Для народаў якія знаходзяцца пад ярмом, але якія раней жылі дзяржаўным незалежным жыццём, асоба манарха часта з'яўляецца ўвасабленнем дзяржаўнасці. Адсюль у такіх народаў бярэ пачатак манархічны рух.
Украінцы адносна нядаўна мелі сваіх собскіх суверэнаў - гетманаў. Народ захаваў пра іх памяць у песнях і легендах. Украінская паэзія абсалютызавала сваіх гістарычных суверэнаў і ідэалізавала гетманшчыну. Таму і сёння, нават сярод украінскіх эмігрантаў у Канадзе ці Злучаных Штатах Амерыкі, украінскія манархісты маюць пэўную колькасць прыхільнікаў.
Украінскі рух дыскрэдытуе асоба патэнцыйнага суверэна - гетмана Скарападскага. Былы рускі генерал, накінуты ўкраінцам нямецкімі акупантамі праз разгон ваеннай сілай Вялікай Украінскай Рады, якая будавалася на прынцыпах парламентарызму, гэты "суверэн з чужой ласкі" не змог атрымаць сімпатыю ні сярод украінскай інтэлігенцыі, ні сярод украінскага народа. Меў выразныя прарасійскія сімпатыі і разам з Красновым праектаваў паход на Маскву для вяртання манархіі. Калі немцы, якія яго трымалі пасля выбуху рэвалюцыі ў Германіі, пакінулі сваю крэатуру без ваеннай дапамогі, украінцы, выгналі гетмана з сваёй сталіцы і вярнуліся да дэмакратычнага ладу.
Нічога дзіўнага, што асоба Скарападскага не можа аб'яднаць украінскую эміграцыю. Бо там існуе эміграцыйны урад Украінскай Народнай Рэспублікі, які прадстаўляе тую сілу, штоскінула Скарападскага. Былы гетман зараз жыве ў Берліне, не можа пахваліцца значанай колькасцю прыхільнікаў у Еўропе і шукае іх за акіянам і, як нас інфармуюць, з большым эфектам, чым у Еўропе. Вядома, што ў Канадзе жыве сын Скарападскага.
У сувязі з украінскім манархічным рухам паўстае і беларускі манархічны рух. Манархічная ідэя ў Беларусі мела яшчэ слабейшы грунт, чым на Украіне, бо ідэя суверэна адсунута ў нас на яшчэ больш старыя часы. Не ведаю ніводнай беларускай грамадскай групы ці нават групкі, якая за праграмную мэту мела б манархію. Калі перад выбухам рэвалюцыі ў Германіі нямецкія палітыкі высунулі канцэпцыю ўтварэння з Літвы і часткі Заходняй Беларусі манархіі з баварскім князем Урахам на троне [1], беларускае грамадства аднеслася да гэтага негатыўна.
Канцэпцыя ўвядзення манархічнага ладу на Беларусі ўсплыла ў Кіеве. У атачэнні Скарападскага ўзнікла думка, каб з незалежнай украінскай манархіяй звязаць беларускія землі, на якія нават быў вызначаны намеснік гетмана. Гэта быў адзін з "маладых" рускіх генералаў, нейкі Дашкевіч-Гарбацкі, які браў чынны ўдзел у прызначэнні на ўкраінскі трон Скарападскага, але з-за сваёй бездапаможнасці не змог знайсці на Украіне месца, адпаведнае сваім "заслугам".
Уласна, з восені 1918 г. у Кіеве знаходзілася дэлегацыя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Неяк, у адзін з дзён дэлегацыю наведаў праваслаўны духоўны а. Разумовіч, беларус, які перад сусветнай вайной быў настаяцелям у Казянах Дзісненскага павета і сваёй дзейнасцю наклікаў незадавальненне і рэпрэсіі з боку царскіх уладаў. Ён паведаміў, што генерал Дашкевіч-Гарбацкі прагне знайсці кантакт з дэлегацыяй. Дэлегацыя згадзілася на спатканне з ім і падчас размовы выяснілася, якія планы наконт Беларусі мае гетман Скарападскі: з Беларусі ён жадаў пачаць збіранне "рускай зямлі" вакол Кіева.
Беларусы, якія ў Кіеў прыехалі з Менска, трактавалі гэты праект, як гумарыстычны. Яны давялі свайму неадбыўшамуся Вялікаму пану, што ён, як народны суверэн, павінен сам падумаць пра сваю самадзяржаўную ўладу. Гэта думка, выказаная жартам, надта падабалася Дашкевічу-Гарбацкаму. Ён нагадаў сваім суразмоўцам Любамірскага - у хвіліну, калі над ім пажартаваў пан Заглоба ...
Трэба мімаходам зазначыць, што на гэтыя перамовы беларускай дэлегацыі з будучым дырэктарам Украіны, які пад бокам у Скарападскага дамаўляўся пра канцэпцыю федэрацыі, па згодзе абодвух бакоў, былі цалкам скасаваны [2].
Падчас нямецкай акупацыі існаваў яшчэ адзін прэтэндэнт на трон незалежнай Беларусі, яшчэ больш гумарыстычны за папярэдняга руска-украінскага генерала. У нямецкай авіяцыі служыў нейкі "князь Станіслаў Сапега-Вой", які як лётчык нямецкай арміі, выказаў вялікую адвагу і ўменне трымаць сябе ў руках. Неяк падчас палёту на чужой тэрыторыі ён нават застаўся без кроплі бензіну, але шчасліва выйшаў з гэтай сітуацыі, і на вачах у непрыяцельскага войска, прызямліўся на сваёй тэрыторыі. Кім быў гэты ўзор нізкага інтэлекту, як патрапіў у нямецкае войска - невядома. Казалі, што ён паходзіў з Менска і меў там мянушку "Стары Вой". У выніку нейкай авантуры, маладым уцёк з роднага горада за мяжу, дзе ў выніку стаў нямецкім лётчыкам.
Гэты кандыдат на беларускі трон засыпаў сваімі лістамі беларускіх дзеячаў у Вільні, але не знайшоў аніводнага паплечніка. Немцы яго яўна не падтрымлівалі, але тым не менш патроху стараліся навязаць беларусам думку аб выкарыстанні асобы "князя" ў палітычных мэтах. Гэта не мела ніякага выніку, а выбух рэвалюцыі ў Германіі паклаў крыж на амбітныя мары Воя. Калі на пачатку 1919 г. у Берлін прыбыла дыпламатычная місія Беларускай Народнай Рэспублікі, "князь" дазволіў ёй пазнаёміцца з сабой асабіста і залатвіў дробныя патрэбы місіі пры пошуках адпаведнага жытла, набыцці неабходных рэчаў і г. д. Відочны брак інтэлекту зрабіў немажлівай справу выкарыстаць "князя" ў палітычных мэтах.
Некалькі гадоў таму адзін украінскі палітычны дзеяч, які вёў манархічную дзейнасць у Злучаных Штатах на карысць былога гетмана Скарападскага, завязаў кантакт з эміграцыйнымі беларускімі дзеячамі. Яны ў той жа час паінфармавалі пра гэта беларускі палітычны асяродак у Вільні папрасілі дырэктывы, як адносіцца да гэтай справы. Адказ Вільні выключыў мажлівасць якой-небудзь беларускай палітычнай дзейнасці пад манархічным штандарам.
А. Ł. (псеўданім Антона Луцкевіча).
Monarcizm operetkowy // Pregląd Wileński. № 1, 18 lutego 1938. S. 2-4.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
(Гэты тэкст Антона Луцкевіча па-беларуску друкуецца ўпершыню.)
[1] Вільгельм Карл фон Урах (1864-1928) нямецкі прынц з роду фон Урах, у 1918 г. быў абвешчаны каралём Літоўскага каралеўства пад імём Міндоўга ІІ. - Л. Л.
[2] У 1921 г. Антон Луцкевіч пісаў: "З благаслаўленьня ліхой памяці гэтмана Скорападзкага - напярэдадні яго палітычнае сьмерці - згуртавалася ў Кіеве цэлая грамада беларускіх паноў-абшарнікаў з Магілеўшчыны з баронам Розэнам на чале. Гэтая група, разам з гэтманам Скорападзкім, манілася далучыць да Украіны тую часьць Беларусі, якая аставалася на ўсходзе ад лініі Берасьцейскага міру. Быў намечаны ў гэтмана ўжо і "намесьнік" для Беларусі - бяздарны, пусты генарал Дашкевіч-Гарбацкі.
Украінскі народ выгнаў вон Скорападзкага, а разам з тым разьбіліся і ўсе пляны магілеўскіх паноў, памыкаўшыхся "спэкульнуць" на беларушчыне." - Гл: Луцкевіч А. Самазванцы // Наша Думка. 1921. №2. - Л. Л.