Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Данілюк Тодар. Успаміны 


Аўтар: Данілюк Тодар,
Дадана: 23-03-2012,
Крыніца: Спадчына №5 - 1995 С. 11-31.



МАЕ ЎСПАМІНЫ АБ СЛУЖБЕ Ў БЕЛАРУСКІХ ВАЙСКОВЫХ ФАРМАЦЫЯХ I ЎДЗЕЛЕ Ў БЕЛАРУСКІМ ЗБРОЙНЫМ ЗМАГАНЬНІ 1917-1921 гг. 1

Звыш чвэрці стагодзьдзя адышло ў нябыт з тае пары, калі мне давялося браць удзел у падзеях, якія зьяўляюцца вялікім паваротам у гісторыі беларускага адраджэньня. На думку я маю здарэньні, зьвяэаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе і асабліва стварэньне беларускіх вайсковых адзінак і беларускае збройнае змаганьне на працягу ад 1917 па 1921 гг. Сёньня, калі мінае 24 гады ад выбуху Слуцкага паўстаньня і перад намі ўстаюць падобныя, калі ня тыя самыя заданьні, як тады, я рады падзяліцца з усімі суродзічамі, а асабліва маладым пакаленьнем, тымі сьціплымі весткамі, якія захаваліся ў маёй памяці да гэтае пары.

Яшчэ да першае сусьветнае вайны і падчас яе мне давялося адведаць шмат куткоў былое Расейскае імпэрыі. I дзе я толькі не затрымліваўся, расейцы дапякалі мяне за мой нячысты акцэнт, называючы мяне палякам, а палякі, наадварот, звалі кацапам. Чужым і адзінотным адчуваў я сябе ў шматлюднай Расеі. Тады яшчэ слова беларус у выніку русыфікацыйнае палітыкі расейскага ураду ня мела значэньня прыналежнасьці да адной нацыі, а ужывалася хутчэй як адзначэньне паходжаньня з «Северо-Западного края». Нацыянальная сьвядомасьць нараджалася ў нашых сэрцах, перамагаючы батата накінутых чужынцамі поглядаў і фальшывых уяўленьняў. Звацца беларусам тады значыла сьцягваць на сябе увагу зьверхнікаў і паддавацца бясконцым допытам і перасьцярогам.

Памятаю, калі я ў афіцэрскай школе, усьвядоміўшы канчаткова, хто я, запісаўся беларусам, мой курсавы афіцэр сказаў мне: «Ты рызыкант, калі ў вайну наважыўся напісаць, што беларус, а ня рускі». Гэтак было сярод інтэлігенцыі, што ж казаць тады аб работніках і сялянах! Народная гушча ў большасьці яшчэ спала, лічаныя адзінкі толькі пашыралі нацыянальныя ідэі і намагаліся пацягнуць народ да сьветлае будучыні. Заслужаныя іх імёны і цяжкасьці, якія яны перамаглі, з пашанай адзначыла і ўспамінаць будзе Гісторыя Роднага Краю.

Цяпер немагчыма акрэсьліць шляхі, якімі пайшло б беларускае адраджэньне, беларускі вызвольны рух, калі ня выбухнула б рэвалюцыя ў 1917 годзе, якая расхіснула Расейскую імпэрыю ў ейных асновах. Ад першых дзён рэвалюцыі нацыянальная сьвядомасьць сярод беларусаў начала пашырацца з хуткасьцю электрычнае іскры.

Я ў той час пасьля сканчэньня афіцэрскае ці, як тады называлася, «школы прапаршчыкаў» пяхоты ў Гатчыне быў прызначаны камандзірам 4-е роты, а пасьля вучэбнае каманды ў 223-м рэзэрвавым палку, які знаходзіўся ў г. Таржку. Часта ў гутарках з сваімі жаўнерамі, сярод якіх было багата беларусаў, даводзілася чуць словы пагарды аб «маскалях», спосабе іх жыцьця, жаданне вярнуцца на Беларусь і нясьмелыя яшчэ разважаньні аб магчымасьцях дзяржаўнага існаваньня нашае Радзімы.

1 кастрычніка 1917 году па маёй собскай просьбе я быў прызначаны ў 118-ы Шуйскі полк на Румынскім фронце, які ў большасьці складаўся зь беларусаў, пераважна сланімчан, г. зн. маіх землякоў.

Тут ужо неўзабаве весткі прыйшлі аб бальшавіцкім перавароце. Бальшавіцкая агітацыя здабывала сабе сярод жаўнераў багата прыхільнікаў. Вынікам гэтага сталася суцэльная дэмаралізацыя, заняпад дысцыпліны, развал арміі. Жаўнеры штодня дзясяткамі ўцякалі з сваіх аддзелаў, прадавалі і грабілі вайсковую маёмасьць. Тады заступнік галоўнага камандуючага Румынскага фронту ген. Шчарбачоў выдаў загад аб нацыянальных злучэньнях сярод арміі, якая дзеяла на Румынскім фронце. Беларусы павінны былі зьбірацца ў 4-м корпусе, які, разьмяшчаўся каля Ільештаў і Івэштаў над Сырэтам (тэрыторыя сучаснай Румыніі.- У. Л.)

Я быў прызначаны нацыянальным камісарам корпусу. Маім заданьнем было сьцягнуць усіх беларусаў у названы корпус. На жаль, абвешчаная дэмабілізацыя разьбіла ўшчэнт мае намаганьні. З цэлага корпусу засталося ня больш за паўтысячы жаўнераў.

Аднак і з гэтай жменькай мне ўдалося Выратаваць што-колечы з вайсковае маёмасьці і па собскай ініцыятыве загрузіць яе часткова на цягнікі з намёрам накіраваць у Менск. Усяго назьбіралася 6 эшалёнаў, у якіх налічвалася: каля 200 коней, звыш 2000 стрэльбаў, 12 гарматаў, 10-12 вагонаў харчоў, 4 вагоны амуніцыі і багата іншага ваеннага снадзіва.

Румынскія ўлады пачаткова адносіліся ца мае дзейнасьці прыхільна, і я яшчэ пасьпеў выслаць з в 2 цягнікі ў Менск зь невялікай аховай над камандаваньнем падпаручніка Бабіцкага 2. Што зь імі сталася ў дарозе - ня ведаю.

Нечакана, здаецца, у сакавіку 1918 г. адбылося пагадненьне паміж немцамі і румынамі. Выслаць далейшыя 4 эшалёны, нягледзячы на маю заяву, што ў іх знаходзіцца маёмасьць беларускіх вайсковых адзінак, было мне забаронена. Паведамленьне аб гэтым ад камандзіра нейкае асобнае нямецкае групы забралі ад мяне падчас арышту ў 1919 г. у Ваўкавыску палякі.

Прабыўшы яшчэ колькі часу на месцы і пераканаўшыся, што там на стварэньне беларускіх адзінак ці выратаваньне маёмасьці, няма больш надзеі, я накіраваўся да свае сям'і ў Таганрог.

I пасьля нядоўгага побыту ў Таганрогу, у сувязі з распадам канчатковым расейскае арміі, я ў верасьні 1918 г. вярнуўся на Бацысаўшчыну, у Слонімшчыну.

Тут застаў я сумны вобраз зьнішчэньня, які пакінула па сабе вайна. Ня маючы страхі над галавою і ніякіх пэрспэктываў на будучыню, я накіраваўся ў Ваўкавыск, да жончыных сваякоў.

У Ваўкавыску я сустрэў аднаго з колішніх беларускіх дзеячоў спадара Цярэшчанку 3, зь якім мы пры падтрыманьні немцаў склікалі Зьезд Ваўкавышчыны, дзе была абраная Беларуская Рада Ваўкавыскага павету, на чале якой стаяў я сам. Рада перайняла ў павеце ўсю цывільную ўладу і арганізавала беларускую конную і пешую паліцыю.

Аднак у міжчасьсе нямецкія войскі началі адыходзіць зь Беларусі, і з аднаго боку набліжаліся палякі, а з другога - бальшавікі.

У студзені 1919 г. палякі захапілі Ваўкавыск. Рада Ваўкавышчыны была разьвязаная, а я пераехаў у Горадню.

Тамака ў той час шырока разгарнуўся беларускі рух. Тварылася беларускае войска. Я ўступіў малодшым афіцэрам у 1-шы Беларускі Горадзенскі Полк 4 і быў прыкамандзіраваны да камэндатуры г. Горадні, у распараджэньне капітана Дзямідава 5. У лютым 1919 г. я быў высланы ў мяст. Вялікую Бераставіцу на вярбоўку жаўнераў. Там, пры вярбоўцы, мяне арыштавала польская жандармерыя і накіравала ў Беласток, у штаб ген. Івашкевіча, які, спытаўшы мяне, загадаў пасадзіць у турму.

У вастрозе сустрэў я колькі афіцэраў-вярбоўшчьпсаў, між інш. Казячага 6 і Хомчыка 7. Сядзець там доўга нам не давялося. У вялікодную ноч (25.3.1919 г.) нам удалося ўцячы з турмы і ў адным нацельлі (палякі зьнялі з нас вопратку), босымі на марозе дабрацца да Горадні.

З увагі на тое, што да Горадні ўжо таксама набліжаліся палякі, мне заставацца там было асабліва небясьпечна, і таму капітан Дзямідаў камандзіріаваў мяне ў распараджэньне Беларускага прадстаўніцтва ў Коўне 8.

У Коўне пашчасьціла мне сустрэцца з такімі выдатнымі беларусамі, як першы прэзыдэнт БНР Пётра Крэчэўскі 9, Васіль Захарка 10, Язэп Варонка 11, палкоўнік Езавітаў І2 ды інш.

Беларускае прадстаўніцтва накіравала мяне ў распараджэньне літоўскага камэнданта г. Коўна дзеля абняцьця камандаваньня над беларускімі жаўнерамі і дзеля сувязі.

Адгэтуль ліцьвінамі я быў прызначаны ў г. Аліту (г. Алітус у сучаснай Летуве), дзе нейкі час знаходзіўся эскадрон беларускае коньніцы над камандаваньнем ротмістра Глінскага, адышоўшы з Горадні. Там я прабыў да восені 1920 г. Тады пачалі пашырацца ў Літве чуткі, што ў Слуцку начался паўстанцкі рух супраць бальшавікоў. Дзеля падтрыманьня гэтага руху я быў Беларускім Прадстаўніцтвам накіраваны зь некалькімі стральцамі ў Слуцак 13.

Літоўска-польскую мяжу нерайшлі мы нелегальна каля мяст. Мерач і апынуліся ў Горадні. У Горадні сустрэў я шмат каго зь беларускіх афіцэраў: маёра Якубецкага 14, капітана Борыка 15 ды інш., зь якімі я разам скіраваўся далей у Слуцак.

Па дарозе, ужо ад Клецку, пачалі мы сустракаць мужчынаў з клумкамі, якія, як мы даведаліся, сьпяшаліся ў Слуцак, каб далучыцца да паўстанцаў, што было падобна на паспалітае рушаньне». У Слуцку мы зьявіліся ў Раду Случчыны 16, якая дала нам скіраваньне ў Беларускую Брыгаду 17. Я быў прыняты як малодшы афіцэр у 1-шы полк Слуцкіх Стральцоў БНР, а пасьля кароткага часу вызначаны камандзірам вучэбнае каманды.

Побыт брыгады ў Слуцку трываў нядоўга. Паміж Польшчай i РСФСР быў падпісаны мірны трактат у Рызе 18, на аснове якога Беларусь была разьдзеленая на дзьве часткі і Слуцак прыпадаў бальшавікам. Слуцкая брыгада, ня маючы належнага азброеньня, з увагі на набліжэньне бальшавіцкіх ордаў, начала адыходзіць на захад, да мяст. Семежава.

З гэтае пары і насталі дні цяжкіх перажываньняў брыгады. Адбываліся сутычкі і паважныя бойкі з бальшавікамі, між інш. пад Капылём, Цімкавічамі, Піліпавічамі, Едчыцамі, Вялікай Балваньню, сялом Цапра і скрозь па рацэ Лані. Асабліва зацяты бой адбыўся пад Цімкавічамі, дзе з нашага боку былі першыя ахвяры, урачыста пахаваныя з правага боку каля царквы ў Семежаве. На паховінах пасьля гімну меў прамову спадар Васіль Русак 19.

У няспынных баёх брыгада адыходзіла да ракі Лань і затрымалася ў ваколіцах Клецку.

Адтуль я з вучэбнай камандай быў высланы ў распараджэньне Беларускае Вайсковае Камісіі 20 ў Лодзь.

Пры Беларускай Вайсковай Камісіі існаваў тады беларускі батальён, у які была ўключана вучэбная каманда. Я займаў становішча эвідэнцыйнага афіцэра пры камісіі.

На чале Камісіі стаяў тады маёр Якубецкі. З польскага боку быў прыкамандзіраваны маёр Завісьляк, які вельмі непрыхільна адносіўся і шкодзіў нашай справе. Камісія праіснавала да 1 траўня 1921 г., а тады была зьліквідаваная. Усе акты забраў 2-гі Аддз. MS-Wojsk, афіцэры і жаўнеры былі звольненыя, частка зь іх засталася ў Польшчы, большасьць, аднак, разьехаліся ў замежжа.

З афіцэраў, якія прымалі ўдзел у Слуцкім паўстаньні, прыпамінаю: камандзіраў Брыгады - палкоўніка Гаўрыловіча, капітана Семенюка 21, капітапа Сокал-Кутылоўскага Антона 22 і малодшых афіцэраў - паручнікаў Капца, Рудзька, Падгурскага Уладзімера, Янкоўскага, Арцышэвіча, Лукашэвіча 23. Прозьвішчы іншых выйшлі ўжо з памяці.

Зь Беларускае Вайсковае Камісіі прыпамінаю наступных: палкоўніка Якубоўскага (татарын), падпалкоўніка Якубоўскага 24, капітана Борыка Антона, паручнікаў - Кушаля Францішка 25, Касьцевіча Макара 26, Більдзюкевіча, Радчанку, Дзехцярова, Падгурскага, Арцышэвіча, Новіка, Казеку, Гнароўскага Антона 27, маёра Якубецкага і капітана Семенюка.

Большасьць з найменаваных афіцэраў ужо няма ў жывых, або трапіла ў бальшавіцкія рукі і загінула, або гібее ў канцлягерох.

Пасьля разьвязаньня Беларускае Вайсковае Камісіі я вярнуўся на Бадькаўпгчьгау і пайшоў у духоўнікі, каб іншым спосабам у зьмененых абставінах служыць свайму народу.

I толькі сёньня, ужо. на парозе старасьці, я зноў уступаю ў шэрагі Беларускага Войска, каб змагацда далей за тыя ідэалы, якія мы намагаліся дасягнуць у гады сусьветнае вайны і пасьля яе.

Бачачы, як з кожным днём растуць нашыя шэрагі, і адчуваючы наважанасьць усіх - ад жаўнера і да афіцэра - аддаць жыцьцё для вызваленьня Беларусі, я веру, што

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ I БУДЗЕ ЖЫЦЬ!

15-га сьнежня 1944 года. Бэрлін. Лейтэнант Тодар Данілюк.

КРЭДА а. ХВЕДАРА ДАНІЛЮКА

Імя Хведара Данілюка, широка вядомае ў беларускім далёкім замежжы, толькі зараз вяртаецца на радзіму. Ягоны жыцьцёвы шлях ніколі ня быў уквечаны ружамі. Адзін з духоўных айцоў і змагароў беларускага народа, ён не зрабіў сабе кар'еры і не азалаціўся на беларускай справе. Затое, як беларускі патрыёт, досыць зьведаў зьдзекаў і ганеньняў ад ворагаў беларушчыньіу ня раз быў у кроку ад сьмерці. Спазнаў ён напрыканцы свайго веку і лёс выгнаньніка на чужыне. Але, нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя пэрыпэтыі, айцец Хведар застаўся верны сваім ідэалам і перакананьням, за што ўвесь час змагаўся словам і справай як сьвятар і ваяр.

Хведар Данілюк.

Нарадзіўся Хведар Данілюк 12 жніўня 1887 году ў сяле Су рынка Жыровіцкай воласьці Слонімскага навету Горадзенскай губэрні ў беларускай сялянскай сямЧ Васіля і Агрыпіны. Ягоны бацька падарваў здароўе ў царскім войску, гаму ўвесь цяжар працы па гаспадарцы, выхаваньні і доглядзе дзяцей несла на сваіх плячах маці. Нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасьці, у доме Данілюкоў панаваў дух згоды і сямейнага ладу, дзеці выхоўваліся на хрысьціянскіх традыцыях, у павазе да сваіх бацькоў і людзей сталага ўзросту, у любові да сялянскай працы. Яшчэ змоладу Хведар меў нахіл, каб прысьвяціць сябе служэньню Богу, пайсьці ў духоўнікі. Скончыўшы народнае вучылішча ў Сурынцы, Данілюк паступае ў духоўную школу пры Жыровіцкім манастыры. Адначасова з асноўнай вучобай ён наведвае курсы пса- ломшчыкаў. Дзякуючы свайму прыгожаму і высокаму голасу Хведар быў прыняты сьпяваць у манастырскі хор. Пасьля заканчэньня духоўнай школы Данілюк некагоры час працуе настаўнікам у пачатковай школе ў в. Забульле на Слонімшчыне, пасьля служыць псаломшчыкам у праваслаўным прыходзе в. Гліннай Кобрынскага павету.

З пачатку 1-й сусьветнай вайны Хведар Данілюк быў змабілізаваны ў дзейную расейскую армію і ўвосень 1914 г. прызначаны ў артылерыю Нова-Георгіеўскай фартэцыі. Скончыўшы напачатку 1917 г. вайсковую школу ў Гатчине ў чыне падпаручуіка, прызначаецца ў 4-ю рогу, а пазъней начальнікам вучэбнай каманды 223-га Запасного, палка, што дысьлякаваўся ў г. Таржку. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі Хведар Данілюк шчыра далууаецца да беларускага руху, вядзе нацыянальную працу сярод беларускіх жаўнераў, гуртуючы іх вакол ідэі Вольнай Беларусі і стварэнъня нацыянальнага войска. У верасьні таго ж году ён удзельнічае ў зьезьдзе белару- саў-вайскоўцаў у Маскве, дзе ішла гаворка пра стварэньне • беларускіх збройных аддзелаў у Маскоўскай ваеннай акрузе. 3 гэтай жа мэтаю Данілюк дамогся свайго пера- воду на Румынскі фронт, дзе знаходзілася асноўная маса беларускіх жаўнераў. Але ўсе ягоныя намаганьні ў якасьці нацыянЛльнага камісара дзеля стварэнъня беларускага вайсковага корпуса былі змарнаваныя бальшавіцкім пераваротам і дэмабілізацыяй былой царскай арміі, якая пачалася пасьля прыхбду бальшавікоў да ўлады. Спробы Данілюка ў пачатку 1918 г. накіраваць ' у Менск ураду БНР зброю ды іншую вайсковую маёмасьць для патрэбаў национальных збройных сілаў рэспублікі таксама ня мелі посьпеху з-за перашкодаў, чыненйх нямецкімі й румынскімі вайсковымі ўладамі. Немагчыма было г эта зрабіць і ва ўмовах грамадзянскай вайны на абшарах былой Расейскай імпэрыі і яе наступства - палітычнага і гаспадарчага хаосу.

У верасьні 1918 г. Хведар Данілюк вяртаецца на радзіму, у Горадзеншчыну, дзе становіцца адным зь лідараў беларускага нацыянальнага руху. 3 прыходам у пачатку 1919 г. у заходнія паветы Беларусі польскіх легіянэраў Данілюк мусіў з-за палітычных перасьледаў новых акупантаў перабрацца ў Летуву. 3 Коўна па ўзгадненьні з прадстаўніцтвам БНР і Мікістэрствам беларускіх справаў пры летувіскім урадзе Данілюк у чыне лейтэнанта быў накіраваны ваенным камэндантам у г. Аліту (Алітус). У 1919-1920 гг. у складзе летувіскіх зб ройных сілаў удзельнічаў у абарончых баёх супраць польскіх акупантаў на Віленшчыне, на літоўска-польскім памежжы. У траўні 1920 г. беларускім цэнтрам у Лету ее быў нелегальна перапраўлены ў акупаваны палякамі Менск, у распараджэньне Беларускай вайсковай камісіі, дзе быў прызначаны рэзэрвовым афіцэрам фармаваных беларускіх вайсковых адзінак. Падчас летняга наступу (1920 г.) Чырвонай арміі мусіў хавацца ў сябе на радзіме на Слонімшчыне, але неўзабаве быў вышуканы камісарамі і арыштаваны. Ад сьмерці Данілюка выратавалі панічныя ўцёкі бальшавіцкіх ваякаў пасьля паразы пад Варшаваю.

Калі ў лістападзе 1920 г. грымнула Слуцкае паўстанъне, Хведар Данілюк разам зь іншымі афіцэрамі Беларускай вайсковай камісіі быў накіраваны на дапамогу случакам. Да апошняга дня Слуцкага збройнага змаганьня Данілюк заставаўся ў шэрагах паўстанцаў - змагароў за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Пасьля скасаваньня ў траўні 1920 г. палякамі аддзелаў Беларускай вайсковай камісіі ён вярнуўся да сям'і ў в. Вярэйкі. Вяртаўся поўны цяжкіх думак і перажываньняў. Балюча й горка было яму ня толькі з-за таго, што гады змаганьня за лепшую долю беларускага народу не далі жаданае свабоды і волі. Ня менш бянтэжылі яго палітычныя непаразуменьні і сваркі ў самым стане беларускіх нацыянальных дзеячоў: паміж г. зв. «палянафіламі» і «незалежнікамі», паміж сацыял\стымі і правымі, У гэтых палітычных сутыкненьнях нярэдка бачыў ён гульню асабістых і групавых амбіцыяў, а не служэньне нацыянальным інтарэсам свайго народу. Усё часьцей пачаў ён схіляцца да думкі прыняць сьвятарскі сан, «...каб іншым спосабам у зьмененых абставінах служыць свайму народу. Канчатковым штуршком да гэтага кроку паслужыла сьмерць ягонай адзінай дачкі Глафіры.

24 верасьня 1921 г. Хведар Данілюк прыняў пасьвячэньне ў ярэі ад Беластоцкага праваслаўнага архіяпіскапа Уладзіміра ў Горадзенскім катэдральным саборы. Сваю сьвятарскую дзейнасьць пачаў ён у прыходзе с. Дзявяткаеічы Слонімскага павету. Надалей у між- ваенны час (1922-1939 гг.) служыў у прыходах Слонім- шчыны і Наваградчыны. Жыцьцё праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі ва ўмовах польскага панаваньня не было спакойным. Польскія ўлады бесцырымонна ўмешваліся ў яе нутраныя справы, бачачы ў ёй перашкоду палітыцы апалячваньня беларусаў. Будучы прыхільнікам талеранцыі паміж рознымі хрысьціянскімі канфэсіямі ў Беларусі, айцец Данілюк, тым ня менш, цьвёрда стаяў на абароне інтарэсаў сваіх вернікаў і праваслаўнай царквы, заўсёды даваў адпор нацыянальнаму і рэлігійнаму ўціску палянізатараў. Свой сымбаль веры ён выказваў наступным чынам: «...кожны чалавек павінен мець волю пазнаваць і славіць Бога так, як яго розум і сумленьне дыктуе. Я ж прысьвяціўся служыць Богу і Веры маіх бацькоў і дзядоў. Гэтая Вера мне найсправядлівейшая й найдаражэйшая, і я павінен Яе ахоўваць і бараніць, як шчыры й мужны ваеньнік бароніць сваю айчыну». Служачы сьвятаром у прыходзе мястэчка Парэчча, па даносе польскага актыву ў правядзеньні антыпольскай агітацыі ён быў звольнены ў 1935 г. з «дапамогаю» наваградзкага ваяводы з пасады духоўніка і пераведзены ў прыход мястэчка Крывошын, а пазьней у Заблудава. У 1936 г. быў асуджаны на 6 месяцау астрогу «за абразу народу польскага» і тоАькі праз апэляцыйньі суд быў апраўданы. Адзначым, што такая пазыцьія беларускага патрыёта і грамадзяніна, уласьцівая айцу Хведару, была больш выключэньнем, чым правілам для праваслаўнага кліру: духавенства сталага пакаленьня па-ранейшаму цягнулася да расейшчыны, а маладзейшыя дўхоўнікі, атрымаўшыя адукацыю ўжо ў польскія часы, з ахвотай размаўлялі па-польску і таксама ігнаравалі беларускасьць і мову свайго народа. Увосень 1939 г. з прыходам у Заходнюю Беларусь саветаў, айцец Данілюк спазнаў яшчэ болыиыя перасьледы й ганеньні. У верасьні разам зь сям'ёю ён быў арыштаваны і кінуты ў сумнавядомую турму ў Картуз-Бярозе. Толькі дзякуючы паказаньням сумленных сьведкаў і заступніцтву зьняволеных яму ўдалося вырвацца з капцюроў НКВД. Пасьля вызваленьня а. Хведар пераяжджае ў вёску Глоўсевічы, што побач зь яго родным сялом. Тут ён ачольваў прыход зь дзьвюма царквамі да 1942 г.

У часе фашыстоўскай акупацыі айцец Данілюк ня цешыў сябе вялікімі ілюзіямі што da арыйскіх «вызваліцеляў таму і не пасьпяшаўся ў абдымкі немцаў, адмовіўся ад супрацоўніцтва зь імі. Кожны чалавек, што зьвяртаўся да сьвятара па дапамогу ці параду, заўсёды знаходзіў падтрымку і спачуваньне ў гэтую лютую часіну. За сваю самаахвярнасьць і дабрачыннасьць для простых людзей айцец Хведар здабыў сабе ў ваколіцах роднай Слонімшчыны вялікую павагу й аўтарытэт. Менавіта Данілюка й мецілі забіць чырвоныя партызаны, ведаючы яго як аднаго са слуцкіх «паўстанцаў», як бацьку актывіста Саюзу Беларускае Моладзі і кур'ера Беларускай Народнай Самапомачы ў Слонімскай акрузе. Ратуючы сябе й сваю сям'ю ад сьмерці, у 1942 г. ён мусіў пераехаць у суседняе мястэчка Дзярэчын, дзе ў якасьці другога сьвятара заставаўся да лета 1944 г. З 28 жніўня па 2 верасьня 1942 г. як дэлегат ад Наваградзкай епархіі а. Хведар Данілюк прыняў чынны ўдзел у Менскім праваслаўным саборы, на якім была ўрачыста абвешчаная Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Вернасьць ідэі беларускай аўтакефаліі ён захаваў да канца жыцъця.

У лета 1944 г. яму і ягоным родным давялося зьведаць горкае расстаньне з бацькаўшчынай ды эміграцыю ў Нямеччыну. Каб неяк пражыць і пракарміць сям'ю, ён працуе там як «остарбайтэр» на папяровай фабрыцы, на чыгунцы, пазьней як сельскагаспадарчы рабочы ўладкоўваецца ў фалъварак да баўэра. У лістападзе 1944 г. на заклік Кастуся Езавітава (рэфэрэнта па вайсковых справах БЦР) і Францішка Кушаля (камандзера збройных сілаў БКА) Хведар Данілюк зноў уступае ў шэрагі беларускіх вайскоўцаў. Пераехаўшы неўзабаве ў Бэрлін, ён у ранейшым чыне лейтэнанта быў залічаны ў сфармаваны Кушалем 1-шы кадравы батальён Беларускай Краёвай Абароны як афіцэр кароткатэрміновых курсаў вышкаленьня маладых афіцэрскіх кадраў для нацыяналъных збройных аддзелаў. Адзначым, што на той час Данілюку йшоў ужо 58-мы год. У студзені 1945 г. у новым чыне старэйшага лейтэнанта Хведар Данілюк у якасьці ад'ютанта кіраваньня штабу 1-га беларускага пяхотнага палка новаўтворанай дывізіі «Беларусь» (налічвала каля 2 тыс. чал.) пакіроўваецца на Заходні фронт. Кідаючы беларускіх жаўнераў супраць хаўрусных англа-амэрыканскіх войскаў, нямецкія ваенныя стратэгі, напэўна, так і ня ўцямілі для сябе настрояў беларусаў. Сьведамыя ідэйныя беларусы, што складалі бальшыню дывізіі, зусім не зьбіраліся быць гарматным мясам, каб бараніць былога свайго акупанта і ратаваць Трэці райх ад поўнага краху, які набліжаўся з кожным днём. Ідучы ў шэрагі беларускага вайсковага злучэньня, многія зь іх ратаваліся ад ваеннага палону (як былыя чырвонаармейцы), пазьбягалі рэальнай небясьпекі папасьці ў лапы СМЕРШу, - каб потым парыць свае косьці недзе на Поўначы ці ў Сібіры. Яны не былі кінутыя ў якасьці дармавое рабочае сілы на будаваньне абарончых збудаваньняў і капаньня акопаў для вэрмахту. Яны нё былі забітыя падчас налётаў хаўруснай авіяцыі. Гуртуючыся вакол вэтэранаў беларускага збройнага змаганьня - падпалкоўніка Францішка Кушаля, маёра Антона Сокал-Кутылоўскага, надлейтэнанта Хведара Данілюка ды інш., беларускія хлопцы, як паказалі далейшыя падзеі, фактычна выратавалі сабе жыцьцё. 30 красавіка 1945 г. па ўзгадненьні з амэрыканскім камандаваньнем вайсковыя аддзелы дывізіі «Беларусь» з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам прарваліся празь нямецкія заслоны за лінію фронту ў раёне паміж Айзэнштайн Маркт-Цьвізэль, пасьля чаго былі інтэрнаваныя амэрыканцамі.

На жаль, у нас адсутнічаюць дакладныя зьвесткі пра тое, калі менавіта пакінуў Хведар Данілюк дывізію, ці быў. ён разам зь іншымі інтэрнаваны ў лягер для вайсковапалонных. Дакладна вядома, што да заканчэньня 2-й сусьветнай вайны ён працаваў на адной з фабрык у Вюртэмбэргіі (сучасная нямецкая фэдэральная зямля Бадэн-Вюртэмбэрг), што была ў францускай зоне акупацыі. Пасьля таго як найвышэйшы клір беларускае праваслаўнае царквы ў асобах мітрапаліта Панцялеймана, архіяпіскапаў Бэнэдыкта і Філафея, япіскапаў Апанаса і Рыгора ды інш. у 1946 г. далучыўся да Расейскае Заходняе Праваслаўнае Царквы, адмовіўшыся фактычна ад ідэі беларускай аўтакефаліі, айцец Хведар разам з Уладзімерам Тамашчыкам, Мікалаем Лапіцкім, Міколам Дзямідавым ды іншымі робяць высілкі дзеля аднаўленьня Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. З братняю дапамогаю Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы 5 чэрвеня 1948 г. у гарадку Канстанц, што каля возера Бодэн на нямецка-швайцарскай мяжы ў француекай зоне акупацыі, адбыўся зьезд праваслаўных беларусаў, які пастанавіў "працягваць дзейнасьць БАПЦ на чужыне-эміграцыі ды змагацца за яе ў краі...". Чынньі ўдзел ў зьезьдзе (саборыку) браў і айцец Данілюк. За вернасьць ідэі беларускай аўтакефаліі, за вялікія заслугі перад БАПЦ ён атрымаў мітру і сан мітрафорнага пратаярэя, быў благачынным беларускае царквы на французскай зоне акупацыі, рэпрэзэнтаваў тут БАПЦ на розных міжнародных зьездах духовенства.

У жніўні 1950 г. Хведар Данілюк разам зь сям'ею выяжджае на сталае жыхарства ў Амэрыку, дзе пасяляецца ў Нью-Ерку. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён і надалей працягвае актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім і рэлігійным жыцьці беларускага замежжа: разам з аднадумцамі закладвае Беларускі парафіяльны камітэт у Брукліне, зьбірае грошы на пабудову ў Нью-Ерку беларускае праваслаўнае царквы, удзельнічае ў працы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы ягонай энэргіі й высілкам яшчэ за ягонага жыцьця адбылося адкрыцьцё 3.11.1957 г. царквы Сьв. Кірылы Тураўскага, якая была ўзьведзеная ў ранг катэдральнага сабору БАПЦ. Першым настаяцелем парафіі новае беларускае царквы ў Нью-Ерку стаў дзякуючы свайму вялікаму аўтарытэту сярод вернікаў мелавіта айцец Хведар. Царква Сьв. Кірылы Тураўскага фактычна зрабілася цэнтрам беларускага грамадзкага жыцьця. Тут ладзіліся разнастайнъся культурныя імпрэзы, сходы, канфэрэнцыі, пры прыходзе дзеіла вельмі добрая беларуская нядзельная школка, сабор стаў частым мейсцам для збораў тутэйшае беларускае моладзі. Вітаўт Кіпель у кнізе "Беларусы ў ЗША" - пісаў: "На працягу гадоў Катэдра была цэнтрам грамадзкага жыцьця ўсяго мэтрапалітальнага рэгіёну Нью- Ерк-Нью-Джэрзі ды разглядалася як прыклад, варты перайманьня». На епархіяльным зьезьдзе БАПЦ Амэрыкі і Канады, што адбыўся ў Нью-Ерку 28-29.1960 г., айцец Хведар як дэлегат ад тутэйшай парафіі быў абраны ў Епархіяльную управу, адначасова зьяўляючыся кіраўніком царкоўна-судовага аддзелу епархіі. Нягледзячы на тое, што пайшоў яму ўжо восьмы дзясятак гадоў, айцец Данілюк заўсёды выглядаў бадзёрым і энэргічным, падчас набажэнства прыгожа і ўзьнята гучаў яго сьвятарскі голас.

29 ліпеня 1960 году зусім нечакана адчуў ён зьнямогу і апоўдні аддаў Богу душу. "Свой турботны, неспокойны шлях з шматлікімі, пераважна горкімі, прыгодамі й нягодамі закончыў у супакаеньні, без хваробы й фізычных цярпеньняў, пад наглядам сваёй жонкі - матушкі Марыі сям'і сына Барыса", - пісаў у сваім нэкралегу яго бліжэйшы сябра, брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч. Пахаваны беларускі сьвятар і абаронца Бацькаўшчыны айцец Хведар Данілюк на беларускіх могілках у Нью-Брансўіку, што за 40 міляў ад Нью-Ерку.

ЗАЎВАГІ

1 Успаміны захоўваюцца ў Беларускім Дзяржаўным архіве, ф. 383, в. 1, спр. 2, арк. 63-67. Друкуюцца ўпершыню. Гісторыя іх напісаньня наступная. Да 1944 г. з афіцэраў 1-й Слуцкай брыгады, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, засталося чацьвёра: на тай час капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, лейтэнант Тодар Данілюк (абодва афіцэры Беларускае Краёвае Абароны), былыя паручнікі Копаць і Залескі. У канцы лістапада 1944 г. кіраўнік вайсковых справаў Беларускае Цэнтральнае Рады палкоўнік Кастусь Езавітаў зьвярнуўся да Сокал-Кутылоўскага й Данілюка з заклікам напісаць успаміны пра падзеі, што адбываліся на Случчыне ўвосень 1920 г. У адказ Данілюк пісаў 15 сьнежня 1944 г.: «Працу сваю я пашырыў за патрабаваныя рамкі і з увагаю на гэта даў ёй такі загаловак. Доўгі адрэзак часу, які мінуў ад сьпісаных мною падзеяў, а таксама абмежаваны час, які цяпер у маім распараджэньні, зьяўляюцца прычынай пабежнасьці майго твору. Ведаючы, што дзеля ўсебаковага і падрабязнага асьвятленьня ўспомненых тут падзеяў трэба доўгатрывалая і грунтоўная праца над гэтай справай, прашу дараваць тыя нявыясьненыя пытаньні, якія тут сустрэнуцца. Маім найшчырэйшым жаданьнем зьяўляецца, каб гэтых колькі балонак далі крыху новага матэрыялу для будучых дасьледчыкаў беларускае вайсковае гісторыі». Адзначым, што Хведар (Тодар) Данілюк у пасьляваенны час склаў поўны свой жыцьцяпіс, які захоўваедца ў архіве Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва (БІНіМ) у Нью-Ёрку.

2 Асоба падпаручніка Бабіцкага не ідэнтыфікаваная.

3 Цярэшчанка Кузьма Юравіч (кастрычнік 1888 - 12.3.1922), дзяяч беларускага руху. Ураджэнец в. Замосьцішча Рослаўскага пав. Смаленскай губ. Скончыў Пскоўскую каморніцкую школу (1906) і Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут (1912). 3 1906 г. прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Падчас вучобы ў Маскве актыўны ўдзельнік беларускага студэнцкага гуртка. 3 пачаткам 1-й сусьветнай вайны ў дзейнай арміі. Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. адзін зь ініцыятараў стварэньня і старшыня Пскоўскай беларускай рады, удзельнік зьезду беларускіх вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (лістапад 1917) і Усебеларускага зьезду ў Менску (сьнежань 1917). З восені 1918 г. у Вільні, кааптаваны ў склад Віленскай беларускай рады. У лістападзе 1918 г. у якасьці павятовага нацыянальнага камісара БНР накіраваны на Горадзеншчыну, дзе адначасова праводзіць арганізацыйную работу дзеля стварэньня партыі беларускіх эсэраў. У сьнежні 1918 г. разам з Хв. Данілюком арганізуе ў Ваўкавыску сялянскі павятовы зьезд, дзе была ўтвораная Ваўкавыская беларуская сялянская павятовая рада. У студзені 1919 г. уваходзіць у склад Ураду БНР на чале з Антонам Луцкевічам у якасьці міністра нутраных справаў. У чэрвені 1919 г. адзін зь ініцыятараў скліканьня Беларускага зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны ў Вільні, дзе быў абраны ў склад яе рады. Зь верасьня 1919 г. ў Менску, дзе ўзначаліў Часовы Беларускі Нацыянальны Камітэт. Падчас расколу Рады БНР на яе сэсіі 19.12.1919 у складзе Найвышэйшай Рады БНР, у тым жа месяцы на зьезьдзе БПС-Р быў выклю- чаны з шэрагаў беларускіх эсэраў. Адзін зь ініцыятараў стварэнъня ў студзені 1920 г. Цэнтральнага беларускага саюзу сельскай гаспадаркі (Цэнтрабелсаюз). Пасьля адмовы польскіх уладаў у правядзеньні ў красавіку 1920 г. 2-га Ўсебеларускага ўстаноўчага звезду складае зь сябе. паўнамоцтвы старшыні Нацыянальнага камітэту і пераходзіць на сталую работу ў Цэнтрабелсаюз. Увосень 1920 г. як дмісар Найвыщэйшае Рады ўдзельнічае ў стварэньні дыпляматычных прадстаўніцтваў БНР у краінах Балтыі і Фінляндыі. Пасьля самаліквідацыі Найвышэйшае Рады ўлетку 1921 г. жыве ў Вільні. Адзін з закладнікаў Саюзу сельскай гаспадаркі на Віленшчыне, беспасьпяхова намагаецца стварыць у Вільні беларускую сельскагаспадарчую школу. У 1922'г. пераяжджае ў БССР, дзе працуе на адказных пасадах у Цэнтрабелсаюзе. Памёр пры загаДкавых абставінах у Менску (паводле афіцыйных зьвестак - ад разрыву сэрца).

4 1-шы Беларускі полк у Горадні створаны ў сьнежні 1918 г. у складзе 5-ці ротаў кавалерыйскага эскадрона. Месьціўся ў Аляксандраўскіх казармах. Першы камандзер - капітан Лаўрэнцьеў. З прыходам у лютым 1919 г. у Горадню польскіх легіянэраў частка беларускіх жаўнераў (5-я рота і кавалерыйскі эскадрон) перайшлі ў Летуву, дзе потым удзельнічалі ў баях супраць польскіх войскаў. Рэшта была раззброеная 1.6.1919 моладзьдзю адной з польскіх вайсковых арганізацыяў.

5 Дзямідаў Мікола Станіслаў Якаў (10.9.1888 - 29.5.1967), дзяяч беларускага нацыянальнага руху. Нарадзіўся ў г. Ломжы (Польшча). Скончыў Ломжынскую філялягічную мужчынскую гімназію (1904) і вытрымаў экзамэн на настаўніка пачатковай школы пры Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі (1907). Перад 1-й сусьветнай вайной працаваў чыноўнікам на чыгунцы 1 настаўнікам пачатковых школаў. Зь ліпеня 1914 г. у дзейнай арміі ў тылавых частках. У лютым 1917 г. сканчвае 1-е Паўлаўскае вайсковае вучылішча. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўваходзіць у Хаўрус афіцэраў-рэвалюцыянэраў, прызначаецца абласным камісарам у Ноўгарадзе. У сакавіку 1918 г. трапляе ў нямецкі палон, як інтэрнаваны зьмешчаны ў лягер вайскова-палонных. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны і свайго вызваленьня ў лістападзе 1918 г. пераяжджае ў Вільню, далучаецца да стварэньня беларускага нацыянальнага войска. 20.12.1918 разам з Урадам БНР пераяжджае ў Горадню, дзе прызначаецца камэндантам горада. 1.6.1919 падчас раззбраеньня 1-га Беларускага палка арыштаванц палякамі ды інтэрнаваны ў беластоцкім лягеры «Станцыя Раздольная». У весну 1920 г. вызвалены, паступае ў распараджэньне Варшаўскай беларускай вайсковай школы падхаружых. У летку 1920 г. далучаецца да аддзелаў ген. Булак-Балаховіча, удзельнічаў у баёх на Палесьсі. 3 1921 г. у Вільні. Напачатку 1923 г. высланы палящамі за межы Полыпчы. У міжваенны час (1923-1939) жыў у Дзьвінску (Даўгаўпілс, Латвія), актыўна ўдзельнічаў тут у беларускім грамадзкім і культурным жыцьці, арганізатар беларускіх школак у Латгаліі. У 1940 г. з прыходам у Латвію Чырвонай арміі арыштаваны і перавезены ў Маскву на Лубянку. Пасьля вызваленьня ў 1941 г. вяртаецца ў Латвію. У 1943 г. пераяжджае ў Ліду; працуе акруговым інспэктарам беларус- кіх школаў, стварае тут беларускі батальён самааховы. 3 1944 г. у штабе Беларускай Краёвай Абароны. З восені 1944 г. у Нямеччыне. Пасьля 2-й сусьветнац вайны жыў у францускай зоне акупацыі. У 1948 г. адзін зь ініцыятараў узнаўленьня дзейнасьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. З 1950 г. у ЗША, пасяляецца ў Чыкага, быў адным з кіраўнікоў Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады, актывіст беларускай парафіі ўсходняга абраду. Памёр ў Чыкага.

6 Казячы Рыгор (?-?), ураджэнец Горадзеншчыны. Удзельнік Беларускага зьезду Віленшчыны і Горадзеншчыны ў ліпені 1919 г. сябра Віленскага беларускага нацыянальнага камітэту, актывіст Партыі беларускіх эсэраў. У 1920 г. у складзе Ваенна-дыпляматычнай місіі БНР у Рызе, рэдагаваў часопіс "На чужыне". З 1921 г. у складзе Загранічнай групы БПС-Р, як прадстаўнік ад беларускіх эсэраў разам зь Я. Чарапуком у тым жа годзе ўдзельнічаў у Сацыялістычным кангрэсе былых паняволеных народаў Расейскай імпэрыі ў Таліне. У 1923 г. прыяжджае ў БССР, працаваў рэдактарам сазэты «Савецкая Беларусь». Пра далейшы лёс невядома.

7 Біяграфічных зьвестак пра беларускага дзеяча, аднаго , з актывістаў партыі беларускіх эсэраў Хомчыка няма.

8 Маецца на ўвазе прадстаўніцтва БНР ў Летуве. Адзначым, што ў гэты час ў Коўне дзейнічала таксама Міністэрства Беларускіх Справаў пры летувіскім урадзе.

9 Крэчэўскі Пётра Антонавіч (7.8.1879-8.3.1928), выбітны дзяяч беларускага руху. Ураджэнец Кобрынскага пав. Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю. Удзельнік Усебеларускага зьезду ў сьнежні 1917 г. Сябра Рады БНР. У першым урадзе БНР народны сакратар кантролю, з траўня 1918 г.- міністар гандлю у з кастрычніка таго ж году - сакратар Рады БНР. 3 восені 1918 г. спачатку ў Горадні, пазьней у Коўне. Падчас расколу на сэсіі Рады БНР у Менску 19.12.1919 абраны старшынёю Народнай Рады БНР. Як прадстаўнік Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў удзельнічаў у Праскай палітычнай канфэрэнцыі. Не пагадзіўся з рашэньнем Бэрлінскай палітычнай канфэрэнцыі 1925 г. аб скасаваньні БНР. Памёр у Празе.

10 Захарка Васіль Іванавіч (1.4.1877-14.3.1943), выбітны дзяяч беларускага руху. Ураджэнец в. Дабрасельцы Ваўкавыскага пав. Горадзенскай губ. Да 1917 г. служыў у войску. Удзельнік. Усебеларускага зьезду. У першым урадзе БНР - дзяржаўны скарбнік, ва ўрадзе А. Луцкевіча - міністар фінансаў. З сьнежня 1919 г. намесьнік старшыні Рады. БНР, з 1928 г. старшыня (прэзыдэнт) Рады БНР. Памёр у Празе.

11 Варонка Язэп Якубавіч (17.4.1891-4.6.1952), вядомы дзяяч беларускага руху. Ураджэнец Сакольскага павету Горадзенскай губэрні. Да 1917 г.. жыў у Пецярбурзе. Удзельнік Дзяржаўнай нарады ў Маскве і Расейскай дэмакратычнай нарады ў Пецярбурзе ў 1917 г. Сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Ўдзельнік Усебеларускага зьезду. Старшыня першага Ўраду БНР, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў. У 1918-1920 гг. у Коўне ў складзе Летувіскай Тарыбы, узначальваў у гэты час Міністэрства Беларускіх Справаў пры летувіскім урадзе. У 1923 г. эміграваў у Чыкага (ЗША), ўдзельнічаў там у беларускім грамадзкім і культурным жыцьці.

12 Езавітаў Канстанцін Іванавіч (І7.11.1893-1946?), выбітны дзяяч беларускага руху. Скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут (1916) і 1-ае Паўлаўскае вайсковае вучылішча (1917). Удзель- нік Усебеларускага зьезду, старшыня Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады. У лютым 1918 г. прызначаны беларускім камэндантам г. Менску (да прыходу кайзераўскіх войскаў). Уваходзіў у склад першага Ўраду БНР як таварыш старшыні. З восені 1918 г. у Горадні, у студзені 1919 г. ад капітана Лаўрэнцьева пераняў камандаваньне 1-ым Беларускім палком. У весну 1919 г. у Летуве пры прадстаўніцтве БНР у Коўне. З другой паловы 1919 г. у Рызе, узначальваў тут ваенна-дыпляматычную місію БНР. У міжваенны час актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім і культурным жыцьці латвійскіх беларусаў, працаваў інспэктарам беларускіх школаў у Латвіі, шырока разгарнуў беларускую выдавецкую дзейнасьць. 3 1943 г. у Менску. 3 1944 г. узначаліў вайсковыя справы Беларускай Цэнтральнай Рады. Напрыканцы вайны схоплены балыпавікамі ў Нямеччыне і перавезены ў Менск на допыты. Паводле непацьверджаных зьвестак, расстраляны НКВД у 1946 г.

13 Хведар Данілюк у гэтым моманце не зусім дакладна перадае пасьлядоўнасьць падзеяў, што адбыліся зь ім у 1920 г. У траўні 1920 г. на заданьне прадстаўніцтва БНР у Коўне ён нелегальна перабіраецца ў Менск у распараджэньне Беларускай Вайсковай Камісіі, дзе быў залічаны рэзэрвовым афіцэрам у беларускае войска. У часе летняга наступу Чырвонай арміі хаваўся ад балыпавікоў на Слонімшчыне, але быў вышуканы і арыштаваны. Расстрэлу пазьбегнуў выпадкова - з-за панічных уцёкаў савецкіх войскаў пасьля паразы пад Варшаваю. Пасьля вызваленьня ўвосень 1920 г. знаходзіўся ў складзе Беларускай Вайсковай Камісіі ў Лодзі. У лістападзе 1920 г. разам зь іншымі беларускімі афіцэрамі накіраваны ў Слуцак на дапамогу паўстанцам. Зьвесткі дадзеныя паводле ўспамінаў Францішка Кушаля і Міхася Міцкевіча (А. Галіны).

14 Якубецкі Андрэй (6.10.1892-?), вядомы беларускі нацыянальны дзяяч. Ураджэнец в. Сухмяні Горадзенскага пав. Скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю (1912). Падчас 1-й сусьветнай вайны змабілізаваны ў дзейную армію, у 1915 г. скончыў Аляксандраўскае вайсковае вучылішча. Пасьля дэмабілізацыі вяртаецца на Горадзеншчыну. Адзін зь ініцыятараў арганізацыі ў лістападзе 1918 г. беларускага сялянскага зьезду Горадзенскага павету, узначаліў Беларускую сялянскую раду таго ж павету. 3 канца 1918 г. сябра Партыі беларускіх эсэраў. У ліпені 1919 г» удзельнічаў у Беларускім зьезьдзе Віленшчыны і Горадзеншчыны ў Вільні, увайшоў у склад Рады. Пасьля стварэнъня Беларускай Вайсковай Арганізацыі ў Вільні прымае чынны ўдзел у стварэньні вайсковйх адзінак. У лістападзе 1919 г. зь Беларускай вайсковай арганізацыяй пераяжджае ў Менск, у чыне маёра зьяўляецца намесьнікам старшыні ВВК. Пасьля пераезду ўлетку 1920 г. ВВК у Лодзь стаў на чале Вайсковай Камісіі. Пасьля зьліквідаваньня ВВК у траўні 1921 г. пераяжджае ў Вільню. 5.2.1922 пасьля арышту і зьняволеньня на Лукішках у Вільні разам з 33-ма іншымі беларускімі дзеячамі высланы ў Летуву. 3 траўня 1922 г. жыве ў Дзьвінску ў Латвіі, выкладае ў мясцовай беларускай гімназіі, бярэ чынны ўдзел у працы беларускіх арганізацыяў. Падчас судовага працэсу над беларускімі дзеячамі ў Латвіі быў адным з абвінавачаных, але апраўданы. У часе 2-й сусьветнай вайны кіраваў Дзьвінскім аддзяленьнем Беларускага Нацыянальнага Аб'яднаньня ў Латвіі. Далейшы лёс невядомы.

15 Борык Антон (н. 1894 - ?), ураджэнец в. Сынкоўцы Сакольскага пав. Горадзенскай губ. 3 1915 г. у войску. Пасьля дэмабілізацыі ў 1918 г. у Вільні, прымае чынны ўдзел у беларускім нацыянальным жыцьці, кааптаваны ў склад Віленскай Беларускай Рады, уваходзіў у партыю беларускіх эсэраў. З пачатку 1919 г. у Нямеччыне, некаторы час узначальвае там беларускую калёнію эмігрантаў. У 1919-1920 гг. выконвае абавязкі дырэктара беларускай фірмы «Синдикату Сапегі для Эўропы і Азіі на Беларусі» ў Бэрліне. У летку 1920. г. вяртаецца ў Беларусь, узначальвае агульны аддзел Беларускай Вайсковай Камісіі ў чыне капітана. У лістападзе 1920 г. накіраваны на Случчыну ў дапамогу паўстанцам, начальнік штабу 1-й Беларускай брыгады случчакоў. Выступаў супраць ваеннага хаўрусу слуцкіх паўстанцаў з Булак-Балаховічам. Пасьля ліквідацыі Беларускай Вайсковай Камісіі пэўны час знаходзіўся ў Латвіі, дзе наладжваў кантакты з латыскімі сацыял-дэмакратамі, пазьней - у прадстаўніцтве БНР у Коўне. Адзін з закладнікаў Таварыства Беларускай Школы ў Заходняй Беларусі. Далейшы лёс невядомы.

16 Беларуская Рада Случчыны, выканаўчы орган Слуцку і Слуцкага павету, абраны 15.11.1920 на Беларускім зьезьдзе Случчыны ў складзе 17 чалавек на чале з Уладзімерам Пракулевічам. Падчас Слуцкага збройнага чыну - палітычны цэнтар кіраваньня ім.

17 Маецца на ўвазе 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войскаў БНР, вайсковая адзінка слуцкіх паўстанцаў. Складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. У склад брыгады ўваходзіў кавалерыйскі эскадрон і вучэбная каманда.

18 Маюцца на ўвазе падпісаныя ўвосень 1920 г. паміж польским і савецкім бакамі замірэньне і прэмілінарныя ўмовы, якія ў 1921 г. былі замацаваныя ў Рызе мірным дагаворам.

19 Русак Васіль Максімавіч (22.3.1896 - ?); ураджэнец в. Ячава Слуцкага пав. Менскай губ. У жніўні 1915 г. змабілізаваны ў дзейную армію. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у беларускім руху, ўваходзіць у склад Беларускага вайсковага камітэту 12-й арміі Паўночнага фронту, сябра Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Удзельнік зьезду беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску ў лістападзе 1917 г. і Усебеларускага зьезду ў сьнежні 1917 г. З восені 1918 г. сябра Партыі беларускіх эсэраў, быў арыштаваны немцамі за рэвалюцыйную 1 прапаганду ў Слуцкім павеце. У сьнежні 1918 г. закладвае «Саюз абароны краю», прымае чынны ўдзел у працы мясцовага беларускага культурна-асьветнага гуртка «Папараць-Кветка». У сакавіку 1919 г. арыштаваны бальшавікамі, вызвалены ЧК за 3 тыс. рублёў. У часе польскай акупацыі ўваходзіў у Беларускі Нацыянальны Камітэт Случчыны, кіраваў беларускім хорам гуртка «Папарацць-Кветка». У летку 1920 г. призваны ў Чырвоную армію і адбываў службу ў Слуцку. 14-15.11.1920 на беларускім зьезьдзе Случчыны быў абраны яго старшынёю,

увайшоў у склад Беларускае Рады Случчыны. Пасьля ліквідацыі Слуцкага збройнага чыну ў якасьці рэвідэнта Беларускай Вайсковай Камісіі, на заданьне кіраўніцтва БПС-Р праводзіў антыпольскую рэвалюцыйную агітацыю сярод сялянаў Баранавіцкага і Слонімскага паветаў. Увесну 1922 г. у Коўне пры прадстаўніцтве БНР у Летуве і Міністэрстве Беларускіх Справаў пры летувіскім урадзе. Увосень 1922 г. едзе ў Прагу, каб атрымаць вышэйшую адукацыю. Падчас вучобы ў Праскай вышэйшай сельскагаспадарчай школе актыўна ўдзельнічаў у беларускім грамадзкім і культурным жыцьці: сябра Беларускай Рады ў Празе, у Аб'яднаньні беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у замежжы і Заходняй Беларусі (АБСА), у Загранічнай групе партыі беларускіх эсэраў ды іншых. Пасьля заканчэньня вучобы ў 1929 г. стала Жыў у Празе, займаўся камэрцыйнай дзейнасьцю і быў вядомым фундатарам беларускай справы. У 1934 г. выдаў лацінкаю «Сьпеўнік беларускіх народных песень», у 1939 г.- этнаграфічную мапу Беларусі, у часе 2-й сусьветнай вайны выдаў таксама падручнік нямецкае мовы для беларусаў, брашуру па-нямецку пра Беларусь, надрукаваў свой праект герба Пагоні ў якасьці паштовак, насьценьняў, значкоў, перавыдаў этнаграфічную мапу Беларусі. Адмовіўся прыехаць на запрашэньне Р. Астроўскага на 2-гі Усебёларускі Кангрэс. У 1948 г. пасьля прыходу да ўлады ў Чэхаславаччыне камуністаў быў выдадзены савецкім уладам. Перавезены ў Менск, пасьля сьледзтва асуджаны на зьняволеньне ў канцлягер. Паводле непацьверджаных зьвестак, памёр напачатку 1950-х гг.

20 Беларуская Вайсковая Камісія, орган фармаваньня беларускіх вайсковых частак у 1919-1921 гг. Утвораная 2.8.1919 Цэнтральнаю Радаю Віленшчыны й Горадзеншчыны паводле дамоўленасьці з Начальнікам Польскае дзяржавы Ю. Пілсудзкім. У лістападзе 1919 г. ВВК на чале з П. Алексюком пераяжджае ў Менск, а ў кастрычніку 1920 узнаўляе дзейнасьць у Лодзі, дзе яе ўзначаліў А. Якубецкі. Зьліквідаваная польскімі ўладамі 15.5.1921.

21 Пасьля ліквідацыі Слуцкага збройнага чыну ў пачатку 1922 г. на прапанову кіраўніка «Зялёнага Дуба» Дзеркача (В. Адамовіча) палкоўнік Гаўрыловіч і капітан Семянюк разам з дабрахвотнікамі з шэрагаў паўстанцаў пайшлі ў партызаны супраць савецкіх уладаў. Іншых зьвестак пра названых асобаў няма.

22 Сокал-Кутылоўскі Антон Андрэевіч (1892-1983), ураджэніец урочышча Красная Горка, з дваранскай сям'і. Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт (1914). У 1-ю сусьветную вайну ў дзейнай арміі. Пасьля заканчэньня Казанскай вайсковай школы ў чыне падпаручніка. У 1918 г. у складзе дабрахвотнай арміі ген. Дзянікіна камандаваў ротай. У сьнежні 1918 г. вярнуўся дамоў. У студзені 1919 г. змабілізаваны ў Чырвоную армію. У ліпені 1919 г. у белай арміі ген. Юдзеніча. Падчас Слуцкага збройнага чыну камандаваў 1-й Слуцкай брыгадай, у сьнежні 1920 г. яму былі нададзеныя паўнамоцтвы ваеннага дыктатара па кіраўніцтве паўстаньнем. Зь ліквідацыяй Слуцкага збройнага чыну жыў у Заходняй Беларусі, працаваў настаўнікам. У часе 2-й сусьветнай вайны кіраўнік акруговай арганізацыі Беларускай самапомачы ў Ганцавічах, удзельнік 2-га Усебеларускага Кангрэсу ў Менску. 3 2-й паловы 1944 г. у Нямеччыне ў складзе 1-га Беларускага батальёну БКА. Са сьнежня таго ж году ў чыне маёра ў камандзе 1-га беларускага пяхотнага палка новаўтворанай дывізіі «Беларусь». У красавіку 1945 г. падпалкоўнік^ Сокал-Кутылоўскі інтэрнаваны амэрыканскімі ваеннымі ўладамі і перададзены ў рукі савецкага СМЕРШу. Увосень 1945 г. перавезены ў Менск, дзе пасьля сьледзтва асуджаны на 12 год зьняволеньня. У 1956 г. выйшаў па амністыі, да самай сьмерці жыў у Ганцавічах.

23 Біяграфічныя зьвесткі пра ўзгаданых асобаў (Капца, Рудзька, Падгурскага, Янкоўскага, Арцышэвіча і Лукашэвіча) адсутнічаюць.

24Toe ж самае і пра афіцэраў Беларускай Вайсковай Камісіі палкоўніка і падпалкоўніка Якубоўскіх.

25Кушаль Францішак Вінцэнтавіч (16.2.1895 - травень 1968), беларускі палітычны і вайсковы дзЯяч. Ураджэнец в. Пяршаі Валожынскага раёну. Скончыў Віленскае пяхотнае вучылішча (1916). Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. У 1919-1921 гг. у складзе Беларускай Вайсковай Камісіі. З 1921 г. ў польскім войску. У верасьні 1939 г. удзельнічаў у баёх супраць нямецкіх войскаў пада Львовам. 22.9.1939 інтэрнаваны савецкімі ўладамі, знаходзіўся пад сьледзтвам НКВД. У 2-ю сусьветную вайну ў складзе корпусу Беларускац самапомачы, камандуючы вайсковымі фармаваньнямі Беларускай Краёвай Абароны. У красавіку 1945 г. інтэрнаваны амэрыканцамі як камандзер дывізіі «Беларусь». Пасьля вайны заснаваў Аб'яднаньне Беларускіх Вэтэранаў у Нямеччыне. 3 1950-х гадоў у ЗША, быў старшынёю Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Выступаў з артыкуламі па пытаньнях ваеннай гісторыі Беларусі.

26 Касьцевіч (Краўцоў) Макар (1890 - ?), беларускі паэт і грамадзкі дзяяч. Ураджэнец в. Баброўна Сакольскага павету Горадзенскай губерні. Скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны. Удзельнік Усебеларускага зьезду ў 1917 г. Арганізатар першых беларускіх школак у Менску. У 1918 г. сябра Рады БНР, быў прызначаны нацыянальным камісарам Сакольскага павету. Падчар польскай акупацыі 1919-1920 гг. сябра Часовага беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, Беларускай Вайсковай Камісіі. Падчас Слуцкага збройнага чыну загадваў друкарняй паўстанцаў у Клецку. 3 1921 г. жыў у Вільні. Вядомы як паэт і перакладчык пад псеўданімам Макар Краўцоў. У 1926 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У верасьні 1939 г. зноў арыштаваны бальшавікамі і вывезены ў СССР. Далейшы лёс невядомы.

27 Біяграфічныя зьвесткі пра ўзгаданых асобаў (Більдзюкевіча, Радчанку, Дзехцярова, Новіка, Казеку, Гнароўскага) адсутнічаюць.

Прадмова, публікацыя і заўвагі Уладзімера ЛЯХОЎСКАГА.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX