Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдаў 1-ю кнігу "Гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХІ ст." (У дзвюх кнігах.) Паколькі наклад ўсяго 700 асобнікаў, ды і кніга дарагая, прапануем нашым чытачам адзін з раздзелаў, прысвечаных БНР, каб быў зразумелы акадэмічны, а ў нашым выпадку дзяржаўны, погляд на БНР. У прадмове на ст 11, дарэчы, пазначана: "Гістарычная веліч беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР відавочна ўжо ў тым, што сама ідэя існавання нацыянальнай дзяржавы пасля БНР не знікла. Праз дзесяцігоддзі менавіта гэта ідэя знайшла ўвасабленне ў ідэі дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, якая па форме і па змесце паводле Канстытуцыі, з'яўляецца дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай."
5.5. БНР - гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння
БНР: выбар саюзнікаў . Пасля абвяшчэння незалежнасці перад Радаю БНР даволі востра паўстала пытанне знешнепалітычнай арыентацыі або выбару саюзнікаў. Першым актам, у якім вызначаліся асноўныя геапалітычныя задачы, што стаялі на той момант перад Радай БНР і Народным Сакратарыятам, была трэцяя Устаўная Грамата БНР. Рада БНР у гэтай грамаце выказала свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.
На момант абвяшчэння акта незалежнасці БНР спектр знешнепалітычнай арыентацыі розных палітычных сіл быў даволі шырокім. Разам з тым было відавочна, што ва ўмовах акупацыі магчымасць дзяржаваўтваральнай працы ў значнай меры залежала ад пазіцыі германскіх улад.
К. Езавітаў, які на той момант займаў пасаду народнага сакратара вайсковых спраў, характарызуючы палітычную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі ў сакавіку 1918 г., вылучаў у краі тры асноўныя плыні: 1) антынямецкую; 2) антыпольскую; 3) антыбальшавіцкую. Як і большасць прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага Сакратарыята, К. Езавітаў вясной 1918 г. падтрымліваў антыпольскую і антыбальшавіцкую плыні.
Пры гэтым ён быў перакананы ў тым, што германскія войскі не вечна застануцца ў краіне, а таму лічыў неабходным прыняць меры, каб абараніць яе пасля зыходу акупантаў ад нападу палякаў і бальшавікоў, і асабліва перасцерагаў ад верагоднай небяспекі з боку палякаў, падкрэсліваючы, што «польская плынь вялікая, трэба быць напагатове».
К. Езавітаў выступаў супраць антынямецкай плыні, аргументуючы тым, што паўстанне супраць германскіх акупантаў магло б прывесці да негатыўных наступстваў. На яго думку, акупацыйныя нямецкія ўлады маглі прывесці падмацаванне і «ачысцілі бы ўсю краіну ад усяго беларускага».
Акрамя таго, заклік да паўстання супраць германскіх акупантаў сапраўды мог выклікаць вяртанне бальшавікоў, якія, як вядома, арганізавалі супраціўленне акупантам пад лозунгам аб'яднання вызваленай ад нямецкай акупацыі тэрыторыі з Савецкай Расіяй. 3 вялікадзяржаўнай палітыкай бальшавіцкіх улад у асобе Аблвыкамзаху прадстаўнікам беларускага нацыянальнага руху ўжо даводзілася сутыкацца ў канцы 1917 - пачатку 1918 г., калі гвалтоўна быў разагнаны I Усебеларускі з'езд, і разлічваць на тое, што сутнасць іх палітыкі змянілася, падстаў не было. Разам з тым спробы наладзіць сувязі з антыгерманскай плынню Рада БНР рабіла, але, як сведчыць К. Езавітаў, без пэўных вынікаў.
Важным фактарам геапалітычнай сітуацыі з'яўлялася тая акалічнасць, што згодна з заключаным 26 лютага 1918 г. пагадненнем польскі корпус Доўбар-Мусніцкага перайшоў у падпарадкаванне немцаў і размяшчаўся ў Бабруйскім павеце. У выпадку антыгерманскага паўстання, арганізаванага Радай, легіянеры маглі б выступіць на баку Германіі, як гэта адбылося ў выпадку з антыбальшавіцкім выступленнем беларускага эскадрона ў Віцебску ў канцы 1917 г. Необходна было ўлічваць і той факт, што большасць памешчыкаў на той момант лічыла сябе палякамі і імкнулася да аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы з уключэннем у яе склад і беларускіх земляў.
Паланізацыя, а потым русіфікацыя на працягу некалькіх стагоддзяў у значнай ступені абумовіла спробы прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху шукаць саюзніка сярод неславянскіх народаў. Адзін з членаў Рады БНР Алесь Гарун у рэдакцыйным артыкуле газеты «Беларускі шлях» заклікаў беларускі народ «ісці сваёй дарогай», абапіраючыся ў дзяржавастваральнай працы на дапамогу «мацнейшага за нас неславянскага народа».
Кіраўнік Віленскай беларускай рады і ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР А. Луцкевіч адзначаў, што беларусы ўпершыню атрымалі падтрымку ў пытаннях развіцця нацыянальнай культуры ад нямецкіх уладаў, і падкрэсліваў, што гэта будзе служыць яшчэ адным фактарам, які звязваў беларускі край з цэнтральнымі дзяржавамі. Але гэта імкненне да захаду, паводле яго меркавання, не стасуецца з вырашэннем пытання будучыні беларускіх земляў на аснове анексіі іх Прусіяй або Германскай імперыяй. Акрамя таго, «беларусы, разумеючы, што далучэнне іх краю да таго ці іншага ваюючага боку будзе мець сваімі вынікамі яшчэ і ўскладанне на яго падаткаў дзеля пакрыцця ваенных расходаў, адзінай формай свайго палітычнага існавання, якая можа забяспечыць магчымасць гаспадарча-эканамічнага прагрэсу, лічаць палітычную незалежнасць». Менавіта такую лінію паводзін і падтрымлівалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, што ўваходзілі на той момант у склад Рады БНР. Прагерманскую пазіцыю Рады БНР падтрымлівалі і іншыя палітычныя сілы.
Напрыклад, «Мінскае беларускае прадстаўніцтва», якое было створана 25 лютага 1918 г. і аб'ядноўвала пераважна прадстаўнікоў духавенства, чыноўнікаў і землеўласнікаў, лічыла, што ў першую чаргу трэба праводзіць лінію на падтрыманне цеснай сувязі з вялікай цэнтральнай дзяржавай - Германіяй, якая, паводле іх думкі, адна толькі магла забяспечыць народу права на самавызначэнне, а таксама заклікала весці супольную працу з германскімі акупацыйнымі ўладамі, каб завесці новы парадак і дабрабыт краю.
Пры гэтым лідары «Мінскага прадстаўніцтва» выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і на момант абвяшчэння ўстаўных грамат фактычна знаходзіліся ў апазіцыі да Рады БНР і Народнага Сакратарыята.
Інстытуцыйныя нормы, замацаваныя ва ўстаўных граматах, па сваёй палітычнай сутнасці амаль цалкам супадалі са зместам Праекта Праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады, прынятым Петраградскай канферэнцыяй БСГ 4-6 чэрвеня 1917 г. У Праекце адзначалася, што БСГ клапоціцца пра ўвядзенне сацыялістычнага парадку.
Вырашэнне пытання знешнепалітычнай арыентацыі выклікала крызіс Рады БНР. Палітыкі, якія лічылі магчымым існаванне беларускіх земляў толькі ў складзе Расійскай дзяржавы, выступалі супраць незалежнасці БНР. Гэта былі ў асноўным прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання. Мясцовыя самаўправы, «выбраныя ў час расейскай рэвалюцыі, пры панаванні на Беларусі «ўсякіх «земгусарскіх» расейскіх партый, катэгарычна патрабавалі федэрацыі з Расіяй. Адзін з лідараў БНР М. Касцевіч падкрэсліваў, што прадстаўнікоў земстваў і гарадоў, якія ўваходзілі ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, цяжка назваць іначай як «таксама беларускімі». Шмат хто з іх, будучы беларусам па крыві, прыйшоў у «беларускі прэдпарламент з расейскай моваю, з расейскімі думкамі». Пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці БНР яны выйшлі са складу БНР. Пры гэтым спынілася і фінансаванне дзейнасці Рады БНР і Народнага Сакратарыята з боку земстваў.
Узаемадачыненні з германскімі акупацыйнымі ўладамі . Вядома, што незалежная дзяржава магла на законных падставах патрабаваць вываду замежных войскаў са сваёй тэрыторыі, вяртання незаконна захопленых зямель, прэтэндаваць на кампенсацыю страт, якія прынесла вайна беларускаму насельніцтву. Аднак дабіцца прызнання незалежнасці і адстойваць інтарэсы Беларусі як суб'екта міжнародных адносін было справай празмерна складанай. Улады Германіі аднесліся да акта ўтварэння Беларускай дзяржавы скептычна, бо лічылі беларускі нацыянальны рух недастаткова развітым і разглядалі беларускую праблему як магчымасць палітычнага гандлю з кіраўніцтвам РСФСР.
Рада БНР настойліва спрабавала дабіцца ад германскага ўрада прызнання дзяржаўнай незалежнасці. У пачатку красавіка 1918 г. Народны Сакратарыят даслаў мемарандум германскаму рэйхс-канцлеру, у якім паведамляў аб прыняцці Другой і Трэцяй устаўных грамат, прасіў прызнаць незалежнасць БНР, а таксама перагледзець тыя пункты Брэсцкага дагавора, якія датычаць Беларусі. У адказ на гэты мемарандум рэйхсканцлер паведаміў Народнаму Сакратарыяту Беларусі, што Берлін разглядае Беларусь як «частку Савецкай Расіі» ў адпаведнасці з Брэсцкім дагаворам самастойна вырашыць прызнанне БНР не можа.
На ўсе звароты да Германіі аб прызнанні дзяржаўнай незалежнасці Рада БНР нязменна атрымлівала адмоўны адказ. У адным выпадку германскія акупацыйныя ўлады спасылаліся на законы і правілы вайны, у адпаведнасці з якімі ўся паўната ўлады на акупіраванай тэрыторыі цалкам належыць акупантам, як гэта было адразу пасля захопу германскімі войскамі Мінска. У другім выпадку перашкодаю для прызнання незалежнасці БНР нямецкія ўлады называлі артыкулы Брэсцкага мірнага дагавора.
Неабходна адзначыць, што на старонках перыядычных германскіх выданняў, што выходзілі на акупіраванай тэрыторыі, выказваліся самыя розныя погляды на магчымы далейшы лёс беларускіх земляў. Напрыклад, у газеце «Ваенны веснік», якая выдавалася нямецкім камандаваннем у Вільні, прапаноўваўся праект стварэння пад апекаю Германіі вялікіх княстваў Полацкага і Смаленскага. У газеце «Возрождение» ў артыкуле «Германскія колы пра Доншчыну і Беларусь» найбольш дакладна адлюстроўвалася сутнасць геапалітычнай сітуацыі на той момант, а таксама адносіны нямецкага ўрада да вырашэння беларускага пытання. Было відавочна, што імкненне беларусаў да стварэння самастойнай дзяржавы не стасавалася з геапалітычнымі інтарэсамі, якія ставілі германскія акупацыйныя ўлады. Гэтаму супярэчыла сітуацыя, якая склалася пасля заключэння Брэсцкага дагавора, у выніку чаго «адна частка тэрыторыі, на якую прэтэндуе Мінская Рада, знаходзіцца ў межах іншай дзяржавы - Літвы, другая частка - у Расіі, трэцяя - у акупаванай германскай вобласці». Пры гэтым падкрэслівалася, што «Германіі даводзіцца не толькі стаяць на варце уласных інтарэсаў, што зусім натуральна, і па магчымасці пайсці насустрач усім, хто заключыў з ёю мір або ўступіў з ёю ў саюз».
У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР апынулася ў крызісным стане і 25 красавіка 1918 г. накіравала тэлеграмму да германскага кайзера Вільгельма. У тэлеграме Рада і Народны Сакратарыят дзякавалі за вызваленне Беларусі і прасілі дапамагчы ў стварэнні дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй. Тэлеграму, аўтарам якой быў Я. Варонка, падпісалі: Старшыня Рады Іван Серада, члены Рады Раман Скірмунт, Антон Аўсянік, Павел Аляксюк, Пётр Крычэўскі і Язэп Лёсік. Удзельнікі пасяджэння Рады БНР, на якім была прынята тэлеграма, пазней успаміналі, што ініцыятарам яе пасылкі быў Раман Скірмунт. Спачатку, усведамляючы магчымыя негатыўныя наступствы гэтага кроку, большасць Рады выступала супраць. Але пераканаўчымі падаліся прыклады Украіны і Літвы, незалежнасць якой германскі ўрад прызнаў 23 красавіка 1918 г., пасля таго як Літоўская Тарыба абвясціла Літву незалежнай дзяржавай, звязанай з Германіяй «вечным цвёрдым саюзам». У выніку за пасылку тэлеграмы прагаласавала 35 сяброў Рады БНР, супраць выказаліся 4 і столькі ж устрымаліся. В. Гадлеўскі, асэнсоўваючы наступствы і вынікі прыняцця тэлеграмы кайзеру Вільгельму, падкрэсліваў, што «высылка тэлеграмы была памылкай», але разам з тым гэта было «адной са шматлікіх спроб шукання выхаду з цяжкага становішча, у якім апынуўся тады беларускі народ».
Галоўнай мэтай такога няўдалага тактычнага кроку з боку Рады БНР было імкненне дабіцца прызнання абвешчанай дзяржаўнай незалежнасці з боку Германіі. Разам з тым прынятае Радаю рашэнне не магло не выклікаць вострага палітычнага крызісу і фактычнага распаду Народнага Сакратарыята. Выказваючы свой пратэст, са складу Рады выйшлі: Кашчанка, Макрэеў, Вайнштэйн, Гутман, Бялевіч і інш.
У выніку расколу БСГ узніклі тры новыя партыі: Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Члены кожнай з гэтых партый мелі свой погляд на вырашэнне геапалітычных праблем. Фактычнымі стваральнікамі БСДП былі В. Іваноўскі, I. Краскоўскі, А. Луцкевіч, I. Луцкевіч, Я. Лёсік, С. Рак-Міхайлоўскі і А. Смоліч. Абапіраючыся на ідэі К. Маркса, партыйныя лідары лічылі, што пераход да сацыялізму магчымы толькі ў краіне з высокім узроўнем развіцця эканомікі. Прызнаючы вучэнне аб класавай барацьбе, БСДП меркавала, што да сацыялізму можна прыйсці шляхам рэформ. Не адмаўляючы ідэі дыктатуры пралетарыяту, члены БСДП меркавалі, што ўстанаўленне палітычнай улады рабочага класа будзе магчыма толькі тады, калі ён складзе большасць насельніцтва і пераможа на дэмакратычных выбарах.
БСДП выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакратычнай рэспублікі. Галоўная геапалітычная мэта, якую ставіла гэтая партыя, - зрабіць беларускі народ паўнапраўным членам інтэрнацыянальнай сям'і. Члены БСДП былі ўпэўненыя ў тым, што вольны ад эксплуатацыі народ будзе выяўляць сваю творчасць у нацыянальных формах, а задачай сацыялізму з'яўляецца не знішчэнне нацыянальных асаблівасцей, а іх развіццё. Прагрэс, паводле іх пераканання, павінен весці не да асіміляцыі народаў, а да найвышэйшай формы іх згоднага жыцця, да працоўнага інтэрнацыянала.
Сацыял-дэмакраты былі гатовыя супрацоўнічаць з любой палітычнай сілай, што падтрымлівала ідэю незалежнасці БНР. Лідары БСДП лічылі, што дасягнуць сапраўднага суверэнітэту Беларусь у тагачасных умовах зможа толькі дзякуючы спрыяльнаму знешняму фактару - падтрымцы ўрадаў еўрапейскіх краін. Таму асноўныя свае намаганні ў 1918 г. партыйныя лідары накіравалі на тое, каб дабіцца юрыдычнага прызнання незалежнасці БНР з боку іншых дзяржаў. Але гэтыя намаганні не далі станоўчага выніку.
Ініцыятарам стварэння БПС-Р была група беларускіх палітычных дзеячаў на чале з Т. Грыбам і П. Бадуновай, якія былі незадаволены германскай арыентацыяй Рады Беларускай Народной Рэспублікі і пасля адпраўкі тэлеграмы ў красавіку 1918 г. заявілі пра сваю аўтаномію ў рамках БСГ. Прадстаўнікі групы выйшлі з Народнага сакратарыята БНР і ў маі 1918 г. заявілі аб стварэнні самастойнай партыі - БПС-Р. Кіруючае ядро партыі склалі выхадцы з БСГ: М. Асвяцімскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Л. Заяц, А. Карач, Я. Ладноў, Я. Мамонька, С. Некрашэвіч, Я. Трафімаў, Я. Чарапук, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш. У аснове тактыкі БПС-Р была праграма БСГ. У брашуры «Чаго дабіваецца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» (выдадзена ў чэрвені 1918 г.) ЦК БПС-Р, звяртаючыся да сялянскіх мас, заявіў, што ўпэўнены «ў перамозе беларускай рэвалюцыі» і таму ўступіў «у няроўны бой за свае народніцкія ідэалы, ідэалы рэвалюцыі і сацыялізму». ЦК БПС-Р заклікаў працоўных да актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы супраць «прыгнёту і самаўпраўства германскіх акупантаў, за ўстанаўленне сапраўднага народаўладдзя ў Беларусі». Партыя заявіла пра сваю сацыялістычную арыентацыю, пацвердзіла, што ўвядзенне сацыялістычнага парадку магчыма праз развіццё класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі, застаючыся пры гэтым выразнікам сялянскіх імкненняў беларускай вёскі. У нацыянальным пытанні БПС-Р адмовілася ад ідэі БСГ пра тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі і адназначна выказалася за ажыццяўленне права вольнага самавызначэння за ўсімі народамі былой царскай імперыі. Асноўныя законы і формы ўлады павінен быў вызначыць. Усебеларускі ўстаноўчы з'езд. Хоць партыя дапускала наладжванне федэратыўных адносін Беларусі з Расіяй, вырашэнне гэтага пытання яна разглядала ў кантэксце перамогі сусветнай рэвалюцыі і ўтварэння сусветнай федэрацыі.
У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А. Аўсянік, Я. Варонка, К. Езавітаў, В. Захарка, П. Крычэўскі, I. Серада, А. Цвікевіч і інш. У нацыянальным пытанні БПС-Ф падтрымлівала абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак палітычная лінія партыі не супадала ў нацыянальным пытанні з імкненнямі правага крыла беларускага палітычнага руху. Большая частка членаў ЦК БПС-Ф не падтрымлівала германскую арыентацыю Рады БНР і разам з эсэраўскай фракцыяй спрабавала змяніць яе палітычны курс.
У праграмнай заяве БПС-Ф адмовілася ад увядзення ў абсалют права нацый на самавызначэнне і не абсалютызавала незалежнасць БНР. У 1918 г. у яе праграмных дакументах праводзілася думка пра неабходнасць рэалізацыі канцэпцыі федэралізму, прынятай Усебеларускім з'ездам у 1917 г. у Мінску. Але абвешчаныя з'ездам палажэнні ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва былі падменены ЦК БПС-Ф ідэяй «федэрацыі з суседзямі».
На думку лідара партыі Цвікевіча, акт 25 сакавіка 1918 г. быў спробай «адмежавацца ад Вялікарасіі і яе неразумнага ўрада, аб'явіць сябе самастойнай дзяржавай і тым самым выратаваць будучае адзінага беларускага народа». Фракцыя БПС-Ф вымушана была часта блакіравацца з левым крылом Рады - беларускімі эсэрамі, якія патрабавалі ад апошняй адмовы ад нямецкай арыентацыі.
Тэрытарыяльнае самавызначэнне. Важным аспектам, які істотна ўплываў на магчымасць прызнання дзяржаўнай незалежнасці, было тэрытарыяльнае самавызначэнне, або вызначэнне межаў абвешчанай дзяржавы. Згодна з Трэцяй Устаўнай Граматай, Беларуская Народная Рэспубліка павінна «абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а ласьне Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Віленшчыны, Гародзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерній, заселеных беларусамі» .
Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, 29 сакавіка 1918 г., на пасяджэнні Рады БНР ствараецца камісія міжнародных спраў. Акрамя вырашэння бягучых пытанняў знешняй палітыкі дадзеная камісія займалася дэталёвым вызначэннем межаў БНР. У мемарыяле Народнага Сакратарыята БНР імперскаму Канцлеру Нямеччыны за 5 красавіка 1918 г. падкрэслівалася, што «беларускі народ жыве суцэльнаю масаю ў басейнах верхняга і сярэдняга Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны, займаючы тэрыторыю каля 300 тыс. км 2 з агульнай колькасцю насельніцтва да 15 млн». У агульных рысах былі акрэслены межы Беларусі: «ад Дзвінску на поўнач ломанай лініяй да чыгуначнай станцыі Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва амаль прамой лініяй, ад Ржэва мяжа ідзе ў паўднёва-заходнім кірунку на Бранск, - адтуль на Захад выгнутай лініяй на Ноўгарад-Северскі, Гарадню, вусце Прыпяці і далей уздоўж балот Прыпяці, Буга і Нарэва да Беластоку. Абыходзячы з захаду Беласток і мястэчка Харош, мяжа падымаецца на поўнач да Аўгустова і далей ідзе ломанай лініяй праз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Муснікі, Свянцяны і да Дзвінску. Горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі» . Паводле звестак, пададзеных у мемарыяле, на тэрыторыі Беларусі беларускае насельніцтва складае каля 75 % ад усёй колькасці, яўрэі - каля 10 % і 15 % - іншыя нацыянальнасьці, галоўным чынам палякі, велікарусы, літоўцы, украінцы і інш.
Для атрымання падрабязных (двухвёрставых і дзесяцівёрставых) карт Беларусі Народны Сакратарыят звяртаецца да галоўнакамандуючага германскімі войскамі на Беларусі. 7 мая 1918 г. прынята рашэнне стварыць пры Народным Сакратарыяце Камісію па вызначэнні межаў і стварэнні стратэгічнай карты Беларусі.
У камісіі былі задзейнічаны асобы, добра знаёмыя як з сакрэтнымі ваеннымі апісаннямі памежных раёнаў, так і з жыццём у гэтых раёнах. Перад камісіяй стаяла даволі складаная задача: высветліць з абсалютнаю дакладнасцю кожны ўчастак мяркуемай мяжы БНР, каб пры міжнароднай абароне яе інтарэсаў цвёрда ведаць, што можна патрабаваць, што прасіць і што можна саступіць у пытанні пра мяжу. У склад Камісіі былі запрошаны палкоўнікі Генштаба Дз. Бетхер, А. Брандт і А. Гоерц, палкоўнікі інжынерных войск I. Беніксан і Р. Янушкоўскі.
Камісія разгарнула сваю працу 5 чэрвеня 1918 г. Ужо 14 ліпеня 1918 г. газета «Вольная Беларусь» паведамляла, што Народны Сакратарыят Міжнародных спраў заканчваў падрыхтоўку падрабязнай карты Беларусі паводле этнаграфічнага, гістарычнага і дзяржаўнага прынцыпаў. Вызначэнне дзяржаўнай мяжы праводзілася на строгім навуковым грунце, на падставе даных этнаграфіі, статыстыкі, стратэгіі. I ўжо ў верасні 1918 г. рэдакцыя часопіса «Варта» падрыхтавала да выпуску новую карту Беларусі на беларускай мове ў двух выданнях: вялікую і памерам з паштоўку.
У пошуках міжнароднай падтрымкі . Для таго каб стаць паўнапраўным суб'ектам міжнароднай палітыкі, неабходна было атрымаць прызнанне незалежнасці абвешчанай дзяржаўнасці. Дзеля рэалізацыі гэтага Радай БНР была разгорнута актыўная дыпламатычная работа, правядзенню якой акупацыйная ўлады не чынілі істотных перашкод.
Добрыя ўзаемаадносіны былі наладжаны з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 г. урадам БНР была створана і накіравана ў Кіеў спецыяльная дэлегацыя (дыпламатычная місія) на чале з А. Цвікевічам. Знаходзячыся ў Кіеве, члены місіі сустракаліся са старшынём Украінскай Цэнтральнай Рады М. Грушэўскім і міністрам замежных спраў УНР А. Любінскім. У выніку ўкраінскі ўрад даў сваю згоду на стварэнне беларускай Ваеннай камісіі, якая мела на мэце фарміраванне беларускіх нацыянальных вайсковых частак на ўкраінскай тэрыторыі. У Кіеве былі створаны «Таварыства ўкраінска-беларускага збліжэння» і «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны». Украіна першай з замежных дзяржаў дэ-факта прызнала БНР. Так, 3 чэрвеня 1918 г. А. Квасніцкі быў прызначаны ўкраінскім консулам у Мінску, а 16 чэрвеня 1918 г. П. Трэмповіч узначаліў Беларускае консульства ў Кіеве. Акрамя Кіева, Беларускае консульства дзейнічала ў Адэсе. Яго ўзначаліў С. Некрашэвіч.
Самым складаным пытаннем ва ўзаемаадносінах УНР і БНР на працягу 1918 г. было пытанне ўстанаўлення беларуска-ўкраінскай мяжы. 19 і 20 красавіка адбыліся першыя пасяджэнні прадстаўнікоў урада БНР і УНР для разгляду справы ўстанаўлення мяжы паміж рэспублікамі. Дэлегацыя БНР прапаноўвала: «У аснову размежавання палажыць прынцып этнаграфічны, але ў цеснай сувязі з прынцыпам геаграфічным і эканамічным» . Як сведчаць архіўныя дакументы, перамовы па размежаванні ішлі вельмі складана. Урады БНР і УНР у канцы красавіка заключылі прэлімінарны дагавор, у якім пытанне пра канчатковае ўстанаўленне беларуска-ўкраінскай мяжы адкладвалася да заключэння адпаведнай дамовы паміж УНР і РСФСР. У маі 1918 г. на Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот і мірныя перамовы з РСФСР з 22 мая 1918 г. вёў урад гетмана Скарападскага. Рада БНР накіравала для вядзення перамоў аб беларуска-ўкраінскай мяжы Р. Скірмунта. Але яго дыпламатычная місія поспеху не мела.
Канчатковае ўрэгуляванне шэрага пытанняў двухбаковых узаемаадносін БНР і УНР залежала ў першую чаргу ад пазіцыі Германіі. Улетку 1918 г. геапалітычная сітуацыя для БНР яшчэ больш ускладнілася. Нямецкая газета «Kolne Zeitung» летам 1918 г. паведамляла пра тое, што Савецкі ўрад падаў нямецкаму ўраду сваю прапанову ў форме пажадання, каб нямецкі ўрад апрача ўжо прызнаных дзяржаў не прызнаваў ніякіх новых, якія б меліся яшчэ ўтварыцца на расейскай тэрыторыі. Статс-сакратар замежных спраў Германіі Хінцэ на нарадзе з прадстаўнікамі партый заявіў, што ён лічыць Брэсцкі дагавор за бясспрэчную аснову сваёй палітыкі на Усходзе. Гэтая пазіцыя нямецкага ўрада знайшла сваё лагічнае пацверджанне пры заключэнні 27 жніўня 1918 г. дадатковага дагавора паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Так, у артыкуле чацвёртым гэтага дагавора падкрэслівалася, што Нямеччына ні ў якім выпадку не будзе ўмешвацца ва ўзаемаадносіны паміж Расійскай дзяржавай і прыналежнымі ёй землямі. Акрамя таго, Германія абавязалася вывесці свае войскі на ўсход ад ракі Бярэзіна.
У сувязі з заключэннем дадатковага дагавора абвастрыліся спрэчкі. Так, у рэдакцыйным артыкуле «Гомана» адзначалася: «Нас рэжуць ізноў і ізноў - па берасцейскаму міру, па новай акупацыі, па апошняй дадатковай умове, па спадзяванай новай» . Рада БНР накіравала германскаму ўраду пратэст з нагоды заключэння дадатковага дагавора, але ніякага адказу на свой зварот не атрымала. Германія, як і Савецкая Расія, не была зацікаўленая ў існаванні беларускай дзяржавы.
Разам з тым, нягледзячы на неспрыяльныя знешнепалітычныя абставіны, Рада БНР настойліва імкнулася дасягнуць сваёй галоўнай мэты - дабіцца прызнання незалежнасці БНР на міжнароднай арэне. 18 кастрычніка 1918 г. надзвычайная дэлегацыя Рады БНР накіравала старшыні рэйхстага і рэйхсканцлеру Германіі чарговую ноту з просьбаю прызнаць дзяржаўную незалежнасць Беларусі. У ноце падкрэслівалася, што ў дадзены момант прызнанне Нямеччынай незалежнасці Беларусі з'яўляецца вельмі своечасовым і патрэбным і яно дыктуецца не толькі патрэбамі Беларусі, але і патрэбамі самой Нямеччыны. 20 кастрычніка 1918 г. у Берлін была накіравана спецыяльная дэлегацыя БНР, у склад якой уваходзілі Я. Лёсік, Р. Скірмунт, К. Савіч, I. Луцкевіч, Ш. Разэнбаўм з даручэннем дамагацца ад урада Германіі, якім кіраваў М. Бадэнскі, афіцыйнага прызнання незалежнасці Беларусі і дапамогі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання, а таксама арганізацыі ўзброеных сіл. Аднак згоды германскага ўрада атрымаць не ўдалося.
22 лістапада 1918 г. быў створаны чацвёрты па ліку ўрад БНР - Савет (Рада) Міністраў на чале з Антонам Луцкевічам. Асноўнай задачай урада былі абвешчаны будаўніцтва і абарона незалежнасці БНР. Новы ўрад абавязаўся дабівацца прызнання незалежнасці Беларусі і аб'яднання ўсіх беларускіх земляў і права голасу на мірнай канферэнцыі.
24 лістапада 1918 г. у Берлін выехала новая беларуская дэлегацыя, якая прывезла пасланне новаму германскаму ўраду - Цэнтральнаму Савету рабочых і салдат у Берліне, у якім выказвалі надзею на тое, што вольны нямецкі народ дапаможа беларускаму народу захаваць сваю свабоду і незалежнасць. Але і новы германскі ўрад праводзіў ранейшую палітыку ў пытанні самавызначэння беларусаў.
Без адказу застаўся і зварот Рады БНР да прэзідэнта ЗША В. Вільсана, накіраваны 20 кастрычніка 1918 г. У дакуменце падкрэслівалася: «просім выратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і ў гэтых мэтах цяпер жа да адыходу акупацыйнай арміі забяспечыць ёй знешнюю недатыкальнасць прызнаннем яе самастойнасці і незалежнасці і ўнутраную бяспеку перадачай у рукі Рады ўсёй паўнаты грамадзянскай улады ў краі» .
Не прынеслі рэальных вынікаў і спробы атрымаць прызнанне незалежнасці з боку ўрада Савецкай Расіі. У час перамоў у лістападзе 1918 г. прадстаўніка БНР Т. Грыба з наркамам па справах нацыянальнасцей РСФСР I. Сталіным не было дасягнута ўзаемаразумення. Між тым прадстаўнікі БНР працягвалі настойлівую міжнародную дзейнасць. У снежні 1918 г. урад БНР пераехаў з Мінска ў Гродна, а потым у Вільню. Менавіта з Вільні 14 снежня 1918 г. была накіравана Нота пратэсту Рады Міністраў БНР міністру замежных спраў Польскай Рэспублікі па прычыне ўключэння «этнаграфічных беларускіх тэрыторый (Беласточчыны і Бельшчыны) у склад Польшчы».
У 1918 г. па сутнасці і прадвызначалася будучыня беларускага народа. Зразумела, што дасягнуць рэальнай дзяржаўнай незалежнасці, калі на тэрыторыі краіны знаходзіцца акупацыйнае войска, было немагчыма. Ва ўмовах германскай акупацыі Рада БНР і Народны Сакратарыят з'яўляліся па сутнасці адзіным цэнтрам на Беларусі, які актыўна дзейнічаў і спрабаваў бараніць інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне, наколькі гэта было магчыма.
У якасці важнейшых геапалітычных задач сваёй дзейнасці Рада БНР вылучыла аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у адно цэлае і прызнанне незалежнасці БНР на міжнароднай арэне. Палітыкі БНР прыкладвалі намаганні, каб выкарыстаць прадстаўленыя магчымасці для практычнай рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці.
Абмежаваны ў сваёй дзейнасці даволі жорсткімі ўмовамі акупацыі і не маючы дастатковых фінансавых сродкаў і кваліфікаваных кадраў, урад БНР тым не менш дабіўся адносных поспехаў. У 1918 г. БНР атрымала фактычнае прызнанне з боку Украіны, наладзіла свае консульствы ў Савецкай Расіі, на Паўночным Каўказе, карысталася падтрымкай з боку Літвы і Латвіі.
Прадстаўнікі беларускіх рэвалюцыйна-дэмакратычных партый: БСДП, БПС-Р і БПС-Ф, пры рознасці палітычных поглядаў і падыходаў па вырашэнні пытанняў грамадска-палітычнага жыцця, паслядоўна імкнуліся да галоўнай мэты, якая іх аб'ядноўвала, а менавіта практычнай рэалізацыі ідэі дзяржаўнай незалежнасці БНР. Разам з тым, нягледзячы на ўсе намаганні, дабіцца юрыдычнага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі з боку дзяржаў, якія мелі на той час рэальны ўплыў на геапалітычную сітуацыю, урад і Рада БНР на працягу 1918 г. не змаглі. Беларусь у 1918 г. так і не стала паўнапраўным суб'ектам міжнародных адносін.