937. № 9. S. 8.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Апавяданне "Сігналы" надрукавана ў 1887 г. - Л. Л.
[2] Па гэтаму адрасу тады знаходзілася рэдакцыя часопіса "Шлях Моладзі". - Л. Л.