Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. Лiда на старых паштоўках

Яўрэi ў Лiдзе     


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23-03-2001,
Крыніца: pawet.net.



Яўрэйская супольнасць у Лiдзе, напэўна, вядзе адлiк свайго iснавання з сярэдзiны 16 ст., бо кароль Стэфан Баторы выдаў "Прывiлей Лiдскiм яўрэям" у 1579 годзе, Алтарь (Бiма) Лiдскай сiнагогi. Малюнак з нямецкай кнiгi 1917 г. 'Лiда ўчора i сёння'.ён жа дазволiў пабудаваць сiнагогу, з умовай, каб яна не перавышала касцёла і царквы. Першая спасылка на яўрэйскi кагал ад 1623 г., калi лiдскi кагал быў падпарадкаваны Гарадзенскаму. Да гэтых жа часоў належыць перапiска памiж лiдскiм кагалам i суседнiмi яўрэйскiмi супольнасцямi. У 1630 г. старая сінагога была перабудавана i павялiчана паводлe дазволу караля Уладзіслава IV.
Лiдская сiнагога. Малюнак з нямецкай кнiгi 1917 г. 'Лiда ўчора i сёння'. Мясцовая яўрэйская грамада першапачаткова была наогул малалікая і ў часы Яна-Казіміра мела толькі 160 чалавек. Грамада гэтая - кагал, адрознівалася крайняю беднатой, што відаць са звестках аб даўгах яе ранейшага часу. Так напрыклад, у ліку фундушаў Жырмунскага касцёла меўся відэркаф лідскага харунжага і чашніка Канстанціна-Казіміра Кунцэвіча ад 7 ліпеня 1692 г. на 4350 зл. забяспечаны на лідскім кагале. Па іншым відэркафу ад 11 лістапада 1688 г. прадстаўнікі мясцовага кагала пазычылі ў лідскага дэкана Відыноўскага 500 зл. і да 1707 г. не маглі нават выплаціць 6% ад гэтай сумы.
Равiн Давiд бен Арыен Лейб Лiдай, стаў лiдскiм равiнам у 1671 г. Атрымала вядомасць ягоная кнiга аб вывучэннi Торы "Iр Давiд" (горад Давiда). Ягоныя сын Песахiан i ўнук Давiд Бен'ямiн, паслядоўна, былi равiнамі Лiды. З 1800 г. па 1845 г. лiдскiм равiнам быў Элiмелiх Каменскi, ягоны сын, равiн Элiях Акiва Каменскi, быў вядомы як рэлiгiйны суддзя (даян). Наступны, з сярэдзiны стагоддзя, равiн Элiях Шiк, вядомы як блiскучы прапаведнік, пра якога расказвалi, што ён мог рабiць цуды на вачах людзей. Ягоная кнiга "Эйн Элiахi" каментавала сбор талмyдычных лeгендаў, вядомых як "Эйн Якаў", i была выдадзена ў Вiльні. Далей лiдскiм равiнам быў Беньямiн Лiда, якi лічыўся цадзiка (цадзiк - святы, глава хасiдскай супольнасцi). У 1878 г. супольнасць хасiдаў выбрала сваiм равiнам Шломка. Вялiкую ролю ў абшчыне лiдскiх яўрэяў у 19 ст. адыграў равiн Мойша Iсак Даршон (1828-1899), так сама вядомы як Келмер Маггiд. Ён быў лiдэрам i галоўным прапаведнiкам рэлігiйнай плынi "Мусар". Равiн Даршон нарадзiўся каля Слонiма i стаў вядомым прапаведнiкам у 15 год. У узросце 21 год ён пачаў вучыцца ў Коўна, ў равiна Iзраэля Лiпкiна Саланцера, заснавацеля плынi Мусараў, якi разпазнаў блiскучы талент прапаведнiка ў маладога Даршона. Праз 50 год равiн Даршон стаў знакамiтым "Магiдам" плынi Мусараў, змянiўшы равiна Саланцера. Служыў у Келме (Лiтва) з 1850 г. па 1853 г., але агульную вядомасць атрымаў вандруючы ад кагалу да кагалу i прапаведуючы строгiя маральныя нормы ў паўсядзённым жыццi. Заснаваў фiлантрапiчнае таварыства для падтрымкi бедных студэнтаў. У 1884 г. ён наведвае Лондан i сустракаецца з галоўным равiнам Натанам Адлерам i Самуэлем Монтэгю - Лордам Свэйслiнгам. У 1897 г. у Вiльні выходзiць ягоная кнiга "Кахелет хавiм" - збор 10 найбольш знакамiтых пропаведзей. У Лiдзе пасялiўся ў 1898 годзe разам з сынам Бен Зiон Даршонам i праз год памёр. У 1886 г. равiн Iсак Якаў Рейнес (1839-1915) - лiдэр рэлiгійных сiянiстаў становiцца лiдскiм равiнам. Ён нарадзiўся ў Караліне пад Пінскам i вучыўся ў iешывах Эйшышак i Валожына. Сябра "Нiббат Сiон" ад пачатку руху, у 1897 г. прымае ўдзел у першым сусветным з'езде сiянiстаў у Базэлi. У 1902 г. Рейнес публiкуе кнiгу "Новы свет у Сiёне" ("Or Hadash al Tzion"), у якой, у адрозненне ад большасцi тым-часовых равiнаў, паказвае неабходнасць падтрымкi сiянiсцкага руху з боку релiгiйных колаў. У тым жа годзе ў Вiльні арганiзуе з'езд, на якiм фармуе плынь рэлiгiйных сiянiстаў "Мiзрахi". Пасля двух безпаспяховых спробаў, у 1905 г. засноўвае i будуе лiдскую iешыву. Ён, пры фiнансавай падтрымцы барона Гiнзбурга, реарганiзаваў адукацыйную сiстэму iешывы. Пасля ягонай рэформы праграма iешывы стала шасцігадовай i ўключала акрамя Талмуду, яшчэ яўрэйскую граматыку i ўсе прадметы па курсу гімназіі. Лiдская iешыва хутка становiцца агульнавядомай i набывае папулярнасць грунтоўнасцю ведаў. У гонар Iсака Якава Рейнеса названа паселішча Няве-Яаков ў Ізраілі
У 1918 г. равiнам становiцца Аарон Рабiновiч - апошнi лiдскi равiн. Загiнуў падчас халакосту. Ён, iдучы разам з тысячамi лiдскiх яўрэяў на растрэл, да апошняй хвiлiны свайго жыцця малiўся i супакойваў людзей.

* * *

На пачатку 18 ст. большасць лiдскiх яўрэяў займаліся ці дробным гандлем, цi сельскай гаспадаркай. У 1766 г. плацiлi падаткi 1167 яўрэяў, у 1897 г. у Лiдзе жылі ўжо 5166 яўрэяў (68% насельнiцтва горада), а ў павеце - 24813 (12%). У 1879 г. было зарэгiстравана 189 майстроў - рамеснiкаў, большасць з якiх - яўрэi. З канца 19 ст. значнай з'явай становiцца эмiграцыя ў ЗША. Сiанiсцкая праца пачынае развiвацца ў Лiдзе на прыканцы 19 ст., з узнiкненнем руху "Хiббат Сiон". На пачатку 1885 г. ад усiх лiдскiх яўрэяў былi дасланыя грошы на заснаванне пасялення "Mazkeret Batiya" у Палeсцiне. Прыкладна з 1902 г. з'яўляюцца арганiзацыi "Бунд", "Поалей Сiон" i "Сацыялiсты - сiянiсты", якiя праводзiлi тайныя сходкi ў лясах вакол Лiды. Aгiтавалi ў сiнагозе i сярод працоўных. У 1921 г. палова з 302 яўрэйскiх крам былi сямейнымi прадпрыемствамi. 37 яўрэяў займалiся земляробствам. У 20-30-я гады Большая частка яўрэяў - камерсанты, рамеснiкi, цi занятыя ў прамысловасцi. 18 з 23 гарадскiх банкаў - яўрэйскiя. "Народны супольны банк" заснаваны ў 1922 г. як фiлiял вiленскага банку. У 1925 г. банк меў 283 клiента, з iх: 183 гандлярa, 7равiн Iсак Якаў Рейнес4 рамеснiка, 8 землеўладальнiка, выдаў 1548 заема на 126976 злотых. "Камерцыйны банк" заснаваны ў 1928 г. У Лiдзе былi 4 розныя яўрэйскiя школы, 3 яўрэйскiя бiблiятэкi, 5 драматычных груп, вячэрняя школа для дарослых, 3 яўрэйскiя спартыўныя арганiзацыi. Cінагога i 12 малельных дамоў, шпіталь на 18 ложкаў. Таварыства ўзаемадапамогi арганiзоўвала дзённыя лагеры для дзяцей з бедных сямей, цэнтр заботы аб немаўлятах i малочную кухню, праводзiлa медасмотры дзяцей. Iешыва Рейнеса на пачатку I-й сусветнай вайны была зачынена i аднавiла навучанне ў 1923 г. пры дапамозе камiтэту iешываў у Вiльнi. Былі заснаваныя i непрацяглы час выходзiлi некалькі яўрэйскiх газет. У 1929 г. заснована газета "Lider Wochenblatt" , у 1932 г. "Lider Woch", у 1936г. "Lider Leben", газета "Unser Ruf" выйшла толькi аднiм нумарам ад 13.04.37 г. У 1933 г. заснаваны камiтэт гiстарычных запiсаў, якi заказаў збор матэрыялаў па гiсторыi лiдскiх яўрэяў, для выдання манаграфii. Аднак праца не была выканана да канца.
Лiда традыцыйна не мела самастойнага кагалу i агульнага яўрэйскага савету. Першы савет быў створаны на пачатку 20-х гадоў пры дапамозе Амерыканскага камiтэту (American relief groups to supervise aid). Выбары адбылiся ў 1932 г., другiя - 06.09.36 г. Польскi ўрад лiчыў гэты савет законным прадстаўнiцтвам яўрэйскай супольнасцi. Актыўным быў сiянiсткi рух. На пачатку яго прадстаўлялі арганiзацыii "He-Halutz" (заснаванa ў 1923 г.) i "Ha-Shomer ha-Za'ir", колькасць сяброў якiх дасягала 500 чалавек. Актыўна працавала таксама лiга яўрэйскiх рабочых. У 1933 г. была заснована федэрацыя маладых рамеснiкаў "Histadrut ha-Oved", якая рыхтавала сваiх сябраў да перасялення ў Палесцiну. Такiя вядомыя дзеячы i тэарэтыкi сіянiзму як Зееў Жабацiнскi, Натан Быстрыцкi, Iсак Цукерман у гэтыя часы неаднаразова наведвалi Лiду.
18 верасня ў Лiду ўвайшла Чырвоная армiя. Недалека ад Лiды прайшла новaя мяжа з Лiтвой, i Лiда стала месцам збору польскiх яўрэяў, якiя жадалi збегчы ў Вiльню, каб далей уцячы ў Еўропу. Акрамя таго, сюды беглi яўрэi, якія хаваліся ад фашысцкага генацыду. Таму яўрэйскае насельнiцтва Лiды значна вырасла. У горадзе падпольна працавала яўрэйская сiянiсцкая арганiзацыя "Ха - Ноар ха Зiонi i Бетар". Пасля серыi арыштаў у снежнi 1939 г. сiянiсцкiя арганiзацыi былi ліквідаваныя.
У 1940 г. яўрэйскае насельнiцтва складала 15000 чалавек. Савецкая ўлада закрыла ўсе яўрэйскiя арганiзацыi. Улетку 1940 г. яўрэяў - бежанцаў з заходняй Польшчы пачалi высяляць у глыб Расіi, у асноўным у раён Рыбiнска.
Халакост перажылi каля 300 чалавек. У 50-я гады былi разбураны старажытнае яўрэйскiя могiлкi. Зараз у Лiдзе каля 100 яўрэяў.

Насельнiцтва горада

Год

Колькасць жыхароў

Яурэi

%

1766

--

1,167

--

1792

1243

--

--

1817

770

567

73.6

1847

--

1,980

--

1851

4845

--

--

1860

4344

2053

47

1862

4,077

--

--

1879

9,323

5,294

56.8

1921

13,401

5,419

40.4

1931

19,326

6,335

32.8

1941

-

каля 8,500














Лiдская сiнагога вул. Школьная. Пачатак ХХ ст. Згарэла падчас Другой Сусветнай вайны. Лiдская сiнагога. Лiдская iешыва, вул. Школьная (зараз- Кiрава). Пачатак ХХ ст. Згарэла падчас Другой Сусветнай вайны.


















Лiдская сiнагога вул. Школьная. Пачатак ХХ ст.. Лiдская сiнагога вул. Школьная. Пачатак ХХ ст.. Лiдская сiнагога вул. Школьная. 30-я гады.


















У сінагогі, пахаванне яўрэя. Прыкладна 1917 г.. Лiдскiя яўрэйскiя могiлкi. Пачатак ХХ ст.. Лiдскiя яўрэйскiя могiлкi. Зруйнаваныя ў 50-я гады. Малюнак з нямецкай кнiгi 1917 г. 'Лiда ўчора i сёння'.


















Рынкавая плошча і сінагога. 1916 г.. Лідскія яўрэі на рынкавай плошчы. 1917 г..

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX