Да 25 Сакавіка
«БАЦЬКАЎШЧЫНА»
Падзеі 1918 г. становяць сабою лёгічны й фактычны працяг развою, запачаткаванага пры самым канцы 1917 г., на Першым Усебеларускім Кангрэсе ў Менску.
Ход гэтых падзеяў Актам 25 Сакавіка 1918 г. разьмяжоўваецца надвая. Тымчасам, падзеі пачатку году да 25 Сакавіка - гэта падзеі бязупыннага ўздыму, нарастаньня й напружаньня руху, завершаныя-ўкаранаваныя Вялікім Актам, - развой пасьля яго праходзіць у вабставінах змаганьня за рэалізацыю Акту, вымушаных пэрыпэтыямі гэтага змаганьня зрываў i адступленьняў, a таксама хваробаў росту. Дык i разгляд гэтых падзеяў тым самым распадаецца на дзьве часткі. Прапанаваная тут увазе чытачоў першая частка й абыймае сабою падзеі да 25 Сакавіка 1918 г. улучна. Другая частка - пра развой пасьля 25 Сакавіка 1918 г.- рыхтуецца да друку й выйдзе крыху пасьля.
Із падзямельля - да ўлады
1918 г. засьпеў афармаваны на Першым Усебеларускім
Друкуецца паводле брашуры выдавецтва «Бацькаўшчына», створанага беларускай эміграцыяй у Нямеччыне (Остэргофэн). Н. Недасек - псэўданім вядомага навукоўца, публіцыста й грамадзкага д'зеяча Антона Адамовіча.
Кангрэсе ў Менску кіраўнічы штаб нашага нацыянальнага руху ў глыбокім падзямельлі, куды ён быў загнаны разгоншчыкамі Кангрэсу - бальшавікамі. Але i ў гэтым падзямельлі ні на часінку ня спыняецца ўпорыстая й напорная праца ў кірунку рэалізацыі волі разагнанае Канстытуанты - Першага Ўсебеларускага Кангрэсу, у кірунку станаўленьня нацыянальнае гаспадарстваўшчыны ў форме Беларускае Народнае Дэмакратычнае Рэспублікі - БНР.
Так, ужо першымі днямі новага 1918 г. Рада Кангрэсу із свайго кансьпірацыйнага падзямельля выдае першую адозву, у якой азначае сябе як адзінага праўнага носьбіта сувэрэннае ўлады беларускага народу. На адным ізь першых кансьпірацыйных-жа сходаў Рады пастанаўляецца ўважаць усе датулешнія нацыянальныя органы за разьвязаныя i ўлітыя ў вадзіную Раду, за выняткам аднаго- Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады, на якую i ўскладаецца адказнае заданьне падрыхтоўваньня да здабыцьця ўлады. Абедзьве Рады - i Раду Кангрэсу, i Вайсковую Раду - накіроўвае актыў перадавое партыі Беларускае Сацыялістычнае Грамады, загнанае таксама ў «падзямельле, не зважаючы на ейную сацыялістычную шыльду (праўда, больш якраз шыльду пры вызначальным чыста-нацыяналістычным фактычным кірунку).
Беларуская Цэнтральная Вайсковая Рада канцэнтруе ўсе свае намаганьні й працу легальных сваіх сяброў найперш на фармаваньні й сьцягваньні ў Менск нацыянальных вайсковых адзінак. Гэтак ёй удаецца ўжо на пачатку году сьцягнуць у Менск 289-ты рэзэрвавы пяхотны полк, на 75% складзены зь Беларусаў, i ачысьціць яго ад чужых i непажаданых элемэнтаў.
Тымчасам бальшавікі пачынаюць фармаваць сваю чырвоную армію.
Спрабуючы выкарыстаць гэта, сябры Беларускае Вайсковае Рады вядуць перамовы з тагачасным бальшавіцкім Галоўнакамандуючым Крыленкам (пазьней зьнінічаным Сталінам) у штабе Заходняе арміі аб фармаваньні Беларускае Нацыянальнае Чырвонае Арміі. Але гэтыя перамовы правальваюцца дзякуючы тагачаснаму бальшавіцкаму «найвышэйшаму камандуючаму заходняга фронту» Мясьнікову, аднаму зь ініцыятараў i загаднікаў разгону Кангрэсу, які распазнае запраўдныя намеры ініцыятараў гэтае «нацыянальнае чырвонае арміі». Тады Беларуская Цэнтральная Вайсковая Рада, абапіраючыся на даўно ўжо й трывала ўсталеныя кантакты з братнімі вайо ковымі арганізацыямі, што на той час апыніліся ў Менску й таксама працавалі ў падзямельлі - Украінскай Вайсковай Радай Заходняга Фронту й Татарскім Вайсковым Камітэтам Заходняга Фронту,- плянуе збройнае здабыцьцё ўлады. Аднак бальшавікі, відаць, вычуваюць ці мо ўжо й даведваюцца праз магчымых сваіх агентаў i аб гэтым намеры, i 20.1.1918 г. іхным загадам галоўная апора Вайсковай Рады - 289-ты рэзэрвавы пяхотны полк - раптоўна здыймаецца зь Менску й скіроўваецца на ахову чыгункі за колькісот кілёмэтраў ад яго, чым разьбіваюцца ў сваёй аснове ўсе пляны збройнага паўстаньня. Наверх, уначы з 31.1. на 1.11.1918 г., на загад начальніка Менскага ЧК Разацкага хапаюцца найвыдатнейшыя правадыры Рады Кангрэсу й Цэнтральнае Вайсковае Рады. Уся акцыя, здавалася-б, дазнае непапраўнага ўдару й навет фіяска.
Аднак, не зважаючы на ўсе бальшавіцкія захады дзеля сфармаваньня чырвонае арміі, іхны фронт асабліва пасьля зарваньня Немцамі мірных перамоваў i аднаўленьня наступу зусім развальваецца. Пад уплывам гэтага навет бальшавіцкія камісары пачынаюць сьпешна «зьвіваць свае вуды», i ўжо 18 лютага 1918 г. галоўны зь іх, «галоўны камісар Заходняй Краіны («Области»)» i галоўны загаднік разгону Кангрэсу, Ляндэр, уцякае аж праз задні ход свайго штабу (аб чым пасьля ўспамінаў сам у бальшавіцкім часапісе «Вперед», № 1 за 1922 г.).
19-га лютага ўвязьненым актывістым Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады К.Езавітаву, Я.Мамоньку, В.Захарку й інш. удаецца арганізаваць уцёкі з турмы. Яны адразу-ж i ў проста ліхаманкавым тэмпе бяруцца за арганізацыю даўно задуманага пераняцьця ўлады сувэрэнам
Беларускае Народнае Рэспублікі - Радаю Першага Ўсебеларускага Кангрэсу.
Пераняцьцё ўлады
Першы нацыянальны камандант сталіцы Рэспублікі Менску К. Езавітаў падае ў сваіх успамінах гэткую, блізу пачасінную, хроніку пераняцьця ўлады ў сталіцы (гл. ягонае: «Вызваленьне Менску. 19-20 лютага 1918 г. у Менску. Запіскі Каманданта» ў часапісе «Варта», № 1, кастрычнік 1918 г., бал. 36-38).
За тры гадзіны па ўцёках із турмы - надзвычайнае паседжаньне Выканальнага Камітэту Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады з пастановаю «ўзяць на сябе ахову парадку й бясьпекі ў Менску, a калі трэба будзе, дык i ва ўсёй Беларусі, a таксама запрапанаваць Выканальнаму Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Кангрэсу выканаць волю Кангрэсу i ўзяць уладу ў свае рукі». Тут-жа назначаныя пункты, якія трэба было заняць i замацаваць першым чынам, зарганізаваная камандантура й сувязь, на Каманданта прызначаны К. Езавітаў.
9 гадз. 20 час.- заняты дом былога губэрнатара, варта зьнятая, на бальконе й на пляцы выстаўленыя кулямёты. Цэнтральная тэлефонная станцыя «народнага камісарыяту» ўжо называе сябе Цэнтральнай Тэлефоннай Станцыяй Беларускае Рады.
9 гадз. 25 час.- занятая галоўная бальшавіцкая база ў гатэлі «Эўропа» - Штаб чырвонае гвардыі, штаб «змаганьня з контр-рэвалюцыяй» (ЧК). Здабытая вялікая колькасьць стрэльбаў, кулямётаў i патронаў.
9 гадз. 28 час.- заняты будынак «Губэрскага Прысуцтва».
9 гадз. 30 час.- пададзеная вестка аб заняцьці a 9 гадз. 15 час. Арсэналу.
9 гадз. 35 час.- першае аўта з паведамленьнем аб заняцьці a 9 гадз. 20 час. Гаражу.
10 гадз. - пераносіны Камандантуры з прыватнага дому ў б. дом губэрнатара. На пляцы Волі ўжо былі занятыя ўсе будынкі й сканцэнтраваныя ўсе нацыянальныя сілы.
10 гадз. 15 час.- патрульныя аўтамабілі па горадзе з абвешчаньнем аб пераходзе ўлады ў рукі Выканальнага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Кангрэсу.
Ад 11 гадз. - спробы польскіх легіянэраў перашкодзіць пераняцьцю ўлады Беларусамі, зьліквідаваныя да 2 гадз. начы. Да гэтага-ж часу Менск ачышчаны ад выпадковых вайсковых частак, што праездам спрабавалі выкарыстаць сытуацыю й наладзіць пагром сталіцы.
Да 4 гадз. ночы - поўны супакой. Камандант запісвае апошнія ўражаньні бурных гадзінаў i часінаў здабыцьця ўлады: «Лёгкі перадсьвітальны ветрык ласкава варушыў палотнішчы двух нашых нацыянальных сьцягоў, што разьвяваліся на бальконе дому губэрнатара. У сьветлым змроку, на вялізарным палотнішчы аднаго зь іх, я прачытаў горды лёзунг, за якім ішлі ўсе нашыя жаўнеры:
«Няхай жыве Вольная Беларусь!»
На другім палотнішчы - маленькім i сьціплым, ледзь значна магутнае, сьмелае, гатовае на самаадрачэньне й самаахвярнасьць,- чым жылі й дзеля чаго ўсё прыносілі ў вахвяру сябры Беларускае Цэнтральнае Вайсковае Рады:
«За Родны Край, за Вольную Беларусь!»
Першая Ўстаўная Грамата
На трэйці дзень пераняцьця ўлады яно было задакумэнтаванае ў гістарычнай Першай Устаўнай Грамаце, якая й становіць сабою ўрачысты публічны акт аб гэтай падзеі.
Пададзём тут поўны аўтэнтычны тэкст гэтага дакумэнту:
Да народаў Беларусі
«Родная старонка наша апынулася ў новым цяжкім стане. Дзе цяпер улада, што была тут, няведама, мы стаімо перад тым, што наш край можа быць заняты нямецкімі войскамі. Мы павінны ўзяць свой лёс ува ўласныя рукі. Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне, a нацыянальныя меншасьці - на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію. Правы нацыі павінны знайсьці сваё зьдзейсьненьне шляхам скліканьня на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Але i да скліканьня Ўстаноўчага Сойму ўся ўлада на Беларусі павінна належаць тым народам, якія на ёй жывуць. Выканаўчы К-т Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду, папоўнены прадстаўнікамі рэвалюцыйнай дэмакратыі нацыянальных меншасьцяў, зьдзяйсьняючы мэты Зьезду абвяшчае сябе часовай уладай на Беларусі для кіраваньня краем i скліканьня, як можна хутчэй, Усебеларускага Ўстаноўчага Сойму на аснове агульнага, простага, роўнага, тайнага й прапарцыянальнага выбарчага права для ўсякага, ня лічучыся з нацыянальнасьцю, вызнаньнем i родам. Часовую народную ўладу краю, якая ставіць сабе мэтай абарону й зацьверджаньне заваяваньняў рэвалюцыі, будзе зьдзейсьневаць створаны намі Народны Сакратырыят Беларусі, які ад гэтага дня пачаў выконваць свае абавязкі. Пэрсанальны склад Сакратарыяту будзе апублікаваны пасьля.
Дадзена ў Менску-Беларускім 21 (8) лютага 1918 г.
Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду».
Першы ўрад
Такім парадкам, пераняцьцё ўлады завяршылася сфармаваньнем першага нацыянальнага ўраду, названага, пад бясспрэчным уплывам практыкі найвялікшае дэмакратыі сьвету - ЗША, Народным Сакратарыятам (крыху пасьля, пры ўваходзе ў цясьнейшыя дачыненьні з эўрапейскімі ўрадамі, i ўрад БНР прыняў традыцыйнае ў Эўропе найменьне Рады Міністраў. Але й цяпер ня шкодзіла-б разважыць, каму сьлед, над аднаўленьнем першага ягонага гістарычнага назову, што толькі аднавіла-б адпаведнасьць формы зьместу: i так-жа міністры БНР - гэта не «паны міністры» й ня крывавыя «камісары» бальшавізіі, a толькі верныя служкі народу - «народныя сакратары»).
Апублікаваны неўзабаве па Першай Устаўнай Грамаце склад першага ўраду - Народнага Сакратарыяту БНР выглядаў наступна:
Старшыня Народнага Сакратарыяту й Народны Сакратар Замежных Справаў - Я. Варонка
Народны Сакратар Нутраных Справаў - І. Макрэеў
Народны Сакратар Асьветы - А. Смоліч
Народны Сакратар Юстыцыі - Е. Бялевіч
Народны Сакратар Народнае Гаспадаркі - І. Серада
Народны Сакратар Камунікацыі - В. Рэдзька
Народны Сакратар Земляробства - Т. Грыб
Народны Сакратар Сацыяльнае Апекі - П. Бадунова
Народны Сакратар Поштаў i Тэлеграфаў - Карач
Народны Сакратар Гаспадарстваўскага Кантролю - П. Крачэўскі
Народны Сакратар Фінансаў - Белкінд
Народны Сакратар Расейскіх Справаў - П. Злобін
Першы Таварыш Старшыні Народнага Сакратарыяту й Народны Сакратар Жыдоўскіх Справаў - Гутман
Другі Таварыш Старшыні Народнага Сакратарыяту й Народны Сакратар Вайсковых Справаў - К. Езавітаў
Кіраўнік Справаў Народнага Сакратарыяту - Л. Заяц.
Адначасна ўфармавалася й мясцовая ўлада ў сталіцы Менску. Зараз-жа быў створаныі І-ы Менскі Беларускі Полк пад камандаю Радкевіча й гарадзкая міліцыя пад загадам Ф. Ждановіча (ведамага артыстага, пазьней зьнішчанага бальшавікамі).
Польская небясьпека
Першым i галоўным ворагам новае нашае нацыянальнае ўлады сталіся зарганізаваныя польскія вайскоўцы.
Яшчэ незадачлівы кіраўнік расейскага «часовага ўраду» Керанскі быў дазволіўшы заслужонаму царскаму генэралу Доўбар-Мусьніцкаму фармаваць нацыянальныя польскія вайсковыя аддзелы з Палякоў-вайскоўцаў расейскае арміі. Таму, што сама Польшча ўся была ўжо даўно пад нямецкай акупацыяй, Доўбар-Мусьніцкі базаваў свае аддзелы на тэрыторыі нашае Бацькаўшчыны, знаходзячы тут i адпаведнае падтрыманьне з боку мясцовых спалёнізаваных паноў i панкоў. Гэтак i паўстаў т.зв. Корпус Легіянэраў Доўбар-Мусьніцкага. Апрача таго, пачала актыўна дзеіць вельмі здольная да кансьпірацыі, моцна здысцыплінаваная й дынамічная, ведамая Польская Вайсковая Арганізацыя (ПОВ). Паўсталі таксама ў розных месцах польскія нацыянальныя камітэты, у тым ліку Вышэйшы Польскі Камітэт у Менску. У Менску-ж заснавала й Прадстаўніцтва Вайсковых Палякоў, як орган корпусу Доўбар-Мусьніцкага.
Якраз ад гэтага Прадстаўніцтва нацыянальны камандант Менску К. Езавітаў дастаў a 1 г. уначы зь 19 на 20 лютага 1918 г. «загад», у якім пісала, што Палякі-вайскоўцы «бяруць на сябе ахову парадку ў горадзе да прыбыцьця аддзелаў корпусу Доўбар-Мусьніцкага» i што з прыбыцьцём гэтых аддзелаў «уся ўлада пяройдзе да найвышэйшага камандваньня корпусу, - якому таксама мусяць падпарадкавацца ўсе нацыянальныя арганізацыі». Зараз-жа абвешчаны Камандантам на паседжаньні Выканальнага Камітэту Рады Ўсебеларускага Кангрэсу, якое трывала тады цэлую ноч, «загад» гэты выклікаў выбух абурэньня. Адразу-ж былі ўжытыя адпаведныя захады. Ды наагул, правесьці свой «загад» у Менску Палякі ня мелі тады яшчэ належных сілаў, i выступленьні паасобных іхных адзінак i групак адразу-ж лёгка былі зьліквідаваныя, аб чым ужо адзначалася ў сваім месцы.
Затое зусім інакш выглядала справа на правінцыі. Пры развале бальшавіцкага фронту аддзелам Доўбар-Мусьніцкага ўдалося здабыць уладу шмат дзе на Магілеўшчыне (у самым Магілеве, у Жлобіне, Воршы, Рагачэве, Дуброўне) i навет Меншчыне (у Бабруйску - усё гэта дзеялася адначасна зь пераняцьцём улады ў Менску нашымі нацыянальнымі сіламі). Разам із гэтым здабыцьцём улады йшло рабаваньне грамадзкіх касаў, сёлаў, расстрэльваньне нашых нацыянальна-настроеных сялянаў i жаўнераў пад закідамі «бальшавізму» (гэта ці не тады ўпяршыню Палякі вынайшлі ведамы, пасьля ці раз шырака практыкаваны імі прыхватак атоесамленьня беларушчыны з бальшавізмам).
Гэтак новая нашая ўлада адразу-ж трапіла ў вельмі цяжкое палажэньне. Нашыя вайскоўцы й цэлыя іхныя групы ў Пецярбургу, Гэльсынгфорсе, Кіеве, Адэсе, хоць i імкнуліся прыйсьці ёй на дапамогу, але не маглі вырвацца на Бацькаўшчыну спад бальшавіцкае рукі, якая ў тых месцах была яшчэ моцнаю.
Развой у Заходняй Беларусі
Пакуль выявіцца ў Усходняй Беларусі, польская небясьпека яшчэ раней дала адчуць сябе ў заходняй частцы нашай Бацькаўшчыны, Віленшчыне й Горадзеншчыне, акупаваных Немцамі яшчэ ў 1915 г. Віленскай газэце «Гоман», паўсталай як працяг спыненае акупацыяй «Нашае Нівы», адразу-ж давялося весьці вайну з Палякамі, яшчэ больш зацятую, чымся была сваім часам вайна «Нашае Нівы» з расейскай чорнай сотняй i ейнымі «тоже-белоруссами», у якой Палякі былі навет саюзьнікамі. Цяпер-жа яны адразу пачалі выяўляць свае апэтыты, асабліва на Віленшчыну, як на свае быццам-бы «крэсы».
У вайне з Палякамі саюзьнікамі нашых нацыянальных дзейнікаў адразу сталіся Летувісы. Саюз гэты сягнуў нагэтулькі далёка, што паўстала канцэпцыя адбудовы незалежнага Вялікага Княства Літоўскага, што выявілася ў арганізацыі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага i выданьні ёй першага Ўнівэрсалу яшчэ 19.12.1915 г. у Вільні (аб гэтым ужо ўспаміналася ў сваім месцы ў ваглядзе «1917-1947»).
Аднак польскі наступ усё больш дужэў. На пачатку 1918 г., у вадказ на гэты наступ найперш, на нацыянальнай канфэрэнцыі ў Вільні, што трывала 25-27 студзеня, абіраецца орган нацыянальнае самаабароны - Віленская Беларуская Рада. У першай дэклярацыі гэтае Рады ад 28.1.1918 г. мы чытаем: «Палякі жывяць анэксіяністычныя намеры супраць Беларусі; расейскае войска не дало беларускаму народу магчымасьці зарганізаваць беларускую армію й само пакінула Беларусь; Беларусь дала на працягу свае гісторыі довады, што яна вельмі добра можа весьці незалежнае палітычнае існаваньне; бальшавіцкі ўрад вядзець палітыку гвалту супраць беларускага народу, што даводзе разгон Усебеларускага Кангрэсу ў Менску. Бяручы ўсё гэта пад развагу, Віленская Беларуская Рада абвяшчае сувязі паміж Расеяй i Беларусяй разарванымі. Рада зварачаецца да ўсіх заходніх дзяржаваў з просьбаю памагчы ў справе адбудовы дзяржаўнае незалежнасьці калішняга Літоўска-Беларускага Гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага), бяз увагі на сучасны падзел яго прабе- гам лініі фронту».
Як бачым із гэтае дэклярацыі, змаганьне з Палякамі прыводзе Віленскую Беларускую Раду да вельмі важнага кроку - абвешчаньня аб разарваньні сувязяў з Расеяй. Гэтае гістарычна-першае абвешчаньне аб такім разарваньні мае тым большае значаньне, што развой у ўсходняй частцы нашае Бацькаўшчыны, асабліва на Першым Усебеларускім Кангрэсе, якраз быў не дайшоўшы да гэтага найкардынальнейшага зваротнага пункту. Апрача таго, значаньне гэтае павялічваецца яшчэ тым, што дэкляраваньне разарваньня з Расеяй спалучаецца Віленскай Радай з так-сама ўпяршыню выразна сфармуляваным нацыянальна- незалежніцкім становішчам. Праўда, за гаспадарстваўскую форму рэалізацыі гэтага становішча ўсё яшчэ выстаўляецца адбудова Вялікага Княства Літоўскага, як су- меснага беларуска-летувіскага гаспадарства (хоць, як сьветчыць гісторыя, гэтая сумеснасьць раней ніколі ня была сумеснасьцяй кіраваньня й панаваньня, a толькі простым сужывецтвам). Аднак побач із гэтым у Віленшчыне-ж паўстае тады-ж i першая чыста-незалежніцкая арганізацыя - «Сувязь незалежнасьці й непадзельнасьці Беларусі» пад правадырствам В. Ластоўскага (таксама ўспамінаная ў сваім месцы ў ваглядзе «1917-1947»).
Гэтак развой у заходняй частцы нашае Бацькаўшчыны прыводзе да першага ў гісторыі нашага нацыянальнага руху адкрытага станаўленьня нацыянальнага незалежніцтва.
Пад Немцамі
25-га лютага 1918 г. Менск акупуе нямецкае войска, ідучы па загадзя ачышчанай развалам бальшавіцкага фронту тэрыторыі.
Гэтая першая нямецкая-кайзэраўская акупацыя нашага краю вельмі розьнілася ад нядаўнае другое, гітлераўскае акупацыі. У кайзэравых Немцаў ня было яшчэ выразных намераў «будаваць новую Эўропу» i перабудоўваць карту старое Эўропы перакіданьнем i вынішчэньнем цэлых народаў, як гэта адразу-ж пачалі былі рабіць гітлераўцы. Кайзэраўская акупацыя была чыста вайсковаю, i ў цывільнае жыцьцё Немцы тады бадай зусім не мяшаліся. Таму й цывільныя ўстановы Беларускае Народнае Рэспублікі на чале зь ейным урадам маглі спакойна весьці далей сваю працу. Пэўна, усякую вайсковую акцыю давялося спыніць, але затое таксама была спараліжаваная й польская ваеншчына Доўбар-Мусьніцкага, што не магло ня выходзіць на карысьць нашай нацыянальнай справе.
Пэўным тормазам для нацыянальнага руху на першых часох было адно захоўваньне Немцамі кардону паміж землямі іхнае першае акупацыі (Віленшчынай i Горадзеншчынай) i новаакупаванай тэрыторыяй. Аднак пэўнае прасяканьне праз гэты кардон пачалося адразу-ж, вядучы да ўстанаўленьня кантактаў i ідэйнага абмену паміж заходняй i ўсходняй часткамі нашага нацыянальнага руху.
Першыя й часовыя асновы канстытуцыі БНР
Прасяканьне вынікаў дасягненага ў заходняй частцы нашае Бацькаўшчыны нацыянальнага развою ў Менск не магло не зрабіць уплыву на дзейнасьць стацыянаваных там органаў БНР. Пад гэтым уплывам9 сакавіка 1918 г. у Менску й выдаецца Другая Ўстаўная грамата, якая ў сваёй існасьці становіць акт ужо чыста-незалежніцкага характару, даючы першыя, хоць яшчэ й часовыя, але глыбока й далёкасяжныя асновы гаспадарстваўскае канстытуцыі Беларускае Народнае Рэспублікі.
Пададзём поўны аўтэнтычны тэкст гэтае Другое Ўстаўнае Граматы:
«У часе сусьветнай вайны, што бурыць адны моцныя дзяржавы й аслабляе другія, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля трох з паловаю вякоў няволі зноў на ўвесь сьвет кажа беларускі народ аб тым, што ён жыве i будзе жыць. Вялікі Народны Збор - Усебеларускі Зьезд 15-17 сьнежня 1917 r., дбаючы аб долі Беларусі, зацьвердзіў на яе землях рэспубліканскі лад. Выпаўняючы волю Зьезду й баронячы дзяржаўныя правы народу, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду гэтак пастанаўляе аб дзяржаўным устроі Беларусі i аб правох i вольнасьцях яе грамадзян i народаў.
-
- Беларусь у рубяжох расьсяленьня i лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнаю Рэспублікай.
-
- Асноўныя законы Беларускае Народнае Рэспублікі зацьвердзіць Устаноўчы Сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаёмнага й прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасьць i рэлігію.
-
- Да часу, пакуль зьбярэцца Ўстаноўчы Сойм Беларусі, законадаўчая улада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага Зьезду, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі.
-
- Спаўняючая й адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які назначаецца Радаю Зьезду i перад ёю трымае адказ.
-
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў; бязумоўная свабода сумленьня, незачэпнасьць асобы й памешканьня.
-
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.
-
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі права прыватнае ўласнасьці на зямлю касуецца. Зямля перадаецца бяз выкупу тым, што самі на ёй працуюць. Лясы, вазёры й нутро зямлі абвяшчаюцца ўласнасыдю Беларускае Народнае Рэспублікі.
-
- У рубяжох Беларускае Народнае Рэспублікі ўстанаўляецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.
Абвяшчаючы ўсе гэтыя правы й вольнасьці грамадзян i народаў Беларускае Народнае Рэспублікі, мы, Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду, абавязуемся пільнаваць законнага парадку жыцьця ў Рэспубліцы, сьцерагчы інтарэсы ўсіх грамадзян i народаў Рэспублікі й захаваць правы i вольнасьць працоўнага люду. A таксама даложым усіх сілаў, каб склікаць у найбліжэйшым часе Ўстаноўчы Сойм Беларусі.
Усіх верных сыноў Беларускае зямлі клічам памагчы нам у цяжкой i адказнай нашай працы.
Выдана ў Менску-Беларускім 9 сакавіка 1918 року.
Спаўняючы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду».
На падыходах да Вялікага Акту
Другая Ўстаўная Грамата, даючы першае канстытуцыйнае афармаваньне БНР, як гаспадарства, упяршыню ўголас называючы само поўнае ймя Беларускае Народнае Рзспублікі, толькі пачынае сабою выразны ўжо шлях у кірунку станаўленьня нацыянальна-гаспадарстваўскае незалежнасьці. Беспасярэдня да яе прылягае ў поўнай адпаведнасьці зь ёй дакананае 19 сакавіка 1918 г. абвешчаньне датулешняга Выканальнага Камітэту Рады Першага Ўсебеларускага Кангрэсу Радай Беларускае Народнае Рэспублікі. Тут-жа адбываецца i ўканстытуяваньне Прэзыдыуму Рады БНР у складзе д-ра І.Серады (старшыні Кангрэсу), як Старшыні, Я.Варонкі, як сябры, i К.Езавітава, як сакратара.
Развой падзеяў, аднак, усё далей i далей паштурхвае рух у кірунку да праклямаваньня поўнае гаспадарстваўскае незалежнасьці Беларусі. Адным із вызначальнейшых дзейнікаў, які адыграў у гэтым працэсе ролю, сказацьбы, каталізатара, сталіся ведамыя нямецка-бальшавіцкія мірныя перамовы ў Берасьці. Добра ўсьведамляючы значаньне магчымых вынікаў гэтых перамоваў для долі Бацькаўшчыны, нашыя нацыянальныя дзейнікі ўвесь час стараліся дамагчыся нейкага ўплыву на іх. Так, яшчэ ў першай стадыі гэных перамоваў, калі ўвесь наш рух, пасьля разгону Кангрэсу, перабываў у глыбокім падзямельлі, навет адтуль удалося паслаць нацыянальную дэлегацыю на чале з д-рам А.Цьвікевічам у Берасьце. Дэлегацыя, аднак, ня была дапушчаная да ўдзелу ў перамовах i толькі дзякуючы Ўкраінцам, дапушчаным туды, знайшла доступ у якасьці й навет у форме раднікаў украінскае дэлегацыі. Калі-ж у 1918 г. разарваныя было перамовы аднавіліся зноў i ўжо даходзілі да канкрэтных вынікаў у выглядзе г.зв. Берасьцейскага міру - навет гэткага доступу здабыць не ўдалося.
A тымчасам, роблены бяз усякае ўвагі на нашыя нацыянальныя інтарэсы, Берасьцейскі мір нёс цяжкі ўдар непадзельнасьці нашае Бацькаўшчыны: тэрыторыя на ўсход ад лініі Рыга - Дзьвінск - Сьвянцяны - Ліда - Пружаны мелася адыйсьці да Расеі, a на захад ад яе - да абвешчанай 16 лютага 1918 г. незалежнай Летувы. Каля 10-х паўдзённых паветаў Горадзеншчыны, Меншчыны (Палесьсе), Магілеўшчыны й Чарнігаўшчыны (Гомельшчына) аддаваліся Ўкраіне...
Ідэя непадзельнасьці й незалежнасьці Бацькаўшчыны пад уплывам гэтых падзеяў здабывае сабе ўсё мацнейшыя пазыцыі. Яе ўжо адкрыта пачынаюць прапагаваць i першая ў нашай гісторыі штодзённая газэта «Беларускі Шлях» (пад рэдакцыяй А.Прушынскага - «Алеся Гаруна», орган правых групаў, задзіночаных у Беларускім Прадстаўніцтве, тымчасам яшчэ вонках БНР) i ведамая «Вольная Беларусь» (пад рэдакцыяй Я.Лёсіка, выданьне, вельмі блізкае тады да ролі афіцыёзу Рады БНР).
Нарэшце, 23 сакавіка 1918 г. Немцы прызнаюць незалежнасьць Летувы з усімі тэрытарыяльнымі прырэзкамі да яе за наш кошт паводля Берасьцейскага міру.
У гэтым самым часе ўпяршыню стаецца магчымым жывы беспасярэдні кантакт між віленскім i менскім цэнтрамі нашага нацыянальнага руху. Дэлегацыя Віленскае Беларускае Рады дастае дазвол прыбыць у сталіцу БНР Менск. «Віленчукі, - піша аб гэтым гістарычным спатканьні ўдзельнік віленскае дэлегацыі, адзін із правадыроў яшчэ нашаніўства Антон Луцкевіч («Антон Навіна»), - спаткаўшыся зь мянчукамі, хутка вызбыліся сваіх неактуальных фэдэрацыйных ідэалаў зь Літвой, a зноў мянчукі яшчэ больш набраліся рашучасьці й перакананьня аб патрэбе абвешчаньня незалежнасьці Беларусі i ўжо на гэтым грунце далейшага вядзеньня беларускага палітычнага вызваленьня».
Вялікі Сакавіковы Акт быў пастаўлены на кон.
Гістарычнае паседжаньне
24-га сакавіка 1918 г., a 8-й гадзіне ўвечары, у будынку Рады БНР на галоўнай вуліцы сталіцы г.Менску (тады гэтая вуліца звалася яшчэ Захараўскай) пачалося гістарычнае паседжаньне Рады БНР разам з дэлегацыяй Віленскае Беларускае Рады, на парадку дня якога стаяла адно адзінае пытаньне: абвешчаньне незалежнасьці Беларусі. Паседжаньне гэтае, якое трывала 12 гадзінаў (да 8-е гадзіны раньня 25 сакавіка), прынесла самы Вялікі Акт 25 Сакавіка, задакумэнтаваны тады-ж у Трэйцяй Устаўнай Грамаце БНР.
Асноўны даклад у справе парадку дня зрабіў старшыня першага ўраду БНР - Народнага Сакратарыяту, радны Язэп Варонка. Адзін із навочных сьветкаў гістарычнага паседжаньня ў гэткіх агульных рысах успамінае сяньня зьмест гэнага дакладу: «Па пералічэньні й разглядзе гістарычных этапаў нашага народу й нашае Бацькаўшчыны, ён (Я.Варонка. - Н.Н.) пераходзіць да геаграфічнага апісаньня нашае краіны, сьцьвярджаючы факт, што, ня гледзячы на шматвяковую няволю, наш народ захаваў усе адзнакі самабытнасыді, захаваў сваю мову, культуру й г.д, i што па свайму геаграфічнаму палажэньню мы творым асобную суцэльнасьць» (М.Ш. Незабыўны дзень. Рататарны часапіс «Шляхам Жыцьця», № 3 (15) за 1947 г., б. 6-7).
Па кароткім перапынку разгарнулася дыскусія. Асноўны прабег яе вышэйуспомнены навочны сьветка падае гэтак: «Усе беларускія партыі, як адна, злажылі дэклярацыі, падтрымваючы тэзы дакладчыка. З такімі-ж дэклярацыямі выступілі прадстаўнікі жыдоўскіх палітычных партыяў «Паалей Цыён» i «Бунд», у якіх яны ад імя сваіх партыяў заяўлялі, што беларускі народ мае поўнае права кіраваць сваё жыцьцё й пастанаўляць аб сваім лёсе. Супраць дакладу выступалі расейскія кадэты й эсэры, матывуючы сваё становішча тым, што, адарваўшыся ад Расеі, Беларусь можа ў віхры палітычных падзеяў загінуць. Іхныя цьверджаньні былі разьбітыя... На гэтым месцы мушу адзначыць, што прадстаўнік польскае меншасьці ад ППС сп. Прыстар у сваёй яскравай прамове выступіў супраць кадэтаў i эсэраў. «Даволі, - казаў ён, - вы душылі нас, Палякоў, i даволі вам душыць Беларусаў! Настала пара, каб усе народы сталіся вольнымі й жылі паводля сваіх традыцыяў i звычаяў! Выступала яшчэ шмат прамоўцаў, якія падтрымвалі прапанову, уносілі свае папраўкі й заўвагі» (М.Ш. Незабыўны дзень).
Пасьля поўначы дыскусія, на прапанову, была спыненая й абраная рэдакцыйная камісія ў складзе прадстаўнікоў усіх партыяў i груповак для апрацаваньня пастановаў, якія й рыхтуюцца камісіяй у вабвешчаным на гэта перапынку. Па сканчэньні працы камісіі радны Я.Варонка абвесьціў прапанаваную ёй рэзалюцыю: «Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчае Беларускую Народную Рэспубліку незалежнай i выдае аб гэтым устаўную грамату». Ім-жа быў абвешчаны й праект тэксту гэтае Трэйцяе Ўстаўнае Граматы БНР, што фактычна й становіць сабою дакумэнт самога Акту 25 сакавіка. Пасьля прыняцьця некаторых паправак адбылося пайменнае галасаваньне.
Навочны сьветка гэтак апісвае канчатак гістарычнага паседжаньня: «I ў гэты ўрачысты мамэнт, калі была прынятая рэзалюцыя й была абвешчаная Вольная Незалежная Беларуская Дзяржава, у залю ўпалі першыя праменьні раньняга сонца. Яно абліло вясьняным ясным сьвятлом залю, у якой, як на Вялікдзень, у часе хрыстосаваньня, усе радныя абыймаліся й цалаваліся ад радасьці. I ў гэтыж мамэнт узыйшло Сонца Свабоды над нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай...» (М.Ш. Незабыўны дзень).
Вялікі Акт
Падаем тут поўны аўтэнтычны тэкст Трэйцяе Ўстаўнае Граматы БНР - тэкст Вялікага Акту 25 Сакавіка:
«Год таму назад народы Беларусі, разам з народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое найцяжэй з усіх прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады й вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнае залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны й незалежны край.
Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай i вольнай дзяржавай. Самі народы Беларусі, у васобе свайго Ўстаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных зьвязях Беларусі.
На падставе гэтага трацяць сілу ўсе старыя дзяржаўныя зьвязі, якія далі магчымасьць чужому ўраду падпісаць i за Беларусь Трактат у Берасьці, што забівае насьмерць беларускі народ, дзелячы яго на часткі. На падставе гэтага, Урад Беларускае Народнае Рэспублікі мае ўвайсьці ў зносіны з зацікаўленымі старанамі, запрапанаваўшы ім перагледзець тую частку Берасьцейскага трактату, якая датычыць да Беларусі, i падпісаць мірную ўмову з усімі ваяваўшымі дзяржавамі.
БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве й мае лічбовую перавагу беларускі народ a ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часыді Меншчыны, Віленшчыны й сумежныя часткі суседніх губэрняў, заселеных Беларусамі.
БНР пацьвярджае ўсе тыя правы й вольнасьці грамадзян i народаў Беларусі, якія абвешчаныя Ўстаўнай Граматай ад 9-га сакавіка 1918 г.
Абвяшчаючы аб Незалежнасьці БНР, Рада яе ўскладае свае надзеі на тое; што ўсе любячыя волю народы памогуць беларускаму народу ў поўнай меры зьдзейсьніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка 1918 г. Менск.»
Значаньне Вялікага Акту
Вялікі Акт Абвешчаньня Незалежнасьці БНР 25.111.1918 г. становіць сабою найвялікшы зваротны мамэнт у гісторыі нашага нацыянальнага руху. Вялізманым гістарычным рубяжом ён разьмяжоўвае гэты рух на дзьве эпохі - данезалежніцкую й незалежніцкую.
Акт 25 сакавіка 1918 г. беспасярэдня зьвяршае сабою тую пару актывізацыі нашага нацыянальнага руху, якая пачалася адразу пасьля рэвалюцыі 1917 г., ёю й разьвязаная. Пара гэтая абыймае сабою роўна год часу: ад 25-га сакавіка 1917 г.- першага зьезду нацыянальных дзеячоў - да 25-га сакавіка 1918 г.- гістарычнага паседжаньня Рады БНР. Гэты, сказаць-бы, «міжсакавіковы» год разгортае ўздым надзвычайнага напружаньня руху, ягонага росту ўшыркі i ўглыбкі. Масавыя зьезды - сакавіковы, ліпенскі, Першы Ўсебеларускі Кангрэс; уканстытуяваньне нацыянальных органаў - ад сьціплага менскага Беларускага Нацыянальнага Камітэту, праз Цэнтральную Раду, Вялікую Беларускую Раду, да Рады Ўсебеларускага Кангрэсу - Рады БНР i ейнага выканальнага органу - ураду, Народнага Сакратарыяту, пераняцьцё гэтымі органамі фактычнае ўлады й нацыянальнае рэпрэзэнтацыі - вось гадовы шлях, які i ўкараноўваецца Вялікім Актам Абвешчаньня Гаспадарстваўскае Незалежнасьці 25 сакавіка 1918 г.
Узвышша Вялікага Сакавіковага Акту, выростаючы над усім папярэднім развоем, уздыймаецца неперасяжна й над развоем далейшым, аж да сяньня. Усе спробы «перакрыць» ці «ўдасканальніць» гэты Вялікі Акт дасюль да нічога не давялі, бо й не маглі давесьці. Гэта датычыць найперш да бальшавіцкае спробы, як казалася, «крыць карту БНР другою картаю на адну літару большае БССР» - Акту абвешчаньня «незалежнасьці» Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі 1-га студзеня 1919 г., дакананага, бясспрэчна, пад беспасярэднім уплывам i «ў піку», дзеля таго «перакрыцьця» - спараліжаваньня Сакавіковага Акту. Вынікі гэтае спробы даволі ўсім ведамыя, каб спэцыяльна над імі тут спыняцца.
Аднак гэтае-ж датычыць i да спробы пацьвердзіць i «ўдасканаліць» Вялікі Акт пастановамі г.зв. «Другога Кангрэсу» 1944 г. Гэтая спроба выглядае зусім жалю годнаю, бо пацьвярджае толькі разарваньне сувязі з Расеяй, ані словам не ўспамінаючы пра самы асноўны прынцып гаспадарстваўскае незалежнасьці (пастанова «Кангрэсу», пункт 1: «Вызнаць правільнай i йзноў пацьвердзіць гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, маючы паўнамоцтвы Першага Ўсебеларускага Кангрэсу 1917 г., на сходзе сваім 25 сакавіка 1918 году ўрачыстай Трэйцяй Устаўнай Граматай да Беларускага Народу абвесьціла аб канчальным разрыве дзяржаўных сувязяў з бальшавіцкай Масквой i расейскай дзяржавай у ўсякіх яе формах». I ўсё...) Куртатасьць гэткага пацьверджаньня зусім зразумелая: запраўдныя рэжысэры й апякуны «Другога Кангрэсу», навет прагараючы на Беларусі, ніяк не маглі дапусьціць i гаворкі аб незалежнасьці тэрыторыі, наканаванай на ролю аднае зь інтэгральных частак усяго вялікага іхнага «лебэнсраўму»...
Неперавышаным, неперасяжным манумэнтам, які не патрабуе аніякіх «пацьверджаньняў», «удасканальненьняў» ці «дапаўненьняў» - высіцца Вялікі Сакавіковы Акт. I не здарма ён i да сяньня, i надалей - адзіная пляцформа, адзіны трамплін для ўсяго нацыянальнага руху. Ува ўсім гэтым - ягонае несьмяротнае значаньне.