1.
Ю. Крашэўскі ў сваёй чатырохтомнай манаграфіі пра Вільню пісаў, што ў часы Ягайлы віленскія рамеснікі ўсе былі замежнага паходжання і амаль што ўсе без выключэння - немцы. Нягледзячы на працяглыя войны Літвы з Законам, задоўга да Ягайлы, у абодвух сталіцах ВКЛ - Вільні і Троках, існавалі пасяленні немцаў. Яны яшчэ больш колькасна выраслі дзякуючы ганзейскім купцам, якія з Гданьска, Торуні, Караляўца і Рыгі штогод прыязджалі ў Вільню і жылі тут па некалькі месяцаў. Нямецкі гараджанін з Вільні па прозвішчы Геніке належаў да найвыбітнейшых прадстаўнікоў і дыпламатаў Ягайлы - той пасылаў яго ў Польшчу і Венгрыю для перамоў аб руцэ Ядвігі.
Для карысці культуры краю і павелічэння сваіх даходаў, Ягайла умеў перамагчы ў сябе сваю нелюбоў да немцаў і надаць сваім гарадам Магдэбургскае права. Першым у Літве гэта права 22.03.1387 г. атрымала Вільня, а за ёй і іншыя гарады. Гэта паўплывала на лёс і значэнне нямецкіх пасяленцаў, бо немцы ўмелі з карысцю выкарыстоўваць гэты прававы стан. Праз своё папярэдняе жыццё ў Германіі яны былі падрыхтаваны да гэтага тэарэтычна і практычна. А аўтахоны Літвы ў той час яшчэ не былі гатовы да стварэння войтаўскай улады, гарадской рады і гарадскога суда - гэтых трох галоўных падвалін Магдэбургскага права.
Абяцанае і нарэшце нададзенае Вільні Магдэбургскае права, на пачатку не было ўведзена ў нас цалкам - гарадское самакіраванне атрымала сваю частку ўлады, але судовую ўладу Ягайла пакінуў старасце. Пётр Дубінскі - адзін з апошніх віленскіх бургамістраў з часоў да падзелу Рэчы Паспалітай, у 1788 г. выдаў "Збор праў і прывілеяў горада Вільні", дзе сабраў дакументы па тэме. З дакументаў бачна, што Магдэбургскае права тады датычыла не толькі віленскіх немцаў, але і аўтахтонаў - беларусаў і летувісаў - палякі ў Вільні тых часоў былі яшчэ вельмі нешматлікімі. З-за негатоўнасці да хуткага прыняцця Магдэбургскага права цалкам і нежадання выпусціць ўладу над сталіцай са сваіх рук Ягайла ўвёў яшчэ адно абмежаванне. З-за частых войнаў ён увёў характэрную клаўзулу (раздзел - Л. Л.), якая прадпісваў гараджанам будаваць і сцерагчы вялікакняскія замкі, бо сам горад яшчэ не быў абкружаны сцяной.
Аднак па меры росту гарадоў і павелічэння ўплыву гараджан, гэтыя абмежаванні паступова зніклі. Сёння цяжка цалкам ацаніць умовы паміж вялікім князем і горадам у тыя часы і застаецца толькі рабіць высновы на грунце гістарычных фактаў. Архіў самых старых гарадскіх актаў у Вільні знаходзіўся пад нешчаслівай зоркай, бо імпэт знішчэння падчас вайны ў 1655 г. не пакінуў нам самыя каштоўныя дакументы старых часоў, якія маглі б сёння расказаць пра колькасць і ролю немцаў у жыцці старой Вільні. У любым разе, у 1432 г. мы бачым у горадзе войта, што паказвае на вызваленне горада ад судовай улады вялікакняскага старасты. Наяўнасць ў горадзе нямецкага права палегчыла існаванне нямецкай грамады і ролю немцаў у жыцці горада. XV і XVI стст. былі часамі, калі нямецкая віленская грамада мела вялікую моц і брала самы чынны ўдзел у гарадской палітыцы. За выключэннем некаторых запісаў, усе гарадскія акты і кнігі г. Вільні загінулі. Не менш шкада папер віленскіх бірж і цэхаў, якія б былі вельмі важнымі для гісторыі нямецкай грамады. Зусім мала старых цэхавых прывілеяў і іншых дакументаў, якія ацалелі пасля маскоўскага ўварвання, а калі і ацалелі, дык толькі ў выглядзе запісаў у пазнейшых магістрацкіх кнігах ці кнігах "магдэбургскага суда". Новы пажар Віленскага гарадскога архіва 18.05.1706 г. таксама паспрыяў справе знішчэння. Таму адсутнасць войтаўскіх актаў вельмі адмоўна ўплывае на разуменне нашай тэмы.
Не лепшы лёс мелі і іншыя віленскія архівы, у тым ліку архівы капітулы, якія гарэлі два разы, у 1590 і 1610 гг., а потым прыйшла небяспека з усходу. Віленскі катэдральны канонік Тызенгаўз, які паходзіў з Інфлянтаў, вывез архіў у Прусію, адкуль, пасля доўгага блукання і цяжкіх страт, архіў капітулы вярнуўся на сваё месца. У 1748 г. архіў пашкодзіла паводка, а потым адбыўся яшчэ адзін пажар.
У дзяржаўным архіве Караляўца шчасліва захаваліся спісы віленцаў 1656 г., якія дазваляюць зрабіць высновы, што ў XV, а тым больш XVI ст. членамі віленскіх цэхаў былі пераважна немцы, пра што, дарэчы, пісаў Крашэўскі. Усе, хто стаяў на чале купецтва, хто дамінаваў сярод рамеснікаў (злотнікаў, пушкароў, мастакоў, муляраў, слесараў, сталяроў, пекараў, шаўцоў і г. д.), былі немцамі.
Пра тое, колькі нямецкага раней было ў Вільні, сведчыць яго гатыцка-нямецкія цагляныя будынкі. Усе яны былі створаны нямецкай рукой. Буры гісторыі нанеслі Вільні непапраўныя шкоды, частыя пажары і пазнейшыя пераробкі працягвалі нішчэнне паціны старажытнасці, аднак сярэдневяковыя святыні, якія засталіся да нашага часу разам са старымі жылымі дамамі і сёння красамоўна сведчаць пра вялікую актыўнасць нямецкіх гараджан Вільні. Кажуць пра гэта нам і касцёлы: св. Мікалая, Францішсканскі, Бернардынскі, св. Ганны … Гатыцкімі таксама першапачатковы былі: Катэдра, касцёл св. Яна і нават царква Перанясення мошчаў св. Мікалая. Пэўна такімі ж былі старадаўняя ратуша, нямецкі шпіталь і гасцінны дом.
Нямецкае сярэднявечча пераважае ва ўсіх гэтых будынках. Тут працавалі майстры, тут нямецкае мастацтва і нямецкі артыстычны дух працягнулі руку для супольных і амбітных праектаў, тут у агульны этнічны грунт быў прышчэплены нямецкі сентыменталізм, які тым не менш менавіта тут пазбавіўся ад скаванасці і сухасці старых будынкаў Караляўца і Мальбарка.
Важным чыннікам памнажэння нямецкасці ў Вільні было тое, што ў XVI ст. стасункі паміж Літвой і Прускім княствам сталі больш сціслымі і прыязнымі. Рэфармацыя, якая пэўны час трыумфавала ў Літве, прычынілася да блізкіх сувязяў і кантактаў. Практычна ўсе літоўскія прапаведнікі, якія прапаведавалі пасля Лютара, вучыліся ва ўніверсітэце, які ў Караляўцы заснаваў князь Альбрэхт, ці ў іншых нямецкіх універсітэтах, напрыклад, у Вітэнбергу. Шмат якія з віленскіх мяшчан паслалі сваіх сыноў вучыцца ў Каралявец і наадварот, студэнты, якія вучыліся ў Караляўцы, прывозілі сваіх сяброў nationis germanae (родам з Прусіі ці з імперыі) у Літву, у якой яшчэ жыло няшмат народу і адчуваўся недахоп адукаваных людзей. Сярод гэтых прыбышаў былі і рамеснікі, якія аднак у сваёй бацькаўшчыне не жадалі ці не маглі належаць да цэха і таму прагнулі шукаць лепшай долі на чужыне, вандруючы nach Osten. Прускі князь Альбрэхт (1525-1568) часта са сваёй світай наведваў Вільню. Ён знаходзіўся ў леннай залежнасці ад нашага караля, кароль Жыгімонт Стары быў яго дзядзькам, а Жыгімонт Аўгуст не толькі стрыечным братам, але і блізкім сябрам. Падарожжы князя ў Вільню абмяркоўваў увесь край. І ўсё гэта не магло не заахвочваць немцаў з Прусіі ці імперыі ехаць у Вільню ў пошуках шчасця і потым заставацца жыць у Вільні.
Прозвішчы, якія прыводзім ніжэй, пераважна паходзяць з каралеўскіх лістоў да Прускага князя, якія атрымлівалі віленцы нямецкага паходжання для залатвення асабістых спраў. Хто не патрапіў у такія лісты - той не пакінуў сваё прозвішча для нашчадкаў. Пэўна, аналагічныя лісты маглі б стаць крыніцай для вывучэння стасункаў з іншымі гарадамі, напрыклад з Гданьскам. Бо прозвішчы, якія мы ведаем, не могуць яшчэ аб'ектыўна казаць пра колькасць немцаў у Вільні, зразумела, што іх было больш.
Адным з першых віленскіх немцаў, пра якога мы даведаліся такім чынам, ёсць Рыгор Грэбель, вядомы з 1527 г. У 1540 г. кароль Жыгімонт прасіў Прускага князя, каб той дазволіў свайму хірургу Руперту Гоклеру з Розбаха (які атрымліваў штогадовы заробак ад караля), хоць раз у год наведаць Вільню. У 1551 г. у Каралявец да блізкіх сваякоў ездзіў Мікалай Чэх з Вільні. Да найбольш вядомых асоб сярод віленскіх немцаў належаў Ваўжынец (Лорэнц) Фрэнзель - агент, ці як тады казалі - фактар вялікіх нямецкіх гандлёвых таварыстваў. Немец Леанард Фрэнк у той жа час меў тытул прыдворнага каралеўскага гадзіншчыка. У 1563 г. у Вільні з'яўляецца каралеўскі слуга, жыхар Вільні, нейкі Міхал Прэўш, жанаты з удавой Стэфана Кухеля, які таксама быў немцам.
Пры пабудове Старога віленскага замка на замкавай гары, як і пры будаўніцтве Ніжняга замка у часы Жыгімонта І і яго сыноў (якія ахвотна жылі ў Вільні), працавалі нямецкія майстры - муляры, цеслі, маляры і г. д. Немцы супрацоўнічалі з італьянскімі майстрамі і архітэктарамі падчас пераходу краёвай архітэктуры ад позняй готыкі да адраджэння з яго новымі накірункамі ў мастацтве і архітэктурнай форме. Князь Альбрэхт, які сам добра ведаў архітэктуру і будаўніцтва, ахвотна аказваў паслугі і пасярэднічаў для свайго дзядзькі і кузына. На жаль, да гэтага часу нам вядомы толькі нешматлікія прозвішчы нямецкіх майстроў. Сярод іх быў, напрыклад, Станіслаў Ратке з Познані, горада, які тады ўжо быў моцна анямечаны. Згадвае яго Крашэўскі, калі кажа пра будаўніцтва Старога каралеўскага замка ў Вільні. Згодна з Браўнам і Гогенбергам, а таксама мастаком Смуглевічам Ніжні замак у канцы свайго існавання меў рэнесансныя формы. Зруйнаваны падчас вайны ў 1655 г., замак цалкам знік у 1800 г., калі з-за пануючага ў Вільні гуцавічоўскага стылю псеўдакласіцызму, цалкам знік піетэт да архітэктуры, якая несла ў сябе дух вялікіх стыляў, такіх як готыка ці рэнесанс.
У 1615 г. займаў пасаду вялікакняскага архітэктара Пётр Каўнгарт, які для заканчэння гарадскога замка, прывёў у Вільню шмат нямецкіх майстроў і рамеснікаў. Малюнак горада Браўна і Гогенберга 1576 г. падае від з гарадскога замка ў Вільні, які названы Deutsche Haus. Сваім існаваннем і памерамі, замак кажа пра колькасць немцаў на службе ў вялікіх князёў ВКЛ. Таксама і распачатая ў 1505 г. будоўля гарадскіх фартыфікацый дала працу шматлікім нямецкім майстрам. Нязначныя захаваўшыяся да нашага часу парэшткі тых муроў і брам не могуць даць нам разумення пра мулярскае майстэрства і маштабы пабудовы. Ведаем мы гэтыя муры толькі з гравюр Смуглевіча. Пэўна, дэталі муроў кажуць пра італьянскія ўзоры але іншае: вежы на мурах, абаронныя вежы і некаторыя вароты, наадварот паказваюць нам уплывы абаронных муроў Нюрнберга і кракаўскага барбакана.
Нямецкія афіцэры, пэўна як інструктары, разам з кавалерыстамі і ландскнехтамі, ліцейшчыкамі, пушкарамі і музыкантамі - колькі яшчэ можна было б назваць тагачасных ваенных прафесій - рэгулярна пасылаліся князем Альбрэхтам сваякам у Вільню. Гэтак, бачым тут пушкара Юрыя Герліха са Шмалькальда, кацельшчыка і збройніка ручной вогнепальнай зброі Мікалая Готшалка, даглядчыка збраёўні і архітэктара Гёба Брэйтфуса і лютніста Ганса Тіммэ - усе яны ў пятым і шостым дзесяцігоддзі XVI ст. прыехалі ў Вільню. Гэтак было ўвесь час панавання апошняга з Ягелонаў. Яшчэ ў 1571 г. Жыгімонт Аўгуст выклікае з Дрэздана немца Тамаша Дурынга і прызначае кіраўніком збраёўні. Для ліцця куль і вырабу іншай артылерыйскай зброі металы і неабходныя матэрыялы ўвесь час прывозілі нямецкія купцы з Кракава.
В XVI ст. на кіраўнічае становішча ў горадзе Вільні выбіўся і стаў часткай кіраўнічай эліты, народжаны ў Бадэнскім княстве, в Пфорхейме, Ульрых Гозі (прозвішча ад герба Hosen = порткі) - з 1512 г. ён кіраўнік вялікакняскага манетнага двара ў Вільні, а яго старэйшы сын Ян - майстар віленскага замка. Трошкі пазней у Вільні годна прэзентавалі немцаў: радны і віленскі бурмістр Аўгуст Марштын (Morstein, 1513-1544), а таксама злотнік, а потым бурмістр Эразм Бутнер (Buttner. 1541-1547). Малодшым сынам Ульрыха Гозі быў вядомы кардынал Станіслаў Гозі († 1579) - польскі епіскапат нядаўна пачаў працэс яго беатыфікацыі.
Далей, з паловы XVI ст. мы ведаем прозвішчы віленскіх лютэранскіх пастараў: Хёба Сомера і Яна Ульрыха, родам з Саксоніі. Згодна з Крашэўскім, у той час віленскім войтам быў Сымон Глаўбіц, а яго брат стаяў на чале віленскага манетнага двара, на якім таксама працаваў Альберт Шчур - багаты і паважаны жыхар Вільні. Манетны двор цалкам знаходзілася пад нямецкім кіраўніцтвам - гэта цалкам відочна, бо адбітыя імі манеты выказваюць нямецкі падыход і маюць стыль нямецкага рэнесансу. Некаторыя наступныя прозвішчы мы ведаем дзякуючы згадкам у розных публікацыях па гісторыі Вільні. Гэта, напрыклад, знаныя гараджане Генрых Блунк, Марцін Кастэла, Вальтэр Сэбнер і купец Карнелій Венхольд.
Відочна, што названыя вышэй прозвішчы нават у малой ступені не вычэрпваюць тэму нямецкасці ў старой Вільні, бо без сумневу, немцы складалі значную большасць сяброй віленскай лютаранскай грамады, якая, дзякуючы апецы віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага і яго кузэна Мікалая Рудога, павольна ўзнялася настолькі, што ў сямідзясятых гадах XVI ст. планавала распачаць у Вільні будоўлю ўласнага збору. Да гэтага часу яны збіраліся ў тагачасных палацах віленскіх можнаўладцаў, якія спрыялі дзейнасці "навічкоў".
2.
Прапаведнікі і старэйшыны лютаранскага збору ў Вільні 31.05.1583 г. даслалі да князя Прусіі Альбрэхта Фрыдрыха ліст на нямецкай мове, у якім прасілі яго аб дапамозе ў справе заканчэння будоўлі вялікай кірхі ў Вільні. Бо да гэтага часу лютаране не мелі сталага месца для публічнай малітвы і мусілі маліцца ў двары Яўстаха Гарнастаевіча (на рагу вуліц Воляна і Літарацкай). Уласны збор яны слушна лічылі больш небяспечным.
Не толькі ў Вільні XVI ст. ,але і ў наступным стагоддзі ў сталіцы меўся вялікі адсотак нямецкага насельніцтва, пры тым, што горад не быў занадта населеным месцам. Уласна, каля 1606 г. адміністратарам і даглядчыкам мытні ВКЛ быў немец Кандрат Брэмер. У 1613 г. чынны ўдзел у жыцці горада браў Юры Шчортц (ці Шчур). У 1633 г. кіраўнік муляраў - Міхал Цімерман, сталяроў - Ганс Вейнер. Праз 20 гадоў у Вільні фігуруюць тры віленскія патрыцыі: Тамаш, Якуб і Ян Гібелі, з якіх Якуб быў віленскім бургамістрам. Яго дачка Альжбета была замужам за доктарам Паўлам Мюлерам, якога мы яшчэ ўбачым ў віленскіх дзеях, другая яго дачка Крысціна была замужам за купцом Флотэнам. Таксама ведаем радцу Юрыя Ланга, гараджанаў і купцоў Рэйнхольда Вітмастера, Пятра Клета, Банаветуру Энгельбрахта, пана Пастэрнака, пані Вейнхольд, пані Гібель. Усе яны ў той час валодалі ў Вільні дамамі, дварамі, а Гібелі і іх спадкаемцы, нават камяніцай пры вуліцы Замкавай, недалёка ад Замкавага (зараз - Катэдральнага) пляца. Такім чынам, значэнне і колькасць немцаў Вільні, на пераломе XVI - XVII ст., узнялася яшчэ вышэй.
Вайна з Масквой у XVII ст. і страшная параза пагнала з муроў нашага горада ў Прусію цэлыя тлумы нямецкіх гараджан. Не трэба бачыць у гэтым дзіўную падзею, бо ад дзікага казацтва ўцякалі і аўтахоны. Яшчэ і сёння ў архіве Караляўца захоўваюцца працяглыя лісты нямецкіх уцекачоў з Вільні 1655 г., якія з'яўляюцца важнымі дакументамі гісторыі горада (і наогул летувіска-беларускіх гарадоў).
Пасля ўзяцца царом Смаленска ў 1654 г., маскоўскае войска пайшло на Вільню […]. Летам 1655 г. рускі баярын, князь Чаркаскі, разбіў войска літоўскага гетмана Радзівіла, і заняўшы сталіцу Літвы, учыніў тут страшны пагром. Пасол брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма Лазар Кітэльман, які ў жніўні 1655 г. прыехаў у Вільню для перамоў з царом (ці не каб ратаваць землякоў?), быў уражаны пагромам і спусташэннем. Усе вёскі і гарады былі выпалены, дарогі, вуліцы і пляцы завалены мноствам непахаваных гараджан, у тым ліку безабаронных жанчын і дзяцей. Жывых было не бачна: збеглі ці пахаваліся. Пасол Кітэльман разам са світай быў бы прымушаны галадаць, каб не меў сваіх прыпасаў. Тыя хто жыў на поўначы ВКЛ, уцякалі ў Рыгу. Жыхары Вільні - летувісы, палякі, немцы і ўніяты-беларусы на чале з грэка-каталіцкім духавенствам, якое ненавідзелі захопнікі, шукалі паратунку за самай блізкай мяжой, на тэрыторыі сяброўскай Прусіі. Мэтай уцекачоў былі: Каралявец, Рагнета, Тыльжа і некаторыя мазурскія памежныя гарады. Шматлікія ўцекачы прыбылі ў гэтыя гарады, захаваўшы сваё жыццё, але не маёмасць.
Курфюрст і яго прускі ўрад не толькі ахвотна, але і прыязна прынялі ўцекачоў. Прускі князь Фрыдрых Вільгельм (1640-1688), яшчэ з'яўляўся леннікам польскага караля і захоўваў нейтралітэт у палітыцы, але быў прымушаны прызнаць сябе яшчэ і леннікам шведскага караля, які збройна заняў Сярэднюю Еўропу. […] Згодна з Пруска-шведкай умовай, свабоду і маёмасць захоўвалі толькі тыя бежанцы, якія падтрымліваюць караля Швецыі, а ўсе іншыя аб'яўлясіся ворагамі Швецыі і Прусіі з усімі відавочнымі для іх вынікамі.
Пра гэтую дамову ведаем дзякуючы лістам уцекачоў у Вільню з Прусіі. Відавочна, што не ўсе немцы ўцяклі з Вільні. Адны з іх, хіба не маглі, другія, пэўна, не хацелі. Дарэчы, палякі ўцяклі ў Прусіію цалкам, усе 100%, бо разам з беларусамі грэка-католікамі разумелі, што іх чакае. А віленскія немцы баяліся значна меней. […]
На падставе дамовы са шведамі, курфюрст 31.01.1656 г. выдаў друкаваную абвестку, моцай якой уцекачы за вызначаны тэрмін былі павінны прысягнуць на прускае падданства ці пакінуць край. Пяць прускіх чыноўнікаў разам са прадстаўнікамі Швецыі заняліся гэтай працэдурай. Хто меў пячатку - звычайна гэта была хаўсмарка, якая служыла адначасова і гербам, і пасведчаннем (хаўсмарка - звычайна выява герба на доме) - у пацвярджэнне прысягі ставіў яе разам з подпісам. За непісьменных, калі не ставіўся адвечны крыжык, распісваўся нехта са сваякоў, сяброў ці нават нямецкі чыноўнік. Прадстаўніком віленскіх немцаў, сабраных 11 лютага для прысягі ў каралеўскім замку, быў лекар і доктар медыцыны Павел Мюлер, швагер віленскага бурмістра Якуба Гібеля. Ён падзякаваў курфюрсту за прыняцце ўцекачоў і запэўніў, што яны збеглі з Вільні адзіна з-за маскоўскай навалы і гатовы прыняць прысягу. Потым радцы курфюрста пачалі зачытваць прысягу і збіраць подпісы ў прысягнуўшых. Першымі былі ўцекачы з Вільні.
Лісты складаліся асобна для кожнай нацыянальнасці і шкода, што уцекачы не падалі ў спісы ні свайго стану, ні свайго рамяства. Цікава, што калі паглядзець, на якіх мовах былі складзены спісы, дык нямецкая мова не ўступала па колькасці польскай. І толькі, калі да дакументаў на польскай мове дадаць рыма-каталіцкае духавенства разам са світай біскупа Тышкевіча, толькі тады колькасць дакументаў на польскай мове для віленцаў перавысіць колькасць нямецкай. У Коўне абедзве групы бежанцаў былі роўнымі. Колькасць летувісаў у абодвух гарадах была значна меншай за колькасць палякаў і немцаў, бо звычайна летувісы былі сялянамі. Сяляне ж хаваліся ад ваеннай навалы па лясах.
Зараз пяройдзем на саміх прозвішчаў. Калі сыходзіць з прозвішчаў, указаных у спісах, у 1655 г. у Вільні купцамі былі, як найменей, 30 немцаў, прычым сярод іх нейкім чынам патрапіла два не нямецкія прозвішчы, такія як Пальчэўскі і Пакой. На асобным лісце пададзена каля 10 прозвішчаў купецкіх чаляднікаў і гандлёвых памочнікаў, якія працавалі ў агульным і аптовым гандлі, бо на іншых лістах асобна пазначаны прозвішчы нямецкіх купцоў, якія працавалі ў Вільні ў рознічным гандлі, напрыклад, вінным ці гандлі вырабамі са скуры (Хрысціян Вош) і г.д.
Віленскія немцы мелі розныя прафесіі, такія як злотнікі, камнярэзы, гравёры, гадзіншчыкі (напрыклад Якуб Юркевіч !), выраб паперы, выраб бялізны, мелася арганістка-жанчына Гертруда Карнялсчын, кацельшчыкі, сталяры, маляры, цукершчыкі, валяльшчыкі, гузікары, рамізнікі, краўцы, цеслі, парыхмахеры, слесары, галантарэйшчыкі, збраёўнікі, рэстаратары, шынкары і інш.
Немцаў не бракавала таксама і сярод людзей вольных прафесій. Найчасцей гэта былі: дактары медыцыны - выпускнікі тагачаснай езуіцкай акадэміі ў Вільні. Але меўся ў Вільні адвакат Арнольф Залескі, жанаты з радавітай немкай, які вывучаў права ў сталіцы Прусіі. Віленскія пратэстанцкія святары, такія як confessionis augustanae Ян Маліна і magister Атон Мацесіус, ці рэфармат Якуб Хэлхоўскі, усе былі выпускнікамі ўніверсітэта ў Караляўцы.
Прысутнасць немцаў не закончвалася і каралеўскім дваром, дзе тады працаваў у Манетным двары Ганс Трыльнер. Яшчэ больш немцаў меў каля сябе князь Багуслаў Радзівіл. Яны ў яго працавалі хірургамі, аптэкарамі і выконвалі іншую службу.
У лістах уцекачоў знайшлося некалькі дзясяткаў немцаў, якія падалі свае прозвішча (ці толькі імёны, як удовы) не ў якасці бюргера (гараджаніна), а як жыхара Вільні (Einwoher aus der Wilde). Як бачым, у другой палове XVII ст. у Вільні было шмат немцаў, якія мелі правы гараджан.
3.
Нягледзячы на тое, што цэхі рамеснікаў у нас былі ліквідаваны ў 1866 г., на практыцы яны фактычна праіснавалі да 1903 г. - менавіта да гэтага часу Віленская ўправа мела ў сваім складзе так званую "Рамесную ўправу" на чале з выбарным галавой. З-за войнаў, відочна, бракуе цэхавых актаў, аднак маюцца рэшткі з XVII, XVIII і першай паловы XIX ст. з каштоўнымі матэрыяламі пра удзел немцаў у жыцці цэхаў Вільні.
Тое, што датычыла якасці жыцця, як напрыклад златарства, цукерніцтва, гандаль каланіяльнымі таварамі і інш., часцей за ўсё знаходзілася ў руках нямецкіх рамеснікаў і купцоў. Напрыклад, цэх віленскіх злотнікаў заснаваны ўжо у 1495 г. Самая старая яго кніга запісаў паходзіць з 1662 г. З кніг гэтага цэха бачым, што ў 1662 - 1796 гг. цэх мае 171 вучня і 109 сябраў-немцаў, майстроў залатога мастацтва. У 1798-1824 гг. гэты цэх яшчэ мае 22 вучні, у 1844 г. з 19 сяброў цэха - 7 палякаў (зразумела, што аўтар мае на ўвазе, што гэтыя людзі - не немцы і не яўрэі - Л.Л.). Колькасць майстроў-немцаў - 66 чалавек. Гэты добра анямечаны цэх меў старую капліцу св. Барбары каля св. Яна, захоўваў і ўпрыгожваў яе, не шкадаваў грошай на касцельныя і цэхавыя ўрачыстасці.
Цэх стэльмахаў яшчэ з 1840 г. меў 35 нямецкіх майстроў.
У 1795 г., па загаду расійскіх улад, быў складзены агульны спіс рукадзельнікаў горада Вільні, і аказалася, што асоб нямецкай нацыянальнасці ў Вільні было: 9 гадзіншчыкаў (гэта ўсе гадзіншчыкі горада), 5 ткачоў, 18 сталяроў (супраць 26 палякаў), 9 пекараў (супраць 1 паляка!), 5 хірургаў (супраць 11 палякаў), 5 пальчатнікаў (супраць 1 паляка), 16 шорнікаў (супраць 1 паляка), 19 краўцоў (супраць 23 палякаў) і г. д. і г. д. Разам - 158 нямецкіх майстроў.
*
Мы трошкі больш ведаем пра цэх гадзіншчыкаў, якія ў 1774 г. аддзяліліся ад цэха слесараў, на што атрымалі прывілей ад караля Станіслава Аўгуста. Да польскамоўнага арыгінала прывілея быў прыкладзены і нямецкі пераклад, што абумоўлена складам цэха. Падобныя лічбавыя прапорцыі немцаў існавалі таксама і сярод сяброў цэха сталяроў. Потым, у 1840-1851 гг. цэх кухараў і пекараў у Вільні налічваў 43 майстры-немцы (і 2 паляка!). У 1880 г. кніга паказвае 20 новых нямецкіх майстроў і толькі 8 палякаў. У кнігах бондараў да 1876 г. запісы стала рабіліся на нямецкай мове і майстроў-бондараў нямецкай нацыянальнасці мелася 80 чалавек (142 усіх разам). Нарэшце цэх шаўцоў. У 1798-1810 гг. маем тут 68 майстроў-немцаў. Кніга сяброў "шавецкага мастацтва" вялася да 1863 г. па-нямецку, а потым па-руску.
Калі пра немцаў старой Вільні столькі кажуць рэшткі архіваў, што б распавялі нам пра гэта віленскія архівы, спаленыя ў вайну 1655 г.?
Зараз колькі замалёвак з унутранага жыцця віленскіх цэхаў.
Вось вучань злотніка закончыў сваю навуку ў майстра і атрымаў пасведчанне, што "вышэй названы Годард Спрынгер сумленна закончыў свае гады навукі і быў прызнаны памочнікам злотніка". Вучні вучыліся 7 гадоў і зараблялі сабе ў гаспадара вопратку і 20 талераў. Хто жадаў стаць майстрам, мусіў выканаць так званы Miesterstuk, у нашым выпадку кубак, пячатку і пярсцёнак з каштоўным каменем. Урачыстасць заканчвалася вячэрай. Пасля цэхавай імшы віленскія злотнікі ладзілі добрую п'янку. Рахункі дазваляюць убачыць меню адной з іх: тушаная кілбаса, пірожныя, danziger goldwasser, гарэлка, піва, кава з вяршкамі, ochlana (так званая hochlander wien) з галандскім сырам і інш.
Але віленскія цэхі ўмелі і караць. Так, калі майстар цэха стэльмахаў Хрысціян Кішлінг пры выкананні майстарштукі забыўся, якім была даўжыня чатырохмеснай карэты, дык заплаціў штраф у 70 фларынаў.
Ранейшыя цэхі выдавалі адмысловыя пасведчанні […]. Сябры цэхаў мелі развітае пачуццё гонару.
*
Відочна, як гандлёвы цэнтр, Вільня не магла раўняцца з Коўняй, якая ляжала на месцы, дзе зліваліся Вілія і Нёман, аднак меншыя гандлёвыя канторы існавалі і тут, як і ў блізкіх Новых Троках і больш далёкім Крэве. З-за адчувальнага гандлёвага ўплыву Прусіі, віленскім і, наогул, літоўскім купцам было дазволена карыстацца Гданьскім портам і, маючы высокія абароты, вырашаць праз гэта справу збыту тавараў замежным купцам - пераважна англійскім і галандскім, сцягі якіх дамінавалі ў той час на Балтыцы. У гэтым замежным гандлі ў той час вылучаўся прыбыўшы з Рыгі выбітны віленскі купец Геніке, якога мы раней згадвалі як аднаго з першых дарадцаў Ягайлы. Свае веды, уплывы і значэнне ён выкарыстоўвай на карысць новай айчыны - Вільні.
Аднак Прусія праводзіла эгаістычную палітыку, якая ў выніку прывяла яе да хуткага канца. Насупраць, палітыка Рыгі была карыснай для Вільні і Літвы ў культурным і гаспадарчым сэнсах. У 1400 - 1420 гг. Літва ўжо адчувала сілу, каб выйсці з уплываў Прусіі, якая адказала на гэта падвышэннем мыта, што сталася прычынай арышту ў Вільні нямецкіх купцоў і секвестру іх маёмасці. Аднак гэты перыяд працягваўся не доўга. […]
Sonderling. Ludność niemiecka w dawnem Wilnie // Pregląd Wileński. 1934. № 16-17. S. 2-8.; 1934. № 18-19. S. 4-8.; 1934. № 20. S. 2-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.