Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Віленская прэса 


Аўтар: Ромер Міхал,
Дадана: 18-07-2023,
Крыніца: Міхал Ромер. Віленская прэса // Наша слова.pdf № 29 (81), 19 ліпеня 2023.

Спампаваць




Ад перакладчыка: Міхал Піус Пасхаліс Ромер (1880-1945) - польскі і літоўскі вучоны, грамадска-палітычны дзеяч. У 1911-15 гг. супрацоўнічаў з газетай "Наша ніва", быў членам рэдакцыі віленскай газеты "Kurier Krajowy" ("Краёвы кур'ер"; 1913 г.). У 1920 г. асудзіў захоп Віленшчыны войскамі генерала Люцыяна Жалігоўскага і ў знак пратэсту пераехаў у Літву. Прафесар права (1922 г.) і рэктар Ковенскага (1927-28, 1933-39 гг.), прафесар Віленскага (1940-45 гг.) універсітэтаў. У час нацысцкай акупацыі арганізоўваў у Вільні тайнае навучанне, падтрымліваў сувязь з рухам Супраціўлення.


Вілеская прэса хутка развіваецца і становіцца ўсё лепшай. Пры гэтым адрозніваецца яна не толькі сваімі перакананнямі, часам яна адлюстроўвае супярэчлівыя інтарэсы і памкненнямі асобных слаёў насельніцтва і грамадскіх класаў, але галоўнае - яна выказвае розныя нацыянальныя інтарэсы. Гэта сведчыць пра развіццё грамадскай свядомасці, што без сумневу вельмі добра. Але пэўныя крайнасці раз'яднання і сваволі, якія суправаджаюць прагрэсіўную дыферэнтацыю, маюць, відавочна, негатыўны па сваёй прыродзе характар і патрабуюць падпарадкавання прэсы пэўнай этычнай дысцыпліне.

Апошнім часам на старонках некаторых віленскіх выданняў разгарнуліся шматлікія спрэчкі і палеміка, якая прынамсі, выражае нястрыманую сваволю, магчымую толькі пры адсутнасці ўсякай адказнасці ці неабходнасці адказваць за свае словы. Маю тут найперш на ўвазе палеміку "Кур'ера Літоўскага" з беларускай "Нашай Нівай". Віленская публіка больш за пяць гадоў ведае "Нашу Ніву" як адну са шчыра і паслядоўна дэмакратычных краёвых нацыянальных газет, незалежнае, свабоднае ад усялякай змовы з сённяшняй мацнейшая рэакцыяй ва ўсіх яе формах. Праз свой такт і паслядоўную прыхільнасць да дэмакратычнага падыходу, гэта значыць да адстойвання эканамічных, сацыяльных і культурных патрэб сялянства, якому яна служыла і выразнікам якога з'яўляецца, газета здолела заваяваць павагу калег і ўнікнуць каляіны нацыяналізму, не крыўдзячы нічые нацыянальныя перакананні і пачуцці. З усіх краёвых нацыянальных выданняў, "Наша Ніва" і "Lietuvos ūkininkas" [1] - найлепш прыстасаваныя да патрэб народа.

Ініцыяванае жменькай інтэлігентаў выдавецтва "Нашай Нівы" з года ў год усё больш рабілася справай самога народа, непасрэдным выразнікам тых вялікіх сярмяжных мас, якія на тэрыторыі ад Гародні да Смаленска і ад Прыпяці ажно за Дзівну, размаўляюць на сваёй роднай мове і маюць сваю адметную этнічную культуру. Праз "Нашу Ніву" першы раз у гісторыі загаварыў гэты заснулы народ, народ з мяккім сэрцам і вялікай пакорай, з народнай тужлівай паэзіяй, не пазбаўлены хітрасці і розуму, народ бедны і прыгнечаны.

Сёння "Наша Ніва" - гэта не толькі смелае пачынанне жменькі завадатараў, не толькі штаб без войска. З-за колькасці надрукаваных у газеце карэспандэнцый, з-за лістоў зацікаўленых асоб, з-за вялікай колькасці народных пісьменнікаў і паэтаў, якія друкуюцца ў ёй і такім чынам разносяць сваё словы па ўбогіх хатках і простых сэрцах Беларусі, мы беспамылкова можам зрабіць выснову пра прагрэс такой з'явы, якая акрэсліла сябе як беларускі рух. Сёння гэты рух ствараецца непасрэдна самым народам, ён ёсць прынцыпова дэмакратычны і інакшым быць не можа. Характар гэтага руху вельмі сімпатычны і цікавы. Бліжэйшыя суседзі беларусаў - літоўцы, знаходзяцца ў стадыі нацыянальнага адраджэння, у працэсе, у які яны ўступілі каля 30 гадоў таму і які быў пазначаны вялікімі гістарычнымі канцэпцыямі, заснаванымі на прыцягальнасці далёкіх падзей і гістарычных традыцый, апранутых у залатыя шаты легенд і прыгожыя нацыянальныя лозунгі, а ў беларусаў аналагічны працэс пачаўся ў больш спрыяльных сацыяльных і культурных умовах, у перыяд свабоды прэсы і большага ўзрушэння сялянскай масы пасля рэвалюцыі. Ад самага пачатку беларускі рух развіваўся больш паслядоўна, пад непасрэдным кантролем самога народа, развіваўся ён як рух перш за ўсё сацыяльны. Не лёгка ўбачыць у ім якую-небудзь нацыянальную нянавісць, але праз гэты грамадскі рух, без сумневу, можна ўбачыць, як у беларусаў расце жаданне фармаваць сваю культуру на ўласных ментальных падмурках і ўсведамляць сваю культурна-гістарычную адметнасць.

Безумоўна, шляхі развіцця руху ідуць праз трывалы пасіўны супраціў інерцыі, з-за якой кожны новы рух мусіць з цяжкасцю прабіваць сабе дарогу. А яшчэ ёсць цяжкія палітычныя ўмовы, як агульныя, гэтак і спецыфічныя, якія для беларусаў вынікаюць з іх нацыянальнага сваяцтва з Расіяй, і з-за гэтага сваяцтва на беларусаў сёння ўздзейнічае моцны сёння рускі нацыяналізм.

Гэты рух, самым выдатным выразнікам і чыннікам якога з'яўляецца "Наша Ніва", як грамадскі рух сялянскай дэмакратыі, відавочна, з дэмакратычнай кропкі гледзішча з'яўляецца станоўчай з'явай для развіцця края. Бо сялянская маса пачынае ўсведамляць свае грамадскія патрэбы, адыходзіць ад ідэалагічнай немачы і інерцыі і сістэматычна пачынае браць у свае рукі стырно кіравання сваімі справамі і сваім развіццём.

Таксама не варта здзіўляцца, калі кансерватыўныя накірункі і арганізацыі, для якіх развіццё дэмакратыі з'яўляецца непажаданай з'явай, па-нядобраму глядзяць і выказваюць шэраг прэтэнзій да такога руху. Ва ўмовах палітычнай свабоды яны маюць на гэта поўнае права, бо кансерватыўныя плыні неабходны ў кожным грамадстве дзе яны выконваюць ролю рэгулятара прагрэсу. Цяжка чакаць, каб клерыкальныя ці класічныя абшарніцкія выданні прыхільна ставіліся да дэмакратыі і паважалі палітычны рух за яго дэмакратычны характар, як нельга патрабаваць ад выданняў, якія паразітуюць на сённяшняй дзяржаве, такія як газеты сп.сп. Саланевічаў ці Скрынчанкаў [2], каб яны прызналі нацыянальныя ідэі "чужынцаў" і такім чынам добраахвотна выпусцілі са сваіх рук панаванне ў краі. Але адна справа - змагацца з рухам і выкрываць яго праз яго сапраўдныя рысы, і зусім іншая - дзейнічаць праз інсінуацыі і фабрыкаваць абвінавачванні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Такім улюбёным палемічным пытаннем, з-за якога звычайна агідна крытыкуюць ці выкрываюць які-небудзь рух, з'яўляецца нацыянальнае пытанне. У атмасферы нацыяналізму аргументы супраць яго знайсці не цяжка. Бо нацыянальныя пачуцці, якія з вялікім піетызмам шануюцца ў нашым сэрцы, увесь час падлягаюць праследаванню, здзеку і знявазе і таму, у якасці аднаго з найбольш эфектыўных інструментаў барацьбы з гэтым гвалтам, яшчэ пры нашых дзядах нашы нацыянальныя пачуцці абвастрыліся да такой ступені ўразлівасці, што пры найменшым, нават выпадковым дотыку да іх, яны нам баляць, і гэты боль выклікае інтуітыўную рэакцыю. Таму гэтая зброя мае максімальную эфектыўнасць у змаганні з чымсьці ці з кімсьці, нават калі няма аргументаў або калі вы нават не жадаеце па-сапраўднаму іх прыводзіць.

І менавіта такім чынам "Kurjer Litewski" вёў палеміку, ці дакладней кампанію, супраць "Нашай Нівы". У шэрагу палемічных артыкулаў, "Kurjer" абвінавачваў яе ў пашырэнні нянавісці да палякаў, у відавочнай антыпольскай прапагандзе і, нарэшце, у нібыта прыхаваным саюзе ці "entente cordiale" [3] паміж накірункам "Нашай Нівы" і антыпольскай прагнасцю рускіх нацыяналістаў, такіх як сп. Саланевіч і інш., якія, як вядома, з'яўляюцца найбольш варожымі і бязлітаснымі ворагамі беларускага руху.

Рэзкія і вельмі важныя для польскай думкі абвінавачванні. Але на чым яны заснаваныя і наколькі апраўданыя?

Вось галоўныя грахі "Нашай Нівы", з-за якіх, паводле "Kurjera", пайшлі ўсе гэтыя абвінавачванні:

- "Наша Ніва" заднім чыслом не ўхваляе пазіцыю Пражскага славянскага з'езда [4] колькігадовай даўніны, на якім не было ўкраінцаў і беларусаў і на якім ўкраінцаў і беларусаў не прызналі асобнымі нацыянальнымі адзінкамі, што вядома, з'яўляецца цяжкай крыўдай, якая балюча ўспрымаецца беларусамі і імі ставіцца ў віну рускім, польскім і чэшскім дэлегатам з'езда. Гэта першы грэх "Нашай Нівы". Ці вінаватая ў гэтым польская дэлегацыя, трэба яшчэ высветліць, але факт застаецца фактам - сваім удзелам у з'ездзе, сваёй згодай ці адсутнасцю пратэсту з яе боку, польская дэлегацыя санкцыянавала гэткае стаўленне да беларусаў. Але "дзе грошы, а дзе лес?" Ці польская дэлегацыя ў Празе, ці нават тыя рэакцыйныя палітыкі, якіх яна прадстаўляла там - гэта польская нацыя? Ці польская дэмакратыя мае дачыненне да гэтай славутай пражскай дэлегацыі? Якія былі паўнамоцтвы ў польскай дэлегацыі ў Празе, калі яна раілася са сп. Бобрынскім [5] et tutti duanti [6]? І чаму абвінавачванні ў бок гэтай дэлегацыі і груп, якія яна мела гонар прадстаўляць, трэба разглядаць як антыпольскую акцыю? Тым больш, чаму негатыў у адносінах да гэтай дэлегацыі можа стаць падставай да абвінавачвання беларускага руху ў таемных хаўрусах з ворагамі палякаў з кола расійскіх нацыяналістаў, якія пануюць у краі?

Што тычыцца закідаў у хаўрусе з рускімі нацыяналістамі, то гэта можа больш адносіцца да удзельнікаў Пражскага кангрэсу, чым да іх апанентаў. І сапраўды, чэрпаць аргументы з Пражскага кангрэсу ў абарону нацыянальных інтарэсаў і пачуццяў на Хелмшчыне, у заходніх землях і г. д., раўназначна здзеку. Пражскаму кангрэсу ў лепшым выпадку можна дараваць яго памылкі, але ён не можа служыць нагодай для пахвалы ці абароны нацыянальнага гонару, а таксама доказам антыпольскай кампаніі "Нашай Нівы".

- У чым другі грэх "Нашай Нівы"? - Яна вось патрабуе беларускую мову ў касцёлах. Не адмаўляю, што гэта вельмі складанае пытанне, якое патрабуе ўважлівага і тактоўнага абмеркавання. Ведаю, што рускія нацыяналісты і правыя з лагера сп.сп. Саланевічаў і Кавалюкоў, пад выглядам народнай мовы ў каталіцкім дадатковым набажэнстве, прагнуць прымусіць да рускай мовы і зрабіць касцёл прыладай русіфікацыі беларусаў. Праваслаўныя ж святары ідуць далей і жадаюць скарыстаць гэтую тэндэнцыю на карысць не толькі русіфікацыі, але і праваслаўя. Ці можна, урэшце, вінаваціць беларусаў з "Нашай Нівы" ў чужых намерах, якія падставы ёсць падазраваць іх у гэтым?

Беларуская "Наша Ніва" ставіць моўную справу публічна, а менавіта зыходзіць толькі з патрэбаў народу, бо гаворка ідзе, відочна, пра беларускую мову - мову народа. А маўклівы хаўрус з агітацыяй Саланевічаў і Кавалюкоў трэба даказваць аргументамі, інакш, зважаючы на ўсю дзейнасць гэтага выдання і істотныя рысы беларускага руху, гэта ёсць альбо свядомы паклёп, альбо легкадумнасць, чаго добрасумленныя публіцысты не павінны дапускаць.

Ачарненне беларускага нацыянальнага руху шляхам абвінавачвання ў нібыта антыпольскіх тэндэнцыях, якія чэрпаюцца або з крытыкі польскай дэлегацыі ў Празе, або з патрабавання беларускай мовы ў касцёле, павінна быць спынена дэмакратычнай прэсай. Можна турбавацца аб неадкладным увядзенні гэтай мовы ў касцёл у сучасных палітычных умовах, але не трэба абвінавачваць беларусаў у тэндэнцыях, якіх няма.

Ва ўсялякім разе, той жа "Kurjer" без усялякіх агаворак, перадрукаваў артыкул "Non possumus" [7] з "Dwutygodnika Djecezjalnego", у якім выказваецца правільны прынцып (фактычна супадаючы з прынцыпам "Нашай Нівы"), што беларускую мову, калі яе патрабуюць парафіяне, трэба ўключаць у дадатковую службу і гэтым пацвердзіў пазіцыю "Нашай Нівы". Бо абмеркаванне гэтага пытання на старонках беларускай газеты - г. зн. у органе таго самага народа, чыя воля была прызнана вырашальнай, не ёсць нічым іншым, як прымяненнем вышэйзгаданага прынцыпу? Ці можна выказаць прынцып, што воля народа павінны вырашыць гэтае пытанне і адначасова забараніць казаць пра гэта? Тут маецца відочная супярэчнасць.

"Kurjer Litewski" (артыкул у № 108 гэтага года), імкнучыся давесці чытачам думку аб тоеснасці памкненняў "Нашай Нівы" з марамі сп.сп. Кавалюкоў, цытуе паказальныя для яго кавалкі з ліста ў газету нібыта беларускага народнага карэспандэнта. Як пазней высветлілася, гэты ліст насамрэч не быў лістом ад карэспандэнта, а быў ананімнай паперкай, напісанай нейкім спадаром, які раней пісаў у польскія часопісы розных накірункаў - гэты спадар не быў і не ёсць беларусам. І аўтар "Kurjera" добрасумленна карыстаўся гэтым лістом, не ведаючы, што мае справу з ананімным пасквілем, напісаным падробным беларусам.

Варта таксама задумацца, ці робіць "Kurjer Litewski" добрую паслугу польскасці, апранаючы сваю кампанію супраць беларусаў у польскае адзенне? Гэта можа стаць эфектыўным прыніжэннем беларускага руху і яго газеты. Але "acta manent" [8]. У народнай памяці беларусаў, якія ў такіх цяжкіх умовах уздымаюцца на нацыянальнага жыцця, школа якую ім учыняе "Kurjer" сваімі абвінавачваннямі, атаясамліваюцца з польскім народам. "Kurjer" спрабуе выступіць у гэтай справе выразнікам нацыянальных інтарэсаў але злоўжыванне дабротамі як і накладанне нацыянальнай анафемы тымі, хто не мае на гэта права, помсціць не толькі ім але і міжнацыянальным дачыненням. […]

Здаецца мне, што адпаведным сродкам стрымлівання палемікі ў прэсе і адначасова спосабам падпарадкавання яе патрабаванням этыкі з мэтай прадухілення шкоднай сваволі ў нацыянальных спрэчках, было б стварэнне Віленскага таварыства літаратараў і журналістаў. Пры такім таварыстве, якое, акрамя ўзаемадапамогі і іншых функцый прафесійнай арганізацыі, павінна было б мець і ганаровы літаратурна-прэсавы суд. Таксама трэба было б стварыць аддзел па справах нацыянальнасцяў. Такое таварыства ў нас павінна было б мець нацыянальныя аддзелы - а менавіта на польскі, летувіскі, беларускі, рускі і яўрэйскі.

Не сумняваюся, што рэалізацыя гэтага праекта па многіх прычынах з'яўляецца вельмі складанай, але я лічу яго вельмі своечасовым. Сёння наша прэса знаходзіцца ў поўным разбурэнні, і адзінае, што выратоўвае нас ад краху літаратурных і журналісцкіх традыцый, гэта тое, і мы павінны гэта прызнаць, што наш друк уключае ў сябе шмат ідэйнага элементу.

Römer Michał. Prasa wileńska // Pregląd Wileński. 1912. № 22. S. 3-6.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] "Lietuvos ūkininkas" ("Літоўскі гаспадар") - штотыднёвая літоўская газета. Выходзіла ў Вільні з 1 (14) снежня 1905 да 16 (29) ліпеня 1915 і з 23 лістапада па 25 снежня 1918. - Л. Л.

[2] Пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гг. актывізавалася правая, чарнасоценная частка палітычнага спектру Беларусі. У такіх выданнях, як "Виленский вестник", "Минское слово", "Окраины России", "Крестьянин", актыўна супрацоўнічалі Д. Скрынчанка, С. Кавалюк, Л. Саланевіч і інш. Гэтыя выданні наўпрост субсідзіраваліся ўладай. Іх ідэйна-палітычным крэда быў лозунг "Расія для рускіх, і рускія павінны ёю кіраваць". Таму яны актыўна змагаліся супраць усіх палітычных сіл, якія стаялі на пазіцыях самавызначэння народаў і их аўтаноміі. Беларусь яны лічылі "спрадвечна рускім краем". Існаванне беларускай нацыі не прымалася, а беларусы прыпісваліся да вялікаросаў. З асаблівай сілай яны настроіліся супраць беларускага нацыянальнага руху і яго ідэйна-палітычнага натхняльніка - газеты "Наша ніва". - Л. Л.

[3] Entente cordiale (фр.) - сардэчная згода, тут гульня словамі, гэтак жа зваўся франка-англа-рускі саюз, так званая "Антанта" (Entente), якое ў прэсе таксама звалася "Сардэчнай згодай", такім чынам сэнс абвінавачвання ў "Антанце паміж рускімі і беларусамі". - Л. Л.

[4] Першы з'езд неаславістаў у Празе адбыўся з 30 чэрвеня па 5 ліпеня 1908 г., ён складаўся з амаль што 80 дэлегатаў. Былі прадстаўлены сем народаў: балгары, палякі, рускія, славенцы, чэхі, сербы і харваты. Найбольш шматлікай была руская дэлегацыя. Прэзідыум з'езда складаўся са старшыні чэха К. Крамаржа, шасці намеснікаў старшыні і сямі сакратароў - па аднаму ад кожнай з прысутных народнасцей. Усе пытанні спачатку абмяркоўваліся ў дэлегацыях, а потым прымалася канчатковае рашэнне з'езда. Удзельнікі мелі права прадстаўляць сваю пазіцыю на роднай мове, а галоўныя палажэнні і рэзалюцыі перакладаліся на рускую, польскую і чэшскую мовы. Мовай міжславянскіх зносін абвяшчалася руская мова. Беларусы нават не атрымалі запрашэнне на з'езд. Не прысутнічала і ўкраінская дэлегацыя, якая сама адмовілася ехаць у Прагу. Прычынамі адмовы былі: неўключэнне ў праграму з'езда пытання аб адносінах украінцаў да рускіх і палякаў; непрызнанне славянскай племянной салідарнасці, накіраванай супраць германізму, і незапрашэнне беларусаў. - Л. Л.

[5] Маецца на ўвазе Аляксей Аляксандравіч Бобрынскі (1852-1927), археолаг, палітычны і дзяржаўны дзеяч, рускі нацыяналіст і лідар неаславянскага руху ў Расіі, прапраўнук імператрыцы Кацярыны ІІ і яе фаварыта Г. Арлова. - Л. Л.

[6] Et tutti duanti (італ.) - і ўсімі гэтымі. - Л. Л.

[7] Non possumus (лац.) - не можам. - Л. Л.

[8] Acta manent (лац.) - дакументы застаюцца. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX