Калі я ў пачатку 90-ых гадоў зацікавілася Юзюком Фарботкам, вельмі мала пра яго было вядома. У пятым томе "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі" (Мінск 1985) я знайшла біяграфічныя звесткі пра яго ў вельмі абмежаваным выглядзе, падпісаныя Віталём Скалабанам. Было гэта і так шмат на той час - як для мяне - звестак. Пазнаёміўшыся падчас частых паездак у Беларусь з аўтарам біяграмы Юзюка Фарботкі, шмат мы гадалі пра яго далейшы лёс, але ўсё гэта было тады бесперспектыўна. Юзюк Фарботка не аб'явіўся ў беларускай літаратуры міжваеннага часу, хаця падчас І сусветнай вайны паказаўся як беларускі паэт, літаратурны крытык і грамадска-палітычны дзеяч. Першы верш апублікаваў у "Нашай Ніве" ў 1912 г. Наступныя публікаваліся таксама ў іншых беларускіх выданнях: "Лучынка", "Беларусь", "Вольная Беларусь", "Сьветач", "Беларускі Шлях", "Белорусское Эхо", "Школа і Культура Савецкай Беларусі". У 1920 г. у Менску выйшла друкам яго кніга "Беларусь у песьнях". Усё гэтыя звесткі можна прачытаць у беларускіх энцыклапедыях і даведніках: "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі", "Беларускія пісьменнікі", у анталогіях літаратуры і гісторыі беларускай літаратуры. Вядома таксама, што Юзюк Фарботка перакладаў на беларускую мову фрагменты "Пана Тадэўша" Адама Міцкевіча.
Біяграфічныя звесткі пра Юзюка Фарботку ў даведніках адносіліся перад усім да канца І Сусветнай вайны. Наконт далейшага яго жыцця ставіліся адны пытальнікі або прыводзіліся ўскосныя звесткі: "паводле ўскосных звестак жыў у Польшчы, займаўся навуковай дзейнасцю" . Год смерці падавалася з пытальным знакам - 1945 (?), паясняючы, што: "месца і дакладная дата яго серці не ўстаноўлена" . Непрысутнасць пасля І Сусветнай вайны так актыўнага прадстаўніка беларускага нацыянальнага і літаратурнага руху доўга не давала мне спакою. У пошуках па архівах і бібліятэках удалося ўдакладніць яго біяграфію таксама з перыяду І Сусветнай вайны, напрыклад яго заангажаванне і ўдзел у дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі (сакратар), якая вясной 1918 г. вяла перамовы ў Кіеве з уладамі Украінскай Народнай Рэспублікі.
У 1918 г. Юзюк Фарботка пісаў пра беларускую паэзію часоў вайны ў кіеўскай газеце "Беларусскае Эхо", а пазней у 1919 г. у Менску ў часопісе "Школа і Культура Савецкай Беларусі". Калі летам 1919 г. палякі занялі Менск, Юзюк Фарботка быў адміністратарам беларускага тэатра - да 20 лютага 1920 г. Іграў так-сама ў ім як акцёр побач з Францішкам Аляхновічам, Флар'янам Ждановічам, Стэфановічам, Злотнікавым, Верай Тарасік, Верасам і Бравічам, м. інш. у спектаклі "На Антокалі" Францішка Аляхновіча, які быў тады дырэктарам тэатра. Умовы развіцця тэатра тады былі даволі складанымі: польская цэнзура абмяжоўвала рэпертуар, не хапала фінансавых сродкаў, спектаклі можна было паказваць толькі ў буднія дні, паколькі нядзелі і святы былі прызначаныя для польскага тэатра. Ці сталіся яны прычынай адмаўлення Юзюка Фарботкі ад адміністравання тэатра, ці можа нейкія іншыя? У лісце ў рэдакцыю газеты "Беларусь" абвяшчаў пра сваю пастанову: "Паважаны пане рэдактар! У звязку з тым што да мяне часта звяртаюцца па выясненні аб Беларускім Тэатры, лічучы мяне за адміністратара Тэатра, маю гонар прасіць Вас надрукаваць у Паважанай Вашай газеце для агульнага ведаму, што ад 20 лютага г.г. не лічуся адміністратарам Беларускага Тэатра і ніякіх супольных з адміністратарствам спраў не маю. Іншыя газеты прашу надрукаваць. З вялікай пашанай Я. Фарботка" . Магчыма гэтым лістом Юзюк Фарботка закончыў сваю прыгоду з беларускім рухам. З пасведчання, выдадзенага 26 красавіка 1922 г. Універсітэтам Стэфана Баторыя ў Вільні вынікае, што ў летнім семестры 1919-1920 г. распачаў навуку на Матэматыка-прыродазнаўчым факультэце.
У 1920 г. у Менску была выдадзеная літаратуразнаўчая кніга (95 старонак) Юзюка Фарботкі "Беларусь у песьнях. Літаратурна-гістарычны нарыс". Аўтар ва ўступе да яе пісаў: "Хочучы азнаёміць нашае грамадзянства, а асабліва моладзь, закінутую сваёю доляю на чужыну і адарваную, дзякуючы гістарычным абставінам ад родных хат, лясоў і поля, але ўсёю душою адданую свайму роднаму краю і народу, з тым абразом, які павінен быць ёй найдаражэйшым і найхарашэйшым, з абразом які выяўляе сабою ўсё, што толькі можа быць мілым у сваёй Бацькаўшчыне, мы пачалі на страніцах Кіеўскае газеты "Беларускае Эхо" друкаваць свой студыум беларускае новае літаратуры. Гэты студыум і ёсць той абраз, які, складаючыся з рознакалёрных і рознатонных асколкаў новае беларускае паэзіі, паэзіі першых беларускіх песняроў, можна назваць "Беларуссю ў песьнях". На жаль артыкул друкам дакончыць не ўдалося. Цяпер, карыстаючыся з магчымасці выпусціць яго друкам у асобнай кніжцы, мы, перагледзеўшы і паправіўшы ўвесь матар'ял, згладзіўшы тую аднабокавасць і дапоўніўшы новымі аддзеламі-этапамі аж да апошніх часоў, выпушчаем у свет сваю скромную працу не толькі для моладзі, закінутае на чужыну, але ў першы чарод для грамадзянства, жывучага на самой тэрыторыі Беларусі" . Кніга складаецца з васьмі частак, зложаных храналагічна. Прадстаўлена ў ёй развіццё беларускай літаратуры да І Сусветнай вайны і падчас яе трывання. Юзюк Фарботка апрача аналізу беларускага літаратурнага руху ў кнігу ўключыў вершы розных аўтараў. Гэтая кніга да нядаўна была апошнім вядомым фактам з яго жыцця.
"Супярэчныя звесткі" пра далейшы лёс Юзюка Фарботкі пачалі высвятляцца зусім выпадкова. 14 снежня 1992 г. у Гданьскай галерэі фатаграфіі, дзякуючы намаганням яе кіраўніка Стэфана Фігляровіча, адкрылася выстаўка "Віленскія працы" ("Prace wilenskie") Баляславы і Эдмунда Зданоўскіх. Гэтыя вядомыя фатографы пасля ІІ Сусветнай вайны прыехалі ў Гданьск і далей займаліся фатаграфіяй. Іх даваенныя працы захаваліся ў архіве іх дачкі Альдоны, якая пражывала ў Эльблонгу. На выстаўцы ў 1992 г. знайшліся перад усім фатаграфіі, на якіх прадстаўлена даваенная Вільня. Сярод іншых знайшоўся таксама партрэтны здымак Максіма Танка. Паэт успамінаў Зданоўскіх у сваіх "Картках з каляндара". На адным з выставачных здымкаў прадстаўленыя былі сябры "Віленскага фотаклуба". Паводле апісання здымка, адным з іх быў Юзюк Фарботка. І гэта быў першы след у пошуках далейшага лёсу нашаніўскага паэта. Нажаль, ніхто з прысутных на адкрыцці выстаўкі нічога не ведаў пра Юзюка Фарботку. Дачка Зданоўскіх успомніла толькі пра вершаваны "Спісак сяброў Віленскага Фотаклуба" (на 1 сакавіка 1937 г.), захаваны ў бацькоўскім архіве, які канчаўся вельмі перспектыўна для пошукаў:
"Liste ulozyl ten, co
Przypnie latka kazda zwrotka,
A nazywa sie ... Farbotko".
Пасля ўспомненай выстаўкі калекцыя здымкаў Зданоўскіх трапіла ў Нацыянальную бібліятэку ў Варшаве. Атрыманыя ад Стэфана Фігляровіча тэлефоны і адрасы сем'яў (дзяцей) былых сяброў Віленскага фотаклуба (Уладзіміра Крукоўскага, Зыгмунта Вжэсьнёўскага, Яна Місевіча) не дапамаглі ў пошуках - прозвішча Фарботкі было ім невядомае, а іх бацькоў даўно ўжо не было ў жывых.
Чарговую надзею прынесла выстаўка "У крузе Віленскага фотаклуба і Польскага фотаклуба. Вайцех Буйко (1882 - пасля 1941 г.)", сарганізаваная ў красавіку 1997 г. у Музеі гісторыі фатаграфіі ў Кракаве. У каталогу выдадзеным з гэтай нагоды знайшліся фрагменты з польскіх даваенных фатаграфічных часопісаў ("Fotograf Polski", "Polski Przeglаd Fotograficzny"), у якіх упамінаўся Вайцех Буйко, выбраны ў 1929 г. на старшыню Віленскага таварыства аматараў фатаграфіі. Тады ж скарбнікам у ім стаўся Юзюк Фарботка. Гэтая звестка стала падказкай, каб перагледзець успомненыя часопісы і пры нагодзе скантактавацца з успомненым кракаўскім музеем.
У 1998 г. на Ягелонскім універсітэце пачала вучыцца мая дачка Агата. Ёй прышлося скантактавацца з Музеем гісторыі фатаграфіі. А я ў міжчасе перагледзела ў Гданьскай галерэі фатаграфіі "Przeglаd Fotograficzny", "Almanach Fotografiki Wilenskiej" (1931), "Almanach Fotografiki Polskiej (1934 i 1937), каталогі даваенных міжнародных фатаграфічных выставак, якія падарыла сям'я Зданоўскіх. Аказаліся яны вельмі багатай крыніцай інфармацыяў пра Юзюка Фарботку і яго дзейнасць у галіне мастацкай фатаграфіі. Знайшліся ў іх рэпрадукцыі фатаграфіяў Юзюка Фарботкі: "Pustkowie" ("Пустэча"), "Stary mlyn" ("Стары млын"), "Fale Baltyku" ("Балтыйскія хвалі"), "Rybacy" ("Рыбакі"), "Koronka" (Каронка"), "Ster" ("Стырно"). На адным са здымкаў Юзюка Фарботкі пазначана і ягоная навуковая ступень доктара - кандыдата навук (dr. Jоzef Farbotko). Так зусім нечакана паявілася новая звестка, якой не паяснялі вышэй успомненыя часопісы. Юзюк Фарботка нечакана аб'явіўся як апантаны аматар мастацкай фатаграфіі. Быў адным з заснавальнікаў успомненага вышэй Віленскага фотаклуба. У хроніцы фотаклуба запісаўся як яго скарбнік, удзельнік шматлікіх агульнапольскіх і міжнародных фатаграфічных выставак і конкурсаў. Скарбнікам быў праўдападобна да 1938 г., калі заступіў яго на гэтай пасадзе Вайцех Буйко. У 1938 г. у конкурсе "Прыгажосць Вільні і Віленшчыны" ("Piеkno Wilna i Wilenszczyzny") Юзюк Фарботка за здымак "Рыбак з Зялёных азёраў" "Rybak z Zielonych Jezior" атрымаў 20-ую ўзнагароду (на 127 прысланых прац) - гадавую падпіску на часопіс "Przeglad Fotograficzny".
Старшынём Віленскага фотаклуба быў вядомы фатограф Ян Булгак. З яго ініцыятывы зімой 1927 г. заснавалася гэтая элітная сяброўская арганізацыя. Ян Булгак успамінаў, што заснавальнікам было само жыццё: "Паўстаў незаўважна і цішком, без праграмы і ўзору, узнік самадзейна, як натуральнае і канчатковае наступства стасункаў некалькіх чалавек, збліжаных супольнымі зацікаўленнямі. (...) Пачалося з таго, што то той, то гэты з незнаёмых мне яшчэ ў той час віленскіх аматараў фатаграфіі прыходзіў да мяне з негатывамі або адбіткамі ў кішэні па крытыку або параду. Звыклы да таго часу да поўнай самотнасці ў маёй працы, я прымаў тых гасцей з распасцёртымі рукамі і ахвотна дзяліўся тым, чым хата была багата. Неўзабаве я з вялікім задавальненнем пераканаўся, што таварыскасць у працы ёсць незаменна каштоўная і надае ёй новыя якасці; што стварае яна пэўную атмасферу з'яднанасці, у якой працуецца шпарчэй і больш прадуктыўна. З часам, калі я заўважыў, што гэтыя мілыя пасядзелкі забіраюць у мяне больш часу, чым яго меў у распараджэнні, і калі колькасць таварышаў фатаграфічнай катэгорыі павялічылася, я прыйшоў да думкі ўрэгуляваць тую справу з двухбаковай карысцю. Я прапанаваў сваім новым знаёмым, што заміж таго, каб выспеўваць дуэты, у якіх першы голас быў заўжды нязменны, паспрабаваць стварыць аркестр. Маючы досыць вялікую бібліятэку і падборку спецыяльных выданняў, параіў, каб усе збіраліся ў мяне раз на тыдзень у адпаведныя вячэрнія гадзіны, пасля працы. Такім чынам узніклі "Чацвяргі" фотаклуба, на якія паміж 9 і 12 вечара сходзілася спачатку па некалькі, а потым больш за дзесяць чалавек. Назва Віленскага фотаклуба знайшлася па ходу сама, а няпісаны статут быў зрэдагаваны з аднаго адзінага параграфа, які абвяшчаў, што наступныя сябры фотаклуба могуць прымацца няйначай, як аднагалосна. Мела гэта за мэту ўтрыманне ў таварыства паважнага мастацкага ўзроўню і цеснай таварысцкай салідарнасці. (...) Поспехам (...) мы абавязаны не толькі апантанай і руплівай дзейнасці ўсіх сяброў, якім тут належыць аддаць даніну, але перад усім - сапраўды бяспрыкладнай ахвярнай, руплівай і кампетэнтнай працы двух стаўпоў Таварыства ВФ - сакратара пана Казіміра Лялевіча і скарбніка пана Юзафа Фарботкі, працы, якая заслугоўвае найвышэйшага прызнання і ўдзячнасці ўсёй віленскай фатаграфічнай супольнасці. Смела можна гаварыць, што без поўнай самааддачы тых двух чалавек не здолелі б здзейсніць такі паважны колькасцю і якасцю лік спраў, не хочучы і не могучы разабрацца, на рахунак якога таварыства належала запісаць тую або іншую пазіцыю, паколькі ўсе былі абавязаны сваім існаваннем заўсёды тым самым асобам, якія толькі выступалі то як сябры ТВФ, то як сябры фотаклуба."
У гадавой справаздачы, мабыць зложанай Юзюком Фарботкам, апісваліся сябры фотаклуба і іх працы. Адна са зваротак прысвечаная Юзюку Фарботку:
"У Фарботкі - рыбак, хваля,
дубок, пясок, кавалак неба.
Ну квіты, і больш дэталяў
называць тут без патрэбы."
Рыбак, хваля, дубок, пясок, кавалак неба - гэта асноўныя лейтматывы яго здымкаў. "Квіты" (квітанцыі) адносяцца да яго пасады сакратара ў Віленскім фотаклубе. Юзюк Фарботка пісаў пра дзейнасць фотаклуба ў часопісе "Przeglаd Fotograficzny" ("Фатаграфічны агляд"), які выдаваўся з 1935 г. Гадавая справаздача яго аўтарства была апублікаваная ў снежанскім нумары: "2. ХІІ адбыўся чарговы сход сяброў ФКВ, на якім апрача размовы пра найпільнейшыя бягучыя справы, была зроблена ацэнка працы згодна з пар. 11 Статуту. Сход, як апошні ў гэтым годзе, завяршае цыкл гадавога даробку ўсяго фотаклуба. Варта падаць хоць коратка склад прац абвешчаных для ацэнкі на працягу 1935 г. Параграф 11 Статуту ФКВ гаворыць, што да абавязкаў сябра ФКВ, м. ін. належыць: 1) прадстаўленне для ацэнкі сходу не менш, як адной новай уласнай фатаграфічнай працы, якая б адпавядала мастацкаму ўзроўню аўтара; 2) зачытванне або прадстаўленне на пісьме тэарэтычнай працы з вобласці фатагафікі ці эстэтыкі, або 3) выплата пяці злотых у фонд ФКВ. Вышэй азначаны парадак абавязковы для кожнага сябра фотаклуба на кожным месячным сходзе за выключэннем двух летніх месяцаў. У 1935 годзе на 10 сходах прадстаўлена 14 аўтарамі на грамадскую ацэнку агулам 213 прац, з якіх прызнаныя за добрыя 167 здымкаў. Акрамя таго прачытана некалькі рэфератаў. У траўні ФКВ разам з Клубам праўнікаў (юрыстаў) арганізаваў у Вільні выставу фотаработ памерлага ў гэтым годзе свайго сябра с.п. Станіслава Туровіча, а акрамя таго ў лістападзе г.г. арганізаваў 5-тыднёвы курс "Лейкі", на які хадзіла 35 слухачоў, акрамя сяброў клуба. ФКВ адсылаў свае падборкі на Міжнародны салон у Варшаве і на краёвыя выставы ў варшаўскім Захэнці ў траўні г.г. і ў Станіславове ў верасні г.г. Акрамя таго ФКВ зарганізаваў з выбраных прац сяброў "Вандроўную замежную папку", якую будзе адсылаць у асобныя фатаграфічныя асяродкі за мяжой. Першай спробай такога роду кантакту віленскіх фатаграфікаў з замежнымі будзе перасылка "Вандроўнай замежнай папкі" ФКВ, якая ўтрымоўвае, звыш сотні фотаработ, у Вену і ў Галандыю. ФКВ мае намер высылаць свае "гадавыя папкі" ў фатаграфічныя асяродкі краіны".
У 1999 г. у навагоднім лісце з Кракава Агата Глагоўская паведамляла: "Калі гаворка ідзе пра Юзафа Фарботку, то трэба напісаць заяву дырэктару Музея гісторыі фатаграфіі, з дадаткам мэтаў і нагодаў, тады музей можа прыслаць матэрыялы на адрас у Гданьску і скантактаваць з сям'ёй Юзафа Фарбрткі ў Лодзі (патрэбна згода сям'і на доступ да дакументаў)". Да 15 студзеня 2000 г. Музей гісторыі фатаграфіі быў у рамонце, але ў згаданым сказе была асноўная інфармацыя пра нашчадкаў Юзюка Фарботкі ў Лодзі. Дзякуючы тэлефоннай даведцы ўдалося знайсці ягонага сына Уладзіслава. Аказалася, што ніхто раней не звяртаўся да яго наконт бацькі. Уладзіслаў Фарботка быў здзіўлены, калі даведаўся пра дзейнасць бацькі на беларускай ніве. Пра дзейнасць яго дзеда Альберта Паўловіча (бацькі маці) у беларускім руху ў сям'і было вядома. Удалося мне пазнаёміцца асабіста з Уладзіславам Фарботкам. На аснове шматгадовай цікавай перапіскі з ім удалося выявіць невядомы раней беларускім літаратуразнаўцам і гісторыкам лёс Юзюка Фарботкі. Дапоўнілі яго таксама дакументы з фонду Віленскага ўніверсітэта, якія захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным архіве ў Вільні.
Юзюк Фарботка нарадзіўся 23 жніўня (4 верасня) 1893 г. у Налібоках Менскага павету і Менскай губерні у сям'і Аўгустына і Ганны з Вярыгаў. Меў трох братоў: Антона, Яна, Пятра і пяць сясцёр: Мар'ю, Юзэфу, Ганну, Стэфанію і Зоф'ю. Пасля ІІ Сусветнай вайны ў Польшчы да смерці жылі: Мар'я (у Вроцлаве), Ганна (у Новай Солі) і Пётр (недалёка Быстжыцы Клодскай).
У гадах 1905-1914 Юзюк Фарботка вучыўся ў гімназіі ў Менску. Пасля яе заканчэння слухаў прыродазнаўчыя лекцыі на Фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Навуку спыніла І Сусветная вайна. У 1915 г. ажаніўся з дачкой беларускага паэта Альберта Паўловіча - Уладзіславай, народжанай 24 кастрычніка 1898 г. у Менску. У 1917 г. нарадзіўся ў іх сын Часлаў, але, не дажыўшы годзіка, памёр. Падчас вайны маладая сям'я пражывала ў Тамбове, Менску, Свеце над Віслай. Пасля ўстаткавання польска-савецкай мяжы Уладзіслава і Юзюк Фарботкі на пастаяннае жыхарства выбралі Вільню. 17 лістапада 1922 г. Юзюк Фарботка атрымаў пасведчанне грамадзянства польскай дзяржавы. З 29 траўня 1920 г. працягваў навуку ў Віленскім універсітэце на Матэматыка-прыродазнаўчым факультэце. Залічылі яму два гады навучання ў Кіеве, прымаючы яго на трэці курс. Навуку закончыў у 1924 г. Адначасова працаваў у Земскай управе ў Вільні (як асэсар, пазней як інспектар). Пазней працаваў у Ваяводскай управе як дарадчык (radca), а з 1935 г. быў кіраўніком Аддзела сельскагаспадарчых прыладаў у Аддзяленні сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчых рэформаў (Wydzial Rolnictwa i Reform Rolnych).
Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта працаваў таксама ў ім на Кафедры заалогіі - вёў заняткі па энтамалогіі. Пад кіраўніцтвам прафесара Яна Прыфера падрыхтаваў і ў 1932 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю "Materialy do znajomosci aparatu kopulacyjnego wojsilek" ("Матэрыялы для знаёмства з капуляцыйным апаратам вайсілак"). У 1929 г. стараннем Аддзялення матэматычных і прыроднаўчых навук Таварыства сяброў навук (Wydzialu Nauk Matematycznych i Przyrodniczych Towarzystwa Przyjaciol Nauk) у Вільні выйшлі друкам з дапамогай Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і публічнай асветы (Ministerstwa Wyznan Religijnych i Oswiecenia Publicznego) дзве кнігі: "Przyczynek do znajomosci wojsilek polnocno-wschodniej Polski" (№ 16, сс. 43+табліца) i "Materjaly do znajomosci aparatu kopulacyjnego wojsilek (Panorpa)" (№ 17, сс. 7). Свае зацікаўленні вайсілкамі паясняў недахопам доследаў іх: "Група насякомых, датуль не вывучаная на тэрыторыі Віленскага ваяводства" . Юзюк Фарботка распачаў свае доследы гэтых матылёў яшчэ ў 1924 г., а закончыў увосень 1925 г., дапаўняючы іх у 1926 г. Пачаткова даследаваў матылькоў на прасторы 12 кіламетраў ад Вільні, а з другой паловы лета і ў 1925 г., дзякуючы падтрымцы Фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук, пашырыў тэрыторыю доследаў. "Нагодай для збірання матэрыялу фізіялагічнага значэння паслужыла мне тое, што паўночна-ўсходняя частка Польшчы ўяўляе з таго пункта гледжання тэрыторыю невядомую" , - даказваў ён патрэбу сваіх доследаў. Дысертацыю ацанілі вельмі добра.
Дакладна не вядома, калі Юзюк Фарботка зацікавіўся мастацкай фатаграфіяй. У сярэдзіне 20-ых гадоў быў ужо ў кіраўніках праўлення Віленскага таварыства аматараў фатаграфіі. Праца чыноўніка ў галіне сельскай гаспадаркі спалучалася з паездкамі на вёску, што давала яму магчымасці для пошукаў цікавых яму матылёў (вайсілкаў) і на фатаграфаванне, у тым ліку, краявідаў. У Вільні Ўладзіслава і Юзюк Фарботкі наймалі кватэры. У міжваенны час жылі ў Дабрачынным завулку - 4, кв. 5, на Вялікай Пагулянцы - 35, кв. 77, Любэльскай - 3, кв. 4.
Калі пачалася ІІ Сусветная вайна жылі яны па вуліцы Вострабрамскай. Падчас вайны тры разы мянялі кватэры - жылі па вуліцы Кашыковай (у спадарства Борысаў), пазней - па Канарскага (побач з Закрэнтам). Недзе паўтара года перад канцом вайны перайшлі жыць праз 8 ці 10 дамоў далей. У пачатку чэрвеня 1944 г, калі фронт набліжаўся да Вільні, немцы загадалі пра спешнае высяленне жыхароў кварталу ў сувязі з пабудовай магутных абаронных фартыфікацый побач лесапарку ў Закрэнце. Уладзіслава і Юзюк Фарботкі з шасцігадовым сынам Уладзіславам і некалькімі валізкамі сваіх рэчаў выехалі ў падвіленскую вёску Гудэлі, дзе жыла іх далёкая радня. Калі ў ліпені 1944 г. вярнуліся ў Вільню, аказалася, што дом, у якім яны жылі, згарэў датла ад агню савецкай артылерыі. Разам з ім згарэў і ўвесь сямейны архіў, у тым ліку негатывы здымкаў Юзюка Фарботкі. Застаўся толькі яго ўлюбёны фотаапарат "Rolleiflex", які забраў ён з сабою ў апошнюю хвілю, пакідаючы Вільню.
Вярнуўшыся ў Вільню сям'я Юзюка Фарботкі пасялілася ў сяброў па вуліцы Саколяй - 2а, кв. 2 - на Звярынцы. Там у студзені 1945 г. Юзюка Фарботку арыштаваў НКУС. Выслалі яго ў лагер у Дзяржынск у Данбасе, дзе працаваў на плантацыі гнілых памідораў. Уладзіслава Фарботка з сынам запісалася на выезд у Польшчу, і ў канцы сакавіка 1945 г. рэпатрыянцкім цягніком № 19 яны выехалі з Вільні. Пасля розных прыгодаў 8 траўня даехалі ў Лодзь, дзе была сям'я брата Юзюка Фарботкі, які яшчэ да вайны пажаніўся з ладзянкай.
У лістападзе 1945 г. Юзюка Фарботку звольнілі з лагера. Хворы з карбункуламі на шыі перад калядамі 1945 г. даехаў праз Вільню ў Лодзь. Працаваў як адміністрацыйна-фінансавы дырэктар у Цэнтральным бюро архітэктурных і будаўнічых праектаў (Centralne Biuro Projektow Architektonicznych i Budowlanych). Дзякуючы такой працы атрымаў ад старасты кватэру.
Юзюк Фарботка атрымаў прапанову працы на пасадзе кіраўніка Кафедры энтамалогіі ў Лодзкім універсітэце. Рэкамендаваў яго на гэтую пасаду ягоны прамотар прафесар Ян Прыфер, які пераехаў у Торунь. Юзюк Фарботка не прыняў гэтай прапановы. Як успамінаў ягоны сын Уладзіслаў: "Прычын было некалькі - пасля лагерных перажыванняў (і з-за ўжо тлеўшай унутры, хоць яшчэ не відавочнай невылечнай хваробы Паркінсона), пасля страты ў Вільні даробку ўсяго жыцця, адчуваў нейкую крыўду (на сет?), што так абышоўся з ім лёс, што гэта ўсё спаткала яго, які не быў ані вайскоўцам, ані палітыкам. Дадаткова той факт, што будаўнічая арганізацыя давала большую зарплату і жыллё, а бацькі ў той час практычна нічога не мелі і жылі "ў кутку" ў сям'і братовай майго бацькі".
Жывучы ў Лодзі Юзюк Фарботка надалей захапляўся фатаграфіяй. Разам з Аляксандрам Закшэўскім (малодшым сябрам Віленскага фотаклуба) быў сузаснавальнікам Лодзінскага фатаграфічнага таварыства. Уваходзіў у журы фатаграфічных конкурсаў і выставак, м. інш. быў у журы, якое адбірала працы на выстаўку "Lodz w fotografii", што трывала з 16 лютага па 13 сакавіка 1949 г.
У нялёгкай паваеннай рэчаіснасці пачала працаваць таксама Ўладзіслава Фарботка. Шмат гадоў была яна на пасадзе кіраўніка дэканату Валаконнага факультэта Лодзінскай палітэхнікі (Wydzial Wolkienniczy Politechniki Lodzkiej). Памерла 30 красавіка 1990 г., маючы амаль 92 гады. Юзюк Фарботка памёр 8 чэрвеня 1956 г., праз тры дні пасля таго, як ягоны сын здаў экзамены на атэстат сталасці. Пахаваны ён на старых Лодзінскіх могілках. Сын Юзюка Фарботкі ў адным з лістоў пісаў: "Шмат спраў сямейных, на жаль, сёння ўжо не высветліць. Пасля смерці мамы нарэшце ўсвядоміў сабе, што было яшчэ шмат спраў, пра якія мог яе спытаць, але ўжо не здолею. Вельмі пра тое шкадую".
Дзякуючы кантактам з Уладзіславам Фарботкам і дадатковым архіўна-бібліятэчным доследам, што трывалі каля дзесяці гадоў, лёс Юзюка Фарботкі стаў вядомы ў Польшчы, Беларусі і Літве. З'явіліся артыкулы ў беластоцкім польска-беларускім месячніку "Czasopis", у беларускай (менскай) "Беларусістыцы-Albaruthenicа", у польскім віленскім квартальніку "Znad Wilii". Ягоная біяграфія, дапоўнена новымі фактамі апублікавана ў новых беларускіх энцыклапедыях.