Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Віленскія цукерні Штраляў у нашай гісторыі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 04-07-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Віленскія цукерні Штраляў у нашай гісторыі // Наша слова.pdf № 27 (131), 4 ліпеня 2024.

Спампаваць




Па ўспамінах Пятраса Клімаса, фізічная бойка паміж Іванам Луцкевічам і Вацлавам Студніцкім у студзені 1916-га ў цукерні (кавярні) «Чырвоны Штраль», якая ў той час месцілася па адрасе: Георгіеўскі праспект, 12, прывяла да адыходу братоў Луцкевічаў ад краёвай ідэі, браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі.

Заўважу, што віленскі архіварыюс у 1920-30-я гг. Вацлаў Студніцкі, як і яго брат Уладзілаў, абодва не былі агрэсіўнымі баевікамі, але былі гарачымі польскімі патрыётамі. Пісьменнік Юзаф Мацкевіч успамінаў пра іх: «Прафесар Уладзіслаў Гізберт-Студніцкі (у апошнія гады ён абмяжоўваўся толькі другой паловай прозвішча) родам быў з Лівоніі і ўсёй сваёй істотай належаў XIX ст. «Прафесарам» яго назвалі пазней па трох прычынах: па-першае, некаторы час ён выкладаў у віленскім Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы; па-другое, гэтае званне падыходзіла яму па ўзросту; па-трэцяе, ён быў па-прафесарску рассеяны. Аб яго няўважлівасці хадзіла мноства гісторый. У яго быў брат Вацлаў, віленскі архіварыюс. Таксама нізенькі, падобны на брата, нібы блізнюк, і таксама рассеяны. Аднойчы, пасля збору Таварыства сяброў навук, Студніцкія пераблыталі паміж сабой свае паліто. Іншых такіх жа кароткіх паліто больш у раздзявальні не было. Заўважылі яны гэта, толькі калі выйшлі разам і ўжо рухаліся ў паліцэйскі ўчастак падаваць скаргу аб крадзяжы паліто. Можа, гэта і анекдот: хто б з-за такога пайшоў у паліцыю? Але вось праўдзівы выпадак. Раз, калі Студніцкі ехаў на рамізніку, ён раптам нешта ўспомніў, спыніў рамізніка, сышоў і накіраваўся ў адваротны бок. Рамізнік павярнуў каня і паслухмяна рухаўся ўздоўж тратуара, мяркуючы, што гэта такі прафесарскі капрыз. Толькі на трэцяй вуліцы ён звярнуўся: «Паночак, а дакуль гэта будзе?» Узнік буйны скандал, бо Студніцкі быў упэўнены, што ўвогуле ні на якім рамізніку не ехаў. У рэдакцыю ён, бывала, з'яўляўся ў крухмаленым каўнерыку, але без прышпіленага гальштука...».

Але ў гэтым артыкуле размова пойдзе не пра братоў Студніцкіх, а пра віленскія цукерні братоў Штраляў, якіх амаль што на працягу 30-ці гадоў з'яўляліся «кухняй», у якой рабілася наша гісторыя і стваралася наша культура. Здаецца, у нас пра гэтыя цукерні яшчэ ніхто не пісаў, тым прыемней мне будзе абагуліць матэрыялы, якія сабраліся за апошнія гады.


Перад Першай Сусветнай вайной і ў міжваенны час Вільня славілася сваімі якаснымі цукернямі, кавярнямі і рэстаранамі, пра якія з захапленнем пісалі розныя мемуарысты. Даўжэй за ўсе праіснавалі знакамітыя ўстановы Баляслава і Казіміра Штраляў.

Адзін з самых характэрных будынкаў на вуліцы Пілес, 26 (сучасны адрас) - так званы дом сігнатарыяў, будынак гэты згадваецца ўжо ў дакументах 1645 года. Ён неаднаразова мяняў уладальнікаў і перабудоўваўся, нарэшце, у канцы XIX стагоддзя яго ў стылі неарэнесансу перабудаваў новы ўладальнік, купец 2-й гільдыі Казімір Караль Штраль па праекце архітэктара Аляксея Полазава. У нішах другога паверха былі ўстаноўлены дэкаратыўныя скульптуры, якія сімвалізавалі сельскую гаспадарку і рыбалоўства, на трэцім Цукерня Казіміра Штраля, каля 1910. паверсе - змешчаны два мужчынскія бюсты. Ніжні паверх займала папулярнае кафэ «Белы Штраль», якое працавала, недзе да 1945 года, другі паверх у 1917-1918 гадах займаў Савет Літвы, які 16 лютага 1918 года прыняў тут «Акт незалежнасці Літвы».

Пасля Першай сусветнай вайны жыхары Вільні называлі цукерню ў гэтым доме «Белы Штраль» у адрозненне ад «Чырвонага» ці «Зялёнага» Штраляў.

«Белы Штраль» атрымаў такую назву з-за белых сцен і белых крэслаў у гэтай цукерні. Цукерня карысталася вялікай папулярнасцю: тут бавілі час выкладчыкі ўніверсітэта, з суседняй вуліцы Млыновай сюды часта прыходзіў паэт Канстанты Галчынскі, заходзілі святары, і таму цукерню называлі яшчэ «Штраль ксяндзоў» ці «Паштовы Штраль», бо насупраць, у былым палацы кардынала Юрыя Радзівіла да 1945 г. існавала Галоўная пошта. Тут можна было выпіць добрай кавы, гарбаты ці шакаладу, з'есці вельмі смачнае печыва, варта нагадаць, што Казімір Штраль быў яшчэ і ўладальнікам шакаладнай фабрыкі. У цукерні бывалі мясцовыя і замежныя журналісты, і ў адрозненне ад іншых падобных устаноў, для таго, каб людзі вольна размаўлялі, тут па вечарах не грала музыка. Але ў міжваенны час у цукерні «Белы Штраль» працавала кабарэ «Ксантыпа» (верагодна, удзень), выступалі вядомыя акцёры тэатра «Лютня», што таксама прываблівала наведвальнікаў.

У «Белым Штралі», як успаміналі відавочцы «падавалі выдатную какаву ці шакалад з тортам, лепш за ўсё было выбраць бабку з ромам і духмяным мёдам». Разам з іншымі сталымі наведвальнікамі, тут часта бывалі абшарнікі з навакольных паветаў, тады можна было пачуць, прыкладна, наступныя размовы:

- О, васпане, які слодыч! Здымай боты і аблізвай пальцы. Пане афіцыянт, не маглі б вы даць мне яшчэ адну порцыю?

- Вы маеце рацыю, граф. У сваім жыцці я ніколі не еў нічога больш смачнага. І я таксама папрашу дадатковую порцыю.

У другім, меншым за першы, але больш утульным пакоі, на плюшавых канапах часта сядзелі закаханыя пары, і туды ніколі не заходзілі шукальнікі прыгод ці жанчыны лёгкіх паводзін, якіх у Вільні было багата.


У 1912 г. брат Казіміра - Баляслаў Штраль - заснаваў уласную цукерню на рагу Георгіеўскага праспекта (зараз Гедыміна) і вуліцы Татарскай, у будынку, пабудаваным у 1876 г. Гэта цукерня атрымала назву «Чырвоны Штраль», бо крэслы ў ёй былі абабіты чырвоным плюшам.

Цукерня “Чырвоны Штраль”, 1930-я гады.

«Чырвоны Штраль» у міжваеннай Вільні лічылася вельмі шыкоўнай кавярняй. Віленец, пісьменнік Рафал Мацкевіч (Rapolas Mackonis, 1900-1982) гэтак апісаў гэту цукерню: «Сюды прыязджае віленская эліта. Сюды прыязджаюць прыгожыя дамыарыстакраткі, якія шукаюць любоўных прыгод, афіцэры і ўсе, каго ў Вільні лічаць багатым чалавекам. Шматлюдна было і ўдзень і ўвечары а таксама ў нядзелю пасля абеду, калі пасля службы ў касцёле св. Юрыя натоўп інтэлігенцыі прыходзіў у гэтую кавярню. Сюды прыязджаюць і журналісты, яны абменьваюцца паміж сабой апошнімі навінамі». Акцёры з суседняй «Лютні» і банкаўскія чыноўнікі з тагачаснай вуліцы Міцкевіча ахвотна заходзілі ў «Чырвоны Штраль» на каву і шакалад.

Іншы віленец, Генрык Сівіцкі ўспамінаў: «Гэта было прасторнае, прыгожа абстаўленае месца, з вялікай лядоўняй і вялізнай вытворчасцю розных тартоў, пірожных, пячэння і марожанага. Кожнае печыва клалася ў асобную папяровую плісаваную шкляначку, на якіх, вядома, была надрукавана назва фірмы. Уся прадукцыя прыгожа аформлена, разнастайнае марозіва на выбар, падаецца ў срэбных кубках, сталы з мармуровымі стальніцамі, хуткае і ветлівае абслугоўванне. Усё гэта стварае добрую, пазітыўную атмасферу. Акрамя таго, існуе бясконцая колькасць разнастайных сталовых прыбораў: талеркі, міскі, сподкі, сподачкі, шклянкі, куфлі, філіжанкі для кавы і гарбаты, чаркі, збаны і збаночкі для малака і вяршкоў, цукарніцы, падстаўкі для сурвэтак і шчыпцы для торта».

Для нас галоўнае, што «Чырвоны Штраль» у Вільні быў улюбёным месцам сустрэчы інтэлігенцыі. Пісьменнік, публіцыст і рэдактар Чэслаў Янкоўскі на пачатку жніўня 1924 г. у цыклу апавяданняў «Прагулкі па Вільні» пісаў: «… сяджу перад акном «Чырвонага Штраля» з радавітым віленцам за пасляабедзеннай гарбатай. Як многа можна ўбачыць праз шыбу «Чырвонага Штраля»«! Гэта, як быццам не рухаючыся з месца, бачыш Італьянскі бульвар у Парыжы з якой-небудзь размешчанай у добрым месцы кавярні. Ад «Штраля» да «Штраля», ад Чырвонага да Зялёнага - гэта наша «Корса Віторыё Эмануэле» (вуліца ў Турыне названая ў гонар караля Віктара Эмануэля - Л. Л.) ці Кракаўскае «А - Б» (папулярная пешаходная набярэжная каля Кракаўскага рынку - Л. Л.), наша месца шпацыраў! … Не зважаючы на мяне, па той бок вялікага шкла цукерні, туды - сюды рухаюцца мінакі. Хочацца не адрываючы вачэй глядзець і глядзець. Праз шкло мяне пранізваюць нечыя прыгожыя вочы, праз хвіліну адзін з маіх палітычных апанентаў, вітаючыся са мной, ледзь прыпаднімае капялюш, і я адказваю яму жэстам рукі …, нейкі мой даўжнік «наверу» праслізнуў міма шыбы, і я таксама зрабіў выгляд, што не бачу яго …». У іншых частках гэтага цыклу апавяданняў Янкоўскі яшчэ некалькі разоў згадвае кавярні Штраляў.

У 1924 г. член ЦК КПЗБ і ЦК Кампартыі Польшчы М. Гурын ці не штодня меў сустрэчы ў цукерні «Чырвоны Штраль» з беларускімі нацыянальнымі палітыкамі С. Рак-Міхайлоўскім, В. Рагулем, Б. Тарашкевічам, Р. Астроўскім, Ф. Ярэмічам, А. Луцкевічам.

Сын Антона Луцкевіча Лявон, у сваёй цудоўнай кнізе пра Вільню пісаў: «Дом нумар 14 на Георгіеўскім праспекце (цяпер Гедыміна,12). На першым паверсе месцілася добра вядомая ў Вільні кавярня «Чырвоны Штраль», яе называлі як і да Першай Сусветнай вайны і затым у міжваенным часе ад прозвішча ўласніка, а інтэр'ер быў выкананы ўвесь у чырвоным колеры. У біяграфічным рамане Алега Лойкі пра Янку Купалу гаворыцца, што той быў даволі частым госцем у гэтай кавярні. У тым самым доме месцілася і майстроўня вядомага літоўскага мастака-фатографа Юрашайціса. Знакамітая фатаграфія Алаізы Пашкевічанкі (Цёткі), адна з нямногіх яе выяваў, была зробленая якраз у Юрашайціса».

Ва ўзгаданай кнізе, Алег Лойка зазначыў, што ў 1912 годзе месцамі «літаратурных паседзін былі і прыватныя кватэры, у першую чаргу Цёткі, У. І. Самойлы. Але ўлюбёным пунктам агульных паўсядзённых сустрэч саміх беларускіх віленскіх літаратараў была ўсё ж кавярня «Зялёны Штраль» ... на Георгіеўскім праспекце былі яшчэ іншыя гасподы - цукерні «Зялёны Штраль», «Чырвоны Штраль». ... [Купалу] пачалі часцяком бачыць у «Зялёным Штралі» ...».

Вядомы навуковец, а з канца 1929 г. віленскі кансерватар (адказваў за захаванне помнікаў гісторыі у тагачасных Віленскім і Наваградскім ваяводствах) др. Станіслаў Лорэнц пісаў у сваёй кнізе успамінаў «Віленскі альбом»: »Калі я ад'язджаў у студзені (1930-га года - Л.Л.), Ірэна (жонка - Л. Л.) засталася ў Варшаве і праз тры месяцы павінна была пераехаць у Вільню. Пасяліўся я часова ў гасцінным пакоі ваяводскай управы на вуліцы Вострабрамскай. А паколькі неўзабаве пачаўся перыяд выключна вялікіх маразоў, да -35º C, мне было вельмі холадна. Таму ўдзень і ўвечары я часта сядзеў у найбуйнейшай віленскай кавярні, у «Чырвоным Штралі» на вуліцы Міцкевіча (назва вуліцы «за польскім часам» - Л. Л.). Вільня, гатэль “Брыстоль”, каля 1917. Добра памятаю тагачасны шлягер, які аркестр іграў тут кожны дзень, у ім меўся наступны прыпеў «I цалую вашу руку, мадам».

Летам у садзе, які цягнуўся аж да вуліцы Віленскай і быў адгароджаны плотам, працавала летняя кавярня. Тут стаялі драўляныя сталы і плеценыя фатэлі. Паміж дрэвамі былі развешаны рознакаляровыя ліхтарыкі, якія познім вечарам стваралі рамантычную атмасферу. Асаблівасцю «Чырвонага Штраля» быў чорнаскуры гардэробшчык - рэдкая з'ява ў Вільні міжваеннага часу.


Адзін з самых шыкоўных гатэляў Вільні «Брыстоль» быў заснаваны ў 1902 годзе ў вельмі прыгожым і адным з самых вялікіх на той час будынку ў Вільні. Гэты гмах пабудавалі недзе ў 1900 годзе і напачатку ён належаў купцу Ісаку Смажаневічу а з 1909 года і да Другой сусветнай вайны - Піменавым. У будынку, пабудаваным у стылю неакласіцызму па праекце гарадскога архітэктара Канстанціна Караедава, месцілася не толькі гасцініца на 35 нумароў, але і канцэртная зала, рэстаран, некалькі крам і кватэр.

Пасля пажару ў тэатральнай зале ў 1904 годзе, будынак быў адрамантаваны па праекце аднаго з самых плённых архітэктараў Вільні Міхаіла Позарава, які, здаецца, спрычыніўся да пабудовы ці рэканструкцыі ўсіх гмахаў на вуліцы Георгіеўскай (цяпер праспект Гедыміна). Пасля рэканструкцыі, каля 1908 года, у гэтым будынку размясцілася яшчэ адна ўстанова - папулярная кавярня «Зялёны Штраль», які я ўжо згадваў вышэй.

Гэтую цукерню віленцы называлі «Зялёны Штраль» з-за інтэр'ераў, выкананых у зялёным колеры. Гэта ўстанова не прыцягвала элегантных дам і лічылася менш вытанчаный, і сюды, у пошуках багатых кліентаў, любілі заходзіць высокааплатныя «жрыцы кахання». «Зялёны Штраль», пераважна, наведвалі афіцэры віленскага гарнізона, заможныя купцы і вышэйшыя чыноўнікі, тут прызначаліся дзелавыя сустрэчы і вяліся перамовы, часта заключаліся гандлёвыя гешэфты.

Але зноў, для нас галоўнае, што сюды прыходзіла віленская інтэлігенцыя. Восенню 1912 г. за гістарычным столікам ў «Зялёным Штралі», дзе кожны дзень збіраліся палітыкі ўсіх народаў края, паўстала думка аб стварэнні польскай газеты, якая пашырала бы ідэі дэмакратыі і краёвасці. На гэтым паразумеліся палякі і беларусы. З польскага боку ў рэалізацыі гэтай думкі чынны ўдзел прымалі др. Юлій Сумарок, Юзаф Букоўскі і папулярны мастак Каміл Мацкевіч (Camillus). З беларускага - Іван і Антон Луцкевічы. Быў арганізаваны камітэт, які пачаў шукаць прыхільнікаў будучай газеты, гатовых дапамагчы грашыма. Хутка сабралі неабходную суму грошай, якіх хапіла, каб пачаць выдаваць газету з назвай «Краёвы Кур'ер», якая ў свой час адыграла важную ролю ў нашай гісторыі.

Муза Янкі Купалы, жанчына неверагоднай прыгажосці, акторка і беларускі педагог Паўліна Мядзёлка, у сваіх успамінах, магчыма, паблытала цукерні «Чырвоны» і «Зялёны» Штралі. Яна пісала (прыношу выбачэнне за вялікі, але важны для нас кавалак тэксту):

«Вечарамі амаль уся віленская інтэлігенцыя збіралася ў цукерні «Зялёны Штраль». Тут, седзячы за кубкам чорнай кавы, можна было паслухаць …, Леанкавала, Маснэ ў выкананні квартэта пад кіраўніцтвам вядомага віяланчаліста Тхоржа; тут можна пабачыць цікавых людзей: паэтаў і пісьменнікаў, акцёраў тэатра, жывапісца Рушчыца, карыкатурыста Камілюса[1], скульптара Янкоўскага; тут часта можна сустрэць Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Максіма Гарэцкага, Леапольда Радзевіча (апошнія часта хадзілі ўтраіх), Уладзю Станкевічанку, неразлучную з Косткай Буйла, ды ці мала каго! Кожная група мела свой асобны столік. У «Зялёны Штраль» не ўсіх пускалі. Для шырэйшай публікі існаваў «Чырвоны Штраль». (Назва гэтых дзвюх цукерняў на праспекце паходзіла ад колераў, у якія былі аформлены зала і мэбля цукерні). З аднаго боку такі парадак быў даволі добры: не сорам было і дзяўчыне пасядзець за столікам, ніхто яе легкадумным словам не пакрыўдзіць. Аднак гэта ахова «чыстай публікі» часам пераходзіла свае межы. Памятаю, прыехала да мяне ў Вільню мая маці. Павяла я яе да Штраля. I вось пры ўваходзе мяне прапускаюць як вядомую ўжо кліентку, а маме швейцар забараняе ўваход. Чаму? Бо на галаве ў яе, бачыце, не капялюш або берэт, як у мяне, а звычайная паркалёвая хустачка. Я з абурэннем патрабую прапусціць матку, але швейцар і слухаць не хоча. Тады я, пакінуўшы часова матку ля дзвярэй, увайшла ў залу і звярнулася па дапамогу да сваіх сяброў. Выклікалі самога Штраля і такі скандал яму ўчынілі, што сам пабег да дзвярэй, папрасіў у маці прабачэння і правёў яе ў залу.

Паўліна Мядзёлка, каля 1910.

Аднойчы, калі мы сваёй кампаніяй сядзелі за шклянкай чорнай кавы, квартэт Тхоржа выконваў польскую песню «Mow do mnie jeszcze!». Я вельмі любіла гэтую песню. Купалу яна таксама падабалася.

- Яначка, зрабі ты пераклад гэтай песні, - папрасіла я. I ён тут жа паклаў па столік лісток паперы і праз некалькі хвілін перадаў мне гатовы пераклад. Пасля не раз ён прасіў мяне праспяваць гэтую песню на беларускай мове. Я і дагэтуль яе памятаю:


Пяі ты яшчэ мне. За такою песняй

Уздыхаў я доўга, чакаў, як прадвесня.

Голас твой лечыць мне ў душы цярпенне.


Пяі ты йшчэ мне,

Пяі ты йшчэ мне!


Пяі ты йшчэ мне, людзі нас не чуюць.

Голас твой дзіўна песціць і галубіць,

У душу маю уносіць прасвятленне.


Пяі ты йшчэ мне,

Пяі ты йшчэ мне...


Частымі наведвальнікамі цукерні Штраля былі кампазітары Людамір Рагоўскі, які напісаў музыку на словы Я. Купалы «А хто там ідзе?» і пэўны час кіраваў беларускім хорам, і Галкоўскі - дырэктар музычнай школы ў Вільні. Галкоўскі зрабіў шмат апрацовак беларускіх народных песень для а-капельнага хору. Яны абодва на грамадскіх пачатках наладжвалі цыклы дармовых папулярных лекцый для прапаганды музыкі, арганізавалі сімфанічны аркестр, які пад іх дырыжорствам часта даваў канцэрты на летняй эстрадзе Бернардынскага саду. Білеты на такія канцэрты былі вельмі танныя, даступныя для самай шырокай публікі. На адным з такіх канцэртаў была выканана «Беларуская сюіта» Л. Рагоўскага, якая складалася з трох частак: «Край беларускі», «Вечарынка ў карчме», «Дзяды».»

Рэклама цукерняў Казіміра Штраля, 1930-я гады.

Насамрэч больш дыхтоўнай цукерняй у той час быў «Белы», потым па коштах, здаецца, ішоў «Чырвоны», а для больш шырэйшай публікі існаваў «Зялёны Штраль».

Алег Лойка ў кнізе пра Янку Купалу пісаў, што люты 1915 года быў па-сапраўднаму лютым у жыцці Купалы, мо як ніводзін з месяцаў яго жыцця ў Вільні да гэтага: «Была страшэнная непагадзь. Была нядзеля, 15 лютага. Гэты верш, як дзённікавы запіс. Назва запісу - «На вуліцы». Першым радком у ім: «Блудзіў па вуліцы я той, дзе сустрачаў яе», - па вуліцы Георгіеўскай, каля кавярні «Зялёны Штраль». «Яе - не ўцямлю - шчасце ці сваё няшчасце». Сапраўды, шчасцем ці няшчасцем было гэтае каханне для Паэта і Яна сама, пра якую, ходзячы па праспекце, зачуўшы «здалёку ад чыгункі... свіст-выццё», успамінаў паэт».

Вядома ж, яна - гэта цудоўная Паўліна Мядзёлка, «якую недзе туды, за даль, звезлі цягнікі, каб Паэт тут чуўся, як «здрадай схопленая ў клетку лань, - такі бяссільны, пазабыты, безуцешны».

У сярэдзіне 1930-х у гэтай цукерні граў жаночы аркестр - сем маладых і ладных дзяўчат, якія заўсёды былі апрануты ў доўгія белыя сукенкі і выстройваліся на сцэне ў рад. Пасярэдзіне - дырыжорка, а справа і злева ад яе па тры жанчыны. З залы ўсё гэта выглядала як традыцыйны яўрэйскі сямісвечнік "мянора", што несумненна паказвала іх нацыянальную прыналежнасць. Але аднойчы ў рэстаран уварвалася група антысеміцкіх малойчыкаў і запатрабавала, каб яўрэйкі зніклі са сцэны. Калі ім патлумачылі, што з музыкамі да пэўнай даты заключаны дагавор, яны заявілі, што »закон яны не парушаюць, няхай яны адпрацуюць, колькі трэба». Але пазней абяцалі зайсці і праверыць. Перапалоханыя дзяўчаты ўжо не маглі граць, у іх трэсліся рукі, і пасля гэтага інцындэнту жаночы аркестр знік назаўжды.

Вось што пісаў пра «Зялёны Штраль» 1930-я гг. ужо вышэй згаданы віленец Рафал Мацкевіч: «Мне не падабалася гэтае месца. Па-першае, работнікі пяра ці пэндзля, а тым больш сцэны, рэдка пераступалі яго парог, па-другое, тут кава не мела таго асаблівага водару. Неяк, я праходзіў міма і ўбачыў праз акно двух барадатых неразлучных сяброў: рэдактара «Пшэглёду Віленскага» Людвіка Абрамовіча [2] і адваката Баляслава Шышкоўскага, які часам пісаў у «Пшэглёнд», а калі трэба было, у судзе абараняў рэдактара гэтага часопіса. Гэтыя два неразлучныя сябры пілі не каву - яны з вялізных кухляў пацягвалі піва». Магчыма, да канца 1930-х гадоў «Зялёны Штраль» стаў яшчэ больш «дэмакратычным».

Тым не менш, у 1930-я гады віленскія «Штралі» ў нашым краі былі сапраўдным сімвалам і ўзорам установаў такога кшталту і, напрыклад, вядомы і пісьменнік Юзаф Мацкевіч параўноўваў гарадзенскую цукерню (кавярню) з адпаведнай віленскай: «Кавярня «Еўрапейская», гэта як наш «Штраль». Заходжу туды штораніцы, каб з'есці сняданне. Кавярня «Еўрапейская» з'яўляецца класічным адлюстраваннем «пануючай» Гародні, такой знешняй і вельмі сучаснай».

Апошні раз «Зялёны Штраль» згадваецца ў газетнай рэкламнай аб'яве 1940 года, якая абвяшчае: «Сустрэча Новага 1941 года ў Зялёным Штралі. Джаз - выступленні артыстаў - танцы!».

У новых уладаў меліся вялікія праблемы з творчай фантазіяй бо спачатку «Зялёны Штраль» становіцца «Закусачнай № 3», пасля - «Закусачнай № 7», а з 1950 года, гэта ўжо «Цэнтральны гастраном».


Сям'я Штраляў была сталай часткай віленскага культурнага ландшафту першай паловы ХХ стагоддзя. Некаторыя члены сям'і былі пахаваныя на могілках Роса ў Вільні, а апошні з гэтай сям'і - Ян Штраль - памёр у 1970 годзе ў Торуні.



[1] Каміль Мацкевіч - карыкатурыст. Забіты на вайне 4 жніўня 1914 г.

[2] Гл. пра яго: Пра Людвіка Абрамовіча // Наша слова.pdf № 19 (71), 10 траўня 2023.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX