Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Рудовіч Станіслаў. Утварэнне кардынацыйнага цэнтру Беларускага нацыянальнага руху ў Менску (сакавік 1917 г.) 


Аўтар: Рудовіч Станіслаў,
Дадана: 20-09-2015,
Крыніца: Рудовіч Станіслаў. Утварэнне кардынацыйнага цэнтру Беларускага нацыянальнага руху ў Менску (сакавік 1917 г.) // Спадчына №3-1996. С. 16-33.



Калі на акупаванай германскімі войскамі тэрыторыі Беларусі ўжо напрыканцы 1915 г. у якасці калегіяльнага носьбіта беларускай ідэі дзейнічаў віленскі Беларускі народны камітэт - каардынацыйны орган беларускіх палітычных, грамадскіх i прафесійных арганізацыяў, то на ўсход ад лініі фронту да зрынання царызму не існавала палітычнага цэнтра, які б гуртаваў вакол сябе сілы нацыянальна-вызваленчага руху i выказваў інтарэсы беларускай нацыі як цэласнай сацыяльна-этнічнай супольнасці. На працягу першых двух з паловай ваенных гадоў беларускі нацыянальны рух у межах Расейскай імперыі фактычна знаходзіўся ў дэзарганізаваным стане: мабілізацыі ў войска, эвакуацыя многіх гаспадарчых, навучальных установаў, масавыя ўцёкі параскідалі ягоных актывістаў па розных кутках велізарнае краіны. Толькі ў некаторых гарадах - Петраградзе, Менску, Яраслаўлі, Казані ды інш. - дзейнічалі нешматлікія, амаль не звязаныя паміж сабою беларускія арганізацыі, створаныя дзеля дабрачыннай i культурна-асветнай працы сярод ураджэнцаў Беларусі, найперш уцекачоў. У гэтых арганізацыях, што з'яўляліся падчас вайны адзінымі дазволенымі асяродкамі беларускага руху, кулуарна абмяркоўваліся i праблемы палітыкі. Але адкрытае ix дыскутаванне ды вылучэнне палітычных патрабаванняў было немагчымае ў абмежаваных умовах самадзяржаўнага рэжыму, яшчэ больш звужаных абставінамі ваеннага часу.

Тым не менш ужо напрыканцы 1916 г., калі стаў відавочным татальны крызіс, што ахапіў гіганцкую імперыю, i краіна жыла ў прадчуванні немінучых пераменаў, між беларускіх дзеячаў выспявае думка пра неабходнасць арганізацыйнай кансалідацыі, напрацоўку пэўнай праграмы дзеянняў. Верагодна, як першую спробу ў гэтым накірунку трэба разглядаць выданне восенню 1916 г. у Петраградзе дзвюх беларускіх газетаў: "Дзянніца" (кірыліцай) пад рэдакцыяй З.Жылуновіча i "Swietać" (лацінкай) пад рэдакцыяй Э.Будзькі; газеты, аднак, здолелі пратрымацца толькі два месяцы. Прыкладна ў той жа час на нарадзе беларускіх актывістаў у Петраградзе (паводле сведчання П.Мядзёлкі, яна адбылася неўзабаве пасля забойства Распуціна [1], г.зн. у другой палове снежня 1916 г.);было вырашана склікаць нелегальны беларускі з'езд, "каб злучыць свае сілы для тае пільнейшай работы, якая будзе з'ездам назначана". Месцам яго правядзення абралі Кіеў, дзе ў Саюзе гарадоў працаваў І.І.Краскоўскі, які меў магчымасць схаваць з'езд пад дахам гэтай установы. Дзеля абвешчання аб маючым адбыцца з'ездзе, наладжвання сувязі ў месцы знаходжання беларускіх згуртаванняў i асобных удзельнікаў руху накіраваліся патаемныя кур'еры. Але ў гэты час выбухнула Лютаўская рэвалюцыя.

Зрынанне самадзяржаўя кардынальным чынам змяніла сітуацыю ў краіне i ўнесла істотныя карэктывы ў папярэднія намеры беларускіх адраджэнцаў. Здабытыя ў часе рзвалюцыі шырокія палітычныя свабоды, аслабленне цэнтральнай агульнарасейскай улады стварылі вялікія магчымасці для легалізацыі, арганізацыйнага афармлення i абвешчання праграмаў нацыянальна-вызваленчых рухаў нярускіх народаў Расеі. Першыя крокі ўрада Г.Я. Львова ў нацыянальным пытанні давалі падставу спадзявацца, што ўлада расейскіх лібералаў забяспечыць выпрацоўку аптымальных дзяржаўна-прававых формаў дзеля выяўлення i ўзгаднення шматлікіх нацыянальных інтарэсаў. Ужо ў першай дэкларацыі, апублікаванай 3 сакавіка 1917 года, Часовы ўрад урачыста абвесціў аб адмене ўсіх саслоўных, рэлігійных i нацыянальных абмежаванняў. Спецыяльнай урадавай пастановай ад 20 сакавіка адмяняліся абмежаванні ў дачыненні правоў жыхарства i перамяшчэння, уласнасці, заняткаў гандлем i прамысловасцю, наступления на дзяржаўную службу i ў навучальныя ўстановы, што, у прыватнасці, азначала ліквідацыю нераўнапраўя для асобаў каталіцкага веравызнання, скасаванне мяжы яўрэйскай аселасці i г.д. Дазвалялася таксама ўжываць нацыянальныя мовы ў недзяржаўных арганізацыях i навучальных установах.

Канкрэтныя захады ў дачыненні да пэўных нацыянальных рэгіёнаў напачатку таксама выглядалі абнадзейліва. Найперш яны тычыліся Фінляндыі i Польшчы. Так, 7 сакавіка Часовы ўрад адмяніў нарматыўныя акты канца XIX-пачатку XX стст., што абмяжоўвалі гарантаваныя раней царызмам аўтаномныя правы Фінляндыі, i выказаў намер склікаць фінляндскі сойм, які не збіраўся ад пачатку вайны.

16 сакавіка ў адозве да палякаў урад выказаўся за аднаўленне незалежнасці Польшчы, на што ніяк не мог рашыцца царызм - дзяржавы ў федэратыўную дэмакратычную рэспубліку. Годнае месца ў новай Расеі мусіць заняць i беларускі народ. Надзённай задачам у гэтай сітуацыі сталася арганізацыя самавыяўлення яго нацыянальна-дзяржаўных запатрабаванняў. Урэшце, дзяржаваўтваральныя тэндэцыі, што намеціліся ва ўкраінцаў, латышоў, літоўцаў, верагодная перспектыва адраджэння незалежнай Польшчы непасрэдна закраналі нацыянальныя інтарэсы беларускага народа, ставілі яго перад неабходнасцю раней ці пазней тэрытарыяльна размежавацца з суседзямі. Выказаныя польскімі i літоўскімі палітыкамі прэтэнзіі на землі з пераважна беларускім насельніцтвам не абяцалі лёгкасці ў вырашэнні гэтай праблемы.

Усе пералічаныя фактары прыспешвалі лідэраў беларускага руху да арганізацыйнай кансалідацыі. Палітычныя абставіны ў паслялютаўскі перыяд вымагалі, каб цэнтр такой кансалідацыі знаходзіўся на тэрыторыі самой Беларусі або толькі яе насельніцтва, натуральна, магло быць асноўнай сацыяльнай базай руху. Хадою гістарычных падзеяў на ролю цэнтральнага асяродка нацыянальна-кансалідацыйнага працэсу стаў вылучацца Менск. Ужо ў канцы XIX ст. па колькасці насельніцтва i эканамічным патэнцыяле ён паступова набываў значэнне галоўнага горада Беларусі. У гады Першай сусветнай вайны такое значэнне Менска ўзмацнілася. Гістарычны цэнтр краю i галоўнае апірышча беларускага руху ў даваенны час - Вільня - апынулася ў зоне германскай акупацыі. Ва ўсходняй частцы Беларусі менавіта Менск стаў месцам канцэнтрацыі адміністрацыйных i гаспадарчых установаў, што сваёй дзейнасцю ахоплівалі беларускі этнічны абшар, надаючы яму адзнакі пэўнай рэгіянальнай цэласнасці. Найперш такую функцыю аб'ектыўна выконвала дыслакаванае ў Менску камандаванне расейскага Заходняга фронту, які падзяляў край на дзве часткі i адначасова, нібы гіганцкая сашчэпа, уваткнутая вастрыямі ў паўночную i паўднёвую ўскраіны Беларусі, звязваў яе цэнтральныя i ўсходнія раёны ў параўнальна адзіную прыфрантавую зону. У Менску ж знаходзіліся i мясцовыя ўстановы разнастайных арганізацыяў па абслугоўванні фронту: камітэты Ўсерасейскага земскага саюзу (УЗС) i Саюзу гарадоў - уплывовых структураў, якія за гады вайны згрупавалі нямала апазіцыйных царызму ліберальна i нават сацыялістычна настроеных дзеячаў, якія адыгралі не апошнюю ролю ў зрынанні самадзяржаўя: ваенна-прамысловы камітэт; асобаўпаўнаважаны па ўладжаванні ўцекачоў на Заходнім фронце (са сваім апаратам); іншыя ўрадавыя i грамадскія арганізацыі дапамогі пацярпелым ад вайны і г.д. Пасля Лютаўскай рэвалюцьй ў Менску праводзіліся рэгіянальныя форумы шматлікіх палітычных партыяў, месціліся іхныя мясцовыя кіруючыя органы. Было важна, каб менавіта з гэтага буйнейшага ваенна-адміністрацыйнага i палітычнага цэнтра Беларусі свет апавяшчаўся пра нацыянальныя інтарэсы i запатрабаванні беларускага народа, каб адсюль ішлі імпульсы да яго дзяржаўна-палітычнай кансалідацыі.

Да зрынання царызму ў горадзе дзейнічала толькі адна беларуская нацыянальная арганізацыя - Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Утвораны летам 1915г., ён пасля акупацыі Вільні, дзе знаходзілася ўправа таварыства, фактычна ператварыўся ў самастойную ўстанову. Аддзел аб'ядноўваў некалькі дзесяткаў чалавек - пераважна прадстаўнікоў інтэлігенцыі, службоўцаў, духоўных асобаў. У шэрагах актывістаў былі П.П. Аляксюк, А.І.Лявіцкі (пісьменнік Ядвігін Ш.), Л.І. Дубейкаўскі, ксёндз А.С. Астрамовіч (паэт А.Зязюля), У.С. Фальскі, С.Я. Плаўнік (пісьменнік Зм. Бядуля), А.А. Смоліч, Ф.Г. Шантыр, паэт М. Багдановіч i інш. Акрамя дабрачыннай дзейнасці (былі заснаваныя прытулкі для ўцекачоў, кравецкія i ткацкія майстэрні, некалькі сталовак), Менскі аддзел вёў культурна-асветную працу, арганізаваў беларускі хор, драматычную трупу. Адна з ягоных сталовак пад назовам "Беларуская хатка" ператварылася ў своеасаблівы клуб нацыянальнай інтэлігенцыі, дзе ладзіліся нелегальныя вечарынкі-суботнікі. Старшынёй камітэта аддзела пэўны час быў ліберальны адвакат В.І.Чавусаў, у студзені 1917г. гэтую пасаду заняў вядомы ў краі палітык, буйны абшарнік Р.А.Скірмунт, якога, калі верыць пазнейшым звесткам А.Смоліча на допытах у АДПУ, прыцягнуў да працы ў беларускай арганізацыі Максім Багдановіч [2].

Адразу па Лютаўскай рэвалюцыі Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны аб'явіў сябе нацыянальным камітэтам i распачаў даволі энергічную арганізацыйную i прапагандысцкую працу. Ягоны прадстаўнік П.Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага камітэта грамадскай бяспекі г. Менска [3], які разам з грамадзянскім камендантам горада браў на сябе ініцыятыву скасавання старой адміністрацыі, усталявання новага парадку i фактычна з'яўляўся неафіцыйным органам Часовага ўрада. Паводле ўспамінаў Л.Зайца, 4 сакавіка на паседжанні Беларускага камітэта абмяркоўвалася ягоная прапанова аб дэлегаванні прадстаўніка ў Менскі савет рабочых дэпутатаў, што ствараўся. Hяглeдзячы на нечаканую падтрымку гэтай прапановы Р.Скірмунтам, яна не прайшла, i ў савет накіравалі толькі назіральніка з інфармацыйнымі мэтамі; у далейшым сувязь паміж Беларускім камітэтам i Менскім саветам перапынілася [4].

6 сакавіка 1917 г. падчас арганізаванай новымі ўладамі i штабам Заходняга фронту агульнагарадской маніфестацыі ў гонар перамогі рэвалюцыі адбыўся першы выступ Беларускага камітэта 3 палітычнымі лозунгам!: ягоныя прадстаўнікі прайшлі ў калоне пад сваім сцягам з надпісамі: "Вітайма волю народу" i "Жыве Беларусь"' [5]. 10 сакавіка камітэт правёў на Залатой Горцы самастойны мітынг, на якім з прамовамі па-беларуску выступілі П. Аляксюк, А. Смоліч, У. Фальскі, Ф. Шантыр [6].

Неўзабаве Беларускім камітэтам была наладжаная больш шырокая акцыя - 12 сакавіка 1917 г. у Менску прайшоў г.зв. дзень беларускага значка. У рамках гэтага мерапрыемства ў кінатэатры "Гігант" адбыўся новы беларускі мітынг, на якім выступілі Р. Скірмунт, доктар філасофіі П.П. Масоніус, Л. Заяц, А. Смоліч, Ф. Шантыр i іншыя прамоўцы. У рэзалюцыі мітынгу ўжо акрэсліваецца галоўны праграмны тэзіс беларускіх адраджэнцаў у паслялютаўскі перыяд - пажаданне аўтаноміі Беларусі: "Беларусы, стоячы на глебе краёвай аўтаноміі, будуць выбіраць ва Ўстаноўчы сход грамадзянаў, што падзяляюць гэты прынцып" [7]. Адначасова на вуліцах горада прадаваліся "значкі нацыянальных колераў Беларусі - чырвонага з белым" [8]. Выручаныя сродкі меркавалася гіакіраваць на стварэнне беларускага друку. Падсумоўваючы вынікі мерапрыемства, "Мінская газета" пісала 13 сакавіка 1917г.: "Учарашні дзень у Менску па справядлівасці належыць назваць "днём беларусаў". Упершыню забытая мова забытай беларускай вёскі дамінавала ўсюды: на вуліцах, у кавярнях, кінематографах". 19 сакавіка Беларускі камітэт наладзіў аналагічную акцыю ў Бабруйску, дзе існавала яго філія [9]. Адбылося яшчэ некалькі беларускіх мітынгаў i ў Менску.

Пэўны ўплыў Беларускага камітэта адчуваецца i ў іншых падзеях тых дзён. Так, калі група менскіх адвакатаў запланавала арганізаваць для насельніцтва цыкл папулярных лекцыяў пра выбары ва Ўстаноўчы сход, было вырашана чытаць ix на рускай, польскай, яўрэйскай i беларускай мовах [10]. Гарадскі выканаўчы камітэт грамадскай бяспекі пастанавіў адкрыць у Менску Народны дом, а загадваць ім даручыў Беларускаму камітэту [11]. Факты, такім чынам, сведчаць, што прысутнасць у грамадскім жыцці горада беларускай арганізацыі была ў першыя тыдні пасля Лютаўскай рэвалюцыі даволі прыкметнай.

У Беларускім камітэце, аднак, не маглі не ўсведамляць, што ў гарадах краю ў сувязі з этнічнай стракатасцю жыхароў, сярод якіх удзельная вага беларусаў звычайна не перавышала 10-15%, нельга разлічваць на вялікую падтрымку з боку насельніцтва. Асноўным патэнцыяльным апірышчам беларускага нацыянальнага руху з'яўлялася сялянства, практычна цалкам беларускае паводле этнічнай прыналежнасці. Але ў адрозненне ад гараджанаў, якія мелі больш высокі культурна-адукацыйны ўзровень, а таму лягчэй успрымалі палітычныя навацыі, сялянства, амаль непісьменнае, не толькі вызначалася неразвітай грамадзянскай свядомасцю, але доўгі час наогул не ведала наконт перамогі рэвалюцыі ці вельмі своеасабліва трактавала тыя нешматлікія звесткі i чуткі, што даходзілі да вёскі. З Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, напрыклад, у пачатку красавіка паведамлялі: "Неадукаваная маса беларускіх сялян кепска зразумела здзейснены пераварот - кажуць, што ўсё гэта зрабілі паны, каб вярнуць прыгоннае права" [12]. Таму задача, што паўставала перад беларускімі адраджэнцамі, была складаная ўдвая: прапаганду нацыянальнай ідэі сярод вяскоўцаў даводзілася папярэджваць тлумачэннем элементарных асноваў палітычнай ды i агульнай культуры.

З першых крокаў палітычнай дзейнасці Беларускі камітэт у Менску робіць спробы наладзіць сталыя сувязі з вёскай. Пра няўхільную патрэбу гэтага гаварылі прамоўцы на згаданым ужо мітынгу 10 caкaвiкa [13]. Неўзабаве Беларускім камітэтам быў накіраваны прадстаўнік у Вілейскі павет дзеля арганізацыйнай працы сярод сялянаў з тым, каб правесці выбары делегатаў ад ix у склад камітэта. Мітынг, што адбыўся 15 сакавіка ў Менску ў Брылеўскім завулку, дэлегаваў у склад нацыянальнага камітэта аднаго прадстаўніка ад мясцовага насельніцтва i аднаго - ад уцекачоў з Наваградскага павета [14].

Беларускі камітэт быў ці не першай у Менску грамадскай арганізацыяй, якая па Лютаўскай рэвалюцыі звярнула ўвагу на неабходнасць шырокай палітычнай прапаганды i арганізацыйнай работы сярод сялянства. Гэтая акалічнасць магла даць беларускім нацыянальным дэмакратам пэўную перавагу, дазваляла раней за іншых зафіксаваць адпаведныя ідэі ў грамадскай свядомасці вяскоўцаў. Аднак з прычыны малалікасці камітэта, беднасці i недасведчанасці прапагандысцкіх кадраў скарыстаць "эфект першынства" аказалася для яго даволі праблематычна.

Праўда, у другой палове сакавіка 1917 г. узнікла нагода, якая, як уяўляецца, давала Беларускаму камітэту шанц у нейкай ступені кампенсаваць недахоп уласных сілаў. 19 сакавіка сход служачых Менскага губернскага камітэта УЗС, разгледзеўшы пытанне аб прапагандзе ў войсках, зрабіў выснову, што "прапаганда не менш, калі не больш, неабходна i сярод сялянаў". У сувязі з гэтым сход прызнаў мэтазгодным, каб служачыя камітэта поруч са сваімі абавязкамі па забеспячэнні фронту (а ix выкананне было звязана з перыядычнымі паездкамі на перыферыю, паўсядзённымі кантактамі з людзьмі) заняліся i "абслугоўваннем палітычных патрэб насельніцтва" [15]. Было вырашана прапанаваць пачаць такую ж працу заходнефрантавому камітэту УЗС, служачым мясцовага земства i карпарацыі народных настаўнікаў, а на распрацоўку праграмы прапаганды ў вёсцы стварыць спецыяльную камісію, якую ўзначаліў загадчык урачэбна-санітарнага аддзела губернскага камітзта УЗС доктар У.В.Марзон (пазней - вядомы ў Савецкай Беларусі вучоны-хірург, прафесар, заслужаны дзяяч навукі БССР). Камісія на першым жа паседжанні пастанавіла пашырыць свой склад i запрасіць "людзей, што маюць жывую сувязь з мясцовай вёскай, самабытнай паводле сваіх мясцовых варункаў, i людзей, што ведаюць тутэйшую мову" [16]. Такім чынам, у камісію поруч са служачымі губернскага камітэта УЗС былі ўключаны інспектары народных вучылішчаў Далінка i Прэферансаў, земскі ўрач Нікольскі i прадстаўнікі Беларускага камітэта Аляксюк i Смоліч. У выніку камісія камітэта УЗС трансфармавалася ў больш-менш самастойную арганізацыю пад назовам Камітэт прапаганды на вёсцы асноваў новага дзяржаўнага ладу. Прэзідыум Камітэта прапаганды склалі Марзон (старшыня), Аляксюк (таварыш старшыні), Далінка, служачыя губернскага камітэта УЗС і. І. Масюкевіч, А. А. Ціхаміраў i член губернскай земскай управы Д. К. Вашчынін [17].

Хоць сябры камітэта не дасягнулі поўнай згоды наконт зместу меркаванай прапаганды, яны вырашылі ўсё ж не адкладваць рзальную працу на вёсцы i пачаць яе ў Бабруйскім ды Ігуменскім паветах. Дзеля гэтага пастанавілі "звязацца са старшынёй Бабруйскага аддзела Беларускага камітэта сп.Бабарыкіным, запрасіўшы яго ўзяць удзел у рабоце Камітэта прапаганды", а па Ігуменскім павеце намецілі для гзтай мэты служачага Мінскага губернскага земскага камітэта Белага i інспектара народных вучылішчаў Пакроўскага. Першы мітынг Камітэт прапаганды вырашыў наладзіць 27 сакавіка ў Смалявічах, выступіць на якім было даручана Марзону, Алексюку i Смолічу [18]. Пры гэтым палічылі за лепшае абвесціць сялянам аб маючым адбыцца мітынгу па неафіцыйных каналах, у абход службовых асобаў вобласці, чыя прыхільнасць да новага ладу, відаць, была пад су мнением.

У тыя ж ДНІ Камітэт прапаганды апублікаваў адозву да сялянаў з тлумачэннем прагрэсіўнага характару падзеяў i заклікам падтрымаць новыя ўлады, але не паддавацца правакацыйным падбухторванням да смуты, пагромаў i рабункаў, бо ix можа скарыстаць праціўнік на фронце, а таксама нутраныя ворагі пераменаў. Адозва складзеная на рускай мове, тым не менш i ў форме звароту - "Граждане селяне!" - i ў змесце дакумента выразна адчуваецца свайго роду "беларускі каларыт". Так, паведаміўшы, што Часовы ўрад ураўнаваў у правах усіх грамадзянаў незалежна ад саслоўя, веравызнання i нацыянальнасці, адозва пераконвала: "Каталікі-беларусы - родныя браты праваслаўных беларусаў. I тыя, i другія мусяць жыць дружна, дапамагаць адзін аднаму i супольна адстойваць свае інтарэсы". Думка пра неабходнасць як класавай, так i нацыянальнай кансалідацыі беларускіх сялянаў прачытваецца i ў наступных словах дакумента: "Яўрэі i палякі былі згуртаваны, арганізаваны, а таму ім i лягчэй жылося пад уціскам старой улады. Нам, сялянам, таксама неабходна аб'яднацца, каб не быць прыдушанымі іншымі класамі i нацыянальнасцямі" [19]. Не выклікае сумнення, што адзначаныя асаблівасці адозвы - вынік удзелу ў працы Камітэта прапаганды прадстаўнікоў Менскай беларускай арганізацыі.

Супрацоўніцтва Беларускага камітэта з Камітэтам прапаганды на вёсцы асноваў новага дзяржаўнага ладу рабілася, як бачна, больш цесным. У 20-х чыслах сакавіка абедзве арганізацыі ўжо вялі сумесную падрыхтоўку да склікання краёвага сялянскага з'езда. З'езд быў прызначаны на 4 красавіка 1917 года [20].

Адначасна з актыўнымі прапагандысцкімі i арганізацыйнымі захадамі, накіраванымі на пашырэнне нацыянальна-дэмакратычных поглядаў насельніцтва Беларусі, менскі Беларускі камітэт, знаходзячыся ў цэнтры палітычнага жыцця краю, натуральнай хадою рэчаў вылучаўся на галоўную ролю сярод беларускіх арганізацыяў i суполак, расцярушаных па ўсёй Расейскай дзяржаве. Па сутнасці, яшчэ да фармальнага прызнання менскага беларускага асяродка ў якасці цэнтральнага органа нацыянальнага руху ён пачаў выконваць каардынацыйныя функцыі. У прыватнасці, згодна ягонай тэлеграме ад 22 сакавіка 1917 г., петраградскія беларусы ўстрымаліся ад прызначэння дэлегатаў у згаданы вышэй Часовы камітэт для кіравання Літвой [21]. Натуральна, што менавіта менскі камітэт пасля Лютаўскай рэвалюцыі ўзяў на сябе ініцыятыву па скліканні з'езда беларускіх арганізацыяў, падрыхтоўка да якога, як ужо зазначалася, распачыналася яшчэ падчас самадзяржаўя. Неабходнасць правядзення своеасаблівага агляду нацыянальнага руху, i распрацоўкі палітычнай праграмы абумовіла абвастрэнне становішча пасля прызначэння даты агульнакраёвага з'езда сялянаў, прыйсці да якога належала з вызначанымі пазіцыямі па асноўных пытаннях.

Скліканне нацыянальнага з'езда Беларускі камітэт намеціў на 25 сакавіка 1917г. у Менску. Ва ўмовах распыленасці белару­скага руху, калі месцазнаходжанне шмат каго з удзельнікаў заставалася невядомым, немагчыма было арганізаваць правільныя выбары дэлегатаў. Даводзілася б запрашаць на з'езд тых, пра каго меліся звесткі, што прадвызначыла некаторую выпадковасць ягонага складу. Былі разасланыя запрашальныя тэлеграмы разнастайным беларускім суполкам у краі i па-за яго межамі, сялянскім арганізацыям, настаўнікам i асобным дзеячам, якія праяўлялі цікавасць да беларускага пытання [22]. Пры гэтым "з прычыны надзвычайнасці моманту" менскі камітэт настойваў на прыбыцці "магчыма большай колькасці ўдзельнікаў". У тэлеграме беларускім актывістам у Петраградзе падкрэслівалася: "Неабходна прыбыць усім" [23].

Момант склікання з'езда сапраўды набываў рысы надзвычайнасці. Актывізацыя пасля Лютаўскай рэвалюцыі нацыянальных рухаў народаў, што хавала ў сабе зараджэнне федэратыўных дачыненняў між імі, выклікала прыкметную занепакоенасць той часткі расейскай палітычнай эліты, якая лічыла такую перспектыву для краіны непрымальнай. Кіруючыся часта зусім рознымі тзарэтычнымі пастулатамі, неаднолькавымі стратэгічнымі i тактычнымі мэтамі, прадстаўнікі шмат якіх грамадскіх плыняў (ад кансерватараў i лібералаў да сацыялістаў усемагчымых адценняў), у тым ліку i прыхільнікі радыкальнага змянення сацыяльна-палітычнага ладу, усталявання рэспублікі з максімальна шырокай дэмакратыяй, - у нацыянальным пытанні нярэдка сыходзіліся на адной платформе: захаваць непадзельнасць, унітарны характар вялікай Расейскай дзяржавы. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ў Мінску пасля падзення царызму першы імпульс да згуртавання гэтых сілаў даў стары народнік С.П. Кавалік, які, адбыўшы працяглую катаргу i пасяленне ў Сібіры, пражываў тут з 1898 г. Ён належаў да пакалення рэвалюцыйных народнікаў 70-х гадоў XIX ст., для якіх, у адрозненне ад рэвалюцыянераў папярэдняга i наступнага дзесяцігоддзяў, найбольш было характэрнае нігілістычнае стаўленне да нацыянальнага пытання. Лічачы, што Расея знаходзіцца на парозе сацыялістычнай рэвалюцыі, яны бачылі ў нацыянальна-вызваленчых памкненнях народаў толькі перашкоду для аб'яднання рэвалюцыйных сілаў краіны. С.П. Кавалік не быў выключэннем і, як сам засведчыў незадоўга да смерці, усё жыццё захоўваў погляды, сфармаваныя ў гады рэвалюцыйнай маладосці. З першых дзён Лютаўскай рэвалюцыі 70-гадовы ветэран народніцкага руху браў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Менска, займаў розныя пасады ва ўстановах УЗС, органах урадавай адміністрацыі i мясцовага самакіравання, грамадскіх арганізацыях. Ён, несумненна, уплываў на сваіх маладзейшых паплечнікаў i аднадумцаў, што прыйшлі да ўлады; для ix, асабліва для эсэраў, ён быў жывой легендай, "дзядулем рускай рэвалюцыі" (па аналогіі з К.К. Брэшка-Брашкоўскай - "бабуляй рэвалюцыі").

З ініцыятывы С.П.Каваліка 11 сакавіка 1917 г. у гарадскім тэатры адбыўся г.зв. сход расейскіх грамадзянаў г. Менска. Асноўная думка ўступнага слова Каваліка i іншых выступленняў карэнілася ў сцверджаннях, што "нацыянальныя перагародкі лічацца перажыткам старога парадку", таму ix трэба адкінуць i "будаваць свае праграмы на палітычных платформах". Аналіз матэрыялаў гэтага сходу наводзіць на думку пра наяўнасць фактару, дзеянне якога ў комплексе з мноствам іншых спрыяла фармаванню негатыўных дачыненняў, а нярэдка варожасці з боку немалой часткі ўдзельнікаў дэмакратычнага i сацыялістычнага руху на Беларусі да любой пастаноўкі нацыянальнага пытання. Праўдападобна, такога роду нацыянальны нігілізм можна разглядаць як рэакцыю на сталыпінскую палітыку ў заходніх губернях Расейскай імперыі ў перадрэвалюцыйнае дзесяцігоддзе, калі выбары ў Дзяржаўную думу, а затым i ў створанае земства праводзіліся тут па нацыянальных курыях, што суправаджалася дыскрымінацыяй значнай часткі насельніцтва па нацыянальнарэлігійнай прыкмеце. Па Лютаўскай рэвалюцыі абгрунтаванае імкненне ўлічыць нацыянальныя асаблівасці i інтарэсы падчас дзяржаўнага будаўніцтва, у прыватнасці пры фармаванні новых органаў улады, успрымалася як спроба закансерваваць стары антыдэмакратычны парадак. Менавіта такой логікай прасякнута рэзалюцыя згаданага сходу. "Групоўка насельніцтва па палітычных пытаннях на нацыянальныя курыі,- гаварылася ў ёй, - ёсць перажытак старога ладу i несумяшчальна з тымі свабодамі, якія абвешчаны новым урадам. Тыя, хто прытрымліваецца такой групоўкі, падтрымліваюць стары лад, што абапіраецца на нацыянальную варожасць насельніцтва". За гэтай пасылкай, слушнай у дачыненні да выбарчай сістэмы, ішла несувымерна шырокая, далёкасяжная выснова: "У цяперашні час нацыянальныя пытанні павінны адысці на задні план, адзінай задачай перажыванага моманту ёсць яднанне ўсіх расейскіх свабодных грамадзянаў дзеля падтрымання новага ўрада па ажыццяўленні намечанай ім праграмы. Іншых лозунгаў,-безапеляцыйна заяўляла рэзалюцыя, - не павінна быць" [24].

Гэткія ўстаноўкі неаднаразова прапагандаваліся С. Кавалікам i пазней. У канцы сакавіка газеты змясцілі ягоны "Адкрыты ліст да Беларускага камітэта", разасланы, відавочна, у дні працы з'езда нацыянальных арганізацыяў. У ім ветэран расейскага народніцтва палемізаваў з адозвай да беларусаў, распаўсюджанай камітэтам у выглядзе ўлёткі. Пратэст Каваліка выклікалі словы адозвы, дзе падкрэслівалася самабытнасць беларускага народа, адрозненне ад палякаў i рускіх, а таксама тэзіс, што беларусы ёсць гаспадарамі краю, бо жывуцьтут спрадвеку. Адкінуўшы праблему культурнаэтнічнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, наяўнасці ў ix асобных нацыянальных інтарэсаў, аўтар адкрытага ліста пераносіў размову ў плоскасць класавых дачыненняў, праводзіў думку аб нібыта аўтаматычным вырашэнні нацыянальнага пытання ва ўмовах шырокіх грамадзянскіх свабодаў.

У хуткім часе пасля заснавання Камітэта прапаганды на вёсцы асноваў новага дзяржаўнага ладу С.Кавалік быў запрошаны ў яго склад, што паўплывала на стаўленне гэтай арганізацыі да беларускага руху i яе далейшую гісторыю.

Літаральна напярэдадні з'езда нацыянальных арганізацыяў з'явіўся яшчэ адзін трывожны для беларускіх адраджэнцаў сімптом. 22-23 сакавіка на дзвюх нарадах групы сялянскіх дэлегатаў, што знаходзіліся ў Менску для выбараў губернскага харчовага камітэта, "з удзелам мясцовых грамадскіх дзеячаў" быў утвораны Менскі губернскі сялянскі камітэт (ён лічыў сябе падраздзяленнем Усерасійскага сялянскага саюза), якому даручалася склікаць 20 красавіка 1917г. з'езд сялянаў Менскай губерні [25]. Старшынёй сялянскага камітэта стаў начальнік менскай міліцыі, бальшавік М.В. Фрунзе (дзейнічаў пад псеўданімам М.А. Міхайлаў), а сакратарыят камітэта часова месціўся ў штабе міліцыі, што сведчыла пра вядучую ролю Фрунзе ў гэтай задуме. Такім чынам, паралельна з падрыхтоўкай Беларускім камітзтам агульнакраёвага з'езда сялянаў распачыналася работа па правядзенні аналагічнага губернскага з'езда. Паколькі кіраўнікі сялянскага камітэта адразу ж занялі адмоўную пазіцыю ў дачыненні да беларускага руху, палітычнага супрацьстаяння ў гэтай сітуацыі наўрад ці можна было ўнікнуць.

На такім неспакойным фоне адбываўся ў Менску 25-27 сакавіка 1917г. з'езд беларускіх нацыянальных арганізацыяў. У ім удзельнічала каля 150 чалавек (паводле іншых звестак - 75) [26].

Сабраўшыся 25 сакавіка перад адкрыццём з'езда, група дэлегатаў (А. Смоліч, А. Бурбіс, З. Жылуновіч, В. Адамовіч i інш.) вырашыла аднавіць легальную дзейнасць "старой баявой адзінкі" - Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Свой сход яны канстытуявалі як канферэнцыю БСГ. У прынятай рэзалюцыі канферэнцыя выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, заклікаўшы працоўны народ аказваць на яго арганізаваны націск; адначасова падкрэсліла скрайнюю патрзбу энергічна рыхтавацца да Ўстаноўчага сходу. У пытанні аб вайне канферэнцыя БСГ падтрымала шырока прапагандаваны ў той час лозунг "рэвалюцыйнага абаронніцтва", улічыўшы неабходнасць вызвалення захопленых ворагам тэрыторыяў. Канферэнцыя выказалася ў прынцыповым плане за агульнанародную ўласнасць на зямлю i перадачу яе сялянам для карыстання ў адпаведнасці з працоўнай нормай i адзначыла як надзённую задачу партыі скрупулёзную распрацоўку аграрнай праграмы i перадачу яе на суд працоўнага сялянства. Канчатковае вырашэнне аграрнага пытання. грамадаўцы адносілі да кампетэнцыі краёвага сойму Беларусі. Нарэшце, канферэнцыя выразна сфармулявала галоўнае патрабаванне БСГ у галіне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва - аутаномія Беларусі ў складзе федэратыўнай Расейскай рэспублікі, пастанавіўшы заняцца больш дэталёвай распрацоўкай i гэтага пытання (у прыватнасці, вызначыць межы аўтаномнай Беларусі, дзеля чаго ўвайсці ў кантакт з суседзямі: літоўцамі, украінцамі i г.д.). Абавязкі кіруючага органа грамады было даручана часова выконваць Менскаму бюро БСГ на чале з А. Смолічам, які i абвесціў на нацыянальным з'ездзе дэкларацыю толькі што адроджанай старэйшай беларускай партыі. Фракцыя БСГ заняла на з'ездзе левае крыло.

Сярод астатніх дэлегатаў вылучалася каталіцкая дэмакратычная фракцыя (ад яе імя выступіў ксёндз В. Гадлеўскі), народная дэмакратычная (В. Зямкевіч) i "беспартыйная група" (Шарэйка). У цэлым, аднак, партыйна-палітычная дыферэнцыяцыя дэлегатаў з'езда была не вельмі выразная. Паводпе сведчання З.Жылуновіча, сярод бальшыні з ix панаваў прыўзняты настрой, надзея на хуткаіе ажыццяўленне латрыятычнага ідэалу, "нацыянальнае пачуццё ў ix прэваліравала над іншым".

Мае сэнс звярнуць увагу на ўдзел як гасцей з'езда прадстаўнікоў ад арганізацыяў, якія не былі носьбітамі беларускай нацыянальнай ідэі. Гэта ў пэўнай меры патлумачвае цікавасць, што праяўлялі да беларускага руху іншыя палітычныя сілы. (На жаль, адсутнасць спісу ўдзельнікаў з'езда не дазваляе атрымаць наконт гэтага поўную інфармацыю.) Адным з першых перад дзлегатамі выступіў старшыня менскага Камітэта прапаганды У.В. Марзон, які "шчыра прывітаў першы нацыянальны з'езд беларусаў i прызываў яго к супольнай i згоднай рабоце". Не хавалі сваёй цікавасці палякі. Прывітанне ад палякаў Аршанскага павета перадаў з'езду Гардзялкоўскі, а польскі мітынг у Століне прыслаў тэлеграму з выказваннем гатоўнасці "разам працаваць на карысць i дабро роднага краю". Член Менскага савета рабочых i салдацкіх дэпутатаў І.Ф. Кузьміцкі заклікаў з'езд прадэманстраваць салідарнасць з тымі, "што гніюць у акопах". З. Жылуновіч выступіў ад імя Петраградскага савета, у склад якога ўзаходзіў.

Урадавую адміністрацыю прадстаўляў на беларускім з'ездзе ламочнік менскага губернскага камісара І.І. Мятлін - рускі, але не навічок у палітычным жыцці Беларусі: ён вызначыўся актыўным удзелам у рэвалюцыйных выступлениях у Менску яшчз ў 1905 годзе, калі, на думку даследнікаў, займаў пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. Прамова Мятліна, выбранага напачатку таварышам старшыні з'езда, вельмі кантраставала з агульным настроим дэлегатаў. Ён прызнаў пастаноўку нацьіянальных праблемаў нясвоечасовай, матывуючы тым, што трэба ўмацаваць атрыманўю свабоду, згуртавацца ўсім разам дзеля склікання ўстаноўчага сходу. Беларускі ж рух Мятлін наогул ахарактарызаваў як штучную з'яву, пазбаўленую цвёрдага падмурку ў народных нізах. Бальшыня дэлегатаў, што яшчэ знаходзіліся ў палоне рэвалюцыйнай эйфарыі былі здзіўленыя такімі поглядамі прадстаўніка новай, дэмакратычнай улады i не змаглі стрымаць сваіх эмоцыяў. Яны заяўлялі, што таксама імкнуцца да ўмацавання свабоды, але такая вялікая дзяржава, як Расея, не зможа захаваць стабільнасць без пашырэння правоў насяляючых яе народаў. Рэзкасць асобных выступленняў пераўзышла дапушчальныя рамкі, у выніку Мятлін не толькі склаў абавязкі таварыша старшыні, але i наогул пакінуў з'езд з групай аднадумцаў. Гэты інцыдэнт, на першы пагляд нязначны, не быў толькі прыкрай выпадковасцю. Ён стаў адной з першых пасля Лютаўскай рэвалюцыі праяваў доўгай канфрантацыі i між тых элементаў палітычна актыўнай часткі насельніцтва Беларусі, якія ў цэлым былі зарыентаваныя на дэмакратычныя каштоўнасці, але розніліся поглядамі на беларускае пытанне.

Кола праблемаў, разгляданых з'ездам, добра адлюстроўвае пералік камісіяў, на якія падзяліліся дэлегаты на другі дзень працы: агітацыйна-палітычная, друку i выдавецкай справы, школьная, этнаграфічная, фінансавая, земская, арганізацыйная. Паводле дакладаў камісіяў на пленарным паседжанні былі выпрацаваныя асноўныя пастановы з'езда.

Дакладчык агітацыйна-палітычнай камісіі А.Смоліч заклікаў звярнуць пільную ўвагу на прапагандысцкую працу сярод сялянаў. Пры гэтым беларускія адраджэнцы пагаджаліся весці яе сумесна з іншымі ўстановамі, сярод якіх быў названы толькі Камітэт прапаганды на вёсцы асноваў новага дзяржаўнага ладу. Вызначаліся тры галоўныя накірункі прапаганды: 1) агульнапалітычны - папулярызаваць у вёсцы ідэі дэмакратычных свабодаў i неабходнасць падтрымкі Часовага ўрада, які ix абараняе; 2) пашыраць лозунг нацыянальнага самавызначэння "ў сэнсе краёвай аўтаномнасці"; 3) прапаганда "пад сцягам шырокіх сацыяльных рэформаў". Змест апошняга пункта ў дакументах з'езда, аднак, не канкрэтызаваўся.

Паводле даклада Б.Тарашкевіча аб стане народнай адукацыі ў краі з'езд высунуў патрабаванне найхутчэйшай рэформы пачатковай i сярэдняй школы. Было вырашана дамагацца ўвядзення ўсеагульнай адукацыі, павелічэння колькасці школаў розных тыпаў, пашырэння пазашкольнай асветы. Ставілася пытанне аб адкрыцці на Беларусі ўніверсітэта, іншых вышэйшых навучальных установаў. З'езд выказаўся за паступовы пераход пачатковых школаў на родную мову навучання, а таксама за ўвядзенне ў курс сярэдніх школаў j настаўніцкіх семінарыяў выкладання беларускай мовы, літаратуры, гісторыі Беларусі ды іншых краязнаўчых дысцыплінаў. Улічваючьі цяжкасці, што паўставалі на гэтым шляху (адсутнасць падручнікаў, востры недахоп падрыхтаваных настаўніцкіх кадраў), з'езд пастанавіў заснаваць таварыства "Прасвета" з удзелам вядомых дзеячаў беларускае культуры, наладзіць выданне навучальных дапаможнікаў, арганізаваць беларускія курсы для настаўнікаў.

Прынцыповае значэнне мелі ацэнка з'ездам перажыванага моманту i патрабаванне рэфармаваць састарэлую нацыянальнадзяржаўную будову Расеі. Беларускі з'езд вітаў перамогу Лютаўскай рэвалюцыі i вырашыў "падтрымаць Часовы ўрад у яго барацьбе са знёшнімі ворагамі за свабоду Расеі i яе народаў i з прыслужнікамі старога рэжыму". Былі пасланыя прывітальныя тэлеграмы ўраду, Петраградскаму савету рабочых i салдацкіх дэпутатаў, франтавым, а таксама нацыянальным арганізацыям (украінскім, літоўскім i інш.). Будучыня Расейскай дзяржавы ўяўлялася беларускім адраджэнцам "у выглядзе федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі, у якой асобныя нацыянальнасці будуць мець свае нацыянальныя парламенты для загадвання ўсімі мясцовымі патрэбамі краю". Беларусь павінна была атрымаць у абноўленай Расеі статус аўтаномнай дзяржаўна-тэрытарыяльмай адзінкі з уключэннем у яе Менскай, Магілёўскай, Горадзенскай, Віцебскай, большай часткі Віленскай, некаторых паветаў Смаленскай i Чарнігаўскай губерняў. Дзеля больш дакладнага вызначэння этнаграфічных межаў Беларусі пастанавілі стварыць спецыяльную камісію з запрашэннем у яе Я.Ф. Карскага, А. А. Шахматава, М. К. Любаўскага i М. В. Доўнар-Запольскага. З'езд выказаў пратэст супраць намераў Літоўскага нацыянальнага савета ўключыць у склад Літвы ўсю Віленскую губерню.

У якасці вышэйшага прадстаўнічага i заканадаўчага органа аўтаномнай Беларусі праектавалася стварэнне Беларускай краёвай рады, у якую павінны былі ўвайсці прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасцяў краю. Да яе абрання ролю "вышэйшай краёвай інстытуцыі" з'езд "паводле патрэбы" меркаваў браць на сябе. Рэалізацыя такой "звышзадачы" была, аднак, магчымая толькі пры ўмове, што беларускія адраджэнцы здолеюць аб'яднаць вакол ідэі стварэння агульнакраёвай сістэмы ўлады ўсе ўплывовыя палітычныя сілы Беларусі, а таксама асноўную частку яе насельніцтва - беларускае сялянства.

Дзеля арганізацыі кіравання краем "у кантакце з Часовым расейскім урадам", падрыхтоўкі выбараў у Беларускую краёвую раду i прапаганды вьібараў ва Ўсерасейскі ўстаноўчы сход "на прынцыпах федэратыўна-дэмакратычнай рэспублікі" з'езд сфармаваў выканаўчы орган - Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). У яго склад увайшлі 18 чалавек, сярод ix былі Р. Скірмунт, юрысты П. Аляксюк, Л. Заяц, Ф. Шантыр, аграномы А. Смоліч, Я. Канчар, служачыя У. Фальскі, І. Краскоўскі, А. Бурбіс, настаўнікі М. Кахановіч, Бабарыкін, ксёндз В. Гадлеўскі, рабочы-паэт З. Жылуновіч i іншыя. 10 членаў БНК з'яўляліся сябрамі Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшынёй нацыянальнага камітэта пасля доўгіх спрэчак быў абраны Р. Скірмунт - прадстаўнік старасзецкага арыстакратычнага роду аграрыяў, а затым i прадпрымальнікаў, былы член I Дзяржаўнай думы, дзе ўваходзіў у г.зв. Тэрытарыяльнае кола, створанае дэпутатамі - "краёўцамі" Беларусі i Літвы. Выбіраючы Скірмунта кіраўніком БНК, а па сутнасці i лідарам нацыянальнага руху, дэлегаты разлічвалі на ягоны палітычны досвед, звязы з асобамі вышэйшага рангу ў Расеі, энергічнасць, бралі пад увагу прыкметную радыкалізацыю ягоных поглядаў напярэдадні i ў час рэвалюцыі. З'езд выбраў таксама дэлегацыю да Часовага ўрада на чале ca Скірмунтам.

Дзеля правядзення на месцах выпрацаванай праграмы меркавалася арганізаваць губернскія, павятовыя i валасныя аддзелы БНК, склікаць пад яго эгідай сялянскі (прызначаны ўжо раней) i настаўніцкі з'езды, стварыць пры БНК камісію па падрыхтоўцы рэформы мясцовага самакіравання. Было вырашана сістэматычна выпускаць адозвы i ўлёткі, а таксама пачаць выданне ў Менску беларускай газеты; да яе выхаду М.С. Кахановіч прапанаваў выкарыстоўваць рэдагаваны ім "Могилевский вестник".

Найважнейшым вынікам сакавіцкага з'езда беларускіх арганізацыяў сталася афармленне ў Менску палітычнага цэнтра, вакол якога ў якасна новых умовах паслялютаўскага перыяду мелася адбывацца дзяржаўна-палітычная i нацыянальна-культурная кансалідацыя той часткі беларускага народа, што заставалася пад юрысдыкцыяй Расеі. Дакументы з'езда сведчаць, што ён надаваў сабе i выбранаму ім Беларускаму нацыянальнаму камітэту ролю часовых агульнакраёвых органаў улады, закліканых забяспечыць канстытуяванне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Аўтаномія Беларусі ўяўлялася пры гэтым блізкай перспектывай, яе атрыманне з рук дэмакратычнай расейскай улады здавалася магчымым у выніку невялікіх намаганняў. Беларускія патрыёты-адраджэнцы - у большасці пачынаючыя палітыкі - не маглі яшчэ адэкватна ацаніць маштабы геапалітычных i эканамічных інтарэсаў Paceі на Беларусі, магутнасць існуючых у краі "цэнтралісцкіх" сілаў, а таксама рэальны ўзровень нацыянальнай самасвядомасці асноўнага класа беларускай нацыі - сялянства, павесці якое за сабой было магчыма, толькі прапанаваўшы радыкальную i зразумелую сацыяльна-эканамічную праграму, найперш па аграрным пытанні. У тагачасных аб'ектыўных умовах створанаму Беларускаму нацыянальнаму камітэту надзвычай праблематычна было стаць зародкам агульнакраёвай улады на Беларусі; ён мог быць толькі грамадскай установай, каардынацыйным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху, які яшчэ мусіў вырасці ва ўплывовую палітычную сілу.



[1] Мядзёлка П. Сцежкамі жыцця. - Мн., 1974. С. 89-93.

[2] Показания А.Смолича от 20 октября 1930 г.// Навіны Беларускай акадэміі. 1992. 11 снежня.

[3] Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. - Мн., 1986. С. 110.

[4] Заяц Л. Абмылковы крок (Менскі савет рабочых дэпутатау i Беларускі нацыянальны камітэт) // Савецкая Беларусь. - 1927. 20 сакавіка.

[5] Краўцоў М. (Касьцевіч М.). Усебеларускі зьезд // Беларускі звон.- 1921. 9 верасня.

[6] Минская газета. - 1917. 11 сакавіка; Минский голос. - 1917. 11 i 12 сакавіка.

[7] Минский голос. - 1917. 14 сакавіка.

[8] Минская газета. - 1917. 13 сакавіка.

[9] Минский голос. - 1917. 16 сакавіка; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску (далей: НГА Беларусі ў Менску), ф.700, в.1, спр.383, арк.56 адв.

[10] Минский голос. - 1917. 19 сакавіка.

[11] Вестник Минского губернского комиссара. - 1917. 19 сакавіка.

[12] НА РБ, ф.60, ВОП.2, спр.70, арк.123.

[13] Минская газета. - 1917., 11 сакавіка.

[14] Минский голос.- 1917. 14 сакавіка.

[15] НГА Беларусі ў Менску, ф.700, в.1, спр.383, арк.23-23 адв.

[16] Вестник Минского губернского комиссара. - 1917. 23 сакавіка.

[17] НГА Беларусі у Менску, ф.700, в.1, спр.383, арк.56.

[18] Там жа, арк.56 адв.

[19] Вестник Минского губернского комиссара. - 1917. 24 сакавіка.

[20] Там жа.

[21] ЦДГА г. Санкт-Пецярбурга, ф.1935, в.1, спр.16, арк.7.

[22] Минская газета. - 1917. 22 сакавіка.

[23] ЦДГА г. Санкт-Пецярбурга, ф.1935, в.1, спр. 16, арк. 4.

[24] Вестник Минского губернского комиссара. - 1917. 15 сакавіка.

[25] Великая Октябрьская Социалистическая Революция в Белоруссии: Документы и материалы. Т.1. - Мн., 1957. С. 138.

[26] М.К. (Коханович М.). Белорусский съезд в Минске //Могилевский вестник. - 1917. 30 сакавіка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX