Патрабаванне часу
Ад перакладчыка: артыкул надрукаваны 6 кастрычніка 1938 г. у апошнім нумары "Пшэглёнду Віленскага". У паветры ўжо лунала вайна, якую прадчуваў Антон Луцкевіч, гэты артыкул быў падсумаваннем вынікаў беларускай працы і, магчыма, апошняй перасцярогай беларускага палітыка перад падзеямі, якія адбудуцца ўжо праз 11 месяцаў.
Рознымі дарогамі ідуць урад і грамадства. Асабліва гэта датычыць беларускай справы, бо бачым мы тут уражальныя кантрасты.
У 1922 г. беларусы першы раз увайшлі ў польскія заканадаўчыя органы і зрабілі гэта ў досыць вялікай колькасці: 12 паслоў у Сойм і 3 сенатары. Здавалася, што такім чынам паўстала глеба, на якой беларускі народ здолее дайсці да якога-небудзь паразумення ў справе выпрацоўкі падмуркаў супольнага жыцця беларускага і польскага народа ў супольнай дзяржаве як з урадам, гэтак і з польскім грамадствам.
Да паразумення не дайшло. Прагаласаваўшы за кандыдата Нарутовіча, выбранцы беларускага народа прынялі чынны ўдзел у выбарах прэзідэнта рэспублікі чым адназначна занялі дзяржаўную пазіцыю і паказалі, што цалкам давяраюць польскай дэмакратыі. Але ўрад не пажадаў скарыстацца з гэтага і ўсталяваць з беларускімі парламенцкімі прадстаўнікамі нейкі мірны, разлічаны на працяглы тэрмін modus Vivendi. Адносіны з польскай дэмакратыяй таксама складваліся вельмі няроўна. Акрамя дэкларатыўнага прызнання правоў беларускага народа ў Польшчы, мы чулі дзіўныя выступы такіх асоб, як, напрыклад, пасла Нядзелкоўскага, які казаў, што ППС будзе непасрэдна размаўляць з беларускім народам праз голавы яго выбраннікаў.
Але ж трэба адзначыць, што іншыя дэмакратычныя фракцыі не былі салідарныя з лідарам ППС і шукалі шляхі да збліжэння польскага і беларускага грамадства. У Вільні група польскіх дэмакратаў-краёцаў ініцыявала стварэнне польска-беларускага таварыства. Адміністрацыйныя ўлады не дазволілі стварыць яго, адмовіўшыся зарэгістраваць статут. Гэта было перад тым, як паўстала Беларуская сялянска-работніцкая грамада.
Праз некалькі гадоў адбылася яшчэ адна спроба ўсталявання сталай лучнасці паміж беларускай і краёвай польскай дэмакратыяй. Быў напісаны праект статута таварыства з сімвалічнай назвай: "Пад знакам Пагоні". Нягледзячы на агульнае жаданне мець такую арганізацыю, зрабіць гэта не атрымалася і зноў, падобна, з-за негатыўных адносін адміністрацыйных уладаў.
Ішоў год за годам. У дзяржаўных сферах штораз выразней абазначалася негатыўнае стаўленне да права беларусаў на развіццё сваёй нацыянальнай і культуры, і грамадскіх аб'яднанняў. Беларускае школьніцтва, створанае ўласнымі высілкамі беларускага грамадства, мела раней некалькі беларускіх гімназій, але было сістэматычна ліквідаванае адміністрацыйнымі ўладамі і сёння мае некалькі дзясяткаў дзяржаўных агульнаадукацыйных школ, дзе яшчэ ў нейкай ступені вывучаецца беларуская мова і адну гімназію новага тыпу (4-х класную) - беларускі філіял дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Вільні.
У 1936-37 гг. былі зачынены амаль што ўсе беларускія культурна-асветныя таварыствы: Таварыства беларускай школы (ТБШ) з шматлікімі лакальнымі гурткамі, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГК), "Звяз", Таварыства беларускай асветы, Беларускі звяз настаўнікаў. Такі ж лёс спаткаў і нацыянальнае прадстаўніцтва беларусаў у Польшчы - Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні.
Доступ у заканадаўчыя органы пасля рэформы выбарчай сістэмы для беларусаў быў цалкам зачынены, і ў польскім парламенце зараз няма беларускіх прадстаўнікоў. Самакіраванне для беларусаў не існуе. Перыядычная прэса амаль што цалкам ліквідавана, а існыя яшчэ месячнікі і квартальнікі часта канфіскуюцца. У адміністрацыйнай практыцы існаванне беларускай меншасці, у лепшым выпадку, ігнаруецца. Праявы нацыянальнай актыўнасці падлягаюць адміністрацыйнаму пераследу. Нават беларуская кааперацыя не можа развівацца ў гэтых варунках.
Вынікі гэтай дзяржаўнай палітыкі надзвычай выразныя. Яны фатальныя! Беларуская вёска, пазбаўленая ўласных асяродкаў культурна-асветнай працы і школы на роднай мове, год за годам дзічэе і адначасова фіксуецца сталае павелічэнне паўторнай непісьменнасці. Адначасова з-за значнага натуральнага прыросту вясковага насельніцтва, недахопу зямлі і немагчымасці набыць яе праз парцаляцыю пры адсутнасці шанцу пераехаць у горад ці эміграваць, вядзе да працэсу паўперызацыі беларускай вёскі. На гэтым тле ў беларускіх масах ўзмацняецца пачуццё нацыянальнай і сацыяльнай крыўды, пачуццё варожасці да ўсяго польскага і квітнее невядомы да гэтага часу, жывёльны беларускі нацыяналізм.
Вядучыя даследчыкі стасункаў, які існуюць на беларускіх тэрыторыях, з пэўнага часу сігналізуюць пра гэтую новую з'яву. Пра пануючыя тут ненармальныя стасункі выказаліся з парламенцкай трыбуны паслы і сенатары: Пэлчынская, ген. Жалігоўскі, Бэчкавіч. На Віленшчыне гарачыя дыскусіі на беларускія тэмы ў апошні час прайшлі ў польскіх палітычных клубах - у "Валацугах" і ў Дэмакратычным клубе. У гэтым апошнім, для ўрада быў напісаны вялікі мемарыял, у якім прапаноўвалася змяніць дзяржаўную палітыку ў адносінах да беларусаў. З прадстаўнікамі беларускага і летувіскага грамадства кантактавалі паслы і сенатары, якія ў траўні гэтага года наведалі Вільню.
Беларусы з усёй, можа, нават і небяспечнай для іх, шчырасцю інфармавалі мясцовае грамадства і парламентарыяў пра створаную на беларускай тэрыторыі - дзякуючы палітыцы польскіх уладаў - сітуацыю, якая з-за блізкасці савецкай, заўсёды практычна адчыненай мяжы, можа прывесці да небяспечнай сітуацыі. А ўслед за дакладамі і дыскусіямі, само жыццё пацвердзіла слушнасць гэтых перасцярог: успомнім толькі выпадкі ў Друі (маецца на ўвазе закрыццё кляштара марыянаў - Л. Л.) і ўзнаўленне даўно забытага партызанскага руху на Палессі.
Урад да гэтага часу, здаецца, быў глухім да перасцярог як беларускага, гэтак і польскага бакоў. З вясны, калі з'явіўся першы непакой сярод дэмакратычнай часткі польскага грамадства, мы не бачылі ніякіх прыкмет цікаўнасці да беларускай справы з боку ўрадавых сфер. Прэса прымушана і надалей маўчаць. І таму мімаволі прыходзяць смутныя і на першы погляд дзіўныя рэфлексіі: здаецца, што кіраўнікі польскай дзяржавы, з поўным разуменнем вынікаў, у адносінах да беларускага народа рэалізуюць нейкую невядомую шырокаму грамадству палітычную канцэпцыю і, відочна, вераць у яе слушнасць і патрэбнасць. Бо галасы тых, хто засцерагае, бо такія красамоўныя факты якія адбыліся ў Друі і на Палессі, не здолелі ні ў якой меры паўплываць на палітыку ўрада.
На польскім грамадстве ляжыць абавязак уздзейнічаць на ўрад. Трэба было б распачаць шырокую грамадзянскую кампанію, якая б пераканала польскае грамадства змяніць сітуацыю на гэтым магчымым у будучыні тэатры ваенных дзеянняў і паказаць беларусам, што стаўленне польскага грамадства да беларускай справы не роўнае з стаўленнем сучасных урадавых сфер.
H. B. [Луцкевіч Антон] Nakaz chwili // Pregląd Wileński. 1938. № 4-5. S. 3-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.