Новая імпрэза
Паміж 11-м і да 22-га вераснем ў самім Наваградку і часткова на тэрыторыі ваяводства пачынаюцца так званыя "Дні Міцкевіча". Добрая ідэя, але ў дрэнны час.
Па-першае, наша залатая восень невымоўна прыгожая але разам з тым яна зменлівая і няпэўная. У любую гадзіну восень можа з залатой стаць каламутнай, халоднай і дажджлівай.
Па-другое, імрэза ў гонар Міцкевіча павінна быць разлічанай на ўдзел у ёй моладзі. Але школы ўжо будуць працаваць, і цяжка ўявіць, каб моладзь, толькі што вернутую з вакацый, можна было накіраваць на "лясныя пагоркі".
Па-трэцяе, дзве папярэднія перашкоды зліваюцца ў адну, якая можа стварыць сур'ёзную пагрозу для поспеху новай спробы актуалізацыі "крэсаў". Бо хто ж у верасні паедзе ў Наваградак, каб рызыкаваць? […]
Калі вы будзеце ў Наваградскай старонцы …
Гэта добрая ідэя, бо дзе ж славіць Міцкевіча, як не ў Наваградку! Дзе ж адчуць яго паэзію, калі не на "шляху" (моднае слова) у Чомбрава, Свіцязь, Варончу, Туганавічы, Мір … Сапраўдная Наваградская зямля якая нарадзіла яго паэзію, выпешчаная фантазіяй Міцкевіча, зямля ў цяні дрэваў і руін. Пэўна, больш годна было б вандраваць на вазку з томам "Пана Тадэвуша" ў руках, углядаючыся ў далягляды, слухаючы ўвечары аповеды ля самавара. А пасля гарбаты на двары, са свечкай у руцэ ісці па скрыпучым паркеце ва ўтульны пакой, а раніцай чакаць за зачыненай аканіцай тых самых промняў, якія разбудзілі Тадэвуша.
Ціша літоўскага двара. На ўзараным полі збіраюцца ўзляцець чароды гракоў. У садзе ападаюць яблыкі, арандатар Янкель сядзіць у саламяным шалашы. Выйдзеш на ганак і глядзіш у прастору. Цёпла. Позірк ляціць далёка, далёка - над паркам, праз бязмерныя палі і пас лесу на гарызонце. А можа праз іржышчы і лугі бабінага лета з Міра пачуюцца срэбныя гукі звона?
Думаю, што арганізаваныя зараз "Дні Міцкевіча" будуць выглядаць трошкі інакш: з аркестрам, з разразаннем стужак, з банкетамі ў казіно і "рэгіянальнымі" выставамі. Але лепш так, чым ніяк.
Прэс-тур
6 чэрвеня камітэт мерапрыемства запрасіў з усёй Польшчы прадстаўнікоў прэсы ў трохдзённую паездку для папулярызацыі ў сваіх газетах "Дзён Міцкевіча". Адначасова, журналісты павінны пазнаёміцца Наваградскай зямлёй - не толькі з яе гісторыяй, але і з сучаснасцю. Помнікі гісторыі і меліярацыя, замкі і савецкая мяжа. Адсюль і смелая выснова, што Міцкевіч - толькі падстава для запланаванай рэгіянальнай выставы, дэманстрацыі дасягненняў дзяржаўнага будаўніцтва, мерапрыемства, якое павінна цэментаваць адзінства - праз рэгіянальнасць да цэнтралізацыі.
Што ж, сённяшняе Наваградскае ваяводства з'яўляецца найбольш тыповым прыкладам такой рэгіянальнасці праз пазбаўленне ўсіх мясцовых асаблівасцяў, а, значыць, і ўсялякага сэнсу. […]
Дзе сёння існуе "Наваградчына"
Нібыта тэмай мерапрыемства павінна стаць злучэнне. Мінулага і сучаснага. Мінулым Наваградчыны быў Міцкевіч, сучаснасць - эканамічны, палітычны і культурны даробак сённяшняга Наваградскага ваяводства. І мы павінны пераканацца, што ў гэтым ёсць пэўная гістарычная лінія, пэўнае адзінства, якое злучае спрадвечную гісторыю з цяперашняй адміністрацыйнай уладай, духу Міцкевіча з уладай палкоўніка Сакалоўскага. Відочна, што гэта даволі спекуляцыйная канструкцыя. Перш за ўсё таму, што межы сучаснага Наваградскага ваяводства не супадаюць з межамі сапраўднай Наваградскай зямлі. Ваяводства адасоблена ад сапраўднай гістарычнай Літвы, у якой Міцкевіч адчуваў сябе, як дома, незалежна ад таго, ці жыў ён у Коўні, Вільні ці Міры. Можна сказаць, што Наваградчына спыніла сваё існаванне менавіта з моманту "адраджэння" Наваградскага ваяводства, уласна кажучы, з той хвіліны, калі дзяржаўнае рэгіёназнаўства ўсталявала афіцыйная межы ваяводства.
Твор адміністрацыйнай фікцыі
Наваградскае ваяводства, на самай справе - твор фікцыі. Нават спасылка на традыцыю яго існавання ў Рэчы Паспалітай да падзелаў, выглядае невялікім перабольшаннем. У краязнача-рэгіянальным штомесячніку "Лідская Зямля" (дарэчы, бязмерна карысным выданні, якае дасканала рэдагуе сп. Уладзіслаў Абрамовіч), нястомны даследчык сп. Шымялевіч даказвае, што паветы тагачаснага Наваградскага ваяводства ніколі не падпарадкоўваліся наваградскаму старасце, за якім быў толькі тытул ваяводы. А калі канстатаваць, што з гэтага абшару выпаў Слуцкі павет, а такія паветы як Валожынскі, Лідскі і Шчучынскі (гістарычныя Ашмянская і Лідская землі, частка Віленшчыны) былі кааптаваны ў склад сённяшняй "Наваградчыны", дык становіцца зразумелым, што можа контур сённяшняй Наваградчыны і мае нейкі палітыка-адміністрацыйны сэнс, але, безумоўна, няма ніякай наваградскай адметнай рэгіянальнасці. Нават не ведаю, ці адчувае Вільня, што сучасная Наваградчына пачынаецца ўжо з левага берага рэк Сольча і Вісіньча? Што яна падыходзіць пад Алькенікаў! Што Беняконі - гэта ўжо Наваградак, а таксама і Эйшышкі, і Калеснікі! Што ў раёне Араны - Марцінканцы яна набліжаецца да летувіскай мяжы. Поўны абсурд і фікцыя, але, нажаль, характэрная.
"Рэгіянальная" выстава
І вось у такім фіктыўным стварэнні, спадарства, камітэт "Дзён Міцкевіча" хоча правесці рэгіянальную выставу Наваградскай зямлі!
Менавіта пра гэта казаў намеснік ваяводы пан Радалінскі ў сваёй прамове на абедзе ў Наваградку з нагоды прыёму прадстаўнікоў прэсы: "Пакажыце, што мы ідзём. Што ідзём разам з астатняй Польшчай і г.д., і г.д. …". Ці адмыслова аргкамітэт са сваіх трыбун казаў банальнасці?
Размова ў Наваградку
Вельмі сардэчна і гасцінна былі сустрэты гэтым камітэтам журналісты, якія былі ў паездцы. Бясспрэчна, занадта гасцінна і занадта сардэчна ў параўнанні з яе важнасцю і карысцю для "Наваградскай зямлі". Стол на 70 персон. Гаспадары і госці. Мясцовае наваградскае грамадства і прадстаўнікі польскай прэсы. Грамадства - гэта сп. намеснік ваяводы, які працуе тут ужо 6 месяцаў, гэта сп. начальнік паліцыі, сп. прэзідэнт, сп. інспектар, сп. начальнік … гэта пані Х і пані У, іхнія жонкі. Гэта людзі абодвух палоў, якія на працягу года ці двух, а можа і трошкі болей, прадстаўляюць наваградскае грамадства. Пасля некалькіх стрыманых кілішкаў яны расчулена ўздыхаюць ад добрай таварыскай бяседы. Уздыхаюць, бо жадалі б прадстаўляць грамадства ў вялікім і менш смярдзючым горадзе, які мае каналізацыю, мае тэатр і кіно.
Госці - гэта журналісты, якіх прывезлі за кошт Міністэрства Камунікацый, часта з тых самых мясцін, адкуль год таму прыехалі гаспадары. Відэльцы грукаюць па талерцы, па чарзе гавораць першыя і другія. Гаспадары запэўніваюць у сваёй стараннай і творчай працы для дабра гэтай зямлі, госці кажуць, што разумеюць іх заслугі. Ад імя гаспадароў выступае намеснік ваяводы, ад імя гасцей - карэспандэнт "Газеты Польскай".
Ад узаемных кампліментаў усе адчуваюць сардэчнае паразуменне і … свецкае застолле ў прыемным настроі доўжыцца да позняга вечара.
У гэты восеньскі час па начах бывае холадна. Пацеюць вокны, якія выходзяць на Радзівілаўскі палац. У гэты час на Моўчадзі, Свіцязі, Сэрвачы і Ушы ўздымаюцца туманы У гэты час на руінах замка Міндоўга вухкаюць совы, але пад вокнамі казіно чыноўнікаў усё яшчэ пакорліва ходзяць паліцыянты.
У сучасным Сапліцове
Нішто так не змяняе характар краю, як глеба. Там, дзе яна добрая, край пераўтвараецца. Лясоў усё менш, вёскі багатыя, двары заможныя, збожжа высокае. Уласна, Наваградчына - шлях на паўднёвы ўсход - да і за Нясвіж. Бальшавікі забралі самыя ўрадлівыя зямлі Случчыны. Але і тут усё па-іншаму. У Чомбраве, як у Сапліцове нас вітаюць спадарства Карповічы. Ці не гэты маёнтак як узор выбраў Міцкевіч?
- Так, кажа адзін са старых, - гэта сэрца здаўна выразана ў акенцы, я яшчэ памятаю.
- Але ж! Што з вамі? Яго адмыслова выразалі, калі здымалі фільм "Пан Тадэвуш".
Дык тут і здымалі. Па-праўдзе замка Гарэшкаў паблізу няма і не было, і таму ездзілі ў далёкі Мір.
Край перад намі роўны і ўрадлівы, без лясоў. Зрок блукае па абшарах. Падзолы і добрыя гліны.
Зроблена шмат. У 60 % вёсак прайшла камасацыя (землеўпарадкаванне - Л. Л.). Лугі асушаны - толькі касілку пускай. Хутары растуць, як грыбы. Дарогі добрыя. Можна будаваць і ствараць. Шкада, што да меліярацыі прымешваецца палітыка. Таму нельга абысціся без парцэляцыі маёнткаў (раздраблення - Л. Л.) - асяродкаў культуры, якія належаць абшарнікам, таму сям-там знікае крэдыт даверу і спакойнае жыццё.
Дырэкцыя лясоў кіруе Туганавічамі
Дзедзічка Туганавічаў памёрла 8 гадоў таму. Двор, вуглавое акно якога належала Марылі. Але ў тастаманце напісана: павінны быць пабудаваны дзве школы і цэнтр земляробчай культуры. Забрала дзяр-жава. Школ не пабудавалі. Замест цэнтра культуры - аддалі пад кіраванне белавежскай дырэкцыі лясоў, якая здала маёнтак у прыватную арэнду. Тут праходзіў фронт Вялікай вайны (Першай сусветнай - Л. Л.). Усё засталося ў развалінах. Альтанка разбітая гранатамі, у парку нямецкія хованкі, цэгла, друз, двор у беспарадку, зарослы і неахайны. Няма нават бярозаў, пасаджаных Міцкевічам. Гэта піетызм? Гэта павінна быць прыкладам? Культуртрэгерствам?
Комплекс няволі
Восеньскае сонца касое, як крыжы на цэрквах. Аўтобус вязе гасцей з Варшавы, сытых і п'яных пасля вячэраў і абедаў, госці размаўляюць, і калінікалі я чую іх размовы:
"Пасля імперыі засталося толькі 490 км з цвёрдым пакрыццём, зараз такіх дарог 1900 км". Гэта святая праўда. Але чаму ён не можа без фразёрства! Чаму трэба ў кожным слове падкрэсліваць "імперыя рабіла ўсё, каб гэтая краіна не магла эканамічна развівацца! Толькі зараз .. і г. д."
Звычайная хлусня. Бо ўсе ведаюць, што гэта было не так. Фабрыка Столе "Нёман" у 1914 г. мела 1600 работнікаў. У 1938 г. пры добрай эканамічнай кан'юнктуры і з экспартам у Англію, Аўстрыю і нават у Аўстралію, тут працавала толькі 700 чалавек. Менш за палову. А насельніцтва Ліды за гэты час павялічылася амаль што ўдвая. Мы працягваем усё мераць старым аршынам, тым самым аршынам расейскага часу. З 1928 г. у Наваградку забрукавана 4 км вуліц. Засталося яшчэ 19 небрукаваных вуліц агульнай даўжынёй … 37 км. […] Расія сама па сябе была вялікім абшарам і бязмежным рынкам.
Мы ўвесь час азіраемся назад і ўсё ніяк не навучымся глядзець наперад. Нам не трэба параўнанне са старой Расіяй, нам трэба раўнавацца на Еўропу!
І паколькі ў Наваградку зараз маецца 78 грамадскіх арганізацый на 11 тысяч гараджан пры 4 тысячах яўрэяў - я лічу, гэта хутчэй адмоўным фактам.
Аўтобус культурных гасцей
Свецяцца перада мной стральчатыя вокны Мірскага замка з вузкімі і тоўстымі рамамі. За маёй спіной гоман варшаўскіх журналістаў, хіхіканне дам, грукат талерак.
Едзем далей шляхам Міцкевіча. Прадстаўнікоў Варшавы, Познані і Львова, выказнікаў грамадскай думкі, польскую прэсу, сустракаюць урачыста, з хлебам-соллю, гарэлкай і рыбай па-грэцку.
Нясвіж. Дастойны, як выразаны з партрэта стары, устае маршалак Наркевіч-Ёдка (Маўчанне, спадарства!). Раптоўна спадарыня злева, праз стол да спадарыні справа:
- Вы зашмат выпілі!
- Ідыётка!
Гм, гм, гм …
На наступны дзень сонца ходзіць за мной па залах Нясвіжскага замка, па зброі, партрэтах і слуцкіх паясах.
Журналіст, які скончыў філасофію ў Варшаве:
- Выбачайце, ці Барбара Радзівілянка была дачкой князя "Пане Каханку"?
Едзем далей шляхам Міцкевіча. Што можа ведаць пра нас Наваградчына? Ляжыць яна на раўніне, па дарозе здымае шапку і кланяецца, застаецца ззаду ў пыле машын. Госці з Варшавы ўжо не проста браты - усе разам мы ўжо "братэрства".
Заблукалі ў Снове. Бровар, крык, гвалт, бязладная балбатня і размовы. Нейкі начальнік кажа пра аплот хрысціянства, другі знайшоў, што шляхі на Пскоў і Кіеў ідуць праз Слуцк, трэці ўгаворвае афіцэраў выстаяць, чацвёрты запэўнівае пра сваю духоўную сувязь з гэтай краінай. І ўсе вельмі задаволеныя.
Сучасныя прапагандысты "Шляху Міцкевіча"
Пакорна і гжэчна край сустракае гасцей. У Сваятычах стаяць войт і солтыс з бляхамі на металічным ланцугу. Удалечыні паўкола людзей.
Едуць, едуць .. (Магічнае слова - "з Варшавы"). І сапраўды набліжаецца аўтобус. З яго чуецца гоман. З крыкамі, "гіканнем" і нават з нейкай казацкай джыгітоўкай на рынак уязджаюць "прадстаўнікі польскай прэсы". Адзін з іх спатыкаецца аб камень і падае. Добра, што стаіць суша.
Солтыс па-ранейшаму стаіць на месцы. У касцёле запальваюць свечкі і склікаюць людзей. Спадар з цыгарэтай у зубах крычыць сваім "сябрам": "Хопіць ужо гэтых прыпынкаў, паехалі!"
Вельмі мала часу. Трэба спяшацца ў Баранавічы. Спадароў з "Польскага радыё" і "Газеты польскай" баранавіцкае грамадства запрашае прыгожа выступіць для нашага краю на новай Баранавіцкай радыёстанцыі, якая павінна ахоўваць "шлях Міцкевіча" ад яду Менскай радыёстанцыі.
J. M. [Józef Mackiewicz] Na współczesnym "szlaku Mickiewicza" // Słowo. 1938. № 250.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша