Трэцьцяе паседжаньне Рады Беларускае Народнае Рэспублікі адкрылася заявай старшыні Івана Серады пра тое, што на паседжаньні Рады прысутнічае дэлегацыя Віленскае Беларускае Рады ў складзе Антона Луцкевіча, Івана Луцкевіча, Янкі Станкевіча, Язэпа Туркевіча.
Рада Беларускае Народнае Рэспублікі вітала госьцяў воплескамі. Затым таварыш старшыні Язэп Варонка трымаў прамову, прысьвечаную значэньню Вільні ў гісторыі Беларускага нацыянальна-палітычнага адраджэньня ды заслугам заснавальнікаў белгфускага руху братоў Луцкевічаў.
"Беларусы! - сказаў прамоўца, - сёньня ў нас Пасха, сёньня зноў еднаюцца духоўна Вільня i Менск, душа i цела, сёньня Беларусь уваскрэсла!"
У адказ на прывітаньне Я.Варонкі старшыня Віленскае Беларускае Рады Антон Луцкевіч зрабіў грунтоўную справаздачу пра дзейнасьць беларускіх арганізацыяў на Віленшчыне i Горадзеншчыне, выклікаўшую шматлікія пытаньні ў прысутных, на якія дарагі госьць падрабязна адказаў.
Пасьля прамовы Антона Луцкевіча па прапанове Язэпа Варонкі Рада ўшанавала ўставаньнем памяць памершай у Вільні заснавальніцы Беларускае Сацыялістычнае Грамады Алёізы Пашкевіч-Цёткі, а затым фракцыя Беларускае Сацыялістычнае Грамады ўнесла на абмеркаваньне тэрміновую безадкладную прапанову пра абвяшчэньне Незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі. Прапанова гэта выклікала пратэст адной часткі Рады, але большасьцю галасоў была прынята.
Даклад пра становішча Беларусі ў сучасны момант i прычыны, неадкладна патрабуючых абвяшчэньня Незалежнасьці Народнае Рэспублікі, зрабіў старшыня фракцыі Беларускае Сацыялістычнае Грамады Аркадзь Смоліч.
Абмеркаваньні па дакладу пасьля перапынку працягваліся на працягу 10 гадзінаў. Выступілі 26 прамоўцаў з абодвух бакоў. Атмасфэра наэлектрызавалася. Наступіў вырашальны момант.
Рэзалюцыя, прапануемая "незалежнікамі" гучала: "Рада Беларускае Народнае Рэспублікі абвяшчае Рэспубліку незалежнай i пра што выдае адпаведную Грамату". Рэзалюцыя прынята абсалютнаю большасьцю галасоў, пры гэтым група Рады Рэспублікі, вылучаная Першым Усебеларускім зьездам (Рада зьезду) галасавала адзіцагалосца за незалежнасьць, а "гарадзкая група" ды прадстаўнікі Бунду - супраць гэтае рэзалюцыі, застаўшыся, аднак, у складзе Рады, земская-ж групоўка ў ліку 9 чалавек (п.п.Злобін, Ярашэвіч, Мацюш, Шыманскі, Жылінскі, Мілановіч ды інш.) пакінула Раду.
Рэзалюцыя пра Незалежнасьць Беларусі прынята ў 6 гадзінаў раніцы 25 сакавіка.
Рэзалюцыя "гарадзкой" групы, скасоўваўшая толькі Берасьцейскую мірную дамову, была адхілена.
Ад галасаваньня ўстрымаліся прадстаўнікі Аб'яднанае Жыдоўскае Сацыялістычнае Партыі (С.С.П. i C.Ж.P.П.) Паалей-Цыён'' ды caціял-pэвaлюцыянэpы.
Прыняцьцё рэзалюцыі Рада вітала гучнай авацыяй ды воклічамі:"Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!"
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 1-2.
Заўвагі ды камэнтары
У складзе віленскае дэлегацыі быў i Дамінік Сямашка (пазьней кіраўнік Міністэрства беларускіх справаў у Летуве), які, як сьведчыць А.Луцкевіч, даведаўшыся, што нямецкія акупацыйныя ўлады "скрыва паглядаюць на Раду Рэспублікі i Народны Сэкратарыят", пабаяўся прыйсьці на паседжаньне.
Пад г. зв. "гарадзкой групай" маюцца на ўвазе прадстаўнікі менскай гарадзкой думы ў Радзе БНР.
Бунд (Усеагульны жыдоўскі рабочы хаўрус), нацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расеі ды Украіны ў 1897-1923 гт. Напачатку 1918 г. бундаўцы былі кааптаваныя ў склад Рады ды Народнага сакратарыяту БНР. Пазьней прадстаўнікі гэтае арганізацыі ў адносінах да БНР сталі ў апазыцыю.
Пад "земскай групоўкай" маюцца на ўвазе прадстаўнікі Менскай губернскай земскай управы, якія напачатку 1918г. уваходзілі ў Раду БНР.
Маецца на ўвазе прапанаваная "гарадзкой групай" г. зв. "кампрамісная" рэзалюцыя, паводле якой скасоўваліся толькі палітычныя наступствы Берасьцейскае мірнае дамовы, што тычыліся падзелу беларускае тэрыторыі паміж Нямеччынай i Расеяй, i дзе ані слова не гаварылася пра незалежнасьць Беларусі.
Аб'яднаная жыдоўская сацыялістычная рабочая партыя, нацыянальная партыя сацыяліСтычнае арыентацыі, утвораная 17 ліпеня 1917 г. на аб'яднаным зьезьдзе Сацыялістычнай жыдоўскай рабочай партыі ды сыянісцка-сацыялістычнай партыі (СЖРП-ССП).
"Паалей-Цыён" ("Працаўнікі Сыёну"), сыянісцкія партыі ды арганізацыі левага кірунку ("пралетарскага сыянізму"), якія гуртавалі жыдоўскіх працаўнікоў вакол ідэі стварэньня незалежнай дзяржавы Ізраіль.
Маюцца на ўвазе сябры мясцовае філіі Расейскае партыі сацыял-рэвалюцыянэраў, якія выступалі супраць незалежнасьці Беларусі, высоўваючы ідэю "краёвай аўтаноміі" ў складзе Расеі, за што атрымалі назву "абласьнікі".