К. ДУЖ-ДУШЭЎСКІ: «НА СТАРАНЕ БЕЛАРУСІ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ»
Артыкул Кляўдуша Дуж-Душэўскага «Беларусь i Рыжскі мір» (на тытульным лісце рукапісу пазначаны выхадныя звесткі - выдавецтва «Вызваленьне», Коўна, 1921 г., аднак ён так i не быў, наколькі нам вядома, надрукаваны асобнай брашурай) даволі адметны як сваім зместам, тэматыкай, так i аўтарствам. Па-першае, у ім закранута адна з трагічных старонак гісторыі Беларусі XX стагоддзя. Рыжскі мірны дагавор ад 18 сакавіка 1921 г., падпісаны без удзелу беларускага боку, як па жывому целу раскрыжаваў беларускія землі. Раз'яднанне беларускіх тэрыторыяў вельмі негатыўна адбілася на працэсах нацыянальнай кансалідацыі. Магчыма, гэты дзень трэба звязваць з іншаю датаю - 17 верасня 1939 г., якая таксама мае на сабе адбітак трагедыі, а не толькі трыумфу [1]. На жаль, раней, шумна святкуючы другую дату, часта забывалі, што тыя самыя ўлады маральна адказныя за здзейсненае ў 1921 г. Па-другое, каштоўнасць дакумента ў тым, што ён напісаны непасрэдным сведкам той падзеі - актывістам беларускага грамадска-культурнага руху. Трэба меркаваць, у артыкуле адлюстраваная пазіцыя бальшыні партыяў i арганізацыяў беларускай палітычнай эміграцыі наконт ганебнага пагаднення. Аднак чым займаўся тады аўтар артыкула, хто ён, Кляўдуш Дуж-Душэўскі?
Некаторыя звесткі пра яго змешчаныя ў артыкуле Станіслава Рудовіча [2]. Матэрыялы, якія датычаць яго асобы, раскіданыя па многіх архівах Беларусі, Літвы i іншых краін. Яго жыццёвы шлях, палітычная, асветніцкая i нават горадабудаўнічая дзейнасць яшчэ чакаюць грунтоўнага даследавання. Пакуль жа ўзгадаем асноўныя моманты ягонага жыццяпісу.
Нарадзіўся Кляўдуш (Кляўдыюш, Клаўдзій) Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі 27 сакавіка 1891 г. у м. Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні ў сям'і будаўнічага падрадчыка. Бацькі належалi да дробнай беларускай шляхты каталіцкага вызнання. У лёсе юнака Вільня займала адметнае месца. Там ён скончыў рэальнае вучылішча. Там паступома ўцягнуўся ў нашаніўскі рух, далучыўся да плеяды знакамітых адраджэнцаў Івана i Антона Луцкевічаў, Вацлава Ластоўскага, Аляксандра Уласава i іншых. Аднак напачатку ён меў яшчэ слабы досвед у айчыннай мінуўшчыне. У час адной з першых гутарак у редакцыі газеты «Наша нівы» нават выказаў меркаванне, што беларусы маюць бедную гісторыю. «Раптам скуль узяўся чалавек лысы, аброслы, няголены з круглым чалом і, ідучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: «Як, мы ня маем гісторыі? Скажыце, калі ласка, хто мае багацейшую гісторыю, чым мы, беларусы?» i г. д. Зразу ён мне насыпаў так шмат, што перавярнуў усю маю гістарычную веду дагары нагамі, i я павінен быў прызнацца, што гісторыі я ня ведаю» [3]. Так ён занатаваў пазней спатканне са сваім земляком, аўтарам «Кароткай гісторыі Беларусі» Вацлавам Ластоўскім. Яшчэ не раз будуць пераплятацца іхныя жыццёвыя сцежкі.
Пасля віленскага перыяду жыцця i вучобы пачаўся пецярбургскі. У 1912 г. юнак паступіў вучыцца ў Пецярбургскі горны інстытут. Захаваўся студэнцкі білет Кляўдуша. На адным баку невялікай карткі надпіс: «Билет на право слушания лекций и на право занятий в кабинетах и лабораториях Горного института императрицы Екатерины ІІ Клавдюша Душевского. 1912 г, С.-Петербург» [4]. З другога боку - фатаграфія яшчэ маладога i даволі сімпатычнага чалавека. Натхнёны справамі нашаніўцаў у Вільні, ён актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, у беларускім культурна-грамадскім руху ў Пецярбургу. Вялікі ўплыў рабілі на светапогляд моладзі i г. зв. «суботнікі» на кватэры прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы, сярод духоўных дзяцей якога - Янка Купала, Цішка Гартны, Браніслаў Тарашкевіч, Тамаш Грыб, Язэп Варонка [5].
Паступова выкрышталізоўвалася i палітычная пастава Кляудуша. Ён уключаецца ў працу суполак Беларускай Сацыялістычнай Грамады. На канферэнцыі партыі ў чэрвені 1917 г. быў выбраны часовы ЦК ад Петраградскай арганізацыі разам з некаторымі іншымі дзеячамі. Пасля сканчэння інстытута - ізноў на радзіму.
Паводле аўтабіяграфіі на літоўскай мове, напісанай у 1934 г. у Коўне, стварыў эскізы нацыянальнага сцяга, у тым ліку i бел-чырвона-белы, які быў зацверджаны ўрадам БНР у якасьці дзяржаўнага.
Давялося яму працаваць ва ўрадзе БНР. Паступова перайшоў на пазіцыі партыі беларускіх эсэраў, якая адкідвала любое супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Гэтую думку не падзялялі некаторыя іншыя беларускія палітычныя сілы. З-за такога разладу Кляўдушу Дуж-Душэўскаму давялося пакінуць пасаду старшыні Цэнтральнай беларускай Рады Віленшчыны i Горадзеншчыны, на якую ён быў выбраны адмысловым з'ездам у 1919 г. Інтэрнаваны ў Варшаве старщыня Рады Народных Міністраў БНР Антон Луцкевіч падпісаў 5 лістапада 1919 г. дыпламатычны пашпарт № 19 з візай № 1-208 на імя Кляудуша Душэўскага. «Мы, урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем Беларускага Народу просімо усе ваенныя i цывільныя установы чужаземных дзяржаў i загадываемо ўсім прыслухаючым нам ваенным i цывільным уласьцям, каму гэты пашпарт будзе наказаны, дазволіць свабодны праезд нашаму надзвычайнаму паўнамочнаму прадстаўніку пры ўрадах бальтыцкіх дзяржаў п. Кляўдушу Душэўскаму i даваць яму у патрэбе ўсялякую дапамогу» [6]. Пазней ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага заняў пасаду дзяржаўнага сакратара.
А ў гэты час усё больш рэальнай станавілася пагроза падзелу Беларусі. з лістапада 1919 г. па люты 1920 г. урад Савецкай Расіі неаднаразова прапаноўваў заключыць палякам мір i правесці мяжу па лініі рэк Дзвіна - Ула - Бярэзіна - Птыч. У красавіку 1920 г. прапанова паўтарылася, але польскі бок, разлічваючы на захопніцкі паход, адмовіўся ад яе. Рада БНР настойліва дабівалася, каб да перамоўнага працэсу дапусцілі яе як прадстаўніцу інтарэсаў беларускага народу. Так, 10 красавіка 1920 г. была накіраваная спецыяльная радыётэлеграма на адрас Рады паслоў у Парыжы, кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў Савецкай Расіі i Польшчы аб допуску да перамоваў, бо «беларускі народ не пацерпіць анэксый сваіх, аблітых крывёй, зямель» [7]. Дамагаліся таксама, каб дэлегацыя БНР у якасці раўнапраўнага сябра ўдзельнічала ў канферэнцыі прыбалтыйскіх краін (Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы) у Рызе ў жніўні 1920 г. На жаль, незалежная Беларусь была непажаданаю для новых суседніх дзяржаваў. Заставалася глухою да яе праблемаў i Ліга Нацыяў, куды ўрад БНР некалькі разоў накіроўваў мемарандумы. Мірная канферэнцыя ў Парыжы не рэагавала на просьбы прызнаць незалежнасць БНР i зaбяспeчыць міжнародныя гарантыі для склікання Устаноўчага сойму.
Тэрытарыяльныя прэтэнзіі Літвы да Беларусі, замацаваныя ў дамове Літвы з Савецкай Расіяй 12 ліпеня 1920 г., сарвалі кантакты ўрадў БНР з бальшавікамі. Па-ранейшаму не дапускалі да польска-савецкіх пёрамоваў у Рызе. У адным з мемарандумаў Вацлаў Ластоўскі заяўляў, што «ні Расія, ні Польшча не правамоцны гаварыць аб будучыні Беларусі» [8]. Аднак 12 кастрычніка таго ж года ў Рызе быў заключаны прэлімінарны мірны дагавор. Праз тыдзень адбылася палітычная канферэнцыя з удзелам кіраўнікоў беларускіх партыяў сацыялістычнай арыентацыі (у тым ліку i эсэраў), дзе было вырашана стварыць вакол ураду Вацлава Ластоўскага адзіны нацыянальны блок. Пачалася практычная работа, найперш дыпламатычныя захады, каб не дапусціць заключэння канчатковага ганебнага для Белёрусі міру. Да сярэдзіны лютага 1921 г. на адрас урадаў вядучых еўрапейскіх дзяржаваў, а таксама суседніх, было накіравана 26 мемарандумаў i д:кларацыяў. Але еўрапейскай супольнасці не хапіла сіл i добрай волі прадухіліць ладзел беларускіх земляў. 18 сакавіка 1921 г. быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор.
Беларуская палітычная эміграцыя не пагадзілася з ім. Беларускія эсэры, якія складалі бальшыню ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага, пачалі разам з дыпламатычнымі захадамі рыхтаваць узброенае паўстанне. Яны разлічвалі, што мір нетрывалы. З папярэджаннем яны выступілі ў спецыяльмай адозве «Да лепшых сыноў польскай нацыі». Там падкрэслівалася, што прагрэсіўныя дэмакратычныя сілы Польшчы павінны выступіць супраць здзеклівага міру. «Ведайце i памятайце, - папярэджвалі палякаў, - што раскрыжаваны вамі беларускі народ уваскрэсне, але толькі ганьба няпраўды i крыві ляжа на вас i сыноў вашых» [9]. Аднак пакуль марна было спадзявацца на гэта, бо ягелонская ідэя ўсё больш апаноўвала польскае грамадства. Як паказалі далейшыя падзеі, яна паступова пераўтварылася ў рэакцыйную палітыку дзяржаўнай асіміляцыі беларусаў.
Якраз такія ж думкі прасочваюцца ў артикуле Кляўдуша Дуж-Душэўскага «Беларусь i Рыжскі мір» (рукапіс захоўваецца ў БДАМЛіМ - ф. 3/воп. 1, спр. 243, арк. 3-26]. У яго заключнай частцы выказваецца спадзяванне, што мір гэты нетрывалы. Адзінае, што засталося беларусам, - весці зацятую барацьбу з захопнікамі. Такую пазіцыю да польскіх уладаў заняла бальшыня беларускай палітычнай эміграцыі пасля I Усебеларускай канферзнцыі ў канцы верасня 1921 г, у Празе. Тады ж Душэўскі быў выбраны кіраўніком Беларускага эканамічнага бюро, якое мела размясціцца ў сталіцы Чэхаславаччыны. Аднак неўзабаве ён вярнуўся ў Коўна, дзе працаваў урад Вацлава Ластоўскага. Менавіта ў літоўскай сталіцы жыў Душэўскі ў міжваенны перыяд. Там скончыў універсітэт i атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Паводле ягоных праектаў узводзіліся будынкі ў многіх гарадак тагачаснай Літвы.
Варта адзначыць, што палітыка літоўскага ўраду вяла да расколу беларускіх эміграцыйных колаў у гэтай краіне. Агульны сход беларускіх грамадскіх i палітычных дзеячоў Літвы 22 жніўня 1923 г, асудзіў антыбеларускі курс уладаў, негатыўна ацаніў дзейнасць Вацлава Ластоўскага, Кляўдуша Дуж-Душэўскага, назваўшы ix «штрэйкбрэхерамі на шкоду беларускім інтарэсам» [10]. З гэтага моманту яны паступова адыходзяць ад актыўнае палітычнае дзейнасці.
Аднак Кляўдуш Дуж-Душэўскі працягваў займацца беларускаю справаю. ён узначальваў Беларускі цэнтр у Літве, створаны ў красавіку 1923 г., супрацоўнічаў з Міністэрствам беларускіх справаў, будучы таксама чыноўнікам літоўскага Міністэрства замежных справаў. Немалое значэнне надавалася асветніцкай справе: ладзіліся курсы беларусазнаўства i літоўскай мовы, святкаванні. Да 400-годдзя беларускага друку (1925 г.) быў створаны спецыяльны камітэт. Разам з Вацлавам Ластоўскім Душэўскі рэдагаваў у 1923-1927 гг. літаратурна-навуковы часопіс «Крывіч».
Шмат працаваў над перакладамі i выданнем падручнікаў. У сааўтарстве з Вацлавам Ластоўскім выйшаў у 1923 г. «Слоўнік геамэтрычных i трыганамэтрычных тэрмінаў i сказаў (расейска-беларускі i беларуска-расейскі)», Пра іншыя працы сведчыць ягоны даклад ад 15 сакавіка 1927 г. «Ужо маюцца рукапісы: 1. Праф. Віппэр. Сярэдняя гісторыя. Пераклад К. Дуж-Душэўскага (гатовы да друку) (папярэдне была атрыманая згода на пераклад і пэўнае дапаўненне ад самога аўтара. - А. В.); 2. Трыганамэтрыя, падручнік для сярэдніх школ, Паводле Рыбкіна i іншых. Апрацаваў К. Дуж-Душэўскі; 3. Кісялёў. Геамэтрыя. Пераклад К. Дуж-Душэўскага (не саўсім закончаны рукапіс); 4. К. Дуж-Душэўскі. Крышталяграфія, мінэралёгія i геалёгія. Падручнік для сярэдніх школ (рукапіс не саўсім закончены)» [11].
Безумоўна, яго прыхільнасць да літоўцаў неадназйачна ўспрымалася многімі былымі паплечнікамі, дзеячамі беларускай эміграцыі. А ён не хаваў свайго пераканання, што аптымальнай у тых абставінах была ідэя стварэння літоўска-беларускай дзяржавы. Многія палітычныя дзеячы Літвы выклікалі ў яго сімпатыі. Так, прэзідэнта, пачынальніка дзяржаўнасці Літвы Антанаса Смятону ў лісце, прымеркаваным да яго 60-годдзя, назваў «літоўскім Вашынгтонам» [12]. Аднак, на наш погляд, палітычная эліта гэтай краіны не спяшалася ўлічваць інтарэсы Беларусі. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што ў дэкларацыі кабінета міністраў праф. Вальдэмараса, надрукаванай у газеце «Эхо» («Aidas») ад 26 лютага 1927 г., не было ніводнага слова пра стаўленне да Беларусі. Магчыма, што яе ўсходнюю частку літоўскія дыпламаты ўспрымалі як тэрыторыю Савецкага Саюза. Стаўленне ж да Заходняй Беларусі было заключена ў наступным палажэнні - «Літва павінна быць незалежнай i ca сталіцай у Вільні». Як бы там ні было, але Кляўдуш Дуж-Душэўскі шчыра імкнуўся служыць інтарэсам беларускага адраджэння прынамсі ў культурна-асветнай сферы.
З 1931 г. Кляўдуш Дуж-Душэўскі працаваў начальнікам будаўнічага аддзела аднаго з літоўскіх ведамстваў. Але працягваў займацца грамадска-культурнай дзейнасцю: рэдагаваў часопіс «Беларускі асяродак», арганізоўваў курсы беларусазнаўства. Вельмі цікавіўся заходнебеларускімі справамі. Невыпадкова ў спісах сяброў Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні сярод шэрагу іншых сустракаецца i ягонае прозвішча [13]. Пасля таго, як у чэрвені 1938 г. польскія ўлады пазбавілі Віленскі беларускі музей дзяржаўнай падтрымкі, ён вырашыў выплочваць музею штомесячную грашовую суму.
Не маглі не хваляваць яго падзеі ў БССР. Скупая, але трывожная інфармацыя пра арышты інтэлігенцыі, гвалтоўнае рассяляньванне, наступ на нацыянальную культуру, мову даходзілі найперш праз сродкі масавай інфармацыі. Асабіста яму давялося сутыкнуцца са сталінскім таталітарным рэжымам у 1940 г., пасля далучэння Літвы да СССР. З турмы быў вызвалены з пачаткам нямецкай акупацыі. За сувязь з антыфашысцкім супраціўленнем быу адпраўлены у фашыстоўскі канцлагер. Пасля вайны - зноў ахвяра сталінскага рэжыму. «Сібірская эпапея» закончылася толькі з пачаткам «адлігі» ў сярэдзіне 50-х гадоў. Памёр у 1959 г.
Паводле звестак аднаго з віленскіх беларускіх дзеячоў Адольфа Клімовіча, загінула вельмі багатая бібліятэка, а таксама архіў, якія належалі Кляўдушу Дуж-Душэўскаму. Загад знішчыць ix далі савецкія ўлады.
Прадмова i публікацыя Аляксандра ВАБІШЧЭВІЧА.
ДУЖ-ДУШЭЎСКІ Кляўдуш. БЕЛАРУСЬ I РЫЖСКІ МІР
Расейска-ўкраінска-польскі мір i Беларусь
У пятніцу 18-га сакавіка 1921 году ў Рызе была падпісана расейска-ўкраінска-польская ўмова, у каторай паміж іншым гаворыцца. - Артыкул 2. - Абедзьве дагаварываючыяся стораны, згодна з прынцыпам самаазначэньня народаў, прызнаюць незалежнасьць Украіны i Беларусі, а таксама згаджаюцца i пастанаўляюць, што ўсходнюю граніцу Польшчы, г. зн. граніцу паміж Украінай i Беларусіей, з аднэй стараны, i Польшчай, з другой, састаўляе лінія: уздоўжкі ракі Зах. Дзьвіны ад граніцы Расеі з Латвіяй аж да пункту, у каторым граніца былой Вітэбскай губэрніі стыкаецца 3 граніцай былой Віленскай губэрні; далей граніцай былых губэрній Віленскай i Вітэбскай да дарогі, злучаючай в. Дразды з м. Арэхаўно, пакідаючы дарогу i м. Арэхаўно на старане Польшчы; далей, перарэзаючы чыгунку каля м. Арэхаўно i паварачываючы на палуднёвы захад, ідзе ўздоўж чыгункі, пакідаючы станцыю Загацьце па старане Польшчы, в. Загацьце па старанеРасеі, а в. Стальмахова па старане Польшчы (на пляне веска не азначэна); далей уздоўж усходней граніцы былой Віленскай губэрніі да пункту, у каторым сходзяцца паветы: Дзісенскі, Лепэльскі i Барысаўскі; далей уздоўж граніцы былой Віленскай губэрніі на адлегласьці каля аднэй вярсты да павароту яе на захад каля з. Саснавец (на пляне не азначэна); далей простай лініяй да крыніц рэчкі Чарніцы на ўсход ад Гарнова, пасьля ўздоўж рэчкі Чарніцы да в. Вялікай Чарніцы, пакідаючы яе па старане Беларусі; далей на палуднёвы захад упоперак возера Мядзел, стуль да в. Зарэчыцк, пакідаючы гэту апошнюю, а таксама в. Хмелеўшчызну па старане Беларусі, а в. Старасельле i в. Тураўшчызну па старане Польшчы; далей на палуднёвы захад да рэчкі Вільлі аж да ўсьцьця да яе з усходу безыменнай рэчкі на захад ад Драгомічаў, пакідаючы па старане Беларусі вёскі: Углы, Вольбаровічы, Баравыя, Шунаўку, Бязтроцк, Далёкую, Клячкаўск, Зязантава i Матвееўцы, а па старане Польшчы вёскі: Камайск, Рашкава, Асова, Куск, Вардомічы, Салёная i Мільчу; далей рэчкай Вільлей аж да тракту, каторы ідзе на папудзень ад мястэчка Даўгінава; далей на палудзень др в. Батурына, пакідаючы па старане Беларусі цэлы тракт i вёскі: Рагозін, Такары, Поласы i Глыбачаны, а па старане Польшчы вёскі: Аўсянікі, Чарнаруччэ, Журавы, Рушчыцы, Зацемьме, Баркі, Чэрвякі i Батурына; далей на м. Радашкавічы, пакідаючы па старане Беларусі вёскі: Папышы, Селішча, Падвараны, Трусовічы паўночныя, Дошкі, Цыганова, Дворышча i Чырэвічы, а па старане Польшчы вёскі: Лункавец, Мардасы, Рубцы, Лаўцовічы - паўночныя i палуднёвыя, Будзькі, Клімонты, Вялікія Бакшты i м. Радашкавічы; далей па рэчцы Вязаўка да в. Ліпені, пакідаючы апошнюю па старане Польшчы, стуль на палуднёвы захад, перарэзаючы чыгунку i пакідаючы станцыю Радашкавічы па старане Беларусі; далей на ўсход ад м. Ракава, пакідаючы па старане Беларусі вёскі: Векшыцы, Даўжэні, Міткова, В. Бароздыньку i Казельшчызну, а па старане Польшчы вёскі: Шыпавалы, Мацэвічы, Стары Ракаў, Кучкуны i м. Ракаў; далей да м. Валмы, пакідаючы па старане Беларусі вёскі: Вялікае Сяло, Маляўку, Лукашы і Шчэпкі, а па старане Польшчы вёскі: Душкова, Хімарыды, Янкоўцы i м. Волму, далей уздоўж тракту ад м. Волмы да м. Рубежэвічьі, пакідаючы гэты тракт i мястэчка па старане Польшчы; далей на поўдзень да безыменнай карчмы ў пункце, дзе перарэзаюцца чыгунка Баранавічы - Менск i тракт Новы Сьвержэнь - Менск (паводле 10-вярстовага пляну над літэрай «М» у слове Мезінаўка, паводле 25-верстнага лляну пры Коласаве), пакідаючы карчмы па старане Польшчы, прычым па старане Беларусі астаюцца вёскі: Папкі, Жывіца, Паланевічы i Асінаўка, па старане ж Польшчы вёскі: Ліхачы i Ражанка; далей да сярэдняй дарогі паміж Несьвіжам i Цімкавічамі на захад ад Кукавіч, пакідаючы вёскі: Свэрынава, Куцец, Луніна, Язьвіну паўночную, Белікі, Язьвін, Рымашы i Кукавічы (усе тры) па старане Беларусі, а па старане Польшчы вёскі: Куль, Бучную, Дзянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны паўночныя i палуднёвыя, Султанаўшчызну i Плешэвічы; далей у палове дарогі паміж Клецкам i Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава i Праходы), пакідаючы па старане Беларусі вёскі: Раеўку, Савічы, Заракаўцы i Пузава, па старане ж Польшчы вёскі: Марусін, Смолічы ўсходнія, Лецешын i Праходы; далей да шосы Варшаўска-Маскоўскай, перарэзаючы яе на захад ад вёскі філіповічы заходнія, пакідаючы вёску Ціхава па старане Беларусі, а вёску Едчыцы па старане Польшчы; далей на поўдзень да рэчкі Морач пры вёсцы Харополь, пакідаючы вёскі: Старыя Макраны, Задворье, Макраны i Харополь па старане Беларусі, а вёскі: Цяцеровец, Асташкі, Лазовічы i новыя Макраны па старане Польшчы; далей уздоуж рэчкі Морачы аж да усьцьця яе да менскай рэчкі Случы; далей уздоўж рэчкі Случы аж да усьцьця яе ў раку Прыпяць; далей у агульным кірунку на вёску Бярэсцы, пакідаючы вёскі: Любовічы, Хільчыцы i Бярэсцы па старане Беларусі, а вёскі: Луткі паўночныя i паўднёвыя па старане Польшчы; далей уздоўж дарогі на вёску Букча, пакідаючы дарогу i вёску Букчу па старане Беларусі, а вёску Корму па старане Польшчы; далей у агульным кірунку да чыгункі Сарны-Олеўск, перарэзаючы яе паміж ст. Асткі i ст. Снавідовічы, пакідаючы па старане Украіны i г. д. [14] (Як мы бачым, граніца праведзена з большага такая самая, як была намечана ў прэлімінарнай умове ад 12-га кастрычніка 1920 году.)
Такім чынам, артыкулам другім aбeдзьвę стораны афіцыяльна яшчэ раз прызнаюць незалежнасьць Беларусі, правідловей, незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Рэч у тым, што Беларускую Народную Рэспубліку Польшча прызнала ўжо ў 1918 году.
Аб гэтым прызнаньні ўпамінае Старшыня Польскай дэлегацыі ў заяве сваёй на другім заседаньні Глаўнай камісыі мірнай канфэрэнцыі 4-га кастрычніка 1920 году ў такой форме: «Польская Рэспубліка, не чэкаючы пачына ca стараны Расеі, прызнала незалежнасьць Літвы, Украіны i Беларуси». З другой стараны, Савецкая Расея, як відаць з «Дэклярацыі савецкай дэлегацыі», прачытанай на сёмым заседаньню польска-расейскай мірнай канфэрэнцыі 24-га верасьня 1920 году, ужо у 1918 гаду прызнала Беларускую Народную Рэспубліку.
Беларуская Народная Рэспубліка была праклямавана ў 1918 гаду 25-га сакавіка, Савецкая ж Беларуская Рэспубліка была праклямавана толькі ў студзені 1919 году. У «Дэклярацыі савецкай дэлегацыі» сказана так: «Выходзячы з поўнага прызнаньня прынцыпу самаазначэньня, Р.С.Ф.С.Р. ужо ў 1917 гаду прызнала i нязьменна прызнае, безумоўна i без усякіх агранічэній, незалежнасьць i сувэрэннасьць Польскай Рэспублікі, у 1918 гаду незалежнасьць Украіны i Беларусі, а ў 1920 годзе падпісала мірную ўмову з незалежнай i сувэрэннай Літоўскай Рэспублікай».
Ca сказанага ясна відаць, што артыкул другі ўмовы толькi яшчэ раз падцьверджае прызнаньне Бёларускай Народнай Рэспублікі абедзьвема старанамі.
Той жа другі артыкул акрэсьлівае i граніцы паміж Польшчай i Беларусіей. Гэта граніца ўказывае, што да Польшчы адходзіць значная тэрыторыя, заселеная блізка што выключна беларусамі, а іменна: Гродзенская губэрнія. Паветы: 1. Беластоцкі; 2. Бельскі; 3. Берасьцейскі; 4. Горадзенскі; 5. Кобрынскі; 6. Пружанскі; 7. Слонімскі; 8. Сакольскі; 9. Ваўкавыскі. Менская губэрнія. Паветы: 1. 1/3 Барысаўскага; 2. 1/7 Мазырскага; 3. Навагрудзкі; 4. Пінскі; 5. 1/3 Слуцкага. Віленская губэрнія. Паветы: 1. Дзісенскі; 2. Вілейскі. Калі ж прыняць пад увагу польскую віленскую авантюру, праведзеную гэнэралам Жэлігоўскім, то да Польшчы могуць быць прылучаны яшчэ i такія паветы Віленскай губэрніі: 1. Ашмянскі; 2. Лідзкі; 3. Вілейскі [15], 4. Сьвенцянскі; 5. Браслаўскі.
Правы Польшчы на захвачаныя землі
Ніякага гістарычнага права на гэтыя землі Польшча не мае дзеля таго, што яна ніколі не мела гэтых земляў у сваіх граніцах. Ссылка на граніцы 1772 году не мае ніякай асновы дзеля таго, што ў той час Беларусь i Літва былі саўсім незалежныя i знаходзіліся толькі ў пэрсанальнай уніі з Польшчай як роўны з роўным. «Этнаграфічных» правоў Польшча таксама ніякіх не мае. Распрэдзеленьне люднасьці па нацыянальнасьцях у гэтых, далучаных да Польшчы, паветах прыводжу ў ніжэйпададзенай табліцы, аснованайна данных Усерасійскай перапісі 1897 году i, апроч таго, на данных польскіх, нямецкіх i другіх навуковых крыніц.
Як відаць з прыведзенай табліцы, у перэважаючай большасьці паветаў, адыйшоўшых да Польшчы, % беларусаў ёсьць ад 72 да 87 %, палякаў жа ўсяго ад 0,2 да 4,6 %. I толькі ў некаторых паветах Гродзенскай i ВІленскай губ. працэнт гэты павялічваецца на карысьць палякаў, прыкладам у Беластоцкім павеце, дзе лік ix даходзіць да 18 % [16] ў Віленскім павеце да 12% (у горадзе Вільні лічыцца палякаў да 43%).
Высокі працэнт палякаў у Беластоцкім павеце тлумачыцца тым, што на некаторай часьці, пагранічнай з Польшчай, жывуць цэльнай масай палякі, займаючы больш-менш адну пятую часьць палуднёвай Беласточчыны.
Высокі працэнт палякаў у горадзе Вільні тлумачыцца вялікім лікам апалячэных беларусаў-католікаў, каторых гіры перапісі рэгіструюць як палякаў.
З вышэйпададзенымі цыфрамі згодны таксама i польскія абьектыўныя статыстыкі. Так, «Romer. Rocznik Polski. Таbl. Stat. 1917 г.» стр. 12 г 13, табл. 24 падае такія самыя цыфры.
Такім чынам, мы бачым, што тэй большасьці палякаў, аб каторай кажуць польскія дыпламаты, у Віленскай, Гродзенскай i Менскай губэрніі нема. Наадварот, у гэтых мейсцовасьцях палякі зьяўляюцца незначнай меншасьцю, ні ў якім разе не маючай права прэтэндаваць на кіраўнічую ролю ў Беларусі.
За час польскай агітацыі польская ўлада некалькі разоў рабіла перапісі люднасьці. Пры гэтым палякам залічаўся ўсякі беларус-католік паміма яго жаданьня i волі i паміма неаднаразовых пратэстаў. Усякі беларус, каторы настаіваў на тым, каб яго запісалі беларусам, падпадаў пад падазрэньне i рабіўся кандыдатам на высылку ў канцэтрацыйны лагер. Зазвычай сялянам ставілася пытаньне аб тым, ці ў «польскі касьцёл» ён ходзіць маліцца. Калі селянін аказываўся католікам, то ён аўтаматычна заносіўся ў рубрыку палякаў. Такім чынам рабіліся перапісы. Дзякуючы такому «ўпрошчанаму» спосабу адрожніваць нацыянальнасьці, было многа непаразуменьняў часам сьмешнага характару, а найчасьцей дужа плачэўнага для «непаслушных».
Апроч тэндэнцыйнай перапісі, польскія ўрадовыя кругі рабілі яшчэ так называемыя «падпіскі аб прылучэньні» да Польшчы, i гора таму, хто да сьпіску такога не прымкнуў.
Для прыклада прывяду два факты. Вясной 1920 году ў Навагрудку сабіралі подпісы пад петыцыяй да польскага ўраду аб прылучэньні Беларусі да Польшчы. Мейсцовы беларускі дзеяч, інспектар гімназыі, сказаў на сходзе, што ён, як беларус, пэтыцыі не падпішэ. На другі ж дзень ён быў арыштаваны польскай уладай i прасядзеў у турме два месяцы.
Такі ж выпадак меў мейсца ў Ашмянскім павеце, у вёсцы Барунах, з беларускім каталіцкім ксяндзом, каторы не быў арыштаваны толькі дзеля таго, што палякі эвакуіраваліся перад прыходам бальшавікоў i не пасьпелі яго арыштаваць. Падобных фактаў можна налічыць сотні.
Падобная дэмагогія робіцца не толькі сьвецкімі ўстановамі, але i каталіцкімі ксендзамі, большасьць каторых на Беларусі з'яўляецца польскай нацыянальнасьці або апалячэны.
Апошнія ўказаньні ў часе споведзі гразілі адлучэньнем ад касьцёла i недапушчэньнем да споведзі ўсіх, хто толькі асьмеліцца назваць сябе беларусам. Апроч таго, пушчаўся ў народ погляд, што Ісус Хрыстос гаварыў i разумее толькі польскую мову, што Папа Рымскі разумее выключна латынь i польскую мову. Апошнія факты сьмешныя, але яны над націскам польскага кліра маюць свой уплыў на рэлігіёзны розум беларуса.
Пададзенае дае магчымасьць судзіць аб тым, якую цану маюць новыя польскія статыстычныя даныя i ўсе так называемыя «пэтыцыі аб прылучэньні». Дзеля гэтага, новым польскім даным не толькі нельга верыць, але нема чаго i лічыцца з імі.
Чаму Польшча хочэ захваціць Беларусь
Некаторыя польскія палітычныя кругі паставілі сабе мэтай стварыць з Польшчай вялікую дзержаву з лікам люднасьці ў 35 мільёнаў i з адпаведнай тэрыторыей (этнаграфічная Польшча мае тэрыторыі каля 171 тысяч кв. км з лікам люднасьці каля 18 мільёнаў). Павялічыць свае населеньне i тэрыторыі Польшча хочэ дарогай захвату чужых зямель, паміж іншымі i беларускіх.
Апроч таго, Польшча, йкая з'яўляецца ўжо цяпер выключна старонкай прамысловай, хочэ стварыць эканамічную раўнавагу дарогай прылучэньня да сябе земляробскіх тэрыторый, якімі з'яўляюцца Беларусь, Літва, Украіна i ўсходняя Галіччына.
Польская зямельная буржуазія, хочучы аслабіць у сябе у Польшчы зямельны голад i не маючы магчымасьці вазстанавіць у патрэбных разьмерах індустрыю, каб аслабіць такім чынам безрабоціцу, хочэ каланізаваць часьць польскай люднасьці (па польскім праектам для каланізацыі назначана 4 мільёны палякау) на захвачаныя землі.
З дакумэнтаў, якія я маю (даклады аб польскай каланізацыі на Ёеларусь, статуты калёнізацыйна-парцэляцыйных банкау), відаць, што Польшча хочэ перэдаць каленістам, глаўным чынам пазнанцам i галіцыйскім палякам, да 75 % усёй зямлі, прычым для калёнізацыі занятых часьцей Беларусі назначана ад паўтара да двух мільёнаў палякаў.
Захватам заходняй часьці Беларусі Польшча ізаліруе Беларусь ад усёй Прыбалтыкі, раздзеліць Беларусь i Літву, увозьме усе прыродныя шляхі Беларусі i такім чынам станецца поўным гаспадаром над Беларусей i Літвой, прыблізіцца да Латгаліі (да так наз. Інфлянтаў польскіх), каторую пастараецца праглынуць у другі чарод.
Цяперашні эканаміны стан Польшчы ёсьць страшэнна цяжкі. Польская марка нічога не варта. Вайну Польшча яшчэ не закончыла i калі закончыць нема ведама. Наадварот, Польшча лёзе ўсё ў новыя i новыя ваенныя авантуры, каторыя трэбуюць усё новых i новых выдаткаў. Францускія займы даўно вычарпаліся. Унутраныя займы не пакрыюць i малой часьці дыфіцыту, каторы лічыцца дзесяткамі мільярдаў. Польшчы трэба ратаваць сваю эканамічную сітуацыю i сваю валюту. Вось для падняцьця польскай маркі i патрэбны, паміж іншым, беларускія лясы i другія прыродныя беларускія багацьці. Беларускі лён, канапля i другія вытвары беларускага хлебароба.
Нікому не сэкрэт, што Польшча распрадае, направа i налева Беларусь, каб толькі мець грошы на вядзеньне войн. Для правядзеньня гэтых задач Польшча i імкнецца, так упарта i не чураючыся ніякіх сродкаў, прыбегаючы нават да ваенных авантураў, захапіць, па меншай меры, заходнюю Беларусь. З гэтай мэтай фальшуецца статыстыка i падпісныя лісты, тэррорызуецца люднасьць i самым нягодным спосабам апрацовываецца грамадзкая думка.
Пры разрашэньні пытаньня аб «дзержаўнай прыналежнасьці» зямель палякамі высовываецца «прынцып уласнасьці» на тэй засадзе, што на Беларусі больш 45 % зямлі прыналежыць крупным уласьнікам, каторыя блізка ўсе ёсьць палякі або апалячэныя памешчыкі.
Беларусь i Савецкая Расея
У той час, як Рыжскі мір кідае заходнюю часьць Беларусі ў рукі польскага імпэрыялізма i шовінізма, усходняя часьць Беларусі пакідаецца ім на праізвол рускага большэвіцкага цэнтралізма.
Савецкая Беларусь па ўказцы з Масквы апавешчаецца ўжо другі раз незалежнай. Першы раз Савецкая Беларуская Рэспубліка была аб'яўлена 1-га студзеня 1919 году. Незалежнасьць гэтай рэспублікі праістнавала, нават на паперы, дужа ня доўга. Як толькі бальшавіцкая Чэка закончыла «ліквідацыю контррэвалюцыйных сіл» i бальшавіцкая прэса «апрацавала» грамадзкую думку, то i Беларуская Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка, была зліквідавана, а члены ўраду яе - бальшавікі-беларусы -арыштаваны.
31-га ліпеня 1920 году Савецкая Беларуская Рэспубліка была праклямована другі раз. Як відаць з дэклярацыі абнародаванай з гэтай прычыны беларускай комуністычнай партыяй разам з жыдоўскай партыяй «Бунд», «Беларускай комуністычнай арганізацыяй» і Цэнтральным бюро Прафесіянальных саюзаў, незалежная Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка Беларусі была праклямавана на аснове выражанай шмат разоў волі беларускага народу да сваёй незалежнасьці.
Праклямуючы незалежнасьць Беларусі, бальшавікі, тым не менш, не ўказваюць ні граніц апошняй, ні адносін яе да Расеі i наадварот. Неакрэсьленнасьць у фармуліроўцы зроблена сазнацельна, каб, даўшы ўзятку такім чынам грамадзкай думцы, па магчымасьці лягчэй праводзіць свае цэнтралістычныя тэндэнцыі і абсалютна падняволіць усю Беларусь маскоўскаму цэнтру.
І, напраўдзе, за ўвесь час далейшага свайго істнаваньня Беларуская Савецкая Рэспубліка не праявіла ніякіх адзнакаў незалежнасьці. Наадварот, умова паміж Р.С.Ф.С.Р. i Беларускай Савецкай Рэспублікай, зробленая ў Маскве 16 студзеня 1921 году i падпісаная Л. Караханам i I. Адамовічам, ясна паказывае, што беларуская незалежнасьць - адзін міф. § 3 гэтай умовы гаворэ, што Б.С.С.Р. i Р.С.Ф.С.Р. маюць аб'еднанымі камісарыяты: 1) ваенны i марскіх спраў; 2) вышэйшую Раду нapoднай гаспадаркі; 3) загранічны гандаль; 4) фінансаў; 5) працы; 6) камунікацыі; 7) пошт i тэлеграфаў. Гэта значэ, што фактычна ўсімі справамі Б.С.С.Р. будзе кіраваць Масква i толькі асьвета i ўнутраныя справы перадаюцца Беларускай Рэспубліцы. Нават кіраўніцтва i кантроль над аб'еднанымі камісарыятамі перадаюцца Ўсерасейскаму зьезду саветаў, а таксама Ўсерасейскаму выпаўняючаму камітэту, а не беларускаму.
Кіраўнікі бальшавіцкай палітыкі ў Менску самі гаварылі, што ім незалёжнасьць Беларусі саўсім непатрэбна, i праклямавана яна толькі для таго, каб мець козыры ў руках у барацьбе з Польшчай i Врангелем i каб перацягнуць на сваю сторану сымпатыі беларускага народу.
Так стаіць справа ў «незалежнай Беларусі», у каторую ўваходзяць 6 паветаў Менскай губэрніі. У другіх жа 34 паветах Беларусі, каторыя не ўвайшлі ў склад Беларускай Рэспублікі, справа абстаіць яшчэ горш. Там не дапушчаецца ўжо абсалютна нічога беларускага. Нягледзячы на тое, што ўвесь народ цягнецца да аб'еднаньня ўсёй Беларусі, хаця бы i пад савецкім сьцягам. Нават бальшавікі-беларусы стаяць на грунце такога аб'еднаньня. На зьездах павятовых саветаў (дзе ўлада цэнтру не так адчуваецца) блізка ўсе паветы вынясьлі рэзалюцыі аб далучэньні да Беларускай Рэспублікі. Так было нават у самых усходніх паветах Беларусі - у Дарагабужскім i Духаўшчынскім Смаленскай губэрніі, але маскоўскі цэнтр, баючыся росту нацыянальнага пачуцьця ў беларусаў i трымаючы ў сваіх руках губэрнскія саветы, не дапушчае аб'еднаньня.
Рыжская ўмова не толькі не ўнесла сваіх карэктыў у міжнароднае палажэньне Беларусі, але нават не ўпамінае аб тым, што падпісаўшыя ўмову стораны разумеюць пад словам Беларусь, г. зн. якая тэрыторыя лічыцца імі беларускай. Такім чынам, Беларусь перадаецца на поўны праізвол комуністычнай партыі. Якія будуць рэзультаты ўмовы, дагадацца не цяжка.
Аб плебісцыце на Беларусі
Палякі высовывалі i да гэтага часу высовываюць пытаньне аб плебісцыце на некаторых занятых імі землях. Між іншым, Польшча шмат разоў суліла ўстроіць плебісцыт i для рашэньня беларускага пытаньня. Дзеля гэтага цікава высьветліць, ці ёсьць асновы i магчымасьці для плебісцыту на Беларусі.
Плебісцыт па істоце сваёй праводзіцца там, дзе некаторыя землі зьяўляюцца спорнымі паміж двумя суседнімі дзержавамі, г. зн., дзе ёсьць насяленьне некалькіх нацыянальнасьцяў, каторыя пры тым сільна перамешаны.
Там, дзе насяленьне у агульнай сваёй масе ёсьць аднэй нацыянальнасьці, пытаньне аб плебісцыце само сабой адпадае. Пераважна спорнымі землямі могуць быць паясы уздоўж этнаграфічных граніц паміж двума народамі, дзе мешаніна нацыянальнасьцяў можа мець месца. Такімі спорнымі мейсцамі могуць быць зазвычай пагранічныя населеныя пункты, часам воласьці і дужа рэдка цэлыя паветы. У большасьці выпадкаў можна даволі правідлова i сьцісла правесьці этнаграфічную граніцу на аснове аб'ектыўных даных статыстыкі, этнаграфіі i лінгвістыкі, не прыбегаючы да плебісцыту.
На Беларусі спорнымі мейсцамі з Польшчай могуць быць некаторыя воласьці Бельскага i Беластоцкага паветау. Уся ж Гродзеншчына у цэлым заселена вялікай большасьцю (да 80%) беларусамі, зьяўляецца бязспрэчна беларускай і ні ў якім выпадку не польскай (палякаў ад 0 да 5 %). Віленская ж губэрнія нават не гранічыць з Польшчай. Пасул Польшчай плебісцыту - іронія над народным правам і над здаровым сэнсам. Гэта насьмешка - такая самая, якая была б, каб хтось з суседзяў Польшчы трэбаваў плебісцыту ў Варшаве, Кракаве або другім якім польскім горадзе.
Але Польшча патрабуе плебісцыту не на ўсім беларускім абшары, адыйшоўшым да Польшчы, бо ведае, -што вынікі былі б не на яе карысьць. Яна выбрала сабе для гэтага найбольш каталіцкія i апалячэныя часткі Віленшчыны, на плебісцыт жа ўсёй Віленшчыны і Гродзеншчыны яны не годзяцца.
Такім чынам, плебісцыт на беларускіх землях можна разгледаць як абразу чалавецкай годнасьці. Але дапусьцім, што не гледзячы на гэта, усё ж такі плебісцыт на Беларусі будзе праводзіцца. Глянем, насколькі магчыма справядлівае здзяйсьненьне яго на беларускай тэрыторыі. Для правільнага правядзеньня плебісцыту патрэбны такія абставіны: 1) нармальныя варункі жыцьця ў плебісцытных акругах; 2) поўная гарантыя свабоды агітацыі і галасаваньня; 3) хаця бы прыблізна аднолькавыя варункі жыцьця Ў абедзьвюх старонках, якія канкуруюць; 4) правідловая фармуліроўка плебісцытнай прапазыцыі; 5) гарантыя таго, што стораны, каторыя канкуруюць, бязумоўна паслухаюцца вынікаў плебісцыту.
Між тым, Віленшчына, Гродзеншчына і Меншчына ўжо шэсьць лет зьяўляюцца непасрэдным тэатрам вайны. Шэсьць лет насяленьне гэтых зямель знаходзілася пад уціскам, выносячы усе жахі як сусьветнай грамадзянскай, так i расейска-польскай вайны. Насяленьне перажыло шмат акупацый з усімі ўціскамі акупацыйнага тэрору самых разнавідных адценьняу, прывучыўшага люднасьць да замкнутасьці, недаверу i абсэнтэізму, запужаўшага люднасьць да таго, што яна папраўдзі баіцца нават рот адкрыць. Толькі часам, даведзеная да роспачы, яна праяўляе сваю волю, бяручыся за аружжа, каб абараніць свае правы, у большасьці выпадкаў абрэкаючы, сябе на ахвяру карацельных экспедыцый, якія пасылаюцца больш сільным акупантам.
Вясковая інтэлігенцыя дашчэнту тэрарызаваная, або ціха прытаілася i баіцца сама сябе, або пакутуе ў многіх канцэтрацыйных лагерах, або, уцёкшы, галадае дзе-небудзь на чужбіне. Такія варункі жыцьця ў краі нельга назваць «нармальнымі».
Ненармальнасьць палажэньня ў заходняй часьці Беларусі дапаўняецца яшчэ i тым, што цяпер ёсьць усяго ад 20да 50% ліку люднасьці даваеннага часу, рэшта ж - невярнуўшыяся яшчэ ўцекачы.
Усім вядома, што ў часе адходу расейскай арміі ў 1915 году Гродзенская губэрнія была насільна эвакуіравана адходзячымі рускімі войскамі. Люднасьць жа Віленскай i Менскай губэрніі, глаўным чынам праваслаўная, пад націскам агітацыі праваслаўнага духавенства i пад націскам тэй панікі, якую наводзілі ўцекачы з другіх губэрніяў, масамі ратавалася ўглыб Расеі ад наступаючай нямецкай арміі. Дзесяткі, нават сотні тысяч людзей цягнуліся па дарогах на ўсход, цягнучы з сабой астаткі свайго дабра, большую частку якога прыходзілася кідаць па дарозе. Пераносячы неапісуемыя мукі i ўсейваючы дарогу сплошнымі брацкімі магіламі - ішлі ўцекачы. Такім чынам з гэтых беларускіх зямель эвакуіраваліся больш паўтара мільёна чалавек, якія да апошняга часу цягнуць у розных мейсцах Расеі мізэрнае істнаваньне, усімі фібрамі душы сваёй імкнуцца яны вярнуцца к сабе, на бацькаўшчыну. Шмат людзей не перанясло гэытх мук i загінула. Некаторыя не вернуцца да сваіх раскіданых гнёздаў, знайшоўшы сабе больш ці менш магчымыя варункі істнаваньня на новым мейсцы. Але з пэўнасьцю можна сказаць, што вялікая большасьць уцекачоў хочэ вярнуцца i вернецца к сабе на Беларусь, як толькі будзе да гэтага магчымасьць. Вярнулася да гэтага часу самая незначная часьць уцекачоў.
Ці маем мы права распараджаццё бяз гэтых праўдзівых гаспадароў краю міжнароднай доляй яго? Не маем.
Разгледзім далей насколькі магчыма поўная гарантыя свабоды агітацыі i галасаваньня. Хто гэтую гарантыю можэ даць? Польская акупацыйная жандармерыя ці бальшавіцкая чрэзвычайная камісыя? Міжнародовыя войскі? На апошнія трудна разлічваць, але каб яны i прыйшлі, то гэта каштавала бы для зруйнаванага краю непасільна дорага. Апроч таго, як мы бачылі у Сілезіі [17] яны не заўсегды бываюць аб'ектыўнымі.
Магла бы даць гарантыю свабоды, агітацыі галасаваньня толькі народная беларуская улада, пры варунку вываду ўсіх акупацыйных войскаў i пасьля доўгага часу, у працягу якога маглі бы астынуць страсьці i маглі бы вярнуцца ўцекачы. Такая народная беларуская ўлада i ёсьць урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
Што датычэ трэцьцяга варунку магчымасьці правільнага правядзеньня плёбісцыту - неабходнасьці хаця бы прыблізна аднолькавых абставін жыцьця ў канкурыруючых старон; то можэм з поўнай пэўнасьцю сказаць, што такой аднароднасьці Ў Польшчы i Беларусі ў сучасны момэнт нема.
У той час, як Польшча змагла ўжо ступіць на шлях спакойнага жыцьця i хаця часьцічна, але ўжо вазстанавіла сваю, зруйнаваную вайной гаспадарку, у той час, як Польшчы за ўвесь час вайны памагала i да гэтай пары памагае матэрыяльна i маральна Антанта, ды i caмa вайна толькі пракацілася праз Польшчу i была часовым эпізодам на яе тэрыторыі, Беларусь у працягу ўсёй сусьветнай i грамадзянскай вайны была непасрэднай арэнай ваенных чынаў, прэдстаўленая сабе самой у сэнсі якой-небудзь дапамогі знадворку i апроч таго несла ўсю цяжасьць рэквізыцыі акупантаў.
Бязпрэрыўны вываз усяго накопленага дабра ў краі спыняў магчымасьці не толькі вазстанавіць гаспадарку, але цягнуў за сабой усё большае^і большае збядненьне. Грабежствы адступаючых i наступаючых, чужых народу, войск стваралі варункі немагчымыя не толькі для разьвіцьця прамысловасьці i сельскай гаспадаркі, але нават для задаволеньня сваіх самых мінімальных патрэб. Такі стан народнай гаспадаркі можэ пацягнуць за сабою рашэньне, вызванае выключнымі варункамі, вызванае страхам перад галоднай сьмерцю, страхам за бліжэйшы, заўтрашні дзень, страхам ачуціцца бяз солі, карасіны i другіх рэчаў, ідучых у цяперашні час праз Польшчу, Народ, прыняўшы сягоньня пад націскам варункаў тое ці Іншае рэшэньне, можэ дужа шкадаваць у будучыне і, пэўне ж, будзе ізноў імкнуцца зьмяніць створанае палажэньне.
Апроч таго, i ў палітычным сэнсі паміж Польшчай i Беларусяй у цяперашні момэнт лішня вялікая рожніца. У той час, як у Польшчы парламэнтская форма праўленьня з фактычнай дыктатурай буржуазіі i з белым тэрорам, у істнуючай цяпер фактычна незалежнай Беларусі савецка-бальшавіцкая форма праўленьня з чырвоным тэрорам. З пэўнасьцю можна сказаць, што ні адна з гэтых форм для Беларусі саўсім непрыемліма i чужая. З пэўнасьцю можна сказаць, што Беларусь не хочэ належаць ні да панска-шляхэцкай Польшчы, ні да савецка-камуністычнай Расеі.
Для плебісцыту патрэбна строга акрэсьленая форма плебісцытнай прапазіцыі, каб народ ведаў, што ён выбірае. Адразу паяўляецца пытаньне: паміж кім рабіць выбар? Паміж белай Польшчай i чырвонай Беларусей? Паміж Польшчай i Расеяй? Паміж белай Польшчай, дэмакратычнай Літвой i чырвонай Расеяй? Ізноў такі можна з пэўнасьцю сказаць, што усе гэтыя прапазыцыі для заходней Беларусі непрэемлімы. Беларусы хочуць належыць да Беларусі, але многіх будзе aдcтpaшвaць бальшавіцкая Беларусь.
Вынікаў плебісцыту павінны слухаць абедзьве стораны. На жаль, мы маем прыклады, што пасьля плебісцыту некаторыя дзержавы не паслухалі гэтых вынікаў i інсцэніраваным паўстаньнем хацелі зламаць волю народа. Пры такіх варунках плебісцыт - дарэмная рэч.
Плебісцыт пажырае страшэнна вялікія грошы. Мы ведаем, што на агітацыю некаторыя дзержавы кідаюць сотні мільёнаў грошай, каторыя пасьля кладуцца ў відзе падаткаў на край. Беларусь зруйнавана. Арганізацыі беларускія грошай маюць мала i самі чуць зводзяць канцы з канцамі. На плебісцытную агітацыю яны могуць асыгнаваць лішня мала грошай, i такім чынам агітацыя будзе аднабокая.
Апроч усяго сказанага, ёсьць яшчэ адна рэч не на карысьць плебісцыту на Беларусі. Рэч у тым, што пры плебісцыце неабходна нацыянальная варожасьць, i агітацыя не мінуча яшчэ больш распаліць нацыянальныя страсьці, якія i бяз таго напружаныя вечнымі акупацыямі. Нацыянальны антаганізм можа разьвіцца да такой меры, што створыць немагчымыя варункі для далейшага жыцыця разам.
Прымаючы пад увагу ўсё сказанае, мы павінны прыйсьці к такому заключэньню:
1. на Беларусі праводзіць плебісцыт немагчыма дзеля таго, што яна сплашной масай заселена аднародным беларуска-жыдоўскім насяленьнем;
2. калі б, не гледзячы на ўсё, стараліся правесьці плебісцыт, то выпаўненьня яго ў цяперашні час i пры цяперашніх варунках выпаўніць нема ніякай магчымасьці.
Пазыцыя Польшчы ў гэтым пытаньні (патрэбаваньне плебісцыту) дыктуецца ёй магчымасьцю выкарыстаць цяперашні смутны момэнт, каб мець юрыдычны акт для апраўданьня сваіх імпэрыялістычных прэтэнзій.
Які ж выхад з гэтага палажэньня?
Усім ведама, што акупацыя польская для беларусаў ёсьць непасільна цяжкай, з другой стараны, усе баяцца бальшавікоў.
Выхад адзін. Трэбаваць, каб часова заняла заходнюю Беларусь Літва, як старонка дэмакратычная, з такім самым земляробскім насяленьнем, як i Беларусь, апроч таго, якая зьвязана ўсёй гісторыяй з намі. Калі ж будзе накінуты плебісцыт, то каб беларусы галасавалі за Літву.
Магчымыя вынікі Рыжскага міру
Для Беларусі ўмова Рыжская надта цяжкая. Яна ставіць Беларусь у поўную залежнасьць Польшчы i савецкай Pacei як у палітычным, так i эканамічным значэньні, не кажучы ўжо аб культурна-нацыянальным.
Для Беларусі ўмова мае такія вынікі:
1) аддзяляе саўсім Беларусь ад Прыбалтыкі, а глаўнае - ад Літвы i Латвіі; 2) аддае ўсе прыродныя i штучныя дарогі да мора ў рукі палякаў; 3) стварае ненатуральны шлях руху тавараў з Беларусі i ў Беларусь праз Варшаву i Гданск; 4) стварае для Беларусі небяспеку быць насільна калёнізаванай палякамі; 5) дзеліць беларускі нацыянальны арганізм на дзве часткі; 6) аддае ўсходнюю часьць Беларусі ў рукі маскоўска-бальшавіцкага цэнтралізма, каторы можэ рабіць тое самае з усходняй часьцю Беларусі, што Польшча з заходняй.
Ясна, што як урад Беларускай Народнай Рэспублікі, як беларускія арганізацыі, так i ўвесь народ не можэ санкцыянаваць такога міру.
Нават савецкая Беларусь, не гледзячы на націск ca стараны Масквы, не ратыфікавала гэтага міру i не аддала заходняй часьці Беларусі палякам. § арт. ... гаворэ «Расея i Украіна адказываюцца ад усякіх правоў i прэтэнзій на землі, распаложаныя на захад ад граніцы. Са сваей стараны Польшча адказываецца на карысьць Украіны i Беларусі ад усякіх правоў i прэтэнзій на землі, распаложаныя на ўсход ад гэтай граніцы». Аб тым, каб Беларусь адказывалася ад якіх-небудзь беларускіх земляў, Рыжская ўмова не ўпамінае. Гэта сталася не выпадкова. Бальшавікі не асьмеліліся ад імені беларусаў адказацца ад гэтых земляў, добра ведаючы, што гэта пацягне непрыемныя для ix вынікі.
Ёсьць ведама, што маскоўскія бальшавікі прырэзалі кавалак Беларусі для Польшчы для таго, каб «палякі падавіліся гэтымі землямі», як яны кажуць. Апроч таго, савецкая Беларусь пакінула за сабой права прэтэндаваць на Гродзеншчыну i Віленшчыну, каб у адпаведны момэнт кінуцца на Польшчу i мець на тое маральнае права.
З другой стараны, i Польшча не саўсім здаволена гэтым мірам, аб чым могуць сьведчыць скандалы ў сэйме польскім па поваду гэтага міру. Вялікія землеўласьнікі з усходней часьці Беларусі не здаволены тым, што яны аказаліся ў сфэры ўплываў савецкай Расеі, дзе ёсьць пагроза, што ў ix адбяруць маёнткі.
Адным словам, ні адну заінтэрасаваную старану гэты мір не здавальняе, кожная старана мае толькі іншыя матывы для нездаволеньня.
Ясна, што мір гэты не крэпкі. Беларусам жа астаецца адзін шлях - шлях зацятай барацьбы з узурпатарамі правоў беларускага народу за сваю незалежнасьць i непадзельнасьць. Барацьба гэтая цяжкая, але на старане Беларусі справядлівасьць. Рана ці позна праўда возьме верх, i будзе яшчэ раз даказана ўсяму сьвету, што небяспечна ісьці проціў праўды i справядлівасьці.
[1] Вабішчэвіч А. 17.09.1939: Трыумф i трагедыя. // «Звязда». - 1992. 23 верасня. С. 1. З.
[2] Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы... // «Звязда». - 1992. 25 сак. С. 2.
[3] БДАМЛІМ. Ф. 3. Bon. 1. Спр. 241. Арк. 40.
[4] Тамсама, Спр. 240. Арк. 42.
[5] Cтанкевіч А. Прафэсар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: з яго жыцьця i працы (Рэфэрат, чытаны на жалобнай акадэміі, ладжанай Бел. Інст. гасп. i культуры ў Вільні дня 8 сьнежня 1934 г.). Вільня, 1935.
[6] БДАМЛІМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 240. Арк. 4 адв.
[7] НАРБ. Ф. 62. Воп. 1. Спр. 30. Арк. 1.
[8] Тамсама. Арк. 8.
[9] Тамсама. Спр. 243. Арк. 141.
[10] Тамсама. Спр. 241. Арк. 101.
[11] БДАМЛІМ. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 241. Арк. 33. Апошні рукапіс, які налічвае 154 с., захоўваецца ў бібліятэцы АН Літвы (аддзел рукапісаў, ф. 21, адз. зах. 134).
[12] Тамсама. Арк. 133.
[13] БДА. Ф. 878. Воп. 1. Спр. 18. Арк. 6-7.
[14] Поўны тэкст гл.: Спадчына. 1993, № 4. С. 12-22.
[15] Так у арыгіналв. Трэба - Віленскі,- А. В.
[16] Так у арыгінале. Лічба не супадае з прыведзенай у табліцы. - А. В.
[17] Праведзены ў Ніжняй Сілезіі і на Памор'і (спрэчныя паміж Польшчай i Германіяй тэрыторыі) пад апекай Лігі нацыяў (гарантамі бяспекі там выступалі французскія i амерыканскія войскі) плебісцыт меў трагічныя вынікі. Польскае насельніцтва гэтых земляў, нязгоднае з грубымі парушэннямі i фальсіфікацыямі вынікаў плебісцыту з боку Германіі, узнялося на ўзброеныя паўстанні. Межы часткова былі змененыя на карысць польскага боку.