Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Краўцоў Макар. Петра Антонавіч Крэчэўскі 


Аўтар: Краўцоў Макар,
Дадана: 27-06-2013,
Крыніца: Краўцоў Макар. Петра Антонавіч Крэчэўскі // Спадчына №2-1993. С. 35-37.



На пяцьдзесятым годзе жыцьця памёр 8 сакавіка 1928 году ў Чэскай Празе Петра Антонавіч Крэчэўскі. Жыцьцё бяжыць, а нябожчыкі сьпяць сном вечным. Сёньня ўжо дзевяць год мінула ад дня скону высокаідэйнага Сына Беларусі Петры Крэчэўскага, на долю каторага прыпала фізычнае носьбіцтва нязьдзейсьненай яго сучасьнікамі ідэі беларускай сувэрэннасьці.

Пётра Крэчэўскі.

Ліхія часы нядолі беларускай таксама мінуць, разьвеецца цемра народная, i вольны ды самастойны ў будучыні Беларускі народ успомніць свайго вернага сына, скончыўшага дні свайго жыцьця ў дабравольным выгнаньні, на зямлі братняга Чэскага народу.

Успомніць народ наш Пётру Крэчэўскага па гаспадарску i дасьць яму дастойнае месца ў Пантэоне свае гісторыі.

А тым часам!

Тым часам - доўг кожнага, каго злучалі 3 Крэчэўскім вялікія бурныя дні самаахвярных парываў да новага вольнага жыцьця Беларусі, доўг кожнага жывога яшчэ сьведкі - успомніць носьбіта сьветазарнай беларускай ідэі.

Магіла П. Крэчаўскага ў Празе.

Далёка спачывае Пётра Крэчэўскі пад пастаўленым над яго магілай, трудамі ўбогай беларускай эміграцыі, памятнікам. А на памятніку напісана, што П. Крэчэўскі - старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі... Пастаўлены на варту вартаўнік найвышэйшых інтарэсаў народных, пакінены ледзь ня ўсімі выбраўшымі яго, дастаяў на варце да канца. Заснула э ім горыч расчараваньня ад няспоўненых парываў, надзеяў, скончыла сваю няўтомную працу вялікае беларускае сэрца, перапоўненае любоўю да свайго сярмяжнага народу-земляроба, не зразумеўшага на гэтым грэшным сьвеце ўладнага закліку Сына свайго да каваньня свае праўды, свае сілы і свае волі...

У памяці маёй устае Пётра Крэчэўскі, як ціхая, скромная асоба з воркам папераў у руках: сяброўскіх мандатаў на Першым Усебеларускім Зьезьдзе ў Менску ў месяцы сьнежні 1917 г. Пазьней, знаёмячыся з ім бліжэй асабіста, пачуў я з яго ўласных вуснаў, што ён - народнік, быў у расейскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, да вялікай вайны служыў у банку, старэйшы за мяне быў толькі на 12 гадоў. Аднак яго пышная рыжаватая барада, крыху прыгнутая, вышэйшая за сярэдні рост, фігура ў старым шынялі расейскага вайсковага ўрадніка, з зімоваю шапкай-папахай на галаве, недастача пярэдніх зубоў у роце, а праз гэта глухі тэнаровы тэмбр голасу пры гутарцы - усё гэта рабіла яго нейкім старэйшым з выгляду. Ува ўсёй яго ціхай, малаахвотнай на словы істоце таілася выразная цьвёрдая воля ісьці да канца цярністым шляхам беларускага дзеяча-пакутніка. Душа яго гарэла нейкаю рамантычна-дзявочаю надзеяй, хоць з выгляду Крэчэўскі ўжо ў 1917 г. быў - чысты дзед. Не магу прыпомніць ані ценю гневу на яго шыраканосым сьветлым твары, а таксама ў вечна-спакойным і вечна-ласкавым паглядзе рашучых шырока-расплюшчаных вачэй. А гэтулькі-ж усялякіх мамэнтаў разам з ім прышлося перажываць!

Калі бывала i з дакорам якім зьвернецца да цябе, дык неяк па-свойму, мягка, з усьмешкай на твары, з ласкаю ў вачох, ад якіх чалавек не адарвеш свайго пагляду, мігам астынеш, пераканаешся ад жмені яго простых, шчырых слоў, ішоўшых з глыбіняў добрае душы яго.

Успомніць варта i рэдакцыю «Вольнай Беларуси, а ў ёй Пётру Крэчзўскага, прыйшоўшага спрабаваць зьмясьціць у гэтым часопісе свой верш - народную беларускую легэнду пра птушку-бусла. «I беларус буслоў шануе; ён кажа: «Нельга бусла біць, бо наша ў ім душа істнуе, ён чалавек i хочэ жыць»,- назаўсёды ўрэзаліся мне у памяць апошнія словы верша, чытанага Крэчэўскім. Ці варта дадаваць, што верш у «В. Б.» быў зьмешчаны!

Заўсёды аднолькавы, каменна-спакойны, Пётра Антонавіч трымаўся з нейкаю патрыяршаю, сказаў бы той, павагаю. Мы ўсе любілі яго, бо іншага пачуцьця ён ні ў кім і нічым ніколі ня выклікаў. Пачуцьцё таварыскасьці меў нязвычайнае. Шмат нялічаных разоў мы позна ў ночы ішлі разам дамоў, бо недалёка адзін ад аднаго пражывалі ў Менску: ён на Старажоўскай, а я на Міхайлаўскай вуліцы. Розныя беларускія паседжаньні ў часе нямецкай акупацыі забіралі ў нас вельмі шмат часу. Вычарпаныя фізычна, але моцныя духам, глыбокімі начамі мы часта разам вярталіся на сваё прадмесьце.

I тады, заўсёды «нямы», у часе найгарачэйшых нават дэбатаў на паседжаньнях, Пётра Антонавіч быў шчодрым на гутарку. Што глыбока прадумаў, таго трымаўся да канца, у што верыў, тое бараніў з сакавітаю проста спакойнасьцю. На кожнае пытаньне адказваў адным і тым-жа самым роўным тонам...

Пётра Антонавіч! Ты, здаецца, знаёмы з лацінаю! Што азначае па беларуску ultima ratio!

Ultima ratio?.. Ну, найвышэйшы сэнс, ці як там сказаць...

I пачне паясьняць так, што, здаецца, i дзіця зразумела б.

Пётра Антонавіч! У Раду зьбіраюцца ўвайсьці абшарнікі, а таксама і «расейцы» з Сьвята-Мікалаеўскага Брацтва, як да ix адносіцца!

Як да трутняў,- адказвае з усьмешкай...

Вывесьці Крэчэўскага з роўнавагі не ўдавалася. На выгляд ён спакойна ўспрыймаў нават i балюча-вострыя фразы...

Варта хіба ўспомніць, як на долю Крэчэўскага выпала ліквідаваць уладу Ландара i ўсіх яго, ахопленых панікаю, «народных камнссаров Западной области и фронта» ў тую самую ноч, калі стварыўся Народны Сэкрэтарыят Беларусі.

Бальшавіцкія камісары затрыманы былі служачымі чыгункі на менскім вакзале. Чыгуначнікі проста не хацелі выпусьціць з Менску тагачаснае расейскае «ўлады» з торбамі, туга напханымі керэнкамі ды іншымі грашовымі знакамі... «Уцякаеце, саколікі, а нас з чым пакідаеце!»

Дэлегаваны да чыгуначнікаў, прызнаваўшых беларускую ўладу Народнага Сэкрэтарыяту, П. Крэчэўскі парадзіў ім патрабаваць ад бальшавіцкіх камісараў выплаты пэнсіяў чыганучнікам за паўгода наперад. Камісары мусілі на гэта згадзіцца.

Увесь вонкавы выгляд «стараватасьці» Крачэўскага, здавалася, мудра казаў: «Ня ў сіле Бог, а ў праўдзе»...

I раз знайшоўшы сваю вялікую Праўду Беларускую, Крэчэўскі насіў яе, як цяжкае бярэмя абавязку, у страшэнныя дні вялікіх політычных катаклізмаў; у высокапатрыятычным сэрцы сваім вынес гэтую Праўду на чужыню і з гэткім дарагім скарбам душы свае гараваў i сумаваў на гасьціннай зямлі чэхаславацкай дэмакратыі. Прыйдуць дні іншыя. I памяць аб Крэчэўскім ускросьне ў мільёнах шчасьлівых душаў беларускіх.

Уваскросьне, каб больш не памірацьі

(«Шлях Моладзі», 1937, № 3). Публікацыя Валянціна МАЗЦА

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX