(Рэфэрат, чытаны ў Лодзі для афіцэраў Беларускіх Вайсковых Аддзелаў i служачых Беларускай Вайсковай Камісіі 8 лістапада 1920 г.)
1. Берасьцейскія перагаворы бальшавікоў з немцамі i дэлегаваньне на гэтыя перагаворы Рак-Міхайлоўскага i Цьвікевіча ад імя Выканаўчага Камітэту Рады Ўсебеларускага Зьезду Я. Варонка - Старшыня Выканаўчага Камітэту. - 2. Народны Сэкрэтарыят. Стварэньне яго Вык. Камітэтам Рады Зьезду. Народныя Сэкрэтары, a не Народныя Камісары. Вучнёўская Грамада ў ролі беларускай гвардыі. - 3. Устаўная Грамата 19-га лютага [1] 1918 г. (першая). - 4. Устаўная Грамата 9-га сакавіка 1918 г. (другая). - 5. Папаўненьне Рады Зьезду прадстаўнікамі Земстваў i Гарадзкіх Думаў i стварэньне такім чынам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. - 6. Устаўная Грамата 25-га сакавіка 1918 г. (трэцяя) i абвешчаньне Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнаю. - 7. Прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады на пасяджэньні Р. Б. Н. Р. 25-га сакавіка 1918 г. i барацьба з «тоже белоруссамм». Выхад з Рады Рэспублікі прадстаўнікоў земстваў i гарадзкіх думаў, a таксама i прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Уваход у Раду Беларускага Народнага Прадстаўніцтва. - 8. Закон 9-га кастрычніка 1918 г. i папаўненьне Рады Рэспублікі буржуазнымі элемэнтамі. Рада Народных Міністраў. - 9. Бальшавіцкая навала i пярэрва Сэсіі Рады.- 10. «Советская Соціалістіческая Белоруссія». Маніфэст Рабоча-Сялянскага ўраду ад 1-га студня 1919 г. i пацьвярджэньне незалежнасьці Беларусі бальшавікамі. - 11. Рада Народных Міністраў заграніцаю. - 12. Віленская адозва Пілсудзкага 23 красавіка 1919 г. Шляхоцкі лёзунг «вольны з вольным, роўны з роўным». - 13. Заняцьце Менску палякамі 8-га жніўня 1919 г. i аднаўленьне ў канцы гэтага году Сэсіі Рады Рэспублікі. - 14. 13-га сьнежня 1919 г.- раскол Рады Б. Н. Р. - 15. Старшыня Рады Народных Міністраў Ластоўскі i частка Прэзыдыуму Рады Рэспублікі ў Менскім вастрозе. - 16. Найвышэйшая Рада цэлы час польскай окупацыі ў Менску. - 17. Ластоўскі i Старшыня Рады Рэспублікі ў Рызе. - 18. Самаліквідацыя Найвышэйшай Рады. - 19. Балаховіч i Беларускі ўрад Адамовіча, праўдзівей, Аляксюка. - 20. Рыжаскі мір i прызнаньне незалежнасьці Беларусі Расеяй i Польшчаю. Падзел Беларусі лініяй Рыжаскага міру. - 21. Законны ўрад.
Ня змогшы вакарыстаць Усебеларускі Зьезд дзеля сваіх палітычных мэтаў, бальшавікі проста разагналі яго.
Што спробы наслаць сваіх агентаў на Зьезд бальшавікамі рабіліся, аб гэтым можа сьведчыць гэткі дакумэнт, апублікованы газэтаю «Белорусская Земля» (№ 1 за 1.III.1918 г.):
«Телеграмма. Западофронт. Полукарову.
Сообщите товарищам, чтобы на съезде белоруссов Рады они произвели переворот умов раскол и выяснили буржуазность её это требуется.
Главкозап Мясннков».
Скарочанае «Главкозап» па-расейску значыць: «Главнокомандующий Западным фронтом».
Калі гэткая спроба не памагла, тады быў адданы гэткі прыказ, апублікованы ў той самай газэце «Белор. Земля»:
Комиссариат
Внутренность Дел
Западной области
17 декабря 1917 г.
№ 1425
Товарищу Резаусскому
Предписывается Вам, в своем распоряжении достаточно вооруженную силу, оцепить здание, где происходить заседание Белорусского Съезда, арестовать Президиум Съезда, a равно избранный им орган краевой власти; отозвать со Съезда т. т. большевиков и стоящих на точке зрения Советской власти, a самый Съезд объявить распущенным.
Комиссар К. Ландер.
Секретарь (подпіс)
(М.П.)
Бальшавікі крыху пасьпяшыліся. Орган краевое ўлады, аб арэшце якога рабіў распараджэньне Ляндэр, яшчэ ня быў выбраны, хаця гутарка на Зьезьдзе аб гэтым цэлы час ішла, і, пэўна, пасьля прыняцьця Зьездам агульнае рэзалюцыі, дзеля спаўненьня яе Зьезд выканаўчы орган выбраў-бы.
Пасьля гвалтоўнага разгону Зьезду Рада Зьезду атрымала ўсе поўнамоцтвы па конструіраваньню выканаўчага органу i карыстала, як толькі магла, усе магчымасьці гэтых поўнамоцтваў.
Рада Ўсебеларускага Зьезду мела ў сваім складзе больш як 50 чалавек. Трымацца ўсёй гэтай грамадзе людзей у Менску ня было ніякай магчымасьці, бо коштаў на гэта ніякіх ня было.
Трэба адзначыць, што арыштованых чалавек 18 сяброў [2] Рады Зьезду (у якую ўходзіў i Прэзыдыум Зьезду) бальшавікі пратрымалі ў сябе толькі адну ноч ці, праўдзівей кажучы, усяго некалькі гадзін. Сярод арыштованых былі: Я. Серада (старшыня Зьезду), Вазіла (таварыш старшыні), Калядка (сэкрэтар Зьезду), Бурбіс, Варонка i інш.
Як толькі арыштованыя былі выпушчаны, яны зараз-жа паказаліся на тайных пасяджэньнях Рады Зьезду, якая засядала вельмі часта ў розных часьцях гораду, i на адным з гэткіх пасяджэньняў быў выбраны выканаўчы орган, разьмяркованы па ліку сваіх сяброў так, каб у патрэбны час ён мог стаць урадам, абняўшы ўсе галіны дзяржаўнага кіраваньня.
Найбольш энэргіі для стварэньня гэтага выканаўчага органу (які i называўся проста: «Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду») палажыў будучы Старшыня яго Язэп Варонка. Хаця Рада Зьезду й выбірала сяброў Выканаўчага Камітэту, але фактычна яна прыняла, з некаторымі зьменамі, сьпісак, запрапанованы Варонкаю.
У Вык. Камітэт былі выбраны: Варонка (загранічныя справы), Рак-Міхайлоўскі (ваенныя справы), Серада (унутраныя справы), Косьцевіч (прасьвета), Прушынскі (праца), Бадунова (апека), Грыб (земляробства), Заяц (загадчык справаў Камітэту). Далей у склад Выканаўчага Камітэту ўваходзілі: Лагун, Дыла, Бурбіс, Кусэ-Цюз i інш.
У складзе Камітэту было ўсяго 17 чалавек.
Проектаваўся ўваход у склад Выканаўчага Камітэту прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў Беларусі, што i было праведзена Я. Варонкаю па меры магчымасьці. Ад жыдоў у Камітэт увайшоў Гутман (злучаная соцыялістычная партыя); д-р Зарубавель (Поалей Ціон), ад ліцьвіноў - Мічуліс, ад палякоў - Прыстор (Р. Р. S.), ад велікарусаў - Злобін. Жыдоўская соцыяль-дэмократычная партыя «Бунд» прысылала свайго прадстаўніка на сходы Вык. Камітэту, але толькі з «інформацыйнымі мэтамі».
Само сабою зразумела, што Выканаўчы Камітэт папоўніўся прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў не адразу, a па меры ўдачнасьці перагавораў Старшыні яго з кожнаю палітычнаю групаю.
Старшынёю Вык. К-ту быў выбраны Язэп Варонка, які вельмі спрытна зразумеў, з якімі групамі весьці перагаворы і, як мае быць, выкарыстаў, якія толькі мог, магчымасьці.
З усім імпэтам маладое патрыятычнае натуры Варонка аддаўся ўсею душою сваёй нялёгкай ролі i ў гэтай ролі набыў першыя сівыя валасы на маладой галаве сваёй.
Ніякіх фінансаў Выканаўчы Камітэт ня меў, усім сябром яго праз гэта ня было магчымасьці трымацца ў Менску, i было пяць ці шэсьць дзён такіх, калі Варонка заставаўся на сваім пасту адзін, ня падаючы духам. Сябры Выканаўчага Камітэту Рак-Міхайлоўскі i Грыб былі адначасна й сябрамі Цэнтральнай Вайсковай Беларускай Рады, якая чамусьці бальшавікамі ня была зьліквідована i працавала зусім легальна, выкінуўшы вялізны беларускі штандар у доме № 2 па Паліцэйскай вуліцы. Рак-Міхайлоўскі быў навет Старшынёю Вайсковай Рады і, як такі, быў цалком заняты вайсковымі справамі.
Легальнае, пакуль што, істнаваньне Вайск. Рады дало магчымасьць матар'яльнага ўтрыманьня i досіць вольнае працы Выканаўчага Камітэту Рады Усебеларускага Зьезду.
Але хай не падумае ніхто, што Вайсковая Рада мела якія-нібудзь свае фінансы. Яна мела толькі дарэмную кватэру i дарэмныя сьнеданьні, абеды й вячэры ў аднэй з арганізацыяў Гарадзкога Саюзу, яшчэ гэтак сама незьліквідованай бальшавікамі.
Спачуцьцё грамадзкіх арганізацыяў было гэтак моцнае, што Гарадзкі Саюз зусім дарма i досіць добра карміў у сваёй сталоўцы ўсіх сяброў Вайсковай Беларускай Рады, a разам з імі i частку сяброў Выканаўчага Камітэту, у тым ліку й Старшыню яго.
Чугуншчыкі i паштова-тэлеграфныя служачыя Менску, дэмократычныя земствы i гарадзкія самаўрады мелі ня меншую сымпатыю да цэнтральных беларускіх органаў, хаця, праўду кажучы, адно толькі Бабруйскае павятовае земства (управа) дало Камітэту 3.000 рублёў, паставіўшы варункам, што грошы гэтыя павінны пайсьці на скліканьне другога Ўсебеларускага Зьезду. Гэта апошняе было немагчыма, i частка бабруйскіх грошай была зьвернена назад у Павятовую Земскую Ўправу.
Тэлеграфістыя й тэлеграфісткі адкрыта працавалі на карысьць беларускага руху, i ня раз можна было бачыць, як ваенны камісар беларускай Вайсковай Рады Язэп Мамонька зьмяняў пры апараце Бодо бальшавіцкага ад'ютанта самога Главкозапа Мясьнікова, аддаючы распараджэньні Вайсковым Беларускім Радам у Кіеве, Адэсе, Віцебску i г. д.
Ня раз побач з Ляндэрам мог простым провадам гаварыць з Петраградам, Масквою, Кіевам i інш. Язэп Варонка, узаемна інформуючыся з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў.
Тэлеграфна была зроблена Варонкаю й першая дзяржaўнaя пазычка ў украінскага Гэнэральнага Сэкрэтарыяту ў суме ... 20.000 рублёў; але й гэтыя невялічкія грошы, перасыланыя праз аднаго беларускага «дзеяча» з Кіева ў Менск, да касы Выканаўчага Камітэту ня трапілі.
Так, перабіваючыся з хлеба на квас, упарта працавалі Цэнтральная Вайсковая Беларуская Рада й Выканаўчы Камітэт Рады Першага Ўсебеларускага Зьезду, грамадзячы беларускія сілы і, напружваючы моц у кірунку стварэньня нацыянальнае аружнае сілы.
На старану Цэнтр. Вайсковае Рады ўжо згадзіўся перайсьці цэлы адзін полк Менскага гарнізону, прапануючы даставіць у кватэру Вайсковай Рады, як даказ вернасьці, аж 18 кулямётаў, стрэльбы i шмат ручных гранатаў. Разьнюхаўшы гэта, бальшавікі загадалі палку выехаць у Арол, быццам на нейкае ўсьмірэньне. Салдаты заявілі, што яны беларусы, a таму нікуды не паедуць i хочуць служыць сваёй Бацькаўшчыне. Палку была закрыта бальшавікамі выдача провіянту, у Вайсковай Рады ня было марных 20.000-30.000 рублёў, каб утрымаць полк пару дзён, падгатовіўшы яго да перавароту, які, пры слабасьці большавікоў, мог лёгка адбыцца за адну якую-нібудзь ноч. Вайсковая Рада з дэлегатамі палку рашыла здэмобілізаваць яго, каб прапаў ён як сіла i для бальшавікоў, i ўсе салдаты-патрыёты былі разасланы дамоў па дакумэнтах Беларускай Вайсковай Рады.
У Выканаўчы Камітэт Рады Зьезду надходзілі адусюль корэспондэнцыі, i на ўсе запросы Камітэт адказваў па магчымасьці поштаю ці тэлеграфам.
У кватэры Вайсковай Рады нейкі час i жыў Старшыня Выканаўчага Камітэту Варонка, аж пакуль не налажылі бальшавікі сваю лапу й на самую Вайсковую Раду.
31 студня 1918 году Вайсковая Рада была аточана салдатамі й матросамі, як расказвалі, забойцамі гэнэрала Духоніна, прыехаўшымі з расейскае Галоўнае Кватэры з Магілёва.
Аб гэтым усё ў той-жа «Белор. Земле» (№ 1) апублікованы гэткі дакумэнт:
Совет Рабочих и Солдатских Депутатов гор. Минска. Отдел по борьбе с контрреволюцией и спекуляциями. 31 января 1918 г. № 39.
Товарищу Ярошевичу.
O р д е р
Предписывается Вам отправиться в Белорусскую Войсковую Раду, дом № 2, кв. 10, по Полицейской улице, для производства обыска и ареста всех лиц, там находящийся, в том числе и посыльного мальчика Афанасия.
Председатель Л. Резаусскій.
Секретарь Э. Баренс.
У момэнт гэтай рэвізіі ў Вайсковай Радзе былі, апрача Таварыша Старшыні Вайск. Рады К. Езавітава й Сэкрэтара яе Захаркі, сябры Вык. Камітэту: Варонка, Косьцевіч, Бадунова i сябар Рады Зьезду А. Смоліч.
Здавалася, што ўсе былі папаліся, але першая бальшавіцкая «чрезвычайка» вельмі неакуратна споўніла даны ёй ордэр i з усіх «находящихся там лиц» затрымала толькі К. Езавітава й Захарку, якія назваліся, хто яны, i 14-гадовага хлопчыка Апанаса. Рэшта была выпушчана праз абстаўленыя салдатамі сходы (бо кватэра В. Рады была на 2-м паверху). Тут памаглі сяброўскія білецікі Беларускае Соцыялістычнае Грамады, якія былі паказаны «тав. Ярашэвічу», як быццам даказ таго, што тут засядаў Цэнтральны Камітэт Соцыялістычнае Грамады, шыльд якой сапраўды быў прыбіты на дзьвярох аднаго з пакоікаў.
Цынічны арышт хлопчыка Апанаса i арыгінальны дапрос гэтага непоўналетняга блазна ня даў бальшавіком нічога новага, дый часу ім заставалася менш як тры тыдні, каб у страшэнным перапудзе пакінуць i сваю любімую «Западную область» i фактычна памёршы «Западный фронт».
«Рэвалюцыйны полк» Ремнёва першы рассыпаўся хто куды, як толькі азначылася наступленьне немцаў пасьля адважнай заявы ў Берасьці Троцкага: «Не падпішам міру, але й ня будзем ваяваць».
Пакінуты ў Менску гарнізон часткаю распаўся, a часткаю перайшоў на старану беларускае ўлады.
A Троцкі тымчасам згуляў нягодную ролю ў Берасьці пры візаваньні праезду туды на міравыя перагаворы беларускай дэлегацыі. Дэклярацыя, якую мела падаць у Берасьці беларуская дэлегацыя, была апрацована Гутманам, разьмерам сваім была ня зусім малая, i адзін з яе пунктаў літаральна паўтараў ужо зробленую Троцкім заяву, каб зруйнованыя вайною гаспадаркі былі адноўлены за рахунак міжнароднага фонду ваяваўшых дзяржаваў. Наагул дэклярацыя была вельмі дэмократычнаю, і, зацьверджаная 19 студня 1918 г. Выканаўчым Камітэтам, яна была даручана дэлегацыі дзеля злажэньня яе ў Берасьці.
У дэлегацыю былі выбраны: Цьвікевіч, Рак-Міхайлоўскі i Серада. Першыя два, доўга ня думаючы, направіліся праз лінію акопаў расейска-нямецкага фронту ў Берасьце, спаўняючы даную ім задачу. A трэйці, Янка Серада, ніяк ня мог адважыцца ехаць сьледам за першымі двума дэлегатамі; невядома, чаму i як ён ад іх адбіўся, i некалькі раз зьяўляўся ў Вайсковую Раду, сябром якое быў, з невялічкім саквояжам у руках, каб зрабіць выгляд, што ён сапраўды замерваўся ехаць. Невядома толькі, ці хоць раз даехаў Серада навет да самога Менскага вакзалу.
Цьвікевіч i Рак-Міхайлоўскі перайшлі фронт у кірунку Баранавіч. Нямецкая вайсковая часьць, што там стаяла, прыняла іх, як трэба, нарыхтаваўшы ўжо й вагон дзеля ад'езду ў Берасьце, як раптам, пасьля тэлеграфнага запытаньня, адтрымала паведамленьне, што Троцкі (галава расейскай міравой дэлегацыі) ніякае Беларусі не прызнае i ня можа дапусьціць, каб на міравых перагаворах Беларусь прадстаўляў нехта іншы, апрача яго, Троцкага. Віза на праезд беларускай дэлегацыі ў Берасьце ня была дана, i заставалася толькі шукаць іншых шляхоў праезду.
У той час, як ад імя Расеі з немцамі гаварыў Троцкі, ад імя Ўкраіны там-жа ў Берасьці гаварыў Галубовіч i інш. Цэнтральная Ўкраінская Рада ў Кіеве выпусьціла чацьвёрты ўнівэрсал, абвяшчаючы Ўкраіну незалежнаю Народнаю Рэспублікаю, i адначасна з тым Украінскі ўрад (Гэнэральны Сэкрэтарыят) абвясьціў вайну бальшавіком, як прадстаўніком маскоўскага імпэрыялізму. Расейска-Ўкраінская вайна пачалася i прывяла да поўнае няўдачы Ўкраіну.
Беларуская дэлегацыя прылучылася ў Сарнах да апошняга ўкраінскага эшалону, які вывозіў Цэнтральную Раду заграніцу.
Украінцы пабратэрску прынялі беларускіх дэлегатаў i направілі іх у Берасьце пад выглядам консультантаў дэлегацыі ўкраінскае.
У Берасьці Цьвікевіч i Міхайлоўскі мелі гутарку з сэкрэтаром нямецкага міністра загранічных справаў Кюльмана, i там выясьнілася, што дзеля дапушчэньня на міравыя перагаворы проста не хапала шмат якіх момэнтаў юрыдычнага характару. Галоўным дэфэктам мандату беларускай дэлегацыі было тое, што зьявілася яна не ад Ураду Беларускага, якога тады яшчэ ня было, a ад Выканаўчага Камітэту Ўсебеларускага Зьезду. A ці-ж мала якіх Зьездаў адбылося ў Расеі пасьля рэвалюцыі?
Аднак у той час, як гэткія размовы беларускіх дэлегатаў з немцамі вяліся, у Менску ўжо быў Беларускі ўрад, ня толькі проклямованы, a i фактычны. Урад гэты ня меў сувязі з Берасьцем i нічога ня ведаў аб працы дэлегацыі, якая, у сваю чаргу, ня ведала, што робіцца ў Менску.
A ў Менску насьпелі ўжо падзеі, якіх трэ' было спадзявацца.
Пасьля рашучага жэсту Троцкага ў Берасьці, дзе ён у адказ на прамову нямецкага гэнэрала Гофмана заявіў аб тым, што Расея не падпіша міру, але й ня будзе далей ваяваць, немцы аддалі прыказ аб наступленьні на іх Усходнім фронце. Развалены расейскі фронт ані ня мог працівіцца жалезнай, стройнай яшчэ сіле кайзэраўскай арміі, якая брала адзін за адным гарады Беларусі, едучы сабе чугункаю. Менскія бальшавікі да апошняга момэнту запэўнялі насяленьне сваімі адозвамі, што застануцца на месцы, быццам сапраўды верачы, што працоўны народ будзе бараніць органы, свaе нібыто, улады. Яшчэ ўпоўдзень 10 лютага, калі ўсе самаходы бальшавікоў шалёна працавалі, пакуючы іх у цягнікі, па сьценах менскіх дамоў разьлепліваліся ў сказаным духу адозвы. Беларусы з Выканаўчага Камітэту й Вайсковае Рады зраньня ў гэты самы дзень выпадкова згрупаваліся ў «Беларускай хатцы» - сталоўцы на Захараўскім завулку пад № 6-м. Сюды забег перапуджаны матрос Муха, ад якога даведаліся, што «народныя» камісары ўжо пасьпешна пакуюцца ў цягнік, ня гледзячы на ўсе іх красамоўныя адозвы.
Я i сябра Вайсковай Рады Язэп Мамонька адразу з «Беларускай хаткі» направіліся ў адну з казармаў, дзе пасьля прамовы Мамонькі два бальшавіцкія батальёны збунтаваліся. Хаця камітэт гэтае вайсковае часьці ўжо нарыхтаваў варту, каб нас арыштаваць, але сам быў арыштованы збунтованымі жаўнерамі; a ўночы гэтага самага дня, 19 лютага, вельмі спатрэбіліся жаўнеры гэтае самае казармы.
Выходзячы з «Беларускае хаткі» на рог Захараўскай вуліцы й Захараўскага завулку, мы заўважылі, што два бальшавіцкія самаходы наехалі адзін на адзін, моцна разьбіўшьіся. Камісары вылезьлі з самаходаў, пайшоўшы на вакзал пехатою. Па месьце пачалася нейкая бязглуздая страляніна, якая падвечар яшчэ болей узмацнілася. Кожны абываталь лічыў чамусьці за свой абавязак выйсьці ў браму i стрэльнуць некалькі разоў угару. Позьнім вечарам 19 лютага [3] В ыканаўчы Камітэт (ня ў поўным, праўда, сваім складзе) скончыў сваё апошняе нелегальнае пасяджэньне на Садовай вуліцы пад № 10 у кватэры Гутмана, апрацаваўшы першую Устаўную Грамату да Народаў Беларусі.
Тымчасам сябар Вайсковай Рады i Рады Ўсебеларускага Зьезду Язэп Мамонька амаль што не адзін заняў быўшы Губэрнатарскі Дом, дзе дасюль зьмяшчаўся «Совет Народных Комнссаров». Бальшавікі былі так перапуджаны, што пакінулі ўсё, ратуючы сваю партыйную скуру. Портфэль самога камісара ўнутраных справаў, вядомага ўжо нам Рэзаўскага, дастаўся на памятку ў рукі Мамонькі. Уся канцэлярыя, чыстыя блянкеты (кніжкі) загранічных пашпартоў пакінены былі ў Губэрнатарскім Доме. Вайсковыя аддзелы, штабы фронту i 10-й арміі, палявыя i губэрнскае казначэйствы, пошта i ўся іншая адміністрацыя - усё засталося ў Менску. Нейкі час трывала гэткае палажэньне, што ў Менску фактычна прабывалі дзьве ўлады: адна ў Губэрнатарскім Доме - Выканаўчы Беларускі Камітэт, другая на вакзале - народныя камісары, якіх чугуншчыкі затрымалі, трэбуючы выплаты 3-х месячнае пэнсіі. Да 6-й гадзіны раніцы 20 лютага 1918 году чугуншчыкі не хацелі пусьціць цягнік з народнымі камісарамі, нягледзячы на пагрозы артылерыяй i інш.
У Оршы, у гарнізоне, знаходзіўся беларускі эскадрон кавалерыі ротмайстра Якубені; туды сябар Вайсковай Рады Шыла даў тэлеграму арыштаваць у дарозе народных камісараў, што ўцякалі з Менску. Шмат меў клопату Якубеня, калі быў арыштованы пасьля перахвату гэтай тэлеграмы бальшавікамі.
Вайсковыя палякі ў Менску i Rada Polska Ziemi Minskiej гэтак сама, як кажуць, не драмалі i загатовілі ўжо навет кароценькую абвестку, што заўтра (20 лютага) у Менск увойдзе 1-шы польскі корпус гэнэрала Довбор-Мусьніцкага, якому й належыць цяпер уся ўлада.
У той-жа вечар, 19-II, Старшыня Выканаўчага Камітэту Варонка пасьпеў пабываць у Польскім Камітэце, i яго, аднак, там не чапалі. Як толькі сьцямнела, на вуліцах Менску зьявіўся самаход з азброенымі польскімі жаўнерамі, якія, праўда, нікога з беларусаў не чапалі, нягледзячы на тое, ці ведалі яны пароль, ці не.
Варта было толькі на пытаньне «хто ідзе» адказаць - «беларусы», i ніякога непаразуменьня не паўставала. Праўда, што жменька палякоў на самаходзе была вельмі малая, але ня большая сіла была i ў беларусаў. Хаця адначасна з пасяджэньнем на Садовай вуліцы Выканаўчага Камітэту, на Скобелеўскай вул., № 9, у кватэры старых беларусаў Уласава й Лявіцкага засядалі сябры Вайсковай Рады, але-ж з нічога стварыць аружную сілу было адразу немагчыма. На падмогу справе выступіла Беларуская Вучнёўская Грамада, моцны гурток беларускае моладзі, які, стыхійна азброіўшыся, i поўніў, так сказаць, ролю Беларускае Нацыянальнае Гвардыі, вартуючы Губэрнатарскі Дом. Дзіўна было для вайсковага вока бачыць хлопцаў i дзяўчат, што атачылі рэзыдэнцыю Выканаўчага Камітэту - быўшы Губэрнатарскі Дом,- маючы на сваіх плячох часам навет па дзьве стрэльбы. Старажы Беларускага Ураду былі маладыя, але верныя.
Настрой грамадзянства быў на старане беларусаў, i ўсякая варта ў гэты момэнт для самога ўраду магла й не істнаваць.
Камэндантам гораду быў назначаны, уцёкшы ўжо зпад бальшавіцкага арэшту, таварыш Старшыні Вайсковай Рады К.Езавітаў, які пачаў адразу фармаваньне 1-га Беларускага палку.
Камэндант працаваў дасканальна, нягледзячы на стыхійную страляніну ў горадзе, ніякіх эксцэсаў заметна ня было.
Камэндантам у арсэнал быў высланы малады афіцэр, сябар Вайсковай Рады Гайдук, які чамусьці першым чынам начапіў на свае плечы навюсенькія пагоны штабс-капітана.
У арсэнал наскочыў польскі палкоўнік з 8 жаўнерамі, што, з пазваленьня Гайдука, началі цягаць на вазы зброю i кулямёты, якіх шмат было ў складах арсэналу. Калі з арсэналу паведамілі, што гэткае там робіцца, я асабіста выехаў туды на самаходзе. Там мяне спаткала знаёмая ўжо варта арсэналу - жаўнеры якраз з тае казармы, якую мы з Мамонькаю раніцай збунтавалі. Я выслаў Гайдука ў Губэрнатарскі Дом, ухіліўшы яго гэтым ад абавязкаў камэнданта ў арсэнале, a варце прыказаў забараніць паляком вываз зброі з арсэналу. Варта арсэналу налічвала больш як 80 чалавек проці 8 палякоў, якія, кінуўшы арсэнал, пайшлі, як яны казалі, раззбройваць бальшавікоў.
Здарэньне ў арсэнале магло ўжо вельмі добра засьведчыць, што перадавыя часьці польскага корпусу гэн. Довбор-Мусьніцкага мала лічацца з фактам утварэньня ў Менску Беларускага Ўраду, a проста захапляюць, што толькі могуць. Далейшае паказала, што, нягледзячы на ўстанаўленьне ў Менску злучанае польска-беларускае камэндантуры (па ініцыятыве палякоў), з пошты, дзе было каля 13 мільёнаў рублёў грошай, былі зьняты польскімі легіянэрамі беларускія ахвотніцкія пасты, a грошы ўсе забраны й адвезены ў Бабруйск, дзе была галоўная кватэра Довбор-Мусьніцкага. У Менску чамусьці пачаліся эксцэсы якраз у той часьці гораду, якая належала да беларускай камэндантуры, i вінавайцамі гэтых эксцэсаў чамусьці здараліся асобы ў форме польскіх легіянэраў.
Невядома, што было-б далей, калі-б гэнэралу Мусьніцкаму ўдалося ўехаць у Менск з сваімі галоўнымі сіламі раней за немцаў, аднак трэба адзначыць, што, апрача раззбройваньня расейскіх казармаў i забіраньня каштоўнасьцяў, як напрыклад, на пошце, перадавыя часьці легіянэраў непасрэдна проці Беларускага Ўраду й яго агэнтаў (калі ня лічыць зьніманьня пастоў) выступленьняў не рабілі.
A Ўрад Беларускі злажыўся незабаўна па заняцьці Выканаўчым Камітэтам быўшага Губэрнатарскага Дому. Выканаўчы Камітэт, значна папоўнены кооптацыяй у яго склад сяброў Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады i некаторымі прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў, выдзеліў з сябе новы орган, які стаў гістарычным першым беларускім кабінэтам (міністэрыумам). У Выканаўчым Камітэце была нейкі час гутарка аб тым, як ахрысьціць новы орган. Прапанавалася навет назваць яго Народным Камісарыятам, a сяброў яго, значыцца, народнымі камісарамі. Але праз тое, што гэткую, хаця й зусім зразумелую й для беларускага народу, назву насіў бальшавіцкі ўрад, дык усе згадзіліся назваць першы Беларускі Ўрад Народным Сэкрэтaрыятaм, a сяброў гэтага ўраду народнымі с э к р э т a р a м і. 21 лютага 1918 году Народны Сэкрэтарыят выпусьціў абвестку, што ён прыступіў да спаўненьня сваіх абавязкаў. Старшынёю ўраду нязьменна застаўся В a р o н к а, ён-жа абняў i загранічныя справы Беларусі [4] .
У дзень уваходу немцаў у Менск, 22 лютага, Варонка пасьпеў распарадзіцца, каб гэты сьпісак быў на нямецкай мове разьлеплены на вуліцах Менску.
21 лютага 1918 году была выпушчана Першая Ўстaўная Грамата да Народаў Беларусі*.
Яна была надрукована позна ўночы (пасьля 3 гадзіны) у гістарычнай па друкаваньню беларускіх твораў друкарні Грынблята, калісьці быўшай Іокеля Дворжэца.
Грамата была надрукована на беларускай i расейскай мове, проектавалася таксама надрукаваць яе пажыдоўску й папольску, чаму перашкодаю былі толькі, на першых часах, прычыны тэхнічныя.
Яшчэ не паскідаўшае царскіх кокардаў з шапак чынавенства расейскае бралася за бокі ад сьмеху, чытаючы беларускі тэкст Граматы. Але сьмеялася яно нейкім сьмехам вышкаленага на адзін бок раба. Цяляча-мяшчанская веселасьць расейскага чынавенства пры чытаньні пабеларуску першага акту Беларускага Ўраду ня шкодзіла, аднак, вярхом гэтага чынавенства, розным асобам «не ниже четвертого класса» зьяўляцца да кожнага з Народных Сэкрэтароў з прапанаваньнем «своих услуг».
Нішто іншае, як, мусі, пачуцьцё ўсё-ж такі беларускасьці прывяло на пасяджэньне Выканаўчага Камітэту ў быўшы Губэрн. Дом дашчэнту зрусыфікаванага гэнэрала ад-інфантэрыі Кандратовіча. Раней ён быў у Вайсковай Беларускай Радзе, але стуль яго выключылі, здаецца, за «буржуазнасьць». З Вайсковай Рады быў выключаны за нешта i П. Аляксюк, але нейкім чынам ён ізноў трапіў ужо ў сябры Выканаўчага Камітэту, мусі, пры кооптацыі, але, праўда, ненадоўга. Цікава, што ў Выканаўчым Камітэце першаю прапазыцыяю Аляксюка было: кооптаваць у Камітэт амаль ня ўсю «Radu Polsku Ziemi Miňskiej». Але ж, ведама, гэткая прапазыцыя тады ніякіх шансаў на ўдачу мець не магла. Дзіўна таксама, што велікарос Злобін, якога ў Менск закінуў прыфрантавы аддзел Усерасейскага Земскага Саюзу, ані ня думаў пра «велікарускія справы», за якія ўзяўся ў Народным Сэкрэтарыяце, a ўвесь час расьпінаўся перад Выканаўчым Камітэтам з нейкім бесканечным дакладам аб палітыцы Довбор-Мусьніцкага ў Бабруйску, націскаючы праз меру нa тое, што ён - эсэр Злобін - страшэнны полёнофіл. Злобін тады толькі што вярнуўся з Бабруйску, куды пасланы быў у Камісіі Менскага Губ. Земства, каб умяшацца ў тое, што тварыў цяжкі рэжым Мусьніцкага з насяленьнем, занятага ім павету. Але тымчасам, удачна ці няўдачна, a Народны Сэкрэтарыят злажыўся i адразу прыцягнуў да сябе агульную ўвагу.
Нацыянальная рэвалюцыя ўходзіла ў свае правы. Губэрнатарскі Дом стаў як-бы мініятураю таго, што год назад, у лютым 1917 году, выяўляў сабою Таўрыдзкі Палац у Петраградзе. Сюды сьцягвалі розны хлам, зусім у доме Ўраду непатрэбны; шоколяда, шынка, цукер, шынялі, нейкія салдацкія ў нязьмерным ліку дзягі, кулямёты розных сыстэмаў, навет два мотоцыклі можна было бачыць у пакоях быўшага Губэрнатарскага Дому. Калі я зьвярнуў увагу Старшыні Ураду Я. Варонкі на гэты хаос, дык той адказаў, што з гэтым трудна што парадзіць, бо Чхэідзэ ў Таўрыдзкім Палацы ў расейскую рэвалюцыю быў завалены яшчэ горш, навет акрываўленымі галовамі рэзанай жывёлы, праз якія, выходзячы на волю, мусіў перадзыгаць. На твары моцна стомленага бяссоннымі ночамі Старшыні першага Беларускага Ўраду іграла пры гэтым лёгкая, яго звычайная ўсьмешка. У сваім кабінэце (пакоі № 11) ён часта момэнтамі сядзеў, падпершы галаву рукамі, як-бы прыслухоўваючыся, калі пранясецца гэта абыватальская бура.
Цяжка дый немагчыма пераказаць усё, што тварылася ў кароткі, амаль няпоўны адзін тыдзень гэтага цікавага беларускага ўрадаваньня.
Нельга ня спомніць разумную прапазыцыю дэлегацыі ад Менскае Ўкраінскае Громады, якая, зьявіўшыся ў Выканаўчы Камітэт для прывітаньня, раіла ўсе каштоўнасьці аддаць пад абарону ўкраінскага сьцягу, бо Ўкраіна тады ўжо заключыла з немцамі i аўстрыякамі мір. Шчыра-братэрская прапазыцыя ўкраінцаў, невядома чаму, ня была прынята. A за гэта нічога ўкраінцы не вымагалі, апрача таго, што прасілі пазычыць ім часова хаця ... 3.000 рублёў.
Прышоўшы ў Менск, немцы сапраўды не чапалі ўкраінцаў, a з беларусамі абыйшліся крыху йначай.
Разам з Довбор-Мусьніцкім зьявіліся ў Менск i немцы. Першы вайсковы аддзел нямецкі, які па чугунцы прыехаў у Менск, быў прывітаны ад беларусаў, на сваю ўласную рызыку, Раманам Скірмунтам, быўшым Старшынёю першага Менскага Беларускага Нацыянальнага Камітэту. Нейкім асыстэнтам пры Скірмунце на гэтым прывітаньні быў П.Аляксюк. За тое, што Аляксюк бяз ведама Выканаўчага Камітэту ўзяў на сябе гэткую ролю, ён быў зараз-жа з Камітэту выключаны.
Першыя тры дні, пасьля ўваходу ў Менск немцаў, яшчэ можна было бачыць азброеных беларусаў адкрыта на вуліцы; іншы раз наўзавады праляталі па ёй беларускія коньнікі з стрэльбамі за плячыма. Першы батальён немцаў выстраіўся на Пляцы Волі перад самым Домам Народнага Сэкрэтарыяту (б. Губэрнат. Дом), на бальконе якога разьвяваўся беларускі сьцяг.
Сьцяг гэты быў зьняты немцамі толькі 25 лютага зранку, калі нямецкі камэндант гораду выселіў Народны Сэкрэтарыят з яго Дому i конфіскаваў касу Сэкрэтараяту (каля 300.000 рублёў, найбольш думскімі білетамі). Трэба адзначыць, што Народны Сэкрэтарыят завёў сваю зусім легальную касу толькі на самыя бягучыя патрэбы, a ўсю маемасьць рашыў пакінуць у распараджэньні істнаваўшых інстытуцыяў як народную ўласнасьць.
Аб дзеяньні 25.11.1918 нямецкага камэнданта Сэкрэтарыят незабаўна злажыў на рукі вышэйшага прадстаўніка нямецкае окупацыйнае ўлады мэморандум.
24 лютага Народны Сэкрэтарыят паслаў у Вярхоўны Польскі Камітэт (копія камандзеру 1-га польскага корпусу) ультыматум аб забраных на пошце i ў палявых казначэйствах 38-га i 2-га каўкаскага расейскіх карпусоў капіталах.
У абодвых гэтых выпадках выступленьні Народнага Сэкрэтарыяту не далі ніякіх конкрэтных рэзультатаў.
Народны Сэкрэтарыят быў выселены окупантамі з урадовага свайго памяшканьня, але працы свае ён ня спыніў зусім. У контакце з Гарадзкою Думаю й Менскаю Губ. Земскаю ўправаю ён зьбіраўся склікаць 15 сакавіка 1918 году зьезд органаў самаўрадаваньня i грамадзкіх арганізацыяў, але ўсе замеры разьбіваліся аб упартасьць окупацыйных уладаў, якія вялі сваю чыста-нямецкую палітыку проста i непаславянску хітра.
Арыгінальна вельмі тое, што немцы пакінулі беларускія органы, як кажуць, варыцца ў сваім уласным саку, толькі, са ўсею дасканальнасьцю нямецкага адміністрацыйнага апарату, ізолявалі іх ад усялякіх зносін з провінцыяй. Польскаму корпусу Довбор-Мусьніцкага немцы далі дзялянку на сваім фронце, які дакаціўся да лініі Дняпра, a пасьля навет i польскі корпус быў ім непатрэбен, a таму i раззброены.
У нязвычайна цяжкіх варунках окупацыйнай ізоляцыі Народны Сэкрэтарыят i Выканаўчы Камітэт зьбіралі, якія маглі, каля сябе сілы.
Спрытная палітыка Варонкі, a часткаю i Цьвікевіча ўвяла ў круг беларускае палітычнае працы земствы i гарады, a таксама й дэмократычныя слаі нацыянальных меншасьцяў.
A тымчасам, пакуль зусім ня ўліліся гэтыя элемэнты ў круг беларускае палітыкі, Выканаўчы Камітэт Рады 1-га Ўсебеларускага Зьезду выдаў 9 сакавіка 1918 г. другую Ўстаўную Грамату да Народаў Беларусі*.
Другая Ўстаўная Грамата як-бы ўстанаўляла галоўныя пункты констытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак нічога не казала яшчэ аб сувэрэннасьці гэтай рэспублікі, аб тэрыторыі яе i адносінах да суседзяў. Беларусь яшчэ не адрывалася юрыдычна ад таго дзяржаўнага арганізму, у складзе якога была. Над Беларусьсю істнаваў яшчэ сувэрэнітэт Расеі.
Сказаўшы «А», трэба было сказаць i «Б».
Беларускія нацыянальна-дзяржаўныя органы стаялі перад тым, што не сягодня-заўтра ім трэба абвясьціць незалежнасьць Бацькаўшчыны; тым больш, што ўсе акалічнасьці вялі да гэтага. Карахан ад імя бальшавіцкага ўраду Расеі падпісаў, ня чытаючы, Берасыдейскі міравы трактат з немцамі. Апрача лініі расейска-нямецкага фронту, якая дзяліла Беларусь на дьзве няроўныя часьці: усходнюю, большую, i захаднюю, шмат меншую, утвараўся новы нямецка-бальшавіцкі фронт, з лініяй каля Воршы, які, у сваю чаргу, дзяліў Беларусь на новыя дзьве часьці - невялічкую ўсходнюю i шмат большую захаднюю. Па дагавору немцаў з украінцамі, некаторыя беларускія паветы перайшлі да Ўкраіны. Па дагавору з літоўцамі, частка Захадняй Беларусі намячалася немцамі да Літвы. Беларусь была парэзана на кавалкі, бяз ніякае на гэта згоды з яе боку, бяз ніякага яе голасу пры гэтым. Падвойны нямецка-расейскі фронт (стары i новы - з бальшавікамі) дзьвюма лініямі з поўначы на поўдзень кроіў тэрыторыю Беларусі ўдоўж; хаця бальшавікі адкаціліся далёка на ўсход ад старога фронту імпэрыялістычнай нямецка-расейскай вайны, аднак немцы трымалі й гэты стары фронт, як моцны кардон, не даючы магчымасьці яднацца раней окупаванай імі часьці Беларусі з рэштаю яе на ўсходзе.
Менск ня ведаў, што тварылася ў Вільні, a Вільня ня ведала, што дзеецца ў Менску.
A ў Менску немцы, хаця й не ліквідавалі сілаю ўсяе працы Беларускага Ўраду, аднак фактычна зьвялі яе да таптаньня на месцы. Ніякім распараджэньнем яны не распускалі Народнага Сэкрэтарыяту й Выканаўчага Камітэту; было толькі агульнае ваенна-адміністрацыйнае распараджэньне камандзера 10-й нямецкай арміі гэнэрала Фалькэнгайна, што ўсякія публічныя сходы без пазваленьня ўлады строга забараняюцца, a вінаватыя ў незаконных сходах будуць карацца арыштам i штрафам да 30.000 марак. Цікава, што беларускія дзяржаўныя органы зьбіраліся заўсёды, калі ім было трэба, бяз ніякага офіцыяльнага ведама немцаў, якія чамусьці нічым на гэта не рэагавалі. Спрытныя палітыкі немцы нацягвалі ў сваім дыплёматычным інструмэнце й беларускую струну, каб зайграць i на ёй, калі-б гэта ім спатрэбілася. Затое ніякіх адкрытых зносін з провінцыяй беларускія органы ўраду пад нямецкай окупацыяй мець не маглі, як не маглі зносіцца i з Вільняю.
Народны Сэкрэтарыят мог толькі выходзіць з свайго ізоляцыйнага палажэньня ў зносінах з провінцыяй, дзякуючы нязьнішчаным немцамі органам земскага й гарадзкога самаўрадаваньня, якія, праўда, ня былі беларускімі, у праўдзівым сэнсе гэтага слова, a таму да справы дзяржаўнасьці беларускай адносіліся досіць холадна. Сьціснутыя, аднак, немцамі ў сваёй дзейнасьці, яны шукалі выхаду ў тым, што згаджаліся групавацца каля беларускага цэнтру - Менску, a разам з тым i каля ўрадовых органаў Беларусі.
Уліўшыся сваім прадстаўніцтвам у Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага Зьезду, гарадзкія й земскія органы самаўрадаваньня павялічалі сабою цэнтральны орган беларускі, галоўным чынам у ліку, бо ідэйна былі масквафільскімі i думалі толькі аб Расеі.
Стварыўся, гэткім чынам, новы дзяржаўны орган Беларусі, які на пасяджэньні ў залі Менскае Губэрнскае Земскае Ўправы прыняў назву: Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, адносіны якой да Народнага Сэкрэтарыяту былі адносінамі Парлямэнту да Ўраду.
Асьцярожная тактыка Старшыні Сэкрэтарыяту Варонкі дала магчымасьць Выканаўчаму К-ту вырабіць гэткую норму прадстаўніцтва земстваў i гарадоў у Радзе Рэспублікі, каб яны не маглі пераважыць сабою (у ліку) шчыра-беларускіх галасоў.
Прадстаўнікоў земстваў i гарадоў у Радзе Рэспублікі трудна назваць іначай, як «тоже беклоруссамм». Шмат хто з іх, будучы беларусам па крыві, прышоў у беларускі прадпарлямэнт з расейскаю моваю, з расейскімі думкамі i з пакалечанай a la расейскаю душою. Ноль фінансавага становішча Рады й Сэкрэтарыяту павялічыўся толькі тым, што Менская Гарадзкая Дума асыгнавала ў распараджэньне Нар. Сэкрэтарыяту 10.000 рублёў, з якіх было выдана толькі 3.000 руб., a рэшта, пасьля выхаду земскіх i гарадзкіх дэпутатаў з Рады Рэспублікі й ануляваньня асыгноўкі Менскаю Думаю, да касы Сэкрэтарыяту ня трапіла.
Коаліцыя беларускіх органаў з земствамі й гарадамі была вельмі нядоўгаю.
У 20-я чыслы сакавіка месяца ў Менск удалося прыбыць прадстаўніком Віленскай Беларускай Рады, якая там арганізавалася, калі не памыляюся, у лютым месяцы 1918 году [5] , ведама-ж, зусім незалежна ад таго руху беларускага, які вырас у Менску на грунце ўсерасейскае рэвалюцыі.
Віленская Беларуская Рада трымалася прынцыпу Літоўска-Беларускай фэдэрацыі. Цікава зазначыць, што першы раз да віленскіх беларусаў дайшла няясная чутка аб рабоце ў Менску праз газэты, апублікаваўшыя заяву нямецкага гэнэрала Гофмана на міравых перагаворах у Берасьці аб тым, што Троцкі вось рысуецца дэмократызмам савецкае ўлады, a чаму-ж у Менску разагнаны быў бальшавікамі Ўсебеларускі Конгрэс.
Слуцкі мяшчанін Троцкі (яго праўдзівае імя - Лейба Бранштэйн) i тут згуляў нягодную ролю, адказаўшы Гофману, што Зьезд Беларускі быў разагнаны таму, што складаўся ён з памешчыкаў (паноў) i буржуазіі (?).
Сярод прыбыўшых у Менск 5 віленцаў былі старыя пачынальнікі беларускага нацыянальнага руху браты Іван i Антон Луцкевічы (Соцыялістычная Грамада), Дамінік Сямашка (тады віленскі брандмэйстар, a цяпер літоўскі міністар па беларускіх справах), Янка Станкевіч (пазьней арганізатар Беларускае Народнае Партыі) i работнік Туркевіч (сябра віленскай беларускай соцыяль-дэмократычнай групы).
Пасьля ўзаемных інформацыяў з віленцамі выясьнілася, што чародным этапам беларускага нацыянальна-палітычнага руху павінна быць незабаўнае a 6 в я шчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі незалежнаю дзяржаваю.
* * *
Ведама, што нельга было рахаваць на тое, каб за незалежнасьць Беларусі падалі свае галасы прадстаўнікі земстваў i гарадоў, ясна толькі было, што ўсе праўдзівыя беларускія галасы ў Радзе Рэспублікі за гэта выкажуцца дружна.
Раньнім вечарам 25 сакавіка [6] 1918 году пачалося пасяджэньне Рады Рэспублікі, маючы на парадку дня адно толькі кардынальнае пытаньне: абвяшчэньне незалежнасьці.
Як i трэ было спадзявацца, пачалася нябывалая трыбунная барацьба беларусаў з «тоже белоруссамн». З абодвых бакоў выказалася аж 20 аратараў. Прадстаўнікі земстваў i гарадоў на чале з Ярашэвічам i Злобіным i прадстаўнікі жыдоў (за выняткам аднаго), выказваючыся проці, напіралігалоўнымчынам на тое, што Рада Рэспублікі ня можа проклямаваць незалежнасьці Беларусі, бо гэтым яна нарушыць волю разагнанага бальшавікамі Усебеларускага Зьезду, у адным з пунктаў рэзалюцыі якога гаварылася ясна «о неотторжимостиБелоруссииот Российской Федеративной Демократической Республики». На гэта з беларускага боку было адказана, што перш за ўсё ніякае Расейскае Фэдэрацыйнае Дэмократычнае Рэспублікі ня істнуе, што ў Берасьці Расея, хаця й бальшавіцкая, аддала Беларусь немцам i гэтым самым зрабіла «отторженіе», a нарэшце, на аснове якога-ж пункту расейскае констытуцыі ў Расеі скінулі цара i г. д.
Пазыцыя беларускай часьці Рады была яснаю, яе праціўнікаў гэтак сама, i лішнія размовы самі сабою падходзілі да канца, хаця надта туга.
Цікава, што той самы Злобін, які 19 лютага зараз-жа пасьля заняцьця Выканаўчым Камітэтам 6. Губэрнатарскага Дому неяк заікнуўся амаль ня першым аб тым, што можа й трэ' было-б абвясьціць Беларусь незалежнаю, цяпер баяўся гэтага, як агню, i цьвярдзіў навет, што акт гэткі ня мае ніякага значэньня, калі сьледам за ім Расея не зрачэцца свайго сувэрэнітэту над Беларусьсю.
Нельга не адзначыць i таго, што з усяе процібеларускае групы адзін толькі сябар жыдоўскае аб'яднанае соцыялістычнае партыі грамадзянін Мац у нязвычайна моцнай прамове выказаўся за незалежнасьць, аднак пры галасаваньні, як чалавек партыйна-дысцыплінованы, мусіў галасаваць проці сваіх перакананьняў разам з рэштаю сваіх двох партыйных таварышоў (Гутман i Мар'ясін), аб чым публічна й заявіў.
Калі справа падыйшла да галасаваньня, дык Злобін i Ярашэвіч стараліся да апошняга разьбіць як-нібудзь беларускія галасы Соцыялістычнай Грамады й беларусаў, што ёй спачувалі, i не адзін раз адбываліся перад галасаваньнем пяцьмінютныя пярэрвы. Нарэшце галасаваньне адбылося ўставаньнем галасаваўшых «за» незалежнасьць i дало поўную перавагу. Праціўнікі рэзалюцыі (якая зводзілася да формулы, што Рада пастанаўляе абвясьціць Беларусь незалежнаю й выдаць аб гэтым адпаведную Устаўную Грамату) пакінулі Раду Рэспублікі. Гутман навет згаджаўся на незалежнасьць, калі сьледам за гэтым будзе прынята пастанова аб... фэдэрацыі з Расеяй. Паўставалі пытаньні, чаму гэта з Расеяй, з якою Расеяй i чаму ня з кім іншым з суседзяў?
Формула аб незалежнасьці была прынята раньняй раніцай (каля 6 гадзіны), і, глянуўшы ў вакно на першы сьвет заранкі, Варонка сказаў выходзіўшым з Рады: «Гэта сонца Беларусі!» Назаўтра быў зроблены працяг пасяджэньня Рады i прыняты тэкст гэткае (трэцяе) Устаўнае Граматы*.
Трэцяя Ўстаўная Грамата была лебядзінаю песьняю Беларускай Соцыялістычнай Грамады. У сваім соцыяль-патрыятызьме яна зайшла так далёка, што, коаліраваўшы пасьля выхаду з Рады земстваў i гарадоў з Беларускім Народным Прадстаўніцтвам (Weissruthenische Volks-Komitee), часткаю сваею галасавала за пасылку скірмунтаўскай тэлеграмы нямецкаму кайзэру Вільгэльму II і, дзякуючы гэтаму, развалілася, перастаўшы істнаваць як партыя.
Праўда, што рана ці позна нязгодныя паміж сабою эсэраўскі й марксіцкі кірункі Соцыялістычнай Грамады ўсё роўна прывялі-б яе да расколу, хаця й ня гэткага сумнага.
* * *
Беларускае Народнае Прадстаўніцтва сьмела можна назваць партыяю Рамана Скірмунта за той час. Сэкрэтаром Прадстаўніцтва быў выключаны з Выканаўчана Камітэту П. Аляксюк, сябрамі былі розня мяшчанскія элемэнты Менску, паміж імі беларус Т.Вярнікоўскі, праўдзівы паляк Хржонстовскі (быўшы гарадзкі галава) i інш. Кватэра Прадстаўніцтва была на Серпухаўскай вул., недалёка ад памяшканьня Рады, якая зьмяшчалася на Захараўскай вул., у доме № 43, дзе быў зусім легальна прыбіты шыльд Народнага Сэкрэтарыяту. Гэткае суседзтва Рады з Прадстаўніцтвам не абходзілася без таго ці іншага контакту ix, a па выхадзе прадстаўнікоў гарадоў i земстваў з Рады адбыўся ўваход у яе Народнага Прадстаўніцтва.
Сваім выхадам з Рады Рэспублікі прадстаўнікі земстваў i гарадоў моцна памаглі Народнаму Прадстаўніцтву ўвайсьці ў Раду i як-бы заняць пустое, пакіненае імі, месца. Колькасьцю галасоў сваіх Прадстаўніцтва не магло граць першую ролю ў Радзе, аднак аслабленую земцамі пазыцыю соцыялістых-беларусаў з Рады паступова заціскала Прадстаўніцтва, i выявілася праз нейкі час, што барацьба Скірмунта з Варонкаю за ўладу рана ці позна выплыве наверх.
З Соцыялістычнае Грамады адкалолася група Грыба i Бадуновай, утварыўшы Беларускую Партыю Соцыялістых-Рэвалюцыянэраў, якая спачатку ў вачох рэшты радных зьяўлялася нічым іншым, як расейскім насеньнем, перанесеным на беларускі грунт. Тактыка гэтай партыі ў Радзе можа быць названа ня йначай як «умываньне рук». Лідэры эсэраў рабілі громкія трыбунныя выступленьні, ухіляючыся ад практычнае адпавядальнасьці за беларускую палітыку.
Неэсэраўскія элемэнты Соцыялістычнай Грамады пачалі шчапаццё ў сваю чаргу; Варонка й Езавітаў заснавалі беларускую партыю соцыялістых-фэдэралістых, але гэта пасьля таго, як спатычка Варонкі з Скірмунтам з-за прэм'ерства адбылася.
«Ад чацьвяргу да пятніцы», як кажа прыказка, Скірмунту ўсё-ж такі ўдалося пабыць Старшынёю Народнага Сэкрэтарыяту, але, нягледзячы на пастанову аб гэтым большасьці Рады, Варонка справаў Сэкрэтарыяту скірмунтаўскаму кабінэту не схацеў перадаць, i з гэтага прыкрага палажэньня «дваяўраднасьці» вывела справу новая большасьць Рады, пастанавіўшая стварыць «парлямэнцкі» Сэкрэтарыят спосабам дэлегаваньня ў склад яго прадстаўніка ад кожнае раднае групы.
Эсэры ўхіліліся й на гэты раз ад дэлегаваньня ў склад ураду свайго прадстаўніка, хаця й не саўсім. Яны далі маўклівую згоду на кандыдатуру Вярнікоўскага ў Народныя Сэкрэтары. Старшынёю новага складу Сэкрэтарыяту быў выбраны Серада, загадчыкам справаў застаўся Заяц. Агулам бяручы, гэткая комбінацыя была зроблена так сабе, абы запоўніць пустату, i ніякай працаздольнасьці ад новага Сэкрэтарыяту спадзявацца нельга было.
Кватэра Рады й Сэкрэтарыяту была перанесена ў быўшы Юбілейны Дом (на Захараўскай вуліцы), i Сэкрэтарыят пад старшынством Серады некалькі месяцаў спакойна сядзеў у сваёй новай рэзыдэнцыі. Праўда, пры гэтым Сэкрэтарыяце былі спробы завязаць перагаворы з украінскім урадам (тады гэтмана Скарападзкага), адбылося ў Кіеве некалькі пасяджэньняў беларускай дэлегацыі з украінцамі, былі перагаворы з бальшавіцкім прадстаўніком Ракоўскім там-жа ў Кіеве, які згаджаўся ад імя бальшавікоў прызнаць Беларусь незалежнаю, але толькі з тым варункам, калі ў ёй будзе савецкая ўлада.
Пры Сэкрэтарыяце Серады быў прыняты ў кастрычніку 1918 г. Радаю закон аб папаўненьні Рады новымі элемэнтамі, у значнай меры буржуазнымі, i аб рэарганізацыі Народнага Сэкрэтарыяту ў Раду Народных Міністраў. У Раду ўвайшлі прадстаўнікі провінцыяльных радаў, Сьв.-Мікалаеўскага брацтва, Хрысьціянска-Дэмократычнае беларускае Злучнасьці, Польскае Рады Меншчыны (Rada Polska Ziemi Minskiej), расейскае партыі констытуцыйных дэмократаў (кадэты), Менскага, назначанага немцамі, магістрату, Саюзу Земляўласьнікаў i інш.
Раду Міністраў даручана было сформаваць Антону Луцкевічу, які незабаўна яе стварыў, прачытаўшы кабінэтную праграму ў адным з пасяджэньняў. Помніцца, што ў дэклярацыі прэм'ера першае Рады Міністраў Луцкевіча было ясна зазначана, што беларускі ўрад не адкідае прынцыпу фэдэраваньня Беларусі з яе суседзямі i ў гэтым сэнсе будзе вясьці перагаворы з суседнімі народамі ў залежнасьці ад дэмократычнасыді іх дзяржаўнага ладу. Аканчальнае рашэньне аб фэдэрацыі з кім-нібудзь пакідалася Беларускаму Ўстаноўчаму Сойму.
Уся гэта работа тварылася тады, калі Нямеччына пачала цярпець адно зa адным пабоішчы на яе заходнім франка-бэльгійскім фронце.
Як рэзультат ваенных няўдачаў, у Нямеччыне адбылася ў лістападзе рэвалюцыя, i войскі быўшага Кайзэра, окупаваўшыя Беларусь, a таксама й Украіну, парабіўшы [7] салдацкія рады, пачалі пасьпешна адходзіць на бацькаўшчыну. Сьледам за імі паўзла ў бок Менску хмара бальшавіцкае чырвонае арміі. Нямецкі гэнэрал Фалькэнгайн адносіўся нявыразна да справы тварэньня беларускага войска гэнэралам Кандратовічам, хаця даў прапускі дэлегатам Рады Рэспублікі выехаць заграніцу, каб протэставаць там проці бальшавіцкае навалы.
Адозву да дэмократыяў усяго сьвету ў гэтым сэнсе Рада Рэспублікі прыняла аднагалосна, ня вылучаючы й эсэраў.
Проці навалы бальшавікоў на Менск зрабіць нічога нельга было. Чырвоная армія, як саранча, паўзла на ўсе парожнія пасьля немцаў месцы, якія, адходзячы, трымаліся ўсё-ж такі строгіх ваенных плянаў.
Радзе Міністраў нічога не заставалася, як выехаць за межы бальшавіцкага дасяганьня. На бліжэйшыя часы пастаноўлена было пераехаць у Вільню [8] .
Выяжджаючы, Рада Народных Міністраў выпусьціла гэткую абвестку.
Ад Рады Народных Міністраў
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, атрымаўшая свае поўнамоцтвы ад Беларускага Народу на Ўсебеларускім З'езьдзі, у граматах з 9 i 25 марца 1918 году апавесьціла, што ўся ўласьць на Беларускай зямлі пераходзіць у рукі народу. Зямля, лясы i прыроднае багацце краю былі аб'яўлены народным меньнем.
У сьлед за гэтым Рада прыступіла да будавання незалежнай Беларускай Дзяржавы на асновах, устаноўленых Устаўной Граматай з 25 марца гг.
Нямецкая окупацыя прыпыніла гэту работу i зрабіла немагчымай перадачу ўласьці ў рукі Народу i разьвязку зямельнаго пытаньня на справядлівых асновах.
Цяпер, калі Народ Нямецкі завёў новы лад на сваёй зямлі i окупацыйныя войскі пакідаюць наш край, - настаў мамэнт, каб Народ Беларускі, соткі гадоў пакутаваўшы ў чужацкай няволі, стаўся поўным гаспадаром на сваёй вольнай i незалежнай зямлі.
Беларускі ўрад, зложаны з прадстаўнікоў усіх беларускіх соцыялістычных партый i ўпаўнамочаны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, кліча Народ Беларускі выкарыстаць гэты асаблівы мамэнт - мамэнт зьніштажэньня старога ладу вольнымі народамі.
Няхай усе грамадзяне Беларусі гуртуюцца навакол Рады Беларускай Народнай Рэспублікі i Беларускага Ўраду i твораць на ўсёй Беларусі свае валасныя, павятовыя i мястовыя Беларускія Рады, каб арганізованы народ запраўды мог узяць у свае рукі ўласьць у сваёй старонцы.
Цьвёрда стоячы на грунце здабыткаў рэвалюцыі, Беларускі Ўрад усімі сіламі будзе паддзержываць на нашай зямлі лад, кіруючыся да таго, каб згодна з законамі, выдаванымі правадаўчымі ўстановамі Беларускай Народнай Рэспублікі, глаўнае багацьце народу - лясныя абшары - перайшлі на ўласнасьць краю, каб тыя, хто сваей працай на ральлі корміць увесь край, былі справядліва надзелены зямлёй, каб узмацавалася наша незалежная Беларуская Рэспубліка i каб чужыя нам людзі ізноў не запанавалі над намі.
Беларускі Ўрад будзе рупіцца перш за ўсё аб тое, каб чым хутчэй сабраўся Ўстаноўчы Сойм Беларусі i каб чым хутчэй наш народ сам завёў на сваёй зямлі праўдзівую волю для ўсіх яе грамадзян.
Рада Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Менск, 29 лістапада 1918 г.
Паход бальшавікоў сьледам за немцамі на Захад змусіў Заходнюю Эўропу крыху стрывожыцца, але там было вельмі шмат справаў па ліквідацыі ўсясьветнае імпэрыялістычнае вайны й наагул мала каго мог цікавіць лёс няшчаснае Беларусі, якую зьмянялі адна за аднэю розныя окупацыі.
Апрача дэлегацыяў у рэвалюцыйны Бэрлін i Бэрн высланы былі Радаю Рэспублікі дэлегацыі ў Польшчу (Варшава) й да Літоўскае Тарыбы (Вільня). Але ведама, што бліжэйшыя, паўстаўшыя да сувэрэннага жыцьця, суседзі Беларусі мелі аж надта досіць сваіх уласных справаў, пасьпешна фармуючыся ў дзяржаўныя арганізмы.
Бэрлін кіпеў рэвалюцыяй, дый дарэвалюцыйны ён адказаваў на ноты Сэкрэтарыяту Варонкі, што Нямеччына ня можа падтрымваць ідэі беларускай дзяржаўнасьці, бо ня мае права ўмешвацца «ў вa ўнутраныя расейскiя спрaвы» i гэтым нарушаць берасьцейскі дагавор.
Бэрн, як відаць, рыхтаваўся да Вэрсальскай конфэрэнцыі, i Беларусь была на волі свайго ўласнага гаротнага лёсу.
Рада Рэспублікі вынесла пастанову аб пярэрве свае сэсіі, i паадзінокія сябры яе, хто эміграваў, a хто застаўся на месцы ў Менску, зышлі з палітычнае арэны пад окупацыяй бальшавікоў.
Рада Народных Міністраў не пакідала працы. 3 Вільні, пры яе захваце бальшавікамі, Урад Беларускі пераехаў у Горадзен [9] , адкуль пасьля перанёс сваю рэзыдэнцыю ў сталіцу гасьціннай Чэхаславакіі Прагу [10] .
Рада Рэспублікі выдала гэткі, апошні перад бальшавіцкай окупацыяй акт, які зьместам сваім хутчэй падобны да адозвы, чымся да свае назвы.
Г Р A М A Т A
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Народзе Беларускі i ўсе народы Беларускай зямлі!
Слухай голасу тваіх прадстаўнікоў, што працуюць тваім імянем i дзеля твайго шчасьця.
Шмат сотняў гадоў панавалі на Беларусі чужынцы, a працоўны народ наш гібеў у зьдзеку, няволі i цемнаце. Безканечныя войны палівалі нашую старонку рэкамі крыві, a звадкі між народамі i верамі ў самой Беларусі атручвалі дух народны, зьнішчалі ўсе здабыткі культуры i не давалі тварыцца новым. Аж зразумелі ўрэшце лепшыя сыны Беларусі, што прычына ўсіх няшчасьцяў - гэта палітычны заняпад Народу Беларускаго, яго няволя i пакора, i прагалосілі яны на ўсю Беларусь, што павінен устаць Беларускі Народ, скінуць путы няволі i з парабка гаспадаром зрабіцца на сваёй зямлі.
Разышоўся голас гэты па Беларусі, i абудзіўся Народ. I на вялікі ўсенародны сход, які адбыўся ў сьнежні месяцы 1917 г. у Менску i называецца Ўсебеларускім Зьездам, прыслаў Народ Беларускі каля дзьвёх тысяч чалавек сваіх лепшых прадстаўнікоў з усіх частак, усіх валасьцей, усіх закуткаў Беларускай Зямлі. Не збаяўшыся цёмных сілаў, што тады панавалі на Беларусі, перад наведзенымі кулямётамі i навіслымі штыкамі сказаў Зьезд волю Народу Беларускаго аб яго будучыне. Народ Беларускі выракаецца сваіх няпрошаных апякуноў. Ён устанаўляе на сваёй зямлі Дэмократычную Рэспубліку i хоча прамаўляць на сусьветным міравым конгрэсе вуснамі сваіх уласных прадстаўнікоў. Ён творыць войско для абароны свайго права i даручае ўладу ў Беларусі выбранай на Зьезьдзе Радзе i яе Спаўняючаму Камітэту.
Паны камісары разагналі Ўсебеларускі Зьезд i шукалі спосабу зьнішчыць Раду Зьезду. Ды не ўдалося гэта ім. Пасьля іхняго ўцёку з Менску ўлада перайшла да Спаўняючаго Камітэту Рады Зьезду, i той стварыў тады першае Міністэрство Беларускае - Народны Сэкрэтарыят, a так сама пачаў тварыць беларускае Народнае войско.
Пасьля вякоў няволі ізноў запанаваў на сваёй зямлі Беларускі Народ. Але нядоўгае было гэтае панаваньне. Цераз тры дні прыйшлі ў Менск войскі нямецкаго імпэратара. Яны гвалтам адабралі ад Народнаго Сэкрэтарыяту ўладу i спынілі яго работу. Патаемна мусіў пасьля таго зьбірацца Беларускі Ўрад, хаваючыся ад нямецкіх жандараў, але ні на мінуту не забываўся ён аб вялікіх абавязках, на яго Народам узложаных. 9 сакавіка 1918 г. Спаўняючы Камітэт Рады Зьезду выдаў Устаўную Грамату, якая тлумачыла тыя правы працоўнаго народу, што выдаў Усебеларускі Зьезд. A 25 сакавіка ён, злучыўшыся з прадстаўнікамі земстваў i гарадоў i ўтварыўшы разам Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, абвесьціў Беларусь незалежнай i вольнай Дзяржаваю, каб не дазволіць далей чужынцом камандаваць Беларускім Народам, разрываць яго на часткі ды гандляваць Беларусьсю на сусьветным рынку. Так былі скінуты з Беларускаго Народу апошнія путы няволі, якія ціснулі яго праз вякі.
Ішоў час, але не зьмяншаўся ўціск нямецкаго імпэратарскаго ўраду. 3 усяго краю надыходзілі да Рады Беларускай Народнай Рэспублікі скаргі i протэсты проці гэтаго ўціску, a Рада нічога не магла зрабіць, бо яшчэ не пасьпеў сабраць Беларускі Народ сілы свае i моцным плячом падперці сваю Раду. Ня маючы сілы, Рада Рэспублікі надзеялася хоць сваёю пакораю зьмягчыць цяжкае палажэньне Беларусі. Яна некалькі разоў зьвярталася да нямецкаго ўраду, просячы, каб той прызнаў Беларускі Народ вольным i незалежным i даў яму можнасьць самому ўпраўляць сваею зямлёю. Нямецкі ўрад кожны раз адказываў адмоўна.
Тым часам у Нямеччыне сталася рэвалюцыя, i нямецкае войско ня хоча больш аставацца ў нашай зямлі, з якой гэтак несправядліва зрабіў яго даўнейшы імпэратарскі ўрад. Беларусь ізноў астаецца вольнаю, i яе ўрад мае абвесьціць выбары да Беларускаго Ўстаноўчага Сойму, які сваім голасам умацуе правы народу i ўстановіць дзяржаўны лад Беларусі. Але хоць шмат зьмяніла рэвалюцыя, ды не зьмяніла яна нешчасьлівай долі Беларускай. Ня хочуць панаехаўшыя ў наш край чужынцы выпускаць са сваіх рук лейцаў, у якіх трымалі дагэтуль Беларускі Народ. У Менску, у Кіеві разам з нашымі адступнікамі яны твораць фальшывыя ўрады i крычаць аб сваім праве на панаваньне над Беларускім Народам, аб тым, што Беларусь ніяк ня можа быць вольнай, a павінна, канешне, ісьці зноў у ярмо. Пры гэтым яны не шкадуюць выдумак, каб ачарніць Раду Рэспублікі i словамі сваімі апаганіць яе працу. Уся мэта гэтых людзей - пасварыць беларусаў між сабою, a пасьля, абязсіліўшы іх, аддаць у даўнейшую няволю, пад панаваньне новаго цара i яго чыноўнікаў.
Рада Рэспублікі, аднак, верыць у сьветлы i здаровьі розум Народу Беларускаго i ўсіх дэмократычных народаў Беларусі, якія не дадуць сябе ашукаць хітрым ворагам Рэспублікі. Яна вядзе далей сваю працу, a для спаўненьня сваіх загадаў яна ўстанавіла новы склад Рады беларускіх Народных Міністраў, які павінен вывесьці Беларусь на сьветлы лепшы шлях, абараніць праўдзівую яе незалежнасьць i даць працоўнаму малазямельнаму народу зямлю, a работнікам дагаднейшыя варункі працы i склікаць Устаноўчы Сойм Беларускай Народнай Рэспублікі.
Перад сьвітаньнем новаго дня, які суліць нашай Бацькаўшчыне культурны росквіт i дзяржаўную незалежнасьць, павінны абудзіцца ўсе жывыя дэмократычныя сілы Беларусі. Усе, хто хоча бачыць сваю многапакутную Бацькаўшчыну - Беларусь вольнай, багатай i шчасьлівай, усе, хто хоча, каб працоўны Народ
Беларусі ня знаў больш зьдзеку над сабою i няволі, няхай усюды злучаюць свае сілы, ствараючы на мясцох Беларускія Радыі зьвязуючы іх з Радаю Рэспублікі. Толькі ім, гэтым арганізацыям працоўнаго Народу Беларусі, належыць цяпер, да сазыву Ўстаноўчага Сойму, улада на мясцох, a ня Земству, ня чыноўнікам, ня ўсякім самазванцам i чужынцам. Толькі на іх павінен апірацца Беларускі Народны Ўрад у сваёй чыннасьці. Сам Народ, абуджаны рэвалюцыяй, няхай бароніць сваю волю i незалежнасьць, право на сваю родную зямлю i месцо на сьвеці сярод усіх народаў.
Чувайце, грамадзяне Беларускай Народнай Рэспублікі! Надыходзе гадзіна апошняго суду над народамі. Няхай-жа не пагасьне ў сэрцах вашых жывы агонь замілаваньня да волі i агульна-грамадзкага шчасьця.
Няхай жыве незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!
Няхай жыве працоўны Народ Беларусі i солідарнасьць вольных народаў!
Няхай растуць Беларускія сялянскія i работніцкія Рады па ўсёй Беларусі!
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі.
28.XI.1918. м. Менск.
Гэту Грамату, дэклярацыю «Ад Рады Народных Міністраў» i маленечкую абвестку аб тым, што Ўрад Беларускі пераехаў у Вільню, доўга відаць было па рагох некаторых менскіх вуліц навет i пасьля прыходу бальшавікоў.
9-га сьнежня 1918 году, калі яшчэ апошнія нямецкія вайсковыя аддзелы ня ўскуралі пакінуць Менску, занялі яго бальшавікі.
У Менск вярнуліся амаль ня ўсе камісары «Захадняй обласьці». Начальнікам гарнізону быў назначаны той самы Крывашэін, што разганяў Усебеларускі Зьезд, з перадавымі аддзеламі чырвонай арміі ішоў на Менск камісар Бэрсон, вярнуліся Калмановіч i Розэнталь. Ляндэр даўно ўжо сядзеў у Маскве, як расейскі камісар дзяржаўнага кантролю, i яго ролю палітычнага верхавода ў Менску фактычна замяняў цяпер другі бальшавік - латыш Кнорын.
Усе гэтыя камісары «Захадняй обласьці» ўвесь час нямецкай окупацыі сядзелі ў Смаленску пад назваю «Облискомзап» (парасейску «Западный Областной Исполнительный Комитет»). Гэты «Облнскомзап», перасяліўшыся ў Менск, адразу абвясьціў «правительство белорусских помещиков Белорусскую Раду распущенной и низложенной», як гаварылася ў першым бальшавіцкім прыказе ў Менску. Усе сябры Беларускага Ўраду падлягалі, згодна з гэтым прыказам, арышту й перадачы ў рукі савецкіх уладаў.
Аднак зусім рассупоніцца ў сваёй палітыцы смаленскія камісары не змаглі, бо пашкодзілі ім бальшавікі-беларусы, што гуртаваліся ў Маскве вакол Камісарыяту Беларускіх Справаў i расейска-беларускай часопісі «Дзяньніца». Рэдактар гэтай часопісі Жылуновіч (поэт Цішка Гартны) дабіўся таго, што ў Маскве яго багаславілі абвясьціць незaлежную Беларускую Савецкую Рэспубліку ў Менску з Часовым Рабоча-Сялянскім Урадам на чале. Старшынёю гэтага ўраду стаў Жылуновіч, загадчыкам справаў, i ведама, што «душою» ўсяго быў Кнорын. Камісарам загранічных справаў быў назначаны дробны менскі чыноўнік Фальскі, камісарам нацыянальных справаў - Фабіян Шантыр, беларускі пісьменьнік. Абодва вядомыя ўжо па Ўсебеларускім Зьезьдзе.
Часовы бальшавіцкі ўрад Савецкай Беларусі выдаў 1-га студня 1919 году маніфэст, у якім, паміж іншым, пісалася да народаў Беларусі: «А д сягоньняшняга дня i Вы разам з працоўным людам Расіі, Літвы, Украіны i Лацьвіі становіцеся вольнымі гаспадарамі Вольнай, Незалежнай Беларускай Рэспублiкі, кaрыстaючымi поўнасьцю з сваіх прaвoў...»
Дзеля таго, што незалежнасьць спаміналася толькі ў адным гэтым месцы маніфэсту, прыходзіцца думаць, што бальшавікі лічыліся з фактам ужо агалошанай 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьці Беларусі.
Рабоча-Сялянскі Ўрад Жылуновіча абвясьціў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі без абароны законаў, паказаўшы гэтым сваю сапраўды дзіцячую палітычную недалёкасьць.
Хаця-ж само слова «Рада» выклікала пену на вуснах кожнага маскоўца-бальшавіка, марыўшага насадзіць слова «Совет» на ўсім сьвеце, i Жылуновічу з яго кампанамі трэ было з гэтым лічыцца. Бэрсон на першым мітынгу ў самы дзень заняцьця бальшавіцкай арміяй Менску іначай не гаварыў да натоўпу, як разьюшваючы яго крыкам: «Сьмерць тарыбам i радам»...
Рэзультатам, аднак, абвешчаньня Рады Рэспублікі без абароны законаў было тое, што ўся яе дэмократычная й соцыялістычная большасьць амаль што спакойна сядзела ў Менску, a гэткія сябры яе, як Серада, Міхайлоўскі i народны міністар прасьветы ў кабінэце выехаўшага ў Вільню Луцкевіча - Вацлаў Іваноўскі, займалі навет немалыя пасады на савецкай службе.
Трэба сказаць праўду, што бальшавікі нікога з беларусаў, як такіх, не прасьледавалі, хаця ўрад Жылуновіча пратрымаўся вельмі нядоўга. (Голас з месца: «А арышты беларускіх эсэраў?»). Былі, праўда, арыштованы Мамонька, Іваноўскі i Трэпка, але першы з іх - за тое, што выступаў проці савецкае ўлады, як левы (трэба разумець расейскі) эсэр, a два апошнія, як... палякі. Родны брат Іваноўскага - Юры быў тады ў Варшаве польскім міністрам, a родны бацька Трэпкі зьбіраў для вывазу ў Польшчу беларускія старадаўнія рэчы, будучы старшынёю нейкае польскае арганізацыі. Былі яшчэ арыштованы ня больш як на суткі Палуся Бадунова з сястрою i Янка Серада.
Беларускія эс-эры яшчэ пры выезьдзе Рады Народных Міністраў з Менску рашылі заставацца на месцы. Адзін з іх лідэраў дайшоў да гэткага глупства, што пашоў на Пляц Волі прамаўляць з трыбуны Бэрсона, дзе пачуў крыкі: «Вон, гэты пан з Беларускай Рады», a некі чырвонаармеец, наставіўшы штых, проста заявіў: «Слезай, a не то - сниму». Прамова эс-эраўскага лідэра аб тым, што ў Радзе ён быў толькі таму, каб карыстацца ёю як трыбунаю i наагул ведаць, што ў ёй робіцца, была гэткім чынам перарвана.
Беларуская незалежнасыдь пад бальшавікамі была толькі фікцыяй, усё рабілася на маскоўскі капыл, a народныя камісары недоўгавечнага ўраду Жылуновіча былі толькі сьмешнымі манэкэнамі. Пасьля Жылуновіча справамі пачаў варочаць ужо вядомы нам ад часу Усебеларускага Зьезду Мясьнікоў.
Заняўшы Вільню, бальшавікі абвясьцілі ў ёй Савецкую Літву на чале з рабоча-сялянскім урадам Міцкевіча-Капсукаса. Беларусь злучалася бальшавікамі з Літвою пад назваю «Лнтбел», усходнія часьці Беларусі прылучаліся да Маскоўшчыны, a тымчасам з захаду выступала проці бальшавікоў Польшча.
Раззброіўшы немцаў, палякі пачалі шпарка арганізоўваць армію пад камандай Язэпа Пілсудзкага.
У палове красавіка месяца, якраз на Вялікдзень, палякі спрытна рагггам захапілі Вільню, выгнаўшы адтуль камісараў «Литбелу». Бэрсон быў захоплены палякамі ў палон i расстрэлены, рэшта камісараў на чале з Міцкевічам-Капсукасам у перапудзе ўцякла ў Менск. Вайна бальшавікоў з Польшчаю пачалася. Палякі, хаця й марудна, пакрысе пасоўваліся на ўсход, a ў самае лета гукі гарматніх стрэлаў сталі далятаць i да самога Менску. Бальшавікі ўтварылі Раду Абароны з трох чалавек, якая мела ў Менску ўсю ўладу.
Пазволім сабе прыпомніць, што, пераехаўшы ў Вільню, Старшыня першага Народнага Сэкрэтарыяту Язэп Варонка ўвайшоў ад Віленскай Беларускай Рады ў склад арганізованага Літоўскай Тарыбаю кабінэту Вальдэмараса, як літоўскі міністар беларускіх справаў. Літоўскі ўрад не назначыў ніводнага ліцьвіна камісарам у беларускія паветы, a ўсюды паназначаў на гэтыя пасады тых кандыдатаў-беларусаў, якіх падавала Віленская Беларуская Рада й Міністэрства Беларускіх Справаў [11] . Адносіны беларусаў з літоўцамі нарыхтоўваліся як найлепей, не пашкодзілі гэтаму й незалежныя ад абедзьвюх старон падзеі польска-бальшавіцкай вайны.
* * *
Заняўшы Вільню, Пілсудзкі 23 красавіка 1919 г. выпусьціў вядомую адозву «Да жыхароў быўш. Князьства Літоўскага». Шляхоцкі лёзунг гэтае адозвы «вольны з вольным, роўны з роўным» застаўся дасюль бяз жыцьця.
A грукат гарматаў пад Менскам рабіўся ўсё чутнейшым. Палякі ўжо дайшлі аж да Семкава-Гарадку, што ў 14 вёрст. ад Менску. Чутно было ўжо й грукат кулямётных стрэлаў. Аднак на першы раз Семкава-Гарадок быў палякамі пакінены, яны адыйшлі назад, каб з новаю рашучай сілаю наваліцца на Менск.
8-га жніўня 1919 году, пасьля моцных начных баёў пад Менскам, ён быў з боем заняты палякамі каля 12-й гадзіны ўдзень. Настрой беларускага грамадзянства да палякоў быў як найлепшы. На іх глядзелі як на асвабадзіцеляў i шчыра спадзяваліся ад іх прызнаньня за Беларускім Народам усіх, належных да яго, правоў. Хадзілі розныя навет чуткі, быццам у ліку польскага войска на Менск ідуць i беларускія аддзелы. За гэтыя апошнія мусі лічылася Літоўска-Беларуская Дывізія. Напраўду ніякіх беларускіх аддзелаў з палякамі ня было, a перадавымі аддзеламі, гнаўшымі бальшавікоў, былі пазнанцы.
Чуткі аб беларускім войску мелі пад сабою як грунт толькі тое, што істнавала ў Вільні беларуская вайсковая арганізацыя, якая давяла справу да ўтварэньня Беларускае Вайсковае Камісіі толькі ў кастрычніку 1919 году, калі йзноў, як-бы аднаўляючы сваю сэсію, пачала зьбірацца Рада Рэспублікі. Ні адна група Рады проці тварэньня беларускага войска нічога ня мела, раздаваліся толькі галасы за тое, каб дабіцца згоды польскага камандаваньня на варунак невыступаньня беларускага войска проці арміяў суседніх народаў, апрача, разумеецца, маскоўцаў, для вызваленьня ад якіх i ўтваралася, паводле думкі беларусаў, наша нацыянальнае войска.
Трэба заўважыць, што палякі ваявалі тады з украінцамі за Усходнюю Галіцыю, няяснымі былі адносіны літоўска-польскія й польска-лацьвійскія.
Ясна, што Рада Рэспублікі разглядала палякоў як окупантаў, хаця окупацыю іх лічыла больш спагаднаю за іншыя, быўшыя дасюль.
У часе пабыту начальніка Польшчы Я.Пілсудзкага ў Менску [12] , у дэлегацыю да яго згадзіліся ўвайсьці навет i беларускія соцыялістыя-рэвалюцыянэры (эсэры). Дэлегацыя паднімала навет гэткія пытаньні, як права незачэпнасьці сяброў Рады Рэспублікі i іншае, i на ўсё адтрымала як-бы задавальняючы адказ.
Ужо назаўтра, па заняцьці Менску, камандзер Літоўска-Беларускага фронту гэнэрал Шэптыцкі выдаў адозву да грамадзян места Менску, якая была надрукована папольску й... пабеларуску. Гэткім чынам пісаліся ўсе ўрадовыя абвешчаньні; расейцы й мова іх у краі як-бы й не прызнаваліся, хаця ня ўсюды й не заўсёды роўна.
На сходзе ў Беларускім Настаўніцкім Інстытуце прадстаўнікі беларускага грамадзянства незабаўна ўтварылі Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт, які пастанавіў лічыць сябе выняткова грамадзкай арганізацыяй, пакідаючы пытаньні палітычныя Радзе Рэспублікі i Радзе Народных Міністраў.
Часовы Нацыянальны Камітэт па прапазыцыі палякоў ахвотна дэлегаваў сваіх прадстаўнікоў у назначаны часова Магістрат, Сьледчую Камісію па рэвізіі арыштованых, якіх вастрог ня мог навет зьмясьціць, i ў іншыя грамадзкія дробныя інстытуцыі.
Эмісары Час. Нацыянальнага Камітэту выяжджалі часам i на провінцыю пры арганізацыі павятовых магістратаў.
Мне асабіста давялося быць пры назначаньні Бабруйскага магістрату.
Цікава спомніць гэтае здарэньне, каб ілюстраваць ім тую няпэўную лінію польскай палітыкі, якая ў Беларусі рабілася.
Усім вядома, што ніякага офіцыяльнага прызнаньня Беларусі збоку Польшчы ня было. Кіраваў окупаванымі землямі «Cywilny Zarzad Ziem Wschodnich» [13] , на чале якога назначаны быў стаяць п. Юры Асмалоўскі, меўшы ў Менску сваім намесьнікам п. Уладыслава Рачкевіча, які пасьля офіцыяльна зваўся начальнікам Менскага вокругу.
У Бабруйск я выехаў з двама намесьнікамі Рачкевіча - Піотроўскім i другім, даволі маладым чалавекам, прозьвішча якога ня помню.
Калі ў Бабруйску мясцовая дэлегацыя вітала Піотроўскага як прадстаўніка вольнае Польшчы, дык на прамову пабеларуску сьвяшчэньніка Давідовіча, які выказаў надзею, што Польшча, стаўшы вольнаю, не пакрыўдзіць многапакутнага Беларускага Народу, пан Піотроўскі скончыў сваю прамову (папольску) вельмі многазначнымі словамі, ш т o вольнымі вы ў Польшчы былі, вольнымі i будзеце.
Другі намесьнік начальніка вокругу гаварыў з бацюшкай пабеларуску i з моцнымі жэстамі можа й зусім шчыра цьвярдзіў, што хаця расейцы (быўшае чынавенства) у Бабруйску й гуртуюцца, але ў магістрат яны дапушчаны ня будуць, бо ніякай Расеі тут няма й ніякія расейцы пад увагу ўладаю не бяруцца.
Быў ужо намечаны склад магістрату, у які ўвайшлі палякі, жыды i беларусы.
Аднак, якое было маё зьдзіўленьне ўсяго толькі назаўтра, калі я быў пакліканы з бабруйчанінам-беларусам Усьпенскім да мясцовага бабруйскага шляхціча ФастовічаЗагорскага, які й заявіў нам, што ўчарайшае рашэньне аб магістраце нічога ня значыць, бо ён, Фастовіч-Загорскі, вярнуўся ўжо амаль не з Варшавы i прывёз па гэтай справе, як ён сам сказаў, поўны «карт-блянш».
Лішне будзе спамінаць, што пры гэтым п. Ф.-Загорскі даводзіў нам доўга аб праве... расейцаў на ўдзел у магістраце, бо «Сколькі-ж вы налічваеце ў Бабруйску беларусаў?» - цынічна спытаўся Ўсьпенскага п. Фастовіч-Загорскі.
Моцную крыўду зрабілі палякі Беларусі, не прызнаючы яе, але аб шкодзе гэтага для іх-жа ўласных інтарэсаў хай падумаюць яны самі.
Рэч зусім зразумелая, што, выбраўшы сваёю часоваю рэзыдэнцыяю сталіцу Чэхаславацкай Рэспублікі Прагу [14] , Рада Народных Міністраў Б. Н. Р. не магла на эміграцыі заняцца іншаю, як дыплёматычная, працаю. Старшыня міністраў Луцкевіч быў выкліканы французамі ў Парыж i падаў мэморыял аб Беларусі на міравую конфэрэнцыю, рэшта сяброў Рады Міністраў прабывала ў іншых зах.-эўропэйскіх сталіцах, арганізуючы там прадстаўніцтвы Беларусі. Старшыня Рады Рэспублікі Лёсік заставаўся ў Менску i пры бальшавікох. Да Менску, па забраньні яго палякамі, даходзілі толькі няясныя чуткі аб працы Рады Міністраў заграніцаю, i Рада Рэспублікі зьбірацца не сьпяшалася, ня маючы пэўных вестак аб працы ўраду. Першым з народных міністраў вярнуўся ў Менск Смоліч, ад якога й былі адтрыманы інформацыі пра ўрадовую працу. Патрэба скліканьня Рады была відочнаю, бо палякі трымаліся як сапраўдныя окупанты. Вядомы ўжо нам бабруйскі шляхціч Фастовіч-Загорскі быў назначаны палітычным інспэктарам Менскага вокругу, a ўласная яго жонка служыла ў тэй інстытуцыі, дзе падаваліся на цэнзураваньне тэатральныя п'есы перад іх пастаноўкаю. Гэткая нявінная камэдыя Янкі Купалы, як «Паўлінка», ня была пазволена да пастаноўкі, i ставіўся аўтору варунак зьмяніць у ёй некаторыя месцы. Быў, здаецца, забаронены i «Модны шляхцюк» Каганца. Тамавалася п. Фастовічам-Загорскім i агітацыя за паступаньне беларускае моладзі ў сваё беларускае войска, аб чым быў даны сэкрэтны цыркуляр. Нягледзячы на папярэднюю цэнзуру, рэдакцыя штодзённае газэты «Беларусь» разоў два была равідована [15] жандарамі, a рэдактар i некаторыя супрацоўнікі цягнуліся пад суд. Польскія нацыяналістычныя арганізацыі, як напрыклад «Страж Крэсова», тымчасам адкрыта вялі сваю пропаганду прылучэньня да Польшчы («wcielenia do Macierzy»).Паўстаньні, якія іншы раз праяўляліся ў провінцыі, караліся з усёю жорсткасьцю ваеннага часу.
Нарэшце-такі Рада Рэспублікі сабралася ў 10 чыслах лістапада 1921 г. [16] на першае пры польскай окупацыі пасяджэньне, якое амаль ня скончылася поўным скандалам, бо зусім не падгатаваўшыся Прэзыдыум Рады запрапанаваў паслаць Начальніку Польскай Рэспублікі Пілсудзкаму прывітальную тэлеграму, проці чаго рашуча выступіла фракцыя эсэраў, агаласіўшы з трыбуны рэвалюцыйную дэклярацыю.
Трэба адзначыць, што ў Вільні палякамі быў пазволены беларускі Зьезд з Віленшчыны i Горадзеншчыны, на якім была выбрана Рада, падтрымаўшая цалком Раду Рэспублікі i пастанавіўшая цалком увайсьці ў яе склад. Віленскі Зьезд адбыўся шмат раней да забраньня палякамі Менску [17] . Прапускі, без якіх нельга было праехаць з Вільні ў Менск, даваліся палякамі далёка ня ўсім сябром Рады Віленшчыны й Горадзеншчыны, што моцна нэрвавала беларускае грамадзянства наагул.
У часе першага пасяджэньня Рады Рэспублікі ў лістападзе 1919 г. Старшыня міністраў Луцкевіч ужо знаходзіўся ў Варшаве, куды быў выкліканы з Парыжа польскім прэм'ерам Падэрэўскім, як быццам дзеля паразуменьня. Аднак, прасядзеўшы ў Варшаве каля двох месяцаў i пабываўшы разы два навет у Пілсудзкага ў Бэльвэдэры, Луцкевіч ніяк ня мог дачакацца аўдыенцыі ў Падэрэўскага i так i не дачакаўся яе зусім; адтрымаўшы пропуск на выезд у Менск, Луцкевіч прыбыў туды, калі ў сярэдзіне самой Рады Рэспублікі пачаліся ўнутраныя непаразуменьні, быць можа, аднекуль i інсьпіраваныя. Частка соцыяль-дэмократаў i правыя радныя дадумаліся да ўтварэньня як-бы замест Рады Рэспублікі нейкае Дырэкторыі або «Найвышэйшае» Рады з некалькіх асобаў, на што ніяк не магла згадзіцца гэткая дужая лікам фракцыя радных, як беларускія соцыяль-рэвалюцыянэры, лічыўшыя ўсякія гутаркі аб Дырэкторыі здрадаю.
Калі 13 сьнежня 1919 году ізноў сабралася Рада, дык абодва кірункі так моцна разыйшліся, што Рада Рэспублікі раскалолася на дзьве, амаль што роўныя, часьці. Эсэры й соц.-фэда[ра]лістыя засядалі ў заўсёдным будынку Рады, як Рада Рэспублікі, выбіраючы новы прэзыдыум Рады i творачы новую Раду Народных Міністраў з Вацлавам Ластоўскім на чале. Частка эс-дэкаў i правыя засядалі недалечка ад будынку Рады ў прыватнай кватэры старога дзеяча Аляксандра Ўласава, творачы Дырэкторыю пад назовам «Найвышэйшая Рада» з кабінэтам міністраў Луцкевіча. Ніякія спробы паразуменьня паміж абодвума кірункамі ні да чаго не давялі, i раскол 13 сьнежня 1919 г. адбыўся. Засядаўшыя ў кватэры Ўласава выбралі ў Найвышэйшую Раду: Лёсіка, Рак-Міхайлоўскага, Сераду, Уласава i Цярэшчанку, a засядаўшыя ў будынку Рады зрабілі поўны пераварот, стварыўшы Раду Народных Міністраў Ластоўскага i выбраўшы новы Прэзыдыум Рады Рэспублікі.
Цікава, што ў той час, як Найвышэйшая Рада i ўсе сябры пасяджэньня ў кватэры Ўласава сядзелі спакойна цэлы час польскай окупацыі ў Менску, Ластоўскі з некаторымі сваімі таварышамі па эсэраўскай партыі, у якую ён увайшоў, былі адміністрацыйна пасаджаны Начальнікам Менскага вокругу Рачкевічам у вастрог за... незаконны сход i адсядзелі хто месяц, a хто i больш.
Выйшаўшы з вастрогу, пад надзор паліцыі, Ластоўскі ўцёк у лацьвійскую сталіцу Рыгу. Сябры партыі соцыялістых-фэдэралістых Крачэўскі й Захарка ўцяклі ад арышту заграніцу, не папаўшы такім чынам у менскі вастрог на Серпухаўскую вуліцу. Уцёкшы заграніцу, Ластоўскі пачаў зусім зразумелую проціпольскую палітыку там, пакінуўшы на Бацькаўшчыне больш-менш шырокае моральнае падтрыманьне беларускага грамадзянства.
A Найвышэйшая Рада тымчасам засталася круглаю сіратою ў сваёй абыватальскай палітыцы, амаль ня выткнуўшы свайго носу далей Менску, памятнай кватэры Ўласава ды яшчэ гасыдіннага дому Серады. Ніякага абвяшчэньня аб сваім істнаваньні Найвышэйшая Рада ні разу ня выпусьціла, хаця розныя пустыя размовы з палякамі вяла, ударыўшыся ў тайную дыплёматыю. A тымчасам Ластоўскі выдаў аб здарэньні 13 сьнежня нелегальную дэклярацыю, распаўсюджыўшы яе праз партыйны апарат, дзе толькі мог.
Калі прадстаўнікі Найвышэйшай Рады прабавалі заяўляць гэнэралу Шэптыцкаму кабінэтны протэст проці крывавых усьмірэньняў паўставаўшых вёсак, дык гэнэрал адказваў, што ён можа ўсю Беларусь разам з Менскам спаліць, калі гэтага трэ будзе для Польшчы. Менск сапраўды дачакаўся спаўненьня словаў гэнэрала Шэптыцкага i апынуўся ў страшэнным пажары пры пакіданьні яго палякамі.
Яшчэ ў маі месяцы 1920 г. на фронце Беразіны было неспакойна. Бальшавіцкая армія зрабіла моцны націск у кірунку Маладзечна, на гэты раз спрытна адбіты польскаю арміяй. A праз які адзін месяц у канцы чэрвеня ці ў пачатку ліпня бальшавікі павялі гэтак моцнае наступленьне, што ў дзесятыя чыслы ліпня Менск перайшоў у іх рукі.
Палітычная прычына нястойкасьці польскае арміі, што шпарка адступала аж да Варшавы, зусім ясная. Пазнанскі жаўнер, стоячы на Беразіне i чуючы на тылах сваіх неспакой i ўсьмірэньні беларускага насяленьня, якое вялі яго вызваляць ад бальшавікоў, ня мог зразумець, чаму насяленьне гэтае так няўдзячнае для яго - i дух моцных пазнанскіх аддзелаў, прастаяўшых бяз бою на чужой зямлі, моцна падупаў. Пад Варшаваю нязвычайны патрыятычны энтузіязм палякоў адкінуў бальшавікоў ізноў аж да Менску, нязвычайна моцна разьбіўшы іх.
Ясна, што й Найвышэйшая Рада, як такая, у Менску не засталася, a пераехала ў Варшаву амаль што ў асобе аднаго толькі Цярэшчанкі, які з Варшавы езьдзіў у Рыгу дзеля перагавораў з Ластоўскім, дакляруючы здаць яму ўсе мандаты.
Гэткім чынам Найвышэйшая Рада сама сябе ліквідавала. Калі ў Менску яна была паляком так ці йначай патрэбнаю, дык у Варшаве ня было ўжо ў ёй патрэбы навет i для дыплёматыі.
Паездка ў Рыгу Цярэшчанкі магла, праўда, трактавацца Найвышэйшаю Радаю як дэлегаваньне яго на польскабальшавіцкія міравыя перагаворы, якія там пачыналіся, але аб прадстаўніцтве там падумаў i Ластоўскі.
Пры гэткім палажэньні трэ' было-б зусім страціць розум, каб дабівацца прадстаўляньня антыбальшавіцкай Беларусі на міравой конфэрэнцыі ад двох розных урадаў. A ня трэба запамінаць, што з бальшавіцкага боку ад імя Беларусі на нешта быў выпісаны старшыня мінскіх камісараў Чарвякоў.
Пратэндаваньне Найвышэйшае Рады на ўладу i тайная яе работа далі толькі поўны прастор тварэньню беларускіх урадаў усімі, хто толькі на гэта не лянуецца.
Гэтак, напрыклад, цяпер, калі з Савінкавым пайшоў праз Беларусь ваяваць з бальшавікамі Балаховіч, дык быўшы віцэ-старшыня Вайсковай Камісіі Паўлюк Аляксюк скомбінаваў пры арміі Балаховіча беларускі кабінэт міністраў з Адамовічам на чале.
Ня прызнаўшы Беларусь тады, калі аж па Беразіну яна была ў руках польскага войска, Польшча прызнала яе ў Рызе, аб чым ясна пішацца ў дагаворы з бальшавікамі. Відочна, незалежнаю Беларусь прызнаецца Польшчаю толькі як Савецкая, зробленая бальшавікамі.
Лінія Рыжаскага міру дзеліць Беларусь на кавалкі, i па гэты (захадні) бок рыжаскае лініі мы нічога ня чуем аб незалежнай Беларусі, калі ня лічыць проклямацыяў аб ёй Балаховіча ды ўраду пры ім Адамовіча, праўдзівей Аляксюка.
Усё, што рабілася Ўсебеларускім Зьездам i Радаю Рэспублікі, як спадчына перайшло на Раду Народных Міністраў Ластоўскага, да голасу якой наймацней будзе прыслухвацца беларускае грамадзянства, як да Ўраду, для яго законнага. Урад пры арміі Балаховіча разваліцца разам з яе ваеннымі няўдачамі, як разваліўся ўжо падобны ўрад, твораны й раней нейкім Бахановічам у Адэсе ў часе прабываньня заграніцаю кабінэту Луцкевіча.
Прынцыпіяльна прызнаная ў Рызе як палякамі, так i бальшавікамі незалежнаю, Беларусь сапраўды Рыжаскім мірам разрэзана, але-ж гэта ня значыць, што яна забіта насьмерць.
* * *
Гэтая публікацыя пераносіць нас у тыя часы, калі 6еларускі народ, упершыню пасьля доўгага заняпаду i чужога панаваньня, адкрыта, згуртавана i сьведама як нацыя, якая ведае сваю гісторыю, правы i абавязкі, узьняўся на абарону гэтых правоў i на будаваньне свайго Дому.
Краўцоў Макар (Макар Косьцевіч) - актыўны ўдзельнік змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Ён дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, сябра Рады Беларускае Народнае Рэспублікі. Ягоны подпіс стаіць пад арыгіналам тэксту Першай Устаўной граматы, у якой абвяшчалася пра стварэньне беларускае народнае ўлады i яе выканаўчага органу - Народнага Сакратарыяту. Ён браў удзел у гістарычным паседжаньні Рады БНР у ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г., на якой быў прыняты акт пра незалежнасьць Беларусі.
Да абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Рэспублікі Краўцоў напісаў артыкул «Рашучы акт» (зьмешчаны ў газэце «Вольная Беларусь» ад 31 сакавіка 1918 г.).
«Устаўная грамата за 25 сакавіка скінула "апошняе ярмо" вялікадзяржаўнае апекі з нашаго народу, які ад гэтаго часу сам за сябе можа ўсюды гаварыць як нацыя, a ні як правінцыя ласкутнае дзяржавы. Як нацыя, меўшая сваю ўласную, асобную мінуўшчыну, ён рве старыя зьвязі, старыя адносіны нацыі падняволенай да нацыі дзяржаўнай ды ўстае сярод народаў усяго сьвету, каб вольна i голасна сказаць ім, што ён жыве, жыве многапакутны працоўны беларускі народ...»
Пазьней, у кастрычніку 1919 г., ён піша верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам БНР (музыка Уладзімера Тэраўскага, знанага кіраўніка беларускага хору ў Менску).
Падзеі 1917-1918 гг. паўплывалі на ўсё далейшае жыцьцё Краўцова. Ідэалы барацьбы за незалежнасьць Бацькаўшчыны заўсёды жылі ў ім. Ён імкнуўся расказаць пра гэтыя падзеі маладым. Ягоныя публіцыстычныя артыкулы i ўспаміны даюць магчымасьць адчуць подых былых гістарычных гадоў.
Са сьнежня 1919 г. Краўцоў уваходзіць у склад Беларускае Вайсковае Камісіі, якая распачала фармаваньне беларускага войска.
Працуючы ў культурна-асьветнай, затым рэгулямінова-школьнай падкамісіі БВК, ён прыклаў нямала сілаў, каб выдаць на беларускай мове найперш усе вайсковыя статуты.
Культурна-асьветная камісія мела на мэце выхоўваць афіцэраў, вайсковых службоўцаў i жаўнераў у нацыянальным духу. У створаных вайсковых аддзелах усе загады i каманды падаваліся па-беларуску, a на пляцы гучалі беларускія маршавыя песьні. Пэрыядычна праводзіліся курсы беларусазнаўства, найперш для афіцэраў.
Публікацыя, заўвагі, камэнтары й пасьляслоўе - Аляксандры ГЕСЬ.
Газэта «Беларускі звон», 1921 г. №№ 15-21.
[1] Так у тэксьце. 19 лютага Выканаўчы Камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду пасьля выезду зь Менску Аблвыкамзаха i СНК Заходняй вобласьці i фронту стаў легальным органам улады.
[2] У некаторых крыніцах пададзены іншыя лічбы, напрыклад, 26, «среди них одна девица».
[3] Гэта было ўжо 20 лютага 1918 г.
[4] Тут і далей зорачкай пазначаныя рэдакцыйныя скароты.
[5] Дакладна - на Беларускай канфэрэнцыі 25-28 студзеня 1918 г.
[6] Гэта было a 8-й гадзіне вечара 24 сакавіка.
[7] Так у тэксьце.
[8] Рада міністраў БНР пераехала ў Вільню 3 сьнежня 1918 г.
[9] Пераезд адбыўся 27 сьнежня 1918 г.
[10] Аўтар памылкова ўказвае месца разьмяшчэньня Ўраду БНР. Спачатку ён выехаў у Бэрлін (сакавік 1919 г.), затым вярнуўся ў Менск (сьнежань 1919 г.), пасьля пераехаў у Рыгу, Коўна. У Прагу Ўрад БНР выехаў значна пазьней - у лістападзе 1923 г.
[11] Сярод павятовых камісараў быў i Краўцоў Макар.
[12] Я.Пілсудзкі прыехаў у Менск 18 верасьня 1919 г.
[13] Цывільны ўрад усходніх земляў.
[14] Гл. заўвагу № 8.
[15] абшуканая.
[16]Так у тэксьце. Дакладна - 1919 г.
[17]Беларускі зьезд Віленшчыны i Горадзеншчыны адбыўся 9-10 чэрвеня 1919 г., a палякі ўвайшлі ў Менск 8 жніўня 1919 г.