Папярэдняя старонка: Кнігі

Беларускі нацыяналізм. Даведнік 


Дадана: 25-02-2018,
Крыніца: Менск, 2001.



Прадмова

Даведнік

АБ'ЯДНАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ (АБСА)

АДАМОВІЧ Вячаслаў (19.2.1864 - 21.2.1939)

АКІНЧЫЦ Фабіян (20.1.1886 - 7.3. (або 5.3.) 1943)

АЛЯХНОВІЧ Францішак (9.3.1883 - 3.3.1944)

АНТЫБАЛЬШАВІЦКІ БЛЁК НАРОДАЎ (АБН)

АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ НАЦЫЯНАЛІСТАЎ (АБН)

БАГДАНОВІЧ Глеб (1913 - 1960-я)

БАРЫСАЎСКІ ПАРТЫЗАНСКІ АДДЗЕЛ «ЧОРНАГА КАТА»

БЕЛАРУСКАЕ КРАЁВАЕ ВОЙСКА (БКВ)

БЕЛАРУСКАЯ ВАЙСКОВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ (БВА)

БЕЛАРУСКАЯ ВЫЗВОЛЬНАЯ АРМІЯ (БВА)

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНАЯ СЯБРЫНА (БНС)

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ (БНСП)

БЕЛАРУСКАЯ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЯ ПАРТЫЯ (БНП)

БЕЛАРУСКАЯ СЯЛЯНСКАЯ ПАРТЫЯ «ЗЯЛЁНЫ ДУБ»

БЕЛАРУСКІ ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ (БВР)

БЕЛАРУСКІ ВЫЗВОЛЬНЫ ФРОНТ (БВФ)

БЕЛАРУСКІ ДЭСАНТНЫ БАТАЛЬЁН «ДАЛЬВІЦ»

БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТАР (БНЦ)

«БЮЛЕТЭНЬ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ (БЮЛЕТЭНЬ БНП)»

ВІТУШКА Міхал (1907 - ?)

ВОСТРЫКАЎ Цімох (Міхась, нар. у 1922)

ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт (16.11.1888 (па інш. зьвестках - 16.12) - сьнежань 1942?)

ГАНЬКО Міхась (1918 - ?)

ГЕЛДА Іван (1897 - 1946)

ГІНЬКО Янка (3.01.1912 - 1980-я гг.)

ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў (старшы, 2.2.1902 - 25.7.1945)

ГРЫНЯВІЦКІ Ігнат (жнівень 1855 (па інш. зьвестках - восень 1956) - 1 (13).3.1881)

ДУБЕЙКАЎСКІ Лявон (Вітан-Дубейкаўскі, 7(19).7.1869 (або ў 1867) - 6.11.1940)

«ДУШЫ БАЛЬШАВІЦКУЮ ГАДЗІНУ!»

ЕЗАВІТАЎ Кастусь (17.11.1893 - 23.5.1946)

ЖЫХАР Аўген (1925? - 1955?)

«ЗА ВОЛЮ»

ЗАРЭЧНЫ Людвіг (Галубовіч, 17.5.1915 - 15.9.1964)

ЗМАГАР Алесь (ЯЦЭВІЧ, 1.10.1903 - 1990-я?)

ЗУЙ Міхась (23.10.1909 - 24.4.1995)

ЗЫБАЙЛА Рыгор (15.9.1913 - 15.11.1987)

ІЛЬЯШЭВІЧ Хведар (17.2.1910 - 7.11.1948)

КАЗАК Генадзь (1924 - др. пал. 1940-х)

КАЗЛОЎСКІ Ўладзіслаў (29.6.1896 - 13.11.1943)

КАЛІНОЎСКІ Кастусь (2.2.1838 - 22.3.1864)

КАЛУБОВІЧ Аўген (Каханоўскі, 5.3.1912 - 25.5.1987)

КАРОЛЬ Усевалад (18.10.1919 - кастрычнік 1984)

КІСЕЛЬ Уладзімір (1922 - 24.8.1999)

КАСМОВІЧ Дзімітры (21. 9. 1909 - 23. 4. 1991)

КЛІМОВІЧ Рыгор (1924 - 2000)

ЛАПІЦКІ Алег (? - 1950-я)

ЛАПІЦКІ Расьціслаў (1928 - 1950?)

ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (27.10 (8.11).1883 - 23.1.1938)

ЛУЦКЕВІЧ Лявон (13.03.1922 - 28.07.1997)

ЛУЦКЕВІЧ Юрка (22. 10. 1920 - 12. 8. 1992)

МІХАЛЬЧУК Сымон (1915? - 1953)

«ПАД АБЦАСАМ МАСКАЛЁЎ»

ПАНУЦЭВІЧ (ПАПУЦЭВІЧ) Вацлаў (1911 - 25.8.1991)

ПЕРШЫ ШТУРМОВЫ ЗЬВЯЗ

ПОПКА Юры (1912 - 1993)

РАГУЛЯ Барыс (нар. у 1920)

РАГУЛЯ Міхась (нар. у 1916 г.?)

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (РАДА БНР)

РАМАНЧУК Іван (? - травень 1987)

РАМАНЧУК Сымон (1916 - 1951?)

РОДЗЬКА Ўсевалад (1920 - 1946?)

РЫЖЫ-РЫСКІ Ўладзіслаў (1920-ыя - 2.3.1978)

САБАЛЕЎСКІ Юры (24. 4. 1889 - 26. 12. 1957)

САЖЫЧ Язэп (нар. у 1917)

САЗЫКА Міхал (23. 07. 1895 - 10. 01. 1949)

САКОВІЧ Юльян (24.8.1906 - 13.6.1943)

САРОКА Сяргей (25.4.1902 - 1.12.1941)

САЮЗ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ (СБМ)

САЮЗ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ (СВБ)

САЮЗ ЗМАГАНЬНЯ за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ (СЗНБ)

СЕНЬКА Ўладзімір (21.7.1918 - 2.2.1997)

СІКОРА Віктар (нар. 12.7.1925)

СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКІ Антон (1892 - 1983)

СТАНКЕВІЧ Станіслаў (1907 - 1980)

СТАНКЕВІЧ Ян (26.11.1891 - 16.11.1976)

СТЭПОВІЧ Альбін (18.3.1894 - 18.12.1934)

СЯНЬКЕВІЧ Аляксей (15.11.1904 - 12.12.1991)

ТУМАШ Вітаўт (20.12.1910 - 27.4.1998)

ФІЛІСТОВІЧ Янка (1926 - 1953)

ЧЭБАТАРЭВІЧ Віктар (1906 - 7.10.1963)

«ЧОРНЫ КОТ»

ШАВЕЛЬ Уладзімір (1910-я - ?)

ШКЯЛЁНАК Мікалай (1899 - 1946?)

ШУКАЙЛОВІЧ Міхась

ШЧОРС Мікола (1913 - 22.12.1995)

Каляндар асноўных датаў з гісторыі беларускага нацыяналізму


Беларускі нацыяналізм - гэта вызвольны, аб'яднаўчы грамадзка-палітычны рух, які на аснове яднаньня ў суцэльны фронт усіх паборнікаў дзяржаўнай самастойнасьці мабілізуе найшырэйшыя народныя масы да барацьбы за волю народа й чалавека, за нацыянальную, палітычную ды сацыяльную справядлівасьць, за аднаўленьне на беларускіх этнічных землях Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы - адзінага гаранта існаваньня й працьвітаньня нацыі.

Прадмова

«Беларускі нацыяналізм - гэта дух адвечнай стыхіі, тая магутная, безупынна палаючая ў гушчы народных масаў сіла, што векавечна зьберагала, зьберагае і будзе зьберагаць нацыю перад зьнішчальнымі ўдарамі».

У даведніку «Беларускі нацыяналізм» зьмешчана інфармацыя пра арганізацыі, партыі, фармацыі й асобы беларускіх нацыяналістаў ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Дагэтуль падобнага выданьня ў Беларусі не існавала. Мы паспрабавалі сабраць пад адну вокладку матэрыялы, многія зь якіх і сёньня знаходзяцца ў маладаступных крыніцах.

У кнізе зьмешчаны зацемкі пра розныя, іншы раз варожыя арганізацыі. Таксама былі няпростымі адносіны паміж некаторымі асобамі. Мы ж пастараліся аб'ектыўна паказаць іх дзейнасьць, зводзячы да мінімуму камэнтары й ацэнкі.

На жаль, у гісторыі беларускага нацыяналізму яшчэ застаецца шмат «белых плямаў». Таму мы не змаглі адлюстраваць у даведніку ўсе пэрсаналіі й распавесьці пра ўсе нацыяналістычныя арганізацыі, якія існавалі. Інфармацыя пра іх усё яшчэ ляжыць у спэцсховішчах. Магчыма, у будучыні зьявіцца больш дасканалае выданьне па гісторыі беларускага нацыяналізму.

З пэўных прычын, мы адмыслова не закраналі ў гэтым выданьні беларускі нацыяналістычны рух апошняга дзесяцігодзьдзя.

Пятро Казак, укладальнік

Даведнік

АБ'ЯДНАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЙ (АБСА)

Незалежніцкая арганізацыя, якая існавала ў Заходняй Беларусі й на эміграцыі ў 1924-38 гадах і аб'ядноўвала беларускіх студэнтаў, пераважна нацыяналістаў. Арганізацыя ўваходзіла ў Міжнародную студэнцкую канфэдэрацыю ды на яе зьездах распаўсюджвала інфармацыю пра паняволены й падзелены акупантамі беларускі народ і Беларусь. АБСА мела за мэту згуртаваньне ўсіх беларускіх студэнцкіх арганізацый для сумеснай працы на ніве беларускага адраджэньня. Штаб-кватэра АБСА знаходзілася ў Празе, дзе на розных мовах выдаваўся «Бюлетэнь АБСА». Пры арганізацыі існавалі аддзелы міжнародных зносін, прэсы, эканомікі ды іншыя. У 1930 годзе ў АБСА ўваходзіла 540 студэнтаў-беларусаў, а за ўвесь час яго існаваньня - тысячы маладых людзей. З АБСА выйшлі дзесяткі выдатных дзеячоў Беларускага Супраціву: Міхал Вітушка, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Мікола Чарнецкі ды іншыя. АБСА спыніла сваё існаваньне ў 1938 годзе, у сувязі з цяжкім фінансавым становішчам, з малым лікам беларускіх студэнтаў у Эўропе ды моцнымі нападкамі расейскіх эмігранцкіх і польскіх шавіністычных студэнцкіх арганізацый.

АДАМОВІЧ Вячаслаў (19.2.1864 - 21.2.1939)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, выдавец, публіцыст. У 1907-14 гг. выдаваў у Коўне газэту «Северо-западный телеграф». З 1917 г. удзельнічаў у беларускім вайсковым руху. У 1919-20 гг. быў сябрам Беларускай Вайсковай Камісіі, браў удзел у стварэньні тайнай вайсковай арганізацыі «Зялёны Дуб», якую ўзначаліў яго сын Вячаслаў (атаман Дзяргач). Браў удзел у антыбальшавіцкай акцыі пач. 1920-х гадоў. Пазьней адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці, жыў у Вільні.

АКІНЧЫЦ Фабіян (20.1.1886 - 7.3. (або 5.3.) 1943)

Беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст. Паходзіў з в. Акінчыцы Менскага павету, цяпер у межах г. Стоўбцы. Да 1917 г. быў сябрам партыі эсэраў. У 1926 г. увайшоў у кіраўніцтва Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады (БСРГ), старшыня яе Віленскага гарадзкога камітэта. У 1927-30 гадах знаходзіўся ў зьняволеньні, адкуль быў вызвалены датэрмінова. Стаў на прапольскія пазыцыі, выступаў з публікацыямі антысавецкага зьместу, у якіх раскрываў дзейнасьць бальшавіцкай агентуры ў Заходняй Беларусі. У 1933 годзе пачаў ствараць Беларускую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю (БНСП), стаўся яе гадоўным ідэёлагам. З 1938 г. - у Нямеччыне, працуе ў Міністэрстве прапаганды Нямеччыны, узначальвае яго беларускае бюро. Падчас нямецкай акупацыі спрабаваў захапіць уладу ў Беларусі з дапамогай прапагандыстаў, якіх рыхтаваў з беларусаў-ваеннапалонных польскай і чырвонай арміяў. Між іншым, вызваліў з палону Міхася Ганько, будучага кіраўніка «Саюзу Беларускай Моладзі». Па некаторых зьвестках, Акінчыц быў абвінавачаны ў даносах на а. Гадлеўскага немцам ды прысуджаны ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі да сьмерці. Забіты тэрарыстычнай групай у Менску.

АЛЯХНОВІЧ Францішак (9.3.1883 - 3.3.1944)

Беларускі палітычны дзеяч, драматург, пісьменьнік, журналіст. Нарадзіўся ў Вільні. За беларускую патрыятычную дзейнасьць быў рэпрэсіраваны расейскім царскім рэжымам, а пасьля бальшавіцкім (шэсьць гадоў правёў на Салаўках). Выдаў кнігу ўспамінаў «У кіпцюрох ГПУ» (1934). Падчас Другой сусьветнай вайны ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, быў старшынёй Віленскага акруговага камітэта БНП. Савецкая разьведка называла яго «правай рукой ксяндза Гадлеўскага», што гаворыць аб ягонай цеснай супрацы з кіраўніком Беларускага Супраціву. Быў забіты ў Вільні, праўдападобна, савецкім агентам.

АНТЫБАЛЬШАВІЦКІ БЛЁК НАРОДАЎ (АБН)

Міжнародная антыкамуністычная палітычная арганізацыя, дзейнасьць якой была накіравана на каардынацыю антысавецкага змаганьня ва Ўсходняй Эўропе й Азіі. Ідэйныя асновы для арганізацыі АБН паклаў яшчэ маніфэст АУН ад сьнежня 1940 г. Аднак спробы структурна аформіць арганізацыю былі зроблены толькі ў 1943 годзе. 25 чэрвеня 1943 г. бандэраўцы правялі падрыхтоўчую нараду прадстаўнікоў паняволеных народаў, а 21-22 лістапада 1943 года ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канфэрэнцыя дэлегатаў «нацыянальна-рэвалюцыйных арганізацый паняволеных Масквой народаў». На ёй быў утвораны Нацыянальны Камітэт Паняволеных Народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы», прынятая палітычная плятформа й маніфэст (у канферэнцыі бралі ўдзел два прадстаўнікі Беларускай Незалежніцкай Партыі капітан В.Ермаковіч і ст. лейтэнант Г.Маліноўскі. Капітан Ермаковіч пад пседай «Дружны» падпісаў рэзалюцыю канферэнцыі). У 1944 г. у Кракаве адбылася новая канфэрэнцыя прадстаўнікоў «паняволеных народаў», на якой былі выпрацаваны канкрэтныя напрамкі супольнай працы й барацьбы. Антыбальшавіцкі Блёк Народаў быў утвораны 16 красавіка 1946 г. у Пазінгу каля Мюнхэна ў Заходняй Нямеччыне на нелегальнай канфэрэнцыі дэлегатаў нацыянальна-вызвольных арганізацый народаў Усходняй Эўропы й Азіі. АБН разгортвае актыўную прапагандысцкую працу на Захадзе: высылае звароты на міжнародныя канфэрэнцыі й кангрэсы, да ўрадаў заходніх краін, у якіх перасьцерагаў іх перад «маскоўска-бальшавіцкай небясьпекай». Антыбальшавіцкі Блёк Народаў аказваў падтрымку антыбальшавіцкаму падпольлю ў СССР, вёў шырокую прапаганду. У праграмных дакументах АБН адзначалася: «Разгром бальшавізму і канчальны падзел Расеі-імпэрыі - гэта першая мэта АБН, асноўная догма нашага змаганьня», «Мядзьведзя трэба задушыць у яго бярлозе. Бальшавізм зьнікне аканчальна тады, калі будзе пераможаны ў сваім цэнтры - эвэнтуальная перамога на пэрэфэрыях заўсёды будзе часовай, бо атрутны газ будзе ізноў пранікаць усюды, дзе яшчэ яго няма, паводле закону распаўсюджваньня». У той жа час АБН стаяў на прынцыпе поўнай незалежнасьці кожнага народу ў яго этнаграфічных межах. АБН супрацоўнічаў з іншымі антыкамуністычнымі міжнароднымі арганізацыямі, актыўна рэагаваў на падзеі ў СССР. Фактычна арганізацыя даіснавала да распада савецкай імпэрыі, у якім ёсьць і яе заслуга. Ад самага пачатку ў працы АБН бралі актыўны ўдзел беларускія арганізацыі: Беларуская Незалежніцкая Партыя, Беларускі Нацыянальны Цэнтар, Беларуская Цэнтральная Рада, Беларускі Вызвольны Фронт. Вядомыя беларускія дзеячы, як Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Тамашчык і Дзімітры Касмовіч, уваходзілі ў кіраўніцтва АБН. У ЗША існавала група «Беларускія сябры АБН». У яе кіраўніцтва ўваходзілі Анатоль Плескачэўскі, Уладзімір Пеляса й Міхась Сенька.

АРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ НАЦЫЯНАЛІСТАЎ (АБН)

Створана ў 1940 годзе ў Варшаве, як нелегальная арганізацыя. Летам 1941-га перанесла сваю дзейнасьць у Беларусь. Па некаторых зьвестках, у 1942 г. АБН налічвала 500 чалавек. На яе чале стаяў Цэнтральны Камітэт. Старшыня ЦК АБН - Янка Станкевіч. АБН вяла перамовы з польскай падпольнай Арміяй Краёвай аб супрацоўніцтве, «польска-беларускай федэрацыі» й нават аб стварэньні беларуска-польскіх партызанскіх аддзелаў. Аднак кантакты з польскім супрацівам не далі ніякага выніку. У 1943 годзе АБН увайшла ў падпольнае Беларускае Нацыянальна-Дэмакратычнае Аб'яднаньне (БНДА) ды была ў ім галоўнай сілай. На жаль, пакуль невядома, чым займаліся АБН і БНДА, акрамя кантактаў з палякамі. Пасьля гібелі ў сьнежні 1943 года ў Менску Вацлава Іваноўскага і выезду ў Чэхію Янкі Станкевіча, АБН-БНДА фактычна спыніла сваё існаваньне. Многія сябры арганізацыі, якія працавалі ў грамадзянскай адміністрацыі й школьніцтве, летам 1944 г. падаліся на Захад. Тыя нешматлікія, што засталіся на Бацькаўшчыне, маглі далучыцца да Руху Супраціўленьня, які арганізоўвала Беларуская Незалежніцкая Партыя.

БАГДАНОВІЧ Глеб (1913 - 1960-я)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, доктар медыцыны. Удзельнік дэсанту батальёна «Дальвіц» у лістападзе 1944 г. на Віленшчыну. Сын сэнатара Вячаслава Багдановіча, расстралянага бальшавікамі ў Вялейцы ў 1941 г. Скончыў Віленскую беларускую гімназыю, медыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні. Падчас нямецкай акупацыі Багдановіч спачатку працаваў доктарам у Івянцы на Гарадзеншчыне. Удзельнічаў у падпольным руху, быў сябрам БНП. З траўня 1944 г. - афіцэр БКА. З ліпеня 1944 г. Б. знаходзіўся ў беларускім дэсантным батальёне «Дальвіц». 17 лістапада 1944 г. ён у складзе 28-асабовай групы дэсантаваўся на Віленшчыне. У чэрвені 1945 г. з акаўскай групай «Лялюся» з боем прарваўся ў Польшчу. Багдановіч жыў і працаваў урачом на Беласточчыне, удзельнічаў у падпольным руху. Быў прызваны ў польскае войска, у ранзе паручыка служыў старэйшым палкавым урачом. 14 красавіка 1949 г. ён быў арыштаваны польскай СБ і дэпартаваны ў СССР. Зьняволеньне Багдановіч адбываў на Варкуце. Пасьля вяртаньня ў Беларусь, працаваў урачом, але хутка памёр. Пахаваны ў Рудзенску.

БАРЫСАЎСКІ ПАРТЫЗАНСКІ АДДЗЕЛ «ЧОРНАГА КАТА»

Адна з самых актыўных (з ведамых нам на сёньняшні час) вайсковых фармацый, якая належала да партызанскай арганізацыі «Чорны Кот». Дзейнічаў на Барысаўшчыне й у сумежных раёнах у другой палове 1940-х гг. Амаль штотыднёва выдаваў газэту «Лесавік». У 1948 г. войскі НКВД падчас карнай апэрацыі супраць Барысаўскага аддзела ўжывалі атрутныя газы. Адзін з партызанаў у 1949 г. перабраўся праз Заходні Бэрлін на Захад. Лёс партызанскага адзьдзела невядомы. Магчыма, адным з камандзіраў аддзелу быў Сакаловіч.

БЕЛАРУСКАЕ КРАЁВАЕ ВОЙСКА (БКВ)

Партызанская арганізацыя, створаная Беларускай Незалежніцкай Партыяй. Адзін з варыянтаў назову «Беларускай Вызвольнай Арміі» ды «Чорнага Ката». Падобны назоў аддзелаў беларускай партызанкі генэрала Вітушкі сустракаецца ў эміграцыйных выданьнях БНП. Беларускім Краёвым Войскам Дзімітры Касмовіч і Міхал Вітушка называлі створаныя імі беларускія вайсковыя аддзелы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне, і якія налічвалі дзесяткі тысяч байцоў. Частка гэтых аддзелаў ужо з 1943 г. распачала антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу.

БЕЛАРУСКАЯ ВАЙСКОВАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ (БВА)

Нелегальная арганізацыя беларускіх вайскоўцаў-нацыяналістаў. Заснавана ў 1944 годзе па рашэньню ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Будавалася па ўзору «Польскай Арганізацыі Вайсковай». БВА мусіла складацца з актыву БНП, найперш з дэсантных груп батальёна «Дальвіц», якія перакідваліся ў Беларусь. У красавіку 1945 г. у Бэрліне адбылася нелегальная канфэрэнцыя БНП, на якой зноў паўстала пытаньне БВА. Усевалад Родзька прапанаваў рэарганізаваць партыю ў Беларускую Вайсковую Арганізацыю, якая павінна была ўзначаліць антысавецкі партызанскі рух на Бацькаўшчыне. Аднак большасьць удзельнікаў канфэрэнцыі неўзабаве загінулі ў баях з бальшавікамі або трапілі ў іх рукі (Родзька, Гелда ды іншыя). Пра дзейнасьць БВА ў пазьнейшы час нічога невядома.

БЕЛАРУСКАЯ ВЫЗВОЛЬНАЯ АРМІЯ (БВА)

Партызанская арганізацыя. Першыя згадкі пра БВА адносяцца да 1945 г. Старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, якому падначальваліся «паўстанцкія сілы ў Беларусі», быў кіраўніком дэсантных груп «Дальвіца», якія нібыта ўваходзілі ў «Беларускую Вызвольную Армію». У 1949-50 гг. у беларускай эміграцыйнай прэсе паведамлялася пра дзейнасьць у Беларусі «Беларускай Вызвольнай Арміі пад камандаю ген. Вітушкі». Аднак больш распаўсюджанай назвай партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі быў «Чорны Кот». У 1949 годзе ў Заходняй Нямеччыне выходзіў часапіс «За волю. Лісткі Замежнага сэктару Беларускае Вызвольнае Арміі».

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНАЯ СЯБРЫНА (БНС)

Адно з першых выразна нацыяналістычных беларускіх згуртаваньняў. БНС дзейнічала ў Вільні ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Яе сябрамі былі студэнты Віленскага ўнівэрсытэта Сьцяпана Батуры. БНС мела антыбальшавіцкі характар, ды выкрывала сапраўдную сутнасьць бальшавіцкай палітыкі ў БССР і ў Заходняй Беларусі. Арганізацыя кароткі час выдавала сваю газэту «Беларусь працы». Яе рэдактарам і выдаўцом быў Сяргей Сарока, лідэр Беларускай Нацыяналістычнай Сябрыны. На працягу 1934 г. выйшла 5 нумароў газэты. Па некаторых зьвестках, БНС знаходзілася пад уплывам Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі.

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛ-САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ (БНСП)

Арганізацыя нацыяналістаў, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 1930-х гадах. Арыентавалася на Нямеччыну. Утворана ў 1933 годзе. У яе кіраўнічае ядро ўваходзілі: Фабіян Акінчыц (старшыня), Уладзіслаў Казлоўскі (рэдактар і выдавец партыйнага воргану газэты «Новы шлях»), Альбін Стэповіч, Павал Арцішэўскі, Лявон Дубейкаўскі, Канстанты Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч і Антон Сапко. Кіраўніцтва БНСП распрацоўвала ідэялёгію, імкнулася пашырыць сетку партыйных арганізацый (моцныя пазыцыі ў БНСП былі на Стаўпеччыне). У 1937 годзе БНСП была забароненая польскімі ўладамі. Частка сяброў на чале з Ф.Акінчыцам у 1938 г. выехалі ў Нямеччыну. У 1940 г. БНСП на чале з Ул.Казлоўскім нелегальна дзейнічала пад летувіскай уладай у Вільні. У ліпені 1941-га Казлоўскі аднавіў дзейнасьць БНСП, але немцы яе забаранілі. Са сьмерцю Ф.Акінчыца і Ўл.Казлоўскага ў 1943 г., а таксама з уступленьнем М.Ганько ў Беларускую Незалежніцкую Партыю, БНСП спыніла сваё існаваньне.

БЕЛАРУСКАЯ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЯ ПАРТЫЯ (БНП)

Палітычная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў, якая ў 1940-50-х гг. нелегальна дзейнічала ў Беларусі. Па адной з вэрсіяў, БНП была заснавана яшчэ напрыканцы 1939 г. у Вільні (па іншай - у 1942 г. у Менску). У 1940 г. у Варшаве яе ідэёляг а. Вінцэнт Гадлеўскі піша праграму й статут партыі, якія абнаўляліся ў 1942 г. пасьля рэарганізацыі БНП. У статуце БНП мэтай партыі было «здабыцьцё і забясьпечаньне на будучыню Незалежнасьці Беларусі» і да яе яна ішла «праз баёвы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня». Найвышэйшым ворганам БНП быў Цэнтральны Камітэт, які ствараўся агульным зьездам акруговых кіраўнікоў партыі. Асноўнай партыйнай адзінкай БНП было зьвяно з кіраўніком зьвяна на чале. Існавалі таксама раённыя, акруговыя й краёвыя камітэты партыі. Раз на два гады зьбіраўся партыйны зьезд, а таксама партыйныя канфэрэнцыі. Друкаваным ворганам БНП быў «Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі», які выдаваўся ў 1942-46 гг. (выйшла 6 нумароў).

Падчас нямецкай акупацыі сябры БНП апаноўвалі грамадзянскую адміністрацыю, кіравалі вайсковымі й паліцыйнымі аддзеламі, узначальвалі нацыянальныя партызанскія атрады. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. ЦК БНП рыхтаваў у Менску антынямецкае паўстаньне з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якое было адменена з прычыны імклівага наступу Чырвонай Арміі. Летам 1944 г. кіраўніцтва партыі выехала ў Нямеччыну, пакінуўшы ў Беларусі падпольныя й партызанскія групы. У 1944-45 гг. у Беларусь зь Нямеччыны перапраўляліся дэсантныя групы, складзеныя з сябраў БНП, якія мусілі арганізоўваць антысавецкі супраціў у шэрагах Беларускага Краёвага Войска. Частка кіраўнікоў і актывістаў партыі, у тым ліку й старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай. Аднак ацалеўшыя падпольныя структуры здолеў аб'яднаць генэрал Міхал Вітушка, які кіраваў БНП у Беларусі. На эміграцыі быў утвораны Замежны сэктар БНП на чале з Дз.Касмовічам, які падтрымліваў сувязь з партыяй на Бацькаўшчыне праз сваіх кур'ераў. 30 верасьня 1946 г. у Зах. Нямеччыне адбылася ІІІ канфэрэнцыя БНП. На ёй адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне», якая пашыралася ў падпольлі й мела ўплыў на партызанскі рух. Па некаторых зьвестках, БНП актыўна змагалася супраць савецкіх уладаў да канца 1956 г. Партыйныя структуры на эміграцыі ў 1955 г. уліліся ў Беларускі Вызвольны Фронт.

БЕЛАРУСКАЯ СЯЛЯНСКАЯ ПАРТЫЯ «ЗЯЛЁНЫ ДУБ»

Беларуская нацыяналістычная баявая арганізацыя, якая дзейнічала ў Беларусі ў 1920-х гадах. Вяла збройную барацьбу супраць бальшавіцкіх акупантаў. Камандзірам арганізацыі быў Вячаслаў Адамовіч (сын, атаман Дзяргач). Маючы базы ў Заходняй Беларусі, аддзелы «Зялёнага Дубу» доўгі час рабілі рэйды ў БССР.

БЕЛАРУСКІ ВЫЗВОЛЬНЫ РУХ (БВР)

Палітычна-вайсковая арганізацыя беларускіх нацыяналістаў на эміграцыі. БВР быў заснаваны ў 1950 г. у Зах. Нямеччыне й Ангельшчыне маёрам Л.Зарэчным і напачатку дзейнічаў нелегальна. Пры дапамозе ангельскіх сьпецслужбаў, у 1950-51 гг. некалькі дывэрсыйна-разьведвальных груп БВР былі перакінуты ў Беларусь. Амаль усе разьведчыкі-беларускія вайскоўцы выканалі заданьне й вярнуліся на Захад. У Манчэстары (Ангельшчына) пачала арганізоўвацца «Баявая афіцэрская школа БВР», якая мусіла падрыхтоўваць кіруючыя партызанскія кадры для перакідкі іх у Беларусь. У сваёй дзейнасьці БВР супрацоўнічае з Украінскай Нацыянальнай Гвардыяй атамана Бульбы-Бараўца. У 1952 г. адбываецца легалізацыя БВР. Маёр Л.Зарэчны, як «кіраўнік Арганізацыйнага бюро Галоўнага Штаба БВР», выдае 27 лютага 1952 г. адозву да беларускіх вайскоўцаў з заклікам далучацца да «Вайскова-палітычнага цэнтра Вызваленьня Беларусі», які будзе каардынаваць сілы беларускага антыбальшавіцкага фронту. 9 сакавіка 1952 г. у Манчэстары адбылася «надзвычайная канфэрэнцыя» беларускіх вайскоўцаў, на якой быў утвораны Галоўны Штаб БВР. У 1952 г. у Лянгэнфэльдзе (Зах. Нямеччына) пачалі выходзіць газэта «Незалежная Беларусь» і «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага Штабу БВР» (выдавец - Палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага Штаба БВР).

БВР супрацоўнічае з Беларускай Цэнтральнай Радай, дасылае сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952-53 гг., абапіраючыся на структуры БЦР, у розных краінах Захаду арганізоўваюцца Краёвыя Штабы БВР. Утвараюцца й Аддзелы моладзі пры БВР (напрыклад, у 1953 г. у Аўстраліі Аддзелам моладзі кіраваў лейтэнант Ул.Шнэк). БЦР на чале з Р.Астроўскім імкнулася падпарадкаваць сабе БВР, але гэтаму супрацівіўся палкоўнік Зарэчны, які хацеў захаваць незалежнасьць сваёй арганізацыі. У выніку, 8 лютага 1954 г. прэзыдэнт БЦР звольніў Л.Зарэчнага ад пасады старшыні Галоўнага Штаба БВР, прызначыўшы на ягонае месца маёра Ўладзіміра Сеньку (апошні адмовіўся выконваць гэты загад). Аднак Зарэчны рашэньні выканаўчых ворганаў БЦР праігнараваў і 18 лютага 1954 г. выдаў Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці. Палкоўнік Л.Зарэчны заклікаў сяброў БВР самім вырашыць лёс арганізацыі, склікаўшы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР. Аднак, яшчэ напярэдадні зьезду БВР быў расколаты на дзьве часткі. У Ангельшчыне ствараў «свой» БВР Сымон Серафімовіч, перайшоў у лягер бэцээраўцаў кіраўнік палітычна-прапагандовага аддзелу Галоўнага штаба БВР Ягор Попка (капітан Б. Жубровіч).

29 жніўня 1954 г. у Манчэстары прайшоў першы Ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім быў прыняты статут і выбраны кіруючыя ворганы арганізацыі. Генэральным сакратаром БВР быў абраны С.Шчэрба. Старшынёй ЦК БВР стаў Л.Зарэчны, а пасьля ягонага адыходу ад арганізацыі - Ул.Сенька. На зьезьдзе быў прыняты Маніфэст БВР. С.Шчэрба пісаў: «Маніфэст гэты мы перакінем усякімі шляхамі на родныя нашыя землі, каб падняць наш Народ на духу, а калі прыйдзе адпаведны час - да рэвалюцыі...».

27 кастрычніка 1954 г. пленум і калегія БЦР «зьліквідавалі» БВР і арганізавалі Беларускі Вызвольны Фронт. Аслаблены БВР пачаў падзяляцца на малыя групы. Маёр Сенька выконваў абавязкі старшыні ЦК БВР толькі фармальна. Уплыў БВР на беларускую эміграцыю з гэтага часу стаў мінімальны. 7 верасьня 1957 г. у Дэўсбуры (Ангельшчына) прайшоў другі Агульны Ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім прысутнічаў 41 дэлегат з Ангельшчыны, Аргентыны, Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Канады і Аўстраліі. Аднак на ім вырашаліся дробныя справы, як напрыклад «чыстка» шэрагаў БВР ад «бязбожных групаў», «уласаўцаў» і г. п. Фактычна, гэта быў канец Беларускага Вызвольнага Руху. Спробы яго рэанімацыі адбываліся яшчэ ў 1960-70-я гг. У Манчэстары дзейнічалі дзьве варожыя групы, кожная зь якіх называла сябе «Беларускім Вызвольным Рухам». У Ангельшчыне выдаваўся часапіс БВР «Жыве Беларусь». У Кліўлендзе (ЗША) жыў Алесь Змагар (Яцэвіч, палкоўнік Баравы), які зьяўляўся старшынёй Галоўнай Управы БВР. Змагар з 1965 г. неперыядычна выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Да пачатку 1980-х гг. ён рэгулярна распаўсюджваў ад імя БВР адозвы да ўгодкаў 25 Сакавіка й Слуцкага паўстаньня. На сёньняшні дзень арганізацыя ўжо не існуе.

БЕЛАРУСКІ ВЫЗВОЛЬНЫ ФРОНТ (БВФ)

Беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВФ быў заснаваны 27 кастрычніка 1954 г. указам прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Галоўнай мэтай БВФ было вызваленьне Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай акупацыі. БВФ прызнаваў Акт 25 сакавіка 1918 г. і пастановы 1-га й 2-га Ўсебеларускіх кангрэсаў, ды стаяў на плятформе Беларускай Цэнтральнай Рады.

Галоўны Штаб БВФ, які знаходзіўся ў Штутгарце (Зах. Нямеччына), узначаліў падпалкоўнік Дзімітры Касмовіч («Каршун»). Былі арганізаваны Краёвыя аддзелы Фронту ў Заходняй Нямеччыне, Ангельшчыне, Аўстраліі, ЗША і Канадзе. З 1955 г. выходзіў часапіс «Барацьба», ворган БВФ, наклад якога ў 1950-я гг. складаў тысячу паасобнікаў.

Асноўную частку актывістаў БВФ склалі былыя сябры Беларускага Вызвольнага Руху - прыхільнікі БЦР, а таксама сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі. БВФ ня толькі разгарнуў шырокую інфармацыйна-прапагандысцкую дзейнасьць у краінах Заходняй Эўропы, але й спрабаваў падтрымліваць кантакты з рэшткамі антысавецкага падпольля ў Беларусі.

БВФ супрацоўнічаў ў шэрагам антыкамуністычных арганізацый: з Антыбальшавіцкім Блёкам Народаў (АБН), Антыкамуністычнай Лігай Народаў Азыі (АПАКЛ, з 1955 г.), Міжамэрыканскай Канфэдэрацыяй Абароны Кантынэнту, Міжнароднай федэрацыяй для перамогі над камунізмам ды інш. Ад імя БВФ і БЦР Дз.Касмовіч у 1964 г. выступаў у Эўрапарлямэнце, а ў 1968 г. - у Брытанскім парлямэнце. У 1967 г. БВФ быў адным з арганізатараў Эўрапейскае Рады Свабоды, у якую ўвайшлі вядомыя палітыкі й грамадзкія дзеячы. У 1967 г. была арганізавана Сусьветная Антыкамуністычная Ліга, галоўны штаб якой знаходзіўся ў Сэуле (Паўднёвая Карэя), і зь якой актыўна супрацоўнічаў Беларускі Вызвольны Фронт. Пачынаючы з канца 1950-х гг. асноўная дзейнасьць аддзелаў БВФ заключалася ў правядзеньні антыкамуністычных мітынгаў і дэманстрацый, ва ўдзеле ў міжнародных канфэрэнцыях, на якіх ставілася на абмеркаваньне беларускае пытаньне.

У 1960-70-я гг. актыўна дзейнічалі Краёвыя аддзелы БВФ у Ангельшчыне (кіраўнік штаба - Кастусь Глінскі), Аўстраліі (Сіднэй і Мэльбурн, актывісты - Уладзімір Сідлярэвіч, Паўла Гуз, Міхась Зуй, Алесь Алехнік, Уладзімір і Алег Шнэкі), Канадзе (Вэнніпэг), ЗША (актывісты - Іван Касяк, А.Касоўская, Анатоль Плескачэўскі, В.Лапіцкая).

Са сьмерцю ў 1991 г. Дз.Касмовіча, БВФ фактычна спыніў сваё існаваньне. Толькі ў Аўстраліі яшчэ некалькі гадоў працягваў дзейнічаць мясцовы аддзел БВФ, які высылаў свае адозвы і мэмарандумы ў газэты й часапісы Беларусі.

БЕЛАРУСКІ ДЭСАНТНЫ БАТАЛЬЁН «ДАЛЬВІЦ»

Вайсковае фарміраваньне, створанае беларускімі нацыяналістамі пры дапамозе абвэра (нямецкай вайсковай разьведкі й контрразьведкі) для антысавецкай барацьбы ў тыле Чырвонай Арміі, на тэрыторыі Беларусі. Батальён быў арганізаваны ў ліпені 1944 г. у мястэчку Дальвіц ва Ўсходняй Прусіі пры нямецкай дывэрсыйна-разьведвальнай школе. Начальнікам школы быў маёр Геруліс, а яго намесьнікамі Барыс Рагуля й Усевалад Родзька. Родзька адказваў за палітычную падрыхтоўку асабовага складу батальёна, а Іван Гелда - за вайсковую.

«Дальвіц» камплектаваўся з афіцэраў і жаўнераў Беларускай Краёвай Абароны, пераважна сябраў Беларускай Незалежніцкай Партыі. У 1944 г. у батальёне налічвалася болей за 200 чалавек і ён быў падзелены на дзьве роты: «Паўднёвую» і «Паўночную». Беларускія вайскоўцы вывучалі падрыўную й сапёрную справы, тапаграфію, тактыку вядзеньня партызанскага бою, тыпы зброі. Невялікая група дзяўчат і жанчын рыхтаваліся на радыстак. У другой палове 1944 г. на Беларусь было скінута з нямецкіх самалётаў некалькі атрадаў, груп і асобных дэсантнікаў «Дальвіца». Частка зь іх была ліквідавана савецкай дзяржбясьпекай, іншыя пераходзілі да партызанскае дзейнасьці. Дэсантнікі, акрамя абвэра, атрымоўвалі заданьні й ад кіраўнікоў БНП, якія спрабавалі ўзьняць у Беларусі антысавецкі партызанскі рух. Усе перакінутыя ў Беларусь вайскоўцы лічыліся сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі й мусілі выконваць заданьні толькі беларускага кіраўніцтва.

На пачатку лістапада 1944 г. «Дальвіц» перадыслякаваўся ў мястэчка Вальбуш пад Быдгошчам (Польшча), дзе працягваў падрыхтоўку. Пазьней ён пераехаў у раён Бэрліна.

Напрыканцы сакавіка 1945 г. камандзір батальёна маёр У.Родзька заключыў пагадненьне з кіраўніком «Ягдфербанд-Ост СС» палкоўнікам нямецкіх сьпецслужбаў Ота Скарцэні аб павелічэньні складу «Дальвіца» да 700-800 чалавек і яго перакідцы ў Беларусь. Аднак падрыхтаваныя атрады «Дальвіца» ў Беларусь перакінутыя не былі.

У траўні 1945 г. «Дальвіц» быў раззброены чэшскімі партызанамі, пасьля чаго Родзька аб'явіў пра яго роспуск. Батальён быў падзелены на групы, якія прабіваліся на Захад, або ў Беларусь. Атрад маёра Ў.Родзькі перабраўся на Беласточчыну, дзе ў чэрвені 1945 г. старшыня ЦК БНП і камандзір «Дальвіца» быў арыштаваны. Частка вайскоўцаў батальёна, дабраўшыся да Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, прыступілі да партызанскай дзейнасьці. Некаторыя дэсантнікі, як, напрыклад, Аўген Жыхар, камандавалі партызанскімі аддзеламі. А генэрал Міхал Вітушка кіраваў партызанкай і падпольлем «Чорнага Ката». Па афіцыйных савецкіх зьвестках, у 1956 г. дзяржбясьпека расшуквала 57 дэсантнікаў «Дальвіца», якія былі або на Захадзе, або скрываліся ў Савецкім Саюзе.

Батальён «Дальвіц» адыграў выключную ролю ў падрыхтоўцы каманднага складу для беларускага партызанскага руху. Ягоныя дэсантнікі здолелі часткова аб'яднаць стыхійную партызанку й аформіць яе ў арганізацыйныя рамкі.

БЕЛАРУСКІ НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТАР (БНЦ)

Эмігранцкая нелегальная палітычная арганізацыя. БНЦ заснаваны 15 жніўня 1945 г. на нелегальным сходзе беларускага нацыянальнага актыву ў Рэгэнсбургу, у амэрыканскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Сярод 12 прысутных былі: Радаслаў Астроўскі, Мікола Абрамчык, Аўген Каханоўскі (Калубовіч), Барыс Рагуля ды інш. БНЦ мусіў стаць «беларускім цэнтральным прадстаўніцтвам» на Захадзе. Ідэю стварэньня гэтай арганізацыі падтрымаў і прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскі, які разумеў, што ў пасьляваенных умовах БЦР ужо ня можа дзейнічаць, маючы пляму «калябарацыі» (БЦР будзе распушчаная ў верасьні 1945 г.). На прапанову Астроўскага старшынём БНЦ быў выбраны М.Абрамчык, а яго заступнікам А.Каханоўскі. Быў арганізаваны й Прэзыдыюм БНЦ. Аднак ужо ў 1946 г. з арганізацыі выйшлі прыхільнікі Р.Астроўскага («зарубежнікі»). На жаль, невядома, ці прызнаваў БНЦ пераемнасьць ад Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, заснаванага ў Бэрліне 19 чэрвеня 1941 г. групай Міколы Шчорса і а. Вінцэнта Гадлеўскага.

Утвораны ў 1945 г., БНЦ меў на мэце «мабілізаваньне і арганізаваньне ўсіх беларускіх нацыянальных сілаў для няўтомнага і бескампраміснага змаганьня супраць бальшавізму і ўсякіх іншых формаў паняволеньня беларускага народу», змаганьне «за палітычную, нацыянальную, рэлігійна-царкоўную, сацыяльную і эканамічную незалежнасьць беларускага народу». БНЦ у сваіх праграмных дакументах заяўляў пра сваю прынцыпіяльную арыентацыю на свае ўласныя сілы. Арганізацыя афіцыйна заяўляла пра сваю надпартыйнасьць, але тайна ад шырокіх колаў беларускага грамадзтва знаходзілася пад уплывам Рады БНР, якая да сьнежня 1947 г. дзеяла нелегальна. БНЦ здолеў аб'яднаць у сваіх шэрагах прадстаўнікоў многіх існаваўшых у той час палітычных партый і арганізацый. Але брабэцээраўскай «Сялянска-Работніцкай Партыі Вызваленьня Беларусі», як «русафільскай», было адмоўлена ў супрацоўніцтве.

Нелегальна выдаваліся й распаўсюджваліся перыёдыкі БНЦ і ягоныя ўлёткі. З красавіка 1946 г. выдаваўся часапіс «Рух», ворган БНЦ або «цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага вызвольнага руху (у апошніх нумарах - «беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі»), як было пазначана пад лагатыпам. На працягу 1946-48 гг. выйшла 5 нумароў (рэдактар Ст.Станкевіч, які выступаў у часапісе, як «Язэп Каранеўскі»). У чэрвені 1948 г. выйшаў першы нумар «Бюлетэня» Замежнага Сэктару БНЦ», які быў прызначаны для ўнутранага карыстаньня сяброў арганізацыі. У 1949 г. група сяброў БНЦ выдавала часапіс «За волю». Частка адозваў і зваротаў арганізацыі друкавалася ў часапісе «Рух», іншыя выходзілі асобнымі выданьнямі, як, напрыклад, зварот БНЦ да беларускай эміграцыі ад 20 ліпеня 1947 г. Ён быў выкананы друкам на чатырох балонках. Зварот меў антырасейскі характар: «ад самага пачатку арганізаванага жыцьця беларускай эміграцыі ўся варожая разбуральная дзейнасьць у ейным асяродзьдзі йшла цераз расейскую дывэрсыю», «і ў маскоўскіх нацыяналістых і ў бальшавікоў у дычыненьні да нас адна мэта - сьцерці нас з карты гісторыі».

Да 1949 г. ў амэрыканскай зоне Нямеччыны адбылося найменш чатыры зьезды БНЦ, якія праводзіліся кансьпіратыўна. Ці не самы прадстаўнічы (чацьверты па ліку) зьезд сабраўся ў сакавіку 1949 г. у Остэргофэне. На ім была зроблена спроба зрабіць БНЦ прадстаўніцтвам партыяў.

У гэты час ужо легальна разгортвалі канкурэнцыйную дзейнасьць Рада БНР і БЦР. Таму сам назоў «Беларускі Нацыянальны Цэнтар» згубіў свой першапачатковы сэнс. Па некаторых зьвестках, БНЦ прыпыніў сваю дзейнасьць 28 сьнежня 1947 г., пасьля таго, як аднавілася Рада БНР, куды, дарэчы, увайшлі многія кіраўнікі Цэнтру. Аднак ёсьць фактам, што ён працягваў існаваць і пасьля 1947 г.(прынамсі, да 1949 г.), але ўжо пад старшынствам Станіслава Станкевіча. Праўдападобна, што яшчэ малавядомай Радзе БНР быў неабходны БНЦ, каб з яго дапамогай канкураваць за ўплыў на беларускую эміграцыю з адноўленай БЦР.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар яшчэ ў 1946 г. увайшоў у Антыбальшавіцкі Блёк Народаў, які спрабаваў каардынаваць антысавецкае змаганьне ва Ўсх. Эўропе (першым генэральным сакратаром АБН быў Станіслаў Станкевіч, адзін з кіраўнікоў БНЦ). У 1947-48 гг. у адозвах і выданьнях БНЦ зьявіўся «Замежны (або «Эміграцыйны») Сэктар БНЦ». З аднаго боку, гэта яшчэ не гаворыць пра існаваньне БНЦ і ў Беларусі, але зусім магчыма, што былі спробы залажыць арганізацыю й на Бацькаўшчыне.

Беларускі Нацыянальны Цэнтар быў адноўлены часткай ягоных былых сябраў у 1952 г. у ЗША. У БНЦ увайшлі былыя сябры Рады БНР, т. зв. апазыцыя прэзыдэнту Рады БНР М.Абрамчыку: Лявон Савёнак (старшыня), Міхась Рагуля, Мікола Панькоў, Вітаўт Тумаш ды інш. У сьнежні 1952 г. БНЦ разам з шэрагам украінскіх, грузінскіх, азербайджанскіх і іншых арганізацый выдалі сумесную дэклярацыю супраць палітыкі Амэрыканскага камітэту вызваленьня народаў Расеі й створанага ім Каардынацыйнага цэнтру антыбальшавіцкай барацьбы. Нават у такой нешматлікай групе, як БНЦ у ЗША, ішла барацьба. Напрыклад, у 1953 г. з БНЦ быў выключаны Гіпаліт Паланевіч. Адноўлены БНЦ ніякага ўплыву на беларускую эміграцыю ня меў і, праўдападобна, яшчэ ў 1950-х гг. спыніў сваё існаваньне.

«БЮЛЕТЭНЬ БЕЛАРУСКАЙ НЕЗАЛЕЖНІЦКАЙ ПАРТЫІ (БЮЛЕТЭНЬ БНП)»

Падпольнае выданьне. Выходзіла ў Беларусі й Нямеччыне ў 1942-46 гг. Рашэньне пра выданьне «Бюлетэня БНП» прыняў ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі летам 1942 г. Адказным рэдактарам быў прызначаны Міхась Рагуля. Падчас нямецкай акупацыі ў Беларусі выйшла 2 нумары выданьня, накладам у 500 паасобнікаў кожны. Астатнія нумары выйшлі ва Ўсходняй Прусіі й у Бэрліне. Апошні «Бюлетэнь БНП» быў выдадзены Замежным сэктарам ЦК БНП у Зах. Нямеччыне восеньню 1946 г. і перапраўляўся ў Беларусь для падпольшчыкаў і партызанаў.

«Бюлетэнь БНП» зьмяшчаў партыйныя дакументы, адозвы, кроніку, агляды міжнародных падзеяў, артыкулы, прысьвечаныя Бацькаўшчыне, патрыятычныя вершы. Калі аб'ём першых нумароў складаў 8 балонак, дык апошняга - 16. «Бюлетэнь БНП» выдаваўся на гектографы або рататары.

ВІТУШКА Міхал (1907 - ?)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал, кіраўнік Беларускага Рэзыстансу ў другой палове 1940-х - 50-х гг. Скончыў Клецкую й Віленскую гімназыі (1930). Вучыўся ў Пражскім унівэрсытэце й у Варшаўскім політэхнічным інстытуце. Уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый і Асьветнага Таварыства Беларусаў у Варшаве. У 1939-40 гг. быў начальнікам міліцыі ў Нясьвіжы. У жніўні 1941 года Вітушка - адзін з камандзіраў аддзелаў Беларускай самаабароны на заходнебеларускім Палесьсі, якая праводзіла сумесную з Палескай Сеччу УПА антыбальшавіцкую вайсковую апэрацыю. Арганізатар беларускай паліцыі ў Менску, да восені 1941 г. быў намесьнікам каменданта паліцыі Дз.Касмовіча. Арганізоўваў аддзелы Беларускае самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне (1942-43). На Смаленшчыне аддзелы В. і Касмовіча зьдзейсьнілі сапраўднае цуда, ачысьціўшы многія раёны ад савецкіх партызанаў. Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай Незалежніцкай Партыі, а таксама ў кіраўніцтва Беларускай Народнай Самапомачы. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. ён удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе, быў сярод арганізатараў плянаванага антынямецкага паўстаньня, мэтай якога было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зь лета 1944 г. Вітушка - афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай Краёвай Абароны. Па адных зьвестках, 17 лістапада 1944 г. ён дэсантаваўся на Віленшчыне на чале атрада парашуцістаў. Аднак ужо 7 студзеня 1945 г. нібыта быў забіты ў баю з аддзелам Чырвонай Арміі. Па іншых зьвестках, у лістападзе 1944 г. пад прозьвішчам Вітушкі дэсантаваўся іншы афіцэр. Сам жа Міхал Вітушка ў Беларусі зьявіўся пазьней. Найбольш актыўную дзейнасьць у Беларусі генэрал (гэтую рангу ён атрымаў ад ЦК БНП у 1944 г.) Вітушка распачаў у 1946 г. Ён здолеў арганізаваць беларускі партызанскі рух у цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую Вызвольную Армію (найбольш пашыраная назва - «Чорны Кот»). Вітушка кіраваў і БНП на Бацькаўшчыне, рэдагаваў часапіс «За волю». Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы, працягваў дзейнічаць у Беларусі й Летуве, кіраваў збройным падпольлем. Пазьней перабраўся на Захад.

ВОСТРЫКАЎ Цімох (Міхась, нар. у 1922)

Беларускі дэсантнік, паўнамоцны прадстаўнік Рады БНР, шматгадовы вязень бальшавіцкіх канцлягераў. Дэсантаваўся ў Беларусі з амэрыканскага самалёту 27 жніўня 1952 г. у складзе групы. У выніку здрады, быў арыштаваны 5 верасьня таго ж году. Да 1955 г. знаходзіўся ў менскай турме КГБ. З канцлягераў вызваліўся ў 1975 годзе. Напісаў падрабязныя ўспаміны, якія друкаваць не сьпяшаецца. Жыве ў Гомелі.

ГАДЛЕЎСКІ Вінцэнт (16.11.1888 (па інш. зьвестках - 16.12) - сьнежань 1942?)

Рыма-каталіцкі сьвятар, кіраўнік і ідэоляг Беларускага нацыяналістычнага руху ў 1930-40-я гады, арганізатар Беларускага нацыянальнага Супраціву фашыстоўскім акупантам. Паходзіў з м. Поразава Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю й Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію. Удзельнік Першага Ўсебеларускага кангрэсу, сябра Рады БНР. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, палітычнай партыі. Неаднаразова зьнявольваўся ў турмы польскімі ўладамі за беларускую патрыятычную дзейнасьць. У 1936 г. выйшаў з БХД і заснаваў нацыяналістычную арганізацыю «Беларускі Фронт», выдаваў радыкальную газэту «Беларускі фронт», на балонках якой распрацоўваў ідэалёгію беларускага нацыяналізму. Падчас Другой сусьветнай вайны Гадлеўскі стаўся кіраўніком Беларускага нацыянальнага Супраціву, заснаваў падпольныя нацыяналістычныя арганізацыі «Беларуская Незалежніцкая Партыя», «Беларускі Цэнтральны (Народны) Фронт», ініцыіраваў стварэньне нацыянальнага партызанскага руху. 24 сьнежня 1942 г. В.Гадлеўскі быў арыштаваны гэстапаўцамі й закатаваны на сьмерць.

ГАНЬКО Міхась (1918 - ?)

Беларускі палітычны дзеяч, кіраўнік Саюза беларускай моладзі, дэсантнік батальёна «Дальвіц». Паходзіў з вёскі Каледзіна Маладэчанскага раёна. Напярэдадні нямецка-савецкай вайны вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсытэта. Быў прызваны ў Чырвоную Армію, трапіў у нямецкі палон. З лягера быў вызвалены па хадайніцтву Ф.Акінчыца, навучаўся ў школе прапагандыстаў у г. Вустраў. З 1942 г. працаваў у Менску ў аддзеле прапаганды Генэральнага камісарыята Беларусі. З чэрвеня 1943 г. - кіраўнік галоўнага штабу СБМ, рэдактар часопіса «Жыве Беларусь» (друкаваўся пад псеўданімамі «В.Аганёк», «М.Волат»). Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Быў прыхільнікам супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. На пачатку 1945 г. мяняе сваю арыентацыю, уступае ў Беларускую Незалежніцкую Партыю. Ганько ўвайшоў, як афіцэр-прапагандыст, у дэсантны батальён «Дальвіц», рэдагаваў легальны часапіс «Змагар». Пасьля раззбраеньня «Дальвіца» ў Чэхіі, ягоны сьлед гіне. Ёсьць зьвесткі, што Міхась Ганько дабраўся да Беларусі й удзельнічаў у беларускай антысавецкай партызанцы. Пасьля перабраўся на Захад.

ГЕЛДА Іван (1897 - 1946)

Беларускі вайсковы дзеяч, камандзір дэсантнага батальёна «Дальвіц». Паходзіў з Беласточчыны. У 1919-20 гг. ваяваў супраць бальшавікоў у складзе арміі генэрала Ст.Булак-Балаховіча. У міжваенны час жыў у Польшчы, на Беласточчыне, прымаў удзел у беларускім нацыянальна-вызвольным руху. Быў актыўным сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Арыштоўваўся польскімі ўладамі. На пачатку 1939 г. Гелда ўдзельнічаў у нелегальнай канфэрэнцыі грамадоўцаў у Баранавічах. Ратуючыся ад НКВД, увосень 1939 г. перабіраецца на тэрыторыю Польшчы, акупаваную немцамі. У ліпені 1941 г. вярнуўся ў Беласток. Працаваў рэферэнтам мясцовага Беларускага камітэта. У 1943 г. Іван Гелда арганізоўвае беларускія вайсковыя аддзелы для абароны насельніцтва ад савецкіх і польскіх партызанаў. Сябра БНП, удзельнік канфэрэнцый нелегальнай Грамады. У траўні 1944 г. з групай вайскоўцаў Беластоцкага беларускага батальёну Гелда быў арыштаваны гестапа за прыналежнасьць да падпольнай БНП. Вызвалены напрыканцы чэрвеня 1944 г. Аддаў загад сваім жаўнерам і афіцэрам ісьці ў Белавежскую пушчу з мэтай арганізацыі антысавецкай партызанкі. Частка вайскоўцаў Беластоцкага батальёна загад Гелды выканала.

З ліпеня 1944 г. Гелда - камандзір дэсантнага батальёна «Дальвіц», які ва Ўсходняй Прусіі рыхтаваўся да партызанскае дзейнасьці на Бацькаўшчыне. У 1945 г. быў уведзены ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Удзельнічаў у нелегальнай канфэрэнцыі БНП у красавіку 1945 г. у Бэрліне. На прапанову грамадоўцаў перабрацца на Захад, Гелда адказаў: «Я хачу прысьвяціць усё сваё жыцьцё збройнай барацьбе за вызваленьне Беларусі». У траўні 1945 г., калі батальён «Дальвіц» быў абкружаны чэскімі партызанамі, маёр Гелда аддаў загад беларускім вайскоўцам скласьці зброю. У чэрвені 1945 г. ён быў арыштаваны чэкістамі. Праходзіў па справе кіраўніцтва БНП. Па прысуду бальшавіцкага суда быў павешаны ў Беластоку (?).

ГІНЬКО Янка (3.01.1912 - 1980-я гг.)

Беларускі палітычны дзеяч, удзельнік дэсанту батальёна «Дальвіц» у 1944 г. У 1939 г. скончыў Вашаўскую політэхніку па сьпецыяльнасьці інжынера геадэзіі. У 1940-41 гг. працаваў па сваёй сьпецыяльнасьці ва ўсходняй Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў старшынёй Беларускай Народнай Самапомачы ў Глыбокім. Сябра ЦК БНП, кіраўнік палітычнай рэферэнтуры партыі. У 1944 г. адмовіўся працаваць намесьнікам прэзыдэнта БЦР у Слуцку. Лейтэнант БКА. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. - у батальёне «Дальвіц». 17 лістапада 1944 г. дэсантаваўся ў раёне Ліды. У сьнежні трапіў у палон НКВД. Праходзіў на працэсе кіраўніцтва БНП у Менску ў 1946 г., атрымаў 25 гадоў канцлягераў. У 1953 або 1954 гг. Г. трапіў на Інту. Вызваліўся пасьля 1956 г., застаўся працаваць на Інце. Ажаніўся й з дапамогай жонкі атрымаў дазвол на пражываньне ў Маскве. Бываў у Беларусі. Апошнія гады жыцьця моцна хварэў.

ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў (старшы, 2.2.1902 - 25.7.1945)

Беларускі палітычны дзеяч, актыўны дзеяч Нацыянальнага Рэзыстансу падчас Другой сусьветнай вайны. Паходзіў з в. Новы Двор Сакольскага пав. Гарадзенскай губ. Скончыў медыцынскі факультэт Пазнанскага ўнівэрсытэту, мэдык-псыхіатар. У 1931-36 гг. - віцэ-старшыня ЦК Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. Арыштоўваўся польскімі, савецкімі (у 1941 г. уцёк з транспарту) і нямецкімі ўладамі. Падчас нямецкай акупацыі быў сябрам Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні, падтрымоўваў сувязь з польскім падпольлем. Адзін з кіраўнікоў і ідэолагаў Беларускага Супраціўленьня, імкнуўся ўзьняць нацыянальны партызанскі рух. Па адных зьвестках, разам з а. Гадлеўскім заснаваў Беларускую Незалежніцкую Партыю, па-іншых, меў кантакты з Арганізацыяй Беларускіх Нацыяналістаў. Летам 1944 г. застаўся ў Беларусі, быў арыштаваны НКВД. 18 траўня 1945 г. ваенным трыбуналам Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі Грынкевіч быў прыгавораны да расстрэлу і ў ліпені таго ж году расстраляны ў Магілеве. Ёсьць зьвесткі, што Ст.Грынкевіч памёр у турме ў Менску.

ГРЫНЯВІЦКІ Ігнат (жнівень 1855 (па інш. зьвестках - восень 1956) - 1 (13).3.1881)

Беларускі рэвалюцыянер. Паходзіў з маёнтка Басін Бабруйскага пав. Удзельнік рэвалюцыйнага руху, сябра нелегальнай партыі «Народная воля», заснавальнік яе беларускай фракцыі. Падчас тэрарыстычнага акту ў Пецярбургу забіў расейскага цара Аляксандра ІІ, сам быў сьмяротна паранены.

ДУБЕЙКАЎСКІ Лявон (Вітан-Дубейкаўскі, 7(19).7.1869 (або ў 1867) - 6.11.1940)

Беларускі палітычны дзеяч, паэт, архітэктар. Паходзіў з в. Дубейкава Мсьціслаўскага пав. Скончыў Пецярбургскі інстытут цывільных інжынераў і Французскую акадэмію архітэктуры. Працаваў у Беларусі і Польшчы, удзельнічаў у беларускім руху. У 1919 г. узначаліў Беларускі камітэт у Варшаве. З 1922 г. жыў у Вільні, супрацоўнічаў спачатку з Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыяй, а пасьля з «Беларускім Фронтам» а. В.Гадлеўскага.

«ДУШЫ БАЛЬШАВІЦКУЮ ГАДЗІНУ!»

Палітычна-ідэялагічная нелегальная газэта ў Беларусі ў другой палове 1940-х гадоў. Выдавалася друкам і цыклястылем. Часам выходзіла на лацінцы. Рэдактар Міхась Шукайловіч, намесьнік генэрала М.Вітушкі.

ЕЗАВІТАЎ Кастусь (17.11.1893 - 23.5.1946)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал-маёр. У лютым 1918 г. беларускі камандант Менску, уваходзіў у Раду БНР. Ствараў беларускія вайсковыя аддзелы, спрыяў пераходу на беларускую службу аддзелаў генэрала Ст.Булак-Балаховіча. У міжваенны час жыў у Латвіі, удзельнічаў у беларускім грамадзка-палітычным жыцьці. Неаднаразова арыштоўваўся латвійскімі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасьць. У часы Другой сусьветнай вайны ўваходзіў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, узначальваў Галоўнае Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР, ствараў беларускія вайсковыя фармацыі ў Нямеччыне. Браў удзел у Беларускім Супраціве й арганізацыі антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы. У красавіку 1945 г. быў захоплены «Сьмершам» у Нямеччыне. Быў закатаваны бальшавіцкімі катамі ў Менску.

ЖЫХАР Аўген (1925? - 1955?)

Камандзір беларускага партызанскага атрада на Пастаўшчыне, дэсантнік батальёна «Дальвіц», паэт. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Быў сябрам СБМ. Пісаў вершы. З 1944 г. - у БНП. З дэсантам «Дальвіца» вярнуўся ў Беларусь, арганізаваў партызанскі атрад, які за час сваёй дзейнасьці ліквідаваў больш 30 чэкістаў, камуністаў, прыхільнікаў савецкай улады. У 1955 г. Ж. быў абкружаны на хутары ў сямі кіламетрах ад Пастаў, адстрэльваўся, а калі скончыліся набоі, пусьціў апошнюю кулю сабе ў галаву. Кагэбісты ўвесь час імкнуцца прадставіць Жыхара палякам, хоць ён быў беларускім нацыяналістам.

«ЗА ВОЛЮ»

Газэта або часапіс Беларускай Вызвольнай Арміі. Выдавалася з 1945 года. Рэдактар Міхал Вітушка. Выходзіла ня вельмі рэгулярна й рознымі тэхнічнымі сродкамі, але пераважна друкам. Аб'ём «За волю» дасягаў 84 балонак. Вядомы № 16 ад 7 лістапада 1949 г. У верасьні 1950 г. эмігранцкі бюлетэнь Саюзу беларускіх журналістаў «Вольнае слова» зьмясьціў наступную інфармацыю: «Часапіс беларускіх партызанаў «За Волю» піша: «Перасылаем вам, братом па волі свае вітаньні і цьвердзім, што змаганьне ня спынецца!». У пазьнейшы час пра гэтае выданьне няма ніякіх зьвестак.

ЗАРЭЧНЫ Людвіг (Галубовіч, 17.5.1915 - 15.9.1964)

Беларускі вайсковы дзеяч, нацыяналіст. Перад вайной удзельнічаў у беларускім антысавецкім падпольлі. Маёр Беларускай Краёвай Абароны. На эміграцыі ў 1950 г. стварыў баявую вайсковую арганізацыю «Беларускі Вызвольны Рух», якая спачатку дзейнічала кансьпіратыўна. Быў арганізаваны вышкал беларускіх вайскоўцаў і адмысловая афіцэрская школа БВР. З дапамогай ангельскіх сьпецслужб у Беларусь і Польшчу засылаліся сябры БВР. Пасьля канфлікту з прэзыдэнтам БЦР Р.Астроўскім, яшчэ нейкі час спрабаваў арганізаваць «трэцюю сілу» на эміграцыі, але безпасьпяхова. Адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці, стаў сьвятаром. Памёр пры нявысьветленых абставінах у Заходняй Нямеччыне. Пахаваны ў Глядбаху.

ЗМАГАР Алесь (ЯЦЭВІЧ, 1.10.1903 - 1990-я?)

Беларускі палітычны дзеяч, слуцкі паўстанец, пісьменьнік, паэт. Паходзіў з в. Цароўка на Случчыне. Пасьля паражэньня Слуцкага паўстаньня, быў у зьняволеньні, уцёк. Ваяваў у складзе антыбальшавіцкіх партызанаў. Пасьля легалізаваўся, часта зьмяняў месца жыхарства, каб пазьбегнуць арышту. Служыў у Чырвонай Арміі, працаваў настаўнікам. З 1944 г. - на эміграцыі. У 1960-80-х гадах Змагар кіраваў беларускімі антыбальшавіцкімі вайсковымі арганізацыямі на эміграцыі: Саюзам былых удзельнікаў збройнай барацьбы за вызваленьне Беларусі і Беларускім Вызвольным Рухам (пад псеўдай «палкоўнік А.Баравы»). У 70-х гадах у Кліўлендзе выдаваў нацыяналістычную газэту «Незалежная Беларусь». У сваіх творах шмат увагі надаваў партызанскай барацьбе беларускіх патрыётаў супраць маскоўскіх акупантаў.

ЗУЙ Міхась (23.10.1909 - 24.4.1995)

Беларускі палітычны дзеяч. Паходзіў з в. Вялікае Сяло Германаўскай вол. Дзісенскага пав. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі ў Беларусі, быў сябрам ЦК БНП. У 1944-45 гг. - афіцэр беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц». У 1945-48 гадах знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Польшчы. Перабраўшыся ў Заходнюю Нямеччыну, браў удзел у працы Замежнага сэктару ЦК БНП. Жыў у Аўстраліі. Актыўны ўдзельнік Беларускага Вызвольнага Фронту. Апошні прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады. Памёр у Аўстраліі, пахаваны на праваслаўных могілках у Сыднэі.

ЗЫБАЙЛА Рыгор (15.9.1913 - 15.11.1987)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Інжынер па адукацыі. Удзельнік Першага Штурмовага Зьвязу, які быў скінуты ў Беларусь перад нападам Нямеччыны на СССР. Старшыня Слонімскай акруговай Беларускай Народнай Самапомачы ў 1941-42 гг. Зь лета 1943-га - намесьнік старшыні БНС Ю.Сабалеўскага ў Менску. З сакавіка 1944 году - начальнік БКА ў Глыбоцкай акрузе, лейтэнант. У 1944 г. быў надлейтэнантам у беларускай дывізіі Зіглінга. Разам з батальёнам гэтай дывізіі напрыканцы 1944-га перайшоў на бок французскіх партызанаў. Пасьля вайны апынуўся ў Беларусі, быў арыштаваны й зьняволены ў канцлягеры. Пасьля вызваленьня жыў на Івацэвіччыне. Памёр і пахаваны ў в. Яглевічы Івацэвіцкага раёна.

ІЛЬЯШЭВІЧ Хведар (17.2.1910 - 7.11.1948)

Беларускі палітычны дзеяч, сябра Замежнага Сэктару ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Нарадзіўся ў Вільні. Паэт, гісторык, журналіст, магістр філасофіі (1936). Скончыў Віленскую беларускую гімназыю, гістарычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Цярпеў перасьлед з боку польскіх уладаў. Аўтар некалькіх зборнікаў вершаў, прозы, гістарычных дасьледаваньняў. Падчас нямецкай акупацыі кіраваў Беларускім аб'яднаньнем у Беластоку, рэдагаваў мясцовую газэту «Новая дарога». Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 г. - у Нямеччыне. Рэдагаваў часапіс «Шляхам жыцьця» (1946-48), бюлетэнь «Апошнія весткі», выданьні БНП. Уваходзіў у кіраўніцтва Замежнага Сэктару БНП. Трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Ватэнштэце.

КАЗАК Генадзь (1924 - др. пал. 1940-х)

Беларускі нацыяналіст, арганізатар падпольнага «Саюзу Вызваленьня Беларусі» ў Наваградку ў 1946 г. Паходзіў з в. Брацянка Наваградзкага раёна. Сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, жаўнер дывізіі «Беларусь» у Нямеччыне. Вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб працягваць барацьбу за незалежнасьць Беларусі. Арыштаваны 30 траўня 1947 г. Казака жудасна катавалі чэкісты ў Баранавіцкай турме. Ён загінуў у канцлягеры Долінка Карагандзінскай вобл. неўзабаве пасьля таго, як туды прыбыў.

КАЗЛОЎСКІ Ўладзіслаў (29.6.1896 - 13.11.1943)

Беларускі палітычны дзеяч, паэт, публіцыст. Паходзіў з в. Залесьсе Саколкаўскага пав. Гарадзенскай губ. Вучыўся ў каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Вільні, скончыў настаўніцкія курсы пры Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны й Гарадзеншчыны. У часы БНР удзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці, Беларускай Вайсковай Камісіяй у траўні 1920 г. быў накіраваны ў школу падхарунжых у Варшаве. У 1921-30 гадах служыў у польскім войску. У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Адзін з лідэраў Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі (БНСП), у 1933-37 гадах рэдактар партыйнай газэты «Новы шлях». Аўтар шэрагу кніг па фізічнаму выхаваньню, паэтычных зборнікаў (пад псэўданімам «Казлоўшчык»). Летам 1941-га спрабаваў аднавіць дзейнасьць БНСП, але не атрымаў на гэта дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў. У 1941-43 гг. у Менску быў рэдактарам «Беларускай газэты». Забіты ў Менску бальшавіцкімі тэрарыстамі.

КАЛІНОЎСКІ Кастусь (2.2.1838 - 22.3.1864)

Вялікі беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер, кіраўнік антымаскоўскага паўстаньня 1863-64 гг. у Літве-Беларусі. Паходзіў з в. Мастаўляны на Беласточчыне. Скончыў Сьвіслацкае павятовае вучылішча й юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта. Удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У 1861 г. стварыў на Гарадзеншчыне падпольную арганізацыю. З кастрычніка 1862 г. - старшыня Віленскага цэнтра па падрыхтоўцы антымаскоўскага паўстаньня - Літоўскага правінцыяльнага камітэта. Разам з Урублеўскім і Ражанскім наладзіў друкаваньне першай беларускай нелегальнай газэты «Мужыцкая праўда», дзе друкаваўся пад псэўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». На працягу 1863-га кіраваў паўстанцкім рухам на Гарадзеншчыне. Пасьля падаўленьня паўстаньня маскоўскімі акупантамі знаходзіўся на нелегальным становішчы. Арыштаваны 9 лютага 1864 г. у Вільні й павешаны акупантамі.

КАЛУБОВІЧ Аўген (Каханоўскі, 5.3.1912 - 25.5.1987)

Беларускі палітычны дзеяч, гісторык. Паходзіў з м. Ціхінічы Рагачоўскага пав. Скончыў Менскі педагагічны інстытут. У траўні 1930 г. быў арыштаваны за прыналежнасьць да беларускай нелегальнай арганізацыі. З канцлягераў вярнуўся ў 1933 годзе, працаваў настаўнікам, у Наркамасьветы БССР. Падчас нямецкай акупацыі быў сябрам Беларускай Рады Даверу, Беларускай Цэнтральнай Рады, узначальваў Беларускае Культурнае Згуртаваньне. Праўдападобна, належаў да падпольнай Арганізацыі Беларускіх Нацыяналістаў. Удзельнік Другога Ўсебеларускага Кангрэсу, на якім выступаў з асноўным рэфератам. На эміграцыі ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Нацыянальнага Цэнтру, Рады БНР, стваральнік Беларускай Нацыянальна-Дэмакратычнай Партыі (пасьля - Аб'яднаньне Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў). Быў прэм'ер-міністрам БНР. З 1950 г. жыў у ЗША. Аўтар шматлікіх гістарычных дасьледаваньняў, успамінаў.

КАРОЛЬ Усевалад (18.10.1919 - кастрычнік 1984)

Беларускі палітычны дзеяч, актыўны дзеяч Беларускай Незалежніцкай Партыі. Паходзіў з в. Старое Сяло на Меншчыне. Закончыў Віленскую беларускую гімназію й мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Быў апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюза. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах урачом. Прымаў удзел у падпольным руху. У 1944 г. быў арыштаваны, праходзіў па справе кіраўнікоў БНП. Атрымаў 10 гадоў канцлягераў. Пасьля вяртаньня жыў у Баранавічах.

КІСЕЛЬ Уладзімір (1922 - 24.8.1999)

Удзельнік падпольнай арганізацыі «Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі» (псеўда «Раса»). Паходзіў з Клецка. У час нямецкай акупацыі з сябрамі заснаваў падпольны «Саюз Беларускіх Патрыётаў» у Нясьвіжскай настаўніцкай сэмінарыі. Пасьля вайны настаўнічаў на Нясьвіжчыне, удзельнічаў у падпольлі. Арыштаваны 25 лютага ў Горадні, асуджаны на 25 гадоў канцлягераў. Вызваліўся ў 1960 г. У 90-я гады быў сябрам Дэмакратычнага Аб'яднаньня Ветэранаў.

КАСМОВІЧ Дзімітры (21. 9. 1909 - 23. 4. 1991)

Беларускі вайсковы й палітычны дзеяч, генэрал, кіраўнік вайсковай антыбальшавіцкай арганізацыі «Беларускі Вызвольны Фронт». Паходзіў з Нясьвіжа. Скончыў Радашковіцкую гімназыю (1927). Вучыўся ў вышэйшых навучальных установах Бэльгіі, Польшчы й Югаславіі, актывіст незалежніцкага студэнцкага руху. У 1931-34 гг. служыў у польскім войску. Удзельнік Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку ў кастрычніку 1939 г. У 1940-41 гг. К. вучыўся ў Менскай політэхніцы. Улетку 1941 г. арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. У 1942-43 гг. ствараў беларускія вайсковыя й паліцыйныя аддзелы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне. Маёр Беларускай Краёвай Абароны. Сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. - у Нямеччыне. Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. На верасьнёўскай 1944 г. канфэрэнцыі Беларускай Незалежніцкай Партыі быў прызначаны кіраўніком Замежнага сэктару партыі. Падтрымоўваў сувязь з кіраўніцтвам латышскіх нацыяналістычных арганізацый у Нямеччыне. У сакавіку 1945 г. - афіцэр беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц». У красавіку 1945 г. быў накіраваны ЦК БНП на Захад, з мэтай усталяваньня кантакту з саюзьнікамі. Пасьля вайны жыў у Заходняй Нямеччыне, узначальваў Замежны Сэктар БНП (псеўда «Каршун»). Кіраваў Вайсковым аддзелам Беларускай Цэнтральнай Рады. У кастрычніку 1954 г. пачаў арганізацыю Беларускага Вызвольнага Фронту, выдаваў часапіс «Барацьба». Як прадстаўнік БВФ, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных антыкамуністычных форумах. Прадстаўляў беларускі вызвольны рух у Антыбальшавіцкім Блёку Народаў і ў Сусьветнай Антыкамуністычнай Лізе.

КЛІМОВІЧ Рыгор (1924 - 2000)

Адзін з лідэраў руху супраціву ў ГУЛАГу, кіраўнік Нарыльскага паўстаньня 1953 г., аўтар гімну паўстанцаў. Аж да сьмерці знаходзіўся пад наглядам КГБ. Аўтар успамінаў пра лягернае жыцьцё. Актыўны ўдзельнік праваабарончых і грамадзкіх арганізацый.

ЛАПІЦКІ Алег (? - 1950-я)

Беларускі нацыяналіст. У час нямецкай акупацыі быў дзеячом СБМ, сябрам БНП. Летам 1944-га арганізаваў на Вялейшчыне партызанскі аддзел, які дзейнічаў супраць бальшавікоў. Напрыканцы 1944 г. быў арыштаваны. Пасьля канцлягераў жыў у Казахстане, дзе быў забіты пры нявысьветленых абставінах.

ЛАПІЦКІ Расьціслаў (1928 - 1950?)

Беларускі нацыяналіст, малодшы брат Алега Лапіцкага. Удзельнічаў у Віленскай падпольнай арганізацыі ў 1944 г., пасьля, у 1948 г., стварыў Мядзельска-Смаргонскае антысавецкае моладзевае падпольле. Быў фанатычна адданы сьвятой справе змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны. «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль - спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю - зьнішчы яе», - гаварыў сябрам Расьціслаў. Прысуджаны бальшавікамі да сьмерці, адмовіўся прасіць памілаваньня. Па адной з вэрсій, быў расстраляны 28 кастрычніка 1950 г. у Маладэчне.

ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (27.10 (8.11).1883 - 23.1.1938)

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, выдавец, гісторык, пісьменьнік. Паходзіў з засьценка Калесьнікі Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён. Працаваў у рэдакцыі газэты «Наша ніва». Выдаў кнігу «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). З 1915 г. актыўна займаецца палітычнай дзейнасьцю ў Вільні, сябра Рады БНР. Са сьнежня 1919 г. да красавіка 1923 г. - старшыня Рады Міністраў БНР. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі. У пач. 1920-х жыў у Летуве, быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. У красавіку 1926-га пераехаў у БССР, праз чатыры гады быў арыштаваны. Расстраляны бальшавіцкімі катамі.

ЛУЦКЕВІЧ Лявон (13.03.1922 - 28.07.1997)

Беларускі дзеяч, дэсантнік батальёна «Дальвіц». Нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў. З 1944 г. - афіцэр БКА, быў у батальёне «Дальвіц». Арыштаваны ў Польшчы напрыканцы 1945 г. Праходзіў на судовым працэсе над кіраўніцтвам БНП («справа шасьці», Менск, 1946). Пасьля канцлягераў жыў у Вільні. Аўтар кнігі «Вандроўкі па Вільні» (Вільня, 1998).

ЛУЦКЕВІЧ Юрка (22. 10. 1920 - 12. 8. 1992)

Афіцэр дэсантнага беларускага батальёну «Дальвіц», уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. Нарадзіўся ў Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназыю, Віленскае тэхнічнае вучылішча. Напрыканцы 1930-х гг. вучыўся ў Варшаўскай політэхніцы, быў забраны ў польскую афіцэрскую школу. У верасьні 1939 г. трапіў у нямецкі палон. Падчас нямецкай акупацыі быў дырэктарам беларускай школы ў Радашкавічах, настаўнічаў у Баранавічах. Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам БНП. З 1944 г. - афіцэр БКА, удзельнічаў у падрыхтоўцы антынямецкага паўстаньня ў Менску напрыканцы чэрвеня 1944 г., якое не адбылося. Пасьля - у батальёне «Дальвіц». Разам з Усеваладам Родзькам вясной 1945 г. з Чэхіі перабраўся ў Польшчу з мэтай арганізацыі антыбальшавіцкага падпольля й партызанкі. Арыштаваны ў Варшаве напрыканцы 1945 г. Засуджаны на 25 гадоў канцлягераў «за здраду й супрацу з ворагам». Зьняволеньне адбываў на Калыме. У Беларусь вярнуўся ў 1957 г., жыў у Вільні.

МІХАЛЬЧУК Сымон (1915? - 1953)

Беларускі вайсковец-партызан, старэйшы лейтэнант Беларускага Вызвольнага Руху. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі ў Шэрашове (Берасьцейская вобл.). На эміграцыі быў сябрам Згуртаваньня Беларускіх Патрыётаў і БВР. У 1952 г. вярнуўся ў Беларусь з дэсантам БВР для арганізацыі партызанкі. Злучыў малыя лясныя групы на Кобрыншчыне ў партызанскі аддзел, які зрабіў напад на савецкі транспарт. 28 сакавіка 1953 г. у баю з аддзелам МГБ каля в. Запруды (Кобрыншчына) Міхальчук загінуў.

«ПАД АБЦАСАМ МАСКАЛЁЎ»

Партызанская газэта. Выдавалася на Смаленшчыне мясцовым аддзелам «Чорнага Ката» ў другой палове 1940-х гадоў.

ПАНУЦЭВІЧ (ПАПУЦЭВІЧ) Вацлаў (1911 - 25.8.1991)

Беларускі палітычны й рэлігійны дзеяч. Паходзіў з Віленшчыны. Вучыўся на юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэта. Зьяўляўся адным з арганізатараў «руху маладых адраджэнцаў». Быў рэдактарам і выдаўцом яго друкаванага воргану - часапісу «25 Сакавіка» (1936-38). Належаў да «Беларускага Фронту» а. В.Гадлеўскага, браў удзел у выданьні газэты «Беларускі фронт». З 1944 г. - на эміграцыі. Узначальваў Задзіночаньне беларускіх скаўтаў на чужыне. Жыў у Чыкага, выдаваў шэраг рэлігійна-гістарычных часапісаў. Аўтар вядомай біяграфіі а. В.Гадлеўскага.

ПЕРШЫ ШТУРМОВЫ ЗЬВЯЗ

Баявы аддзел беларускіх нацыяналістаў. Створаны ў пачатку 1941 г. у Польшчы. 18 чэрвеня 1941 г. дэсантаваўся ў Беларусі. Праводзіў баявыя акцыі супраць бальшавіцкіх акупантаў. Пазьней вайскоўцы Зьвязу ўвайшлі ў нацыянальнае падпольле.

ПОПКА Юры (1912 - 1993)

Вядомы беларускі нацыяналіст, выдавец, пісьменьнік. Сябра Замежнага сэктару БНП. Кіраўнік нацыяналістычнай арганізацыі «Згуртаваньне Беларускіх Патрыётаў». У 1952-54 гг. - кіраўнік палітычна-прапагандысцкага аддзелу Галоўнага Штабу Беларускага Вызвольнага Руху (пад псеўдай «Б.Жубровіч»). Выдаваў рэвалюцыйныя газэты й часапісы, свае шматлікія творы (пад псеўдай «Юры Жывіца»), у якіх была адлюстравана барацьба беларускіх партызанаў і падпольшчыкаў за незалежнасьць Беларусі ў ваенныя й пасьляваенныя гады. У 1981 годзе ў сваёй кватэры ў Ляймэне (Заходняя Нямеччына) заснаваў беларускі музэй, якім цяпер апякуецца мясцовы магістрат. Дзякуючы ў Заходняй Нямеччыне быў устаноўлены помнік усім беларускім вайскоўцам, якія паляглі ў змаганьні за вольную й незалежную Беларусь.

РАГУЛЯ Барыс (нар. у 1920)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Скончыў Наваградзкую гімназію. Браў удзел у нямецка-польскай вайне, трапіў у нямецкі палон. У 1941 г. быў арыштаваны НКВД. Ад расстрэлу выратаваўся на пачатку нямецка-савецкай вайны. Сябра ЦК БНП, камандзір Наваградзкага беларускага эскадрону (1943-44). Летам-восеньню 1944-га быў афіцэрам дэсантнага батальёну «Дальвіц». Пасьля вайны быў сябрам Рады БНР, браў удзел у засылцы ў Беларусь разьведвальных груп. Пасьля пераехаў у Канаду, працаваў лекарам.

РАГУЛЯ Міхась (нар. у 1916 г.?)

Актыўны ўдзельнік беларускага нацыяналістычнага руху ў гады Другой сусьветнай вайны. Паходзіць з в. Ачукевічы Наваградзкага пав. Інжынэр па адукацыі. У канцы 1930-х гадоў разам з Міхалам Вітушкам браў актыўны ўдзел у дзейнасьці Асьветнага таварыства беларусаў у Варшаве. Падчас нямецкай акупацыі працуе на легальным становішчы ў Віцебску, разам з Усеваладам Родзькам. Адзін з кіраўнікоў Беларускай Незалежніцкай Партыі (мянушка «Чорны»), рэдактар падпольнага «Бюлетэня БНП». На эміграцыі ўваходзіў у кіраўніцтва Замежнага Сэктару БНП. У сьнежні 1948 г., па ініцыятыве Дз.Касмовіча, быў выключаны са складу ЦК БНП. Выехаў у ЗША, быў сябрам Рады БНР.

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (РАДА БНР)

Урад на выгнаньні, адзін з цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі. Утвораная выканаўчым камітэтам 1-га Ўсебеларускага кангрэса, Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьць Беларусі. З 1919 г. - на эміграцыі. У сакавіку 1943 г. паўнамоцтвы прэзыдэнта й старшыні ўрада БНР атрымаў Мікола Абрамчык.

У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 г. у Рэгензбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з Абрамчыкам. 28 сьнежня 1947 г. на 2-й сэсыі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра яе аднаўленьне. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917-1918 гадах належалі да беларускага этнаграфічнага абшару». Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.

Ці не першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 г. на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й «упаўнаважаным прадстаўніцтвам ураду БНР», якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала «змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі». Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было «прадстаўніцтва Рады БНР» і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух - невядома.

У 1951-52 гг. амэрыканскімі сьпецслужбамі былі перакінутыя ў Беларусь шэраг сябраў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьню сувязі з антысавецкім Супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х гг. У апошнія гады Раду БНР, якая папоўнілася маладымі палітыкамі, ачольвае Івонка Сурвілла. З 1997 г. дзейнічае Эўрапейскі сэктар Рады БНР.

РАМАНЧУК Іван (? - травень 1987)

Беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы ў Нясьвіжы. Пасьля вайны - на нелегальным становішчы. Камандзір беларускага партызанскага аддзела, кіраўнік падпольнага Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі (псеўда «Ястраб»). У 1949 г. паранены ў баю трапіў у палон. Атрымаў 25 гадоў канцлягераў. Зьняволеньне адбываў на Варкуце. У Беларусь вярнуўся ў 70-х гадах. Памёр падчас нескладанай апэрацыі ў бальніцы. Пахаваны ў Барысаве.

РАМАНЧУК Сымон (1916 - 1951?)

Беларускі вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстаньня палітзьняволеных у «Мінлагу». У 1930-я гг. закончыў Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхарунжых. Аднак пачатак нямецка-савецкай вайны перашкодзіў яе скончыць. З 1940 г. у родных мясьцінах хаваўся ад НКВД, езьдзіў у Львоў. Падчас нямецкай акупацыі Раманчук працуе ў грамадзянскай адміністрацыі ў Нясьвіжы. З сакавіка 1944 г. ён, старэйшы лейтэнант, узначальвае пэрсанальнае бюро пры Галоўным кіраўніцтве Беларускае Краёвае Абароны. З 1944 г. - у Нямеччыне. У Беларусь вярнуўся ў 1945 г. з дэсантам батальёна «Дальвіц», быў арыштаваны. Па іншай вэрсіі, зь Беларусі Раманчук летам 1944-га не выязджаў. Афіцэр БКА Уладзімір Сіўко ўспамінае, што ў лютым 1946 г. Раманчук спрабаваў уцякчы зь менскае «амэрыканкі», але няўдала. Раманчука пасьля гэтага страшна катавалі й ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Яго засудзілі на 10 гадоў канцлягераў. Спачатку ён знаходзіўся ў «бытавых» лягерах, а пасьля трапіў да палітычных, у «Мінлаг». Там пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, якая пазьней напіша пра яго ў «Споведзі»: «Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі - сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю». У «Мінлагу» Раманчук рыхтаваў паўстаньне, кантактаваў у гэтай справе з расейцамі й палякамі. Аднак яго здрадзілі. Пасьля суду быў расстраляны на Інце.

РОДЗЬКА Ўсевалад (1920 - 1946?)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, старшыня ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, арганізатар антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы. Скончыў Наваградзкую польскую гімназыю імя А.Міцкевіча ў 1938 г., а пасьля - падафіцэрскую школу ў Замброве. У верасьні 1939 г. трапіў у нямецкі палон, адкуль вызваліўся ў 1940 г. Родзька ўзначальвае Кракаўскую філію Варшаўскага беларускага камітэта. Уваходзіць у групу а. В.Гадлеўскага, якая арганізоўвала падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з абвэрам.

Зь ліпеня 1941 г. Р. - бурмістар Віцебска, праводзіць беларусізацыю горада. У жніўні 1941 г. ён, разам з Міхалам Вітушкам і атаманам Якубам Харэўскім, кіруе аддзеламі Беларускае самаабароны ў сумеснай з Палескай сеччу УПА антыбальшавіцкай апэрацыяй на Палесьсі. З 1942 г. - старшыня ЦК БНП (псеўда «Воўк»), арганізоўвае падпольле й нацыянальны партызанскі рух. Сябра Беларускай Цэнтральнай Рады, адказны за працу з моладзьдзю. З сакавіка 1944 г. - камандзір 15-га батальёна БКА. Распрацаваў плян антынямецкага паўстаньня ў Менску, якое меркавалася ўзьняць падчас правядзеньня Другога Ўсебеларускага кангрэсу, і якое не адбылося.

Арганізаваў беларускі дэсантны батальён «Дальвіц» ва Ўсходняй Прусіі, дзе беларускія вайскоўцы праходзілі падрыхтоўку на партызанскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне. Праводзіў перамовы з кіраўніцтвам украінскіх нацыяналістаў аб каардынацыі антыбальшавіцкай барацьбы. Пасьля раззбраеньня батальёна «Дальвіц» ў Чэхіі, з групай прабіраецца ў Польшчу. Знаходзіўся на нелегальным становішчы ў Беластоку, арганізоўваў падпольле й партызанку БНП. Быў арыштаваны, па адных зьвестках, у чэрвені 1945 г., па іншых, увосень 1945 г. Падчас сьледзтва ў Менску раскрыў дзяржбясьпецы прозьвішчы многіх сяброў партыі, якія пасьля гэтага былі арыштаваны. Лявон Луцкевіч лічыў, што Р. «спрабаваў арганізаваць нейкую гульню й перайграць Цанаву. Але дзе-ж ты яго перайграеш?!..» Янка Жамойцін тлумачыць напісаньне Р. у турме падрабязных успамінаў тым, што ён хацеў захаваць для гісторыі сьведчаньні пра дзейнасьць Беларускага Супраціву. У 1946 г. на працэсе над кіраўніцтвам БНП Родзька быў засуджаны на сьмерць. Пасьмяротна атрымаў ад Рады БНР рангу генэрала.

РЫЖЫ-РЫСКІ Ўладзіслаў (1920-ыя - 2.3.1978)

Беларускі палітычны й рэлігійны дзеяч. Паходзіў з в. Латыголь Глыбоцкага пав. Падчас нямецкай акупацыі - актыўны сябра БНП. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. З лета 1944 г. - у батальёне «Дальвіц». Выконваў адказныя даручэньні кіраўніцтва БНП. Пасьля вайны працаваў на капальнях у Бэльгіі. У 1948 г. быў абраны старшынёй Генэральнае Рады Саюзу беларусаў Бэльгіі, выдаваў часопіс «За незалежнасьць». Пачаў займацца рэлігійнай дзейнасьцю. Памёр у Нью-Ёрку.

САБАЛЕЎСКІ Юры (24. 4. 1889 - 26. 12. 1957)

Беларускі палітычны дзеяч. Нарадзіўся ў Стоўбцах. Пасол польскага сойму, актывіст Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Арыштоўваўся польскімі, бальшавіцкімі й нямецкімі акупантамі. Падчас Другой сусьветнай вайны - старшыня Галоўнай управы Беларускай Самапомачы, другі віцэ-прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР). На эміграцыі быў старшынёй Калегіі БЦР, актыўны прыхільнік збройнай антыбальшавіцкай барацьбы. У 1950 г. ад імя БЦР заключыў пагадненьне аб сумесных дзеяньнях у барацьбе супраць бальшавізма з Украінскай Нацыянальнай Радай. Памёр пры нявыясьненых абставінах. Пахаваны ў Мюнхэне, на магільніку Фэльдлюхінг. Пакінуў невялікія ўспаміны пра Беларускі Супраціў часоў нямецкай акупацыі й ролю ў ім а. Вінцэнта Гадлеўскага.

САЖЫЧ Язэп (нар. у 1917)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, генэрал. Скончыў Наваградзкую гімназію й польскую падафіцэрскую школу. Падчас нямецкай акупацыі ствараў аддзелы Беларускай самааховы. Афіцэр Беларускай Краёвай Абароны й сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. На эміграцыі - актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху. У 1982-97 гадах - Старшыня Рады БНР.

САЗЫКА Міхал (23. 07. 1895 - 10. 01. 1949)

Сябра Часовага Кіраўніцтва Агульнага Беларускага Саюзу Вайскоўцаў у пасьляваеннай Заходняй Нямеччыне. Паходзіў з Віцебшчыны. Падчас першай сусьветнай вайны - афіцэр рускай арміі. Пазьней быў афіцэрам у арміі генэрала Булак-Балаховіча. У міжваенны час жыў у Польшчы, працаваў сьпяваком у оперным тэатры ў Пазнані. Падчас нямецкай акупацыі арганізаваў на Віленшчыне беларускі батальён, які змагаўся супраць чырвоных і польскіх партызанаў. З 1945 г. - у Нямеччыне. Актывіст ветэранскай вайсковай арганізацыі. Трагічна загінуў. Магчыма, што ягоная сьмерць зьвязаная з падтрыманьнем кур'ерскай сувязі з партызанамі на Бацькаўшчыне. Нездарма эмігранцкая газэта пісала: «Ён марыў аб тэй новай вайне, якая прынясе вызваленьне Беларусі».

САКОВІЧ Юльян (24.8.1906 - 13.6.1943)

Беларускі палітычны дзеяч. Паходзіў з фальварка Баўдыры Ашмянскага пав. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію, вучыўся на агранамічным факультэце Віленскага ўнівэрсытэта. Быў зьвязаны з камуністычным падпольным рухам, за што перасьледаваўся польскімі ўладамі. У 1928 г. быў выключаны з Беларускага Студэнцкага Саюзу. Пры «першых саветах» быў арыштаваны НКВД, але цудам застаўся жывы. Радыкальна зьмяняе свае погляды, далучаецца да падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіруе Менскім акруговым камітэтам БНП. Быў начальнікам Менскай паліцыі, працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы. Неаднаразова пратэставаў перад нямецкімі акупацыйнымі ўладамі супраць зьнішчэньня мірнага жыхарства й паленьня вёсак. Забіты польскімі тэрарыстамі (магчыма, не бяз удзелу СД), пахаваны ў Лідзе.

САРОКА Сяргей (25.4.1902 - 1.12.1941)

Беларускі палітычны й рэлігійны дзеяч. Паходзіў з Вільні. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію, вучыўся на факультэце права Віленскага ўнівэрсытэта. Быў вядомым дзеячом беларускага студэнцкага руху, а таксама царкоўна-рэлігійнага жыцьця (быў прыхільнікам беларусізацыі праваслаўнай царквы й яе аўтакефаліі). У сярэдзіне 30-х гадоў ачоліў арганізацыю «Беларуская Нацыяналістычная Сябрына», выдаваў газэту «Беларусь працы». Падчас Другой сусьветнай вайны дзейнічаў у Варшаве й на Белападляшшы. Памёр, пасьля цяжкай хваробы, у Янаве-Падляскім.

САЮЗ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ (СБМ)

Беларуская нацыяналістычная арганізацыя. Заснавана ў чэрвені 1943 г. Дзейнічала легальна, з дазволу нямецкіх акупантаў, на тэрыторыі генэральнага камісарыяту «Беларусь». Займалася выхаваньнем беларускай моладзі ў духу беларускага патрыятызму, любові да сваёй Бацькаўшчыны. Шэфам-правадніком Галоўнага Штабу СБМ быў Міхась Ганько. Галоўным друкаваным ворганам арганізацыі быў часапіс «Жыве Беларусь!». Да чэрвеня 1944 г. СБМ налічваў у сваіх шэрагах некалькі дзесяткаў тысяч маладых людзей. У 1944 годзе невялікая частка сяброў СБМ эмігравала на Захад. Частка эсбээмаўцаў, у тым ліку й М.Ганько, прыняла ўдзел у антыбальшавіцкай партызанскай і падпольнай барацьбе.

САЮЗ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ (СВБ)

Падпольная моладзевая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-47 гг. СВБ створаны ў лістападзе 1946 г. па ініцыятыве сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтавана праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч («Дубовы»), а фінансавы - Кастусь Рамановіч («Сокал»). Галоўнай мэтай СВБ было «аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы». Асноўным метадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў.

СВБ быў разьбіты на «тройкі». Аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасьля трапілі ў рукі дзяржбясьпекі.

У канцы траўня 1947 г. сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 30 жніўня 1947 г. Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягераў.

САЮЗ ЗМАГАНЬНЯ за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ (СЗНБ)

Падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1946-49 гг. Заснавана ў 1946 г., з ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага атрада Івана Раманчука («Ястраб»). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку, у Горадне, Нясьвіжскім, Клецкім і Стоўбцаўскім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 г. на хутары Сацкая Ліпа (Нясьвіжскі раён) і на ім прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гарадзенскага педінстытута. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу, каб дзейнічаць. У адпаведнасьці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана й распаўсюджана антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. На пачатку 1949 г. ворганамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 г. быў захоплены чэкістамі паранены ў баю Іван Раманчук, кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войск МВД Беларускай ваеннай акругі ад 15-17 чэрвеня 1949 г. за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 17 сябраў СЗНБ былі засуджаны на розныя тэрміны зьняволеньня.

СЕНЬКА Ўладзімір (21.7.1918 - 2.2.1997)

Беларускі вайсковы дзеяч. Нарадзіўся ў м. Новы Сьвержань. Скончыў Стаўпецкую гімназыю й Віленскі ўнівэрсытэт, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу. Выпускнік польскай школы афіцэрскага рэзерва ў Замброве (Польшча). У 1940-41 гг. працаваў настаўнікам у Заходняй Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі Сенька быў начальнікам паліцыі Нясьвіжскага павету, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 г. - на эміграцыі. Пасьля вайны працаваў у разьведцы нямецкага бундэсвэра, меў рангу маёра. Рэдагаваў па нямецку бюлетэні-штоквартальнікі пра становішча ў Беларусі для нямецкага навукова-дасьледчага інстытута, а па-беларуску - газэту «Жыве Беларусь!». Сябра Беларускага Вызвольнага Руху, Замежнага Сэктара БНП, а пасьля - Беларускага Вызвольнага Фронту. Магчыма, удзельнічаў у падтрыманьні нелегальных каналаў сувязі з партызанамі на Бацькаўшчыне. У студзені 1963 г. Міністэрства замежных спраў СССР бязпасьпяхова дамагалася ў нямецкага ўраду выдачы Сенькі, як «ваеннага злачынцы». Памёр у Нямеччыне.

СІКОРА Віктар (нар. 12.7.1925)

Камандзір партызанскага атрада на Пастаўшчыне ў 1945 г. Паходзіць з в. Малыя Алашкі на Шаркаўшчыне. Скончыў 6 клясаў польскае школы, а падчас нямецкай акупацыі - шасьцімесячныя курсы, пасьля якіх у 1942 г. паступіў у Пастаўскую настаўніцкую сэмінарыю. Адзін з кіраўнікоў СБМа ў Паставах.

Зь вясны 1944 г. - сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік Пастаўскае філіі БНП. Летам 1944 г. застаўся ў Беларусі для падпольнай працы. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. У лістападзе 1944 г. дэзерціраваў, хаваўся ў родных мясьцінах. Вясной 1945 г. пайшоў у лес, арганізаваў партызанскі атрад, які налічваў некалькі дзесяткаў чалавек. У жніўні 1945 г. здаўся савецкім уладам, быў амнісьціраваны. Жыў пад наглядам у роднай вёсцы. Арыштаваны 5 сьнежня 1945 г., утрымліваўся ў Вялейскай турме. Быў асуджаны па арт. 63-І УК БССР да 10 гадоў пазбаўленьня волі з «паражэньнем у правох» на 5 гадоў. Быў на залатых прыісках ў Якуціі, пасьля - у Тайшэцкім «Азерлагу». У Беларусь вярнуўся напрыканцы 1954 г. Жыве ў в. Малыя Алашкі. 22 траўня 1992 г. Прэзідыюм Віцебскага абласнога суда пастанавіў прыгавор ваеннага трыбунала войск МВД Маладэчанскай вобласьці ад 8 траўня 1946 г. і вызначэньне ваеннага трыбунала Беларускай вайсковай акругі ад 7 жніўня 1956 г. «у адносінах Сікоры пакінуць бяз зьменаў».

СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКІ Антон (1892 - 1983)

Беларускі вайсковы дзеяч. Паходзіў з в. Чырвоная Горка Пінскай вобл. Настаўнік па адукацыі. Скончыў Пецярбургскі ўніверсытэт і Казанскае вайсковае вучылішча (1916). Ваяваў у першую сусьветную вайну, капітан рускай арміі. Камандзір Слуцкай брыгады Беларускае Народнае Рэспублікі, якая ў лістападзе-сьнежні 1920 г. ваявала супраць Чырвонай Арміі. У міжваенны час - праваслаўны сьвятар на Наваградчыне й Слонімшчыне. 19 чэрвеня 1941 г. быў арыштаваны НКВД, уцёк. Падчас нямецкай акупацыі - сябра БНП, школьны інспэктар у Ганцавічах, кіраўнік мясцовай БНС (Берасьцейская вобласьць). У 1944 г. - намесьнік прэзыдэнта БЦР па Ганцавіцкай акрузе. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса. Падпалкоўнік БКА. З восені 1944 г. працаваў у Ўпраўленьні вайсковых спраў БЦР. Арганізоўваў пераход беларускіх вайсковых аддзелаў на бок амэры канцаў, якімі пазьней быў выданы бальшавікам. У 1947 г. асуджаны. Да 1958 г. знаходзіўся ў бальшавіцкіх канцлягерах. Пазьней выехаў у Польшчу, дзе й памёр.

СТАНКЕВІЧ Станіслаў (1907 - 1980)

Беларускі палітычны дзеяч. Скончыў Віленскі ўнівэрсытэт, доктар філасофіі (1936). Падчас нямецкай акупацыі - бурмістар Барысаўскага павету, пазьней - намесьнік прэзыдэнта БЦР у Баранавіцкай акрузе. Дэлегат Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Уваходзіў у беларускую кансьпірацыю. На эміграцыі С. быў сябрам Рады БНР. Напрыканцы 1945 г. у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўдзельнічаў у стварэньні нелегальнага Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ). Рэдагаваў часапіс БНЦ «Рух» і газэту «Бацькаўшчына». Быў першым старшынёй Антыбальшавіцкага Блёку Народаў (1946).

СТАНКЕВІЧ Ян (26.11.1891 - 16.11.1976)

Беларускі палітычны дзеяч, навуковец. Нарадзіўся ў в. Арляняты Ашмянскага павета. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію й Пражскі ўнівэрсытэт. Доктар філасофіі (1926). Працаваў выкладчыкам у Варшаўскім і Віленскім унівэрсытэтах. Пасол Сейма (1928-30). Падчас нямецкай акупацыі быў лідэрам падпольнай Арганізацыі Беларускіх Нацыяналістаў, а пасьля - Беларускага Нацыянальна-Дэмакратычнага Аб'яднаньня. Пасьля вайны жыў у ЗША.

СТЭПОВІЧ Альбін (18.3.1894 - 18.12.1934)

Беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, кампазытар, публіцыст, выдавец. Паходзіў з вёскі Бараны Сьвянцянскага павету Віленскай губ. Выкладчык сьпеваў і музыкі ў Віленскай беларускай гімназіі. Дзеяч Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, кіраваў віленскай суполкай Беларускага інстытута гаспадаркі й культуры. Пасол польскага Сейму ў 1928-30 гг. У 1931 г. выйшаў з БХД, супрацоўнічаў з Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыяй пад псэўданімам «Ул.Загорскі». Аўтар гімна беларускіх нацыяналістаў «Беларусь перадусім!», польскамоўнай працы «Беларусы й дзяржаўная незалежнасьць» (Вільня, 1929), беларускага сьпеўніка «За Бацькаўшчыну» (Вільня, 1935). Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

СЯНЬКЕВІЧ Аляксей (15.11.1904 - 12.12.1991)

Беларускі нацыяналіст, сябра ЦК БНП. Паходзіў з м. Новы Сьвержань. У 1930-я гады ён быў прыхільнікам Беларускай Нацыянал-Сацыялістычнай Партыі, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі. Напярэдадні Другой сусьветнай вайны быў вымушаны выехаць у Нямеччыну. Кіраваў аддзелам Бэрлінскага беларускага камітэту ў Бяла-Падлясцы. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі працаваў на Бацькаўшчыне, рэдагаваў легальныя газэты ў Менску. У 1943-44 гг., пасьля сьмерці Юльяна Саковіча, кіраваў Менскім акруговым камітэтам Беларускай Незалежніцкай Партыі, выконваў адказныя даручэньні партыі. У 1944 г. быў у Беларускай Краёвай Абароне. На эміграцыі Сянькевіч быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады, жыў у г. Саўт-Рывэр у ЗША.

ТУМАШ Вітаўт (20.12.1910 - 27.4.1998)

Беларускі дзеяч, навуковец. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію й мэдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Сябра Беларускага Студэнцкага Саюзу. У 1940-41 гг. - старшыня Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы. Увайшоў у Беларускі Нацыянальны Цэнтар, створаны ў чэрвені 1941-га ў Бэрліне а. Гадлеўскім, Шчорсам ды інш. У ліпені-лістападзе 1941-га быў бурмістрам Менску, пасьля рэдагаваў у Бэрліне газэту «Раніца». Сябра Беларускага Супраціву. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку.

ФІЛІСТОВІЧ Янка (1926 - 1953)

Беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер. Сябра Рады БНР, адзін з лідэраў Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі. У 1951 г. вярнуўся ў Беларусь з мэтай арганізацыі патрыятычных сіл для барацьбы з бальшавікамі. У 1952 г. камандаваў на Маладэчаншчыне партызанскай групай, выдаў адзін нумар газэты «Жыве Беларусь!». У верасьні 1952 г. Філістовіч быў арыштаваны агэнтам МГБ. На допытах ён выдаў людзей, якія яму дапамагалі і яны былі рэпрэсіраваны. Сам Філістовіч быў расстраляны.

ЧЭБАТАРЭВІЧ Віктар (1906 - 7.10.1963)

Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч. Скончыў Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю. Паходзіў з Новага Сьвержаня. У 1940 годзе, жывучы ў Стоўбцах, акупаваных бальшавікамі, падтрымліваў сувязь з беларускімі нацыяналістычнымі арганізацыямі ў Варшаве (у прыватнасьці, з Міколам Шчорсам). Летам 1941-га па польскаму даносу арыштоўваўся немцамі. Працаваў у Генэральным школьным інспэктараце. Разам з а. Гадлеўскім арганізоўвае антынямецкае падпольле. У 1944 годзе - капітан БКА, камандзір афіцэрскай школы БКА ў Менску. На эміграцыі - актыўны дзеяч прабэцээраўскага кірунку, жыў у ЗША. Супрацоўнічаў з газэтай «Беларуская трыбуна». Рэпрэзэнтаваў беларускую эміграцыю ў сусьветных антыкамуністычных арганізацыях. Памёр у Нью-Ёрку.

«ЧОРНЫ КОТ»

Беларуская партызанская арганізацыя. Па некаторых зьвестках, «Чорны Кот» быў арганізаваны ўжо 1944 г., па іншых - у 1945 г. Дзейнічала пад кіраўніцтвам генэрала Міхала Вітушкі («Лось»). У некаторых крыніцах паведамляецца, што назоў «Чорны Кот» («Чорная Кошка») меў адзін з партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі, або нават атрад «Дальвіца», які дэсантаваўся ў Беларусі 17 лістапада 1944 г. У іншых крыніцах «Чорны Кот» - гэта злучэньне партызанскіх аддзелаў генэрала Вітушкі або «тэрарыстычная арганізацыя».

«Чорны Кот» (Беларуская Вызвольная Армія) складалася з рэгулярных партызанскіх аддзелаў і ўдзельнікаў збройнага падпольля («ударнікаў»), якія легальна працавалі ў калгасах, сваіх гаспадарках, на прадпрыемствах і ў установах, але бралі ўдзел у акцыях. На чале «Чорнага Ката» стаяў Галоўны Штаб, якім камандаваў генэрал Міхал Вітушка і ягоныя намесьнікі: Ахрэм і Шукайловіч. М.Вітушка зьяўляўся й старшынёй ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, сканцэнтраваўшы, такім чынам, у сваіх руках вайсковае й палітычнае кіраўніцтва Нацыянальным Супрацівам. У складзе «Чорнага Ката» былі ня толькі беларускія аддзелы, але й летувіскія, латышскія, нямецкія («Вэрфольф», «Цэпэлін», «Эдэльвейс») й украінскія атрады, якія ў асноўным дзейнічалі ў заходняй і паўночнай Беларусі, а таксама ў Прыбалтыцы.

«Чорны Кот» праводзіў акцыі на чыгунцы, узрываючы або захопліваючы цягнікі, рабіў напады на савецкія склады й гарнізоны, на вёскі, мястэчкі й гарады, вызваляў вязьняў з турмаў і канцлягераў. Рабіліся напады на банкі з мэтай здабыцьця сродкаў, неабходных для забясьпечаньня падпольнай й партызанскай дзейнасьці. Баявікі «Чорнага Ката» зьдзяйсьнялі тэрарыстычныя акты супраць прадстаўнікоў савецкай улады, членаў камуністычнай партыі, супрацоўнікаў МВД і МГБ (КГБ). Па некаторых зьвестках, у кастрычніку 1948 г. была спроба замаху на І.Сталіна. Частку зброі, боепрыпасаў, радыёапаратуру, амуніцыю «Чорны Кот» атрымоўваў праз Польшчу з Ангельшчыны, з дапамогай мясцовых сьпецслужбаў. «Чорным Катом» праводзілася й вялікая прапагандовая праца: выдаваліся дзесяткі газэт, часапісаў, плякатаў, адозваў і абвестак, якія пашыраліся ня толькі сярод партызанаў, але й сярод насельніцтва.

У эміграцыйных крыніцах ёсьць зьвесткі, што «Чорны Кот» працягваў сваю актыўную баявую дзейнасьць да 1950 г. Аднак і ў пазьнейшыя гады ад імя гэтай арганізацыі праводзіліся акцыі, скіраваныя супраць савецкіх уладаў. Аднак гэта была ўжо хутчэй дзейнасьць узброенага падпольля, чымсьці партызанкі. Магчыма, што кіраўніцтва «Чорнага Ката», падобна камандаваньню УПА, перавяла свае структуры са стану ўзброенай партызанскай вайны да стану збройнага падпольля. Наколькі была эфектыўнай і колькі працягвалася барацьба «Чорнага Ката» ў новых умовах - невядома. Аднак яшчэ напрыканцы 1950-х гг. у БССР існавалі падпольныя групы, якія пазьней перабраліся на Захад, у Польшчу, або засталіся на Бацькаўшчыне, так і ня выкрытыя савецкай дзяржбясьпекай. На Захадзе апынуўся й генэрал Міхал Вітушка.

ШАВЕЛЬ Уладзімір (1910-я - ?)

Беларускі нацыяналіст, вайсковы дзеяч. Юрыст па адукацыі. У 1941 г. арганізоўваў беларускую паліцыю ў Менскай акрузе, якая пасьпяхова змагалася супраць бальшавіцкіх дывэрсантаў. Дабіваўся ад немцаў дазволу на стварэньне беларускага войска. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Народнай Самапомачы. На пачатку 1942 г. арганізаваў беларускую нацыянальную партызанку на Барысаўшчыне, выпускаў падпольны прапагандысцкі часапіс. Па адных зьвестках, быў забіты чэкістамі падчас перамоваў, па іншых - ягоны сьлед губляецца ў 1943 г. на Палесьсі.

ШКЯЛЁНАК Мікалай (1899 - 1946?)

Беларускі палітычны дзеяч. Адзін з кіраўнікоў Беларускага Рэзыстансу ў гады Другой сусьветнай вайны. Закончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэта (1930). Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Студэнцкага Саюзу, рэдагаваў часапіс «Студэнцкая думка». Кіраваў спартыўным аддзелам Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый у Вільні. У другой палове 1930-х гг. уваходзіў у незалежніцкую групу а. Гадлеўскага, быў сябрам рэдкалегіі газэты «Беларускі Фронт». Аўтар дасьледаваньняў па гісторыі Беларусі. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1940 г. працуе ў Бэрліне, рэдагуе газэту «Раніца». Удзельнік заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (Бэрлін, чэрвень 1941 г.).

З пачатку 1943 г. - у Менску. Першы віцэ-прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады. Кіраваў аддзелам прапаганды і прэсы Рады. Адзін з арганізатараў Другога Ўсебеларускага кангрэсу напрыканцы чэрвеня 1944 г. у Менску, выступаў на ім з дакладам. У 1944-45 гг. знаходзіўся ў Бэрліне, кіраваў Калегіяй БЦР. Выдаў чацьверты нумар падпольнага «Бюлетэня БНП».

Вясной 1945 г. разам з групай беларускіх патрыётаў перабраўся ў Польшчу, каб адтуль трапіць у Беларусь з мэтай удзелу ў антысавецкім Супраціве. Быў арыштаваны й павешаны ў Менску (?).

ШУКАЙЛОВІЧ Міхась

Намесьнік генэрала М.Вітушкі ў кіраўніцтве партызанкай «Чорнага Ката». Рэдактар падпольнай газэты «Душы бальшавіцкую гадзіну!».

ШЧОРС Мікола (1913 - 22.12.1995)

Беларускі палітычны дзеяч. Паходзіў з м. Новы Сьвержань. Скончыў мэдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У 1935-37 гг. быў старшынёй Беларускага Студэнцкага Саюза, уваходзіў у «Беларускі Фронт» а. В.Гадлеўскага. 19 чэрвеня 1941 г. узначаліў створаны ў Бэрліне Беларускі Нацыянальны Цэнтар. Быў актыўным дзеячом Беларускага Супраціву. Пасьля вайны жыў у ЗША, дзе ўзначальваў шэраг беларускіх грамадзка-палітычных арганізацый. Быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады.

Каляндар асноўных датаў з гісторыі беларускага нацыяналізму

2 жніўня 1833 г. - у Горадні маскоўскімі акупантамі быў павешаны беларускі рэвалюцыянер, камандзір паўстанцаў, ураджэнец Слонімшчыны Міхал Валовіч (ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 г. у маёнтку Парэчча Слонімскага павету).

2 лютага 1838 г. - у вёсцы Мастаўляны Ваўкавыскага павету нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, вялікі беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў антымаскоўскага паўстаньня 1863-64 гг. у Літве-Беларусі. Выдавец беларускай падпольнай газэты «Мужыцкая праўда».

16 лістапада 1888 г. - у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі, рыма-каталіцкі сьвятар, ідэолаг беларускага нацыяналістычнага руху, заснавальнік шэрагу нацыяналістычных арганізацый у 1930-40-я гады.

5 лістапада 1907 г. - у Нясьвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка, беларускі генэрал, адзін з лідэраў Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік Беларускага Супраціву ў другой палове 1940-х - пачатку 50-х гадоў.

1920 г. - у вёсцы Чучэвічы Лунінецкага павету нарадзіўся Ўсевалад Родзька, кіраўнік Беларускай Незалежніцкай Партыі ў часы Другой сусьветнай вайны, арганізатар антыбальшавіцкага партызанскага руху.

20 жніўня 1924 г. - на першым зьездзе беларускіх студэнтаў у Празе ўтворана «Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый» (АБСА).

1933 г. - у Заходняй Беларусі запачаткавана Беларуская Нацыянал-Сацыялістычная Партыя.

1936 г. - заснаваньне а. Вінцэнтам Гадлеўскім у Заходняй Беларусі нацыяналістычнай арганізацыі «Беларускі Фронт».

Восень 1939 г. - заснаваньне ў Вільні пад летувіскай акупацыяй падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ініцыятары - а. Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Грынкевіч (старшы), Мікола Шкялёнак ды інш.

Лета 1940 г. - у Варшаве пачынае дзейнічаць паўлегальная нацыяналістычная арганізацыя «Беларускі Нацыянальны Фронт» (БНФ), якім кіраваў а. Вінцэнт Гадлеўскі.

18 чэрвеня 1941 г. - у Беларусі дэсантаваўся Першы Штурмовы Зьвяз, баявы аддзел беларускіх нацыяналістаў.

19 чэрвеня 1941 г. - у Бэрліне сябрамі Беларускага нацыянальнага Супраціву быў закладзены «Беларускі Нацыянальны Цэнтар», як правобраз беларускага ўраду на выпадак вайны і вяртаньня нацыянальнага актыву на Бацькаўшчыну. У кіраўніцтва БНЦ увайшлі: Мікалай Шчорс (старшыня), а. Вінцэнт Гадлеўскі, Мікалай Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Часлаў Ханяўка ды інш.

Жнівень 1941 г. - антыбальшавіцкая беларуска-ўкраінская вайсковая апэрацыя на Палесьсі. Аб'яднанымі сіламі Беларускай Самаабароны й Палескай Сечы УПА былі вызвалены ад бальшавіцкіх партызанаў і акружэнцаў цэлыя раёны беларускага і ўкраінскага Палесься. Сярод кіраўнікоў беларускіх вайскоўцаў былі вядомыя нацыяналісты Ўсевалад Родзька й Міхал Вітушка.

Канец жніўня (па іншых зьвестках - верасень) 1941 г. - Варшаўская нарада кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. Была прынята праграма падпольнай антыфашыстоўскай дзейнасьці, распрацаваная а. Вінцэнтам Гадлеўскім.

1942 г. - айцец Вінцэнт Гадлеўскі стварае падпольны «Беларускі Цэнтральны (Народны) Фронт», адну з арганізацый Беларускага нацыянальнага Супраціву, якая, у асноўным, складалася з беларускай інтэлігенцыі.

24 сьнежня 1942 г. - арышт фашыстамі ў Менску а. В.Гадлеўскага. Неўзабаве ён быў закатаваны гэстапаўцамі, так і не выдаўшы таямніцаў беларускай кансьпірацыі.

21-22 лістапада 1943 г. - ў Жытомірскіх лясах адбылася нелегальная канферэнцыя «паняволеных Масквой народаў», на якой быў утвораны Нацыянальны камітэт паняволеных народаў для каардынацыі іх «рэвалюцыйнай барацьбы», прынятая палітычная плятформа й маніфэст. На канфэрэнцыі прысутнічалі два дэлегаты ад Беларускай Незалежніцкай Партыі.

чэрвень 1944 г. - падрыхтоўка беларускімі нацыяналістамі антыфашыстоўскага паўстаньня ў Менску. Ягонай мэтай было абвяшчэньне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. У апошні момант, па шэрагу прычын, паўстаньне было адменена.

25 верасьня 1944 г. - нарада Цэнтральнага Камітэту Беларускай Незалежніцкай Партыі ў Бэрліне. Міхал Вітушка й Усевалад Родзька атрымалі заданьне вярнуцца ў Беларусь для арганізацыі антыбальшавіцкай барацьбы, а Дзімітры Касмовіч быў прызначаны кіраўніком Замежнага Сэктару БНП.

красавік 1945 г. - у Бэрліне прайшла нелегальная канферэнцыя Беларускай Незалежніцкай Партыі. Старшыня ЦК БНП Усевалад Родзька прапанаваў перайменаваць партыю ў Беларускую Вайсковую Арганізацыю. Было вырашана перакінуць вайсковы актыў у Беларусь для арганізацыі антыбальшавіцкай партызанкі, тэрмін дзеяньня якой абмежавалі 5 гадамі.

1946 г. - у Беларусі прайшла нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху. У сувязі з аб'ектыўнымі прычынамі (недахопам амуніцыі, харчоў ды інш.) было пастаноўлена партызанскія аддзелы расфарміраваць на невялікія мясцовыя групы ад 3 да 10 чалавек. Пасьля гэтага акцыі праводзіліся толькі падчас савецкіх палітычных кампаніяў і сьвятаў, рабіліся напады на невялікія аддзелы МВД.

1946 г. - заснаваньне ў Беларусі падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі», на чале якой стаяў камандзір партызанскага аддзелу Іван Раманчук («Ястраб»).

30 верасьня 1946 г. - ў Заходняй Нямеччыне адбылася ІІІ канфэрэнцыя БНП. На ёй была дадзена ацэнка міжнароднага палітычнага становішча, прааналізавана дзейнасьць партыі на Бацькаўшчыне і на эміграцыі. Адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне» і вялікі яе ўплыў на партызанку й падпольле.

1947 г. - прайшла чарговая нарада кіраўніцтва беларускага партызанскага руху. На ёй была прынята пастанова «ашчаджаць людзей і народнае багацьце, устрымацца ад непатрэбнага дражненьня савецкіх уладаў. Партызаншчынай ня вызваліш народу ані краіны, а трэба чакаць вайны і тады дзеіць...»

кастрычнік 1948 г. - няўдалы замах на Сталіна, арганізаваны беларускімі партызанамі ў кастрычніку 1948 г.

7 лістапада 1948 г. - трагічная гібель у Заходняй Нямеччыне вялікага беларускага нацыяналіста-рэвалюцыянера, сябра Замежнага Сэктару БНП Хведара Ільяшэвіча.

15 траўня 1950 г. - у Заходняй Нямеччыне быў заключаны тайны дагавор паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і Ўкраінскай Нацыянальнай Радай. Абодва бакі імкнуліся да «з'актывізаваньня вызвольна-рэвалюцыйнае барацьбы супроць расейска-бальшавіцкага акупанта, дзейнічаць супольнымі сіламі абедзьвёх нацыяў». У адпаведнасьці з дагаворам, мусіў паўстаць «каардынацыйны камітэт» і «супольны рэвалюцыйны штаб», складзены з прадстаўнікоў БЦР і УНР. Аперацыйнае кіраўніцтва штабам было ўскладзена на каманданта Ўкраінскай Нацыянальнай Гвардыі атамана Бульбу-Бараўца. Дагавор быў падпісаны старшынёй Калегіі БЦР Юры Сабалеўскім, атаманам Бульбай-Бараўцом і зацьверджаны прэзыдэнтамі БЦР і УНР Р.Астроўскім і А.Лівіцкім. У створаныя каардынацыйныя ворганы павінны былі ўваходзіць прадстаўнікі «усіх нацыяў, прыймаючых актыўны ўдзел у рэвалюцыйна-вызвольнай барацьбе».

1950 г. - заснаваньне на эміграцыі нацыяналістычнай вайсковай арганізацыі «Беларускі Вызвольны Рух».

18 студзеня 1953 г. - у Штутгарце (Заходняя Нямеччына) прайшла супольная нарада прадстаўнікоў Беларускага Вызвольнага Руху і Ўкраінскай Нацыянальнай Гвардыі. Мэтай нарады было «аб'яднаньне вайскова-рэвалюцыйных арганізацыяў ды ўтварэньне супольнага штабу». БВР і УНГ былі аб'яднаныя пад галоўным кіраўніцтвам атамана Тараса Бульбы-Бараўца. Было таксама пастаноўлена зьвярнуцца да іншых, паняволеных бальшавікамі народаў, «далучыцца да гэтай акцыі». Плянавалася стварэньне супольнага штабу «Вызвольна-Рэвалюцыйных сілаў усіх паняволеных народаў Усходняе Эўропы і Сярэдняй Азыі». Ад БВР дакумент нарады падпісаў падпалкоўнік Л.Зарэчны, а ад УНГ - сотнік А.Грыцэнка.

28 сакавіка 1953 г. - бой партызанскага атрада дэсантніка «Беларускага Вызвольнага Руху» старэйшага лейтэнанта Сымона Міхальчука з аддзелам МВД на Кобрыншчыне, у лесе каля вёскі Запруды. Падчас яго загінуў Міхальчук, які прыбыў у Беларусь з Заходняй Нямеччыны ў 1951-52 гг. Перад згаданым боем атрад С.Міхальчука зрабіў напад на савецкі транспарт, праўдападобна, прымеркаваны да 25 сакавіка.

Восень 1956 г. - спыненьне арганізаванага збройнага супраціву Беларускай Незалежніцкай Партыі бальшавіцкім акупантам у Беларусі.

23 красавіка 1991 г. - у Штутгарце (Заходняя Нямеччына) памёр актыўны беларускі нацыяналіст, генэрал Дзімітры Касмовіч. На Бацькаўшчыне ў час вайны ён ствараў беларускія вайсковыя фармацыі, а на эміграцыі кіраваў Замежным Сэктарам БНП, Беларускім Вызвольным Фронтам, выдаваў рэвалюцыйны часапіс «Барацьба».

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX