Будучы ўчасьнікам 1-шага Ўсебеларускага Кангрэсу ў Менску ў 1917 г., я хачу падзяліцца з чытачамі "Беларускай Крыніцы" сваімі думкамі і ўражаньнямі, якія, так ясна адчуваю, ня гледзячы, што ўжо прайшло ад таго часу - 17 гадоў.
Расейская рэвалюцыя 1917 году, якая паваліла царскую ўладу - разам парвала і векавыя путы паднявольных народаў, якія хутка ўзяліся за працу дзеля адбудовы сваіх уласных дзяржаў, што многім і ўдалося, як Паляком, Літоўцам, Латышом і др. Гэта ім удалося асягнуць дзякуючы сваёй нацыянальнай сьведамасьці. Мы, Беларусы, будучы тагды яшчэ мала сьвядомымі не адразу ўзяліся за працу, бо аж у сьнежні 1917 г. быў скліканы І-шы Усебеларускі Кангрэс у Менску.
У канцы 1917 г. я быў на Паўдзён.-Заходнім фронце, калі да нас дайшла даўно чаканая радасная вестка, аб тым, што ў Менску склікаецца I Усебеларускі Кангрэс, на які могуць паслаць сваіх дэлегатаў беларусы, якія знаходзяцца ў часьцях Паўдзён.-Заходняга фронту. У палку, у якім я тагды быў, заразжа быў скліканы сход салдатаў беларусаў, які і выбраў мяне дэлегатам на Кангрэс. Аформіўшы дакуманты ў штабе, я хутка выехаў у Менск.
На вакзале ў Менску дэлегатаў сустракалі прадстаўнікі арганізацыйнага бюра Кангрэсу, якія інфармавалі, дзе будзе адбывацца Кангрэс і дзе можна дастаць начлег і інш. Для начлегу дэлегатам былі празначаны пасажырскія вагоны, якіх тагды многа стаяла на вакзале ў Менску.
Першае пленарнае сабраньне Кангрэсу адбылосч ў будынку гарадзкога тэатру; пачалося адыграньнем духавым аркестрам беларускага гымну "А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе". Прадстаўнік мандатнай Камісіі Кангрэсу абвесьціў, што напачатак на Кангрэс прыбыло 750 дэлегатаў з усіх куткоў Расеі і ўсіх фронтаў. На Кангрэс прыбылі дэлегаты - пачынаючы ад простага селяніна ў сярмязе да вучоных, як сьв. пам. прафэсар Карскі, Лёсік і др., а з фронту - пачынаючы ад радавога салдата дз генэрала (на Кангрэсе было двух генэралаў: Кандратовіч і Алексіеўскі).
Дэлегаты былі падзелены на сэкцыі, у якіх вялася жывая дыскусія, бо заінтэрасаваньне было аграмаднае, а каб лепей кіраваць Кангрэсам, была выбрана Рада Кангрэсу, у склад якой і я ўваходзіў, як прадсгаўнік Паўдзённа-Заходняга фронту.
Кангрэс цягнуўся некалька дзён. Справаздачы аб працах Кангрэсу друкаваліся ў газэце "Беларуская Рада", якую куплялі на расхват.
Для дэлегатаў Кангрэсу былі ладжаны ў гарадзкім тэатры беларускія прадстаўленьні трупай Галубка, канцэрты і дэклямацыі. Усё гэта рабіла надта добрае ўражаньне. Зацікаўленьне беларускімі прадстаўленьнямі і канцэртамі было аграмаднае. Прафэсар Карскі для дэлегатаў Кангрэсу прачытаў навуковую лекцыю - "Беларусы".
Апошняе пленарнае сабраньне Кангрэсу адбылося ў аграмаднай залі "Дваранскага Сабраньня". На гэтым сабраньні мелася быць вырашана і абвешчана воля ўсяго Беларускага народу, і калі ўжо былі апрацаваны рэзалюцыі Кангрэсу, - на трыбуну, дзе мясьціўся прэзыдыюм Кангрэсу, зьявіўся ўваружаны камандант горада Менска, Крывашэйн, п'яны, і зажадаў, каб Кангрэс разышоўся. Гэта выклікала буру і гнеў дэлегатаў, якія хацелі проста разарваць насільніка Крывашэйна. Кангрэс не паслухаў прыказу Крывашэйна. Пасьля гэтага ў залю прыбыў атрад краснаармейцаў, а будынак, дзе быў пленум Кангрэсу, акружылі браневыя аўтамабілі. Краснаармейцы пачалі дэлегатаў сілаю выводзіць э залі. Дэлегаты з лавак і крэслаў зрабілі барыкады і доўга ня ўступалі. На астатку быў арыштаваны і выведзены прэзыдыюм Кангрэсу. Пры арышце прэзыдыюму вельмі выдзялялася сваім пратэстам проціў насільства бальшавікоў дэлегатка Юрэвіч, якая нават ударыля п'янага Крывашэйна па твары.
Давясьці нарадаў Кангрэсу да канца не ўдалося, - бальшавікі зрабілі над намі гвалт. Гэта сталася дзякуючы таму, што мы, беларусы, ня мелі ўласнай узброенай сілы, якая магла-б даць адпор бальшавіцкаму гвалту.
На другі дзень я быў на сабраньні Рады Кангрэсу, якое адбылося тайна, за горадам, у доме Адамовіча, дзе Рада Кангрэсу вынесла пратэст супроць расейска- бальшавіцкага гвалту і дала паўнамоцтва выбранаму Камітэту дзеля далейшай працы.
Адам Курганскі. Люшнева, 15.ІІІ-1935.