Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Невядомыя падрабязнасці 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 13-08-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Невядомыя падрабязнасці // Наша Слова. № 32 (1495), 12 жніўня 2020.



Нядаўна памёр адзін з самых папулярных прадстаўнікоў старой перадваеннай Вільні - др. Юлій (Юліўш) Сумарок.

За яго труной ішла невялікая купка асоб, якія да гэтага часу яшчэ былі жывыя, якія ў часы рускага панавання працавалі разам з памерлым дзеля лепшай будучыні краю і яго сталіцы. Але ў натоўпе тых, хто прыйшоў на хаўтуры, былі і новыя людзі, якія аддавалі даніну павагі памёршаму за яго пасляваенную дзейнасць.

Пра гэты, апошні перыяд жыцця др. Сумарока гаварыць не будзем, бо паміж ім і нашым бокам існаваў тады сталы падзел. Але яго перадваенная дзейнасць амаль што невядома ў Вільні. Вось пра яе і прагнем напісаць.

Сярод той часткі рознамоўнай грамадскасці Вільні, якая мела вызвольныя імкненні, а шырэй - прытрымлівалася дэмакратычнай ідэі, перад Сусветнай вайной пачалася супольная праца па стварэнні супольных грамадскіх пляцовак для дапамогі кааперацыі, развіццю народных рамёстваў і мастацтваў і г. д. - усё гэта на грунце пашырэння краёвай ідэалогіі і дэмакратыі.

У пэўныя моманты мела месца цеснае супольнае польска-беларускае супрацоўніцтва. І менавіта гэтай супольнай працы (для большасці сучасных віленцаў гэта будзе дзівам!) аддаваў сябе нябожчык др. Юлій Сумарок.

Восенню 1912 г. за гістарычным столікам ў Зялёным Штралі [1], дзе кожны дзень збіраліся дэмакраты ўсіх народаў краю, паўстала думка стварэння польскай газеты, якая пашырала бы ідэі дэмакратыі і краёвасці. На гэтым паразумеліся палякі і беларусы. З польскага боку ў рэалізацыі гэтай думкі чынны ўдзел прымалі др. Юлій Сумарок, Юзаф Букоўскі і папулярны мастак Каміл Мацкевіч (Camillus). З беларускага - Іван і Антон Луцкевічы. Быў арганізаваны камітэт, які пачаў шукаць прыхільнікаў будучай газеты, гатовых дапамагчы грашыма. Хутка сабралі неабходную суму грошай, якіх ужо хапала, каб пачаць выдаваць газету з назвай "Краёвы Кур'ер" (Kurjer Krajowy). Скарбнікам абралі др. Юлія Сумарока, які праз пэўны час пачаў падпісваць газету як рэдактар і выдавец. Галоўным рэдактарам стаў Юзаф Манкоўскі, яму дапамагалі супрацоўнікі ў Вільні і правінцыі, якія часцей за ўсё, працавалі не за грошы. Палітычныя артыкулы пераважна пісаў Антон Луцкевіч. Хронікай займаўся Францішак Аляхновіч. Каміл Мацкевіч маляваў цікавыя карыкатуры на віленскіх дзеячаў, яго карыкатуры значна падвышалі папулярнасць газеты.

Др. Сумарок для сябе зарэзерваваў тэму гарадскіх спраў. Як гарадскі радны, ён бачыў гэтыя справы зблізку і сваім пяром кранаўся самых істотных балячак горада, выцягваў на свет усё, на што павінна была рэагаваць грамадскасць. З-за гэтага меў нямала прыкрасцяў і нарэшце мусіў зняць свой подпіс пад газетай. Гэтак бараніўся ад тых, хто жадаў схаваць свае справы ад гараджан

Газета адразу займела вялікую папулярнасць. Але падпіскі на пакрыццё выдаткаў не хапала. Таму мусілі прасіць дапамогі ў выдавецкай групы, а галоўным чынам у др. Сумарока. У самыя крытычныя моманты справу ратавалі векселі, якія падпісваў др. Сумарок, гэтыя паперы без праблем прымалі віленскія банкі.

Для характарыстыкі "Краёвага Кур'ера" і ідэйнага твару яго выдаўцоў, прывядзём крэда газеты, якое было надрукаванае ў першым нумары ад 8 (21) лістапада 1912 г.: "Чытачам. Мы перажываем хвіліны, якія могуць выклікаць глыбокі пералом ў жыцці нашага краю. Хмары, горшыя за ваенныя, збіраюцца над нашым гарызонтам: на зямлі, дзе жыве столькі народаў, з кожным днём пашыраюцца спрэчкі і бойкі.

У гарады і мястэчкі, у двары і сялянскія хаты ідзе найгоршы вораг народа - нацыяналізм. Ён нясе з сабой узаемную нянавісць і бойкі паміж сабой, пагражае стратай устойлівасці краю ад пасягальніцтва людзей, якія мараць пра тое, каб адкінуць усялякае пачуцце нашай асобнасці. […]

Супольная доля, супольныя патрэбы і жаданні, злучаюць розныя народы. Вызваленне з адвечнай беднасці - матэрыяльнай і духоўнай, гэтага цяжкага ярма на плячах народа - патрабуе дэмакратыі. Праца для народа і праз народ, творчая праца ў згодзе - вось дарога да вызвалення.

У краі, дзе разам з летувісам жыве паляк, каля беларуса - яўрэй, у краі, лёсам пазбаўленым вольнага развіцця, няма месца на ўнутраны разлад. …"

Вышэйзгаданых мэтаў трымаўся "Краёвы Кур'ер" увесь час свайго існавання, якое закончылася з пачаткам вайны. У складзе рэдакцыі адбываліся пэўныя змены. Пасля Манкоўскага, у 1914 г., кіраўніцтва газеты ўзяў Ежы Янкоўскі (Ежы Шум). Яго праца закончылася з-за цяжкай, невылечнай хваробы. Але накірунак не змяніўся: дэмакратызм, шанаванне усіх народаў і адраджэнне іх культур, адносіны на тэрыторыі ВКЛ, як да сваёй бацькаўшчыны - мэты гэтыя на працягу некалькіх гадоў існавання газеты былі галоўнымі ў артыкулах розных аўтараў - як польскіх гэтак і беларускіх.

На гэтым жа грунце цвёрда стаяў адзін з чынных заснавальнікаў і кіраўнікоў газеты - др. Юлій Сумарок, які прычыніўся да развіцця "сваёй газеты" як пяром, гэтак і грашыма.

Af [Антон Луцкевіч]. Nieznany szczegół // Pregląd Wileński. 1938, № 4-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Назва цукерні якую адчыніў Баляслаў Штраль па тагачаснай вуліцы Міцкевіча (зараз - Гедыміна), назва атрымала ад зялёнага колеру ў які былі пафарбаваны знутры яе сцены. Сп. Штраль таксама трымаў і кавярню "Чырвоны Штраль". У "Чырвоным Штралі" любілі бываць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, напрыклад Янка Купала і браты Луцкевічы. Ёсць меркаванне, што ў 1916 г. тут адбылася сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай ці Вялікага княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX