Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Заходнебеларускія замалёўкі, 1938 г. 


Аўтар: Абрамовіч Уладзіслаў,
Дадана: 22-02-2020,
Крыніца: Нясвіжскія каеты. 2019. №1. C. 26-32.; НАША СЛОВА № 18 (1429), 2 траўня 2019.; № 19 (1430), 8 траўня 2019.; № 20 (1431), 15 траўня 2019.



Заходнебеларускія замалёўкі, 1938 г. [1]

Фрагменты з кнігі: Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Lida, 1938.

Пераклад Леаніда Лаўрэша


Мірскі замак і яго сівы пан

Мяжа двух сусветаў

Засценак Сыракомлі і Адама Плуга

Цяжар вякоў Нясвіжа

Багданава - скарбніца нашых традыцый

Сцежкамі Марылі Верашчакі

Эйшышкі і ваколіцы

Меч, у сэрца няўдзячна ўторкнуты


Уладзіслаў Абрамовіч - лідскі краязнавец, паэт, перакладчык, гісторык культуры, бібліёграф, архівіст. Нарадзіўся 9 траўня 1909 г. у Новым Двары каля Трокаў і лічыў сябе літоўцам (у анкетах пісаў: бацька - літовец, маці - беларуска). У 1933 г. скончыў Віленскую гімназію. Жыў у Лідзе з 1936 па 1939 г., узначальваў карэспандэнцкі пункт "Кур'ера Віленскага" і адначасова быў галоўным рэдактарам газеты "Лідская зямля" (Ziemia Lidzka). У 1938 г. як аўтар выдаў кнігу пра Наваградчыну (Strony Nowogrоdzkiе. Skirce krajoznawcze. Lida, 1938). Пасля 1945 г. і да канца жыцця працаваў кіраўніком аддзела рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. У 1951 г. атрымаў гістарычную адукацыю ў Віленскім універсітэце.

Шмат займаўся перакладамі літоўскіх паэтаў на польскую мову. Выкладаў на кафедры бібліятэказнаўства Віленскага ўніверсітэта, таксама выкладаў польскую мову аспірантам універсітэта. Кіраваў літаратурным гуртком, які склаўся вакол польскамоўнай газеты "Czerwony Sztandar", быў сябрам Саюза пісьменнікаў.

Напісаў некалькі кніг на летувіскай мове: пра Валерыя Урублеўскага (1958 г.), Тадэвуша Урублеўскага (1960), пра Шаўчэнку ў Вільні (1964). Па-польску выдаў кнігі пра кнігадрукаванне ў Літве (1957) і пра Міцкевіча ў Коўні (1956).

Беларускім гісторыкам добра вядомы па кнізе: Абрамавичюс, В. Библиография белорусских периодических изданий, 1861-1944 / В. Абрамавичюс; Библиотека Академии наук Литовской ССР. - Вильнюс, 1949.

Памёр 16 лістапада 1965 г., пахаваны на Росах.

Леанід Лаўрэш

Мірскі замак і яго сівы пан

Быць у Міры і не пабачыць князя - гэта бадай тое самае, што ў Рыме не сустрэцца з папам. Князь Міхал Святаполк-Мірскі вядзе жыццё анахарэта. Нікога не прымае. У пэўныя гадзіны не жадае нават мець справы са служкамі. Загадаў зняць тэлефон і застаўся цалкам самотным у сярэднявечным замку.

Так нас інфармуюць мясцовыя людзі. Мусім чакаць да раніцы і таму затрымаліся ў гатэліку "Купецкі", каб не марнаваць час, з фотаапаратам паспяшылі да замкавага парку, дзе цячэ рэчка Міранка, дзе серабрыцца люстра ставу сярод зялёных берагоў, шумяць стагадовыя ліпы і калышуцца разлапістыя елкі.

Міхал князь Святаполк-Мірскі.

Можа падпільнуем сівабародага пана-князя, які ў дастойнай самоце выходзіць на шпацыр у бок ставаў, каб убачыць у вадзе адлюстраванні вежаў любімага ім замка?

Пачынаем успамінаць гісторыю гэтага месца, і нам здаецца, што на тле замкавага ставу, як доўгі цень старога паркавага дрэва, вырастае цень Юрыя Ілініча, надворнага маршалка ВКЛ, лідскага старасты, які ў 1490 г. атрымаў ад Гедыголдавічаў Мір у сваю маёмасць і пачаў думаць пра будучы замак які меўся бараніць ваколіцы ад татарскіх шабляў.

Пасля пабудовы манументальнага замка ў пяць дужых вежаў, Юры Іллініч зрабіў дзедзічам Міра свайго сына Фелікса, а сам ахвотней жыў у Чарняўчыцах (Берасцейскі павет).

З бегам часу, сын Фелікса Іллініча - другі Юры, унук будаўніка замка, як беспатомны перадаў Мірскае графства, наданае яму нямецкім імператарам Фердынандам, Радзівілу Сіротцы. Апошні з Іллінічаў памёр у росквіце сіл.

Пад рукой Радзівілаў замак меў перыяды росквіту і страшэнных забурэнняў ажно пакуль падчас шведскай вайны не ператварыўся ў руіны. Потым яго адбудавалі, і да 1794 г. у ім жылі людзі. Вядомым і слаўным быў у часы Караля Радзівіла Пане Каханку, бахусавыя вечары якога найлепей характарызаваў Аляксандр Снежка: "Самавольны малады магнат, прызвычаены да магутнасці свайго роду, вёў у Міры гуляшчае жыццё. Набіраў сабе гэтакіх як сам таварышаў з маладзёнаў ваколічнай шляхты, якая піла ў замку каштоўныя княскія мальвазіі пры гэтым паслабляючы залатыя слуцкія паясы і бразгаючы шаблямі …"

Пазнейшыя ўладары замка Вітгенштэйны ператварылі ў пустку гэтую адвечную сядзібу магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага. У парушаных мурах пачалі гняздзіцца вароны і совы ці выслізгваць змеі, пра што пісаў Ул. Сыракомля, вялікі мілоснік гэтых месцаў. У 1895 г. у князёў Гагенлоэ замак разам з маёнткам за 300 000 рублёў прыдбалі сучасныя Мірскія. Да таго часу ад замка засталіся руіны.

Але муры дачакаліся свайго сапраўднага вартаўніка і апекуна - Міхала князя Святаполк-Мірскага, які ўзняў з руін вежы і пачаў патроху адбудоўваць сам замак, робячы такім чынам з Міра легенарнае зараз мястэчка. Князі Мірскія цвердзілі што адсюль прынялі сваё прозвішча і былі тут панамі падчас росквіту Літвы, якая праз русінскіх князёў пашырылася ад мора і да мора. Аднак потым Мірскія былі прымушаныя з'ехаць на Браслаўшчыну і доўгія стагоддзі чакаць вяртання да свайго радавога гнязда.

Але мы разгаварыліся пра гісторыю і забыліся, што нам яшчэ трэба залатвіць наведванне замка ў бюро маёмасці. На ўсходнім баку парку стаяць вялікія мураваныя аборы і гумны. У глыбіні бачым белы дом з вялікім старасвецкім ганкам з характэрнымі калонамі - тыповы наваградскі двор, ад якога вее традыцыяй, прастатой і цішай.

Скрыпнулі дзверы веранды, і нейкая маладая брунетка - пэўна чужаземка на адпачынку, стала на парозе. На ломанай польскай мове інфармуе, што адміністрацыя месціцца непадалёку.

У бюро нас з прыемнасцю прымаюць. Адразу пайшлі ў справу тэлефоны. Адчуваем кантраст паміж пануючым навокал сярэднявеччам і тэлефонам - як быццам знаходзіліся ў летаргіі, але тэлефонны званок вывеў нас з гэтага стану і вярнуў да рэчаіснасці.

Праз хвіліны знаёмімся з маладым князем Мірскім, пляменнікам дзедзіча. Высокі, худы бландзін з падголенымі вусікамі ў форме падхарунжага Стралецкага звязу. З дабрадушнай усмешкай кажа, што яму будзе прыемна пазнаёміць нас з замкам.

Ідзём па векавым парку. Перад замкам стаяць руіны спаленага палаца, у якім князі жылі перад вайной. Пляменнік кажа, што ягонаму дзядзьку гэты палац ніколі не падабаўся, бо ад пачатку гэта былі кашары. Таму стары яго і не жалуе.

З правага боку, над дрэвамі бачна вярхоўка цэркаўкі, у якой пахаваны князі Мірскія. Вузкай сцежкай выходзім да замкавага дзядзінца і па крутых прыступках уздымаемся ў вежу. У панурых пакоях адчуваецца дух старых часоў. З аднаго з пакояў выходзіць галоўны адміністратар мірскай маёмасці сп. У. Пысевіч які паведамляе нам, што сп. князь чакае ў сваім кабінеце.

Неўзабаве паціскаем далонь сівабародага спадара апранутага ў белую марынарку з палатна хатняга вырабу. Міхал князь Святаполк-Мірскі ў 70 гадоў мае рэзкае і чэрствае аблічча.

- Што спадароў прывяло да мяне? - задае першае пытанне.

- Прагнем нешта даведацца пра аднаўленне замка.

- Ну, што … Замак - гэта руіна. А другая руіна, калі спадарству цікава - ён лагодна ўсміхаецца і паказвае на сябе пальцам - гэта я… Работы па адбудове вяду 17 гадоў. За гэты час адбудаваў чатырывежы і многа пакояў. Але не маю шмат грошай. Мае мажлівасці - адзін пакой у год. Сп. Прэзідэнт, калі быў у гасцях, сказаў: "Хто будуе - той не ўмірае". Таму, я яшчэ маю час.

У зале, дзе адбываецца аўдыенцыя, яшчэ захавалася першапачатковая столь, якую падпіраюць аркады калон. Пасля запісу нас у кнігу наведвальнікаў князь моцна паціскае нашы рукі.

Пакідаем замкавы дзядзінец разам з усім гэтым сярэдневяковым помнікам і між волі ў галаву прыходзіць думка, пра адвечную цягу чалавека да старажытнасці.

Мяжа двух сусветаў

Пасля Міра - іншая зямля. "Край пясчаны, пустынная даль, за пералескамі дзікія палі, блукае галодная нядоля" - пісаў некалі Ян Булгак у "Маёй зямлі". Але гэта былі даўнія часы. Хто ведаў той край перад вайной і ўбачыў яго сёння - моцна бы здзівіўся, бо не пазнаў.

Перадваенныя Стоўбцы - бруднае мястэчка. Сёння Стоўбцы - прыгожы новы горад. Апошняе польскае месца на ўсходняй мяжы. Мяжа сусветаў. Ведаем гэта дасканала.

Пра з'яўленне Стоўбцаў няма ніякай інфармацыі. Амаль што ўся Наваградчына, за выключэннем некалькіх паветаў яшчэ чакае свайго этнографа, археолага, гісторыка, які павядзе нас у гісторыю, закутую у курганах, урочышчах, ціхіх вясковых дварах і прыгожых святынях. Наваградчыну можна параўнаць з чароўнай табакеркай якая чаруе нас сваёй інкрустацыяй але мы яшчэ не маем ключа каб пабачыць што ў ёй хаваецца.

Парафіяльны касцёл у Стоўбцах. Зруйнаваны ў 1958 годзе.

Аднак гісторыя Стоўбцаў вельмі цікавая і багатая. Гэтыя ваколіцы маюць помнікаў нават болей, чым астатнія часткі Наваградчыны. Падобна, што сваю назвы Стоўбцы атрымалі ад трох мураваных слупоў, пабудаваных у XVI ст. на мяжы маёмасці князёў Радзівілаў і Чартарыскіх. Стоўбцы ўжо тады былі памежным пунктам. А яшчэ мястэчка мела вядомасць як прыстань для сплаўшчыкаў дрэва з ваколіц вакол Нёмана. Было тут і паселішча рыбакоў і прыстань лодак-віцін, якімі вывозілі на продаж ураджай да Гданьска, ажно покуль не пабудавалі чыгунку - Нёман з'яўляўся галоўнай камунікацыйнай артэрыяй.

Адзін з тых гістарычных "слупоў" праіснаваў 350 гадоў і быў зруйнаваны ламамі ў 1924 г. падчас укладкі езні ў горадзе. Нехта казаў, што гэта былі не памежныя слупы а каплічкі Св. Яна, пабудаваныя ў памяць пра адыход хваробы з гэтых мясцін, якая лютавала тут у сярэдзіне XVI ст.

Сучасныя Стоўбцы дзеляцца на дзве часткі - даваенную і пасляваенную. Не засталося нават следу "края пясчанага, пустыннай далі". Усю сваю душу уклаў у горад энтузіяст і мілоснік гэтай зямлі інжынер-архітэктар Станіслаў Ваўканоўскі. Манументальныя камяніцы стаяць да самага чыгуначнага вакзала.

Стоўбцы зараз налічваюць каля 8 000 жыхароў. Людзі працуюць ва ўстановах павета, займаюцца рамёствамі, гандлююць ці працуюць на прадпрыемствах. Рабочы клас, хоць і не арганізаваны, маецца тут у вялікай колькасці. Ён вырас з людзей, якія прыехалі з цэнтральных раёнаў дзяржавы, каб будаваць існыя зараз гмахі.

Гледзячы на прыгожую панараму горада, не верыцца, што яшчэ нядаўна тут была пясчаная пустка, праз якую дрожкі везлі пасажыраў да вакзала. Мусілі чакаць, покуль збяруцца некалькі дрожак і ехаць разам, каб не рызыкаваць, бо ў хмызняках на пясчанай пустцы маглі хавацца бандыты ці дыверсанты якія неаднаразова, нават удзень, рабілі напады не толькі на дрожкі, але і на гарадскія дзяржаўныя ўстановы.

Так, спадарства журналісты, пішыце ў газеты цікавыя рэчы. Але трэба паглядзець на наша жыццё, ацаніць, у якіх акалічнасцях на мяжы нашай дзяржавы ішла будоўля - мне пра тыя акалічнасці расказваў стары стаўпецкі чыноўнік, які быў час, седзячы за сталом, каля сябе трымаў карабін на ўзводзе. Былі і такія часы на Стаўпеччыне. А зараз прыязджае вялікі чыноўнік з міністэрства і кажа, што нічога тут не робяць, што не бачна вынікаў працы. Не дзіва, пра тыя страшныя гады забыліся нават самі стаўпчане. Жыццё памянялася. Укладзены капітал дазваляе зараз карыстацца яго працэнтамі.

Асабіста сустрэў вучняў, якія вярталіся з урачыстасцяў заканчэння школьнага года. Прыгожая грамада вясёлай моладзі рассыпалася на гімназічным пляцы перад помнікам Тадэвуша Галоўкі (польскі палітык, забіты ў 1934 г. - Л. Л.) патрона гэтай гімназіі. Стаўпецкая моладзь мае ў гімназіі крыніцу мудрасці, тут на пляцы яна кшталтуе свае думкі, разглядвае атрыманыя дыпломы, атэстаты, узнагароды … Выбегла на вуліцы дзятва з агульнаадукацыйных школ. На фоне шэрага бруку зазелянелі мундзіры харцэраў. Кожнае дзіця сціскае атрыманае пасведчанне - найвялікшую радасць школьнага жыцця (тады у школах вучням кожны год выдавалася пасведчанне пра заканчэнне чарговага класа - Л. Л.)

Але гэта моладзь нават выглядае не так, як гімназічная. Можа ўплываюць умовы навучання, стан якіх варты жалю, можа беднасць бацькоў і суровасць жыцця? … Хто ведае.

Магістрат горада са сваім шматгадовым энергічным бургамістрам Казімірам Станеўскім цешыцца вялікай працай, якая ўжо зроблена, і думае пра будучыню. Аднак яшчэ не можа вырашыць балячкі агульнаадукацыйных школ. Тут патрэбна дапамога больш высокіх уладаў. Каб мы больш не чулі па радыё з Саветаў, што "там замест школ стаяць вязніцы". Часткова ў гэтым ёсць праўда, і таму агульнаадукацыйныя школы ў Стоўбцах і павеце чакаюць дапамогі.

Стоўбцы ляжаць на беразе Нёмана, і таму тут добра развіты водны спорт. Як толькі цяплее клімат - адразу з горада тлумы людзей уцякаюць да берага на адпачынак. Адны праводзяць час у абдымках бурштынавага пяску ці ў блакітнай вадзе ракі, іншыя плывуць у паходы на лодках. Адсюль не раз рабіліся смелыя выправы на Балтыку, каб перадаць з вярхоўяў Нёмана віншаванні мору.

Некалі ваколіцы Стоўбцаў былі месцам пілігрымак. Даходзілі сюды з Менска ці нават з Жытоміра, каб атрымаць ласку слугі Божага Фабіяна Малішоўскага, крыпта якога ў стаўпецкім саборы вядома сваімі цудамі.

Стаўпецкі касцёл існуе з 1621 г. - прыгожае, чыстае барока з аздобамі ў стылі ракако знутры. Яго фундаваў Аляксандр Служка, менскі а потым наваградскі ваявода. Па левы бок ад вялікага алтара на сцяне і зараз вісіць вялікі партрэт фундатара. У 1649 г. пры касцёле закладзены кляштар дамініканаў, другім прыёрам якога і быў айцец Фабіян - непараўнальны прамоўца. За 4 гады свайго душпастырства ў Стоўбцах ён сярод люду здабыў вялікую славу. Пасля смерці ў 1644 г. прыёра пахавалі ў адмысловай крыпце, пад капліцай Св. Дамініка. Тут, моляцца ўсе прагнучыя Божай ласкі. Крыпта з парэшткамі а. Фабіяна славіцца цудамі з моманту наезду на Стоўбцы казакаў, калі разрабаўшы кляштар і касцёл, вывернулі труну і параскідвалі парэшткі, якія - як цвердзіць кляштарная хроніка - на вачах казацкіх дзікуноў былі ўзняты нябачнай рукой і зноў пакладзены ў труну, а труна пастаўлена на сваё месца ў крыпце. З таго часу слава крыпты а. Фабіяна расла з кожным годам. Уваход у крыпту заўсёды быў адчынены, і людзі маліліся каля труны. Некаторыя факты пра цуды занатаваны ў "Кнізе цудаў" [2].

У часы народнай няволі слава а. Фабіяна прыгасла. Касцёл перарабілі ў царкву, а труну з парэшткамі Божага слугі закапалі глыбока ў крыпце пад капліцай. Адразу пасля вяртання святыні знойдзены фрагменты труны і святога. Парэшткі зложаны ў простую драўляную малую труну, якую паставілі на даўняе месца. Мясцовыя людзі называць а. Фабіяна "святым апосталам Крэсаў" (у 1958 г. касцёл будзе зруйнаваны - Л. Л.).

А. Фабіян яшчэ не прызнаны Апостальскай сталіцай святым. Шмат гадоў трымае ў Рыме цікавы інфармацыйны працэс па беатыфікацыі слугі Божага. Для Стоўбцаў, якія знаходзяцца на мяжы сусветаў, … беатыфікацыя а. Фабіяна мае вялікую вагу.

Засценак Сыракомлі і Адама Плуга

Ад Стоўбцаў, уздоўж блакітнай стужкі Нёмана ляжыць "стаўпецкая Швейцарыя", Жукаў Барок - шведскія могілкі палеглых у бітве пад Міром, Залучча - вясковы засценак, у якім свае першыя гады правёў наш вясковы лірнік Уладзіслаў Сыракомля, потым Новы Свержань - слынны радзівілаўскай фарфорняй - фабрыкай якаснай літоўскай парцаляны.

У Жукавым Барку нарадзіўся ў 1754 г. і правёў дзіцячыя гады Саламон Маймон, цікавы вучоны, які сярод нямецкіх філосафаў у Берліне лічыўся дасканалым знаўцам і крытыкам прац Канта. Маймон - яўрэй і ў маладыя гады працаваў у карчме Жукавага Барка, а адтуль пешкі пайшоў у Берлін. Працы яго выдадзены па-нямецку, і ў першым томе ўтрымліваюць шмат інфармацыі пра тутэйшыя ваколіцы. Памёр Маймон у 1800 г. на Шлёнску, у маёнтку свайго дабрачынцы і апекуна графа Калкрэта.

Тут жа жыў і пісаў ціхі паэт Антон Пятрашкевіч вядомы пад псеўданімам Адам Плуг. Быў ён сардэчным сябрам Сыракомлі. Абодва яны жылі ў гэтым краі, абодва пісалі пра "наднёманскія нівы" і праславілі гэтую зямлю …

Назва Залучча паходзіць, праўдападобна, ад Нёмана, які якраз абцякае гэта месца.

Новы Свержань - невялікае але старое мястэчка. У XVIII ст. быў тут меўся вялікі гандлёвы рух. Зараз з-за блізкасці Стоўбцаў жыццё перамясцілася ў горад. У палове кіламетра ад Свержаня ўзносіцца вялікая гара - памяць пра ляднік. Гэта па-сапраўднаму залатое месца. Маюцца тут незлічоныя запасы вапны і жвіру дасканалай якасці. Бывалі гады, калі жыхары Свержаня за жвір бралі па многа дзясяткаў тысяч злотых за год. Але тыя гады мінулі разам з заканчэннем будаўніцтва чыгункі.

Зараз у Свержані ціха. Замёрла ўсё жыццё. Амаль што ўсе яўрэйскія сем'і з'ехалі ў Палесціну. Вецер дуе ў вокнах абдрапанай, пустой бажніцы. Малыя драўляныя дамкі ў зелені гародаў і садоў. Жыхары жывуць у асноўным з гародаў. Яшчэ і зараз усе добра ведаюць і шукаюць купіць свержанскія гуркі, капусту і трускалкі.

З захаду прыйшлі цяжкія свінцовыя хмары. Вярба на вадой трапеча ад ветру. Гук званоў з вежы касцёла плыве на Анёл Панскі…

У 1928 г. Свержань стаў на шлях хуткага развіцця. Англа-Еўрапейская акцыянерная кампанія пабудавала тут сучасны тартак, на якім працавала каля 800 чалавек. Прадпрыемства мела сучаснае абсталяванне, кіравала тартаком каля 50 чалавек. Спецыялісты атрымалі жыллё, пачаў працаваць кінатэатр, меўся тэатральны калектыў, багатая чытальня і бібліятэка. Аднак у 1933 г. фірма была зачынена, а разам з ёй знікла і ўся культурная пляцоўка.

Усё абсталяванне і будынкі выкупіла адміністрацыя Радзівілаў. Новыя гаспадары, каб працягнуць працу, выкарысталі добрае англійскае абсталяванне, тым больш, што попыт на дрэва для будаўніцтва паступова ўздымаўся. Хутка ўсе навакольныя лясы былі выцераблены, і дрэва пачалі купляць у Саветаў з памежнага пасу. Аднак новыя гаспадары не атрымалі права на перапрацоўку гэтага дрэва, і вялікія надзеі зноў не спраўдзіліся. Беспрацоўныя, седзячы на варштатах тартака, назіралі, як дрэва сплывае Нёманам углыб краю і яго колькасцю мералі памеры свайго няшчасця.

Упадак прамысловай пляцоўкі пацягнуў за сабой катастрафічныя вынікі. Месцічы, спадзяючыся на развіццё мястэчка пабудавалі добрыя дамы, але працы не стала. З наяўнасці вольных дамоў скарысталіся пенсіянеры. Наплылі яны з усіх бакоў. Сталася нават так, што Свержань пачаў лічыцца мястэчкам пенсіянераў. Прычына іхняга пасялення тут вельмі простая - прынёманская мясцовасць вельмі прыгожая, пляжы і водны спорт, блізка малады сасновы лес - святыня цішы і спакою з гаючым паветрам. Новыя, добрыя дамы прадаваліся па вельмі нізкіх цэнах, а за 1,5 км знаходзіўся павятовы горад Стоўбцы з чыгуначнай станцыяй - акном у свет. У мястэчку - электрычнасць, пошта, газеты. Варункі для жыцця найлепшыя. І ўсё за бесцань.

Таму не дзіва, што пенсіянераў тут шмат. Старыя пры канцы жыцця знайшлі спакой.

Цяжар вякоў Нясвіжа

Нясвіж - як Нясвіж. Вядома ж - сталіца самага магутнага магнацкага роду. На кожнай вуліцы, ад кожнага дома, ад кожнага кутка адчуваецца прысмак гісторыі. Звычайныя дамкі, дзе-нідзе камяніцы, сапраўдныя палацы, і як яны ўсе гарманічныя духу горада.

На кожным кроку, куды не паглядзіш, ад самых дробных рэчаў прамаўляе дух пілігрыма Сіроткі, які, мабыць, на вечныя часы стаў жывым увасабленнем гэтага горада. Паўсюдна барока, але нейкае іншае, асабістае, стараліцвінскае. Нясвіж - скарбец архітэктурнага мастацтва, жывы дакумент характараў магнатаў той эпохі поўнай вытанчанага хараства, бліскавічнасці і вялікапанскай пыхі, апранутай у барока. Назваў бы яшчэ Нясвіж музеем мастацтва, перанесенага з захаду на памежны ўсход Рэчы Паспалітай [3]. Акрамя таго - гэта адзіны горад на Наваградчыне, які мае ратушу пасярод рынку з гандлёвымі радамі, што нагадваюць кракаўскія.

Толькі сёння Нясвіж дзіўна сонны, пацяжэлы ад вякоў свайго існавання. Гэты цяжар прыгнятае горад як быццам вялікія, старыя, нерухомыя млынарскія камяні. На вуліцах не бачна жыцця. Няма тут такога звычайнага для наваградскіх мястэчак руху, тэмпераменту, шуму. Тут кожны мае шмат часу. Робіцца ўражанне, што горад кшталціць сваіх жыхароў - людзі ходзяць спакойна і павольна. На твары кожнага мінака адбіваецца ўпэўненасць у сябе і адсутнасць усялякай неспадзяванкі.

На нясвіжскім рынку ў некалькі радоў стаяць вясковыя вазы. Кабеты ў вялікіх хустах і каляровых спадніцах сядзяць нерухома з нагамі, падкладзенымі пад сябе. На расхіленых каленях трымаюць кошыкі поўныя ягад, яйкаў, часанага залацістага ільну ці рознакаляровых тканін. Далей на ганках і сходах дамоў вакол рынку, пры стосах розных няладна зваленых кашоў, расселася грамада купцоў - перакупшчыкаў і перакупшчыц. Сядзяць і плачуць. Сапраўды плачуць. Калісьці, калі яшчэ сродкі камунікацыі Нясвіжа з суседнімі гарадамі былі нармальнымі, нясвіжскія гандляры падтрымлівалі добрыя кантакты з суседнім рынкамі. Зараз, з-за адсутнасці чыгункі (бліжэйшая - станцыя Гарадзея за 13 км) у Нясвіжы гаспадарчае жыццё прыгасла. Горад жыве толькі гісторыяй.

Крывымі, гарыстымі завулкамі прыходзім да Помніка незалежнасці … . З завулкаў старога горада, дзе вякамі месцілася слынная радзівілаўская друкарня, дзе былі выдадзены Берасцейская Біблія і творы Уршулі Радзвіл, зноў выходзім на сонечны рынак, па якім у часы Яна Дэмбарога бегаў вучань дамініканаў - Сыракомля з падручнікам лаціны пад пахай. На сцяне па-езуіцкага гмаха здалёку бачна выбітае залатымі літарамі на белым мармуры прозвішча паэта разам з эмблемай сучаснай гімназіі.

Над горадам узвышаецца дасканалая святыня - нясвіжская фара. Тут захоўваюцца парэшткі ўсіх ардынатаў. У 1935 г. тут спачылі парэшткі апошняга з клецкай лініі кн. Альбрэхта Радзвіла.

Унізе, за барочнай слуцкай брамай, удзень асветленай сонцам, а ўначы прамянямі рэфлектараў, разліліся вялікія ставы, у якіх адлюстроўваецца барочны Нясвіжскі замак. Ён стаіць на зялёным востраве апаясаны стогадовымі ліпамі. …

З узораў манументальнай архітэктуры Наваградчыны Нясвіжскі замак самы малады. Пабудаваны ён не толькі для абароны, але і з-за прыгожай традыцыі ліцвінскіх магнатаў. Аднак мае вельмі багатую гісторыю. Быў аб'ектам знішчэння для ўсіх захопнікаў, якія прыходзілі сюды з усходу.

Нягледзячы на вандалізм і трохразовае поўнае руйнаванне, Нясвіжскі замак захаваў у сваіх зборах 100 бясцэнных арыгіналаў пергаментаў каралеўскіх актаў, карэліцкія габелены і частку самага арыгінальнага ў свеце манаршага скарбца які завецца грынбевельдэ (зялёнае скляпенне). Каля става, убок шырокага гасцінца, якім у горад прыязджалі гістарычныя постаці, стаіць стары водны млын. Разам з прымітыўнай плацінай ён захаваўся ў сваім першасным выглядзе.

Тым гасцінцам едзем у Клецк, каля гэтага горада калісьці літоўскія гетманы адбілі наезд татараў. У поўным пасажырамі аўтобусе пануе добрая атмасфера. У такт падскокам на няроўным бруку ківаюцца галовы сонных пасажыраў. …

Багданава - скарбніца нашых традыцый

Нізінная частка Налібоцкай пушчы заканчваецца каля Рудні. Стары пясчаны гасцінец ідзе праз малады лес. Дзе-нідзе сярод лесу бачым меланхалічны пагорак з густымі пнямі. Часта каля падножжа гэтых голых узвышшаў блісне безыменны струменьчык, у якім спрытны налібачанін вудай ловіць рыбу.

Але вось ужо і Камень - памятнае месца, слаўнае тым, што калісьці, у 1262 г., літоўскі князь Міндоўг учыніў тут бітву з Васількам [4]. Гэта мясцовасць мусіць нам нагадаць і часы нядаўніх баёў з бальшавікамі. Тут гераічна загінуў капітан Пётр Мяніцкі, камандзір 1-га батальёна Лідскага палка які ствараў войска разам з маёрам Дамброўскім.

Далёкая ад чыгункі і гандлю гэтая мясціна аднак абуджаецца да жыцця. Пра гэта сведчаць нядаўна тут пабудаваныя новыя дамы - і не абы якія, а пераважна з бетону. Неяк, не гледзячы на блізкую пушчу і таннае дрэва, мястэчка Камень апраўдвае сваю назву, якая падобна, паходзіць ад вялізнага валуна ў форме хаты, валун тут жа і ляжыць.

Легенда кажа, што гэты камень - хата заклятага шаўца, які не прыняў пад дах змучанага дарогай вандроўніка. Бо вандроўнікам быў Хрыстос і хата шаўца разам з ім абярнулася ў камень. Гэты закляты бядак пакутуе і чакае да нашага часу. Калі б нехта адважыўся ў поўнач прыйсці сюды і пакінуць на камяні свае боты - на раніцы меў бы іх адрамантаванымі а заклятага шаўца звольнілі б ад кары. Аднак ніхто не спяшаецца яму дапамагчы [5].

Маёнтак Камень некалі быў уласнасцю Забярэзінскіх, у 1522 г. яны фундавалі тут фарны касцёл. Праз час Камень перайшоў да Сайкоўскіх. Эльжбета Белазор з Сайкоўскіх у 1679 г. аднавіла парафіяльны фундуш. Потым, калі маёмасць перайшла да Юдыцкіх пабудаваны наступны драўляны касцёл Св. Пятра і Паўла [6], які захаваўся да нашых часоў. Пасля паўстання 1863 г., калі касцёлы перараблялі на цэрквы, касцёл у Камені застаўся адзіным у акрузе.

Не можам патрапіць у Багданава, бо павінны яшчэ наведаць Івянец, які прыгожа раскінуўся на абодвух берагах ракі Волмы. Пра пачаткі мястэчка і яго назву існуе паэтычная легенда. Барбара Радзівіл неяк ехала ў Нясвіж у адведзіны да брата. Было гэта вясной і на размоклай дарозе карэта княжны ўгразла. Высілкі служкаў не дапамаглі. Усхваляваныя прыдворныя панны разам з княжной пачалі горача маліцца аб паратунку да Маці Божай. І ўбачылі перад сабою постаць Найсвяцейшай Панны якая з палявых кветак віла вянок. Коні лёгка зрушыліся з месца і карэта імгненна аказалася на сухім месцы. У памяць гэтай цудоўнай візіі, княжна загадала пабудаваць тут касцёл і заснаваць мястэчка [7]. … Але гэта толькі легенда.

Некалі гэта мястэчка належала Салагубам, а пасля 1810 г. - Плявакам. Мястэчка мела два прыгожыя касцёлы. Фарны, пабудаваны ў 1606 г., пасля 1863 г. быў перароблены пад царкву і потым згарэў.

Другі касцёл ў барочным стылі захаваўся да нашага часу. Некалі ён належаў франіцішканам, якіх на напачатку XVIII ст. пасяліў тут менскі стольнік Тэадор Ваньковіч. Падчас няволі гэта святыня таксама мела цяжкія часы, але да католікаў вярнулася ў 1918 г.

У 1907 г. у Івянцы, супрацай усіх парафіян пры дапамозе генерала Эдварда Каверскага, пабудаваны другі касцёл у неагатычным стылі. І таму сёння Івянец мае дзве прыгожыя каталіцкія святыні.

Мястэчка гэтае слаўнае ганчарствам і керамікай. У ваколіцах Івянца знаходзяць лепшыя гатункі гліны. Месцічы, спрактыкаваныя ў рамястве керамікі пастаўляюць свае вырабы на ўсе ваколічныя кірмашы. Гэта не толькі збаны для малака неабходныя кожнай гаспадарцы, але і па-майстэрску выкананыя сталовыя сярвізы, якія сваёй арыгінальнасцю і якасцю могуць захапіць любога эстэта - знаўцу стылю і керамічнага мастацтва.

Пакінем Івянец і паедзем да павятовага Валожына. Сядзіба павятовых уладаў ледзь мае тут некалькі гадоў. Павет вельмі малады, але горад мае вялікую гісторыю.

Назва Валожын, падобна, паходзіць ад прозвішча князёў, дзедзічаў гэтай воласці. Князі Валожынскія - заснавальнікі мястэчка. Надаў ім гэту маёмасць Вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч. Янкоўскі падае пра іх прыгожую легенду. Пасля забойства Жыгімонта Кейстутавіча 19 сакавіка 1440 г. у Троцкім замку, князі Валожынскія разам з сынам забітага арганізаваліся супраць Казіміра Ягелончыка, каб падчас палявання забіць яго. Замах, аднак, не ўдаўся, змову выкрылі і ўсіх пяць братоў Валожынскіх пакаралі смерцю у Троках [8].

Пасля іх па-чарзе Валожынам валодалі: Манвіды, князі Вярэйскія, Гаштольды, Радзівілы, Слушкі, Даенхофы, князі Чартарыйскія і нарэшце графы Тышкевічы.

Першы каталіцкі касцёл у Валожыне фундаваў у 1500 г. Альбрыхт Гаштольд. Быў тут таксама і кляштар бернардынаў. Граф Юзаф Тышкевіч на месцы даўняй гаштольдавай святыні пабудаваў новы касцёл пад тым жа вызваннем Св. Юзафа. У часы народнай няволі, як і шмат якія святыні на нашай зямлі, валожынскі касцёл быў пераведзены ў царкву. Было адчынена падзямелле з парэшткамі дзедзічаў Валожына, расцярушаны труны і разбураны мураваныя надмагіллі.

Сёння ў Валожыне няма ніякай старызны. Само мястэчка да нядаўняга часу было брудным і занядбаным. Мелася нават спецыфічнае прыслоўе (з-за ўладальніка гатэля па прозвішчы Брудны, яўрэя-лекара з прозвішчам Паляк і бурмістра з прозвішчам Швед), казалі, што ў Валожыне ёсць толькі адзін гатэль - Брудны, адзін Паляк, і той - яўрэй і адзін бурмістр, і той - Швед.

А зараз едзем у Багданава, у маёнтак знакамітага сына нашай зямлі Фердынанда Рушчыца. "Няма тут нічога зіхатлівага, ніякіх разлічаных на знешні эфект дробязей, ёсць прастата буйных штрыхоў, суровая павага да адвечнага існавання - тыя самыя рысы, якія знаходзім у пейзажах Рушчыца, бо за ўзоры для іх узяты менавіта тутэйшыя мясціны. Стары, нізкі драўляны дом урос у зямлю, як сівое дрэва. Дом памятае некалькі стагоддзяў (пабудаваны ў 1690 г.) і гісторыя патыхае ад кожнай яго бэлькі" [9].

Двор Рушчыца - скарбніца нашых самых дарагіх традыцый. Да дома вядзе шырокая, гасцінная дарога з векапомнымі дрэвамі, якія зліваюцца з садам, поўным розных дрэў і кветак. У густых зараслях старых дрэў тонуць два дамы - адзін драўляны, стары, другі з цэглы і значна навейшы. Тут жыў у свае лепшыя гады Фердынанд Рушчыц, "геній - рэфарматар духу мастацтва і прарок будучыні народа, ён атаясаміў прыгажосць з праўдай і дабром, вучыў шанаваць стагоддзі нашай культуры, пільнаваў, каб людзі самі ў сябе не скралі магчымасці годнага і прыгожага жыцця" [10].

У багданаўскім двары Рушчыц сабраў багаты музей старажытнасці. Кожны пакой меў экспанаты і дакументы датычныя культуры Вільні. Усё гэта захоўваецца на фотаздымках, эскізах ці ў сапраўдных экзэмплярах - уся шматгадовая дзейнасць Рушчыца. Выданні, памятныя альбомы, брашуры, віленскія тканіны і касцельныя вербы - скарбы народных рамёстваў. Трэба нагадаць, што слынныя зараз на ўвесь край віленскія вербы першым ацаніў менавіта Рушчыц і лічыў іх адным з самых прыгожых рэгіянальных рамёстваў Віленшчыны.

Пасля самога дома ў Багданаве з яго мэбліроўкай, музеем, бібліятэкай і творамі мастацтва Рушчыца, наступнай каштоўнасцю з'яўляецца парк. Гэткія простыя, урачыстыя і годныя павагі вялікія дрэвы сёння не часта растуць нават на Наваградчыне, якая мае шмат векавых дрэваў з часоў Літвы. Ідзём у сад.

"Я ведаю, што куды не пайду, убачу тое ж самае: на уязной бярозавай алеі ўбачу фантастычную "Баладу" і сасцябаных дажджом "Эмігрантаў", недалёка, на полі ўбачу "У свет" - шкадоба раставання з роднай глебай, якая раскінулася пад сівым небам. Над рэчкай Гальшанкай знайду "Стары млын", які ведае таямніцу зерня і хлеба, на краі двара ўбачу містычныя "Дажынкі" … а за дваром - у гэтым вядомым сакральным месцы ўбачу "Зямлю" - гімн прастаты і вялікасці …" [11].

На дубе ў канцы парка, пад буйнымі галінамі нехта замацаваў абраз Маці Божай. Пад уплывам ападкаў абраз пачарнеў і ўрос ў кару, прыкрыўся лісцем і з зямлі ён дрэнна бачны. У глыбіню парку ідзём алеяй каля зарослага ставу. У гэтым урачыстым пакоі адчуваем жывую традыцыю - уладную і паважную тут. Сад такі ж, як і сам двор - заве да вечнасці і сапраўднай, праўдзівай прастаты. Тут захаваліся дрэвы, пасаджаныя ў першай палове XVI стагоддзя.

Яшчэ не так даўно, на парозе гэтага Багданаўскага двара можна было пабачыць дабрадушную ўсмешку гасціннага мастака, які праводзіў тут кароткія хвіліны адпачынку пасля працы. Сёння тут жыве толькі яго дух. У шэры лістападаўскі дзень 1936 года Рушчыц спачыў на сасновых, пагоркавых вясковых могілках, сярод магіл сваіх продкаў. Багданава пасля страты свайго вялікага кусташа, здаецца, не змянілася. Усё засталося, як раней, на сваім месцы, непарушна, на вякі …

Сцежкамі Марылі Верашчакі

Беняконі - апошняе гміннае мястэчка ў Лідскім павеце, ляжыць на мяжы ваяводстваў: Віленскага і Наваградскага. Тут знаходзіцца ўсім добра вядомая даследчая аграрная станцыя, куды часта прыязджаюць шматлікія вясковыя гаспадары, прыгожы неабарочны касцёл, аточаны невысокім каменным валам, з паўночнага боку касцёла - могілкі, тут знаходзіцца цікавая для нас магіла Марылі Путкамер з Верашчакаў. Вялікі камень пакрыты імхом праз які з цяжкасцю чытаюцца літары надпісу: "S. P. Marya z Wereszczakоw Hr. Puttkamerowa Ur. 1799 r. Grudnia 24. Um. 1863 r. Grudnia 23. Wieczne odpocznienie racz Jej daс Panie".

Пра гэтую магілу ведаюць значна менш, чым пра даследчую аграрную станцыю. І гэта пры тым, што кожны з нас у школьныя гады чытаў Міцкевіча ці слухаў лекцыі выкладчыка пра яго паэзію і, канешне, ведае пра Марылю і адчувае жаль, што была халоднай да паэта, які кахаў яе больш за ўсіх жанчын на свеце. …

Наваградак, Свіцязь, Туганавічы, - заўсёды прамаўляем гэтыя назвы з пачуццём нейкага ўзрушэння, бо ведаем, што тут, у гэтых месцах кшталцілася душа вялікага генія. І наша сэрца мела прагу ўбачыць і адведаць гэтыя мясціны, злучаныя з творчасцю несмяротнага прарока, які сурочыў нас сваімі несамавітымі чарамі, расквеціў краявіды сваімі фарбамі і, калі наведваем гэтую частку Наваградчыны, мы заўсёды аглядаем яго памятныя месцы амаль што з рэлігійным уздымам.

Пачуцці паэта пасля страты Марылі абяссмерчаны ў IV частцы "Дзядоў" якія не шмат маюць агульнага з ваколіцамі Наваградка ці Туганавічаў. Падзеі, перажытыя паэтам, адбыліся ў Вялікіх Салечніках, падчас яго гасцявання ў ксяндза Паўла Грынашкевіча.

Падчас гасціны ў свайго далёкага крэўнага Міцкевіч меў мажлівасць сустрэцца з Марыляй, якая жыла за 1 мілю ад Вялікіх Салечнікаў і за 2 км ад Беняконяў, у маёнтку свайго мужа Ваўжынца Путкамера - Больценікі.

Няслушна ў маладосці шкадавалі яе. Не была яна такой бяздушнай, якой мы яе лічылі. Выйшла замуж за Путкамера, бо гэтакай была воля бацькоў. Такі быў яе лёс, але калі б не гэтая падзея, дык Міцкевіч не меў бы нагоды прыехаць у Вялікія Салечнікі да свайго далёкага сваяка, ксяндза Паўла Грынашкевіча (яго можна лічыць правобразам ксяндза Пятра з "Дзядоў") і наша літаратура напэўна не мела б гэтакіх геніяльных твораў.

Марыля яго кахала і пасля свайго замуства. Менавіта гэтае пачуццё перашкодзіла ёй прыняць удзел у нейкім віленскі балі, бо даведалася, што там мае быць Міцкевіч. Не жадала бачыцца з чалавекам, якога яшчэ кахала ў той час, калі была жонкай іншага [12].

Міцкевіч на шпацыры з ксяндзом Грынашкевічам, каб убачыць яе, даведаўся, якімі дарожкамі ходзіць яго каханая. З цяжкасцю перамог у сабе жаданне паехаць у Больценікі. Аднак спакуса была вялікай, бо Міцкевіч амаль што год не бачыў Марылю. Ужо пяць месяцаў яна была замужам, і бура патроху сціхала ў яго душы. Але яшчэ жыла надзея, што не ўсё страчана, што Марыля, аддаўшы сваю руку Путкамеру, цалкам не выкрасліла яго з свайго сэрца і сваёй памяці. Ірваўся да яе, бо жыла яна гэтак блізка і цешыў сябе надзеяй, што там, сярод сінеючых у далі бароў, якія раслі вакол Больценікаў, чакае і пакутуе самая дарагая на свеце істота.

Сутыкнуўшыся з Путкамерамі ў Вільні, Міцкевіч атрымаў запрашэнне наведаць Больценікі. І скарыстаўся з гэтага. Тым візітам датуюцца самыя рамантычныя спатканні з Марыляй. Не заўсёды падчас яго гасціны яны маглі афіцыйна бачыцца і таму мусілі ўцякаць на патаемныя спатканні. На адно з гэтых спатканняў паэта паклікала цыдулка: "У 12 вечарам, у чацвер, у тым месцы, дзе паламаная галінка, а калі нешта архіважкае перашкодзіць, тады на мяжы, у пятніцу, а пятай гадзіне".

Месцам, вызначаным Марыляй - "дзе была паламаная галінка", трэба лічыць "Гаік", у якім да нашага часу захаваўся вялікі камень з глыбока выбітым крыжам. Як вядома, крыж выбіла сваімі рукамі Марыля, якая пасля таго, як паэт незваротна пакінуў край, улетку, штогод доўгія гадзіны гуляла ў "Гаіку", прыгадваючы кароткія, але незабыўныя да канца жыцця хвіліны рамантычных прыгод з каханым.

Той камень сёння аточаны павагай уладальнікаў Больценікаў, як і ваколічнымі людзьмі. Ён ляжыць на невялікай палянцы, і дрэвы вакол яго памятаюць гарачы шэпт паэта.

Недалёка цячэ срэбная Сольча - мяжа лідскага і віленскага паветаў. …

Жыццё Марылі ў Больценіках не было ідыліяй, было яно напоўненае штодзённымі клопатамі і праблемамі. Рамантычная дама 40 гадоў аддала сваёй сям'і.

Дом, у якім жыла Марыля, зараз не існуе. Уладальнікі Больценікаў пабурылі стары дом і на яго месцы пабудавалі неагатычны палац. Пра Марылю памятаюць сцежкі, якімі яна хадзіла, камень з выбітым крыжам, "Гаік", частку дрэў якога яна сама пасадзіла (з насення, дасланага з Рыму праз Адынца), акацыі, якія буяюць перад палацам. Адсюль разрасліся яны па ўсіх ваколіцах.

Пры канцы задамо сабе пытанне - ці была Марыля прыгажуняй? Падобна, што не была, але і не была брыдкай. Не пакінула пасля сабе партрэта - Путкамер усе жыццё меў матэрыяльныя праблемы, і яму было не да жончынага партрэта. Засталіся толькі дзве мініяцюры, з якіх адна (Міцкевічава) зараз знаходзіцца ў Кракаўскім народным музеі, а другой валодае спадарныя Рыхлевіч - унучка Марылі. Аднак Марыля мела нейкую неакрэсленую абаяльнасць, якой назаўсёды параніла сэрца паэта і здабыла сабе несмяротнасць.

Пройдзе час, і не будуць бачны літары на помніку, але імя Марылі застанецца ў памяці гэтак жа доўга, як доўга будзе існаваць наша культура і зіхацець бляск генія.

Эйшышкі і ваколіцы

На вялікім рынкавым пляцы, да нядаўняга часу ўстаўленага бруднымі шапікамі, штодзень з аўтобусаў выходзіць некалькі прыезджых. Для вандроўніка няшчасцем будзе прыехаць ў гандлёвы дзень. Рынак застаўлены фурманкамі з таварам, стаіць гоман і мітусня вялікай колькасці людзей. У Эйшышках яшчэ захаваліся спецыфічныя гандлёвыя формы і традыцыі нашых правінцыяльных мястэчак.

Па меркаванні Нарбута, сваю назву мястэчка атрымала ад імя аднаго з трох правадыроў - Эйкшыца, які атрымаў гэтую маёмасць пасля перамогі ў бітве XI ст. Мястэчка вельмі старое. У свой час яно нават было цэнтрам павета. Эканамічна і культурна Эйшышкі адчулі ўпадак, калі чыгунка перамагла паштовыя тракты і гаспадарчае жыццё перанеслася ў Ліду. У наш час, дзякуючы шашы Вільня - Гародня і Ліда - Араны, мястэчка пачынае ажываць.

У ваколіцах Эйшышак ад веку жыве засцянковая шляхта, якая з'яўляецца самым кансерватыўным элементам на Лідчыне. Спосаб класіфікацыі людзей тут насамрэч вельмі дзіўны. Чуў, як адзін раз, убачыўшы едучую фурманку, прыезджы запытаў у мясцовага жыхара:

- Што гэта за чалавек паехаў?

- Гэта не чалавек, гэта шляхціц Ільцэвіч - адказаў мясцовы.

Чалавекам тут называюць толькі селяніна, а заможнага гаспадара, уладальніка фальварка, завуць шляхціцам ці дзедзічам. Эйшышская шляхта жыве ў Аранскай, Алькеніцкай і Радуньскай гмінах. Вядома яна сваёй гасціннасцю, дабрадушнасцю і вялікімі амбіцыямі. З нязнаным піетэтам сцеражэ яна свае традыцыі і звычкі. Свой род яна выводзіць ад нейкага рыцара Крупаса, які разам з Вітаўтам Вялікім браў удзел у Грунвальдскай бітве і пасля шчаслівага вяртання з вайны стаўся заснавальнікам роду.

На ўсёй гэтай тэрыторыі шмат гістарычных помнікаў. Тут як найлепей захаваліся сляды паганскай Літвы, заклятыя ў шматлікіх курганах, урочышчах, камянях і выкапнях. Археалагічныя даследаванні з гэтых мясцінах праводзіў Вандалін Шукевіч а Тэадор Нарбут збіраў каменныя начынні для наплаквання слёз падчас хаўтураў у паганскай Літве. Недалёка ад Вязанца да нашага часу ляжыць вялікі камень з паглыбленнем на якім, як казала легенда, ліцвіны складалі ахвяру свайму богу Пяруну.

Прыгожая шаша лучыць Эйшышкі з Радунню, таксама вельмі старым і слаўным мястэчкам. Радунь за мяжой добра вядома яўрэям, бо тут працяглы час жыў іх найвялікшы цадзік Хафец Хаім. Яго талмудычная акадэмія збірала яўрэйскую моладзь з усіх краёў свету, і ў мястэчка цяклі грошы. Акадэмія радуньскага цадзіка падтрымлівала мясцовую гаспадарку. Яго смерць (1935 г.) мясцовыя яўрэі - 90% жыхароў мястэчка адчулі з фінансавага боку, бо акадэмія зараз стаіць пустая.

Ваколіцы Радуні ўсеяны старымі курганамі і могілкамі на якіх мы бачым характэрныя літоўскія народныя крыжы. Намаляваныя яркімі фарбамі сімвалы Панскіх пакутаў - характэрныя для ваколіцаў гэтага мястэчка. Ад прыдарожных бяроз пры заходзе сонца вее нейкі дзіўны смутак. Фігурка Хрыста, выразаная дамарослым мастаком, жаласна нахілілася набок пад дашкам з іржавай бляхі, спарахнела і ўжо ледзь трымаецца на адным цвіку і таму пад ветрам выдае плаксівы гук, як быццам жагнае і дабраслаўляе падарожнікаў.

Мусім яшчэ заехаць у Шаўры - сямейнае гняздо Нарбутаў, дзе жыў і працаваў Тэадор Нарбут, гісторык Літвы, тут ён выхоўваў сына Людвіка - героя паўстання 1863 г., якому ў блізкіх Дубічах, у 1933 г. жыхары Лідчыны фундавалі помнік. Праектаваў помнік Фердынад Рушчыц а выканаў яго прафесар Баляслаў Балзункевіч. У браме маёнтка Шаўры калісьці былі ўмураваны археалагічныя артэфакты, якія знайшоў сам Тэадор Нарбут. Сёння не засталося тут ніякіх слядоў гэтага вялікага роду …

Засталася толькі памяць пра іх. Гісторык пахаваны каля яго парафіяльнага касцёла ў Начы. Таксама ў Начы, на прыгожых пагоркавых могілках пахаваны археолаг Вандалін Шукевіч.

Гэта мясцовасць, якая некалі выпраменьвала культуру, зараз у запусценні. Капліца, у якой спачывае навуковец, адчыненая для ўсіх, сюды заходзіць быдла, а неразумныя зухі нават паадчынялі вечкі трунаў і парушылі спакой памерлых.

Меч, у сэрца няўдзячна ўторкнуты

Нямногія людзі ведаюць, што ў паўночна-ўсходняй частцы Лідскага павета, у далечыні ад чыгункі, знаходзяцца Геранёны - вельмі старое і памятнае мястэчка, з якім у гісторыі звязана каралева Барбара. Сюды рэдка хто даязджае. Хіба хто выпадкова заблукае, каб парушыць спакой жменькі мясцовых жыхароў.

Ціхае, як вёска, мястэчка з некалькімі беднымі дамкамі. Бачна, што няма тут ніякага гандлёвага руху. У цэнтры Геранёнаў - пляц, на якім скрыжоўваюцца дарогі, і каля гэтага скрыжавання стаіць хата "Таварыства каталіцкіх мужчын" і кааператыў "Гаштольд" - гэтым і вычэрпваюцца патрэбы месцічаў.

Аднак назва "Гаштольд" сведчыць пра тое, што месцічы жывяць традыцыі і паважаюць гісторыю свайго мястэчка. Бо насамрэч Геранёны трэба лічыць сапраўднай перлай гісторыі Лідчыны, скарбніцай недаследаваных таямніц, адказы на якія маглі б добра ўзбагаціць нашы веды пра падзеі і людзей былога Вялікага Княства.

І ёсць тут прыгожы гістарычны помнік. Аднак пра яго не ведаюць нават выбітныя гісторыкі. Некалі я выпадкова праглядаў літаграфічны адбітак Напалеона Орды з выявай замка ў Геранёнах і дзівіўся рэшткам муроў, якія былі намаляваны.

- Ужо тады там не было ніякіх муроў. Гэта толькі фантазія мастака, які намаляваў сцены замка для большага эфекту, - тлумачыў мне гаспадар літаграфіі [13].

Калі, аднак, я аглядаў гэтае месца, дык упэўніўся, што яшчэ не так даўно рэшткі муроў павінны былі стаяць. Але і муры, і тое, што засталося ад вежаў, заўсёды не мелі ніякай апекі. Не ведаў пра іх нават кансерватар [14], які павінен быў падумаць пра захаванне гэтага помніка. Каменныя глыбы накрылі сабою альшыну, што сведчыць пра тое, што муры ўпалі, максімум, некалькі тыдняў таму.

Калі толькі падумаем пра тое, што замак Гаштольдаў у Геранёнах належыць да самых старых, бо пабудаваны, верагодна, у 1431 г. Пятром Гаштольдам [15] - першым з літоўскіх паноў, які прыняў каталіцтва - зразумеем, які цікавы і каштоўны помнік на нашых вачах ператварыўся ў руіны.

Зарослую буйным глогам замкавую гару акаймуе падвойны роў чаго не меў ніводзін з замкаў на Віленшчыне (за выняткам замка ў Троках). Першы роў перад абаронным валам часткова засыпаны друзам і рэшткамі муроў і часткова зарос маладым лесам. Другі, знешні роў, добра захаваўся да нашага часу. Яшчэ выразна бачны сляды развадных мастоў, па якіх уязджалі ў замак.

Над самы ровам … стаіць цалкам акружаны зеленню парафіяльны касцёл. Уласна кажучы - гэта значна перабудаваная даўняя замкавая капліца ў стылі ранняга барока. Пра гэты касцёл, як і пра Наваградскую Фару, ходзяць самы фантастычныя легенды. Кажуць, што ў лёхах касцёла ляжаць парэшткі ўсіх дзедзічаў Геранёнаў - Гаштольдаў, пачынаючы ад Пятра і заканчваючы Станіславам Гаштольдам, які быў мужам Барбары з Радзівілаў - пазнейшай каралевы. Уваход у падзямелле замураваны, і таму цяжка сказаць, ці маецца гістарычная праўда ў гэтых расказах. Адно толькі пэўна - касцёл гэты лічыцца самым старэйшым на Лідчыне.

Гаштольды акрамя замка і капліцы, якая зараз з'яўляецца парафіяльным касцёлам, фундавалі ў Геранёнах яшчэ тры выдатныя святыні. Войцех Гаштольд у 1540 г. адзін з касцёлаў зрабіў біскупскім, яго пробашч па адмысловым дазволе папы меў права ад імя пантыфіка праводзіць абрад набажэнства. Гэты было ў часы найбольшага росквіту мястэчка, у саракавых гадах XVI ст. У той жа час у Геранёнскім замку чатыры гады свайго жыцця правяла каралева Барбара - найпрыгажэйшая постаць нашай гісторыі, у першым шлюбе Гаштольд, у другім - жонка Жыгімонта Аўгуста.

Калі Станіслаў Гаштольд безпатомна памёр, Барбара пакінула асірацелыя вежы Геранёнскага замка, яна была апошнім носьбітам прозвішча вялікага дома Гаштольдаў. З яе ад'ездам пагасла і больш ніколі не ўваскрэсла слава Геранёнаў. Мястэчка па-чарзе пераходзіла з рук у рукі покуль разам з Ліпнішкамі не было аддадзена ў валоданне літоўскай артылерыі. Кароль Аўгуст ІІІ з-за павагі да памяці Барбары надаў Геранёнам годнасць вольнага каралеўскага горада і Магдэбургскае права.

Праз сорак гадоў, у 1792 г. кароль Станіслаў Аўгуст надаў Геранёнам рэнавацыйны прывілей, у якім пацвердзіў Магдэбургскае права, выключыў горад з-пад юрысдыкцыі іншых уладаў, і надаў герб: "Меч, у сэрца няўдзячна ўторкнуты": на зялёным полі сэрца прабітае мячом, атачонае вузкай пляцёнкай, якая ўверсе заканчваецца каралеўскай каронай. Хто ж лепей мог адчуць трагедыю кахання Жыгімонта Аўгуста і Барбары, як не кароль Станіслаў Аўгуст? Кароль-каханак, вялікі знаўца і здабытчык жаночых сэрцаў. Таму і меч, уваткнуты ў сэрца, як знак горада, дзе пачалося няшчаснае каханне. Бо менавіта падчас палявання ў Геранёнскай пушчы кароль пазнаёміўся з Барбарай. …

Аднак прайшло толькі тры гады пасля надання гораду рэнавацыйнага прывілею, і ў 1795 г. маскалі пад камандаваннем графа Безбародкі зрабілі з Геранёнаў руіны - не засталося каменя на камені. Пабурылі фундаменты і зааралі глебу.

І зараз на гэтым месцы шумяць жытнія каласы. На малым пагорку, дзе раней высілася над мястэчкам гаштольдава святыня, сучасны уладальнік Геранён сп. Сымон Мяйштовіч паставіў выкуты з жалеза памятны крыж. Цяжка паверыць, што на гэтым месцы стаяў вялікі мураваны горад з трыма касцёламі і ратушай. Куды не паглядзіш - паўсюдна ўраджайныя палі. Толькі адзін раз араты плугам вывернуў кавалак парцэляны ці іншы артэфакт даўніх часоў, які сведчыў, што некалі тут квітнела жыццё, асвета і культура.

Каля пабудоў прыгожага, узорнага маёнтка, сонечных і прасторных дамоў работнікаў Мяйштовіча ўзносіцца вялікі драўляны гмах сямікласнай публічнай школы імя каралевы Барбары. Гэтую школу фундаваў сп. інжынер Сымон Мяйштовіч, выбітны навуковец, вялікі знаўца і аматар мастацтва, уладальнік багатай галерэі абразоў, якая сёння, каля руін замка, мае нейкую асаблівую вартасць.

Мяйштовіч валодае арыгіналам рэнавацыйнага акту і металічнай пячаткай магістрата каралеўскага вольнага горада Геранёнаў.



[1] Усе апісаныя мясціны ў часы ІІ Рэчы Паспалітай уваходзілі ў Наваградскае ваяводства. -

[2] Гэтую кнігу я меў магчымасць перадаць у плябанію кс. каноніку Юльяну Дудзінскаму, стаўпецкаму пробашчу. Нататкі рабіліся дамініканамі на працягу 15 гадоў. Гэты каштоўны дакумент знаходзіцца зараз у пробашча і яго можна ўбачыць.

[3] Аўтар дапасоўвае рэаліі 1930-х гг. да гістарычных рэалій, што не зусім дакладна. У часы І Рэчы Паспалітай Нясвіж не знаходзіўся на усходняй мяжы. - Л. Л.

[4] У 1262 годзе войскі Міндоўга ў адказ за напад валынянаў пад кіраўніцтвам Васілька Раманавіча, пустошылі іх землі каля Каменя. Але ці гэтага каменя? - Л. Л.

[5] Wanda Achremowiczowa. Kurier Wilеnski. 21.08.1936.

[6] Slownik Geograficzny. S. 733.

[7] Wanda Achremowiczowa. Kurier Wilеnski. 24.08.1936.

[8] Cz. Jankowski. Pow. Oszmianski. T. 2. S. 81-95.

[9] J. Bulchak. Ruszczycowskie dozynki. Wilno, 1933.

[10] J. Bulchak. Dlaczego Ruszczyc przestal malowac. Wilno, 1936.

[11] Там жа.

[12] Аўтар рамантызуе адносіны Адама і Марылі. Гл: Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.

[13] Магчыма, гаспадар літаграфіі - лідскі гісторык Міхал Шымялевіч. Вядома, што ён валодаў гэтакай калекцыяй. - Л. Л.

[14] Маецца на ўвазе віленскі кансерватар - асоба якая займала адмысловую пасаду і ў той час адказвала за захаванне помнікаў архітэктуры. - Л. Л.

[15] Замак пабудаваны, верагодна, на мяжы XV-XVI ст., калі Геранёнамі валодаў канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Ольбрахт Гаштольд. Геранёны пачынаюць звацца ў дакументах "мураванымі" (murata) не пазней за 1510 год. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX