Слуцкі фронт збройнага змаганьня за незалежную Беларусь
Да 75-х угодкаў Слуцкага збройнага чынуНовыя крыніцы
Сёлета сьвядомыя беларусы усяго сьвету сьвяткуюць вялікую дату ў айчыннай гісторыі - 75-я угодкі Слуцкага паўстаньня. Ад шматлікіх стыхійных антыбальшавіцкіх выступленьняў у пэрыяд замацаваньня бальшавізму ў Беларусі Слуцкае збройнае змаганьне адрозьніваецца сваім выразным нацыянальным зьместам i арганізаванасьцю. У свой час віленскі часопіс «Золяк» пісаў: «...факт Слуцкага Паўстаньня ставіць нас, беларусаў, на адну плошчу зь перадавымі народамі СССР (грузінамі, украінцамі), якія пасьля развалу Расейскае імпэрыі хоць i не змаглі утрымаць сваю палітычную незалежнасьць, то ў кожным выпадку вялі за яе упартае змаганьне». Праўда, адразу скажам пра гэта, характарызаваць слуцкія падзеі лістапада - сьнежня 1920 году як паўстаньне» ці «мяцеж» не зусім правільна. Паводле усіх канонаў паўстаньне ёсьць масавая адмова падпарадкоўвацца органам існуючай улады i законам, што дзейнічаюць на тэрыторыі дзяржавы; замах на зьмену дзяржаўнага ладу. У нашым выпадку бачым што цывільная улада ў Слуцку i ягоных ваколіцах у той час належала беларускай мясцовай уладзе - Беларускай Радзе Случчыны, абранай на павятовым зьезьдзе з удзелам прадстаўнікоў іншых мясцовасьцяў Беларусі. Пад загадам Рады знаходзіліся вайсковыя аддзелы 1-й Слуцкай брыгады стральцоў - арганізаванага беларускага нацыянальнага войска. Меў рацыю Юрка Віцьбіч, калі пісаў: «Знаходзячыся ў той час, ужываючы вайсковы тэрмін, на «нічыёй зямлі», случакі ужо тым самым аніяк не маглі паўстаць супраць расейскага, польскага, нямецкага або якога-небудзь іншага ураду. Яны, абараняючы сваю зямлю Беларусь... сустрэлі зброяй у руках вонкавы замах на зьмену дзяржаўнага ладу». У дачыненьні да слуцкіх падзеяў вызначэньне «паўстаньне» справядлівае, толькі калі казаць пра тактыку баявых дзеяньняў супраць колькасна пераважных i лепш узброеных бальшавіцкіх войскаў - тактыкі партызанскай ці паўстанцкай вайны. Пад якой канчатковай назвай Слуцкае збройнае змаганьне увойдзе ў гісторыю - збройны чын, абарончая вайна ці Слуцкі Фронт Беларускай Народнай Рэспублікі (пa удалым вызначэньні Ю. Віцьбіча), - вырашыць сама гісторыя, бо галоўнае тут у сутнасьці падзеі, а не ў яе назьве.
Ужо шмат напісана пра Слуцкае збройнае змаганьне (у першую чаргу ў заходнебеларускім друку міжваеннага часу, а таксама ў беларускай эмігранцкай прэсе пасьля 2-й сусьветнай вайны), але, думаецца, цэласная карціна паўстаньня дагэтуль яшчэ ня складзеная, ня ўсім яго ўдзельнікам - ад шараговага жаўнера да кіраўнікоў-камандзераў - аддадзена належнае. Таму кожнае новае дасьледаваньне, публікацыя архіўных матэрыялаў, якія дазваляюць глыбей зразу мець веліч i трагізм тых падзеяў, бліжэй падступіцца да ісьціны ў ацэнцы ix, безумоўна, будуць спрыяць, каб у айчыннай гісторыі ўсе меней заставалася «белых плямаў». I ня трэба баяцца, щто пры гэтым руйнуюцца старыя стэрэатыпы i міты. Урэшце рэшт, галоўным крытэрам заўсёды павінна заставацца гістарычная праўда.
Публікаваныя тут успаміны аб Слуцкім паўстаньні непасрэдных удзельнікаў падзеяў Сяргея Бусла i Васіля Русака маюць значную фактаграфічную каштоўнасьць. Асабліва гэта тычыцца асьвятленьня ў ix палітычных супярэчнасьцяў, якія існавалі сярод самых слуцкіх паўстанцаў. Гэтая праблема слаба распрацаваная ў айчыннай гістарыяграфіі. Між тым вельмі важна ведаць, якая была ў стане случакоў раскладка палітычных сілаў i як яна паўплывала на далейшую хаду i лес паўстаньня. Праўда, сьведчаньні Бусла й Русака наўрад ці могуць прэтэндаваць на поўную i ўсебаковую аб'ектыўнасьць. Па-першае, аўтары ўспамінаў самі былі актыўнымі ўдзельнікамі падзеяў, прычым належалі да адной з палітычных групаў, што змагалася за кіраўніцтва паўстаньнем. Па-другое, складзеная імі схема палітычнага супрацьстаяньня ў стане паўстанцаў («незалежнікі» - «балахоўствуючыя») вельмі спрошчаная i не зусім адпавядае рэчаіснасьці. Таму праблема патрабуе больш шырокай i грунтоўнай размовы.
Палітычная барацьба i супярэчнасьці, што мелі месца паміж рознымі групамі слуцкіх паўстанцаў, ёсьць адлюстраваньнем агульнага палітычнага расколу ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, які адбыўся задоўга да слуцкіх падзеяў. Калі зьвярнуцца да гісторыі, то першае сур'ёзнае разьмежаваньне ў беларускім нацыянальным руху ўзьнікла ўвосень 1917 г. у пытаньні стаўленьня да бальшавіцкага рэжыму. Тады пракамуністычная група А. Чарвякова i З. Жылуновіча, пакінуўшы Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ) - самую ўплывовую нацыянальную партыю, пазьней далучылася да маскоўскіх бальшавікоў, дарэмна спадзеючыся, што Ленін падорыць беларусам незалежнасьць i прывядзе ix да ўлады. Канчатковы развал БСГ адбыўся ў траўні 1918 г., калі яе народніцкае крыло на чале з Т. Грыбам у знак нязгоды з палітыкай цэнтрыстаў (A. Луцкевіча, Я. Варонкі, A. Смоліча, I. Серады ды інш.) на збліжэньне з правымі палітычнымі сіламі (хадэцыяй, Менскім народным прадстаўніцтвам) i пэўнай арыентацыяй на кайзэраўскую Нямеччыну выйшла са складу ўраду БНР i стварыла асобную Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПС-Р). У той жа час цэнтрысты i правыя сацыялісты арганізаваліся ў Беларускую партыю сацыялістаў-фэдэралістаў (БІІС-Ф) i Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП). Падчас польскай акупацыі Беларусі ў 1919-1920-м чарговая расколіна ў беларускім нацыянальным руху прайшла пa пытаньні стаўленьня да чарговых акупантаў. Калі беларускія эсэры, a ўсьлед за імі бальшыня сацыялістаў-фэдэралістаў сталі ў адкрытую апазыцыю да польскага акупацыйнага рэжыму, заклікаючы беларускае сялянства на збройнае змаганьне зь ім, то правая плынь беларускіх сацыялістаў (сацыял-дэмакраты) разам зь беларускай хадэцыяй ды іншымі арганізацыямі выступалі за пэўнае супрацоўніцтва зь некаторымі палітычнымі сіламі Польшчы (з Польскай партыяй сацыялістычнай ды інш.), спадзеючыся на рэалізацыю «фэдэралісцкай канцэпцыі» Ю. Пілсудзкага.
Палітычнае разьмежаваньне i стварэньне новых napтыяў - працэс аб'ектыўны, але ва ўмовах тагачаснае Беларусь зь нізкаю нацыянальнаю й палітычнаю сьвядомасьцю насельніцтва, калі ня вырашана галоўнае пытаньне нацыянальна-вызваленчага руху - стварэньне самастойнай i незалежнай беларускай дзяржавы,- гэта мела цяжкія наступствы. З аб'ектыўных прычынаў (адсутнасьць нацыянальнай буржуазіі, малалікасьць сярэдняе клясы i г. д.) праблематычным было стварэньне ўплывовай цэнтрысцкай нацыянальнай партыі. Слабасьць беларускага палітычнага руху, адсутнасьць шырокай падтрымкі нацыянальнай ідэі ў масах штурхала многіх на супрацоўніцтва з тою ці іншаю акупацыйнаю ўладаю. Прычым шмат хто зь беларускіх працаўнікоў рабіў гэта зусім сьвядома. Калі народ цёмны i маласьвядомы, эканамічна залежны i матэрыяльна занядбаны, то, лічылі яны, аніякія добрыя й палымяныя заклікі тут не дапамогуць. Патрэбна штодзённа i цярпліва працаваць для пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці, беларускай культуры й асьветы, ствараць нацыянальныя школкі й гімназіі, згуртоўваць сялянства ў сельскагаспадарчыя й спажывецкія каапэратыўныя таварыствы - г. зн. ствараць i ўмацоўваць будучыя культурныя й эканамічныя падваліны беларускай незалежнасьці, не зважаючы на тое, спрыяюць гэтаму вонкавыя ўмовы ці не. Прыхільнікі гэтак званай «чыстай» лініі, што дамагаліся незалежнасьці Беларусі зараз i неадкладна, рэзка i катэгарычна выступалі супраць любога супрацоўніцтва з акупантамі. Яны лічылі, што толькі праз набыцьцё Беларусьсю сваёй дзяржаўнасьці будуць створаныя перадумовы нацыянальна-культурнага адраджэньня беларускага народу. Так ці інакш, у тых цяжкіх палітычных варунках, у час пэрманэнтнай акупацыі то з Захаду, то з Усходу, асноўнай умовай у змаганьні за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі мела быць еднасьць нацыянальна-дэмакратычных сілаў, выпрацоўка адзінай стратэгічнай лініі дзеля зьдзяйсьненьня галоўнай агульнай мэты. Папраўдзе ўсё адбывалася наадварот - у беларускім нацыянальным лягеры ўвесь час ішла палітычная грызьня й валтузьня. Беларусы, як сьведчыць гісторыя, сьвядома ці несьвядома нярэдка йдуць па лініі самазьнішчэньня. На жаль, гэтага не пазьбеглі i слуцкія паўстанцы.
Роля вядучай i арганізацыйнай сілы ў Слуцкім збройным змаганьні, безумоўна, належыць беларускім эсэрам. На той час БПС-Р была самай уплывовай i шматлікай беларускай партыяй (налічвала каля 5 тыс. актыўных сяброў) i прэтэндавала на авангардную ролю ў нацыянальным руху як прадстаўніца i абаронца нацыянальных i сацыяльных правоў беларускага сялянства. Над ідэйным уплывам эсэраў знаходзіліся Цэнтральны беларускі саюз сельскай гаспадаркі, беларускія настаўніцкія хаўрусы ў Менску, Вільні й Горадні, шматлікія грамады беларускай моладзі й вучнёўскія гурткі. Пад непасрэдным кіраўніцтвам БПС-Р дзейнічала шырокая сетка пaртызанскіх аддзелаў, аб'яднаных «Сувязь беларускага працоўнага сялянства» (каля 20 тыс. чал.), якая, меркавалася, надалей складзе ядро будучага нацыянальнага войска. На Случчыне беларускія эсэры мелі, бадай, самыя моцныя пазыцыі ў параўнаньні зь іншымі паветамі. Пад кіраўніцтвам БПС-Р фактычна знаходзіліся ўсе мясцовыя нацыянальныя арганізацыі: Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны, Беларуская школьная павятовая рада, культурна-асьветны гурток «Папараць-Кветка» ca шматлікімі сваімі філіямі. Падчас польскай акупацыі Беларусі БПС-Р абвясьціла сябе трэцяй сілай, што змагаецца на два фронты за незалежнасьць Беларусы супраць польскіх інтэрвэнтаў i супраць «імпэрыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Кліч эсэраў: «Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камісараў. За Незалежную Беларусь!» стаў фактычна галоўным лёзунгам слуцкіх паўстанцаў. Сябры БПС-Р сталі галоўнымі ініцыятарамі скліканьня беларускага зьезду Случчыны, яны ж склалі бальшыню Беларускай Рады Случчыны - палітычнага цэнтру ўсяго паўстаньня.
I ўсё ж, нягледзячы на шматлікія заслугі перад беларускаю справаю, эсэры ў поўным сэнсе слова ня сталі тым аб'яднаўчым ядром, што згуртавала б усе здаровыя патрыятычныя сілы на час Слуцкага збройнага змаганьня. Апантаныя ідэямі ўсталяваньня ў Беларусі «дыктатуры працоўных масаў» i працягу сусьветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, яны адштурхнулі ад сябе нямала патрыятычна настроеных прыхільнікаў беларушчыны, пераважна сярод афіцэрства; якое не падзяляла клясавых пазыцыяў сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, але гатовае было стаць пад бел-чырвона-белы штандар для абароны роднага краю. Аўтары публікаваных тут успамінаў С. Бусел i В. Русак, на жаль, таксамы не змаглі ўнікнуць тэндэнцыйнасьці ў характарыстыцы й ацэнцы ролі, якую адыгралі г. зв. «балахоўствуючыя» ў слуцкіх падзеях. Пры гэтым гаворка ня йдзе пра авантурыстаў накшталт А. Паўлюкевіча ці Мацэля. Адмоўная роля ix вядомая. Дарэчы, ня менш «цьмяных» асобаў хапала i ў стане эсэраў. Але нельга забываць, што тыя самыя «балахоўцы» складалі аснову афіцэрскага складу 1-й Слуцкай брыгады i менавіта на іхныя плечы лёг асноўны цяжар арганізацыі ваеннай справы паўстанцаў. Акрамя таго, ня ўсе апанэнты эсэраў былі прыхільнікамі генэрала С. Булак-Балаховіча. Афіцэры Беларускай вайсковай камісіі (падпарадкоўваліся Найвышэйшай Радзе БНР), што прыехалі на дапамогу случакам з Лодзі (A. Якубецкі, А. Борык, Хв. Данілюк ды інш.), выступалі супраць ваеннага хаўрусу з «балахоўцамі». Аснова тых вольных паўстанцаў («зялёнадубаўцаў») ня мела пэўных палітычных перакананьняў. Галоўнае, што ix усіх аб'ядноўвала, - гэта змаганьне супраць акупантаў за Вольную Беларусь. Для тых, хто ішоў на сьмяротны бой супраць колькасна пераважнага i ўзброенага да зубоў ворага, не было важна, хто якіх палітычных перакананьняў. У думках кожнага змагара за Беларускую Свабоду было толькі адно - «Жыве Беларусь!».
Шмат вады сплыло пасьля тых лістападаўскіх дзён 1920 году. Сьцерлася, адышло ў цень усё штучнае i наноснае. Засталося галоўнае - масавы народны парыў у барацьбе за ідэю Незалежнасьці Бацькаўшчыны. I што б там ні брахалі ворагі беларушчыны, слуцкія паўстанцы застануцца ў нашай памяці як народныя змагары - «Тыя, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Прароча гучаць радкі верша Натальлі Арсеньневай:
Ці горка ім было як зьнічкі дагараць,ледзь да прысягі Бацькаўшчыне ўзьняўшы рукі,
ці ведаюць яны,
што за народ, за край
крывавяць скрозь яшчэ браты, сыны ды ўнукі?
Ці звоняць з году ў год ім звонкія лісты i «памяць вечную»,
i ca «сьвятымі»?
Ці знаюць -
не памрэ ніхто й ніколі з тых,
што аддалі жыцьцё,
каб жыць магла радзіма?
* * *
Ідучы за Яе ў нямінучы бой,
як сьцяг, ахрышчаны крывёю,
кожны
змагар ix памяць панясе з'сабой...
I - пераможам!
СЛУЦКАЕ ПАЎСТАНЬНЕ
Успаміны
Сяргей БУСЕЛ[1]
«Із-пад Слуцка, із-пад Клецкайдзе дружына маладзецка...»
Усе, хто хоць трохі цікавіўся беларускаю справаю, павінны ведаць аб Слуцкім паўстаньні ў 1920 г. Аб паўстаньні многа пісалася як аб факце, што 12 тысячаў слуцкіх паўстанцаў змагалася каля 2-х месяцаў за беларускую справу. Справа паўстаньня патрабуе высьвятленьня. Трэба абавязкова высьветліць, які ўдзел тая ці іншая беларуская палітычная група прымала ў паўстаньні, бо бяз працы палітычных груп магло б стацца, што паўстаньня зусім не было б, ці гэта былі проста «Зялёныя» [2], ці ў канцы палякі выкарысталі для сваіх захватніцкіх мэт. Праўда, гэта яны спрабавалі рабіць, але, убачыўшы, што нічога ня выйдзе, справакавалі паўстаньне.
Вярнуўшыся зь Менску, я быў адгароджаны ад роднае вёскі бальшавіцка-польскай пазыцыяй i толькі праз тыдзень вярнуўся ў вёску. Я сядзеў нікуды ня рыпаючыся, бо спадзяваўся, што палякі, як i раней, будуць душыць усё беларускае i працу весьці будзе вельмі цяжка, а цяпер дык i зусім немагчыма, бо наша мясцовасьць у той час знаходзілася ў ваенным стане.
У адзін памятны для мяне дзень прыходзіць к нам у хату кабета-суседка ды й кажа мне: «Чаго ты тут сядзіш? Я чула, што ў Слуцку зьбіраецца Беларусь». Верыў я ёй вельмі мала, але гэта мяне прымушала рабіць тыя ці іншыя прадугадываньні. У той жа вечар прыходзіць да мяне некалькі сялян i кажуць тое самае. Тут ужо прыйшлося чуткам больш-менш верыць. Сяляне радзілі мне паехаць у Слуцак, а хурманку дасьць обчаства, завяралі мяне. Я падзякаваў ім i абяцаўся пасьлязаўтра абавязкова паехаць. Назаўтра прыходзіў да мяне хлапец з суседняй вёскі i пытаецца аб тым, што робіцца ў Слуцку. Пасьля гэтага хлапца прыходзіў з другой вёскі настаўнік, сябра беларускае арганізацыі «Селянін», арганізаванае мною пры бальшавіках. Гэты мне расказваў, што гурток ix хацеў захапідь кіраўніцтва воласьцю ў свае рукі, пакуль палякі не паставілі яшчэ свайго войта, i сказаў, што па валасьцях езьдзіць нейкі беларускі дзеяч Бабарэка [3].
Цяпер я ўжо канчаткова рашыў ехаць у Слуцак. У Слуцку, увайшоўшы ў канцылярыю Беларускага Нацыянальнага Камітэту [4], мне ў вочы кінуўся такі малюнак: сядзела некалькі чалавек, каторыя ніколі ўдзелу ў беларускай справе не прымалі, i карагодзіў усей гэтай кампаніяй вядомы здраднік беларускай справы д-р Паўлюкевіч [5], каторы заўсёды бэсьціў усё беларускае. Мне тут не заставалася нічога рабіць, i я скіраваўся да аднаго сябра Камітэту, які жыў у Камітэце. На сьпех ён мяне паінфармаваў аб тым, што тут быў сход прадстаўнікоў гораду, праўда, адзін ці два чалавекі былі зь вёскі, што на тым сходзе выбралі ўсіх тых, каторыя сядзяць у канцылярыі, паўнамоцнымі прадстаўнікамі Камітэту. Даведаўшыся маё прозьвішча, Паўлюкевіч запрасіў мяне ў канцылярыю. Тут ён мне сказаў, што мяне, як i ўсіх тых, што тут знаходзяцца, сход выбраў прадстаўнікамі ў Камітэт. Ca мною ён стараўся гаварыць па-беларуску, так што мне трэба было вялікага ўсілку, каб утрымацца ад сьмеху. Я, разумеецца, сказаў, што ня бачу тут старых беларускіх працаўнікоў, i выказаў думку, што цяпер падхадзячы момант для паўстаньня. «Гэта i мы жадаем рабіць, але што зрабіць, калі беларускія працаўнікі ня хочуць разам з намі працаваць», - адказвае Паўлюкевіч. Я сказаў, што гэта злачынства, i калі яны адмовяцца, то павятовыя сябры аб'явяць ix здраднікамі. Дзякуючы гэтаму сход новых прадстаўнікоў Камітэту быў адложаны, пакуль я не перагаваруся ca старым Камітэтам.
Прыйшоўшы да аднаго сябра Прэзыдыюму i паклікаўшы іншых сяброў, зрабілі нараду. Пракулевіч [6] у дакладзе падкрэсьліў што Паўлюкевіч пастараўся ўвайсьці ў Камітэт з авантурнымі мэтамі i што стары Камітэт аднагалосна выказаўся за непрызнаньне новых прадстаўнікоў i байкатаваньне ix. Згаджаючыся з усім тым, што Паўлюкевіч ёсьць авантурыст, дык i з гэтага не выходзіць, што мы павінны ўмываць рукі, і, казаўшы такую думку, я прапанаваў перадаць справы Прэзыдыюму новага Камітэту, які мае сягоньня, злажыцца, a калі сябры Камітэту i беларускія працаўнікі ў новы Камітэт не павінны ўваходзіць, то я з Васілём Русаком [7] будзем працаваць у Камітэце неафіцыйна i пастараемся склікаць зьезд Случчыны, a інструктарскую справу па выбарах на зьезд прадстаўнікоў Камітэту аддалі мне для перадачы. Пастанова гэта была напісана рукою Русака, так што, калі яе падавалі, дык усе здагадаліся, што i Русак прыймаў удзел пры вынясеньні яе. Так што Русакова маска была прыпаднята, i яму не заставалася нічога, як толькі выйсьці. Застаўся я адзін… Перад адчыненьнем сходу я перагаварыўся з Паўлюкевічам i давёў яму, што я па сваіх асабістых варунках не магу ўвайсьці ў Камітэт, а буду рады працаваць неафіцыйна. Аб тым, што паставяць на павестку, далі першае слова мне, i я папрасіў паставіць пытаньне аб скліканьні зьезду. Пытаньне было пастаўлена, i пры абмеркаваньні прынята пастанова склікаць зьезд 17 кастрычніка [С. Бусел тут памыляецца ў даце скліканьня зьезду. Насамрэч было пастаноўлена склікаць беларускі зьезд Случчыны 14 лістапада 1920 г.- У. Л.]. Інструктарамі па выбарах прадстаўнікоў ад валасьцёў на зьезд былі пасланы: Дубіна Ўлас [8], Русак Васіль, я i яшчэ некалькі з павету, адрэкамэндаваных мною. Зьехалася 17 кастрычніка [адкрыцьцё зьезду адбылося 14.11.1920 г.- У. Л.] 105 прадстаўнікоў ад валасьцёў (у той лік уваходзяць раённыя начальнікі беларускае міліцыі). Прыехалі прадстаўнікі i ад усіх беларускіх гурткоў і, паміж іншым, прыехаў старшыня адной беларускае арганізацыі сялянін Мяшочак [9], каторы на зьезьдзе шмат прыкрасьцяў нарабіў групе «балахоўствуючых» на чале з Паўлюкевічам, так што i цяпер не прамінулі ў «аляксюкоўскай» газэце «Еднасьць» напісаць, што ў Пінскім павеце знаходзіцца М...- «апостал у лапцях». Праўда, Мяшочак на зьезьдзе, як i цяпер, быў у сялянскай вопратцы i ў лапцёх, але тут, мне здаецца, няма нічога брыдкага, ні сьмешнага. Яшчэ да зьезду пачала працаваць «тройка», каторая складалася з Паўлюкевіча, Бочка [10] i капітана Анцыповіча [11], гэтая «тройка» разаслала раённых начальнікаў міліцыі, заарганізавала штаб міліцыі, маючы на мэце, што гэты штаб будзе штабам ахвотніцкіх аддзелаў, i каторыя будуць рабаваць сялянства, як i ўсякія белагвардзейцы. З кіраўнікоў штабу, паміж іншымі, быў цяперашні здраднік паручнік Мацэля [12] вось з раённых на чальнікаў, Мацэлі i Паўлюкевіча злажылася на зьезьдзе моцная група «балахоўствуючых». На зьезд пасьпела вярнуцца з братам Балаховіча [13] дэлегацыя на чале з капітанам Самусевічам [14], каторую паслала «тройка». Вярнуўся з Варшавы i Жаўрыд [15], пасланы Нацыянальным Камітэтам. Ен прыехаў з упаўнаважаньнем ад Найвышэйшай Рады ў Варшаве [16]. На зьезьдзе ён сказаў, што Найвышэйшай Радай зроблены захады перад польскаю ўладаю i што калі сяляне Случчыны хочуць паўстаць, то дапамога будзе. Капітан жа Самусевіч даводзіў, што бальшавікі сюды ня прыйдуць i што Случчыну абароніць «бацька» Булак-Балаховіч [17], толькі нам трэба даць сваіх сыноў на змаганьне, i што ён назначаны Балаховічам фарміраваць у Слуцку полк i камандаваць ім. Сяляне ўсе, як адзін, выказаліся, што час настаў падняць сьцяг змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны. На вудачку ж "балахоўствуючых" яны не пайшлі. Яны добра разумелі, што ім нясе генерал Балаховіч, i не пайшлі за Найвышэйшай Радай, а выбралі сваю Раду Случчыны і даручылі ёй кіраваць паўстаньнем. Старшынем Рады быў абраны Уладзімер Пракулевіч. Убачыўшы, што кіраваньне паўстаньнем трапіла не ў яго рукі, Паўлюкевіч кінуў усё i выехаў зь сям'ёю за нэўтральны пас. Пасьля зьезду камандзір 11-й польскай дывізіі адмовіўся чым кольвек памагчы паўстаньню. Хадзілі чуткі, што гэтай справе памог язык Паўлюкевіча. Аднак Рада Случчыны ня пала духам: назначыла камандзірам брыгады капітана Анцыповіча i пастанавіла змагацца з тым аружжам, якое было. Месцам фармаваньня беларускага войска было назначана мястэчка Семежава, куды пераехала таксама i Рада. У гэты час Паўлюкевіч прыслаў сказаць, што ён не паедзе ў брыгаду дагэтуль, пакуль паўстанцы ня згоняць бальшавікоў (у той час ён лічыўся брыгадным доктарам). Ен, мусіць, спадзяваўся, што калі палякі не дапамогуць, дык паўстанцы адразу будуць разагнаныя.
Рада інтэнсіўна вядзе працу. Пратэст супраць захапленьня бальшавікамі Случчыны быў адасланы бальшавіцкаму ўраду i для апублікаваньня - за граніцу Рада паслала інструктараў растлумачыць, сялянам сучаснае становішча. Рада рэквізіцыяш не рабіла, але сяляне самі прывозілі для ўтрыманьня войска правізію. К гэтаму часу ўжо зьехаліся ўсе паўстанцы і хто на сваім кані вярхом, другія ca стрэльбай, з падводамі, наогул з тым, хто што меў. Хутка сфармаваўся полк, кавалерыйскі атрад i палкавы абоз. Тут-жа пры палку была адчынена майстэрня дзеля налады сапсаванай зброі. Камандзірам палка быў назначаны капітан Чайка [18]. Ен добра ведаў справу. Полк хутка пачаў узбройвацца стрэльбамі, адабранымі ад бальціавікоў. Капітан Чайка ня толькі добра выконваў пастановы Рады, але многа выяўляў асабістай ініцыятывы: палонных выпушчаў на волю, вымагаў ад падуладных яму афіцэраў не ўжываць цялесных караў, на якія былі вельмі прыткія афіцэры, уперад служачыя ў белагвардзейскіх аддзелах. Пры ім быў узяты ў палон чырвоны афіцэр з ротай. Чайка ўзяў к сабе на кватэру, каб ня даць зьдзеквацца над ім начальніку контрразведкі Мірановічу [19], a пасьля дапросу ў штабе пусьціў зусім. Калі папракнулі яго, чаму ён так робіць, дык Чайка адказаў: «Ну хоць бы самага камуніста выпусьцілі, дык мы гэтым нічога ня трацім, a наадварот, што было б у такога чалавека на душы? Ці мог ён больш ваяваць супраць нас? Мы павінны біць духам, a не аружжам».
Раз, калі паміж гутаркі закранулі асобу камуніста Кецко [20], дык Чайка сказаў: «Такога камуніста няма чаго нам баяцца. Я яму напішу пісьмо, i ён прыедзе да нас».
Кожны дзень паўстанцы рабілі напады на бальшавіцкія аддзелы, захоплівалі палонных i ваеннае дабро. Нярэдка нашы афіцэры палонных палітрукоў не адсылалі ў штаб, a расстрэльвалі на месцы. Бальшавікі не маглі захапіць жывым ніводнага нашага паўстанца i за гэта вымяшчаліся на сялянах. Як прыклад, раскажу адно здарэньне. Адзін раз разьведка паўстанцаў захапіла ў вёсцы Кажушкі роту чырвонаармейцаў, забіла палітрука i выйшла зь вёскі. Назаўтра, даведаўшыся аб гэтым, бальшавікі зь вялікім атрадам акружылі вёску Кажушкі, загналі ўсіх людзей на поле, паставілі супраць ix кулямёты i патрабавалі выдаць маючых зносіны зь беларускімі паўстанцамі. Сяляне маўчалі. Тады бальшавікі пачалі выбіраць з грамады па твары падазроных i адводзілі ў бок. Калі патрэбны лік людзей быў адабраны, дык сталі адганяць грамаду ад абрачоных на сьмерць, але грамада не адступалася. Падняўся страшэнны крык i плач дзяцей... Старыя прасілі паставіць ix пад кулі замест сыноў i ўнукаў, кабеты - замест мужыкоў, дзеці не адыходзілі ад сваіх бацькоў i моцна плакалі. У канцы бальшавікам, мусіць, надаела слухаць гэты разьдзіраючы душу канцэрт, i яны схапілі першых папаўшыхся ў рукі 2-х чалавек, расстралялі ix i спакойна пакінулі вёску, задаволіўшы свае крыважадныя інстынкты.
Справа паўстанцаў ідзе добра. Прыехала каля 12-ці чалавек, афіцэраў Беларускае Вайсковае Камісіі, каторыя пазорна здэзэртыравалі. Застаўся толькі капітан Андрэй Якубецкі з 3-ма ці што афіцэрамі, якія сумленна вялі працу да ліквідацыі самаго паўстаньня. Каля гэтага часу прыяжджае Паўлюкевіч i з Мацэлі вядуць акцыю проці Прэзыдыюму Рады. Тут неўзабаве ловяць пасланца Чайкі, адбіраюць у яго пісьмо да Кецкі. Сам пісьма гэтага не чытаў, але чуў, што Чайка пісаў пісьмо такога зьместу: «Я знаходжуся ў беларускай паўстанчаскай арміі i многа раблю карысьці дзеля нашай ідэі. Белагвардзейскай сволачы не пазваляю займацца мордабіцьцем i аслабаняю палонных». Пісьмо было дастаўлена ў штаб, i Чайку арыштавалі. Арыштаваны сядзеў пры контрразьведцы, начальнікам каторай паручнікам Мірановічам быў пушчаны на волю. Трэба сказаць, што паручнік Мірановіч за "час свайго начальстваваньня над контрразьведкай многа прарабляў надобных штук: расстрэльваў без суда, кажучы ca сьмехам: «Уцёк». Завёз за лінію паўстанчаскіх застаў аднаго арыштаванага камуніста Сенюка, кажучы, што брат твой памагаў мне i вось я хачу аддзякаваць. Сенюк быў пушчаны на волю. За астатнюю справу Рада ссадзіла з пасады i арыштавала паручніка Мірановіча i брыгаднага камандзіра Анцыповіча, але праз нейкі час ix адпусьцілі. З пабегам Чайкі пачалося адступленьне. У гэты час была асабліва дана воля разыграўшымся страсьцям: западозраных у камунізьме расстрэльвалі на мейсцы, а палонных аддавалі палякам. У той час была прадастаўлена ваенная дыктатура новаму камандзіру капітану Сокал-Кутылоўскаму [21]. Паўстанцаў гналі аж да нэўтральнага пасу. Пачакаўшы i раздабыўшы трохі аружжа, ім прыйшлося перайсьці граніцу. Тут палякі паўстанцаў раззброілі i інтэрніравалі. Частка, праўда, засталася i пайшла ў лясы, а частка «балахоўствуючага» элямэнту пайшла ў «Зялёны Дуб» к атаману Дзергачу [22]. Тут ужо «балахоўствуючая» група дала сваім страсьцям, так што жыхары Случчыны шмат пацярпелі ад ix. Хутка зьліквідоўваецца i «Зялёны Дуб», тагды адны «балахоўствўючыя» ступаюць на службу здраднікам беларускай справы Алексюку Ды інш., другія ў польскую дэфэнзыву і крадуць у сялян, каторыя пад бальшавікамі... [23] выдаюць галавой Беларускіх дзеячоў палякам i бальшавікам. Як, напрыклад, Мацэля, служачы ў польскае дэфэнзыве, аддаў бальшавікам беларускага дзеяча Бабарэку i палякам - Дубіну. Але колькі «балахоўствуючыя» ні кампрамітавалі Слуцкіх Паўстанцаў, у жыхароў Случчыны засталіся самыя лепшыя ўспаміны аб паўстаньні. Цяжка далося бальшавікам арганізоўваць валасныя i павятовыя іспалкомы, бо сяляне адмаўляліся прымаць удзел, кажучы: «Мы выбралі Раду i па 10 разоў ня будзем выбіраць». A ў вёсцы Гулевічах абралі сход выбраць сельсавет. На сход прыйшоў адзін стары дзед, каторы, мабыць, даўно не хадзіў на сходы. Доўга слухаў стары дзед на сходзе спрэчкі, а потым у канцы сказаў: «Што вы тут пераліваеце з пустога ў парожняе, яшчэ няма 5-ці хлопцаў-паўстанцаў зь вёскі, нешта-ж i яны думаюць». Пасьля гэтага сход ні з чым i разышоўся.
Дык вось. Аддаўшы сваіх сыноў на алтар Бацькаўдічыны, сяляне веруць, што доўгачаканую волю здабудуць, i гэтая вера ў сялян Случчыны ніколі не памрэ.
Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву [24]
1.3.1944 г.
м. Прага
Вельмі шаноўны сябру К. Езавітаў.
На Ваш ліст i матэрыялы па Случчыне адказаў пісулькай, цяпер пішу ліста. Пачну з надрукаванага ў часопісе «Беларус на варце» [25]. Артыкул набліжаецца зусім да праўды, але самае галоўнае недагаворана i што ня можа быць дагаворана, бо ўсю складаную ператасоўку праводзіў я i знаў Сяргей Бусел, якога зь Вільні вывязьлі. Часткова знаў Пракулевіч. Пасьля зьезду ў Менску 1920 года [26], на якім былі случчакі, мы былі зьвязаны партыйнаю дысцыплінаю, i таму было зроблена мною як-бы за кулісамі i толькі калі ўжо ня можна было выйсьці з палажэньня афіцыйна. Станавілася так справа, што ўся праца папярэдніх гадоў (гл. газ. «Наша Думка» за 1921 год, № 9 -11) [27] магла б пайсьці не на карысьць Беларускаму нацыянальнаму адраджэньню. «Тройка» - Паўлюкевіч, Мацэля i Бочка, якія арганізавалі мітынг у Слуцку, выбраўшы 9 дэлегатаў на пашырэньне Беларускага Нацыянальнага Камітэту, i ў гэты спосаб захапіць у сваё кіраўніцтва Камітэт. Было зроблена ўсё, каб гэтага ня сталася, а пры перагаворах прыйшлі да згоды склікаць зьезд Случчыны, каб ужо зьезд выдзяліў кіраўніцтва. Ужыта слова ня Слуцкага павету, а Случчыны з шырокім зьместам, бо былі прадстаўнікі i з другіх паветаў. Прадстаўнікі былі: ад вёскі па 2 дэлегаты, а ад беларускіх арганізацыяў па 5. Уся ідэалягічная нацыянальная праца вялася дужа сьцісла; былі выкліканы вучні зь месц, сябры «Папараць-Кветкі» [28], каб намеціць кандыдатаў на мейсцах, i праводзілі выбары. Першы дзень зьезда 14 лістапада 1920 года i выбары старшыні прайшлі як найлепей. Тагды «тройка» бачыць, што ўсе яе камбінацыі з Балаховічамі йдуць на змар, вырашылі паспрабаваць тэрор. З гэтаю мэтаю быў арыштаваны Асьвяцімскі [29] i пушчана правакацыя на старшыню зьезда Русака, а гэта ўжо была бестактоўнасьць, бо ніхто ніяк ня мог маральна сказаць слова на яго, бо добра ведалі як аднаго з чэсных змагароў-рэвалюцыянэраў; беларускіх дзяржаўнікаў. На другі дзень пайшло бурленьне, пачалі ўносіць рэзалюцыі. Ix было тры. Каб не разьбіваць галасоў, адна была зьнята, дзе вітаўся ўрад Народнай Беларускай Рэспублікі [30]. Дзьве другія былі прыняты для ўжытку [31], i старшыня пасьля ix прыняцьця канчаткова зьбіў Паўлюкевіча, а тымсамым даў знаць брату Балаховіча, што няма чаго ў Случчыне рабіць. Гэта было так: пасьля прыняцьця рэзалюцыі, дзе віталася Найвышэйшая Рада БНР, старшыня зьезду, ведаючы, што Павал Жаўрыд меў грамату ад Найвышэйшай Рады, зараз даў слова між чаргі яму як прадстаўніку Найвышэйшай Рады... [32] Тут «балахоўцы» многія кінуліся крычаць: «Як так...» Тады старшыня... [33] усьцешыў i разьясьніў, у чым справа, i ўсе крыкі ўжо няўмесны, паколькі прынята рэзалюцыя аб прызнаньні Найвышэйшай Рады БНР i мусімо выслухаць яе камісара. Пасьля чаго была выбрана Рада Случчыны зь 17-ці асоб, якая зь сябе выдзяліла Прэзыдыюм зь 7-мі сяброў, старшынёю быў Уладзімер Пракулевіч.
Пасьля зьезду разьвярнулаоя гарачая рэвалюцыйная праца, бо час не чакаў. У Слуцак наплывала шмат народу, якія ўцякалі ад маскоўскай навалы. Быў выдадзены пратэст на імя першага камісара Леніна праз дэлягацыю, якая была пры польскім штабе на перамовах па перамір'ю, што тычылася ўваходу Чырвонай арміі на Беларусь i якая не прызнавала яе тэрыторыі; што калі ня будзе прыняты гэты пратэст к пагадненьню, то Рада Случчыны выклікае... [34] жыхарства i павядзе яго нааружнае змаганьне. У дадзены тэрмін адказу ня было, тагды Рада Случчыны выдала заяву аб зборцы ў мяст. Семежава i прыняцьці фарміраваньня 1-е Слуцкай брыгады войск БНР, так што на базе міліцыі арганізоўвалі ўжо войска на барацьбу з ворагамі Дзяржаўнай Незалежнасьці Беларусі. Каб паказаць перад Саветамі ўжо сваю правату i за што змагацца, Рада Случчыны 28-29.XI.1920 г. у м. Семежаве выдала Дэклярацыю, якая падзялялася на ўступ i 8 аддзелаў пры ім. Да Семежава прыехаў прадстаўнік Найвышэйшай Рады Тэрэшчанка [35], які, пабачыўшы, як стройна йшлі жаўнеры Случчыны, расплакаўся, раздаваў усё, што меў. На паседжаньні Рады гаварыў, што ён увойдзе ў перагаворы з Польскаю ўладаю i дапаможа нам амуніцыяй i аружжам, што Беларуская Вайсковая Камісія ў Лодзі накіравала нам афіцэраў. Аб аніякай помачы амуніцыяй i аружжам ня было ні слуху ні духу, a некалькі афіцэраў прыбыло. Частка ix была сумленна i нават патрыятычна, другая частка пабаялася, i яны пакінулі Семежава. Пасьля ўдалых i няўдалых баёў (гл. часопіс «Новы Шлях», год 5-ы ад 25 лістапада 1937 года; № 3/24) [36]. Далейшыя падзеі пайшлі, як ты пісаў.
Што тычыцца асобаў, ix характарыстык, то проста ўстрымліваюся, паколькі ня ведаю, у якім яны стане ёсьць i дзе. Ведаю толькі, што Кутылоўскі-Сокал у Ганцавічах цяпер, a Якубоўскі [37] у Дзьвінску, Уладзімер Пракулевіч быў пракурорам суда, Павал Жаўрыд юрыст пасьля Варшаўскага ўнівэрсытэту, Паўлюкевіч ваенны ўрач. Мацэлі, здаецца Вы яго ведалі, бо нейкі час быў у Менску ў Беларускай Вайсковай Камісіі, потым Рада Случчыны дала дзеля сувязі ў штаб Балаховіча, як Балаховіч i Савінкаў [38] далі тагды афіцэра дзеля сувязі, бо Рада Случчыны вяла зь імі кантакт як з вайскоўцамі... [39] прызыў у Рады Случчыны быў: «Ні польскага пана, ні маскоўскага камісара».
Прадмова, публікацыя i камэнтары Уладзімера ЛЯХОЎСКАГА
Аўтар публікацыі шчыра дзякуе за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі супрацоўніцы БДАМЛіМ Тацяне Кекелевай i мастацкаму рэдактару выдавецтва «БелЭн» Віктару Мінько. Біяграфічныя зьвесткі ўдакладненыя.
[1] Адзін са слуцкіх паўстанцаў, вядомы нацыянальны дзяяч Сяргей Бусел нарадзіўся ў 1901 г. у в. Сухаўчыны Быстрыцкай воласьці Слуцкага пав. Пасьля сканчэньня Раманаўскай вышэйшай пачатковай вучэльні (1916) у жніўні 1917 г. паступіў у Слуцкую злучаную земскую (беларускую) гімназію, заснаваную зь ініцыятывы Радаслава Астроўскага. Падчас вучобы ў гімназіі сыходзіцца зь вядомымі беларускімі дзеячамі Р. Астроўскім, Ф. Шантырам, П. Жаўрыдам, М. Асьвяцімскім i актыўна ўключаецца ў нацыянальны рух. Разам зь Янкам Ракуцькам, Антонам Каберцам ды іншымі навучэнцамі закладае бела рускі культурна-асьветны гурток «Папараць-Кветка», які адыграў вялікую ролю ў пашырэньні нацыянальнай сьвядомасьці сярод беларусаў Случчыны. Увосень 1918 уступіў ў партыю беларускіх эсэраў (БПС-Р), уваходзіць у яе слуцкі камітэт. Падчас польскай акупацыі ў 1919-1920 гг. актыўны ўдзельнік падпольнага й партызанскага руху супраць акупантаў, сябра Часовага Беларускага Нацыянальнага Камітэту Случчыны, як прадстаўнік мясцовага камітэту браў удзел у зьезьдзе БПС-Р у сакавіку 1920 г. у Менску. Адзін з арганізатараў Беларускага зьезду Случчыны 14-15 лістапада 1920 г. Падчас паўстаньня на даручэньне старшыні Беларускае Слуцкае Рады Ул. Пракулевіча прымаў чынны ўдзел у фармаваньні 1-й Слуцкай беларускай брыгады ў м. Семежава. Пасьля зьліквідаваньня Слуцкага збройнага чыну - у складзе Беларускае вайсковае камісіі, у якасьці яе рэзыдэнта вёў эсэраўскую агітацыю сярод сялянаў Горадзеншчыны i жаўнераў беларускае брыгады ў Лодзі. Пасьля скасаваньня палякамі БВК у 1921 г. пераяжджае ў Вільню, дзе знаходзіцца на нелегальнай працы па заданьні сваёй партыі. Пазьней, каб пазьбегнуць арышту, перабіраецца ў Летуву, дзе па сустрэчы з Вацлавам Ластоўскім нейкі час працуе ў прадстаўніцтве БНР у Коўне., Па рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у 1922 г. едзе на вучобу ў Чэхаславаччыну, у Праскую вышэйшую тэхнічную школу (акадэмію). Падчас навучаньня на агранамічным факультэце актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускай эміграцыі: блізка сыходзіцца з Тамашом Грыбам, Язэпам Мамонькам, Палутай Бадуновай, Міколам Чарнецкім, уваходзіць у Загранічнае Бюро БПС-Р, актывіст эсэраўскай студэнцкай арганізацыі «Вольная Грамада». Пасьля заканчэньня вучобы ў 1931 г. пераяжджае ў Вільню. Удзельнічаў у працы Беларускага Нацыянальнага Камітэту, у шэрагу іншых грамадзкіх арганізацыяў, супрацоўнічаў з часопісам «Золак». У верасьні 1939 г., з прыходам у Вільню бальшавікоў, разам зь Я. Пазьняком, Ул. Самойлам, А. Трэпкам ды інш. быу арыштаваны НКВД i пазьней вывезены ў СССР. Далейшы лес невядомы. Свае ўспаміны пра Слуцкі збройны чын Сяргей Бусел напісаў у пачатку 1922 г. у Коўне. Яны былі перададзеныя Вацлаву Ластоўскаму для публікаваньня ў часопісе «Крывіч», але зь нявысьветленых прычынаў тады ня ўбачылі сьвету. Машынапісная копія ўспамінаў захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры i мастацтва: ф. 3, в. 1, спр. 56, арк. 157-163.
[2] Маюцца на ўвазе паўстанцкія аддзелы «Зялёнага Дуба» - беларускай сялянскай арганізацыі, якая дзейнічала ў Беларусі ў 1919-1922 гг. Беларускія эсэры, якія складалі бальшыню Беларускай Рады Случчыны, адмаўляліся ісьці на шчыльны саюз зь «зялёнадубаўцамі» з-за «палянафільскіх» ухілаў некаторых лідараў гэтай арганізацыі. З-за гэтага дапамога «зялёных» абмяжоўвалася перадачаю для паўстанцаў невялікіх партыяў зброі ды выбуховых рэчываў.
[3] Бабарэка Пётра, ураджэнец сяла Старыцы Слуцкага пав., актыўны ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. З канца 1918 г. увайшоў у партыю беларускіх эсэраў. У 1919-1920 гг. лічыўся студэнтам менскага Беларускага пэдагагічнага інстытуту. З восені 1919 г. зноў на Случчыне, сябра Беларускага Нацыянальнага Камітэту Случчыны; чынна ўдзельнічаў у антыпольскім падпольлі. У кастрычніку - лістападзе 1920 г. накіраваны беларускімі эсэрамі ў Вызьнянскую, Грэскую, Цімкавіцкую ды інш. воласьці Случчыны агітатарам для арганізацыі тут выбараў дэлегатаў на беларускі зьезд. Увайшоў у склад Беларускай Рады Случчыны, быў прызначаны вэрбунковым афіцэрам для арганізацыі збройных аддзелаў паўстанцаў. Прывёў пад сьцягі 1-й Слуцкай беларускай брыгады больш за 1000 дабрахвотнікаў. У 1921 г. арыштаваны ОГПУ. Далейшы лес невядомы.
[4] Беларускі Нацыянальны Камітэт у Слуцку, орган беларускіх нацыянальных арганізацыяў Слуцка i Слуцкага павету ў 1917- 1920 гг. З восені 1918 г. знаходзіўся пад уплывам беларускіх эсэраў. З прыходам у павет бальшавікоў перайшоў на нелегальнае становішча. Падчас польскай акупацыі ў 1919-1920 гг. узначальваўся П. Жаўрыдам, стаяў на антыпольскіх пазыцыях. У часе летняга наступу Чырвонай арміі фактычна быў зьліквідаваны. Пасьля паўторнага прыходу ў павет польскіх легіянэраў 1.11.1920 г. на гарадзкім сходзе случакоў у прысутнасьці 500 чалавек быў абраны новы склад Камітэту на чале з А. Паўлюкевічам, які з бальшынёю новаабраных сяброў стаяў за супрацоўніцтва з палякамі. Пасьля зьезду Случчыны (14-15.11. 1920) перадаў усе свае паўнамоцтвы Беларускай Радзе Случчыны.
[5] Паўлюкевіч Арсен (?-?), ураджэнец Случчыны. Далучыўся да беларускага руху ў 1920 г., зь лістапада ўзначаліў БНК у Слуцку, удзельнік зьезду Случчыны, дзе быў супернікам Ул. Пракулевіча ў барацьбе за пасаду старшыні Беларускай Рады Случчыны. Падчас паўстаньня загадваў шпіталем паўстанцаў. У 20-я гг. жыў у Вільні, адзін час узначальваў там Беларускую Раду, быў палітычным апанэнтам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Зьяўляўся двайным агентам польскае дэфэнзывы i савецкага ОГПУ. У 1928 г. як савецкі шпіён асуджаны польскім судом на 12 год катаргі. Далейшы лес невядомы.
[6] Пракулевіч Уладзімер Міхайлавіч (1887-20.8.1938), беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец в. Красналукі Барысаўскага пав. 3 1919 г. сябра партыі беларускіх эсэраў, уваходзіў у БНК Случчыны. На зьезьдзе Случчыны абраны старшынём прэзыдыюму Беларускай Рады Случчыны. 3 1921 г. у Віл'ьні, уваходзіў у Віленскі БНК. У 1922 г. у ліку «33-х» высланы польскімі ўладамі ў Летуву; быў кааптаваны ў склад ураду БНР Вацлава Ластоўскага на пасаду дзяржаўнага сакратара. 3 восені 1922 г. пераяжджае ў Прагу, дзе быў адным зь лідараў Беларускае Рады. З 1925 г. у БССР, працаваў у Інбелкўльце i Веларускай Акадэміі навук. Арыштаваны ОГПУ па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» 18.7.1930 г. У красавіку 1932 г. на 5 год высланы ў Перм. У 1938 г. пасьля паўторнага арышту расстраляны.
[7] Русак Васіль Максімавіч (22.3.1896-1950-я гг.), вядомы беларускі нацыянальны дзяяч, прадпрымальнік. Ураджэнец в. Ячава Слуцкага пав. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны з жніўня 1915 г., ваяваў на Паўночным фронце. У весну 1917 г. уступіў у БСГ, адзін зь лідараў Беларускай Рады беларусаў-вайскоўцаў на Паўночным фронце, удзельнік вайсковага зьезду беларусаў Паўночнага фронту ў сьнежні 1917 г. у Віцебску. Тады ж быў дэлегаваны на Ўсебеларускі зьезд у Менск. Пасьля разгону Усебеларускага зьезду бальшавікамі вяртаецца на фронт, дзе працуе ў Беларускім вайсковым камітэце ў Воршы. Пасьля падпісаньня Берасьцейскай угоды i дэмабілізацыі ў пачатку 1918 г. вяртаецца на Случчыну, дзе працуе ў мясцовым Беларускім Нацыянальным Камітэце i вучнёўскім гуртку «Папараць-Кветка». У траўні 1918 г. быў адным зь ініцыятараў стварэньня партыі беларускіх эсэраў (БПС-Р), увайшоўшы ў ЦК партыі. Увосень таго ж году арыштаваны немцамі як беларускі сацыяліст i кінуты ў вастрог. У сьнежні 1918 г. пасьля эвакуацыі кайзэраўскіх войскаў са Случчыны прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі «Саюзу абароны краю».
З прыходам бальшавікоў працаваў у валасных i сельскіх установах як выбраны ад сялянства, адначасова ня кідаючы нацыянальна-культурную працу. У сакавіку 1919 г. арыштаваны балыпавікамі, але празь месяц без выстаўленьня абвінавачаньня выпушчаны з турмы пад заклад 3 тыс. рублёў, якія сабралі беларускія сяляне. Будучы на волі, усё лета хаваўся па сялянскіх хатах. Падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. актыўны ўдзельнік падпольнага руху супраць чарговых акупантаў, сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту Случчыны, кіраваў беларускім хорам культурна-асьветнага гуртка «Папараць-Кветка», разам з аматарскай тэатральнай трупай гуртка езьдзіў па Случчыне са спэктаклямі, у якіх прымаў удзел як артыст пад псэўданімам Базыль Карусь. У ліпені 1920 г. з прыходам савецкіх войскаў быў прызваны ў Чырвоную армію i адбываў вайсковую службу ў Слуцку.
Падчас Беларускага зьезду Случчыны абраны яго старшынём, увайшоў у склад прэзыдыюму Беларускай Рады Случчыны. Пасьля ліквідацыі Слуцкага паўстаньня быў прызначаны лектарам Беларускай вайсковай камісіі, нелегальна вёў эсэраўскую агітацыю сярод беларускага батальёну БВК i беларускага сялянства Баранавіцкага павету. Ратуючыся ад польская дэфэнзывы, у траўні 1922 г. пераехаў у Коўна (Летува), займаўся арганізацыяй партызанскіх аддзелаў на Віленшчыне супраць палякаў, быў у цеснай сувязі зь літоўскімі стралецкімі арганізацыямі.
У канцы 1922 г. з рэкамэндацыі прадстаўніцтва БНР у Коўне выяжджае на вучобу ў Чэхаславаччыну, дзе ўвосень 1923 г. пасьля атрыманьня матуры паступае ў Праскую вышэйшую тэхнічную школу на агранамічны факультэт. Падчас вучобы актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці беларускай эміграцыі: уваходзіць у Загранічную групу БПС-Р, адзін зь кіраўнікоў Аб'яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў за граніцай i Заходняй Беларусі (АБСА), супрацоўнічае з часопісам «Перавясла» ды інш. Пасьля атрыманьня вышэйшай адукацыі застаецца жыць у Празе, ажаніўшыся зь мясцовай дзяўчынай; займаецца прадпрымальніцтвам i дабрачыннай дзейнасьцю на карысьць беларускай справы.
Пасьля стварэньня культурна-асьветнага таварыства імя Ф. Скарыны актыўна ўдзельнічаў у яго працы. З 1931 г. узначальваў Праскі Беларускі нацыянальны камітэт, за свой кошт выдаў 2 мэмарандумы на францускай мове ў адрас Лігі Нацыяў у абарону нацыянальных правоў беларускага народу. У 1934 г. выдаў беларускі народны сьпеўнік лацінкаю. У 1936 г. быў адным з арганізатараў сумеснага беларуска-ўкраінскага фэсту народнай песьні, фундаваў часопіс «Iskry Skarynu». Улетку 1939 г. выдаў інфармацыйную брашуру «Віеіаrus - Weissruthenien» з этнаграфічнай мапай Беларусі. У 1941 г. паводле асабістага праекту выдаў «Беларускі герб», які спалучаў «Пагоню» i імянны знак Ф. Скарыны (сонца зь месяцам), а таксама падручнік нямецкай мовы для беларусаў. У час фашыстоўскай акупацыі ў Празе хаваў у сябе дома гэбрайскія сем'і. У 1944 г. адмовіўся ехаць на 2-гі Ўсебеларускі кангрэс па запрашэньні Р. Астроўскага. Пасьля прыходу ў Чэхаславаччыне да ўлады камуністаў быў выданы савецкім уладам i вывезены ў Менск. Пасьля выраку «суда» асуджаны на канцлягер. Паводле непацьверджаных зьвестак памёр у зьняволеньні ў пачатку 1950-х гг.
[8] Дубіна Ўлас Васілевіч (?-?), ураджэнец в. Ісерна Слуцкага пав. Актывіст партыі беларускіх эсэраў, сябра БНК Случчыны i беларускага культурна-асьветнага гуртка «Папараць- Кветка». На зьезьдзе Случчыны абраны ў склад Беларускай Рады Случчыны. Пасьля зьліквідаваньня Слуцкага збройнага чыну як інструктар Віленскага БНК арганізоўваў беларускія школкі, культурна-асьветныя гурткі i каапэратывы ў Ашмянскім i Лідзкім паветах, адначасова праводзячы сярод беларускіх сялянаў эсэраўскую агітацыю. У 1922 г. у ліку «33-х» высланы польскімі ўладамі ў Летуву. З 1923 г. у БCCP, працаваў у саўгасе вёскі Гнойны Рак. У 1933 г. арыштаваны ОГПУ i высланы за межы БССР. Далейшы лес невядомы.
[9] Біяграфічныя зьвесткі пра сябру Беларускай Рады Случчыны Мяшочка адсутнічаюць.
[10] Біяграфічныя зьвесткі пра Бочка адсутнічаюць.
[11] Біяграфічныя зьвесткі пра капітана Анцыповіча вельмі скупыя. Сябра Беларускай Рады Случчыны, прыхільнік хаўрусу слуцкіх паўстанцаў з Булак-Балаховічам. Першы камандзер 1-й Слуцкай беларускай брыгады. Далейшы лёс невядомы.
[12] Мацэлі (? - ?), афіцэр (у чыне капітана) Беларускай вайсковай камісіі. Яшчэ ў траўні 1920 г. накіраваны БВК як вэрбунковы афіцэр у Слуцкі i Пінскі паветы. Падчас паўстаньня накіраваны Беларускаю Радаю Случчыны ў штаб войскаў Булак-Балаховіча для сумеснай каардынацыі дзеяньняў. Пазьней знаходзіўся ў Заходняй Беларусі. Далейшы лёс невядомы.
[13] Маецца на ўвазе брат Станіслава Булак-Балаховіча Язэп (Юзік), які камандаваў адным зь яго кавалерыйскіх аддзелаў. У якасьці назіральніка прысутнічаў на зьезьдзе Случчыны. У 1922 г. забіты «чырвонымі» партызанамі ў Белавескай пушчы.
[14] Капітан Самусевіч як адзін з афіцэраў ген. Булак-Балаховіча ўвосень 1920 г. быў накіраваны на. Случчыну для вэрбаваньня дабрахвотнікаў.
[15] Жаўрыд Павал Якубавіч (1.6.1889 - 1937), беларускі палітычны й грамадзкі дзяяч. Ураджэнец вёскі Цецераўка Слуцкага пав. Скончыў Слуцкую мужчынскую гімназію (1909), вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны з 1916 г., скончыў вайсковую вучэльню для малодшых афіцэраў. Удзельнік Усебеларускага зьезду ў сьнежні 1917 г. як дэлегат беларусаў-вайскоўцаў Румынскага фронту. Пасьля дэмабілізацыі працаваў на Случчыне ў земскіх установах, удзельнічаў у працы БНК Случчыны, культурна-асьветнага гуртка «Папараць-Кветка». Улетку г. арыштаваны бальшавікамі па абвінавачаньні ў анты- савецкай дзейнасьці. Падчас польскай акупацыі ў 1919 - 1920 гг. узначальваў БНК Случчыны. Увосень 1920 г. Найвышэйшай Радай БНР прызначаны яе паўнамоцным камісарам у Слуцкім павеце, на зьезьдзе Случчыны выбраны ў склад прэзыдыюму Беларускай Рады Случчыны. 3 1921 г. у Вільні, уваходзіў у Віленскі БНК, быў адным з закладнікаў Таварыства беларускай школы, уваходзіў у яго Наглядальную Раду. 3 1923 г. у БССР, працаваў выкладчыкам у Мар'інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, супрацоўнікам Інбелкульту, рэдактарам газэты «Зьвязда». 18.7.1930 г. арыштаваны ОГПУ па справе «СВБ». 10.4.1931 асуджаны на 3 гады спэцлягероў. Пасьля вызваленьня працаваў бугальтарам у Сарапуле (Удмуртыя), падтрымліваў шчыльныя сувязі зь вяцкімі ссыльнымі літаратуразнаўцам Адамам Бабарэкам, Генадзем Багдановічам ды інш. У 1937 г. паўторна арыштаваны, асуджаны на 10 год канцлягероў, расстреляны.
[16] Найвышэйшая Рада БНР, прадстаўнічы орган беларускіх партыяў i арганізацыяў у 1919-1921 гг., што выступалі з тактичных меркаваньняў за супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Утворана 13.12.1,919 г. у складзе А. Смоліча, Я. Лёсіка, I. Серады, К. Цярэшчанкі i С. Рак-Міхайлоўскага пасьля расколу старой Рады ВНР на сэсіі ў Менску. Кабінэт міністраў Найвышэйшай Рады ўзначаліў A. Луцкевіч, а пасьля ягонай адстаўкі гэтыя абавязкі выконваў фактычна В. Іваноўскі. Спыніла існаваньне ўлетку 1921 г.
[17] Булак-Балаховіч Станіслаў Нікадзімавіч (29.1.1883-1939?), ваенны i палітычны дзяяч. Ураджэнец Браслаўскага пав. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны i расейскай грамадзянскай вайны. У студзені 1920 г. быў прыняты на службу ca сваім конным эскадронам у склад збройных сілаў БНР, па дамоўленасьці з палякамі ca сваімі збройнымі аддзеламі перадысьлякаваўся на Палесьсе, у складзе польскага войска ўдзельнічаў у летніх баёх 1920 г. з Чырвонай арміяй. У лістападзе па дамоўленасьці з Б. Савінкавым узначаліў Хаўрусную Народную армію i ажыцьцявіў ваенны паход на Палесьсе з мэтаю ліквідацыі савецкай улады ў Беларусі i Расеі, але з-за колькаснай перавагі Чырвонай арміі i слабой падтрымкі насельніцтва мусіў адысьці на польскі бок дэмаркацыйнай лініі.
[18] Чайка Павал Пятровіч (21.6.1889-9.1.1921), ураджэнец вёскі Лютавічы Вызьнянскай воласьці Слуцкага пав. Скончыў мужчынскую гімназію ва Уладзівастоку (1909) i Іркуцкую вайсковую вучэльню (1912). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны, за асабістую мужнасьць узнагароджаны ордэнамі Сьв. Ганны 3-й i 4-й ст., Сьв. Уладзімера 4-й ст. i Сьв. Станіслава 3-й ст., даслужыўся да чыну штабс-капітана. Увосень 1920 г. дэзэртаваў з Чырвонай арміі i далучыўся да паўстанцаў, узначаліўшы 1-шы Слуцкі полк. Зьяўляўся стаўленікам беларускіх эсэраў. Пасьля таго як пакінуў шэрагі паўстанцаў, быў абвінавачаны. бальшавіцкімі камісарамі ў здрадзе савецкай уладзе i на вырак «тройкі» Асобага аддзелу 16-й арміі на чале з будучым кіраўніком ОГПУ БССР Я. Ольскім расстраляны.
[19] Біяграфічныя зьвесткі пра паручніка Мірановіча адсутнічаюць.
[20] Маецца на ўвазе Кастусь Кецка, былы сябра партыі беларускіх эсэраў, сябра БНК Случчыны, адзін з арганізатараў гарадзкой i павятовай міліцыі Случчыны, што склада аснову збройных сілаў. Улетку 1920 г. стаў на бок бальшавікоў, быў ваенным камісарам Вызьнянскага валаснога рэўкама.
[21] Сокал-Кутылоўскі Антон Андрэевіч (1892-1983) беларускі вайсковы i палітычны дзяяч. Ураджэнец урочышча Красная Горка Слуцкага пав. Скончыў прыродазнаўчы факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту (1914). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны, скончыў Казанскую вайсковую вучэльню (1915) у чыне падпаручніка. У 1918 г. у складзе Дабрахвотнай арміі ген. Дзянікіна. У студзені 1919 г. мабілізаваны ў Чырвоную армію, зь ліпеня 1919 г. у арміі ген. Юдзеніча ў складзе Левінскага палка. Актыўны ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, напрыканцы паўстаньня Беларускай Рады Случчыны прызначаны ваенным дыктатарам паўстанцаў. Пасьля інтэрнаваньня 1-й Слуцкай беларускай брыгады ў складзе Беларускае вайсковае камісіі. У міжваенны час (1921-1939) жыў у Заходняй Беларусі. У 1939 г. арыштаваны бальшавікамі. У час 2-й сусьветнай вайны старшыня Ганцавіцкага аддзяленьня Беларускай народнай самапомачы (БНС). З 2-й паловы 1944 г. у Нямеччыне, афіцэр Беларускай краёвай абароны (БКА). У сьнежні 1944 г. узначаліў 1-шы Беларускі полк навастворанай дывізіі «Беларусь», якая была адпраўленая немцамі на Заходні фронт. Пасьля інтэрнаваньня дывізіі амэрыканцамі знаходзіўся ў Баварыі. У верасьні 1945 г. падпалкоўнік Сокал-Кутылоўскі схоплены аддзелам СМЕРШу i перапраўлены ў СССР. 21.8.1948 г. у Менску засуджаны савецкім судом на 12 гадоў канцлягероў. Пасьля выхаду са зьняволеньня ў 1956 г. жыў у Польшчы.
[22] Дзяргач, партыйная мянушка Адамовіча Вячаслава Вячаслававіча (? - ?), аднаго зь лідараў сялянскай паўстанцкай арганізацыі «Зялёны Дуб» i начальніка штабу ягоных партызанскіх аддзелаў. Скончыў Гідратэхнічныя i агранамічныя курсы ў Пецярбурзе (1914). Быў карэспандэнтам газэты «Наша Ніва» з 1912 г. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. 3 1918 г. жыў у Менску, вучыўся на 1-х Менскіх беларускіх пэдагагічных курсах. Падчас польскай акупацыі 1919 -1920 гг. сябра Беларускай вайсковай камісіі, удзельнічаў у працы Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, сьпяваў у беларускім хоры Ул. Тэраўскага, карэспандэнт i аўтар артыкулаў у газэтах «Звон» i «Беларусь». У траўні 1920 г. накіраваны БВК як вэрбун- ковы афіцэр i інструктар у Слуцкі павет. Нягледзячы на перашкоды, чыненыя беларускімі эсэрамі, арганізаваў тут вэрбунковыя пункты для дабрахвотнікаў у паўстанцкія аддзелы «зялёнадубаўцаў». 3 2-й паловы 1920 г. як сябра Беларускага палітычнага камітэту ў Варшаве i як вайсковы атаман «Зялёнага Дуба» шчыльна ўзаемадзейнічаў з С. Булак-Балаховічам. У пачатку 20-х гг. фактычна кіраваў антысавецкім партызанскім рухам «зялёных» у БССР. У 20-30-я гг. працягваў актыўную палітычную дзейнасьць у Заходняй Беларусі. Далейшы лёс невядомы.
[23] Неразборліва.
[24] Публікаваны ліст захоўваецца ў асабістым фондзе Васіля Русака ў Беларускім дзяржаўным архіве: ф. 459, в. 1, спр. 9, арк. 35-39.
[25] Маецца на ўвазе артыкул Юркі Громіча «Памяці змагароў за Бацькаўшчыну» ў часопісе «Беларус на варце» за студзень 1944 г. (№ 2), які прысьвечаны 23-м угодкам Слуцкага паўстаньня.
[26] Маецца на ўвазе зьезд беларускіх эсэраў ў красавіку г. у Менску, дзе БПС-Р абвясьціла, што будзе змагацца за незалежнасьць Беларусі на два фронты: супраць польскіх акупантаў з Захаду i маскоўска-дзянікінскай навалы з Усходу. Беларускія эсэры выступілі за хаўрус з бальшавікамі ў сумесным антыпольскім змаганьні, тым самым раскалоўшы канчаткова лягер нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі на г. зв. «незалежнікаў» i «палянафілаў».
[27] Маецца на ўвазе артыкул Юркі Лістапада «Ўзьбіліся на свой шлях» у віленскай газэце «Наша Думка» за сакавік г. (№№ 9-11), дзе ён дзеліцца ўспамінамі пра разьвіцьцё беларускага нацыянальнага руху на Случчыне ў 1917-1920 гг., падрабязна спыняецца на падзеях Слуцкага паўстаньня.
[28] «Папараць-Кветка», беларускі культурна-асьветны гурток на Случчыне ў 1917 -1920 гг. Утвораны ўлетку 1917 г. вучнямі Слуцкай земскай (беларускай) гімназіі Янкам Ракуцькам, Сяргеем Буслам ды інш. У працы гуртка прымалі ўдзел Р. Астроўскі, С. Петрашкевіч, А. Бараноўскі, Ф. Шантыр, П. Жаўрыд, М. Асьвяцімскі, У. Галубок ды інш. беларускія працаўнікі. Складаўся з тэатральнай, культурна-асьветнай, літаратурна-драматычнай, харавой сэкцыяў (Васіль Русак кіраваў народным хорам гуртка). Падчас польскай акупацыі пашырыў сваю дзейнасьць на ўвесь Слуцкі павет, выдаваў часопіс «Наша Каляіна», што стаяў на пазыцыях беларускіх эсэраў. Актывісты гуртка стварылі некалькі ягоных філіяў у вёсках i мястэчках Случчыны, актыўна ўдзельнічалі ў антыпольскім падпольным i партызанскім руху. Спыніў дзейнасьць у другой палове 1920 г. з прыходам Чырвонай арміі.
[29] Асьвяцімскі Марка, ураджэнец Случчыны. У беларускім руху з 1917 г. Удзельнік зьезду беларускіх партыяў i арганізацыяў у ліпені 1917 г. у Менску як прадстаўнік Слуцкага беларускага нацыянальнага камітэту. Актыўны сябра культурна-асьветнага гуртка «Папараць-Кветка». Зь лета 1918 г. увайшоў у партыю беларускіх эсэраў. Удзельнік беларускага зьезду Случчыны ў лістападзе 1920 г., быў арыштаваны палякамі за антыпольскую агітацыю. У 1920-я гг. завэрбаваны органамі ОГПУ, быў адным з удзельнікаў апошняга зьезду БПС-Р, дзе адбыўся самароспуск лартыі. У 30-я гг. незаконна рэпрэсаваны.
[30] Маецца на ўвазе ўрад Народнай Рады ВНР В. Ластоўскага.
[31] Маюцца на ўвазе рэзалюцыя, у якой віталася Найвышэйшая Рада БНР, i рэзалюцыя за незалежнасьць Беларускай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах з патрабаваньнем вываду савецкіх войскаў зь Беларусі.
[32] Неразборліва.
[33] Неразборліва.
[34] Неразборліва.
[35] Цярэшчанка (Тэрэшчанка) Кузьма Юравіч (кастрычнік 1888-12.3.1922), ураджэнец в. Замосьцішча Рослаўскага пав. Смалёнскай губ. Выбітны дзяяч беларускага нацыянальнага руху. У 1917 г. старшыня Пскоўскай беларускай рады, удзельнік зьезду беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску, Усебеларускага зьезду ў Менску. У 1918 г. увайшоў у Віленскую беларускую раду, быў накіраваны павятовым камісарам у Ваўкавыскі павет, прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі партыі беларускіх эсэраў. У 1919 г. адзін зь ініцыятараў скліканьня беларускага зьезду Віленшчыны й Горадзеншчыны, увайшоў у яе Цэнтральную Раду. У 1919 - 1920 гг. старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, адзін з кіраўнікоў Цэнтральнага беларускага саюзу сельскай гаспа- даркі (Цэнтрабелсаюз), сябра Найвышэйшай Рады БНР. У 1920-1921 гг. выяжджаў у краіны Балтыі (Летуву, Латвію i Эстонію) дзеля арганізацыі там дыпляматычных прадстаў- ніцтваў БНР, вёў перамовы з афіцыйнымі асобамі Фінляндыі аб прызнаньні гэтаю краінаю Беларускае Рэспублікі. З 2-й паловы 1921 г. у Вільні, удзельнічае ў арганізацыі Саюзу сельскай гаспадаркі Віленскага краю, беспасьпяхова намагаецца стварыць у Вільні беларускую сельскагаспадарчую школу. У пачатку 1922 г. перабіраецца ў БССР, працуе на адказных пасадах у Цэнтрабелсаюзе. Памёр пры загадкавых абставінах, паводле афіцыйных зьвестак, ад разрыву сэрца.
[36] Маецца на ўвазе публікацыя Ўладыслава Казлоўскага (Казлоўшчыка) у часопісе «Новы Шлях» за 25.11.1937, № 3(24) «У 17-ыя ўгодкі Слуцкага Паўстаньня - Лістапад 1920-1937 год», дзе зьмешчаныя дакумэнтальныя матэрыялы аб паўетаньні: 1) Адозва Беларускай Рады Случчыны да чырвонаармейцаў з заклікам да супольнае барацьбы з агульным ворагам - камуністамі; 2) вытрымкі з камунікатаў штабу й Слуцкай беларускай брыгады войскаў БНР аб ваенных сутычках случакоў з аддзеламі Чырвонай арміі з 27 лістапада па 20 сьнежня 1920 г. (хроніка баявых дзеяньняў).
[37] Русак мае на ўвазе тут Андрэя Якубецкага (5.10.1892-?), вядомага беларускага грамадзкага i ваеннага дзеяча, ураджэнца в. Сухмяны Горадзенскага пав. У 1920-1921 гг. быў старшынём Беларускае вайсковае камісіі, удзельнік Слуцкага збройнага чыну, падчас якога быў прызначаны Найвышэйшаю Радаю БНР галоўнакамандуючым войскаў БНР. У 2-ю сусьветную вайну старшыня Дзьвінскага аддзелу Беларускага Нацыянальнага Аб'яднаньня ў Латвіі, выкладаў у Дзьвінскай 2-х клясавай беларускай пачатковай школе.
[38] Савінкаў Барыс Віктаравіч (19.1.1879-7.5.1925), расейскі палітычны дзяяч, адзін зь лідараў правых эсэраў, пісьменьнік. У 1920 г. старшыня Рускага палітычнага камітэту ў Варшаве. 27.7.1920 г. заключыў дамову з С. Булак-Балаховічам аб аб'яднаньні ваенных сілаў з мэтаю ўварваньня на савецкую тэрыторыю i ліквідацыі ўлады бальшавікоў.
[39] Неразборліва.