Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Эксперты ў 'летувіскай справе' 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 20-06-2023,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф. Эксперты ў 'летувіскай справе' // Наша слова.pdf № 25 (77), 21 чэрвеня 2023.



Ад перакладчыка. Я ўжо дастаткова падрабязна пераказваў гэты артыкул ў сваёй кнізе "Шэпт пажоўклых старонак" [1] , але праз больш, чым 6 гадоў вырашыў цалкам перакласці гэты цікавы тэкст Юзафа Мацкевіча.

Як са справамі на месцы?

Ліда

Палітыка адміністрацыйных уладаў ўжо неаднаразова крытыкавалася ў нашай газеце. Я не маю намеру стамляць чытача паўторам аргументаў. Па некаторых прычынах я таксама зараз ўстрымаюся ад крытыкі летувіскай меншасці. Зыходзячы са сваіх ведаў пра край, я мог бы падысці да яе зусім з іншай кропкі гледжання,.

[далей у газеце вялікі абзац прыбраны тагачаснай цэнзурай]

Дзяржаўныя дзеячы адміністрацыі

Як я ўжо зазначыў на пачатку, устрымаюся ад абмеркавання польска-летувіскага пытання, якое цяпер адлюстроўваецца ў палітыцы адміністрацыйных уладаў. Хаця б таму, што нельга абмяркоўваць пэўную тэму з чалавекам, які не разбіраецца ў гэтай тэме. Аднак, адна толькі канстатацыя гэтага факта выклікае ў нас сур'ёзныя агаворкі. Узаемаадносіны Польшчы і Летувы на працягу стагоддзяў былі фундаментальным і галоўным фактарам фарміравання сэнсу існавання Рэчы Паспалітай. Гэтыя ўзаемаадносіны не перасталі быць актуальнымі і сёння і ў будучым могуць вызначаць расстаноўку палітычных сіл у гэтай частцы Еўропы. Вось чаму нам здаецца немагчымым, каб такая важная сфера з польскага боку была аддадзена другарадным чыноўнікам, прадстаўнікам бяспекі і звычайным функцыянерам.

Гэтыя людзі прызвычаіліся выступаць супраць нас і часам матывуюць нас кіравацца рацыяй знешняй палітыкі дзяржавы. Што ж, я лічу, што самая надзённая неабходнасць для знешняй палітыкі, ёсць неабходнасць растлумачыць нам стан рэчаў.

Ліквідацыя хаты-чытальні і суды

Як прыклад, бяру першы ж выпадак і еду ў Ліду.

Як вядома, у Віленскім і Наваградскім ваяводствах, былі ліквідаваны летувіскія чытальні ва ўсіх выпадках, калі кіраўнікі гэтых устаноў абвінавачваліся ў антыдзяржаўнай дзейнасці, захоўванні нелегальнай літаратуры і г. д. У цяперашні час працягваецца шэраг судовых працэсаў супраць гэтых кіраўнікоў. Яны прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па 5-м артыкуле, які кажа пра "здраду дзяржаве з намерам адарваць частку тэрыторыі праз збор кніг, у якіх маецца змест, што спрыяе гэтай мэце".

На адным з такіх судовых працэсаў я і прысутнічаю ў Лідзе. Адразу кідаюцца ў вочы дзве рэчы. Па-першае падсудных абараняюць выбітныя адвакаты-палякі з Вільні, якіх мы на 105 % ведаем, і іх немагчыма западозрыць у тым, што прафесійныя інтарэсы яны ставяць вышэй за патрыятычныя пачуцці. Другое, што экспертам, знаўцам польска-летувіскіх дачыненняў прызначаецца дробны чыноўнік аддзела бяспекі Віленскай ваяводскай управы п. Баерман, які займаецца тэрытарыяльнымі справамі ў Віленскім, Наваградскім і Беластоцкім ваяводствах.

На лаве абвінавачаных сядзяць: Вінцэнт Дайлідка, Вераніка Чыбір, Пётр Валентукевіч. Усе - кіраўнікі чытальні летувіскага т-ва "Рытас".

Дайлідку бароніць адвакат Янкоўскі. У акце абвінавачання напісана, што ён збіраў нелегальную літаратуру, слухаў радыёперадачы Каўнаскага "Звязу вызвалення Вільні" і інфармаваў насельніцтва пра змест перадач, а таксама імкнуўся адарваць частку тэрыторыі і іншае.

Кніжка пра Вітаўта

Дайлідка сваёй віны не прызнае. У яго чытальнай зале былі толькі легальныя кнігі, усе з пячаткамі "Рытас" [2], а тыя, якія знайшлі ў яго на гарышчы, яму не належалі і да ператрусу там не ляжалі.

Суддзя: "Тады адкуль яны ўзяліся?"

Абвінавачаны: "Хіба хтосьці падкінуў".

Суддзя: "Маеце радыё?"

Абвінавачаны: "Так, дэтэктарнае".

Пракурор: "Па яму можна было слухаць Каўнас?"

Абвінавачаны: "Не".

Дайлідка хутчэй падобны на непісьменнага чалавека, чым на кіраўніка чытальні. Паколькі ў абвінаваўчым заключэнні ў некаторых месцах цьмяна сказана, што знойдзеныя кнігі мелі антыдзяржаўны змест, адвакат Янкоўскі не згаджаецца з гэтым і просіць, каб усе кнігі для суда былі перакладзены на польскую мову. Старшыня суда выклікае эксперта Баермана. Гаворка ідзе пра зборнік песень пад назвай "Жаўрук", летувіскі гімн пра князя Вітаўта і г. д.

- Гэты гімн - кажа Баерман, у сваім тэксце ён не мае антыдзяржаўнага зместу, але ж вы ведаеце, чаму яго спяваюць і якое ўражанне ён робіць …

Янкоўскі:

- Ці чыталі вы гэтую кнігу пра Вітаўта?

- Не. Але мушу сказаць, што кніга пра Вітаўта Вялікага выдадзена ў Каўнасе і мусіць мець рысы злачынства, бо Вітаўта выстаўляюць як ворага Польшчы, супрацьстаўляюць яго Ягайлу і г. д.

Янкоўскі паўтарае сваю просьбу пра пераклад інкрымінаваных кніг, аднак удакладняе, што адмовіцца ад свайго патрабавання, калі перакладчыкам будзе Баерман.

Суддзя: "Чаму?"

Янкоўскі: "Як чаму? Кнігу ён не чытаў, але не толькі ведае яе змест, але нават ведае і пра антыдзяржаўны характар гэтага зместу!"

Суд пасля нарады адкладвае справу да перакладу кніг, якую павінен зрабіць Віленскі ўніверсітэт.


Другая справа Веранікі Чыбір выключана з разгляду пасля просьбы адваката выклікаць новых сведкаў.


Трэцяя справа Пятра Валентукевіча цягнецца да позьняга вечара пры адчыненых дзвярах.

Заробкі ў "Рытасе"

Абараняюць адвакаты Энгель, Кавальскі і Юхневіч (летувіс). Абвінавачванні ідэнтычныя: нелегальная літаратура, радыё, падбухторванне насельніцтва, варожая прапаганда.

Валентукевіч не робіць добрага ўражання. Ён не вельмі разумны і малаадукаваны. Не прызнае сябе вінаватым, але разгубіўся і не можа падаць фактаў у сваю абарону, якія заключаюцца ў тым, што будучы кіраўніком чытальні ў Дубічах, ён змагаўся з уплывам левіцы і камуністаў і такім чынам падтрымліваў дзяржаву. З яго слоў выходзіла, што ў Дубічах у свой час справа даходзіла да камуністычнага бунту супраць паліцыі, але гэта спынілася пасля прыезду сюды Валентукевіча. Таксама ён выступаў супраць заснавання летувіскай арганізацыі "Культура". Аказваецца, у Дубіцкай чытальні ён меў толькі 70 кніжак, а ў яго жонкі ў Мантанах былі 23 кнігі. Ён атрымліваў 180 зл. заробку, а жонка - 120.

Пракурор шчыра злуецца - як так! Разам з жонкаў меў 300 зл. штомесяц за кіраванне бібліятэкай у 90 кніжак! Ці можа гэта адмыслова рабілася для таго, каб умацаваць у насельніцтва дзяржаўныя пачуцці і скампраметаваць летувіскія культурныя гурткі?

Падсудны чырванее і заікаецца. Ён не можа растлумачыць гэтыя дзіўныя рэчы, працягвае і даказвае, што яго нават абвінавачвалі ў сувязях з паліцыяй. Ён робіць з сябе ледзь не канфідэнта паліцыі!

Адзін з суддзяў спачувальна ківае галавой. Пракурор іранічна ўсміхаецца. Адвакат Кавальскі жадае выратаваць абвінавачанага і пытаецца: "У чым розніца паміж "Культурай" і "Рытасам"? Да якой з іх вы належыце?"

Але запалоханы і разгублены Валентукевіч хутка адмаўляецца і ледзь не крычыць: "Ні да якой не належу!"

А пытанне Кавальскага мела істотнае дачыненне да справы. Таму што, спадарства, трэба быць крышку абазнаным у асаблівасцях нашай мясцовасці і ў прадмеце. Сапраўды, здаецца падазроным, што такі "інтэлігент", як Валентукевіч, зарабляў 300 зл. бо меў 90 летувіскіх кніжак і, як сам прызнаецца, ніхто не хацеў іх чытаць, бо ўся моладзь да яго ставілася варожа.

Але Валентукевіч не настолькі адукаваны, каб растлумачыць, што такое "Культура" і "Рытас". Першая летувіская арганізацыя мае выразна левую афарбоўку, а другая наадварот - праваклерыкальную. Абвінавачаны належаў да другой і ваяваў з першай. А паколькі ў ваколіцах Дубічаў панавалі камуністычныя настроі, дык насельніцтва змагалася з Валентукевічам і цягнулася да "Культуры". Гэта і павінен быў растлумачыць абвінавачаны, але ён маўчаў.

Далей прыводзяцца паказання паліцыянтаў-сведкаў абвінавачвання. Старшы пастарунковы Пучыла кажа пра шкодную пралетувіскую дзейнасць падсуднага. Ён слухаў каўнаскае радыё, а потым збіраў людзей і з пачутага чытаў ім лекцыі. Я не мог яго злапаць, бо перашкаджала рэчка і яны выстаўлялі ахову.

- Адкуль вы пра гэта ведаеце?

- Ад канфідэнтаў.

Кавальскі: "Ці ў пастарунку быў хоць нехта, хто ведаў летувіскую мову?"

Сведка: "Не".

Кавальскі: "Ці з падсудным ваявала камуна?"

Сведка: "Так".

Абвінавачаны: "Ці памятае сведка наша сумеснае п'янства і аб чым тады мы размаўлялі?"

Сведка: "Хто п'янстваваў?"

Абвінавачаны: "Вы, камендант пастарунка і я".

Суддзя: "Сведка можа не адказваць".

Другі паліцыянт-сведка паказаў, што ў знойдзеных кнігах нібыта былі словы пра тое, што "палякі не павінны мець прэтэнзіі да летувісаў, бо калісьці Вільня была сталіцай Літвы".

Кавальскі: "Ці ведае сведка, у чым розніца паміж "Культурай! і "Рытасам"? Якая ў іх палітычная афарбоўка?"

Сведка: "Не ведаю".

"Два гады летувіскай гімназіі"

Трэцім сведкам ёсць функцыянер следчай управы Аляхновіч, які ведае летувіскую мову (адзіны!). Ён кажа, што канчатковай мэтай акцыі была падрыхтоўка дыверсійных груп. Падсудны слухаў летувіскае радыё, меў сродкі, купляў старым махорку, а дзецям - цукеркі. Ваяваў з камуністамі, але гэта магло быць маскіроўкай. Аднак не змог адказаць на розніцу ў праграмах "Культуры" і "Рытаса".

- Усе гэта лозунгі "Звязу вызвалення Вільні" ...

Адвакат Юхневіч: "Якую адукацыю мае сведка?"

Сведка: "Два класы гімназіі".

Юхневіч: "Якой гімназіі?"

Сведка: "Летувіскай".

Гэтага сведку суддзя распытвае пра сведкаў абароны - сялян і ксяндза з Дубічаў, якія павінны даць свае паказанні. Сведка называе іх вядомымі летувісамі.

Эксперт у польска-летувіскіх стасунках

Пасля выступаў сведкаў абароны, запрашаецца спецыяліст па польска-летувіскім стасункам, чыноўнік Віленскай ваяводскай управы Баерман. Ён бярэ ў рукі некаторыя кніжкі, якія далучаны да доказаў абвінавачвання, круціць іх у руках і кажа: "У гэтай кнізе Смятоны [3] сказана, што Вільня будзе сталіцай Летувы. Гэта кніжка вядомага Рандаманскага". Эксперт кажа суду абсалютна агульнавядомыя рэчы. Што летувіскія арганізацыі атрымліваюць дапамогу з Каўнаса, што ў сваёй дзейнасці яны грунтаваліся на непрызнанні status quo і пра такую "навіну", што яны лічаць Вільню сваёй сталіцай.

Старшыня суда пытаецца, ці адпавядаюць рэчаіснасці сцвярджэнні сведкаў абвінавачвання адносна агульнай дзейнасці Валентукевіча.

Эксперт: "Так, бо тое ж самае робяць усе летувісы".

- Ці быў падсудны членам "Звязу вызвалення Вільні"?

- Так, вядома.

- У вас ёсць доказы?

- Пра гэта сведчыць першая ж кніга, знойдзеная ў яго.

У сваю чаргу абарона пытаецца, ці перасылалася польскай поштай тая ці іншая нелегальная кніжка?

Ні на адно з гэтых пытанняў эксперт не можа адказаць. Але ён кажа, што той страшэнны ўрывак з кніжкі, у якім расказваецца пра Польшчу, напісаны як быццам блудніцай разам з царом Мікалаем ІІ, хіба ж гэта не бачна?

Адвакат Энгель: "Эксперт памыляецца, гэты урывак тычыцца не Польшчы, а нацыянальнай дэмакратыі, партыі, да якой адмоўна ставяцца не толькі летувісы".

Эксперт: "Ну, так. Але ёсць яшчэ ўрывак, дзе напісана, што Летува будзе мець сойм у Вільні …"

Адвакат Энгель: "Эксперт не ведае, што гэта кніжка была выдадзена ў 1905 г. супраць царскіх уладаў?"

Старшыня суда да эксперта: "Ці не жадаеце вы прачытаць гэтыя кнігі? А аб'явім перапынак?"

Маўчанне.

Адвакат Энгель: "Ці кніжка Майроніса, у якой маецца тэкст, які вы інкрымінуеце, была выдадзены ў Вільні і прайшла праз цэнзуру гарадскога старасты?"

Эксперт: "Не памятаю. Ва ўсялякім разе, гэта не мае значэння, таму калі яна выдадзена ў 1921-22 гг., дык тады стаўленне да праблемы было вельмі няяўным".

Энгель: "А што было ў Вільні ў другой палове ліпеня 1920 г.?"

Эксперт: "Я не памятаю".

Кавальскі: "Калі ўсталявалася дэмакратыя?"

Эксперт: "Не памятаю".

Энгель: "Як доўга летувісы былі ў Вільні?"

Маўчанне.

- Дык можа эксперт раскажа, праз якія перыпетыі прайшла Вільня і хто яе заняў першым - бальшавікі ці летувісы?

Эксперт: "Высокі суд, я трошкі здзіўлены гэтымі пытаннямі".

Энгель: "Прашу адказаць!"

Уладны эксперт у галіне польска-летувіскіх стасункаў: "Спачатку былі летувісы, потым прыйшлі бальшавікі, а потым іх выгнаў Жалігоўскі".

Смех у зале.

* * *

Валентукевіч быў асуджаны апоўдні наступнага дня на 3 гады зняволення з пазбаўленнем правоў на 6 гадоў.

J. M. [Józef Mackiewicz] Rzeczoznawcy “sprawy litewskiej” // Słowo. 1938. № 50.

P. S. ад перакладчыка: 20 лютага 1938 г. віленская газета "Слова" № 49 пісала: "Ліда. Асуджэнне кіраўніка летувіскай чытальні. 17 лютага 1938 г. перад акруговым судом у Лідзе паўсталі былыя кіраўнікі летувіскіх святліц і чытальняў, якія належаць Таварыству "Рытас" у Лідскім павеце: Вінцэнт Дайлідка, Вераніка Чыбіраўна (Чыбір) і Пётр Валентукевіч. Справа Дайлідкі і Чыбір была адкладзена, і на лаве падсудных застаўся былы кіраўнік летувіскай чытальні ў Дубічах, а потым у вёсцы Мантанах Лідскага павета Пётр Валентукевіч. 18 лютага суд аб'вясціў вырак, па якім Валентукевіч быў прыгавораны на 3 гады пазбаўлення волі з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў на 6 гадоў. Суд заявіў, што гэта найменшае з магчымых пакаранняў, бо было ўлічана, што Валентукевіч раней не меў пакаранняў".

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Гл: Лаўрэш Л. Л. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 248-249.

[2] Rytas - па-летувіску "раніца", культурна-асветная арганізацыя. - Л. Л.

[3] Антанас Смятона (1874-1944) - прэзідэнт Летувы ў 1919-1920-х і 1926-1940-х гг. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX