Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Беларусь абуджаецца... 


Аўтар: Янкоўскі Чэслаў,
Дадана: 29-12-2026,
Крыніца: Янкоўскі Чэслаў. Беларусь абуджаецца... // Наша слова.pdf № 29 (238), 21 кастрычніка 2026.

Спампаваць




Ад перакладчыка: Чытача не павінна бянтэжыць тое, што ў рэаліях 1918 года для Янкоўскага ўсе рыма-католікі - палякі.

Гэта было даўно, вельмі даўно. Да вайны!... Добрых сямнаццаць гадоў таму.

Па велізарных прасторах царскай Расіі велізарная бюракратычная армія ўсемагутнага міністра Сіпягіна палявала на "крамолу" з ахвотай і пышнасцю магнацкіх аблаў. Яшчэ моцна трымаліся путы падзелаў. Сам фон Плеве "зацягваў повязі", якія звязвалі Фінляндыю з імперыяй, і неўзабаве ён змяніў Сіпягіна ля руля пачварнай дзяржавы. Абмяжоўваліся непакорлівыя "земствы". Вялікадзяржаўны стан Расіі пранізваў увесь свет. Саюз з Францыяй быў у поўным росквіце, балканскі вулкан яшчэ толькі дыміўся па прыгожых мантыях імператараў Расіі і Аўстра-Венгрыі, тэлеграма Мікалая II спыніла грэка-турэцкую вайну... Японскія гарматы яшчэ не стралялі па Ялу і Чэмульпо. Эмігранцкія дактрыны і прапаганда Пляханавых, Леніных і Чарновых яшчэ толькі пачалі пранікаць у сялянскія і пралетарскія масы. Так званыя нацыянальныя рухі ледзь падавалі знакі жыцця. Літоўскага пытання практычна не існавала, газета "Аўшра" толькі прамільгнула, бліснула і згасла, з прускай Літвы даносіўся голас "Вапраса", як гук далёкага звона [1]. Беларускія "чытанкі" толькі-толькі праніклі ў прагныя розумы дзясятка менскіх гімназістаў, а надзвычай рэдкія асобнікі "Дудкі" Багушэвіча на Дняпры, Дзвіне і Прыпяці ці шанаваліся з сімпатыяй, ці выклікалі здзіўленае пацісканне плячамі.

Але так, як вясной ралля нібы ўздымаецца і траціць зімовую мёртвасць, гэтак жа ўздымалася і неабсяжная беларуская этнаграфічная тэрыторыя. Пранізлівыя вочы людзей, якія глыбока і тонка адчувалі "мясцовыя ўмовы", ужо бачылі, што з'явілася расколіна, праз якую рана ці позна мусіў прайсці жыватворны імператыў моцы, які ўздоўж этнаграфічнай мяжы адштурхоўваў Беларусь ад магутнай масы расійскага дзяржаўнага калоса.

Адным з гэтых людзей быў, перш за ўсё, Эдвард Вайніловіч, законны прадстаўнік Беларусі, чалавек невычэрпных заслуг ва ўсіх грамадскіх справах Міншчыны, патрыярх мясцовых землеўладальнікаў, годны і адданы сваёй справе земляроб, уладальнік значных маёнткаў пад Слуцкам, шматгадовы знакаміты старшыня Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, першакласны арганізацыйны талент з жалезнай энергіяй і патрыярхальным самаўладдзем, тыповы "шляхціц на загродзе", які спалучае каталіцкі запал, ганарлівую пыхлівасць і недвухсэнсоўныя амбіцыі алігарха старых часоў. Абраны ў 1906 годзе ў Дзяржаўную раду ад Менскай губерні, ён не адчуваў сябе дастаткова ўпэўнена на гэтай вялікай арэне і не прыняў прапанаваную яму пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі ў першым паўпарламенцкім кабінеце і вярнуўся, як Цынцынат, да плуга. Сёння яму 70 гадоў, "дзеячу" не дзяржаўнаму, а par excellence - краёваму.

Ужо ў 1901 годзе, падчас памятнай, уражлівай сельскагаспадарчай выставы - чыста польскай! - у Мінску, Вайніловіч выразна адчуваў набліжэнне моманту, калі Беларусь апынецца на пераломным моманце гісторыі...

* * *

Сямнаццаць гадоў праляцелі неверагодна хутка! У імгненне вока паспела беларускае пытанне, як плод раптоўна і нядбайна выстаўлены на занадта моцнае сонца, перш за тое, як ён паспеў належным чынам развіцца. Рос ненармальна - спачатку спёкся, так бы мовіць, у гарачыні нямецкага наступу, а потым ва ўсерасійскай рэвалюцыі. І раскалоўся напалову.

Вялікі, пераможны нямецкі наступ восенню 1915 года ўварваўся ў Беларусь. Штаб-кватэра найстарэйшых і найбольш актыўных дзеячаў беларускай нацыянальнай эмансіпацыі знаходзілася ў Вільні. У Вільні, яшчэ ў "вольны" 1906 год, пачало выходзіць першае ў Расіі беларускае выданне "Наша Ніва". Нямецкія акупацыйныя ўлады, увайшоўшы ў Вільню, праявілі шчодрую прыхільнасць да беларускага нацыянальнага руху - беларускім школам дадзена поўная свабода, было дазволена выдаваць новую беларускую газету "Гоман", афіцыйна заяўлена, што "ў басейнах рэк Дзвіны і Нёмана прачынаецца да новага нацыянальнага жыцця старажытны народ са сваёй мовай і культурай - беларусы", і, нарэшце, было загадана, каб у афіцыйнай мове замест цяперашніх назваў: Weissrussen і Weissrussland выкарыстоўваліся назвы: Weissruthenen і Weissruthenien.

Аднак этнаграфічная тэрыторыя беларускага народа, якая налічвае прыблізна 8-9 мільёнаў "душ", вельмі вялікая. Яна цягнецца ад Беластока да Смаленска і ад Даўгаўпілса да Чарнігава. Пад нямецкай акупацыяй знаходзілася толькі вузкая паласа этнаграфічнай Беларусі з напалову польскімі паветамі Гарадзенскай губерні, а таксама польскім горадам Вільняй і польскім сельскім насельніцтвам, якое акружала яго з захаду. Таму не дзіўна, што як толькі ўпаў бюракратычны і русіфікатарскі расійскі царызм, у сакавіку 1917 года ў Менску сабраўся агульны з'езд, ці беларускі сойм, які абвясціў аўтаномію ўсёй Беларусі ў яе этнаграфічных межах і абраў Беларускі нацыянальны камітэт з 53 чальцоў у якасці свайго пастаяннага выканаўчага прадстаўніцтва.

І здарылася нешта незвычайнае, але характэрнае. Беларусаў як у Вільні, так і ў Менску, узначалілі карэнныя палякі. У Вільні - пан Антоні Луцкевіч і пан Вацлаў Ластоўскі, сын лекара-землеўладальніка з Крэва, што на Ашмяншчыне. У Менску старшынём вышэйзгаданага Беларускага нацыянальнага камітэта стаў пан Раман Скірмунт - вядомая і выбітная асоба.

Пан Раман Скірмунт, якому зараз 49 гадоў, паходзіць са старажытнага роду са шматлікімі сямейнымі гнёздамі на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Нарадзіўся ў спадчынным маёнтку Парэчча, недалёка ад Пінска, дзе цяпер займаецца гаспадаркай [2]. Ён мае нямецкую адукацыю. Парэчча, з яго знакамітай фабрыкай сукна, да нядаўняга часу было моцным прамысловым паселішчам, і таму спадчыннік Парэчча выдатна разбіраецца не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў эканамічных пытаннях, нейкі час ён быў віца-прэзідэнтам Менскага сельскагаспадарчага таварыства. Глыбока і ўсебакова адукаваны, ён мае незвычайную сілу духу, грамадзянскую адвагу і вялікую працавітасць. Быў дэпутатам ад Менскай губерні ў першай Думе, дзе яго смелая прамова з крытыкай "трудавікоў" зрабіла вялікае ўражанне, і ў Дзяржаўнай радзе, з якой ён выйшаў у адстаўку. Па сваіх перакананнях і тэмпераменце ён англійскі торы. У грамадскае жыццё яго ўвёў пан Эдвард Вайніловіч, яго і Вайніловіча звязвае не толькі даўняе сяброўства, але і духоўнае сваяцтва. Можна сказаць, што Раман Скірмунт шмат у чым з'яўляецца прадаўжальнікам грамадскай і грамадзянскай дзейнасці, спадчыннікам ідэй і пачуццяў Нестара менскай абшарніцкай шляхты.

Берасцейская мірная лінія была праведзена на карце Усходняй Еўропы. Што ў ёй найбольш уражвае? Перш за ўсё тое, што яна не зусім супадала з лініяй нямецка-расійскага ваеннага фронту.

Чаму?

Давайце на Берасцейскай мірнай лініі пашукаем горад Друя. Тут сыходзяцца тры этнаграфічныя дзяржавы: латышская (у Курляндскай губерні), літоўская (у Езерскім павеце, Ковенскай губерні) і беларуская (у Віцебскай губерні). З гэтага пункта Берасцейская мірная лінія імкнецца да літоўска-беларускай этнаграфічнай мяжы. Яна праходзіць па ёй, старанна аддзяляючы раскіданыя літоўскія паселішчы ад беларускай этнаграфічнай масы. У Свянцянскім павеце, у Лынтупах пана Бішэўскага, у Ольшава пана Ал. Хамінскага, Шамятоўшчыне пана Бал. Скірмунта, Гярвятаў Дамейкаў, Варнянаў (да нядаўняга часу Снядэцкіх) і, нарэшце, у Ашмяне, дзе адразу за ракой Гаўя, уздоўж якой праходзіць лінія міру, няма ніводнай літоўскай вёскі.

Можа, я не буду занадта смела выказваць здагадку, што Берасцейская мірная лінія пайшла менавіта ў гэтым кірунку таму, што цэнтральныя дзяржавы старанна хацелі - у межах сваіх магчымасцей - аддзяліць усё беларускае пытанне ад Цэнтральнай Еўропы разам з этнаграфічнымі беларускімі землямі, пакінуўшы яго Расіі як унутраную расійскую справу. Больш за тое, мы ўжо маем перад сабой першы факт, які надта выразна пацвярджае гэтае меркаванне. На зварот Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску, падпісаны панамі Раманам Скірмунтам, Зянкевічам і Алексюком, накіраваны нямецкаму канцлеру з патрабаваннем палітычнай незалежнасці для ўсёй Беларусі ў яе этнаграфічных межах, уключаючы Вільню, Гародню, Беласток і Брэст-Літоўск, быў дадзены катэгарычна адмоўны адказ. "Нямецкі рэйх, - гаварылася ў тэлеграфным паведамленні з канцылярыі Вольфа, - абавязаўся не падтрымліваць ніякіх сепаратысцкіх тэндэнцый у Расіі".

Спакой. Нас зараз хвалюе не беларуская палітыка, а тое, што яе кіраўніцтва ўзначаліў карэнны паляк з цалкам цвярозым розумам і разважлівасцю, якая ніколі раней не ставілася пад сумнеў. Несумненна, у палітычных дзеяннях Беларусі ёсць польскі нацыянальны матыў. Які ён? Той самы, што і ва ўкраінскай палітыцы. Польскі элемент, які раней называўся "красовым", паверыўшы ў спрыяльную палітычную будучыню як для Украіны, так і для Беларусі, шукае ў лоне незалежнай Беларусі і незалежнай Украіны бяспекі і абароны сваіх нацыянальных і матэрыяльных інтарэсаў. Ён жадае захаваць і замацаваць іх у новых дзяржаўных утварэннях, ці нават проста ў шырока аўтаномных. Ён хоча жыць! Не пад сцягам бясконцага польскага ірэдэнтызму, а пад прыкрыццём краёвага, лаяльнага суграмадзянства. Гэтая, і ніякая іншая, польская нацыянальная палітычная думка была ўвасоблена ў прамове пана Яўхіма Барташэвіча "да братоў украінцаў" ля падножжа помніка Хмяльніцкаму ў Кіеве. Тая ж заклапочанасць польскай маёмасцю дыктавала прыняцце панам Раманам Скірмунтам пасады старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта - разам з усімі наступствамі гэтага кроку, якімі б горкімі ні былі яго кампрамісы, аж да апошняй адозвы (маецца на ўвазе абвяшчэнне БНР - Л. Л.). І асабліва гэта датычыць апошняй імперыялістычнай беларускай акцыі, якой кіраваў пан Раман Скірмунт, усё гэта занадта відавочна: амаль ліхаманкавыя ўцёкі польскага элементу і маёмасці з-пад патэнцыйных крылаў літоўскай дзяржаўнасці ці аўтаноміі ў беларускую дзяржаўнасць ці аўтаномію пад лозунгам: чым большая Беларусь, тым лепшая!

Czesław Jankowski. Białoruś budzi się... // Tygodnik Ilustrowany. 1918. № 15.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] "Auszra" ("Світанак"), выдавалася ў з 1883 па 1886 год, "Varpas" ("Звон") - таксама літоўскі нацыянальны часопіс, выдаваўся ў Тыльзіце.

[2] У сілу Брэсцкага дагавора Парэчча апынулася ў межах... Украіны!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX