Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Казімір Шафнагель 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 02-02-2020,
Крыніца: Талочка Ул. Казімір Шафнагель // НАША СЛОВА № 5 (1468), 29 студзеня 2020.



Віленская прэса са значным спазненнем паведаміла пра смерць с. п. Казіміра Шафнагеля, які пасля нядоўгай хваробы развітаўся з гэтым светам 13 сакавіка 1923 г. ва ўзросце 67 гадоў. Прэса коратка паведаміла пра "ўладальніка маёнтка Кушляны, з Віл.", але гэта інфармацыя нічога не кажа пра асобу нябожчыка, пра важкую ролю, якую с. п. Шафнагель адыграў у 1917-1918 гг. у жыцці нашага краю. Таму трэба пра гэта расказаць.

Да 1917 г. К. Шафнагель быў вядомы толькі як пільны гаспадар-землеўладальнік на Ашмяншчыне і добры фінансіст. У вольны час ён (трошкі эксцэнтрычна) займаўся брыялогіей (вывучаў імхі і падобныя ім расліны). Гэтай тэме ён прысвяціў першую ў нашым краі манаграфію. Таксама пісаў артыкулы пра сельскую гаспадарку, артыкулы былі такога ўзроўню, што іх абмяркоўвала нават нямецкая прэса.

У 1917 г., калі ў канцы зімы распалася Расія, надышоў вызначальны для нашага краю час. Гісторыкі назавуць гэты год пачаткам новага жыцця. Кожная з нацыянальнасцяў нашага краю (можа быць за выняткам яўрэяў, але гэта не пэўна), пасля распаду Расіі сказала сябе: зараз ці ніколі! Гістарычны гадзіннік паказваў дванаццатую гадзіну! Зразумелі гэта і беларусы, народ які меў найменшую колькасць нацыянальных дзеячаў і быў значана аслаблены вялізнай эвакуацыяй і выездам у Расію мільёнаў чалавек, акрамя гэтага, лінія нямецкіх і рускіх акопаў аддзяліла Вільню ад Менска.

У такія надзвычай крытычныя хвіліны, разам з нешматлікімі піянерамі беларускай ідэі пачынае дзейнічаць і с. п. Казімір Шафнагель. Іншыя землеўладальнікі далучыліся да тых, з кім была колькасць і сіла. А ён, які ўсё жыццё не займаў ніякіх пасад, як сын беларускага народа, калі надышоў час заявіць пра свае правы, узяў асабісты ўдзел у беларускім нацыянальным руху. У газеце "Гоман", а потым і асобнымі брашурамі, па-беларуску і па-польску, распаўсюдзіў два адкрытыя лісты "Да нашай краёвай інтэлігенцыі". Дзейнічаў разам з інжынерам Вінцэнтам Святаполк-Мірскім, Дорай Кастравіцкай і некалькімі іншымі асобамі - гэта была беларуская шляхта, якая не зраклася свайго беларускага народа і пачала працаваць для яго.

Не будзем доўга казаць аб пасквілянтах якія ў правінцыі (у тым ліку і на Ашмяншчыне) і ў Вільні, у розных газетах пачалі ліць бруд на высокую дзейнасць нябожчыка. Аднак гэта не змяніла рашэнне Шафнагеля. Калі ён пісаў свае адкрытыя лісты, дык ведаў думкі сваіх суграмадзян і не мог спадзявацца на хуткі поспех. Ён толькі даводзіў, што хуткае спальшчэнне беларусаў праз двор і касцёл нясе ў сябе зародкі вялікіх праблем, якія, калі іх не вырашыць, праз нейкі час могуць пачаць помсціць вінаватым і невінаватым.

Як далёка быў нябожчык ад некрытычнага прыняцця рэчаў, толькі таму што яны былі беларускімі, сведчыць той факт, што калі ў палове 1918 г. пачалі браць верх радыкальныя палітычныя плыні, а лозунгі арганічнай працы знаходзіць усе меней прыхільнікаў у беларускім руху, ён, разам са Святаполк-Мірскім і кс. Ул. Талочкам адышоў ад палітыкі, але і надалей захаваў шчырую зычлівасць да ўсяго, што было і ёсць добрага і здаровага ў беларускім руху.

У канцы 1918 г., перад бальшавіцкай навалай з усходу, с. п. Шафнагель выехаў у Варшаву. Вясной 1919 г. у "Кур'еры Паранным" ён надрукаваў адкрыты ліст, у якім адзначыў, што пры ўсёй любві да беларускага народа, ніколі не адрачэцца ад польскай культуры. Адна з беларускіх газет, не надта мудра палічыла гэта за адрачэнне ад ідэалаў, якім да таго часу служыў Шафнагель. […]

Нават не беручы пад увагу чынны ўдзел яго ў беларускай справе, с. п. Шафнагель выказаў вялізную паслугу беларусам тым, што захаваў надзвычай каштоўны кнігазбор прысвечаны беларускай этнаграфіі. Зараз гэты кнігазбор з'яўляецца сапраўднай аздобай музея пры Беларускім навуковым таварыстве.

as [Ул. Талочка]. Kazimierz Szafnagel // Pregląd Wileński. 1923, № 8. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX