Успаміны Адварда Будзькі, Максіма Гарэцкага і Леапольда Родзевіча друкуюцца паводле зборніка «Памяці Івана Луцкевіча» (Вільня, 1920).
У канцы 1905 году першы раз пачуць прышлося мне пра беларускую Сац. Грамаду ў Вільні. Дачуўся я гэта ад Браніславы Родзік (цяпер Умястоўскай), каторая ў Рызе тады хавалася якісь час, з Новай Вялейкі прыехаўшы посьля акцябрскай рэвалюцыі. Захацелася мне тады зараз пазнацца з «грамадзянамі». I незадоўга (на Запусты ў 1906 годзе) прыехаў я з Рыгі ў Вільню з пісьмом ад Родзічышкі да Пранука Умястоўскага, каторы належыў да «Грамады» і вёў рэвалюцыйную работу сярод салдатаў. Ад Умястоўскага дастаўся я на конспірацыйную кватэру «Грамады» - на Хівінскую вуліцу у д. № 44 да «Цёткі», каторая жыла ў афіцэрскай кватэры свайго брата В. Пашкевіча. Лучыў я туды на зборышча Камітату Бел. Сац. Грамады. Там я першы раз і пазнаўся з Іванам Луцкевічам. Ен блізка што адзін толькі і заняўся тады са мной. Насамперш спытаўся - да якой працы я хацеў-бы ўзяцца: да палітычнай ці да культурнай? Я адказаў, што да культурнай працы маю больш ахоты заняцца. «Дык добра» - кажаць - «ёсьць у нас «Кола Беларускай Асьветы», далучайцеся да працы ў Коле».
Найбліжэй запазнацца із ім прышлося мне посьля 1910 году, калі я пераехаў быў жыць у Вільню. Да дружбы і да кумпаніі быў ён як даўней так і пазьней і аж да сьмерці - скоры. Умеў вышуківаць беларускіх прыхільнікаў, умеў зацікавіць беларускім рухам шмат каго. На беларускія газэты і кніжкі з усей яго энергіяй здабываў грошы то пазычаючы, то зарабляючы перакупам і прадажай старасьвецкіх рэчаў. Шмат бяды меў здабываючы грошы на пільныя расплаты за беларускія выдавецтвы і на даўгі; аж мне здаецца, што ад прыкрасьці з гэтага стаўся нэрвовым. Гэты дэфэкт нажыўшы - нажыў сабе I абідчыкаў. Часта знэрваваны, a яшчэ часьцей недаеўшы, згаладаўшы, зьбедаваны - надарваў сваё здароўе і сухот сабе нагнаў.
Зьбіраючы старасьвецкія рэчы адкладаў тое, што з Беларусі мела быць ці што для беларусаў маець значэньне; такім парадкам сабраў надта шмат важных для беларусаў старасьвецкіх памятак, з каторых меўся ён зрабіць пачатак для Беларускага Музэю. На яго гледзячы і ад яго шмат налаўчыўшыся сталі старасьветчыну вышуківаць разам із ім, a посьля і самі адны - ЛастоўскІ Вацлаў і Зямкевіч Рамуальд.
Пяром мала (гэтым затое шмат займаецца Іванаў брат Антон), але языку свайму не даваў ён спакою. Беларускую агітацію ён вёў - каб падлічыць - найбольш ад усіх 3 беларусаў. Сьмела усюды выступаў з беларускім словам, шчыра бараніў спраў беларускіх - і з гэткім характарам пратрываў да сьмерці. Якім быў шчырым, вытрывалым працаўніком беларускай справы - то такога пашукаць! Вялікая, вялікая, шкода страціўшы яго!
Яго памяці, як першага беларускага архэолёга, павінен быць заложаны першы беларускі музэй, аб каторым трэба як найхутчэй пастарацца.
Адварды БУДЗЬКА
20.VII.1920 г. Вільня.
Першы раз увідзіў я Івана Луцкевіча ў пачатку жніўня 1913-га году ў віленскай беларускай кнігарні на Завальнай, 7. У цёмным пакойчыку за крамаю, сярод усякае старадаўнае беларушчыны, рупліва і рухава нахіляўся ён над трэснутаю вазаю, меркаваў з вялікай любасьцю, як заляпіць шчэрбіну. Пачуўшы сваё імя, адарваўся ад свайго інтарэсу, сказаў мне колькі дужа ласкавых слоў і зараз клапатліва зьвярнуўся да свайго чалавека ў справе здабываньня паперы на чародны нумар «Нашае Нівы». За паўмінуткі яго ўжо ня было: пабег да нейкага Папа, дзе спадзяваўся дастаць паперы напавер; бо меў з тым Папам якуюсь агульную прыгоду з часу рэволюцыі і пагромнага настрою ў Вільні. Тады Іван Луцкевіч быў здаровы і жыцьцерадасны чалавек. Дзьве асаблівасьці кінуліся мне ў вочы на беларускім полі: эўропэйскасьць выгляду і энэргічнасьць Івана Луцкевіча. Вока, прызвычаенае да беларускай дэмакратычнай, казаў той, нядбайнасьці ці проста нічым незакрытай неахайнасьці ў вопротках і апрананьні, было прыемна заваблена эўропэйскай, скажу я, акуратнасьцю ў яго скромным косьцюме. Toe самае было і ў манерах, і ў абхаджэньні з людзьмі. Вуха, прызвычаенае да славеснай размазьні, бязконца-нуднай гутаркі ці маркотнай маўклівасьці замучаных ідэйнасьцю грамадзян Беларусі, было прыемна заваблена сьціснутай, кароткай і цэннай, a глаўнае энергічна-рашучай гутаркай гэтага правадыра беларускага руху. Пры ўсім тым мова яго - жывая і літэратурная, прыгожая беларуская мова; пры ўсім тым яго ідэолёгія - народная, сялянская беларуская ідэолёгія. Яго мова захоплівае, даець веру і надзею, будзіць паснулыя сілы. Яго вочы гараць і прыкоўваюць да намаляваных яго словам абразоў, істнуючых і ідэальных. Тыя істнуючыя абразы паўстаюць і сьпіраюцца, родзяць дурную няверу, што гэта жывы чалавек і чалавек-беларус так гаворыць... A тыя ідэальныя абразы здаюцца дасьціглымі, бо прахопішся і відзіш ня сон, a запраўднасьць, што жывы чалавек і чалавек-беларус так гаворыць... Гутарка Івана Луцкевіча была зазвычай цікаўная і цэнная, бо ён меў багатае навуковае знацьцё і аж да сьмерці йшоў разам з сусьветным прогрэсам. Хацелася іногды схапіць карандаш і запісываць за ім, каб ды ня згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладаў на пазьнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час,- усё адкладаў і забраў ад нас сваё знацьцё 3 сабою у труну. Хто-ж мог думаць, што сьмерць ужо вартуе гэткі цэнны мозаг? Пасьля першае сустрэчы я бачыўся з Іванам Луцкевічам даволі рэдка: каморніцкая (землямерская) служба, a потым вайна аддалялі мяне ад Вільні. Перад самай, здаецца, масьлянкай 1914-га году, у той жа кнігарні, ён, добры палітык, напрарочыў вайну і шкадаваў, што якраз на гэткі час выпадае мне адбываньне салдатчыны. I ўжо ў лістападзе 1914-га году сустрэліся мы ў віленскім гошпіталі «Мішмерас Хойлем», дзе я ляжаў цяжка паранены, з аскялёпкам нямецкае гранаты ў назе. Ня блізкі сьвет і мокрае надвор'е, a Йван Луцкевіч даведаўся мяне пры першай магчымасьці, прынёс вінаграду, разгаманіў мяне, быццам дыхнуў сьвежай струёй няўмірушчага жыцьця.
Загадчык «Мішмерас Хойлема» доктар Ром быў блізкі друг Івана Луцкевіча. Тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка, наша незабытная пясьнярка і рэволюцыянэрка Алёізія Пашкевіча. Гэны гошпіталь быў наогул самы лепшы з усіх, якія відзіў я за час вайны; посьле-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў. Прыехаўшы ў Вільню цераз чатыры з гакам гады, вясною 1919-га году, і зайшоўшы да Івана Луцкевіча, я ўвідзіў яго ў непараўнавана горшай хворасьці, чымся калісьці бачыў мяне ён. Хворы дужа ўзрадаваўся, што я прыехаў віленцам на помач, пачаў казаць пра нямецкую окупацыю, жаліцца. Жальба зьнямоглага байца сьціснула маё сэрца, хацелася плакаць, крычэць, праклінаць благую долю. He паказаў я гэтага яму, як мне баліць, a толькі дзівіўся чаму ён сам бядуець толькі ўсё аб справе і зусім не зважаець на свой блізкі канец. Да яго выезду ў Закапанае залучаў я на знамянітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33, і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасьцей. Сюды вялі дарогі 3 усіх беларускіх устаноў Вільні; сюды ішоў кожды беларус, быўшы праездам у Вільні; сюды йшоў кожды паступовы грамадзянін краю, каб пагаманіць аб справах краю. Хворы ня мог улежаць спакойна, варушыўся, пачынаў горача гаварыць і, што на узьдзіў, курыць, але страшны кашаль душыў яго і кідаў назад на падушку. 3 вялікай, нявымоўнай мукай у вачох хапаўся чалавек за грудзі і сьціхаў, a госьці спаміналі, што трэба разьвітацца, даць яму спакой. Ах, не шкадаваў сябе хворы, не шкадавалі яго адданыя справе госьці. Прыйшоў канец, страта адбілася на ўсей рабоце, і адсутнасьць кальнула пустымі вачыма самых аптымістычных, найменей зьвязаных у рабоце з памершым.
М. ГАРЭЦКІ
Вільня, 1920.
Апошні раз мы сустрэліся ў гарадзкім тэатры.
Добры вечар!
Добры... Як справы? Што новага?
Нічога асаблівага,- кажу я.- Вось кульгаю патрошку па сваей пуцявінцы. Бяда толькі...
I пачаў я жальбаваць на свае няўдачы, прасіць парады ў сваёй працы. A ён з увагай, спагадай выслухаў і так міла, проста, прыязна раіў, навучаў. I гутарылі мы ўсё аб адным: аб справах беларускіх.
Але сягоньня тэатр ажно покаіцца ад народу - усьцешыўся я.
I гэта наш беларускі тэатр, беларуская публіка, беларускі дух - гордасьць, надзея!
A ці памятаеце вы, паночку, як гэты тэатр толькі пачынаў прабіваць цьвёрды грунт векавога няхайства, як вы прыяжджалі з Вільні ў Дзісну на беларускае ігрышча, што ставіў Ігнат Буйніцкі, як вы самі падышлі да мяне і сказалі: «Добра іграеце, толькі голас лішне слабы. A вашы рукапісы, пасланыя ў «Нашу Ніву», атрымалі. Пішэце больш - будзем патрошку друкаваць». A пасьля вы нас, усю трупу зьнімалі сваім «кодаком». Памятаю кожны ваш рух, выражэньне, чырты вашага твару. Як цяпер, так і тады вы гарэлі верай у адраджэньне Беларусі і ўмелі запаліць гэтай верай іншых, асабліва моладзь. Памятаю, як вы спакойна, з ласкавай усьмішкай кідалі агністыя словы аб нашай праўдзе ў абступіўшую вас табалу яшчэ несьвядомых беларусоў-блуднікаў.
Ах, усё гэта ў маей шаснаццацёх гадовай юнацкай душы адбілася тады глыбака і ярка.
I не дарма я цяпер чую да вас болей, чымся ўдзячнасьць, затое, што вы памаглі мне стаць на цьвёрды, родны грунт, што душа мая абагачываецца, радуецца, бачачы гэты тэатр, чуючы родную песьню, разумеючы гэтую веліч нацыянальнага ўзросту.
Э, што да мяне, дык пакіньце. A вось што Беларусь жыве, красуе, дык гэта праўда.
Адкапалі, пане археологу, сваей шчырай, сумленнай працай, адкапалі праўду Беларусі, абаранілі ад руйнуючага часу, ад шкоднай паняверы, зьдзеку. I добрыя, знаць, сулілі пажаданьні, калі гэтая праўда шырыцца, расьце, як зара сьвітаньня...
Ён мяне спыніў, бо пачалося ужо прадстаўленьне. I мы расталіся.
Што гэта ты і здароўкацца ня хочаш! - пакрыўдзіўся на мяне сябра.- У цябе сягоньня якісь дзіўны, асаблівы настрой. Што з табою?
Я размаўляў з ім...
3 кім жа гэта?
Я даў сябру праграму, дзе быў адбіты патрэт Івана Луцкевіча.
Вось 3 кім!
Добры грамадзянін, шчыры і вялікі беларус, пачынальнік беларускага адраджэньня!-сказаў сябра, пільна ўзіраючыся на патрэт.- Ен з намі ёсьць, жывець, працуе. Слава яму!
A было гэта ў Менскім гарадзкім тэатры 17 студня 1920 году.
Л. РОДЗЕВІЧ