Папярэдняя старонка: Кнігі

Мікола Ермаловіч. Успаміны, творы, фотаматэрыялы 


Дадана: 06-02-2010,
Крыніца: Менск, 2007.

Спампаваць




Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча.

Успаміны, творы, фотаматэрыялы. Мн., 2007. 360 с. Ілюстр. Размножана на правах рукапісу. Адказны за выпуск А. Белы.


Укладанне і рэдакцыя: А. Белы, А. Валахановіч, Н. Сармант.


Тэхнічны рэдактар: С. Суднік.


Папера афсетная. Фармат А-5. Гарнітура "Таймс".

Наклад 150 асобнікаў.



Сухая іголка, 22х15. 1995 г. Мастак Яўген Ціхановіч. Музей Фонд Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

ЗМЕСТ


А. Белы. Прадмова . . . 5


СВЕДЧАННІ пра Міколу Ермаловіча . . . 13

А. Белы. Служыць аддана Радзіме . . .14

А. Валахановіч. Самабытны гісторык, няскораны чалавек 39

Г. Штыхаў. Мікола Ермаловіч - неардынарны прадстаўнік беларускай гістарыяграфіі . . .56

А. Мяснікоў. Рамантычны гісторык . . . 59

А. Грыцкевіч.Слаўны сын Беларусі . . . 69

М. Аўрамчык. Мой аднакурснік . . .74

М.Казлоўскі. Летапісец нашай славы . . .77

А. Валахановіч. М. І. Ермаловіч - аўтар канцэпцыі ўтварэнне ВКЛ . . . 85

А. Валахановіч. Браты Ермаловіч - нястомныя рупліўцы на беларускай ніве . . . 92

А. Валахановіч. Гісторыкі, літаратары, сябры-аднадумцы . . . 98

У. Ліпскі. Светлы ўспамін . . .104

А. Ходан. Лёсавызначальная сустрэча . . . 106

Я. Лаўрэль. Ушанаванню памяці прысвечаны . . . 108

Я. Лаўрэль. У памяць Міколы Ермаловіча . . .115

А. Пухоўскі. Слова пра Міколу Ермаловіча . . . 122

А. Саламонаў. Дзейная ісціна Міколы Ермаловіча . . . 124

В. Іпатава. Падзвіжнікі не перавяліся . . . 138

Г. Далідовіч. Просты і значны . . . 140

А. Валахановіч. Самабытны гісторык, няскораны чалавек . . . 143

Ул. Содаль. З Ермаловічавых занатовак . . 148

Т. Рахманько. Вычын у імя Беларусі . . .174


ЛІСТЫ, ВЫСТУПЫ, ПРАМОВЫ Міколы Ермаловіча . . . 155

Лісты М. Ермаловіча . . . 156

Лісты М. Ерамаловіча да М. Улашчыка . . . 157

М. Ермаловіч. Ідучы насустрач . . . 158

Лісты Міколы Ермаловіча Міхасю Белямуку . . . 160

М. Ермаловіч. Пад пільным наглядам . . . 182

М. Ермаловіч. У авангардзе нацыянальнага адраджэння . . . 184

З прадмовы М. Ермаловіча на вечары клуба "Спадчына". . . 185

Запіс выступу М. Ермаловіча ў клубе "Спадчына" . . . 186


АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ. Гутаркі М. Ермаловіча . . . 195

А. Валахановіч. «Гутаркі» Міколы Ермаловіча . . . 196

І вось запрэгліся ўсе трое . . . 200

Быкоўскі на пасадзе . . . 201

Навошта свінні рогі? . . . 204

З днём сталінскай Канстытуцыі . . . 205

Мова - сцяг народа . . . 207

Прывесці да адпаведнасці . . . 208

Таму, хто прачнуўся . . . 210

Рагвалод і Рагнеда . . . 211

Прычына нашых крыўд і бед . . . 213

Няміга і Менск . . . 215

«Существительное» . . . 217

Не верце Еўтушэнкам . . . 220

З чым ідзем да з'езду . . . 223

Кастусь Каліноўскі . . . 225

Мсціслаў не аднаго сціснуў . . . 227

Прадказанні, якія спраўдзіліся . . . 229

Інтэлегенцыя - вочы народа . . . 232

Пра змест і форму . . . 233

Ці страшная нам культура? . . . 234

Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё . . . 237

Ты хочаш жыць для Беларусі . . . 238

Цэнтралізацыя, дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя . . . 241

Зноў цяжар . . . 243

Скаргі . . . 246

Чаму няма парадку? . . . 249

Цяжкасці і перспектывы . . . 250

Сустрэча з Гогалем . . . 251

Клім (байка) . . . 252

Раней пан, цяпер план . . . 253

Пра ідэалагічнае суіснаванне . . . 254

У хвасце . . . 256

Хатынь . . . 257

Пра мову і каўбасу . . . 259

Чужаземец . . . 260

Жыве Беларусь! . . . 263

Самая нацыянальная . . . 264

Мы будзем добра жыць тады . . . 265

Гэта пры нас . . . 266

Гісторыя аднаго паэта . . . 267

Хіба яны правадыры? . . . 268

Сцяганосцам Айчыны . . . 269

Лёс ракі . . . 270

Табе патрэбна воля. . . 270

Пасляслоў'е да «Гутарак». . . 272


СШЫТАК ВЕРШАЎ Міколы Ермаловіча . . . 275

А. Слабодскі Не толькі гісторык, але і паэт . . . 276

Н. Сармант Свае нам зоркі шлях пакажуць . . . 282

Альбом Лявона Баразны . . . 292

*** Байструкам за бясцэнак распраданая . . . 293

*** Бачу гадаў паўзучых . . . 294

Беларусь! У наступленне! . . . 294

Водпаведзь . . . 295

Дзе ж? . . . 296

Дзеля таго . . . 296

Думка і воля . . . 296

*** Колькі развялося ў Беларусі роднай . . . 297

*** У нас валатовак шмат на дзіва . . . 298

Купалле . . . 298

Купальская песня . . . 299

Матчын лёс . . . 300

У Міргарадскім музеі . . . 300

На выстаўцы Лявона Баразны . . . 301

На смерць Лявона Баразны . . . 301

На судзе бесстароннія . . . 302

Нам не патрэбны мудрацы . . . 302

«Наша Ніва» . . . 303

*** Не верыш што гэта ў нас Каліноўскі радзіўся? . . . 303

*** Незайздросную хоць длю маю . . . 304

*** Ненавісныя прыблуды . . . 304

*** О, Беларусь, у цябе нямала . . . 305

*** О, колькі няшчасцяў над роднай нівай . . . 306

*** О, як нуднаю хлуснёю абрыдла . . . 306

*** Пад вясновым лагодным сонцам . . . 306

Замчышчаў даўніх вяршыні . . . 307

Песнярам Беларусі . . . 307

*** Пракляніце нас, дзеці, за тое . . . 308

Сляпата, немата, глухата . . . 309

*** Такой начы не бачылі даўно . . . 309

*** Ты не памёр і ты не спіш . . . 309

Сябрам Літвы . . . 310

*** Ты бой вядзеш. Ты кліч і зброя! . . . 311

*** Чужыя кветкі на нашым полі . . . 311

Шлях да славы . . . 312

Станцыя Беларусь . . . 312

Яцвягі . . .312

Сыны Васіля Цяпінскага . . . 313

Роздум ля помніка Леніну . . . 314

Кастусь Каліноўскі . . . 314

Браніслаў Эпімах-Шыпіла . . .315

Я ўсёй душой з народам Беларусі . . . 315

ПАМЯЦЬ пра Міколу Ермаловіча . . . 317

М. Аўрамчык. Гісторыку Міколу Ермаловічу . . . 318

В. Шніп. Балада Міколы Ермаловіча . . . 318

В. Шніп. Міколу Ермаловічу . . . 319

Я. Гучок. Слова пра Міколу Ермаловіча . . . 319

Я. Гучок. Заплыў у сваю гісторыю. Мікола Ермаловіч . . . 321

А. Марачкін. Міколу Ермаловічу . . . 323

Ж. Царэнкава. На схіле дзён чытаю «Маладосць» . . . 324

Р. Ананьеў. Помнік знаўцу Вялікага Княства . . . 324

С. Малиновский. Ермаловича увековечили в Старых Дорогах . . . 325

М. Гаравы. Помнік Ермаловічу . . . 326

А. Казубоўскі. Яго мы чакалі чатыры стагоддзі . . . 326

А. Белы. Помнік народнаму гісторыку . . . 328

Газета "Звязда". Помнік знакамітаму даследчыку Беларусі . . . 330

А. Мяснікоў Вяртанне Міколы Ермаловіча . . . 331

А. Цыркуноў Акалічнасці стварэння аднаго партрэта . . . 332

М. Лавіцкі Партрэт, заказаны душой . . . 335


ФАТАГРАФІІ . . . 336

Мастацкія творы, прысвечаныя Міколу Ермаловічу . . . 347

Справаздача старшыні клуба «Спадчына» . . . 348

Коратка аб аўтарах . . . 351




"І ён прыйшоў..." тады, калі яго чакалі,

Калі так праглі зведаць і пачуць,

Ён разгарнуў замрочаныя далі

І вынес нам з стагоддзяў Беларусь.



Скрыжалі "Спадчыны" № 5


Нашы фундатары:

Анатоль Белы,

Надзея Сармант,

Ігар Голубеў,

Станіслаў Суднік,

Людміла Собаль,

Анатоль Валахановіч.




Слава твая, Беларусь!


ЯГО ЧАКАЛА БЕЛАРУСЬ ЧАТЫРЫ СТАГОДДЗІ


Зборнік дакументаў і матэрыялаў

да 85-годдзя з дня нараджэння

Міколы Ермаловіча

Аляксандр Іванавіч Фінскі (1953, Мінск). Медаль 'Мікола Ермаловіч', 2003. Сілумін, ліццё. Дм – 16 см..



















Менск

2007


Адказны за выпуск А. Белы

Рэдакцыя А. Белага, А. Валахановіча, Н. Сармант



Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча.
Успаміны, творы, фотаматэрыялы. Мн., 2007. 360 с. Размножана на правах рукапісу.


Укладальнікі: А. Белы, А. Валахановіч, Н. Сармант


Тэхнічны рэдактар: С. Суднік


Мікола Іванавіч Ермаловіч (1921 - 2000) -- вядомы беларускі гісторык, літаратар, аўтар навуковай канцэпцыі ўтварэння Беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. У кнігу ўвайшло найбольш важнае і найбольш папулярнае з яго навуковай і літаратурнай спадчыны, яго вядомыя "Гутаркі", вершы, лісты, іншыя матэрыялы, якія распавядаюць пра выдатнага беларускага вучонага, гісторыка, грамадскага дзеяча.

Кніга будзе карыснай усім, хто цікавіцца гісторыяй старажытнай Беларусі.



© А. Белы, выпуск, 2007

© А. Белы, А. Валахановіч,

Н. Сармант, укладанне, рэдакцыя, 2007



ПРАДМОВА

Гэтая кніга з'яўляецца першай спробай у беларускай літаратуры паказаць вобраз аднаго з самых знакамітых і самых паважаных дзеячоў сучаснага беларускага нацыянальнага Адраджэння. У абсалютнай большасці Міколу Іванавіча Ермаловіча ведаюць як выдатнага гісторыка, які распрацаваў сваю навуковую канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага - Беларускай дзяржавы. У кнізе найбольш поўна расказваецца пра стварэнне гэтай навуковай канцэпцыі і падрабязна раскрываецца яе сутнасць. Але па-за ўвагай засталася яго літаратурная спадчына. Мы паспрабавалі хоць у нейкай ступені асвятліць і гэты бок яго плённай працы на ніве прыгожага пісьменства. Прачытаўшы цыкл яго вершаў, яшчэ не зусім поўны (тое, што пакуль знойдзена), кожны разумее, што і ў гэтай галіне творчасці роўных Міколу Іванавічу па глыбіні думкі, па грамадзянскаму гучанню, па вялікай любові да Беларусі, па вялікім жаданні бачыць яе вольнай, незалежнай, грамадзянскі самастойнай не было. Мы не кранаем мастацкія якасці яго вершаў. Нас цікавіць найбольш іх публіцыстычнасць. Вось чаму гэтыя вершы не маглі быць ў тыя часы нідзе надрукаваны і былі вядомыя толькі вузкаму колу чытачоў, якія былі знаёмыя з Міколам Іванавічам. І няхай кожны пераканаецца ў велічы гэтай паэзіі.

Што да публіцыстыкі Міколы Іванавіча, якую яму ўдавалася выдаваць самвыдатам пад агульнай назвай "Гутаркі...", (назоў, архітоніка і накіраванасць зместу якіх быў ім запазычаны з ананімнай літаратуры Беларусі канца ХІХ стагоддзя), то, на нашу думку, гэта адзіны пакуль на Беларусі прыклад бесцэнзурнай публіцыстыкі. Ён яшчэ не даследаваны і чакае свайго новага мудрага літаратуразнаўцу.

У свой час некаторыя вершы публікаваліся ў часопісе "Роднае слова": № 12, 1999 г. (5 вершаў) і № 4, 2001 г. (11 вершаў), некалькі вершаў у газеце "Ніва" (Беласток), у часопісе "Зрок" (у склад рэдакцыі якога ўваходзіў Мікола Іванавіч) за 1994 г. было надрукавана каля 10 яго вершаў і некалькі "Гутарак", у газеце "Наша Ніва" № 19, студзень 2001 г. - адна "Гутарка", у часопісе "Полымя" № 9, 2001 г. звыш 10 "Гутарак". Гэта сведчыць аб тым, што ў грамадстве з'явілася цікавасць не толькі да яго гістарычных твораў, але непасрэдна і да літаратурных.

У самой гісторыі з публікацыяй літаратурнай спадчыны Міколы Іванавіча шмат загадкавага, нявысветленага. Напрыклад, чаму літаратурную спадчыну слыннага Беларуса пачалі публікаваць так позна, а ў асобных выпадках толькі пасля яго смерці? Чаму тыя, хто трымаў на руках гэтую вялікую нацыянальную каштоўнасць, не парупіліся аб публікацыі значна раней? Чаму пададзены Аляксеем Марачкіным найбольш поўны спіс "Гутарак" (да 50 твораў) быў надрукаваны ў скарочаным варыянце і не ў красавіцкім нумары часопіса "Полымя", у якім былі змешчаны ўспаміны пра Міколу Ермаловіча з нагоды яго 80-годдзя, калі ўжо яго не было ў жывых, а толькі ў вераснёўскім (№ 9, 2001 г.) і без адпаведнага літаратурна-крытычнага агляду і, нават, без уступнага слова пра аўтара і ацэнку яго літаратурнай дзейнасці? І чаму рэдакцыя часопіса "Полымя" катэгарычна адмовілася ад публікацыі яго вершаў? Чаму сам Мікола Іванавіч, які праз мяне быў цесна звязаны з рэдакцыяй беларуска-амерыканскага часопіса "Полацак", не звярнуўся ні да мяне, ні непасрэдна ў рэдакцыю часопіса (а ён неаднаразова сустракаўся з яе кіраўнікамі) з прапановай надрукаваць свае літаратурна-публіцыстычныя творы? Друкавалася ж у "Полацаку" яго эпісталярная спадчына, яго ўспаміны ў сувязі з яго 70-годдзем і нават верш, прысвечаны яму. І калі пасля таго, як часопіс "Полацак"упершыню ў нашым літаратурна-грамадскім жыцці адзначыў юбілей нашага слыннага беларускага гісторыка, я сустрэўся з ім, уручыў яму стос часопісаў і спытаў, якія яго матэрыялы можна было б яшчэ надрукаваць у часопісе. Мікола Іванавіч адказаў, што ўсё тое, што варта публікацыі, ён аддаў іншым выдаўцам. А гэта быў 1991 год. Можа гэта была сціпласць сапраўднага Беларуса, ці Мікола Іванавіч сваім літаратурным творам не прыдаваў вялікага значэння, ці можа ён хацеў у першую чаргу апублікаваць свае гістарычныя працы, на якія ён патраціў усё сваё жыццё і сілы, а пася толькі вярнуцца да выдання сваіх літаратурных твораў? А можа, сапраўды, Мікалай Іванавіч да гэтага часу аддаў некаму з выдаўцоў (а ў гэты час прыватных выдавецтваў ужо было шмат) свае творы і чакаў, калі яны будуць апублікаваны. І на вялікі жаль Мікола Іванавіч гэтага светлага часу не дачакаўся. Мабыць, пасля адпаведнага чакання ён перадае амаль адначасова для публікацыі свае творы сваім блізкім сябрам-аднадумцам і паплечнікам двум Аляксеям - Каўку і Марачкіну, і яшчэ трэці стос вершаў перадае ў 1999 г. мастаку Уладзіміру Крукоўскаму для падрыхтоўкі публікацыі ў часопісе "Роднае слова" (№ 12, 1999 г. і № 4, 2001 г.), а таксама пачынае друкаваць у часопісе "Зрок". Чаму Аляксей Каўка, які атрымаў ад самога Міколы Ермаловіча 10 красавіка 1994 г. найбольш поўны камплект "Гутарак" і вершаў, так і не змог надрукаваць іх у сваім альманаху "Скарыніч" і пасля доўгіх гадоў утрымання вярнуў іх у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва? У суправаджальнай запісцы Аляксею Каўку Мікола Ермаловіч пісаў: "Пакідаю Вам "Гутаркі" і некаторыя свае вершы. На жаль памылкі друку я выправіць не магу і гэта трэба ўлічваць пры чытанні некаторых месц. Спадзяюся, што гэтыя матэрыялы пры выкарыстанні будуць звернуты мне. Мікола Ермаловіч. 10.ІV.94. Менск".

Як бачым, маскоўскі сябра не паклапаціўся, каб надрукаваць хоць частку літаратурнай спадчыны Міколы Ермаловіча ці ў сваім альманаху, ці, карыстаючыся сваім вялікім аўтарытэтам, у іншых альманахах і часопісах.

У выніку нашых даследаванняў высветлілася, што свае "Гутаркі" і вершы Мікола Іванавіч актыўна распаўсюджваў сам і перадаваў іх для распаўсюджвання не толькі Яўгену Куліку, але і іншым сябрам-аднадумцам і паплечнікам.

Мы спадзяёмся, што поўная публікацыя вершаў і "Гутарак" Міколы Іванавіча зменіць наша ўяўленне аб тым літаратурна-грамадскім працэсе ў Беларусі, які адбываўся ў 60 - 80-х гадах ХХ стагоддзя. Мы спадзяёмся, што новая генерацыя літаратуразнаўцаў і крытыкаў, не заангажаваная старымі савецкімі дагматамі, звернецца да разгляду літаратурнай спадчыны Міколы Іванавіча Ермаловіча і вызначыць яго сапраўднае месца ва ўсім літаратурным працэсе гэтых гадоў.

Мы звяртаемся да Вас, маладыя літаратуразнаўцы, і шчыра верым, што Вы, і толькі Вы, зможаце гэта ажыццявіць і тым самым прынясіцё велізарную карысць, як для ўсёй беларускай літаратуры і ўсёй яе культуры, так і для паказу ўсяго працэсу прабуджэння беларускага народа, бо гісторыя літаратуры і культуры - гэта ёсць паказ і ажыццяўленне працэсу распрыгоньвання чалавека і яго духу.

Менавіта гэтую вялікую ролю распрыгоньвання Беларусі добраахвотна ўсклаў на сябе Мікола Іванавіч і да канца жыцця самаахвярна ажыццяўляў яго. Калі ў Расіі, пачынаючы з 60 - 80-х гадоў ХХ стагоддзя, гісторыкі грамадскага руху налічылі прыкладна 2400 вязняў сумлення, то мы, беларусы, не можам пахваліцца такой лічбай. Але ў нас быў Мікола Іванавіч, які адзін мог замяніць сотні іншых. Ён быў нашым Гісторыкам, які вярнуў нашаму народу тую гістарычную праўду, якую на працягу 400 гадоў хавалі ад нас. Ён быў нашым вялікім Паэтам, які клікаў нас да святла, розуму, волі і незалежнасці. Ён быў нашым вялікім Дысідэнтам, якому ўдалося сфармаваць нашу грамадзянскую і нацыянальную свядомасць.

І ўсё ты, дарагі і паважаны чытач, знойдзеш у гэтай кнізе, ва ўспамінах сяброў і паплечнікаў Міколы Іванавіча, якія збіраліся на некалькіх вечарах у клубе "Спадчына" і прынялі на сябе адказнасць - данесці да ўсіх, хто можа не толькі чытаць, але і разважаць аб праблемах нашага жыцця і праблемах Адраджэння нацыі і краіны, аб чалавеку, які выратаваў наш нацыянальны гонар.

Але чытач можа задаць і такое пытанне: а чаго няма ў гэтай кнізе? Яму я мог бы расказаць шмат таго, чаго няма ў гэтай кнізе, але я яму працытую толькі тое, што было напісана, прыкладна, да 1938 года ў "Запісах Беларускага Навуковага Таварыства" Міколам Восіпавічам Шкялёнкам (1899 - 1946) у артыкуле "Да метадалогіі гісторыі Беларусі", дзе аўтар не бярэцца дэталёва разглядаць гісторыю Беларусі, але дае наступным гісторыкам роднага краю толькі свой арыгінальны метадалагічны падыход да разгляду гісторыі Беларусі:

"...Вялікае Княства Літоўскае было заложана Міндоўгам у сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Тады яно ахапляла толькі беларускія землі - Новагародчыну, Слонімшчыну, Гародзеншчыну і Ваўкавышчыну. З гэтуль экспансія маладога княства йшла на поўнач (жмудзкія землі, або сяньняшняя этнагарафічная Летувія), на ўсход (крывіцкія землі), поўдзень (рускія)... Жмудзія, або этнаграфічна - летувіскія землі былі далучаны да новага гаспадарства сілай." (с.136).

"...князь Войшалк, сын Міндоўга... Меў ён толькі беларускую дружыну і ў кароткім часе вярнуў на Жмудзі парадак, "збяху" там, як кажа летапісец, вялікае "множество" ворагаў. Гэтым была адсунута назаўсёды небяспека апанаваньня гаспадарства этнаграфічна-летувіскім элементам."

"... асабістасць Войшалка [патрэбна] падняць да ролі найвялікшага героя нашае мінуўшчыны" (с.137).

"Тэорыя заваяваньня пярэчыць усім гістарычным жаролам. Гісторыкі, што яе трымаюцца, ня могуць знайсці ніводнае "пэўне" даты, калі паасобная беларуская зямля была "заваяваная" (с. 137).

"... першабытны назоў "Літва" адносіўся тэрытарыяльна да зямлі між Вяльлёй і Нёманам, этнаграфічна беларускай, дзе нарадзілася гаспадарства Міндоўга. ... З тэрытарыяльным пашырэньнем Вялікага Княства шырыўся й гэты назоў. Спачатку ён азначаў гаспадарственную прыналежнасць, а потым стаўся нацыянальным назовам нашага народу... Гэты назоў мы павінны разглядаць як наш нацыянальны, выціснуўшы слаба яшчэ пашыраны ранейшы крывічы, а замена потым беларусамі" (с.139).

"... у некаторых гісторыкаў у тасаваньні гэткіх бессэнсоўных, прыкладам, выражэньняў, як - "Літоўска-беларускае княства", або "Літоўска-рускае княства" і г.д., чым зіначваецца значэньне слова "літоўскі". Вялікае Княства Літоўскае ніколі не мела гэткага падвойнага назову, ніколі не было нейкім супольным творам летувісаў і беларусаў, а толькі творам гістарычных ліцьвінаў, г.зн. беларусаў" (с. 140).

"Мноства летапісаў цьвердзіць, што дынастыя Вялікага княства Літоўскага была дынастыя полацкага паходжаньня, і пробуюць нават падаць радаводы яе ад полацкіх князёў. Мы трымаемся погляду, што яна была мяшанага балцка-полацкага паходжаньня..." (с.140)

"Так ужо Гедымін, аб "паганстве" якога выдумана столькі баек, устанаўлівае першую беларускую мітраполію, незалежную ад Кіева й Масквы. А ведама, што рэлігійная незалежнасьць вяла і да культурна-нацыянальнай, бо культурна-нацыянальнае жыцьцё, нават у гэтых часох, цесна перапляталася з рэлігійным" (с.141).

"Так жа, дзякуючы палітычнаму розуму першых вялікіх князёў, мы заўдзячваем факт, што ў новым гаспадарстве прынялася за ўрадавую мову не лаціна, як усюды на захадзе, а крывіцкая мова" (с.142). (Мікола Шкялёнак. "Беларусь і суседзі". Беласток. 2003.).

Ці не стаміў я такой колькасцю цытат дапытлівага чытача, які, прачытаўшы іх, скажа, што тут кожная цытата - гэта ўсё тое ж, што пасля 30 гадоў пісаў і даказваў Мікола Ермаловіч, і праўда поўнасцю будзе яго.

Два вялікія беларускія гісторыкі прыйшлі да адных і тых жа поглядаў у вывучэнні і напісанні гісторыі Вялікага княства Літоўскага: адзін - у канцы 30-х гадоў, другі - у канцы 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Першы - падаючы толькі метадалогію для будучых гісторыкаў Беларусі, якім належала яшчэ напісаць разгорнутую гісторыю стварэння і функцыянавання Беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Другі - фундаментальна разгортваючы яго гісторыю з моманту зараджэння і да яго знікнення (далучэння тэрыторыі ВКЛ у 1795 г. да Расійскай імперыі).

Нагадаем, што гістарычныя працы Міколы Восіпавіча Шкялёнка былі невядомы ніводнаму беларускаму гісторыку, бо гэты гісторык быў поўнасцю забаронены. У 1946 г. ён быў расстраляны карнымі органамі, як люты вораг дзяржавы і народа. І толькі ў 2003 годзе яго гістарычныя працы былі сабраны і надрукаваны ў Беластоку (Мікола Шкялёнак. Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы. Беларускае Гістарычнае Таварыства. Беласток. 2003).

Мы павінны зноў паўтарыцца, што калі ў Міколы Шкялёнка гэта толькі метадалагічныя распрацоўкі да нашай гісторыі, то ў Міколы Ермаловіча - гэта цэлая і стройная канцэпцыя, якую ён распрацоўваў, не маючы пад рукой матэрыялаў свайго папярэдніка.

Але ўзнікае другое пытанне: як так здарылася, што два розныя вучоныя, з разбежкай, прыкладна, у 30 гадоў, прыходзяць да аднолькавых поглядаў? Мы не будзем прыводзіць тут шматлікіх прыкладаў, як у прыродазнаўчых навуках розныя вучоныя ў розных краінах прыходзілі да адных і тых жа навуковых адкрыццяў. Гэтае супадзенне навуковых досведаў толькі пацвярджала, што адкрыццё, як казалі, ужо "вісела ў паветры". Тое ж самае мы можам з поўнай перакананасцю сцвярджаць, што праўдзівае напісанне гісторыі ВКЛ ужо пасля 50-х гадоў ХХ стагоддзя таксама "вісела ў паветры", і трэба было каб прыйшоў "новы, а мудры гісторык".

І ён прыйшоў.

І ім быў Мікола Іванавіч Ермаловіч.

Мікола Шкялёнак і Мікола Ермаловіч пачыналі пісаць праўдзівую гісторыю Беларусі, вобразна кажучы, з "белага ліста", не маючы на гэта ні навуковага падмурка, ні афіцыйнай падтрымкі. Але імі напісана, можна ўпэўнена сказаць, першая і галоўная глава ў Сусветнай гісторыі аб дзяржаўнасці, самастойнасці, незалежнасці нашай Бацькаўшчыны і аб існаванні беларускага народа са старажытных часоў.

Цяпер у сучасных гісторыкаў ёсць канцэпцыя, ёсць праваднік, дзякуючы якому можна паглыбляцца ў гістарычныя пласты, вывучаць іх і даваць сапраўдную ацэнку гістарычным фактам, трактаваць іх, не падпарадкоўваючыся палітыцы той ці іншай дзяржавы-імперыі.

Застаецца спадзявацца, што неўзабаве прыдзе той трэці, чацвёрты, пяты... гісторык, цэлая плеяда гісторыкаў, якія прадоўжаць справу М.В.Шкялёнка і М.І.Ермаловіча.

Не, не спадзявацца.

Верыць!

Анатоль БЕЛЫ,


28.08.06 - 12.10.06. Сябры клуба 'Спадчына'. У 2-гім радзе 2-гі справа Мікола Ермаловіч. Мастак А. Крывенка. ДВП, алей, 2005 г..

















СВЕДЧАННІ ПРА МІКОЛУ ЕРМАЛОВІЧА


СЛУЖЫЦЬ АДДАНА РАДЗІМЕ



Ці многа, Радзіма, у цябе дзяцей,

што служаць табе аддана?

Яўген Гучок,

"Слова пра Міколу Ермаловіча"


Гэтая кніга ўспамінаў пра чалавека, які аддана служыў Радзіме, які працаваў "каб відушнасць Радзіме вярнуць". Кніга напісана сябрамі клуба "Спадчына", яго паплечнікамі, прыхільнікамі, паслядоўнікамі, сімпатыкамі, якія падзяляюць ідэалы клуба і самі неаднаразова ўдзельнічалі на яго вечарах, імпрэзах, мерапрыемствах.

Мікола Іванавіч Ермаловіч быў не толькі актыўным сябрам клуба, але заўсёды адстойваў яго ідэалы, абараняў яго як ад "знешніх", так і "унутраных" ворагаў, пастаянна папулярызаваў яго дзейнасць і сваім вялікім аўтарытэтам сярод усіх адраджэнцаў новай хвалі спрыяў таму, што клуб набываў папулярнасць і вядомасць. 2 красавіка 1986 года, Мікола Іванавіч упершыню прыйшоў у клуб, які знаходзіўся у той час у сутарэнні дома па вуліцы Мендзялеева, 3, і выступіў з лекцыяй на тэму аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага і геаграфічным месцазнаходжанні "гістарычнай Літвы". Аб гэтым вечары вы прачытаеце ў асобных успамінах тых удзельнікаў, якім пашчасціла слухаць першую публічную лекцыю не перад навуковай акадэмічнай аудыторыяй, а перад грамадскасцю і шчырымі прыхільнікамі новай хвалі беларускага Адраджэння.

Гэта першая публічная лекцыя Міколы Ермаловіча перад двумя сотнямі прадстаўнікоў маладой хвалі адраджэнцаў Бацькаўшчыны мела шырокі рэзананс. Можна без перабольшання сказаць, што Мікола Ермаловіч "уліў свежае віно ў новыя мяхі" маладога адраджэнскага асяроддзя. Гэтае асяроддзе ў асобе Міколы Іванавіча ўбачыла, што ў Беларусь прыйшоў "новы, а мудры гісторык".

Сусветная рэвалюцыйная практыка сведчыць, што ўсе рэвалюцыйныя рухі пачынаюцца з перагляду гістарычных канцэпцый развіцця народа, з фармавання ідэалогіі нацыянальнай самасвядомасці народа, нацыі. Лёс распарадзіўся так, што, менавіта, Міколу Іванавічу выпала шчасце распрацаваць новую канцэпцыю гістарычнага развіцця беларускага народа, яго дзяржаўнасці. Навуковае абгрунтаванне гэтых лёсавызначальных канцэпцый беларускай гісторыі вылучылі Міколу Іванавіча на першы план ідэалагічнай барацьбы нацыянальна-вызваленчага руху, які пачынаў у той час разгортвацца на Беларусі. Гэта інстынктыўна адчулі ўсе далакопы Бацькаўшчыны.

Вось чаму такая лютая, нялюдская нянавісць, варожасць да асобы Міколы Іванавіча і яго навуковых канцэпцый узнікла з боку тых афіцыйных гісторыкаў, якія падсілкоўваліся на "партыйных даручэннях", якія па "партыйнаму" загаду лічылі за гонар пляжыць гісторыю свайго народа, мову, культуру, якія пастаянна зневажалі свой народ, пісалі, што ў беларускага народа няма сваёй гісторыі, што беларуская мова не вартая, каб ёю карысталіся, і чым хутчэй яна знікне, тым лепш будзе для самога народа, тым хутчэй ён прыйдзе ў светлае царства камуністычнага раю.


І нездарма, праз пару тыдняў пасля публічнага выступлення Міколы Іванавіча ў клубе "Спадчына" яго старшыню выклікала ў аддзел прапаганды і агітацыі Менскага гаркама партыі сумнавядомая яго загадчыца Я. Юферава, якая 2 красавіка 1986 года, у час публічнага выступлення гісторыка, асабістай персонай наведала клуб, для зручнасці змагла ўсесціся на пярэднюю лаву і з надзвычайнай увагаю слухала (як могуць слухаць толькі тыя, каму гэта неабходна па службе), не пабаюся гэтага сказаць, яго гістарычную лекцыю. І вось Я. Юферава пачала абвінавачваць Міколу Іванавіча ў: 1) нацыяналізме, 2) буржуазным аб'ектывізме, 3) суб'ектывізме падачы і падтасоўцы фактаў, 4) не класавай, не марксісцкай інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі. У недалёкі час магло б хапіць і аднаго абвінавачання, напрыклад, у нацыяналізме, каб вучонага адправіць "куды трэба". Але на двары стаяў ужо другі год "перабудовы", абвешчаны генсекам іх партыі, якая лічылася "умом, честью и совестью". Ссылаць кагосьці ўжо было "не з рукі", а вось прычыніць клуб, каб ён не стаў расаднікам "бацылы нацыяналізму" у Беларусі, паўстала перад партыйнымі органамі як неабходная задача. Што яны хутка і ажыццявілі.

Я тут не буду кранаць праблему барацьбы клуба за сваё выжыванне, за тое, каб даваць мажлівасць той маладой, новай хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння збірацца сумесна і весці агульнае сумоўе па праблемах нашага Адраджэння.

Наступная сустрэча сяброў клуба "Спадчына" з Міколам Ермаловічам адбылася 19 кастрычніка 1988 г. у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы, дзе мы праводзілі вечар па праблемах беларускай дзяржаўнасці. Спачатку выступіў прафесар Язэп Аляксандравіч Юхо і пераканаўча абгрунтаваў сваю канцэпцыю дзяржаўнасці беларусаў. Пасля выступілі "знакамітыя дацэнты" з Беларускага дзяржаўнага універсітэта, якія на даволі надуманай падставе, што да ВКЛ належалі і землі сучаснай Украіны, і паставілі такое пытанне: чаму Я.А.Юхо і іншыя гісторыкі адмаўляюць у дзяржаўнасці ўкраінцам. На маё пытанне, ці прызнаюць яны дзяржаўнасць за беларускім народам, гэтыя "знакамітыя дацэнты" катэгарычна адказалі "не", што адпавядала афіцыйнай партыйна-савецкай канцэпцыі таго часу. Тады я даў слова Міколу Ермаловічу. На шчасце, ў архіве клуба захаваўся аўдыёзапіс гэтай прамовы. Сябра клуба Яўген Лаўрэль адаптаваў яе тэкст, з якім чытачы азнаёмяцца далей.

Па зместу выступленне Міколы Іванавіча ў нечым нагадвала яго першую публічную лекцыю, толькі тая лекцыя доўжылася дзве гадзіны, а гэтае выступленне - каля 40 хвілін, але і яно дало ўяўленне аб той абгрунтаванай канцэпцыі гісторыка па праблеме дзяржаўнасці беларусаў. Чытаць гэтую прамову - вялікае навуковае і эстэтычнае задавальненне. Тут адчуваецца зладжанасць і лагічнасць думкі вучонага і вялікага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, тая смеласць, з якой гісторык мог начыста адкінуць усе псеўданавуковыя партыйна-савецкія канцэпцыі аб адсутнасці ў беларусаў сваёй дзяржаўнасці і, значыць, сваёй уласнай гісторыі.

Але бачыць Міколу Ермаловіча і слухаць яго выступленне было яшчэ большай асалодай. Яго прамова напаўнялася нейкай эмацыянальнай сілаю, якая міжволі пачынала перадавацца слухачам. Яго рукі пачыналі ўзнімацца ўгору, і гэта ўжо не рукі, а скрыдлы, якія лунаюць над прасторамі Бацькаўшчыны. І, здаецца, яшчэ імгненне, нейкі новы штуршок і ён паляціць. І цябе авалодвае жаданне ляцець з ім. Які ён быў натхнёны і прыгожы ў гэтую хвіліну! Я яго любіў і захапляўся яго талентам прамоўцы, яго вялікім уменнем уздзейнічаць на душы людзей:


"А думкі, а словы яго над вякамі

Лятуць, абуджаючы душ нашых скрыдлы..."


Вось такая пераканаўчая сіла яго прамоў. Так можна натхнёна гаварыць тады, калі сам моцна верыш у гэта. На вялікае шчасце ў архіве клуба "Спадчына" захаваліся аўдыё- і відэакасеты з запісам яго выступленняў у клубе. Мы верым, што прыйдзе час, і кінадакументалісты выкарыстаюць гэтыя матэрыялы і зробяць паўнавартасны кінафільм пра Міколу Ермаловічу - вялікага гісторыка і патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.

Няхай гэта збудзецца хутчэй!

Няхай шчасціць нам Бог!

22 чэрвеня 1989 года Мікола Ермаловіч зноў выступаў у клубе "Спадчына". Ён апавядаў пра старажытнае Полацкае княства. Дзве гадзіны ён расказваў пра гісторыю Полацка, пра яго князёў, пра зацятыя і пастаянныя процістаянні рурыкавічаў і рагвалодавічаў. А яшчэ столькі ж часу ён адказваў на шматлікія пытанні зацікаўленых, ужо трохі дасведчанных і надзвычай удзячных слухачоў: Чаму Полацкае княства змагло першым аддзяліцца ад Кіеўскага? А ці была адзіная Старажытнаруская дзяржава? І шмат іншых пытанняў.

10 снежня 1992 г. клуб "Спадчына" ладзіў шырокамаштабны прадстаўнічы вечар у вялікай зале Дома літаратара ў гонар 75-х угодкаў І-га Усебеларускага кангрэсу. Вялікая зала была перапоўнена людзьмі. На вечарыне, поруч з іншымі вядомымі дзеячамі новага беларускага нацыянальнага Адраджэння, мы віталі і ганаравалі Міколу Іванавіча. Мастак Алесь Цыркуноў зрабіў адмысловую грамату, дзе гаварылася аб наданні Міколу Іванавічу годнасці ганаровага сябра клуба "Спадчына". У ёй быў каліграфічна выпісаны віншавальны верш Віктара Шніпа:

Вы працавалі на вякі,

І не маглі Вы прыніжацца,

Каб Вам далі надрукавацца

Вучоныя бальшавікі.

У Беларусі старажытнай

Вам чутны голас курганоў.

І Вы з народам родным злітны

Як злітна вера і любоў.


З гэтага часу Мікола Іванавіч стаў яшчэ цясней супрацоўнічаць з клубам "Спадчына". Ён ганарыўся, што з'яўляецца ганаровым сябрам клуба, заўсёды гэта падкрэсліваў, публічна адзначаў поспехі і дасягненні клуба і ставіў яго працу ў справе нацыянальнага Адраджэння і фармавання нацыянальнай свядомасці ў прыклад іншым арганізацыям. Ён абараняў клуб ад тых шматлікіх нападкаў, якія па сваёй недасведчанасці, зайздрасці, ці з задання "людзей у цывільным", рабілі прадстаўнікі іншых грамадскіх арганізацый і, нават, партый. Ён заўсёды абураўся, калі чуў нейкія чарговыя плёткі ці нашэптванні. Аб яго грамадзянскай пазіцыі ў дачыненні да дзейнасці клуба "Спадчына" сведчыць яго артыкул, змешчаны ў альманаху клуба "Спадчына "Спадчыны", прысвечаны 10-гадоваму юбілею клуба, "У авангардзе нацыянальнага адраджэння" (Мн. 1994), а таксама артыкул "Пад пільным наглядам", змешчаны ў часопісе "Полацак" № 4, 1991.

Мікола Ермаловіч на працягу доўгіх гадоў быў цесна звязаны з многімі дзеячамі замежжа. Яны ведалі пра яго дзейнасць і змаганне за ідэалы нацыянальнага Адраджэння. Ён ведаў пра жыццё, навуковую і літаратурную дзейнасць многіх з іх. Я ў гэтым мог пераканацца, калі летам 1990 г. прыехаў у Амерыку на ХІХ сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі і ЗША. Прадстаўленыя мною часопісы "Маладосць" з артыкуламі Міколы Ермаловіча ў адно імгненне былі раскуплены. У дадатак, я атрымаў шмат заказаў на іх. Многія беларусы Амерыкі, добра ведаючы гаротны стан яго жыцця, перадавалі мне грошы, каб я асабіста ўручыў іх Міколу Іванавічу. Многія беларусы, якія прыязджалі з Амерыкі ў Беларусь і спыняліся ў мяне, заўсёды хацелі сустрэцца з Міколам Іванавічам, асабіста пагутарыць з ім і прэзентаваць яму нейкі сувенір ці грошы.

Калі ў Кліўлендзе (ЗША) быў заснаваны часопіс "Полацак", то ў ім ўжо з № 4, 1991 г. пачалі друкаваць лісты Міколы Ермаловіча да некаторых дзеячоў з Амерыкі, дзе Мікола Іванавіч выказваў свае навуковыя погляды на гісторыю. Гэта, мабыць, адзін з першых прыкладаў у нашай навуковай літаратуры, дзе друкаваліся лісты не літаратара, а гісторыка, не афіцыйнага, прыкормленага ўладамі, а апазіцыйнага, над якім ажыццяўляўся "ідэалагічны тэрор", дзе яго "бяскрыўдныя навуковыя лекцыі кідалі ў страх усіх тых, хто меў неабмежаваную ўладу над розумам і душамі людзей".

Часопіс "Полацак" упершыню адзначыў 70-гадовы юбілей Міколы Ермаловіча. У яго гонар быў надрукаваны верш Яўгена Гучка "Слова пра Міколу Ермаловіча". Гэты верш быў напісаны паэтам адразу пасля выступлення гісторыка ў клубе "Спадчына". Я добра памятаю, як мне патэлефанаваў Яўген Гучок. Пасля некалькіх фраз і абмену думкамі аб праведзеным вечары з удзелам Міколы Іванавіча, Яўген прапанаваў праслухаць яго верш, напісаны з нагоды гэтай вечарыны. І вось верш прачытаны. Я быў у захапленні ад яго, бо Яўгену Гучку ўдалося ў паэтычнай форме на высокім мастацкім узроўні перадаць усю сутнасць жыцця і навуковай дзейнасці аднаго з выдатнейшых вучоных нашага часу, вялікага патрыёта нашай Бацькаўшчыны. Тут адлюстравана ўсеагульная любоў новай хвалі адраджэнцаў да Міколы Ермаловіча і нянавісць і зайздрасць тых, хто як бы вызначае навуковы працэс усяго жыцця ў краі, яго непрызнанне ў "вышэйшых" навуковых колах і ўсеагульнае яго прызнанне ў якасці Народнага гісторыка, яго бляск і ў той жа час прыніжанае становішча, яго навуковы вычын, вялікая любоў да роднага краю і пастаяннае ганьбаванне з боку яго зайздроснікаў, яго тытанічная навуковая праца і яго фізічнае недамаганне. Гэты верш - узор у жанры вершаў-прысвячэнняў выдатным асобам. Тут высокі грамадзянскі напал і пафас цесна пераплятаюцца з асабістай павагай і любоўю да асобы, якой прысвечаны твор, тут аўтар удала ўплятае ў тканіну свайго верша элементы рамантычнага стаўлення да свайго героя.

Калі я ўсё гэта выказаў Яўгену Гучку, то ён папрасіў мяне арганізаваць сустрэчу з Міколам Іванавічам. У нядзелю раніцай Яўген Гучок і Мікола Ермаловіч шпацыравалі ўздоўж набярэжнай Свіслачы. Яўген чытаў Міколу Іванавічу свой верш, які яму вельмі спадабаўся. Мы з усіх бакоў абмяркоўвалі, як мастацкія якасці, так і філасофска-грамадзянскія матывы гэтага твора. Пасля Мікола Іванавіч чытаў свае вершы, у якіх трывожным звонам гучаў велічны грамадзянскі напал, вялікая адказнасць і заклапочанасць аб лёсе Бацькаўшчыны, яе культуры, мовы.

І, як заўсёды, ў тыя часы асобным рэфрэнам гучаў матыў: Дзе ўсё гэта надрукаваць? Назапашаныя скарбы, якія без перабольшвання можна аднесці да нацыянальных здабыткаў беларускага народа, якія ляжаць у сталах і не могуць быць запатрабаваныя. І вось у красавіку 1991 г. адзін з тых вершаў, якія нельга было надрукаваць у Беларусі - друкуюць у Амерыцы у свабодным беларуска-амерыканскім часопісе "Полацак". І гэты верш напісаны ў гонар вялікага патрыёта і вучонага Бацькаўшчыны Міколы Іванавіча Ермаловіча. Мара Яўгена Гучка і Міколы Ермаловіча, якую яны выказалі на набярэжнай Свіслачы здзейснілася.

Мікола Іванавіч быў ўдзячны за такое прызнанне яго заслуг беларусамі Амерыкі. Вось чаму, калі праходзіў Першы з'езд беларусаў свету і клуб "Спадчына" 9 ліпеня 1993 г. ладзіў ў Доме літаратара сустрэчу з удзельнікамі гэтага з'езду, Мікола Ермаловіч, як ганаровы сябра быў запрошаны на гэтую імпрэзу і пранікнённа выступіў на гэтай сустрэчы. Ён адзначыў тую вялікую ролю беларусаў дыяспары ў захаванні на чужыне чысціні беларускай мовы, культуры, літаратуры і сапраўднай гісторыі свайго народа. Беларусы замежжа былі надзвычай удзячны Міколу Іванавічу за яго намаганні ў захаванні і развіцці беларускасці.

21 чэрвеня 1995 г. у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы праходзіў вечар клуба "Спадчына" з нагоды прэзентацыі партрэтаў ганаровых сяброў клуба. На агляд былі выстаўлены графічныя партрэты Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Анатоля Грыцкевіча, Міколы Ермаловіча, Леаніда Лыча, Георга Штыхава, Язэпа Юхо, выкананыя ў тэхніцы "сухая іголка" аднаго са старэйшых мастакоў Беларусі, ганаровага сябра клуба Яўгена Мікалаевіча Ціхановіча. Былі запрошаны і партрэтаваныя. Гэта быў своеасаблівы жэст, адпаведны момант вялікай павагі сяброў клуба "Спадчына" да людзей, якім клуб надаў годнасць быць іх ганаровымі сябрамі, прызнаў іх высокае права быць аўтарытэтамі не толькі нашага клуба, а ўсяго беларускага нацыянальнага Адраджэння.

Што значыць любіць і паважаць людзей, якія з'яўляюцца маякамі нашага Адраджэння? Пытанне не рытарычнае, а надзвычай філасофскае і складанае. Я заўсёды з нейкай доляй іроніі стаўлюся да людзей, якія ў сваіх успамінах з нейкай празмернай пахвальбой і нават перавагай над іншымі, расказваюць, як яны наведвалі ў свой час тых вялікіх людзей, якія ў свой час былі гнаныя ўладамі, былі ізгоямі "савецкага грамадства", але якія пасля сталі героямі нашага Адраджэння. Гонар і хвала гэтым наведвальнікам. Вы здзяйснялі ўчынак, за які ў той час улады не гладзілі па галоўцы, а больш таўклі па ёй кулаком. А ці зрабілі гэтыя наведвальнікі крок далей? А гэта былі людзі, у асноўным, творцы - паэты, літаратары, мастакі, фатографы, музыканты. Шараговыя людзі ў той час апальных уладай людзей яшчэ не наведвалі, бо не ведалі іх велічы. А многія творчыя наведвальнікі добра ведалі веліч людзей, якіх віталі. Дык чаму ж вы не пранікліся вялікім спачуваннем да гэтых ганімых "ізгояў"? Чаму вы не прысвяцілі свае вершы таму ці іншаму "ізгою", не напісалі іх партрэты, не прысвяцілі свае музычныя творы? У рэшце рэшт не зрабілі іх добрага партрэта. У доказ свайго наведвання, дэманструю фотаздымкі, дзе вы стаіце побач з тым, каго вы наведалі. І ўсе яны зроблены даволі паспешліва, непрадумана, нават неахайна, на нізкім фотамастацкім узроўні, вартым местачкова-аматарскага прафесіяналізму. Тут ты не ўбачыш ні пастаноўкі, ні прадуманасці фона, ні ўліку перспектывы. Як выйшлі з хаты і сталі ў нейкай бессістэмнасці на ганку і, як іх у гэты момант адзняў аб'ектыў, так і зроблены здымак. А тое, што ў групавым здымку многія "наведвальнікі" яшчэ не падрыхтаваныя да працэсу здымка, а некаторыя яшчэ хаваюцца за спінамі іншых, можа каб не застаўся ўлік для адпаведнай "канторы", гэта нікога не бянтэжыла. Галоўнае - зрабіць здымак на ўспамін. А дзе ж партрэт гаспадара ці гаспадыні, да якой вы "прагнулі" прыехаць, дзе пранікненне ў яе характар, дзе ўслаўленне партрэтаванага ў выдатным фотамастацкім творы, дзе захаванне вялікай памяці для нашчадкаў і павагі да чалавека-ізгоя. Толькі кантрольны здымак на памяць. А гэтыя ізгоі чакалі ад вас такой удзячнасці і самаахвярнасці. Ці вы лічыце, што дастаткова было і вашага кароткатэрміновага наведвання, каб прынесці ў іх хату хоць маленькую радасць у іх цяжкае гаротнае жыццё, каб яны пазналі цеплыню чалавечых зносін, нейкай чалавечай спагады.

Прыкладам для ўсіх нас і асабіста для тых, хто некалі наведваў знакамітых ізгояў можа зноў жа паслужыць Мікола Іванавіч. Агульнавядома, што ён неаднаразова наведваў і пастаянна ліставаўся з Ларысай Геніюш. Менавіта Мікола Іванавіч прысвяціў ёй свой верш. Усе змогуць пераканацца не толькі ў высокай мастацкай якасці гэтага твора, але і ў той грамадскай пазіцыі, якую праявіў Мікола Іванавіч, у яго велізарнай грамадзянскай адвазе, нежаданні схавацца. У гэтым вершы ён адкрыта выказаў сваё стаўленне да вялікага ізгоя - Ларысы Геніюш. Гэта можа адзіны прыклад той самаахвярнасці, высокай чалавечай спагадлівасці і вялікага грамадзянскага ўчынку ў дачыненні да гнаных і абражаных, гэта публічны выклік усёй дзяржаўнай сістэме і яе нялюдскай чалавеканенавісніцкай ідэалогіі.

А між тым кожны з тых вялікіх ізгояў, якіх у свой час наведвалі, гэта як сонца, якое прыцягвае іншыя планеты і асвятляе іх. І колькі вы зможаце іх аддзячыць сваімі творчымі ўчынкамі, столькі на вашу долю, галаву, славу пральецца дадаткова святла, якога хопіць і на тое, каб і ад вас выпраменьвалася святло ўжо на вашы спадарожнікі-месяцы. Гэта ёсць нейкі закон чалавечага існавання ў цывілізаваным грамадстве, які ў нас, у Беларусі, яшчэ зусім не асэнсаваны, бо за 74 гады існавння савецкай улады, калі ён і быў у эмбрыянальным развіцці, то ад яго імкнуліся пазбавіцца, як ад непатрэбнага дзіцяці, бо адзіным свяцілам у гэтыя часы былі Ленін і Сталін. Простых і, нават, таленавітых людзей да іх ззяння не дапускалі.

Вось чаму клуб "Спадчына" сумесна з мастаком Яўгенам Ціхановічам узяў такую смеласць стварыць партрэты тых, хто выпраменьвае святло нашага нацыянальнага Адраджэння. Я не ведаю наконт іншых партрэтаваных, але гэта быў першы партрэт Міколы Ермаловіча, зроблены таленавіта, па-мастацку адным са старэйшых і знакаміцейшых мастакоў Беларусі, які быў у ліку заснавальнікаў сямейнай дынастыі беларускіх мастакоў (5 чалавек). Гэта быў мастак, які на працягу ўсяго жыцця быў таксама гнаны і пераследаваны, то за свайго цесця Уладзіслава Галубка, то за тое, што ў час Вялікай Айчыннай вайны жыў у акупаваным немцамі Менску. Вось чаму ён знайшоў у клубе "Спадчына" не толькі паразуменне, але стаў паважаным, запатрабаваным і дзейсным.

Мікола Іванавіч з вялікай павагай і ўдзячнасцю аднёсся да незвычайнага мерапрыемства, да ўшанавання яго як асобы творчай. Ён палічыў, што гэта быў яму зроблены каралеўскі падарунак (не царскі, бо цары толькі адсякалі галовы беларусам ці адпраўлялі іх на шыбеніцы). Да партрэта ён напісаў: "Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы як свайго сцягу, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце. Мікола Ермаловіч". Гэтыя словы знакамітага гісторыка мастак Яўген Ціхановіч каліграфічна выпісаў на полі гравюры. Гэты дэвіз гісторыка сведчыць аб усім сэнсе жыцця Міколы Іванавіча.

Знаходзячыся пад моцным уплывам гістарычных поглядаў Міколы Іванавіча, я вырашыў як мага шырэй папулярызаваць яго навуковую канцэпцыю. Выбраў і форму папулярызацыі: стварэнне радаводу полацкіх князёў і князёў ВКЛ, дзе імкнуўся паказаць , што род Гедзімінавічаў паходзіць ад полацкіх князёў. Гэтай думкай я падзяліўся з Міколам Іванавічам. Ён ухваліў яе, але заўважыў, што за такія навуковыя "смеласці" мяне будуць моцна біць усе тыя, хто біў яго. Я адказаў, што не баюся іх звягання і як-небудзь змагу адбіцца ад іх. Тады Мікола Іванавіч, пераканаўшыся, што я не адступлюся ад сваёй задумы і гатовы яе здзейсніць, паабяцаў мне, што калі на мяне пачнуцца нападкі з боку далакопаў Бацькаўшчыны, то ён таксама не застанецца ўбаку, а ўсімі сіламі пачне абараняць мяне.

Атрымаўшы падтрымку ад такога надзейнага і вельмі адказнага за свае словы чалавека, я прыступіў да гэтай навуковай працы. Працаваў каля паўгода. І вось я, Алесь Цыркуноў і Мікола Іванавіч сабраліся ў маім кабінеце (102-гі пакой філасофска-эканамічнага факультэта БДУ, вул. Кірава, 31). Я паказаў М.І.Ермаловічу сваю навуковую распрацоўку і вычарчаную схему радаводу. Мікола Іванавіч уважліва яе праглядзеў і зрабіў толькі адну заўвагу, якую я тут жа паправіў. Ён ухваліў радавод. Я аддаў радавод мастаку Алесю Цыркунову, каб ён намаляваў яго. Алесь Цыркуноў працаваў у суседнім пакоі. Дзякаваць Богу, што ў той час я меў такую магчымасць.

Праз два тыдні карціна-радавод, памерам 250 х 212 см была выканана. 1 лістапада 1994 г. у газеце "Чырвоная змена" паявіўся велізарны здымак гэтага радавода з указаннем прозвішчаў усіх князёў змешчаных на ім. А 30 снежня на Менскай фабрыцы каляровага друку быў выдрукаваны плакат-каляндар накладам 20000 паасобнікаў і дастаўлены па месцу назначэння.

Можна без перабольшання сказаць, што такога багацця Бацькаўшчына ўжо даўно не атрымлівала. 4 студзеня 1995 г. у тым жа 102-м пакоі філасофска-эканамічнага факультэта БДУ мы сабралі пасяджэнне клуба, запрасілі на яго Міколу Ермаловіча і зрабілі прэзентацыю выхаду ў свет плаката-календара. Яго радасць была бязмежная і не толькі таму, што на радаводзе значылася, што ён зроблены па распрацоўках Міколы Ермаловіча, а найбольш таму, што яго навуковыя ідэі становяцца запатрабаванымі, выдаюцца велізарным накладам і могуць вісець на сцяне "У кожнай сялянскай аграбленай хаце..." і стаць падручнікам па роднай гісторыі і забаўкаю для "дзетак патомных".

Па просьбе Міколы Іванавіча я пераслаў гэты каляндар-радавод ва ўсе Акадэміі навук, ва ўсе вядучыя бібліятэкі рэспублікі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, шматлікай арміі гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, рэдакцыям беларускіх газет і часопісаў. Толькі газета "Звязда" 26 студзеня 1995 г. надрукавала здымак гэтага радавода, і часопіс "Беларусь" змясціў яго на развароце. Пасля я перадаў гэты радавод у іншым фармаце, і гэты часопіс змясціў на развароце і новы радавод. Усе ж навукоўцы, акадэміі, інстытуты захоўвалі "гордое молчание". Мікола Іванавіч нават здзівіўся гэтаму і запытаў у мяне: "Чаму ж яны маўчаць? Мяне дык вельмі актыўна білі, а цябе, як быццам бы, шкадуюць, не чапаюць". Я не магу і цяпер даць на гэта нейкае тлумачэнне. Але мне здаецца, што проста змяніўся час і выстаўляць сябе адкрытым ветрагонам ужо нікому з былых далакопаў не хацелася.

У 1995 годзе выходзіць у свет кніга пад рэдакцыяй Мітрапаліта Менскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Уладыкі Філарэта "Преподобная Ефросиния Полоцкая". У кнізе змешчаны на поўную паласу выдатна выдрукаваны "Радавод...", а ў тэксце кнігі напісана, што "Гедзімінавічы паходзяць з Полацкіх князёў". Уладыка Філарэт мне асабіста прэзентаваў гэтую кнігу. Я адразу паехаў у Нацыянальную бібліятэку ў беларускую залу, дзе заўсёды знаходзіўся Мікола Іванавіч і паказаў яму гэтую кнігу з выявай "Радаводу" і словамі аб генеалагічным паходжанні Гедзімінавічаў. Мікола Іванавіч не толькі ўсцешыўся, ён схапіў маю руку, пачаў трэсці і ўсхвалявана гаварыць: - "Анатоль, ты разумееш, што мы перамаглі?" "Чаму? - пытаюся я. "Ды проста таму, што цяпер ніхто не асмеліцца выступаць супраць Уладыкі Філарэта".

Вось такая нечаканая падтрымка з боку Беларускай Праваслаўнай Царквы і асабіста Уладыкі Філарэта прыйшла да Міколы Іванавіча. Я магу засведчыць, што Уладыка Філарэт заўсёды з павагай ставіўся да Міколы Іванавіча, да яго навуковай дзейнасці і заўсёды запрашаў яго на тыя навуковыя канферэнцыі, якія праводзіла Беларуская Праваслаўная Царква з нагоды многіх гістарычных дат.

11 кастрычніка 1996 г. у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў прэзентацыю плакатаў-календароў "Старажытная Беларусь (Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае часоў Вітаўта Вялікага)". Гэтую карту падрыхтавалі Анатоль Белы і Ігар Курыцын, вымаляваў на палатне 250 х 212 см мастак Алесь Цыркуноў. На другім баку плаката-календара былі змешчаны каляровыя выявы 38 князёў полацкіх і вялікіх князёў ВКЛ, створаных мастаком Анатолем Крывенкам.

Мікола Іванавіч быў запрошаны на прэзентацыю гэтых плакатаў-календароў. Ужо з моманту падрыхтоўкі плакатаў-календароў да друку Мікола Іванавіч быў не проста назіральнікам, а нашым актыўным дарадчыкам. На карце, згодна з навуковымі распрацоўкамі Яўхіма Фёдаравіча Карскага, была вызначана тэрыторыя этнічнага рассялення беларусаў, а таксама паводле навуковых распрацовак Міколы Іванавіча Ермаловіча, месцазнаходжанне летапіснай Літвы. Міколу Іванавіча радавала многае: што ўпершыню ў картаграфіі Беларусі паказана беларуская дзяржава "ад мора да мора", што ў гэтую дзяржаву ўваходзілі такія гарады як Вялікія Лукі, Тарапец, Ржэў, Вязьма, Масальск, Адоеў, Бранск, Курск, Белгарад і многія іншыя. Раней за такую нацыяналістычную "шалость" дзяржава карала.

Асабліва радавала нашага сябра і тое, што яго навуковыя ідэі, якія могуць прачытаць некалькі соцен самых падрыхтаваных у навуковых адносінах людзей, дзякуючы форме выяўленчага мастацтва могуць ахапіць звыш 20000 уладальнікаў гэтага плаката. Менавіта столькі паасобнікаў было выдрукавана. Гэтыя плакаты-календары з'яўляюцца надзвычай важным крокам у папулярызацыі навуковай канцэпцыі М.І.Ермаловіча, у пашырэнні сапраўдных ведаў пра нашу айчынную гісторыю, у надзвычай лёгкім і надзейным асэнсаванні моладдзю сваёй гісторыі не толькі на разумовым , а больш на эмацыйна-эстэтычным узроўні. Наш сябра шчыра быў удзячны клубу "Спадчына" і радаваўся за яго папулярызатурскую дзейнасць.

1 сакавіка 1997 г. клуб "Спадчына"абвясціў аб Камітэце Ушанавання. Быў надрукаваны зварот Камітэту, названы мэты, пастаўлены задачы. У Камітэт увайшлі ўсе ганаровыя сябры клуба, у тым ліку і Мікола Іванавіч Ермаловіч. На сваім пасяджэнні сябры Камітэту склалі спіс тых, хто павінен быць ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны", срэбным пярсцёнкам з выявай "Пагоня". Мікола Іванавіч браў самы актыўны ўдзел у гэтай справе, бо лічыў, што ўшанаванне і адзначэнне грамадскасцю тых людзей, хто годна спрычыніўся да грамадскай і навукова-асветніцкай дзейнасці на карысць нашай Бацькаўшчыны, нацыянальнага Адраджэння, захавання і памнажэння нацыянальнай спадчыны, з'яўляецца святым абавязкам клуба "Спадчына" і створанага пры ім Камітэту. Сам, прайшоўшы праз дзікае шальмаванне, ідэалагічны тэрор, замоўчванне яго навуковых дасягненняў з боку дзяржаўных СМІ, уладных структур і ўстаноў, Мікола Іванавіч, як ніхто, ведаў, што патрэбна падтрымка такім людзям з боку грамадскасці, прызнанне іх дзейнасці.

25 сакавіка 1997 г. у Палацы мастацтва ладзілася мастацкая выстаўка суполкі "Пагоня" "Адраджэнне - 97". Сярод ганараваных ордэнам "Гонар Айчыны" быў і наш ганаровы сябра клуба Мікола Іванавіч Ермаловіч.

18 лістапада 1997 г. у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы праходзіла прэзентацыя кнігі "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову". У кнізе быў змешчаны графічны партрэт Міколы Ермаловіча мастака Яўгена Ціхановіча з тым надпісам, які некалі сам напісаў Мікола Іванавіч: "Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы, як свайго сцягу, ідучы пад каторым ён знойдзе сваю волю і шчасце".

З прамовай на прэзентацыі кнігі выступіла шмат вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага Адраджэння. Сярод іх быў і Мікола Іванавіч Ермаловіч. Ён даў высокую адзнаку гэтай кнізе і адзначыў, што з'яўленне ў наш час такой кнігі - гэта вялікая падзея.

2 ліпеня 1998 г. у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў вечарыну, прысвечаную 745-м угодкам з дня каранацыі Міндоўга на караля Літвы і Русі. Гэта была любімая тэма Міколы Ермаловіча, таму і даклад яго быў цікавы і змястоўны. Выступалі прафесары Я.А. Юхо і Г.В. Штыхаў.

5 снежня 1998 г. сябры клуба "Спадчына" наведалі майстэрню вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, які ўзяўся зрабіць помнік першаму народнаму артысту Уладзіславу Галубку. Сярод сяброў клуба быў і Мікола Ермаловіч. Тэма Галубка, тэма беларускага тэатра яго вельмі хвалявала і цікавіла. Ён прыняў самае актыўнае абмеркаванне ў разглядзе тых двух праектаў помніка, якія паказаў нам скульптар. Але гэтыя праекты не задаволілі ні Міколу Іванавіча, ні астатніх наведвальнікаў майстэрні.

11 снежня 1998 года ў Літаратурным музеі імя Янкі Купалы клуб "Спадчына" ладзіў прэзентацыю свайго чарговага альманаха "Скрыжалі "Спадчыны" - 3". Актыўны ўдзел у прэзентацыі кнігі браў і М.І.Ермаловіч. Ён не адзначыў у сваім выступленні цікавыя артыкулы Ігара Курыцына "Адкуль родам крывічы?", Вітаўта Чаропкі "Міф Пагоні", але даў ім свае навуковыя каментарыі і пажадаў аўтарам далей працаваць над гэтай тэмай. Будучы сам паэтам і вялікім знаўцам прыгожай славеснасці, Мікола Іванавіч высока адзначыў нізку вершаў Святланы Багданкевіч і Яўгена Гучка.

1 лютага 1999 г. сябры клуба "Спадчына" ладзілі вечар ушанавання ганаровага сябра клуба Анатоля Пятровіча Грыцкевіча з нагоды яго 70-годдзя. З пранікнённым словам аб навуковай дзейнасці Анатоля Грыцкевіча, аб яго ўкладзе ў развіццё гістарычнай навукі у Беларусі, аб тым уплыве, які ён аказаў сваімі навуковымі творамі на выступоўца, выступіў Мікола Іванавіч Ермаловіч і прэзентаваў свайму калегу кветкі.

Усе гэтыя запісы пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці, бо зафіксаваны ў "Дзённіку клуба "Спадчына", які вядзецца на працягу 13 гадоў. Але мая памяць захоўвае і іншыя моманты нашых цікавых сустрэч, якія не зафіксаваны ў "Дзённіку" і даты якіх сталі ўжо даволі расплыўчатымі. Напрыклад, на гістарычным факультэце БДУ ладзіўся арганізацыйны сход гісторыкаў па стварэнні першай прафесіянальнай арганізацыі беларускіх гісторыкаў ці горада Менска, ці ў БССР. "Высачайшы манаршы" дазвол на яго арганізацыю і правядзенне давала КПБ і яе "мудры" ЦК (гэта было ў апошнія месяцы ці ў апошні год яе кіравання). Як у тыя часы вадзілася, ужо былі ўзгоднены старшыня саюза і савет аб'яднання. Заставалася фармальна праштампаваць гэта. З'езд праводзіўся келейна, без агалоскі і аб'яў. Запрасілі ў адну з вялікіх аўдыторый гістарычнага факультэта БДУ, каго трэба, і сход пачаўся. Пра яго я даведаўся выпадкова, бо ў гэты дзень у мяне былі лекцыі на гістарычным факультэце.

Сходам кіравала дэкан Іраіда Восіпаўна Царук (дзявочае - Прытыцкая) і яе верны Санчо Панса - сакратар парткаму гістарычнага факультэта Давыд Барысавіч Мельцэр. Пачалося вылучэнне ў раду аб'яднання гісторыкаў. Я вылучаю Міколу Іванавіча Ермаловіча. Спачатку Д.Б.Мельцэр робіць выгляд, што не чуе, але я настойліва паўтараю імя Міколы Іванавіча, каб чулі ўсе. І тут пачалося нешта неверагоднае. Спачатку партыйны бос сваім катэгарычным адмаўленнем унесці ў спіс для галасавання прозвішча Міколы Іванавіча, як бы падаў агульны сігнал для наступу іншым "савецкім" гісторыкам. Пачалося сапраўднае спаборніцтва: хто мацней і балючай укусіць гэтага чалавека. Гэтыя людзі перасталі заўважаць усялякую прыстойнасць. Як гэтыя пігмеі ад навукі ненавідзелі аднаго з самых прыстойных і адукаваных гісторыкаў нашых дзён, які па памяці мог цытаваць усе рускія летапісы з тэкстамі аб Беларусі, які валодаў усімі даступнымі для нас замежнымі хронікамі, які адзін замяняў па сваіх ведах цэлы Інстытут гісторыі АН БССР. І гэта не перабольшванне. Калі ўсе выгаварыліся, слова ўзяла сама "шахіня"(так называлі ў БДУ І.В.Царук) і, як бы згладжваючы непрыстойныя паводзіны і выказванні сваіх калег, заявіла, што Міколу Іванавіча Ермаловіча немагчыма ўвесці ў раду не таму, што ён "ніякі не гісторык", а таму, што гэта не ўхваляць у вярхах, там у "светлых будынках", і паказала пальцам у бок Дома ураду. Якраз з вокнаў аудыторыі, дзе праходзіў сход, быў добра бачны Дом ураду. Ірыяда Восіпаўна яшчэ дадала, што сход не павінен рызыкаваць таму, што яна зрабіла вялікія намаганні на атрыманне дазволу на стварэнне прафесійнай асацыяцыі беларускіх гісторыкаў, але неабдуманнымі дзеяннямі ўсе мы можам пазбавіцца гэтай арганізацыі. Пасля яе "жалезных і аргументаваных" довадаў усім стала ясна, хто ёсць хто ў гэтай краіне, хто сапраўдны гісторык, а хто ізгой, імя якога палохае ўсіх кіраўнікоў тагачаснай Беларусі. І калі Міколу Іванавіча яшчэ афіцыйна не абвясцілі "ворагам народа", то дапускалі такую мажлівасць, што калі ён трапіць у кіруючыя шэрагі нейкай арганізацыі, то дзеля надзейнасці, закрыюць усю арганізацыю, як варожую ідэалам светлай будучыні камунізму.

Паколькі людзі празасядаліся, абвясцілі перапынак. Пасля доўгага абедзеннага перапынку ў залу пасяджэння ўвайшоў Мікола Іванавіч Ермаловіч. Ён таксама даведаўся пра сход гісторыкаў выпадкова. Яму нехта расказаў пра гэты сход, і як ён праходзіў. Бо, калі я прывітаўся з Міколам Іванавічам, то ён сказаў, што мне не трэба было так падстаўляць сябе з-за яго, бо я сапсую сабе кар'еру. Ён з глыбокай горыччу сказаў: "Хіба яны мяне прапусцяць? Ад іх ніколі гэтага не дачакаешся. Яны гатовы ўтапіць мяне ў лыжцы вады. Акрамя дзікай нялюдскай злосці ў іх няма ніякай спагады да чалавека. А за што? Я нікому з іх ніколі асабіста нічога не зрабіў дрэннага, нават ні пра кога дрэнна не абмовіўся". На што я адказаў, што мая кар'ера і мая рэпутацыя ўжо даўно сапсаваны беспаваротна, і нічым гэта ўжо не падправіш. "Такія адкрытыя сутычкі з афіцыйнымі гісторыкамі, - сказаў я, - мне ўжо нічым не пашкодзяць, але няхай яны ўсе ведаюць, што ёсць ты і твая канцэпцыя, і ты будзеш і твая канцэпцыя будзе пашырацца, набываць сілу, што ў цябе ёсць шчырыя прыхільнікі, якія гатовы адкрыта змагацца, як за цябе, так і за тваю канцэпцыю. Гэтыя імпатэнты ад гістарычнай навукі не здатныя ні на што сур'ёзнае, хіба што "скляпаць" кандыдацкую дысертацыю на тэму "Роля КПБ у развіцці скураной вытворчасці ў Беларусі", калі і вытворчасць скураная ўшчэнт занядбана, а ролю партыі народ актыўна "ўслаўляе", стоячы ў кіламетровых чэргах за імпартным скураным абуткам".

Мікола Іванавіч шчыра падзякаваў мне за маю адкрытую падтрымку яго навуковай дзейнасці. Ён узяў маю руку, сціснуў яе і патрос, а таксама павесяліўся па-чалавечы з майго кпіну наконт "вялікай ролі" гэтых афіцыйных гісторыкаў. Мы сядзелі побач і ўжо не слухалі, што гаварылі прамоўцы. Нам гэта ўжо было не вельмі цікава, бо ведалі, што будзе наперадзе. Безумоўна, нас гэта публіка ненавідзела, асабліва Міколу Іванавіча за яго адкрытую смелую навуковую канцэпцыю. Але яна нам і зайздросціла. Зайздросціла за ўсё: за навізну канцэпцыі М.І.Ермаловіча, за нашу рашучасць, адкрытасць і смеласць. Нас Бог узнагародзіў гэтым, а іх - баязлівасцю і халопствам. І яны гэта добра адчувалі. Яны зайздросцілі і таму, што ў Міколы Іванавіча ёсць шчырыя прыхільнікі, гатовыя ісці з адкрытым забралам на самыя смяротныя навуковыя і іншыя рысталішчы, змагацца і падтрымліваць свайго настаўніка. У іх такіх не было, бо выхаваныя яны былі другім асяроддзем, дзе на першым месцы стаяла не любоў да Бацькаўшчыны, а вернасць ідэалам Леніна - Сталіна, а пасля Камуністычнай партыі.

Пасляслоўе да гэтага эпізоду. Прайшоў год ці два. Самы "вялікі змагар за камуністычныя ідэалы" на гістарычным факультэце БДУ Давыд Барысавіч Мельцэр у 1992 годзе з'ехаў у ЗША. І вось аднойчы я чую на расейскай службе радыёстанцыі "Свабода" выступленне Давыда Барысавіча, дзе ён з імпэтам апавядае, які ён быў шчыры і мужны дысідэнт, як ён змагаўся з камуністычнай і савецкай бюракратыяй і чыноўнікамі. Паслухаеш гэтага "цыцэрона", і самому становіцца неяк няёмка, што ты быў у тыя часы не з ім, што ты яму не дапамагаў і даваў магчымасць пляжыць усялякім "шахіням" такога шчырага і самаахвярнага гісторыка, клопаты якога палягалі толькі на карысць служэння Бацькаўшчыне.

Пасляслоўе другое. У свой час не толькі студэнтаў, але і выкладчыкаў пасылалі "на прарыў", "на бітву за ўраджай". Гістарычны факультэт і кафедры грамадскіх навук пасылалі ў саўгас "Новае сяло", што за Рудзенскам, на ўборку буракоў. І вось ў нейкую нядзелю глыбокай восені мы сустрэліся з Ірыядай Восіпаўнай Прытыцкай-Царук на адным калгасным полі, на сумежных радках. Яна сама першая загаварыла са мною, і адбылася, прыблізна, такая размова:

- Анатоль Яўхімавіч, няўжо вы верыце ў тыя сацыяльныя і палітычныя змяненні, якія прадракаюць некаторыя палітыкі? Вы ж даволі разумны чалавек і павінны бачыць усю іх нязбытнасць,

- Я веру, што тое бязладдзе, якое існуе ў краіне, рана ці позна павінна згінуць.

- Няўжо вы верыце, што гэта дазволяць зрабіць?

- Зробіцца само і без дазволу.

- А як наконт перагляду гісторыі?

- У нас існуе не гісторыя Беларусі, а здзек над ёю. Такая гісторыя прыніжае годнасць беларуса.

- Таму вы так апантана падтрымліваеце Міколу Ермаловіча?

- Гэта так, таму што Мікола Ермаловіч выратоўвае гонар усёй нашай Беларусі, усёй нашай нацыі.

- Гэта старажытныя часы, а сучасная гісторыя?

- Усё абразуміцца, праўда і тут пераможа.

- Для перамогі гэтай праўды трэба каб адчынілі ўсе архівы, а гэта вам ніхто не дазволіць зрабіць.

- Значыць адчыняць усе, каб атрымаць усю праўду.

- Гэтага ўжо вы ніколі не дачакаецеся!

Вось такая цікавая размова з адукаванай і разумнай жанчынай з сям'і беларускага рэвалюцыянера і партыйнага дзеяча, якая ў тыя часы ведала пра гэтую "праўду" такое, аб чым я і многія іншыя не маглі і здагадвацца, якая не верыла ні ў якія перабудовы, ні ў якія магчымыя змены, якая, як гавораць, і ў страшным сне не магла ўбачыць, што рэжым КПСС хутка рухне, што ўсе іхнія "навуковыя распрацоўкі" стануць нікому не патрэбнымі, і толькі навуковая канцэпцыя Міколы Ермаловіча стане па-сапраўднаму запатрабаваная беларускім народам, што яна афіцыйна ўвойдзе ў падручнікі для студэнтаў ВНУ як "Канцэпцыя ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага" ў кнізе М.І.Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" ("Гісторыя Беларусі", частка І. Мн., 1998. С. 92 - 101).

4 сакавіка 2000 г. Мікола Іванавіч Ермаловіч трагічна загінуў. 2 сакавіка 2001 г. клуб "Спадчына" ладзіў вечар памяці нашага ганаровага сябра ў Доме літаратара. Сабралася шмат людзей. З успамінамі аб Міколе Ермаловічу выступілі многія пісьменнікі, навукоўцы, мастакі. Наш сябра Яўген Лаўрэль адаптаваў гэтыя ўспаміны і многія з іх будуць надрукаваны ў кнізе. Такім чынам мы імкнемся ўшанаваць не толькі нашага сябра па клубу, але ўсіх тых, хто спрычыняўся і дапамагаў Міколу Іванавічу ў цяжкую хвіліну жыцця і змагання, хто падтрымліваў яго канцэпцыю і спрыяў яе пашырэнню і папулярызацыі. Бо яго канцэпцыя, без перабольшання, - ідэал ўсяго нашага нацыянальнавызвольнага руху, за яе варта змагацца, бо гэта змаганне за гонар Беларусі.

На вечарыне прайшла прэзентацыя карціны сябра клуба "Спадчына", мастака Алеся Цыркунова, прысвечаная Міколу Ермаловічу, якая была спецыяльна напісана для гэтага вечара. Алесь Цыркуноў у сваім выступленні расказаў аб сваім бачанні і трактоўцы гэтай карціны, аб стварэнні вобраза Міколы Іванавіча.

Справа ў тым, што жывапісны, графічны, ці іншы партрэт, выкананы ў розных тэхніках - гэта цэльны твор, які па значнасці не ўступае літаратурнаму ці бібліяграфічнаму твору, але створанаму іншай мастацкай жанравай мовай. Выяўленча-мастацкі твор перадае ўсе характэрныя рысы партрэтаванага, але гэтая перадача ажыццяўляецца асобай мовай, якая падпарадкоўваецца законам свайго жанру і якая ажыццяўляецца пры дапамозе фарбаў, ліній малюнкаў, перспектывы, алегорый. Трэба толькі ведаць форму гэтай перадачы і перад гледачом раскрываецца ўся задума аўтара, увесь характар і ўнутраны свет партрэтаванага. Нездарма многія аўтары гавораць, што ў іх, нават у пейзажных працах, зафіксаваны ўвесь светапогляд і духоўны стан самога творцы. Вось такая сіла і асаблівасць выяўленчага мастацтва, калі валодаеш яго моваю.

Алесю Цыркунову ўдалося найбольш поўна перадаць, як характар, так і ўвесь светапогляд і памкненні Міколы Іванавіча. У гісторыі сусветнай культуры даволі часта сустракаюцца такія з'явы, калі асоба таго ці іншага выдатнага дзеяча становіцца больш знакамітай, прасунутай, раскручанай, папулярызаванай, дзякуючы не літаратурнаму твору, напісанаму пра яго, а партрэту, зробленаму выдатным мастаком. Тут партрэт становіцца ўжо вялікім і надзвычай моцным фактарам папулярызацыі самой асобы партрэтаванага. Партрэт набывае ролю свайго самастойнага жыцця ў справе папулярызацыі. Так што партрэт становіцца не толькі адпаведным жэстам павагі да асобы партрэтаванага, але даволі часта выконвае вялікую ролю ў неўміручасці той ці іншай асобы ў памяці народа.

Нам пакуль не дадзена магчымасць даваць ацэнку тым партрэтам, медалям, барэльефам, якія зрабілі мастакі, увасабляючы навуковы і грамадзянскі вычын Міколы Іванавіча Ермаловіча, перадаючы гэта адпаведнай мовай выяўленчага мастацтва. Але мы будзем спадзявацца, што ўдзячныя нашчадкі не забудуць той уклад, які ўнеслі мастакі Беларусі ў справу папулярызацыі і неўміручасці імені вучонага.

На вечары было прапанавана стварыць фонд Міколы Ермаловіча, куды ўвайшлі прадствўнікі многіх грамадскіх і навуковых арганізацый розных гарадоў Беларусі. На вялікі жаль, фонд так і не запрацаваў, таму і імёны тых людзей, якія першапачаткова далі сваю згоду на супрацоўніцтва, не буду і ўспамінаць.

Быў зачытаны і прыняты план мерапрыемстваў фонду Міколы Ермаловіча:

1. Стварыць помнік Міколы Ермаловіча і ўстанавіць яго ў г. Маладзечна.

2. Камітэту Ушанавання выбіць медаль у гонар Міколы Ермаловіча і ганараваць ім тых, хто спрычыніцца ў справе папулярызацыі навуковай і грамадскай дзейнасці нашага знакамітага гісторыка.

3. Прасіць Маладзечанскі гарвыканкам устанавіць шыльду на будынку дома, дзе жыў Мікола Іванавіч.

4. Назваць яго іменем адну з вуліц у горадзе Маладзечна.

5. Выдаць успаміны і яго творы (паэзія, "гутаркі", нарысы).

6. У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры арганізаваць адмысловы стэнд, прысвечаны выдатнаму вучонаму М.І.Ермаловічу.

7. У Нацыянальнай бібліятэцы, дзе пастаянна працаваў М.І.Ермаловіч - стэнд з яго творамі.

8. Прасіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь арганізаваць у гонар М.І.Ермаловіча выстаўку "Гісторыя Беларусі ў мастацкіх вобразах і партрэтах".

9. Прасіць Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гістарычны факультэт БДУ, іншыя кафедры ВНУ Беларусі аб арганізацыі навуковай канферэнцыі ў памяць аб М.І.Ермаловічу.

Некаторая частка пастаўленых задач, дзякуючы намаганням сяброў клуба "Спадчына" ужо ажыццёўлена, некаторыя праблемы яшчэ трэба вырашаць. Дзеля таго, каб гэтыя праблемы змаглі хоць неяк вырашацца, на вечары прадстаўнікам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры быў перададзены імянны кубак клуба "Спадчына" з выявай "Пагоня" і надпісам "Мікола Ермаловіч", а таксама графічны партрэт Міколы Іванавіча, выкананы мастаком Яўгенам Ціхановічам.

На вечары я выступіў на тэму: "Роля Міколы Іванавіча Ермаловіча ў развіцці гістарычнай навукі і фармаванні нацыянальнай свядомасці беларусаў".

Вось тэзісы прамовы:

М.І.Ермаловіч вызначыў месцазнаходжанне летапіснай Літвы ў Верхнім Панямонні. ("Дзе была летапісная Літва", 1969 г).

Абгрунтавана абверг версію пра заваёву беларускіх зямель у ХІІ стагоддзі літоўцамі.

Вызначыў Новагародак, як цэнтр утварэння і сталіцу Вялікага Княства Літоўскага ("З гісторыі Новагародка" 1972 г., "Па слядах аднаго міфа" 1989 г., 2-е выданне, 1991 г.).

Падрабязна падаў гісторыю развіцця Беларусі са старажытных часоў да канца ХVIII стагоддзя ("Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды", 1990 г., "Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд", 1994 г., "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае", 2000 г.).

Ачысціў гісторыю Беларусі ад каланіяльна-шавіністычных напластаванняў.

Па завяршэнні свайго выступлення я прапанаваў наступным прамоўцам парупіцца адказаць на пытанні:

1. Чаму М.І.Ермаловічу, а не каму іншаму, удалося найбольш дакладна адшукаць месцазнаходжанне летапіснай Літвы?

2. Развеяць міф аб заваяванні літоўцамі беларускіх зямель і даказаць зусім іншае: заваяванне літоўскіх зямель праходзіла з боку полацкіх князёў і баярства?

3. Чаму М.І.Ермаловічу ўдалося найболей поўна, цэласна, лагічна і навукова даказаць і энцыклапедычна распрацаваць гісторыю Беларусі з Х па ХVІІІ стст.?

4. Чаму з імем М.І.Ермаловіча маладое пакаленне, ды і старэйшае, звязвае вяртанне гістарычнай памяці беларусаў?

5. У чым феномен навуковай дзейнасці М.І. Ермаловіча?

6. Чаму, паводле трапнай заўвагі Язэпа Аляксандравіча Юхо, у Міколы Іванавіча няма "прымазаўшыхся" да яго вучэння. Ёсць толькі людзі, якія прачытаўшы яго, сталі шчырымі прыхільнікамі Міколы Іванавіча?

7. Якое ўздзеянне аказаў М.І.Ермаловіч на далейшае развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі?

На вечары памяці Міколы Ермаловіча выступілі пісьменніца Вольга Іпатава, прафесар Язэп Юхо, пісьменнік Генрых Далідовіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Мікола Сташкевіч, гісторык Віталь Скалабан, былы намеснік рэдактара "Беларуская энцыклапедыя" імя Пятруся Броўкі драматург Алесь Петрашкевіч, мастак Мікола Купава, старшыня Койданаўскай рады БНФ Анатоль Станкевіч, прафесар Аляксей Саламонаў, скульптар Аляксандр Шатэрнік, свой верш "Слова пра Міколу Ермаловіча" прачытаў Яўген Гучок. Выступілі артысты. Некаторыя з гэтых выступленняў будуць надрукаваны ў гэтай кнізе.

26 чэрвеня 2003 г. медальерам, скульптарам і мастаком Уладзімірам Мелехавым была завершана гіпсавая форма пад помнік Міколы Ермаловіча. У гэтым жа месяцы скульптар Алесь Фінскі зрабіў медаль Міколы Ермаловіча. Я зрабіў 15 адбіткаў. Камітэт Ушанавання прыняў рашэнне аб ганараванні медалём Міколы Ермаловіча тых, хто спрычыніўся да ўзвядзення помніка гісторыку, у надрукаванні яго твораў і папулярызацыі яго навуковай дзейнасці.

У ліпені 2003 г. два бронзавыя барэльефы помніка Міколы Ермаловіча былі адліты.

24 жніўня 2003 г. я завяршыў устаноўку помніка на сядзібе Музея выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага ў г. Старыя Дарогі.

20 - 22 лістапада 2003 г. я, Алесь Цыркуноў, Мікола Лавіцкі і сябра Маладзечанскай рады ТБМ Святаслаў Палівода ўстанаўлівалі помнік Міколу Ермаловічу ў Маладзечне.

28 лістапада 2003 г. у Маладзечне прайшло ўрачыстае адкрыццё помніка вялікаму беларускаму гісторыку, ганароваму грамадзяніну горада, ганароваму сябру клуба "Спадчына" Міколу Ермаловічу.

Урачыстасць ладзілася гарадскімі ўладамі пры шырокім удзеле грамадства і сяброў Менскага клуба "Спадчына", Таварыствам інвалідаў па зроку, сябрам якіх быў Мікола Ермаловіч (яно выдзеліла аўтобус для паездкі менскай дэлегацыі ў Маладзечна).

Мне было даручана сумесна з кіраўнікамі горада адкрываць помнік: зняць з каменя з барэльефам пакрывала. Д.Б.Жук, якая кіравала ўрачыстасцямі, у сваёй прамове выказала шчырую падзяку ўсім, хто меў дачыненне да гэтай важнай і высокароднай справы - увекавечвання памяці М.І.Ермаловіча ў Маладзечне. Намеснік старшыні гарвыканкаму Н.Ю.Шмакава ўручыла Ганаровыя граматы мне і скульптару Уладзіміру Мелехаву. Слова пра М.І.Ермаловіча сказалі Анатоль Грыцкевіч, Генрых Далідовіч, Аляксей Саламонаў, Лявон Цімохін (Маладзечна), Яўген Гучок, Пётр Краўчанка, брат Міколы Іванавіча Валянцін Іванавіч Ермаловіч. На адкрыцці помніка прысутнічала дачка Міколы Іванавіча Алена Мікалаеўна. У час адкрыцця помніка медалём Міколы Ермаловіча былі ганараваны Святаслаў Палівода, Генрых Далідовіч, браты Міколы Ермаловіча Леанід і Валянцін, Музей Міколы Ермаловіча пры Таварыстве інвалідаў па зроку. Медаль "Пагоня" атрымаў маладзечанскі краязнавец і рэдактар часопіса "Куфэрак Віленшчыны" Мікола Казлоўскі.

Адкрыццё помніка М.І.Ермаловічу вылілася ў са-праўднае свята горада Маладзечна, у беларускае свята. Нездарма старажытныя грэкі помнікам ушаноўвалі толькі багоў і герояў. Для нас Мікола Іванавіч Ермаловіч з'яўляецца і беларускім богам, і беларускім героем.

У чэрвені 2004 г. выдадзена паштоўка "Да 20-годдзя клуба "Спадчына". У серыі "Вялікія беларусы ХХ стагоддзя" выдадзена паштоўка "Мікола Ермаловіч. Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі". На паштоўцы выява барэльефа работы скульптара Уладзіміра Мелехава. Паштоўка выдадзена ў двух варыянтах. У першым - на адвароце верш Яўгена Гучка "Слова пра Міколу Ермаловіча", у другім - верш самога Міколы Ермаловіча і верш-адказ Аляксея Саламонава.

28 красавіка 2006 г. адбыўся вечар клуба "Спадчына" з нагоды 85-х угодкаў з дня народзінаў Міколы Ермаловіча. Вечар праходзіў у Чырвоным касцёле ў дольнай тэатральнай зале. На вечар прыйшлі сябры клуба "Спадчына", пісьменнікі, гісторыкі, шматлікія прыхільнікі і паслядоўнікі вялікага вучонага і Беларуса, дачка Міколы Іванавіча Алена Мікалаеўна і пляменніца Людміла Леанідаўна Собаль.

На сцэне тэатральнай залы былі размешчаны два партрэты Міколы Ермаловіча: першы - аўтар Алесь Цыркуноў, другі - аўтар Анатоль Крывенка. Наведвальнікам як бы была дадзена магчымасць самім вызначыць мастацкую вартасць гэтых партрэтаў. Але галоўнае заключалася не ў мастацкім спаборніцтве, а ў той любові сяброў клуба "Спадчына" да свайго ганаровага сябра, у той грамадзянскай адказнасці, якую дабраахвотна ўсклалі на сябе сябры клуба ў справе папулярызацыі навуковай творчасці М.І.Ермаловіча.

Ва ўступным слове я паставіў задачу перад сябрамі клуба: сабраць матэрыялы, успаміны і надрукаваць кнігу-бюлетэнь "Спадчына - 4", прысвечаную Міколу Іванавічу Ермаловічу. Гэта будуць яго вершы, лісты, выступленні, а таксама успаміны сяброў і паслядоўнікаў. Пасля я падзяліўся найбольш яркімі ўспамінамі пра Міколу Іванавіча. У гэты вечар слова пра Міколу Іванавіча казалі старшыня ТБМ Алег Трусаў, сусед Міколы Іванавіча настаўнік і паэт Лявон Цімохін, прафесар Георг Штыхаў, пісьменнік Алесь Петрашкевіч, прафесар Аляксей Саламонаў, гісторык Міхась Чарняўскі, даследчык і паслядоўнік у справе вывучэння гісторыі ВКЛ Аляксандр Пухоўскі. Са сваімі ўспамінамі пра дзядзьку падзялілася пляменніца Людміла Леанідаўна Собаль. Я не буду засяроджвацца на гэтых выступленнях, так як усе яны трапяць у гэтую кнігу.

У гэты вечар медалём Міколы Ермаловіча быў ганараваны паэт і сябра клуба "Спадчына" Яўген Гучок за яго верш "Слова пра Міколу Ермаловіча" і Павел Севярынец за кнігу "Нацыянальная ідэя", дзе ён працягвае і папулярызуе светапогляды нашага вялікага гісторыка.

Вось і падышлі да завяршэння нашы ўспаміны і апісанне сустрэч і сумесных дзеянняў сяброў клуба "Спадчына" з Міколам Іванавічам Ермаловічам. Яны пакінулі значны след ва ўсёй дзейнасці клуба, у яго накірунках і той выніковасці, якую ён праводзіў на карысць сваёй Радзімы. І ў многім такая вялікая выніковасць ажыццяўлялася дзякуючы нашай супольнай працы, пастаянным кансультацыям і абменам думкамі, самаахвярнасці і вялікаму грамадзянскаму прыкладу, які паказваў усім нам наш сябра "Айчыне сваёй прыслугоўваючы" - Мікола Іванавіч Ермаловіч. Мы проста не хочам адставаць ад яго.


Анатоль БЕЛЫ



САМАБЫТНЫ ГІСТОРЫК, НЯСКОРАНЫ ЧАЛАВЕК

Мікалай (Мікола) Іванавіч Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Койданаўскай воласці Менскага павету (цяпер Дзяржынскі раён Менскай вобласці) у вялікай сялянскай працавітай сям'і. Бацька, Іван Іванавіч, працаваў у калгасе конюхам. У 1937 г. быў рэпрэсаваны, рэабілітаваны ў 1956 г. (пасмяротна); маці, Стэфка Юр'еўна, працавала калгасніцай. У яго былі браты Валянцін і Леанід і сястра Марыя. Леанід Іванавіч нарадзіўся 27 ліпеня 1923 г. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскай СШ Дзяржынскага раёна. Валянцін Іванавіч нарадзіўся 17 сакавіка 1925 г, беларускі акцёр, заслужаны работнік культуры БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Усе да гэтага часу памерлі.

У 1914 г. дзед Міколы Ермаловіча купіў у нашчадкаў капітана Шустава адзін з хутароў Малыя Навасёлкі (у народзе часам называюць "шустаўка"). Яшчэ раней гэтыя землі належалі панам Кастравіцкім [з гэтага роду выйшлі вядомыя паэты - беларускі Карусь Каганец (К.К. Кастравіцкі) і французскі Гіём Апалінэр (сапраўднае Гіём Альбер Уладзімір Аляксандр Апалінары Кастравіцкі)], але за актыўны ўдзел у паўстанні 1863 - 1864 гадоў ў Беларусі і Літве абодва браты былі сасланы ў Сібір, маёнтак секвестраваны (забарона карыстацца маёмасцю, якую накладваюць органы ўлады) у царскую казну, потым падораны капітану Шуставу. У 1930 г. тут, на "шустаўскіх" землях, быў арганізаваны калгас "Победа".

Цікавасць да роднай гісторыі ў малога Міколкі абудзілася ў 2-м класе літаральна з аднаго сказа школьнага падручніка па беларускай мове: "Полацк - самы старажытны горад Беларусі". Яго, малога, зацікавіла: Чаму? І вось гэта неардынарная цікавасць: чаму? што? калі? дзе? да роднай гісторыі крочыла поруч з ім усё свядомае жыццё.

У 1938 годзе М.І.Ермаловіч скончыў Дзяржынскую беларускую СШ і паступіў на філалагічны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы інстытута. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад вайсковай службы і працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР (РСФСР), дзе выкладаў рускую мову і літаратуру. Калі напрыканцы 1943 г. пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён вяртаецца ў Беларусь і ў былым Суражскім раёне Віцебскай вобласці працуе інспектарам райАНА. У 1946 г. прыязджае на сваю малую радзіму - у Дзяржынскі раён, у вёску Малыя Навасёлкі. Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны працягваў вучобу ў педінстытуце, які закончыў у 1947 г.

Пасля заканчэння педагагічнага інстытута М.І. Ермаловічу параілі паступіць у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР і прафесійна заняцца навукова-даследчай дзейнасцю. Ён даў згоду і прапанаваў сваю тэму для кандыдацкай дысертацыі: "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі". Але гэтую тэму М.І. Ермаловічу "зарэзалі" без ніякіх тлумачэнняў тагачасныя "дырэктары" ад навукі і прапанавалі яму пісаць дысертацыю на тэму:"Вобраз Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ў беларускай літаратуры і фальклоры". Кошт самой тэмы і дарагога вобраза "правадыра ўсіх часоў і народаў" Мікалай Іванавіч Ермаловіч добра ведаў з асабістага жыццёвага досведу - яго бацька быў у свой час рэпрэсаваны - і не пайшоў на здзелку са сваім сумленнем - нават у імя асабістай будучыні. З-за непадпарадкавання карыфеям беларускай навукі, М.І.Ермаловіч апынуўся ў горадзе Маладзечне, дзе 7 год выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Пасля закрыцця інстытута да 1957 г. працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1957 г. выйшаў на пенсію ў сувязі са значнай стратай зроку. З-за дрэннага зроку - "нізкі на вочы" - насіў акуляры з 9 гадоў. Маці ўзяла некалі малога груднога Міколку на поле, дзе яна жала жыта. Паклала яго на зжатае поле і не зрабіла навесіка над ім ад гарачага жнівеньскага сонца. Сонца паліла маленькаму немаўлятку ў адкрытыя вочкі і папсавала іх.

У 1944 г., працуючы завучам Дзяржынскай беларускай СШ, М.І. Ермаловіч, праводзячы ў 8-м класе ўрок па гісторыі на тэму "Татарскае нашэсце і літоўскае заваяванне", звярнуў увагу на тое, што татарскае нашэсце ў падручніку па гісторыі падаецца дэталёва, падрабязна, а пра заваяванне літоўцамі сказана сцісла, коратка, мала, літаральна некалькі сказаў: князь Міндоўг аб'яднаў літоўскія землі і пачаў заваёўваць заходне-рускія землі; заваяваў першыя гарады Навагрудак, Ваўкавыск, Слонім і зрабіў Навагрудак сталіцай Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). А калі і як гэта было заваявана - невядома? Як утваралася ВКЛ? У падручніку пра гэта нічога не было сказана. А дзе ж гэта напісана?

І Мікалай Іванавіч пачаў дэталёва вывучаць летапісы, хронікі, акты, разнастайныя дакументальныя крыніцы. Накапаў шмат - усё новае, цікавае, невядомае, нідзе, ніколі і нікім не было выкарыстана. Што ён убачыў - аж жахнуўся? Дык жа чаму гэта не было выкарыстана - можа чыталі, ды не заўважылі, ці мо не хацелі заўважыць.

А вось сведчанне Іпацьеўскага летапісу пад 1251 годам: "Міндовг вражбою бе за ворожьство Литву зане". Як бачна, не Наваградак і іншыя блізкія тут гарады заваяваў, а Літву. Ніхто, дарэчы, да Мікалая Іванавіча Ермаловіча не цытаваў гэтыя словы. З канца 50 - 60-х гадоў ХХ стагоддзя ён стала пачаў займацца гісторыяй Беларусі, шукаць адказы на пытанні: што і дзе было, калі?

Вынікам карпатлівай даследнай працы М.І. Ермаловіча становіцца напісанне ў 1968 г. ім кнігі "Па слядах аднаго міфа", якая на працягу доўгага часу хадзіла па руках самвыдатам. Упершыню гэтая кніга афіцыйна выйшла ў 1989 г. у выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР у рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве (загадчык А.І. Валахановіч). Фрагменты першага варыянту гэтай кнігі былі ў свой час апублікаваны ў адным з акадэмічных выданняў па археалогіі і адразу ж сустрэлі адпор з боку кансерватыўных беларускіх савецкіх гісторыкаў, якія прапанавалі звярнуцца ў ЦК КП Беларусі з афіцыйным лістом, каб забараніць М.І.Ермаловічу друкаваць свае навуковыя творы.

Невялікая па памеру кніга М.І.Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" вытрымала тры выданні - 1989, 1991, 2001, аб'ём 6 улікова-выдавецкіх аркушаў, дзе ўпершыню ў гістарыяграфіі Беларусі выкладзена канцэпцыя ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, калі, перафразуючы вядомы выраз вядомага класіка, - "гэтая невялікая кніжачка варта цэлых тамоў", нарабіла шмат шуму.

М.І.Ермаловіч, дэталёва даследаваўшы старажытныя летапісныя крыніцы і старанна вывучыўшы падзеі ІХ - ХІІІ стагоддзяў, крытычна падышоў да поглядаў многіх гісторыкаў, абверг тэорыю расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў аб заваяванні літоўцамі ("летувісамі") беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя. Ён даказаў, што ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання беларускіх зямель, што нібыта паклала пачатак утварэнню ВКЛ. Такое сцвярджэнне, адзначае даследчык, узнікла ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя, каб ідэалагічна абгрунтаваць права ВКЛ на беларускія землі, значная частка якіх была занята Іванам Грозным. Гэта версія праз знакамітую "Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі" (1582) гісторыка, храніста і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547 - каля 1590) перайшла ў кнігі па гісторыі, пазней была некрытычна прынята многімі вучонымі і доўгі час не пераглядалася.

Значнай перашкодай, указвае М.І.Ермаловіч, для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з'яўляецца атаясамліванне старажытнай Літвы ХІ - ХІІІ стагоддзяў, з усходняй часткай сучаснай Літвы. Літва - гэта Аўкштайція. Старажытныя летапісы і тапаніміка паказваюць, што старажытная Літва ХІ - ХІІІ стагоддзяў займала тэрыторыю ад Маладзечна да Заслаўя і Дзяржынска (усходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла прыблізна ў 30 кіламетрах ад Менска), далей да сучасных гарадоў Баранавічы, Ляхавічы, Слонім. Заходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла за 20 кіламетраў ад Новагародка, каля Карэліч. Па рацэ Бярэзіне праходзіла мяжа паміж старажытнай Літвою і Полацкім княствам. Старажытная Літва пакінула на тэрыторыі Беларусі "сляды" ў выглядзе назваў вёсак "Літва" у Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стаўбцоўскім, Маладзечанскім раёнах. Гэтыя назвы вёсак "Літва" супадаюць з летапіснымі. А межы сучаснай, ці геаграфічнай, Літвы нам вядомы.

Тое, што ўтварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннем балцка-літоўскіх зямель (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў гістарычнай навуцы сцвярджэнне, што ўзнікненне ВКЛ дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Утварэнне ВКЛ было вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх зямель, то гэты гістарычны працэс адпавядаў інтарэсам беларускіх феадалаў, што і характарызуе найперш ВКЛ як беларускую дзяржаву. У перыяд утварэння ВКЛ літоўцы (жамойты) не мелі ўласнай пісьменнасці. І цяпер становіцца зразумелым, чаму ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай была старабеларуская мова. На старабела-рускай мове пісалася ўся Літоўская метрыка, дзяржаўныя акты, у тым ліку "Статут Вялікага Княства Літоўскага (тры выданні), дакументы, летапісы, мастацкая літаратура.

М.І.Ермаловіч у сваёй канцэпцыі ўтварэння ВКЛ характарызуе Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву. У ХІІ - пачатку ХІІІ стагоддзя па свайму эканамічнаму і палітычнаму развіццю на першае месца сярод іншых беларускіх зямель вылучаецца Новагародская зямля, якую гісторыкі называюць часам Чорнай Руссю. І з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя пачынаецца яе хуткае эканамічнае і культурнае развіццё, чаму садзейнічала ўдалае геаграфічнае становішча Полацкай зямлі (княства), якая ляжала на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў з усходу на захад і з поўначы на поўдзень на вядомым шляху "з варагаў у грэкі".

М.І.Ермаловіч лічыць, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага стала перадумовай фармавання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і беларускай культуры, а, не наадварот, працэс фармавання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і беларускай культуры, які развіваўся на падмурку эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх зямель і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку, быў перадумовай утварэння Вялікага Княства Літоўскага.

У кнізе "Вялікае княства Літоўскае. Беларуская дзяржава." М.І.Ермаловіч даказаў, што ўтварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы і што Міндоўг не быў заваёўнікам Новагародка, а быў сапраўд ным гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага - вялікім князем. У ёй слынны гісторык упершыню заявіў пра выключную ролю Новагародка ў аб'яднанні беларускіх зямель у адзіную самастойную дзяржаву. М.І.Ермаловіч першым з гісторыкаў, якія вывучалі Старажытную Беларусь, паказаў вялікую ролю навагародскага князя Войшалка, які пры падтрымцы новагародцаў і тураўцаў стаў заснавальнікам ВКЛ. Гэта была не проста навуковая шараговая публікацыя, гэта быў выбух у беларускай гістарычнай навуцы.

Сярод афіцыйных зашораных камуністычных беларускіх гісторыкаў, якія ў той час запраўлялі "беларускай навукай", пачаўся шум, гвалт і вэрхал. Як гэта - аматар-гісторык і аматар-краязнавец, без згоды нас, старэйшых, "афіцыйных" гісторыкаў, сцвярджае тое, што яны, прафесары і акадэмікі, адмаўлялі дзесяцігоддзі.

Паколькі М.І.Ермаловічу не дазвалялі друкаваць яго навуковыя працы і савецкія ўлады, і акадэмікі, і вучоныя-гісторыкі, то ён у сваім актыўным ліставанні сябрам, паплечнікам, аднадумцам тлумачыў - падрабязна і проста - сваю навуковую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. У лістах, якія ён адрасаваў вучоным-аднадумцам, ён расказваў, як ім была распрацавана гэтая навуковая канцэпцыя.

У прыватнасці, у лістах, якія публікуюцца ў гэтай кнізе, славуты беларускі гісторык вельмі падрабязна распавядае пра сваю навуковую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ. Лісты цікавыя і тым, што яны, як эпісталярны жанр, распавядаюць і пра асабістае жыццё Мікалая Іванавіча. Тут я мушу прывесці некалькі радкоў з ліста ад 15 красавіка1981 г., адрасаванага Міхасю Белямуку:

"Мае сябры зрабілі спробу надрукаваць маю працу "Па слядах аднаго міфа", напісаную яшчэ ў 1968 годзе і друкаваную ўрыўкамі. Калі раней супраць яе апалчыліся капыскія і ім падобныя, якія ўбачылі ў ёй спробу ўваскрасіць, маўляў, даўно пахаваную тэорыю аб беларускай дзяржаўнасці і мінулым, то гэтым разам яе крэсліў М.Улашчык, бо ўбачыў у ёй толькі домыслы. Першых я лёгка мог зразумець, але другога - цяжэй. Ніводнага аргумента супраць мяне ён не мог прывесці. Застаецца толькі меркаваць, што яму было непрыемна ўбачыць, як тое, што ён змог зрабіць сам, было зроблена іншым... Мае сябры не здаюцца і робяць захады, каб усё-такі апублікаваць маю працу. У мяне для такіх клопатаў няма ні сілаў, ні часу. Уся надзея на іх. Я вельмі ўдзячны сябру за тое, што паклапаціўся, не пакінуў маіх прац без увагі. Мне казалі, што ў адной з рэцэнзій на кнігу М.Космана "Гісторыя Беларусі" невядомы мне сябра грунтаваўся па маіх працах, калі крытыкаваў Космана за яго погляды на ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага. Хачу я яму шчыра падзякаваць за гэта.

Справа з маімі вачыма пагоршылася. Катаракта пачала расці на правым воку, якое яшчэ крыху бачыць, і якім я магу хоць крыху чытаць, бо левым я амаль нічога не бачу. Калі гэта катаракта выспее, гэта значыць, калі я канчаткова аслепну на правае вока, тады мне зробяць аперацыю, вядома, з няпэўнымі вынікамі. Але пакуль я бачу яшчэ, трэба нешта рабіць, чытаць і пісаць."

У пісьмах, з-за меркаванняў канспірацыі (як некалі ў падполлі!), М.І.Ермаловіч не называе сваіх аднадумцаў ні па прозвішчах, ні па імёнах, а проста іх называе "сябры".

Але новае слова ў беларускай навуцы пра ўзнікненне, станаўленне і развіццё Беларусі - абгрунтаванае, моцнае і праўдзівае было ўжо сказана вялікім "аматарам-гісторыкам і аматарам-краязнаўцам", які не меў ні навуковых званняў, ні вучоных ступеняў.

У складанай сітуацыі таго часу, калі гісторыя Беларусі афіцыйна пачыналася з 1917 года, вывучэнне асаблівасцяў нашага дасавецкага мінулага не выклікала спрыяльнага стаўлення з боку партыйнага кіраўніцтва. Але ўсё ж шэраг беларускіх гісторыкаў у савецкія часы, абыходзячы "небяспечныя абагульненні", займаўся краязнаўчымі даследваннямі, якія закраналі падзеі гісторыі Беларусі з сівой мінуўшчыны да сучаснасці. Так, з лакальных гісторый пачала складвацца агульная беларуская гісторыя. Яе стваральнікамі былі Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, А.І. Мальдзіс, А.С.Ліс і іншыя беларускія навукоўцы, для якіх краязнаўства стала сродкам адыходу ад стандартнай савецкай гістарычнай тэматыкі і звароту да нацыянальных каранёў і вытокаў.

У 1980 годзе М.І.Ермаловіч прапанаваў адзначыць "Тысячагоддзе Беларусі". Дата бралася ад першых звестак пра Полацкага князя Рагвалода і Тураўскага князя Тура, датаваных 980 годам. Гэтая дата адзначалася неафіцыйна ў колах перадавой беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Да юбілею беларускі мастак Я.С.Кулік падрыхтаваў паштоўку з выяваю "Пагоні", беларускія мастакі Мікола Купава і Уладзімір Крукоўскі падрыхтавалі паштоўку і плакат, якія распаўсюджваліся самвыдатам, а таксама быў выраблены медаль беларускай мастачкай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамарай Іванаўнай Васюк.

Паштоўкі былі перавыдадзены ў Лондане, атрымалі шырокі розгалас і гісторыка-культурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай акцыі. Справа "Тысячагоддзе Беларусі" даследвалася КДБ БССР, некаторыя ўдзельнікі гэтай гістарычнай імпрэзы выклікаліся для дачы тлумачэнняў у КДБ БССР.

Нетрадыцыйнае, несавецкае бачанне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае незадавальненне беларускіх уладаў і адпаведных органаў, таму некалькі разоў на кватэру ў Маладзечна, дзе ў той час жыў М.І.Ермаловіч, прыходзілі супрацоўнікі КДБ БССР і прыносілі позвы з патрабаваннем з'явіцца і разабрацца з "извечной самостоятельностью белорусов".Следчым, якія выклікалі і гутарылі з М.І. Ермаловічам, трэба было дзесьці знайсці яго самвыдацкія творы, каб, вывучыўшы іх, спрачацца нараўне з вучоным аб яго неардынарнай канцэпцыі развіцця гісторыі Беларусі. Некаторым следчым гэта было не да спадобы і не пад сілу - многія з іх наогул не ведалі афіцыйнай гісторыі Беларусі, а некаторыя з іх не мелі нават адпаведнай адукацыі. Але трэба было трымацца прымаўкі: "Перш, чым змагацца з ворагам, трэба яго ведаць", і ім прыходзілася знаёміцца з канцэпцыяй вучонага. Бо не выпадкова, да слова кажучы, нават акружэнне рымскага папы ў барацьбе з камунізмам, які "распаўзаўся па ўсёй планеце", старанна вывучала творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іншых вядомых ідэолагаў камуністычнага будаўніцтва.

У адрозненні ад беларускіх гісторыкаў Уладзіміра Іванавіча Пічэты і Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, якія былі рэпрэсаваны і сядзелі ў турме, Ермаловіч, на шчасце, не зазнаў такіх, як яны, цяжкіх выпрабаванняў - і рэпрэсіі, і турмы, і ссылкі. Але і яму, жывучы ў Беларусі, спатрэбілася вялікая грамадзянская мужнасць.

Нягледзячы на сваё слабое здароўе, у барацьбе за праўдзівую гісторыю Беларусі, ён праявіў сапраўдны волатаўскі дух, быў паслядоўны і бескампрамісны.

Арыгінальныя гістарычныя творы М.І.Ермаловіча доўга ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях беларускіх часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці, можна сказаць, масава пашыраліся, перадрукоўваліся і распаўсюджваліся самвыдатам сярод беларускіх навукоўцаў.

І толькі з часу так званай перабудовы ў СССР, якая пачалася з 1985 г., некалькі навуковых прац М.І. Ермаловіча ўбачылі свет.

Вядомы беларускі вучоны М.М.Улашчык так пісаў пра М.І. Ермаловіча ў лісце беларускаму гісторыку В.П. Грыцкевічу 1 лістапада 1984 г.: "...Я ніколі не пісаў рэцэнзій на яго [М.І.Ермаловіча] артыкул, а толькі выказаў погляд, што такое пытанне вымагае для свайго вырашэння вялікай эрудыцыі і шмат часу. Між іншым, зараз, калі погляды Ермаловіча прыняты Тарасавым і выказаны вялікім тыражом, пытанняў будзе больш і больш. На маю думку, гэта гіпотэза (зараз ніяк не больш) карысная тым, што ўзбудзіла цікавасць, але каб яе вырашыць, гэта значыць, каб адкінуць погляды, якія складаліся сотні гадоў, патрэбна эрудыцыя ўзроўню Лаўмянскага. Патрэбна навуковае веданне лацінскай і старанямецкай моваў і ўсіх еўрапейскіх моваў. Перш за ўсё патрэбна правяраць кожнае слова крыніц, лацінскіх і старанямецкіх, значна прасцей матэрыялы летапісаў..."

20 снежня 1985 г. ужо ў лісце да беларускага пісьменніка Э.В.Ялугіна М.М.Улашчык зноў звяртаецца да гіпотэзы М.І.Ермаловіча:

"...Цяпер пра Ермаловіча [...]

Ермаловіч на гэтым месцы апантаны, і за гэта яго трэба шанаваць. Яго гіпотэза - што не літоўцы заваявалі Беларусь, але наадварот, надта прывабная, і ў яго ўжо ёсць шмат прыхільнікаў, але гэта толькі гіпотэза, прытым у самай пачатковай форме. Адным з доказаў у Ермаловіча з'яўляецца наяўнасць на Беларусі паселішчаў з назваю «Літва». Сапраўды гэта доказ адваротнага: літоўцы сяліліся на Беларусі, ці ў Польшчы, ці на Украіне, для ваколічнага насельніцтва яны былі чужыя, літва, адсюль і назвы. Дарэчы, такіх назваў ёсць значна больш, чым у Ермаловіча... Каб гэтыя назвы загаварылі грунтоўна, трэба перш за ўсё ўстанавіць, калі яны заснаваны, бо, можа быць, і сто гадоў назад. Па-другое, каб даць такім назвам кваліфікаваную інтэрпрэтацыю, трэба быць моваведам вельмі высокай кваліфікацыі, дасканала ведаць літоўскую і лацінскую мовы, а таксама і стараславянскую.

Але каб арыентавацца як след, трэба ўзяць крыніцы не толькі свае, але і нямецкія (сярэдневяковая лаціна і стара-нямецкая мова). У нас пакуль такіх спецыялістаў няма і, відаць, будуць не скора... Калі ў нас будзе спецыяліст [прафесар Лаўмянскі] такога рангу, тады праблему, узнятую Ермаловічам, можна будзе ставіць на навуковы грунт..."

Навуковыя працы М.І.Ермаловіча адрозніваюць летапісныя паняцці "літоўцы" і "Літва", якія многія даследчыкі-гісторыкі неправамерна атаясамліваюць з сучаснымі этнічнымі паняццямі. У сваіх разважаннях і вывадах М.І.Ермаловіч меў не менш аргументаў, чым яго апаненты, якія, як і ён, карысталіся аднымі і тымі ж нешматлікімі летапіснымі звесткамі.

Грунтоўны аналіз рускіх, беларуска-літоўскіх летапісаў, нямецкіх і польскіх гістарычных хронік далі магчымасць аўтару старанна прасеяць гісторыю Полацкай, Тураўскай і іншых беларускіх земляў і адкінуць пустую мякіну, выказаць свае слушныя і трапныя меркаванні, згадкі, заўвагі.

Канцэпцыя М.І.Ермаловіча адпавядае высновам беларускіх археолагаў аб тым, што да VIII - IX стагоддзяў на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Яны паступова на працягу стагоддзяў асіміляваліся беларускім насельніцтвам ажно па XVI стагоддзе (прыклад - раён Вільні і сучаснага літоўска-беларускага пагранічча). Польскі гісторык Е.Ахманьскі ў свой час звярнуў на гэта ўвагу даследчыкаў мінуўшчыны. Ён адзначаў, што астраўкі літоўскага насельніцтва на беларускіх землях у канцы XIV стагоддзя, калі адбывалася хрышчэнне язычнікаў-літоўцаў, перайшлі ў каталіцтва.

У сваіх працах М.І.Ермаловіч адзначае, што значная перашкода для аб'ектыўнага асвятлення пачатковага перыяду гісторыі ВКЛ - гэта атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Літоўскай рэспублікі. Ён падкрэслівае, што стварэнне ВКЛ са сталіцаю ў горадзе Навагрудку найперш адпавядала інтарэсам беларускіх феадалаў. І невыпадкова ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура, а беларуская мова стала дзяржаўнаю моваю і моваю міждзяржаўных зносін. Трэба яшчэ дадаць, што беларускія гісторыкі 20 - 30-х гадоў ХХ стагоддзя, былі менш зашораныя навуковымі штампамі і называлі ВКЛ беларуска-літоўскай дзяржавай.

Шматлікія і шматгранныя гістарычныя працы М.І. Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фарміраванне сучаснай грамадскай думкі і вывучэнне гісторыі Беларусі.

Па прычыне палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы М.І.Ермаловіча не маглі з'явіцца ў тагачасным савецкім галоўлітаўскім афіцыйным друку. З пачаткам перабудовы ў былым СССР убачылі свет кнігі М.І.Ермаловіча: "Па слядах аднаго міфа"(тры выданні - 1989, 1991, 2001), "Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды " (1990), "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд" (1994), "Вялікае княства Літоўскае Беларуская дзяржава" (2003) і іншыя творы вядомага гісторыка.

У гісторыі старажытнай Беларусі IX-XIV стагоддзяў М.І.Ермаловіч вылучаў тры перыяды: полацкі (ІХ - сярэдзіна ХІІІ стагоддзі), новагародскі (сярэдзіна ХІІІ - пачатак ХІV стагоддзяў), віленскі (1316 - 1385 гады). Беларускі гісторык лічыў, што славянскія плямёны далі пачатак беларускай, украінскай і вялікарускай народнасці пасля іх перасялення ва Усходнюю Еўропу ў залежнасці ад таго, на якой тэрыторыі яны пасяліліся, і якое карэннае (неславянскае) насельніцтва суіснавала разам з імі.

У VIII - IX стагоддзях на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Да канца XIV стагоддзя яны асіміляваліся. На думку М.І.Ермаловіча, беларусы не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты. Асіміляцыя балтаў адбывалася на працягу ўсёй далейшай гісторыі аж да нашага найноўшага часу. Мікалай Іванавіч выказаў меркаванне, што найгалоўнейшай з'явай этнагенезу беларусаў і фарміравання іх тэрыторыі з'яўляецца ўзаемапранікненне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва. М.І.Ермаловіч лічыў, што палачане былі першым вынікам дрыгавіцка-крывіцкага зрашчэння, што стала асновай для ўзнікнення Беларусі і беларусаў.

На думку М.І.Ермаловіча, з ІХ стагоддзя да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя вядучую ролю ў гісторыі Беларусі іграў горад Полацк, потым Новагародак (Навагрудак).

Асаблівую ўвагу М.І. Ермаловіч звяртаў на палітычную гісторыю зямель Беларусі - Полацкая, Тураўская, Новагародская і іншыя. Ён дэталёва разглядзеў падзеі ў Беларусі ў ІХ - ХІІІ стагоддзях на аснове вялікай колькасці гістарычных першакрыніц, крытычна падышоў да поглядаў іншых гісторыкаў, адхіліў тэзіс рускай дарэвалюцыйнай і савецкай навукі пра заваяванне летувісамі (літоўцамі) беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя.

М.І.Ермаловіч у сваіх працах характарызуе Вялікае княства Літоўскае, як беларускую дзяржаву. Самастойнасць і арыгінальнасць мыслення М.І.Ермаловіча, крытычныя адносіны да прадстаўнікоў афіцыйнай савецкай гістарычнай навукі, арыгінальныя высновы, падмацаваныя строгаю сістэмаю доказаў, параўнанне фактаў з розных летапісаў і замежных хронік дазволілі яму прапанаваць чытачам і прафесійным гісторыкам сваю новую канцэпцыю старажытнай гісторыі Беларусі.

Паводле палітычных матываў галоўныя працы М.І.Ермаловіча не маглі з'яўляцца ў афіцыйным друку, таму ў 1979 - 1980 гадах памнажаліся самвыдатам, напрыклад, праца "Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?".

Былі і такія выпадкі, калі самвыдацкі памнажаліся тыя працы Ермаловіча, якія нават былі апублікаваны ў афіцыйным друку. Напрыклад, так рабіліся копіі з арыгінальнай працы М.І.Ермаловіча "Балцкія плямёны" ("Голас Радзімы", № 5, 1981).

У машынапісным выглядзе памнажалася праца "У духу застойнага часу". Гэты артыкул М.І.Ермаловіч напісаў у адказ на артыкул дактароў гістарычных навук Інстытута гісторыі АН БССР В.І.Мялешкі і З.Б.Капыскага "Фактам вопреки" ("Советская Белоруссия", 28.07.1987). Пасля таго, як рэдакцыя газеты "Советская Белоруссия" катэгарычна адмовілася друкаваць яго артыкул, ён актыўна стаў распаўсюджвацца ў машынапіснай форме. Значна пазней ён быў апублікаваны ў часопісе "Студэнцкая думка" (№3, 1989 г.) (Да ведама, часопіс "Студэнцкая думка" - грамадска-палітычнае і культурна-асветніцкае выданне найперш студэнцкай суполкі "Світанак", потым Згуртавання Беларускіх Студэнтаў і Задзіночання Беларускіх Студэнтаў).

За такія новыя погляды на гісторыю Беларусі ў свой час ён шмат цярпеў.

У 1966 г. начальнік Маладзечанскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР Іваноў дзесьці выступаў і казаў пра М.І.Ермаловіча:"Вот и у нас есть такое живое ископаемое - свой динозавр".

І далей: "Смотрите, что он говорил в 1947, 1948, 1950, 1953... годах".

Вось яно што! Значыць сачылі! Сачылі і публічна абражалі! Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў ужо з таго часу (а можа і раней), як кажуць, пад калпаком!

У 1981 г. на Вучоным савеце Інстытута гісторыі АН БССР было выказана патрабаванне звярнуцца ў ЦК КПБ, каб яму было забаронена друкавацца.

У 1984 г. М.І.Ермаловіча тройчы выклікалі ў КДБ БССР з тае прычыны, што ён "піша гісторыю, у якой хоча даказаць адвечную самастойнасць Беларусі".

У 1987 г. у адной з рэспубліканскіх газет былі змешчаны разносныя артыкулы доктара гістарычных навук, прафесара А.І.Залескага і доктара гістарычных навук, прафесара А.П.Ігнаценкі, у якіх яны бяздоказна шальмавалі погляды М.І.Ермаловіча на полацкую гісторыю (гісторыю Полацкага княства).

Літаратурнай творчасцю М.І.Ермаловіч займаўся з 1936 г. Дэбютаваў вершам, прысвечаным смерці Максіма Горкага ў раённай газеце "Ударнік Дзяржыншчыны" (г. Дзяржынск) 22 чэрвеня 1936 г. З 1948 г. друкуе ў маладзечанскай абласной газеце "Сталінскі шлях", у альманаху "Нарач", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Голас Радзімы", часопісах "Полымя", "Нёман", "Маладосць" і ў навуковых зборніках свае гістарычныя і літаратурна-крытычныя творы.

У 1963 - 1964 гадах М.І.Ермаловіч выпускае рукапісны самвыдацкі часопіс "Падснежнік", чатыры выпускі якога выйшлі да 1964 года. Выхад "Падснежніка" спыніўся пасля зняцця з пасады Першага сакратара ЦК КПСС М.С. Хрушчова на кастрычніцкім (1964 г.) пленуме ЦК КПСС, калі ў грамадскім жыцці ўсталявалася атмасфера хваравітай падазронасці і "выкрывальнасці".

У 1970 - 1980-х гадах самвыдатам распаўсюджваліся іншыя непадцэнзурныя гістарычныя працы М.І.Ермаловіча. У 1975 - 1976 гадах Мікола Іванавіч узнавіў выпуск рукапіснага самвыдацкага часопіса (машынапіснае выданне) пад новаю назваю "Гутарка: аб усім, што баліць", якога ў агульнай колькасці выйшла каля 50 выпускаў. У гэтым выданні змяшчаліся творы рознага жанру, якія былі прасякнуты ідэяй незалежнасці, нацыянальнага абуджэння Беларусі, якія з-за сацыяльнай і палітычнай накіраванасці не маглі быць надрукаваны ў афіцыйным друку. "Гутаркі..." шматразова перадрукоўваліся на друкарскай машынцы, перапісваліся пад калькавальную паперу ад рукі, распаўсюджваліся сярод беларускай інтэлігенцыі Менска, Маладзечна і іншых гарадоў Беларусі. Гэтыя "Гутаркі"выдаваліся Мікалаем Іванавічам пад псеўданімам Сымон Беларус, М.Ермолаев, Я.Мікалаеў, М.Ярмалаеў, Мікола Наваселец.


Назву самвыдацкага часопіса "Гутарка: аб усім, што баліць" М.І.Ермаловіч выбраў не выпадкова. У ХІХ стагоддзі "гутаркі" былі найбольш пашыраным жанрам нелегальнага друку ў царскай Расіі. М.І.Ермаловіч рыхтаваў матэрыялы ў горадзе Менску ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна, друкаваў у горадзе Маладзечне на друкарскай машынцы, потым перадаваў гэты матэрыял беларускаму мастаку Я.С.Куліку для тыражыравання. Нумар "Гутаркі" выходзіў прыкладна адзін раз у тыдзень.

Заснаванне і выданне М.І.Ермаловічам падпольнага публіцыстычнага выдання "Гутарка: аб усім, што баліць", мела вялікую папулярнасць, карысталася вялікім попытам перадавой грамадскасці Беларусі.


У "Гутарках" быў апублікаваны яго вядомы верш "Водпаведзь", які я тут цытую:

На ваш папрок, што шмат нам далі,

Скажу я вам такія словы:

Вы ДАСТАЕЎСКАГА ў нас узялі,

Узамен нам даўшы Мураўёва...


Наш ДАСТАЕЎСКІ крыж няволі

За вашу волю нёс бясстрашна,

Ён азарыў з сардэчным болем

Пацёмкі вашых душ няшчасных.


Ваш Мураўёў распяў на крыжы

Тых, хто паўстаў за нашу волю,

І КАСТУСЯ зару згасіўшы,

Нас цемрай гвалту абяздоліў.



Вы нас бязбожна абкрадалі

Ці то ў стары час, ці то ў новы.

Вы ДАСТАЕЎСКІХ у нас бралі,

А нам давалі мураўёвых.


Мікола Ермаловіч - аўтар грунтоўных артыкулаў пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Лучыну, Я.Купалу, Я.Коласа, А.Гурыновіча, К.Каліноўскага і іншых.

Крытыка неаднаразова адзначала вялікую працаздольнасць М.І.Ермаловіча, яго апантаную адданасць справе, дасканалае валоданне фактамі, велізарным аб'ёмам гістарычнага матэрыялу, які ён выкарыстоўваў, навуковую доказнасць.

М.І.Ермаловіч - аўтар грунтоўных кніг, якія зрабілі значны ўклад у новыя погляды на развіццё гісторыі Беларусі ў ІХ - ХІV стагоддзях. М.І.Ермаловіч - лаурэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за кнігу "Старажытная Беларусь" (1992), Літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1993).

М.І.Ермаловіч быў неўтаймаваным і няўрымслівым чалавекам. Ён усё хацеў ведаць, сам да ўсяго дакапацца.

Ермаловіч і жыў, і працаваў сумленна і высакародна, ніколі і не ў чым не здраджваў галоўнаму ў сваім нялёгкім жыцці - беларускай ідэі і беларускаму Адраджэнню.

Аднак на здзелку з сумленнем і ўласнымі прынцыпамі ніколі не ішоў. І больш таго, папярэджваў далікатна і тактоўна пра неабдуманы крок ці ўчынак сваіх сяброў, калі пра гэта даведваўся загадзя. М.І.Ермаловіч не стаў на калені ні перад трымальнікамі ўлады, ні перад старшымі па званню і ступені вучонасці, якія ў той час, у 60 - 80-я гады ХХ стагоддзя, абаранялі свае кандыдацкія і доктарскія дысертацыі па тагачасных папулярных тэмах "КПСС - КПБ", "Прынцыпы і метады марксізму-ленінізму і пралетарскага інтэрнацыялізму", "Роля КПБ у барацьбе..." і іншых.

М.І.Ермаловіч неаднаразова выступаў перад сябрамі клуба "Спадчына". Гэта былі другая палова 80-х - 90-я гады ХХ стагоддзя - тыя часы, калі новае слова пра наша гістарычнае мінулае ўспрымалася як глыток свежага паветра ў застойным, затхлым грамадстве. Людзей, паслухаць і пабачыць Ермаловіча, пазнаёміцца з ім, збіралася шмат. Невядома, як яны даведваліся і потым перадавалі па ланцужку, па тэлефону, дзе і калі будзе выступаць знакаміты гісторык. Яго ўжо ў тыя, савецкія часы, канцэпцыя ўтварэння ВКЛ усімі ўспрымалася, як новае ў беларускай гістарычнай навуцы, мела шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў, якія хутчэй і больш дэталёва зразумелі канцэпцыю, чым дыпламаваныя вядомыя беларускія гісторыкі і гісторыкі былога Саюза ССР.

І колькі часу, розуму, сіл і энергіі давялося затраціць М.І.Ермаловічу, каб даказаць і замацаваць у беларускай гістарычнай навуцы і спадчыне гэты аб'ектыўны і законны тэзіс на станаўленне і развіццё гісторыі Беларусі. І якія хмары не згушчаліся б над ім - ён не скарыўся, не падпарадкаваўся той партнаменклатурнай ідэалогіі, таму прынятаму ўсімі пункту погляду на станаўленне і развіццё гісторыі Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён.

Вось такі няскораны, моцны духам быў наш зямляк, які жыў, працаваў, пісаў кнігі, адкрываў новыя старонкі Старажытнай гісторыі Беларусі.

Мікалай Іванавіч Ермаловіч трагічна загінуў, трапіўшы пад машыну, 4 сакавіка 2000 г. Адпяванне Мікалая Іванавіча праходзіла ў Ратамскай Свята-Мікалаеўскай праваслаўнай царкве. Сябры клуба "Спадчына" былі на пахаванні М.І.Ермаловіча - на развітанні ў Доме літаратара і на могілках у горадзе Маладзечне, дзе пахавана яго жонка.

Сябры клуба "Спадчына"адзначылі 80-годдзе з дня нараджэння М.І.Ермаловіча ў 2001 г., гадавіну з дня яго смерці, да гэтай даты беларускі мастак Алесь Цыркуноў напісаў алейнае палатно "Мікола Ермаловіч" .

У памяць слыннага беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы намаганнямі сяброў клуба "Спадчына" у 2003 годзе ў Старадарожскім мастацкім музеі Фонд Анатоля Белага 1 верасня і ў горадзе Маладзечне 28 лістапада (мастак У.Малахаў) ўстаноўлены помнікі.

З Мікалаем Іванавічам Ермаловічам аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся ў канцы 1968 г.: у той час я працаваў у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і быў у камандзіроўцы ў Маладзечне, у Менскім абласным краязнаўчым музеі. У гэтым музеі старшым навуковым супрацоўнікам у той час працаваў Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Ён і пазнаёміў нас. Аказалася, што мы землякі, з Дзяржыншчыны.

Неўзабаве Мікалай Іванавіч прыехаў да нас у БелСЭ. Навуковых прац яго ў той час не друкавалі. І мы прапанавалі Ермаловічу з ягоных рукапісаў кніг падабраць матэрыялы для энцыклапедычных тэрмінаў, т.зв. чорных слоў - і зрабіць з іх артыкулы для апублікавання ў энцыклапедыі. Такім чынам у 12-ці тамах БелСЭ ім было апублікавана 37 навуковых артыкулаў. Некаторыя яго палажэнні па старажытнай гісторыі Беларусі былі, так сказаць, "агучаны" ужо ў такім салідным навуковым выданні, як БелСЭ.

Працуючы ў выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР загадчыкам рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве, я дапамог М.І.Ермаловічу выдаць кнігу "Па слядах аднаго міфа", якая выйшла ў 1989 г. Мы былі з ім як бы знітаваныя - землякі і робяць адну і тую ж справу - справу Адраджэння Беларусі.

Апошні званок яго быў да мяне ў канцы лютага 2000 года. А потым я даведаўся пра сумную вестку - Міколы Іванавіча не стала.


Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ



МІКОЛА ЕРМАЛОВІЧ -неардынарны прадстаўнік беларускай гістарыяграфіі

Галоўная заслуга Міколы Ермаловіча тая, што ён правільна вызначыў месцазнаходжанне летапіснай Літвы. Скажу крыху, як гэта было. Я пазнаёміўся з Міколам Іванавічам у 1968 г. Сектар археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР рыхтаваў археалагічную канферэнцыю. Нечакана да археолагаў з'явіўся энергічны чалавек, які размаўляў на прыгожай чыстай беларускай мове, з просьбай уключыць у парадак дня канферэнцыі яго даклад "Дзе была летапісная Літва". Пасля працяглай размовы арганізатарамі канферэнцыі было прынята станоўчае рашэнне пры ўмове, што тэзісы даклада павінны быць на 4 - 5 старонках і напісаны на рускай мове.

У 1969 г. невялікі артыкул Ермаловіча быў надрукаваны ў зборніку "Тезисы докладов к конференции по археологии Белоруссии" (Минск, 1969. С. 233 - 238).Тут жа змешчана карта "Тэрыторыя летапіснай Літвы". Яна была даволі значнай, у абазначаную тэрыторыю ўваходзілі гарады Маладзечна, Заслаўе, Клецк, паселішча Рута і іншыя. Пазней Ермаловіч улічыў некаторыя заўвагі, тэрыторыя летапіснай Літвы была значна паменшана, але ў ёй яшчэ больш выразна абазначаны тапонімы "Літва", усіх пяць, і Мікола Ермаловіч лічыў іх асноўнымі сваімі аргументамі. Гэты другі варыянт карты быў пазней надрукаваны ім у кнізе "Па слядах аднаго міфа" (1991) і ў многіх іншых яго работах, уключаючы апошнюю - "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" (Мн., 2000. С.29). На карце адсутнічаюць археалагічныя помнікі, якіх наогул мала на дадзенай тэрыторыі. Адсюль скепцытызм археолагаў да яе. Да гэтай карты адносяцца галоўныя крытычныя заўвагі. Наяўнасць тапонімаў "Літва"можна выкарыстаць не толькі для таго, што тут была летапісная Літва, але і для таго, што яе не было ў гэтым месцы. М.І.Ермаловіч разглядае шмат іншых сюжэтаў, якія даказваюць, што беларусам належыць выдатная роля ў стварэнні Вялікага Княства Літоўскага, без беларусаў літоўцы не змаглі б стварыць такую вялікую дзяржаву - "ад мора да мора" і, менавіта, у гэтым бяспрэчная заслуга Міколы Ермаловіча.

Неардынарны беларускі гісторык другой паловы ХХ стагоддзя ў гісторыі Бацькаўшчыны вылучыў перыяды: полацкі перыяд (ІХ - сярэдзіна ХІІІ ст.), новагародскі перыяд (1246 - 1316), віленскі перыяд (1316 - 1385), крэўскі перыяд (1385 - 1569), перыяд Рэчы Паспалітай (1569 - 1795). Ён сказаў сваё новае слова ў гісторыі кожнага перыяду.

Мікола Ермаловіч лічыў, што славянскія плямёны далі пачатак беларускай, украінскай і велікарускай народнасцям пасля іх перасялення ва Усходнюю Еўропу ў залежнасці ад таго, на якой тэрыторыі яны пасяліліся і якое карэннае (неславянскае) насельніцтва суіснавала разам з імі. На яго думку беларусы "не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты". Асіміляцыя балтаў адбывалася на працягу ўсёй далейшай гісторыі аж да нашага часу. Напрыклад, працэс беларусізацыі балцкіх этнічных элементаў назіраўся на тэрыторыі цяперашніх Астравецкага, Смаргонскага, Ашмянскага і суседніх раёнаў на працягу многіх стагоддзяў, а ў некаторых месцах завяршыўся толькі ў ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў.

М.І.Ермаловіч меркаваў, што найгалоўнейшай з'явай этнагенезу беларусаў і фарміравання іх тэрыторыі з'яўляецца іх узаемапранікненне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва. Палачане былі першым вынікам дрыгавіцка-крывіцкага зрашчэння, што стала грунтам, на якім узніклі Беларусь і беларусы.

Паводле даследванняў М.І.Ермаловіча з ІХ стагоддзя да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя рэй гісторыі Беларусі вёў Полацк, потым Новагародак. Ён сцвярджаў, што неабходна адрозніваць старажытную (летапісную) Літву, якая размяшчалася ў Верхнім Панямонні ў Беларусі, ад сучаснай Літвы ("Летувы").

Даследчык у сваіх творах звяртаўся да палітычнай гісторыі старажытных зямель Беларусі (Полацкая, Тураўская, Пінская, Новагародская, Гродзенская і іншыя). Не заставалася па-за яго ўвагай і Смаленская зямля. Ермаловіч дэталёва разгледзеў падзеі ІХ - ХІІІ стагоддзяў, XIV - XVI стагоддзяў, на аснове аналізу гістарычных першакрыніц, крытычна падышоў да поглядаў многіх іншых гісторыкаў. Ён абверг тэзіс расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў пра заваяванне літоўцамі ("летувісамі") беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя. Ермаловіч характарызуе Вялікае Княства Літоўскае як беларускую дзяржаву ў процівагу тым летувіскім (і не толькі летувіскім) гісторыкам, якія абвяшчаюць ВКЛ выключна летувіскай дзяржавай.

Такім чынам М.І.Ермаловіч зрабіў важкі ўзнёсак у гістарыяграфію Беларусі і яго ўплыў будзе доўга адчувацца ў ёй.


Георг ШТЫХАЎ



Рамантычны гісторык

Да 80-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча


І


Першай сустрэчы не выпадае называцца першай. Ужо хоць бы таму, што, зазвычай, запамінаецца яна на ўсё жыццё...

...Летні нядзельны дзень той быў самым звычайным. Хіба што толькі незвычайна гарачым для Беларусі: на тэрмометры было амаль 30. Тысячы менчукоў падаліся за горад: хто - на дачу, хоць і было іх тады няшмат яшчэ, а хто - проста на прыроду, да вады... На вуліцах - нязвыкла пуста і прасторна.

У чытальнай зале Ленінскай (тады яшчэ Ленінскай) бібліятэкі нас, дзівакоў, двое. Я гартаю патрэбныя мне газеты, часопісы і кніжкі з архіваў; ён - патрэбныя яму... Я ведаю, хто ён... Мы разам прыйшлі ў 10.00 у гардэроб, каб здаць вахцёрцы свае партфелі. А цяпер вось займаемся кожны сваёй справай.

У 11.45 у бібліятэцы традыцыйнае праветрыванне. Адчыняюцца вокны і дзверы, утвараецца моцны скразняк. І ён, і я выйшлі ў хол, праўда, ні ён, ні я не курым...

- Добры дзень, Мікалай Іванавіч! - набраўшыся ці то смеласці, ці то нейкага нахабства, падышоў я да яго.

- Добры дзень, добры дзень... - Ён неяк адначасова і засаромеўся, і ўздрыгануўся, і захваляваўся. Падаў руку: маю ж паціснуў моцна-моцна, нават неяк ...незвычайна. - А вы, прабачце, хто?

Ён блізка-блізка наблізіўся да майго твару. Я назваўся.

- Я рады з вамі пазнаёміцца, - апярэдзіў ён мяне. - Сёння, ды яшчэ тут, у Ленінцы. Я чытаў што-нішто вашае. Дзякуй...

- Не трэба, Мікалай Іванавіч, - запратэставаў я ў адказ. - За што "дзякуй"? Вось Вам сапраўды дзякуй!

У той першы дзень нашага знаёмства мы так і не пагаварылі. Ці то з-за кампліментаў адзін аднаму, ці то з-за чаго яшчэ. Затое потым, на працягу больш чым 15 гадоў, мы былі спачатку знаёмцамі, потым - аднадумцамі, а пазней - і добрымі сябрамі...


ІІ


У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя кнігі і артыкулы яго, Міколы Ермаловіча, сталі адкрыццём старажытнай Беларусі. Сапраўдным адкрыццём, якога - без перабольшвання! - чакала не адно пакаленне беларусаў. Бо было тое адкрыццё такой жа, сапраўднай Беларусі..

Тады ж, у дзевяностыя, мы даведаліся, што і кнігі, і артыкулы Мікалай Іванавіч пісаў не адно дзесяцігоддзе. Думаю, не памылюся, калі скажу так: ён пісаў іх усё сваё свядомае жыццё.

Тое жыццё, якое ён - Праведнік і Пакутнік -пражыў шчыра і сумленна, з найвялікшай карысцю для Бацькаўшчыны.

Ягоная біяграфія звычайная і незвычайная адначасова. Яна - як стрэл гарматы, як след бліскавіцы.

Стрэл гучны і трапны - надзвычай трапны.

След яркі і непаўторны.


...Яму было 16 гадоў, калі без вестак знік бацька. Хаця, уласна кажучы, дзе падзеўся Іван Ермаловіч з вёскі Малыя Навасёлкі на Койдаўшчыне добра ведалі ўсе. Селянін Іван Ермаловіч жыў на савецкай тэрыторыі, а ягоны родны брат, паводле тагачаснага падзелу, праз мяжу - на польскай зямлі. Аднойчы, познім адвячоркам, прыехалі ў Малыя Навасёлкі энкавэдэшнікі і, не задаўшы бацьку ніводнага пытання, забралі яго з сабой: маўляў, пайшлі, шпік, там раскажаш усё як на духу - што рабіў, каму служыў... Хаця нічога Іван і не рабіў, і нікому ён не служыў, аднак дадому не вярнуўся, і больш ніхто ніколі яго не бачыў...

А неўзабаве, у тым жа 1937-м годзе "папаўся" і сам Мікола. Ужо восенню, ідучы са школы, вырашыў пазнаёміцца з "гістарычным" пасланнем таго часу - "Пісьмом беларускага народа вялікаму Сталіну". Зачытаўся, спатыкнуўся і ўпаў разам з ім у лужыну. Ліст той трэба было вярнуць настаўніку, аднак быў ён і скамечаным, і брудным... Са школы Міколу неадкладна ж выгналі...

Сярэднюю адукацыю ён атрымаў толькі ў 1940-м, здаўшы экзамены экстэрнам. Разумеў: на малой радзіме, на Меншчыне, з такой біяграфіяй (сын "ворага народа" ды і сам добры "шкоднік") ходу, што называецца, не будзе, таму, прайшоўшы падрыхтоўчыя курсы і паступіўшы на літаратурна-лінгвістычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, паехаў працаваць далёка ад бацькоўскага кутка - ажно ў Шаркаўшчынскі раён, загадчыкам педкабінета тамтэйшага раённага аддзела адукацыі. Там і заспела Міколу Вялікая Айчынная.

З дрэнным, вельмі слабым зрокам ад самых народзінаў (я асабіста не мог стрымаць слёз, калі Мікалай Іванавіч апавядаў, як тое было: маці жала жыта, а ён, толькі што народжаны, ляжаў пад збожжавай бабкай, і сонца, прайшоўшы па небу паўтары - дзве гадзіны, паслала свае промні яму ў твар і прыпякло вочкі немаўлятку) у войска для барацьбы з фашызмам яго, натуральна, не ўзялі. Эвакуіраваны ў далёкую Мардовію, Мікалай Іванавіч выкладаў там рускую мову і літаратуру. Калі ж напрыканцы 1943 года пачалося вызваленне Беларусі, ён неадкладна вярнуўся на Віцебшчыну і ў былым Суражскім раёне стаў інспектарам райана. І толькі ў 1946 годзе вярнуўся на родную Койданаўшчыну.

Вярнуўся не толькі са слабым зрокам, але і са слабым здароўем увогуле. Падчас прыезду з Мардовіі ў Маскву там, у белакаменнай, незнарок трапіў Ермаловіч пад цягнік. Знайшлася, на шчасце, міласэрная масквічка, якая ў простым сэнсе слова вярнула небараку з таго свету: на сабе зацягнула яго дадому і выхадзіла...

Змаганне за жыццё, за выжыванне ён вёў паралельна са змаганнем за набыццё ведаў, пашырэнне і паглыбленне кругагляду, уласнай дасведчанасці. І гэта не тое што ўдавалася, а проста атрымлівалася ў яго, неўтаймоўнага і няўрымслівага маладога чалавека. Ён усё хацеў ведаць, да ўсяго дакапацца... Аднак на здзелку з сумленнем, уласнымі прынцыпамі не ішоў ніколі. Больш таго: ахвяраваў усім... Калі ў 1947 г. закончыў Менскі педагагічны і яму прапанавалі пайсці ў аспірантуру і прафесійна заняцца даследчыцкай працай, Мікола Іванавіч адмовіўся. Падстава? Унутраная нязгода з тагачаснымі "дырэктарамі" ад навукі: тэму, якую ён прапанаваў для распрацоўкі ў якасці кандыдацкай: "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі", без тлумачэнняў "зарэзалі", а прапанавалі іншую, "сваю": "Вобраз Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ў беларускай літаратуры і фальклоры"... Цану і самой тэмы, і таго "дарагога" вобраза Ермаловіч ведаў з асабістага жыццёвага досведу, таму і не пайшоў на здзелку - нават у імя асабістай будучыні.

Так і апынуўся ён на перыферыі - у тагачасным абласным цэнтры Маладзечне. Сем гадоў выкладаў беларускую літаратуру ў тамтэйшым настаўніцкім інстытуце, а пасля закрыцця яго - з 1955 года - загадваў метадычным кабінетам Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1957 г. вочы Мікалая Іванавіча здалі ледзь не канчаткова, і лекары аформілі яго на пенсію...

За наступныя сорак гадоў (!) свайго жыцця пенсіянер першай групы Мікалай Іванавіч Ермаловіч зрабіў столькі, колькі не зрабіў пакуль што ніводзін навуковец!


ІІІ


Ёсць нешта вельмі і вельмі сімвалічнае (адначасова і прарочнае!) у тым, што на айчынную, ды яшчэ і старажытную гісторыю нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны першым - цвяроза, сумленна і аб'ектыўна - глянуў па сутнасці сляпы чалавек.

Сапраўдны Праведнік.

І сапраўдны Прарок!

...Сярод самых дарагіх рэліквій, што маю я ў сваім сціплым хатнім архіве, некалькі здымкаў з Мікалаем Іванавічам, вядома ж - ягоныя кніжкі. А яшчэ - дыктафонная касета з запісамі ўспамінаў Ермаловіча, зроблены менш чым за год да ягонай трагічнай смерці...

Якраз тут дарэчы невялічкі фрагмент тых згадак:

- Неяк падчас працы маёй настаўнікам у эвакуацыі захварэла выкладчыца гісторыі, і я быў вымушаны замяніць яе ў 8-м класе. Праходзілі вучні тэму "Татарскае нашэсце і літоўскае заваяванне". Акрамя падручніка ніякіх матэрыялаў няма, на дварэ ж вайна... Чытаю: пра татарскае нашэсце ўсё ёсць: што, калі і пры якіх абставінах татары заваёўвалі - Разань, Уладзімір, Кіеў... Пра літоўскае заваяванне было напісана наступнае: "Літоўскі князь Міндоўг аб'яднаў Літву, умацаваў яе і пачаў заваёўваць заходне-рускія землі, што аслаблі ў міжусобнай барацьбе. Першай была занята Чорная Русь і ў галоўным горадзе - Новагародку ён зрабіў сваю сталіцу..."

І ніякага больш апісання. Але ж узніклі пытанні. Аб'яднаў Літву, а ў чужой заваяванай, краіне зрабіў сваю сталіцу: навошта ж рабіў тое?

- Урок я правёў, - казаў мне Мікалай Іванавіч, - але ж думкі заселі глыбока ў свядомасць... Таму, калі выйшаў на пенсію, і заняўся гэтым пытаннем - утварэнне Вялікага Княства Літоўскага...

Вывучэнне пытання ён пачаў са знаёмства са старажытнымі летапісамі - самымі праўдзівымі крыніцамі нашай даўняй гісторыі. Пачаў тады ж, неадкладна - у 1957 г.

Сябры і знаёмыя, нават людзі, якія ведалі яго толькі па прозвішчу, дзесяткі разоў расказвалі мне, як і ў якіх умовах працаваў тады Мікалай Ермаловіч. Жыў у Маладзечне, электрычкі ў сталіцу яшчэ не хадзілі. Тым не менш, кожны тыдзень, на два-тры дні, ён выбіраўся ў Менск. З ранку да позняга вечара ў згаданай ужо Ленінскай бібліятэцы штудзіраваў дакументы, летапісы, кнігі і брашуры ХVІІ - ХХ стагоддзяў, падшыўкі газет і часопісаў... Пры гэтым начаваў дзе толькі выпадала: зрэдку ў гасцініцах, часцей - у знаёмых, а то і на чыгуначным вакзале. З дрэнным зрокам, стомленага за дзень ад напружанага чытання зашмальцаваных і зусім невыразных па друку першакрыніц, "пільныя" ахоўнікі парадку - сталічныя міліцыянеры - вельмі часта прымалі Мікалая Іванавіча за чалавека падазорнага, няпэўных заняткаў. Затрымлівалі, высвятлялі асобу і тут жа адпускалі, не заўсёды набраўшыся смеласці хоць бы папрасіць прабачэння. Ды ён і не чакаў таго прабачэння... Калі ж пайшлі ў кірунку Менска электрацягнікі, Ермаловіч пачаў ездзіць з Маладзечна ледзь не штодзень.

- Найперш прачытаў манаграфіі, што выйшлі да таго часу, - чую я з дыктафона ўзрушаны, але светлы голас Мікалая Іванавіча. - Гэта "Очерки истории Великого княжества Литовского" Антановіча, кнігі "Литовско-русское государство" Дашкевіча, "Сказание о князьях владимирских" Дзмітрыевай, "Образование Литовского государства" Пашуты, "Полоцкая земля" Аляксеева, "Киевская Русь" Грэкава, "Лекции по русской истории" Праснякова, і, вядома ж, даследванні Тацішчава, Салаўёва... І амаль ва ўсіх тое ж самае, што і ў тым школьным падручніку. Абсалютна тое ж! У тоўстай кнізе Пашуты чытаю: "В Черной Руси, которую завоевал Миндовг, в тяжелые времена татарского нашествия княжил его сын Войшелк..." Вось так! Дык што ж гэта такое?! Дзякуй Богу, у 1959-м выйшла кніга "Белоруссия в эпоху феодализма", першы том чатырохтомнага збору дакументаў. Чытаю ўрывак з Іпацьеўскага летапісу": Міндоўг "Литву зане, паимана бе вся земля Литовьская". Божухна, сцвярджалі ж, што ён Чорную Русь заваяваў, а тут, у сапраўднасці, ён "Литву зане"... Дык дзе ж тая Літва? Калі я пачаў глыбей учытвацца, унікаць у тыя летапісы, дык за галаву ўзяўся: куды ж глядзелі тыя гісторыкі!?

Пазней, ужо ў сваім бліскучым даследванні "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае", ён сцвердзіць і пераканае, што Міндоўг не быў заваёўнікам Новагародка, а быў яго сапраўдным гаспадаром...

"...Утварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы..." Колькі розуму, сіл, энергіі і часу аддаў Мікалай Іванавіч, каб даказаць і замацаваць у нашай гістарычнай навуцы і спадчыне гэты аб'ектыўны, законны тэзіс!


ІV


Мікола Ермаловіч (у гэтым, на маю думку, ягоная самая вялікая заслуга) першым аргументавана і доказна правёў размежаванне ў разуменні ўсімі намі - даследчыкамі і аматарамі гісторыі - паняццяў "Старажытная (летапісная) Літва" і "Літва цяперашняя, геаграфічная". Тая, старажытная, мясцілася ў Верхнім Панямонні на тэрыторыі Беларусі - ад Менска да Новагародка з усходу на захад і ад Маладзечна да Слоніма з поўначы на поўдзень. Ну а межы сучаснай Літвы сёння вядомы кожнаму школьніку...

Гісторыю старажытнай Беларусі (а ёй ён прысвяціў чатыры дзесяцігоддзі сваёй падзвіжніцкай працы) Мікалай Іванавіч падзяліў на тры перыяды: Полацкі (ІХ - сярэдзіна ХІІІ стагоддзя), Новагародскі (сярэдзіна ХІІ - пачатак ХІV стагоддзя) і Віленскі (1316 - 1385 гады). Менавіта Полацкая зямля, на яго думку, стала ядром фармавання тэрыторыі Беларусі, эканамічна ўмацаваўшыся і абагнаўшы ў сваім развіцці некаторыя іншыя землі Кіеўскай Русі, яна мела ўжо і тады багатую арыгінальную культуру. Напрыканцы ж ХІІ - пачатку ХІІІ стагоддзя па свайму эканамічна-палітычнаму развіццю на першае месца сярод іншых беларускіх земляў выйшла Новагародская зямля, якую многія даследчыкі неправамерна называлі і называюць зараз Чорнай Руссю... З сярэдзіны ХІІІ стагоддзя пачынаецца яе эканамічны і культурны росквіт. А потым быў Віленскі перыяд. "Такім чынам, - зрабіў Ермаловіч выснову, - не ўтварэнне ВКЛ было перадумовай фармавання тэрыторыі Беларусі і беларускай народнасці і культуры, а, наадварот, працэс фармавання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і культуры, які праходзіў на грунце эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку, быў перадумовай утварэння ВКЛ".

Беларусы, цвёрда пераконваў усіх Мікалай Іванавіч, зусім не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты. Асіміляцыя балтаў праходзіла на працягу ўсёй гісторыі аж да нашага часу, сцвярджаў ён паводле даследвання летапісаў і старажытных помнікаў. Сам даследчык быў перакананы, што найгалоўнейшай з'явай этнагенезу беларусаў і фармаванне іхняй тэрыторыі з'яўляецца ўзаемапранікненне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва. А першым вынікам дрыгавіцка-крывіцкага зрашчэння сталі палачане, што і з'явілася грунтам для ўзнікнення Беларусі, для з'яўлення нашай народнасці.


V


Рукапіс першай сваёй грунтоўнай працы пад назвай "Па слядах аднаго міфа" ён падрыхтаваў ужо ў шасцідзесятыя гады ХХ стагоддзя. Прапанаваў яго часопісу "Полымя", там паабяцалі апублікаваць. - Але, відаць, пабаяліся, - казаў мне ў 1999 годзе Мікалай Іванавіч. - Галоўны рэдактар часопіса Павел Кавалёў сказаў літаральна наступнае: "Ведаеце, ваша работа цікавая, але вы схадзіце ў Акадэмію навук да Пятра Глебкі..."Я пайшоў. Але дзе там! "Не-не, вы наогул ачарнілі нашу гісторыю", - сказалі мне "акадэмікі".

Толькі ў 1989 г. кніга знайшла свой шлях да чытача.

- У выдавецтве тады працаваў Зміцер Санько, - працягваў Ермаловіч. - Ён і параіў мне паслаць усё маскоўскаму даследчыку Аляксееву - аўтару манаграфіі "Полацкая зямля", якая выйшла ў свет у 1966 г. Той і напісаў не толькі станоўчую рэцэнзію, але і прадмову да маёй кнігі.

А літаральна годам раней ,у 1988 г., часопіс "Маладосць" публікуе ягоную "Старажытную Беларусь". Гэта была не проста публікацыя: гэта быў выбух беларускай гістарычнай навукі...

Ды інакш і быць не магло: у ёй шмат што сцвярджалася ўпершыню, шмат што пераглядалася, пераацэньвалася...

У "Старажытнай Беларусі" ўпершыню ў нашай гісторыі сцвярджалася, што беларуская дзяржаўнасць мае багатыя традыцыі, якія бяруць пачатак у старадаўняй гісторыі Полацкага, Тураўска-Пінскага княстваў, гісторыі Вялікага княства Літоўскага.У ёй аўтар упершыню пераканаў нас у выключнай ролі Наовагародка ў згуртаванні беларускіх зямель у адзіную дзяржаву. Ермаловіч, нарэшце, першым паказаў рэальную ролю новагародскага князя Войшалка, які пры падтрымцы новагародцаў і пінян стаў па сутнасці заснавальнікам Вялікага княства Літоўскага...

Сярод афіцыйных гісторыкаў, якія спраўлялі ў той час "свой" баль, пачаўся сапраўдны неўроз. Яшчэ б: нейкі там аматар гісторыі бярэцца сцвярджаць тое, што яны, прафесары ды акадэмікі, адмаўлялі цэлыя дзесяцігоддзі!

Але слова - праўдзівае, моцнае і абгрунтаванае - ужо было сказана!

Ён жыў і працаваў сумленна і праведна, ніколі і ні ў чым не здрадзіўшы галоўнаму - беларускасці, нацыянальнай ідэі. Мікалай Іванавіч не прагінаўся ні перад кім: ні перад трымальнікамі ўлады, ні перад старэйшымі па званнях і ступенях навукоўцамі, якія тады, у 60 - 80-я гады ХХ стагоддзя, баранілі свае опусы то паводле "дзейнасці КПСС - КПБ", то ў адпаведнасці з "прынцыпамі і метадамі марксізму-ленінізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму". Але гэта - іншая тэма...



У склад Камітэту па Дзяржаўных прэміях Беларусі на пачатку 1992 г. мяне рэкамендавала Рада Саюза журналістаў рэспублікі. Камітэт складаўся з 56 чалавек - прадстаўнікоў творчых саюзаў, аб'яднанняў, вядомых беларускіх дзеячаў культуры.

Адным з твораў, вылучаных на атрыманне Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, была і кніга Міколы Ермаловіча "Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды", якая выйшла ў 1990 г.

Абмеркаванне яе - спачатку ў секцыях камітэту, а потым і на агульным пасяджэнні яго - было ажыўленым, вострым і зацікаўленым. Здавалася, не было чалавека, які б не чытаў твор, не аналізаваў яго. Аднак супярэчлівых думак, нягледзячы на рознасць у падыходах да ацэнак нашай гісторыі, заўважана не было.

Кропку над "і" - кропку, так бы мовіць, тлустую і адназначную - паставіла галасаванне. Галасаванне закрытае. "За" прысуджэнне Мікалаю Іванавічу Ермаловічу Дзяржаўнай прэміі Беларусі прагаласавалі мы аднагалосна!

Тагачасны старшыня Камітэту па Дзяржпрэміях народны паэт Ніл Гілевіч, памятаю, так пракаментаваў тады той выпадак:

- Гэта - з'ява... Я верыў, што камітэт па заслугах ацэніць гэтую працу. Яшчэ вышэй кнігу і справу Міколы Ермаловіча ацэніць час.

Час і сапраўды яшчэ скажа і нам, і ўсяму свету: хто такі быў ён, Мікалай Іванавіч Ермаловіч!


VІІ


Хтосьці (вядома ж, з блізкіх сяброў) назваў яго Рамантычным Гісторыкам. І ён сапраўды быў ім: гісторыкам і рамантыкам адначасова. Несумяшчальна? Не думаю. Бо акрамя гісторыі Мікалай Іванавіч пісаў яшчэ і вершы. Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшую ў тым радасць маю,

Што жывеш ты, Беларусь мая.


Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшае ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая!


....Нячаста наведвала яго Муза. А калі наведвала, і нараджаліся вось такія радкі: шчырыя, праўдзівыя, аптымістычныя. І - рамантычныя...

Не часта, але гэтак жа шчыра распавядаў ён нам пра свае планы і задумы. Сэнс іх быў адзін: пісаць і надалей Гісторыю Беларусі. Ды, на вялікі жаль, не суджана было збыцца тым планам-марам: 4 сакавіка 2000 г. Мікалай Іванавіч трагічна загінуў, трапіўшы ў Менску пад машыну...

Імя ж яго і справа яго застануцца назаўсёды!


Анатоль МЯСНІКОЎ,

красавік 2001 г.



Слаўны сын Беларусі

Да 85-годдзя з дня нараджэння Мiколы Ермаловiча (1921 - 2000)

У гэтым годзе споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Мiкалая Iванавiча Ермаловiча, таленавiтага i апантанага даследчыка беларускай мiнуўшчыны, сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны. Гэта быў шырока вядомы беларускi гісторык i лiтаратуразнавец, сябра Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. Гэта быў падзвiжнiк, якi адкрываў чытачам мiнулае Беларусi, папулярызаваў яе даўнюю гiсторыю, значна апярэдзiўшы нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусi, прынятую ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi толькі ў 1992 г. Гэта быў чалавек, якi ўсё сваё жыццё аддаў Бацькаўшчыне i яе гісторыі, быў вялiкiм прапагандыстам гicтарычных ведаў, выступаў на сустрэчах з вучнямі ў школах, са студэнтамi ва унiверсiтэтах (за выключэннем БДУ), з чытачамi, а галоўнае, пicаў творы, прасякнутыя глыбокай любоўю да роднай Беларусі.

Мікалай Іванавіч Ермаловіч пражыў доўгае i цяжкае жыццё. Нарадзіўся ён 29 красавіка 1921 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Менскага павету (цяпер Дзяржынскi раён), вучыўся ў Менскім педагагiчным iнстытуце. З-за слабога зроку ў вайне не ўдзельнічаў, быў настаўнікам сярэдняй школы Мардоўскай АССР. У канцы 1943 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў у тагачасным Суражскiм раёне Вiцебскай вобласцi, быў завучам сярэдняй шко­лы ў Дзяржынску. У 1947 г. скончыў Mенскі педагагiчны iнстытут. Потым працаваў старшым выкладчыкам у Маладзечанскiм настаўніцкім інстытуце, у 1955 - ­1957 гадах быў загадчыкам метадычнага кабiнета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў i выйшаў на пенсiю ў сувязi са значнай стратай зроку. Атрымлiваў невялiчкую пенсiю як інвалід. Аднак, не шкадуючы сябе, Мікалай Iванавiч штодня ездзiў электрычкамi з Маладзечна ў Менск у залу беларускай лiтаратуры Дзяржаўнай (цяпер - Нацы­янальнай) бiблiятэкi.

У бiблiятэцы мы i пазнаёмiлiся. Я тады працаваў над тэкстамi па феадальнай гiсторыi для тома "Гiсторыi Бела рускай ССР" (выйшаў у 1972 г.) , а яго спачатку цiкавiла старажытная гiсторыя Беларусi ад IX да XIV стагоддзя. У размовах высветлiлася, што мы з'яўляемся аднадумцамi, што спрыяла больш блiзкаму знаёмству.

Працаваў Мiкола Ермаловiч са стосам кніг па гiсторыi роднай Беларусi. Ён рыхтаваў сваю першую кнігy. Яму ніхто не плацiў за гэта грошай, ніхто не вызначаў пяцiгадовых планаў, як iншым навукоўцам. Але яму ніхто i не загадваў, як i пра што пiсаць. Яму толькi перашкаджалi.

Ад 1957 г. Мiкола Ермаловiч даследаваў старажытныя летапiсы, аналiзаваў i даваў ацэнкi гicторыкам, ранейшым i сучасным. Абмежаваны фiзiчнымi здольнасцямi (мяне ён пазнаваў па сiлуэце i голасе), М.І.Ермаловiч вывучаў крыніцы самастойна i спачатку ў дыскусiях не удзельнiчаў. Ён меў мужнасць у сваёй працы выступаць супраць афiцыйнай гiстарычнай навукi, закаванай у браню марксiсцка-ленiнскай дагматыкi i вялiкадзяржаўнай расiйскай традыцыi.

Тое, што М. Ермаловiч не знаходзiўся на працы ў афiцыйных навуковых установах (напрыклад, у Інстытуце гісторыі АН БССР цi ў БДУ), пайшло яму на карысць. Hixто з начальства не перашкаджаў яму працаваць, не забара­няў выбiраць тэму ці абмяжоўваць яе рамкамі.

Ужо ў 1975 -1976 гадах метадам самвыдату ён выпускаў лісток "Гутаркі", у якім абвяргаў погляды афіцыйнай савецкай гiстарыя­графii па гісторыі сярэднявечнай Беларусi. У 1980 г. яго рукапiс "Па слядах аднаго мiфа" у скарочаным выглядзе быў узяты ў выдавецтва "Мастацкая лiтаратура" для адмысловага зборнiка артыкулаў. Мне пашчасцiла спрыяць гэтаму цудоўнаму чалавеку: я напiсаў рэцэнзiю з рэкамендацыямi да друку (хаця былi i заўвагi), бо лiчыў кipунак яго даследаванняў перспектыўным. Аднак у ЦК КП Беларусi было вырашана зборнiк не друкаваць.

У 1982 г. я быў запрошаны на пасяджэнне вучонай рады Iнстытутаa гісторыi АН БССР па абмеркаваннi працы пра Беларусь у скла­дзе Вялiкага Княства Лiтоўскага, бо адзiны з аўтараў быў нязгодны з канцэпцыяй iншых аўтараў i навуковых рэдактараў, што працавалi ў Інстытуце гісторыі АН БССР, якiя лiчылi Вялiкае Княства Лiтоўскае выключна лiтоўскай дзяржавай. Дарэчы, кнігa не выйшла, бо ўжо тады маральна састарэла.

Нечакана для мяне кіраўніцтва Інстытута гicторыi АН БССР i некаторыя гiсторыкi, што вывучалi гiсторыю феадальнага перыяду (доктар гістарычных навук З.Ю. Капыскi i iнш.) прапанавалi прыняць рашэнне накіраваць лiст у ЦК КПБ, у якiм звярнулiся з просьбай забаранiць публiкацыю артыкулаў i твораў Мiкалая Iванавiча. Гэта было найлепшай формай бальшавiцкай крытыкi! ЦК КПБ, зразумела, ахвотна задаволiў гэтую просьбу. На некалькi гадоў М.І.Ермаловiчу забаранілі друкаваць свае творы.

Але Мiкалай Iвaнaвiч Ермаловiч выступаў перад прыхiльнiкамi беларускай гісторыі ў клубе "Спадчына". Памятаю, як у 1986 г., праслухаўшы яго выступлекцыю, я, падтрымаўшы яго канцэпцыю, ад­значыў, што па cвaix ведах Мiкалай Iванавiч мог бы быць акадэмiкам, калi б гэтае званне давалася б не з палiтычных, а з навуковых меркаванняў.

З вялiкай цяжкасцю iшла публiкацыя твораў М. Ермаловiча нават у гады перабудовы. Згаданая яго кнiгa "Па слядах аднаго мiфа" (1989 г., 2-е выд. 1991) iшла ў выдавецтве "Haвука i тэхнiка" з вялiкiмi перашкодамi.

Спатрэбiлася ўключыць у барацьбу не толькi навуковага рэдак­тара (iм быў я), aле яшчэ чатырох афiцыйных рэцэнзентаў, у тым ліку двух дактароў навук (аднаго з Масквы) i двух кандыдатаў навук (звычайна хапае i двух рэцэнзентаў). У cваім пасляслоўі "З лiхтаром праўды" я адзначаў, што М.Ермаловіч абгрунтавана абверг мiф пра заваёву беларускiх земляў у ХIІI стагоддзі літоўцамі, а таксама, што канцэпцыя Мiколы Ермаловiча перспектыўная. Наступныя даследаваннi iншых гісторыкаў пацвердзiлi гэта. Гэтая першая кнігa Мiколы Ермаловiча выйшла дзяку­ючы намаганням гісторыкаў, якiя падтрымлiвалi гэтага несiстэмнага навукоўца. Тады ж выйшла i наступная яго кнігa "Старажытная Беларусь. Полацкi i Новагародскi перыяды" (1990 г.), а ў 1994 г. "Старажытная Беларусь. Вiленскi перыяд". У cвaix працах М.Ермаловiч слушна падмацаваў свой ранейшы тэзic адносна cутнacцi летапiсных паняццяў "Лiтва" i "лiтоўцы", "лiцьвiны", якiя не супадаюць з сучаснымi этнiчнымі паняццямi. Аўтар заўважыў, што тэрмiн "Лiт­ва" тады адносiўся да верхняга i сярэдняга Панямоння, а раней i на больш пашыраны рэгiён. Працаваць Мiкалаю Iванавiчу Ермаловiчу ста­навiлася усё цяжэй і цяжэй - зрок пагоршыўся зусім. Aлe i ў тaкiм стане ён працягваў працаваць.

Падсумаваннем творчай працы Мiкалая Ермаловiча стала яго заключ­ная i абагульняльная кнігa "Беларуская дзяржава Вялiкае княства Лiтоўскае" (Мінск: Беллiтфонд. 2000. С. 448 ).

Рэцэнзентамi гэтай кнігi былi доктар гiстарычных навук А. П. Грыцкевiч i доктар юрыдычных навук Я.А.Юхо. У гэтай кнiзе Мiкалай Ермаловiч зрабiў агляд беларускай гісторыі ад XIII да канца ХVІІІ ст. Такім чынам, канцэпцыя М.І.Ермаловiча замацавалася ў беларускай гiстарыяграфii.

Апошняя кніга Mікалая Ермаловiча выйшла ў свет вясной 2000 г., але яе ён ужо не пабачыў. Трагiчны выпадак адбыўся вечарам 4 caкaвiкa 2000 г. на адной з вулiц Менска. М.І.Ермаловiч быў збiты аўтамашынай i на наступны дзень, 5 caкaвiкa памёр.

Погляды M.I. Ермаловiча не падзялялі гісторыкі афiцыйнага кірунку савецкай гiстарычнай навукi, а некаторыя ставілicя да гэтых поглядаў варожа. Яны лiчылi, што гiсторыя павiнна падпарадкоўваццa загадам кіраўнікоў партыі і дзяржавы. Такое ж стаўленне засталося ў некаторых гiсторыкаў i цяпер. Не любiла М I Ермаловiча i ўлада: камунiстычная i цяперашняя, прамаскоўская. Не любiлi М.І.Ермаловіча i лiтоўскiя гiсторыкi, якiя дагэтуль лiчаць, што Вялiкае Княства Літоўскае i Рускае было выключна лiтоўскай дзяржавай. Але асноўная маса чытачоў, навучэнцаў i студэнтаў успрымала канцэпцыю беларускага гісторыка-патрыёта з разуменнем. Заўсёды падтрымлiвалi Мiкалая Ермаловiча гісторыкі, прыхiльнiкi нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыi гісторыі Беларусi, адзначаючы вялiкую папулярызатарскую дзейнасць М.І.Ермаловiча.

Мiкалай Ермаловiч у cвaix творах паказаў, што сярод беларускага насельнiцтва ў ранейшым сярэдня­веччы яшчэ захоўвалiся тэрыторыi з аўтахтонным лiтоўскiм насельнiцтвам. На яго думку, беларусы - гэта аславяненыя балты; асiмiляцыя цягнулася некалькi стагоддзяў. Асновай беларускага этнасу сталiся палачане - як вынік змешвання крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў пры культурнай перавазе палачанаў. Гісторык абвергнуў тэзiс расiйcкix дарэвалюцыйных i савецкiх гісторыкаў пра заваяванне лiтувiсамi (лiтоўцамi) беларускiх зямель у другой палове XІІІ стагоддзя.

Вялiкае Княства Лiтоўскае i Рускае ён лiчыў Беларускай дзяржавай.

Я ўспамiнаю, як у 1965 г. у час дыскусii ў Iнстытуце гісторыі АН БССР лiтоўскi акадэмiк Юозас Юргiнiс кінуў беларускiм гісторыкам: "Гэта не мы вас заваявалi. Гэта вы нас заваявалi". Хачу пры гэтым нагадаць, што рукапiсныя кнiгi гарадскiх магістратаў (пратаколы пасяджаэнняў) нават тамашнiх гарадоў, ажно да самага Балтыйскага мора, у першай палове XVI ст. складалicя на беларускай мове. Цяпер яны перахоўваюцца ў бiблiя­тэцы Вiленскага унівepciтэта.

І яшчэ. Калi ў той час, нават у глыбiнi цяперашняй Лiтвы, з горада ехаў судзiць сялянаў суддзя, то ён браў з сабой у вёску пера­кладчыка, якi ведаў лiтоўскую (жамойцкую ) мову, бо судзiў, згодна са Статутам Вялiкага Княства, які быў напісаны на беларускай мове.

Мяркую, што працы Мiкалая Ермаловiча яшчэ чакаюць глыбокага гістарыяграфiчнага i крынiцазнаўчага аналiзу. Гісторыкам яшчэ шмат чаго прый­дзецца даследаваць у гістa­рычнай навуковай спадчыне М.І.Ермаловiча.

За свае працы Mікалай Iванавiч Ермаловiч атрымаў Дзяржаўную прэмiю Рэспублiкi Беларусь 1992 года. У Маладзечне яму пастаўлены помнiк. Унёсак Мiкалая Ермаловiча ў развiццё гiстарычнай навукi Беларусi ў апошняй чвэрцi ХХ ст. вялiкi, i гэта прызнана ўсёй грамадскасцю Беларусi.


Анатоль Грыцкевіч,

"Наша слова" № 17 (753),

26 красавіка 2006 г.



Мой аднакурснік

Да вайны тры гады мы вучыліся з Міколам Ермаловічам на адным курсе літфака Менскага педагагічнага інстытута. Праўда, займаліся ў розных групах, якіх на нашым курсе было чатыры. У іх навучалася болей за сотню студэнтаў.

Яшчэ на першым курсе сярод іх я звярнуў увагу на ціхмянага юнака, што трымаўся крыху абасоблена і вылучаўся сур'ёзнасцю і замкнёнасцю. Мяне асабліва здзіўляла, што гэты першакурснік з кепскім зрокам увесь вольны ад заняткаў час праседжваў у інстытуцкай чытальні, штосьці вычытваючы і канспектуючы.

На гэтай падставе наш вясёлы аднакурснік, мой студэнцкі сябра, цяпер вядомы журналіст Барыс Сасноўскі, жартаўліва пакепліваючы, распаўсюдзіў чутку, што Мікола Ермаловіч працуе над вялікім раманам. Памятаю, як на адным з капуснікаў, якія Сасноўскі наладжваў у інтэрнаце на Студэнцкай вуліцы, Барыс выступіў з жартаўліва-пацешным словам "Мікола Ермаловіч і яго раман "Камбайн".

Прызнацца, я тады не падазраваў, што Мікола ў школе пісаў вершы, хаця ён разам з іншымі з нас, хто ўжо друкаваў свае творы ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, таксама прыходзіў на пасяджэнні інстытуцкага літаратурнага гуртка, якім кіраваў паэт Пятро Глебка. Тады я лічыў, што Мікола цікавіцца заняткамі літгуртоўцаў, таму што ў будучым хоча стаць высокакваліфікаваным выкладчыкам беларускай літаратуры.

Мяне здзівіла, калі пасля вайны Мікола прызнаўся мне, што разам са школьным таварышам Альфрэдам Радзюком яны ўдзельнічалі ў літгуртку, якім кіравала іх настаўніца Паўла Стралкоўская, выдавалі рукапісны часопіс і нават друкавалі свае вершы на старонках дзяржынскай раённай газеты. Здзівіўся я таму, што таксама ведаў Альфрэда Радзюка, з якім зблізіўся на месячных курсах маладых аўтараў, на якія мы былі запрошаны Саюзам пісьменнікаў БССР. Я не ведаў, што Радзюк - школьны таварыш Міколы.

Між іншым, пазней я выкарыстаў расказ Міколы пры напісанні ўспамінаў пра паэта Алеся Салаўя (Альфрэда Радзюка).

Памятаю, як у першы пасляваенны год мы сустрэліся з Міколам ва універсітэцкім скверы, калі вярнуліся ў Мінск, каб закончыць сваю вучобу. Спаткаліся ўсё роўна як родныя браты аднае вялікае сям'і, узрадаваныя, што ацалелі і засталіся жывыя пасля сусветнай калатэчы. Мікола расказаў мне пра сваё цяжкае жыццё ў эвакуацыі, пра сваю настаўніцкую працу ў Мардовіі, а пасля вызвалення Беларусі - на Віцебшчыне і ў Дзяржынску.

Ва універсітэцкім гарадку тады стаялі парожнія будынкі без вокан і дзвярэй. Таму мы вучыліся ў розных школах горада. Мікола аднавіў вучобу ў педінстытуце, які размяшчаўся ў школе, на рагу цяперашняга галоўнага праспекта і вуліцы імя Дарашэвіча. А я, каб спалучаць працу ў рэдакцыі з вучобаю, паступіў ва універсітэт, бо заняткі ў ім праходзілі вечарам. Вучыліся мы то ў другой школе, насупраць Палаца піянераў, то ў чацвёртай, што побач з Нацыянальнаю бібліятэкаю, то ў сямнаццатай, каля Юбілейнага рынку.

Калі Мікола закончыў педінстытут і займаўся ў аспірантуры, а потым у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, мы з ім часта сустракаліся ў Нацыянальнай бібліятэцы, якую ён наведваў пастаянна. Помню, і жывучы ў Маладзечна, ён абураўся, што ў гэты горад зусім не завозіцца беларуская літаратура. Ён прызнаўся мне, што пісаў скаргу наконт гэтага К.Т.Мазураву, але не атрымаў на яе ніякага адказу.

Пасля пераезду Міколы ў Менск, мы пастаянна сустракаліся з ім у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ён працаваў амаль штодзённа, і часта тэлефанавалі адзін аднаму. Я прысвяціў Міколу свой верш.

Апошні раз мы размаўлялі з Міколам па тэлефоне за два дні да яго трагічнай смерці. Незадоўга да гэтага ён цяжка хварэў грыпам і нават не мог размаўляць па тэлефоне.

Мікола быў вельмі шчырым чалавекам, назаўсёды адданы сваёй Бацькаўшчыне.Ён да самазабыцця любіў Беларусь.

Гэты, з кволым здароўем і з кепскім зрокам, але моцны сілаю волі і магутны духам чалавек здзейсніў неймаверны подзвіг. Дзякуючы сваёй настойлівай уседлівасці, загартаваны з юнацтва, на падставе старадаўніх дакументаў і летапісных хронік ён устанавіў сапраўдную гісторыю нашага народа. Кажуць, што некаторыя нашы акадэмічныя гісторыкі не хочуць змірыцца з тым, што не яны, а чалавек з філалагічнай адукацыяй, зрабіў гэтае гістарычнае адкрыццё. Відаць, ім крыўдна, іх мучыць раўнівая зайздрасць.


Мікола Аўрамчык



Летапісец нашай славы

З чаго пачаць свой аповяд пра гэтага чалавека я добра i не ведаю. Хiба з таго, што некалькi разоў у дзень я праходжу каля будынка, у якім з канца 40-х гадоў ХХ стагоддзя ён працаваў выкладчыкам беларускай лiтаратуры. Праўда, будынак той цяпер мае не вельмi прывабны выгляд. Павыбiваныя шыбы, аблупленыя, з чорнымi пiсягамi сцены, стары i патрэсканы шыфер на даху. Толькi дрэвы, якiя абступiлi яго, як і раней, радуюцца жыццю i цiха шапацяць галiнкамi, нiбы вядуць бясконцую гамонку пра мiнулае, незабыўнае - тыя даўно адышоўшыя часы - часы маладосці і надзеі.

Побач з тым двухпавярховым будынкам, дзе ў 1947 - 1955 гадах размяшчаўся Маладзечанскі настаўнiцкi iнстытут, стаiць невялікi дом з калонамi, раздзелены на дзве амаль аднолькавыя палавіны. У адной з тых палавiн нейкi час жыў і ён, Мікалай Іванавіч Ермаловіч, у далейшым вядомы гісторык i лiтаратуразнаўца.

Прыгожы i светлы быў гэты чалавек. Шчыры і адкрыты для аднадумцаў і паплечнікаў, бескампрамiсны i прынцыповы ў aдносінах да хлуснi, ашуканства, ненавіснікаў беларушчыны. Крыху вышэй сярэдняга росту з капой непаслухмяных валасоў на галаве, якія вымушаны быў штораз папраўляць, у акулярах з тоўстымі лiнзамi, у нязменным гарнітуры з гальштукам. Калі ён iшоў па вулiцах нашага гоpада, ён нагадваў птушку, якая ляцiць. Крыху прыгнутыя плечы, галава, якая як бы апярэджвае цела, размашысты i ўпэўнены крок, узмах партфеля ў такт хады i, у той жа час, нейкая агульная сабранасць i засяроджанасць у паставе.

Ён стараўся ўсюды паспець i ўсё зрабiць. Можа таму i не выпадкова, што ён, пасутнасцi, сляпы чалавек, раскрыў нам, вiдушчым, вочы на гiсторыю роднай Беларусi. Гiсторыю трагiчную i слаўную, пакутлiвую i велічную.

Першы раз убачыў я Ермаловiча цi не ў 1981 годзе вятрыстай i снежнай зiмой. Пазнаёмiў мяне з iм незабыўны Генадзь Аляксандравiч Kaxaнoўcкi. Да гэтага я пра Мiколу Iванавiча нiчога не ведаў, бессаромна блытаў яго з празаiкам Якубам Ермаловiчам, пра якога вычытаў у даведнiку "Пiсьменнiкi Савецкай Беларусi". З аповедаў Генадзя Аляксандравiча Ермаловiч паўставаў чалавекам незвычайным - ­разумным, сумленным, эрудаваным. Толькi з вельмi дрэнным зрокам. Мяне гэта чамусьцi палохала. Да гэтага я амаль не бачыў такiх людзей, таму i сустракацца з iм крыху баяўся, ды i не спяшаўся. Нарэшце адважыўся. Адчыніў дзверы сам Мiкола Iванавiч. Пра што мы тады гаварылі, я не памятаю. Здаецца, пра творчасць Уладзіміра Караткевiча, паэзiю Maкciмa Багдановiча. Тым жа вечарам пазнаёмiўся я i з Лiдзiяй Цімафееўнай, жонкай Мiколы Iванавiча. Якi ж гэта быў незвычайны чалавек! Чэсны, мудры, справядлівы, з добрым пачуццём гумару. Невялiкага росту, яна, здаецца, выпраменьвала святло, была перапоўнена шчырасцю i дабрынёй. Была цiкавым суразмоўцам, шмат ведала, умела вобразна расказваць. Вось прыкладна такую гiсторыю.

У канцы 40-х прыехала працаваць у Маладзечна настаўнiцай гісторыі, алe выкладчыкаў бракавала, таму даводзiлася весцi i iншыя прадметы, у тым лiку, i рускую мову i лiтаратуру. Дык вось, каб паваенныя беларускiя дзецi добра разумелi, пра што расказвае маладая настаўнiца, давялося выкладаць рускую лiтаратуру... на беларускай мове. Вось якія ў нас былі некалі часы!

Сапраўдным сябрам i паплечнiкам была Лiдзiя Цiмафееўна для Мiколы Iванавiча. Надзейным i шчырым.

Мусiць нiколi не забуду, як Мiкола Ермаловiч быў запрошаны на навуковую канферэнцыю ў Рыгу, i з iм разам ехала Лiдзiя Цiмафееўна. Не магла пакiнуць яго аднаго, бо ведала, што яму патрэбны яе вочы. Выйшлi яны разам з дому, яна невялiчкая, трымае яго пад руку, ён збоку крыху бездапаможны, але ўпэўнены, што разам з iм iдзе яго жонка. Так i пайшлi яны прыцiснуўшыся адзiн да аднаго ў бок чыгуначнага вакзалу...

Потым я часта бываў у Ермаловiча. І па справах, i так. Балазе жыў зусім недалёка. Заходзiў, каб пагаварыць, параiцца. Размаўляць з Мiколам Iванавiчам было вельмi проста. Ён нiколi не ўзвышаўся над суразмоўцам, не прынiжаў яго cвaiмi ведамi i аўтарытэтам. Калi тэма размовы яго цiкавiла, то ён вельмi хутка загараўся, i ад першапачатковага, памяркоўнага "так-так", не заставалася i следу. Ён ператвараўся ў дзеючы вулкан, жэстыкуляваў, даказваў, у парыве ўзмахваў pукамі, разводзiў ix, твар яго то святлеў, то хмурнеў, а сам жыў толькi тымi праблемамi, пра якiя iшла гаворка ў гэты час. Iншым ён i не мог быць. Празмерна балела яго душа за Беларусь, за стан яе мовы, гісторыі i культуры, за тое, што адбывалася вакол. Як кожнага сапраўднага чалавека, асобу, яго не любiлi адны (i нават дзецi, вiдаць, падвучаныя старэйшымi, бывалi выпадкi, што кiдалi ў яго бок камянямi i крычалi: "Глядзiце, вунь Aстpoўскi пайшоў!") i вельмi паважалi другiя. Для апошнiх ён быў больш, чым шанаваны чалавек, ён быў маральным мярылам, па якiм вызначаюцца чалавечыя якасцi. Цяпер тaкix людзей, прынамсi, у мaiм родным Маладзечне, засталося няшмат. Хiба, Кастуся Iванавiча Харашэвiча ды Язэпа Фамiча Сушко можна аднесцi да такой катэгорыi. У любой сiтуацыi Мiкола Iванавiч мог прыйсцi на дапамогу, параiць, падказаць. Часта паўтараў: "Нам, беларусам, не трэба нарывацца на ражон i патрапляць у турмы, нас няшмат, нам трэба шырыць кола сяброў i аднадумцаў i працаваць, хай сабе i павольна, але няўхiльна". Добра памятаю лета 1982 г. Купалле. Адзначаць яго паехаў у Вязынку, так параiў Мiкола Iванавiч. Тады я ўпершыню ўбачыў у вялiкай колькасцi людзей, якiя размаўляюць мiжсобку па-беларуску. Малады Сяржук Сокалаў-Воюш у вышыванай кашулi, падпяразанай паяском, мастак Мiкола Купава, Вiнцук Вячорка... i сярод усё гэтай грамады, якая прыехала з Mенcкa, выдзяляўся Мiкола Ермаловiч, якi выступiў з вельмi патрыятычнай прамовай каля помнiка Янку Купалу. Потым быў лес, вогнiшчы да ранiцы i вяртанне электрычкай у Маладзечна. Ехаў я назад з Мiколам Iванавiчам. Ведаючы, што мне трэба на працу, ён, лiчы, прымусiў мяне крыху паспаць, прапанаваўшы ў якасцi падушкi свой славуты партфель.

Тое Купалле стала пераломным у мaiм жыццi. Яно падштурхнула мяне да дзеяння. Спачатку я выпусцiў насценную газету "Беларусь", якую вывесіў у фае свайго iнтэрната. Потым, заручыўшыся падтрымкай выхавацеляў i атрымаўшы памяшканне, заснаваў там "Беларускую хатку", якая з цягам часу стала месцам збору неабыякавых да лёсу роднай мовы i культуры людзей нашага горада.

Сярод ix быў i Мiкола Iванавiч Ермаловiч. Ён першы падтрымаў мяне маральна, дапамог у афармленнi памяшкання, прапанаваўшы для гэтага некаторыя кнігі, часопiсы, карцiны з уласнага apxiву. На першай вечарыне, якая адбылася 1 чэрвеня 1983 г. у "Беларускай хатцы" i была прысвечана Мaкciму Багдановiчу, ён выступiў з асноўным дакладам пра творчасць паэта. І як ён гаварыў! Шчыра, эмацыйна, пранiкнёна, з вялiкай любоўю да Максiма-кнiжнiка. Захаваўся здымак з той вечарыны, дзе сярод маладых, вясёлых юнакоў i дзяўчат стаiць у цэнтры i ён, крыху схiлiўшы галаву, нейкi задумёны i нават сумны.

І ўвогуле, жыццё не песцiла яго. Да сямейных цяжкасцяў далучалiся i асабiстыя, вечныя хваробы, вельмi дрэнны зрок. Але з гэтымi ўнутранымi праблемамi ён навучыўся спраўляцца (кожную ранiцу халодны душ, фiззарадка, гiры). Цяжэй было з вонкавымi. Асаблiва з далейшым лёсам роднай Беларусi. Яшчэ у 50-х гадах, бачачы катастрафiчную сiтуацыю з беларускай мовай у горадзе i думаючы, што мясцовыя ўлады пра гэта не ведаюць, вырашыў схадзiць на прыём да Сяргея Прытыцкага, тагачаснага кіраўнікa Маладзечанскай вобласцi. Прытыцкага не застаў, затое меў магчымасць паразмаўляць з ягонай жонкай, якая сказала: "Да бросьте вы свои дурацкие разговоры об этой мове. Сергей Осипович всё прекрасно знает и полностью поддерживает линию партии по этому вопросу". Для Ермаловiча гэта быў сапраўдны шок, ледзяны душ. Пазней ён неаднойчы будзе сутыкацца з такім стаўленнем да роднай мовы i культуры, але тады гэта было нешта!

У той сiтуацыi заставалася адно: альбо апускаць pукi, альбо працаваць. Ермаловiч выбраў другое. Ён пiша лiтаратуразнаўчыя артыкулы, вершы, гутаркi, пачынае займацца старажытнай гiсторыяй. Бо разумеў, што народ без ведання ўласнай гісторыі - не народ. Паралельна шукае аднадумцаў, сяброў. Такое шмат каму не падабалася. Асаблiва ўладам. Як сталiчным, так i мясцовым. Мусiць нездарма на нейкай iдэалагiчнай нарадзе, якая праходзiла ў Маладзечне i дзе пачыналася чарговае "паляванне на ведзьмаў", на гэты раз iзноў на мiфiчных беларускiх нацыяналiстаў, шэф мясцовага КДБ сказаў: "И у нас есть подобное ископаемое". Гэта ён так гаварыў пра Ермаловiча. Такiя выказваннi давалі вынікі. Ермаловiчу цяжэй стала прабiвацца ў друк. Калi яшчэ лiтаратуразнаўчыя працы, хоць з купюрамi, але iшлi, то гiстарычным была зроблена надзейная заслона. І, тым не менш, тыя рэдкiя публiкацыi, якiя з'яўлялiся ў перыядычным друку, выклiкалi не абыякую цiкавасць як у сяброў, так i ворагаў. Прыкладам, артыкул "Где была летописная Литва", якi быў надрукаваны ў кнiзе "Тезисы докладов к конференции по археологии Белоруссии", што выйшла ў Mенску ў 1969 годзе пад грыфам Iнстытутa гісторыі АН БССР, выклiкаў значны рэзананс у навуковым гуманiтарным свеце. Чытаў гэтую працу i я, толькi значна пазней. Чытаў i нiяк не мог зразумець, пра што пiша аўтар. Нейкая Лiтва, ды яшчэ ў цэнтры Беларусi. Чытаў некалькi разоў, пакуль урэшце дайшло, i ўсё стала на сваё месца.

І ўвогуле, кнігі з бiблiятэкi Мiколы Iванавiча я браў часта. Не шкадаваў ён ix, калi бачыў, што iдуць на карысць. Хоць бiблiятэка была i невялiкая, але каштоўных кніг у ёй хапала. Дзякуючы Ермаловiчу i яго бiблiятэцы я ўжо ў пачатку 80-х пазнаёмiўся з п'есамi Ф. Аляхновiча, кнiгай вершаў Казiмiра Сваяка "Мая лера", фундаментальнай працай Вацлава Ластоўскага "Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнігi", твopaмi Сакрата Яновiча, Алеся Барскага, з некаторымі вершамi беларускiх эмiгрантаў. Чытаў яго "Гутаркі", якiя былi пасутнасцi адзiнымi дысiдэнцкiмi твopaмi ў тагачаснай Савецкай Беларусi. Але найбольшае ўражанне на мяне зрабiла кнiга самога Мiколы Ермаловiча "Па слядах аднаго мiфа". Яна была яшчэ ў рукапiсе, але яе змест выклiкае нейкую трапяткую павагу.

Чытаў я яе доўга, часта вяртаўся назад, стараўся ва ўciм разабрацца, запомнiць, каб потым можна было выкарыстоўваць у дыскусiях з апанентамi. Бо добра ведаў, што гiсторыкаў у Беларусi, дзякуй Богу, багата, толькi сапраўдных бракуе. Тым больш, каб як у Ермаловiча, з уласнай канцэпцыяй. А яна была ў яго лагiчнай, пераканаўчай i паслядоўнай. Спачатку пра этнагенез. Аказваецца, згодна з яго канцэпцыяй, беларусы - не балтызаваныя славяне, а славянiзаваныя балты, з адметнай ментальнасцю, мовай, паходжаннем. Затым палiтычная гiсторыя. Утварэнне Вялiкага Княства Лiтоўскага. Магутнейшая старажытная беларуская дзяржава Полацкае княства слабее i на яе месца прыходзiць новая, з размяшчэннем у цэнтры Беларусi, у Панямоннi, са сталiцай Навагародкам. І называецца тая дзяржава Лiтоўскае княства, а затым Вялiкае Княства Лiтоўскае. І ў пацвярджэнне спасылкi на тапанiмiчныя i гiдранiмiчныя назвы, у тым лiку, i на маю суседнюю вёску Лiтва, што знаходзiцца ў Маладзечанскiм раёне, якая даўно, яшчэ ў дзяцiнстве, не давала мне спакою: "Адкуль у цэнтры Беларусi ўзялася вёска з такой назвай?" А тут яшчэ спасылкi на археалагiчныя раскопкi, даследаваннi. Тады i далейшая гiсторыя Беларусi станавiлася зразумелай. І чаму ў Лiтоўскiм княстве дзяржаўная мова - старабеларуская, i чаму наша культура ў той дзяржаве дамiнавала, i чаму ў кpaiнe з чужой, здаецца, назвай усё жыццё праходзiла ў беларускiх нацыянальных формах. І чаму нашы продкi пражывалi Залаты Век, i чаму ў нас была эпоха Ф.Скарыны, В.Цяпiнскага, С.Буднага, эпоха Лiтоўскага Статута. Taкiм чынам, дзякуючы сваёй канцэпцыi Ермаловiч абгрунтавана абверг тэзiсы аб лiтоўскiм заваяваннi беларускiх зямель, панаваннi лiтоўскiх феадалаў над Беларуссю, вызначыў Навагародак як цэнтр беларускай дзяржавы Вялiкага Княства Лiтоўскага. Адным словам, кніга тая ставiла ўсё на свае месцы.

І таму цяпер вельмi дзiўна выглядае тое, што знаходзяцца гісторыкi, асаблiва з маладзейшых, якiя адмаўляюць Ермаловiчу ў яго канцэпцыi, у яго рацыi. Iмкнучыся стварыць нейкую сваю эклектычную гiсторыю Беларусi, пры гэтым беручы сабе ў памочнiкi лiтоўскiх i польскiх гісторыкаў, спасылаючыся на ix працы, шырока цытуючы ў cвaix кнігax. І гэта на тых, хто адводзiў нам месца ля хлявоў і стайняў, хто ўciмi сродкамi iмкнуўся сфальсiфiкаваць нашу гiсторыю, надаць ёй неўласцiвыя адмоўныя рысы, ператварыць у другарадны iнструмент для cвaix шавiнiстычных канцэпцыяў. І гэтыя гісторыкi, тым самым, адмаўляюць нам у праве мець сваю сапраўдную, непаўторную, нацыянальную гiсторыю. Ну што ж, хай гэта будзе на ix сумленнi.

А Ермаловiч, не гледзячы на ўзрост, кепскi зрок, быў вельмi лёгкi на пад'ём. Яго не трэба было ўгаворваць, ён сам мог любога ўгаварыць з'ездзiць на свята паэзii ў Вязынку, Ракуцёўшчыну, цi на якое iншае нацыянальнае мерапрыемства. Заўсёды прыходзiў прачытаць лекцыю ў "Беларускую хатку" і прысутнiчаў на адкрыццi лiтаратурнага музея Уладзіміра Караткевiча, якi быў створаны ў нашым iнтэрнаце. Памятаю нашу паездку 21 траўня 1988 года ў вёску Мiлавiды Баранавiцкага раёна на адкрыццё памятнага знака, прысвечанага бiтве паўстанцаў Кастуся Калiноўскага з царскiмi карнымі войскамi. Ён i там выступiў з прамовай, быў у цэнтры ўвaгi, акружаны моладдзю i сябрамi.

Але найбольш мне запомнiўся 1989 г., калi пачала моцна хварэць жонка Міколы Іванавіча. Як ён цяжка перажываў, хваляваўся за яе стан, як імкнуўся дапамагчы, аблегчыць яе пакуты. Так атрымалася, што ў той апошнi дзень Лiдзii Цiмафееўны мы прыйшлi з мaiм сябрам доктарам Мiхасём Чыкалавым яе адведаць. Яна была без прытомнасцi i пасутнасцi ўжо памiрала. Мы выйшлi з бальнiцы i ўбачылi Ермаловiча. Ён бег у бок бальнiцы, не разбiраючы дарогi, нeйкi ўскудлачаны, непазнавальны, з шэрым асунутым тварам... Потым былi паховiны. Памiнальная вячэра. І я першы раз у жыццi ўбачыў, як Мiкола Iванавiч выпiў чарку гарэлкi.

У 1992 г. Ермаловiч атрымаў кватэру ў Mенску. Беларускi ўрад пайшоў насустрач чалавеку, якi так шмат зрабiў для вяртання памяцi свайго народа. Мне давялося яго перавозiць на новую кватэру. Разам з мастаком Святаславам Палiводам. Мы пагрузiлi ўсю маёмасць на машыну, Палiвода пайшоў на работу, а я паехаў у Mенск, каб дапамагчы яе разгрузiць. Перад гэтым мне сказалi, што там нас будуць чакаць сябры з Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў. Прыехалi. І я лiтаральна аслупянеў, калi замест абяцаных дзесяцi чалавек, нас сустрэў... адзiн. А заносiць мэблю - гэта вам не выносiць. Тым больш, калi лiфт не працуе.

Потым я некалькi разоў бываў у Мiколы Iванавiча на той кватэры. Апошнi - недзе за год да ягонай смерцi. Атрымаў у падарунак некалькi кніг паэзіі, прозы, драматургіі, некаторыя з даравальнымi надпiсамi. Я ix вельмi берагу, як i тыя, якiя ён мне падпiсаў. А гэта "Па слядах аднаго мiфа", якая выйшла ў Mенску ў 1989 г. На яе тытульнай старонцы Мiкола Iванавiч напiсаў: "Дарагому Мiхасю Казлоўскаму - непахiснаму сцяганосцу Беларусi. Мiкола Ермаловiч. 19.07.1989 г." І асаблiва дарагiя мне часопiсы "Маладосць" № 5 за 1987 г. i № 7 за 1988 г. Там надрукаваны яго артыкулы "Самы старажытны. Полацку - 1125 гадоў" i пачатак працы "Старажытная Беларусь. Полацкi перыяд" з вельмi шчырымi i кранальнымi надпiсамi. На першым: "Дарагаму Мiхасю Казлоўскаму на памятку праз 1125-годдзе роднай Беларусi. Мiкола Ермаловiч. 3.06.87 г." А на другiм: "Дарагаму Мiхасю Казлоўскаму - шчыраму працаўнiку на роднай нiвe i мужнаму змагару за светлую будучыню роднай Беларусi. Мiкола Ермаловiч. 25.07.88 г." Чаму мне так дарагiя гэтыя выданнi? Таму, што яны з'явiлiся ў той час, калi адбывалася абуджэнне грамадства, з'явiлася вера i надзея, пачалося ўзыходжанне зоркi Мiколы Iванавiча Ермаловiча.

У той мой апошнi прыезд на Рафiева, 89, я неяк вельмi няўдала пажартаваў, што Ермаловiч пачынае забывацца пра Маладзечна, яго людзей, на што ён, засмяяўшыся толькi яму ўласцiвым смяшком, адказаў: "Я хутка навечна прыеду ў маё Маладзечна". Зрабiўшы пры гэтым нацiск на "маё" Маладзечна. На вялiкi жаль, вельмi часта словы, сказаныя ўслых, матэрыялiзуюцца i спраўджваюцца. Спраўдзiлiся i тыя словы Мiколы Iванавiча. Праз нейкi год ён назаўсёды вярнуўся ў родны горад, знайшоўшы там вечны прытулак побач з магiлай жонкi...

Я часта бываю на ix магiлах. Балазе жыву недалёка. Ды i вяртаючыся з Mенска, i праходзячы каля старых маладзечанскiх могiлак, не выпадае не зайсцi. Зайсцi, каб яшчэ раз успомнiць добрым словам людзей, якiя так шмат значылi ў мaiм жыццi і якiх я шчыра любiў i паважаў.


Міхась Казлоўскі



Мікалай Іванавіч Ермаловіч - аўтар канцэпцыі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага

(Паводле кнігі "Па слядах аднаго міфа")

Мікалай Іванавіч Ермаловіч - адзіны гісторык у Беларусі, наш сучаснік, які, не маючы ніякіх навуковых званняў і вучоных ступеняў, з'яўляецца аўтарам уласнай, ужо многімі айчыннымі і замежнымі вучонымі прызнанай, навуковай канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта канцэпцыя слыннага беларускага гісторыка ўключана ў афіцыйныя падручнікі, рэкамендавана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь для вывучэння студэнтамі ВНУ па курсу гісторыі Беларусі ў гуманітарных і іншых ВНУ розных прафесій, профіляў і спецыяльнасцяў.

М.І. Ермаловіч лічыць адзін з асноўных тэзісаў традыцыйнай ці літоўскай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ аб заваяванні беларускіх зямель Літвою міфам і гэта паспяхова даказвае ў сваёй кнізе "Па слядах аднаго міфа". Гэтая кніга М.І.Ермаловічам была напісана яшчэ ў 1966 - 1968 гадах, але з-за кансерватызму і зашоранасці значнай часткі беларускіх савецкіх гісторыкаў, партыйных і дзяржаўных дзеячоў не выдавалася 20 гадоў. І толькі ўпершыню яна пабачыла свет у выдавецтве "Навука і тэхніка" АН БССР у рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве - загадчык А.І.Валахановіч - у 1989 г. Да нашага часу кніга выходзіла тры разы - у 1989, 1991 і 2001 гадах агульным накладам у 30 тысяч асобнікаў.

У ёй поўна і вельмі даступна выкладзена М.І. Ермаловічам новая (беларуская) канцэпцыя ўтварэння ВКЛ.

Вось яе асноўныя тэзісы-палажэнні:

Ні адна архіўная ці дакументальная крыніца не пацвярджае літоўскага заваявання беларускіх зямель, што гэта нібыта паклала пачатак утварэнню ВКЛ. Такое сцверджанне ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне ХУІ стагоддзя, каб ідэалагічна абгрунтаваць права ВКЛ на беларускія землі, значная частка якіх у той час была занята войскамі рускага цара Івана Грознага. Гэта версія праз "Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі" (1582) гісторыка, храніста і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547 - каля 1590) без грунтоўнай навуковай праверкі перайшла ў шматлікія кнігі па гісторыі, а пазней была некрытычна прынята шэрагам даследчыкаў-гісторыкаў і, стаўшы традыцыйнай ці літоўскай, доўгія стагоддзі не пераглядалася, не ўдакладнялася і не крытыкавалася.

Трэба адзначыць, што значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ было атаясамліванне летапіснай ці старажытнай Літвы ХІ - ХІІІ стагоддзяў з усходняй часткай сучаснай Літвы - тагачаснай Аўкштайціяй: Літва - гэта Аўкштайція. Шматлікія гістарычныя звесткі і тапанімічныя назвы сведчаць аб тым, што пад уласнай Літвой у ХІ - ХІІІ стагоддзях разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і па суседству з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Менавіта яна была далучана да Новагародка ў 50-х гадах ХІІІ стагоддзя літоўскім перабежчыкам Міндоўгам, а пасля, у 60-х гадах канчаткова далучана яго сынам Войшалкам. З гэтага месца, з гэтай тэрыторыі - Беларускага Панямоння - там, дзе знаходзілася летапісная ці старажытная Літва, і пайшла гуляць па ўсіх кнігах і падручніках па гісторыі Беларусі назва новай дзяржавы як Літоўская, Літва.

Памылковае палажэнне, што ўтварэнне ВКЛ суправаджалася заваяваннямі балцка-літоўскіх зямель - Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы, знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў гістарычнай навуцы сцвярджэнне, што ўзнікненне ВКЛ дыктавалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў. Як вядома, утварэнне ВКЛ было ў першую чаргу вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх зямель, бо гэты гістарычны працэс адпавядаў інтарэсам беларускіх феадалаў, што яскрава характарызуе ВКЛ найперш як беларускую дзяржаву і па гэтаму становіцца зразумелым, чаму ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура, і чаму беларуская мова ў той час была дзяржаўнай.

У новай ці беларускай канцэпцыі,

- па-першае, літоўцаў ці не заўважаюць, ці памяншаюць іх ролю ва ўтварэнні ВКЛ, - былі заваяваны і далучаны да Новагародка, ці дапускаецца, што літоўцы былі асіміляваны, абеларушаны;

- па-другое, дзяржаўнасць у гэтай канцэпцыі не разглядаецца як палітычнае ўтварэнне, сукупнасць палітычных інстытутаў, а ўсё зводзіцца да тэрыторыі, мовы і этнічных прыкмет: дзяржаўнасць беларуская была таму, што большасць насельніцтва складала беларускі этнас і панавала беларуская культура, яе жыхары карысталіся беларускай мовай.

На самой жа справе - дзяржаўнасць - гэта не тэрыторыя, не мова, не культура і не этнас, а механізм, дзяржаўная машына, якая рэгулюе палітычныя, сацыяльна-эканамічныя, культурныя і міждзяржаўныя адносіны. А гэтага некаторыя гісторыкі імкнуцца чамусьці не заўважаць.

Старажытная Літва - гэта вялікая загадка нашай гісторыі таго часу. У пісьмовых крыніцах у ХІ стагоддзі на тэрыторыі Беларусі вядомы тапонім "Літва". У час ваенных паходаў 1040 і 1044 гадоў вялікі кіеўскі князь Яраслаў Мудры "разбіў Літву на палях слонімскіх і завалодаў ёй да Нёмана". Летапісныя крыніцы, асвятляючы падзеі ХІІ - ХІІІ стагоддзяў, сведчаць, што старажытная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі: Іпацьеўскі летапіс пад 1159 годам паведамляе, што менскі князь Валадар Глебавіч "ходяше под Литвою в лесехъ", а пад 1162 годам ён выступіў "с Литвою" на свайго праціўніка. Звесткі Іпацьеўскага летапісу пад 1262 годам сведчаць, што князь Войшалк "учини собе манастырь на реце на Немне, меж Литвою и Новым городком". Войшалк заснаваў манастыр каля вёскі Лаўрышава (сучасная вёска ў Шчорсаўскім сельсавеце Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці).

Такім чынам можна зрабіць выснову, што старажытная Літва мясцілася паміж Новагародскім на захадзе і Менскім на ўсходзе княствамі. На поўдні старажытная Літва межавала з Турава-Пінскай зямлёй. Іпацьеўскі летапіс пад 1253 годам адзначаў, што галіцка-валынскія князі , ідучы праз Менск у Новагародак, сустрэлі на сваім шляху Літву, якая ворагаў "гнаше через болото до реки Щарье" (левы прыток Нёмана - Шчара). Супраціўленне Літвы галіцка-валынскімі князямі было зломлена і Новагародская зямля заваявана. На поўначы летапісная Літва межавала з Полацкім княствам па рацэ Бярэзіна (прыток Нёмана).

Адны навукоўцы ХІХ стагоддзя меркавалі, што старажытная Літва знаходзілася ў міжрэччы Віліі і Нёмана, дзесьці ў раёне Вільні, Трокаў, Ліды, Гародні, іншыя ж лічылі, што Літва займала значна большую тэрыторыю ад Браслава да Менска і ад Бярэсця да Жэмайціі, уключаючы ўсю Аўкштайцію. Рускія даследчыкі лічылі, што Літва ХІ - ХІІ стагоддзяў мясцілася на захад ад Менска; жыхароў гэтай вобласці яшчэ называлі ліцьвінамі (рускі гісторык М.П. Надзеждзін, дзекабрысты А.Бястужаў і М.І.Пушчын, класік польскай літаратуры, наш зямляк, паэт Адам Міцкевіч, беларускі пісьменнік Вінцэт Дунін-Марцінкевіч, вядомы кіраўнік паўстання 1863 - 1864 гадоў Кастусь Каліноўскі і многія іншыя).

На аснове летапісных крыніц М.І.Ермаловіч удакладніў і вызначыў межы Старажытнай Літвы, якая, паводле яго канцэпцыі, займала тэрыторыю ад Маладзечна да Заслаўя і Дзяржынска (усходняя мяжа Літвы праходзіла прыблізна ў 30 км ад Менска), далей да сучасных гарадоў Баранавічы, Ляхавічы і Слонім. Заходняя мяжа старажытнай Літвы праходзіла прыкладна ў 20 км ад Новагародка, у раёне Карэліч. Па рацэ Бярэзіна (прыток Нёмана) праходзіла граніца паміж Літвой і Полацкім княствам.

Як адзначалася, усходняя частка сучаснай Літвы ў ХІ - ХІІІ стагоддзях называлася Аўкштайціяй.

У сувязі з перанясеннем сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню ў 1323 - 1326 гадах назва "Літва" з Верхняга Панямоння перайшла з цягам часу на усход сучаснай Літвы і замацавалася там. Але адначасова назва "Літва" захоўвалася і ўжывалася і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі.

З ХVІ стагоддзя тэрмінам "Літва" абазначалася ўся тэрыторыя сучаснай Літвы (былыя гістарычныя тэрыторыі Аўкштайція і Жэмайція). Упершыню сустракаюцца ўпамінанні аб літоўскай мове, літоўскім праве ў разуменні прыналежнасці да Літвы. Магнаты Гедройцы, напрыклад, заяўлялі, што яны літоўцы, а не русіны. Польскі гісторык, дыпламат, царкоўны дзеяч Ян Длугаш (1414 - 1480) адзначыў, што літовец - гэта жэмайцец.

І толькі на пачатку ХХ стагоддзя, калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назва "Беларусь" замацавалася за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы назву "Літва", якая з таго часу пачала адносіцца толькі ў дачыненні да сучаснай Літвы.

М.І.Ермаловіч сфармуляваў новую (беларускую) навуковую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ, удакладніў межы старажытнай Літвы, і, абапіраючыся на старажытныя летапісы і дакументальныя крыніцы, удала выкарыстаў аргументы і факты для абароны распрацаванай ім навуковай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ.

Вось яго аргументы і факты:

па-першае, ніякага аслаблення беларускіх зямель у ХІІ - пачатку ХІІІ стагоддзяў не было, міжусобнай барацьбы таксама не было. Ні летапісы, ні хронікі, ні іншыя гістарычныя крыніцы не зарэгістравалі такіх фактаў. Крыжацкая навала аб'яднала беларускія княствы. У канцы ХІІ стагоддзя крыжакам усё ж удалося захапіць Ніжняе Падзвінне - Кукенойс і Герцыке - і тым самым адрэзаць Полацкае княства ад Балтыйскага мора. Сілаў, каб супрацьстаяць крыжакам у палачан не хапала, не дапамаглі ім наўгародцы і пскавічы, што аслабіла Полацкае княства. Цэнтр грамадска-палітычнага жыцця паступова стаў перамяшчацца з Падзвіння (Полацкае княства) у Панямонне (Новагародскае княства);

па-другое, Літва перш чым пачаць заваяванне зямель заходнерусаў, рабіла паходы супраць Ноўгародчыны, Пскоўшчыны, Смаленшчыны, багацела і ўмацоўвалася. Усе заваявальныя паходы, акрамя двух, закончыліся няўдачай для літоўцаў. Дарэчы, аб гэтым ніколі не гаварылася ў дарэвалюцыйнай і савецкай гістарыяграфіі. Чаму? Таму што літоўцы быццам бы мелі больш дасканалую ваенную арганізацыю, чым заходнерусы; яны апошніх заваёўвалі, і ні ў якім разе не наадварот;

па-трэцяе, М.І.Ермаловіч лічыць, і ў гэтым яго асноўная заслуга, што галоўнае пытанне, якое паставіла ўсё з ног на галаву, было атаясамленне сучаснай Літвы са старажытнай Літвою. Апошняя была гістарычнай вобласцю Беларусі, яе трэба шукаць побач з Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі. Старажытная Літва ў свой час на тэрыторыі Беларусі пакінула свае "аўтографы" у выглядзе назваў вёсак "Літва" у Слонімскім раёне Гарадзенскай вобласці, Ляхавіцкім Берасцейскай вобласці, Уздзенскім, Стаўбцоўскім і Маладзечанскім раёнах Менскай вобласці. Гэтыя назвы вёсак - тапонімы "Літва" - супадаюць з летапіснымі крыніцамі.

У сваёй канцэпцыі ўтварэння ВКЛ М.І.Ермаловіч разглядае працэс утварэння ВКЛ.

Пачатак утварэння ВКЛ ён звязвае з дзейнасцю літоўскага князя Міндоўга, імя якога ўпершыню згадваецца ў дагаворы 1219 года, дзе ён разам з іншымі князямі абавязаўся перад галіцка-валынскімі князямі выступіць супраць палякаў. У 1237 і 1245 гадах Міндоўг выступіў на баку Данілы Галіцкага супраць Конрада Мазавецкага і чарнігаўскага князя Расціслава. У 1245 - 1246 гадах Міндоўг быў запрошаны куронамі для дапамогі ім у змаганні з крыжакамі. Але пад крэпасцю Амботэн ён пацярпеў паражэнне і адступіў. Крыжакі напалі на яго землі, нанеслі вялікія спусташэнні і разбурэнні, што аслабіла пазіцыі Міндоўга ў Літве. Гэта выкарысталі яго праціўнікі, якія распачалі міжусобную барацьбу, у якой Міндоўг пацярпеў паражэнне і ўцёк у Новагародак. У Новагародку ён прымае ў 1246 ці 1247 гадах "веру христианскую от Востока со многими своими бояры", што сведчыць аб тым, што Міндоўг не заваяваў Новагародак, а быў абраны князем. Калі б Міндоўг быў заваёўнікам, яму не трэба было б прымаць праваслаўе, што сведчыць: Міндоўг прыбыў у Новагародак не як заваёўнік, а як перабежчык, які ўцёк з Літвы са сваім родам і акружэннем.

Перад Міндоўгам была пастаўлена задача - пашырыць тэрыторыю Новагародскага княства за кошт тэрыторыі Літвы. І Міндоўг пачынае выконваць задачу новагародцаў - заваяванне Літвы. Са сваімі пляменнікамі і дзядзькам ён пачаў ажыццяўляць гэтае заданне.

М.І.Ермаловіч робіць выснову, што ўтварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, заваяванне Новагародскай зямлёю Літвы. Сын Міндоўга Войшалк канчаткова аб'ядноўвае Новагародскую, Пінскую, Нальшчанскую, Дзяволтваўскую, Полацка-Віцебскую і Літоўскую землі ў адзіную дзяржаву, што стала трывалым падмуркам утварэння ВКЛ. Калі далучэнне балцкіх зямель Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Пазней да ВКЛ далучыліся і іншыя беларускія землі. Галоўную аб'яднальную ролю ў складанні і пачатковай гісторыі ВКЛ меў найперш Новагародак.

Невыпадкова і герб гэтага горада - коннік з мячом у руцэ - стаў дзяржаўным гербам ВКЛ. Герб "Пагоня" высокамастацка апісаны ў аднаіменным цудоўным вершы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

М.І.Ермаловіч называе ВКЛ беларускай дзяржавай, бо яе асновай стала Беларускае Панямонне з цэнтрам у горадзе Навагародку і таму, што асноўную ролю ў яе стварэнні адыгралі беларускія феадалы, таму што пануючымі ў дзяржаве былі беларуская мова і беларуская культура. І чаму ж ВКЛ на працягу ўсёй сваёй шматвяковай гісторыі не сказала ніводнага літоўскага слова? Уся Літоўская метрыка, дзяржаўныя акты, дакументы, летапісы, хронікі, творы мастацкай літаратуры пісаліся ў ВКЛ на старажытнай беларускай мове. Ні адна еўрапейская краіна ў той час у афіцыйным ужытку не карысталася сваёй роднай мовай, а ўжывала лацінскую. ВКЛ было выключэннем з гэтага правіла, бо карысталася не лацінскай мовай, а роднай, сваёй, старабеларускай мовай. У перыяд існавання ВКЛ літоўцы (жамойты) сваёй уласнай пісьменнасці не мелі. Літоўская мова (пісьменства) у іх з'явілася на аснове лацінскай графікі з ХVІ стагоддзя. Літаратурная мова ў літоўцаў склалася ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя.

ВКЛ было поліэтнічнай дзяржавай чатырох асноўных народаў - беларускага, украінскага, рускага і літоўскага. Паводле дадзеных польскага гісторыка-медыявіста, славяназнаўца, акадэміка польскай АН Генрыка Лаўмянскага (1898 - 1984), у 1528 годзе колькасць насельніцтва Беларусі, Літвы і Падляшша складала звыш 2 млн. чалавек, насельніцтва ўсяго ВКЛ - больш за 2,5 млн. чалавек, у 1569 годзе, праз 40 гадоў, адпаведна 2,5 і 3,5 млн. чалавек. Славянскае насельніцтва ў той час складала ў ВКЛ амаль 80 %, літоўскае - толькі каля 20 % ад усяго насельніцтва ВКЛ.

Вось такія асноўныя тэзісы новай (беларускай) навуковай канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Іванавіча Ермаловіча паводле яго кнігі "Па слядах аднаго міфа".


Анатоль Валахановіч



БРАТЫ ЕРМАЛОВІЧЫ -нястомныя рупліўцы на беларускай ніве

Мікалай Іванавіч, Леанід Іванавіч, Валянцін Іванавіч Ермаловічы - тры апантаныя і нястомныя рупліўцы на нашай не вельмі ўдзячнай беларускай ніве.

Сыны койданаўскага селяніна, што меў свой фальварак побач з маёнткам вядомых ў свой час паноў Кастравіцкіх, з роду якога выйшаў беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, мастак, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі Карусь Каганец (Казімір Карлавіч Кастравіцкі, 1868 - 1918), зацяты працаўнік, добры гаспадар, ашчадны чалавек, пагэтаму і вораг народа, які быў у 1938 г. арыштаваны і які дзесьці загінуў на адных з параскіданых паўсюдна па СССР Курапатах. Сыны, бацькі, пацярпелага ад тагачаснага рэжыму, не спакусіліся лёгкім шляхам аднадушнага і рабскага ўхвалення не вельмі дальнабачных уладароў краіны Саветаў. Браты Ермаловічы выбралі свой шлях - у калдобінах, ямах, у поце, горычы, у цяжкім змаганні за праўду. Але іх здабыванне праўды не было лягчэйшым за здабыванне хлеба бацькам.

Падзвіжніцтва, асветніцтва, ахвярнасць - каго ні вазьмі з братоў Ермаловічаў, да кожнага з іх дапасуюцца гэтыя паняцці без нацяжак. Яны неаднойчы прыязджалі і выступалі на сваёй "малой" радзіме - у Навасёлкаўскай СШ, у Дзяржынскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі, у Цэнтральнай бібліятэцы горада Дзяржынска, у раённым Доме культуры імя У.М.Крыловіча.

Леанід Іванавіч нарадзіўся 21 ліпеня 1923 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці. Перад Вялікай Айчыннай вайною закончыў Дзяржынскую беларускую СШ. Са жніўня 1941 г. быў членам Навасёлкаўскай патрыятычнай групы Дзяржынскага патрыятычнага падполля, выконваў розныя адказныя даручэнні. У лістападзе 1942 г. пайшоў у партызанскі атрад "Бальшавік" брыгады імя І.В.Сталіна Баранавіцкай вобласці. Удзельнічаў з групаю 5-ці партызан-падрыўнікоў у падрыве чатырох варожых эшалонаў і 28 аўтамабіляў з жывой сілай і тэхнікай, у разгроме нямецка-паліцэйскіх залогаў у вёсках Рубяжэвічы, Камень, Гідрушкі.

У 1951 годзе ён закончыў Менскі педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. З 1951 па 1988 год выкладаў беларускую мову і літаратуру на сваёй радзіме ў Навасёлкаўскай СШ, амаль 40 гадоў кіраваў драматычным гуртком, дзе гучала беларуская мова са сцэны. І да ўсяго гэтага захапленне краязнаўствам, расшукванне невядомага, схаванага пад напластаваннямі ідэалагічнай блізарукасці, адрачэння ад сваёй гісторыі на карысць манкурцкай "светлай будучыні". Ён арганізаваў і стварыў гістарычна-краязнаўчы музей Навасёлкаўскай СШ. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём "Партызану Айчыннай вайны" І ступені і іншымі. Памёр 24 лістапада 2004 г. Пахаваны на вясковых могілках каля вёскі Навасёлкі.

У забруджаным ядзерным попелам і шкоднымі хімічнымі элементамі Чарнобыльскай АЭС і значна парадзелым на жыхароў гарадскім пасёлку Краснаполле Магілёўскай вобласці працаваў Валянцін Іванавіч - малодшы з братоў Ермаловічаў.

Валянцін Іванавіч нарадзіўся 17 сакавіка 1925 г. у вёсцы Малыя Навасёлкі. Беларускі акцёр. Заслужаны работнік культуры БССР (1988). Да Вялікай Айчыннай вайны закончыў 9 класаў Дзяржынскай беларускай СШ. У 1944 г. мабілізаваны ў Чырвоную армію, з цяжкімі кровапралітнымі баямі прайшоў Заходнюю Беларусь, Польшчу, Усходнюю Прусію, Германію. Чатыры разы быў паранены. Дэмабілізаваўся з Чырвонай арміі і ў 1946 г. скончыў 10 класаў Дзяржынскай беларускай СШ і паступіў вучыцца на акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. У 1950 - 1956 гадах акцёр Пінскага, пазней Магілёўскага абласных драматычных тэатраў. З 1956 г. выкладчык асноў рэжысуры і майстэрства акцёра Магілёўскай культурна-асветнай вучэльні. З 1978 г. рэжысёр Краснапольскага народнага тэатра Магілёўскай вобласці. Працаваў рэжысёрам многіх тэатральных калектываў Беларусі. Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, 9 медалямі, Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978) і інш. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1986), лаўрэат Усесаюзных фестываляў самадзейнай мастацкай творчасці (1988, 1991) і іншых.

Аўтар цікавых успамінаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны "Даганяючы вайну. "Некалькі дзён з жыцця на перадавой", якія публікаваліся ў кнізе "Памяць. Дзяржынскі раён" (2004) і ў дзяржынскай раённай газеце "Сцяг Кастрычніка" за 2004 год.

Вось маленькі ўрывак з гэтых успамінаў (апошнія радкі):

"Перамогу сустрэў у шпіталі. У канцы мая дагнаў свой полк у раёне Эльбы, і ў пачатку чэрвеня пачаўся пераможны шлях на Радзіму. Пракрочылі Германію, Польшчу і Беларусь - да горада Віцебска.

Паколькі меў чатыры раненні, патрапіў пад 2-ю чаргу дэмабілізацыі ў 1945 годзе.

На памяць аб вайне нашу ў целе 9 асколкаў. А водгукі яе не-не, ды напомняць аб сабе. Прыклад, 9 студзеня 1991 года дзяржынская раённая газета "Сцяг Кастрычніка" змясціла спіс тых, хто не вярнуўся з вайны. У гэтых спісах, якія прадставіў райваенкамат, быў і такі запіс: "Ермаловіч Валянцін Іванавіч, вёска Малыя Навасёлкі, Дзяржынскага сельсавета, радавы, загінуў у верасні 1944 года ў Польшчы".

А я вось жывы. Яшчэ і працую".

В.І.Ермаловіч - кіраўнік вядомага ў Беларусі народнага тэатра, які быў у свой час створаны братамі Шашалевічамі - Васілём і Андрэем (Мрыем).

У далёкім ужо ад нас 1918 г. у час працы настаўнікам Краснапольскай школы ІІ ступені Магілёўскай губерні беларускі драматург В.А.Шашалевіч (1897 - 1941) разам з сёстрамі і братам, беларускім пісьменнікам А.Мрыем (сапр. А.А.Шашалевіч, 1893 - 1943) стварыў Беларускі народны тэатральны калектыў, для якога пісаў п'есы.

Гэты тэатр называўся драматычны гурток - існаваў з перапынкамі з 1918 г. - арганізатары А.Грубэ, П.Кешаў, В.Гардон, М.Мітнікевіч, Л.Лабаноўскі, В.Паранін, В. Нікалаеў, Л.Багам'я, В.Брылёў, В.Якубовіч, В.І.Ермаловіч (1978 - 1995), А.Паплыка. Гэты драматычны гурток пазней называўся - Краснапольскі народны тэатр раённага Цэнтра культуры. Трэба адзначыць, што ўсе ўзнагароды, якія заваяваў калектыў Краснапольскага народнага тэатра, былі атрыманы, калі ім кіраваў В.І.Ермаловіч. Ён пакінуў значны след у сцэнічным мастацтве, у беларускай культуры, у прапагандзе са сцэны беларускай мовы, беларускіх пісьменнікаў і іх твораў.

Са сцэны тэатра цяпер гучыць беларуская мова, кліча беларусаў да духоўнага Адраджэння. Валянцін Іванавіч нястомна шукаў таленты сярод тых, з кім жыў, гутарыў, стаўшы духоўным апірышчам для апантаных прапагандаваць беларускае мастацтва. Сярод яго акцёрскіх работ: у Пінскім тэатры - Нелькін ("Вяселле Крачынскага" А. Сухаво-Кабыліна), Бойка ("Зямны рай"), Пётр ("Апошнія" Максіма Горкага), Астап ("Алазанская даліна" К. Губарэвіча і І.Дорскага); у Магілёўскім абласным драматычным тэатры - Андрэй ("У добры час!" В.Розава), Сева ("Іван Рыбакоў" В.Гусева) і інш. У Краснапольскім народным тэатры сярод пастановак В.І.Ермаловіча - "І змоўклі птушкі" І.Шамякіна, "У новым доме" І.Мележа, "Паўлінка" Янкі Купалы, "Людзі і д'яблы" Кандрата Крапівы, "Таблетку пад язык" А.Макаёнка, "Васа Жалязнова" Максіма Горкага, "Машачка" А.Афінагенава, "Шчасце жыць" паводле В. і А.Шашалевічаў, "Стогны душы" паводле М.Гарэцкага, "На дарозе жыцця" Якуба Коласа. В.І. Ермаловіч ставіў п'есы ў Бялыніцкім народным тэатры, Магілёўскім народным тэатры Цэнтра культуры і вольнага часу, тэатры аднаго акцёра пры гэтым тэатры - "Жыццё Еўфрасінні Полацкай", "Зязюля" С.Законнікава, "Полымя кахання" Л.Рублеўскай, "Чаго жыў" А.Дударава, "Новая зямля" Якуба Коласа, "Ёй хацелася жыць" Карпенчанкі, "Лебядзіная песня" А.Чэхава.

Яго шматлікія вучні - і народныя, і заслужаныя артысты - паразляталіся ад параненага атамам краю ратуючы сябе і сваіх дзяцей, і павезлі з сабою іскрынку светлага агню яднання сэрцаў праз высокае, сапраўднае, жывое мастацтва па многіх краінах свету.

А ўсё гэта пачалося ад неўтаймаванасці і няўрымслівасці старэйшага брата Мікалая Іванавіча.

- Ён у нас выкладаў гісторыю ў Дзяржынскай беларускай СШ, - успамінаў Валянцін Іванавіч. - Брат братам, а мне ён ставіў тройку па гісторыі: не мог ён дараваць ні мне ні каму іншаму няўвагі да нашай далёкай мінуўшчыны, імкнуўся, каб кожнага гісторыя зацікавіла, запа ланіла, каб абудзілася жаданне яе вывучаць, ведаць і весці справу беларускага Адраджэння.

Шмат мінула гадоў тых, а М.І.Ермаловіч захаваў патрабавальнасць да сябе і да іншых у пытаннях глыбокіх і сапраўдных ведаў, чыстых ад кан'юктурных меркаванняў.

Паўсюдна і зацята "с коммунистическим упорством" сцвярджалася і падтрымлівалася мільённымі накладамі кніг, што дзяржаўнасць і самастойнасць Беларусь атрымала толькі дзякуючы Савецкай уладзе, а Мікалай Іванавіч даводзіў у сваіх кнігах і навуковых артыкулах, у прыватнасці, у кнізе "Па слядах аднаго міфа", што ўсё было не так - за плячамі беларусаў - сівая мінуўшчына, магутныя карані.

Звыш 20 гадоў блукала яго кніга "Па слядах аднаго міфа" самвыдацкімі сляпымі зачытанымі старонкамі, адварочваліся рэдактары дзяржаўных выдавецтваў ад аўтара пры сустрэчах, былі выклікі і гутаркі "куды трэба" і "да каго трэба", былі запужванні Мікалая Іванавіча, звароты ягоных масцітых і больш удачлівых (не ў плане гістарычнай праўды, а на прадмет адваяваных у грамадства для сябе розных даброт і выгод) "калег" і акадэмікаў, і членкораў, і дактароў навук: "Запретить печатать, он нам мешает".

А Мікалай Іванавіч штодня на свае сціплыя пенсійныя грошы ездзіў з Маладзечна ў Менск і працаваў у "ленінцы": там яго чакалі стосы летапісаў, кніг, часопісаў. Да яго высокай, худой, крыху сутулай, нізка схіленай над сталом постаці прывыклі ў бібліятэцы ўсе: і супрацоўнікі, і наведвальнікі ў невялічкай, але ўтульнай чытальнай зале беларускага аддзела.

Многім ён дапамагаў сваімі энцыклапедычнымі ведамі і высокай эрудыцыяй, высокім прафесіяналізмам, падтрымліваў, а хто-ніхто проста і сціпла чэрпаў з адкрытай ім крынічкі ведаў, іншы раз нават "напрочь забывая" падзякаваць за цудоўную вадзіцу - крыніцу ведаў. А Мікалай Іванавіч ніколі і ні на каго не крыўдаваў, каб была толькі ў смак гэтая чыстая студзёная вадзіца, не ўскаламучаная зменлівымі часінамі і рознымі ідэалагічнымі хістаннямі "нібыта вецер у соснах".

- Былі нейкія магутныя, нясветлыя дні, - разважаў Леанід Іванавіч. - Даводзілася хаваць у сабе тое, аб чым балела сэрца і душа. Але ўрэшты рэшт прыйшла доўгачаканая радасць, няхай і запозненая. Я сам зразумеў, што трэба пакаяцца перад людзьмі, перад вучнямі, за кожнае няшчырае слова, якое было прамоўлена з маіх вуснаў.

Які незлічоны раз сціснула сэрца: хто ж з нас павінен згадваць пра пакаянне? Браты Ермаловічы, якіх ужо няма сярод нас, тыя, хто не ведаў у працы стомы, хто ахвяраваў здароўем, жыццёвай неўладкаванасцю дзеля Беларусі - сваёй Бацькаўшчыны, дзеля яе светлага Адраджэння? А можа мы?..

Вось такія думкі агортваюць мяне, калі я чытаю і вывучаю дакументы і матэрыялы, прысвечаныя нашым вялікім землякам - братам Ермаловічам.


Анатоль Валахановіч



Гісторыкі, літаратары, сябры-аднадумцы...

Распавядаючы пра Мікалая Іванавіча Ермаловіча, яго навуковую і літаратурную дзейнасць, яго сапраўды тытанічную працу па старанным вывучэнні і аналізе ўсіх сярэдневяковых летапісаў, хронік і іншых старажытных крыніц для абгрунтавання яго вядомай навуковай канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, мы тут не можам не прыгадаць і пра яго сябра-аднадумца, цудоўнага чалавека Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага.

Г.А.Каханоўскі і М.І.Ермаловіч жылі ў горадзе Маладзечне. Генадзь Каханоўскі прамаўляў гэтае слова: "Маладэчна", - і мяне часам далікатна падпраўляў у час размовы, казаў: "Маладэчна".

Г.А.Каханоўскі нарадзіўся 8 студзеня 1936 г. у вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1963 г. скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.І.Леніна і, паводле размеркавання, быў накіраваны на працу ў горад Маладзечна. Працаваў настаўнікам у вясковых школах раёна і ў Маладзечне.

Доўгі час з 1964 па 1981 год працаваў у Менскім абласным краязнаўчым музеі, які месціцца ў горадзе Маладзечне. Паслядоўна займаў пасады - навуковы супрацоўнік, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, дырэктар музея. Завочна скончыў аспірантуру пры Інстытуце гісторыі АН БССР. З 1981 года Г.А.Каханоўскі - навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы АН БССР, з 1991 года старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны ("Скарынінскі цэнтр"). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1986 г.

І М.І.Ермаловіч і Г.А.Каханоўскі на працягу дзесяткаў гадоў ездзілі з Маладзечна на працу ў Менск. Ермаловіч - у бібліятэку імя У.І.Леніна ў беларускі аддзел, дзе ў яго было нават пастаяннае працоўнае месца, Г.А.Каханоўскі - у АН БССР.

Ермаловіч з захапленнем працаваў над сваёй вядомай навуковай канцэпцыяй утварэння Вялікага Княства Літоўскага.

Каханоўскі напісаў кандыдацкую дысертацыю, якую абараніў у 1979 г. у Вільні і паспяхова абараніў доктарскую ў 1992 г., стаўшы доктарам гістарычных навук. У друку з краязнаўчымі артыкуламі пачаў выступаць з 1962 г. Ён выдаў шмат кніг, сярод якіх "Адчыніся, таямніца часу" (1984), "Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХУІ - ХІХ стст." (1984), "Повязь часоў" (1985), "Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму" (1989, у сааўтарстве з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам), "Прадвесне навукі"(1990), "Руплівец нашай старасвеччыны: Яўстах Тышкевіч" (1991, у сааўтарстве з А.Г.Каханоўскім), "А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біяграфіі М.Багдановіча" (1991), напісаў сотні навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, нарысаў, апавяданняў, эсэ і інш.

М.І.Ермаловіч аўтар кніг "Дарагое беларусам імя" (1970), "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды" (1990), "Па слядах аднаго міфа" (1989, 1991, 2001), "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд" (1994), "Вялікае Княства Літоўскае Беларуская дзяржава" (2001), шматлікіх артыкулаў пра гісторыю Беларусі эпохі феадалізму.

Г.А.Каханоўскі і Р.М.Семашкевіч да 50-годдзя М.І.Ермаловіча апублікавалі пра яго артыкул "Нястомны працаўнік", які быў надрукаваны ў штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва" 21 траўня 1971 г.

І Ермаловіча і Каханоўскага аб'ядноўвалі апантанасць, заклапочанасць аб беларускай гісторыі, мове, літаратуры, культуры і краязнаўстве.

Яны апублікавалі шэраг артыкулаў пра свае знаходкі, новыя адкрыцці, невядомае ў беларускай гісторыі і навуцы.

Г.А.Каханоўскі выявіў і апублікаваў першы адкрыты ліст (дазвол, афіцыйны дакумент, які выдаецца навуковымі ўстановамі на права правядзення даследчыкамі археалагічных разведак і раскопак) у Беларусі, які атрымаў 14 снежня 1818 г. Адам Чарноцкі (Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хада коўскі, 1784 - 1825) - вядомы беларускі славяназнавец, пачынальнік беларускай, украінскай, рускай і польскай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі. Адкрыты ліст быў падпісаны рэктарам Віленскага універсітэта. Адкрыты ліст быў напісаны на пергаменце на рускай, лацінскай і польскай мовах і зберагаецца ў Менскім абласным краязнаўчым музеі.

І Ермаловіч і Каханоўскі напісалі шмат артыкулаў у беларускія энцыклапедычныя выданні, знайшлі дагэтуль невядомыя і цікавыя факты пра жыццё і дзейнасць нашых землякоў - вядомых беларусаў.

Вось так, поруч, пераадольваючы вялікія перашкоды, якія ўвесь час ім чыніліся тагачаснымі савецкімі ўладамі і "прафесарамі" ад навукі, крочылі Ермаловіч і Каханоўскі па жыцці, у навуцы, адкрываючы новыя, невядомыя старонкі ў гісторыі шматпакутнай Беларусі, ліквідуючы "белыя" плямы ў гісторыі роднай Бацькаўшчыны.

Яны абменьваліся сваімі знаходкамі, якія былі выяўлены ў архівах, бібліятэках, падтрымлівалі адзін другога.

Каханоўскі прапагандаваў навуковую канцэпцыю ўтварэння ВКЛ М.І.Ермаловіча, распавядаў пра Ермаловіча, пра яго навуковую дзейнасць.

М.І.Ермаловіч у сваю чаргу дапамагаў Каханоўскаму ў яго адкрыцці новых, дагэтуль невядомых, імён у беларускай навуцы і знаходках, кансультаваў Каханоўскага па тых ці іншых пытаннях гісторыі Беларусі, літаратуры, краязнаўству.

Дапамагалі яны адзін аднаму і ў матэрыяльных адносінах. Каханоўскі часта заходзіў у выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, дзе выходзілі яго кнігі. Не мінаў ён і рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве, дзе я тады працаваў загадчыкам гэтай рэдакцыі. Па маёй рэдакцыі выйшла кніга Г.А.Каханоўскага "Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХУІ - ХІХ стст." у 1984 г. Па маёй рэдакцыі ўпершыню выйшла кніга М.І.Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа" ў 1989 г. Потым выйшла другое і трэцяе выданне. Я быў рады, калі ў іх выходзілі новыя кнігі, артыкулы ў часопісах, навуковых зборніках, газетах. У іх былі аднолькавыя погляды на развіццё гісторыі Беларусі, культуры, літаратуры, мовы, мастацтва.

Каханоўскі суперажываў, калі цяжка хварэла жонка Ермаловіча, вельмі перажываў, калі яна памерла. У Ермаловіча засталіся дачка Алена і сын Усевалад.

І Ермаловіч і Каханоўскі ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай гістарычнай навукі, сваімі неардынарнымі поглядамі на тыя ці іншыя праблемы і пытанні, на многае тое, што было вядома ў рускай гістарыяграфіі ХІХ ст. ці было засакрэчана, ці не хацелі публікаваць, бо гэта было не на карысць палітыкі Расійскай імперыі.

А Ермаловіч і Каханоўскі адкрылі, апублікавалі і зацвердзілі ў беларускай гістарыяграфіі нашы беларускія паняцці, персаналіі і многае іншае.

Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі - пачынальнік, арганізатар, ініцыятар правядзення Усебеларускага з'езда краязнаўцаў, які прайшоў у Доме літаратара ў снежні 1989 года. Ён быў нязменны старшыня Таварыства краязнаўства Беларусі.

Летам 1990 г. Каханоўскі прымаў удзел у рабоце Дзяржынскай раённай краязнаўчай канферэнцыі. Выступіў на ёй з добрай праграмнай прамовай, асноўны тэзіс якой быў - усебаковае развіццё краязнаўства ў Беларусі. На гэтай канферэнцыі выступаў і я з дакладам аб развіцці краязнаўства ў Дзяржынскім раёне з старажытных часоў да нашых дзён. Справа Г.А.Каханоўскага атрымала падтрымку ў рэспубліканскім масштабе - з 2003 года ў Беларусі пачала рэгулярна выходзіць "Краязнаўчая газета".

Пасля заканчэння канферэнцыі мы з ім выправіліся на Кальвіншчыну - аглядаць муры вядомага Койданаўскага кальвінскага збора і драўляны будынак касцёла святой Ганны. Генадзь Аляксандравіч, праходзячы па Першамайскай і Савецкай вуліцах, беспамылкова называў мне дамы, дзе ў мінулым жылі ў мястэчку Койданава яўрэі-гандляры. Гэта была яго адна са шматлікіх планавых паездак па раёнах Беларусі. За гэта я быў яму вельмі ўдзячны.

Г.А.Каханоўскі прыраіў мне пасля выхаду маёй першай кнігі "Дзяржынск" у 1977 г., выдаць яе і на рускай мове, і за гэта я быў яму вельмі ўдзячны. Кніга выйшла ў 1982 г. Г.А.Каханоўскі быў рэцэнзентам маіх кніг.

І Ермаловіч, і Каханоўскі - прыкметныя постаці ў беларускай гісторыі, літаратуры, краязнаўстве, археалогіі і фальклоры. Яны пакінулі нам багатую літаратурную спадчыну, якую нам трэба будзе яшчэ доўга і ўважліва вывучаць, здзіўляючыся іх энцыклапедычнымі ведамі, навуковымі тлумачэннямі тых ці іншых паняццяў. Яны вельмі проста і даступна тлумачылі тыя ці іншыя падзеі, прычыны і іх высновы.

Слынным беларускім постацям адраджэнскага руху вядомы беларускі паэт Сяргей Панізнік прысвяціў вершы:


Праводца


Міколу Ермаловічу


Быў час, які дажджамі цёпкаў.

Ад маладзечанскіх алей

мы з Вамі ехалі да Цёткі

на стогадовы юбілей.


Ў мячэці рэбры галасілі, -

студзіў Гальшанаў сорам-хлам...

Глядзелі вочы Еўфрасінні

з царкоўнай нішы ў вочы нам.


Накручвалі на аўтаколы

Вякоў злінялы зрэбны час...

...Зацыраваў спадар Мікола

не хатулёк, айчынны пас,


якім, калі падперазацца

і дбайна выправіцца ў шлях, -

якраз паспеем аказацца

там, дзе Радзіма, дзе ў палях

надзеі рунь, свабоды бом,

дзе наш, спадар Мікола, Дом.

1976 г.



Ёсць Божы суд...

Памяці Генадзя Каханоўскага


Выміраюць беларусы... Год за годам.

Хутка будзем "пахароненым" народам?

Толькі рэхам і грахом у апраметнай,

На скрыжалях толькі рыскай непрыкметнай?


Выміраюць беларусы... Век не носкі.

Дзе Генадзь, сын Аляксандра, Каханоўскі?

Смерць захапала, і сцежачка - глухая.

Не хапае нам яго, ой, не хапае.


Не хапае Каханоўскага кахання,

Ускалыхвання і сэрца калыхання.

А хто лепшы, той і першы ў расходзе.

І паменяла народнага ў народзе.


У кальчугі патанчэла абярога.

...Ён, ласкавы, перапросіць Пана Бога

І замовіць прабачальных колькі слоўцаў

За прадаўца, беларускасці забойцаў.


Хай бы Бог вярнуў сумленне ім развагу

І хоць кропельку - не сораму, то страху.



Мы ганарымся і Міколам Ермаловічам і Генадзем Каханоўскім, бяром прыклад з іх мужнага і вялікага жыцця і вернага служэння нашай Бацькаўшчыне.

І Ермаловіч і Каханоўскі годныя сыны беларускага народа.


Анатоль Валахановіч



Светлы ўспамін

Асветнік, гісторык, даследчык -

Ермаловіч Мікола.

Удзячны народ беларускі

Яго не забудзе ніколі!

На адным з мерапрыемстваў у Доме літаратара, недзе ў 1995 г., мне пашанцавала грунтоўна пагутарыць з Міколам Ермаловічам.

Быў перапынак. Я набыў кнігу У.М. Ігнатоўскага "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" і завітаў да Міколы Іванавіча. Ён сядзеў у зале побач з братам Валянцінам Іванавічам.

Я назваў сябе, выказаў падзяку за працу на карысць сапраўднай гісторыі Бацькаўшчыны. У шчырай размове з Міколам Іванавічам і Валянцінам Іванавічам я адзначыў, што людзі разумеюць якіх высілкаў і мужнасці патрабуе толькі адна прыхільнасць да беларускасці, а працаваць у неспрыяльных умовах і самаахвярна аддаваць сябе гэтай высокароднай справе здольны толькі адзінкі.

Мікола Іванавіч падзякаваў за добрыя словы і пацікавіўся з якіх мясцін паходзяць мае карані. Калі я паведаміў, што ёсць звесткі, якія сведчаць аб тым, што пасля падзей 1794 г., з захаду нашай краіны, па Прыпяці , у глыбіні Палесся, ратаваліся і мае продкі, ён сказаў, прыкладна, наступнае:

- Наша Мінулае яшчэ паўстане ва ўсёй сваёй велічы, і Будучыня нашага народа светлая. І, галоўнае, яна ёсць, гэта Будучыня - таму што было яскравае і гераічнае Мінулае, была магутная вольная Дзяржава. А цяпер галоўнае - усімі сіламі і сродкамі выхоўваць самасвядомасць у грамадстве.

Напрыканцы размовы, я, як аматар гісторыі, папрасіў Міколу Іванавіча і Валянціна Іванавіча паставіць свае аўтографы ў кнізе У.М. Ігнатоўскага. Гэта кніга захоўваецца ў маёй бібліятэцы, і я ганаруся, што маю такую кнігу з аўтографамі слынных беларускіх дзеячоў - братоў Ермаловічаў.

Канцэпцыю Міколы Ермаловіча аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага яшчэ асэнсуюць і ўхваляць у шырокім грамадстве. Яго постаць з часам будзе ўсё больш прыцягальнай і павучальнай для нашчадкаў.

Дзейнасць сяброў клуба "Спадчына" таксама спрыяе папулярызацыі здабыткаў Вялікага Беларуса. Шмат зроблена і робіцца ў клубе "Спадчына" для пашырэння ведаў аб беларускай гісторыі, для выхавання самасвядомасці беларусаў, для нацыянальнага Адраджэння. Самаахвярна і бескарысліва працуюць А.Белы, А.Валахановіч, А. Крывенка, М.Лавіцкі, Н.Сармант, А.Цыркуноў, Г. Штыхаў, А. Грыцкевіч, Я. Лаўрэль, Л. Лыч, Р. Барадулін, А Саламонаў, У. Содаль, Я. Гучок, С. Лойка, Г. Сіўчык, А. Лісоўская, А. Саскавец, І. Курыцын, І. Лойка, А. Аніська, В. Сіўчык, М. Лавіцкі, М. Несцярэўскі, М. Карпук, М. Назарчук, А. Мяльгуй, А. Будзянок, У. Пяцюкевіч, П. Русаў, А. Белая, І. Макавецкі, І. Антанюк, А. Руская, К. Конаш і іншыя аднадумцы і паплечнікі Міколы Ермаловіча.

Ужо ніхто і нішто не спыніць Адраджэння нашай Бацькаўшчыны, нашай мовы, нашай Дзяржавы!

А пра Міколу Іванавіча Ермаловіча я скажу:


Ён барацьбіт і патрыёт...

(Яшчэ багата добрых слоў...)

Чакала Беларусь Яго

Амаль чатырыста гадоў.


Уладзімір Ліпскі.



Лёсавызначальная сустрэча

Упершыню я пачула Міколу Іванавіча Ермаловіча ў Доме літаратара, дзе ў свой час (1990 г.) чыталіся лекцыі для настаўнікаў па гісторыі і культуры Беларусі.

Вось так упершыню (у 53 гады) я даведалася пра Вялікае Княства Літоўскае з вуснаў М.І.Ермаловіча. І сама сабе падумала: "Вось быў Час, во былі Людзі!"

Запрашэння ніхто не патрабаваў паказваць, і я праходзіла ў залу пад выглядам настаўніцы, але садзілася далей, каб не кідацца ў вочы.

Асабістае знаёмства з М.І.Ермаловічам адбылося ў 1991 годзе, калі ў час вандроўкі па Маладзечаншчыне, па маёй просьбе сустрэліся з ім слухачаы Народнага універсітэта "Гісторыя і культура Беларусі" .

Да таго часу я ўжо азнаёмілася з яго кнігамі "Па слядах аднаго міфа" (1989), "Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяд" (1990). Вялікая цікавасць з'явілася ў мяне пасля таго да Яе Вялікасці "беларускай кнігі". З кожнай новай кнігай я адкрывала для сябе Беларусь і ўзяла на сябе вялікую адказнасць і смеласць разам са слухачамі лекторыя перагортваць далей старонкі нашай гісторыі на практыцы, выкарыстоўваючы вандроўкі, выставы, музеі, беларускі тэатр, беларускае кіно.

Так утварыўся клуб менскай інтэлігенцыі "Беларуская хатка".

Мікола Іванавіч Ермаловіч быў вельмі частым госцем мерапрыемстваў, якія ладзіліся клубам у філіяле музея Максіма Багдановіча "Беларуская хатка" разам з кінатэатрам "Змена", тэатрам аднаго актора "Зніч". Ён быў з намі ў тэатры імя Янкі Купалы, нават у вандроўцы па Дзяржыншчыне і Маладзечаншчыне.

Тэматыка мерапрыемстваў была беларускай. На-прыклад, прагляд монаспектакля "Не праклінай, што я люблю" паводле рамана Н.Гілевіча; "Віленскія мроі" (прысвечанне І.Луцкевічу); сустрэча з беларускім паэтам Анатолем Сысам; прэзентацыя зборніка паэзіі "Агледзіны", складальнік А.Бакач; вечарына "Беларуска-японскія суадносіны" - Іосіф Гашкевіч; "Беларуская Жанчына" ("Рагнеда" і спектакль "Паўлінка") і г.д.

Прысутнасць Міколы Ермаловіча сярод сяброў клуба "Беларуская хатка" на гэтых мерапрыемствах зафіксавана на фатаграфіях.

Ніколі не адмаўляўся М.І.Ермаловіч ад запрашэнняў, калі меў вольны час. Быў дарадцам, ухваляў дзейнасць клуба і быў заўсёды вельмі жаданым, дарагім і вельмі цікавым госцем. Яму было, пра Што сказаць і Як сказаць.

Ведаючы яго становішча са зрокам, я вельмі адказна ставілася да гэтага. Абавязкова яго сустракалі і праводзілі да кватэры сябры клуба.

Але аднойчы я не дачакалася яго на сваю вечарыну, што адбылася 4 сакавіка 2000 года сумесна з тэатрам "Зніч" (сустрэча з вядомым гітарыстам Валерыем Жывалеўскім і яго вучнямі).

5 сакавіка 2000 года я даведалася, што ён памёр.

Віны маёй у гэтым не было (запрашэнне на вечарыну).

Вечная памяць Міколу Іванавічу Ермаловічу, які ў свой час "адкрыў" вочы мне відушчай. Позна, але не позна… Лічу, што я паспела амаль за 20 гадоў сваёй асветніцкай дзейнасці, паспяхова перадаць свае веды іншым сябрам.


Ала ХОДАН,

30 лістапада 2006 г.



Ушанаванню памяці прысвечаны

2 сакавіка 2001 года сябры менскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" ладзілі ў Доме літаратара вечар, прысвечаны ўшанаванню памяці вядомага беларускага гісторыка, таленавітага даследчыка, пісьменніка, літаратуразнаўца, публіцыста Міколы Іванавіча Ермаловіча.

Прысутныя дзяліліся думкамі, успамінамі пра сустрэчы з слынным беларусам, пра значэнне і вынікі яго плённай працы, пра неабходнасць выдання ўсёй яго спадчыны, дзеля яе захавання, больш глыбокага асэнсавання і больш шырокага азнаямлення з ёю грамадскасці.

У прыватнасці, было сказана:


Анатоль Белы, старшыня клуба "Спадчына":

Паважанае спадарства! Сённяшняя вечарына прысвечана светлай памяці Міколы Іванавіча Ермаловіча.

Мікола Іванавіч быў ганаровым сябрам клуба "Спадчына", быў ганараваны ордэнам "Гонар Айчыны". Да 80-годдзя Міколы Іванавіча клуб падрыхтаваў яшчэ адну ўзнагароду - Кубак "Спадчына". На вялікі жаль Мікола Іванавіч не дажыў да свайго юбілею, трагічна загінуў. Кубак, як і партрэт Міколы Іванавіча, намаляваны мастаком Яўгенам Ціхановічам, мы перадамо ў Нацыянальны музей гісторыі Беларусі, дзе, спадзяёмся, будзе стэнд Міколы Іванавіча.

Я не стану распавядаць пра жыццёвы шлях Міколы Іванавіча. На гэта будзе асобая нагода. Адзначу толькі, што пасля заканчэння Менскага педагагічнага інстытута, ён на працягу 1948-1957 гадоў працаваў у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце. Далей была розная праца, але ён найбольш часу аддаваў вывучэнню гісторыі Беларусі. Ён зразумеў, што ў народа ўкралі гісторыю. Вярнуць яе - вось тая мэта, якую паставіў перад сабою Мікола Іванавіч.

Неверагодна, але ён адзін змог здзейсніць задуманае. Сёння мы маем сапраўдную гісторыю, мы - народ, мы -нацыя.

Мікола Іванавіч вызначыў і даў навуковае абгрунтаванне месцазнаходжання летапіснай Літвы (у верхнім і сярэднім Панямонні). Гэта было зроблена ім яшчэ ў 1969 г. Тым самым быў развеяны міф аб літоўскім (жамойцкім) заваяванні беларускіх земляў, навукова пацверджана, што Вялікае Княства Літоўскае - беларуская сярэдневечная дзяржава, якой папярэднічалі такія дзяржаўныя ўтварэнні як Полацкае і Тураўскае княствы. Але толькі праз два дзесяцігоддзі - у 1989 г.- гэта праца будзе надрукавана асобнай кнігай пад назвай "Па слядах аднаго міфа". А праз год у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выходзіць яго фундаментальная праца "Старажытная Беларусь". Я не маю за мэту рабіць тут нават кароткі агляд гэтай працы. Адно толькі скажу, што Мікола Іванавіч паказаў самабытнасць беларускага народа, яго дзяржаўнасці.

Калі ў Ноўгарадзе (Маскве), Кіеве кіравалі князі з дынастыі Рурыкавічаў, то ў Полацку - з дынастыі Рагвалодавічаў. Паміж князямі гэтых дынастый вяліся шматлікія войны. Часам Полацк плаціў даніну Кіеву, але Полацкае княства заставалася незалежным аж да ўваходжання яго ў склад Вялікага Княства Літоўскага, у якім яно, дарэчы, займала асобнае становішча.

Апошняя кніга Міколы Іванавіча "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае" выйшла ў 2000 г., калі аўтара не было ўжо ў жывых. Гэта квінтэсенцыя ўсяго напісанага Міколам Ермаловічам.

Мікола Іванавіч ачысціў гістарычную навуку ад напластаванняў каланіяльна-камуністычнай ідэалогіі. Хтосьці трапна сказаў: "Беларусь чакала Міколу Ермаловіча 400 гадоў".

Першы раз Мікола Іванавіч прыйшоў у клуб "Спадчына" 2 красавіка 1986 г. Гэта было на вуліцы Мендзялеева, 3. Сабралася каля 200 чалавек. Прыйшлі кадэбісты, прыйшла Я.Юферава з гаркама партыі. А напярэдадні кватэру Міколы Іванавіча наведалі кадэбісты, сказалі, што не трэба выступаць з лекцыяй у клубе. Але яны не даацанілі Міколу Іванавіча, прывыклі, што іх усе баяцца. Ды не такім быў Мікола Іванавіч. Ён заўсёды рабіў тое, што лічыў патрэбным. Быў мужным. Прыйшоў і выступіў. Цяжка перадаць якое моцнае ўражанне зрабіла на прысутных яго лекцыя. Людзі былі ўзбуджаныя, на тварах радасць, мабыць ад таго, што адчулі духоўную блізкасць адзін да аднаго, этнічную роднасць праз сваю агульную гісторыю. Служкі рэжыму разгубіліся. Пасля будуць, вядома, рассылаць па ўстановах цыркуляры, ганьбіць клуб і нацыяналістаў. Але гэта ўжо па завядзёнцы, вяла, без ранейшага імпэту. Было бачна, што сістэма развальваецца. Людзі прагнуць перамен.

Не магу не прыгадаць і гісторыю плаката "Вялікія князі Літоўскія", які мы распрацавалі з Алесем Цыркуновым. Паказалі Міколу Іванавічу. Ён ухваліў і прапанаваў дадаць яшчэ адзін партрэт і сказаў: "Калі ты зробіш гэты плакат, цябе будуць таптаць гэтаксама, як і мяне. Ты гатоў да гэтага?" Я адказаў: "Гатоў!" - "Ну, і глядзі, а я буду цябе абараняць."

Калі плакат быў падрыхтаваны, я паслаў яго многім навукоўцам. Але ніхто і словам не адгукнуўся. А па часе звоніць мне мітрапаліт Філарэт, гаворыць, што выйшла кніга "Прэпадобная Еўфрасіння Полацкая", і ў ёй змешчаны плакат. У тэксце кнігі напісана: "Вялікія князі Літоўскія паходзяць з Полацкіх князёў". Я бяру кнігу і бягом у Нацыянальную бібліятэку да Міколы Іванавіча, паказваю. Мікола Іванавіч узрушаны: "Усё. Мы перамаглі! Нас падтрымала праваслаўная царква."

Але чаму, менавіта, Міколу Іванавічу, а не каму-небудзь іншаму, удалося вызначыць месцазнаходжанне летапіснай Літвы?


Язэп Юхо, доктар юрыдычных навук, прафесар:

Міколу Іванавіча я ведаў ці не з першых дзён, калі ён пачаў займацца гісторыяй. І поспех яго ў тым, што ён нічога не прыдумляў, шукаў нашу гісторыю там, дзе яна і павінна была быць. А нашы гісторыкі нярэдка выдумляюць тое, чаго не было. Наша насельніцтва спрадвеку жыло тут. Ужо больш за чатыры тысячы гадоў назад пачало займацца апрацоўкай зямлі, капала шахты. Ну, няўжо прышлы чалавек так вось без ніякага досведу палезе пад зямлю глыбей чым на два-тры метры, будзе рабіць там хады, штрэхі. Гэта ж вельмі складана і небяспечна. Значыць, людзі былі дасведчаныя ў гэтай справе. Тут спрадвеку жыло славянскае насельніцтва. А нам увесь час дзяўбуць пра нейкіх там балтаў. Яшчэ Герадот пісаў пра гудаў (гудзінаў), неўраў (нарцаў). У нас жа этнонімаў многа з гэтым коранем. Згадалася Нарач, Нароўля. Ды і слова народ (нар - род) таго ж кораня. Але нашы гісторыкі ну ніяк не хочуць шукаць нашай гісторыі. Больш за тое, выкінулі з нашай гісторыі самы старажытны пласт нашай культуры - дахрысціянскі этап яе развіцця. А яна ж была цесна звязана з індаеўрапейскай, так званай арыйскай культурай, якой як мінімум 5 - 6 тысяч гадоў. Чамусьці дахрысціянскай культуры ў нас не прызнаюць. Хаця ёсць працы Шафарыка, які згадвае, што носьбіты гэтай культуры жылі на тэрыторыі Менскай губерні ўжо каля чатырох тысяч гадоў таму. А дзесьці на пачатку новай эры значная частка насельніцтва, тыя ж дрыгавічы, крывічы, перасялілася на поўдзень, на Балканы і ўтварылі Балгарскую дзяржаву, Сербскую дзяржаву. Яны ж прынеслі з сабой і свае назвы паселішч, тыя ж Косава, Дрыговіца... Я хачу звярнуць увагу нашых маладзейшых гісторыкаў на тое, што трэба смела, як гэта рабіў Мікола Іванавіч, брацца за недаследаваныя пласты нашай гісторыі, за той жа язычніцкі перыяд яе.

Грэкі, рымляне захавалі сваю язычніцкую культуру. А чаму мы згубілі яе? Прычына ў тым, што хрысціянства прапаведвалі самі грэкі, самі рымляне. У Беларусі гэтым займаліся чужаземцы, якія не ведалі жыцця нашых продкаў, лічылі іх за дзікуноў. Рускую гісторыю, напрыклад, выкладалі немцы (Мілер і інш.). Яны лічылі, што да таго часу, пакуль не з'явіўся Рурык, на тутэйшых землях нічога не было. Вось прыйшоў з-за мора Рурык і ўтварыў дзяржаву. Хаця ў таго ж Тацішчава сказана, што Рурык быў унукам Кастамыша - наўгародскага князя. Таму зусім натуральна, што Рурыка папрасілі на княжанне.


Трэба працягваць справу Міколы Ермаловіча, уздымаць іншыя пласты нашай гісторыі, трэба вяртаць народу яго гістарычную памяць. Працаваць трэба самаахвярна, як гэта рабіў наш Мікола Іванавіч.


Генрых Далідовіч, пісьменнік, галоўны рэдактар часопіса "Маладосць":

Я меў шчасце сустракацца з Міколам Іванавічам цягам недзе гадоў каля пяці, ездзіць з ім па Беларусі, сядзець разам над летапісамі. Мікола Іванавіч пачынаў як крытык, даследчык роднай літаратуры. У свой час Барысенка прапанаваў яму дысертацыйную тэму "Вобраз Леніна ў беларускай літаратуры". Мікола Іванавіч круціўся-круціўся, але ад тэмы ўрэшце адкараскаўся. Хаця пазней усё ж надрукаваў артыкулы "Дарагое беларусам імя", "Мінулае дзеля будучыні".

Мікола Іванавіч нам, рэдактарам часопіса "Маладосць", не раз горача даводзіў, што беларуская дзяржаўнасць пачалася не з 1917 года. І мы прапанавалі яму напісаць пра гэта артыкул. "Сябры, вы падставіцеся..." - перасцерагаў нас Мікола Іванавіч, але артыкул напісаў. Мы яго надрукавалі. І вось у "Звяздзе" з'яўляецца разгромны артыкул прафесара А.Залескага. Прыбягае Мікола Іванавіч у рэдакцыю часопіса:

"Божа мой, як жа я вас падвёў!" А прафесар абвінавачваў нас у тым, што мы занялі антыпартыйную, антыкласавую пазіцыю... Мікола Іванавіч дастае тры старонкі: "Я вось напісаў адказ у "Звязду". А мы гаворым: "А давайце не будзем апраўдвацца, адкажам новым творам". - "Ой, хлопчыкі, калі я прынясу новы твор, то вас усіх у турму пасадзяць". Мы жартуем: "Калі сухары будзеце насіць, будзем друкаваць". І Мікалай Іванавіч прыносіць "Старажытную Беларусь". Прачыталі... Цяжка будзе. Трэба будзе правесці праз галоўліт. І мы вырашылі заказаць прадмову. Я звярнуўся да васьмі дактароў гістарычных навук, прафесараў напісаць рэцэнзію і тым самым падтрымаць М.І.Ермаловіча. Усе адмовіліся ад прапановы. А гэта ж былі галоўныя навуковыя кадры тагачаснай Беларусі! І толькі Міхась Ткачоў пагадзіўся напісаць Прадмову. І вось з ліпеня 1988 г. у часопісе "Маладосць" пачала друкавацца "Старажытная Беларусь". Нас падтрымаў Георг Штыхаў, які прыйшоў у рэдакцыю і прапанаваў афармленне нарыса іконаграфічным матэрыялам.

Пасля таго як восем чалавек адмовіліся напісаць Прадмову, я папрасіў падтрымкі ў Міколы Стэфанавіча Сташкевіча, які тады працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Мы тады з ім шмат пра што гаварылі. І Мікола Стэфанавіч сказаў: "Я падтрымаю вас там, дзе трэба". І сапраўды падтрымаў. І праца Міколы Іванавіча выйшла асобнай кніжкай. Вось у маіх руках сігнальны экзэмпляр "Старажытнай Беларусі", якую прэзентаваў мне аўтар. Вось тут напісана: "Дарагі Генрых Вацлававіч! Найперш Вам я абавязаны з'яўленню гэтай кнігі ў свет. Таму першы нумар яе - сігнальны экзэмпляр - я адрасую Вам".

Вось такія былі часы, такі рэальны быў жах навуковай гістарычнай эліты беларускага грамадства перад партыйнымі органамі. Гэта цяпер мы ўсе смелыя. А канкрэтны выпадак з М.І.Ермаловічам красамоўна паказвае, хто быў смелы, а хто заняў пазіцыю чакання.


Мікола Сташкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар, дырэктар Інстытута гісторыі НАН:

Я пазнаёміўся з Міколам Іванавічам завочна. Гэта было недзе ў сямідзесятых гадах. Уладзімір Якаўлевіч Бягун даў мне рукапіс, які распаўсюджваўся ў Акадэміі навук БССР, і сказаў, каб я толькі не насіў на працу, не клаў у сейф. Гэта быў рукапіс "Па слядах аднаго міфа". Божа, а мы ж нічога пра гэта не ведалі, нас гэтаму ва універсітэце не вучылі. Мы не ведалі ні аднаго летапісу, ні аднаго князя, не ведалі вытокаў нашай дзяржаўнасці. Пазней я ўжо неаднаразова сустракаўся з Міколам Іванавічам у бібліятэцы. Падоўгу гутарылі. Потым, калі ўжо пачалася перабудова, а я стаў загадваць кафедрай, вырашыў праводзіць "круглы стол". Нашы ж выкладчыкі блыталіся ў пытаннях узнікнення нашай дзяржаўнасці.

Запрашаў на "круглы стол" нашых акадэмічных навукоўцаў і, вядома ж, Міколу Іванавіча, які жыў у Маладзечне. Мікола Іванавіч прыязджаў у нацыянальнай кашулі, з картай. Пра нашу сярэднявечную дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, яе ўзнікненне і станаўленне гаварыў з пафасам, натхнёна. Мікола Іванавіч развіваў і ўдакладняў ідэі, сфармуляваныя вялікімі папярэднікамі, адраджэнцамі дваццатых гадоў - Ластоўскім і Ігнатоўскім. Калі б Мікола Іванавіч толькі вызначыў і абгрунтаваў месцазнаходжанне летапіснай Літвы, то гэтага было б дастаткова, каб навечна застацца ў гісторыі і культуры свайго народа. Я ўпэўнены, што многія ідэі, якія вызначыў Мікола Іванавіч, будуць развівацца нашымі навукоўцамі, асабліва маладзейшага пакалення.


Віталь Скалабан, кандыдат гістарычных навук, намеснік дырэктара НАРБ:

Усе ўжо, мабыць, пагадзіліся, што Мікола Ермаловіч не толькі гісторык, не толькі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, літаратар, яшчэ ён публіцыст, дзеяч беларускага, скажам высокім стылем, вызвольнага руху, ён адзін з аўтараў беларускага самвыдату 60 -70-х гадоў ХХ стагоддзя. Яго "Гутаркі", цяпер ужо часткова надрукаваныя, распаўсюджваліся ў Менску. Але іх яшчэ трэба сабраць і разам выдаць. Наогул, нам трэба сабраць, асэнсаваць, выдаць усю спадчыну Міколы Ермаловіча. Гэта не робіцца паспешліва. Але ўжо сёння варта падрыхтаваць успаміны пра Міколу Іванавіча, упарадкаваць яго эпісталярную спадчыну.

Мікола Іванавіч не чакаў лепшых часоў, ён працаваў у тых абставінах, якія склаліся. Вось ён падрыхтаваў працу "Па слядах аднаго міфа". Ну не ўдалося выдаць яе. Мікола Іванавіч не апусціў рукі. Ён прыносіць яе ў "Беларускую Савецкую Энцыклапедыю", дзе гэтую працу "Па слядах аднаго міфа" літаральна разабралі па артыкулах, надрукавалі. Мікола Іванавіч быў адным з самых дысцыплінаваных аўтараў. Ён быў прынцыповым і ў той жа час умеў, калі ад гэтага выйгравала справа, ісці на кампрамісы. Ён і Леніна (ленінскую тэму) выкарыстаў дзеля рэалізацыі сваёй ідэі. Яго першая кніжка "Дарагое беларусам імя" выйшла ў бібліятэцы "Голас Радзімы". Потым яна была перавыдадзена на ангельскай мове. Але на колькі яна беларуская па сваім змесце? У ёй ёсць такія артыкулы як "К.Маркс і Беларусь", "Ф.Энгельс і Беларусь".

Мікола Іванавіч быў беларускім энцыклапедыстам. Ён вярнуў беларусам праўду пра іх гісторыю. Людзі чакалі гэтай праўды і прынялі яе, прызналі Міколу Ермаловіча.


Адаптацыя тэкста Яўгена Лаўрэля



У памяць Міколы Ермаловіча

28 красавіка 2006 г. у тэатральнай зале касцёла святых Алены і Сымона адбыўся вечар, прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага гісторыка, пісьменніка, краязнаўца Міколы Іванавіча Ермаловіча, які правёў менскі культурна-асветніцкі клуб "Спадчына".


Спачатку прагучаў голас Міколы Іванавіча Ермаловіча. Потым старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы расказаў аб шматлікіх сустрэчах з М.І.Ермаловічам у клубе "Спадчына", аб яго дапамозе пры вырашэнні некаторых праектаў клуба, аб справах і намаганнях, накіраваных на ўшанаванне памяці слыннага сына Бацькаўшчыны. У прыватнасці, ён сказаў:


- Сёння будуць выступаць пераважна тыя, хто не проста ведаў Міколу Іванавіча Ермаловіча, а спрычыніўся да папулярызацыі яго творчасці, хто дапамагаў яму ва ўсім, нават матэрыяльна. У нас ужо складваецца традыцыя, што найбольш важныя падзеі мы адзначаем выданнем кнігі або стварэннем помніка. Мы надрукавалі кнігу з нагоды 155-х угодкаў з дня народзінаў Першага Прэзідэнта Чэхаславаччыны Томаша Масарыка (2005). Пасля гэтага вечара мы распачынаем працу па выданні кнігі ўспамінаў пра Міколу Ермаловіча. Гэта цяжка, складана, але ў нас ужо ёсць неблагі досвед.

Клуб "Спадчына" першы наладзіў публічную лекцыю Міколы Ермаловіча. Яна адбылася 2 красавіка 1986 г. па вуліцы Мендзялеева, 3. У памяшканні было каля двухсот чалавек. На лекцыі прысутнічала Я. Юферава - загадчыца ідэалагічнага аддзела Менскага гаркама партыі. Яе, вядома, прыслаў сакратар Менскага гаркама партыі па ідэалогіі Пётр Краўчанка. А напярэдадні на кватэру ў Маладзечне да Міколы Іванавіча прыходзіў супрацоўнік КДБ БССР. Ён угаворваў Міколу Іванавіча не прыязджаць на сустрэчу з сябрамі клуба "Спадчына", не выступаць з публічнай лекцыяй. Але Мікола Іванавіч быў мужным чалавекам, стрымаў слова, прыехаў у клуб і выступіў з лекцыяй.

Пасля гэтай вечарыны мяне выклікалі ў Менскі гаркам партыі, і тая ж Я. Юферава абвінаваціла мяне, дакладней не столькі мяне, колькі Міколу Іванавіча ў трох пунктах: Мікола Ермаловіч - буржуазны аб'ектывіст, буржуазны нацыяналіст і яшчэ ў чымсьці падобным. Гэтага па тых часах было дастаткова, каб ізаляваць Міколу Іванавіча і мяне ад грамадства. Пачаліся ганенні на клуб "Спадчына". Дзейнасць клуба была нават часова прыпынена.

Паводле прац Міколы Іванавіча я падрыхтаваў Радавод Вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага, а мастак Алесь Цыркуноў аформіў яго як плакат. Паказалі Міколе Іванавічу. Ён пагадзіўся, толькі прапанаваў дадаць яшчэ адзін партрэт. І сказаў:

- Калі ты гэта зробіш, то цябе будуць таптаць гэтак-сама, як і мяне. Ты гатовы да гэтага?

- Гатовы! - адказаў я.

- Ну, то і рабі, а я буду цябе падтрымліваць!

І я выпусціў 20000 плакатаў, якія ўжо разышліся па ўсім свеце. Плакаты былі дасланы многім вучоным, але ніхто і словам не адгукнуўся.

Ішоў час... І вось нечакана тэлефонны званок ад Уладыкі Філарэта:

- Анатоль, прыязджай! Ёсць для цябе падарунак!

Уладыка Філарэт прэзентаваў мне кнігу "Прападобная Еўфрасіння Полацкая", у якой быў змешчаны наш плакат, адгарнуў на той старонцы, дзе напісана, што Гедзімінавічы паходзяць ад Полацкіх князёў. Я падзякаваў Уладыку Філарэта і хуценька пабег ў бібліятэку да Міколы Іванавіча.

Ён, узрушаны гэтай навіной, сказаў:

-Усё! Мы перамаглі! Калі Філарэт падтрымаў нас, то супраць нас ужо ніхто не выступіць!

А неўзабаве выйшла кніга Я.К.Новіка "Гісторыя Беларусі", дзе на 12 старонках была надрукавана "Канцэпцыя Міколы Ермаловіча аб ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага".

Мы стварылі медаль у памяць Міколы Ермаловіча і ўстанавілі два помнікі: адзін знаходзіцца ў Старых Дарогах, другі ўстаноўлены ў цэнтры горада Маладзечна. "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі." - гэтыя словы напісаны і на медалі і на помніку. Кніга ўспамінаў, якую мы абавязкова выдадзім, будзе яшчэ адным помнікам гэтаму Вялікаму сыну Беларусі. Ад Мацея Стрыйкоўскага наша гістарычная навука ішла наперакасяк. І вось Міколу Ермаловічу ўдалося выправіць яе, аднавіць яе праўдзівы ход.


Вечар пачаў малітваю пад акампанемент піяніна сябар М.І.Ермаловіча, сусед, аднадумца і паплечнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з горада Маладзечна Лявон Цімохін.

Першае слова было прадстаўлена старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", кандыдату гістарычных навук Алегу Трусаву. Прамоўца яскрава распавёў аб значэнні падвіжніцкай працы М.І.Ермаловіча для гісторыі Беларусі і зрабіў высновы:


- Я пазнаёміўся з Міколам Іванавічам яшчэ будучы студэнтам у беларускім аддзеле "ленінскай" бібліятэкі. А потым давялося быць адным з першых рэцэнзентаў яго артыкулаў пра летапісную Літву і кнігі "Па слядах аднаго міфа". Трэба сказаць, што напрыканцы ХХ стагоддзя нам вельмі пашанцавала. У нашай гістарычнай навуцы з'явіліся дзве выдатныя постаці: Мікола Улашчык і Мікола Ермаловіч. Першы вымушаны быў жыць і працаваць у Маскве, бо ў Беларусь яго не пускалі. Ён быў акадэмічным гісторыкам усесаюзнага маштабу. Другі жыў і працаваў у Беларусі. Яны з двух бакоў самастойна ішлі да вырашэння праблемы аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы і яе ролі ва ўтварэнні сярэднявечнай Беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. І вось, дзякуючы гэтым двум постацям, мы маем найноўшую гісторыю, напісаную з беларускага гледзішча, а наша гістарычнае адраджэнне набрала належны тэмп.

Зусім нядаўна выйшла кніга "Гісторыя Польшчы" для беларусаў на беларускай мове, а таксама кніга пра войны Вялікага Княства Літоўскага з Масквою (выдадзена ў Маскве). У гэтых выданнях па-новаму трактуецца пытанне аб нацыянальнай індэфікацыі Вялікага Княства Літоўскага. І ў гэтым вялікая заслуга Міколы Ермаловіча, які разбурыў міф аб тым, што Вялікае Княства Літоўскае было сярэднявечнай дзяржавай літоўцаў (летувісаў). Пасля таго як гэты міф рухнуў, у свеце, прынамсі, польскія і нямецкія гісторыкі пачалі пісаць пра тое, што сённяшняя Літва знаходзіцца на тэрыторыі Жмудзі і ніякага дачынення да летапіснай Літвы не мае.

У савецкі час не выйшла ў свет манаграфія "Вялікае Княства Літоўскае". У рукапісу было напісана, што ВКЛ - гэта дзяржава літоўскіх феадалаў, што літоўцы заваявалі рускія (беларускія) землі што савецкія беларусы - гэта першыя беларусы. Да савецкага часу наогул ніякіх беларусаў не было. Але супраць такога сацыяльнага заказа выступілі Анатоль Грыцкевіч і Мікола Ермаловіч. Яны ўдвух не дапусцілі выхаду ў свет гэтай псеўданавуковай манаграфіі. Але кніга пад такой назвай усё ж выйшла, але ўжо з іншым зместам. Палову першага тома напісаў Анатоль Грыцкевіч. Першы том ужо выйшаў, а днямі будзе выдадзены і другі том. Тут змешчана канцэпцыя Міколы Ермаловіча. І такой кніжкі не маюць ні літоўцы, ні ўкраінцы, ні расейцы, ні палякі. А што было б, каб тая савецкая кніжка ўбачыла свет? Усе сказалі б: "Дык вы самі напісалі яе". А так сёння мы маем двухтомнік, у якім адлюстравана наша сапраўдная гісторыя.


Георг Штыхаў, доктар гістарычных навук, прафесар адзначыў бескампраміснасць і мужнасць М.І.Ермаловіча пры адстойванні канцэпцыі, якую ён стварыў, абапіраючыся на гістарычныя і летапісныя факты, і дадаў :


- Мікола Ермаловіч наш славуты гісторык, які ў 70 - 80 гады мінулага стагоддзя здзейсніў прарыў у гістарычнай навуцы. Так здарылася, што ён параўнальна рана пайшоў на пенсію і мог пісаць незалежна ні ад якіх дзяржзаказаў. Але пісаў у стол. Гэта, вядома, заўжды цяжка, калі не ведаеш, які лёс чакае твае рукапісы. Але Мікола Іванавіч верыў у лепшыя часы. Ён дачакаўся перабудовы, убачыў плён сваёй працы.

Я пазнаёміўся з Міколам Іванавічам яшчэ ў 1968 г., калі да нас у Інстытут гісторыі АН БССР прыйшоў чалавек і прапанаваў уключыць у парадак дня навуковай канферэнцыі свой артыкул "Дзе была летапісная Літва". Не ўсе, вядома, пагаджаліся з яго довадамі, але артыкул усё ж быў прыняты. Мікола Іванавіч звяртаў на сябе ўвагу яшчэ і ў тым, што размаўляў на прыгожай беларускай мове. У тыя часы пачуць беларускую мову ў інстытуце было вялікай рэдкасцю. Потым мы сустракаліся даволі часта.

Калі ў часопісе "Маладосць" друкавалася яго "Старажытная Беларусь", я прапанаваў часопісу гістарычныя ілюстрацыі, якіх у мяне, дзякуй Богу, назбіралася нямала.


Успамінамі пра першыя сустрэчы з М.І.Ермаловічам падзяліўся Алесь Петрашкевіч, вядомы беларускі драматург, кандыдат гістарычных навук, які ў той час працаваў адказным сакратаром Беларускай Савецкай Энцыклапедыі :


- З Міколам Ермаловічам я пазнаёміўся недзе ў 1970 годзе, калі рыхтаваўся да друку І том дванаццацітомнай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Мікола Іванавіч дужа цікавіўся, хто піша і па якім гістарычным перыядзе, хто аўтары артыкулаў-персаналіяў. Пазнаёміўшыся з І томам, Мікола Іванавіч застаўся задаволены тым, што напісана па гісторыі Беларусі. У нас з ім былі вострыя дыскусіі пра Вялікае Княства Літоўскае. Большасць вучоных не падтрымлівалі яго канцэпцыі. Але сустрэчы з Міколам Іванавічам дапамагалі аўтару артыкула пра Вялікае Княства Літоўскае наблізіцца да той канцэпцыі, якая сёння ўжо прызнана. Мікола Іванавіч пытаўся: а ці прыдзе той час, каб мы выдалі гістарычную энцыклапедыю? І праз гадоў дзесяць пасля выдання 12-томнай энцыклапедыі мы ўключылі ў план выдання цэлы шэраг галіновых энцыклапедый, у тым ліку і гістарычную. Трэба было рабіць напрацоўкі, падбіраць аўтараў. І шмат у чым мы прыслухоўваліся да парад і меркаванняў Міколы Іванавіча.

Мікола Іванавіч цікавіўся над чым працую я, ці звяртаюся да гістарычнай тэматыкі. І, мабыць, пад яго ўплывам зарадзілася ў мяне думка стварыць цыкл гістарычных дакументальных п'ес, якія ўпісваліся б у канцэпцыю Міколы Іванавіча. На сёння такіх п'ес ужо 17, яны ўяўляюць сабой мастацкую гісторыю Беларусі ў дзейных асобах.


З цеплынёй і павагай успамінаў пра М.І.Ермаловіча доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксей Саламонаў:

- У свой час я ўзначальваў Універсітэт беларускай культуры. І мы запрасілі Міколу Іванавіча чытаць лекцыі. Ён быў выдатны лектар, моцны аналітык, валодаў незвычайнай памяццю. Чытаў, гаварыў без ніякіх папер. Зала заўсёды была запоўнена выкладчыкамі і студэнтамі. Акрамя таго, што М.І.Ермаловіч быў выдатным гісторыкам, ён быў яшчэ і паэтам, у вершах якога гучыць гарачая любоў да сваёй Радзімы.

Прамоўца прачытаў верш М.І.Ермаловіча аб Беларусі "Дзе ж" і свой верш-адказ, які як бы прадоўжыў думку М.І.Ермаловіча аб нашай роднай Бацькаўшчыне.


Пра знаёмства з М.І.Ермаловічам і яго ўсебаковую падтрымку распавёў археолаг, гісторык, кандыдат гістарычных навук Міхась Чарняўскі, выказаўшы, у прыватнасці, такую думку:


- З Міколам Іванавічам мяне пазнаёміў Генадзь Каханоўскі недзе ў другой палове 70-х гадоў ХХ стагоддзя.

Мікола Іванавіч быў выдатным літаратуразнаўцам. І ён мог працягваць гэтым займацца. Але яму балела тое, што пішуць пра беларускую гісторыю так званыя гісторыкі абэцэдарчыкі і іншыя. Яны свядома і мэтанакіравана прыніжалі беларускі народ. Маўляў, беларусы - гэта тое ж самае рускае племя, заваяванае спачатку літоўцамі, а потым палякамі. Яны не мелі сваёй культуры, сваёй дзяржаўнасці.

Мікола Ермаловіч разумеў, што сапраўдная гісторыя заняволенага народа замяняе яму армію, авіяцыю і флот. Калі народ памятае сваю гісторыю, ён ніколі не асімілюецца, ён захаваецца, як, напрыклад, яўрэйскі народ, які злучыў сваю гісторыю з рэлігіяй. І Мікола Іванавіч паставіў сабе на мэту - вярнуць свайму народу яго гісторыю.Пачаў вывучаць гісторыю беларусаў са старажытных часоў. Ён ведаў лепш летапісы і іншыя першакрыніцы, чым хто-небудзь іншы. Па Полацкім перыядзе і перыядзе Вялікага Княства Літоўскага ён адзін замяняў цэлы акадэмічны інстытут. Мікола Іванавіч стварыў канцэпцыю беларускай гісторыі, нацыянальнай, патрыятычнай. Напісаў фундаментальныя працы, з якімі вымушаны лічыцца навуковы свет. Ён такі дамогся свайго: вярнуў нам нашу гісторыю.

На вечары прысутнічалі родныя і блізкія М.І. Ермаловіча: дачка Алена Мікалаеўна Ермаловіч і пляменніца, дачка Лявона Іванавіча Ермаловіча, Людміла Леанідаўна Собаль.

Успамінамі пра свайго дзядзьку, яго жыццё і працу падзялілася з сябрамі клуба "Спадчына" Л.Л.Собаль.

Беларускі паэт, сябар клуба "Спадчына" Яўген Гучок адзначыў, што ў свой час у Дзяржынскай беларускай СШ М.І. Ермаловіча вучыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Паўла Антонаўна Стралкоўская, якая пазней, але ўжо ў Слуцкай СШ вучыла Я. Гучка.

Пра сваю тэорыю разгляду канцэпцыі М.І.Ермаловіча аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага распавёў беларускі вучоны Аляксандр Пухоўскі (гл. асобны артыкул).

На вечары быў прадстаўлены партрэт М.І. Ермаловіча (мастак Анатоль Крывенка) і тэматычнае палатно, якое адлюстроўвае сімвалічны, духоўны вобраз Вялікага Беларуса - Міколы Ермаловіча (мастак Алесь Цыркуноў).

Усе з цікавасцю слухалі на вечары неардынарныя выступленні слынных прамоўцаў, у выступленнях якіх была агульная думка: усё сваё свядомае жыццё М.І.Ермаловіч імкнуўся знайсці як мага больш гістарычных фактаў, якія сведчылі аб існаванні Беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага.

Было радасна ўсведамляць, што на такім высокім навуковым узроўні была праведзена вечарына памяці слыннага беларускага вучонага Міколы Іванавіча Ермаловіча.



Слова пра Міколу Ермаловіча

на вечарыне, прысвечанай 85-годдзю з дня нараджэння


Тут многа было сказана цёплых слоў у адрас Міколы Іванавіча яго сябрамі, аднадумцамі, якія ведалі яго пры жыцці і якім было што сказаць на гэтай вечарыне.

Я, асабіста, не быў знаёмы з Міколам Іванавічам. Мая зацікаўленасць гісторыяй Беларусі і асабліва пытаннем лакалізацыі тэрыторыі старажытнай Літвы перасяклася з распрацоўкай Міколам Іванавічам гэтага пытання.

Вядома, на юбілейнай вечарыне гаварыць пра гістарычныя праблемы будзе не зусім тое, але, з другога боку, гаварыць пра Міколу Іванавіча і не закранаць пры гэтым гістарычных праблем, таксама будзе нешта не тое. Таму некалькі слоў пра згаданую праблему.

Пытанне лакалізацыі тэрыторыі старажытнай Літвы з'яўляецца адным з важнейшых у гісторыі Беларусі. Ад адказу на пытанне ў якім рэгіёне знаходзілася старажытная Літва, залежаць адказы на шэраг важных пытанняў нашай гісторыі, напрыклад, пытанні этнагенезу беларускага народа і яго спадчыны ў былым дзяржаўным утварэнні Вялікім Княстве Літоўскім. Таму не выпадкова, што гэтаму пытанню надавалі ўвагу шмат гісторыкаў і археолагаў. Сярод іх былі польскі гісторык Г.Лаўмянскі, літоўскі гісторык Э.Гудавічус і археолагі А.Лухтан і В.Ушынскас, беларускія гісторыкі В.Насевіч і А.Краўцэвіч.

У працах пералічаных аўтараў заўважана цікавая асаблівасць: усе яны лакалізуюць старажытную Літву ў арэале культуры ўсходне-літоўскіх курганоў, размешчаных пераважна ў паўднёва-усходняй частцы тэрыторыі Рэспублікі Літвы, пры гэтым адны з іх (В.Насевіч, А.Лухтан і В.Ушынскас) зусім не прыводзяць аргументы на карысць абранай імі лакалізацыі, у астатніх (Г.Лаўмянскі, Э. Гудавічус, В.Краўцэвіч) аргументацыя, мякка кажучы, не атрымліваецца. І справа тут зусім не ў непрафесіяналізме азначаных аўтараў. Наадварот, па сваіх іншых працах яны вядомы як высока прафесійныя гісторыкі, усе яны дактары гістарычных навук, прафесары. Але, дзіўная рэч, як толькі яны звяртаюцца да праблемы лакалізацыі старажытнай Літвы, то адразу губляюць свой прафесіяналізм, свой навуковы статус. Напрыклад, чаму прафесіянал-гісторык Г.Лаўмянскі адвольна надаў зямлі, якая паводле "Рыфмаванай хронікі", не мела ўласнай назвы, уласную назву "Літва ў цесным сэнсе" і такім чынам "даказаў", што памянёная зямля і ёсць старажытная Літва? Чаму ён пайшоў на замену тэкста той жа "Хронікі", і там, дзе гаворка ідзе пра рух лівонскага войска за межы Літвы, ён паведамляе пра рух згаданага войска ў Літву і, такім чынам, другі раз "абгрунтаваў" прапанаваную ім лакалізацыю старажытнай Літвы на месцы былога Трокскага княства.

Чаму таксама прафесіянал-гісторык Э.Гудавічус з паведамлення Іпацьеўскага летапісу: "Потом Даниил послал много своих пеших воинов и всадников на их города, и они захватили все их вотчины и области" выводзіць, што паўднёвыя межы дамена Міндоўга акрэсліваліся гарадамі Меркіне, Даўгай, Варэна і Ліда? Прынцыпова немагчыма з такога скупога на інфармацыю летапіснага паведамлення вызначыць канкрэтныя межы. Складваецца ўражанне, што існуе нейкае табу на навуковы падыход пры асвятленні пытання лакалізацыі тэрыторыі старажытнай Літвы. М.Ермаловіч, хутчэй за ўсё, не ведаў пра гэтае табу і на прафесійным узроўні вырашыў згаданае пытанне, апіраючыся на Іпацьеўскі летапіс, Рыфмаваную Хроніку і іншыя даступныя крыніцы, пры гэтым ім была створана навукова абгрунтаваная канцэпцыя лакалізацыі старажытнай Літвы на тэрыторыі сучаснай Беларусі паміж гарадамі Менскам і Новагародкам, Маладзечнам і Слонімам.

Так званыя "канцэпцыі" Г.Лаўданскага, Э. Гудовічуса, В.Насевіча, А.Лухтана і А.Краўцэвіча не маюць навуковага абгрунтавання і таму не могуць прэтэндаваць на статус навуковых канцэпцый. У выніку можна канстатаваць, што на сённяшні дзень існуе толькі адна навукова абгрунтаваная канцэпцыя лакалізацыі старажытнай Літвы - гэта канцэпцыя М.Ермаловіча. Дзякуючы гэтай канцэпцыі, перад гістарычнай навукай Беларусі паўсталі новыя кірункі развіцця. І не будзе памылкай думаць, што акрамя прафесіяналізму, менавіта, патрыятызм і глыбокая маральнасць у абранай справе дазволілі М.Ермаловічу выра-шыць згаданую і шэраг іншых праблем па гісторыі Беларусі.

Аляксандр Пухоўскі



Дзейсная ісціна Міколы Ермаловіча

аб узнікненні і фармаванні этнічна-беларускай самастойнай еўрапейскай дзяржавы з інтэлектуальна-прагрэсіўным кірункам развіцця


I. Агульныя звесткі пра Міколу Іванавіча Ермаловіча і вытокі фармавання яго гістарычна-пошуковай асобы


Перш чым перайсці да нялёгкага навуковага акрэслення той ісціны адзначу, што імкненне да яе пошуку існавала ў яго падсвядомасці на генным узроўні для адказу на пытанне: хто мы - беларусы, адкуль і якім шляхам пачатковым ішлі. Бо ён, як відаць з ягонай біяграфіі, беларус з вельмі глыбіннымі спадчыннымі каранямі ў нашай шмат-пакутнай мінуўшчыне. Гэта па-першае. А, па-другое, ён надзелены зыходнымі здольнасцямі да глыбінна-аналітычнай пошуковай думкавасці і лагічнага аналізу, што відаць з яго навуковай творчасці. Гэтыя прыродныя здольнасці дапаўняліся жыццём.

Прасочым яго.

Месца нараджэння - вёска Навасёлкі Дзяржынскага раёна Менскай вобласці, - можна меркаваць, прыблізна супадае з цэнтрам беларускасці ў адпаведнасці з яе межамі, устаноўленымі акадэмікам Я.Ф.Карскім (гл. "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", том. 4. Мінск; "Беларуская энцыклапедыя" імя Пятруся Броўкі. 1997.С.127) і адзначанымі на афіцыйна выдадзеных картах: спачатку ў 1903 г. і, пасля ўдакладнення, ў 1917 г напярэдадні кастрычніцкага перавароту. Само нараджэнне 29.04.1921 г. прыходзіцца на перыяд уздыму беларускай плыні з абвяшчэннем 25.03.1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі (гл. "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі". Том 1. Мінск; "Беларуская энцыклапедыя" імя Пятруся Броўкі. 1993. С. 385). Адзначанае гістарычнае, падсвядома, нераскрытымі яшчэ этнічнымі хвалямі заўжды цягне да сябе тых, хто схільны да беларускасці. Цягнула яно і Міколу Ермаловіча.

Уся яго афіцыйная праца прысвечана педагагічнай і метадычнай дзейнасці спачатку ў сярэдніх школах (з 1940 па 1948 г.), а з 1948 па 1957 г. у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце і ў Маладзечанскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Менскім педагагічным інстытуце ў 1947 г. праз завочнае навучанне.

Можна сцвярджаць, што яго вучоба і сама сутнасць працы ўвесь час была звязана з беларускасцю, якая з глыбіні вякоў была спадчыннай і з сутнасцю ягонай душы, як толькі што адзначана. Гістарычных звестак пра тую спадчыну практычна не было, а тое, што мелася ў прыблізным выразе, адштурхоўвала прымітывам, не ўспрыманым розумам. Таму ў свядомасці Міколы Ермаловіча, надзеленага здольнасцямі да глыбіннай думкавасці і лагічнага аналізу, жылі пастаянна, як адзначана вышэй, пытанні цікавасці: хто ж сапраўды мы - беларусы, адкуль мы, які наш зыходны шлях. А калі ж ён, як інвалід па зроку, вымушаны быў пакінуць афіцыйную працу, то займеў магчымасці поўнасцю прысвяціць сваё жыццё тым пошукам, нягледзячы на тое, што працаваць яму было вельмі цяжка з-за сур'ёзных недахопаў [6] зроку. Адпаведна мне неаднойчы прыходзілася бачыць, як Мікалай Іванавіч у 3-й чытальнай навуковай зале Нацыянальнай бібліятэкі (тады бібліятэкі імя Леніна) чытаў і пісаў з выкарыстаннем таўшчэнных павялічальных луп, пазнаваючы або выпісваючы павольна кожную літару, не атрымліваючы за гэта ні капейкі пры маленькай пенсіі. Калі ж да гэтага дадаць яго пакуты, звязаныя [6] з тым, што жыў ён тады яшчэ ў Маладзечне, а займаўся навуковымі пошукамі ў Менску, трацячы на дарогу (у Менск і назад) па 5 гадзін штодзённа, то можна зразумець высокую, незвычайна адданую сутнасць душы гэтага ахвярніка дзеля ўратавання і развіцця нашага гістарычнага шматпакутнага народа, які бязлітасна рабавалі і знішчалі з усіх бакоў, а найбольш - Расія.


II. Знішчальная для беларускага народа сутнасць таго цяжкага мінулага, і яе роля ў выбары шляхоў у будучае.


У [19] апісваецца змаганне беларускага народа з гэтай навалай, пачынаючы з 1129 г. (с.7 - 36). Далей там на старонцы 36 адзначаецца: у "1500 годзе пачалася ўжо сапраўдная * вайна..." "З гэтага часу змаганне за Беларусь вядзецца безупынна... Дыміліся гарады, мястэчкі і сёлы; зямля ляжала аблогам і парастала лесам; жыхары хаваліся па лясах, або ўцякалі ў далёкую Украіну. Можна смела сказаць, што ў ваколіцах тых гарадоў няма і пядзі зямлі не аблітай крывёю. Тысячы магіл і дагэтуль прыпамінаюць нам цяжкую руіну, да якой давялі наш край гэтыя войны". Яны "аднаўляліся ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1535, 1536 гг." і інш.

Вайна Расіі з Лівоніяй пачалася таксама на беларускіх землях у 1561 годзе "...Владыка полацкі, ваяводы і ўсе знатнейшыя людзі былі ўзяты ў няволю і адпраўлены ў Маскву" [10.с.40]. Аднак і ў тых умовах "просты народ... патрапіў зберагчы старую сваю мову, звычаі, але не меў сілы захаваць, бараніць і шырыць сваю культуру (с.47). Але самай знішчальнай вайной для беларусаў была ў тыя часы "Невядомая вайна" 1654 - 1667 гг. [20]. Аб ёй ў [20] на с. 130 - 134 запісана (па дадзеных расійскіх даследаванняў - с. 136 - 138) наступнае: "На Беларусі ў межах прыкладна яе сучаснай тэрыторыі колькасць насельніцтва зменшылася больш чым напалову" (на 53 %). І адпаведна ставіцца пытанне: "ці ведала хоць адна блізкая да Беларусі краіна такія страты?" (с.130). Некаторыя гарады, здавалася, абязлюдзелі назаўжды: ...на 93 % - у Полацку, 94 - у Віцебску, 92 - у Ляхавічах, 98 - у Вяжышчах..." "Гаспадарка ўсёй краіны апынулася ў катастрафічным стане"..."У Віцебскай эканоміі на 1667 год засталіся некранутымі 74 % зямлі"... "Сотні кавалёў, кафляроў, разбяроў, тысячы іншых рамеснікаў, гвалтам адарваных ад сваёй зямлі, працавалі цяпер у Маскоўшчыне" (С.133). Бо калі, напрыклад, "у Магілёве на пачатку ХVІІ стагоддзя было за 2000 рамеснікаў, дык у 1745 г. - толькі 95" (С.134). Там жа ставіцца пытанне: "чым жа абярнулася гэтая бяда для гістарычнага лёсу беларусаў?". І даецца такі адказ : "Татальная дэструкцыя змяніла ўсё - ад матэрыяльных умоў жыцця да сацыяльнай структуры насельніцтва, ад моўна-культурнай і канфесійнай сітуацыі да этнапсіхікі і нацыянальнага генафонду наогул". Апроч таго "...пазбаўленыя сваёй эліты, вышэйшага стану... беларусы сталі народам з непоўнавартай, няпоўнай структурай грамадства" (С.133). Пагэтаму ў канцы там жа запісаны такі гістарычна балючы для беларусаў роздум: "Цяжка сказаць, калі ж Беларусь канчаткова акрыяла ад тае катастрофы. І ці акрыяла наогул"... (С. 134). Відаць, менавіта таму ў нас вельмі нізкая нацыянальная самасвядомасць пэўнай часткі беларускага народа, у нялепшым стане па сутнасці знаходзяцца: палітычны і сацыяльны лад жыцця, нацыянальна-этнічная самапавага, этыка дзяржаўнага кіравання і адносіны, нават, прэзідэнта з народам, дэмакратыя, культура жыцця на дзяржаўным узроўні, імкненне не дапусціць знішчэння самастойнай дзяржаўнасці, беларуская літаратура, журналістыка, навука. У выніку няма каго прадстаўляць (па-сапраўднаму) нават у кандыдаты на Нобелеўскую прэмію.

Усё гэта ў поўнай ці значнай меры было вядома Міколу Ермаловічу. І, менавіта, яно скіроўвала яго на навуковыя пошукі са святымі мэтамі: дапамагчы беларускаму народу ведаць сапраўдную цяжкую гісторыю пра яго мінулае, пра злачынную ролю ў ёй "братэрскай Расіі", спрыяць адчувальнаму ўздыму яго нацыянальнай самасвядомасці і пошуку шляхоў у неабходнае будучае, каб пазбегнуць паглынання нас ёю ж праз нахабна навязваемую бязглуздую "саюзную дзяржаву", у якой беларускі народ хутка знікне назаўжды як этнас.

Апошні сказ можна лічыць галоўным вывадам раздзела 2 гэтага артыкула.


III. Розныя погляды на само ўзнікненне беларускага народа, яго мовы і беларускай дзяржавы. Ісціна Міколы Ермаловіча аб гэтым


Адносна ўзнікнення беларускага народа і яго мовы з кніжкі ў кніжку перапісваюцца сцвярджэнні аб вялікіх індаеўрапейскіх перасяленнях, са зліццём і перамешваннем з мясцовым карэнным насельніцтвам. У выніку чаго быццам бы ўзнікалі народы і іх мовы. Аднак гэты прымітыў мыслення не вытрымлівае нават самага простага лагічнага аналізу. Бо атрымліваецца, што народы стварыліся адным бязмоўным вялікім натоўпам у якімсці далёкім "дзесьці". Потым чамусьці яны пачалі рухацца тым натоўпам практычна ў адным кірунку. Потым, напрыклад, яго частка дайшла да тэры торыі сучаснай Украіны. Спынілася. Прагаласавала (безумоўна, бо па тых тэорыях мовы ўзніклі потым) за генетычныя асаблівасці ўкраінскага народа (нават, смуглы колер твару, этнічныя адрозненні, мову, звычаі) і назвала абраную тэрыторыю Украінай. Аднак, нават толькі ў адносінах да моў "индоевропейская теория остаётся спорной" ("Большой энциклопедический словарь". Москва - Санкт-Петербург. "Норинт". 2001. С.448). На самай жа справе чалавецтву не дадзена ад Бога пазнаць сутнасць свайго стварэння. Глыбінная ж логіка кажа толькі адно. Яна ў тым, што Бог стварыў пэўныя этнасы з усімі іх асаблівасцямі пад пэўныя тэрыторыі з пэўнымі прыроднымі умовамі. Стварыў разам з мовай, на якой асярэднены гэты этнас успрымае з'явы прыроды, адносіны ў грамадстве і іншае. Менавіта таму сукупны характар чачэнцаў, прыстасаваны да адведзеных Богам умоў жыцця, выразна адрозніваецца ад сукупнага характара беларуса, якута, негра і гэтак далей. І яшчэ невядома, што сталася б з тымі якутамі і неграмі, калі б зрабіць іх узаемную замену, назаўжды памяняць месцамі жыхарства . Ствараючы этнасы рознымі, Бог меў вялікія станоўчыя мэты. Але пра гэта патрэбна асобная размова. І вельмі грунтоўная! Па-за межамі гэтага артыкула!

Думкі Міколы Ермаловіча пэўным чынам супадаюць з толькі што прыведзенымі мною і надрукаванымі раней. Гэта пацвярджаецца яго наступным выказваннем пра тыя яго думкі: "Мы прытрымліваемся той думкі, што ніякія перасяленні не маглі поўнасцю змяніць насельніцтва той ці іншай тэрыторыі, што пэўная частка яго захоўвалася і пасля змешвалася з прышлым. Гэта дае падставы лічыць у той ці іншай ступені, што продкамі беларусаў былі ўсе плямёны, якія жылі тут" [2]. С.16 і [14]. С.323).

Адзначанае можна лічыць вывады па раздзелу 3.


IV. Параўнанне розных меркаванняў адносна прычыны і сутнасці стварэння Вялікага Княства Літоўскага як самастойнай Беларускай дзяржавы з закрананнем пытанняў і беларускага этнасу


Разглядзім цяпер сутнасць тых розных меркаванняў адносна ўзнікнення Беларусі як самастойнай беларускай дзяржавы у асноўным па апошніх гістарычных выданнях гэтага кірунку.

1. У [7. С.39] ніякіх меркаванняў гэтага кірунку няма.

2. У "Основах идеологии Белорусского государства" [12] уласна аўтарскіх поглядаў разгледжанага кірунку таксама няма. Аднак прыводзіцца наступнае сцвярджэнне А.Турчыновіча (Обозрение истории Беларуси с древнейших времён. СПб.,1857.):

"Беларусь в прошлом вообще не имела своей истории, а была ареной междуусобиц, войн, перекрестком могучих соперников".

3. У [13] прыводзяцца чатыры наступныя канцэпцыі гэтага кірунку.

а) Літоўскія князі заваявалі беларускія землі, падпарадкавалі іх сабе, жорстка эксплуатавалі беларускі народ. І толькі вялікі рускі народ у другой палове ХVІІІ стагоддзя вызваліў беларусаў з-пад ярма чужынцаў. (аўтары М.В. Каяловіч і Л.С.Абэцэдарскі).

б) Вялікае Княства Літоўскае (як першасная аб'яднаная беларуская дзяржава, - А.С.) - гэта поліэтнічная феадальная федэрацыя. (аўтары Г.Я.Галенчанка, М.Ф. Спірыдонаў, П.А.Лойка, В.Л.Насевіч).

в) Паводле меркавання ўдзельнікаў Міжнароднага круглага стала ў Менску 6 - 7 красавіка 1992 г.: "Вялікае Княства Літоўскае ўяўляла сабой федэрацыю, у якую ўваходзілі беларускія, літоўскія і часткова ўкраінскія землі".

г) У адпаведнасці з бясспрэчнымі доказамі М. Ермаловіча [4.с.63 - 69] і інш. ВКЛ - "гэта дзяржава беларускага народа... Ніякай літоўскай заваёвы беларускіх земляў не было. Ні адна крыніца не гаворыць, што Літва заваявала нейкую беларускую зямлю" [13. С.66]. У выніку тытанічных даследаванняў гэтага кірунку, якіх да яго яшчэ не было, М. Ермаловіч паказаў, што "Вялікае Княства Літоўскае склалася перш за ўсё як беларуская дзяржава" [13.С.67]. Адзначанае пацвярджаецца элементарнай логікай. Яна ў тым, што тагачасны князь Міндоўг заваяваў Навагародак быццам бы дзеля таго, каб прыняць яго хрысціянства. Па-першае, ён без вайны мог гэта зрабіць. Па-другое, той, хто заваёўваў чужыя землі, насаджаў у іх, нават прымусам, сваю веру, а не прымаў веру апалоненых. Такім чынам, "факт прыняцця Міндоўгам хрысціянства "от Востока" пацвярджае тое, што ён не заваёўваў Навагародак, а быў абраны тут князем, як пазней Даўмонт у Пскове" [4. С.67]. Значыць "Міндоўг заваяваў не Чорную Русь, а Літву" [2. С.318], якая мела тады іншае месцапалажэнне.

4. У [8] адзначаецца, што "Полацкая зямля аказалася пад уладай вялікага князя літоўскага не ў выніку заваяванняў, а са згоды мясцовага баярства і купецтва" (С. 108).

5. Нягледзячы на тое, што [9] мае:выдатнае тэхнічнае і мастацкае афармленне, аб'ём - 44 выдавецкія аркушы, 28 аўтараў з важкімі па пасадах і вучоных ступенях тытуламі і званнямі, 24-х рэдактараў і літаратурных апрацоўшчыкаў, канкрэтных адказаў адносна ўтварэння беларускай мовы і ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага практычна няма. Многае ў [9] проста здзіўляе. Перш-наперш тым, што кніжка гэта не мае нумарацыі раздзелаў, глаў, параграфаў. Гэта вельмі ўскладняе спасылкі на адпаведныя тэксты. Апроч таго (ва ўсякім разе ў раздзеле (главе?) "Вытокі Беларусі") няма канкрэтных адказаў на пастаўленыя загалоўкам пытанні. У выніку "Канцэпцыі ўзнікнення Беларусі" (вядома ж як дзяржавы, а не проста незаселенай тэрыторыі, што раўназначна абсурду) можна знайсці такія, напрыклад, дзівосы: "Такім чынам, лапці прамога пляцення характэрны для традыцыйнай культуры не толькі беларусаў...". Аднак ні аднаго слова няма аб тым, як жа ўрэшце рэшт узнікла (было ўтворана) Вялікае Княства Літоўскае - як першая афіцыйная Беларуская дзяржава. І гэта, нягледзячы на тое, што працы М.І.Ермаловіча [2 і 4], успрынятыя з удзячнасцю інтэлектуальнай часткай беларускага грамадства, убачылі свет адпаведна ў 1990 і 2000 гадах. А [9] - у канцы 2000 г. Аднак аніякіх напамінаў аб [2 і 4] у [9] няма. Не ведаць жа аб [2 і 4] аўтары [9] не маглі. Бо іх выхад у свет быў сенсацыяй. Значыць, аўтары [9] зноў карысна прыстасаваліся да палітычных абставін.

Нельга і не адзначыць наступнае.

Раздзел "Утварэнне беларускай мовы..." размешчаны пасля " узнікнення Беларусі...", "фармавання Русі...". Значыць, атрымліваецца з [9], што спачатку ўзніклі незаселеныя Беларусь і Русь, а ўжо потым на іх адпаведных тэрыторыях - беларуская мова, а яшчэ пазней - беларусы, гэта значыць - абсурд.

6. У [10] асвятляюцца два пытанні разгляданага кірунку: "пытанне ўтварэння ВКЛ, уваходжання ў яго склад беларускіх зямель (С. 40 - 45) і "станаўленне беларускай народнасці" (С. 73 - 74).

Па першаму пытанню ў [10] разглядаюцца два магчымыя варыянты таго ж утварэння. У адпаведнасці з першым "адзіная раннефеадальная дзяржава ВКЛ была ўтворана пры князю Міндоўгу (1230(?) - 1263 ), які аб'яднаў паўднёва-усходнія літоўскія землі і землі заходне-рускага Панямоння, так званую Чорную Русь, з гарадамі Наваградкам і Ваўкавыскам" (С. 40).

У адпаведнасці з другім варыянтам (які выкладаецца на с. 41 аўтарамі самастойна) усё тады адбывалася так, як даказвае станоўча М.Ермаловіч. І ад сябе аўтары [10] робяць такое заключэнне: "згодна з канцэпцыяй Ермаловіча, утварэнне ВКЛ пачалося не з захопу Наваградскай зямлі, а з заваявання Літвы Наваградчынай* і было ажыццёўлена ў інтарэсах не літоўскіх, а беларускіх феадалаў. Міндоўг з'яўляўся толькі выканаўцам дзяржаўных імкненняў Наваградка" **(С. 41). Аднак у заключэнне пасля гэтага абагульняючага тэкста робяцца заўвагі да канцэпцыі М.Ермаловіча. Яны (як адзначана на С. 42) прыведзены для таго, "каб паказаць, што ў канцэпцыі М.Ермаловіча не ўсё бездакорна". Можа яно і так, аднак у [10] доказаў той "небездакорнасці" няма. Свае тлумачэнні на гэты конт выкласці мне тут немагчыма па прычыне абмежаванасці плошчы артыкула.

Адносна "стаўлення" беларускай народнасці" на стар. 73 - 75 у [10] запісана наступнае:

"Сёння ў сусветнай гістарыяграфіі існуюць да дзесяці канцэпцый утварэння беларускай народнасці. Асноўныя з іх:

- Канцэпцыя балцкага субстрату (падасновы) этнагенезу беларусаў... " Па ёй "беларускі этнас узнік у выніку змяшання ўсходнеславянскіх плямён крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў з жыўшымі да іх прыходу балтамі.

- "Польская канцэпцыя "...беларусы - не самастойны этнас, а частка польскага".


* ** Назвы гэтага горада ў гістарычнай літаратуры сустракаюцца і ў іншым запісу: Навагародак, Новагародак і інш. Але ў нашым тэксце гэтага артыкула заўжды ўказваецца крыніца, з якой узята цытата з дадзенай назвай.


- "Вялікаруская... , якая адмаўляе існаванне самастойнага беларускага этнасу, і лічыць яго часткай вялікарускага".

- "Крывіцкая..., якая атаясамляе беларусаў з крывічамі".

- "Усходнеславянская..., якая сцвярджае: "беларускі этнас утварыўся ў выніку змяшання ўсходнеславянскіх плямён крывічоў, дрыгвічоў і радзімічаў".

- "Старажытнарускай народнасці"... , у адпаведнасці з якой "усходнеславянскія плямёны ўтварылі спачатку старажытнарускую народнасць, якая пазней падзялілася на беларусаў, рускіх і ўкраінцаў".

З-за адсутнасці месца не буду аналізаваць гэтыя канцэпцыі. Да таго ж апошнія тры з іх узаемазнішчальныя і прымітыўныя з пункту гледжання логікі. Дзве ж першыя - далёка не бясшкодныя, таму што ставяць беларусаў ў стан небыцця ў далейшым. На вялікі жаль, як прэзідэнт У.У. Пуцін, так і кіраўнік Рэспублікі Беларусь неаднойчы заяўлялі таксама, што "беларусы і рускія - адзін народ" (апошні раз 15 - 16.11.2006 г. па тэлебачанні ў вячэрні час). Абодва пры гэтым мелі на ўвазе розныя па сутнасці, але аднолькавыя па выніковасці мэты: першы для паглынання Беларусі Расіяй праз неўразумельна-дэбільнае "Союзнае государство", другі, каб вырваць зніжэнне цэн на газ з Расіі.

Але, у любым выпадку, калі беларусы і рускія адзін народ, то, як падказвае няўмольная логіка, павінна быць і адна дзяржава, вядома ж - Расія. Адзначанае - не выпадковыя словы. Яно ў перакананасці У.У. Пуціна і А.Р. Лукашэнкі ў тым, што роду беларускага няма. Яно і ва ўвядзенні гэтага паклёпу, праз сродкі масавай інфармацыі ў свядомасць не толькі беларусаў і расіян, а і ўсёй грамадскасці. Яно таксама ў жахлівых выніках паглынання Беларусі Расіяй, якое ідзе поўным ходам пад безупынную рыторыку А.Р. Лукашэнкі аб самастойнасці Беларусі як дзяржавы. І ўсё гэта робіцца нягледзячы на тое, што яшчэ ў [24] я глыбінна на 16 старонках паказаў, што беларусы і рускія - гэта, па чалавечай сутнасці, даволі розныя этнасы і што розныя этнасы створаны Богам не выпадкова, а каб праз добразычлівае ўзаемадзеянне тых рознасцяў забяспечыць умовы для безупыннага самаўдасканалення ўсяго чалавецтва. Таму выбіццё беларускага 12-мільённага этнасу з непарыўнага агульначалавечага жыццёвага ланцуга прынясе непапраўную шкоду ўсяму чалавецтву . Бог, як стваральнік усіх (у тым ліку і беларускага) этнасаў, вельмі пакарае злачынных знішчальнікаў.

Вяртаючыся ж да прааналізаванага тэксту з [10] адзначу, што аўтары кніжкі [10] дрэнна чыталі працу [2] Міколы Ермаловіча. Там у 7-і радках выкладзена яго бясспрэчная канцэпцыя стварэння Богам беларускага этнасу. Яна поўнасцю прыведзена на с. 323 і ў [14], а таксама вышэй у тэксце гэтай працы. Там жа прыведзена і маё меркаванне аб стварэнні Богам кожнага этнасу з пэўнымі асаблівасцямі і разлікам на пэўныя зямныя ўмовы яго жыцця.

У дадатак адзначу, што ў [10] пераблытаны (як у другіх іншых артыкулах гэтага кірунку паняцці: этнас, нацыя, народ, і народнасць. Паняцці "этнас" і "нацыя" абгрунтавана раскрыты мною ў [24]. Пад народам жа разумеецца абагульненае насельніцтва пэўнай краіны, рэгіёна, часткі свету, мацерыка. Народнасць жа - невялікі самастойны этнас, самастойная этнічная група, напрыклад, лівы ("Большой энциклопедический словарь". Москва - Санкт-Петербург. "Норинт". 2001.С.643).

7. У параўнанні з [9] таксама выдатна аформленая работа [21], ужо мае нумары глаў і параграфаў, набраных адпаведнымі шрыфтамі. Але не мае нумароў выкарыстаных прац (С. 351 - 364) і адпаведна зробленых спасылак на іх, а таксама спасылак на выкарыстаны з іх тэкст. Гэта давала магчымасць аўтарам прысвойваць любы чужы тэкст, што часцей за ўсё немагчыма і заўважыць, і не давала магчымасці злічыць узятае з першакрыніцай. Таму, напрыклад, узнікае пытанне: а ці было наогул дзе-небудзь выказванне "Міндоўг... захапіў уладу ў свае рукі: пачаў княжыць адзін на ўсёй зямлі літоўскай" (апошнія радкі С.60).

Але, нягледзячы на істотныя названыя недахопы [9], яе аўтары у цэлым прытрымліваюцца ідэі Міколы Ермаловіча, што вынікае з тэксту с. 61 - 63 і са спасылкі на яго імя на с. 369.

8. У [22] ніякіх спасылак на М.Ермаловіча няма. Аднак на [4] яе быць не магло наогул, таму што створана гэта кніжка на 8 гадоў раней чым [4]. Але чаму няма спасылак на [2] - невядома. Нягледзячы на гэта на с. 75 работы [22] прыведзена такое заключэнне: "З упэненасцю можна гаварыць... аб добраахвотна-дагаварной аснове ўваходу ў склад Літоўскай дзяржавы найбольш буйных беларускіх зямель - Полацкай і Віцебскай". Гэты тэкст блізкі да выказванняў М.Ермаловіча. Доказам таго з'яўляецца наступны сказ на с.74: "Прынцыповай рысай працэсу стварэння Вялікага Княства Літоўскага было тое, што яно пачыналася пад уплывам унутраных і знешніх умоў, якія склаліся на літоўскіх і беларускіх землях"

Усё вышэй адзначанае ў гэтым (чацвёртым) раздзеле дае падставы зрабіць наступныя вывады.

1) Распрацаваная Міколам Ермаловічам канцэпцыя ўзнікнення Вялікага Княства Літоўскага як першай гістарычна прызнанай самастойнай Беларускай дзяржавы з'яўляецца найбольш верагоднай. Гэта вынікае яшчэ з тэксту [1] маленькай брашуры Ф.Шантыра "Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і самаадзначэння народу" (Слуцк. Друкарня З.Барнака.1918 г. 12 старонак).

- "Нацыя - гэта ня* прадукт творчасці чалавечай, а прадукт творчасці прыроды. Штучнай ані мовы, ані псыхофізічны тып чалавека ніхто ня можа стварыць. ...Аля відаць наша, беларусаў, доля такая, што калі гутарка ідзе аб тым чы мае права чалавек жыць, то ўсе законы ідуць "шыварат-навыварат" (с.1).

- "Жывучы разам у мешаніне з нашым народам літоўцы перанялі ад яго мову, абычай, парадак самаўладства", што прывяло да "Беларуска-Літоўскага княжаства". Але ў ім "мова, уладарства і ўся афіцыйная старана жыцця былі беларускія". "Эта быў адзін з лепшых перыядаў развіцця беларускай культуры" (с.5). "...У скутку гэта ня было... заваяванне адным народам другога" (там жа).

2) У большасці (пасля [2 і 4]) прац разглядаемага накірунку заключэнні іншых аўтараў у цэлым супадаюць з канцэпцыяй М.Ермаловіча аб стварэнні ВКЛ як гістарычна прызнанай першай беларускай самастойна-дзяржаўнай Еўрапейскай дзяржавы.

3) Расійская канцэпцыя непрызнання беларускага народа і яго мовы самастойнымі з'явамі чалавецтва з'яўляецца антыбоскай, злачыннай.



V. Мікола Ермаловіч - непаўторны гістарычна-філасофскі лектар аб сапраўдным мінулым, лепшым сучасным і патрэбным будучым [15] беларускага народа


Я пазнаў названую рысу Міколы Ермаловіча ў час чытання ім лекцый па курсу "Станаўленне Беларусі, як самастойнай, прагрэсіўнай Еўрапейскай дзяржавы ў мінулым і яе шлях у неабходнае будучае". Чытаў ён гэтыя лекцыі ва Універсітэце Беларускай Мовы, Гісторыі і Культуры пры Беларускім тэхналагічным інстытуце на працягу 5-і гадоў (з 01.09.1991 па 31.08.1996 г.). Узначальваў гэты універсітэт я. Выкладчыцкі склад гэтага універсітэта фармаваў з ліку лепшых навукоўцаў Менска мой намеснік па вучэбнай працы, загадчык кафедры філасофіі БДТУ, дацэнт Павел Васілевіч Дзядзюля. Слухачы універсітэта (прафесары, дацэнты, асістэнты - па-большасці - не беларусы; адбылося 5 яго выпускаў) на працягу года ў першай палове дня, якая вызвалялася ім ад працы для падрыхтоўкі да выкладання сваёй вучэбнай дысцыпліны на беларускай мове вывучалі: беларускую мову наогул і ў прымяненні да сваёй (тэхнічнай, матэматычнай, хімічнай, эканамічнай і інш.) спецыяльнасці, агульную гісторыю Беларусі, аналітычны агляд беларускай літаратуры, гісторыю беларускай культуры на фоне сусветнай гісторыі і культуры.

З гэтых звестак відаць якія высокія патрабаванні ставіліся да выкладчыкаў гэтага універсітэта. Перад Міколам Ермаловічам ставілася асаблівая задача: прааналізаваць мінулае з пункту гледжання яго стану і патрэбнасцяў прагрэсіўнага развіцця. І праз фон сучаснага заглянуць у патрэбнае будучае Беларусі як самастойнай Еўрапейскай дзяржавы, якая на роўных, ганарліва ўваходзіць у цывілізаваную супольнасць народаў свету.

Высокая эрудыцыя, філасофска-аналітычнае мысленне, надзеленасць ад прыроды лагічнымі прыёмамі ўзважвання ўсіх з'яў і падзей, цудоўная дыкцыя і голас Юрыя Левітана у іх узаемасувязі дазвалялі Мікалаю Іванавічу спраўляцца з пастаўленымі задачамі вельмі добра. І гэта пры тым, што ў аўдыторыі на яго лекцыі (як і на лекцыі Зянона Пазняка) было дазволена прыходзіць іншым супрацоўнікам і студэнтам, якія часцей за ўсё стаялі ў праходах, бо не хапала месца. Трэба адзначыць, што на любыя (нават правакацыйныя) пытанні ён меў што адказаць глыбінна, тактоўна, думкава, з карысцю для тых, хто задаваў пытанні і слухаў. Бо ён душою пакутаваў ад дзейнасці "уладавай касы па каранях Беларускасці" [18] і быў моцна перакананы, што "Самастойная Беларусь сваім Геаграфічным цэнтрам назаўжды прывязана да Цэнтра Еўропы" [ 23 ]. Адзначанае я пазнаў, калі ўзначальваў даследаванні па вызначэнні Геаграфічных Цэнтраў Беларусі і Еўропы [25].

На правакацыйныя пытанні "што нам дае беларуская мова", або "якая карысць ад яе" ён адказваў маімі вершамі: "Мову родную чуем душою" і "Ты святыня для нас, беламова", якія па яго просьбе зачытваў я, або студэнт. Дэкламаваў ён іх і па памяці. Названыя вершы друкаваліся раней.

Карысць ад універсітэта беларускай мовы, гісторыі і культуры была бясспрэчнай. Дастаткова ў гэтых адносінах сказаць, што ў БДТУ былымі, рускімі па нацыянальнасці, выпускнікамі нашага універсітэта выдадзена 19 падручнікаў на беларускай мове.

У заключэнне артыкула выказваю поўную перакананасць у тым, што напрацоўкі Вядучых Асоб нашай шматпакутнай Радзімы будуць здзейснены. Беларусь будзе мець назаўжды самастойную дзяржаўнасць, грунтаваную на роднай мове. Яна ўвойдзе на роўных у цывілізаваную супольнасць народаў усяго чалавецтва і будзе заўжды спрыяць яго развіццю. У гэтым будзе пэўная заслуга і Міколы Ермаловіча.


Выкарыстаная літаратура:


1. Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк. Друкарня З.Барнака.1918.

2. Ермаловіч Мікола. Старажытная Беларусь. Полацкі і Навагародскі перыяды. Мн. 1990.

3. Ермаловіч Мікола. Дарагое беларусам імя. Газета "Голас Радзімы".

4. Ермаловіч Мікола. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Мн. 2000.

5. Содаль Уладзімір. Апантаны гісторыяй (Міколу Ермаловічу - 75). ЛіМ. 25.04.1996.

6. Рудович Мария. 25 апреля исполнилось бы 80 лет Миколе Ермаловичу. Москва. Труд - 7. 26.04 2001.

7. Мысліцелі і асветнікі Беларусі Х - ХІХ стагоддзя. (Энцыклапедычны даведнік). Мн. 1995.

8. Штыхаў Г.В., Ракуць В.У. Гісторыя Беларусі ў сярэднія вякі. Мн.1996.

9. Вайтовіч А.П., Данілаў А.М., Падлужны А.І. і інш. Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн. 2000.

10. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый. Ч. 1.(Пад рэдакцыяй Кавалені А.А. і Касовіча В.Ф.). Мн. БДПУ. 2004.

11. История Беларуси. Полный курс. Пособие для старшекласников и поступающих в вузы. Под редакцией проф. О.А.Яновского и доц. А.Г.Кахановского. 2004.

12. Яскевич Я.С. Основы идеологии белорусского государства (вопросы и ответы). Мн. 2004.

13. І.А.Саракавік. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. Мн. "Современная школа". 2006.

14. Гісторыя Беларусі. Том 1. Калектыў аўтараў пад рэдакцыяй М.Чарняўскага і Г.Штыхава. Мн. 2000.

15. Саламонаў А.А. Добрае мінулае ў лепшае будучае. "Тэхнолаг". (Газета БДТУ). Мн. 24.09.1991.

16. Саламонаў А.А. Праз матчыну мову - да гістарычнай свядомасці. "Наша слова". 03.01.1992.

17. Саламонаў А.А. Крык адчаю зразумелы: ад Беларусі хочуць пакінуць толькі назву. "Народная газета". 12.03.1994.

18. Саламонаў А.А. Уладавай касой па каранях беларускасці. "Наша слова". 20.05.1998.

19. Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня. Друкарня Марціна Кухты. Дварцовая, д. № 4. 1910.

20. Сагановіч Генадзь. Невядомая вайна 1654 - 1667 г. Мн. 1995.

21. Сагановіч Генадзь. Нарысы гісторыі Беларусі. Мн. 2001.

22. Старонкі гісторыі Беларусі. Калектыў аўтараў Інстытута гісторыі АН БССР. Мн. Навука і тэхніка.1992.

23. Саламонаў А.А. Самастойная Беларусь сваім Геаграфічным цэнтрам назаўжды прывязана да цэнтра Еўропы. "Голас Радзімы". Мн. 24.12.1991.

24. Саламонаў А.А. Не берите большой исторический грех на свою душу, Борис Николаевич Ельцин!!! (или о поглощении Беларуси ненасытной Россией).Зборнік "Скрыжалі "Спадчыны". Клуб "Спадчына". Мн.1997.

25. Соломонов А.А., Аношко В.С., Фурман Б.А., Бондарчук Н.Ф. О сущности географического центра любой территории. Известия высших учебных заведений. Серия «Геодезия и аэрофотосъемка» № 6. Московский университет геодезии и картографии. М. 2000.


Аляксей Саламонаў



Падзвіжнікі не перавяліся

Год за годам, месяц за месяцам, у любое надвор'е, да самага позняга часу ў аддзеле беларускай кнігі Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна можна было бачыць схіленую над стосамі цяжкіх кніг постаць Міколы Ермаловіча. Сталелі і рабіліся вядомымі праз свае працы даследчыкі, якія сядзелі за суседнімі сталамі, ён жа не друкаваўся і здаваўся адным з тых дзівакоў, што трацяць жыццё на цікавыя толькі сабе гістарычныя здабыткі, ды вогуле займаюцца "не тым". Але... рэдкія, кароценькія публікацыі, рэцэнзіі пачалі патроху прыцягваць увагу інтэлігенцыі. У іх прысутнічала не толькі гістарычная дасведчанасць, дзіўная для філолага, але і апантаная любоў да Бацькаўшчыны - такая "нямодная", дый небяспечная па тых часах усеагульнага "інтэрнацыяналізму". Тады нешматлікіх аўтараў, што асмельваліся зазірнуць за чорную заслону гістарычнага забыцця, сустракала ці нямая варожасць выданняў, дзе за публікацыю маглі паплаціцца месцам і партбілетам і рэдактары, і начальнікі, ці тыя, якія вымушаны былі адмаўляць аўтару, хаця і спачувалі яму. А што тычыць ідэалагічных наглядчыкаў, дык яны з асалодай душылі кожны парастак нацыянальнай самасвядомасці.

Аўтарытэт Міколы Ермаловіча ў пэўных колах вырастаў, але шырокі беларускі чытач яго не ведаў. Публікацыі, якіх значна пабольшала, усё ж не маглі даць уяўленне аб значнасці ўсяго зробленага ім. І вось - выхад кнігі "Па слядах аднаго міфа", якая ў Менску разыйшлася імгненна і адразу дала даследчыку шырокую вядомасць.

Дзе была Літва гістарычная? Чаму гістарычныя крыніцы гавораць пра іншае, чым даследчыкі, якія стагоддзямі знаходзіліся ў нейкім здранцвенні, падобным да казкі пра каралеўну Шыпшынку? Што такое Беларусь у дачыненні да Вялікага Княства Літоўскага? Якое значэнне да гісторыі маюць Міндоўг, Войшлак, якія дасюль прызнаваліся належнымі толькі да аднаго народу?

Беларуская моладзь - асабліва моладзь - чакала адказу на гэтыя пытанні, але атрымала яго не ад афіцыйнай навукі, пошукі якой ішлі ў іншым, не нацыянальным кірунку. І менавіта таму яна аказалася такой удзячнай. Сведчаннем гэтаму - лёс кнігі "Старажытная Беларусь". Яе друкавалі ўжо ў часопісе "Маладосць" і, здавалася б, павінна яна паляжаць у кнігарні хаця тыдзень - другі! Не! Свае заказныя экзэмпляры я ледзь забрала ў "Кнігарні пісьменніка", бо спазнілася на дзень... Яе чытаюць і тыя, хто любіць беларускую гісторыю, і тыя, хто дасюль ніколі не браў у рукі беларускую кнігу. Яна разблытвае гістарычныя загадкі Гародні і Новагародка, Полацка і Руты, яна расказвае пра славу продкаў і аднаўляе іх цмяныя, ледзь ужо не прапашчыя, постаці...

А сам Мікола працуе, спяшаецца. Гэтак цяжка было выжыць і выстаяць, не закласці душу, не спакусіцца дробным. Гэтак цяжка цяпер - не тое здароўе і гады. Падзвіжнікі ў Беларусі не пераводзяцца...


Вольга Іпатава, часопіс "Полацак" № 4, 1991 г.



Просты і значны


Сустрэчы, размовы з Міколам Ермаловічам

даюць права заявіць: ён быў просты.

Зразумела, у паняцці простасці нямала адценняў.

Мікола Іванавіч меў у гэтым сваю сілу,

хоць і зведаў ад гэтага нямала напасцяў.

Ды ўрэшце дабіўся таго,

чаго не змаглі многія іншыя.


Шлях


Просты шлях Ермаловіча пачаўся з таго, што 29 красавіка 1921 г. нарадзіўся ў простай сялянскай сям'і ў Малых Навасёлках Дзяржынскага раёна. Але тут і пачалося... Карацей, ягоная маці, Стэфка, бярэ яго, які яшчэ не ўмее хадзіць, з сабой на поле, дзе трэба жаць жыта. Паклала сына ў цяні за пастаўленымі снапамі і захапілася нялёгкай, але радаснай працай і не агледзела, што снапы ўпалі і Яго Вялікасць Сонца, якое ўсім дае жыццё, не толькі ацепліла, але і пачало сляпіць дзіця (цяжка нават уявіць, што ў пажылыя гады Ермаловіч меў мінус 26 ці 27 зроку, мог чытаць і пісаць толькі з лупай!). Далей - больш. Для акалечанага дзіцяці і для ўсёй сям'і - зноў гора: у 1937 г. арыштоўваюць гаспадара, Янку, конюха, здаецца, за "вредительство", знішчаюць; Мікола неяк ацалеў у школе і нават паступіў у Менскі педінстытут, скончыў некалькі курсаў, ды вайна; бежанства маладога патрыёта ў Мардовію і настаўніцтва там; пасля вызвалення ўсходніх раёнаў Беларусі імкненне вярнуцца на Бацькаўшчыну; рабунак яго "скарбу" на адной са станцый, дзе зладзеі, не знайшоўшы ў ягоным куфэрку багатых рэчаў, са злосцю параскідалі яго кнігі і рукапісы; вакзальнае марненне ў Маскве, дзе аднойчы бег па кіпень і, паўсляпы, трапіў паміж буферамі вагонаў, выратавала спагадная маскоўская жанчына; акрыяў, пачаў агледжваць свет (у звычайным значэнні гэтага слова) у ружовым святле, трапіў на цягнік - і дамоў, пакуль што на Віцебшчыну, дзе яму, даволі ўжо адукаванаму, даручаюць наладжваць школьную справу; падаўся ў адну з вёсак і прайшоў... замініраваную дарогу!

Проста і няпроста.

Далей настаўнічае, працягвае інстытуцкую вучобу, выкладае (у Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце), рыхтуе педагагічныя кадры, працуе метадыстам і ў 1957 - у 36 гадоў - пенсіянер з невялічкай пенсіяй. Не кожны ўстаіць у гэтай сітуацыі, калі ты мусіш сыйсці са шляху, саступіць месца іншым, часамі і не самым лепшым. Некаторыя лічылі яго "дахадзягам", г.зн. зусім слабым, але на самай справе гэта не так, фізічна ён быў моцны чалавек. Па-другое, ён быў моцны духам, настойлівы. Па-трэцяе, быў глыбока ўлюблёны ў сваё, роднае. Па-чацвёртае, меў жонку, якая была яго вачыма: чытала яму дробнашрыфтныя тэксты, запісвала за ім, перадрукоўвала, гадавала сына і дачку, разам з усімі мужна вытрымлівала ўсе нягоды. Гэтыя і іншыя рэчы не маглі не падтрымаць ды натхніць Міколу Іванавіча ў зачэпцы за жыццё, за навукова-творчую дзейнасць. Многія бачылі, як гэты высокі, крыху сутулены чалавек з пакоўным партфелем амаль штодня едзе з Маладзечна ў Менск, сядзіць за стосам кніг у бібліятэках, вядзе ажыўленныя размовы і дыскусіі са знаёмымі і незнаёмымі, зазірае ў літвыданні і навуковыя ўстановы, а позна вечарам едзе дахаты, дзе яго зноў чакае праца. Нават і такая, што з жонкай дзеля падзаработку клеілі з кардону скрыначкі-шуфлядкі для бібліятэчных картатэк.

Ён мог стаць кандыдатам, а пасля і доктарам філалагічных навук (быў прымацаваны да аспірантуры), але ўхіліўся, не мог паступацца: яму даручылі напісаць дысертацыю на тэму "Вобраз Леніна ў беларускай літаратуры". Паспрабаваў, нават тое-сёе надрукаваў, а пасля хітравата замахаў рукамі: "Ой, што вы, ды я не спраўлюся з такой складанай тэмай!"

Ермаловіч на працягу 1940 - 1990 гадоў змясціў шмат рэцэнзій, водгукаў, артыкулаў, як пра нашых класікаў, так і пра сучаснікаў. Але паступова ён усё больш і адыходзіў ад літаратуразнаўства, яго ўсё глыбей заваблівала наша гісторыя. Таму ўсё часцей пачалі друкавацца ягоныя гістарычныя даследаванні - грунтоўныя і часам спрэчныя, спантанныя і мэтанакіраваныя, але заўсёды шчырыя і штораз з большым заглыбленнем. Паступова сваімі публікацыямі, рукапісамі, што пераходзілі з рук у рукі, ва ўмовах жорсткага паліткантролю за ўсімі публікацыямі, падручнікамі, асабліва пра нашу гісторыю, ён стаў выказнікам беларускай нацыянальнай ідэі і яе гістарычнай канцэпцыі. Зразумела, адных гэта ўсцешыла, абудзіла, акрыліла, а іншых запалохала. За ім пачалі сачыць у поўным сэнсе гэтага слова, яго пачалі закрыта і адкрыта цкаваць, з ім праводзілі "собеседования", яму пагражалі...


Той-сёй жартаваў: літаратуразнаўства страціла прафесіянала, а гістарыяграфія набыла "аматара". Канечне, можна не пагадзіцца, што ў Міколы Іванавіча не заўсёды і не ва ўсім акадэмічны жалезабетонны стыль, можна спрачацца з яго асобнымі думкамі альбо тое-сёе дапаўняць, але нідзе не дзенешся: менавіта ён стварыў "Па слядах аднаго міфа" і "Старажытную Беларусь", дзе ўвёў ва ўжытак шмат новых гістарычных крыніц, сярод іх Іпацеўскі летапіс, прачытаў па-новаму, без замоўчванняў і падтасовак. Менавіта ён услед за некаторымі папярэднікамі і сучаснікамі ўзмацніў думку наконт нашай дзяржаўнасці з часоў Рагвалода і Тура, вызначыў ролю сённяшняга Наваградка ў закладзе падмурка Вялікага Княства Літоўскага і тым самым высакародна абуджаў ад сну і ляноты нашы думкі і душы, да абуджэння гістарычнай памяці, без якой не было і не будзе ні аднаго народа, ні адной дзяржавы. Гэта - не аматарства, гэта - вычын!..

... Афіцыйных некралогаў пра яго - чалавека, пісьменніка, гісторыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, здаецца, не было. Ды быў, ёсць і будзе ён сам!


Генрых Далідовіч



Самабытны гісторык, няскораны чалавек

Гэты артыкул быў напісаны паводле інтэрвію, якое было мною ўзята ў Мікалая Іванавіча Ермаловіча на яго "рабочым" месцы ў беларускім аддзелеНацыянальнай бібліятэкі ("ленінцы") у сувязі з 75-годдзем з дня нараджэння слыннага беларускага вучонага


Мікола (Мікалай Іванавіч ) Ермаловіч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года (дарэчы, беларуская грамадскасць адзначыла яго 75-годдзе) у вёсцы Малыя Навасёлкі Койданаўскай воласці Менскага павету (цяпер Дзяржынскі раён Менскай вобласці) у сялянскай сям'і. Бацька, Іван Іванавіч, працаваў у калгасе конюхам, у 1937 годзе быў рэпрэсаваны. У 1956 г. рэабілітаваны (пасмяротна). Маці, Стэфка Юр'еўна, была калгасніцай.

У сям'і Ермаловічаў было 4 дзяцей: Марыя, Мікола, Леанід і Валянцін. У 1995 годзе сястра Марыя памерла ў 76 год.

Цікавасць да роднай гісторыі ў малога Міколкі абудзілася ў 2-м класе літаральна з аднаго сказа са школьнага падручніка па беларускай мове: "Полацк - самы старажытны горад Беларусі". Яго зацікавіла: чаму? І вось гэта неардынарная цікавасць чаму? што? калі? дзе? крочыць поруч з ім усё жыццё.

Забягаючы наперад, скажу, што значна пазней, у 1944 годзе, ужо працуючы завучам Дзяржынскай беларускай СШ, М.І.Ермаловіч у 8-м класе праводзячы урок па гісторыі на тэму "Татарскае нашэсце і літоўскае заваяванне", звярнуў увагу на тое, што гэтае нашэсце ў падручніку па гісторыі падаецца дэталёва, падрабязна, а пра заваяванне літоўцамі сказана сцісла, коратка, мала, літаральна некалькі сказаў тыпу: князь Міндоўг аб'яднаў літоўскія землі і пачаў заваёўваць заходнія землі; заваяваў першыя гарады Новагародак, Ваўкавыск, Слонім і зрабіў Новагародак сталіцай Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). А калі і як было заваявана - невядома? Як утварылася ВКЛ? У падручніку пра гэта нічога не было сказана. А дзе ж пра ўсё напісана?

І Мікалай Іванавіч пачаў дэталёва вывучаць летапісы, хронікі, акты, разнастайныя дакументальныя крыніцы. Накапаў шмат - усё новае, цікавае, невядомае, нідзе, ніколі і нікім раней не было выкарыстана. Што ён убачыў - аж жахнуўся? Дык чаму ж гэта не было выкарыстана? Можа чыталі ды не заўважалі, ці мо не хацелі заўважаць?

А вось сведчанне Іпацьеўскага летапісу пад 1251 годам: "Міндоўг враждебно за ворожьство Літву зане". Як бачна, Міндоўг не Новагародак і іншыя блізкія тут гарады заваяваў, а Літву. Ніхто, дарэчы, да Ермаловіча не цытаваў гэтыя словы. У канцы 50-60-х гадоў Мікола Іванавіч стала пачаў займацца гісторыяй Беларусі. Шукаць адказы на пытанні: што і дзе было, калі?

У 1938 годзе Ермаловіч скончыў Дзяржынскую беларускую СШ і ў гэтым жа годзе паступіў на аддзяленне мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў тры курсы. З-за дрэннага зроку - "нізкі на вочы" (блізарукасць), носіць акуляры з 9-ці гадоў - ад вайсковай службы вызвалены.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуяваўся і ў 1941-1943 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР.

У кастрычніку 1943 года Народны камісарыят асветы БССР накіраваў М.Ермаловіча ў вызваленыя ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раёны Беларусі. У 1943 - 1944 гадах ён працаваў інспектарам райАНА ў горадзе Сураж Віцебскай вобласці, потым, як мы ўжо згадвалі, завучам у Дзяржынскай беларускай СШ.

У 1946 годзе Ермаловіч аднавіў вучобу ў Менскім педінстытуце. Пасля заканчэння яго ў 1947 годзе быў накіраваны ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут. Тут да 1955 года выкладаў беларускую літаратуру. У 1955 - 1957 гадах працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У 1957 годзе выйшаў на пенсію ў сувязі са значнай стратай зроку.

І вось каля 30 гадоў ён амаль штодня без выхадных і святаў ездзіў электрычкай з Маладзечна (з 1993 года Мікалай Іванавіч жыве ў Менску) у Менск і апантана працаваў у "ленінцы" (цяпер Нацыянальная бібліятэка Беларусі).

За гэты час уважліва вывучыў усе магчымыя гістарычныя, дакументальныя крыніцы. Зверыў пункты погляду шмат якіх вучоных на тыя ці іншыя праблемы гісторыі Беларусі. Прачытаў шмат навуковых кніг, манаграфій і прыйшоў да высновы: ніякай заваёвы Літвой Беларусі не было, пад Літвой у той час падразумевалася не сучасная этнічная Літва, а тэрыторыя Беларусі паміж Менскам і Новагародкам з усходу на захад і паміж Маладзечнам і Слонімам з поўначы на поўдзень.

І гэтыя высновы далі магчымасць па-новаму паказаць гісторыю ўтварэння ВКЛ, што і стала зместам яго кнігі "Па слядах аднаго міфа", напісанай у 1968 годзе, а выдадзенай толькі ў 1989 годзе (2-е выданне, дапоўненае ў 1991 годзе) у тагачасным выдавецтве "Навука і тэхніка".

У гэтай кнізе, у кнізе "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды" 1990 года і інш. Ермаловіч поўнасцю абвергнуў тэзіс тагачасных савецкіх гісторыкаў аб бездзяржаўнасці Беларусі. Ён на шматлікіх фактах (а факты, як вядома, упартая рэч!) даказаў, што Полацкае і Тураўскае княствы былі дзяржаўнымі ўтварэннямі. А першае з іх - самастойнай дзяржавай. Вялікія кіеўскія князі хацелі яго падпарадкаваць, заваяваць, але не змаглі. Успомнім хаця б паходы Уладзіміра Манамаха на Полацкае княства, яго ўпартая вайна з полацкім князем Усяславам Брачыслававічам (Чараўніком).

І не выпадкова, што рукапіс кнігі "Па слядах аднаго міфа" 21 год хадзіў па руках, перш чым быў выдадзены. І "Старажытная Беларусь" 5 год ляжала ў яго рабочым стале, перш чым часопіс "Маладосць" у 1988 годзе адважыўся надрукаваць яе. За такія новыя погляды на гісторыю Беларусі ў свой час ён шмат цярпеў. У 1966 годзе начальнік Маладзечанскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР Іваноў дзесьці выступаў і сказаў: "Вот и у нас есть такое живое ископаемое". І далей: "Смотрите, что он говорил в 1947, 1948, 1950, 1953 ... годах". Вось яно што! Значыць, сачылі!

Мікола Іванавіч Ермаловіч быў ужо з таго часу (а можа і раней), як кажуць, пад каптуром! У 1981 годзе на Вучоным савеце Інстытута гісторыі АН БССР было выказана патрабаванне звярнуцца ў ЦК КПБ, каб яму было забаронена друкавацца.

У 1984 годзе М.І.Ермаловіча тройчы выклікалі ў КДБ БССР з тае прычыны, што ён "піша гісторыю, у якой хоча даказаць адвечную самастойнасць Беларусі".

У 1987 годзе ў адной з рэспубліканскіх газет былі змешчаны разносныя артыкулы члена-карэспадэнта АН БССР, доктара гістарычных навук, прафесара А.І.Залескага і доктара гістарычных навук, прафесара А.П.Ігнаценкі, у якіх яны бяздоказна шальмавалі погляды М.Ермаловіча на полацкую гісторыю (гісторыю Полацкага княства).

Зараз Мікалай Іванавіч заканчвае працу над чарговым раздзелам кнігі "Старажытная Беларусь" - перыяд паміж Крэўскай 1385 года і Люблінскай 1569 года уніямі.

У яго творчых планах шмат цікавых задумак. Дай жа Божа, каб яны здзейсніліся!

Мікола Іванавіч Ермаловіч вядомы як паэт, крытык і літаратуразнаўца.

Пачаткам сваёй творчай дзейнасці Мікола Ермаловіч лічыць першы верш, прысвечаны памяці Максіма Горкага, які быў змешчаны ў раённай газеце "Ударнік Дзяржыншчыны" 22 чэрвеня 1936 года.

У 1975 - 1976 гадах ён выпускаў спосабам "самвыдат" лісток "Гутаркі" ў кожную суботу, у якіх закраналіся надзённыя пытанні таго часу, усё тое, што хвалявала нацыянальна свядомую беларускую інтэлігенцыю.

У "Гутарках" быў апублікаваны яго вядомы верш "Водпаведзь", дзве страфы з якога , першую і чацвёртую я мушу працытаваць:


На ваш папрок, што шмат нам далі,

Скажу я вам такое слова:

Вы ДАСТАЕЎСКАГА ў нас узялі,

Узамен нам даўшы Мураўёва...


Вы нас бязбожна абкрадалі,

Ці то ў стары час, ці то ў новы.

Вы ДАСТАЕЎСКІХ у нас бралі,

А нам давалі мураўёвых.


Сталай літаратурнай працай М.Ермаловіч займаецца з 1948 года. Друкаваўся ў маладзечанскай абласной газеце "Сталінскі шлях", альманаху "Нарач" (Маладзечна), газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Голас Радзімы", часопісах "Полымя", "Нёман", "Маладосць", навуковых акадэмічных зборніках.

Першую кніжку "Дарагое беларусам імя", прысвечаную сувязям У.І.Леніна з Беларуссю, выдаў у 1970 годзе (у 1980 выйшла ў перакладзе на англійскую мову ў бібліятэцы газеты "Голас Радзімы").

Мікола Ермаловіч - аўтар грунтоўных артыкулаў пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Гурыновіча, К.Каліноўскага. Зямляк - член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1989 года.

Мікола Іванавіч Ермаловіч - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Кастуся Каліноўскага за гістарычна-публіцыстычную кнігу "Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды", якая пабачыла свет у 1990 годзе. Ён узнагароджаны высокай дзяржаўнай нацыянальнай адзнакаю - медалём імя Францыска Скарыны. Але самае галоўнае для Ермаловіча - гэта праца над кнігамі па гісторыі роднай Бацькаўшчыны.

І якія хмары не згушчаліся б над ім - не скарыўся, не падпарадкаваўся той партнаменклатурнай ідэалогіі, таму прынятаму ўсімі пункту погляду.

Вось такі няскораны, моцны духам, наш слынны зямляк, жыве, працуе, піша кнігі, адкрывае нам новыя старонкі нашай старажытнай гісторыі Беларусі.


Артыкул надрукаваны ў дзяржынскай раённай газеце "Сцяг Кастрычніка" 1, 6, 13 лістапада 1996 г.

Анатоль Валахановіч



З Ермаловічавых занатовак

З імем Міколы Ермаловіча ў Беларусі стала замацаваўся імідж удумлівага гісторыка, гісторыка-наватара. А між іншым пачынаў ён найперш як літаратар, літаратурны крытык, літаратуразнаўца. Літаратурную працу распачаў з 1936 г., але больш-менш стала літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца з 1948 г. І найперш як даследчык творчай спадчыны В.Дуніна-Марцінкевіча і Ф.Багушэвіча. Ён першы ці адзін з самых першых, хто пачаў збіраць адразу пасля апошняй вайны ўспаміны пра Ф.Багушэвіча ў Кушлянах, балазе ў тую пару было яшчэ шмат людзей, якія памяталі песняра. З кожным з іх даследчык сустрэўся, пагутарыў. Свае нататкі апублікаваў у 1950 г. у "Весцях Акадэміі навук". Здавалася б, чаго да іх яшчэ вяртацца. Бяры апублікаваныя і карыстайся. І ўсё ж хацелася пазнаёміцца з арыгіналам Ермаловічавых запісаў. Часта ж здараецца - арыгінал багацейшы за публікацыю. І вось перада мною тры Ермаловічавы сшыткі з запісамі канца саракавых гадоў. Безумоўна, час пакінуў на іх свой адбітак. Некаторыя з іх ужо без вокладак, пажухлыя, але добра чытальныя, хоць і пісаныя алоўкам.

Што ж гэтыя запісы могуць нам дадаць пра Ф.Багушэвіча, пра ягоныя Кушляны да ўжо вядомага?

Найперш, у сшытках шмат цікавых тэзісных, на жаль, не расшыфраваных запісаў. Вось, прыкладам, адзін з іх: легенда аб тым, як Багушэвіч хацеў дастаць скарб са студні. Ці яшчэ: "Гісторыя з тым, як Францішак Багушэвіч пабіў яго, Мніховіча, а потым даў 15 капеек". Нейкі ж сэнс маюць і наступныя запісы: "Бацька любіў усё жывое. У яго быў кот. Калі памёр бацька, кот знік", "Расказ, як мужык-беларус паехаў на Кальварыю ў Вільню".

Не сумняваюся, усе гэтыя гісторыі, калі б яны былі як след расшыфраваныя, нешта б дадалі да Багушэвічава жыццёвага летапісу, расказалі б нам пра якіясь жывыя праявы з яго жыцця. А так даводзіцца толькі шкадаваць, што даследчык у пару не расшыфраваў свае запісы, паспадзяваўся на памяць. А памяць, як бачым, падвяла. І ўсё ж не будзем траціць надзеі. Магчыма гэтыя запісы неяк праявяцца. Галоўнае, што яны ёсць.

Вельмі каштоўныя для нас і звесткі пра мэблю з Багушэвічавага дому. З Емаловічавых запісаў даведаемся, што да 1944 г. ў Багушэвічавым доме былі: шафа жоўтая на тры створкі, трумо чорнае, два ложкі драўляныя. Шафу і трумо забралі ў хату-чытальню ў Аспіны. Ложкі ўзяў колішні старшыня сельсавета Яхімовіч з Аспінаў. Былі яшчэ ложак і шафа. Магчыма, іх забраў участковы. Былі якіясь і партрэты, аднак яны таксама некуды зніклі.

Усіх гэтых звестак таксама няма ў апублікаваных Ермаловічам матэрыялах. Што ж яшчэ, вартае нашай увагі, не патрапіла з Ермаловічавых нататкаў у ягоную публікацыю?

Гэта і запіс пра знойдзены у пакоях навасёлкаўскага графа Чапскага якісьці верш на беларускай мове (верш гэты быў перададзены ў Вільню, у Беларускі музей) і звесткі пра Багушэвічавых свякоў: братоў, дзяцей, суседзяў, дзе хто нарадзіўся, жыў, памёр, план Багушэвічава дому. Варты нашай увагі і такі запіс: "Дамавіна стаяла там, дзе зараз студня". Гэта пра Жупраны, жупранскі касцёл. Уражвае і такая занатоўка: "Памерлы быў жоўты". І тут жа штосьці амаль містычнае: "Чэрці качалі перад смерцю". Фальклорнае: "Адкуль ты, дзеўка? Ці не з Багуш?" - "З Багуш". - "Замуж хочаш?" - "А чаму ж?"

Пра гэта і шмат што іншае можна даведацца з Ермаловічавых занатовак, зробленых ім у канцы 40-х гадоў у Кушлянах. Яго нататкі вельмі карысныя для пошукавай і даследчыцкай працы. Яны даюць нам мажлівасць жывыя сведчанні звяраць з дакументальнымі і пераконвацца ў іх праўдзівасці.

Шмат цікавага знойдуць для сябе ў Ермаловічавых занатоўках і тэкстолагі. Тут запісаны не адзін Багушэвічаў верш з памяці кушлянцаў. Прынамсі "Хрэсьбіны Мацюка", "Здарэнне", "Жыдок", "Панскае ігрышча". Тут жа канцоўка верша, знойдзенага ў пакоях навасёлкаўскага графа Чапскага.

Гэтыя запісы таксама даюць цікавыя назіранні.

Некаторыя запісы Міколам Ермаловічам зроблены па расійску. Я пацікавіўся: чаму?

"Першая, да каго я патрапіў, была Зося Ясевіч. Я ж не ведаў, дзе Багушэвічава сядзіба, то зайшоў папытацца і натрапіў на Зосю. Яна гаварыла па-руску. Таму ў мяне і некаторыя запісы па-руску. Як цяпер помню, што яна сказала пра Багушэвіча: "Слышала. Какие-то стишки писал...» больш з ёй мне не давялося пагаварыць, пагаманіць: спяшаўся хутчэй пабачыць Багушэвічаву сядзібу. А была восень, цемра. Аўтобусы тады ў Кушляны не хадзілі. То ўсё пешачкі з Солаў".

Гэткую ж літаратурную вандроўку ў пасляваенны час Мікола Ермаловіч зрабіў і ў Марцінкевічаву Люцінку і вынікі яе апісаў у сваіх даследчых нататках. На працягу амаль пяцідзесяці гадоў, пачынаючы з 1940 г., ён напісаў і надрукаваў шмат розных рэцэнзіяў, водгукаў, артыкулаў як пра нашых класікаў, так і пра сваіх сучаснікаў. Даследчыкі зазначаюць, што Міколу Ермаловічу было падуладнае ў маладыя гады і паэтычнае слова. Ён быў і адмысловы эсэіст. Апроч усяго іншага ён яшчэ і адметны прамоўца. Калі ён прамаўляў, то нібы словы свае красаў, гэткія яны былі ў яго агністыя. Агністымі іх рабіла і Міколава жэстыкуляцыя правай рукой. У рытміцы з сваімі словамі ён жэстыкуляваў ёю, нібы шашкай махаў. Менавіта ўсе гэтыя складнікі ягонага таленту найбольш яскрава выявіліся ў яго грунтоўных гістарычных даследаваннях, прынамсі, згадаем і іх: "Па слядах аднаго міфа" (тры выданні, 1989, 1991, 2001), "Старажытная Беларусь. Полацкі і навагарадскі перыяды", "Старажытная Беларусь. Віленскі перыяд". Апошняя ягоная кніга прысвячалася Вялікаму Княству Літоўскаму да трох Падзелаў Рэчы Паспалітай.

Мікола Ермаловіч меў некалькі псеўданімаў. Сярод іх - М.Ермолов, Я.Мікалаеў, Мікола Наваселец, М.Ярмолаў. калі патрапяцца ў старых перыядычных выданнях публікацыі з такімі подпісамі, ведайце: гэта публікацыі Міколы Ермаловіча.


Уладзімір Содаль, "Літаратура і мастацтва",

26.05.2006.



Вычын у імя Беларусі

Да 80-годдзя слыннага земляка - М.І.Ермаловіча

Дзяржыншчына мае права і, вядома, будзе ганарыцца ім. Мікалай Іванавіч Ермаловіч, вядомы беларускі пісьменнік, літаратуразнаўца і гісторык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, з'яўляецца гонарам гістарычнай айчыннай навукі і выдатным энцыклапедыстам, вучоным. Ён сказаў праўду пра беларускі народ, якую даўно чакалі людзі. Яго найвялікшым навуковым адкрыццём і фактычна грамадзянскім вычынам з'яўляецца сцвярджэнне, што неабходна адрозніваць старажытную летапісную Літву ад сучаснай Летувы, што беларусы з'яўляюцца не славянамі, асіміляванымі балцкімі плямёнамі, а аславяненымі балтамі. Ён доказна абверг ідэю дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў аб быццам бы меўшай месца заваёве летувісамі беларускіх земляў у ХІІІ стагоддзі, што цалкам супярэчыць сапраўднаму гістарычнаму факту паходжання Вялікага Княства Літоўскага - беларускай дзяржавы, якая праіснавала некалькі стагоддзяў.

Мікалай Іванавіч не дажыў год да свайго 80-годдзя, якое мы адзначаем сёлета. Ушанаваць памяць нашага слыннага земляка на Дзяржыншчыну прыязджаюць літаратары і навукоўцы, усе, каму дарагі яго незабыўны вобраз, хто неабыякавы да яго неацэннай спадчыны. Вядома ж самі дзяржынцы не засталіся ў баку: у раёне ладзяцца прысвечаныя М.І.Ермаловічу сустрэчы, прэзентацыі яго твораў. Такія мерапрыемствы, напрыклад, адбыліся на малой радзіме Мікалая Іванавіча ў Навасёлках, у Дзяржынскай беларускай гімназіі, у нас, у Дзяржархіве...

Дарэчы, цікавая сустрэча, у якой прынялі ўдзел і два браты Мікалая Іванавіча - В.І.Ермаловіч і Л.І.Ермаловіч, у БДАКФФД адбылася зусім не выпадкова. Для нас, архівістаў, вельмі дарагая памяць аб усіх падзеях, што адбываліся і адбываюцца на тэрыторыі Беларусі, непасрэдна ў раёне і, канешне ж, памяць аб людзях, якія робяць нашу гісторыю, дапамагаюць нам вяртаць праўдзівыя звесткі з яе далёкіх часоў. А Мікалай Іванавіч быў менавіта такім. Досыць сказаць, што толькі яго пасмяротная праца - "Беларуская Дзяржава Вялікае княства Літоўскае" з'яўляецца неацэнным унёскам не толькі ў беларускую, але і ў сусветную гістарыяграфію, а на рахунку нашага земляка шмат іншых выдатных твораў, унікальная па свайму значэнню эпісталярная спадчына, якая, трэба спадзявацца, з часам будзе выдадзена.

Вось што казалі, у прыватнасці, на нашай сустрэчы вядомыя ў рэспубліцы людзі.

Пісьменнік і галоўны рэдактар часопіса "Маладосць" Генрых Далідовіч:

"...Ён зрабіў для нас усіх тое, што было наканавана зрабіць толькі яму: амаль невідушчы, ён, філолаг, стаў нашым самым усёбачным гісторыкам".

Вячаслаў Машко, гісторык:

"...Яго кнігі зрабілі пераварот у поглядах на даўнейшую гісторыю Беларусі, раскрылі антынацыянальную сутнасць міфаў і памылак, якія пераважалі ў гістарычнай навуцы".

Гісторык, краязнавец Анатоль Валахановіч:

"... І якія б хмары не згушчаліся над ім, не схіляўся, не падпарадкоўваўся той партнаменклатурнай ідэалогіі, таго, прынятага ўсімі пункту гледжання."

Такія словы гучалі нездарма. Мікалай Іванавіч Ермаловіч, амаль сляпы з дзяцінства, жывучы на маленькую пенсію, рэгулярна ездзіў з Маладзечна ў Менск, дзе нястомна і карпатліва працаваў у бібліятэках, на падставе сапраўдных дакументаў і вывераных аналізаў пісаў свае цяпер ужо неўміручыя працы, якія, магчыма, не спадзяваўся ўбачыць апублікаванымі. За яго рупнасцю і стараннем сачылі. Адчуваючы гэта, ён вымушаны быў хітраваць з сістэмай, прыкідваючыся слабым, дахадзягам, а тым часам употайкі займаючыся гімнастыкай, загартоўваючыся халоднай вадой (для працы патрэбны былі сілы) і такім чынам пралічваючы і падаўжаючы свае гады. Між іншым, яшчэ ў 60-я гады ў студэнцкім асяроддзі ён быў шырока вядомы, і пра яго гаварылі як пра зацятага бібліятэкамана, эрудыта, чалавека, які не толькі глыбока ведае нашу гісторыю, але спрабуе пісаць пра яе сам: пісаць па-сапраўднаму, на падставе праўдзівых звестак і ў рэчышчы беларускай канцэпцыі.

Аповед пра ўсё гэта атрымаўся досыць шырокім і глыбокім па зместу, чаму ў значнай ступені паспрыялі і выдатныя даклады, падрыхтаваныя работнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі, раённага гісторыка-краязнаўчага музея, і ўспаміны братоў юбіляра - В.І.Ермаловіча і Л.І.Ермаловіча, і прагляд дакументальнага кінафільма "Браты Ермаловічы", знятага ў 1993 годзе на кінастудыі "Беларусьфільм"студыяй "Летапіс". Прыемна, што ўсё гэта адбылося і ў іншых месцах нашага горада і раёна.


Таццяна Рахманько,

"Сцяг Кастрычніка", Дзяржынск, 13.06.2001г.




ЛІСТЫ, ВЫСТУПЫ, ПРАМОВЫ МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА

Лісты М. Ермаловіча(з архіву У. Содаля)


Шаноўны Васпане!

Нешта доўга не паказваўся ў бiблiятэцы, цi, магчыма, бывае тады, калi мяне няма. Вельмi хацелася пабачыцца i ўрэгуляваць адну далiкатную справу. Сёння званiў ва ўсе рэдакцыi тэлебачання, але нixтo нiдзе не адказаў. І так ужо не першы раз. Няхай Васпан калi-небудзь зойдзе ў бiблiятэку ў прамежку з 10 да 15, але загадзя пазвонiць i спытаецца, цi я ёсць, бо часамi мяне там не бывае. Каб я ведаў службовы тэлефон Васпана, то вельмi б лёгка было б наладзiць сустрэчу з Васпанам. Але незалежна ад таго, калi мы сустрэнемся, хай Васпан не хвалюецца: яго iнтарэсы будуць захаваны.


З прывітаннем М. Ермаловiч.

7. V. 1980 г. Менск.



Ліст М. Ермаловіча да М.М. Улашчыка


Шматпаважаны Мікалай Мікалаевіч!

Атрымаў Ваш кароценькі ліст.

Шчыра дзякую.

Мяне крыху здзівіла, з якою нагодаю Вы звярнуліся да мяне з пытаннем "Як (адкуль, з якой крыніцы) аўтар Гіпацкага летапісу атрымаў звесткі пра падзеі ў Навагрудку?" Канкрэтна, як атрымаў навагрудскія звесткі аўтар Гіпацкага летапісу я адказаць не магу, як і ніхто на яго не адкажа. А вось, што звесткі з Навагрудскага летапісу папалі ў Гіпацкі гэта відавочна: варта толькі параўнаць, напрыклад, што гаворыцца ў гэтым летапісу пра Войшалка на стар. 830 - 831, з тым, што маецца на стар. 858 - 859 (выд. 1908 ці 1962 гг.). Ясна, што другі запіс больш падрабязны і дэталёвы ўзяты з Навагрудскага летапісу. Ды тут ёсць прамое сведчанне, а менавіта словы, што Войшалк "и крестися то у в. Новегородьце". Так мог напісаць толькі летапісец, які жыў у Новагрудку.

Такіх запазычанняў нямала. Трэба сказаць, што Навагрудскі летапіс захоўваўся прынамсі ў ІІ палове ХУІ ст., бо ўяўныя выпіскі з яго мы бачым у "Хроніках літоўскіх і жамойцкіх" (асабліва ў Быхаўца), а таксама ў "Хроніцы" М.Стрыйкоўскага. Вось такая мая думка.

У трэцім нумары "Беларусі"павінен быць невялікі мой артыкул пра Вас (у другі нумар не ўвайшоў, бо было позна). Калі з'явіцца, прышлю Вам.

З пажаданнем усяго найлепшага М.Ермаловіч.

[б. года]



IДУЧЫ НАСУСТРАЧ...

7 лютага гг. Маладзечанскi гаркам КПБ арганiзаваў лекцыю ў дапамогу вывучаючым праблемы навуковага камунiзму на тэму: «Poсквіт i зблiжэнне нацый у працэсе будаўнiцтва камунiзму». Чытаў лекцыю выкладчык Тэхналагiчнага інстытута (Менск) П. Ф. Ярошка.

На вялiкi жаль, лекцыя гэта была ў многix адносінах блытанай, непісь­меннай i ў выніку гэтага палiтычна шкоднай.

Так, наnрыклад, лектар тэрмiн зблiжэнне нацый разумее не як далейшае ўмацаванне братэрства савецкiх народаў, не як усе­баковае развiццё іх экана­мiчных i культурных сувязяў, а як лiквiдацыю нацый. І таму ён з выключным пафасам усклiкнуў: «Как это замечательно, товарищи, что Белоруссия так обрусела!"

Па-першае, адкуль ён ўзяў гэта. Тое, што амаль кожны беларус ведае рускую мову, яшчэ аб гэтым нiчога не гаворыць. Перапiс 1952 г. паказаў, што беларусы скла­даюць 81% усяго насельнiцтва Беларусi (гэта быў адзiн з самых высокix працэнтаў карэннага насельнiцтва сярод саюзных рэспублiк). 93% беларусаў, палавiна палякаў i прадстаўнiкi iншых народаў (у тым лiку i pycкix), пражываючых у Беларусi, назвалi сваёй роднай мовай беларускую, што складае 80% усяго насельнiцтва Беларусi.

Так што нi аб якiм абрусеннi Беларусi не можа быць i гутаркi. Гэта самая, калi можна так сказаць, нацыянальная рэспублiка ў СССР. І гэта зразумела. Наша партыя нiколi не ставiла i не магла ставiць задачы абрусення той цi iншай рэспублiкi. Усеагульнае пашырэнне i веданне рускай мовы ў нас з'яўляецца срод­кам зносiн памiж народамi СССР, узаемнага абагачэн­ня культур народаў СССР, а не сродкам выцяснення нацыянальных моў i куль­тур, не сродкам русiфiкатарства, як гэта было пры царызме. Вось гэтага i не разумее незадачлiвы лектар Ярошка, якi блытае pyciфiкатарства i iнтэрнацыяналiзм - гэтыя два дыяметральна-працiлеглыя паняццi, i гэтым caмым паклё­пнiчае на нашу партыю, на яе нацыянальую палiтыку i гэта паказалася невыпадкoвым. Лектар Ярошка прыпicaў русiфiкатарскiя мэты нашай партыі для таго, каб прыкрыць гэтым самым свае ўласныя нацыяналiстычныя намеры. Так, ён з назойлiвасцю падкрэслiваў, што вывучэнне беларускай мовы ў нашых школах з'яўляецца неабавязковым i, звяртаючыся да аўдыторыi, сказаў: "Вы, как пропогандисты, должны всем абъяснить, что каждый может освободить своих детей от изучения белоруского языка". Як бачым лекцыйная зала Маладзечанскага ГК КПБ, дзе адбывалася лекцыя, ператварылася ў агітпункт за невывучэнне беларускай мовы, а лекцыя - у iнструктаж па хутчэйшай лiквiдацыi беларускай мовы.

Сумняваюся, што лектар меў на гэта паўнамоцтвы.

Усё гэта вельмi дзiўна выглядае. З аднаго боку, усенародная падрыхтоўка да 50-годдзя Савецкай Бела­pyci, з другога боку, лектар Ярошка ўслаўляе русiфiкатарства i заклiкае прапагандыстаў агiтаваць за невывучэнне беларускай мо­вы.


М.І. Ермаловiч,

г. Маладзечна,

пр. Ленiна, 74а, кв. 10.


Да ўвагі рэдакцыі: прашу гэта пісьмо не пасылаць на рэагаванне, паколькi ана­лагiчнае пісьмо я паслаў у «Звязду», адкуль яго, вядома, пашлюць, куды трэба.

(Подпiс)

[1969]



Лісты Міколы Іванавіча Ермаловіча Міхасю Белямуку

ў 1973 - 1983 гадах

Надрукаваны ў часопісе "Полацак" у № 4 - 8 1991 г.


15 студзеня 1973.

Даследчык не можа дзяліць факты на тыя, якiя яму падабаюцца, i на тыя, якiя яму не падабаюцца. Усе факты ён павінен даследваць i нiводнага не адкiдаць або замоўчваць. Mенавітa ўcё гэта заставiла мяне перагледзець пытанне ўтварэння Вялiкага Княства Лiтоўскага. Калi я вывучыў усе даступныя матэрыялы, то я ўбачыў, што ранейшыя даследчыкi шмат гаварылi аб так званым лiтоўскiм заваяваннi Беларусi, але не паказвалi самога факта заваявання, нiколi не гаварылi, калi i як гэта адбылося. Адны гаварылi, што ў 30-я гады, другiя, што ў 40-я гады XІII стагоддзя. Другое, чаго я не мог уцямiць, дык гэта тое, чаму, менавітa, Лiтва перш за ўcё падначалiла Наваградак. Глянуўшы на карту, гэта цяжка зразумець. Ствараецца ўражанне, што нiводны даследчык не глядзеў на карту i не задумваўся, а як гэта можна было з тэрыторыi сучаснай Лiтвы заваяваць Наваградак.


2 жнiўня 1973 г.

Наконт канцэпцыi Янiна - Аляшкоўскага, то Вы самі заўважылi, што яна непераканаўчая, i ўжо ў гэтым яе заганнасць і непрымальнасць для нас. Хапае нам прыдуманых схем i тлумачэнняў нашай гісторыі, каб прымаць яшчэ новую. Не мог Усяслаў ставiць перад собай такiя шырокiя задачы. Што ж гэта за мудры дзяржаўны дзеяч, якi хоча дасягнуць таго, на што ў яго не хапала сiлаў? Калi кiеўскiя князi маглi нанесці паражэнне Полацку, то яны не былi ў сiлах пакарыць яго і трымаць яго пад сваёй уладай... Полаччына ў сваю чаргу не магла перамагчы каалiцыю, але яна магла аслабiць яе. Паколькi Кieў быў далёка ад Полацка, а Ноўгарад i Смаленск пад бокам, то Усяслаў (перад ім Брачыслаў) рабiў на ix набегі, разбураючы i прыводзячы адтуль палонных. Пры тым нельга забывацца, што ўсё гэта Усяслаў рабiў тады, калi Kieў быў заняты мiжусобнай барацьбой ці вайной са стэпнякамi. Янiн з Аляшкоўскім сваёй канцэпцыяй робяць нам мядзвежую паслугу, прадстаўлючы Усяслава не рэалiстам-палiтыкам, а нейкім ваяўнiчым фантазёрам, якi, дарэчы, дарэмна пралiваў людскую кроў. Апроч таго, Наўгародчына не была крывiцкай, яна была заселена славенамi. Часткова крывiцкай можна лiчыць Пскоўшчыну. Так, робячы, напад на Ноўгарад, Усяслаў не мог змагацца за крывiцкае адзiнства. У Я.Длугаша ёсць звестка, што Брачыслаў у 1021 г. пасадзiў у Ноўгарадзе пасаднiкаў. Магчыма. Але ўсе пiсьмовыя звесткi пра Усяслава не даюць падставы рабiць такое дапушчэнне. Апроч таго, я лiчу, што Нямiгская бiтва не была вынікам набегу на Ноўгарад, а на Наваградак. Наконт таго, цi быў Усяслаў бандытам, то мушу сказаць, што ў тыя жорсткiя часы, ён не мог ды і не павiнен быў уступаць у жорсткасцi cвaiм ворагам...

Тое, што Гедзімiн быў жанаты з полацкай князёўнай Еўнай, яшчэ не доказ, што ён быў полацкага роду. Гэта можа даказваць адваротнае: звычаёва не браць адзiнакроўных жонак. Iншая справа - гербы. Яны, вядома, могуць у некаторых аднociнax праясніць справу, і я жадаю Вам поспеху тут, як у адносінах атаясамлiвання Пагоні і Усяслава, крыжы на шчыце i крыж Еўфрасіннi Полацкай. Магчыма, варта было б параўнаць мiж собою выявы крыжоў на Барысавых і іншых полацкіх камянях. Я здзiўлены ix неаднатыпнасцi, бо ёсць сярод ix чатырохканцовы i шасьцiканцовы.

У маёй "Гiсторыi..." Усяславу Чарадзею адведзена 50 машынапiсных старонак. Выкарыстаў усё, што можна было выкарыстаць. Здаецца, што не прапусцiў ніводнай драбніцы. Бяда вось толькi, што не магу нідзе надрукаваць, хаця б у значна скарочаным выглядзе.

Ф.Гурэвiч пакрыўдзілася на мяне за рэцэнзiю ў "Нёмане", на яе кнігу. Яна прыслала ў рэдакцыю лiст на 7 друкаваных старонак, а я даў адказ на 13 старонак. Яна настойвае на тым, што летапiсная Лiтва была не там, дзе я яе паказаў, а на тэрыторыі сённяшняе Лiтвы. Яна таксама адмаўляе значэнне Наваградка як першай сталіцы Вялiкага Княства Літоўскага. Вась так мне прыходзiцца ваяваць на ўсе бакi.

22 студзеня 1974 г.

Для мяне было вялiкiм сюрпрызам атрымаць ад вас копiю кнігі Ю. Ляткоўскага «Mendog krol litewski». За гэтыя два дні я паспеў перагартаць яе і з большага пераканаўся, што мeнaвiтa яна і з'явiлася той фундаментальнай "працай", з якой спiсываюць усе... Kнігa В.Пашуты "Образование Литовского государства" таксама "фундаментальная", але цалкам запазычвае схему, аргументы і фразеалогію Ю. Ляткоўскага. У бліжэйшы час я вам дам разгорнутую характарыстыку кнігі Ляткоўскага і асаблiва тых навуковых прыёмаў, якія ў ёй ужыты.



20 чэрвеня 1974 г.

Цяпер наконт манаграфii Ляткоўскага. Мушу сказаць, што нiякай aрыгiнальнай канцэпцыi ў пытаннi ўтварэння Вялiкага Княства Лiтоўскага ў яго няма. Гэта паўтарэнне таго, што было сказана яшчэ ў ХVI ст. у "Хронiцы Стрыйкоўскага", дзе гiстарычны працэс быў скажоны да непазнавальнасці i, па сутнасці, пастаўлены з ног на галаву. Гэтак жа ў працы Ляткоўскага выступае закладзеная схема пад якую тэндэнцыйна павiнны падпарадкавацца ўсе факты, мeнaвiтa, што "стопнёвы взрост тэрыторыяльны коштэм зем pycкix". Галоўная памылка Ляткоўскага, як i іншых гicторыкаў у тым, што ён прымае сучасную Лiтву за Лiтву XІІ - ХІІІ стст., а гэта ляжыць у аснове фальсіфiкацыi пытання ўтварэння Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гаворачы аб тым, што "Litwini prezekroczyli granice etnograficzne swego kraju" , ён нават не падазрае, што ў той час пад Лiтвой разумелася зусiм iншая тэрыторыя. Meнaвiтa тэрыторыя, якая пачыналася недалёка на захад ад Менска. Вось прыклад, які вельмі добра характарызуе "навуковыя" прыёмы Лят­коўскага, так і іншых польскiх даследчыкаў (правiльней фальсіфiкатараў). На стар. 5, не згадажаючыся з думкай, што "litwini pierwsze porobili zdobycze па Rusi Czarnej", ён кажа, што "pierwsze kroki stawila Litwa па Rusi Bialej". У пацвярджэнне ён прыводзiць сведчанне Галiцка-Валынскага летапiсу пад 1159 г., дзе гаворыцца, што адзін з менcкіx князёў Валадар Глебавіч не захацеў мірыцца з cвaiмi вopaгaмi i таму "не целовал хреста темъ оже ходяше подъ Литвою в лесехъ". Аднак Ляткоўскі вырывае з кантэксту словы "ходяше под Литвою в лесехъ" i тлумачыць ix у тым сэнсе, што яны паказваюць на залежнасць Валадара ад Літвы. Хаця ўcё было наадварот. Валадар таму і адмовiўся мipыцца, бо ведаў, што ён набярэ войска ў Лiтве, якая была ў яго пад бокам, "в лесехъ" пад Менскам. I сапраўды, у 1162 г. ён з гэтай "Литвою" перамог Рагвалода Полацкага. Ляткоўскаму нават i нeўдaмёк, што гэты факт, як i многiя iншыя, сведчылi аб ycё большым падначаленнi Лiтвы белаpycкiм землям, аб усё большым пранiкненні беларускага насельнiцтва ў Лiтву. Гэта дало магчымасць менcкiм і полацкiм князям не толькi браць дань з Літвы, але выкарыстоўваць яе як крынiцу сваёй вайсковай сілы. Вось гэтага таксама не заўважае Ляткоўскi, га­ворачы аб шматлiкіх нападах Лiтвы ў канцы XІІ i ў ХIII стст. на рускiя землi i трактуючы гэта як узрастаючай моцы, ён прапускае па-за ўвагай такі важны факт, як тое, што ўсе гэтыя набегi канчалiся паражэннем. Гэта азначае, што набегi былi не ў карысць Лiтвы, яна слабела ад гэтага. Лiтва зрабiла два набегi ў 1258 г. на наўгародскiя землi. Вiдавочна, што гэтыя набегi рабiла пад нацiскам Полацка, якi гэтым самым аслабляў cвaix суседзяў i Лiтву.

Адным з "кітоў", на якiм трымаецца канцэпцыя, якую падзяляе i Ляткоўcкі - гэта раздробленасць беларускiх земляў у ХІІ - ХІІІ стст., якiя, маўляў, пагразлi ў мiжусобiцах, аслабелi i таму былі захоплены ўзмоцненай Лiтвой. Няма нiчога больш недарэчнага за гэта. Калі i была ў сярэдзiне ХІІ ст. барацьба памiж некаторымі полацка-менскiмi князямi, то, як я ўжо казаў у артыкуле "Беларускiя летапiсы і ix лёс", гэта была не сепаратысцкая барацьба, а барацьба за Полацк, ды і яна паступова заціхла да 80 гг. ХІІ ст.

Я не хачу, каб склалася думка, што я нiчога не бачу каштоўнага ў кнiзе Ляткоўскага. Не! У ёй багаты фактычны матэрыял. Так некаторыя папскiя булы мне былi невядомыя, як i iншыя факты. Бяда ў тым, што ўсё гэта падганяецца пад загатаваную схему. Я лiчу, што роля Міндоўга непамерна перабольшана як Ляткоўскiм, так i ўсёй гiстарыяграфiяй i перавялiчаная за кошт Войшалка, якi ўвесь час пакiдаецца ў цянi.


10 студзеня 1979 г.

Дзякую за добрыя словы пра мае працы... Мае справы не так ужо добра ідуць, вось мiнулы год прайшоў без мaiх публiкацыяў, невядома, цi будуць яны сёлета. А працы кладзецца шмат, шмат высiлкаў. Я пiсаў, што жыву ў Маладзечне, але кожны дзень езджу ў Менск у Дзяржаўную бiблiятэку, дзе праседжваю з 10-й да 18-й гадзiны. Вяртаюся дамоў i замест адпачынку iду працаваць у таварыства сляпых, дзе працую 5 гадзiн, склейваю каробкi. Без гэтага немагчыма было б пражыць, бо дзецi мае iнвалiды, трэба на ix зарабляць. Цяжкое маё жыццё. Аднак усё ж, не гледзячы на вялiкiя жыццёвыя цяжкасцi і iгнараванне, я не здаюся, вяду доследы, вяду пошукі і, як кажа Васпан, - выяўляю стойкасць крывiча. Калi вочы канчаткова не адмовяць, я маю надзею, што сёе-тое зраблю, напiшу, каб ведалi нашчадкi. Праўда, разблытваць нашу вельмi заблытаную гiсторыю вельмі цяжка. Звесткi вельмi супярэчлiвыя, думак i тэорыяў шмат.

Уся наша гiсторыя, каб зразумець яе, трэба працерабiць джунглi фальсіфiкацыi, якiя пакiнулi пасля сябе розныя "даследчыкi" тыпу Стрыйкоўскага, Каяловiча, не гаворачы пра пазнейшых. Лiтоўскi гісторык Батуры ў сваёй манаграфii пра барацьбу Лiтвы з Залатой Ардой (выдадзенай у 1975 г.) паспрачаўся са мною. Ён згаджаецца з тым, што Лiтва сапраўды была там, дзе я яе паказваю, але не згодзен у тым, што назва "Лiтва" толькi пазней перайшла на Аўкштайцiю, бо, маўляў, паказаная мною Лiтва была працягам той Лiтвы, якая нiбыта была тады на месцы суча­снай Лiтвы. Ён даказвае гэта спасылкaмi на граматы Мiндоўга, добра ведаючы, што яны былi падробленыя нямецкiм ордэнам у XIV ст. Што i казаць: калi няма чым бiць, то бi бубнам. Але яго і яго калегаў можна зразумець. Прызнаць, што Лiтвы не было на месцы Аўкштайцii, гэта значьщь адрачыся ад гiстарычнага свайго "вялiчча".


23 caкaвікa 1979.

Вялiкi дзякуй за дасланую кнiгу «Тhe Useslav epos» , якую я сёння забраў на пошце. Кнiгy з большага праглядзеў, знайшоў тое месца, дзе гаворыцца пра Брачыслава як кieўcкaгa князя. I ўсё-такi аб гэтым паведамляе Эймундава сага. Як нi фантастычныя яе звесткi пра падзеi ўсяго Гардарыка, паводле якiх Брачыслаў атрымаў Кенугард, Яраслаў - Хольмгард, а Эймунд - Палтэск. Тым не меней нейкая праўда ў ix ёсць, асаблiва ў адносiнах князявання Брачыслава ў Kieвe. Бо адкуль тады там быў "Брачыславаў двор", які ўспамiнаецца пры апiсаннi падзей, звязаных з вызваленнем Усяслава з цямнiцы ў 1068 г. Апроч таго, кiяўляне мелi нейкую падставу пасадзiць Усяслава на кieўcкi стол i ёю, вiдаць, было тое, што яго бацька займаў гэтае месца. Але з другога боку, як мог княжыць Эймунд, а пасля Рагнар у Полацку, калi летапiсцы яўна сведчаць, што там да самай смерцi ў 1044 г. быў Брачыслаў. Усё гэта вельмi цяжка разблытаць, як i многae з нашай гісторыi...

І сaгi вельмі добра перадаюць першапачатковую назву Полацка - Палтэск, Palltesjuborg. Сапраўды, так называўся ён спачатку. Назва паходзiць ад назвы ракі Палаты, якая ў сваю чаргу выводзiцца ад латышскага Раltе або Pa1ts, што азна­чае "лужына". Гэта адзначылі i найбольш старажытныя летапiсы, называючы Полацак - Палтэскам".


1 кpacaвікa 1979 г.

Наконт перакладу працы пра эпас Усяслава - не турбуйцеся. Усё гэта можна зрабiць у нас, ды сам я крыху "вачыма" чытаю, як кажуць, пятае праз дзясятае. Тое самае ж адносна Эймундавай caгi. У канцы мiнулага году выйшла кнігa Рыдзеўскай "Древняя Русь и Скандинавия". Дык вось, у ёй маецца пераклад caгi, вiдаць, высока квалiфiкаваны. Як я Вам i пiсаў, пераклад гэтай сагі быў зроблены яшчэ А.Сапуновым. Аднак параўнаў першы з другiм i бачу iстотныя адрозненнi. Мусiць, пераклад Рыдзеўскай больш дакладны.

Я прытрымлiваюся думкi, што назва "крывiчы" - патранiмiчная i паходзiць ад iмя, толькi не ад "Кривъ", бо такога не было. Яго вiдаць, прыдумаў Фасмэр, бо не прывёў дакументальных пацвярджэнняў, а за iм паўтарылi iншыя. Было iмя "Крэў", яно пацвярджаецца дакументамі і ўжывалася яшчэ ў ХVI ст. Магчыма, што спачатку яно мела форму "скрэў", але пры збегу трох зычных першы гук адпаў. Род Крэвы (цi Скрэвы), вiдаць, быў найбольш магутны, i яго iмя паступова перайшло на iншыя блізкiя ці падначаленыя роды. Выводзіць назву "крывiчы" ад слова "крэўныя", г. зн. Блiзкiя па крывi, як гэта зрабiў Г.Штыхаў у "Очерках..." з'яўляецца нацяжкай, але бачу, што ён зрабiў пад Вашым уплывам. Ва ўсякiм выпадку назва "кры­вiчы" (спачатку "Крэвiчы") iснавала здаўна, як прыйшло гэта племя ў Беларусь.


7 чэрвеня 1980 г.

Думка Васпана, што, магчыма, пад Палямонам* можна разумець паварот вы­сланых у Вiзантыю полацкiх князёў, вельмi арыгiнальная i цiкавая. Але я сумня­ваюся, што яе ў нас прымуць, што зможаце пераканаўча давесцi, бо ў апошнi час у навуковай лiтаратуры робяцца спробы паставiць легенду пра Палямона на iншы грунт. Справа ў тым, што знаходзяць звесткi, што нiбы-то ў IV ст. на Дунаi існавала якаясьцi Лiтва. Пра гэта пiша E.Axмaньcкi ў сваёй "Гісторыі Лiтвы" (стр. 12). Я таксама знайшоў дакументальнае пацвярджэнне таго, што гэта Літва (Кепеzаr Lytwa) існавала яшчэ там жа ў сярэдзіне ХІII ст. Зыходзячы з гэтых фактаў, дапушчальна лiчыць, што нейкая частка дунайскай Лiтвы магла перасялiцца на Нёман. Пры гэтым мушу зазначыць, што побач з Дунайскай Лiтвой ёсць шмат латышскіх і прускiх тапонiмаў. А гэта можа даказваць, што разам з лiтвой перасялялiся латышы і прусы. Аднак я асабiста не падзяляю гэтае думкi аб рэальнасцi мiфа пра Палямона. Ён узнiк у сярэдзiне ХVІ ст. у складаных умовах Лiвонскай вайны, таксама ў сувязi з легендай аб паходжаннi мacкoўскix князёў ад Пруса - сваяцтва з pымскім iмператарам. **

Гэта пытанне я падрабязна разглядаў у адной з cвaix прац, але, на жаль, пакуль што не надрукавалi. Iншая справа з паведамленнем Васкрэсенскага летапiсу, дзе



* У летапiсах Альшэўскага, Kpaciнcкaга, Рачынскага, Румянцава, у xpoнiках Быхаўца, Лiтоўскай i Жамойцкай запiсана апавяданне пра Палямона, што ён на чале чатырох iншых родаў пакiнуў Рым i морам прыплыў да Нё­ману. Па рацэ Нёман паплылi, паколькі ваколіца падабалася, аселi, далi пачатак лiтоўскаму баярству, а пазней - Вялiкаму Княству Лiтоўскаму. Даследчыкi летапiсаў i xpонiкаў прыпушчаюць, што М.Стрыйкоўскi быў першым, хто запiсаў легенду пра Палямона.

ПСЛР, М.1975, т,32, б15- 1',), 128 - 129.

** Kronika polska, litewska, zmudzka i wszystkiej Rusi Macieja Strujkowskiego, W. 1846, b. 55 - 85.



гаворыцца, што вiльняне ўзялi з Царграду сыноў полацкага князя Расцiслава Рагвалодавiча - Маўкалда i Давiла. Пашута лiчыць гэта выдумкай. Я згодны з Васпанам, што тут прысутнiчае вялiкая доля праўды. Ва ўсякiм выпадку, гзты факт i дае падставы звязваць лёс высланых полацкіх князёў з гiсторыяй Вiльнi i Вялiкiм Княствам Літоўскiм. Не пакутвайце ад зробленых заўваг, развiвайце сваю думку.


7 лiпеня 1980 г.

Пiшу гэты лiст пад моцным уражаннем ад купальскага свята, якое праводзiлася гэтай ноччу. Як радасна бачыць, што з кожным годам усё больш запальваецца Купальскiх агнёў. У гзтым годзе наша Маладзечыншчына палала ад ix. Што ж, так i павіннa быць на нашай зямлi, якая падаравала свету Янку Купалу...

Што да каментарыяў Радэна адносна Эймундавай сaгi, то ix прысылайце, можа і атрымаю. Васпану апрача "Помнiкаў" пасылаю ў двух экзэмплярах артыкулы пра Рагвалода i Рагнеду i таксама публiкацыю пра беларускiя падзеi з "Истории российской" В.Тацiшчава. "Мову ў гісторыі беларускага пiсьменства" i тэкстаў "дошчачкаў" з каментарыямi не атрымаў, можа злiтуюцца і аддадуць.

Якая ж думка Васпана наконт майго меркавання пра паходжанне назвы крывiчоў ад iмя "Крэў"? Я закончыў працу пра славянскае засяленне Беларусi (гэта адзiн з раздзелаў маёй гісторыі), у якой шмат увaгi ўдзяляю паходжанню назваў як крывiчоў, так i дрыгавічоў i радзiмiчаў. Думаю, што ў скарочаным выглядзе я недзе надрукую. Цi шукаў Васпан артыкул С.Кроса, аб якiм была ў нас гаворка? Вельмi цiкавая заўвага, што амерыканскi даследчык выказвае меркаванне, што руская княгiня, жонка Уладзiміра, апекавалася над юным Алявам, калi ён быў на Pyci. Мажлiва, трэба бачыць нікога iншага як Рагнеду, хаця яна запiсана як Алогiя. А можа там яшчэ ёсць што-небудзь цiкавага наконт Рагнеды, ды наогул, што там больш пра нашую старыну напiсана? У Лондане выйшла кнігa М.Гімбутаса "Балты". Я, на жаль, яе не маю, але на с.151 ёсць карта балцкiх "астравоў" Верхняга Падняпроўя. Добра было б заглянуць ў яе. 29 кастрычнiка 1980 г.

Мы вельмi рэдка лiстуемся, таму нашая дыскусія не ёсць плённай. Мне, напрыклад, мала вядома ў якiх моман­тах Васпан лiчыць паданне пра Палямона годным веры, і як яго спалучыць з вяртаннем полацкiх князёў з Вiзантыi.

Калi прымаць усур'ёз легенду пра Па­лямона, то трэба паказаць на падабенства архiтэктурных помнiкаў Нiжняга Па­нямоння (там наступiла высадка рымскix падарожнiкаў) з архiтэктурай Беларускага Панямоння. Пра паданнi аб з'яўленнi ў Нiжнім Панямоннi нейкiх мараходцаў гаворыць i Т.Нарбут. На жаль, яго ў мяне пад рукой няма i не магу дакладна ўказаць старонкі. Але таксама І.Забелiн гаворыць, што гэтыя таямнічыя мараходы былi славянамi i даводзiць гэта тапанiмiчным матэрыялам. Што да магчымасцi перасялення прыдунайскай Лiтвы ў Панямонне, то тут няма нiчога неверагоднага. Я дапушчаю, што гэта Лiтва магла пасялiцца на землi яцвагаў, чым i тлумачыцца ўзаемная варожасць. Лiтва ўвесь час адцiскала ix на захад. Аб тым, што яцвягi былi больш даўнімi тут жыхарамі, сведчыць наяўнасць гідронімаў, у той час як лiтоўскiх тут няма.

Мiф аб рымскім паходжаннi жмудзiнаў, лiтоўцаў i яцвягаў упершыню з'яўляецца ў Длугаша. Цяжка сказаць, цi ён сам яго выдумаў, цi сапраўды запісаў яго з чыiх-небудзь вуснаў. Калi Нарбут гаворыць пра шырокае бытаванне падобных легенд, то, магчыма, што яны былi яшчэ i да Длугаша. Але Нарбут не заслугоўвае вялiкага даверу, бо сам ён пусціў у ход нямала выдумак, хаця гэта не выключае ўважлiвага разгляду ўсяго таго, што ў яго ёсць... Аднак пытанне яцвягаў вельмi важнае, я ў гэтым згодны, яно важнае ў нашай гісторыі. Галоўнае, што няма адзiнай думкi наконт таго, дзе яны жылi. Польскiя даследчыкi абмяжоўваюць ix Сувалкiяй. Рускiя даследчыкi бачаць ix жыхарамi Беларускага Панямоння i Папрыпяцця. Я на баку апошнiх.


22 снежня 1980 г.

Я з цiкавасцю пазнаёмiўся з вашымі довадамі ў карысць таго, што пад Палямонам i яго спадарожнiкам i трэба разумець паварот з Вiзантыi полацкiх князёў. Шкада, што пазнаёміўся з iмi крыху запозна, бо меў бы магчымасць хоць коратка закрануць ix у адным з cвaix артыкулаў (Каментарыi да 32 i 35 п. ПСРЛ). Але, думаю, што яшчэ надарыцца нагода, каб указаць на Вашу гiпотэзу. Яна ў мнoгіx выпадках слушная. Аднак ёсць у ёй і слабаватыя месцы. Вы ж самі сказалi, што летапiсы паведамляюць аб вяртанні ў 1139 -1140 гг. толькі двух полацкiх княжычаў - Івана і Васіля. Апошнi - гэта добра вядомы нам Васіль-Рагвалод, камень якога знаходзiўся каля Воршы і ў 1934 г. па-варварску знішчаны. Як вядома, ён княжыў у Полацку, Менску i Друцку i не мае непасрэднага дачынення да Панямоння (хаця, як князь менскі ён мог валодаць тагачаснай Лiтвой, што была побач з Менcкім княствам). Дзе дзеўся Іван - невядома, магчыма, ён i падаўся ў Панямонне - зараз цяжка сказаць, бо звес­так пра яго ніякіх няма. Я не археолаг і не магу мець пэўных меркаванняў наконт знаходак... Аднак i зараз Васпана меркаванні заслугоўваюць таго, каб быць рабочай гiпотэзай, з чым i віншую...

Прашу прабачэння, што крыху прыпазнiўся з адказам на лiст. У нас да 100-годздзя Я.Купалы рыхтуецца Купалаўская энцыклапедыя. Крыху я пры­пазнiўся з артыкуламi, таму зараз вялікая спешка. Сёння заканчваю сваю норму - 73 артыкулы. Так што я звалiў з сябе добры цяжар i змагу вяр­нуцца наконт Літвы.


15 кpacaвiкa 1981 г.

Вялiкi дзякуй за прысланы артыкул i за лiст. Артыкул, на мой погляд (паўтараю яшчэ раз, я не археолаг) грунтоўны i вывады з яго вельмi важныя для вытлумачэння нашай стражытнасцi. Думка, што крывiчы ў пачатку VIII ст. пранiкаюць у Панямонне, а да ix далучаюцца на мяжы VІІІ - Х стст. дрыгавiчы, наогул, правiльная, але толькi для гэтага рэгiёна. Я ўсё ж лiчу, што спярша дры­гавiчы засялiлi ўсю тэрыторыю Беларусi (яе ўсходняй часткi), а пасля сталі і рассяляцца крывiчы. Наконт нарманскай тэорыі, то я ў адносiнах яе абыякавы. Для мяне не зяўляецца iстотным, якога паходжання, напрыклад, лiтоўскiя князi: нарманскага, славянскага, рымскага ці жамойцкага. Важнае тое, што дзяр­жава, якую яны ўзначальвалi, была беларускай, i яны яе iнтарэсам павiнны былi спрыяць. Трэба сказаць, што голас пра нарманскае паходжанне літоўскіх князёў у навуцы вельмi слабы (наколькі мне вядома). Я пра гэту тэорыю даведаўся толькi з кнігі У.Пашуты "Образование...", але ён пра гэта сказаў мімaходзь. Калi Вам вядома болей пра яе, то трэба даваць бой, нягледзячы на тое ці яе заўзяты прыхiльнiк жывы, ці нябожчык. Адначасова хачу звярнуць увагу сябра, што маецца артыкул В.Юргелевiча (здаецца, ён быў беларусам). У артыкуле даказваецца славянскае паходжанне імёнаў лiтоўскiх князёў. Мне застаецца невядомым, ці атрымаў сябра бандэроль з маімi артыкуламi. Я да 90-годздя М.Багдановiча напiсаў невялiкі артыкул пра яго як гісторыкa. Мае сябры зрабiлi спробу надрукаваць маю працу "Па слядах аднаго міфа", напiсаную яшчэ ў 1968 г. і друкаваную ўрыўкамi. Калi раней супраць яе апалчылiся капыскiя і iм падобныя, якiя ўбачылi ў ёй спробу ўваскрэсiць, маўляў, даўно пахаваную тэорыю аб беларускай дзяржаўнасці i мiнулым, то гэтым разам яе крэслiў М.Улашчык, бо ўбачыў у ёй толькi домыслы. Першых я лёгка мог зразумець, але другога цяжэй. Нiводнага аргумента супроць мяне ён не змог прывесцi. Застаецца толькi меркаваць, што яму было непрыемна ўбачыць як тое, што ён змог зрабiць сам, было зроблена iншым... Мае сябры не здаюцца і робяць захады, каб ycё-такі апублiкаваць маю працу. У мяне для тaкix клопатаў няма нi сiлаў, ні часу. Уся надзея на ix. Я вельмі ўдзячны сябру за тое, што паклапацiўся, не пакінуў мaіx прац без увагі. Мне казалi, што ў адной з рэцэнзій на кнігy М.Косьмана "Гісторыя Беларусі" невядомы мне сябра грунтаваўся на мaіx працах, калі крытыкаваў Косьмана за яго погляд на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Хачу я яму шчыра падзякаваць за гэта.

Справа з мaiмi вачыма пагоршылася. Катаракта пачала расці на правым воку, тым воку, якое яшчэ крыху бачыць і якім я магу хоць крыху чытаць, бо левым я амаль нічога не бачу. Калi гэта катаракта выспее, гзта значыць, калi я канчаткова аслепну на правае вока, тады мне зробяць аперацыю, вядома, з няпэўнымi вынікамі. Але пакуль я бачу яшчэ, трэба нешта рабiць, чытаць і пісаць.


17 лiпеня 1981 г.

Я вельмi сумняваюся, што паход Уладзіміра на яцвягаў у 983 г. звязаны з полацкiмi падзеямi. Справа ў тым, што апошнія занесены ў летапіс толькi ў 980 г., а адбыліся раней. Гэта пытанне я закрануў у cвaiм артыкуле, змешчаным у часопiсе "Нёман", але яно было скарочаным з-за недахопу месца. Карацей кажучы, паход Уладзiміра на Полацк адбыўся недзе ў 975 - 976 гг., не паз­ней гэтых дат. Яраслаў, паводле летапiсаў, памёр у 1054 г. ва ўзросце 76 гадоў. Значыць што нарадзіўся ў 978 г. А ён быў другiм сынам Уладзiміра ад Рагнеды. Не выключана, што паміж імі магла нарадзiцца дачка, хоць бы тая ж самая Прадслава. Taкiм чынам, звязваць па­ход Уладзiміра на Полацк, як сябра робiць, з яго паходам на яцвягаў у 983 г. няма сур'ёзных падставаў. Паводле А.Шахматава паход Уладзiміра на Пола­цк адбыўся ў 970 г. Вазьміце на развагу вялікую разбежнасць у часе. Згодны, што паход Яраслава на яцвягаў у 1038 г. напэўна ж быў паходам у Панямонне, бо за ім адбыўся паход на лiтву. Магчыма, што спаленыя паселiшчы адносяцца не да канца Х ст., а да першай паловы ХІ ст. Дзiўна тое, што гісторык Беляеў, не ведаючы пра канчатак "да" як яцвяж­скі, але вельмі дакладна акрэслiў тэрыторыю пражывання гэтага племенi. Шкада толькi, што ён не ўказаў, чым кіра­ваўся ў cвaix доследах. Наогул В.Сядоў пацвердзiў cвaiмi артыкуламі тое, што ўжо было даўно вядомым у гiстарычнай навуцы пра яцвяжскую тэрыторыю. Гэта пытанне пасля палякі заблыталі, абмежаваўшы яцвягаў толькі Сувалкiяй. Сядову прыйшлося адчыняць даўно адчыненую Амерыку. Пэўна ж, што Барыс Полацкi мог рабiць паход на яцвягаў у 1102 г. (калi верыць Тацiшчаву) і не далей як у Панямонне. Некаторыя даследчыкі лiчаць, што ў паходзе Яраслава на яцвягаў у 1038 г. прымае ўдзел Брачыслаў. Усё можа быць. Вядома, дадзеныя археалогіi трэба ўлічваць, але абапірацца толькi на ix нельга. Мне здаецца, што гэта навука знаходзiцца яшчэ ў стадыi станаўлення. Не раю занадта на яе спасылацца, у ёй ёсць шмат супярэчлiвага i суб'ектыўнага, вазьмiце тыя ж даўгія курганы. Яны лiчылiся (сёння яшчэ лiчацца нeкaтopымi даследчыкамi) галоўнай крывiцкай прына­лежнасцю. Аднак зараз у гэтым выявiлiся сумненнi. Ix няма там, дзе былi крывiчы, прыкладам у Панямоннi. Праўда, Ф.Гурэвiч сцвярджала, што яны ёсць i там. Паказвала ix месцазнаходжанне i села... у галёш. Сядоў праверыў ix i з размовы з мясцовымi жыхарамі даведаўся, што гэта нiякiя не курганы, а ўтварэннi нядаўняга часу, перыяду першай i другой сусветных вой­наў. Я не згаджаюся з археолагамi, калi яны адмаўляюць пiсьмовыя паведамленнi, што дрыгавiчы рассялялiся аж да Дзвiны, i абмяжоўваюць ix паўночнай лiнiяй Заслаўе - Менск - Барысаў - Ворша. Я лiчу болей правiльнымі летапісныя звесткi, якiя пацвярджаюцца этнаграфіяй, фальклорам i дыялекталогiяй. Я дзялю гісторыю на 3 перыяды: полацкi, лiтоўскi i беларускi. Кожны з іx увабраў у сябе дасягненнi нашай гісторыі. Яны, уступаючы ў новы перыяд, мянялi сваю назву. Калi гаварыць канкрэтна пра паходжанне Мiндоўга, то, як вядома Васпану, ён не аўкштайцкага, нарманскага i не жамойцкага паходжання, а лiтоўскага, г. зн. заходнебеларускага, паводле сённяшняй тэрмiналогii. Тое, што назва Лiтва замацавалася за сё­нняшняй "Лiтвой", факт нярэдкi ў гісторыі. Назоў "Прусiя" перайшоў, урэшце, на нямецкую дзяржаву. Адсюль нельга атаясамлiваць старажытных лiцьвiнаў з сучаснымi лiтоўцамi. Гэта думка павiнна настойлiва паўтарацца i пацвярджацца фактамi. З атаясамлевання сучаснай Лiтвы з старажытнай пачалося заблытванне гісторыі Вялiкага Княства Лiтоўскага, якое было тыповай дзяржавай. У наступным годзе споўнiцца 400 год з часу надрукавання "Xpoнікі" М. Стрыйкоўскага, твора, у якiм наша гic­торыя была нечувана сфальсіфiкавана. "Xpoнікa" гэта адразу разышлася па Еўропе, яе домыслы ўвайшлi як бяспрэчныя факты ва ўсе еўрапейскiя падручнiкi па гісторыi i зараз прадаўжаюць паўтарацца. Вядома, разбiваць такую шматвелкавую хлусню нялёгка, але трэба. Нам ўжо ўдалося ў нейкай меры зрушыць гэта пытанне з месца i трэба ў гэтым iсцi далей настойлiва. Добра было б, каб усе гэтыя новыя думкi знаходзiлі месца не толькi ў беларускай прэсе, але ў навуковых выданнях англійскай мовы. Але ў той час, калі мы вядзем упартую барацьбу з стрыйкоўшчынай, на нас насоўваецца пагроза з iншага боку. Вы­падкова мне трапiў у рукі зборнiк (рукапiсны), якi рыхтуецца да друку. У iм чорным па беламу напісанa, што Полацкая зямля была неад'емнай часткай старажытнай Pyci i кiдае папрок дарэвалюцыйнай гiстарыяграфii, што яна адносiны Полацка з паўднёварасейскімі землямi разглядала ў сувязi з бесперапыннымі княскiмі мiжусобiцамі. Баюся, што ў нашай гiстарычнай навуцы будзе зроблены сапраўдны пераварот. Па ўсяму вiдаць, што гэта толькi частка наступаючай аперацыi, бо адзiн драматург ужо пiша сцэнарый, дзе паказана, што нiякага гвалту над Рагнедай не было, што яна па сваёй ахвоце выйшла за Уладзiміра. Дабаўлю, што Я. Звяруга вызверыўся супраць мaix тэзiсаў, што старажытная Лiтва была ў Беларускiм Панямоннi i гэтак жа аднёсся П.Лы­сенка. Баюся, што мой голас будзе "гласом вопиющего в пустыне".


23 снежня 1981 г.

Не разумею, чаму спынiлася перапiска. Я выслаў два доўгiя лiсты i фатаграфiю. Будзе вельмi шкада, калi ix не атрымаеце. Я губляюся ў здагадках, ці мае лiсты не зайшлi, цi я адказаў Васпана не атрымаў, хтосьцi затрымаў. Будзе вельмі шкада, калi мае лiсты загубiліся. Я, на жаль, копiй cвaix лістоў не пакiдаю, таму змест не магу ўзнавiць...

У нас вельмі шырока быў арганiзаваны юбiлей М.Багдановiча. Летам было свята паэзii ў Менску, прысвечанае яму. У снежнi было адкрыццё помніка і літаратурныя вечары. Я ў "Помнiках" змясцiў артыкул, у якiм паказаў М.Багдановiча як гісторыкa. Ад сяброў меў камплiменты, хаця тут заслуга мая малая. Шкада, што не змагу паслаць гэты надрукаваны артыкул, бо "Помнiкі" забараняюць высылаць. Але я ўсё ж спрабую паслаць.


9 кpacaвiкa 1982 г.

Атрымаў Вашыя лiсты ад 9 і 10 caкaвікa... Мне больш спадабаўся другi ліст, бо ён з'едлiвы, а я люблю, калi мя­не сякуць. Праўда, гэта не значыць, што я павінен згадзiцца з cвaiм апанентам, найперш для мяне ёсць каштоўным тое, што прымусiў мяне iзноў вярнуцца да прагляду спрэчкi i больш старанна пе­рачытаць свае вывады. Сведчаннi, што паход Уладзіміра на Полацк адбыўся не ў 980 г., знойдзены мною даўно i былi выкарыстаны ў артыкуле "Першыя cтapoнкi", надрукаваным у часопiсе "Помнікі" за 1979 г., але ён да сябры, на жаль, не дайшоў.

Сябра абураецца, што мой галоўны клопат, каб даказаць пакрывенства Яраслава з полацкай дынастыяй, ды што тут крамольнага? У палiтыцы пакрывенства заўсёды адступае на заднi план. Тое, што сын Iзяслаў сеў у Полацку, апошняму не пашкодзiла жыць сваім незалежным жыццём. Той жа Яраслаў, будучы князем у Ноўгарадзе, не захацеў плаціць дань Kіеву, што выклiкала гнеў яго бацькі Уладзіміра, і толькі смерць апошняга выратавала ад жорсткай расправы. І што ж, той жа Яраслаў, пасля перамогі над братам Святаполкам, стаўшы кieўcкім князем, на доўгія гады засадзіў у склеп свайго брата Судзiслава за сепаратысцкія намеры. Бачыце, якiя метамарфозы адбыліся з Яраславам i яны зра­зумелыя, бо ў першым выпадку iм рухалі iнтарэсы Ноўгарада, у другiм - Кіева. У тaкix абставiнах няма месца сваяцкiм пачуццям. Мала сказаць, што ў Уладзіміра магла быць яшчэ адна жонка на імя Рагнедзь, бо трэба гэта даказаць. Калі сябра можа гэта зрабiць, то будзе важ­нае навуковае адкрыццё. Вы павінны ведаць, што ў Цвярскiм i Густынскім летапісу пад 988 г. апісываюцца пасольствы Уладзiміра да Рагнеды, дзе сказана, што ў яе на руках тады быў не Iзяслаў, а Яраслаў, які па хваробе не мог хадзiць i раптам змог гэта зрабiць, калi маці сказала, што яна хоча стаць нявестай Хрыста. Вядома, гэта легенда, аднак у ёй Яраслаў разумеецца як сын Рагнеды. Я яшчэ раз паўтараю, гэта не мае нiякага значэння, што Яраслаў, будучы сынам Рагнеды, з'яўляецца "iдэалагiчнай дыверсіяй". "Повесть временных лет", як i iншыя крынiцы пад 981 г., паказваюць паход Уладзiміра на ляхаў, у выніку чаго былi захоплены гарады Перамышль i Чэрвень. Я.Длугаш браў толькі паасобныя факты з расейскiх летапiсаў, i таму ён мог гэтую падзею апусцiць. Уладзiмір у 983 г. хадзіў на пабужскiх яцвягаў, толькi гэта маё меркаванне, яно такое ж, як і меркаванне сябра, што паход Уладзіміра быў накіраваны на панёманскіх яцвягаў. Пэўных доказаў, як аднаму паходу, так i другому няма. І тое, што Ваўкавыск у 980 - 990 гг. быў спалены не доказ, бо вельмi вялiкая разбежнасць - цэлае дзесяцiгодздзе. Наогул, археа­лагічныя дадзеныя рызыкоўныя i карыстацца трэба асцярожна. Здзiвiла Вас, што Наваградак заснаваны Яраславам у 1044 г. Я роўна 10 год як аб гэтым пicaў у артыкуле "Из истории Новогрудка", змешчаным у зборніку "Беларускiя старажытнасцi", якi ёсць у сябры. Раю яшчэ раз перачытаць. Апроч прыведзеных там звестак з летапiсаў Сафiйскага І, Наўгародскага ІV, пра гэта гаворыцца ў "Сафійскiм Часоўнiку", Hіканаўскім зводзе. Чаму сябра нервуецца, што Ярас­лаў збудаваў Наваградак, якi стаў апорай Кіeвa над Лiтвой? Што тут за крамола? Яраслаў у 1030 г. хадзiў на Чудзь і затым збудаваў Юр'еў (Тарту). Дык ці ж гэта не эстонскі горад? Вы спасылаецеся на Ф.Гурэвiч, што заснаванне Наваградка адбылося ў канцы Х - пачатку ХІ ст. Я лiчу, што памылка, Гурэвiч тэндэнцыйна замаўчала прыведзеныя мною дадзеныя летапiсаў аб заснаванні Наваградка, бо яны пралiваюць святло на сапраўднае месцазна­ходжанне старажытнай Лiтвы, якую яна атаясамлiвае з сучаснай Лiтвой. Ужо ў пачатку ХІІ ст., калi стваралася ПВЛ, Лiтва названая памiж iншых плямёнаў, якiя давалi дань Русі. Meнaвiтa паходамі Яраслава на Лiтву ў 1040 i 1044 гг. прыпадае заснаванне Наваградка i пачатак падпарадкавання яго Kieву. Гiсторыя Панямоння вельмi складаная. Гэтая зямля доўга i цяжка крочыла да таго, як стала суб'ектам гісторыі. Доўга яна цярпела спачатку кiеўскую, а пасля галiцка-валынскую ўладу (яшчэ пад 1235 г. гаворыцца: "Данил возведе Литву Миндовга и Изяслава Новгородского на Кондрата Мазовецкого"). Аднак вызвалiўшыйся Наваградак адразу паказаў свае патэнцыяльныя сiлы, якiя ў ім захоўвалiся i адыграў найвялiкшую ролю ў нашай гісторыі. Заўвага, што ніхто iншы, як я давёў, што летапiсная Лiтва - не сучасная Лiтва. Сябра мяне папракае, што я раблю "Міндоўга летувісам». Згодзен, што Міндоўг - славянскае iмя, але славянскае iмя меў Транята - жамойцкi князь, забойца Мiндоўга. Славянскае імя ў Жывiбунта - старэйшага лiтоўскага князя, якi ўпамiнаецца ва ўмове 1219 г. Але iмя не доказ этнічнай прыналежнасцi. Этнiчнае паходжанне, як i сваяцкiя адносiны, не мелi істотнага значэння. Мiндоўг мог быць славянскага паходжання, але мог быць князем у Лiтве, а пасля ў Наваградку. Даўмонт быў літоўскага паходжання, а верна служыў Пскову i аб'яўлены святым. Я павінен сказаць, што этнiчная прыналежнасць Літвы - спрэчнае пытанне. У мяне ёсць некаторыя iнфармацыi ў карысць яе славянства, але яны яшчэ недастаткова пераканаўчыя. Паколькi наша гiсторыя вельмi сфальсіфiкаваная, таму патрэбна праўдзiвая гiсторыя, якую павінны пiсаць. Я стараюся яе пiсаць, але ахапiць усе факты цяжка. Ворагі мае вельмi пiльна сочаць за тым, дзе я магу штосьцi замаўчаць, яны тады сякуць, нiчога не даруюць. Яны пакуль абмяжоўваюцца толькi вуснымі пагрозамi. Паклонаў я нікому не біў i не збiраюся бiць ім цяпер.


24 студзеня 1983 г.

Лiтвы (як я разумею) было дзве: правабярэжная i левабярэжная (у адноciнax да Нёмана), таму не выключана, што правабярэжная сапраўды плацiла дань Полацку. У адносiнах да другой, то трэба ўлiчваць тое, што паводле Іпатаўскага летапiсу пад 1235 г. (але некаторыя даследчыкi лiчаць, што каля 1237 г.) Данiла Галiцкi "возведе Изяслава Новогородского и Литву Миндовгову на Кондрата Мазавецкого", г.зн. левабярэжнае Панямонне знаходзiлася ў нейкай палiтычнай залежнасцi ад галiцка-валынскiх князёў. Я цаню Васпана меркаванне, што Брачыслаў мог аддаць Эймунду Панямонне, я дадам, правабярэжнае Панямонне. Некаторыя даследчыкi (не маю пад рукою запiсаў, на якi я мог бы спаслацца), меркавалi, што Эймунд атрымаў быццам тыя землi, што залежалi ад Полацка па Дзвiне, што ёсць сумніўнa. Пытанне гэта нам вельмi важнае, хоць скамплiкаванае. У Эймундавай сазе ёсць шмат i фантастычнага. Я зусiм не адкiдаю думку, што паходы Яраслава ў 1038 г. на яцвягаў i ў 1040 г. (магчыма і 1044 г.) на Лiтву маглi быць накipаваныя супраць Полаччыны. Але ix яшчэ раз трэба добра прааналiзаваць. Скажу яшчэ: я лiчу, што першапачатковай прычынай варожасцi Усяслава з Kieвaм была барацьба з-за Лiтвы.


22 кpacaвiкa 1982 г.

Я уважлiва перачытаў уступную частку "Панямонскай загадкi" i раблю такiя заўвагi. У адрозненне ад iншых панямонскiх гарадоў - гiсторыя Нава­градка (пiсьмовая) пачынаецца з часу яго заснавання -1044 г. Панямонне верхняе было заселена не толькi яцвягамі, але i лiтвой, бо без улiку апошняга будзе незразумелым, чаму дзяржава стала называцца Лiтвой. Цяжка сказаць, якая культура дрыгавiцкая ці крывiцкая была дамiнуючай у Панямоннi. Ф.Гурэвiч настойвае на першай, В.Сядоў - на другой. Для нас найбольш важна тое, што тут жылi адны i другiя. Дрыгавіцка-кры­вiцкай федэрацыi не магло быць, а было арганічнае зрашчэнне дрыгавiцкай i крывiцкай тэрыторыяў i насельнiцтва. З'яўленне дрыгавiчоў у Панямоннi не згодны тлумачыць ратаваннем іх ад наступу Pyci, але іx каланiзацыйным рухам. Вонкавыя прычыны нiколi не дамi­навалi над унутранымі. Што да Навагра­дка, то ён быў закладзены Яраславам у 1044 г. i быў менавіта рускім фарпостам, пра што я неаднаразова пiсаў. Фарпостамі Русі былi іншыя дрыгавiцкiя гарады - Клецк i Слуцк. Нездарма за напад на іх, як пазней на Наваградак, Уладзiмip Манамах жорстка расправiўся з Глебам Mенскім.

Наконт вынікаў паходаў Яраслава на яцвягаў у 1038 г. крынiцы дыяметральна разыходзяцца, прыкладам "Летапiсны звод 1479 г." гаворыць аб няўдачы Яраслава. Хлебнiкаўскi i Пагодзiнскi спiскi Iпатаўскага летапiсу кажуць: "Победи их". Мне здаецца, што больш праўдапа­добным другое сведчанне. Не перамогшы яцвягаў, Яраслаў не змог бы пайсці на Лiтву ў 1040 г., яе пакарылi яцвягi. Наконт таго, у якiм кірунку быў паход 1040 г., то Я.Длугаш адзначае, што Яраслаў разбiў Лiтву на палях слонiмскiх, у бок Наваградка, вiдаць, быў накіраваны паход 1044 г. у выніку чаго быў збудаваны гэты горад. Вядома, гэта не выключае таго, што тут было раней нейкае ўмацаванне, якое разбурыў Яраслаў i пабудаваў новы горад. Мне здаецца, што нельга атаясамлiваць старажытную культуру Гародні з культурай iншых панямонскiх гарадоў. Гiсторыя яе адметная, i асаблiвасцi яе культуры нельга пашыраць на культуру ўсяго Панямоння. Але я на гэтым не настойваю, бо пытаннем не займаўся, не лiчу сябе кампетэнтным у гэтых пытаннях. Вядома, нам у навуковых выданнях трэба быць асцярожнымi і аб'ектыўнымi, бо без гэтага абясцэньваецца праца. Толькi аб'ектыўная гісторыя мае каштоўнасць. Гiсторыя ж Беларусі нiколi не была аб'ектыўнай. Вось жа такую аб'ектыўную гiсторыю мы павiнны стварыць. А для гэтага мы павiнны яе дэталёва даследаваць, чаго раней не было зроблена. Мы павiнны занава перачытаць усе крынiцы, усебакова іх асэнсаваць, прадыскутаваць, каб атрымаць усю нам патрэбную iнфармацыю. А гэта нялёгкая справа, жывучы ў тaкix умовах. Сябра мяне папракае, што я прыпiсваю Мiндоўгу летувiскае паходжанне, але ж я пiшу, што старажытная Лiтва зуciм не тая, што сучасная Летува, што яна гістарычная вобласць Беларусi, таму і Мiндоўг - беларускi гiстарычны дзеяч. Вядома, цяперашнiм летувiсам непрыемна, i яны з скуры вылазяць, каб даказаць, што Мiндоўг iхняга паходжання. Зразумела, што адступiся ад яго, яны страцяць свае ўяўныя правы на прыналежнасць ім гісторыі Вялiкага Княства Лiтоўскага. Мы, аднак, павiнны адказаць, прыходзiць пара на гэта, што старажытная Лiтва - гэта наша гiсторыя, што гэта гiстарычная вобласць Беларусi i гэта растлумачвае, чаму першай сталiцай ВКЛ стаў Наваградак.


10 кастрычнiка 1982 г

Шчыра дзякую за ліст i за "Панямонскую загадку". Я ўважлiва перачытаў i з цiкавасцю. Нязгодны, што нацiск Русі на дрыгавiчоў прымусiў ix перасяляцца. Вядома, быў нацiск, але ён быў недастатковы для таго, каб выцiснуць якое­-небудзь племя з яго тэрыторыi. Гэтага нельга было рабiць таму, што Кieў не меў магчымасцi засялiць выцеснутую тэрыторыю, а мець пустую зямлю было нязручна, з каго ж браць данiну? Кieў быў рады прыхапiць сабе чужое насельнiцтва, бо свайго яму не хапала. Летапiс пад 987 г. сведчыць, што Уладзiмip пабудаваў гарады каля Kieвa i насялiў іх славянамi, чуддзю, крывiчамi i вяцiчамi. У 1116 г. сын Уладзiмipа Манамаха Яраполк, захапiўшы Друцк, жыхароў яго вывез у сваю Пераяслаўскую зямлю. Такім чынам, Kіeў перш за ўсё быў зацiкаўлены ў тым, каб заняволенае ім на­сельнiцтва не разбягалася ў розныя бакi. Трэба памятаць, што каланiзацыйны рух, як правiла, працякае незалежна ад палiтычных умоў. Гэтак жа сама этнiчны працэс iдзе, не зважаючы на палiтыч­ныя перагародкi. Тэрыторыя Беларусi ў старажытныя часы была падзелена на шэраг палiтычных сістэм: Полацкую, Тураўскую, Смаленскую, Чарнiгаўскую, Наваградскую, Лiтоўскую. Аднак працэс асімiляцыi балтаў i зрашчэнне крывіцкай i дрыгавiцкай тэрыторыяў руйнавалi палiтычныя межы i тварылi адзiны беларускі народ. Гэтак жа культурны ўплыў мог свабодна ісцi без палiтычнага ўплыву. Калі ў Панямоннi яскрава выяўляецца рознабаковае культурнае ўздзеянне Полацка, то гэта не значыць, што гэта зямля была пад уладай Полацка. Нагадаю, што Полацк не мог валодаць левабярэжным Панямоннем, тут распараджалiся галiцка-валынскiя князi. Аднак, нягледзячы на палiтычную мяжу, культурны ўплыў Полаччыны iшоў сюды i разам з гэтым этнiчны працэс, якi ўцягнуў Панямонне ў беларускi этнагенез. Мая парада: нельга iдэялiзаваць узаемаадносiны дрыгавiчоў i крывiчоў з яцвягамi, бо першыя, як i апошнiя, былi аднолькавымi разбойнiкамi, як i ўсе старажытныя плямёны. Ва ўсякiм выпадку, у пачатку яцвягi не змаглi мірна адносiцца да засялення іх земляў. Толькi ўжо пазней, калi іх супрацiўленне было зломана, яны маглi больш-меньш мірна ўжыцца. Але трэба памятаць, што паводля В. Тацiшчава, Барыс Полацкi ў 1102 г. зрабiў паход на яцвягаў i iмi засялiў пабудаваны iм горад Барысаў. Што да блiзасцi яцвяжскай мовы да славянскай, то трэба ўлiчваць апошнiя даследваннi, паводля якiх (В. Сядоў) фармаванне славянаў пачалося на мяжы з заходнiмi балтамi (прусамі і яцвягамi), што i тлумачыць большую моўную блізасць да славянаў гэтыx балцкiх плямёнаў. У пазнейшыя часы (канец XІІ - першая палова ХІІІ стст.) тураўцы i пiняне, спачатку незадаволеныя ўладай кiеўскай, а пасля галiцка-валынскай, выкарыстоўвалi суседнiх з iмi яцвягаў i лiтву для набегаў на cвaix прыгнятальнiкаў. Яшчэ адна заўвага. Не ўсе дрыгавiцкія гарады мелі аднолькавае вайскова-палітычнае прызначэнне. Калi Менск і Заслаўе былi сапраўды апораю Полацку супраць Kіeвa, то Новагародак, Слуцк, Клецк i iншыя былі апораю Kieвa супроць Полацка.


6 лютага 1983 г.

Цалкам вас падтрымоўваю ў аспрэчваннi ўдзелу Брачыслава ў паходах Яраслава на яцвягаў у 1038 г. i на Лiтву ў 1040 г. Упершыню гэты домысел у навуковы ўжытак унёс І. Бяляеў, i яго некрытычна пачалi паўтараць, далейшыя даследчыкi. Заўважу, што Брачыслаў не толькi не мог удзельнiчаць у гэтых паходах, але вiдаць, што ён супрацьдзейнiчаў. Тут асаблiва важныя тацiшчаўскiя звесткi. Вельмi добра, што намацваеце шляхi да ўстанаўлення хрысцiянскага iмя Усяслава. Гэтае даследванне стане рабочай гiпотэзай i стымулам iншым. Што да Брачыслава, я лiчу вельмi рызыкоўным спалучаць летапiс­ныя звесткi з матэрыяламi сагі i рабiць высновы, што Брачыслаў i Яраслаў ваявалi мiж сабою ў 1040 - 1041 гг. Як вядома, гэта барацьба прыпадае на 1021 г., яе, здаецца, мае на ўвазе "Эймундава сага". Бясспрэчна, што летапiсы ўсе без выключэння тэндэнцыйныя, яны складалiся ў інтарэсах таго цi iншага ўладара. Аднак гэтая iсцiна не дае нам права ix iгнараваць. Мне здаецца, сябру бянтэжыць, калi кажу, што Панямонне разам з Лiтвой было заваявана Kieвaм, а сябра кажа, што знаходзiм тут моцныя ўплывы полацкай культуры. Гэта адно другому не супярэчыць. Культурнае, як i этнiчнае пашырэнне не ведае (правільней, не прызнае) палітычных межаў. Яно працякае праз ix, а ў далейшым i размывае ix. Апроч таго, трэба адрознiваць левабярэжнае i правабярэжнае Панямонне, левабярэжную i правабярэжную Лiтву. Калi ў першых была перавага палітычная Kieвa, то ў другiх - Полацка. Калі я ўказаў на тое, што Данiла Галiцкі, "возведе" Лiтву Мiндоўга і Iзяславава Навагародскага, то я гэтым хацеў звярнуць увагу на вялiкую за­лежнасць ад галіцкага-валынскiх князёў.



24 caкaвiкa 1983 г.

16 caкaвiкa рабiў даклад у Менску. Мелася на мэце невялiкае кола людзей, але прыйшло шмат больш, былi наву­коўцы, студэнты і iншыя з творчай iнтэлігенцыi. Тэма даклада была: "Старажытная Беларусь у гістарычнай лiтаратуры". Галоўнае месца ў дакладзе займала тэма аб ўтварэннi ВКЛ. Гаварыў я каля дзвюх гадзінаў, людзi слухалi ўважлiва, была цiшыня. Мажлiва, што напружанне было, бо гаварыў без папе­рак, цытаваў з памяцi. Здаецца мне, што я вялiкую колькасць cвaix слухачоў пераканаў у тым, што гiсторыя нашая сфальсіфiкаваная, менавіта, утварэнне ВКЛ. Растлумачыў, дзе знаходзiлася старажытная Лiтва, якую ролю адыграў у нашай гісторыі Наваградак. Аднак, на жаль, гэтым мaiм думкам цяжка знайсці афiцыйнае прызнанне. Там па-ранейшаму гаворыцца аб уладзе лiтоўскiх феадалаў над Беларуссю, аб гэтым сведчаць новыя кнігі i падручнiкi. У № 3 часопiсу "Нёман" змешчана рэцэнзiя М.Улашчыка на "Исторыю БССР" ч. 1 (яна прызначана для студэнтў ВНУ). Улашчык закрануў вельмi добра некаторыя моманты нашай гісторыі. Добра, што ёсць каму лавiць фальсіфiкатара за руку.


28 траўня 1983 г.

Сябра паставіў перад сабой вельмi прывабную мэту, значыць, што коннік на гербе Вялікага Княства Лiтоўскага ­правобраз Усяслава Чарадзея, а крыж на шчыце - гэта крыж Еўфрасіннi. Вядома, калі гэта зможаш зрабiць, калi прымецца даследчыкамi, то з'явiцца важным навуковым адкрыццём. Але для гэтага прыйдзецца нямала папрацаваць i сабраць вельмі пераканаўчыя доказы. Мне пакуль невядомы крынiцы, якiя свед­чылi аб гэтым. Тое, што Ягайла быў праваслаўным - усім вядома, але гэта не можа быць доказам яго полацкага паходжання. Я прытрымлiваюся думкi, што вялiкалiтоўскiя князi, прынамсі ад Вiценя, вядуць свой род з Полацка, але пераканаўчых доказаў гэтаму не маю, ёсць толькi ўскосныя. Васкрасенскi летапіс патрабуе грунтоўнага разгляду аб родзе лiтоўскiх князёў. Не так там усё выдумана, як гэта цвердзяць некаторыя даследчыкi (прыкладам Пашута). Ва ўсякiм выпадку, размову аб вытоках роду лiтоўскiх князёў трэба пачынаць з гэтай крынiцы, а пасля ўжо прыцягваць для падмацавання iншыя. Паганства вялiкалiтоўскiх князёў было выдумана спачатку крыжакамi, ix xpaнicтaмi, а таксама падробкай грамат Miндоўга i Гедзімiна, пазней гэтая версія паганства перайшла ў Маскву. Нельга забываць, што Вялiкае Княства Лiтоўскае адразу ўзнiкла з першай сталiцай у Навагарадку, як дзяржава беларуская i хрысцiянская, праваслаўная, а не як лiтоўская (у сучасным значэннi гэтага слова) i паганская. А ці чуў сябра новую тэорыю ўзнiкнення ВКЛ, якую выклаў А.Ахманьскі? Паводле гэтай новай канцэпцыi, карэнная Літва, абапipаючыся на паасобныя балцкiя астраўкi змагла падначалiць сабе суседнiя славянскiя землi і ўтварыць сваю дзяржаву. Незразумела толькi адно, чаму гэта не магла зрабiць Лiтва тады, калi славянскiя калонii былi мiзэрнымi астраўкамі ў моры балцкай тэрыторыi, чаму дапусцiлi да ўтварэння на балцкай тэрыторыi такіх славянскіх дзяржаваў як Полацкае і Тураўскае княствы.



Пад пільным наглядам

Калі старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы ў сакавіку 1986 года прапанаваў мне выступіць на пасяджэнні клуба з лекцыяй на гістарычную тэму, я ахвотна згадзіўся. Аб гэтай суполцы ўжо гаварылася, што яна робіць важную справу ўзнаўлення нашай гістарычнай памяці і культуры. Я стаў рыхтавацца да лекцыі, падбіраць патрэбныя матэрыялы. І вось у пачатку красавіка, за дзень да майго выступлення, вечарам у маю кватэру пазванілі. Я адчыніў дзверы - перада мной стаяў незнаёмы чалавек. Ён пераступіў парог, прывітаўся і, убачыўшы маё здзіўленне, сказаў: "Я працую там жа, дзе і знаёмы ўжо вам..." Ён назваў прозвішча чалавека, які ў пары з другім у пачатку 1984 года дапытваў мяне ў Маладзечанскім аддзяленні камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ). Значыць, перада мною супрацоўнік гэтай адыёзнай установы. Што яна была вельмі зацікаўлена маёй асобай, я ўжо добра ведаў. Упамянёныя ўжо дзве асобы два гады назад вельмі былі занепакоены тым, што я, па іх звестках (г.зн. даносах), якія дайшлі да іх, пішу гісторыю, у якой хачу даказаць "извечную самостоятельность Белоруссии". Я сказаў, што сапраўды пішу гісторыю Беларусі, праўдзівую, якой яна была. І назваў ім выданні, у якіх былі надрукаваны яе паасобныя фрагменты. Праўда, іх гэта не задаволіла, і яны яшчэ двойчы выклікалі мяне на допыт. А ў 1986 годзе начальнік Маладзечанскага КДБ Іваноў, выступаючы на нарадах агітатараў, характарызаваў мяне, як "животное ископаемое" (відаць таму, што я заўсёды гаварыў на беларускай мове, якую ён лічыў канчаткова забітай і пахаванай і таму выкапнёвай). Апроч таго ён, у пацверджанне маёй шкоднасці для савецкага ладу, прывёў шэраг маіх выказванняў, якімі я дзяліўся ў гутарках з знаёмымі з 1948 па 1966 гады.

- Што цікавіць вашую ўстанову зараз? - спытаўся я ў Мікалая Мікалаевіча (так адрэкамендаваўся ён, не называючы свайго прозвішча).

- Аб чым Вы будзеце заўтра гаварыць у "Спадчыне"? Інтэрвію будзеце даваць ці што? - запытаўся ён.

З гэтага пытання мне стала ясна, пад якім пільным наглядам знаходжуся я і "Спадчына". Я сказаў, што ніякага інтэрвію даваць не буду, што лекцыя мая будзе насіць акадэмічны характар, што ў ёй ніякай палітыкі не будзе. І сапраўды, мая лекцыя такой і была. Аднак гэта больш за ўсё і непакоіла маіх наглядчыкаў. Як я пасля даведаўся, сакратар Менскага гаркама КПБ Я.Юферава ў ліку іншага дакарала старшыню клуба "Спадчына" Анатоля Белага, чаму ён не даў адпору маім нацыяналістычным поглядам. Пад апошнім разумелася, што я адвяргаў тэзіс аб бездзяржаўнасці Беларусі да 1919 года, паказваючы на існаванне ўжо ў старажытныя часы на тэрыторыі Беларусі такіх дзяржаўных утварэнняў як Полацкае, Тураўскае, Наваградскае і іншыя княствы. Асаблівы націск я зрабіў на Вялікім Княстве Літоўскім, паказаўшы, што яно было тыповай беларускай дзяржавай, што ў ёй нічога літоўскага, ў сучасным значэнні гэтага слова, не было. Але вось гэта і было ў вачах афіцыйных гісторыкаў і ідэалагічных наглядчыкаў найбольш ідэйным злачынствам. Між іншым, неапраўдана прыпісваючы ўсю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага літоўскім князям і феадалам, яны ў значнай меры садзейнічалі нацыянальнаму ўздыму ў Літве, які зараз так шальмуюць.

Вынікі маёй лекцыі ў шэрагу з іншымі былі даволі сумныя для "Спадчыны". У яе адабралі памяшканне. Не ведаю, магчыма гэта супадзенне, але пасля маёй лекцыі ў суполцы "Сумоўе" пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, яна была забаронена. Усё гэта вельмі добра характарызуе той страшэнны ідэалагічны тэрор, які існаваў у Беларусі. Нават бяскрыўдныя навуковыя лекцыі кідалі ў страх усіх тых, хто меў неабмежаваную ўладу над розумам і душамі людзей.


Мікола Ермаловіч,

часопіс "Полацак" № 4, 1991 г.



У авангардзе нацыянальнага адраджэння

Да 10-годдзя клуба "Спадчына"

Нацыянальнае адраджэнне Беларусі пачалося не раптоўна. Перад разлівам у шырокую плынь яго жыватворныя крыніцы струменілі паўсюдна. Імі былі літаратурныя аб'яднанні, фальклорныя калектывы, культурна-асветніцкія клубы. Сярод апошніх асабліва важнае месца заняў менскі клуб "Спадчына", арганізаваны і ўзначалены навукоўцам Анатолем Белым у 1984 г.

Ужо адна назва сведчыць аб тым, што ён закліканы даць шматбаковае ўзнаўленне гістарычнай і культурнай спадчыны нашага народа. Клуб адразу вызначыўся шырокім ахопам задачаў патрыятычнага выхавання ўдзельнікаў. Іх вялікая колькасць у "Спадчыне" была з самага пачатку дзейнасці.

Памятаю, як выступаючы ў клубе з лекцыяй у 1985 г., я быў прыемна ўражаны шматлікасцю аўдыторыі. Пра высокі аўтарытэт клуба асабліва добра гаворыць тое, што ў арбіту яго дзейнасці былі прыцягнуты лепшыя сілы беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў. Клуб стаў сапраўдным народным універсітэтам патрыятычнага выхавання людзей, асабліва моладзі.

Вядома, афіцыйныя ўлады Менска (асабліва гаркам КПБ) бачылі ў клубе "Спадчына" важны чыннік нацыянальнага абуджэння, а гэта для іх заўсёды было непрыймальным, рабілі ўсё, каб спыніць яго высакародную справу. Яны абвінавачвалі клуб у нацыяналістычнай дзейнасці і на гэтай падставе адбіралі ў яго памяшканне, забаранялі яго.

Аднак клуб перамог неспрыяльныя варункі, змог выжыць, набраў яшчэ большы патэнцыял для далейшай працы.

Клуб не абмяжоўваецца ўзнаўленнем спадчыны, ён гуртуе вакол сябе маладых навукоўцаў, літаратараў, спевакоў, музыкантаў, рабочых, якія твораць сваю спадчыну і ўжо маюць добры вынік. Выхад дадзенага альманаха - сведчанне гэтаму.

Няма сумненняў, што клуб "Спадчына" набудзе новае дыханне і будзе надалей ісці ў авангардзе нацыянальнага адраджэння Беларусі.


Мікола Ермаловіч, альманах "Спадчына "Спадчыны",

1994.



З прамовы Міколы Ермаловіча на вечары клуба "Спадчына"

1 лютага 1999 г., прысвечанага ўшанаванню Анатоля Пятровіча Грыцкевіча з нагоды яго 70-годдзя

Я прыйшоў сюды з беларускага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі. Там наладжана выстаўка, прысвечаная Анатолю Пятровічу Грыцкевічу. Яна паказвае, што ў асобе Анатоля Пятровіча мы маем выдатнага вучонага, які зрабіў вялікі ўклад у беларускую гістарычную навуку. Я гэта зразумеў даўно, яшчэ ў той час, калі прачытаў яго кнігу аб уласніцкіх гарадах. Для мяне гэта было адкрыццём. Я нават не ведаў, што існавалі такія гарады. Многа для сябе пачэрпнуў з той кнігі. Даведаўся, як развіваліся тыя гарады, як яны кіраваліся, якая была эканоміка, культура, рэлігія. Я быў вельмі ўражаны. Нават напісаў невялікі водгук, які быў надрукаваны ў часопісе "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі". Кожнай сваёй працай Анатоль Пятровіч адкрываў нам штосьці новае, важнае. Вельмі глыбока даследаваў вучоны Статут Вялікага Княства Літоўскага 1526 года. Грунтоўна напісана яго праца аб рэлігійным жыцці ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Я жадаю Анатолю Пятровічу добрага здароўя і яшчэ многіх гадоў плённага творчага жыцця на карысць нашай гістарычнай навукі, нашай культуры!


Адаптацыя тэкста Яўгена Лаўрэля



Запіс выступу Міколы Ермаловіча ў клубе "Спадчына"

19 красавіка 1988 года

Таварышы! Галоўнае пытанне нашага сходу - ці была беларуская дзяржаўнасць? Пытанне вельмі важнае, тым больш што на працягу многіх дзесяцігоддзяў, а то і стагоддзяў, усяляк адмаўлялася самабытнасць беларускага народа, беларуская дзяржаўнасць. На жаль, так працягвалася і ў савецкі час. Больш за тое, на афіцыйным узроўні сцвярджалася, што беларускі народ упершыню атрымаў дзяржаўнасць толькі ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сапраўды, у 1919 г. была створана БССР. А да гэтага ніякага дзяржаўнага ўтварэння, якое называлася б беларускім, у гісторыі не было. Але гэта не значыць, што наш народ раней не меў сваёй дзяржаўнасці.

... У летапісу... сказана, што менскі князь Глеб хадзіў "у лесех" пад Літвою. Пад якой Літвою? Ну, ясна, што не пад сённяшняй. Чаго б яму было там хадзіць? Ён хадзіў тут, блізка, бо Менскае княства межавалася з Літвой. Назва "Літва" у Беларусі не рэдкая. Калі ласка, паселішчы Літва ёсць у Віцебскім і Стаўбцоўскім раёнах, побач з Менскім княствам. Літва ў Маладзечанскім раёне, блізка вёскі Палачаны, якая таксама знаходзіцца на мяжы Полацкага княства і тэрыторыі старажытнай Літвы. Дык вось, менавіта тут, на аснове асіміляцыі (зрашчэння) дрыгвіцка-крывіцкага насельніцтва, і ўтварылася трэцяя беларуская лакальная народнасць - ліцьвіны. Так бывае, што адзін народ (племя) прымае назву другога народа. Прывяду прыклад з балцкім племем прусы, якое жыло паміж вусцямі Віслы і Емале. У канцы ХІІІ стагоддзя прусы былі заваяваны немцамі, і як народ зніклі, анямечыліся. Аднак назва Прусія засталася. І не толькі засталася, але пачала пераходзіць на захад, на тэрыторыю заваёўнікаў. У 1618 г. Прусія была далучана Брандэнбургам да сябе. Здавалася, што назва павінна была знікнуць. Але выйшла наадварот. Прусія дайшла да Берліна, і горад стаў сталіцай Прусіі. А ўсходнія немцы пачалі называць сябе прусакамі. Дзяржава пад балцкай назвай Прусія стала буйнейшай нямецкай дзяржавай. Падобнае было і ў нашай гісторыі. Як прусы сталі прусакамі, так літоўцы - ліцьвінамі, г.зн. беларусамі. І сапраўды, у летапісах і ХІІІ і ХVІ ст., і пазней пад ліцьвінамі ўпамінаюцца, менавіта, беларусы. Так напрыклад, Дзізбург гаворыць (1294 - 1305 гг.) аб адзінаборстве літоўскіх рыцараў з нямецкімі (крыжакамі) і дадае, што гэта былі ліцьвіны, фактычна рускія, славяне. І гэта не адзінкавы прыклад. У ХІХ ст. нават В.Дунін-Марцінкевіч называў сябе ліцьвінам. А Кастусь Каліноўскі, які выдаваў газету "Мужыцкая праўда" на беларускай мове, які нават карыстаўся беларускай мовай, рэдка калі ўжываў слова Беларусь, а часцей за ўсё - Літва. Менавіта, назва Літва на працягу шэрагу стагоддзяў была гістарычным псеўданімам Беларусі. Пра гэта вельмі добра сказаў у адным са сваіх артыкулаў Язэп Юхо. Дык што ж гэта была за дзяржава Вялікае Княства Літоўскае? Як яна ўтварылася? Трэба сказаць, што гісторыя пытання вельмі складаная. Упершыню канцэпцыя ўтварэння ВКЛ пачала складвацца ў ХVІ стагоддзі, калі наспелі адпаведныя гістарычныя ўмовы. Нагадаем, што ўзмацнілася Маскоўская дзяржава, якая пачала прэтэндаваць на "исконо русские земли", як на беларускія, так і на ўкраінскія. У 40-х гадах XVI стагоддзя з'явілася нават, так званае, "Сказание о князях Владимирских", дзе гаварылася, што ў выніку татара-мангольскага нашэсця Усходняя Русь была аслаблена, паміж князямі вялася бясконцая міжусобная барацьба. І гэта выкарыстаў Вялікі Літоўскі князь Гедзімін (Гедымін), які нібыта па даручэнні аднаго з маскоўскіх князёў пачаў збіраць падаткі на беларускіх і ўкраінскіх землях. Чалавек ён быў вельмі хітры і разумны. Ён пачаў прысвойваць сабе "околоменскія" і кіеўскія землі. Цяпер гэтыя землі павінны быць вернуты Маскоўскаму княству.

У гэты час пачалася Лівонская вайна. Войскі Івана Грознага (Жахлівага) занялі вялікую тэрыторыю Беларусі, у тым ліку і Полацк - нашу старажытную сталіцу. Узнікла пагроза адарвання беларускіх земляў ад ВКЛ. У гэтых умовах і з'явіўся міф аб заваяванні беларускіх земляў, міф шыты, што называецца, белымі ніткамі. Прычым землі беларускія заваёўвалі не ўласна літоўскія князі, а жамойцкія - выхадцы з заходняй часткі сучаснай Літвы (Жамойці ці Жмудзі). Чаму, менавіта, жмудскія феадалы пастараліся высунуць сваіх князёў? Ды таму, што на гэты час у іхніх землях склалася вельмі спрыяльная каньюктура. У выніку перамогі над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве спыніліся набегі на іх землі. Феадалы жылі спакойным жыццём, багацелі. І наадварот, беларускія землі прыходзілі ў заняпад. Шматлікія войны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай вяліся пераважна на тэрыторыі Беларусі. Яны разбуралі гарады, эканоміку, знішчалі насельніцтва.

Жамойцкія феадалы, адчуўшы сваю сілу, памкнуліся захапіць першынство ў дзяржаве. Яны задумалі перапісаць гісторыю ВКЛ, прысвоіць сабе ролю стваральнікаў гэтай дзяржавы.

І вось з'яўляецца на свет такая казка. Жамойцкі князь Мантвіл, калі даведаўся, што ўсе рускія землі разбураны татарамі (хаця вядома, што орды Батыя не прайшлі па Беларусі), пасылае свайго сына Ярдзівіла з войскам за Вілію. Пасля Ярдзівіл перайшоў Нёман. Там ён убачыў прыгожую гару і заснаваў горад Навагрудак. Але чаму жамойцкі князь дае славянскую назву гораду, зноў такі застаецца невядомым. Ярдзівіл ідзе далей і засноўвае Гарадзен (Гродна) і другія гарады. Мала гэтага, адзін з нашчадкаў князя ідзе на Полацк і, заваяваўшы яго, становіцца адначасова навагрудскім і полацкім князем. У яго нараджаецца другі сын, які жэніцца на цвярской князёўне і прымае хрысціянства і хрысціянскае імя Барыс.. Ён будуе ў Полацку Сафію і іншыя вядомыя полацкія храмы. Такім чынам, з казачкі вынікае, што і навагрудскія і полацкія князі вядуць свой род ад жамойцкіх князёў. Але ж мы ведаем, што Барыс быў сынам полацкага князя Усяслава Чарадзея. І не сын, а бацька будаваў Сафію.

Асабліва вялікую ролю ў стварэнні міфа аб заваяванні беларускіх земляў жамойцкімі феадаламі адыграў Стрыйкоўскі, якога ўзяў да сябе ідэёлагам жмудскай феадальнай партыі біскуп Ядрэй. Ён назначыў Стрыйкоўскага эканомікам, забяспечыў фальшывымі летапісамі, накшталт "Хронікі Быхаўца". І Стрыйкоўскі, на аснове гэтых летапісаў, стварыў сваю "Хроніку", адзін з раздзелаў якой быў прысвечаны ўтварэнню ВКЛ.

"Хроніка" была выдадзена ў Кёнігсбергу ў 1588 годзе на сродкі ўсё таго ж Ядрайца. Кнігу гэту распаўсюджвалі ў Еўропе. І ўсё, што там было напісана, пачало ўваходзіць у кнігі еўрапейскіх гісторыкаў. Пазней, праўда, навука даказала, што ніякіх там Мантвілаў, Лінгвілаў, Мінгайлаў не было, аднак з'явіліся другія прэтэндэнты, у тым ліку Міндоўг. Менавіта Стрыйкоўскі першы прыпісаў Міндоўгу заваяванне ВКЛ. Схема Стрыйкоўскага і стала пануючай. Але пазнейшыя даследчыкі, такія як Антановіч, украінскі вучоны, які напісаў вельмі добрую працу па гісторыі ВКЛ, і рускі вучоны Любаўскі ("Очерки истории литовско-русских государей", ХІХ - пачатак ХХ ст.) бачылі ўсю недарэчнасць гэтай тэорыі аб заваяванні літоўскімі феадаламі беларускіх зямель.

Сапраўды, быў такі князь Міндоўг. І нейкі час ён княжыў у Наваградку. Але вось пытанне: як ён і адкуль трапіў у Наваградак? Чамусьці гаварылася, што спярша ён заваяваў Чорную Русь. А чаму не тыя землі, што прымыкалі да Вільні? Яму ж прыпісвалі, што ён жыў дзесьці каля Вільні.

І калі я пачаў чытаць падручнікі, то ўбачыў, што іх аўтары ішлі ад Стрыйкоўскага, перапісваючы адзін у аднаго. Прыйшлося звярнуцца да першакрыніц, прынамсі, да Іпацьеўскага летапісу. І стала ўсё зразумелым. Папершае, я даведаўся, што сучасная Літва і старажытная Літва - гэта зусім іншыя тэрыторыі. Старажытная Літва знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Яна была не на паўночны захад ад Наваградка, а на ўсход ад яго. Таму і Міндоўг прыйшоў у Наваградак з Чорнай Русі, бо яна ляжала па-суседску. Міндоўг, відаць, быў гаспадаром левабярэжнай Літвы. Вотчына яго знаходзілася дзесьце ў раёне Баранавічаў. Нават Пашута, які напісаў вялікую сваю кнігу "История образования Литовского государства" (1959) і якой на жаль яшчэ больш укараніў тэзіс аб заваяванні беларускіх зямель літоўскімі феадаламі. Нават ён прызнае, што летапісны горад Варунта знаходзіўся на месцы сучаснага Гарадзішча, недалёка ад Баранавіч. Але ён (Пашута) не ставіць пытанне, чаму, менавіта, тут, у гэтым Варунце, абараняўся Міндоўг, а не ў сваёй роднай Літве. Хто ж такі быў Міндоўг? Лічылася, што ён быў мудрым князем, гаспадарнікам. Але калі мы звернемся да летапісаў, то ўбачым іншага чалавека. Першы раз Міндоўг згадваецца ў Літоўска-Валынскім дагаворы 1219 г. побач з іншымі князямі, як наёмнік валынскіх князёў супраць Польшчы. У 1237 г. ён зноў упамінаецца разам з наваградскім князем Яраславам і зноў-такі як наёмнік галіцка-валынскага князя ў барацьбе з Кандратам Мазавецкім. І ў 1245 годзе ён таксама ўпамінаецца як наёмнік Данілы Галіцкага ў міжусобнай барацьбе з іншымі чарнігаўскімі князямі. І нарэшце Міндоўга запрашаюць куроны (1245 - 1246 гг.) для барацьбы з немцамі. Ён прыходзіць туды, абкладвае цвердзь Амбэтан, аднак церпіць страшэнную паразу. І немцы (крыжакі) па пятах прыходзяць у яго родную Літву. Праўда, горад яго не ўзялі, але гаспадарства разрабавалі, разбурылі. І супернікі, відаць, скарысталі момант, прагналі яго з Літвы. Аб гэтым гаворыць далейшы летапіс, калі Міндоўг зноў вяртае сабе Літву.

І вось Міндоўг апынуўся ў Наваградку, у горадзе, які быў па-суседску з ім. Што ўяўляў сабой тады Наваградак? Гэта быў адзін з найбольш эканамічна развітых гарадоў Беларусі. Ён фактычна быў супернікам Полацка. Пра гэта сведчаць археалагічныя раскопкі. Там было добра развіта феадальнае грамадства. Працавалі рамеснікі, была наладжана здабыча жалеза. На Наваградскай зямлі былі і іншыя багатыя гарады, такія як Слонім, Ваўкавыск, Гарадзеня. Навагрудская вобласць ужо мела патрэбу ў пашырэнні. Для гэтага трэба было заваяваць Літву, якая клінам уразалася паміж Навагрудскай, Турава-Пінскай і Полацкай землямі. Вось гэтае геапалітычнае становішча тагачаснай Літвы і было прычынай таго, што яна апынулася ў фокусе палітычнага жыцця не толькі Беларусі, але і ўсёй заходняй часткі Русі. Суседзі глядзелі на Літву як на важны трамплін, з якога адкрываюцца шляхі для авалодання суседнімі землямі. Нават галіцкавалынскі князь Данііл быў жанаты з сястрой Таўцівіла, бо імкнуўся выкарыстаць сваяцкія адносіны, каб прэтэндаваць на землі Літвы. А калі Міндоўг апынуўся ў Наваградку, то яго выбралі за Вялікага князя. Ён павінен быў вярнуць сабе Літву і далучыць яе да Наваградка. І не мае рацыі Пашута і іншыя гісторыкі, калі пішуць, што Літва нападала на землі суседзяў: Наўгародскую, Пскоўскую, Смаленскую. І гэта нібыта гаварыла аб месцы і ваяўнічасці Літвы. А ў сапраўднасці ўсё было наадварот. Літва ўжо дажывала апошнія дні. І суседнія рускія землі імкнуліся ўзяць сабе якога-небудзь літоўскага князя, каб той мог законна прэтэндаваць на валоданне Літвой. Але тут усіх апярэдзіў Наваградак. Вельмі характэрны такі гістарычны факт. Літоўскі (Нальшанскі) князь Дальмонт у 1286 г. уцёк у Пскоў. Ён прыме хрышчэнне, і яго выбіраюць князем. Дальмонт адразу ж ідзе на Літву. Тое ж самае было і з Міндоўгам. Гусынскі летапіс пад 1246 годам гаворыць, што Міндоўг "прыя веру Хрыстову ад Вастока", г.зн. праваслаўную веру прыняў з усімі сваімі баярамі. Значыць, ён прыбыў у Наваградак не адзін, а з усім родам. Гэта зноў-такі характэрна для перабежчыкаў. Дальмонт таксама прыбыў у Пскоў з "трымастамі літвы". І Міндоўг, відаць,быў выгнаны з усім ягоным родам. Прыняўшы хрысціянства і стаўшы князем, Міндоўг пачынае наступ на Літву. Выганяе адтуль Індзівіда, Вікінта, Таўцівіла. У летапісу гаворыцца, што ён "заме Літву". І ўсе тыя літоўскія князі ўцяклі ў Галіцка-Валынскае княства. Яны ведалі, куды ўцякаць. Галіцка-Валынскія князі былі ўстрывожаны тым, што Наваградак заняў Літву. Яны ж самі мелі намер захапіць яе. Галіцка-Валынскі князь стварае кааліцыю дзяржаў супраць Наваградка, робіць тры паходы на Наваградскую зямлю. І Наваградку прыйшлося адмовіцца ад Літвы. Такім чынам, першае аб'яднанне Наваградка і Літвы закончылася няўдачай. Таму Міндоўга нельга лічыць заснавальнікам ВКЛ. Асабліва няўдачным быў манёўр Міндоўга, калі ён заключыў саюз з Венгрыяй і перайшоў у каталіцтва. Гэта, відаць, не спадабалася наваградцам, і таму яны ўзялі сабе новага князя - Войшалка, які заключыў дагавор з галіцка-валынскімі князямі. У далейшым Войшалак выступае як праваслаўны фанатык. Ён ідзе да галіцка-валынскіх князёў, прымае манаскі сан, затым вяртаецца назад, засноўвае манастыр (на паўночным усходзе ад Навагрудка, на мяжы навагрудскай зямлі і Літвы). Войшалак прыкідваецца такім, ведаеце, багабаязненым манахам. Аднак уваходзіць у змову з полацкім князем Трацівілам і праганяе галіцка-валынскага князя Рамана, якому ён аддаў быў Навагрудак. У гэты час паміж князем Літвы Міндоўгам і жамойцкім князем Транята пачынаецца зацятая барацьба. Спачатку забіваюць Міндоўга, а пасля гіне і Транята. Скарыстаўшы момант, Войшалак разам з наваградцамі і пінянамі прыходзіць у Літву. Там яго сустракаюць прыязна. І Войшалак стаў кіраваць усёй зямлёй літоўскай. Далей ён заваёўвае Дзяволту (знаходзіцца дзесьці на тэрыторыі сучаснай усходняй Літвы) і Нальшаны (на паўночным захадзе Беларусі). І нідзе мы не бачым, каб Міндоўгу і Войшалку супраціўляліся наваградскія і полацкія князі і феадалы. Яны добраахвотна ўваходзілі ў новае дзяржаўнае ўтварэнне - Вялікае Княства Літоўскае. І наадварот, жамойцкія князі і феадалы ўпарта супраціўляліся, адстойвалі сваю незалежнасць. Гэта гаворыць за тое, што Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася не шляхам заваявання Літвой Наваградка, а наадварот, Наваградак заваяваў Літву. Ядром новага дзяржаўнага ўтварэння было Верхняе Панямонне.

Паступова, асабліва тады, калі сталіцай ВКЛ стала Вільня, назва Літва пераходзіць на захад. Даследаванні паказалі, што Вільня была заснавана крывічамі. Польскія даследчыкі Галубовічы (муж і жонка) у сваёй працы "Кривой город Вильня", апублікаванай у адным савецкім часопісе (1945), вельмі грунтоўна пра гэта сказалі. На тэрыторыі паміж Вільняй і Крэвам быў моцны пласт крывіцкага насельніцтва. Невыпадкова ж Тузбург, распавядаючы аб падзеях 1314 г., гаворыць, што адзін з нямецкіх ваяводаў пайшоў ад Наваградка ў Крывіцю (тэрыторыю ад Нёмана да Віліі ён называе Крывіцыяй). Гэта сапраўды была славянская крывіцкая зямля. І таму не дзіўна, што перанос сталіцы ВКЛ з Навагрудка ў Вільню ніколькі не змяніў этнічнай адметнасці дзяржавы: яна, як была славянскай, так і засталася такой. А Вільня стала буйнейшым цэнтрам беларускай культуры.

Быў такі рускі гісторык Надзеждзін, які ўсумніўся ў тым, што Жамойць змагла заваяваць беларускія землі. Трэба сказаць, рэдкі выпадак, бо абсалютная большасць вучоных верыла версіі Стрыйкоўскага. Дык вось Надзеждзін у 1843 г. у часопісе "Министерство внутренних дел" (ён быў рэдактарам гэтага выдання) апублікаваў сваю працу "Северо-Западный край империи". У ёй вучоны спярша коратка перадае версію аб тым, як літоўскі народ у адначассе становіцца моцным і культурным. Літоўскае племя было цёмным і дзікім. Але калі ў ХІІІ стагоддзі на яго пачалі ціснуць немцы, то яно раптам "воодушевилось" і знайшло ў сабе ўнутраныя сілы, каб даць адпор крыжакам і нават заваяваць рускія (беларускія) землі. Надзеждзін гаворыць, што раман "сложен очень искусно", але вельмі цяжка паверыць, бо літоўцы "как были в диком состоянии, так и остались таковыми". І сапраўды, за 500 гадоў існавання ВКЛ літоўцы ніводнага слова па-свойму не сказалі ні ў афіцыйных дакументах, ні ў прыватнай перапісцы. Спачатку яны карысталіся беларускай мовай, а потым пачалі пераходзіць на польскую. Тое, што беларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ, вымушаны былі прызнаваць нават тыя, хто міф аб заваяванні беларускіх зямель жамойцкімі феадаламі ўспрымаў як рэальнасць. Але тлумачылі гэта тым, што трэба ж было, бачыце, неяк кіраваць славянскім насельніцтвам. Гэта, ведаеце, вельмі ўжо валюнтарысцкае тлумачэнне. Тут дарэчы будзе нагадаць і словы Леніна. Ён сказаў, што ў гэтай дзяржаве перамагла не Літва, а імя Літвы.

Вядома, ВКЛ было шматэтнічнай дзяржавай. Пасля таго, як Гедзімін заваяваў украінскія землі, жылі ў ёй і ўкраінцы. Княству належала і частка рускіх зямель. Але найперш, гэта была беларуская дзяржава.


Адаптацыя тэкста Яўгена Лаўрэля



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ


"Гутаркі" Міколы Ермаловіча

Нелегальны ці пазацэнзурны, падпольны друк у Беларусі - з'ява цікавая і да некаторай ступені загадкавая, таму што да нашага часу яшчэ мала вывучана. Пад нелегальным друкам мы маем на ўвазе выданні дэмакратычнага кірунку, якія змяшчалі інфармацыю, алтэрнатыўную афіцыйнай, выходзілі і распаўсюджваліся без пільнага кантроля Галоўліта - тагачаснай савецкай цэнзуры.

"Гутарка аб усім, што баліць" Міколы Ермаловіча - гэта забытая беларуская традыцыя свабоднага незалежнага слова і незалежнага свабоднага грамадства і яго самаахвярнай уласнай ініцыятывы ў Беларусі 60 - 70 гадоў ХХ стагоддзя. "Гутаркі" друкаваліся ў нас, у Беларусі, і арыентаваліся на беларускага чытача. Яны сведчылі пра існаванне традыцый свабоднага слова ў Беларусі, пра сталае ўсведамленне перадавым грамадствам Беларусі вартасці свабоды слова.

"Гутаркі" М.Ермаловіча адносяцца да перыядычнага выдання, таму што выходзілі прыкладна адзін раз на тыдзень. Гэтыя творы адлюстроўвалі прагу людзей да самавызначэння, яны былі поўны творчай энергіі.

Паслядоўнасць і пераемнасць "Падснежніка" і "Гутарак" Ермаловіча - ёсць выразная асаблівасць беларускага нелегальнага друку. Гэтым характарызуецца нелегальная выдавецкая дзейнасць, якая пастаянна спасылаецца да беларускай традыцыі канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя - перыяду ўзнікнення і станаўлення сучаснай Беларусі.

Нелегальныя выданні 60 - першай паловы 80-х гадоў на Беларусі падрыхтавалі сапраўдны выдавецкі выбух 1988 года.

У гэтым шэрагу аўтараў і выдаўцоў цікавай і легендарнай постаццю з'яўляецца беларускі гісторык і літаратар М.І.Ермаловіч, які ў 1963 - 1964 гадах выпускаў рукапісны "Падснежнік" і ў 1975 - 1976 гадах - "Гутаркі". М.Ермаловіч - заснавальнік нерамантычнай плыні ў беларускай гістарыяграфіі, а яго кніга "Па слядах аднаго міфа" абарачалася падпольна ў беларускім самвыдаце аж 20 год.

З пазіцый сённяшняга дня мы разглядалі не толькі ліберальны перыяд першай паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя, пасля атрымання беларусамі незалежнасці, але і 60-90-я гады, калі магчымасці для выдавецкай дзейнасці былі больш складаныя, а прыхільнікам падпольнага друку пагражалі жорсткія рэпрэсіі. Але пазацэнзурны друк у той складаны час знаходзіў і сваіх аўтараў і сваіх чытачоў.

У беларускім незалежным друку ў 70 - 80-я гады былі закладзены тэндэнцыі развіцця сучаснай незалежнай журналістыкі, прозы і паэзіі і выдавецкай справы Беларусі з яе мужнасцю, трываласцю і жыццёвасцю. Выданні, якія выходзілі ў той час калі і "Гутаркі" М.Ермаловіча, адлюстроўвалі ўнутранае становішча краіны з пункту гледжання апазіцыйнай прэсы і цікавасць людзей ведаць сапраўднае становішча ў краіне "без бахвальства і маны".

Нелегальны друк у Беларусі спыніў сваю дзейнасць у 1990 годзе, калі была прынята Пастанова Вярхоўнага Савета СССР "Аб увядзенні ў дзеянне Закона СССР "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", якая скасавала савецкую цэнзуру - Галоўліт.

Як ужо адзначалася, "Гутаркі" М.Ермаловіча сталі працягам рукапіснага "Падснежніка", якіх у 1963 - 1964 гадах выйшла чатыры нумары. Яго выданне спынілася пасля зняцця з пасады Першага сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова ў кастрычніку 1964 г., і калі ў грамадскім жыцці СССР устанавілася атмасфера падазронасці і "выкрывальніцтва".

"Гутаркі" М.Ермаловіч падпісваў псеўдонім Сымон Беларус - з № 2 і з гэтага нумара дэвіз "Аб усім, што баліць", які мясціўся пад тытулам адным радком. У выданні змяшчаліся творы, якія не маглі быць апублікаваны ў афіцыйным друку з-за сваёй сацыяльнай і палітычнай накіраванасці. Усяго выйшла каля 50 "Гутарак", частка іх была страчана ці прапала.

Фармат паперы "Гутарак" А-4, надрукавана на пішучай машынцы на адным баку аркуша праз два інтэрвалы, аб'ём аднаго нумара ад 1 да 5 старонак. Каптур выдання змяшчаўся ўверсе першай старонкі, колькасць і размяшчэнне элементаў каптура крыху змянялася. Уверсе каптура, акрамя асобных нумароў, быў надрукаваны дэвіз "Аб усім, што баліць". Справа эпіграф "Толькі гутарка ходзіць такая", радкі з верша Янкі Купалы напісаны двумя радкамі; злева парадкавы нумар і дата выхаду, ніжэй месца выхаду нумара (з-за канспірацыі Мікола Ермаловіч пазначаў Менск: "Паспрабуй, КДБ БССР, пашукай.").

Ніжэй, пасярэдзіне каптура - тытул-назва "Гутаркі" - напісана адным радком вялікімі літарамі, якія падкрэслены ці ўзяты ў рамку і такім чынам аддзелены ад назвы матэрыялу, які надрукаваны адразу пасля тытула. Мастацкае аздабленне, акрамя выдзялення тытула, адсутнічае. Выданне гутарак мае грамадска-палітычную накіраванасць.

Найбольш поўны камплект "Гутарак"захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў асабістым архіве М.І.Ермаловіча. Усіх гутарак там налічваецца 43 нумары. Першы нумар датаваны 14 лістапада 1975 г., апошні - 45 (53) - 13 лістапада 1976 г. Выказваем шчырую падзяку дырэктару гэтага музея Г.В. Запартыка за прадстаўленыя дакументы і матэрыялы, якія былі выкарыстаны ў гэтай кнізе.

"Гутаркі" ёсць празаічныя - апавяданні, артыкулы, гістарычнае эсэ, гістарычны аповед, гістарычны артыкул, і паэтычныя - верш, невялікая паэма.

Сатыраю на тагачасны існуючы лад прасякнуты "Гутаркі" - "...І вось запрэгліся ўсе трое", "Быкоўскі на пасадзе", "Навошта свінні рогі", "Сустрэча з Гогалем", "Клім", "Хіба яны правадыры?", "У хвасце" і іншыя.

А вось радкі з "Гутаркі" № 39 ад 27 верасня 1976 года "Хіба яны правадыры?":

Хіба яны правадыры?

Ды гэта ж усё - павадыры...

І павучаюць нас усіх,

Як трэба думаць, гаварыць,

Пісаць, глядзець і ўсё рабіць.

Ды чым уважней нас вядуць,

Тым горай справы нашы йдуць.

Калі-нібудзь з іх будзе спрос:

Дакуль вадзіць будуць за нос?

Разважаннямі аб экалагічным становішчы ў Беларусі прасякнуты творы М.Ермаловіча "Прывесці да адпаведнасці", "Прычыны нашых крыўд і бед", "Прадказанні, якія збыліся", "Чаму няма парадку?" і іншыя. Дарэчы, а ў нас тады яшчэ не было чарнобыльскай катастрофы.

Пра міжнароднае становішча ў той час аўтар распавядае ў "Гутарках" - "Пра ідэаглагічнае суіснаванне" і іншыя.

М.Ермаловіч напісаў некалькі "Гутарак" у вершаванай форме, паказаўшы свой высокі паэтычны талент. Сярод іх "...І вось запрэгліся ўсе трое", "Ты хочаш жыць для Беларусі", "Сустрэча з Гогалем", "Клім", "Мы добра будзем жыць тады", "У хвасце", "Хатынь", "Жыве Беларусь", "Гэта пры нас", "Хіба яны правадыры?", "Сцяганосцам Айчыны", "Лёс ракі", "Табе патрэбна воля".

Шэраг "Гутарак" М.Ермаловіч прысвяціў разгляду пытанняў гісторыі Беларусі з старажытных часоў. Гэта - "Рагвалод і Рагнеда", "Няміга і Менск", "Кастусь Каліноўскі", "Мсціслаў не аднаго сціснуў", "Сустрэча з Гогалем" і нашага часу - "Хатынь", "З днём сталінскай канстытуцыі" і іншыя.

Вольнасці і свабодзе прысвечаны вершы-"Гутаркі" - "Ты хочаш жыць для Беларусі", "Гэта пры нас", "Сцяганосцам Айчыны", "Табе патрэбна воля" і іншыя.

Мы сумысна падрабязна не аналізуем "Гутаркі" М.Ермаловіча, а прапануем гэты аналіз правесці нашаму ўдумліваму, уедліваму і думаючаму чытачу.

Пачытай, паважаны чытач, "Гутаркі" Міколы Ермаловіча і ты рэальна спазнаеш той не зусім далёкі ад нас час, той век, тую эпоху і яшчэ раз акунешся ў складаныя стасункі тае пары - сярэдзіна 70-х гадоў ХХ стагоддзя.

"Гутаркі" - цікавы фактычны матэрыял, які можна будзе паспяхова выкарыстаць для напісання артыкула, даследвання, асобнага навуковага трактата пра яшчэ маладаследаваны бок літаратурнай творчасці слыннага беларускага гісторыка. Усе "Гутаркі" у колькасці 43 - найбольш поўны вядомы да нашага часу камплект - у гэтай кнізе публікуюцца ўпершыню.

Прыемнага Вам чытання!


Анатоль Валахановіч



№ 1 14.11.1975


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я. Купала


...І вось запрэгліся ўсе трое


Грамыка, Мазураў й Зімянін

Вязці крамлёўскі воз узяліся,

І трое ўсе ў яго ўпрагліся.

Быў воз той ў непрыглядным стане:

Трашчаў пад цяжарам вялікім,

Бо паварочваў вельмі часта

Па гендарозе пакручастай.

Цяглі яго сям'ёй шматвялікай,

Ды наўпярод вялікаросы,

Хахлы, армяне і грузіны.

Яны ж яго і давазілі.

Тады пазвалі беларусаў

І кажуць ім: "Наперад йдзіце,

Вы дужы люд, хоць занядбалы,

Чыгунак шмат і шмат каналаў

Вы правялі. Цяпер цягніце

Наш воз. Вось, Мазураў, вазьмі ты,

Як ёсць, усю нашу гаспадарку

Ды і цягні на сваім карку.

А ты, Грамыка, з усім спрытам

Цягні аглоблю спраў замежных.

А ты, Зімянін, у газеце

Трубі з стараннасцю належнай,

Каб чулі ўсе і на ўсім свеце,

Што ўсё ў нас лепей, як усюды",

І вось запрэгліся ўсе трое

Ну і з упартасцю дурною

Ірвуцца з сіл, каб здзейсніць цуда.

Але няма яго й не будзе

Там, дзе скавана ўсё прымусам.

І воз крамлёўскі, бачаць людзі,

Не выцягнуць і беларусам!

АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 2, 21.11.1975, Менск



Толькі гутарка ходзіць такая ...

Я. Купала

ГУТАРКА


Быкоўскі на пасадзе


Учора я сустрэўся з Быкоўскім. Так, так, з тым самым, Адольфам. І не на сцэне. А проста на вуліцы. Я быў нямала здзіўлены, але Быкоўскі на гэта мне заўважыў:

- Не разумею, чаму людзі здзіўляюцца. Хіба не бачаць, колькі нас, Быкоўскіх, зараз развялося, што на нас, Быкоўскіх, усё тут трымаецца, што мы, Быкоўскія, усяму тут галава.

Я спачатку ўспрыняў яго словы за адзнаку вядомай усім яго здольнасці пахваліцца. Але пасля, слухаючы яго, я зразумеў, што пахвальба нічуць не пазбаўлена падставы.

- Кім я быў раней, - гаварыў ён, - вы добра ведаеце. Пасмешышчам, ды толькі. Нічога не значыў, ніякай сілы не меў, хоць і насіў шляхецкае званне. Памятаеце, тады, на вечарынцы ў Крыніцкіх, не хацелася мне, каб мужыкі спявалі мужыцкія песні і скакалі мужыцкія танцы, а яны і вухам не павялі, ды яшчэ і мяне прымусілі спяваць і скакаць па-іхняму. А тая гарэза Паўлінка (хай ёй на тым свеце ікнецца - памерла нядаўна), як накпіла з мяне! Праўда, я без жонкі не застаўся. Падвярнулася мне тады Зося Зяблічанка з Раскіданага Гнязда.

- ?

- Але, яна. Пасля яна крыху адыйшла, супакоілася. Можа таму, што мяне за паніча прыняла. Ну, вось мы з ёй і пабраліся.

- А брат яе, Сымон, не пярэчыў хіба?

- Ён у той час разам з Якімам Сарокам і Андрэем Лабановічам у турме сядзеў. Дык вось пабраўся я з Зосяй і думаю: "Зажыву цяпер". Паніч чамусьці зжаліўся і аддаў Раскіданае Гняздо. Можа таму, што ў Зосі дзіця скора пасля замужжа нарадзілася. Але хутка пачалася вайна, пасля рэвалюцыя, акупацыі. Ох, і натросся ж я. Не ведаў, у які бок глядзець, куды кідацца. Але яшчэ горш стала, калі ўсё ўціхамірылася. Ва ўладзе сталі ўсе мае ненавіснікі: у Саўнаркоме - Сымон Зяблік, у Наркамземе - Андрэй Лабановіч, у Наркамсавеце - Якім Сарока. Ім на дапамогу прыйшлі Сцёпка Барута з Аленкай Гарнашкай. Думаў, што ўжо канец мне прыйшоў. Куды ні павярнуся - усюды мужыцкае, тутэйшае сілу ўзяло. А яно мне што нажом па горле.

І вось аднойчы выклікаюць мяне. Я і старапеў: думаў, пагібель мая прыйшла. З'явіўся я, стаю, трасуся... Ажно таварышам Быкоўскім мяне называюць. Я крыху павесялеў. Пасля чую:

- Думаем вам, таварыш Быкоўскі, пасаду даць.

Я вушам сваім не веру.

- Як, кажу, пасаду? Усе ж пасады зараз заняты зяблікамі ды лабановічамі, сарокамі ды барутамі. Куды ж вы мяне садзіць будзеце?

- Пра гэта не турбуйцеся, таварыш Быкоўскі. Іх мы знімаем. Яны нас больш не задавальняюць. Зараз вы нам больш падыходзіце. Вы і зоймеце іх месца.

- Але ж, каб заняць пасаду, трэба галаву добрую мець, - кажу я.

Мяне супакоілі:

- Хопіць і вашай. Думаць вам не трэба, будзеце рабіць тое, што скажам.

- У мяне ж адукацыя недастатковая. Яны ж вучыліся ў семінарыях, на рабфаках. А я толькі ведаю "лабэндзі" ды "хладную шаль". Вось уся і навука мая.

Мяне і цяпер супакоілі:

- Большай вам і не трэба навукі. Хаця, між іншым, можам вас паслаць у тутэйшы універсітэт

Мяне зноў кінула ў дрыжыкі:

- Увесь век я ваяваў з тутэйшымі, а вы мяне ў тутэйшы універсітэт.

- Зразумейце, таварыш Быкоўскі, што гэты універсітэт толькі па назве тутэйшы, а больш у ім нічога тутэйшага няма.

...Адным словам назаўтра Зябліка і Сароку, Лабановіча і Баруту як ветрам змяло. Толькі іх і бачылі. А на іх месца мяне пасадзілі і далі мне Зноска і Карчэўшчыка ў памочнікі.

Эх, няма нічога лепшага на свеце, як пасада! Што табе які панок і маёнтак! Тут не трэба думаць ні пра тое, ці засеяна, ці не засеяна, ці вымакне, ці вымерзне, ці сажнецца, ці скосіцца. Хоць засеяна, ці не засеяна, а табе ўсё роўна чысьценькія грошыкі ідуць, толькі распісвайся за іх ды кладзі ў кішэню. Або персанальная машына! Гэта табе не той здохлы жарабец, на якім я ледзь было прывалокся да Крыніцкіх. Не, за такую пасаду матку родную не пашкадуеш. Праўда, я і стараюся. Асабліва мне ахвоты паддаў тутэйшы універсітэт. Навукі я так ніякай не ўзяў, усё ж з тымі самымі "лабэндзямі" і "хладной шаллю" застаўся". Ды там і не вучаць, а толькі падкоўваюць. Мяне добра падкаваў прафесар Прытыка. "Мы, тутэйшыя, - гаварыў ён, - толькі тады пападзём у рай зямны, калі перастанем быць тутэйшымі. Мы павінны туды папасці першымі, таму спяшайцеся як найхутчэй пазбавіцца ад тутэйшызму і адразу пасылайце зводку аб гэтым..."

Добра зразумеўшы, што з такімі падковамі не паслізнешся, я панёсся ва ўсю моц, брыкаючы ўсё тутэйшае на сваім шляху.

...Ёсць у нас Тутэйшы ансамбль песні і танцу. Раней у ім былі "Лявоніха" і "Крыжачок", "Чабарок" і "Мікіта", "Юрачка" і "Кукулька", "Шастан" і "Чобаты", адным словам, усё тутэйшае. І вось я на ўсім скаку ўварваўся ў гэты ансамбль. Няўхільна выконваючы дырэктыву: "Хай спяваюць і танцуюць усё, толькі не тутэйшае", я і замяніў "Кукульку" на "Барыню", "Крыжачок" на "Гапак", "Юрачку на "Абэрак". "Мікіту" даў пад мікіткі і ўвёў албанскі танец. Праўда, пасля выйшла другая лінія, і прыйшлося албанскі танец мяняць на кубінскі, ды і гэты невядома, ці доўга пратрымаецца. І вось ад усяго тутэйшага ўцалела адна "Лявоніха". Я і на яе бы замахнуўся, але нейкі Шырма (не збаяўся такі маіх падкоў) заартачыўся. Мне сказалі, каб я пакінуў "Лявоніху". Няхай будзе, маўляў, дзеля ...шырмы. А як Нямігу я спляжыў! Хіба толькі хто-небудзь іншы мог гэта зрабіць? Праўда, і тут якісьці Баразна (дзякаваць богу, што прыбралі) са сваімі падгалоскамі аж у вышэйшую газету напісалі, але я і тут не дрогнуў, і ўсё выйшла па-мойму. Ды яшчэ ў Менску заставаўся кавалачак тутэйшы, адзін, даўніны, і яна для мяне была, як бяльмо на воку. І я тут рашыў клін клінам выбіваць. На месцы яе даў праект тутэйшы тэатр будаваць. Будзе гэты тэатр тутэйшы ці не, гэта пабачым яшчэ, але тутэйшая даўніна назаўсёды тут знікне. А гэта мне на сённяшні дзень і трэба. Ну, скажыце, хіба што-небудзь падобнае раней пры праклятым ладзе я мог зрабіць? Вось што значыць быць на пасадзе!

Быкоўскі яшчэ нешта хацеў сказаць, але ў гэты час спынілася каля яго персанальная машына, і ён, не развітаўшыся са мною, хуценька ўлез у яе і паімчаўся. Я паглядзеў яму ўслед і ўспомніў яго словы: "Машына - гэта табе не здохлы жарабец".

Далёка можа заехаць на ёй Быкоўскі. Адно толькі невядома, ці вернецца ён назад?


АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 3, 28.11.1975, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я. Купала

ГУТАРКА


Навошта свінні рогі?


Мы жывём у век, калі быллю становіцца не толькі тое, што было ў казках, а нават і тое, чаго не было. Напрыклад, рагатыя свінні! Да такой фантастыкі не дадумалася ніводная казка. Толькі прыказка: "Каб свінні рогі, дык бы яна ўвесь свет заборала б" рабіла намёк на гэта. І тым не менш, рагатыя свінні сталі рэальнасцю. Праўда, бог іх не ствараў. Але некаму, не менш усясільнаму за бога, спатрэбілася іх вывесці нават у той час, калі такі недахоп мясных і сальных свіней.

Доўга я ламаў галаву над тым, чаму гэта незвычайная парода распладзілася ў нас, у Беларусі. Але вось аднойчы пачуў, як прарохкала адна такая свіння:

- Я вечна жыць у Беларусі не сабіраюся. Вось толькі сама адкармлюся і пагадую сваіх парасят, і тады выберамся адсюль.

Мне стала зразумелым, што Беларусь для іх - адкормачны пункт, што іх адзіны занятак у нас - есці і паскудзіць. А паколькі свінні - усяядныя, то ў мяне закраўся страх, што яны могуць усё ў нас паесці і ўзамен пакінуць нам адно паскудства. І мая трывога не была дарэмнай, бо другая свіння самаўпэўнена заявіла:

- Скора ніякай вашай Беларусі не будзе, як не будзе і вас, беларусаў, і вашай мовы. Такую нам далі праграму.

- І што, ў гэтай праграме толькі гэта і напісана?

- Не ведаю, можа што і другое там ёсць, але я толькі гэта вычытала.

Я нясмела запярэчыў:

- Знойдуцца ж людзі, якія не дазволяць вам...

Але свіння нават і не сумелася, толькі ашчэрылася і пагрозліва намякнула:

- А рогі навошта?

Цяпер я зразумеў, для чаго выведзены рагатыя свінні.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 4, 05.12.1975, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


З днём Сталінскай Канстытуцыі


Шчыра кажучы, я і не думаў, што сёлета буду віншаваць вас з гэтым днём. Ды і вы ўсе так думалі. І нічога дзіўнага ў гэтым не было. І не раз, і не два самыя аўтарытэтныя нашы людзі казалі, што існуючая ў нас Канстытуцыя ўстарэла і што яна павінна быць заменена новай, што для гэтага была (і ўжо даўно) ўтворана спецыяльная камісія. І ўжо быў названы тэрмін, калі праект Новай Канстытуцыі будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне і зацверджанне. Але прыйшоў гэты тэрмін, а праекта няма і відаць па ўсяму, прынамсі, у бліжэйшыя пяць гадоў не будзе абнародаваны.

Як і заўсёды ў нас, ніхто нават не спрабаваў растлумачыць, чаму не выканана гэта абяцанне. Абышлося маўчком. І таму для нас толькі і застаецца гадаць аб прычынах гэтага.

Гавораць, што асаблівыя цяжкасці ўзніклі пры фармуляванні нацыянальных адносін у дзяржаве. Як быццам, нават меркавалася ператварыць саюз у федэрацыю і скасаваць за рэспублікамі права выхаду. І гэтаму можна даць веры. На працягу некаторага часу ў нашым друку ні з таго, ні з сяго сталі ўсяляк услаўляць федэрацыю, як найбольш дасканалую форму аб'яднання рэспублік. Але пасля гэтак жа раптоўна падобныя матэрыялы зніклі са старонак газет. Нібыта меркавалася ўвесці і агульна-дзяржаўную мову, што таксама не выключана, мяркуючы па артыкулах у друку. Відаць, і яшчэ нямала чаго меркавалася ўнесці ў Новую Канстытуцыю. Аднак яна не з'явілася. Відаць, нехта больш хітры параіў або зусім спыніць гэту справу, або адкласці яе на няпэўны тэрмін. Так цішэй будзе, а цішэй, значыць, спакайней і лепш. Па ўсяму відаць, што выраз "абы ціха" стаў дэвізам нашага жыцця. І сапраўды, пачнецца абмеркаванне Новай Канстытуцыі, і хоць будзе яно праходзіць у пэўных рамках, але ўсё роўна шум будзе, развяжуцца языкі. Пачнуць гаварыць, калі не ў голас, то шэптам, чаму гэта саюз замяніўся федэрацыяй, ды яшчэ ўспомняць, што Ленін па гэтым пытанні гаварыў. Навошта? Хай рэспублікі і надалей лічацца саюзнымі. Важна, каб у сапраўднасці яны нічога не значылі, хіба толькі яшчэ больш пладзілі бюракратаў. А наконт права выхаду, дык няхай толькі хто-небудзь заікнецца пра яго, няма ведама, дзе ён пасля гэтага выйдзе. Або навошта гаварыць пра агульна-дзяржаўную мову, калі яна на практыцы ў нас ужо ёсць. Вось так. Няхай усё застаецца па-старому, няхай і Канстытуцыя будзе ранейшая. Сталінская. Бо з сталінскім [ладам ] ўсё ж неяк зацішней, і таму мы не можам адыйсці ад яго, як сляпы ад плоту. Ды навошта адыходзіць? Сталін вучыў не адыходзіць, а абыходзіць. Даў ён нам Канстытуцыю з усімі правамі, а пасля стаў рэзаць сваіх поўнапраўных грамадзян, як самае бяспраўнае быдла. Як той казаў:

Канстытуцыю далі,

Адчынілі дзверы,

І ў астрог нас павялі,

І таўкуць без меры.

Дык навошта адракацца ад такой Канстытуцыі? Яна для нас саслужыць яшчэ не адну падобную службу. Вось чаму я па-ранейшаму і вітаю вас з днём Сталінскай Канстытуцыі!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 5, 12.12.1975, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Мова - сцяг народа


Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць. Нешта падобнае мы бачым і ў адносінах народа і яго мовы.

Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць, бо мова - гэта і ёсць сцяг народа. Вось чаму прыгнечанне народа пачынаецца са зневажання і ганення яго мовы. Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння сваёй роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце.

Нашы ворагі заўсёды стараліся рознымі спосабамі кінуць у нябыт нас. У ХVІ стагоддзі польскімі феадаламі для больш поўнага заняволення, а пасля і знішчэння нашага народа была прыдумана унія. Праўда, яе выдумалі не самі палякі, для гэтага ў іх не хапіла б розуму. Унію прыдумалі езуіты, за якімі слепа пайшла Польшча, і якую яны ў рэшце рэшт прывялі да пагібелі. Сутнасць гэтай уніі заключалася ў наступным. Паколькі ў той час вера з'яўлялася адной з адметнейшых рыс народнасці, а беларусы былі праваслаўнымі, то патрэбна было зрабіць так, каб беларусы зракліся праваслаўя і перайшлі ў каталіцтва, якое вызначала галоўную сутнасць польскай народнасці. Нездарма ж яшчэ і сёння ў нас каталіцкую веру называюць польскай, а католіка - палякам.

Але беларусы не пажадалі мяняць веру. І тады ім падставілі больш хітрую пастку - унію. Паводле яе беларусы (як і украінцы) заставаліся пры сваіх праваслаўных абрадах, але павінны былі падпарадкавацца Рымскаму папу. Народ наш раскусіў і гэтую хітрасць і таксама не захацеў мяняць веры на уніяцкі манер. Аднак з дапамогай грубай палітычнай сілы і бязлітаснага эканамічнага ўздзеяння пераважная большасць беларускіх сялян была гвалтоўна пераведзена ва уніяты. Але гэта не прынесла жаданых палітычных вынікаў. Пры уніі і нават каталіцтве наш просты народ застаўся беларускім. А ўніяцкая вера, па сутнасці, стала нацыянальнай беларускай верай, што добра разгледзеў царызм і пастараўся хутчэй яе ліквідаваць разам з беларускім нацыянальным правам - Літоўскім Статутам.

Але змяняліся часы, і значэнне веры як галоўнай прыкметы народнасці страцілася. Яе месца заняла родная мова, на якой гаварыла 9/10 насельніцтва Беларусі, незалежна ад яго веравызнання. Гэта таксама не засталося незаўважаным для нашых ворагаў, і яны адразу перанеслі свой галоўны ўдар на нашу мову. Цяжка знайсці зняважлівы эпітэт, які б яны не прыклалі да яе: грубая, простая, хамская і г.д. А ў апошні час пушчаны ў ход стары прыём уніяцтва: можаш сабе называцца беларусам, але роднай мовай называй другую. Чым жа гэта не ўніяцтва? Але паўстае пытанне: "Які ж ты беларус, калі мова твая не беларуская, а іншая?" Мова - гэта не рэлігія. Апошнюю можна змяніць і застацца ў сваёй народнасці. Але калі ты страціў сваю родную мову, то гэтым страціў і сваю родную нацыянальнасць, хоць фармальна і будзеш належаць да яе. А гэта між іншым і патрабуецца. Гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. Свабода адрачэння ад сваёй мовы - пакуль што адзіная свабода, якая прадстаўлена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна. Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці іншых свабод, спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай. Але якія б шырокія памеры ні прымала сённяшняе ўніяцтва, яно таксама асуджана на правал, як гэта было з даўнім уніяцтвам. Народ зразумее, што яму патрэбна не адна ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова - гэта яго сцяг, ідучы пад якім, ён заўсёды здабудзе ўсе свабоды.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 6, 19.12.1975, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала.

ГУТАРКА


Прывесці да адпаведнасці


У апошні час я стаў чуць нараканні на тое, што ў рабочых пачалі зніжаць разрады. Скажам, быў у чалавека пяты разрад, а яго пераводзяць на чацвёрты, а то і на трэці разрад, з трэцяга - на другі і г.д. Я спачатку думаў, што гэта нейкая дысцыплінарная мера, якая прымяняецца да розных парушальнікаў. Але вось увечары 3 снежня па тэлевізары ў юрыдычнай перадачы пачуў, што скаргі на гэта ідуць з усіх канцоў. І што ж сказаў наконт гэтага паважаны юрысконсульт? Ён ласкава растлумачыў, што ў дадзеных фактах мы маем не зніжэнне разрадаў (гэтага нават і ў выпадку пакарання недапушчальна), а што тут, бачыце, ідзе размова аб прывядзенні ў адпаведнасць з новымі тарыфікацыйнымі патрабаваннямі, якія зараз, натуральна, намнога выраслі. Вось якая логіка! Знізіць разрад нават у парадку пакарання нельга, а вось прывесці яго ў адпаведнасць - можна! Але хіба гэта не ўсё роўна?

Хіба не гэта мае на ўвазе прымаўка: "Не кіем, дык палкай". Сапраўды, не зніжэннем разрадаў, дык прывядзеннем іх да адпаведнасці балюча ўдарылі па інтарэсах рабочых людзей. У выніку хітрай махінацыі зроблена так, што рабочы зараз зможа толькі ледзь-ледзь выпрацаваць норму, нават і не думаючы атрымаць прагрэсіўку.

Такім чынам, зарплата нашых рабочых, якая і так падобна на жабрачую падачку, яшчэ больш знізіцца. І ўсё гэта робіцца цішком. На ўсе лады трызвоніцца аб павышэнні мінімальнага заработку, якое, дарэчы, мала закране рабочых, бо яны, як правіла, працуюць здзельна. А прывядзенне разрадаў у адпаведнасць з новымі тарыфікацыйнымі патрабаваннямі праводзіцца без шуму. І толькі абурэнне рабочых выносіць праўду аб гэтым выключна нахабным абрабаванні іх на паверхню. Зразумела, што ў выніку гэтага бессаромнага ашуканства рабочых ахопіць яшчэ большая абыякавасць і яшчэ больш спадзе і так ужо зусім нізкая прадукцыйнасць працы. А каму гэта хочацца працаваць на планавую безгаспадарчасць, на непатрэбную нікому гегеманісцкую знешнюю палітыку, якая нам не па кішэні. Рабочыя людзі хочуць, каб палітыка была прыведзена ў адпаведнасць з іх кроўнымі інтарэсамі АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ



№ 7, 26.12.1975, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Таму, хто прачнуўся


Дарагі сябра! Ты расплюшчыў ужо свае вочы і правільна глядзіш на свет. Але табе пакуль што страшна, ты сябе адчуваеш адзінокім, слабым і нават непатрэбным. Што ж, зразумела. Заўсёды новае страшыць і выклікае няўпэўненасць. У некаторых з'яўляецца здрадлівая думка: "А навошта мне ісці па невядомай вузенькай сцяжынцы, калі можна падобна многім ісці па бітаму шырокаму гасцінцу". І няма чаго граху таіць, іншыя, зрабіўшы некалькі крокаў у невядомае, вяртаюцца назад і скіроўваюць на вытаптаны шлях.

Але ты не паддавайся гэтаму настрою, перамагай яго.

Найперш ты павінен заўсёды памятаць, што жывеш на сваёй зямлі, што ніхто іншы, а ты - гаспадар яе. Калі ты ніколі пра гэта не будзеш забывацца, то заўсёды будзеш упэўненым у сваёй справе.

Ведай таксама, што ніхто не прынясе шчасця, дабра і парадку тваёй Радзіме, апроч цябе, і таму бяры лёс сваёй Радзімы ў свае рукі.

Абудзіўся сам - абуджай іншых да свядомага нацыянальнага жыцця. Калі ты хоць аднаго чалавека далучыш да патрыятычнай работы - зробіш вялікую справу. А зрабіць ты можаш куды болей.

Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на Радзіме. Заўсёды вусна і пісьмова ўжывай яе, змагайся за яе. Ведай, што той, хто прапаведуе вырачэнне роднай мовы, сам ад сваёй не толькі не выракаецца, але і навязвае яе яшчэ іншым.

Цвёрда запомні, што выратаванне тваёй Радзімы - у яе волі і незалежнасці. Таму змагаючыся за яе волю і незалежнасць, ты змагаешся за яе будучыню.

Самае найбольшае тваё багацце - Радзіма. Калі ты яго страціш, зробішся і сам жабраком і жабрацтва перадасі ў спадчыну сваім дзецям. Таму ўсё сваё жыццё аддай Радзіме. Кожнай сваёй думкай будзь з ёю, кожнае слова - у абарону яе, кожную сваю справу - на карысць яе Хай кожны крок твой будзе крокам тваёй Радзімы да волі!

У страшэнны час жывеш, у час беспрасветнай начы. Мы кругом абрабаваны. Усё наша ў чужых руках. Усё стала не нашым. Пазбаўленыя ўсяго, бяспраўныя нявольнікі і парабкі бяздушнай казны, мы асуджаны на жабрацкае існаванне. Мы не ведаем, калі скончыцца гэтая жудасная ноч. Ва ўсякім разе прасвету пакуль няма.

Але калі сёння немагчыма яшчэ вызваліць ад ланцугоў свае рукі, то вызваліць свае душы мы можам ужо сёння. Калі сёння нельга вырваць з чужых рук нашы багацці, то няхай нашы сэрцы вызваляюцца ад страху перад пачварнай сілай улады, хай розум наш скідае з сябе ланцугі хлусні, якія аблыталі яго. Няхай жа ў Новым Годзе ўзнікаюць вольныя песні, вольныя думкі і вольныя словы. Вядома, гэта далёка не ўсё, але з такога пачынаецца сапраўдная ВОЛЯ!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 1(8), 02.01.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Рагвалод і Рагнеда


Рагвалод - першы гістарычна вядомы полацкі князь нароўні з Турам у Тураве, з якім ён прыйшоў, як гаворыць летапіс, з замор'я. Таму цалкам дапушчальна, што Рагвалод і Тур (а ў адным летапісе так і сказана) былі браты. Але, на жаль, з летапісу мы ведаем не столькі пра жыццё Рагвалода, колькі пра яго смерць, і таму ён належыць больш нашай перадгісторыі, чым гісторыі.

Але нягледзячы на скупыя звесткі пра яго, мы можам з упэўненасцю сказаць, што Рагвалод быў мудрым дзеячом. Ён умела выкарыстаў для Полацка, які запрасіў яго княжыць з славянскага Памор'я, тагачасныя абставіны. Тады, калі кіеўскі князь Святаслаў быў заняты далёкімі заваёўніцкімі паходамі, Рагвалод спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя. Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы час магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 годзе князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц - Рагвалод - разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі. Так наша гісторыя ў самым пачатку стала трагедыяй, якая працягваецца ўжо цэлае тысячагоддзе.

Але на гэтай крывавай зары ўзыйшла наша першая зорка - Рагнеда. Хаця народ празваў яе Гарыслава, аднак яе жыццё было больш гераічным, чым гаротным. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрашэнне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Юная дачка маладой краіны мацней за ўсіх адчула нясцерпны боль Радзімы і ўсклала на свае слабыя дзявочыя плечы цяжар усіх бед і няшчасцяў, што зваліліся на Полаччыну, і не сагнулася пад ім.

Рагнеда, у якой была гордая душа князёўны-палачанкі, адмовілася выйсці замуж за князя-раба Уладзіміра, і ён узяў яе гвалтоўна. Гэтым самым ён хацеў увянчаць сваю варварскую перамогу над Полацкам, канчаткова прынізіць Рагнеду і яе радзіму і паглуміцца над памяццю яе бацькоў і братоў. Аслеплены сваёй дзікай сілай, ён не ўбачыў таго, што самага найбольшага свайго ворага ён рабіў самым блізкім сабе чалавекам. Але Рагнеда не стала жонкай-нявольніцай, бо нявольнікам робіцца не той, каго сілай пакарылі, а той, хто прымірыўся са сваім нявольніцтвам. Любоў да волі і адданасць Радзіме і вызначылі подзвіг Рагнеды. Яна ўзненавідзела Уладзіміра не толькі за тое, што ён быў забойцам яе бацькоў і братоў, але больш за ўсё за тое, што ён прынёс няволю роднай Полаччыне, што ён разлучыў яе з Айчынай, без якой, як і без волі, для яе не было жыцця. І як бы не была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце рэшт перамогуць, бо галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Прыклад Рагнеды - самае яркае пацверджанне гэтаму. Яна смела ўступіла ў адзінаборства з уладарным гвалтаўніком, і перад яе ўсемагутнай нянавісцю і непакорнасцю ён вымушаны быў адступіць, аддаўшы ёй і яе сыну Ізяславу іх родную Полаччыну, дзе яны сталі вольнымі гаспадарамі.

Як бачым, у пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці чалавечага духу і захапляльны прыклад нястомнай барацьбы за волю і Радзіму. З гэтых зерняў, так шчодра пасеяных Рагнедай, і ўзыйшла Беларусь. Можа таму яна і не загінула ў найцяжэйшых выпрабаваннях, якія выпалі на яе долю. Імя Рагнеды - дарагое і святое нашаму народу. І таму нядзіўна, што яе магілу паказваюць у розных месцах Беларусі. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі, як легенда.

Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гараць і жыватворная яе любоў да Радзімы і спаляючая яе нянавісць да гвалтаўнікоў! Як яна, мы ніколі і нікому не даруем за крыўды, нанесеныя нашай Радзіме!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 2(9), 09.01.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Прычына нашых крыўд і бед


Стала хадзячаю думка, што Беларусь ніколі не была і не можа быць самастойнай, і што яна абавязкова павінна ўваходзіць у саюзы з іншымі дзяржавамі і, само сабой разумеецца, займаць у гэтых саюзах падначаленае месца. Не будзе вялікай цяжкасцю абвергнуць гэту хлусню, але тое, што яна цвёрда ўбіта ў нашы галовы і заняла там становішча бясспрэчнай ісціны, сведчыць, наколькі нашы ворагі папрацавалі над засмечваннем нашай свядомасці, і наколькі мы былі бяспечнымі, што дапусцілі бесперашкоднае пашырэнне ў нас такога ідэйнага пустазелля.

Па-першае, няпраўда, што Беларусь заўсёды была залежнай. Так, у першапачатковы, Полацкі перыяд сваёй гісторыі, яна першаю адваявала ад Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. Самастойнай і пануючай яна была і ў Вялікім Княстве Літоўскім, якое найперш было беларускай дзяржавай, і мужна адстойвала сваю незалежнасць не толькі да 1569 году, але і пасля яго. Канчаткова Беларусь страціла сваю незалежнасць толькі ў канцы ХVІІІ ст., калі была далучана да Расіі.

Па-другое, усе уніі і саюзы, у якія ўваходзіла і ўваходзіць Беларусь, былі заключаны не па ініцыятыве Беларусі, бо яны не дыктаваліся яе патрэбамі. Яны былі гвалтоўна навязаны Беларусі яе суседзямі, якія выкарыстоўвалі часовыя неспрыяльныя знешнія ўмовы Беларусі для заключэння вечных і няроўнапраўных для яе уніяў і саюзаў. Перавага знешніх умоў над унутранымі патрэбамі - адна з самых трагічных асаблівасцяў гісторыі Беларусі ў апошнія стагоддзі. У выніку гэтага Беларусь вымушана была ісці на тое, што было ёй нявыгадна. Менавіта, усе гэтыя уніі і саюзы і патрэбны былі яе мацнейшым суседзям, а Беларусі яны ніякай карысці не давалі. Яны не выратоўвалі яе ад знешніх нападаў і не прыносілі ёй спакою і ўмоў мірнага будавання. Так, пасля Люблінскай уніі 1569 г. з Польшчай Беларусь (як, між іншым, і Польшча) была своеасаблівым пастаялым дваром для многіх чужаземных армій, якія змянялі адна адну. Скажуць, што Польшча была слабай краінай. Але вось у канцы ХVІІІ ст. Беларусь ўключылі ў склад магутнай Расійскай імперыі. Аднак гэта не выратавала Беларусь ад напалеонаўскага нашэсця, а праз сто гадоў і ад кайзераўскага. Могуць сказаць, што рускае самадзяржаўе не клапацілася аб іншых народах сваёй імперыі і слаба бараніла іх ад чужаземнага ўварвання, правільней, разглядала тэрыторыю падуладных народаў толькі як плацдарм барацьбы з іншымі дзяржавамі. Аднак, калі змянілася ўлада, Беларусь зноў стала разменнай манетай пры заключэнні Брэсцкага міру. А на Рыжскі мір Беларусь не была нават запрошана, хаця там вырашаўся яе лёс, і яна была парэзана на часткі. Магутны саюз не выратаваў Беларусь і ад гітлераўскай акупацыі. Здаецца, што гэтых фактаў дастаткова, каб зразумець, што уніі і саюзы ні разу не выратоўвалі Беларусь ад ваеннай небяспекі і разбурэнняў. Але хоць войны прыносілі Беларусі найвялікшыя страты - не яны былі галоўнай прычынай заняпаду яе. Многія еўрапейскія дзяржавы не менш цярпелі ад войнаў, але нягледзячы на гэта, дасягнулі найвялікшага эканамічнага развіцця, і не меншага палітычнага і культурнага росту. Гэта з'явілася вынікам таго, што яны былі незалежнымі краінамі, самі вырашалі свой лёс, самі па сваім меркавнні і патрэбнасцях будавалі ўласную гаспадарку і развівалі культуру. Але ўсяго гэтага была пазбаўлена Беларусь.

Калісьці Янка Купала заклікаў: "Пачнём дакапвацца самі да прычын нашых крыўд і бед". Дык вось шматвяковая залежнасць ад суседніх дзяржаў, якія рабавалі і рабуюць матэрыяльныя і духоўныя багацці Беларусі, разбуралі і разбураюць яе нацыянальнае жыццё, душылі і душаць яе культуру, - была і з'яўляецца галоўнай прычынай нацыянальнага заняпаду Беларусі.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 3(10), 16.01.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Няміга і Менск


Даўно ўжо знікла ў Менску рэчка Няміга. А зараз знішчаецца вуліца Няміга. І больш жа няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні. Але калі некалькі гадоў таму назад адзначалася 900-годдзе Менска, то казённы друк толькі скарагаворкай упамінаў бітву на рацэ Нямізе, у сувязі з якой і з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць яе значэнне ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, гэта бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў "Слове аб палку Ігаравым" самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. І хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме - Полаччыне - і яе слаўнейшаму правадыру - князю Усяславу Чарадзею - яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам - Кіеўскай імперыяй. На вялікі гонар Полаччыне, яна першай была, хто пачаў развал гэтай, паводле Карла Маркса, "недарэчнай і няскладнай, скораспелай і шматковай дзяржавы".

Жыццёвыя інтарэсы зямлі Ізяслававічаў былі процілеглымі інтарэсам імперыі Рурыкавічаў. Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі. Бітва на Нямізе і была адной з трагічных вех на гэтым доўгім і цяжкім шляху старажытнай Беларусі.

Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, якое значэнне меў у нашым далёкім мінулым Менск. Ён быў важнейшай і надзейнейшай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска былі самаахвярнымі грамадзянамі і свайго горада, і сваёй радзімы і мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску і яго жыхарам. Узяўшы ў 1067 годзе яго, яны "иссекоша мужей, а жёны и детей вдаша на щиты". Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што захапіўшы Менск, "не оставихом у него ни челядина, ни скотины".

Прайшло звыш 900 гадоў з тых гераічных часоў. Няма больш грозных палачанаў, а ёсць бяскрыўдныя беларусы. Мы больш не творым сваёй гісторыі, не баронім саміх сябе. Мы вось ужо некалькі стагоддзяў з'яўляемся рабочым быдлам, якое пакорна валачэ воз чужой гісторыі.

Няма больш і непакорнага Менска. Менск стаў Мінскам. Ён не бароніць больш ні сябе, ні Беларусь. З цвярдыні-крэпасці ён ператварыўся ў расаднік здрады, рабства і халуйства. Ён стаў траянскім канём, горадам-спрутам, які прагавіта высмоктвае фізічныя і інтэлектуальныя сілы беларускага народа для патрэб сённяшніх нашчадкаў тых, хто некалі бязлітасна разбураў Менск, беручы на шчыт яго жанчын і дзяцей і не пакідаючы ў ім ні чалядзіна, ні скаціны.

Якая ганьба нам! Гэта да нас з глыбіні вякоў нясецца папрок, які сёння гучыць, як пракляцце: "Апусціце ўжо сцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя, бо ўжо збыліся вы дзедавай славы!"

Пара, даўно ўжо пара зняць з сябе гэты праклён. Пара ўжо падняць сцягі свае, навастрыць мячы свае пашчарбаныя і пайсці слаўнай дарогай сваіх дзядоў. Уваскросім жа баявы дух Нямігі і даўняга Менска!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 4(11), 23.01.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Существительное


Змітрок выйшаў са школы яшчэ больш невясёлым, чым у ранейшыя дні. Усе яго непрыемнасці пачаліся з таго, што ён не так гаворыць, як трэба. Праўда, летась, калі ён вучыўся ў першым класе, яму настаўніца пра гэта нічога не гаварыла. Наадварот, яшчэ хваліла яго за тое, што ён так прыгожа гаворыць. Але новая настаўніца, якая стала вучыць яго ў другім класе, увесь час папраўляе яго, як і іншых дзяцей, і вучыць яго, як яна кажа, правільна і прыгожа гаварыць. Але ў Змітрака гэта дрэнна зусім выходзіць.

Ужо ў першы дзень, знаёмячыся з вучнямі і пытаючыся, як каго завуць, настаўніца сказала яму, што Змітраком называцца непрыгожа і што яна будзе зваць яго Дмитрием. І хоць прайшло некалькі ўжо тыдняў, але Змітрок ніяк не можа прызвычаіцца да новага імя. І калі настаўніца звяртаецца да яго, называючы Дмитрием, яму здаецца што гэта яна не яго, а некага іншага выклікае.

Пасля яна адвучыла Змітрака ад слова "як". Ён ніяк не можа ўцяміць, чаму непрыгожа гаварыць "як", а прыгожа "как". Яму наадварот, "как" здаецца непрыгожым, і ён саромееца вымаўляць гэта слова і маўчыць. Настаўніца садзіць яго, зазначаючы: "Странный ты, мальчик, Дми трий".

А сёння вучылі Существительное. Змітрок ледзь навучыўся вымаўляць гэта слова. Пасля быў здзіўлены, калі зразумеў, што ўсё на свеце, як ёсць, - Существительное. І душа Змітрака ніяк не магла прыняць гэтага. Як: і птушкі, і дрэвы, і рэчка, і звяры, і ўсё-ўсё - толькі Существительное. Яму зрабілася страшна і сумна. І Змітрок стаў думаць над тым, на што падобна гэтае дзіўнае Существительное. У яго ўяўленні ўжо было прамільгнула нешта страшэннае, але адразу знікла. Змітрака ў гэты час выклікала настаўніца:

- Ну, Дмитрий, приведи мне примеры существительного. Я тебя второй раз спрашиваю, а ты всё не слышишь.

Змітрок устаў, падумаў крыху і пачаў называць Существительные. Пасля кожнага сказанага ім слова ён прыпыняўся, бо яны выклікалі ў яго ўяўленні жывыя малюнкі ўсяго таго, што ён бачыў і чым любаваўся кожны дзень, ідучы ў школу і назад.

- Бусел... - пачаў ён. І адразу ўявіў буслоў на вялізным і таўшчэзным лугавым дубе. Змітрок заўсёды падоўгу глядзеў на іх нават тады, калі яны, не варушачыся, стаялі на гняздзе...

- Гай... - На міг праплыў перад вачыма невялічкі гай з яго бярозкамі, такімі белымі, што нават Змітраку яны здаваліся пабеленымі, і ён ніяк не мог утрымацца ад таго, каб не правесці па кары некалькіх бярозак і пасля не паглядзець на руку: ці не засталася пабелка? І хоць рука была чыстая, але і ў наступныя разы ён праводзіў рукой па бярозках і пасля глядзеў на яе...

- Жыта... - прадаўжаў Змітрок. На момант з'явілвся поле з жытнёвай рунню, такою непрывычна зялёнаю ў гэты час, калі ўжо ўсё пачало жаўцець...

- Шпак.. - Адразу ў вачах узнік ясень ля бацькоўскай хаты, на ім каля шпакоўні сядзіць шпак. Ідучы ў школу і вяртаючыся назад, Змітрок заўсёды махаў яму рукой...

Змітрок хацеў яшчэ сказаць некалькі слоў, але яго спыніў ласкавы голас настаўніцы:

- Подожди, Дмитрий, ты опять неправильно говоришь. Надо говорить не "бусел", а "аист", не "гай", а "роща", не "жито", а "рожь", не "шпак", а "скворец". Ну, повтори, как нужно говорить.

Змітрок адразу збянтэжыўся. Яснасць, якая пачала ўсталёўвацца ў яго галаве, знікла. Значыць, не кожнае слова можа быць Существительным. Спачатку трэба, каб яно стала нейкім пярэваратнем, аб якіх ён ведаў з дзедавых казак, і толькі тады яно можа зрабіцца Существительным. І Змітрок маўчаў. Настаўніца зноў сказала паўтарыць словы.

- Аист, роща, скворец, рожь, - услед за настаўніцай гаварыў Змітрок. І дзіўна, гэтыя словы нічога не выклікалі ў яго ўяўленні, нібы ён называў нешта ніколі не бачанае ім.

- Садись, Дмитрий, и никогда не капризничай, когда тебя учат.

І вось зараз, ідучы са школы, ён прадаўжае раздумваць над гэтым дзіўным Существительным. Ён усё ніяк не можа ўявіць, на што яно падобна. Глыбока задумаўшыся, Змітрок быў безуважны да ўсяго. Ён не палюбаваўся бусламі, а яны ж сёння нават ляталі каля гнязда, не правёў рукой па кары бярозак, хаця ў гэты сонечны дзень яны выглядалі асабліва белымі, безуважна прайшоў каля жытнёвай руні і не прывітаў рукой шпака. Дома ён таксама думаў пра Существительное.

А ўночы прысніўся яму сон. Нібы ідзе ён са школы і бачыць, як насустрач яму паўзе нешта вялізнае, доўгае і таму такое страшэннае. Ды не паўзе яно, а расцягваецца ўдоўж і таўсцее. Змітрака апанаваў страх. Ён аглянуўся назад, а па баках - нікога не было і ад гэтага стала яшчэ больш вусцішна. А тое доўгае, тоўстае, пачварнае ўсё больш расцягвалася і набліжалася да яго. Змітрок немым крыкам спытаў:

- Што гэта?

Хтосьці нябачны адказаў яму:

- Гэта ж Существительное.

А Существительное ўжо расцягнулася да ясеня, падняло галаву і пытаецца ў шпака, які сядзеў там:

- Ты кто?

- Я шпак, - адказвае той.

- Нет, ты не "шпак", а скворец, - гаворыць Существительное, разяўляе сваю зяпу і глытае шпака разам са шпакоўняй і ясенем і, патаўсцеўшы, расцягнулася далей.

Хаця Существительное было страшным і агідным, аднак голас яго ласкавы, і здаўся ён Змітраку вельмі знаёмым.

- Дык гэта ж такі голас у нашай настаўніцы, - пазнаў ён.

А Существительное ўжо расцягнулася да гаю, падняло галаву, і Змітрок зноў чуе: - Ты кто?

- Я гай.

- Нет, ты не "гай", ты - роща.

І гай гэтак жа знікае, як і шпак, а Существительное, зноў патаўсцеўшы, расцягваецца далей, глытаючы ўсё на сваім шляху. І ў мілым кутку Змітрака застаўся толькі бусел.

- Можа яно не заўважыць бусла? - са шчаслівай надзеяй падумаў Змітрок. Ды не! Вось яно расцягваецца ў бок дуба, уздымае галаву, і да Змітрака даходзіць жахлівая гутарка:

- Ты кто?

- Я бусел.

-Нет, ты не "бусел", а аист...

І бусел знікае разам з дубам. Што ж яно цяпер будзе глытаць? А пачварнае Существительное зноў пачало расцягвацца і ўжо ў бок Змітрака. Чамусьці ён раней не думаў, што яно можа праглынуць і яго. І толькі зразумеўшы гэта, ён скамянеў ад страху. А Существительное ўжо расцягнулася да яго.

-Ты кто? - пытае яно.

- Я Змітрок, - ледзь паварочваючы языком, адказвае ён.

- Нет, ты не Змітрок, ты Дмитрий, - гаворыць яно, разяўляючы зяпу і ...тут Змітрок прачнуўся.

- Добра, што я прачнуўся, а то б яно і мяне з'ела б, - па-дзіцячаму падумаў Змітрок. Але страх яго быў нядоўгім. Ён скора змяніўся радасцю ад таго, што Змітраку, нарэшце, удалося даведацца, на што падобна гэта дзіўнае Существительное.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 5(12), 30.01.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Не верце Еўтушэнкам


"Праўду з няпраўдай, цноту з гарэзіяй вымерай спрытам - будзе паэзія". Здаецца, што гэтыя радкі Янкі Купалы напісаны сёння: так яны трапна выяўляюць самую істотную рысу творчага метаду Я.Еўтушэнкі, а менавіта вельмі спрытнае перамешванне ім праўды з хлуснёю. Можна было бы неяк прабачыць Еўтушэнку, каб ён браў хлусню для прыкрыцця праўды, каб зрабіць магчымым надрукаваць твор. Не, ён робіць непамерна горшае: бярэ праўду, прычым у даволі малой прапорцыі, з тым, каб пад прыкрыццём яе працягнуць вялікую хлусню.

Што гэта так, красамоўна пацвярджае і яго апошняя паэма "Прасека", пісаная паводле ўражанняў ад паездкі на БАМ і надрукаваная ў навагоднім нумары "Литературной газеты". У ёй, як і ў іншых сваіх творах, напрыклад, у "Брацкай ГЭС", ён імкнецца пагаварыць пра многае. Але ўсё ж без асаблівых цяжкасцяў можна пачуць, як праз усю гэту стракатую сумесь праходзіць матыў асуджэння замшэлых ляжачых камянёў. І чытач мае рацыю чакаць ад Еўтушэнкі паказу іх разнастайнай калекцыі, балазе, жыццёвага матэрыялу ў гэтых адносінах хоць адбаўляй. Аднак Еўтушэнка абмежаваўся толькі выяўленнем адной пароды іх, а менавіта тых бюракратаў, што ўпёрліся, "и ни с места запчасти, машины, продукты, ушанки, горючее, спички, стихи" (відаць, пад апошнімі ён найперш разумее свае ўласныя вершы). Карацей кажучы, Еўтушэнка сказаў тое, што стала агульным месцам і нашай прэсы, і нашай сатыры і гумарыстыкі і што парадкам ужо прыгледзелася і прыслухалася нашым чытачам і гледачам. І вось як некаторыя з-за дрэваў не бачаць лесу, так Еўтушэнка не бачыць (а больш правільна, не жадае паказваць) за паасобнымі камянямі бюракратызму пачварнага валуна партыйнага абсалютызму, які, душачы сваім невыносным цяжарам усё жывое, ператварае вялікую краіну ў царства "мёртвых душ". Не, Еўтушэнка, як сапраўдны літаратурны ілюзіяніст, адводзячы позірк чытача ў мінулае, замест гэтага паказвае яму "валун крепостного права" і "лежачий камень царского трона", ці, заглядаючы ў будучае, спрытна падмяняе нашы айчынныя камяні сусветнымі ("все камни лежачие из нашего шара земного ты вырвешь, рабочий класс"). І ўжо звяртаючыся да будаўнікоў БАМа, Еўтушэнка суцяшае іх тым, што "мы тянем планету сквозь косность на тросе без запасных". Вось гэта думка і з'яўляецца найбольш замшэлым ляжачым камянём, які неабходна чым найхутчэй прыбраць з свядомасці нашага народа. Не можа наш чалавек, абалванены прымітыўнай прапагандай, задушаны егіпецкай работай, абкрадзены і прыніжаны ўсемагутнымі бюракратамі, ісці ўперадзе чалавецтва. Ён можа быць толькі безгалосай прыладай у руках нахабных прыгнятальнікаў для дасягнення імі самых рэакцыйных мэт. Вось што павінен быў сказаць Еўтушэнка будаўніку БАМа, а не ўбіваць яшчэ далей у яго галаву замшэлыя прапагандысцкія камяні.

Адначасова ў новай паэме Еўтушэнка і як умелы вялікадзяржаўны чарнасоценец. Ён, вядома, не будзе крычаць "Душить иноверцев!", бо ведае, што зараз душаць іх, гладзячы па галаве. І Еўтушэнка робіць спачатку досыць нізкі рэверанс у бок іх: "Когда я говорю: "Россия", то не позволит мне душа задеть хоть чем-нибудь грузина, еврея или латыша". Але, нагаварыўшы кучу падобных кампліментаў, ён тым не менш заключае: "Все страны мира мне родные, но прежде всех, моя Россия - ты человечество моё!" Ведае добра, што ніводнаму нацыянальнаму паэту не дазволяць напісаць (правільней надрукаваць), што яму, скажам, яго Грузія ці Латвія з'яўляецца яго чалавецтвам, і яна для яго перш за ўсё. Не, самае найбольшае, на што можа разлічваць "инореспубличий" паэт, дык гэта сказаць, што ён Латвію або Грузію сваю любіць гэтак жа горача, як і ўвесь Савецкі Саюз. Вось гэтым і карыстаюцца сучасныя літаратурныя русацяпы і ва ўсю глотку ўзвялічваюць сваю русь-матушку з яе Манамахамі (дарэчы, гэта ён у свой час хваліўся, што так вынішчыў Менск, што не пакінуў у ім "ні чалядзіна, ні скаціны"), Ермакамі, Пётрамі Першымі і іншымі дэспатамі і заваёўнікамі, што мы і бачым у паэме Еўтушэнкі.

Заслугоўвае ўвагі яшчэ вось што. Уславіўшы Расію за розныя яе дабрачыннасці, у тым ліку і за тое, што "в тёмном углу с оттопыренной нижней губой моё человечество кем-то обижено, плачет", ён у той жа час дакарае яго за грубасць у адносінах паміж самімі і заклікае яго быць "друг к другу нежней", зазначыўшы: "Нет не виновных ни в чём, мы все виноваты". Бачыце, чым уцешыў. Мы ўсе - вінаватыя ў грубых адносінах паміж сабою. Як бы не так! У адных толькі чэргах, на якія навечна асуджаны нашы людзі, можна агрубець і ачарствець да зверства. А па чыёй яны віне? Найперш па віне тых, хто, не спытаўшыся народа, бескантрольна раскідае па свеце яго дабро і бесперашкодна ўвязваецца ў розныя авантуры, што патрабуюць непамерных затрат. Але Еўтушэнка і сам не шукае віноўнікаў гэтых агіднасцяў і іншых заклікае не шукаць. Абстрактна праклінаючы розныя замшэлыя камяні, ён свядома заганяе ў свядомасць нашых людзей яшчэ адзін ляжачы камень.

У пачатку паэмы Еўтушэнка, які ніколі не вызначаўся сціпласцю, параўноўвае сваю паэзію з травою трыпутніка, якую на раны кладуць. Аднак мы ніяк не можам пагадзіцца з гэтым. Па-езуіцку хітрыя і па-халуйску вернападданніцкія вершы Еўтушэнкі наўрад ці змогуць залячыць раны. Іх хутчэй можна параўнаць з соллю, якая яшчэ больш раз'ядае раны і робіць боль асабліва нясцерпным. Не, паэзія Еўтушэнкі не лекавая трава, а атрутнае прапагандысцкае пустазелле. Гэта трэба асабліва падкрэсліць, бо Еўтушэнка, дзякуючы свайму ўмельству і капітал прыдбаць, і цнатлівасць захаваць, карыстаецца папулярнасцю перадавога паэта, нават апазіцыйнага. Якое непаразуменне! Прайшлі ўжо даўно часы просталінейных трубадураў-алілуйшчыкаў. Цяпер нашым пануючым колам патрэбны больш вытанчаныя літаратурныя ашуканцы. І Еўтушэнка - найбольш здольны з іх. Таму бойцеся іх і не верце ім!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№6 (13), 06.02.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


З чым ідзем да з'езду


Наша краіна ўвесь час перажывае крызіснае становішча. Але зараз яно дасягнула выключнай вастрыні, што асабліва падкрэсліла заганнасць сістэмы.

Найбольш балючае наша месца - сельская гаспадарка. Прадукцыя збожжа ў мінулым годзе знізілася да ўзроўню 1913 г. Вядома, усё звальваецца на недарод. Але яго памеры таксама з'яўляюцца вынікам усё тых жа прычын. Для такой вялікай краіны, як наша, з яе разнастайнымі кліматыч нымі ўмовамі неўраджай нават у самых хлебных раёнах не набыў бы да такой вастрыні, калі б у нас былі спрыяльныя ўмовы для сялян у выяўленні імі ўсёй сваёй адданасці да зямлі-карміцелькі. Але яны не з'яўляюцца яе гаспадарамі, бо ператвораны ў безгалосых парабкаў-падзёншчыкаў. Вось чаму яны без жалю пакідаюць яе і бягуць у гарады. І таму прыходзіцца на Захадзе купляць хлеб, каб хоць як-небудзь не дапусціць голаду насельніцтва і паморку скаціны. Але адно і другое ўжо пачалося.

Ды і ў нашай прамысловасці справы не лепшыя. Шмат гадоў крычалі аб высокім тэхнічным узроўні сацыялістычнай індустрыі, а на паверку аказалася адваротнае - яе выключная адсталасць. Праўда, нельга прыніжаць поспехаў нашай касмічнай і ваеннай тэхнікі. Здавалася б, паколькі ў нас усё сканцэнтравана ў адных руках, можна было б дасягненні гэтых галін перанесці на ўсю прамысловасць. Але, менавіта, ў гэтым і выяўляецца найхарактэрная асаблівасць нашага развіцця - яго пачварная аднабокасць. Ведамасныя бюракратычныя бар'еры ў нас больш моцныя, чым дзяржаўныя межы, і таму перадавая тэхніка, як і хлеб, зноў-такі завозіцца ў нашу, квітнеючую краіну з таго канаючага Захаду. А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ ліхаманку штурмаўшчыны, нізкую прадукцыйнасць працы, дрэнную якасць вырабаў, няспынны рост норм выпрацоўкі і іншае, то атрымаем больш-менш праўдзівую карціну незайздроснага становішча нашай індустрыі.

Быт і культура? Але варта толькі прыгадаць страшэнныя памеры п'янства, хуліганства, цынізму і распусты, каб зразумець, што ні пра якога новага чалавека, што мы быццам бы вырасцілі, і гаворкі быць не можа.

Можа мы маем поспехі ў нашых знешніх справах? Сякія-такія ёсць. У руках нашых уладароў знаходзіцца цяпер найбольшая тэрыторыя, чым калі б гэта было раней. Але ўсё гэта трымаецца толькі абручом нечуванага прымусу. Ды і ён не стрымаў адпадзення ад нас шэрагу дзяржаў. А канфлікт з Кітаем канчаткова паказаў усю нетрываласць так званай сістэмы сусветнага сацыялізму. У выніку, сацыялістычнае акружэнне аказалася для нас больш горшым за капіталістычнае. Праўда, гэта не спыніла нашых правіцеляў у іх імкненні да сусветнай гегемоніі, дзеля дасянення чаго яны не шкадуюць ніякіх сродкаў. Але ўсё гэта нішто іншае, як сячы сук, на якім сядзіш.

Вядома, што на з'ездзе пра гэта не будуць гаварыць, як непапраўных правалах нашай унутранай і знешняй палітыкі. Ён з'явіцца чарговым парадам казённай думкі і ўяўных поспехаў. Як можна прадбачыць сёння, у кіраўніцтве застануцца ўсё тыя ж самыя склеротыкі, якія па-ранейшаму будуць цвердзіць завучаныя ўстарэлыя формулы, не бачачы ўсёй іх недарэчнасці.

І ўсё ж я заканчваю тым, што адзначаю адзін наш несумненны поспех. Я маю на ўвазе хакей. Вось у ім мы нават не толькі дагналі Амерыку, але і пабілі яе. Дык ці не лепш было б наша кіраўніцтва замяніць нашай хакейнай камандай. Хай бы яна, умудроная досведам даганяць і пераганяць, пераносіла яго на ўсе сферы краіны. Кажаце, што гэта несур'ёзна? У такім выпадку, што ж вы прапануеце? Што ж нас выведзе з гэтага тупіка, у які мы зайшлі?



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 7(14), 13.02.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Кастусь Каліноўскі


Кастусь Каліноўскі стаў нацыянальным героем Беларусі, хаця ў яго мелася ўсё для таго, што прыводзіла іншых да здрады радзіме. Ён не пайшоў па шырокай дарозе вырачэння і прыстасавання, добра ўтаптанай многімі пакаленнямі рэнегатаў, а стаў самаахвярна пракладваць поўны трагічных небяспек шлях нацыянальнага вызвалення. Перспектыву бліскучай кар'еры і раскошнага жыцця высокапастаўленага чыноўніка Кастусь Каліноўскі без хістанняў прамяняў на кіпучае жыццё рэвалюцыянера і шыбеніцу. Ён меў шляхоцкае званне, але быў вядомы народу пад мужыцкім імем Яські Гаспадара.

Высокая адукацыя, якая для многіх з'яўлялася самай надзейнай сцяной, што адгароджвала іх ад свайго цёмнага народу, для Кастуся Каліноўскага была адным з тых мастоў, па якім ён прыйшоў у стан барацьбітоў за сваю радзіму. Для многіх "сыноў" Беларусі вырачэнне роднай мовы было іх першым крокам у здрадзе радзіме. Для Кастуся Каліноўскага вернасць роднай мове была паролем вернасці Беларусі. Ён добра бачыў, што беларуская мова была не толькі нацыянальнай, але і класавай адзнакай яго мужыцкага народа, і ён не мог уявіць уздым роднай старонкі без пазбаўлення ад прыніжэння роднай мовы. Калі да яго на гэтай мове пісалі толькі літаратурныя творы, то Кастусь Каліноўскі ўзвёў ужыванне беларускай мовы ў ранг вялікай нацыянальнай справы і шматграннай дзяржаўнай дзейнасці. На ёй ён вучыў народ сваёй "Мужыцкай праўдай", на ёй ён аддаваў загады сваім паўстанцам, на ёй ён напісаў свой запавет народу - "Лісты з-пад шыбеніцы".

Беларускі народ меў слаўную тысячагадовую гісторыю. Ён жыў у самым цэнтры Еўропы. Але акружаныя з усіх бакоў і здушаныя бязлітаснымі ворагамі, якія рабавалі іх багацці, разбуралі іх нацыянальнае жыццё: аплёўвалі іх культуру і абкрадалі іх мінулае, беларусы былі малавядомым народам. Значэнне Кастуся Каліноўскага найперш і заключалася ў тым, што ён вывеў свой народ з цемры нацыянальнай невядомасці і гэтым самым паказаў свету новую краіну - сваю родную Беларусь. Гэтым вялікім рэвалюцыйным адкрыццём Беларусі і было паўстанне 1863 года, правадыром якога стаў Кастусь Каліноўскі. Беларускае паўстанне мела свае мэты, процілеглыя мэтам польскага паўстання, якое адбывалася адначасова, гэтак жа сама як і Кастусь Каліноўскі быў поўнай процілегласцю польскім рэвалюцыянерам як у Польшчы, так і ў Беларусі. Калі яны былі містыкамі, то ён быў рэалістам. Яны бачылі шляхецкую Польшчу, ён бачыў мужыцкую Беларусь. Іх ідэал быў у мінулай Польшчы з шляхецкімі вольнасцямі, яго ідэал - у будучай Беларусі з народнай воляй.

У Кастусю Каліноўскім як бы абудзілася даўно драмаўшая энергія нашых славутых продкаў - грозных палачанаў. Пасля стаўшага легендарным полацкага князя Усяслава Чарадзея Кастусь Каліноўскі быў самым выдатным правадыром Беларусі.

Кастусь Каліноўскі глыбока разумеў, што беларускаму народу больш чым якому патрэбна была незалежнасць, бо ён быў самым зняволеным, самым прыніжаным і самым забітым народам Расійскай імперыі. Кастусь Каліноўскі быў і першым вяшчальнікам самастойнай Беларускай рэспублікі, і першым, хто распачаў будаваць яе. Узначальваемы ім Чырвоны Жонд быў першым і пакуль што адзіным сапраўд-ным незалежным Беларускім урадам.

Сярод многіх ворагаў Беларусі Кастусь Каліноўскі бачыў яе галоўнага ворага. Ужо з-пад шыбеніцы вялікі сын напомніў свайму народу, што "як дзень з ноччу не сходзіць разам, так і навука праўдзіва не йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе. Не будзе праўды, багацця і ніякай навукі, адно намі, як скацінай варочаць будуць не для дабра, адно на пагібель нашу... тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе". Гэтыя словы сёння гучаць яшчэ з большай сілай, чым сто гадоў таму назад.

Кат узвёў Кастуся Каліноўскага на эшафот. Гісторыя паставіла яго на высокі п'едэстал нязломнай рэвалюцыйнай мужнасці і бязмежнай адданасці Радзіме.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№7(15), 29.02.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Мсціслаў не аднаго сціснуў


У гісторыі Беларусі было нямала чорных датаў, але і сярод іх 1129 год з'яўляецца адной з самых жудасных.

...Вялікі кіеўскі князь Мсціслаў, прадаўжаючы крывавую справу сваіх папярэднікаў, рашыў канчаткова расправіцца з непакорнай Полаччынай. Для гэтага яму выдаўся зручны выпадак. Ён прапанаваў полацкім князям пайсці разам з ім супроць полаўцаў "на шалудзівага Баняка". Але палачане адмовіліся, сказаўшы пры гэтым: "Ты з Баняком упраўляйся сам, а мы маем дома што рабіць". Гэтыя словы добра сведчаць, што палачане яскрава ўсведамілі несумяш чальнасць сваіх інтарэсаў з інтарэсамі Кіева. Яны таксама ніколі не забываліся, што самыя найбольшыя крыўды ім прыходзілася цярпець ад кіеўскіх князёў і таму не пажадалі ўдзельнічаць у іх ваенным пачынанні.

Вядома, Мсціслаў не мог сцярпець такой непавагі да яго. Перамогшы полаўцаў, ён адразу прыступіў да ажыццяўлення свайго пачварнага намеру задушыць вольналюбівую Полаччыну. Спачатку ён паслаў супроць яе войскі ўсёй Рускай зямлі, якія рабавалі і вынішчалі яе народ. Але калі і гэта не застрашыла палачанаў, то Мсціслаў наважыў расправіцца з імі больш хітра і лёгка.

Добра ведаючы, што полацкія князі былі самымі паслядоўнымі носьбітамі ідэі незалежнасці сваёй зямлі і сапраўднымі правадырамі свайго народа, ён цяпер свой галоўны ўдар накіраваў супроць іх. Карыстаючыся даверлівасцю палачанаў (наіўнасць - наша спрадвечная хвароба), Мсціслаў нейкім чынам заманіў усіх полацкіх князёў з іх сем'ямі ў адно месца, забраў іх у палон, пасадзіў у лодкі і адправіў у Візантыю. Абезгаловіўшы Полаччыну, чужыя ўладары сталі ўсё рабіць, каб знясіліць нашу зямлю і змярцвіць яе вольналюбівую душу. Яны пачалі пагалоўна забіраць палачан, вывозіць іх на чужыну і прадаваць у нявольніцтва. Бачачы гэта і не жадаючы апынуцца ў беспрасветным палоне, людзі сталі разбягацца. Зямля пусцела. Здавалася, што ворагі дасягнулі сваёй мэты: Полаччына загінула.

Але як часта бывае, зло асабліва лютуе перад канцом сваім. Так было і цяпер. Гэта ліхалецце цягнулася на нашай зямлі тры гады. У 1132 г. памёр Мсціслаў, і Полаччына забурліла адразу. Чужынцы былі выгнаны, а ў Полацк вярнуліся свае князі. Радзіма наша стала вольнай. Больш таго, аслабленая Кіеўшчына адраклася ад сваіх намераў пакарыць Полаччыну. Барацьба за волю, якой бы яна не была цяжкай і доўгай, заўсёды заканчваецца перамогай!

Але гэтая змрочная пара, відаць, моцна ўразіла наш народ і навечна адбілася ў яго памяці. Менавіта, з гэтага часу і з'явілася вядомая беларуская прыказка: "Мсціслаў не аднаго сціснуў" і ўжо звыш васьмісот гадоў жыве ў народзе. І гэта не выпадкова. Імя Мсціслава стала сімвалічным. Падобныя яму яшчэ неаднаразова з'яўляліся ў нашай гісторыі і многіх яны сціснулі, але, як і ў першы раз, не змаглі заціснуць і задушыць наша адвечнае і святое імкненне да волі!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 9(16), 27.02.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Прадказанні, якія спраўдзіліся


Я дазволю сабе вярнуцца да адной палемікі, якая адбывалася ў пачатку нашага стагоддзя, бо лічу, што яна лепш, як нішто, растлумачыць прычыну і сутнасць некаторых сённяшніх з'яў.

1 мая 1904 г. Г.Пляханаў у газеце "Искра" змясціў артыкул "Цэнтралізм ці банапартызм?", у якім рэзка асудзіў арганізацыйныя асновы партыі, якія прапаноўвалі Ленін і ленінцы. Апошнія разважалі прыкладна так: падрыхтоўка пралетарыяту да дыктатуры - такая важная арганізацыйная задача, што ёй павінны быць падначалены ўсе іншыя. Падрыхтоўка заключаецца, між іншым, у стварэнні настрою ў карысць моцнай, уладарнай пралетарскай арганізацыі, у высвятленні ўсяго значэння яе. Далей сцвярджалася, што Цэнтральны Камітэт можа сваёй уладаю раскасіраваць камітэт ці іншую арганізацыю, ён можа пазбавіць таго ці іншага члена партыі яго правоў. Інакш нельга паспяхова арганізаваць справу пралетарскай барацьбы. У гэтым, на думку ленінцаў, і заключаўся прынцып цэнтралізму.

І вось Пляханаў з уласцівым яму палемічным бляскам і выключным дарам прадбачання паказаў, да чаго можа прывесці такі, з дазволу сказаць, цэнтралізм: "Уявіце сабе, што за ЦК усімі намі прызнана пакуль яшчэ спрэчнае права "раскасіравання". Тады адбываецца вось што. З нагоды прыбліжэння з'езду ЦК усюды "раскасірвае" усе незадаволеныя ім элементы, усюды саджае сваіх крэатур і, напоўніўшы гэтымі крэатурамі ўсе камітэты, без цяжкасцяў забяспечвае сабе цалкам пакорлівую большасць на з'ездзе. З'езд, складзены з крэатур ЦК, дружна крычыць яму "ура!", ухваляе ўсе яго ўдалыя і няўдалыя дзеянні і апладзіруе ўсім яго планам і пачынанням. (Праўда, знаёмая ўсім нам карціна. - С.Б.). Тады ў нас, сапраўды, не будзе ў партыі ні большасці, ні меншасці, бо ў нас тады ажыццявіцца ідэал персідскага шаха". (Соч., т.13. Госиздат, М.-Л., 1926, стр. 90). І далей, характарызуючы такі "цэнтралізм", Пляханаў прадаўжаў: "Гэта проста-такі была мёртвая пятля, туга зацягнутая на шыі нашай партыі, гэта - банапартызм, калі не абсалютная манархія старой, дарэвалюцыйнай "манеры". Вы ўяўляеце, што такі быццам бы "цэнтралізм" неабходны для справы пралетарскай барацьбы, а я кажу , што ён не мае зусім нічога агульнага з пралетарскай барацьбой і што само ўзнікненне думкі аб гэтым у галаве рускіх сацыял-дэмакратаў паказвае, што наша партыя, на жаль, не выйшла са свайго дзіцячага перыяду" (там жа). Аспрэчваючы тое, што ўсё гэта, маўляў, патрэбна для ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту, ён зазначыў, што тут, відавочна, блытаецца дыктатура пралетарыяту з дыктатурай над пралетарыятам (там жа, стар. 91). Праўда, цэнтрысты гаварылі, што ЦК ім уяўляецца, як калегія самых дасведчаных, самых энергічных, самых загартаваных барацьбітоў, самых разумных і выпрабаваных паслядоўнікаў ідэй рэвалюцыйнага сацыялізму і ім таму можна і неабходна дазволіць унікнуць у кожную дробязь справы, ім можна і неабходна дазволіць даваць найшырэйшыя паўнамоцтвы. І вось Пляханаў і зноў па-прароцку сказаў на гэта: "Калегія барацьбітоў самых дасвечаных і самых разумных! З каго вы смяецеся? Які ж дасведчаны і разумны чалавек захацеў бы ўвайсці ў такую калегію, якая, згодна з вашым планам, уяўляла б сабой злачынны замах на жыццё РСДРП?! У такую калегію захацелі б увайсці толькі абмежаваныя славалюбцы. Славалюбцы - бо яны адважыліся б з інтарэсаў партыі зрабіць п'едэстал для сваёй асабістай пыхлівасці. Абмежаваныя - бо яны не разумелі б, да якой ступені нізкі, крохкі і нікчэмны такі п'едэстал. Не, калі б наша партыя на самай справе ўзнагародзіла сябе такой арганізацыяй, то ў яе радах вельмі скора не засталося б месца ні для разумных людзей, ні для загартаваных барацьбітоў: у ёй засталіся б толькі жабы, якія атрымалі ўрэшце жаданага цара, ды Цэнтральны Журавель, які бесперашкодна глытае гэтых жаб адну за другой" (там жа).

Каментарыі тут, як кажуць, непатрэбныя, бо ўсё працытаванае само па сабе растлумачвае тыя парадкі, якія запанавалі ў нашай партыі, а затым і ва ўсёй нашай краіне. Мы яскрава разумеем, што ў нас у выніку рэвалюцыі ажыццявілася не дыктатура пралетарыяту, а дыктатура над ім, як і над усім народам, чаму Сталіну ў свой час удалося праглынуць усё сапраўды сумленнае, разумнае і рэвалюцыйнае, што яшчэ засталося ў партыі і чаму апошняя стала такой прыцягальнай для розных кар'ерыстаў-славалюбцаў, чаму ў нас усё прымаецца і адабраецца аднагалосна і г.д.

І ўсё ж у адным Пляханаў памыляўся. Гэта тады, калі ён дзіцячым узростам партыі растлумачыў з'яўленне ў рускай сацыял-дэмакратыі раскрытыкаваных ім цэнтрысцкіх прынцыпаў. Справа, вядома, была не ў гэтым, бо чым болей вырастала партыя, тым яна ўсё больш і больш замацоўвала ў сваёй практыцы цэнтралізм. І гэта адбывалася таму, што адпавядала больш азіяцкім умовам жыцця Расіі, якая за стагоддзі татаршчыны, прыгонніцтва і самаўладства прывыкла схіляцца перад усім гэтым. А тое, што прапаноўвалі Ленін і ленінцы, асабліва імпанавала расійскай рабскай душы, і яно перамагло. Нездарма ж А.Герцэн характарызаваў камунізм як самадзяржаўе наадварот. Уся далейшая гісторыя партыі і краіны пацвердзіла гэта. Сталіншчына далёка пераўзышла ідэалы персідскага шаха! Можа быць, яе найбольшым злачынствам было тое, што яна яшчэ больш замацавала ў краіне азіяцкія традыцыі татаршчыны, прыгонніцтва і самаўладства.

Наадварот, ідэя Пляханава аб арганізацыйнай будове партыі была еўрапейскай. Ён бачыў у членах партыі не вінцікаў, а асоб, шматбаковы і свядомы ўдзел якіх у жыцці партыі быў неабходнай умовай заваявання ёю становішча сапраўднага авангарда, як пралетарыяту, так і ўсяго народа. На жаль, людзей, якія думалі і імкнуліся дзейнічаць па-еўрапейску, у той час у Расіі было мала. Праўда, у партыі іх было больш, але ўсё ж намнога меней тых, хто думаў і дзейнічаў у традыцыйным расійскім духу. Вось чаму пляханаўская думка, хоць і была правільнай, але не змагла перамагчы ў партыі.

У заключэнне яшчэ раз звернемся да Пляханава. Ён высмеяў вынаходнікаў гэтай дыктатуры яшчэ і за тое, што яны гатовы былі паднесці яе, як важнае адкрыццё, заходняму пралетарыяту (там жа, стар.91). І, сапраўды, такое паняцце аб дыктатуры пралетарыяту было навязана ўсім кампартыям свету, і яны слепа пераймалі яго, і, трэба сказаць, што ў Кітаі, Манголіі ўсё гэта прыжылося. Аднак у Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі выклікала рэзкае супраціўленне і ўтрымалася, толькі дзякуючы знешняй сіле. У апошні час асабліва ўбачылі ўсю неадпаведнасць расійскага ўзору дыктатуры пралетарыяту еўрапейскім умовам буйнейшыя заходнія кампартыі, якія сур'ёзна думаюць браць дзяржаўную ўладу на сябе. І яны адна за другой выра-каюцца прынцыпу дыктатуры пралетарыяту, які асацы-іруецца ў свядомасці заходняга грамадства з пачварнай сталіншчынай. Так гісторыя выпраўляе памылкі, якія яна магла б і не зрабіць, калі б была больш уважлівай да голасу людзей, што заглядвалі далёка наперад.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 10(17), 05.03.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Інтэлігенцыя - вочы народа


Народ будзе датуль сляпым, пакуль не будзе мець сваёй інтэлігенцыі, бо яна - вочы народа. Гэта, ў першую чргу, справядліва ў адносінах да беларускай інтэлігенцыі.

У іншых народаў ролю іх правадыра бралі на сябе паасобныя класы і, у прыватнасці, буржуазія. У Беларусі гэтага не было. Эканамічна слабая, а таму і баязлівая, беларуская буржуазія не толькі была антынароднай, як і ўсякая буржуазія, яна была яшчэ і антынацыянальнай. Не могучы не толькі стаць на чале народу, але нават і абараняць свае вузкакласавыя інтарэсы, яна заўсёды пакорліва схіляла сваю галаву перад кожным чужым заваёўнікам, які аказваўся мацнейшым за папярэдняга, і за бясцэнак прадавала яму свой народ. І таму няма больш бессэнсоўнага, чым выраз "беларускі буржуазны нацыяналізм". Ужо ў чым іншым, а ў гэтым граху беларускую буржуазію западозрыць нельга. Не дарасла яна да нацыяналізму. Яна ніколі не мела нацыянальнага гонару і не толькі не змагалася за нацыянальную мову і культуру, але актыўна дапамагала душыць іх.

Толькі частка беларускай інтэлігенцыі была сапраўдным выразнікам інтарэсаў свайго народа. Але на яе шляху было шмат перашкодаў.

Прыгнятальнікі нашага народа, бачачы ў ёй свайго галоўнейшага ворага, усё рабілі для таго, каб зганьбіць яе перад народам, а калі гэта не ўдавалася, то і фізічна яе знішчалі. А гэта роўназначна было асляпленню народа.

Вось чаму гэта інтэлігенцыя была нешматлікай, і яна не магла ахапіць сваім уплывам увесь народ. Таму пашырэнне кола гэтай інтэлігенцыі, узмацненне ўплыву яе на народ было заўсёды першачарговай нашай нацыянальнай задачай.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 11(18), 12.03.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Пра змест і форму


Няма большай недарэчнасці, як вядомая формула, што сцвярджае: "Наша культура з'яўляецца сацыялістычнай (раней казалі пралетарскай) па зместу і нацыянальнай па форме". Але як бясконца паўтаралі і прадаўжаюць паўтараць, што мы нават перасталі заўважаць яе бессэнсоўнасць.

Сапраўды, форма вызначаецца зместам, і таму нацыянальная форма павінна вынікаць з нацыянальнага зместу, а не з якога-небудзь іншага. Так яно было, ёсць і будзе. Любая вялікая культурная каштоўнасць заўсёды з'яўляецца нацыянальнай і па зместу, і па форме.

Але тады паўстае пытанне: для чаго ж была прыдумана гэта бессэнсоўная формула? І для чаго яна так шырока прапагандуецца? Адказы на гэтыя пытанні і ўскрываюць яе практычнае прызначэнне.

Шырока рэкламуецца гэта формула менавіта таму, што яна бессэнсоўная. Патрэбна было, каб яе засвоілі, як нешта бясспрэчнае і відавочнае. І гэта ўдалося. На падставе гэтай формулы і пачалася барацьба з нацыянальным зместам. І ён быў сапраўды выхалашчаны. У гэтым галоўная прычына шэрасці і бяздарнасці, якія запанавалі ў нашай літаратуры і мастацтве. Але гэта і патрэбна было. Аўтары формулы меней за ўсё дбалі аб развіцці нацыянальнай культуры. Яны больш думалі пра тое, каб зменшыць яго ўплыў на народ і канчаткова яе знішчыць. І гэта не прымусіла сябе доўга чакаць. Выгнаўшы нацыянальны змест, яны ўзяліся зараз за паступовую ліквідацыю нацыянальнай формы. Бо ў нацыянальнай форме яны бачаць у той ці іншай меры выяўленне нацыянальнай свядомасці, што іх асабліва страшыць, у чым яны бачаць адну з галоўнейшых сваіх небяспек.

Вось у чым практычны сэнс гэтай бессэнсоўнай формулы.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 12(19), 19.03.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Ці страшная нам культура?


"Беларусь - гэта параджэнне цемры і адсталасці. Вось пашырыцца паўсюдна культура, і ўсё беларускае знікне," - гавораць нам нашы ворагі. Карацей кажучы, культура задушыць Беларусь і ўсё беларускае. Тыя, што гавораць гэтак, будучы самі душыцелямі па свайму жыццёваму прызначэнню, нават на культуру глядзяць, як на сродак удушэння. А можа, сапраўды, яны маюць рацыю? Можа, сапраўды, культура для нас, беларусаў, небяспечная рэч?

Што ж, звернемся да фактаў. А яны нам гавораць вось што.

Беларусь ужо ў самым пачатку сваёй гісторыі, з'яўляючыся месцам скрыжавання вялікіх гандлёвых шляхоў як з поўначы на поўдзень, так і з усходу на захад, падпадала пад моцнае ўздзеянне розных культур у большай ступені, чым якая-небудзь старажытная зямля ўсходніх славянаў. Аднак гэта ніколі не забіла ні яе палітычнай самастойнасці (хто болей, як прабацькаўшчына наша - Полаччына - змагалася за сваю незалежнасць і адстаяла яе?!), ні яе ўласных духоўных магчымасцей (варта прыгадаць толькі імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча). Створаная ў гэты час культура наша была настолькі багатай і моцнай, што на працягу наступных чатырох стагоддзяў змагла ўсебакова абслугоўваць буйнейшую тагачасную дзяржаву ў Еўропе - Вялікае Княства Літоўскае. У XVI ст. наша культура ў асобе Францыска Скарыны паднялася да вяршыняў сусветнай культуры, а на працягу двух стагоддзяў яна была сцягам барацьбы нашага народа за сваю самабытнасць.

Гэта барацьба была выклікана тым, што менавіта ў той час у бязмозглай галаве польска-каталіцкага ўраду зарадзілася вар'яцкая ідэя: задушыць нашу народнасць. Польшча, страціўшы пад напорам немцаў свае спрадвечныя землі на захадзе, захацела гэтыя страты кампенсаваць заваёвамі на ўсходзе. Польскім правіцелям здавалася, што беларусаў і ўкраінцаў гэтак жа будзе лёгка спалячыць, як палякаў анямечыць. І вось дзеля дасягнення гэтай мэты побач з палітычным гвалтам былі пушчаны ў ход і культурныя, калі можна так сказаць, сродкі. Езуіты - авангард польска-каталіцкай навалы - пачалі завабліваць нашых людзей на дыспуты ў касцёлы, адчыняць шматлікія школы з бясплатным (!) навучаннем. Як бачым, сучасныя "культурныя" душыцелі далёка не арыгінальныя ў сваім спосабе дзеянняў. Было б няпраўдай, калі б мы сказалі, што езуітам нічога не ўдалося дасягнуць. Яны зрабілі шмат шкоды нашаму народу. Ім сапраўды ўдалося спачатку акаталічыць, а пасля і апалячыць наш верхні клас. Але зрабіўшы многае, езуіты не зрабілі галоўнага, а менавіта, не апалячылі просты народ, які не пайшоў за сваімі панамі і застаўся верным сваім нацыянальным традыцыям. Польска-каталіцкія правіцелі ўбачылі, што культура - вельмі ненадзейны сродак удушэння народу, бо нават магнатаў і шляхту яны на свой бок перацягнулі не столькі культурай, колькі прывілеямі-падачкамі. І яны ўзялі ў свае саюзнікі цемру. Аб гэтым сведчыць так званы праект 1717 г., які можна з поўным правам назваць маніфестам цемрашальства. У ім апроч усяго іншага не менш дзікага і жудаснага, адкрыта прапаноўвалася не дапускаць беларусаў атрымліваць адукацыю і, пакідаючы іх у невуцтве, даводзіць іх да галечы і крайняй беспрасветнасці: папоў ставіць без адукацыі, каб яны не маглі вучыць народ; сялянскім сынам забараніць вучыцца ў школах. Вось які, гаворачы сучаснай мовай, круты паварот. То бясплатна вучылі, а то загадалі і блізка не падпушчаць да школы. Гэта палітыка таксама нанесла нашаму народу вялікую шкоду, але найбольшую шкоду яна прынесла самой Польшчы. Рыхтуючы другім нацыянальную смерць, яна гэтым самым хутчэй наблізіла сваю палітычную смерць, разышоўшыся ў канцы ХVІІІ ст. па руках суседзяў. Сучасным смертаносцам не пашкодзіла б улічыць гэтыя паказальныя ўрокі гісторыі!

Мы не будзем падрабязна спыняцца на далейшым жыцці Беларусі, калі яна стала забраным краем царскай Расіі. Высокая рука расійскіх самадзержцаў душыла нас таксама рознымі сродкамі: турмой і пятлёй, катаргай і цемрай. Спрабавала яна прыкончыць нас і культурай, якую пазнейшы паэт назваў "культурай чорнаю раз'юшаных баяр". Гэта чорная культура патопам разлілася па нашай зямлі пасля бурнага 1863 г. Але нягледзячы на гэта, Беларусь хоць і павольна, але няўхільна выбіралася з цемры нацыянальнага нябыту на светлую дарогу адраджэння. І (хай добра ўспомняць гэта нашы каты культуры) у гэтым ёй вялікую дапамогу аказала праўдзівая навука, навука, што зрывала покрыва хлусні, накінутае на нашу выдатную мінуўшчыну, навука, што збірала нашы песні і прыказкі, легенды і казкі і паказвала іх непаўторнае хараство, навука, што даследавала нашу чароўную мову і даказала яе самастойнасць. Менавіта, з часу развіцця сапраўднай аб'ектыўнай навукі аб Беларусі, якое прыпадае на 80 - 90-я гг. ХІХ ст., пачынаецца бурны рост беларускага нацыянальнага руху. І ён скора набраў такую сілу, што выдатны беларускі этнограф Нікіфароўскі змог з упэўненасцю сказаць: "Калі нас дасюль не з'елі, то і зараз не з'ядуць". Яшчэ з большым правам гэтыя словы мы можам паўтарыць сёння.

Не, праўдзівая навука і культура нас не толькі не задушылі, але наадварот, уваскрасілі. Нам здаецца, што Беларусь хочуць задушыць не культурай, а невуцтвам і хлуснёй, бо нашы душыцелі самі больш за ўсё баяцца праўдзівай навукі, сапраўднай культуры. Што ж, яны ведаюць, чаго баяцца. Нам жа, беларусам, не страшная сапраўдная культура і праўдзівая навука. Няхай перад імі дрыжаць нашы ворагі.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 13(20), 26.03.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё


У чым прычына канфлікту паміж Савецкім Саюзам і Кітаем?

Афіцыйна тлумачыцца ідэалагічнымі разыходжаннямі паміж кіруючымі партыямі. Аднак такое сцверджанне не можа быць пераканаўчым. Гісторыя поўна прыкладаў, якія паказваюць, што ідэалагічнае адзінства не перашкаджала палітычнай і ваеннай варожасці, як і ідэалагічная варожасць не перашкаджала палітычным і ваенным саюзам. У апошнюю сусветную вайну знаходзіліся ў адзіным лагеры Савецкі Саюз і капіталістычныя краіны. Ідэалогія - далёка не галоўны фактар ва ўзаемаадносінах правячых партый і тым больш дзяржаў.

У дадзеным выпадку ідэалагічныя разыходжанні з'яўляюцца толькі покрывам больш глыбокіх разыходжанняў, а менавіта, нацыянальных, дзяржаўных. Ніводная з гэтых дзяржаў не жадае падначальваць свае інтарэсы інтарэсам другой. Канфлікт паміж дзвюмя буйнейшымі сацыялістычнымі краінамі паказаў, што гісторыя прадаўжае рухацца наперад не толькі барацьбой класаў, але і (магчыма, нават у большай ступені) барацьбой нацый. Тое, што кіраўнікі гэтых партый і дзяржаў абвінавачваюць адзін другога ў вялікадзяржаўным шавінізме, добра паказвае, што як адны, так і другія ў аднолькавай меры не кіраваліся і не кіруюцца прынцыпымі пралетарскага інтэрнацыяналізму, што апошні ў іх вуснах - гэта толькі слоўнае прыкрыццё іх імперыялістычных намераў і абман залежачых ад іх малых народаў.

Цяпер ужо стала відавочным, што сацыялізм, як і другія сацыяльныя фармацыі, не нясе з сабой ні міру, ні братэрства паміж народамі. Наадварот, шавінізм ва ўмовах сацыялізму набывае нябачныя раней памеры, што мы бачым на прыкладзе Савецкага Саюза і Кітая. Дарэмна, нам здаецца, Г.Кісінджэр баіцца, што калі камуністы ў Італіі і Францыі прыйдуць да ўлады, то гэта прымусіць Амерыку пераглядзець свае адносіны да названых краін. Дарэмныя страхі. Ні італьянскія, ні французскія камуністы не прададуцца Маскве і не падумаюць выходзіць з НАТА. Найперш яны пастараюцца апеляваць да нацыянальных пачуццяў сваіх народаў, і на гэтым і будуць умацоўваць сваю ўладу. Нездарма ж ужо зараз французскія камуністы імкнуцца перахапіць у галістаў ідэю моцнай і незалежнай Францыі. Усе гэтыя факты сведчаць, што ідэя абароны нацыянальных інтарэсаў з'яўляецца важнейшай прыкметай нашага часу. Яшчэ ў большай ступені гэтай ідэі павінны быць адданымі мы, беларусы.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 14(21), 02.04.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Ты хочаш жыць для Беларусі?


Ты хочаш жыць для Беларусі,

Служыць за праўду ў барацьбе?

Тады, мой сябра, я звярнуся

З наступным словам да цябе.

Прымай жа праўду ты без страху

(Як некалі прыняў Кастусь),

Няма цяжэйшага больш шляху,

Чым у змагара за Беларусь.


Але ты йдзі ім непахісна,

Хоць будзе й цяжка для цябе

Ісці пад крыкам ненавісным

Насуперак чужой гразьбе.


Хоць часам будзе поплеч мала

Сяброў, ці будзеш мо адзін,

Не збойся страшнай ты навалы

І з большай ўпартасцю ідзі!


І вер: запаліш многіх сэрцы,

І будуць йсці яны з табой,

І пульс змагання ў нас заб'ецца,

І за свабоду грымне бой!


Не раз цябе зларадна ўкусяць,

Пад сэрца ўдарыць, як нажом:

Ты не ўратуеш Беларусі -

Чакае смерць яе ужо!


Вось гэтак чорны зброд усякі

Прарочыць смерць нам сотні год.

І не было таго сабакі,

Што не збрахаў на наш народ.


І гэтым псам, што лютай злосцю

Кіпяць на нас, ты адкажы:

"Ў зямлі сатлеюць вашы косці,

А Беларусь ўсё будзе жыць.


Цяпер (і нават без прымусу)

Да хрыпу свой гарляк дзяруць

Больш падстаўныя беларусы

За падстаўную Беларусь.


За тую, што свайго зраклася,

Што прагне ў скуры чужой жыць,

Што з доляй рабскаю зжылася

І ў іншай ўжо не хоча быць.


Ты ад імя той Беларусі

На ўвесь свой голас гавары,

Што не змарнела у прымусе,

Што к волі прагаю гарыць.


Але адданых слоў тут мала,

Найперш ты справай дакажы,

Што мы не будзем у палоне,

Што заваюем права жыць.


Бо далей слоў пустых і мрояў

Ніяк нічога ў нас не йдзе.

Дзе ж сёння нашыя героі?

Святыя нашы сёння дзе?


Дык адчыняй іх слаўны шэраг,

Вялікі подзвіг свой ствары.

Няхай і ў нашых буднях шэрых

Агонь няскорнасці гарыць!


Міне цябе хай грэх вялізны

Балбатуноў тых і пісак,

Што ўсяк расхвальваюць Айчыну,

Бясконца славяць яе ўсяк.


Пасля ж Радзіму забываюць

За ганарары, за чыны,

І толькі ўжо старанна дбаюць

Пра слааву ўласную яны.


Бо Беларусь для іх натуры

Ёсць п'едэстал той, на які

Свае нікчэмныя фігуры

Яны ўзняць хочуць на вякі.


Не для таго твая ўся праца,

Агністы дар душы тваёй,

Каб над Радзімаю узняцца,

А каб яе ўзняць над сабой.

Узняць яе на дзіва свету,

Як край, дзе воля расцвіла,

Дзе праўдай чыстай люд сагрэты,

Дзе царства шчасця і святла...


...Ідзі ж за гэта ты без страху,

Як некалі ішоў Кастусь.

Няма пачэснага больш шляху,

Як ў змагара за Беларусь.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№15(22), 09.04.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Цэнтралізацыя, дэцэнтралізацыя і дэмакратызацыя


У гісторыі савецкага грамадства нельга не заўважыць кідання ад цэнтралізацыі да дэцэнтралізацыі і наадварот. Варта толькі прыгадаць яшчэ незабытыя саўнаргасы і іх скасаванне, каб пераканацца ў гэтым. У чым жа тут прычына?

Справа ў тым, што і цэнтралізацыя, і дэцэнтралізацыя з'яўляюцца формамі выражэння інтарэсаў розных сацыяльных груп нашага "бескласавага" грамадства. Калі так, то давайце разбярэмся, хто ў нас за цэнтралізацыю і хто за дэцэнтралізацыю.

Як гэта ні дзіўна, за цэнтралізацыю ў нас стаіць самы шматлікі наш клас - працоўны народ, хаця ад яе ён больш за ўсё і церпіць. Але гэта заканамерна. Забіты, палітычна адсталы народ здольны бачыць толькі непасрэдных сваіх прыгнятальнікаў, якіх ён лічыць сваімі галоўнымі ворагамі. Хто мае мала, той не хоча мець яшчэ менш. З гэтай прычыны народ баіцца, што ў выніку аслаблення вышэйшай улады, яго найбліжэйшыя крывасмокі, не адчуваючы над сабой ніякага кантролю, яшчэ больш абнаглеюць і не будуць ведаць межаў у сваіх бясчынствах. Вось чаму такі народ будзе заўсёды абагатвараць моцную ўладу і чакаць ад яе міласці і ратунку.

Аднак больш за ўсіх у цэнтралізме зацікаўлена бюракратыя, як партыйная, так і дзяржаўная. Гэта і зразумела. Цэнтралізацыя і ёсць тая глеба, на якой буйна ўзрастае і пышна квітнее бюракратычны чартапалох. Такім чынам, за цэнтралізм стаяць дзве самыя магутныя сілы, два самыя крайнія антыподы, інтарэсы якіх могуць так уродліва супасці толькі ва ўродлівым грамадстве: усемагутны творца багаццяў і бяссільны ўладар бяспраўя - працоўны народ і ўсемагутная сваімі неабмежаванымі правамі і ўладай бюракратыя. У гэтым і галоўная прычына таго, што цэнтралізацыя ўрэшце рэшты бярэ верх над дэцэнтралізмам.

Галоўнымі носьбітамі ідэі дэцэнтралізацыі з'яўляецца гаспадарчая арыстакратыя: дырэктары прадпрыемстваў і саўгасаў, старшыні калгасаў і ім падобныя. Яны толькі фармальна лічацца прадстаўнікамі дзяржавы або выбраннікамі народа. Фактычна ж яны - поўнаўладныя гаспадары матэрыяльных багаццяў краіны. А хто мае шмат, той хоча мець яшчэ болей. Валодаючы ўсімі багаццямі, гэта арыстакратыя жадае мець і поўную, неабмежаваную ўладу. Дасягнуць яе можна толькі цераз дэцэнтралізацыю, г.зн. цераз аслабленне вышэйшай улады. Новаяўленым феадалам удаецца сядытады дабіцца некаторых уступак у сваю карысць, але толькі ўступак. Дэцэнтралізацыі жадае і некаторая частка інтэлігенцыі. Часцей за ўсё гэта добрыя спецыялісты, якія творча працуюць і якія свабодна могуць абысціся без панукання вышэй стаячых бюракратаў.

Як бачым, ні цэнтралізацыя, ні дэцэнтралізацыя не з'яўляецца сапраўдным выражэннем інтарэсаў працоўных. Яны ўсяго толькі формы суперніцтва дзвюх пануючых у нас груповак. Народу патрэбна самая шырокая і паслядоўная дэмакратызацыя ўсяго нашага жыцця. Пакуль яе няма, датуль нельга нічога добрага чакаць. У дэмакратызацыі - наша выратаванне.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 16(23), 16.04.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Зноў цяжар


Прачнуўшыся, Валодзя глянуў у расчыненае акно. Ён убачыў залітую сонцам вясковую вуліцу, кветкі ў агародчыку і неба, з якога падаў лівень жаўруковых спеваў. Валодзю здалося, што ён такім прыгожым і ўрачыстым і ўяўляў той дзень, калі, закончыўшы сваю доўгую вучобу, прыедзе дадому. І вось гэты дзень прыйшоў. Ён вольны, яго не гняце ніякі цяжар, на яго душы незвычайная лёгкасць.

Валодзя адвярнуўся ад акна і прыслухаўся: "Дзе ж маці? Нешта не чуваць яе. Мусіць, пайшла ўжо на работу". Ён глянуў на свой гадзіннік: было каля адзінаццаці. "Ну, вядома, яна ўжо добра напрацавалася". І Валодзя пачаў думаць пра маці. Ёй ішоў ужо пяцідзесяты год. Яна рана засталася ўдавой. Апроч Валодзі ў яе не было больш дзяцей. Маці была вельмі працавітай жанчынай, з дня ў дзень хадзіла ў калгас на работу. Апроч гэтага ўсе яе ведалі як праўдзівага і сумленнага чалавека. Яна ўвесь час змагалася з несправядлівым калгасным начальствам, з гультаямі і зладзеямі. Калі Валодзя прыязджаў дадому на канікулы, маці прасіла яго напісаць аб агіднасцях, якія тварыліся ў іх калгасе, у газету. І ён пісаў. Маці часта гаварыла яму, што добра было б, каб ён пасля вучобы застаўся працаваць у сваёй вёсцы ці паблізу. Тады б ён заўсёды дапамагаў бы ёй змагацца з няпраўдай. Валодзю пасля вялікіх цяжкасцяў ўдалося атрымаць накіраванне на працу ў родныя мясціны, і ён адразу падзяліўся з маці гэтай радасцю ў пісьме. Праўда, сёння ноччу, калі ён прыйшоў са станцыі дадому, маці яму здалася вельмі пахмурай і безрадаснай. Яна нават не ўстала з пасцелі, толькі сказала яму, дзе што ўзяць паесці. Яму хацелася пагаварыць з ёй, але яна адказвала неяк неахвотна, а пасля вымавіла: "Позна ўжо, кладзіся, заўтра пагаворым". "Мусіць стамілася за дзень, і ёй не да гаворкі са мной", - падумаў Валодзя. На ганку раздаўся грук. Чуваць было, што ішло двое. Адчыніліся дзверы. Валодзя глянуў у шчыліну дашчатай сцяны, якой быў адгароджаны пакой. У дзвярах паказалася маці, а за ёю ішоў нізкі рыжаваты мужчына, у якім Валодзя адразу пазнаў брыгадзіра.

- Заходзь, Сцяпанка, пасядзі крыху, - лагодна сказала маці.

Усё гэта здзівіла Валодзю. Брыгадзір Сцяпан быў самым ненавісным чалавекам для яго маці. Не было, мусіць, ніводнага дня, каб Сцяпан не піў гарэлкі, яго ўсе паілі. Толькі Валодзева маці ніколі не зазывала яго да сябе і ніколькі не баялася яго. Наадварот, Сцяпан пабойваўся маці, бо да яе немагчыма было за што-небудзь прычапіцца. Яна заўсёды выходзіла на працу, нічога не брала калгаснага і гаварыла ўсім праўду ў вочы. І вось цяпер Валодзя бачыць, як Сцяпан сеў на лаву каля стала, а маці завіхаецца каля шкапчыка. Відаць было, што гатуе закуску.

- А я ўжо падумаў, што ты захварэла, Ганна, і рашыў прыйсці праведаць цябе, - загаварыў Сцяпан. "Які ўважлівы зрабіўся", - са злосцю падумаў Валодзя.

- Ды не, Сцяпанка, рашыла агарод свой агледзець, а то зарос увесь.

Валодзя зноў здзівіўся: раней яна на сваіх сотках упраўлялася пасля работы ці па нядзелях.

- Што ж, трэба і сваё рабіць, - прымірэнча сказаў брыгадзір, тым больш, што ў гэты час маці паставіла на стол заткнутую паперай бутэльку самагонкі і талерку з нарэзаным салам.

- Давай, Сцяпанка, закусі крыху, а то можа сёння і не снедаў.

- А Валодзя ж твой яшчэ не прыехаў? - спытаў брыгадзір, як бы не чуючы запрашэння.

- Сёння ноччу прыехаў.

- І доўга яму яшчэ вучыцца?

- Кончыў ужо.

- О, дык ёсць за што выпіць! Кліч яго сюды. Ці мо няма дома?

- Не, дома, але яшчэ, мусіць, спіць.

Маці накіравалася ў пакой Валодзі. Валодзя прыкінуўся, што спіць. Маці прыйшла за перагародку, паглядзела і вярнулася назад.

- Спіць яшчэ. Няхай спіць, будзіць шкода, учора позна лёг.

Маці пырснула ў шклянку крыху гарэлкіі, сказаўшы, "Будзь здароў, Сцяпанка!", ледзь прыгубіла, а пасля наліла поўную шклянку брыгадзіру. Ён, не спяшаючыся, узяў яе.

- Ну, дык п'ю за твайго сына, за Валодзю, - сказаў і павольна выпіў. Пасля, закусваючы салам, ён гаварыў маці:

- Табе, Ганна, зараз і гора мала. Сын вывучыўся, можна і адпачыць. Нашто табе гэта работа? Жыві сабе пры сыну ды гадуй унукаў. "Куды гне, - падумаў Валодзя, - так і чакае, каб хутчэй ад маці пазбавіцца". Але і маці не спрачалася з брыгадзірам і толькі няпэўна сказала: "Хто ж яго ведае, як яно будзе".

- Далёка дзе рабіць будзе? - спытаў брыгадзір.

- Не ведаю, яшчэ не сказалі.

Гэта зноў здзівіла Валодзю: "Яна ж добра ведае, дзе я буду працаваць. Чаму яна не хоча яму гэтага сказаць?

- Зайздрошчу тым, хто не ў калгасе. Сабе атрымліваюць чыстыя грошыкі і гора не ведаюць. А мне да магілы боўтайся ў гэтай гразі.

Брыгадзір з безнадзейнасцю махнуў рукой. Маці выліла астатнюю гарэлку, і ён са злосцю залпам выпіў, хуценька закусіў і, развітаўшыся, выйшаў з хаты.

Валодзя сеў на ложку, і, калі маці прыйшла да яго, ён дапытлівымі вачыма, поўнымі недаўмення, паглядзеў на яе. Маці здагадалася, што ён усё бачыў і чуў.

- Нашто ты паіла гэтага нягодніка?

- Чорт яго бяры, - абыякава адказала маці, - а то звягі не абярэшся, што сёння на работу не пайшла. - Яна абаперлася на ложак, закрыла твар рукамі і заплакала.

- Мой ты сынок, абрыдла мне грызціся з усімі, усё роўна, мусіць, нічога не пераробіш, ніякай праўды не знойдзеш.

Валодзя ўважліва ўгледзеўся ў твар маці і ўбачыў, як яна пастарэла за гэтае паўгода, як ён не быў дома. А яна працягвала скардзіцца яму скрозь слёзы:

- І каму мая праўда трэба? Нікому не трэба, усім яна замінае. Неяк я сказала Варонісе перад усімі, што яна ў грэлцы носіць з кароўніка малако дадому, дык яна мне і гаворыць: "А што мне чакаць, пакуль начальства ўсё раскрадзе?", і пачала мяне лаяць і клясці: "Калі ты, Ганна, ужо памрэш і дасі людзям спакою. Чаму ты, калі любіш так калгас, свайго сына ў яго не паслала рабіць, а аддала вучыцца, каб пасля на нашым карку сядзеў". З таго часу, сынок, мне ўсё і абрыдла. Нашто, думаю, каб мяне людзі пракліналі і жадалі маёй смерці. Як хочуць, так хай і жывуць. Дрэнна я зрабіла, што прасіла цябе, каб тут застаўся працаваць. Не дадуць нам жыцця. Людзі нашы такія злосныя і зайздросныя ад беднасці. Лепш паехаць адсюль, і я з табой паеду. Нічога мне тут не шкода, хоць усё жыццё я тут палажыла.

Валодзя маўчаў. Ён думаў пра тую страшную сілу, якая зламала нават такога непахіснага, праўдзівага, працавітага чалавека, як яго маці. На яго душу зноў лёг цяжар, непараўнаўча большы за той, які быў у яго да гэтага і які, магчыма, будзе гнясці яго ўсё жыццё.

Валодзя глянуў у акно і зноў убачыў заліты сонцам прастор, кветкі ў палісадніку, неба, з якога падаў лівень жаўруковых спеваў. Але ўсё гэта зараз не выклікала радасці і нават выглядала недарэчна.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 18(25), 30.04.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Скаргі


Толькі Іван Мацвеевіч сеў за свой стол, як сакратарка Зіна прынесла яму цэлы стос пісьмаў. Ён неяк абыякава глянуў на іх і са страхам падумаў: "Зноў скаргі". Мінула яшчэ не так шмат часу, як Іван Мацвеевіч працуе ў гэтай установе, а ўжо адчувае ён нейкую стомленасць і расчараванасць.

Яму прыгадаўся першы дзень яго працы тут. Ён з радасным пачуццём сеў за свой стол. Ён лічыў тады сваю новую пасаду, звязаную з разглядам скаргаў, найбольш падыходзячай для яго. Яму думалася, што працуючы тут, ён прынясе людзям найбольшую карысць, дапаможа ім дабіцца праўды. І калі ў той дзень сакратарка Зіна прынесла яму скаргі, абыякава паклаўшы іх на стол, і раўнадушна сказала яму: "Прагледзьце, калі ласка, гэтыя пісьмы і пазначце, куды іх паслаць на разгляд", - ён страшэнна абурыўся. Праўда, ён тады нічога не сказаў Зіне, толькі з нямым дакорам паглядзеў на яе і пра сябе з вялікай злосцю зазначыў: "Як яна пасмела падумаць, што я некаму перадаверу разгляд скаргаў, адрасаваных мне. І як, наогул, можна дапускаць да настолькі важнай справы такіх лёгкадумных людзей, як гэта Зіна, хоць яна толькі і сакратарка". І ён пачаў з найвялікшай увагай чытаць пісьмы.

...А вось сёння прынесеныя скаргі не выклікалі жадання чытаць іх. Наадварот, глянуўшы на іх, адчуў нейкае ўнутранае дрыжанне, якое з'яўляецца ў чалавека перад тым, калі яму трэба рабіць нешта непрыемнае. І прычынай таго было не раўнадушша, якое з'яўляецца ў выніку прывычнай, нецікавай, аднастайнай работы. Не, прычына таілася ў бяссіллі што-небудзь зрабіцьу гэтым бесперапынным патоку скаргаў, якія з дня ў дзень сцякаюцца ў іх установу. Яны ўсюды. Яны ўсё запаланілі. Вось яны, пранумараваныя і акуратна падшытыя, ляжаць у незлічоных папках, што забілі сабою сталы і шафы. Яны сталі галоўным клопатам служачых установы, на разгляд якіх траціцца большая частка часу, па скаргах бываюць найбольш у камандзіроўках. І - дзіва: паток іх не спыняецца, а ўсё больш павялічваецца. Здаецца, што ўсе людзі згаварыліся пісаць скаргі, што ў іх няма больш ніякіх заняткаў, акрамя гэтага.

Іван Мацвеевіч пачаў праглядваць прынесеныя Зінай скаргі, затрымліваючыся толькі на асобных месцах.

"...Колькі старшынь перавярнулася, і ніводнага добрага. Толькі і ведалі, што будавалі сабе дамы ў горадзе. І цяперашні не лепшы..."

"...Сын з нявесткай завербаваліся на цаліну, а мяне, старую і хворую, кінулі адну і голасу свайго не падаюць..."

"...Рабілі рамонт, а не зрабілі акна ў кухні..."

"...Наш брыгадзір з калгаснага поля прывёз некалькі вазоў аўсу для сябе..."

"...Гэта не настаўніцы, а круцёлкі нейкія..."

" ...Наш майстар толькі да тых добры, хто яго поіць, а хто не паставіць паўлітра, то са свету зжыве..."

"...Мужык мой мала таго, што ўсё прапівае, дык яшчэ і б'е мяне. А нядаўна прывёў на ноч сваю палюбоўніцу, а мяне з дзецьмі з хаты выгнаў..."

"...Вышеназванная учительница не желает учить моего ребёнка на русском языке, мотивируя тем, что, мол, все дети учатся по-белорусски. Ну что же из этого. Свободно можно школу преобразовать в русскую. Но этому противится учительница. Она явная националистка…"

"...Дактароў шмат, а лячыцца няма ў каго..."

Іван Мацвеевіч не стаў болей чытаць і нявесела задумаўся: "Калі ж я змагу разабраць гэтыя скаргі і ці змагу наогул? За час сваёй работы ў гэтым месцы я фактычна не разабраўся да канца з ніводнай скаргай". Ён успомніў першую скаргу. Адзін калгаснік скардзіўся на брыгадзіра, які аблаяў яго, старога чалавека, перад усмі, калі ён прыйшоў да яго папарсіць каня, каб прывезці дроў. Узрушаны такой агіднасцю, Іван Мацвеевіч адразу выехаў на месца. Ён спадзяваўся, што лёгка справіцца з брыгадзірам, даб'ецца, каб яго адразу знялі з пасады і аддалі пад суд. Але, прыехаўшы ў калгас, Іван Мацвеевіч адчуў адваротнае. Старшыня калгаса, калі Іван Мацвеевіч паведаміў яму пра мэту свайго прыезду і спытаўся, ці вядома яму пра гэты выпадак, сказаў, што калгас вялікі, і ён таму не можа ведаць пра ўсе дробязі. Паказаўшы кіўком галавы на нізенькага чалавечка, дадаў: "Гэта па яго лініі. З ім і разбірайцеся". Маленькі чалавечак, з якім Іван Мацвеевіч пайшоў да брыгадзіра, аказаўся сакратаром арганізацыі. Ён пісклявым голасам гаварыў: "Гэта наш лепшы брыгадзір. Але ў кожнага бываюць памылкі. Ёсць яны і ў яго".

На здзіўленне Івана Мацвеевіча брыгадзір нават і не думаў адпірацца:

- А што ж ён такую яго... ідзе не ў час па каня. Што ён не бачыў, што ўсе коні былі заняты на нарыхтоўцы?

- Дык вы ж маглі гэта сказаць яму ветліва, а не лаяць апошнімі словамі.

- Усе вы надта граматныя вучыць. Паглядзеў бы я, што б вы жралі, каб я тут не надрываўся. Вунь паставілі былі аднаго граматнага на маё месца, дык адразу збег са сваёю граматаю. (Пазней Іван Мацвеевіч даведаўся, што гэтага брыгадзіра ўжо аднаго разу знялі і на яго месца паставілі маладога агранома, але той цераз два тыдні ўцёк з калгаса).

Яшчэ больш здзівіў Івана Мацвеевіча той стары калгаснік, які напісаў скаргу. Даведаўшыся, чаго яго выклікалі, ён адразу змяніўся з твару і дрыжачым голасам пачаў аднеквацца: "Я нічога не пісаў. Гэта, мусіць, нехта іншы". А калі выйшаў брыгадзір, ён пачаў выгаварваць Івану Мацвеевічу: "Што ж вы нарабілі, таварыш? Зараз ён мяне з'есць..." Іван Мацвеевіч прапанаваў яму падаць на брыгадзіра ў суд. Стары зноў збялеў і замахаў рукамі: "Ой, не! Я думаў, што вы без мяне што-небудзь зробіце яму. А так не. Ды трэба сказаць што сабачая служба ў яго, кожны на яго месцы такім стане..."

...Зазвінеў тэлефон. У трубцы Іван Мацвеевіч пачуў голас свайго начальніка: "Чаму затрымліваеш разбор скаргаў? На цябе ўжо паступіла скарга наконт гэтага. Давай не затрымлівай!" Хоць голас начальніка не быў строгім, наадварот, у ім чулася спагадлівасць, але Іван Мацвеевіч неяк адразу абмяк і захваляваўся: "Вось яшчэ адна скарга". Яго ахапіў горкі роздум, усё здавалася адной суцэльнай скаргай. "Так і звар'яцець можна, - з трывогвй падумаў ён. - Што ж рабіць?"

Па пакоі прайшла Зіна, несучы, як і заўсёды, паперы. Гэта прымусіла яго зноў успомніць першы дзень работы яго ў гэтай установе, калі Зіна яму сказала, падаючы паперы: "Прыгледзьцеся, калі ласка, і пазначце, куды іх паслаць". "Вось і выйсце. Так трэба і зрабіць", - рашыў Іван Мацвеевіч. Паклаўшы перад сабою ўсе скаргі, якія былі ў яго, ён пачаў ставіць на іх рэзалюцыі, куды і каму іх паслаць. Рабіў ён гэта лёгка. Цяжэй было занесці іх Зіне. Ён ужо ўявіў сабе, як яна акіне яго яхідным позіркам. Але ён памыліўся. Зіна абыякава ўзяла скаргі, сказаўшы: "Добра, Іван Мацвеевіч, я іх зараз жа адашлю". Ніколі яшчэ ў сваім жыцці Іван Мацвеевіч не адчуваў такой палёгкі.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 20(27), 14.05.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Чаму няма парадку?


Летапіс гаворыць, што некалі нашы продкі, прыйшоўшы да варагаў, сказалі ім: "Зямля наша вялікая і багатая, але ў ёй няма парадку. Прыходзьце да нас княжыць". Князі і прыйшлі, сталі княжыць. На змену ім прыйшлі цары, пасля імператары. Апошніх змянілі мудрыя правадыры, а іх - выдатныя кіраўнікі. І зямля наша станавілася ўсё большай і багацейшай. Ну, а парадку? А парадку рабілася ўсё меней і меней. Выходзіць, дарэмна нашы продкі стараліся, бо ім не трэба было болей ні зямлі, ні багаццяў, ім толькі парадку не хапала. А князі, цары, правадыры і кіраўнікі рабілі тое, чаго ім не трэба было рабіць: пашыралі і без таго вялізную зямлю, а парадку не наводзілі. Ім і няўцям было, што парадку станавілася ўсё меней і меней таму, што зямля станавілася ўсё больш "необъятной", пакуль і зусім, як зараз кажуць, стала некіруемай. Здавалася б, цяпер то ўжо можна было б усвядоміць прычыну нашага бязладдзя. Ды не! І гэтага нам мала! Падавай нам увесь свет! Хіба ж можна было чакаць парадку на нашай зямлі? Не, яго трэба наводзіць самім.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 21(10), 21.05.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Цяжкасці і перспектывы


Можа быць ні перад кім не стаялі такія неймаверныя цяжкасці, якія стаяць перад намі. Мы працуем у асяроддзі аднаго з самых забітых і прыгнечаных народаў свету, душу якога на працягу стагоддзяў труцілі нявер'ем у свае сілы і здольнасць стаць упоравень з іншымі народамі, якога адвучалі быць гаспадаром сваёй зямлі і лёсу. Пры гэтым, мы маем справу з самым моцным, хітрым і бязлітасным ворагам, які не спыніцца ні перад чым у сваім імкненні, каб утрымаць у ярме зняволеныя ім народы.

І ўсё ж мы не апусцім у бяссіллі свае рукі. Мы будзем змагацца, нягледзячы ні на што. А самай дзейснай формай барацьбы з'яўляецца праца, праца сталая і ўпартая, праца розная і шчырая. Няхай кожны, хто сапраўды, не на словах, а на справе жадае працаваць на карысць Бацькаўшчыны, займае па сваіх сілах загон, урабляе і засявае яго. І ён абавязкова пажне вялікі плён. Праз працяглы перыяд індывідуальнага і групавога патрыятычнага выхавання, актыўна прыстасоўваючыся да канкрэтных абставін, мы абавязкова прыйдзем да масавага нацыянальнага руху. Не маючы матэрыяльных сродкаў, мы будзем у сваёй дзейнасці абапірацца галоўным чынам на сілу маральнага ўздзеяння і ўплыву.

Нам скажуць, што нашы цяжкасці непераадольныя, а нашы сродкі барацьбы нерэальныя і ўтапічныя. Але гэта не так. Хаця наш народ і з'яўляецца самым забітым і нацыянальна адсталым, аднак ён, падвяргаючыся на працягу стагоддзяў бязлітаснаму здзеку і глумленню, усё ж захаваў сваю нацыянальную адметнасць і данёс яе да нашага часу. Значыць, у нашага народа ёсць жывая душа і яе найперш трэба і бачыць нам. Хоць наш вораг і самы моцны, але ён зараз пачынае паступова пераходзіць у стадыю заняпаду, трапляючы ў новыя і вельмі цяжкія як унутраныя, так і знешнія супярэчнасці.

Уперадзе нас чакае вялікая перамога. Дык заробім яе!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 22(29), 28.05.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала.

ГУТАРКА


Сустрэча з Гогалем


На п'едэстале - Гогаль з бронзы,

А нам здаецца ён жывым.

Паглядам мераючы грозным,

Пытае нас: "Скажыце вы,


Чаму ўсіх, каго судзіў я,

Як мёртвых душ нікчэмны род,

Вы свету цэламу на дзіва

Ахвотна ўзялі на расплод.


Вы ж рэвалюцыі рабілі,

Вы ж многа чыстак правялі.

Чаму ж ў агні іх не спалілі,

Чаму іх ў сметнік не змялі?



Чаму шматлікія пасады

Ім, як маёнткі, раздаюць?

Чаму за іх яны аклады,

Нібы цяжкі аброк, дзяруць?


Чаму трэць веку з лютай сілай

Вас Дзержыморда катаваў?

А потым дзесяць год Манілаў

У кукурузны рай вас гнаў?


Чаму ў газетах ўсёй краіне

Ачкі ўцірае Хлестакоў?

Чаму, павысіўшыся ў чыне,

Усім вам тыкае Наздроў?


Ў вас Плюшкін правіць дабрабытам,

Ў культуру Сабакевіч ўрос,

А Шпекін з большым яшчэ спрытам

Ў чужыя пісьмы ткне свой нос.


Прастор ў вас Чычыкаву большы

І многа большы яго куш:

Тавар купляе найдзяшоўшы -

Натоўпы здрадных мёртвых душ".


...Нам апраўдацца зусім нечым,

Не спадзяёмся мы на цуд.

Да Гогаля мы на сустрэчу

Прыйшлі, нібы на страшны суд.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 23(30), 04.06.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Клім

(байка)


Аднойчы у дарозе Клім

Застаўся ад другіх намнога.

Быў конь яго слабы зусім

З прычыны догляду благога.

Для Кліма гэта сорам быў.

Падумаць толькі, ззаду едзе!

Таму адразу і рашыў:

"Дагнаць і перагнаць суседзяў!"

"Пакуль яны, - быў план такі, -

Даваць круг будуць па дарозе,

Дык я паеду нацянькі

І першым дома на парозе

З'яўлюся я наўдзіў усім".

І вось зварочвае са шляху

Каня слухмянага наш Клім,

І без сумнення і без страху

Па бездарожжы шпарыць ён,

Усё штурмуючы да звання,

Пакуль не выбіўся з сіл конь

І не заграз ў балотнай твані.

Суседзі дома ўжо даўно,

І ў іх ўжо іншая работа.

І толькі ў Кліма усё адно:

Ніяк не вылезе з балота.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 24(31), 11.06.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Раней пан, цяпер план


Нішто ў нас так не расхвальвалася на ўсе лады, як планаванне. Яно лічылася нашым большым козырам, панацэей ад многіх сацыяльных хвароб, як, напрыклад, крызісаў і беспрацоўя. Планаванне стала адметнейшай рысай нашага гаспадарання. Усё пачалі планаваць, і ўсё стала планавацца. ...І вось прайшлі дзесяцігоддзі, і пахвала планаванню змянілася яго пагалоўным пракляццем (вядома ж не ў друку, дзе ён па-ранейшаму расхвальваецца, а ў жыцці). Пагаварыце вы з любым гаспадарнікам, і вы пачуеце, што ва ўсіх нашых бедах вінавата планаванне. Нашы прадпрыемствы душыць штурмаўшчына. Прычына - бязглуздае планаванне. Дрэнная якасць нашай прадукцыі (за выключэннем, вядома, ракет і спадарожнікаў). Прычына: трэба было даць план. Зайдзіце ў магазін. Там усе паліцы завалены таварамі, а што трэба - не купіш. А хто ж так планаваў?

Дык што, мы - супроць плана? Не. Планаванне, сапраўды, вялікая рэч у руках разумных гаспадароў. Аднак у тым уся і бяда, што яно папала ў рукі безадказных бюракратаў, якія, па сутнасці, спаскудзілі яго, а разам з тым і знявечылі эканамічнае жыццё краіны. У нас запанавала планавая анархія. Нездарма ж нейкі дасціпны беларус сказаў: "Раней душыў пан, а цяпер душыць план". Лепей не скажаш. Не, ніякага планавання ў нас няма, а ёсць толькі гульня ў планы. Яно - адна з найбольшых нашых фікцый.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 25(32), 18.06.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Пра ідэалагічнае суіснаванне


"Ідэалагічнага суіснавання быць не можа". Сказана адкрыта да цынізму і коратка, як каманда. Што гэта ўсё азначае? Гэта азначае, што ідэалагічны тэрор з усімі яго дзікімі вынікамі як быў, так і будзе ў нас. Гэта значыць, што ў нашай краіне па-ранейшаму будзе існаваць сярэднявечча, для якога і характэрна было панаванне адной ідэалогіі і, як вынік, застой думкі і грамадскага развіцця. Але як ні лютавала тады інквізіцыя, як не палалі кастры, што паглыналі і вучоных і іх кнігі, сярэднявечча мінулася. Тое ж самае будзе і з сучасным сярэднявеччам. Развіцця розных ідэалогій нельга спыніць, як нельга спыніць жыццё. І таму сцверджанне, што ў нас не можа быць суіснавання ідэалогій, што ў нас можа быць толькі адна ідэалогія - нішто іншае, як наша чарговая фікцыя. Каб пераканацца ў гэтым, варта прайсціся каля паліц любой нашай бібліятэкі, дзе ўбачыш, як стаяць побач кнігі Маркса і Гегеля, Леніна і Канта, Талстога і Маякоўскага і г.д. А гэта ж плёны розных ідэалогій. І не знойдзеш ніводнага больш-менш разумнага чалавека, нават самага акамянелага дагматыка, які б сказаў, што трэба выкінуць адных і пакінуць толькі другіх. А гэты ж і многія іншыя падобныя прыклады яўна супярэчаць тэзісу пра немагчымасць суіснавання розных ідэалогій. Могуць сказаць, што тут ідэалогія ні пры чым, што гэта агульначалавечыя здабыткі, створаныя не адной, а многімі ідэалогіямі.

А гэта не ўсё і гэта не галоўнае. А галоўнае ў тым, што ў нас не можа быць розных ідэалогій, паколькі наша грамадства - самы тыповы ўзор класавага грамадства. Хіба могуць аднолькава глядзець на жыццё абрабаваны і абяздолены калгаснік і забяспечаны ўсім і ўсемагутны бюракрат? Або ці можа нашу інтэлігенцыю, якая ўсё больш і больш становіцца шматлікай, задаволіць афіцыйная ідэалогія, канчаткова адарваная ад жыцця і застылая з-за схаластыкі і дагматызму?

Усё гэта і прыводзіць да развіцця ў нашым грамадстве новай ідэалогіі, якая ў барацьбе (сапраўды, мірнага суіснавання не будзе!) з наскрозь прагніўшай афіцыйнай ідэалогіяй немінуча пераможа. Вось чаму развіцця гэтай новай ідэалогіі больш за ўсё і баяцца нашы ўладары. Вось чаму іх падручнымі гора-тэарэтыкамі з такой заўзятасцю і абараняецца тэзіс аб ідэалагічным адзінстве нашага грамадства. Але недарэчнасць гэтай догмы настолькі яўная, што ўжо і заходнееўрапейскія камуністы адкідаюць яго і ставяць сваёй задачай стварэнне безідэалагічнай дзяржавы, г.зн. такой, дзе не будзе пануючай ідэалогіі і дзе ідэалогіям будзе прадстаўлена магчымасць існавання і развіцця. Так, тэзіс аб немагчымасці ідэалагічнага існавання пара выкінуць з нашага ўжытку.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 26(33), 25.06.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала


ГУТАРКА


У хвасце


Зайшоўшы ў краму, бачу я

Даўжэзны хвост чаргі:

"За чым стаяць?"

- "Даюць хвасты".

Іду ўзглянуць на іх.

І бачу я: апроч хвастоў,

Яшчэ ёсць і мазгі,

Але ніхто іх не бярэ.

Бяруць адны хвасты.

А цёткі ўздумалі, што я

Хачу ўзяць без чаргі,

Мне ў хвост усыпалі, і я

Стаў без аглядкі ў хвост.

Стаю, газету разгарнуў,

А ў ёй пра ўздым, пра рост.

"Чаму ж тады адны хвасты

Перад прылаўкам і за ім?"

Я не заўважыў, як прайшоў

І час у думках вось такіх.

"Што вам?" - пытае прадавец.

Мне пяць кіло хвастоў".

"Вы што? Ды іх ужо няма"

І праўда, бачу я,

Што разабралі ўсе хвасты,

І знік за мною хвост.

І агарнула мяне злосць,

А тут хтосьці сказаў:

"Мазгі бяры, яны табе

Патрэбны яшчэ больш".



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 27(34), 02.07.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала


ГУТАРКА


Хатынь


Хатынь - не толькі боль сардэчны

Народу нашага й зямлі.

Яна й наш торны шлях спрадвечны,

Якім пакутна мы ішлі.


Хатынь пры нашым нараджэнні

Была ўжо нам, як д'ябла дар,

І ўжо адгэтуль без забвення

Паліў хатынскі нас пажар.


Ў час Рагвалода і Рагнеды,

У час бязлітаснай разні

Усе - князі нашы і смерды -

Ў хатынскім гінулі агні.


Хатыняў лютыя паходні

На наша гора і наш звод

Няслі нам з поўначы і з поўдня,

Няслі на захад і усход.


Найбольш адборныя грамілы

Ў наш край ішлі у розны час

І рабавалі, і палілі,

І выразалі яны нас.


Касцёлы, цэрквы раздзіралі

Надвое, воблік наш жывы.

І так па частках нас цягалі

І да Варшавы, й да Масквы.

Па прагнасці сваёй натуры,

Намёртва згробшы ў кіпцюры,

Палілі нас, каб драць сем скураў,

У п'яным чадзе карчмары.


Нас у фашысцкіх душагубках,

І у канцлагерах ЧК,

І ў дэфензывы пастарунках

Хатынскі чорны лёс чакаў.


Што скора мы бясследна згінем,

Крычалі нам з усіх старон.

І быў адвечны звон Хатыні

Для нас, як пахавальны звон.


О не, хатынская навала

Нас не мінула, бо цяпер

Ўся Беларусь Хатынню стала,

І зноў царыць знішчэння звер.


Ўжо падвялі нам ўсё для зводу,

І не пакажаш болей ты,

Што нам не робіцца на шкоду

І што нам толькі не Хатынь.


Хіба у школах і ўстановах

Хатынскім дымам не смярдзіць?

Ўсё - душы, песні нашы, мова,

Наш гонар, слава - ў іх гарыць.


Што ж сіла чорная не спаліць,

То перамеле, ператрэ.

І выкіне з сябе нас памяць,

І забыццё нас прыбярэ.


О не! Я веру ў моц народу:

Здалее ён і гэты жах.

Тады мінецца назаўсёды

Пакутны наш хатынскі шлях.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 28(35), 09.07.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Пра мову і каўбасу


Днямі стаю я ў чарзе і чую:

- Гэта ж столькі Беларусь дае мяса, а тут трэба выстойваць няма ведама колькі часу за нейкай нішчымнай каўбасой.

Сказанае мяне не здзівіла. Такое я ўжо неаднойчы чуў, стоячы ў даўжэзных чэргах. Здзівіла тое, хто гэта гаварыў. Голас мне здаўся знаёмым. І я, не верачы сабе, падумаў: "Няўжо Яўхім Крывенька?" Гэта мой даўні знаёмы. Праўда, я яго ўжо даўно не бачыў, гадоў з пяць. Ён недзе пераехаў жыць у другі канец горада.

Запомніўся ён мне найбольш тым, што спаткаўшыся са мною, заўсёды ўшчуваў мяне за маю беларускасць:

- А вы ўсё гаворыце па-беларуску. Кіньце вы гэту сваю мову. Вунь другія ўжо даўно яе выракліся і жывуць лепш за вас. З ёю нікуды не выб'ешся, з ёю не прадасі і не купіш. Дык навошта яна патрэбна? Ну, хоць бы майму сыну? Ён без яе вышшае абразаванне атрымае. Вось убачыце, што скора на ёй ніхто гаварыць не будзе, хіба толькі вы адзін. І правільна робіць Беларусь, што ад сваёй мовы адракаецца. Без яе можна абыйсціся. Затое ў нас каўбасы шмат, нідзе столькі няма, як у Беларусі. Вунь у Расіі пуста, як вымецена. Там ніякай каўбасы няма, а ў нас якой хочаш...

Я з Яўхімам Крывенькам не спрачаўся, бо хіба такога ў чым пераканаеш? І вось раптам я чую такія словы. А можа гэта не ён? Не, ён. Я яго адразу пазнаў, угледзеўшыся ў чаргу, хоць ён і намнога пастарэў. Падыйшоў да яго. Ён таксама мяне адразу пазнаў.

- Што па каўбасу стаім, - кажу я.

Яўхім Крывенька адчуваў ніякавата перада мною, відаць, успомніў усё тое, што гаварыў некалі мне.

- Ды вось жа прыходзіцца стаяць.

- А як сын? Паступіў куды-небудзь?

- Ого, паступіш тут у Беларусі, калі сюды з усяго Савецкага Саюзу з'язджаюцца. Ведама ж, няма экзамена па беларускай мове. Няхай яны вось паспрабуюць паступіць у Літве.

Вось як! Нават і да Яўхіма Крывенькі дайшло, для чаго існуе родная мова, што аддаўшы яе, аддасі і ўсё астатняе, не атрымаўшы нічога ўзамен, апроч хіба нішчымнай каўбасы.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 30(37), 23.07.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА

"Чужаземец"


Малады паэт Алесь Крыніца ідзе вузкаю палявою дарогаю. Ён любуецца прыгожымі малюнкамі наваколля і раз-пораз пстрыкае сваім фотаапаратам. Усё, што ён зараз бачыць, яму асабліва дарагое, бо ўсё гэта - яго родныя мясціны, якія ён не бачыў пятнаццаць гадоў - з таго часу, калі дзесяцігадовым хлопчыкам пасля смерці маці, застаўшыся сіратою, трапіў ў дзіцячы дом. За гэтыя гады яму так і не прыйшлося пабыць на радзіме, хаця ён не раз збіраўся гэта зрабіць, ды ўсё перашкаджалі розныя прычыны. Але, нарэшце, яму ўдалося выбрацца. Ён ідзе па мілых яму сцежках маленства, і гэта выклікае ў яго прыліў натхнення, у якім нараджаліся новыя думкі і пачуцці. "Якая ж ты прыгожая, родная зямля, - гаварыў у думках Алесь. - Якая ты мілая і дарагая майму сэрцу, як цябе немагчыма забыць". Лёгка складаліся цэлыя строфы, і ён іх тут жа занатоўваў у сваю запісную кніжку. Алесь радаваўся, што гэта паездка будзе плённай і ў творчых адносінах, бо ў выніку яе ён напіша, прынамсі, цэлую нізку вершаў аб прыгажосці радзімы. Ён узышоў на ўзгорак і адразу ўбачыў вёску.

- Яна, родная! - з замілаваннем падумаў Алесь. - Такая ж, як я яе памятаю. Вунь і буслава гняздо на старой бярозе. Праўда, бяроза пачала сохнуць і пачарнела ўжо". Ён зноў узвёў свой фотаапарат і пстрыкнуў, а пасля дастаў яшчэ і запісную кніжку і занёс у яе радкі свайго будучага верша. Узрушаны спатканнем са сваёй роднай вёскай, Алесь не заўважыў, як да яго імкліва падышоў хлопец, які дагэтуль ляжаў за кустом і чытаў кніжку.

Хлопец гэты - звалі яго Хведзька Рубец - некалькі гадоў таму скончыў дзесяцігодку, але ўсё ніяк не мог нікуды паступіць. Ён дрэнна вучыўся ў школе, і яго ледзь выпусцілі адтуль. Асабліва яму цяжка давалася руская мова, і куды ён ні ездзіў паступаць, заўсёды яе завальваў. І гэта выклікала яго азлабленне, толькі не супраць рускай мовы, а супраць... беларускай, бо ён лічыў, што гэта яна вінавата ў тым, што ён дрэнна ведае рускую мову. Так яму, між іншым, сказаў настаўнік Мякінка і нават параіў зусім перастаць гаварыць па-беларуску. Хведзька ахвотна паслухаўся гэтай парады і стараўся не толькі сам гаварыць выключна па-руску, але прымушаў так гаварыць і бацькоў. Ды нічога з гэтага не выходзіла. Ён ехаў на экзамены і завальваў па-ранейшаму. Але, праўду кажучы, гэта мала непакоіла Хведзьку. Ён быў гультаяватым хлопцам і не хацеў ні вучыцца, ні працаваць. Адзіным любімым заняткам яго было чытанне, і чытаў ён выключна кнігі пра шпіёнаў і пра вайну. Ён быў гатовы сядзець за імі дзень і ноч, забываючы пра ўсё на свеце. Чытаючы кнігі, Хведзька ставіў на месца іх герояў самога сябе, і яму здавалася, што гэта ўсё дзеецца не з кім-небудзь іншым, а з ім самім. Кнігі выклікалі ў ім розныя нязбытныя мары. Яму хацелася рабіць незвычайныя подзвігі, лавіць шпіёнаў. Але жыццё не давала магчымасцяў выявіць самога сябе, бо не было ні вайны, ні шпіёнаў.

І вось ён убачыў чалавека, які выйшаў з-за ўзгорка, нешта фатаграфуючы і запісваючы ў блакнот. Хведзьку адразу азарыла здагадка: "Няйначай шпіён", "Вядома, шпіён", - ужо без ваганняў рашыў ён і хутка пайшоў наперарэз гэтаму чалавеку і грозна ўстаў перад ім:

- Звініце, пажалста, я дружыннік і вынуждзен вас задзяржаць.

(Хведзька ніякім дружыннікам не быў і назваўся ім, каб мець хоць нейкае права затрымаць чалавека).

Алесь аж падскочыў ад нечаканасці і разгубіўся:

- Мяне... затрымаць... навошта?..

- Вы падазрыцельны чалавек. Зачэм вам нада было знімаць этат аб'ект? - Хведзька паказаў на вёску.

- Гэта мая родная вёска, сюды я зараз еду ў госці. Вось, калі ласка, паглядзіце мае дакументы. - Алесь дастаў свой пашпарт. Але Хведзька з прачытаных кніг ведаў, што ў шпіёнаў заўсёды добрыя дакументы і не захацеў глядзець пашпарт Алеся.

- В сельсавеці разберуцца. А січас ідзёмце. - Хведзька паказаў рукою назад, адкуль ішоў Алесь. Сельсавет знаходзіўся недалёка, у суседняй вёсцы, Алесь праходзіў каля яго. Яму не хацелася варочацца назад, тым больш па пустой справе, і ён пачаў абурацца:

- Вы што, жартуеце? Ці сапраўды прымаеце мяне за шпіёна?

- Не разгаварваць, а то хужа будзет.

- Кіньце вы глупствы гаварыць, - рашуча заявіў Алесь. - Што вы ў мяне ўбачылі падазронага? Фотаапарат? Дык гэта ж стала зараз шырспажывам. А што яшчэ? Блакнот? Дык зараз усе людзі пісьменныя. І больш нічога. Вы ж бачыце, што я ведаю гэту вёску, магу назваць вам людзей яе. Я, магчыма, і вас ведаю. Вы, мусіць, былі зусім малы, калі я выехаў адсюль. Вы ж чуеце, што я гавару па-беларуску, як і ўсе тут гавораць. Вось вас па вашай гаворцы можна прыняць за шпіёна, бо гаворыце на нейкай ламанай мове.

Але гэтыя довады ніяк не пераканалі Хведзьку. Наадварот, калі раней ён яшчэ сумняваўся ў тым, што перад ім шпіён, то зараз, пачуўшы, што затрыманы ім чалавек гаворыць па-беларуску, ён канчаткова пераканаўся ў гэтым. Справа ў тым, што нядаўна Хведзька прачытаў кніжку, у якой расказвалася пра нейкіх беларускіх шпіёнаў, прысланых з-за мяжы. (Яму няўцям было, што гэта кніжка была выпушчана даўно).

- Вядома, гэта адзін з іх, - падумаў ён і сказаў Алесю:

- Вот эцім та вы і падазрыцельны, што гаварыце на беларускам языку. Эцім вы сябе і выдалі. Прашу следаваць в сельсавет, - уладным голасам загадаў Хведзька.

Алесь, як паэт, быў вельмі ўражлівы і, пачуўшы пра тое, чым ён падазроны, неяк адразу абмяк, перастаў супраціўляцца і пакорліва пайшоў назад пад наглядам Хведзькі. Ён мог чакаць усяго, але што на сваёй беларускай зямлі яго прымуць за шпіёна толькі таму, што гаворыць па-беларуску, Алесь ніколі не чакаў. Гэта было нейкай несусветнай недарэчнасцю і глыбока зняважыла яго. І ён ужо больш не думаў аб харастве родных мясцін. Усё гэта неяк адразу пацьмянела. Яго ўжо апанавалі іншыя думкі і пачуцці. "Як жа цябе запаскудзілі, родная зямля, як жа ўтапталі ў гразь цябе, мой народ, як жа зневажаюць цябе, дарагое маё роднае слова, як трымаюць пад пільным наглядам таго, хто застаецца верным матчынай гаворцы. Вось пра што трэба пісаць, і я буду пісаць пра гэта, абавязкова буду".

І хаця Алесь быў упэўнены ў тым, што ўсё скончыцца добра, яго адпусцяць, але ў яго адпала ахвота пабыць у роднай вёсцы. Насустрач ішла пажылая жанчына, яна несла за плячыма мяшок травы. Алесь уважліва прыгледзеўся да яе і пазнаў у ёй сваю цётку, да якой ехаў. Але яму не хацелася прызнавацца ёй, а яна яго не пазнала. Калі яны параўняліся з ёй, яна спыталася ў Хведзькі:

- Куды ты ідзеш?

- Задзяржал шпіона і вяду в сельсавет.

- Можа не шпіён, і дарэмна толькі чалавека турбуеш.

- Апрадзялённа шпіон, гаварыт на беларускам языку.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 31(38), 30.07.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Жыве Беларусь!


Жыве Беларусь, хоць вякамі ў палоне

Без жалю на смерць катавалі яе.

Жыве Беларусь, хоць жадаюць і сёння

Ёй смерці чужынцы і юды свае.


Жыве Беларусь на прасторы шырокай,

Дзе Нёман і Прыпяць, Дняпро і Дзвіна.

Усяго ад Смаленску і да Беластоку

Ўладарка адзіная толькі яна!


Жыве Беларусь у народзе працоўным,

Які беражэ ў сваім сэрцы яе.

Жыве Беларусь ў сваім слове чароўным

І ў песнях сваіх непаўторных жыве.


Жыве Беларусь, каб сабе шлях пракласці

К свабодзе і праўдзе, к багатству й дабру.

Ў жыцці яе - нашы і доля і шчасце,

Дык станем мы ўсе за сваю Беларусь,

за сваю Беларусь,

за сваю Беларусь!!!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 32(39), 06.08.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА

Самая нацыянальная


Калі паслухаць нашых непрыяцеляў і заплюшчыць вочы на жыццё, то можна падумаць, што ўжо ніякай Беларусі няма, што ніхто з беларусаў не лічыць сябе беларусам, і ніхто з іх не прызнае беларускую мову за сваю родную і не гаворыць на ёй. Памятаю, як адзін з такіх варожых тыпаў так і заявіў: "Калі правесці апытанне, то ніхто не назаве сябе беларусам, і ўсе скажуць, што беларуская мова непатрэбная".

І вось гэта ўсенароднае апытанне прайшло ўжо двойчы. Ім з'явіліся перапісы насельніцтва ў 1959 і 1970 гг., якія з усёй відавочнасцю развеялі хлуслівыя сцверджанні аб дэнацыяналізацыі Беларусі. Больш таго, яны з неабвер-жанай грунтоўнасцю паказалі, што Беларусь - самая нацыянальная рэспубліка, а беларускі народ - адна з самых жыццяздольных нацый.

Нягледзячы на тое, што наша тэрыторыя не мае прыродных межаў і таму на працягу ўсёй нашай гісторыі падпадала розным нашэсцям і звязаным з імі перамяшчэннем і перамешваннем насельніцтва, беларусы жывуць кампактнай масай і складаюць 81 % насельніцтва Беларусі. Калі ж сюды дадаць тых беларусаў-каталікоў, якія па старой традыцыі называюць сябе палякамі, але лічаць сваёй роднай мовай беларускую, то беларусы, як самае малое, складаюць 85 % насельніцтва сваёй рэспублікі і ў гэтых адносінах уступаюць толькі армянам (89%).

Перапісы пацвярджаюць і высокую нацынальную свядомасць беларусаў. Яны адрозніваюць сябе не толькі ад палякаў, украінцаў, літоўцаў, але і ад велікаросаў і не толькі на сваёй тэрыторыі, але і па-за яе межамі. Так, 845 тыс. чалавек у РСФСР назвалі сябе беларусамі.

Нічога не маюць агульнага з сапраўднасцю і сцверджанні аб нібыта пагалоўным вырачэнні беларусамі сваёй роднай мовы. Нягледзячы на шматвяковую работу нашых ворагаў па выкарчоўванні і апляванні беларускай мовы, 90% беларусаў, якія жывуць у Беларусі, прызнаюць сваёй роднай мовай беларускую. Звыш паловы тых беларусаў, якія жывуць па-за межамі сваёй зямлі, таксама не выракаюцца роднай мовы. Апроч таго, 275 тыс. чалавек іншых нацыянальнасцяў у Беларусі таксама прызнаюць сваёй роднай мовай беларускую.

Такім чынам, вынікі перапісаў вельмі добра паказваюць, што размовы пра адміранне Беларусі і ўсяго беларускага - нішто іншае, як імкненне прыняць жаданне за наяўнае, як старанне зажыва пахаваць Беларусь.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 34(41), 20.08.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Мы будзем добра жыць тады...


Адзін адказны супрацоўнік

Тлумачыў сельскай грамадзе,

Што трэба сеяць, як і дзе,

Які пабудаваць кароўнік,


Як трэба класці гной у глебу,

Кароў даіць і сад садзіць,

Каб было лёгка пасля жыць

Пры салу, малаку і хлебу.


Але ў нас людзі не дурныя,

І нехта крыкнуў з грамады:

"Нам будзе лёгка жыць тады,

Калі ты з нашай злезеш шыі".



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 36(43), 03.09.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Гэта пры нас...


Гэта пры нас Беларусь забівалі,

Гэта пры нас ёй магілу капалі,

Ды аб ратунку яе мы не дбалі,

Мы яе ворагу самі аддалі.

Многія з нас нават катамі сталі,

Разам з прыблудамі білі, тапталі,

Гналі яе, ёй у вочы плявалі.

Мы ж гэта шчасцем яе называлі,

Будучнасць слаўную ёй прадракалі

І пераможныя гімны складалі.

Гэта пры нас Беларусь забівалі,

Гэта пры нас ёй магілу капалі,

Толькі адны мы у гэтым віноўны,

Толькі адным нам і мераю поўнай

Вечнай агіды адмерана будзе,

Бо не падставілі мы свае грудзі,

Каб засланіць імі маці-Радзіму.

Гэта бо толькі і ёсць тым адзіным,

Чым здабываюць жыццё і свабоду,

Гонар і славу Айчыне й народу.

Гэта пры нас Беларусь забівалі,

Гэта пры нас ёй магілу капалі.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 38(45), 17.09.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Гісторыя аднаго паэта


Вучыўся студэнт на філфаку. І адначасова складаў вершы. Апяваў ён у іх радзімы куток, дзе прайшло яго басаногае, але такое незабыўнае дзяцінства, славіў сваю родную мову, без якой ён не ўяўляў сабе жыцця, кляўся ў адданасці зямлі сваіх продкаў. Праўда, пасля заканчэння вучобы ён чамусьці не паехаў туды, дзе так моцна білі крыніцы яго натхнення. Можа прычынай гэтага было тое, што ён да гэта часу ажаніўся са сваёй аднакурсніцай. Бацькі яе жылі тут жа ў сталіцы, і малады паэт разам з жонкай набыў гатовую кватэру, аўтарытэтнага цесця, энергічную цешчу і выгодную пасаду.

Але як толькі пасяліўся ён на новым месцы і сказаў некалькі слоў на роднай сваёй мове, яму адразу намякнулі, што ў іх сям'і не прынята так гаварыць, і малады паэт вымушаны быў скарыцца. Вельмі ж была ўжо ўтульнай кватэра і не хацелася спакойнае жыццё ў ёй азмрочваць сваркай. Праўда, гэта ўсё ж не прайшло без вынікаў. Паэт напісаў верш, у якім былі словы: "О, як я люблю цябе, роднае слова, гатоў за цябе я ісці ў цяжкі бой!"

Нарадзіўся ў паэта сын, і бацька неяк праспяваў яму родную калыханку. Але жонка і цешча адразу запярэчылі: "Наша дзіця не павінна ні разу больш чуць падобную песню!" І паэт іх больш не спяваў. Але адразу напісаў верш "Хіба даражэй што за родную песню?"

Праз некаторы час ён выдаў кніжку дзіцячых вершаў і падарыў яе сыну ў дзень нараджэння. Але пільная цешча адразу вырвала кніжку з рук унука:

- Гэта не для цябе. Хай яе іншыя чытаюць.

І выкінула кніжку ў сметнік. Крыўдна было паэту ўсё гэта ўбачыць, і ён нават падумаў, а ці не плюнуць яму на сталічны рай ды паехаць туды, дзе прайшло яго басаногае дзяцінства. Але яго міжволі прабралі дрыжыкі пры такой перспектыве. Ён добра адчуваў, што сэрца яго прырасло да асфальту і кватэры з усімі "удобствиями" і таму і на гэты раз абмежаваўся тым, што узбагаціў родную паэзію вершам "Шануйце, дзеці, роднае слова".

Калі сынок пайшоў у школу, то цешча і жонка загадалі паэту: "Ідзі вызвалі хлопчыка ад гэтай сваёй мовы". Паэт, знясілены творчай працай, неяк механічна напісаў заяву і занёс яе ў школу. І гэта нязначная падзея скора была адзначана паэтычным шэдэўрам: "О, ты неўміручае, роднае слова!"

Неяк зайшоў паэт у кнігарню і бачыць: ляжаць яго зборнікі на паліцах цалюткімі, бо ніхто іх не бярэ. А тут увайшлі яшчэ двое маладых людзей, відаць, студэнтаў, глянулі на паэтавы кніжкі, і адзін з іх кажа: "А гэты ўсё пра любоў да роднага піша, а дома перад цешчай баіцца хоць адно слова роднае сказаць".

Сорамна стала паэту. Пайшоў напіўся і рашыў болей не пісаць. Пра гэта і дома ва ўвесь голас сказаў. Але цешча адразу ж асекла: "А что тебе до того, что твоих книжек не читают и не покупают. Деньги ведь тебе уплатили. Так какого тебе рожна ешё нужно. Садись и пиши опять".

Паэт так і зрабіў. Сеў, і адразу з-пад яго пяра выліўся новы верш "Радзіма, твой загад я выканаць заўсёды рад". Так паэт нечакана атрымаў новы стымул творчага гарэння.



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 39(46), 27.09.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Хіба яны правадыры?


Хіба яны правадыры?

Дык гэта ўсё павадыры,

Яны вядуць нас, як сляпых,

І адзін клопат толькі ў іх:

З нас не спускаць свой пільны зрок,

Каб не зрабілі мы хоць крок

Без указанняў мудрых іх.

І павучаюць яны ўсіх,

Як трэба думаць, гаварыць,

Пісаць, глядзець і ўсё рабіць.

Дык чым уважней нас вядуць,

Тым горай справы нашы йдуць.

Калі-небудзь з іх будзе спрос,

Дакуль вадзіць будуць за нос?



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 41 (48), 08.10.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Сцяганосцам Айчыны


Пазабыўся ўсяго наш народ у няволі,

Але сцяганосцаў не страціў сваіх.

І ворагаў гэта трывожыць найболей

І ў лютасць кідае ад гэтага іх.


Бо ведаюць, што непакоры-адзінкі

Даюць узраджэнне народу ўсяму,

Таму і трымаюць іх ў постраху дзікім,

І вынішчыць ўшчэнт іх імкнуцца таму.


Пад ўладаю царскаю, панскай, фашысцкай

Кідалі ў нябыт нас ды выжылі мы,

Мы выйдзем жывымі й з-пад ўлады цэкісцкай

І ведаць не будзем больш жахаў турмы.


Ніхто нас ў няволі застацца не змусіць,

Парвем мы ўсяроўна свае ланцугі,

Той час набліжайце, сыны Беларусі,

Ўздымаючы вышай Айчыны сцягі!



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 43(50), 22.10.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Лёс ракі


Раку паглыблялі, раку пашыралі

І роўнай зрабілі яе, як струну.

Яна ж ўсё мялее, яна ўсё вузее

І скора, змарнелая, сыйдзе ў труну.


Жывую вадзіцу радзімых крыніцаў

Адрэзаў ад рэчкі яе новы шлях,

Таму і мялее, таму і вузее

Ў чужых для цячэння яе берагах.


Ой, нашыя людзі, няхай жа нам будзе

Лёс гэтай ракі павучальны ўвесь час:

Хіба не так сушаць і нашыя душы,

Ад родных крыніц адразаючы нас?



АБ УСІМ, ШТО БАЛІЦЬ

№ 45 (53) 13.11.1976, Менск


Толькі гутарка ходзіць такая...

Я.Купала

ГУТАРКА


Табе патрэбна воля


Каб зніклі ўсе нягоды

І красавала доля,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна ВОЛЯ!

Каб буйна год за годам

Радзіла тваё поле,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна ВОЛЯ!


Каб фабрыкі, заводы

Далі ўсяго даволі,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна ВОЛЯ!


Каб у сям'і народаў

Не чуў зняваг ніколі,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна ВОЛЯ!



Пасляслоўе да "Гутарак"

Вось і закончылася друкаванне "Гутарак", за што я вельмі ўдзячны "Зроку". Вядома ж, лепш было б, каб яны публікаваліся тады, калі пісаліся. Аднак і ў наш час, на мой погляд, "Гутаркі" могуць мець для чытачоў пэўную цікавасць. У іх выкладзены не толькі думкі і погляды аўтара, але і тое, што хвалявала значную частку нашага грамадства, асабліва нацыянальна свядомую інтэлігенцыю.

Так, напрыклад, зараз шырока распаўсюджана думка, што, маўляў, суверэнітэт на Беларусь зваліўся знянацку, што яго ніхто не чакаў. Аднак "Гутаркі" сведчаць (гэта асабліва выявілася ў адной з іх - "Прычына нашых крыўд і бед"), што пытанне аб здабыцці Беларуссю дзяржаўнай незалежнасці, як галоўнай ўмовы яе паспяховага эканамічнага і духоўнага развіцця, было асабліва актуальным для патрыятычна настроенага асяроддзя нашых людзей.

У "Гутарках" знайшло сваё адбіццё і прадбачанне немінучага краху тагачаснага рэжыму, які закасцянеў у сваёй ідэалагічнай аднабокасці ("Пра ідэалагічнае суіснаванне"), мог толькі пладзіць бюракратызм ("Скаргі"), і які прывёў краіну да эканамічнага заняпаду і грамадскага застою ("З чым ідзём да з'езду", "І вось упрэгліся ўсе трое"). Таму нядзіўна, што ў гэтым ладзе расчараваліся нават тыя, хто, атручаны хлуслівай прапагандай, слепа верыў у яго і верна служыў яму самаадданай працай ("Зноў цяжар").

У "Гутарках" распачалося і абмеркаванне тых пытанняў, якія асабліва загучалі ў наш час. Гэта і значэнне роднай мовы ў жыцці народа ("Мова - сцяг народа"), і бядотныя вынікі яе вынішчэння ("Существительное", "Чужаземец"), і свая асаблівая роля інтэлігенцыі ва ўмовах Беларусі ("Інтэлігенцыя - вочы народа", "Таму, хто прачнуўся") іадраджэнне нашай гістарычнай памяці ("Рагвалод і Рагнеда", "Няміга і Менск", "Мсціслаў не аднаго сціснуў").

У заключэнне я хачу выказаць удзячнасць тым чытачам, якія звярнулі сваю увагу на "Гутаркі" і пачэрпнулі з іх тое, што лічаць для сябе карысным і што дасць ім большую магчымасць заняць сваё месца ў высакароднай справе Адраджэння Бацькаўшчыны.


Мікола Ермаловіч ,часопіс "Зрок" № 9, 1994 г.



Укладальнікі гэтай кнігі выказваюць шчырую падзяку дырэктару Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва Ганне Вячаславаўне Запартыка за прадстаўленыя тэксты "Гутарак", якія захоўваюцца ў асабістым архіве М.І. Ермаловіча.



СШЫТАК ВЕРШАЎ МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА


Не толькі гісторык, але і паэт

Гісторык, літаратуразнавец, публіцыст Мікола Ермаловіч не быў прыроджаным паэтам. Але яго натуры, парывістай, дзейснай, неардынарнаму прамоўцу былі арганічна ўласцівы і пачуццё рытму прамоўленага слова, яго глыбокі сэнс і ўзрушальная экспрэсія. Так што вершаваныя тэксты, адкрытыя ў спадчыне прызнанага гісторыка пазней, чым творы іншых жанраў, не сталі нечым зусім нечаканым.

Сёння, на жаль, цяжка дакладна акрэсліць храналагічныя рамкі часу напісання іх. Пісаліся яны гадамі, што называецца, у стол, без ілюзіі быць надрукаванымі. І, здаецца, нават без таго абмежаванага, у рукапіснай форме публічнага выхаду, як тое здарылася з паасобнымі яго рукапісамі гістарычнай тэматыкі.

"Быў час, быў век, была эпоха", як сказаў вядомы паэт у сваёй вядомай ананімнай паэме.

Ужо першае знаёмства са зместам машынапіснага зборніка Міколы Ермаловіча, дамінантнай ідэяй яго вершаў дазваляе гіпатэтычна, з вялікай доляй верагоднасці аднесці пачатак вершапісання вялікага Рупліўца беларушчыны да другой паловы 50-х гадоў ХХ стагоддзя, калі пачалася дэсталінізацыя савецкага грамадства. У адным з пачатковых вершаў таго зборнічка ёсць досыць выразны намёк на вызваленне іх аўтара ад догмаў афіцыйнай дактрыны, якая дэкларавала пабудову самага справядлівага ладу. Творцы і прапагандысты-практыкі яе хітрылі, падманвалі, а мо самі падманваліся, рэалізуючы на сам рэч звычайную таталітарную мадэль. Ермаловіч-паэт павышаным да пафасу голасам абвяшчаў:

Зрыну я далоў паганых ідалаў,

З трону ўладароў маёй душы!


І абяцае для песні, складзенай свайму народу, узяць пуцяводнаю зоркай "праўду непагасную".

Вершаскладанне Міколы Ермаловіча наскрозь прасякнута глыбінным усведамленнем яе аўтарам несвабоды свайго народа, перадусім - нацыянальнай несвабоды, адсутнасці дзяржаўнасці як аховы этнасу, гаранту яго ўсебаковага развіцця. Гэта дамінантная для вершаў М.Ермаловіча ідэя інтэрпрэтуецца ім у розных кантэкстах, разнастайных сэнсава-вобразных выразах. Пры гэтым аўтарам шырока выкарыстоўваюцца гістарычныя рэаліі, вобразы, асацыяцыі. Так, напрыклад, у вершы "Матчын лёс" ім абыгрываецца лёс полацкай князёўны Рагнеды як знакавы для Беларусі і беларусаў:

Беларусь, край мой родны,

Лёс твой - гора ды беды.

Як жа з лёсам ты сходны

Тваёй маці Рагнеды!

Як яна, ты гвалтоўна

Ў шлюб з нялюбым узята

І ў няволі, палоннай

Свет не бачыш з-за кратаў.

Як яна, ты ўсё болей

Ненавідзіш тыранаў,

Зносіш здзек іх ты з болем

Незагойнае раны.


Руіны замкаў, а іх сапраўды ў Беларусі нямала, згадайма Наваградскія, Крэўскія, Лідскія муры, успрымаюцца лірычным героем Ермаловіча як сведкі мудрасці і моцы продкаў, "нашай волі цвярдыні". Верш заканчваецца жорсткім папрокам нашчадкам колішняй славы продкаў-прадзедаў:

Як далёка нам, сённяшнім ціхім рабам,

Да грымотных вышыняў мінуўшчыны нашай!


Ермаловіч-паэт вядзе ў вершах пастаянны дыялог з суайчыннікамі. Ён імкнецца паказаць ім рэальны стан іхняга жыцця, строга пытае за абыякавасць да лёсу Айчыны, да асноў духоўнага быцця народа: яго мовы, гістарычнай памяці, культуры. Бо менавіта яны, гэтыя складнікі непаўторнага этнічнага аблічча народа, і належныя адносіны да іх у многім прадвызначаюць яго будучыню. Пра гэта нястомна клапоціцца ў сваёй падзвіжніцкай працы Ермаловіч - гісторык, асветнік, дзеяч беларускі. У сваіх інвектывах, пытаннях, звернутых да сучаснікаў, ён часам бывае занадта жорсткі, бескампрамісны ў сваёй прамаце і грама дзянскай патрабавальнасц. У адным з вершаў ён гаворыць аб бесстароннім судзе гісторыі над сучаснікамі, з якіх не выключае сябе:

На судзе бесстароннім гісторыі строгай

Апраўданняў ніякіх не будзе для нас,

Бо віну нашу зменшыць нічога не зможа:

Ні насілля разгул і ні здрадніцкі час.

Скажа хто: будавалі й кавалі мы многа

І аддацца таму не маглі барацьбе.

Будавалі мы што?

- Казематы астрогаў...

А кавалі мы што?

- Кайданы для сябе...


У гэтым жа духу гучаць вершы "Гэта пры нас Беларусь забівалі", "Ёсць Беларусь, што вечна гнецца", "Ненавісныя прыблуды і падбрэхічы-юды".

Углядаючыся ў мінулае свайго народа, паэт бачыць не толькі тых, хто, як Кастусь Каліноўскі, уласным жыццём-вычынам пазначыў паўстанцка-рэвалюцыйную лінію яго развіцця, ды тых, хто, як Эпімах-Шыпіла, што гуртаваў маладую Беларусь уваскрашаць, адраджаць радзіму-Маці, або браты Луцкевічы і Аляксандр Уласаў - будзіцелі-нашаніўцы, ці Янка Купала з яго магутным клічам падымацца з нізін, але і тых, "што Беларусь прадавалі". Не без горычы і болю пры гэтым заўважае:

...У нас Хрыстоў было нямала,

Але і Юдаў ці не больш.


У цэлым жа гісторыя (падзея, факт, асоба) для Ермаловіча як вершатворца толькі повад, адно пазітыўны ці негатыўны прыклад, годны ў кантэксце канкрэтных праблем беларускай сучаснасці, адпаведны пры слоўнавобразным увасабленні ў тэксце.

Па сутнасці ж гісторык-паэт у думках, вершаваных выказваннях сваіх - увесь у сугучнасці, учарашняй і сённяшняй, сэрцам звернуты ў будучыню. Праз выкарыстанне паралеляў, асацыяцыі напамінае сваім сучаснікам, як знікла ў імгле стагоддзяў племя яцвягаў, пакінуўшы па сабе адно толькі найменне ў тапонімах. Ён звяртаецца да алегорыі, калі гаворыць пра раку, рэчышча якой, выпраўляючы дно, адрэзалі ад жыватворных вытокаў-крыніц (верш "Лёс ракі").

Як найвялікшую каштоўнасць для асобнага чалавека, грамадства, усяго народа паэт-гісторык цэніць свабоду. У вершы "Думка і воля" роздумна, па-філасофску гаворыць аб універсальнай сіле свабоды для ўсяго існага на зямлі:

Усяму, што на свеце жыве,

Трэба воля,

Ну, а думцы людской

Яна трэба найболей.

Бо як птушка без крылляў,

Так думка без волі

У нябесны прастор

Не ўзлунае ніколі.

........................................

А дай волю ты ёй -

Запалае вясёлкай,

Ці засвеціцца самаю

Яркаю зоркай

Або сонцам агністым

Над светам устане,

Каб змяло цемру-смерць

Жыватворнае ранне.


У вершы "Табе патрэбна воля" пераходзіць на даверлівы, размоўны тон. Паэтычнае выказванне ў тэксце набывае форму дыдактыкі:

Каб зніклі ўсе нягоды

І красавала доля,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна воля...


Тры вершы Міколы Ермаловіча, прысвечаныя памяці мастака Лявона Баразны, у адрозненне ад іншых, можна датаваць дакладна - пачаткам 70-х гадоў ХХ стагоддзя. Яны напісаны пад уражаннем трагічнай смерці вядомага рупліўца беларускай культуры і яе абаронцы. Смерць Лявона Баразны ў 1972 годзе ад рукі нявыкрытага забойцы выклікала ў асяроддзі інтэлігенцыі ўзрушанне і роздум аб сапраўдных прычынах трагедыі.

Многія ведалі камунікабельнасць таварыскага мастака і як нанкафарміста, што не хаваў сваіх крытычных поглядаў на існую ў краіне палітычную сістэму. Мікола Ермаловіч, які не быў асабіста знаёмы з мастаком, захапляўся яго падзвіжніцкай працай па ўзнаўленню беларускіх народных мастацка-выяўленчых традыцый. У вершах ён не двухсэнсоўна гаворыць аб матывах смерці Лявона Баразны як спланаваным злачынстве.

У "Хатынскім вершы" гісторык абагульняе хатынскую трагедыю да сімвалу гістарычнага лёсу свайго народа ў самых розных праявах жыцця. Жорсткія рэаліі, суровае абагульненне, адпаведная слоўная палітра. Толькі ў паадзінкавых выпадках Мікола Ермаловіч у сваіх вершах адыходзіць ад характэрнага яму публіцыстычнага стылю выказвання. Напрыклад, у вершаваным тэксце "Незайздросную я долю маю" на момант праглянула асабістае аўтарскае, праблема зроку, якую рэальна перажыў гэты самы відушчы ў нас у сваім часе чалавек - падзвіжнік, нястомны змагар. Прыкмячальна, якраз у названым тэксце, больш асабістым, чым іншыя, Мікола Ермаловіч-паэт прызнаецца ў важным, менавіта ў тым, што трымае яго ў жыцці, дало апору, грунт яго веры, сэнсу зямнога існавання, радасці жыцця:

Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшую ў тым радасць маю,

Што жывеш ты, Беларусь мая.


Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшае ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая!


Хоць у творах Міколы Ермаловіча ўзнаўляюцца, асэнсоўваюцца, мастацка інтэрпрэтуюцца суровыя, часам найжорсткія рэаліі беларускай рэчаіснасці далёкай мінуўшчыны і эпохі таталітарызму СССР, у цэлым паэзія яго мужная, у ёй наглядна пераважае мажор.

Пэўную ўнутраную дамінанту яе складае агучаны, а часам не лішне прыхаваны ў падтэксце заклік да супраціву таталітаранай сістэме - усяму, што засціць прастор свабоднай думцы, шляху народа да годнай будучыні. Сваё крэда творцы, грамадзяніна і патрыёта Радзімы Мікола Ермаловіч натхнёна выказвае ва ўздымным паводле думкі і формы вершы "Жыве Беларусь!". Верш узнік дзесьці на пачатку бурных спадзеўных 90-х гадоў мінулага стагоддзя:


Жыве Беларусь, хоць вякамі ў палоне

Без жалю на смерць катавалі яе.

Жыве Беларусь, хоць жадаюць і сёння

Ёй смерці чужынцы і юды свае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Жыве Беларусь, каб дарогу пракласці

К свабодзе і праўдзе, к багаццю й дабру.

У жыцці яе - наша і доля і шчасце.

Дык станем мы ўсе за сваю Беларусь,

за сваю Беларусь, за сваю Беларусь!


Алесь Слабодскі



"...Свае нам зоркі шлях пакажуць..."

Мікола Ермаловіч...

Цудоўнейшы чалавек, няўрымслівы шукальнік гістарычнай праўды аб месцы Беларусі ў Сусветнай гісторыі, шчыры і адкрыты з сябрамі і аднадумцамі, нязломны і бескампрамісны з рознымі "юдамі"і "падстаўнымі беларусамі".

Але няўмольны лёс ці недарэчны выпадак разлучылі яго з жывымі людзьмі, правялі тую мяжу, якую нельга змяніць, нельга перанесці на другое месца ці ў другі час.

Мікола Ермаловіч меў вялікае чалавечае сэрца, у якім палаў нязгасны агонь любові да Бацькаўшчыны. Гэты агонь не апякаў, а даваў сілу, будзіў думкі, паказваў кірунак яго жыццёвага шляху.

Мікола Ермаловіч - гэта наш, беларускі, сучасны, Данко з палаючым сэрцам. Ён не вымагаў нічога для сябе, бо адносіўся да нешматлікай у наш час кагорты "бессярэбранікаў", што аддаюць усё другім, не патрабуючы нічога ўзамен.

Сваё жыццё Мікола Ермаловіч падпарадкаваў адной мэце: даказаць, што Беларусь у мінулым была гістарычна самастойнай дзяржавай.

І ён зрабіў гэта.

Ён напісаў сапраўдную гісторыю Беларусі.

Але М.Ермаловіча турбаваў і сучасны лёс Бацькаўшчыны. Гэтай турботай прасякнуты яго вершы і вершы-"Гутаркі" (1975 - 1976 г.), у якіх адчуваецца неабыякавасць аўтара да падзей у нашым грамадстве, да тых выбоін і калдобін, якія часта сустракаюцца на шляху беларусаў да волі, свабоды і незалежнасці.

Паэзію Міколы Ермаловіча трэба разглядаць не з пункту гледжання правілаў і канонаў вершаскладання, бо галоўнымі складовымі яго паэтычных твораў з'яўляюцца духоўнасць, праўда і рэчаіснасць.

Тэматыка вершаў і вершаў-"Гутарак" рознабаковая, але іх прыблізна можна згрупаваць: вершы аб Радзіме і заклік змагання за волю; вершы, прысвечаныя змагарам і песнярам Беларусі; вершы-думкі, якія адлюстроўваюць асабісты душэўны настрой аўтара; сатырычныя творы і творы, у якіх М.Ермаловіч з болем і ўласцівай яму адкрытасцю паказвае негатыўныя бакі савецкага ладу жыцця.

М.Ермаловіч добра ведаў гісторыю свайго роднага краю і яго месца сярод другіх краін, таму задае рытарычнае пытанне:

Дзе ж Беларусь, што к волі рвецца,

Што не згубіўшы гонар свой,

Быць гаспадыняю імкнецца

Над доляй ўласнай і зямлёй?

"Дзе ж?"


Боль, любоў і надзея на тое, што край бацькоў не загінуў, цепліцца ў яго словах:

Ты не памёр, і ты не спіш,

Край беларускі родны мой:

Ты ў беспрытомнасці ляжыш

Ад здзекаў лютых над табой.

"Ты не памёр..."


А хто вінен у тым, што маці-Радзіма не можа вырвацца з палону? Толькі мы, таму што

Гэта пры нас Беларусь забівалі,

Гэта пры нас ёй магілу капалі...

...Бо не падставілі мы свае грудзі,

Каб засланіць імі маці-Радзіму.

"Гутарка" "Гэта пры нас", 1976.


І нельга будзе апраўдацца перад гісторыяй, перад нашчадкамі, што былі заняты працай і таму не змагаліся, не шукалі шляхоў да волі, бо

Будавалі мы што?

- Казематы астрогаў.

А кавалі мы што?

- Кайданы для сябе.

"На судзе бесстароннім гісторыі строгай..."


Адчай і віну выказвае аўтар, звяртаючыся да дзяцей, да будучых пакаленняў. Ён не просіць дзяцей дараваць бацькам за тое, "што з бітвы найвялікшай прыйшоўшы героямі", яны пакідаюць у спадчыну толькі невыносную няволю і замкнёную турму, што, забыўшы Бога, узвялі на прастол

...Несусветнага вырадка роду людскога

І страшэннага ката, пачвару зямлі.

"Пракляніце нас"


Горыч і крыўда за пакаленне бацькоў, за іх нерашучасць і бездапаможнасць адчуваецца ў радках верша:

Дык кляніце нас, дзеці, за тое найболей,

Што аб волі й змаганні, балбочучы, мы

Памірыліся з цяжкай, нязноснай няволяй

І жылі ў сценах страшнай, як пекла, турмы.

(Там жа.)


У вершы "Ты хочаш жыць для Беларусі" М.Ермаловіч дае наказ працаваць для Бацькаўшчыны, упарта ісці па шляху да волі, не зжывацца з рабскай доляй, запальваць агонь няскоранасці, але заклікае не ўзнімаць сваю асобу, сваё "я" на п'едэстал:

Не для таго твая ўся праца,

Агністы дар душы тваёй,

Каб над Радзімаю ўзняцца,

А каб яе ўзняць над сабой.


Асобым зместам вызначаюцца яго вершы пра волю. Воля - гэта самае дарагое дасягненне ў жыцці народа. Воля - гэта падмурак нашага шчасця.

І хіба можна дадаць другія словы да наступных радкоў?

Каб зніклі ўсе нягоды

І красавала доля...


Каб буйна год за годам

Радзіла тваё поле...

Каб фабрыкі, заводы

Далі ўсяго даволі...


Каб у сям'і народаў

Не чуў зняваг ніколі,

Запомні назаўсёды:

Табе патрэбна воля!

"Гутарка" "Табе патрэбна воля"


Усяму, што на свеце жыве,

Трэба воля,

Ну, а думцы людской

Яна трэба найболей.

"Думка і воля"

Вялікае значэнне ў Адраджэнні, у змаганні за волю аўтар надае роднаму слову. Ён перакананы, што слова - гэта салдат, перад мужнасцю якога "...няхай дрыжыць ад страху кат".

Трымай жа фронт наш, наша слова,

Смялей ў рашаючы йдзі бой,

А заўтра войскі сілы новай

Ў атаку пойдуць за табой.

"Ты бой вядзеш"

Жыве Беларусь! Жыве, хоць вякамі была ў палоне, хоць чужынцы і юды жадалі ёй смерці. Жыве на шырокай прасторы, дзе легендарныя Нёман і Прыпяць, Дняпро і Дзвіна спрадвечна кацяць свае воды ў моры.

Жыве Беларусь у народзе працоўным,

Які беражэ ў сваім сэрцы яе.

Жыве Беларусь ў сваім слове чароўным

І ў песнях сваіх непаўторных жыве.

"Гутарка" "Жыве Беларусь"


Але каб жыць, трэба скінуць з сябе цяжкі сон рабскага цярпення, зламаць астрожныя краты, пазбавіцца ад кпінаў і пагард:

Годзе нам чужынцаў лад!

Годзе страху нам знікнення!

Беларусь! У наступленне!

І ні кроку больш назад!

"Беларусь! У наступленне!"


Набатам б'юць радкі верша "Водпаведзь" у адказ тым, хто лічыць, што Беларусь без, так званага, "старэйшага рата" - Расіі, не зможа жыць, хто навязвае нашаму народу ганебную палітыку аб бездапаможнасці беларусаў быць самастойнымі ў вырашэнні свайго лёсу:

Вы нас бязбожна абкрадалі

Ці то ў стары час, ці то ў новы:

Вы ДАСТАЕЎСКІХ у нас бралі,

А нам давалі мураўёвых.


Цеплынёй, павагай, гордасцю прасякнуты вершы, прысвечаныя змагарам за свабоду сваёй Радзімы:

Паўстаў край жывой грамадою

І йдзе з Каліноўскім ўпярод.

...Народ нараджае герояў -

Героі ўзраджаюць народ!

"Кастусь Каліноўскі"


Беларусь, ці памятаеш ты

Пра свайго Шыпілу? Эпімаха?

Гэта ж - найсвяцейшы твой святы,

Працай ты яго ўваскросла з праху.

"Браніслаў Эпімах-Шыпіла"


Верш "Сцяганосцам Айчыны", прысвечаны беларускаму археолагу і гісторыку Міхасю Чарняўскаму, раскрывае сутнасць таталітарных улад: царскай, панскай, фашысцкай, цэкісцкай, іх страх перад непакорамі-адзіночкамі, якія "... даюць узраджэнне народу ўсяму...".

Мікола Ермаловіч заклікае:

...Той час набліжайце, сыны Беларусі,

Ўздымаючы вышай Радзімы Сцягі!


Вяртаючыся да падзей далёкага 1430 года, калі польскія магнаты перахапілі ў дарозе каралеўскую карону Вітаўта, М.Ермаловіч заклікае сяброў-літоўцаў падзяліцца былой славай продкаў з беларусамі, бо многа агульнага маем мы ў свёй гісторыі:

У нас быў Пачобут, і быў Каліноўскі,

Смуглевіч і Рушчыц,

Міцкевіч і Зан...

"Сябрам Літвы"

Бы Вечнага Зніча мы маем Скарыну

І Вільню праславілі кнігай яго.

(Там жа.)


М.Ермаловіч упэўнены, што спрэчныя пытанні можна вырашыць толькі тады, калі гісторыя народа не будзе перапісвацца каб дагадзіць тым ці іншым палітычным сілам ці асобам, і гістарычныя факты не будуць падтасоўвацца. Што прайшло, то таго не вернеш, а будаваць адносіны трэба так, каб нікому не было балюча:

Не будзем дзяліць мы ні замкі, ні троны...

( Там жа),

а лепей

Ля брамы з "Пагоняй" мы пройдземся пешшу

услухацца ў горкае рэха вякоў

там, дзе Саламея* лілеяла вершы,

дзе сеяў Максім** аганькі васількоў.


Не мог аўтар не ўспомніць у сваіх вершах беларускую паэтку Ларысу Геніюш. У вершы, прысвечаным ёй, ёсць радкі, у якія закладзены глыбокі сэнс і ўпэўненасць аб значнасці паэтаў у справе Адраджэння нацыянальнай свядомасці народа, аб іх прызначэнні і месцы на шляхах барацьбы за свабоду. М.Ермаловіч называе паэтаў цветам і соллю Радзімы. Ён верыць сам і заклікае верыць другіх у тое, што іх "...песня-паходня будзе значыць наш шлях" і клікаць да змагання за волю:

Не сатруць нас са свету,

Не заб'юць, не сагнуць,

Пакуль песні паэтаў

Беларускіх жывуць.

"Песнярам Беларусі"


Вялікую ролю ў фармаванні самасвядомасці ў беларускага народа М.Ермаловіч бачыць у выпуску газеты "Наша Ніва", бо яна стала першым громам, магутным звонам, крыніцай з жывой вадою:

Пасеў яе быў урадлівы:

З яго ўзышоў народу цвет,

І Беларусь - ўзраджэння дзіва -

Вядомай стала на ўвесь свет.

Ніколі не сатрэцца часам

Той дзень выдатны наш, калі

Браты Луцкевічы і Ўласаў

Сцяг Беларусі узнялі.

"Наша Ніва"


Асобнае месца ў творчасці М.Ермаловіча займаюць творы, прысвечаныя мастаку Лявону Баразне. У вершы "Альбом Лявонв Баразны" М.Ермаловіч раскрывае ролю мастака ў захаванні той народнай красы "...што мы змянялі пасля на крамны трафарэт..." і лёс яго альбома, у якім "... старасвецкае адзенне жывою ззяе навізной". Але не знайшоў прызнання на сваёй зямлі альбом - гэты цудоўны скарб, вынік працы таленавітага мастака. Пэўна цяжка было пісаць паэту такія радкі:

Ў любой краіне слаўны стаў бы

Такі адменнейшы альбом,

Яго з удзячнасцю прыняў бы

І кожны кут, і кожны дом.

А ў нас ад воч людскіх схавалі

Яго ў музеі, як ў турме,

Яго, бясцэннага, паклалі

Ў шуфлядзе, нібы у труне.

У вершы "На выстаўцы Лявона Баразны" М.Ермаловіч выказвае захапленне і радасць, якія апанавала яго, калі ён апынуўся ў акружэнні грамады, роднай яму па духу, дзе ўсё нашае, роднае: фарбы, вобразы, спевы, "дзе ручай па-нашаму бруіцца, і лес па-нашаму шуміць". Шчыра і радасна аўтар ўсклікае:

...Якім жа неацэнным скарбам

Ты адарыў нас, Баразна!

Аб трагічным лёсе мастака чытаем мы ў вершы "На смерць Лявона Баразны". Што можа быць больш горкім, чым усведамленне таго, што на роднай зямлі:

Даўно бандыцкі нож узняты

Над ўсімі намі, над ўсім нашым.

Але як клятва гучаць словы над труной чалавека, які вельмі многа значыў для Беларусі, які быў сынам, а не пасынкам свайго краю, хадзіў са шчырым словам сярод людзей і "...дбаў штодзённа аб нашай славе і жыцці...":

Ніякі вораг нас не скрышыць,

Ніякім зверствам не застрашыць.

"На смерць Лявона Баразны"


У вершах Мікола Ермаловіч выказваў свае адносіны да той ганебнай савецкай формы кіравання, калі адказныя супрацоўнікі, не разумеючы нічога ў сялянскай працы, "вучаць" земляроба як працаваць на роднай зямлі, а дзеля сваёй нажывы і кар'еры гатовы спустошыць усю скаціну, ураджай, лес, наш гонар і нашу мову.

"Хіба яны правадыры?" - задае пытанне аўтар, і сам адказвае:

...Дык гэта ўсё павадыры,

Яны вядуць нас як сляпых,

І адзін толькі клопат ў іх:

З нас не спускаць свой пільны зрок,

Каб не зрабілі мы хоць крок

Без указанняў мудрых іх...

...Дык чым уважней нас вядуць,

Тым горай справы нашы йдуць...

"Хіба яны правадыры?"


У "Гутарцы" "Сустрэча з Гогалем" аўтар працягвае разважаць аб прычынах прыніжанага і ганебнага становішча народа і указвае гэтыя прычыны:

У вас Плюшкін правіць добрабытам,

У культуру Сабакевіч ўрос...

У чужыя думкі, у чужыя лісты, у чужое жыццё лезе паганы Шпекін, а цынічны Чычыкаў:

...Тавар купляе найдзяшоўшы -

Натоўпы здрадных мёртвых душ...

І зусім не патрэбны для ўлад, робіць выснову аўтар, мудрацы і жрацы, якія дбаюць пра лепшае жыццё і могуць даць парады, а лепш бяздумныя, безідэйныя, цынічныя жарабцы. Хаця ніякай карысці ад іх няма, але

...Затое ўхілаў не даюць,

І ў ерасях не прападуць...

"Нам не патрэбны мудрацы"

А такімі істотамі кіраваць лягчэй!


Дасціпна і з гумарам абыграў М.Ермаловіч у "Гутарцы"-байцы "Клім" лозунг камуністычнай прапаганды "Дагнаць і перагнаць...". Вынікі гэтага штурму і смешныя, і горкія:

Суседзі дома ўжо даўно,

І ў іх ўжо іншая работа.

І толькі ў Кліма ўсё адно:

Ніяк не вылезе з балота.


У замалёўцы "У хвасце" аўтар ад першай асобы настолькі перадае рэаліі развітога сацыялізму, што яскрава ўяўляецца гэтая сітуацыя. Тонка, з гумарам аўтар паказвае, што пры такой уладзе ўсюды ў пашане хвасты, а не мазгі: стаіць даўжэзны хвост чаргі; у краме даюць хвасты і мазгі, але мазгоў не бяруць; хацеў падысці да прылаўка і паглядзець - цёткі не пусцілі і ўсыпалі ў хвост; стаў у хвасце чаргі, чытаю ў газеце пра ўздым і рост, а ёсць толькі хвасты; прыйшла чарга - хвастоў не хапіла і знік хвост чаргі; на прылаўку засталіся непатрэбныя нікому мазгі...

І, можна сказаць, змрочны гумар прабіваецца ў апошніх радках:

І агарнула мяне злосць,

А тут хтосьці сказаў:

"Мазгі бяры, яны табе

Патрэбны яшчэ больш".

Але ў сваіх творах М.Ермаловіч пакідае надзею і ўсяляе веру, што "ў нас людзі не дурныя...", бо

Калі ж мы жывымі выйшлі з лап ільвіных,

То не нам баяцца капытоў асліных!

"Колькі развялося..."

А ворагі і ненавісныя здраднікі-юды, якія імкнуцца задушыць нас, самі палягуць

У імі выкапаны дол,

І асінавы ім кол

Закалоціць наш народ

На ўспамін пра гэты зброд.

" Ненавісныя прыблуды..."

Мы ж, беларусы, будзем жыць і працаваць на сваёй спрадвечна роднай зямлі і сваю ніву:

Засеем спрадвечнаю марай аб волі,

І светлай надзеяй яе заскародзім,

І будзе ўраджайнай шчаслівая доля,

Якой не было яшчэ ў нас ніколі.

"О, колькі няшчасцяў над роднай нівай"

Адчуваючы на сабе няспыннае прыцясненне ўладаў, забарону гаварыць праўду аб гісторыі Беларусі, не адчуваючы шырокай падтрымкі з боку грамадскасці, прарываецца ў душы паэта роспач:

Я ўсёй душой з народам Беларусі,

А ён нявер'ем злосным плаціць мне.

Я з родным словам да яго звярнуўся,

А ён глядзіць з насмешкай на мяне.


Чаму ж чужыя, як свае, для Беларусі?

А я, нібы чужы, у роднай старане.

Ніколі я Радзімы не зракуся,

Чаму ж яна зракаецца мяне?

"Я ўсёй душой з народам Беларусі"

М.Ермаловіч чалавек неардынарны, з бязмежнай любоўю да беларускай даўніны і гісторыі, з асэнсаванымі падыходамі да сучаснасці. Не трагічна, а ўзнёсла гучаць яго словы:

Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я.

Бо найбольшае ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая.

"Незайздросную хоць долю маю..."

У гэтых словах закладзены глыбокі сэнс яго жыцця, яго светапогляду, яго разумення Радзімы. Ён звязвае моцна, назаўсёды і дабраахвотна свой лёс з лёсам Бацькаўшчыны.

Сваё жыццё, сваю працу, сваю душу і сэрца М.Ермаловіч паклаў без астатку на алтар служэння сваёй Радзіме. Звяртаючыся да суайчыннікаў, ён выказвае найгалоўнейшую мэту сапраўдных сыноў і дачок Радзімы:

Сёння ў нас няма больш важнай справы,

Як Радзіме гонар здабываць,

Сёння шлях адзін ісці да славы -

Беларусь з бясслаўя падымаць!

"Шлях да славы"

Надзея Сармант



Альбом Лявона Баразны

Легенды памятнае годна,

Як ўзімку, ўвосень, увясну

Хадзіў мастак па краі родным,

Яго ўзнаўляючы красу.


Яго красу, што як вясёлка,

Гарэла ў колерах усіх

На нашых людзях ў местах, ў вёсках

Па буднях і па днях святых.


Тую красу, што мы змянялі

Пасля на крамны трафарэт,

У куфры й скрыні паскладалі

І зачынілі прад ёй свет.


Але мастак, што дбаў штодзённа

Аб нашай славе і жыцці,

Сказаў: "Не быць красе ў загоне

І не ўміраць ёй ў забыцці".


І вось рашучы і парыўны,

Па Беларусі ён ідзе

І сэрцы словам сваім шчырым

Ён адмыкае у людзей.


Таму ахвотна куфры з скарбам

Ўжо расчыняюцца прад ім,

І ўжо святло дзівосных фарбаў

Ўбірае зрокам ён сваім.


І ўжо ўваскросшы ў яго сэрцы

Шчэ з большым бляскам пекнаты,

Каб вечна жыць, яно кладзецца

Ў яго альбомныя лісты.


Адданы цуду узраджэння

Мастак гарыць усёй душой,

І старасвецкае адзенне

Жывою ззяе навізной.

Бы закружыліся на гульнях

У карагодзе дзе якім

І андаракі і кашулькі,

Гарсэты, світкі, ручнікі.


Ў любой краіне слаўны стаў бы

Такі адменнейшы альбом,

Яго з удзячнасцю прыняў бы

І кожны кут і кожны дом.


А ў нас ад воч людскіх схавалі

Яго ў музеі, як ў турме,

Яго, бясцэннага паклалі

Ў шуфлядзе, нібы у труне.


Хіба ж аб гэтым лёсе марыў

Мастак для дзецішча свайго?

Альбом быў большым яго дарам

Для люду роднага ўсяго.


Няма ўжо мастака сягоння,

Дык кліч яго хай ймкне ў жыцці:

"Не будзе наша у загоне,

І не памрэ у забыцці".


Легенды памятнае годна,

Як ўзімку, ўвосень, увясну

Хадзіў мастак па краі родным,

Яго ўзнаўляючы красу.



Байструкамі за бясцэнак Запраданая

Байструкамі за бясцэнак

Запраданая,

У кайданы дэспатызму

Закаваная.

Зграяй зброднаю сабачай

Абраханая,

Плоймай п'явак ненажэрных

Абсмактаная,

Балбатнёю пустазвоннаю

Аглушана,
Бюракратыяй пустагаловай

Ссушана,

Дэмагогіяй бясконцай

Адурманена,

Кар'ерыстамі бяздушнымі

Спаганена,

Акупантамі твой лёс ужо

Акрэслены,
Над табою нож разбойніцкі



Занесены.

Бачу гадаў паўзучых


Бачу гадаў паўзучых,

Ды жывёл ненажэрных,

Ды чарвей невідучых,

Ды казявак нікчэмных.


Я людзей не убачыў,

Хоць ўглядаўся, здаецца,

Яны йснуюць няйначай

І ў абліччы, і з сэрцам.


Гэтых гадаў паўзучых,

Ды жывёл ненажэрных,

Ды чарвей невідучых,

Ды казявак нікчэмных.



Беларусь! У наступленне!

Беларусь, ты доўга сніла

Сон цяжкі крывавы свой.

Час прыйшоў раскоўваць сілы

І за волю йсці на бой.

Годзе рабскага цярпення,

Годзе ўжо астрожных крат,

Беларусь! У наступленне!

І ні кроку больш назад!

Ты прыгнечана найболей,

І ўжо грозіць смерць табе.

Твой ратунак толькі ў волі

І твой шлях у барацьбе!

Годзе крыўд і прыніжэнняў,

Годзе кпінаў і пагард!

Беларусь! У наступленне!

І ні кроку больш назад!


Помніць больш за ўсё павінен

Беларускі край святы,

Што калі сягоння згінеш -

Не ўваскрэснеш болей ты!

Годзе нам чужацкі лад!

Годзе страху нам знікнення!

Беларусь! У наступленне!

І ні кроку больш назад!



Водпаведзь

На ваш папрок, што шмат нам далі,

Скажу я вам такое слова:

Вы ДАСТАЕЎСКАГА ў нас ўзялі,

Замест нам даўшы Мураўёва.


Наш ДАСТАЕЎСКІ крыж няволі

За вашу волю нёс бясстрашна,

Ён азарыў з сардэчным болем

Пацёмкі вашых душ нясчасных.


Ваш Мураўёў распяў на крыжы

Тых, хто паўстаў за нашу волю,

І КАСТУСЯ зару згасіўшы,

Нас цемрай гвалту абяздоліў.


Вы нас бязбожна абкрадалі

Ці то ў стары час, ці то ў новы:

Вы ДАСТАЕЎСКІХ у нас бралі,

А нам давалі мураўёвых.



Дзе ж?

Ёсць Беларусь, што вечна гнецца,

Пакорна церпячы прыгон,

Што вечна плача і трасецца

І зносіць вечны свой палон.

Ёсць Беларусь, што прадаецца

І верна служыць чужакам.

З свайго ж звыродліва смяецца

І моліцца чужым багам.


Дзе ж Беларусь, што к волі рвецца,

Што не згубіўшы гонар свой,

Быць гаспадыняю імкнецца

Над сваёй доляй і зямлёй?



Дзеля таго..

Дзеля таго, каб у паперу

Працэнт высокі занясці,

Пасля на тым зрабіць кар'еру,

Яны на ўсё гатовы йсці:


Пад нож пашлюць усю скаціну,

У полі згнояць ураджай,

Лес да апошняе асіны

Ссякуць і апустошаць край.


Наш гонар, нашу мову стопчуць,

Каб нас лягчэй было душыць.

У нас яны нажыцца хочуць,

А нам тут трэба вечна жыць.



Думка і воля

Усяму, што на свеце жыве,

Трэба воля,

Ну, а думцы людской

Яна трэба найболей.

Бо, як птушка без крылляў,

Так думка без волі

У неабсяжны прастор

Не ўзлунае ніколі.

А панікне яна

Ўбогай, шэрай і нуднай,

Рассяваючы скрозь

Сум пустэльні бязлюднай,

А дай волю ты ёй -

Запалае вясёлкай,

Ці засвеціцца самаю

Яркаю зоркай,

Або сонцам агністым

Над светам устане,

Каб змяло цемру-смерць

Жыватворнае ранне.



Колькі развялося...

Колькі развялося ў Беларусі роднай

Байструкоў няўдзячных, погані бязроднай.


Хоць ядуць нямала нашай солі-хлеба,

Топчуць зямлю нашу, копцяць наша неба,


Ды сваю старонку граззю абліваюць

І народ свой кроўны ўсяк знеслаўляюць.


Свая мова, песні ім зусім нялюбы,

І яны ўсё робяць дзеля нашай згубы.


Чуюць-знаюць гады, што ім патураюць

І што іх за гэта добра надзяляюць.


Але мы ім скажам на іх спрыт нялюдскі:

"Нас душылі Гітлер, Сталін і Пілсудскі.


Калі ж мы жывымі выйшлі з лап ільвіных,

То не нам баяцца капытоў асліных!"



У нас валатовак шмат на дзіва

Курганы шмат аб чым нам гавораць

Я. Купала

У нас валатовак шмат на дзіва,

І ім заўсёды з намі жыць,

А ён узвысіўся пыхліва,

Каб іх ад нас адгарадзіць.


У валатоўках - продкаў воі,

Што ад палону бераглі.

А ён праз тых, што быццам волю

Нам нёсшы, зноў нас запраглі..


У валатоўках - наша слава,

Нам кліч геройскі на ўвесь час!

А ён ў імя чужой нам справы,

Як ідал, выстаўлен для нас.


Глядзі: дубы, бярозы, сосны

На валатоўках параслі.

З яго ж штыкі пачварна-грозным

Крывавым прывідам ўзыйшлі.


Хоць льюць аб ім патокі словаў,

Хоць б'юць аб ім ў званы й шумяць,

Ды нашых ціхіх валатовак

Яму ад нас не адабраць.



Купалле

Агонь купальскі! Сцяг наш палымяны!

Як радасна, што з намі ён ізноў!

Ад продкаў слаўных ён нам пераданы,

Як запавет святы грымотных іх вякоў.


Няхай жа ён, іскрысты ў цемры ночы

Жывым сваім святлом нам зорыць шлях,

Каб нам ясней было ў прастор шырокі выйсці,

Каб нас не браў прад будучыняй страх.

І даўшы схоў яму пад бронню нашых сэрцаў,

Мы не дазволім пагасіць яго

Ні сіберным вятрам, ні дзікім смерчам -

Ён нашай неўміручасці агонь.



Купальская песня

У цемры начы, нібы зарава ранку,

Купальскае вогнішча зырка палае.

А вокал раздольна і бесперастанку

Купальская песня ў бязмежжы лунае.


І гэта яна, з сэрцаў выйшаўшы шчырых,

Што смагу свабоды і праўды спазналі,

Святло рассявае ўсё шырай і шырай

І цемру зганяе ўсё далей і далей.


А вось яна сталася кветкаю шчасця,

Што ноччу купальскай агнём расцвітае

І паліць спрадвечныя нашы напасці

І шлях ў бездарожжы для нас асвятляе.


Ці вось пра каханне спеў ціхі ліецца,

І хоць у ім чуем нямала і плачу,

Ды мы маладзеем, і ўжо нам здаецца,

Што зноў мы жывем захапленнем юначым.


А раптам рассыплецца весялухай

І ўсмешкаю, быццам жывою вадою,

Змывае з душ нашых і смутак, і скруху,

І ўжо нам не страшна прад горам-бядою.


Крыніцай гаючаю ты для нас стала,

О! Неўміручая песня Купалля!

Ты нас ўваскрашала, ты нас гартавала,

І клікала йсці ў запаветныя далі!


І можа што ты, цемра, нас не зглынула

І ноч нам была не такою бясконцай,

Бо ўжо нас усходу зара агарнула,

І свеціць ўжо нам святаянскае сонца.



Матчын лёс

Беларусь, край мой родны,

Лёс твой - гора ды беды.

Як жа з лёсам ён сходны

Тваёй маці Рагнеды.


Як яна, ты гвалтоўна

Ў шлюб з нялюбым узята,

І ў няволі палоннай

Свет ты бачыш з-за кратаў.


Як яна, за ўсё болей

Ненавідзіш тыранаў,

Зносіш здзек іх ты з болем

Найглыбейшае раны.


Як яна, ўсёй душою

Ты свабоду шануеш,

Толькі жыць можаш з ёю

І з ёй шчасце адчуеш.


Як яна, ты ў няволі

Ў грудзях помсту гадуеш,

Да змагання з нядоляй

Сваё сэрца гартуеш.


Як яна, ты здабудзеш

Хараство волі яснай

І ўладаркаю будзеш

Зямлі й долі ўласнай.



У Міргарадскім музеі

Ў музеях бачыць мы прывыклі

Склад старадаўняга рыззя.

О, не! Не могільнік рэліквій

У гэтых залах бачу я.


Ў музеі, быццам ў арсенале,

Старая зброя чуйна спіць.

Вось у зашклёным футарале

Тут шабля гетмана стаіць.


На ёй нанесены насечкі

Па ліку ссечаных галоў

Тых, хто для Запарожскай Сечы

Палон прынесці быў гатоў.


Хоць слава гэтая навечна,

Лёс шаблі будзе ззяць ярчэй:

На ёй для будучых насечак

Нямала месца ёсць яшчэ...


...Сын беларускай я краіны,

Нібы па храму тут іду

І даўняй славе Украіны

Паклоны нізкія кладу.



На выстаўцы Лявона Баразны

Хаджу па залах ў захапленні

І думаю: "Калі і дзе

Я быў ў такім вось акружэнні,

Ў такой, мне роднай, грамадзе?"


Тут ўсюды нашая стыхія,

Тут фарбы нашыя гараць,

Тут нашы вобразы жывыя,

Тут спевы нашыя гучаць.


І людзі - нашы ўсе да звання -

Ўстаюць шматлікай чарадой,

І кожны з іх - ў сваім убранні,

І кожны з іх - з сваёй душой.


Струменіць нашая крыніца,

Сцяжынка нашая бяжыць,

Ручай па-нашаму бруіцца,

І лес па-нашаму шуміць.


І, нават, уваскросла ў фарбах

Сівая наша даўніна...

...Якім жа неацэнным скарбам

Ты адарыў нас, Баразна!


Хаджу па залах ў захапленні,

І думаю: "Калі і дзе

Я быў ў такім вось акружэнні,

Ў такой, мне роднай, грамадзе?"



На смерць Лявона Баразны

Даўно бандыцкі нож узняты

Над ўсімі намі, над ўсім нашым.

Як шмат ужо па волі катаў

Пайшло ад нас заўчасна паўшых!


А сёння ты іх стаў ахвярай,

Мы над труной тваёю плачам.

О, добра ведалі пачвары,

Для Беларусі што ты значыў.


Былі ў табе ім ненавісны

Твае нязломнасць і бясстрашша,

І яснай веры непахіснасць

У перамогу справы нашай.


Адно нам можа боль суцешыць,

Што ўсё, чым жыў ты, стане нашым...

Ніякі вораг нас не скрышыць,

Ніякім зверствам не застрашыць!



На судзе бесстароннім...

На судзе бесстароннім гісторыі строгай

Апраўданняў ніякіх не будзе у нас,

Бо віну нашу зменшыць нічога не зможа:

Ні насілля разгул і ні здрадніцтва час.


Скажа хто: будавалі й кавалі мы многа

І аддацца таму не маглі барацьбе.

Будавалі мы што?

- Казематы астрогаў...

А кавалі мы што?

- Кайданы для сябе...



Нам не патрэбны мудрацы

Нам не патрэбны мудрацы,

Нам не патрэбны і жрацы,

Нам больш па густу жарабцы.


Хаця яны і не аруць,

А толькі знаюць, што жаруць,

Пасля гарцуюць і іржуць.


Затое ўхілаў не даюць,

І ў ерасях не прападуць,

І ў безыдэйнасць не ўпадуць.



Юрыю і Лявону Луцкевічам

"Наша Ніва"

Той дзень непадуладны часу,

Бо вечным будзе яго след:

Ў той дзень Луцкевічы і Ўласаў

Паслалі "Нашу Ніву" ў свет.


Яна гукнула першым громам,

Які раскоўвае вясну,

Яна магутным стала звонам,

Які будзіў нас ада сну.


Яна агністай зоркай стала

І ў цемры значыла нам шлях.

Яна сяброў сваіх яднала

І ворагаў кідала ў страх.


Яна была нашай крыніцай,

Паіўшы нас жывой вадой.

Яна вучыла нас пазбыцца

Няволі нашай векавой.


Пасеў яе быў урадлівы:

З яго ўзышоў народу цвет,

І Беларусь - ўзраджэння дзіва -

Вядомай стала на ўвесь свет.


Ніколі не сатрэцца часам

Той дзень выдатны наш, калі

Браты Луцкевічы і Ўласаў

Сцяг Беларусі узнялі.



Не верыш...

Не верыш, што гэта у нас

Каліноўскі радзіўся,

Што нам нашу праўду

ён сеяць аддана пачаў,

Што клічам ягоным

наш дух змардаваны будзіўся,

Што з воч нашых

ён слепату векавую здымаў.


Няўжо разам з ім

наша праўда была закавана

І катам бязлітасным

ўзведзена на эшафот?

Няўжо разам з ім

наша праўда была пахавана,

Каб жыў у чужацкай хлусні

сляпы беларускі народ?



Незайздросную хоць долю маю

Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольшую ў тым радасць маю,

Што жывеш ты, Беларусь мая.


Незайздросную хоць долю маю,

Ды на лёс не наракаю я,

Бо найбольш ў тым шчасце маю,

Што жыць будзеш, Беларусь мая!



Ненавісныя прыблуды...

Ненавісныя прыблуды

І падбрэхічы іх - юды


З асалодай крыважэрнай

Баюць нам аб смерці вернай.


І капаюць ўжо магілу

Беларусі нашай мілай.


Ды няўцям сляпым прарокам,

Што вякі пабедным крокам

Беларусь ідзе няспынна

Пад такія брэх і кпіны.


І палягуць яны самі

Чорнай падлай, злымі псамі


У імі выкапаны дол,

І асінавы ім кол


Закалоціць наш народ

На ўспамін пра гэты зброд.



О, Беларусь, У цябе нямала...

О, Беларусь, ў цябе нямала

Было адданейшых сыноў,

Што ў бой ішлі з чужой навалай,

Што рвалі путы ланцугоў.


Але для нас, доўгацярплівых,

Ў няволі звыкшых вечна жыць,

Іх, мужных, прыклад быў жахлівы.

(Рабом лягчэй, чым вольным жыць).


І мы іх самі аддавалі

У рукі ворагаў сваіх,

Каб на крыжы іх распіналі,

Каб у гразі тапталі іх.


А нам за нашу подласць-здраду

Плацілі горшым шчэ ярмом,

Свісталі больш нагайкі катаў

Над нашым схіленым гарбом.


Радзіма пеклам для нас стала,

І мы за здраду церпім боль...

...У нас Хрыстоў было нямала

Але і Юдаў ці не больш.



О, колькі няшчасцяў над роднай нівай

О, колькі няшчасцяў над роднай нівай:

Як градам калоссі без жалю пабіла,

Як глебу размыла парою дажджлівай,

Як лютае сонца яе папаліла.


Ды мы не застынем у роспачы нема,

Не раз долю бачылі мы нешчасліву,

Магутнаю сілай любві узарэм мы

І потым напоім мы родную ніву.


Засеем спрадвечнаю марай аб волі,

А светлай надзеяй яе заскародзім,

І будзе ўраджайнай шчаслівая доля,

Якой не было яшчэ ў нас ніколі.



О, як нуднаю хлуснёю абрыдла...

О, як нуднаю хлуснёю абрыдла

Сэрца мне і розум свой сушыць.

Звергну я далоў паганых ідалаў

З трону ўладароў маёй душы.


І каб сталі светлаю паходняю

Песні, што складу люду свайму,

Зоркаю сваёй шляхаводнаю

Праўду непагасную вазьму.



Пад веснавым лагодным сонцам...


Пад веснавым лагодным сонцам

Гуляюць дзеці на лугу,

І рады так яны бясконца

Прастору, кветкам, мурагу.


І толькі ўзнаюць цераз годы,

Што шчасце іх схавана тут.

І будзе іх цягнуць заўсёды

У незабыўны гэты кут.



Уладзіміру Крукоўскаму

Замчышчаў даўніх вышыні


Невясёлыя думкі маркоцяць мяне,

Калі бачу я замчышчаў даўніх вышыні.

Там кавалася слава маёй старане,

Там калісьці былі нашай волі цвярдыні.


Ды ў віхурах вякоў не ўтрымаліся там

І сарваліся ўніз мы, бясслаўе прыдбаўшы.

Як далёка нам, сённяшнім ціхім рабам,

Да грымотных вышыняў мінуўшчыны нашай!

02.06.1977



Ларысе Геніюш

Песнярам Беларусі

Песняры Беларусі,

Цудадзейны народ!

Вамі я ганаруся,

Слаўлю мужны ваш род.


Сцяганосцы Радзімы,

Яе цвет, яе соль.

З ёй заўсёды адзіны,

Боль яе - і ваш боль.


Калі люд наш загнаны

Ўжо не верыў ў сябе,

Вы кідалі аддана

Яму кліч к барацьбе.


Песняй збуджаны вашай,

З мёртвых ён уставаў!

Песняй звонкаю вашай

Пра сябе абвяшчаў.


З песні вашае плённа

Беларусь узыйшла,


З песняй вашай гартоўнай

За сябе ў бой пайшла.


Цераз пекла балючых

І крывавых падзей

З вашай песняй гаючай

Яна ў будучнасць йдзе.


Як учора і сёння,

Так і ў заўтрашніх днях

Ваша песня-паходня

Будзе значыць наш шлях.


Ў песнях вашых - ўсё наша:

Розум, сэрцаў біццё,

Вера, гарт і бяссмерце,

Радасць, сум і жыццё.


Не сатруць нас са свету,

Не заб'юць, не сагнуць,

Пакуль песні паэтаў

Беларускіх жывуць.



Пракляніце нас...

Пракляніце нас, дзеці, за тое, што болей

Не пакінем нічога вам у спадчыну мы,

Апроч путаў цяжкой невыноснай няволі,

Апроч цёмнай, наглуха замкнёнай турмы.


Пракляніце нас, дзеці, за тое, што Бога

Развянчаўшы, на Божы прастол мы ўзвялі

Несусветнага вырадка роду людскога

І страшэннага ката пачвару зямлі


Пракляніце нас, дзеці, за тое, што з бітвы

Найвялікшай прыйшоўшы героямі, мы

Па-нявольніцку ўкленчылі, як на малітве,

Перад зграяй сваёю натоўпам нямым.

Дык кляніце нас, дзеці, за тое найболей,

Што аб волі й змаганні, балбочучы, мы

Памірыліся з цяжкай, нязноснай няволяй

І жылі ў сценах страшнай, як пекла, турмы.



Слепата, глухата, немата

Спрадвеку цемра ў нас глухая,

Як пад зямлёю у крата,

Таму ніяк і не спадае

Дасюль з воч нашых слепата.

Мы адгароджаны ад свету,

Вакол - сцяною пустата,

І не дае нам чуць планету

Астрожнай цішы глухата.


Мы падуладны страшнай сіле,

Яна нас цісне, як пліта,

І усяроўна, як ў магіле,

У нас пануе немата.



Такой начы

Такой начы не бачылі даўно:

Усё пакрыта чорнаю раўнінай,

Ніводнай зоркі ў небе не відно,

А на зямлі ніводнай пуцявіны.


Ды цемра вас не зможа напужаць

І ў ёй ніхто з вас, мужных, не саб'ецца,

Бо шлях цяжкі вам будуць асвятляць

Палаючыя ярка вашы сэрцы.



Ты не памёр...

Ты не памёр і ты не спіш,

Край беларускі родны мой:

Ты ў беспрытомнасці ляжыш

Ад здзекаў лютых над табой.


Не бачачы адпору, кат

Знаглеў і азвярэў зусім:

Капае яму ужо гад,

Каб пахаваць цябе жывым.



Сябрам Літвы

"Вітаўт... дамагаўся каралеўскай кароны,

аднак яе ў дарозе перахапілі

польскія магнаты (1430)..."

Мікола Арочка. "Курганне. Крэва."


Забралі карону? Цяпер не паплачаш:

Не знойдзеш цяпер ні майстроў, ні літва...

Гляджу праз вякі

конь стрыножаны скача -

хрышчоная словам славянскім Літва.


Суседзі, сябры! Мы падзелімся славай,

не будзем пасёння хаваць пад крыло

сумеснае гора сумеснай дзяржавы,

сумесных крыніц жарало.


У нас быў Пачобут і быў Каліноўскі,

Смуглевіч і Рушчыц,

Міцкевіч і Зан...

Нібыта над Грунвальдам

Гітлера войскі

крышылі сумесным агнём партызан.


Укралі карону? Але не скарылі

народнага духу пад сонмам багоў.

Бы Вечнага Зніча, мы маем Скарыну

і Вільню праславілі кнігай яго.


Не будзем дзяліць мы ні замкі, ні троны,

траістую музыку, ўзоры крыжоў:

над намі дубоў пакручастыя кроны,

пад намі луска бальшаковых глыжоў.


Ля брамы з "Пагоняй" мы пройдземся пешшу

услухацца ў горкае рэха вякоў

там, дзе Саламея* лілеяла вершы,

дзе сеяў Максім** аганькі васількоў.



Ты бой вядзеш

Ты бой вядзеш. Ты кліч і зброя,

Ты сёння, слова, наш салдат,

Прад мужнасцю тваёй героя

Няхай дрыжыць ад страху кат.


Цябе заўжды мы трапным мелі

(Дарма не траціла запал),

Таму і сёння бі па цэлі

Без промаху і напавал.


Збяры наш гнеў да зграі зброднай,

Спрасуй яго і запалі,

І ім, як бомбай вадароднай,

Ўсю гэту нечысць спапялі.


Трымай жа фронт наш, наша слова,

Смялей ў рашаючы йдзі бой!

А заўтра войскі сілы новай

Ў атаку пойдуць за табой.



Чужыя кветкі на нашым полі...

Чужыя кветкі на нашым полі,

Чужыя зоркі у нашым небе.

Чужыя кветкі нам душы труцяць,

Чужыя зоркі нас з тропу зводзяць.

Чужыя кветкі хутчэй мы вырвем,

Чужыя зоркі смялей мы згасім.

Свае мы кветкі засеем ў полі,

Свае мы зоркі запалім ў небе.

Свае нам кветкі душу ўваскросяць,

Свае нам зоркі шляхі пакажуць.


* Саламея Неруш - літоўская паэтэса.

** Максім Багдановіч - беларускі паэт.



Шлях да славы

Кожны з нас па славе гучнай млее,

Мкнецца сябе выставіць ўпярод,

Не зважаючы на тое, што марнее

У нямым бясслаўі наш народ.


Не мець нам славы ўласнай сёння,

Хоць бы і здабыць яе змаглі,

Бо яна, мізэрная, патоне

У бясслаўі роднае зямлі.


Сёння ў нас няма больш важнай справы,

Як Радзіме гонар здабываць,

Сёння шлях адзін ісці да славы -

Беларусь з бясслаўя падымаць.



Станцыя "Беларусь"

Невялікую станцыю гэту

Нездарма Беларуссю назвалі:

Продкі нашыя ў даўнія леты

Тут гісторыю нашу пачалі.


Тут Рагнеда ўзняла нашу славу,

Беларусі зару запаліла,

Тут айчыну яна Ізяславу

Разам з воляй здабытай ўручыла.


...Быллю даўняй, легендаю стаўшай,

Усхваляе і розум, і сэрца

Невялікая станцыя наша,

"Беларуссю" якая завецца.



Яцвягі

Вёска Яцвезь... У век даўні

Тут яцвягі жылі.

Ваяўнічым і слаўным

Яны племем былі.


Не хацелі скарыцца,

Чужой ўлады цярпець

І выходзілі біцца

За свабоду на смерць.


Вось за стойкасць ім гэту

Не маглі дараваць,

І рашылі са свету

Іх суседзі зжываць.


Апантаныя прагай

Усіх вольных знішчаць,

Сталі рэзаць яцвягаў,

Ў пушчах іх марнаваць.


Сталі іх, бедалагаў,

У балоты зганяць,

І род слаўны яцвягаў

Перастаў існаваць.


Толькі назвы, як Яцвезь,

Што сям-там дзе жывуць,

Бы адданыя клятве,

Памяць іх сцерагуць.


...З страху сэрца нямее,

Душа стыне да дна,

Калі ў роздуме спее

Ў мяне думка адна:


"Няўжо згінула тое,

Што змаганне вяло?

Няўжо выжыла тое,

Што пакорным было?"

02.06.1977.



Сыны Васіля Цяпінскага

Радзіму бацька ім пакінуў,

Сваю ім справу завяшчаў.

Хацеў, каб той агонь не згінуў,

Які ў грудзях яго палаў.


Ды бацькі голас запаветны

Да іхніх сэрцаў не дайшоў.

Яго "убогая маетнасць"

Іх болей хвалявала кроў.


І вось з заўзятасцю цягаюць

Адзін другога па судах,

Адзін другога выганяюць

Яны з бацькоўскага гнязда.


А справа бацькава марнее,

Народ ідзе ўсё больш ў прыгон,

Чужынец усё больш наглее,

І родны край бярэ ў палон.


Ды ім Айчына не патрэбна

І скарбы бацькавай душы.

Сыны за "ўбогую маетнасць"

Сябе гатовы падушыць.



Роздум ля помніка Леніну

Ён толькі між людзей меў шчасце

І дыхаў поўнымі грудзьмі.

Хто мог яго так абакрасці,

Высока ўзняўшы над людзьмі.


Асілка, волата такога

Ніколі смерці не узяць,

Дык хто пасмеў яго, жывога,

Ў граніце, бронзе пахаваць?



Кастусь Каліноўскі

Здаецца, што ўсё тут забіта,

Што й месца жывога няма.

Здаецца, усё тут забыта,

Што край і народ без імя.


Ды ў гэтай старонцы загнанай

Уздужаў, як волат, змагар.

Адчуў ён душою спагаднай

Няшчаснай Радзімы цяжар.


Да рабскай пакоры нязвыклы.

Гукнуў ўсёй краіне Кастусь:

"Даволі! Народ мы, не быдла,

Паўстань за сябе, Беларусь!"


Узнялі народ скатаваны

"Мужыцкае праўды" лісткі.

Сякеры і косы пабраны:

Ў паўстанцы пайшлі мужыкі.


І там яны вольна ўздыхнулі,

Як роднай зямлі ўладары,

І ў бітву ідуць, каб не гнулі

Ім спіны паны і цары.


І ўжо перад іхняю мовай,

З якой мог ўсякі пакпіць,

Нібы перад карай суровай,

Варожая зграя дрыжыць.

Паўстаў край жывой грамадою

І йдзе з Каліноўскім ўпярод.

...Народ нараджае герояў -

Героі ўзраджаюць народ!



Браніслаў Эпімах-Шыпіла

Беларусь, ці памятаеш ты

Пра свайго Шыпілу? Эпімаха?

Гэта ж - найсвяцейшы твой святы,

Працай ты яго ўваскросла з праху.


Ён сыноў тваіх к табе збіраў,

Каб твой лёс у рукі свае бралі,

Кроў жыцця па целу твайму гнаў

Ён, якога сэрцам тваім звалі.


А за подзвіг свой у век стары

Атрымаў ён крыўду, нібы плаху...

Беларусь, ад сораму згары -

Ты не ўратавала Эпімаха.



Я ўсёй душой з народам Беларусі

Я ўсёй душой з народам Беларусі,

А ён нявер'ем злосным плаціць мне.

Я з родным словам да яго звярнуўся,

А ён глядзіць з насмешкай на мяне.


Чаму ж чужыя, як свае, для Беларусі?

А я, нібы чужы, у роднай старане.

Ніколі я Радзімы не зракуся,

Чаму ж яна зракаецца мяне?


Відаць, народ мой больш прывык да здрады,

Чым да адданасці сваіх сыноў,

Таму шануе ён чужацкіх гадаў

Больш, чым сваіх звыродных груганоў.

1948 - 1983


Выказваем шчырую падзяку дырэктару Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В. Запартыка за прадстаўленую нізку вершаў, якая захоўваюцца ў асабістым архіве М.І. Ермаловіча, мастаку-журналісту Уладзіміру Крукоўскаму, мастаку Алесю Марачкіну і рэдактару часопіса "Роднае слова" Міхасю Шавырніку за прадстаўленыя вершы.



ПАМЯЦЬ пра МІКОЛУ ЕРМАЛОВІЧА


У СЛОВЕ,

У ФАРБАХ,

У БРОНЗЕ,

У КАМЕНІ

І ФОТАДАКУМЕНТАХ



Гісторыку Міколу Ермаловічу

Цёзка - аднакурснік даваенны,

Разам памянём давай былых

Нашых аднакашнікаў пайменна,

І загінулых, і ўсіх жывых.


Жэня Шчупачэнка, Лёша Коршак,

Воля Кухта, Коля Сурначоў

Не былі ні ў лепшых і ні ў горшых,

Але не любілі стукачоў.


Чумакоў, Астапенка, Сасноўскі,

Семяновіч, Яначкін, Машко,

Тараруха, Васпякоў, Кляноўскі,

Канаплёў, Хмялеўскі і Клачко,


Хоць і не славутыя героі,

Але на бацькоўскае зямлі

У вайну і мірнаю парою

Здзейснілі ў жыцці ўсё, што змаглі.


Аднакурснікі нас не пажураць,

Што не сталі іхнія браты:

Я - выкладчыкам літаратуры

І літаратуразнаўцам - ты.


На радзіме ляжам на пагосце,

Тут пакінем працы плён увесь...

Як бы нам у гэтым пазайздросціў

Наш таварыш - Салавей Алесь!


Мікола Аўрамчык



Балада Міколы Ермаловіча

Ён праз туман, нібыта праз стагоддзі,

І праз стагоддзі, нібы праз туман,

Ідзе няспешна, як па тонкім лёдзе,

Па нашым свеце, і гучыць сурма

Над ім у небе, і прастор святлее,

Як бездань, у якой наш боскі дзень

Народзіцца і душы абагрэе

Усім, хто сёння праз зіму ідзе,

І ў вечнасці зямной не прападзе,

Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны,

Праз дым стагоддзяў і стагоддзяў пыл.

Ён, нібы неба над зямлёю, вольны,

І Ён самотны, як трава магіл,

Дзе нашае змаганне спачывае,

Ды спачывае толькі да пары

Пакуль хто-небудзь зноў не загукае:

"У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!.."

І дойдзе Ён, бо ведае дарогу,

Да Беларусі, дзе няма зімы,

Дзе белы снег, нібы рамонкаў многа

Яму пад ногі накідалі мы...


Віктар Шніп



Нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім сваёй роднай мовы, як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце.

Мікола Ермаловіч


Міколу Ермаловічу

Вы працавалі на вякі

І не маглі Вы прыніжацца,

Каб Вам далі надрукавацца

Вучоныя бальшавікі.


У Беларусі старажытнай

Вам чутны голас з курганоў.

І Вы з народам родным злітны

Як злітны вера і любоў.

Віктар Шніп



Слова пра Міколу Ермаловіча

І

У сутарэнні, у "Спадчыне" Белага

Няма дзе яблыку ўпасці.

"Што тут сягоння?" - пытаю нясмела.

"Сягоння сустрэча - бы шчасце".

Тут сёння Мікола Іванавіч

Аповед вядзе гістарычны;

Гартае мінуўшчыну нанава,

Дорыць настрой крынічны.


ІІ

А ён не прызнаны ў колах, у тых,

Дзе быццам глыбіннай заняты работай;

Яго там зацята ганьбяць услых,

Яму там зайздросцяць употай.


А ён не належыць да тых удальцоў

Буяе ў каго пустацвет у гародзе;

Ён рэдка ўзыходзіць на круг выдаўцоў,

Ён з душ юнакоў не выходзіць.


Мікола Іванавіч - не кандыдат,

Не доктар, не акадэмік па званні;

Калі ж быць дакладным, калі ў акурат -

Народны гісторык ён па прызванні.


Ён пошук духоўны чуйна вядзе,

Ён хоча сказаць ўсяму свету,

Што Беларусь, як краіны ўсе,

Дыхаць павінна з сусветам.


Ён хоча сказаць, што яднаюць людзей

Праўда і справядлівасць;

Калі ж іх не знойдзем у ходзе падзей, -

Страцім да роднага краю пачцівасць.


ІІІ

А думкі, а словы яго над вякамі

Лятуць, абуджаючы душ нашых скрыдлы...

Калі мы таго не захочам самі,

Ніхто і ніколі не зробіць нас быдлам.


ІV

У век панавання антыідэй,

Суцэльнай хлусні і падману,

Ці многа, Радзіма, у цябе дзяцей,

Што служаць табе аддана?

Не многа, не часта ўдаецца пачуць

Пра мужнай любові ўрокі...

А ён, каб відушчасць табе вярнуць,

Сябе за работай пазбавіў зроку.


V

У сутарэнні, у "Спадчыне" Белага

Няма дзе яблыку ўпасці...

"Што тут сягоння?" - пытаю нясмела.

"Сягоння сустрэча - бы шчасце".


Яўген ГУЧОК



Заплыў у сваю гісторыю Мікола Ермаловіч

Ні чыстапісання, ні правапісання

Гістарычных, свядомых

Большасць гісторыкаў не засвоіла.

х х х

Намылі, насунулі, нагрувасцілі

Антычасу на Беларусь

У несумленні суседзі нашы.

х х х

А калі самі мы ўсцяж кіснем,

Дык кіслай зробяць

І гісторыю нашу.

х х х

Гісторыя наша - нібы Няміга...

Яна пад зямлёй,

Яна заклікае нас на адкоп.

х х х

Калісь беларус на жалейцы Творцу іграў,

А потым каровінаму статку,

А пасля без жалейкі і статку застаўся.

х х х

Плакала сэрца, балела душа -

І праступаў у гісторыі

Сапраўдны твар Беларусі.

х х х

Ануча гісторыі, якой затыкаюць рот,

Ад сёння няхай прападзе!

Былі мы калісьці славутым народам Еўропы...

х х х

Для многіх гісторыя - стол,

На якім яны Беларусь звяжуць;

Для яго ж - варштат... рэстаўрацыя.

х х х

Не справа - чужое адзенне

На сабе цыраваць гадамі...

Шукайма вопратку ўласную!

х х х

Мы ашчадна капаем зямлю сваю,

А хтось засыпае імперскім бульдозерам -

Вось пакуль што ў нас і робіцца.

х х х

І як бы ад нас не закопвалі Беларусь,

Усё ж мы яе адшукаем...

Нават па зорках у небе.

х х х

Досыць нам боўтаць

Палонна ў чужую гісторыю!

Час заплывы рабіць годна ў айчыннай.

х х х

Хто слухае сэрца,

Сумленне хто слухае,

Той здольны пачуць і глыбіні сваіх вякоў.

х х х

Не будзеш гісторыю ведаць сваю -

Будзеш цягацца ад фермы да фермы

І карміць для чужынца свіней.

х х х

Калі разбярэшся ва ўласнай гісторыі,

То пойдзеш наперад

І локці ніколі не будзеш імкнуцца ўкусіць.


Яўген ГУЧОК



Міколу Ермаловічу

Яшчэ не ўсіх ён разбудзіў,

Яшчэ не ўсіх ён вывеў з ночы.

Ад запаветных скарбаў-дзіў

Ён праз стагоддзі смела крочыў.


Край крывічоў, ліцвінскі род.

Мінуласць. На Нямізе сеча.

З натоўпу вырастаў народ,

Збіраўся, як раней на веча.


Як цяжка, цяжка аднаму

Шлях церабіць, шукаць вытокі

Праз падазрэнні і ману,

І марыць - ты не адзінокі.


А ён ішоў, наш павадыр.

Вёў за сабою невідушчых

Да нашых вояў і муроў,

І Перуном грымелі пушчы.


А ён ішоў...уноч і ўдзень

Пісаў свой летапіс - Старонцы.

Будзіў свой край, адпрэчваў цень,

І шлях здаваўся той бясконцым.


Ды абарваныя ніты.

Вясна... Адзін. Дарога... Колы.

Радзіма, ведай, з намі ты

Ад Ермаловіча Міколы.


2000 г. Аляксей Марачкін



Прысвячаю гэты верш майму настаўніку Мікалаю Іванавічу Ермаловічу. Ён вярнуў мне гістарычную памяць. Яго творы растапілі амаль застыўшы інтэлект, яго набатныя словы адкінулі летаргічны сон, і я прачнулася. Можа занадта позна, але не зусім позна.


На схіле дзён чытаю "Маладосць",

Чытаю Ермаловіча,

Сціскаю галаву рукамі.

Пакутую за свой наканаваны лёс,

Што прыдушыў бяспамяцтва гадамі.

За невуцтва сваё, дзяцей і ўнукаў

Я прабачэння не прашу.

Маё жыццё было суцэльнай мукай.

Я беларускі крыж цярплівасці нясу.

Чакаю сына беларускага, што прыдзе.

А мо, прыйшоў! І павядзе!

Хутчэй за ўсё народ яго распне,

Народ-натоўп, які стаіць у чарзе.


Жанна Царэнкава,

сакавік 2001



Помнік знаўцу Вялікага княства

Бронзавы барэльеф знакамітага гісторыка, умацаваны на камені-волаце вышынёй 2,5 метра, размясціўся ў прыватным музеі-сядзібе Анатоля Белага. "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі", - напісана на помніку, што зрабіў скульптар Уладзімір Мелехаў. Гэта даніна павагі Міколу Ермаловічу, які за сваё жыццё ў дзесятку ўласных кніг адкрыў нам невядомую гісторыю эпохі Вялікага Княства Літоўскага і пайшоў ад нас тры гады таму.

Гэты помнік, паведаміў фундатар музея Анатоль Белы, стаў ужо дзесятым з тых, што былі ўстаноўлены ў Старых Дарогах, каб уславіць імёны Васіля Быкава, Ларысы Геніюш, Еўфрасінні Полацкай, Льва Сапегі, іншых людзей, што зрабілі значны ўклад у фармаванне нацыянальнай спадчыны беларусаў, адраджэнне культурных традыцый народа. У перспектыве мяркуецца ўстанавіць у музеі да 200 барэльефаў слынных сыноў і дачок Радзімы.

Руслан Ананьеў,

"Народная газета", 30 жніўня 2003 г.



Миколу Ермаловича увековечили в Старых Дорогах

Автор проекта Анатоль Белый посвятил этому историку один из 200 памятников, которые он устанавливает на собственном участке.


На участке Анатоля Белого в Старых Дорогах уже установлены памятники отцу и сыну Богдановичам, Ларисе Гениюш, Василю Быкову, Льву Сапеге, Ефросинии Полоцкой и другим. Памятник Миколе Ермаловичу создал скульптор Владимир Мелехов. Если грандиозный проект удастся воплотить, то на участке Белого будут установлены 200 памятников, и это будет самое густонаселенное историческими персонами место в Беларуси.

Анатоль Белый называет его не иначе как Народным историком Беларуси и считает, что для нашей страны Ермалович сделал не меньше, чем Василь Быков. Микола Иванович не имел научных званий - он был историком по призванию. Говорят, что аспирант Ермалович собирался написать научную работу по белорусской литературе ХIХ века, ему сказали: «Эта тема неактуальна, пишите лучше о предлогах». Тогда Микола Иванович оставил аспирантуру и начал самостоятельно исследовать вопросы создания Великого Княжества Литовского. Многие его научные труды и книги позволили белорусам взглянуть совершенно иными глазами на историю своей страны. На этих выходных Анатоль Белый отправится в Молодечно, где будет хлопотать о том, чтобы в этом городе установили еще один памятник Ермаловичу.

Сергей Малиновский,

«Комсомольская правда в Беларуси»,

30 августа 2003 г.



Помнік Ермаловічу

У сядзібе музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (Менская вобласць) адкрыты помнік вялікаму беларускаму гісторыку Міколу Ермаловічу.

Як паведаміў БелаПАН кіраўнік праекта, старшыня Менскага гарадскога культурна-асветнага клуба "Спадчына" Анатоль Белы, на глыбе чырвонага фінскага граніту вышынёй у 2,5 метра ўстаноўлены бронзавы барэльеф вучонага (аўтар - скульптар Уладзімір Мелехаў) з тэкстам:

"Мікола Ермаловіч.

Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі".

Паводле слоў А.Белага, ад першай друкаванай кнігі па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага - "Хроніка польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі" польскага гісторыка Мацея Стрыйкоўскага, выдадзенай у 1582 годзе, качаваў тэзіс аб заваяванні вялікімі князямі літоўскімі беларускіх земляў. "І толькі праз чатыры стагоддзі Мікола Ермаловіч разбурыў гэты міф, даказаўшы, што беларускія князі заваявалі Літву. Вучоны ўнёс вялікі ўклад у фармаванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа і ў вяртанне ягонай гістарычнай памяці. Поруч з Васілём Быкавым Мікола Ермаловіч з'яўляецца найвялікшай фігурай сучаснай айчыннай гісторыі. Ён развеяў міф аб месцазнаходжанні гістарычнай Літвы і стварыў цэльную гістарычную канцэпцыю, якую сёння ніхто не можа абвергнуць", - сказаў краязнаўца.

Марат Гаравы,

"Народная воля", 2 верасня 2003 г.



Яго мы чакалі чатыры стагоддзі

На сядзібе Музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах фонд Анатоля Белага з'явіўся дзесяты па ліку помнік выдатнаму беларускаму гісторыку-першапраходцу Міколу Ермаловічу. На помніку надпіс: "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі".

Справа ў тым, што з першай сістэматызаванай гісторыі Беларусі "Гісторыя Польшчы, Літвы, Жамойці і ўсяе Русі" Мацея Стрыйкоўскага, выдадзенай яшчэ ў 1582 г., мінула больш за чатыры стагоддзі. Якраз з тае пары і з таго выдання пачало настойліва ўкараняцца скажонае ўяўленне аб нашай Бацькаўшчыне, сцвярджалася, быццам бы літоўскія князі "заваявалі беларускія землі" і інш. Гэтыя хлуслівыя ідэі вандравалі з аднаго навуковага даследавання ў другое, пакуль не з'явіўся на навуковай арэне ўжо ў наш час Мікола Ермаловіч, які, сам будучы амаль невідушчым, адкрыў нам вочы на добра схаваную гістарычную праўду.

Як жа ўспрынялі новыя светапогляды афіцыйныя савецкія гісторыкі? Можна сказаць з недаверам і непрыязнасцю. Ажно дзевяць аўтарытэтаў - дактароў гістарычных навук адмовіліся даць станоўчую ацэнку наватарскай падзвіжніцкай працы М.Ермаловіча. Выключэнне - М. Ткачоў, які зрабіў амаль што гераічны па тым часе ўчынак, сказаўшы важкае слова ў абарону калегі.

Даследванні-адкрыцці Міколы Ермаловіча, адрынутыя тагачаснай савецкай афіцыйнай навукай, усё ж знайшлі - не маглі не знайсці - шырокую дарогу да сэрцаў суайчын-нікаў, што прагнуць праўды аб сваёй Бацькаўшчыне. Рэдка каму з навукоўцаў удаецца дасягнуць такой народнай любові. Рэдка каму ўдаецца зрабіць такія паваротныя адкрыцці ў гістарыяграфіі, так высока ўзняць з пылу мінулае сваёй занядбанай у духоўных цісках Радзімы. І як балюча, што Мікола Іванавіч не паспеў завяршыць свае новыя творчыя задумы: жыццё яго трагічна абарвалася...

Помнік сапраўды народнаму гісторыку - гэта даніна вялікай павагі да чалавека, які дае прыклад служэнняя свайму народу, Бацькаўшчыне.

Дадам: і тое, што робіць Анатоль Белы, увекавечваючы памяць слынных сыноў Айчыны, з таго самага шэрагу ўхвальных патрыятычных спраў.


P. S. Днямі стала вядома: гарвыканкам Маладзечна даў дазвол на ўстаноўку помніка ганароваму грамадзяніну горада, слыннаму земляку Міколу Ермаловічу па вуліцы Прытыцкага ля будынка новага касцёла. А адна з новых вуліц будзе насіць імя першаадкрывальніка гістарычных скарбаў. Ухвальнае рашэнне!


Аляксей Казубоўскі



Помнік народнаму гісторыку

25 жніўня бягучага года ў Старых Дарогах на сядзібе музея выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага, устаноўлены помнік выдатнаму гісторыку Беларусі Міколу Ермаловічу. Гэта ўжо дзесяты помнік усталявны на сядзібе музея. Там ужо стаяць бацька і сын Багдановічы, паэт Анатоль Бярозка, паэтка Ларыса Геніюш, гісторык Мікола Улашчык, браты Луцкевічы, пісьменнік Васіль Быкаў, канцлер ВКЛ Леў Сапега, Еўфрасіння Полацкая, помнік героям Грунвальда.

І вось цяпер у гэтую плеяду самых знакамітых людзей Беларусі, якія ўнеслі велізарны ўклад у развіццё культуры і навукі краіны, увялі нашу дзяржаву ў кантэкст сусветнай культуры і гісторыі, трапіў і Мікола Ермаловіч.

Помнік уяўляе вялізны камень-волат вышынёй 2,5 метры, на якім змешчаны вучоны волат у бронзе. Вакол яго выявы надпіс: "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі". Мікола Іванавіч заслужыў такой высокай адзнакі і прызнання сваёй дзейнасці. І вось чаму. Чатыры стагоддзі таму Мацей Стрыйкоўскі выдаў першыя друкаваныя кнігі па гісторыі ВКЛ. Гэта "Генсалогія, альбо Кароткае апісанне Вялікіх князёў Літоўскіх" (1574) і "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі" (1582). У гэтых гістарычных працах М. Стрыйкоўскі ў значнай меры сфальсіфікаваў гісторыю ВКЛ. Асноўная яго спасылка заключалася ў тым, што літоўскія князі паходзяць з Рыму, што, менавіта, яны заваявалі беларускія землі і стварылі ВКЛ. На працягу чатырох стагоддзяў усе гісторыкі слепа паўтаралі гэты міф, не ўдаючыся ў навуковае прачытанне славянскіх летапісаў. Трэба было з'явіцца адважнаму гісторыку, каб узяць на сябе такую адказнасць - адхіліць гэтыя міфы.

Менавіта ў 80-х гадах ХХ ст. з'явілася кніга М. Ермаловіча "Па слядах аднаго міфа". Тое ўражанне, якое яна выклікала ў душах шчырых беларусаў, нельга проста апісаць. Гэта трэба было прачуць самім. Але дзеля гэтага трэба было здабыць самвыдатаўскі, надрукаваны на друкарскай машынцы і дзесяткі разоў перазняты на "Эры", зашмальцаваны ад сотняў рук асобнік гэтай кнігі, за ноч яго прачытаць, каб раніцай перадаць іншаму чытачу. Каб мець яшчэ большае ўражанне аб уздзеянні Міколы Іванавіча на тагачаснае нацыянальна-свядомае грамадства Беларусі, прыгадаем і яго першае публічнае выступленне, якое адбылося 2 красавіка 1986 г. у клубе "Спадчына" па вуліцы Мендзялеева, 3.

На гэтае выступленне прыйшло каля 200 чалавек. Адной з першых у маленькае памяшканне клуба з'явілася загадчыца аддзела па ідэалогіі Менскага гаркама КПБ сумна вядомая Ядвіга Юферава (у дзявоцтве Халява), каб пасля абвінаваціць дакладчыка ў буржуазным аб'ектывізме і нацыяналізме, а клуб "Спадчына" прычыніць ці, дакладней, забраць у клуба памяшканне. Аб тым уражанні, якое панавала ад выступлення Міколы Іванавіча, яскрава сведчыць верш сябра клуба "Спадчына" Яўгена Гучка "Слова пра Міколу Ермаловіча", напісанага, як кажуць, па гарачых слядах.

Пасля свайго выступлення М.Ермаловіч стаў ганаровым сябрам клуба "Спадчына", часта наведваў клуб, выступаў на яго пасяджэннях, браў удзел у многіх імпрэзах клуба, ва ўсіх дыскусіях, дзе ставіліся пытанні па гісторыі Беларусі.

Калі змяніліся палітычныя абставіны ў Беларусі, і часопіс "Маладосць" узяў на сябе мужнасць надрукаваць кнігу Міколы Ермаловіча, то і тут не абышлося без вялікага супраціву. Нехта з рэдакцыі стукнуў, куды трэба, а там запатрабавалі ад рэдактара, каб на кнігу нехта з дактароў гістарычных навук даў станоўчую рэцэнзію і ўзяў палітычную адказнасць за яе друкаванне, гэта значыць каб яна не нанесла палітычнай шкоды грамадству. Там ведалі, што патрабавалі: супрацоўнік рэдакцыі Генрых Далідовіч, які быў ініцыятарам друку кнігі Міколы Ермаловіча, наведаў дзевяць дактароў гістарычных навук - усю гістарычна-навуковую раць таго часу, і ніводзін не згадзіўся даць станоўчую рэцэнзію.

"А ён не прызнаны ў колах, у тых,

Дзе быццам глыбіннай заняты работай;

Яго там зацята ганьбяць услых,

Яму там зайздросцяць употай"

(Яўген Гучок)

Але ўсё ж знайшоўся адзін мужны гісторык, які даў станоўчую рэцэнзію, гэта Міхась Ткачоў. Наш шчыры дзякуй усім тым людзям, якія спрычыніліся да падтрымкі Міколы Іванавіча, сапраўды Народнага гісторыка, які аддана служыў сваёй Радзіме, які "каб відушчасць табе (Радзіме) вярнуць, сябе за работай пазбавіў зроку".

Каля трох гадоў няма з намі Міколы Іванавіча , "а думкі, а словы яго над вякамі лятуць, абуджаючы душ нашых скрыдлы..."

У дзень гадавіны з дня смерці Міколы Ермаловіча 2 сакавіка 2001 г. сябры клуба "Спадчына" прынялі рашэнне ўвекавечыць памяць свайго ганаровага сябра помнікам і медалём. Скульптар Алесь Фінскі зрабіў медаль Міколы Ермаловіча, якім будуць ганараваць паслядоўнікаў вялікага гісторыка і ўсіх тых, хто спрычыніўся да папулярызацыі яго дзейнасці і творчасці, а скульптар Уладзімір Мелехаў зрабіў барэльеф.

Адзін помнік ужо ўсталяваны на сядзібе музея Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Але задача стаіць яшчэ больш важная: паставіць помнік Міколу Ермаловічу ў яго родным горадзе Маладзечне і надаць адной з гімназій горада імя выбітнага сына Беларусі Міколы Ермаловіча.

Дай Бог, каб нам пашэнціла ў гэтым!

Анатоль Белы,

"Наша слова" № 34 (621) 17 верасня 2003 г.



Помнік знакамітаму даследчыку Беларусі

У Старых Дарогах, на сядзібе музея выяўленчага мастацтва фонду Анатоля Белага ўстаноўлены помнік выдатнаму беларускаму гісторыку Міколу Ермаловічу. Скульптар твора - Уладзімір Мелехаў.


Ермаловіча Беларусь чакала чатыры стагоддзі. У 1582 годзе выйшла першая праца па гісторыі Беларусі - "Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі", напісаная Мацеем Стрыйкоўскім. Асноўная ідэя гэтай працы - адлюстраванне быццам бы меўшага месца заваявання беларускіх зямель літоўскімі князямі. Толькі Мікола Ермаловіч ужо ў наш час, на прыкладзе свайго шматгадовага даследавання "Па слядах аднаго міфа ", даказаў адваротнае: Вялікае Княства Літоўскае - старажытная беларуская дзяржава, і пашыралася яна пераважна за кошт далучэння да беларускіх зямель суседніх княстваў.

Гэтым часам гарадскія ўлады Маладзечна таксама вырашылі належным чынам ушанаваць памяць свайго славутага земляка. У гэтым горадзе будзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка, імя Міколы Ермаловіча будзе прысвоена адной з вуліц.

"Звязда", 24 верасня 2003 г.



Вяртанне Міколы Ермаловіча

На адной з галоўных вуліц Маладзечна - Віленскай -напрыканцы мінулага тыдня з'явіўся новы помнік. У камені і бронзе маладзечанцы ўвекавечылі светлы вобраз свайго слыннага земляка, выдатнага гісторыка ХХ стагоддзя, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Ермаловіча.


На гэтай вуліцы Мікола Іванавіч жыў. А на працу - штодня, у сцюжу і спякоту, першай жа электрычкай - спяшаўся ён у Менск: у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі, архівы і сховішчы, каб зранку і да змяркання шчыраваць над дакументамі і паперамі, на якіх яшчэ за некалькі тыдняў да таго стаяў сурова-папераджальны грыф: "Совершенно секретно". Ермаловічу-гісторыку першаму з даследчыкаў пашчасціла пазнаёміцца з вельмі і вельмі многімі таямніцамі нашай шматпакутнай і гераічнай гісторыі, каб потым данесці тое іншым.

У 90-я гады яго імя і справы былі па-сапраўднаму ацэнены, прызнаны, уганараваны. А да таго - на працягу не аднаго дзесяцігоддзя - тое ж імя і тая ж справа шальмаваліся, ганьбаваліся, прыніжаліся. Афіцыйнай гісторыі як навуцы было не на карысць прызнаць: тое, што рабіў гэты сціплы і абаяльны чалавек, не "упісывалася" ва ўсталяваныя на працягу так званага савецкага перыяду жыццядзейнасці нашага грамадства каноны, падыходы і пазіцыі. Аднак, дзякуючы пошукам і находкам, аналітычнаму выкладанню фактаў, падзей і дат, Мікола Ермаловіч даказаў шмат што, і найперш - існаванне Беларускай дзяржавы ў ХІІІ - ХVІІ стагоддзях пад назвай Вялікае Княства Літоўскае. Прысуджэнне яму Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 1992 года стала той заканамернай з'явай і падзеяй, пра якую кажуць: праўда вышэй за ўсё! А кнігі М.Ермаловіча, і ў першую чаргу "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае", сёння ведае, чытае і перачытвае кожны шчыры беларус.

Помнік Міколу Ермаловічу ў яго родным горадзе ўстаноўлены па ініцыятыве Маладзечанскага гарвыканкама і менскага гарадскога гісторыка-краязнаўчага клуба "Спадчына" (кіраўнік - Анатоль Белы). А зрабіў яго таленавіты скульптар Уладзімір Мелехаў.

На ўрачыстым адкрыцці помніка прысутнічалі дзесяткі маладзечанцаў, гасцей з Менска і іншых населеных пунктаў рэспублікі. Успамінамі пра Міколу Іванавіча, роздумамі пра яго пошукі і здабыткі, справы і здзяйсненні на карысць роднай Бацькаўшчыны падзяліліся дактары навук, прафесары Анатоль Грыцкевіч і Аляксей Саламонаў, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар некалькіх гістарычных раманаў Генрых Далідовіч, старшыня Маладзечанскага гарсавета Дана Жук, краязнавец Міхась Казлоўскі, мясцовыя паэты і даследчыкі, іншыя выступоўцы. Шчыра дзякавалі маладзечанцам за ўвагу і павагу да Міколы Іванавіча яго родныя браты Леанід і Валянцін Ермаловічы.

Тры з паловай гады назад Мікола Ермаловіч загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Аднак памяць пра яго, пра тую падзвіжніцкую справу, якую зрабіў ён, застанецца ва ўдзячнай памяці нашчадкаў назаўсёды.

Анатоль Мяснікоў,

"Звязда", 3 снежня 2003.



Акалічнасці стварэння аднаго ПАРТРЭТА і ўшанаванне памяці адной асобы

Споўнілася 30 год, калі мне патрапіла ўпершыню быць удзельнікам рэспубліканскай мастацкай выставы. Гэта быў мой дэбют у пэўным сэнсе: партрэт персанажа - тады яшчэ мала вядомы краязнаўца, калекцыянер і народны майстар з горада Веткі спадар Фёдар Шкляроў. За гэты перыяд адносна вольнай мастацкай дзейнасці, з Божай дапамогай, мне патрапіла стварыць нямала розных твораў у розных жанрах, у тым ліку і ў партрэце.

Як вядома, кожны жанр мае сваю адметную спецыфіку і мноства розных складанасцяў творчага працэсу. Мушу зазначыць, што толькі тады можна дачакацца хоць колькі трапнага твору, калі з усімі імі ўсталюеш належную ўзаемасувязь. Такі аб'ект, як чалавек, патрабуе яшчэ шмат іншых дадатковых патрабаванняў і ўскладненняў. Найгалоўнейшае тут тое, што якім бы прафесіяналам не быў мастак, яму неабходна як мага паўнейшае веданне самога індывідума - чалавека, якога належыць расшыфраваць і паказаць свету.

Але, працуючы над канкрэтнай асобай, выразна адчуваючы яе асаблівасці і непаўторнасць, мусіш стрымліваць свавольства фантазіі, а ў нечым і абмяжоўваць сябе. Іншым разам партрэт ствараецца амаль з ходу, у адзін - два сеансы, а бывае і некалькі год перарабляеш, выношваеш, эксперыментуеш, адшукваеш і зноў адкідваеш.

Падобным быў лёс партрэта нашага слыннага і шматпакутнага гісторыка, якога без перабольшання, можна сказаць, чакаў сам Прарок - Янка Купала.

Вядома, гэтай асобай стаўся Мікола Ермаловіч. Жаданне адлюстраваць яго асобу ўпершыню ўзнікла ў мяне 20 год таму, яшчэ ў 1986 годзе, калі я пабачыў і пачуў яго ў сутарэнні клуба "Спадчына". Там ён апантана і шчодра дзяліўся сваімі набыткамі, усім раскрываючы вочы на святую мінуўшчыну. Але чым больш яго даводзілася назіраць і спазнаваць, тым усё больш ён станавіўся неабсяжным, як магутная гара: чым бліжэй да яе падступаеш, тым цяжэй ахапіць яе позіркам. Пра работу з натуры не магло ўзнікаць і размовы. Такі партрэт, на маю думку, не толькі значна спрошчваў бы гэтую асобу, але і траціў бы ўвесь сэнс, спустошваўся б да банальнага. Тым больш як ён, на дзіва, у сабе ўжо змяшчаў увесь наш нацыянальны дух. Ён жыў ім і гарэў, яго быццам разрывала ад перапоўненасці і неабдымнасці тых каштоўнасцяў, якімі ён імкнуўся падзяліцца з усімі, радуючыся ўсім гэтым скарбам-дыяментам, якія ні пальцам крануць, ні вокам агледзець.

Фактычна напісаў я гэты партрэт амаль раптоўна, як раптоўна не стала і яго самога. Вядома, для таго спатрэбіўся ўвесь досвед, была зроблена ўся неабходная і дужа каштоўная папярэдняя праца. Толькі, аказваецца, стварыць партрэт чалавека яшчэ не азначае, што гэты чалавек ужо ўшанаваны. Важна яшчэ, як ён будзе ўспрыняты грамад скасцю. Вось і акалічнасці ўзнікнення яго з'яўлення паказалі тую палярную супярэчнасць, тую расшчыліну, якая існуе між нашым народам і афіцыёзам, між тымі, хто жыве ўлюблёны ў нашу гісторыю і яе герояў, і тымі, хто яе выкарыстоўвае для пэўных агідных, вузкакарыслівых ці дзяжурных палітычных мэтаў.

Як пры жыцці праўдзіваму гісторыку ствараліся розныя перашкоды, так і цяпер ствараюцца гэтыя перашкоды творам у яго гонар, пабачыўшым свет. Да гэтага часу нідзе ні на адну афіцыйную выстаўку гэты партрэт не трапіў: цэнзура. Але для тых, хто сапраўды разумее цяперашні стан рэчаў, гэта не дзіўна і цалкам натуральна.

Аналагічная сітуацыя склалася і з адзіным створаным у Беларусі манументальным памятным знакам у гонар Міколы Ермаловіча і ўсталяваным на плошчы ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці з дапамогай мясцовых уладаў. Магутны, велічны і прыгожы, як па форме, так і па колеру валун, лаканічна ачолены бронзавым рэльефам, прафесійна выкананым Уладзімірам Мелехавым, з належным зместам, які тычыцца выбітнога гісторыка, быў усталяваны выключна грамадскасцю і на грамадскія сродкі.

Найперш заслуга ў гэтай з'яве належыць усё таму ж Менскаму культурна-асветніцкаму клубу "Спадчына" пад старшынством Анатоля Белага, дзе добра пашчыравалі сябры клуба, і не адным махам.

Столькі сама выніковым быў розгалас паводле ўшанавання светлай памяці Міколы Ермаловіча ў Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва фонд Анатоля Белага.

Усе, хто меў хоць якія стасункі з Міколам Ермаловічам, адразу траплялі, як пад гіпноз, у яго шырокаабдымную і абаяльную сваім даверам прастору. Прастору, дзе ўсім было ўтульна і шчасна так, што і развітвацца не ставала жадання. Гэты чалавек быў сапраўдным, так бы мовіць, феноменам. Ягоная ж грамадзянская і чалавечая пазіцыя, вартая ўзору, заўсёды выклікала захапленне. Ён быў чалавекам, які ніколі і ні перад кім, як кажуць, не прагібаўся і не ламаў шапку як у жыцці, так і ў навуцы. А колькі было ахвочых яго за гэтую беларускасць прынізіць, спляжыць, а то і зняважыць хоць якім чынам? Процьма!

Пэўна, ужо ў нас, беларусаў, склалася такая характэрная непарушная заканамернасць: пакуль каго добра не паменцяць, то і цікавіцца ім не пажадаюць. Значнасць таго навуковага вычыну, які здзейсніў Мікола Ермаловіч, перабольшыць ніяк немагчыма, і веліч ягоная з часам усё больш расце і шырыцца, адпаведна пашырэнню ведаў аб нашай мінуўшчыне. Нават штучныя перашкоды па замоўчванні яго імя, ягоных пачуццяў і ўсяго з ім знітаванага, аналагічна з тымі, што тут былі ўзгаданы, толькі як плаціна будуць усё больш напатольваць гэтую веру, якая з пэўным часам гэтыя перашкоды яшчэ хутчэй сплазуе і ўзнясе яго на належны, велічны пасад.

Мы можам толькі ганарыцца - ён ужо заняў гэтае годнае месца ў светазарным пантэоне слынных постацяў нашай Айчыны.


Алесь Цыркуноў



Партрэт, заказаны душой

Прайшлі мерапрыемствы, ладжаныя грамадскімі прагрэсіўнымі арганізацыямі ў гонар юбілейнай даты вядомага гісторыка, адкрывальніка старажытнай Літвы Міколы Ермаловіча. Яму ў гэтым годзе споўнілася б 85 год. Трагічнае, даволі сумніўнае, дарожна-транспартнае здарэнне абарвала яго жыццё 4 сакавіка 2000 года.

На вечарыне 28 красавіка 2006 года, якую ладзілі сябры культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" па ўшанаванні памяці Міколы Ермаловіча, прайшла прэзентацыя яго жывапіснага партрэта.

Мікола Ермаловіч грунтоўна паўплываў на светапогляд, даў зусім іншыя погляды на гісторыю многім, каму давялося слухаць яго выступленні альбо чытаць яго навуковыя працы. Удзячны яму і адзін са старэйшых сяброў клуба, шчыры, самаахвярны мастак Анатоль Крывенка - аўтар прэзентаванага твора.

- Бог ведае, на якім гістарыяграфічным баку я быў бы, каб не знаёмства з Міколам Ермаловічам. - кажа мастак. - Яго паходня ў тагачасным ідэалагічным змроку запаліла душэўны агонь...

Знаёмства моцна паўплывала на творчасць Анатоля Крывенкі. Ён адзіны ў Беларусі, хто стварыў цэлы пантэон, іканастас партрэтаў усіх Вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага, шэраг партрэтаў мінулых і сучасных патрыётаў Адраджэння Бацькаўшчыны. Усе яны падораны Старадарожскаму музею фонда Анатоля Белага.


Жаданне напісаць партрэт выдатнага гісторыка-самародка ўзнікла яшчэ пры яго жыцці, але зрабіць у той час партрэт з натуры не атрымлівалася, ці з-за сціпласці Міколы Іванавіча, ці з-за таго, што ў яго пастаянна бракавала часу, каб завітаць да мастака.

Як прадставіць на партрэце постаць гісторыка? Гэта тэма выношвалася доўга. Доўга і пісаўся партрэт: уносіліся праўкі, дапаўненні, адшуквалася тое канкрэтнае, што было ўласціва толькі яму, яго характару, яго духу. І вось юбілейная вечарына. Гэтай даце і прысвяціў мастак свой твор.

На партрэце Мікола Іванавіч Ермаловіч прадстаўлены не проста як фатаграфічная выява. Творца здолеў перадаць характар гісторыка, паказаць яго як рамантыка, упэўненага ў значнасці сваёй ідэі. З палатна на фоне мапы, дзе бачны выявы "Двухгаловага арла" і "Пагоні" Мікола Ермаловіч быццам лектар звяртаецца да гледача. Яго постаць здаецца жывой, рухавай і быццам вось-вось прагучаць яго словы:

Годзе нам чужацкі лад!

Годзе страху нам знікнення!

Беларусь! У наступленне!

І ні кроку больш назад!



Мастацкія творы, прысвечаныя Міколу Ермаловічу

1. Кіраўнік праекта Анатоль Белы. Скульптар Уладзімір Мелехаў. Помнік Міколу Ермаловічу ўстаноўлены ў г. Старыя Дарогі 21 верасня 2000 г. Бронза, граніт.

2. Кіраўнік праекта Анатоль Белы. Скульптар Уладзімір Мелехаў. Помнік Міколу Ермаловічу ўстаноўлены ў г. Маладзечна 28 лістапада 2003 г. Бронза, граніт.

3. Яўген Ціхановіч. Партрэт Міколы Ермаловіча. Афорт, сухая іголка. 1993 г.

4. Рыгор Мяжуеў. Партрэт Міколы Ермаловіча. Папера. Аловак.

5. Алесь Цыркуноў. Партрэт Міколы Ермаловіча. Палатно. Алей. 2001 г.

6. Анатоль Крывенка. Партрэт Міколы Ермаловіча. Палатно. Алей. 2005 г.

7. Аляксей Марачкін. Партрэт Міколы Ермаловіча. Палатно. Алей. 200х101см.1994 г.

8. Уладзімір Мелехаў. Мікола Ермаловіч. Барэльеф. Бронза. Ліццё. 2000 г.

9. Алесь Фінскі. Медаль Міколы Ермаловіча. Сілулін. Ліццё.12,5 см. 2000 г.

10. Паштоўка "Партрэт Міколы Ермаловіча". Выдавец Міхась Казлоўскі (Маладзечна). Паводле малюнка Рыгора Мяжуева.

11. Паштоўка. "Скульптурны партрэт Міколы Ермаловіча". Выдавец Анатоль Белы. Паводле скульптурнага твора Уладзіміра Мелехава. 2003 г.



Справаздача старшыні клуба "Спадчына" Анатоля Белага за 2003 год аб ушанаванні памяці Міколы Ермаловіча



У траўні 2003 г. скульптар Алесь Фінскі зрабіў медаль Міколы Ермаловіча.

За травень-чэрвень 2003 г. медальер Уладзімір Мелехаў зрабіў медальён Міколы Ермаловіча (пасля атрымання фотаздымкаў ад А. Фінскага).

24 чэрвеня 2003 г. забраў форму медальёна.

27 чэрвеня 2003 г. напісаў ліст у фірму "Дайнова" з просьбай дапамогі на ліццё медальёна і 27 чэрвеня 2003 г. ліст адпраўлены.

27 чэрвеня 2003 г. напісаў ліст на імя мітрапаліта Філарэта аб дазволе паставіць помнік М.Ермаловічу каля храма ў Маладзечне.

1 ліпеня 2003 г. перадаў ліст праз а. Аляксея з Жодзіна мітрапаліту Філарэту аб дазволе на ўстаноўку помніка М. Ермаловічу на тэрыторыі адной з цэркваў у Маладзечне. Праз некалькі дзён уладыка Філарэт даў дазвол. Дамоўлена, што я і а. Аляксей з Жодзіна паедзем у Маладзечна да прэпадобнага а. Аляксея Маладзечанскага аглядаць месца для помніка М. Ермаловічу.

28 чэрвеня 2003 г. падрыхтаваў ліст на імя Валерыя Фралова, Генадзія Грушавога, Генадзія Быкава на дапамогу ўсталявання помніка М. Ермаловічу.

29 чэрвеня 2003 г. тэлефанаваў брату М. Ермаловіча Валянціну Ермаловічу ў Магілёў.

28 чэрвеня 2003 г. - дачцэ Алене Мікалаеўне ў Маладзечна.

28, 29, 30 чэрвеня 2003 г. - Міхасю Казлоўскаму ў Маладзечна,

30 чэрвеня 2003 г. - Святаславу Паліводзе ў Маладзечна.

10 ліпеня 2003 г. брат М.Ермаловіча Валянцін Ермаловіч прыязджаў у Старыя Дарогі.

У ліпені 2003 г. адвёз форму медальёна ў ліцейку "Калядзічы".

8 жніўня 2003 г. фірма "Дайнова" аджаліла 150 даляраў Валянціну Ермаловічу.

21 жніўня 2003 г. прывёз з ліцейкі "Калядзічы" 2 адліўкі барэльефа М. Ермаловіча (адзін для помніка ў Старых Дарогах, другі - у Маладзечне).

22 жніўня 2003 г. прывёз медальён М. Ермаловіча ў Старыя Дарогі.

23 жніўня 2003 г. устанавіў медальён М. Ермаловіча на валуне побач з барэльефам Міколы Улашчыка.

25 жніўня 2003 г. прыехаў у Менск, тэлефанаваў у Маладзечна, Магілёў, Жодзіна і іншым сябрам аб праблеме ўсталявання помніка М. Ермаловіча ў Маладзечне.

26 жніўня 2003 г. сустракаўся з В.Фраловым, Г. Грушавым, пляменнікам М. Ермаловіча Вячаславам Леанідавічам і паказаў яму медальён. Аддаў плёнку Вячаславу Лойку для фатаграфавання помніка М.Ермаловіча. Атрымаў ад У.Мелехава новую форму барэльефа караля Міндоўга для новага помніка ў Старых Дарогах.

28 - 29 жніўня хадзіў у рэдакцыі газет і прапанаваў матэрыялы аб усталяванні помніка М. Ермаловіча і фота-здымкі. 9 газет узяліся надрукаваць гэтыя матэрыялы: "Народная воля", "Народная газета", "Звязда", "Голас Радзімы", "Рэспубліка", "Наша слова", "Комсомольская правда", "Советская Белоруссия", "Мінская праўда"

29 жніўня 2003 г. сустракаўся з дэпутатам В. Фраловым, які перадаў частку грошай на помнік М. Ермаловіча.

30 жніўня 2003 г. раніцай сустрэча з В. Фраловым. Ён перадаў рэшту грошай на помнік М. Ермаловіча. Паехаў у Старыя Дарогі.

3 верасня 2003 г. Ездзіў у Маладзечна, сустракаўся з мэрам г. Маладзечна Мікалаем Усцінавічам Чурсіным. Сустрэчу арганізаваў старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Аляксандравіч Васілевіч. М.У. Чурсін прыняў вельмі прыветліва. На сустрэчы былі загадчыца аддзела культуры гарвыканкама Надзея Іванаўна Сідарэнка і мастак Святаслаў Палівода. Для устаноўкі помніка мэр прапанаваў два месцы: 1-е на камені ў гонар дарогі - месца люкс, 2-е каля касцёла і банка - месца супер. Але трэба самім шукаць камень.

2 кастрычніка 2003 г. Ездзіў у Маладзечна. У 12 гадзін адбылася сустрэча з мэрам горада Чурсіным М.У. Я прэзентаваў яму медаль Міколы Ермаловіча. На сустрэчы прысутнічалі загадчыца аддзела культуры горада Н.І. Сідарэнка і мастак С.Палівода. Далажылі, што ёсць добры камень пад помнік. Мэр даў загад намесніку ў панядзелак раніцай (з 9.00) прыступіць да транспарціроўкі і мантажа каменя. Паставіў задачу каб у кастрычніку зрабіць урачыстае адкрыццё помніка. Пасля былі ў архітэктара горада, аглядалі месца ўстаноўкі помніка. Узгаднілі ў мэра тэкст шыльды на помніку.

Каля 2-х месяцаў ішлі пастаянныя перамовы па тэлефоне, нават адбыліся яшчэ дзве паездкі ў Маладзечна. І вось нарэшце 16 лістапада 2003 г. камень прывезены.

18 лістапада 2003 г. Камень пад помнік устанаўліваецца на перасячэнні вуліц Віленскай і Валынца.

21 і 22 лістапада 2003 г. Анатоль Белы, Мікола Лавіцкі, Алесь Цыркуноў і Святаслаў Палівода (Маладзечна) займаліся ўстаноўкай помніка.

28 лістапада 2003 г. У 13.00 сябры клуба "Спадчына"на аўтобусе прыехалі ў Маладзечна. У 15.00 адбылося адкрыццё помніка. Каля помніка сабралася грамадскасць горада, яго кіраўніцтва: намеснік старшыні гарвыканкама Наталля Юр'еўна Шмакава, старшыня гарадскога савета дэпутатаў Данута Браніславаўна Жук, загадчыца аддзела культуры Надзея Іванаўна Сідарэнка і іншыя. З прамовамі выступілі старшыня гарсавета Д.Б.Жук, старшыня клуба "Спадчына" А.Я.Белы, прафесар А.П.Грыцкевіч, прафесар А.А. Саламонаў, Г.В.Далідовіч, брат М.І.Ермаловіча В.І.Ермаловіч, М. Казлоўскі, П.К.Краўчанка і іншыя, свой верш, прысвечаны М.Ермаловічу, чытаў паэт Я.С.Гучок. Пасля Н.Ю. Шматава уручыла мастаку У.Мелехаву і мне Ганаровыя граматы Маладзечанскага гарвыканкама. Я, ад імя Камітэта Ушанавання, ў час выступлення ўзнагародзіў медалямі і дыпломамі Святаслава Паліводу, Леаніда Ермаловіча, Генрыха Далідовіча, Міхася Казлоўскага.



Коратка аб аўтарах

Ананьеў Руслан - журналіст, карэспадэнт газеты "Народная газета".


Аўрамчык Мікалай Якаўлевіч (нарадзіўся 14 студзеня 1920 г. у вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці у сялянскай сям'і), паэт, перакладчык, празаік. Скончыў філалагічны факультэт Менскага педінстытута (1938). Пасля вайны скончыў філалагічны факультэт (аддзяленне журналістыкі) БДУ (1949).

Заслужаны работнік культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1963, за зборнік вершаў "Сустрэча былых канагонаў"). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.


Белы Анатоль Яўхімавіч (нарадзіўся 10.12.1939 г. у г. Старыя Дарогі Менскай вобласці), беларускі грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер. Скончыў БДУ (1967) і з 1969 г. выкладаў у ім. Старшыня грамадска-асветніцкага клуба "Спадчына" (з 1984). Член Саюза мастакоў Беларусі (1995). Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (199). Дыпламант Міжнароднага кембрыджскага цэнтра (Англія, 1999). Член Акдэміі Еўразіі (2005).


Валахановіч Анатоль Іосіфавіч (нарадзіўся 17 красавіка 1939 г. у Менску у сям'і службоўца), пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1961). Даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), Саюза беларускіх журналістаў (1975).


Гаравы Марат - журналіст, карэспадэнт газеты "Народная воля".


Грыцкевіч Анатоль Пятровіч (нарадзіўся 31 студзеня 1929 г. у Менску), беларускі вучоны ў галіне гісторыі, доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987). Правадзейны сябра Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі. Скончыў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, лячэбны факультэт (1950), Менскі педагагічны інстытут замежных моваў, факультэт англійскай мовы (1955), Беларускі дзяржаўны універсітэт, гістарычны факультэт (1958).


Гучок Яўген Сяргеевіч (нарадзіўся 4 лістапада 1940 г. у г. Слуцку), беларускі паэт. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, аспірантуру. Аўтар сямі кніг.


Далідовіч Генрых Вацлававіч (нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 г. у вёсцы Янкавічы Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і каваля), празаік. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1968). Член Саюза пісьменнікаў з 1974 г. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1987; за раман "Гаспадар-камень"). Намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Маладосць".


Іпатава Вольга Міхайлаўна (нарадзілася 1 студзеня 1945 г. у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і службоўцаў), паэтэса, празаік. Скончыла БДУ (1967) і аспірантуру пры Літаратурным інстытуце імя М.Горкага (1978). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1970 г. Узнагароджана ордэнам "Знак пашаны" і медалём Францыска Скарыны.


Казлоўскі Міхась - рэдактар часопіса "Куфэрак Віленшчыны", краязнавец. Сябра, аднадумца, паплечнік М.Ермаловіча.


Казубоўскі Аляксей - журналіст, карэспадэнт газеты "Народная воля".


Крывенка Анатоль Дзмітрыевіч (нарадзіўся 30 траўня 1942 г. у г. Валгаградзе (Сталінградзе), мастак-жывапісец, скульптар, прафесійны друкар мастацкага друку. Скончыў мастацкую школу пры Вільнюскім мастацкім інстытуце (1959). Вучэбны майстар на кафедры графікі ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Узнагароджаны медалём Саюза мастакоў за 30-гадовую працу па навучанні студэнтаў.


Лавіцкі Мікола Емяльянавіч (нарадзіўся 26 красавіка 1946 г.у вёсцы Бабаедава Сеннецкага раёна Віцебскай вобласці), журналіст. Скончыў школу майстроў Менскага аўтазавода, Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ, аддзяленне журналістыкі.

Ліпскі Уладзімір Пятровіч, нарадзіўся 26 лютага 1947 года на Гомельшчыне, у шматдзетнай сям'і. Скончыў Менскі тэхналагічны інстытут (1968). Працуе ў машынабудоўлі. Па паданнях, продкі - удзельнікі паўстання 1794 года, ратаваліся на Палессі. Уся сям'я цікавіцца роднай гісторыяй, неабыякава да сучаснасці.


Ліс Арсень Сяргеевіч (псеўданім Алесь Слабодскі; нарадзіўся 4 лютага 1934 г. у вёсцы Вётхава Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям'і), фалькларыст, літаратуразнавец. Скончыў БДУ, філалагічны факультэт у 1956 г. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1967 г. Кандыдат філалагічных навук (1965). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986; за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні шматтомнага збору "Беларуская народная творчасць").


Лаўрэль Яўген Мяфодзевіч (нарадзіўся 16 жніўня 1937 г. у вёсцы Шалухі Маладзечанскага раёна Менскай вобласці), настаўнік, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. Скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага (1965). З яго непасрэдным удзелам выдадзена каля 30 падручнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове. Аўтар звыш 150 артыкулаў па розных раздзелах беларускай мовы.


Маліноўскі Сяргей - журналіст, карэспадэнт газеты "Комсомольская правда в Беларуси".


Марачкін Аляксей Антонавіч (нарадзіўся 10 сакавіка 1940 г. у вёсцы Язёры Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці), вядомы беларускі мастак, жывапісец. Скончыў Віцебскі педінстытут і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Працуе пераважна ў галіне станковага жывапісу.


Мелехаў Уладзімір Іванавіч - беларускі скульптар


Мяснікоў Анатоль - журналіст, карэспадэнт газеты "Звязда".


Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч (нарадзіўся 10 мая 1942 г. у в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобласці ў сялянскай сям"і). Скончыў Магілёўскае медыцынскае вычылішча (1962), факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча САМФ (1967). Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1959 г. Аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, у тым ліку "Кастры Купалля", "Палявая пошта", "Крона надзеі", "Чало і век", і кніг для дзяцей.


Петрашкевіч Алесь (Аляксандр Лявонавіч; псеўданім Алесь Аляксееў, Алесь Тутэйшы, бацькі Аляксеевы, Алесь Шпак; нарадзіўся 1 траўня 1930 г. у вёсцы Пярэвалачная Талачынскага раёна Віцебскай вобласці у сялянскай сям'і), драматург, празаік, публіцыст, кінасцэнарыст. Скончыў БДУ, атрымаў дыплом юрыста. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1974 г. Член Саюза журналістаў Беларусі з 1961 г. Кандыдат гістарычных навук (1967). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1975). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976; за ўдзел у выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі).


Пухоўскі Аляксандр Цітавіч ( нарадзіўся 29 сакавіка 1931 года ў вёсцы Куравічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці). Скончыў Куйбышаўскі політэхнічны інстытут (1961). Краязнавец, даследчык і паслядоўнік Міколы Ермаловіча ў справе вывучэння ВКЛ.


Рахманько Таццяна - загадчыца аддзела інфармацыі і навуковага выкарыстання дакументаў БДАКФФД (г. Дзяржынск).


Саламонаў Аляксей Андрэевіч (нарадзіўся 04.08 1925 у вёсцы Клядневічы Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці). Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (тады інстытут) землеўпарадкавальны факультэт (1951). Кандыдат тэхнічных навук (1954), доктар тэхнічных навук (1967), прафесар (1967), акадэмік Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі (1997), публіцыст (публіцыстычных артыкулаў звыш 150). Пад яго навуковай рэдакцыяй і непасрэдным удзелам выдана 8 зборнікаў навуковых і навукова-метадычных работ. Усяго Аляксеем Андрэевічам выдадзена каля 100 навуковых і метадычных работ (і толькі ў 2000 годзе - 10). А.Саламонаў мае сваю навуковую школу. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 4 доктарскія і 19 кандыдацкіх дысертацый. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені і Знак Пашаны, медалём "За адвагу", дзесяццю другімі ўрадавымі медалямі, а таксама знакамі ўзнагароды.


Сармант Надзея Сцяпанаўна (нарадзілася 20 верасня 1941 г. у вёсцы Ляхаўцы Маларыцкага раёна Берасцейскай вобласці у сялянскай сям'і), медыцынскі работнік, педагог. Скончыла Слуцкае медыцынскае вучылішча (1964), Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1977), Менскі педагагічны інстытут імя М.Горкага, дашкольны факультэт (1985).


Скалабан Віталь Уладзіміравіч (нарадзіўся 5 жніўня 1947 г. у вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці), беларускі гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Ленінградскі універсітэт (1970). Кандыдат гістарычных навук (1987).


Содаль Уладзімір Ільіч (нарадзіўся 13 лістапада 1937 года ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці), літаратар, даследчык беларускай літаратуры, краязнаўца. Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1963). Звыш 30 гадоў супрацоўнічаў з тэлебачаннем, стваральнік тэлевізійнай праграмы "Роднае слова", дзякуючы яму з'явіўся і цыкл "Гаворым па-беларуску". "Па-ранейшаму жыву Багушэвічам..." - гэта яго творчы кірунак.


Сташкевіч Мікалай Сцяфанавіч (нарадзіўся 23 жніўня 1938 г. у вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці), беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1990), прафесар (1994). Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт (1967).


Трусаў Алег Анатолевіч (нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці), беларускі археолаг, гісторык архітэктуры, грамадска-палітычны дзеяч. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Скончыў БДУ у 1976 годзе. Працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце, у Беларускім універсітэце культуры і мастацтва. Аўтар кніг па археалогіі і архітэктуры. У сучасны момант узначальвае ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны".


Фінскі Алесь - беларускі скульптар, медальер. Ходан Ала Міхайлаўна (нарадзілася 26 ліпеня 1937 г. у Менску ў сям'і ваеннаслужачага). Скончыла Менскі статыстычны тэхнікум (1954), Беларускі інстытут народнай гаспадаркі імя В.В.Куйбышава па спецыяльнасці эканоміка прамысловасці. Асветніцкай дзейнасцю займаецца з !987 г.


Царэнкава Жанна - зямлячка і аднадумца Міколы Ермаловіча.


Цімохін Лявон - настаўнік, беларускі паэт, сябра і аднадумца Міколы Ермаловіча.


Цыркуноў Алесь Іванавіч (нарадзіўся 28 сакавіка 1948 г.у вёсцы Лясань Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці), мастак жывапісец, педагог. Скончыў Тэатральна-мастацкі інстытут (Акадэмія мастацтваў) у 1976 годзе.


Чарняўскі Міхаіл Міхайлавіч (нарадзіўся 7 сакавіка1938 г. у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Менскай вобласці), беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Скончыў Менскі педагагічны інстытут (1960). Кандыдат гістарычных навук (1971).


Шніп Віктар Анатолевіч (нарадзіўся 26 сакавіка 1960 г. у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і), паэт, перакладчык. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1978), Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1984 г. Лаўрэат прэміі імя У.Маякоўскага Савета міністраў Грузінскай ССР (1987; за кнігу вершаў "Гронка святла").


Штыхаў Георгій Васілевіч (нарадзіўся 14 ліпеня 1927 г. у вёсцы Старая Беліца, цяпер Гомельскі раён), беларускі археолаг, гісторык - медыявіст. Скончыў БДУ (1956). Доктар гістарычных навук (1983), прафесар (1989). Атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выданні "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі".


Юхо Іосіф (Язэп) Аляксандравіч (нарадзіўся 19 сакавіка 1921 г. у Менску), беларускі гісторык права. Доктар юрыдычных навук (1982), прафесар (1983). Скончыў Менскі юрыдычны інстытут (1949). Памёр у 2004 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX