Штотыднёвік "Наша Ніва" з'яўляецца выразнікам нацыянальных беларускіх памкненняў і запытаў. Выданне друкуецца на беларускай мове кірыліцай і лацінскай. Каб зразумець чым з'яўляецца гэтае выданне і ўвесь беларускі нацыянальны рух, трэба паглядзець у гісторыю.
Палітычныя буры, якія трэслі наш край у 1848, 1863 гг. будзілі ад сну і пхалі да чыннага палітычнага жыцця асобаў ці цэлыя шырокія палітычныя групы. Тады на тле ідэалогіі служэння нацыянальным патрэбам, адбывалася збліжэнне шляхты і сялянскай хаты, шляхта надзела сялянскія "світкі" і пачала пісаць паспалітай вясковай мовай, складаць на ёй песні і думкі пра нядолю сваіх малодшых братоў.
Аднак народ толькі назіраў, маўчаў і думаў, а, можа, спаў.
Пасля кароткага выбуху інтэлектуальнага запалу і барацьбы, у грамадстве запанавала рэакцыя. Мары і надзеі хутка згаслі, вочы ўбачылі непераўпрыгожаную рэальнасць і месца рамантызму заняла рэальная палітыка, а месца ідэалогіі "для народа і за народ" - эканамічная барацьба двара з парабкам. Аднак створаная тагачаснымі дэмакратамі народная літаратура засталася і пачала вандраваць паміж засценкам і вёскай.
У 1880-х гг. сыны палітычных дзеячаў 1863 г. у пошуках ведаў і хлеба аказаліся на ўніверсітэцкіх лавах у Маскве і Пецярбургу, дзе разам з навукай прагна паглыналі дактрыну і тэорыю тагачасных рускіх дэмакратаў. Там паўсталі студэнцкія гурткі самаадукацыі, пачалося вывучэнне народнай літаратуры, выданне арыгінальнай і перакладной з рускай мовы, папулярнай дэмакратычнай літаратуры. Апавяданне Гаршчына "Сыгнал, альбо расказ аб тым, як дабро перамагло зло ў чалавека" было выдадзена маскоўскімі студэнтамі і разышлося па сялянскіх беларускіх хатах. Аднак, народ і тады абыякава прыняў гэты дар інтэлігенцыі, назіраў і пераважна маўчаў.
Трэба была вялікае ўзварушэнне ўсяго грамадскага арганізма, шырокага дэмакратычнага руху і эканамічнага вызвалення, каб гэты ад веку скалечаны, цёмны і нявольны беларускі селянін, адчуў сябе чалавекам - грамадзянінам краю. Відочна, першае жаданне такога абуджанага чалавека было матэрыяльным. Перад усім, ён марыў пра эканамічны падмурак - зямлю, як варштат працы. Аднак гэтым абуджаным марам не хапала ўсведамлення неабходнасці агульначалавечых, грамадзянскіх правоў, што спарадзіла да гэтага часу дрымотныя патрабаванні культурнага характару. Беларускі народ пачаў казаць. Апатычны, на палову летаргічны стан, пачаў станавіцца жывым і чынным арганізмам.
Пра сваю нядолю і бяду, пра свае мары пра лепшую будучыню, якая невыразна яшчэ бачна ў імгле цяжкай рэчаіснасці, беларускі народ можа і жадае казаць толькі на сваёй мове. З нецярпеннем і ахвотай хіліцца ён да гэтай адзінай крыніцы, адкуль распаўсюджваецца голас яго бацькаўскай мовы. Адсюль ён даведваецца, што яго песні, звычаі, строі, паданні, не хамскія і вартыя пагарды, як яму казалі раней, але яны, як і ў іншых народаў, маюць права на існаванне і развіццё, з'яўляюцца багаццем 8-мі мільённага народа, які адвеку жыве ў сваім краі, багаццем якое з часоў сівога мінулага ёсць культурным здабыткам які не можна занядбаць ці змарнаваць, але належыць старанна песціць і развіваць.
Да гэтага часу да беларусаў і за беларусаў выказваліся іншыя, а ад сёння, да сябе і пра сябе пачынае казаць сам беларускі народ.
Шмат хто з тых, хто стаіць па-за беларускім рухам, будзе казаць, што газета "Наша Ніва" і народныя выдавецтвы ёсць забаўкай групкі інтэлігентаў, якія ўдаюць сябе за беларусаў. Але гэтаму станоўча пярэчаць наступныя лічбы.
У прошлым 1910 годзе газета змясціла 666 арыгінальных карэспандэнцый з 320 мясцовасцей. Аўтарамі былі пераважна сяляне, рамеснікі, паўінтэленцыя мястэчак, народныя настаўнікі, арганісты. Па губерням, карэспандэнты падзяляюцца наступным чынам: Менская губерня - 208, Гарадзенская - 114, Магілёўская - 65, Віцебская - 27, Ковенская - 15, Смаленская - 8, Віленская - 229.
У гэтым жа 1910 г. газета надрукавала 69 твораў белетрыстыкі розных аўтараў і 112 паэтычных твораў 24-х аўтараў. Публіцыстыку пісалі 32 аўтара, не лічачы рэдакцыі.
Пра рост колькасці народных чытачоў пераканаўча сведчыць развіццё выдання кніг. Календары, брашуры і кніжкі на беларускай мове выдаюцца наступнымі арганізацыямі: "Наша Ніва" і "Наша Хата" - у Вільні, "Загляне сонца і ў наша ваконца" - у Пецярбургу, "Палачанін" - у Полацку, "Мінчук" - у Менску. Разам, на працягу апошніх 4 гадоў выдадзена каля 200 000 асобнікаў, з якіх палова выкуплена, г. з. да 25 000 выданняў штогод.
Акрамя згаданай народнай літаратуры на беларускай мове, друкаваліся і каталіцка-рэлігійныя выданні. Выйшлі з друку 2 катэхізісы і "кніжка" пра дабраславёнага Андрэя Баболю.
Аднак ніводная літаратура не можа выйсці з дзіцячых пялюшак, покуль не з'явіцца свая інтэлігенцыя і покуль не будуць створаны навуковыя падмуркі. Разумеючы гэта, нешматлікая беларуская інтэлігенцыя, групуючыся ў вышэйшых навуковых установах Пецярбурга, заклала штомесячнае выданне "Маладая Беларусь", прысвечанае навуковым даследаванням мовы і краязнаўству а таксама палітычным і грамадскім пытанням.
Вось так выглядае сёння беларускі нацыянальна-культурны рух які нарадзіўся сярод шырокіх народных мас і жадае заняць належнае месца сярод іншых культурных народаў.
W. A. Młoda Białoruś // Pregląd Wileński. 1912. 12(25) listopada. S. 6–7.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.