Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Апошнія дні Антона Луцкевіча 


Аўтар: Сідарэвіч Анатоль,
Дадана: 21-02-2021,
Крыніца: Сідарэвіч Анатоль. Апошнія дні Антона Луцкевіча // ARCHE. 2006. № 10(50). С. 82-87.



Калі Маргарыта Пярова, унучатая пляменьніца Антона Луцкевіча, апублікавала ў «Літаратуры і мастацтве» артыкул «Ці будзе Аткарск яшчэ адным сьвятым месцам для беларусаў?», некаторыя гісторыкі выказалі сумненьне адносна абнародаваных ёю зьвестак.

Нагадаю, што ў артыкуле ўдакладняліся дата і месца сьмерці А. Луцкевіча. Раней савецкія «органы» хацелі пераканаць нас, што бацька беларускае дзяржаўнасьці памёр у 1946 г. у Сяміпалацінскай вобласьці Казахстану. Сутыкнуўшыся зь яўнаю хлусьнёю наконт датаў і месца сьмерці іншых выдатных дзеячаў беларускага руху і беларускае культуры, я палічыў патрэбным паставіць пад сумненьне гэбісцкія зьвесткі і наконт Луцкевіча. Так, у 1994 г. у 4-м томе біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі» ў артыкуле «Антон Луцкевіч» стаяць пытальнікі і пасьля лічбы «1946», і пасьля словаў «Сяміпалацінская вобласьць, Казахстан», а ў аднайменным артыкуле, зьмешчаным у 4-м томе Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі, лічбы «1946» наагул няма: замест яе стаіць пытальнік (праўда, у тэксьце зроблена зацемка, што А. Луцкевіч, паводле афіцыйнай вэрсіі, памёр у Сяміпалацінскай вобласьці (Казахстан) у 1946-м). І вось 8 лютага 2002 г. Маргарыта Пярова паведаміла: насамрэч А. Луцкевіч памёр 23 сакавіка 1942 г. у г. Аткарску Саратаўскае вобласьці (Расея). І хоць яна спасылалася пры гэтым на афіцыйны дакумэнт, выдадзены ёй Асобым архівам Літвы ў Вільні, некаторыя гісторыкі засумняваліся: а ці ня маем мы справы з чарговаю дэзаю? Праўда, ніхто зь іх ня выказаў сумневаў у друку. Праўда і тое, што паміж гісторыкамі не было адзінства.

Паколькі той дакумэнт не публікаваўся ў «ЛіМе» цалкам, думаю, што трэба яго надрукаваць. І на мове арыгіналу.

Аднак зробім колькі папярэдніх заўваг. Пра Беларускі нацыянальны цэнтар, пра які ідзе гаворка ў архіўнай даведцы, маецца аднайменны артыкул у ЭГБ. Паводле вэрсіі ГПУ (а фактычна бальшавіцкае партыі), А. Луцкевіч заслаў у БССР дзеячаў разгромленых у Заходняй Беларусі Беларускае сялянска-работніцкае грамады і «Змаганьня»: Паўла Валошына, Ігната Дварчаніна, Пятра Мятлу, Сымона Рак-Міхайлоўскага ды іншых. У гэты лік трапілі таксама былыя вучні Віленскае беларускае гімназіі Алесь Салагуб і Кузьма Янэль. Разам зь мясцовымі кадрамі яны і стварылі БНЦ. Да моманту арышту А. Луцкевіча большасьць фігурантаў «справы» была расстраляная, але НКВД і ў 1939-1940 гг. рупіла давесьці, што БНЦ насамрэч існаваў і што сьмяротныя прысуды былі справядлівыя. З кнігі «Антон Луцкевич: Материалы следственного дела», падрыхтаванае Ўладзімерам Міхнюком, Аляксандраю Гесь ды Мікалаем Клімовічам [1], вынікае, што энкавэдысты ў ходзе працяглых і начных допытаў дамагаліся, каб А. Луцкевіч прызнаў факт існаваньня «нацыяльнальнага цэнтру» ў Вільні і БНЦ у БССР. І хоць такога прызнаньня яны не дабіліся, асобная нарада пры наркаме дзяржбясьпекі СССР абвясьціла прэм'ер-міністра БНР вінаватым у тым, чаго ён не рабіў і ня мог рабіць (усе дзеячы БСРГ і «Змаганьня» сталіся палітычнымі апанэнтамі А. Луцкевіча, ён асуджаў іх антыбеларускую дзейнасьць у БССР) [2].

А цяпер пачытаем дакумэнт, які атрымала М. Пярова ў Вільні.

АРХИВНАЯ СПРАВКА О СУДИМОСТИ И СМЕРТИ

09.08.2001 № 4962-Р

В следственном деле № П-11794 архивного фонда КГБ Литовской ССР Особого архива Литвы есть сведения, что Луцкевич Антон Иванович 1884 г. р., уроженец гор. Шяуляй, житель гор. Вильнюс 30.09.1939 г. был арестован Вильнюсской опергруппой.

Постановлением 3 отд. УГБ НКВД БССР от 17.11.1939 г. дело на Луцкевича принято к своему производству, избрана мера пресечения содержание под стражей в Минской тюрьме.

Обвинительным заключением 3 отд. УГБ НКВД БССР от 08.08.1940 г. обвинялся в том, что в период Октябрьской революции и гражданской войны организовывал контрреволюционные (дальше - к. р.) силы из белорусской националистической среды, находясь на территории Западной Белоруссии, являлся агентом 2-го отдела Польглавштаба, организовывал белорусский к. р. элемент (так в документе) для активной борьбы с коммунистическим революционным движением в Западной Белоруссии и СССР, при активном участии Луцкевича был организован «политический центр» в Вильнюсе, который перебрасывал к. р. шпионско-диверсионные и повстанческие кадры на территорию БССР, где последними был организован «Белорусский национальный центр», ставивший своей целью свержение Советской власти и образование «правительства» (так в документе) буржуазной Белоруссии во главе с нацфашистом Луцкевичем [3], т. е. в преступлениях, предусмотренных ст. 64, 68, 74 и 76 УК БССР.

Постановлением Особого Совещания при НКВД СССР [4] от 14.06.1941 г. за антисоветскую деятельность осужден на 8 лет исправительно-трудовых лагерей.

04.02.1942 г. из Балашевской тюрьмы [5] № 3 прибыл в пересыльный пункт гор. Аткарска Свердловской области [6].

23.03.1942 г. умер в перпункте гор. Аткарска.

ОСНОВАНИЕ. Ф[онд] К-1. Оп[ись[ 58. Сл[едственное] д[ело[ № П-11794. Том 1. Л[исты] 1, 2, 4.

Сл. д. № П-11794. Том 2. Л. 320, 334, 335, 338.

Н[адзорное] д[ело] П-11794. Л. 27.

В анкете арестованного Луцкевича Антона Ивановича от 14.01.1941 г. указано: 1) сын Луцкевич Юрий Антонович 20 лет (так в документе, год и место рождения не указаны), проживающий [в] гор. Вильнюс, Пивная ул. 2, кв. 8, электромонтер; 2) сын Луцкевич Лев (так в документе) Антонович 18 лет (так в документе, год и место рождения не указаны), проживающий [в] гор. Вильнюс, Пивная ул. 2, кв. 8, электромонтер.

ОСНОВАНИЕ. Ф. К-1. Оп. 58. Н. д. № 11794. Л. 4.

ЗАМЕЧАНИЕ: В архивном фонде КГБ Литовской ССР Особого архива Литвы более точных данных о смерти Луцкевича Антона Ивановича и более точных данных о Луцкевич Юрий Антоновиче и Луцкевич Леонид Антоновиче не имеется.

Директор Овидиюс Леверис

Заведующая отделом Вильма Эктите

Мера пакараньня, выбраная для А. Луцкевіча, выглядае мяккаю: «усяго» восем гадоў. Але возьмем пад увагу два моманты.

Першы: ніхто не гарантаваў, што ў дзень сканчэньня тэрміну пакараньня - 30 верасьня 1947 г. - супраць Луцкевіча не распачалі б новай справы. А магло быць і так, што яго адправілі б у ссылку або вызвалілі б зь «мінусамі»: грамадзянін Луцкевіч мае права жыць ва ўсіх населеных пунктах СССР мінус Масква і Ленінград, мінус сталіцы саюзных рэспублік і г. д. А са ссылкі - зноў у турму ці ў лягер: вёў антысавецкія размовы, крытыкаваў калгасны лад... Вядомая нам практыка.

Другі момант: у А. Луцкевіча было слабое здароўе. У няволі яно не паправілася. Ва ўжо названай кнізе У. Міхнюка, А. Гесь ды М. Клімовіча маецца лекарская даведка. Доктар Голікава, агледзеўшы 57-гадовага вязьня Луцкевіча, выявіла наступнае: «Рэзкая бледнасьць скураных покрываў. Падскурна-тлушчавы слой разьвіты слаба». Яна канстатавала таксама, што ў 1937 г. Луцкевіч быў хворы на тубэркулёз і што ў яго парок сэрца. У турэмна-лягерных умовах чалавеку пагражалі або рэцыдыў сухотаў і дыстрафія, або праблемы з сэрцам. Дарэчы, зь ліста Ўладзімера Жылкі мы ведаем, што праблемы з сэрцам пачаліся ў Луцкевіча яшчэ ў 1923 г. [7], аднак на волі іх удавалася вырашаць. Іншая справа - няволя. І старэньне арганізму.

Даведка доктара Голікавай складзеная 22 красавіка 1941 г. ва ўнутранай турме Галоўнага ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі НКВД СССР. Гэта, калі я не памыляюся, унутраная турма на Лубянцы. У Маскву А. Луцкевіч быў накіраваны 11 кастрычніка 1940 г. зь Менску, дзе ён знаходзіўся ў турме № 1 УГБ НКВД БССР. Гэта ці не славутая «амэрыканка».

Паўтараю: даведка доктара Голікавай складзеная 22 красавіка 1941 г. А ўжо 15 траўня начальнік санітарнай часткі ўнутранай турмы паведамляў начальніку гэтае ўстановы капітану дзяржбясьпекі Міронаву, што вязьню камэры № 7 Луцкевічу ў сувязі з захворваньнем сэрца неабходна замест чорнага хлеба даваць белы. 450 г штодня на працягу 15 дзён.

Амаль роўна празь месяц пасьля гэтага - 14 чэрвеня - Луцкевічу была вызначана мера пакараньня. З рашэньнем Асобае нарады яго пазнаёмілі 7 ліпеня.

Вось тут мы стаім перад пытаньнем: чаму А. Луцкевіча адразу пасьля прысуду не адправілі на Поўнач?

У кнізе У. Міхнюка, А. Гесь і М. Клімовіча рэпрадукуецца выпіска з пратаколу № 61 Асобае нарады пры наркаме дзяржбясьпекі СССР. На ёй рукою напісана: «Воркутпечлаг». Якую працу за Палярным кругам у Пячорскім вугальным басэйне прадбачылі для сухотніка і сардэчніка Луцкевіча гэбісты, цяжка сказаць. Як цяжка сказаць, чаму яго павезьлі не на паўночны ўсход ад Масквы, а на паўднёвы - у горад Балашоў.

Для нас цікавая даведка бяз нумару, якая захоўваецца ў архіве пры Галоўным упраўленьні ўнутраных справаў Саратаўскай вобласьці (Ф. 37. Воп. 14. Арх. № 65. Арк. 64) і выдадзеная 10 студзеня 1941 г. начальнікам турмы № 3 Упраўленьня НКВД па Саратаўскай вобласьці, што знаходзілася ў Балашове. Даведка цікавая выпраўленьнямі, якія сьведчаць, што гэбісты не адмовіліся ад намеру паказаць А. Луцкевічу савецкую Поўнач. У даведцы выкасаваны запіс у абзацы «В какой лагерь следует», а ў абзацы «Пункт назначения» выкасаванае слова «Аткарск» і ўпісана «ст. Сосьва ж. д. им. Кагановича Севураллаг». Гэтым давалася зразумець: Аткарск - не канчатковы пункт, а «перасылка»; вось прывязуць зэка Луцкевіча ў Аткарск, а адтуль - ужо з этапам - адправяць у Сосьву. Ведама, так вырашылі не ў Балашове.

З Балашова ў Аткарск Луцкевіча прывезьлі 4 лютага 1942 г., а праз два тыдні (18 лютага) начальнік санчасьці Аткарскага перасыльнага пункту А. С. Куркоў дакладваў начальніку «перасылкі» Кудасаву, што вязень Луцкевіч падлягае шпіталізацыі з дыягназам «міякардыт, зьнясіленьне».

Так пачаліся апошнія 34 дні ў жыцьці Антона Луцкевіча. Мы ня ведаем, хто і як яго лячыў, затое маем дакумэнт, складзены 23 сакавіка 1942 г.:

Начальнику Аткарского п/пункта

Рапорт

Доношу, что з/к Аткарского п/пункта Луцкевич Антон Иванович 1884 года рождения 23/ІІІ-42 в 12 часов дня умер.

Нач. санчасти Курков.

У тым самым архіве захоўваецца і такі дакумэнт:

Акт

23 марта 1942 года мы, нижеподписавшиеся начальник санчасти Аткарского п/пункта УНКВД Курков А. С., ответ. дежурный комендант Лапкин К. А., медсестра Воскресенская В. В., составили настоящий акт в том, что 23/ІІІ-42 в 12 часов умер больной з/к Луцкевич Антон Иванович 1884 года рождения с диагнозом «миокардит, отек лица и конечностей».

Смерть наступила от парализации сердечной деятельности.

Пад актам маюцца подпісы і трохкутная пячатка.

Пахавалі А. Луцкевіча ў дзень сьмерці, пра што таксама ёсьць дакумэнт:

АКТ О ПОГРЕБЕНИИ

1942 года, марта 23 дня мы, нижеподписавшиеся комендант кладбища коммунально-бытовой части г. Аткарска тов. Хмельницкий, стрелок ВОХР пересыльного пункта г. Аткарска тов. Демченко И. и рабочие, присутствовавшие на погребении, Червяков Иван Васильевич и Баркалов А. В., сего числа произвели погребение умершего заключенного 23/ІІІ-42 года, прибывшего 4/ІІ-42 г. из Балашовской тюрьмы ЛУЦКЕВИЧ Антона Ивановича 1884 года рождения, уроженец г. Шавли (Литва), последнее время проживал в Западной Белоруссии [8] (бывш. Польша), осужден Особым Совещанием 14/6-41 г. за а/сов. агит. на 8 лет, личное дело № 1100.

В гроб с умершим положена дощечка с надписью фамилии и инициала заключенного с указанием № личного дела и на могиле погребенного установлена дощечка с порядковым номером лит. «В», о чем и составлен настоящий акт.

Акт надрукаваны ў двух асобніках, падпісаны камэндантам могілак, стралком і рабочымі ды змацаваны трохкутнаю пячаткаю.

28 сакавіка 1942 г. начальнік перасыльнага пункту Кудасаў і начальнік санчасьці Куркоў накіравалі паведамленьне (извещение) начальніку аддзелу актаў грамадзянскага стану УНКВД па Саратаўскай вобласьці, у якім пісалі:

Гр-н Луцкевич Антон Иванович 1884 рождения, уроженец г. Шавли (Литва), осужденный Особ. совещ. при НКВД СССР от 14-6-41 по ст. АСАгит. к 8 годам л/св., в пересыльном пункте г. Аткарска 23-ІІІ-1942 г. умер.

Последнее местожительство его в Западной Белоруссии.

Я тут вельмі падрабязна цытаваў атрыманыя М. Пяровай дакумэнты дзеля таго, каб паказаць, што яны супярэчаць ранейшым афіцыйным зьвесткам аб даце і месцы сьмерці А. Луцкевіча. І дзеля таго, каб паказаць, што яны - і архіўная даведка зь Вільні, і архіўныя дакумэнты з Саратава - паказваюць нам сапраўдныя дату і месца сьмерці бацькі беларускае дзяржаўнасьці. Ня думаю, што цяпер, калі названыя нават імёны ўдзельнікаў пахаваньня А. Луцкевіча, могуць узьнікнуць нейкія новыя сумневы.



[1] Кніга выйшла накладам усяго 20 асобнікаў. У Нацыянальнай бібліятэцы яна ёсьць.

[2] Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пачытаць артыкулы А. Луцкевіча «Прычыны крызісу» і «Ня можна маўчаць...» у «Беларускім Звоне» за 6 студзеня і 10 сакавіка 1931 г.

[3] Што такое нацфашызм і чым ён адрозьніваецца ад нацдэмакратызму, я пісаў у артыкуле «Хроніка пераломнага часу. Антон Луцкевіч як ідэоляг і правадыр нацыянал-фашызму і нацыянал-дэмакратыі» (Дзеяслоў. 2004. № 8).

[4] Калі быць дакладным, дык Асобая нарада мелася не пры наркамаце, а пры наркаме ўнутраных справаў СССР. Але тут такая рэч: 3 лютага 1941 г. указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Галоўнае ўпраўленьне дзяржаўнай бясьпекі (ГУГБ) было выведзенае з сыстэмы НКВД і стала самастойным Народным камісарыятам дзяржаўнай бясьпекі (НКГБ). Блянк жа, на якім зроблена выпіска з пратаколу Асобае нарады пры наркаме дзяржбясьпекі, быў стары, і складальнікі архіўнай даведкі напісалі, што меру пакараньня А. Луцкевічу вынесла Асобая нарада пры НКВД СССР. Між тым, у тэксьце выпіскі ясна запісана, што Асобая нарада слухала справу № 51 844 чацьвертага аддзелу 3-га ўпраўленьня НКГБ СССР па абвінавачаньні Луцкевіча Антона Іванавіча. Зрэшты, НКГБ у сваім першым выданьні праіснаваў нядоўга: 20 ліпеня 1941 г. ён зноў стаў ГУГБ у складзе НКВД. Канчаткова ж НКГБ (папярэднік МГБ-КГБ) стане самастойным у красавіку 1943 г.

[5] Горад Балашоў знаходзіцца ў Саратаўскай вобласьці на правабярэжжы Волгі.

[6] Горад Аткарск знаходзіцца ў Саратаўскай вобласьці на правабярэжжы Волгі.

[7] Гл.: Жылка У. Выбраныя творы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. С. 254.

[8] Вільню, дзе быў арыштаваны А. Луцкевіч, Сталін ужо падарыў Літве, але месцам яго апошняга жыхарства па-ранейшаму лічыцца Заходняя Беларусь.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX