Пераклад з польскай са скаротамі паводле выданьня
Еdward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow I Jagiellonow. W-wa, 1985.
ЗЬМЕСТ
Ганна Альдона, дачка Гедыміна, жонка польскага караля Казіміра Вялікага
Соф'я Гальшанская - апошняя жонка Ягайлы, маці Ягелонаў
Алена Маскоўская - жонка Вялікага Князя Літоускага Аляксандра Ягелончыка
Бона СФорца д'Арагона - другая жонка Жыгімонта старога
Барбара Радзівілянка - другая жонка Жыгімонта Аўгуста
ГАННА АЛЬДОНА, ДАЧКА ГЕДЫМІНА, ЖОНКА ПОЛЬСКАГА КАРАЛЯ КАЗІМІРА ВЯЛІКАГА
У першай палове XIV ст. на ўсходзе Еўропы ўзнікла новае буйное гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае. Творцам ягонае моцы быў Гедымін. Сталіцай сваёй дзяржавы вялікі князь зрабіў Вільню. Ваюючы з крыжакамі, умеў ён таксама з імі мірыцца, нават спакушаў іх абяцанкай хрышчэння. Мала вядома пра Гедымінавых жонак. Падобна, было іх тры. Першая - ліцвінка Віда, дачка простага бортніка, якая нарадзіла яму двух сыноў. Вольга і Еўна былі русінкамі, хутчэй, баярскага, а не дынастычнага паходжання. Сталі яны маткамі пяцёх хлопцаў: Альгерда, Кейстута, Любарта, Карыята і Яўнута. Меў Гедымін таксама багата дачок. Вядомы імёны толькі тых, якіх аддалі замуж за палякаў ці русінаў і якія праз гэта былі ахрышчаныя. Дзве прынялі праваслаўе ў шлюбе з Рурыкавічамі. Марыя стала жонкай Дзімітра, вялікага князя цвярскога. Анастасся - вялікага князя маскоўскага Сямёна. Тры дачкі пайшлі за Пястаў: Ганна - за Казіміра, каралевіча польскага, Альжбета - за Вацлава, князя Плоцкага, Эўфімія - за Баляслава, князя Галіцкага.
Сярод дачок Гедыміна старэйшая была Марыя. Другая - Альдона - нарадзілася, падобна, у 1309-1310 гг. На пачатку 1325 г. у Вільню прыбыло пасольства польскага караля Уладзіслава Лакатка з просьбаю рукі адной з дачок вялікага князя літоўскага для каралевіча Казіміра. Пасланцы мусілі паралельна вырашыць цяжкую праблему вязняў, якіх ліцвіны пабралі ў палон пры нападах на польскія землі.
Польска-літоўскія стасункі, варожыя доўгі час, пачалі выпраўляцца пасля 1310 г. 3 1255 г., калі наваградскі князь Міндоўг захапіў і спаліў Люблін, ліцвіны неаднойчы нападалі на Польшчу, а падчас выправы 1306 г. дайшлі нават да Каліша. Пазней такія напады ўжо не здараліся, больш за тое, настала ціхае паразуменне адносна падзелу сфераў уплыву. Гедымін заняў Падляшша, а Лакаток, узмоцнены венгерскімі атрадамі, абклаў у Галічы Пяста Мазавецкага Баляслава. У такіх варунках сталася мажлівым далейшае збліжэнне, нармальным сведчаннем якога мог быць шлюб паміж дзецьмі абодвух валадароў. Галоўнай прычынаю замірэння сталася крыжацкая пагроза. Але на той час Вялікае Княства Літоўскае не вяло ваенных дзеянняў супраць Ордэна, таму польскі бок быў болей зацікаўлены ў добрых стасунках з Літвой, чым Літва з Польшчай.
Віленскія перамовы, відаць, праходзілі без аніякіх перашкодаў, бо неўзабаве Альдона апынулася ў Кракаве, дзе 30 красавіка ахрысцілася і ўзяла імя Ганна. Аднак пасля хросту шлюб адкладаўся - ці з прычыны таго, што Гедымінаўна вучыла польскую мову, ці чакалі пасланага да Авіньёна кракаўскага каноніка Збышка, які паехаў па згоду Папы на шлюб каралевіча з нядаўняй паганкай. У любым выпадку, шлюбны саюз заключылі толькі тады, калі Збышак знаходзіўся ўжо ў Польшчы. Нарачоныя былі аднагодкі. Падобна, Казімір, заручаны перад гэтым з Ютай Люксембургскай, каралеўнай чэшскай, потым каралеваю Францыі, не хацеў жаніцца з Альдонай, і Лакаток сілаю паставіў сына побач з літоўскай князёўнай перад аўтаром. Шлюб адбыўся 16 кастрычніка 1325 г. Пасагам Альдоны сталі вызваленыя польскія вязні. Паводле Стрыйкоўскага, ліцвіны тады адпусцілі аж 24 тысячы палону, што, аднак, здаецца перабольшаннем храніста.
Шлюб Ганны-Альдоны і Казіміра даў пэўны плён. Ен прывёў да замірэння, якое, праўда, праіснавала нядоўга. У 1326 г. адбылася сумесная выправа на Брандэнбург, калі рыцарам Лакатка дапамагалі літоўскія посілкі на чале з намеснікам наваградскім Давыдам Даўмонтавічам. Затым у 1329 г. польскі кароль напаў на занятую крыжакамі Хелмінскую зямлю.Здарылася гэта падчас крыжацкага наезду на Жмудзь і таму выглядала як дапамога саюзніку, якому пагражала небяспека.
Аднак у наступным годзе Лакаток адмовіўся ад сумеснай дзейнасці з Гедымінам і мусіў выплаціць яму кампенсацыю, а калі падобнае паўтарылася ў 1331 г., дык літоўскія саюзнікі пачалі рабаваць» польскія землі і, між іншым, спалілі тры кляштары. Пазней стасункі складваліся па-рознаму, часам залішне варожа.
Пра жыццё маладых вядома няшмат. Здаецца, што апроч некалькіх здрадаў з боку мужа было яно нармальным. Ганна славілася міласэрнасцю, фізічнай сілаю, схільнасцю да забаваў, скокаў ды коннай язды. Падобна, куды б ні выпраўлялася, яе суправаджалі музыкі і спевакі, што абурала перакананую прыхільніцу аскезы каралеву Ядзвігу. Здаецца, наогул стасункі паміж цешчай і нявесткай складваліся блага. Дзесьці пасля 1326 г. Альдона нарадзіла дачку Альжбету. Праўдападобна, што пэўны час, калі Казімір стаў намеснікам Вялікапольскім, Альдона жыла ў Познані. Няма звестак, дзе знаходзілася, калі муж удзельнічаў у ваенных выправах і што рабіла падчас цяжкай хваробы Казіміра, калі той быў пад прыглядам маткі. Вядома, аднак, што ніякіх палітычных прэтэнзіяў каралеўна не мела.
Напрыканцы 1329 г. Каралевіч паехаў у Венгрыю да швагра і сястры, з якой заўжды меў сардэч ныя адносіны. Спатканне было першым пасля дзевяці гадоў разлукі, як Альжбета пакінула Польшчу. Пышны і вясёлы венгерскі двор зачараваў уражлівага на дзявочую понадзь маладога чалавека. Казіміру спадабалася дваранка каралевы Клара Зах, і Альжбета паспрыяла брату зблізіцца з ёю. Паводле Длугаша, здарылася гэта наступным чынам. Спакуснік прыкінўўся хворым, і Альжбета ў атачэнні сваіх паненак наведалася ў ягоны пакой. Потым, адпусціўшы сваіх дваранак, апроч Клары, выйшла і сама, пакідаючы закаханых сам-насам. Неўзабаве аказалася, што Клара, якая паходзіла з заможнага роду, была цяжарная. Ейны бацька, Феліцыян, раз'юшаны здарэннем, 17 красавіка 1330 г. напаў на каралеўскі замак, кінуўся з мечам на караля Роберта, лёгка яго параніў ды адначасна адсек чатыры пальцы Альжбеце, якая спрабавала засланіць мужа. Пад пагрозай забойства былі таксама каралевічы, якіх, аднак, здолелі выратаваць.
Помста караля была жахлівая, яе скіравалі на ўвесь род Захаў. Чацвертаванае цела Феліцыяна развезлі па ўсіх буйных гарадах, а ягоную адсечаную галаву выставілі на замкавай вежы. Клары адрэзалі нос і губы, адсеклі рукі ды вадзілі напаўжывую па вуліцах, прымушаючы крычаць: «Хай так будзе кожнаму, хто ўздыме руку на караля». Закатавалі Кларыну сястру і ейнага мужа, разарвалі дзідамі брата, а ягонае цела кінулі сабакам. Усіх крэўных па мужчынскай лініі да трэцяга калена пасеклі, далёкіх сваякоў аддалі ў няволю ці выгналі з краю. Некаторыя з іх былі прынятыя ў Польшчы. Хронікі, на жаль, не захавалі звестак, як на тыя здарэнні рэагавала Альдона.
Неўзабаве ў жыцці Гедымінаўны адбыліся карэнныя змены. У сакавіку 1333 г. сканаў Уладзіслаў Лакаток, і Казімір стаў каралём Польшчы. Але на шляху да каранацыі ўзнікла нечаканая перашкода. Удава Лакатка запрацівілася каранацыі нявесткі, матывуючы гэта тым, што, пакуль яна жывая, Польшча мае каралеву і другой мець не можа. Казімір усё ж здолеў перамагчы амбіцыі і супраціўленне маткі. Урачыстая каранацыя мужа й жонкі адбылася ў Кракаве 25 красавіка 1333 г.
Ганна, як каралева, надалей заставалася ў цені. Відаць, на пазіцыі новай манархіні кепска ўплываў факт, што не дала краю наступніка трону. Другая дачка, Кунегунда, з'явілася на свет перад днём 25 красавіка 1335 г. Мала што ведама пра адносіны каралевы з мужам у гэты перыяд, бо няма звестак пра Казіміра ды ягоныя «раманы». Аднак, відаць, пэўныя прыгоды кароль меў, што і сталася прычынаю асуджэння яго з боку касцёла. Так вядома, што ў 1338 г. кракаўскі біскуп спыніў набажэнства, калі ў касцёл увайшоў Казімір.
Наступныя факты сведчаць пра становішча каралевы. Хутка па ўступленні на сталец Казімір, прызначаючы веліцкія саляныя капальні групе купцоў, акрэсліў у запісе адну з прычынаў надання так: «Хадайніцтва і просьбы пані Ганны, таго каралеўства каралевы». Аналагічных наданняў Лакатка са спасыламі на волю ягонай жонкі было шмат. Падобна, і касцёл прызнаваў за Гедымінаўнай толькі частку з тых прывілеяў, якімі карысталася ейная свякроў. Абедзве надзяляліся правам удзельнічаць у імшы падчас інтэрдыктаў (хоць і пры замкнёных дзвярах і без званоў) ды наведваць кляштары, але Ганна не магла там ні сілкавацца, ні начаваць, што дазвалялася каралеве Ядзвізе. А значыць, новая каралева мела не такія моцныя пазіцыі, як ейная папярэдніца.
Першую дачку Ганны з малалецтва пачалі сватаць за магутных суседзяў. 16 траўня 1335 г. у Франкфурце-на-Одэры польскае пасольства падпісала ўмовы шлюбу каралеўны Альжбеты з трэцім сынам Цэзара Людвіга Баварскага... Але ні ў адным выдадзеным акце не прадугледжваліся для дачок Альдоны ці іхных нашчадкаў дзедзічныя правы на польскі сталец. Болей за тое, Казімір распачаў перамовы з венгерскім дваром пра прызначэнне наступнікам стальца ў Кракаве свайго пляменніка Людвіга (сына каралевы Альжбеты). Паколькі кароль не меў яшчэ трыццаці гадоў і мог неаднойчы стаць бацькам, дык такія захады не былі сур'ёзныя.
Нічога невядома пра кантакты Альдоны з бацькам - вялікім князем літоўскім Гедымінам, які перажыў дачку, а таксама з братамі Альгердам і Кейстутам ды з сёстрамі - жонкамі маскоўскага, цвярскога, плоцкага, галіцкага валадароў. У апошнім выпадку сваяцкія стасункі маглі ўплываць на польскія справы. Пасля таго як патух род мясцовых Рурыкавічаў, Лакаток пасадзіў у Галічы іхнага пляменніка, а свайго кузіна, мазавецкага Пяста, Баляслава, які перайшоў у праваслаўе і прыняў імя дзеда па кудзелі, Юрыя. Абураны зменай веры, Папа рымскі граміў і самога адступніка і ягонага кракаўскага пратэктара. Неўзабаве Юры пашлюбаваўся з сястрою Альдоны - Эўфіміяй Гедымінаўнай. У сваёй замежнай палітыцы галіцкі князь шмат гадоў трымаўся традыцыйнага на Заходняй Русі і скіраванага супраць Польшчы саюзу з Тэўтонскім ордэнам. Пазней, пад пагрозай здрады ўласных баяраў, якія таемна дамаўляліся з татарамі, Юры-Баляслаў вырашыў абаперціся на швагра жонкі і ў 1338 г. прызначыў караля Казіміра сваім спадчыннікам, хоць меў родных братоў. Магчыма, што ў гэтым збліжэнні пэўную ролю адыгралі і стасункі паміж сёстрамі. Ды праз два гады Юры быў атручаны, а крыху пазней баяры ўтапілі ягоную жонку, дачку Гедыміна, у палонцы на Вісле. Тады Казімір далучыў Галіцкае княства разам з Львовам да Польшчы.
У тую пару Ганна Гедымінаўна ўжо не жыла, памерла 26 траўня 1339 г. Храністы адзначылі, што ейная смерць была нечаканая і хуткая. Пахавалі Альдону з належнымі ўрачыстасцямі ў кракаўскім катэдральным касцёле. Была яна першай каралевай Польшчы, што лягла на вечны спачын у Вавельскай святыні.
СОФ'Я ГАЛЬШАНСКАЯ - АПОШНЯЯ ЖОНКА ЯГАЙЛЫ, МАЦІ ЯГЕЛОНАЎ
Старадаўні род князёў Гальшанскіх меў радавым гняздом Гальшаны (паблізу Ашмянаў). Напрыканцы XIV ст. быў вядомы князь Іван Альгімундавіч Гальшанскі, намесьнік кіеўскі, муж Агрыпіны, смаленскай князёўны, і такім чынам блізка параднёны зь вялікім князем літоўскім Вітаўтам, жанатым з Ганнай Смаленскай. Гальшанскія ў той час былі праваслаўныя. Князь Іван меў трох сыноў. Адзін зь іх намесьнік кіеўскі, другі - намесьнік у Вялікім Ноўгарадзе. Трэці, Андрэй, не займаў ніякіх высокіх пасадаў. Памёр ён, пакінуўшы толькі дачок: Васілісу, Соньку і Марыю. Родная сястра Андрэя, Ганна Іванаўна, была жонкай Пяста мазавецкага - Баляслава III, і мела вядомасьць у гісторыі як фундатарка шпіталю сьв. Духа ў Варшаве. (Тады Варшава - сталіца Мазовіі, а ня Польшчы.)
Дочкі Андрэя Іванавіча разам з маці, Аляксандрай Дзімітраўнай Друцкай, жылі ў ейнага брата, князя Сямёна Друцкага. Род Друцкіх крыўскага паходжаньня і вёўся ад Усяслава Чарадзея. Аналіз пазьнейшых посьпехаў Гальшанскіх і Друцкіх прыводзіў некаторых дасьледчыкаў да думкі, што новая каралева Польшчы больш хілілася да радні маці, чым бацькі. Пра дзяцінства Сонькі нічога не вядома, апроч факту, што выхоўвалася разам з шасьцю сынамі дзядзькі, маладымі Друцкімі. Аляксандра Дзімітраўна ў той час яшчэ жыла, бо пазьней наведвала дачку ў Вавельскім замку. Трэба думаць, што Сонька нарадзілася каля 1405 г.
У траўні 1420 г. памерла Эльжбета Пілецкая, трэцяя жонка Ягайлы. Сівы кароль усё яшчэ ня меў сына. Таму быў неабходны наступны шлюб. Напачатку хацелі ажаніць Уладзіслава Ягайлу з каралевай Офкай, удавою чэскага караля Вацлава. Прыхільнікам гэтага саюзу стаў швагер кандыдаткі, кароль вэнгерскі Сігізмунд Люксэмбурскі. Перажываў ён тады розныя непрыемнасьці, а найперш - ня мог па сьмерці Вацлава апанаваць дзедзічную Чэхію з-за моцнага адпору гусітаў. Апошнія шукалі дапамогі ў Польшчы. Менавіта дзеля аб'яднаньня зь Ягайлам Сігізмунд прапанаваў яму руку ўдавы свайго брата, вызначыўшы Шлёнск як пасаг. Праект сустрэў згоду каралеўскае Рады, і да Сігізмунда быў пасланы Завіша Чорны з мэтаю далейшых перамоваў. Трапіў ён, аднак, у няволю да гусітаў. Кароль Уладзіслаў даведаўся пра тое ў Троках, дзе сьвяткаваў Каляды. Князь Вітаўт скарыстаў з гэтага, каб настроіць стрыечнага брата да адмены перамоваў пра руку Офкі і прапанаваў сясьцёр сваёй жонкі Ульляны Гальшанскай.
Неўзабаве Ягайла гасьцяваў у Друцкіх і пазнаёміўся з князёўнай Гальшанскай. Напачатку разважаў пра магчымасьць шлюбу з найстарэйшай, але адступіў, бо: «Дзеўка моцная, а я чалавек стары, не асьмелюся на яе пакусіцца». І тады кароль зацікавіўся Сонькай. Паводле непрыязнага да яе Длугаша, вызначалася князёўна «прыгажосьцю болей, чым цнотамі». Паколькі па старадаўнім беларускім звычаі нельга было выдаваць малодшую сястру перад старэйшай, дык Васілісу хутка сасваталі князю Івану Бельскаму.
Шлюб Ягайлы з Сонькай Гальшанскай адбыўся ў Наваградку на Вялікдзень 1421 г. Непасрэдна перад тым абраньніца перайшла з праваслаўя на каталіцызм і нанова ахрысьцілася, узяўшы імя Зоф'я. Вядома, што вясельле было шумнае і па шлюбе маладыя выехалі ў Ліду, дзе кароль прымаў пасольства з Чэхіі. На момант жаніцьбы Ягайла меў 71 год, а ягоная чацьвёртая жонка - 17.
Адразу ж Зоф'я аддалася стварэньню такога свайго становішча, вынікам якога сталася каранацыя. Першая дата ўрачыстай падзеі - 26 сьнежня 1422 г.- па невядомых прычынах не была вытрыманая, а новую ня вызначылі. Гэта магло быць зьвязана, па-першае, з абыякавым стаўленьнем Ягайлы. Зьвярталі ўвагу, што каралева не цяжарала і нават у самыя першыя месяцы шлюбу сівы муж ад'яжджаў на доўгі час, пакідаючы маладую жонку ў чужым для яе атачэньні. Па-другое, пэўную ролю адыграў нутраны стан палітычных сілаў у Польшчы. Можна акрэсьлідь дзьве ня надта востра падзеленыя партыі: пралюксэмбурскую і другую, адваротнай арыентацыі,- народна-курыяльную. 3 апошняю часьцяком супрацоўнічаў князь Вітаўт, і менавіта яна падтрымала шлюб Ягайлы з князёўнай Гальшанскай. Іншым дасягненьнем гэтае групоўкі была адпраўка ў Чэхію Жыгімонта Карыбутавіча, стрыечнага брата Ягайлы і Вітаўта ў падтрымку гусітаў. Большасьць народна-курыяльнай партыі хацела бачыць на польскім стальцы дачку Ягайлы Ядзьвігу, заручоную з Фрыдэрыкам, сынам магдэбурскага электара. Узвышэньне Зоф'і Гальшанскай пагражала надзеям гэтай пары пераняць польскую карону пасьля Ягайлы. Адначасна і прыхільнікі Люксэмбургаў, сярод якіх усё болей вылучаўся малады канонік Зьбігнеў Алясьніцкі, сакратар каралеўскае канцылярыі, не спрыялі каралеве, высунутай на сталец іхнымі праціўнікамі. У выніку ніводзін з абодвух уплывовых бакоў ня меў інтарэсу ў каранацыі маладое жонкі Ягайлы.
Сонька паказала добры розум, бо хутка ацаніла сытуацыю. Сьвядома вырашыла зьвязаць сябе з адной групоўкай і займець ейную падтрымку. Абрала прыхільнікаў Люксэмбургаў. Рашэньне патрабавала сьмеласьці, бо азначала выступленьне супраць усіх, хто вынес яе наверх, у тым ліку і супраць шчыльна зьвязанага зь ейнай сям'ёю князя Вітаўта.
Падставу дзеля такое гульні стварыла сьмерць арцыбіскупа Тромбы. Выклікала яна шэраг перамяшчэньняў і прызначэньняў, якія пад уплывам каралевы Сонькі былі цалкам карысныя для Алясьніцкага ды ягонае групоўкі. Найперш сам Зьбігнеў стаў кракаўскім біскупам, нягледзячы на тое, што не займаў усіх неабходных папярэдніх сьвятарскіх пасадаў. Без садзейнічаньня Сонькі гэтае месца атрымаў бы Шафранец. Цёлка, зь якім Соф'я была ў вельмі добрых стасунках, кароль зрабіў падканцлерам. Прымасам стаў Ястшэмбец, а канцлерам Шафранец. Згода Ягайлы на гэтыя прызначэньні была важкім палітычным посьпехам ягонае маладое жонкі. Другім дасягненьнем Сонькі стаўся арганізаваны ў сакавіку 1423 г. зьезд Ягайлы і Сігізмунда Люксэмбурскага ў Кежмарку. У выніку гэтага спатканьня кароль Польшчы афіцыйна адклікаў з Чэхіі Жыгімонта Карыбутавіча і спыніў палітыку какецтва з гусітамі. Актам удзячнасьці Соньцы з боку пратэжаваных была дапамога ў справе каранацыі, якую прызначылі на сакавік 1424 г. ды вырашылі надаць ёй урачысты характар. Аздобілі яе сваёй прысутнасьцю суседнія манархі: Сігізмунд і Барбара Люксэмбурскія, кароль дацкі Эрык, пачаткова запрошаны самой Сонькай, бо Ягайла ў той час быў на Літве. Прыбылі чатыры Пясты мазавецкія, восем - шлёнскіх, мноства князёў літоўскіх і беларускіх на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, маючы ў аршаку пяцьсот вояў. Каранацыю правёў арцыбіскуп Гнезьненскі, асыстэнтамі былі арцыбіскуп львоўскі, трое біскупаў і папскі легат. Сьвяточныя забавы цягнуліся тыдзень. Агульную ўвагу выклікала адсутнасьць вялікага князя літоўскага Вітаўта. 11 сакавіка 1424 г. кароль Ягайла запісаў жонцы ў пасаг Радамль, Сонч, Бечу, Жартавец, Санок, Інаўроцлаў, Няшаву, а некалькімі днямі пазьней дадаў Богуць і Загосьць. Была гэта самая ўрачыстая каранацыя каралеўскае жонкі за ўсю гісторыю Польшчы. Яна ўзмацніла становішча Сонькі. Нядаўняя «беларуская дзяўчына» (як акрэсліў Длугаш) пачулася ў новай айчыне больш пэўна.
Не азначае гэта, аднак, што рэзка парвала зь літоўска-беларускім асяродзьдзем. Наадварот, заўжды трымала добрыя стасункі з роднымі, да апошніх дзён жыцьця мела ў сваім атачэньні нейкую колькасьць праваслаўнае шляхты і нават у сталым веку загадала, каб чын ейнага пахаваньня адбываўся згодна звычаям, у якіх выхоўвалася. Здаецца, што Сонька магла злучаць розныя погляды.
Пазыцыі каралевы ўзмацніліся з нараджэньнем сына. Здарылася тое ў Кракаве 31 кастрычніка 1424 г. Пра радасную падзею Ягайла пачуў назаўтра падчас імшы. Быў з гэтае нагоды такі шчасьлівы, што поўны дзень правёў у касьцёле, замовіў шмат удзячных набажэнстваў. Сына - як сам напісаў папе Марціну V - назваў сваім дзедзічам «на цэлым абшары», аб чым даведалася празь Вітаўта адна Літва. У Польшчы становішча каралевіча заставалася нявысьветленым. Каб яго ўзмацніць, кароль арганізаваў папскі наказ спэцыяльных малітваў духавенства за малога Ягелона і пастанавіў правесьці вельмі ўрачысты хрост. Абрад той выканаў 18 лютага 1425 г. прымас імем папы рымскага. Немаўляці, названаму, як і бацька, Уладзіславам, упісалі аж дваццаць пяць хросных бацькоў, у тым ліку і папу Марціна V, караля Сігізмунда, дожа Вэнэцыі. Вітаўт прыслаў сярэбраную калыску. Папа падараваў Соньцы каштоўныя аксаміты з залатою ніткай. Усюды дзівіліся з плоднасьці сямідзесяцітрохгадовага манарха. Дзякуючы прыкметнаму падабенству бацькі з сынам, ніхто не адмаўляў бацькоўства Ягайлы.
Зоф'я, зараз ужо падтрыманая мужам, распачала барацьбу за прызнаньне сына наступнікам стальца таксама і ў Польшчы і пра вызначэньне сябе рэгенткай на выпадак, калі б Ягайла памёр да паўналецьця сына. Абодва патрабаваньні вымушалі разьвязаць некалькі праблемаў. Першай была дзедзічнасьць стальца ў Польшчы. Магнаты згаджаліся прызнаць каралевіча будучым валадаром, але спосабам, вызначаным празь іх, а ня як пераймальніка бацькоўскіх правоў незалежна ад іхнай волі. Другой - інкарпарацыя Літвы ў Польшчу, абвешчаная Крэўскай вуніяй у 1386 г. Калі б можна было ад яе адступіць, дык малы Уладзіслаў дзедзічыў бы бёзь перашкодаў Вялікае Княства Літоўскае. Да гэтых галоўных дабаўляліся іншыя праблемы, як, напрыклад, пацьверджаньне даўніх і наданьне шляхце новых прывілеяў, што абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, ці справа магчымага рэгенцтва. Прызнаньне рэгентамі Зоф'і і Вітаўта ўзмацніла б значнасьць дынастыі. Апошняе падтрымлівала народна-курыяльная групоўка, зь якой Зоф'я пачала збліжацца і зь якой даўно быў зьвязаны Вітаўт.
На зьезьдзе ў Брэсьце Куяўскім малы Уладзіслаў быў прызнаны будучым каралём, але элекцыйцым (выбраным). Адпаведны дакумант удзельнікі зьезду ўручылі Алясьніцкаму для перадачы Ягайлу, калі той узамен пацьвердзіць новыя вольнасьці. Пра рэгенцтва Зоф'і размова наагул не вялася. Таксама было агаворана, што па сьмерці бацькі будучы манарх мусіць каранавацца толькі пры паўналецьці, а варункам прыняцьця ўлады стане прысяга на ўтрыманьне даўніх і наданьне новых прывілеяў. Але з падказкі Сігізмунда Люксэмбурскага і князёў літоўскіх бацькі каралевіча вырашылі гэты дакумант не прымаць і распачалі збор подпісаў гарадоў, земляў і ўраднікаў, якія прызнавалі сталец для малога Уладзіслава як дзедзічны з акрэсьленьнем магчымых рэгентаў Зоф'і ды князя Вітаўта. У зьвязку з гэтым на наступным зьезьдзе ў Лэнчыцы Алясьніцкі вярнуў удзельнікам дакумант, які тыя пасеклі шаблямі. Малога Уладзіслава перасталі нават уважаць за будучага элекцыйнага караля.
10 траўня 1426 г. Зоф'я нарадзіла другога сына, які па хрышчэньні атрымаў імя Казімір. Гэтым часам у Сонькі гасьцявала маці. Вяртаючыся дадому, старая княгіня Гальшанская памерла ў Глінянах. Малы Казімір пражыў мала і быў пахаваны ў каралеўскай катэдры.
Але каралева неўзабаве зноў зацяжарала, і 30 лістапада 1427 г. зьявіўся на сьвет трэці сын, якога ахрысьцілі Казімірам Андрэем. Другое імя далі ў гонар дзеда, князя Андрэя Гальшанскага.
Апошнія месяцы трэцяй цяжарнасьці праходзілі ў атмасфэры драматычных падзеяў. Напачатку ўсё складвалася нармальна, і Зоф'я разам з мужам дамаглася ад Русі Чырвонай прызнаньня Уладзіслава наступнікам стальца, а сябе і князя Вітаўта - кандыдатамі на рэгентаў. Хутчэй за ўсё, гэты посьпех актывізаваў ейных ворагаў. Неяк раптам разьбеглася пагалоска пра здраду каралевы і што Ягайла ня можа быць бацькам дзіцяці, якога яна чакала. За кулісамі тых здарэньняў хаваліся людзі Алясьніцкага, якія пачалі распаўсюджваць плётку і пастараліся надаць ёй агалоску. Калі чуткі разышліся, князь Вітаўт наладзіў спатканьне зь Ягайлам у Гародле і паінфармаваў яго пра ганебныя зьвесткі. Магчыма, што старога Вітаўта раздражняў радасны чын жыцьця сваячкі. Для Сонькі справа абарочвалася бядою, бо Ягайла паверыў у ейную здраду. Варта памятаць, што падобны публічны выказ запасочанасьці кароль дазваляў сабе ў адносінах да дзьвюх першых жонак, тым болей што розьніца ўзросту між ім і Сонькай значна большая, чым у выпадку трох папярэдніх.
Далей падзеі разьвіваліся хутка. Дзьве чалядніцы Зоф'і, Катарына і Эльжбета Шчукоўскія, былі ўвязьненыя і пад тартурамі абвінавацілі каралеву ў здрадзе мужу найперш з Гіньчам (Генрыкам) з Рогава (сынам падскарбія Ягайлы), а яшчэ з многімі іншымі маладымі людзьмі (пайменна было названа сем). Трое зь іх уцяклі, астатніх арыштавалі. Гіньча таксама сдрабаваў зьбегчы ад памочнікаў ката, але быў схоплены і трапіў у скляпеньні хэнцінскага замку. За манархіняй пачалі сачыць, яе прывезьлі нібы пад часьцёвым арыштам у Кракаў, бо, як занатаваў Длугаш, баяліся, «каб пры звычных плоці сваёй недахопах ня трапіла ў горшую бяду». Рэха скандалу перакрочыла межы Польшчы й Літвы. Кароль паставіў жонку перад судом. На судзьдзяў прызначыў Вітаўта (як старшыню), кракаўскага і сандамірскага ваяводаў, кракаўскага кашталяна і Алясьніцкага як духоўную асобу. 3 мэтай доказу сваёй бязьвіннасьці каралева прынесла ачышчальную прысягу і тое ж мусілі зрабіць сем шаноўных матронаў і адна панна зь ейнага двара, што сьцьвярджалі непраўдзівасьць абвінавачаньня. Справу заглушылі, выпусьцілі ўсіх увязьненых маладых хлопцаў. Перамога каралевы не была, аднак, поўная, бо нікога не прыцягнулі да адказнасьці за зьняслаўленьне. Зразумела, што асабісты аўтарытэт каралевы, дынастыі, а ў пэўнай меры і ўлады манаршай моцна пацярпелі на гэтым здарэньні. Другім вынікам скандалу сталіся сапсутыя адносіны паміж мужам і жонкай, каторыя з гэтай хвіліны былі толькі палітычнымі саюзьнікамі, якія разам дамагаліся кароны для старэйшага сына.
У зьвязку з галосным скандалам Ягайла на зьезьдзе ў Едліне быў вымушаны прыняць пастаўленыя яму жорсткія ўмовы (элекцыйнасьць стальца, адмова ад праекту рэгенцтва Зоф'і і Вітаўта, каранацыя толькі па зацьверджаньні прывілеяў). Было вырашана, што па сьмерці манарха палякі выберуць каралём аднаго зь ягоных сыноў. Вын'ікам усяго гэтага сталася падпарадкаваньне Літвы рашэньням польскіх магнатаў, што ўзмацніла адпор Вітаўта і нарадзіла жаданьне разрыву ці аслабленьня вуніі. Гэтая думка атрымала згоду дынастыі, бо па аддзяленьні Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы Ягелоны адшукалі б у ім свае дзедзічныя правы. Такая тэндэнцыя задавальняла таксама Сігізмунда Люксэмбурскага, і менавіта ён вынес прапанову каранаваць Вітаўта. Падтрымала праект і Сонька, якая, бавячы восень 1428 г. у Вільні, старанна заахвочвала князя Вітаўта клапаціцца пра карону. Урачыстая каранацыя была прызначаная на 15 жніўня 1430 г., але не адбылася, бо палякі не прапусьцілі пасольства, якое везла карону. Барацьба за каралеўскую годнасьць для Вітаўта цягнулася, аднак, і далей, аж да ягонай сьмерці, якая наступіла 27 кастрычніка 1430 г. Ды на гэтым спробы аслабленьня вуніі не закончыліся. Доказам стараннай рэалізацыі такіх плянаў сталася абраньне ў чэрвені 1431 г. вялікім князем літоўскім Швідрыгайлы, малодшага брата караля.
Праз год на зьезьдзе ў Серадзы, куды прыехалі Ягайла і Зоф'я з сынамі, прадстаўнікі народна-курыяльнай групоўкі абяцалі манархам прызнаць наступнікам стальца старэйшага сына. Кароль і Сонька дзякавалі. Зьезд прапанаваў прызнаць за Швідрыгайлам тыя самыя правы, што меў раней Вітаўт. Па ім дзедзічыў Вялікае Княства старэйшы каралевіч. Праўда, швагер Сонькі хутка ажаніўся з маладой князёўнай цьвярской Ганнай, але іхны шлюб быў кароткі і не стварыў пагрозы пераемніцтву Ягелончыка. Посьпехі былі перапыненыя новымі палітычнымі падзеямі. Па-першае, у выніку замаху (21 жніўня 1432 г.) Швідрыгайла страціў бальшыню земляў Вялікага Княства ды ўтрымаўся галоўным чынам на Русі Чырвонай. Віленскі сталец заняў брат Вітаўта, Жыгімонт Кейстутавіч. Правай рукой Жыгімонта стаў стрый каралевы, аднак усе астатнія Гальшанскія і ўсе Друцкія засталіся верныя Швідрыгайлу. Лічаць, што гэты пераварот арганізавдлі прыхільнікі Алясьніцкага. У любым выпадку, узначаленае ім пасольства ўзамен на прызнаньне прыжыцьцёвай улады Жыгімонта Кейстутавіча атрымала пацьверджаньне інкарпарацыі Літвы ў Польшчу і прызнаньне за Польшчай усяго Падольля. Гэта была гэтак званая Гарадзельская вунія.
Бегам часу Ягайла моцна пастарэў. Але па-ранейшаму шмат падарожнічаў. Вясною 1434 г. ён выправіўся на Украіну, дзе меўся прыняць прысягу на вернасьць Штэфану Малдаўскаму. Нягледзячы на халады ў траўні, Уладзіслаў па звычцы слухаў уначы ў лесе сьпевы салаўя. Ен моцна прастыў і 1 чэрвеня памёр. На сьмяротнай пасьцелі прасіў, каб абралі каралём старэйшага сына і даручыў апеку над абодвума каралевічамі Алясьніцкаму, якому загадаў перадаць зьняты з пальца пярсьцёнак ад шлюбу зь Ядзьвігай. Не засьведчана, каб казаў, што аддаць ці паўтарыць Соньцы. На дзень скону Ягайлы Зоф'і было 29 гадоў, а ейным сыном 10 і 7.
Польшча засталася без валадара. Малы Уладзіслаў ня быў афіцыйным наступнікам стальца, а толькі ў лепшым выпадку кандыдатам, якога належала абраць. Так бачыў ягоную пазыцыю Алясьніцкі. Пра сьмерць старога караля Зьбігнеў даведаўся ў Познані, па дарозе на Базэльскі сабор. Склікаў там адразу нараду, на якой вырашылі правесьці элекцыю 29 чэрвеня, а непасрэдна за гэтым каранаваць Ягелончыка. Атрыманы пярсьцёнак каралевы Ядзьвігі адыграў пэўную ролю і дапамог кракаўскаму біскупу навязаць сваю думку іншым. Пазней, у часе пахаваньня караля, дату элекцыі перанесьлі на 25 ліпеня. Сонька падтрымлівала імкненьне Зьбігнева, каб яе першынец як найхутчэй быў абвешчаны манархам, хоць бы нават і элекцыйным. Уступлівасьць Сонькі вынікала з таго, што ў краіне ўтварылася моцная апазыцыя супраць дынастыі, якая хацела перадаць сталец Пястам мазавецкім.
20 ліпеня апазыцыя склікала зьезд у Апатаве. Дамінаваў погляд, што Ягелончык ня можа прэтэндаваць на сталец, бо занадта малады, каб прысягаць, што гарантуе вольнасьць і прывілеі. Падчас дыскусіі аб выбары караля раптам зьявіўся Алясьніцкі. Сонька паставіла яму верхавых коняў, калі ягоныя загінулі ў дарозе. Энэргічны біскуп здолеў авалодаць сытуацыяй і не дапусьціў да прыняцьця рашэньняў, шкодных для малога Уладзіслава, за што пазьней Сонька публічна яму дзякавала.
25 ліпеня адбылася афіцыйная элекцыя караля ў Кракаве. Апазыцыя зноў высунула тэзу, што прысяга, дадзеная непаўналетнім манархам, не абавяжа яго, калі стане дарослым. 3 гэтым згаджалася бальшыня прысутных. Каб іх пераканаць, Алясьніцкі наладзіў чытаньне статутаў Казіміра Вялікага, у якіх нічога не было запісана пра немагчымасьць каранацыі непаўналетніх. Апроч таго, прапанаваў, каб Зоф'я, сваякі Уладзіслава (князі мазавецкія ды літоўскія), а таксама некаторыя сьвятары паручыліся ад імя Ягелончыка стрымаць абавязацельствы па дасягненьні паўналецьця. Нарэшце брат Зьбігнева, каронны маршалак Ян Алясьніцкі, зьнянацку для апазыцыі прапанаваў, каб прыхільнікі каралевіча сталі па правым баку залі, а праціўнікі - па левым. Тут засталося толькі трое галоўных апазыцыянэраў, але былі «сапхнутыя» на правы бок астатнімі. Такім вось чынам першынец Сонькі стаў абраны каралём Польшчы.
Замірэньне Сонькі й Алясьніцкага трывала нядоўга і хутка па каранацыі шляхі абодвух шматразовых праціўнікаў пачалі зноў разыходзіцца. Адрозьніваліся поглядамі ў справах літоўскіх і гусіцкіх. Алясьніцкі падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча і быў прыхільнікам інкарпарацыі ВКЛ у Польшчу; у адносінах да гусітаў ён праводзіў адкрыта варожую палітыку. Зоф'я, наадварот, здаўна была зьвязаная з Швідрыгайлам і зацікаўлена ставілася да гусіцкага руху.
31 кастрычніка 1436 г. Уладзіславу споўнілася 14 гадоў, паводле тагачаснага звычаю ён стаў паўналетнім. Афіцыйна гэта прызналі на зьезьдзе ў Пётркаве, і 16 студзеня малады кароль зацьвердзіў прывілеі. Адразу ўзрасло значэньне Алясьніцкага, з моцнай індывідуальнасьцю якога новы кароль дужа лічыўся. Роля каралевы Сонькі ў справах вялікай палітыкі прыкметна паменшала, хоць, без сумліву, сын быў да яе прывязаны.
Рост уплыву Алясьніцкага актывізаваў апазыцыю. 3 траўня 1439 г. Спытак зь Мельштына арганізаваў у Новым Месьце Корчыне канфэдэрацыю супроць кракаўскага біскупа. Уступілі ў яе 168 прысутных там прадстаўнікоў шляхты. Знаходзіліся між імі дваране і блізкія Сонькі, як, напрыклад, кухмістар, натары і шмат іншых, а таксама Гіньча з Рогава, зьвязаны ўжо тады з гусіцкім лягерам. Паводле Длугаша, уся гэтая акцыя з канфэдэрацыяй адбывалася дзякуючы «падбіваньню і абяцанкам з боку каралевы Зоф'і». Хутка канфэдэраты асьмеліліся на яўны бунт, і Зьбігнеў накіраваў на іх войска. Тут здарылася не зусім зразумелая падзея. Напярэдадні бітвы і дваране каралевы, і Гіньча пакінулі канфэдэратаў ды перайшлі на бок Алясьніцкага. Пан з Рогава прыняў нават кіраўніцтва каралеўскай пяхотай, якая штурмавала табар бунтароў пад Гротнікамі, і сам спрычыніўся да перамогі над імі. Па бітве Кракаўскі біскуп дасягнуў верху палітычнае ўплывовасьці і безь вялікага клопату зьліквідаваў разрозьненыя сілы праціўнікаў. Палітычная роля каралевы Сонькі пасьля гэтага здрабнела яшчэ болей.
Па хуткім часе, аднак, давялося ёй шчыра дапамагаць свайму вялікаму непрыяцелю. 27 кастрычніка 1439 г. нечакана памёр Альбрэхт Габсбург, кароль Чэхіі і Вэнгрыі, архікнязь Аўстрыі, зяць імпэратара Сігізмунда Люксэмбурскага. У яго было толькі дзьве дачкі; за старэйшую Алясьніцкі сватаў маладога Ягелончыка. Аўдавелая каралева Эльжбета, аднак, была цяжарная і спадзявалася, што гэтым разам народзіць сына. Анты-нямецка настроены вугорскі сойм дамагаўся ад яе, каб пашлюбавалася ці з польскім каралём Уладзіславам, ці з сэрбскім дэспатам Лазарам. Саюз з кожнай з гэтых дзяржаваў быў вельмі істотны ў зьвязку з нарастаньнем турэцкае пагрозы. Амбіцыйная дачка Люксэмбургаў жадала лепш стаць рэгенткай, якая будзе кіраваць ад імя сына, чым жонкай новага валадара. У такой атмасфэры прыбылі ў Буду польскія пасланцы з мэтаю дасягненьня вуніі каралеўстваў Полыычы і Вэнгрыі. Удава была вымушаная выказаць згоду на шлюб зь Ягелончыкам, і вялізнае, у 1000 коняў, вугорскае пасольства рушыла да Польшчы. Яно прыйшло ў Кракаў 1 сакавіка. Але амаль сьледам прыбыло новае пасольства ад Буды зь весткаю ад удавы, што 22 лютага яна нарадзіла сына, названага таксама Уладзіславам па мянушцы Паграбовец, і абвесьціла яго манархам. 3 гэтае прычыны каралева забрала назад сваю згоду быць жонкай польскага караля. Ды 8 сакавіка 16-гадовы сын Сонькі ўрачыста прыняў у касьцёле прапанаваны яму сталец і прысягнуў ажаніцца з 31-гадовай Эльжбетай.
Пачаліся прыгатаваньні да ад'езду. Адбываліся яны ў абставінах неспрыяльных, бо ў Вэнгрыі ўзьнікла пагроза міжусобнай вайны, паколькі габсбурская партыя выкрала карону сьв. Штафана дзеля каранацыі народжанага Паграбоўца. Усё ж Ягелончык ад'ехаў да Буды. Спадарожнічалі яму Алясьніцкі і шмат рыцарства, быў тут і Гіньча з Рогава, які стала заставаўся даверанаю асобаю маці караля. Сонька з малодшым сынам раней прыбыла ў Сонч, каб там разьвітацца зь першынцам. Правялі разам два дні. Ня ведалі, што бачацца апошні раз у жыцьці.
Хутка па ад'езьдзе Уладзіслава каралеве Зоф'і давялося разьвітвацца і з малодшым сынам, 13-гадовым Казімірам. 20 сакавіка 1440 г. Іван і Аляксандар Чартарыйскія забілі ў Троцкім замку вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Ягоны сын Міхал спрабаваў абвесьціць сябе наступнікам бацькі на стальцы, але па ўсёй Літве пракаціліся хваляваньні. Тады ў Кракаве з падказкі каралевы-маці было вырашана паслаць у Вільню маладога Казіміра. Уладзіслаў перад вырушэньнем з Польшчы з парады Алясьніцкага акрэсьліў брата толькі сваім намесьнікам. У Вялікім Княстве праект прыезду каралевіча сустрэў падтрымку родных і блізкіх Сонькі - Гальшанскіх і Друцкіх, а таксама магутнага магната Яна Гаштольда. У выніку празь месяц па выправах старэйшага сына Зоф'я разьвітвалася з малодшым. 29 чэрвеня 1440 г. Казіміра абралі на вялікакняскі сталец у Вільні, і ён перастаў лічыцца толькі намесьнікам брата. Гэта быў сапраўдны дзяржаўны пераварот, закулісны мэханізм якога застаецца невядомы. Відаць, адлюстраваліся ў ім сэпаратыстычныя тэндэнцыі Вялікага Княства Літоўскага. Блізка да праўды, што не абышлося тут без намаганьняў Сонькі, якая на аснове посьпеху старэйшага сына магла жадаць, каб малодшы атрымаў хоць бы вялікакняскую карону.
Па адбыцьці абодвух сыноў каралева чулася вельмі самотна, тым больш што ў 1440-1444 гг. не вяла ніякай палітычнай дзейнасьці. Падобна, Зоф'я жыла галоўным чынам весткамі з Вэнгрыі ад свайго першынца. Той упарта змагаўся з Габсбургамі. Каралева Эльжбета неўзабаве памерла. Ягелончыка нават абвінавачвалі ў ейным атручэньні. Малады кароль не імкнуўся пашлюбавацца зь неаднойчы прапанаванай яму каралеўнай Ганнай, старэйшай дачкой сваёй вэнгерскай нявесты. У 1443 г. Уладзіслаў распачаў ваенныя дзеяньні супраць туркаў і атрымаў над імі шэраг перамогаў. Гэтыя посьпехі прынесьлі сыну Сонькі вялікую славу ва ўсёй Эўропе. Малады манарх стаў узорам каталіцкага рыцара. 1 красавіка 1444 г. Ягелончык падпісаў карысны для Вэнгрыі і хрысьціянскага сьвету мір у Шэгедыне.
Пад уплывам папскага легата Цэзарыні, які быў упэўнены, што поўнасьцю зьнішчыць войскі султана, Уладзіслаў сарваў мір і 21 верасьня пераправіўся цераз Дунай, пачынаючы другі турэцкі паход. Вырашальная сутычка адбылася пад Варнай 10 лістапада. Падчас бітвы манарх асабіста павёў у сьмелую атаку прыдворны гуф, бальшыню якога складалі палякі. Туркі напачатку расступіліся, а потым акружылі Ягелончыка ды ягоную дружыну. Пасьля гэтага ніхто з хрысьціянаў, хто выйшаў з таго змаганьня жывым, ужо болей ня бачыў манарха.
Весткі аб паразе дайшлі да Польшчы ў сьнежні. Ніхто ў гэта ня верыў, але хутка вярнуліся ацалелыя ў бітве пад Варнай і пацьвердзілі змрочную навіну. Паколькі сьведкаў сьмерці караля не было, Сонька ўпарта верыла, што ўбачыць сына. Весьнік, пасланы адшукаць Казіміра, знайшоў яго пад Полацкам, і 17-гадовы вялікі князь выбухнуў плачам.
Польшча зноў была без манарха. Алясьніцкі першы ўсьвядоміў неабходнасьць выбару новага караля. Хоць Зоф'я доўга жыла спадзеяй, што першынец усё ж вернецца, але далучылася да палітычнага жыцьця, каб пільнаваць інтарэсы малодшага сына.
Восеньню 1445 г. у Пётркаве праходзіў зьезд, на які запрасілі Казіміра. Была на гэтым зьезьдзе і Сонька. Казімір, аднак, не зьявіўся, а ягоныя пасланцы растлумачылі, што вялікі князь не прэтэндуе на каралеўскую карону, бо лічыць магчымым вяртаньне брата. Зьезд прызначыў пасольства на чале з прымасам, якое мусіла афіцыйна прапанаваць Казіміру польскую карону. Разам з пасольствам выправілася Сонька. Спатканьне маці і сына наступіла ў Горадні. Яны ня бачыліся пяць гадоў. За гэты тэрмін падлетак вырас у маладога мужчыну. Ня надта адукаваны, добра ведаючы толькі беларускую і польскую мовы, быў Казімір чалавекам інтэлігентным, рашучым, упартым, мала паддаваўся ўплывам атачэньня, а болей меў схільнасьць размаўляць з пазыцыі сілы.
У выніку паразуменьня Казімір 23 чэрвеня 1447 г. уехаў у Кракаў. Перад брамаю новага манарха вітаў прымас у атачэньні біскупаў, Акадэміі і працэсіі з усіх касьцёлаў. Наступным днём прыбылі мазавецкія князі Баляслаў і Уладзіслаў, чатыры шлёнскія князі; зь ліцьвінаў прысутнічалі стрый Казіміра - Швідрыгайла - і дзядзькі па маці: Васіль Красны Друцкі ды Юры Сямёнавіч Гальшанскі, а яшчэ князь кіеўскі Васіль Алелькавіч.
Каранацыя адбылася 25 чэрвеня. Казіміру было няпоўных 20 гадоў, а Зоф'і - каля 40. 3 хвіліны заняцьця польскага стальца малодшым сынам пазыцыя каралевы значна палепшылася. Казімір любіў маці і часта зь ёй сустракаўся. У 1453 г. ён пацьвердзіў даўнейшыя запісы бацькі і брата на карысьць Зоф'і, але новых не зрабіў. У сваёй зьнешняй палітыцы Казімір абапіраўся на даўніх прыхільнікаў маці, і вельмі паказальна, што ўтрымаў на сваім баку і зрабіў дарадцам (крыжакі сьцьвярджалі нават, што дужа ўплывовым) Гіньчу з Рогава, пра якога мусіў ведаць, што раней гэтага чалавека пэўныя колы лічылі ягоным бацькам.
У 1453 г. Казіміру споўнілася 26 гадоў, і маладога чалавека належала ажаніць. Ужо нейкі час вяліся перамовы пра шлюб з Эльжбетай, другою сястрою Паграбоўца (старэйшая, Ганна, сталася жонкаю ляндграфа Цюрынгіі). Шлюбныя ўмовы былі падпісаныя ў жніўні 1453 г. у Вроцлаве, Эльжбета прыбыла ў Кракаў праз паўгода. 3 гэтага моманту Польшча мела дзьвюх каралеваў. 1 сакавіка 1456 г. нарадзіўся першы ўнук, названы па дзеду Уладзіславам. Сонька дачакалася яшчэ трох хлопцаў і адной унучкі. 5 жніўня 1461 г. нарадзіўся чацьвёрты ўнук старое каралевы. Бабка пажадала, каб яго назвалі Аляксандрам - хрысьціянскае імя вялікага князя Вітаўта, ейнага даўно памерлага сваяка й апекуна.
Сканала Сонька 21 верасьня 1461 г. Было ёй 56 гадоў. Пахавалі каралеву ў Вавэльскім катадральным касьцёле ў капліцы сьв. Тройцы, якую яна сама фундавала. Па запавеце Сонькі цела ейнае паклалі пры заходняй сьцяне, што было звычаем беларускім, бо ў праваслаўных гэты бок сьвету сымбалізуе вечнасьць. Праз многа гадоў пазьней казаў пахаваць сябе такім жа чынам сын Сонькі Казімір. Марнатраўная каралева пакінула пасьля сябе значныя даўгі, а спажыўніком некаторых ейных маёнткаў аказаўся Гіньча з Рогава.
АЛЕНА МАСКОУСКАЯ - ЖОНКА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ЛІТОУСКАГА АЛЯКСАНДРА ЯГЕЛОНЧЫКА
У 1472 г. церазь Нямеччыну, потым Балтыйскім морам ды Інфлянтамі цягнулася папскае пасольства, якое везла з Ватыкану ў Маскву Зою Палеалёг на шлюб зь Іванам Ш, вялікім князем маскоўскім. Маладая паходзіла з дынастыі, якая мела заслугі перад каталіцкай царквой і трагічны лёс. Адзін зь ейных стрыяў, імпэратар Іаан VIII, заключыў з Рымам у 1439 г. ведамую Флярэнтыйскую вунію, што павінна была пакласьці канец усходняй схізьме, а другі, імпэратар Канстанцін XII, пагеройску загінуў у 1453 г. пры захопе туркамі Канстанцінопаля. Бацька Зоі, Тамаш, яшчэ некалькі гадоў быў князем Марэі, але і гэтыя землі хутка занялі вызнаўцы ісламу. Пазьней сям'я прыняла апеку папы, якому Палеалёг перадаў каштоўную рэліквію, вывезеную з Канстанцінопаля,- галаву апостала Андрэя. Урачыстае прыбыцьцё Тамаша ў Рым адбылося 7 сакавіка 1461 г., а праз тыдзень Пій II узнагародзіў яго ордэнам Залатой Ружы і прызначыў высокае ўтрыманьне - 800 дукатаў штомесячна.
Тамаш Палеалёг меў чатырох дзяцей: Алену, Андрэя, Дзімітра і Зою, якую папа рымскі па ягонае сьмерці ў 1465 г. удачарыў. Апекаваў Зою грэк, кардынал Вісарыён, знакаміты гуманісты. У дзяцінстве яе двойчы заручалі: першы раз з рымскім арыстакратам, другі - з нашчадкам лацінскіх князёў Ерусаліму і Кіпру. Аднак тыя заручыны былі адмененыя.
Сям'я трымалася грэка-каталіцкага веравызнаньня. Жадаючы пашырыць свой уплыў на праваслаўны маскоўскі Крэмль, папа Павел II праз пасярэдніцтва кардынала Вісарыёна сасватаў Зою за вялікага князя Івана III, выдзеліў у пасаг 6 тысячаў дукатаў і выправіў яе ў Маскву. Нельга было прадбачыць, што «дачка папы» амаль адразу па прыбыцьці на Русь, яшчэ перад спатканьнем з жаніхом, пачне хадзіць на дызуніяцкія набажэнствы, падкрэсьліваючы сваю прыхільнасьць да праваслаўя і цалкам адыходзячы ад Флярэнтыйскай вуніі.
Шлюб вялікага князя з грачанкай адбыўся ў крамлёўскай царкве 2 лістапада 1472 г. Алена ж нарадзіла ся 19 траўня 1476 г. Вядома, што прыйшла яна на сьвет ранкам і бацька, заняты здабыцьцём Вялікага Ноўгараду, быў тады па-за Масквой. Калі вялікая княгіня літоўская мела два гады, маці нарадзіла сына - Васіля, годам пазьней - Юрыя. Потым у Зоі ды Івана нарадзіліся яшчэ трое сыноў і дзьве дачкі, - апошняя - у 1492 г.
Неўзабаве па шлюбе новая вялікая княгіня маскоўская перастала ўжываць сваё грэцкае імя, а прыняла набліжанае расейскае Соф'я. Але ў народзе яе ўсё роўна называлі «рымлянкай». Наагул не набыла папулярнасьці; відаць, праз тое ўсталёўвала ў Крамлі візантыйскія звычаі. Так, доступ да вялікага князя, заўжды акружанага баярамі і ваярамі, стаў зараз цяжэйшы, і трэба было выказваць яму большую пашаноту. Масква пачала карыстацца імпэрскім гербам - двугаловым арлом, і паступова ўзьнікала перакананьне, што робіцца яна «трэцім Рымам», новай сталіцай усходняга хрысьціянства. Прыхільнікі даўніх парадкаў ва ўсіх гэтых зьменах бачылі віну «рымлянкі».
Становішча Соф'і было вельмі няпростае яшчэ па адной прычыне. Іван III да шлюбу з дачкой Палеалёга, застаўшыся ўдаўцом, ад першае жонкі меў сына - Івана Малодшага. У час прыбыцьця мачахі хлопцу было 13 гадоў. Як першародны, ён лічыўся наступнікам бацькі на стальцы. Таму ўзьнікала праблема - які лёс чакае сыноў Соф'і, найперш любімага Васіля. Паводле даўнейшага звычаю, яны павінны былі атрымаць уласныя ўдзелы. Але, паколькі ішло «зьбіраньне земляў», дык выходзіла, што Іван III ня будзе дзяліць сабраную зь цяжкасьцямі краіну між сваімі нашчадкамі. Гэта схіліла Соф'ю да салідарнасьці з апазыцыяй, якая прагнула абмежаваньня ўлады вялікага князя на карысьць удзельных. Іван III бачыў такую палітыку сваёй жонкі, і гэта выклікала разлад у сям і, што пакрыла ценем усе дзяцінства і маладосьць Алены. Князёўна выхоўвалася пры маці. Атрымала адукацыю, а ў лістох засьведчыла немалыя інтэлектуальныя здольнасьці. Настаўнікам Алены быў, відаць, візантыйскі манах з атачэньня Соф'і. Важнай падзеяй у выхаваньні і разьвіцьці дзяцей Івана III сталіся два візыты брата Соф'і - Андрэя Палеалёга. Падчас першага візыту госьць з далёкага Рыму выдаў сваю дачку Марыю за ўдзельнага князя вярэйскага і белабяроскага Васіля, а другога - яму спадарожнічаў аўгустыянін Ян Сальватор, які асеў у Маскве. Тады, у 1490 г., Андрэй паўтарыў сястры канфэдэнцыйныя словы італьянскага дарадніка польскіх каралёў Калімаха, каб пры сваім няпэўным становішчы на выпадак сьмерці старэйшага за яе мужа шукала падтрымкі ў Ягелонаў. Тым жа разам Палеалёг прадаў швагру свае правы на імпэратарскі сталец у Канстанцінопалі, пакідаючы сабе толькі тытул уладара Марэі. Пасьля гэтага спрытны грэк адразу з Масквы паехаў у Парыж, дзе зрабіў аналягічную прапанову Карлу VIII. Некалькімі гадамі пазьней пры выправе на Неапаль кароль Францыі за вялікую квоту набыў у Андрэя належныя яму правы на сталец, ня ведаючы, што яны ўжо адступленыя Івану III.
Ягайлавічы здаўна планавалі ажаніць з маскоўскай князёўнай таго з сыноў Казіміра, які атрымае па бацьку Вільню. Напачатку думалі пра Яна Ольбрахта, але ў рэшце рэшт вялікім князем літоўскім стаўся Аляксандар. Ужо ў чэрвені 1484 г. літоўскі пасол маршалак Ян Забжэзінскі ўпершыню гаварыў у Крамлі пра магчымасьць такога шлюбу. Пазьней да гэтага далучыўся Калімаха, парады якога пераказаў Соф'і ейны брат Андрэй. У 1492 г. па заняцьці Аляксандрам стальца, зьявілася ў Маскве пасольства на чале з Станіславам Глябовічам, які афіцыйна інфармаваў маскоўскія ўлады пра зьмену валадара ў Вільні і выгаварыў папрокі Івану III, які за апошнія гады далучыў да Масквы шэраг княстваў, што да гэтага прызнавалі вяршэнства Літвы. Апроч таго, вялікі князь маскоўскі пачаў тытулавацца валадаром усяе Русі, што недвусэнсоўна азначала намер далейшай агрэсіі. На прыёме ў князя Патрыкеева пасол Глябовіч на падпітку гаварыў пра шлюб Аляксандра з Аленай. Назаўтра некалькі баяраў папрасілі тлумачэньняў. Глябовіч сказаў, што гэта толькі ягоная думка, але пра такі праект у Вільні думаюць. Адпускаючы пасольства, Іван III адзначыў, што найперш трэба заключыць мір, а ўжо тады можна будзе абмяркоўваць іншыя праблемы.
Аб'явіліся таксама і канкурэнты. У 1486-1490 гг. габсбурскае пасольства двойчы прапаноўвала Маскве антыпольскае замірэньне, замацаванае шлюбам Алены. Сьпярша жаніхом меўся быць васьмігадовы Філіп Прыгожы, князь Бургундыі, потым - ягоны бацька, рымскі кароль Максыміліян. Гэтае пасольства прымала і Соф'я. 3 матрыманіяльнымі прапановамі зьвяртаўся да Масквы і мазавецкі князь Конрад; у сталіцу Мазоўшы Варшаву прыяжджаў нават маскоўскі пасол, але да станоўчых вынікаў не дайшло.
Напачатку 1494 г. прыбыло ў Маскву вялікае пасольства, узначаленае ваяводам Пётрам Мантыгірдавічам. Вялікае Княства Літоўскае прызнала шэраг апошніх анэксій з боку Івана III, між іншымі і страту Вязьмы, і ня здолела арганізаваць ані антытарскага замірэньня, ані атрымаць гарантый, што вялікі князь маскоўскі надалей утрымаецца ад парушэньняў заходняй мяжы. Мір падпісалі 5 лютага, і таго ж дня Мантыгірдавіч папрасіў рукі Алены. Назаўтра атрымаў станоўчы адказ. Запрасілі тады паслоў у пакоі Соф'і, дзе адбыліся заручыны, падчас якіх князя Аляксандра замяніў малады ліцьвін Станіслаў Кежгайла. Прыгажосьць нарачонай узрушыла паслоў. Адбыўся абмен пярсьцёнкамі й крыжамі на залатых ланцужках. Алена распытвала пра здароўе Аляксандра, а Іван III папрасіў ягоны партрэт.
Наступнага дня вялікі князь замацаваў мір сваёй прысягай, і тады перайшлі да абмеркаваньня варункаў шлюбнай дамовы, што было няпроста, бо абодва бакі спадзяваліся атрымаць ад гэтага карысьць. Аляксандру хацелася перашкодзіць далейшаму аб'яднаньню расейскіх земляў. Іван жа прагнуў узмацненьня праваслаўя на Літве, мяркуючы, што рэлігійны чыньнік будзе спрыяць палітычным інтарэсам Масквы. У зьвязку з гэтым вялікі князь папрасіў гарантый, што Алена ня зьменіць веры, і дамагаўся, каб для яе была пабудаваная царква ў Віленскім замку.
Шлюб каталіка з праваслаўнаю быў тады здарэньнем выключным, хоць Аляксандар і атрымаў згоду папы рымскага. Складвалася беспрэцэдэнт ная сітуацыя, у якой ужо зараз бачыліся канфлікты. Першы выбухнуў праз пару тыдняў па заручынах. У той час прыбыў у Вільню пасол Івана III князь Патрыкееў, каб атрымаць прысягу мірнай дамовы ад Аляксандра. Адначасна пачалі афармляць зьвязаныя з пагадненьнем гарантыі, што выклікала сур'ёзныя праблемы. На прапанову віленскага біскупа Табара была запісаная ўмова, што Алена мае права самахоць перайсьці ў каталіцызм, з чым маскоўскае пасольства не пагадзілася. Перамовы спыніліся на некалькі месяцаў, і толькі 26 кастрычніка 1494 г. Аляксандар падаў дакумант на ўзор прысланага з Масквы. Было відавочна, што гэтую гарантыю цяжка вытрымаць, бо ў каталіцкім краі няпроста цярпець праваслаўную жонку валадара бяз спробы схіліць яе да зьмены веравызнаньня. 3 гэтае хвіліны пытаньне шлюбу вырашылася.
3 сьнежня 1494 г. пасольства вырушыла зь Вільні па маладую, а ў Маскву прыбыло 6 студзеня наступнага году. У ягоным складзе былі троцкі кашталян князь Аляксандар
Гальшанскі ды галоўны архітэктар шлюбу віленскі кашталян Ян Забжэзінскі. Пасланцы ўбачылі Алену 12 студзеня ў пакоях маці. Князёўна падчас аўдыенцыі выбухнула плачам. Наступным днём перад ад'ездам адбылося ўрачыстае набажэнства ва Усьпенскім саборы, пасьля чаго бацька прынародна зьвярнуўся да дачкі, каб ніколі не пакідала праваслаўя. Затым Алену блаславіў мітрапаліт. Соф'я і брат Васіль праводзілі яе да Дангамілава, там маці была з дачкой дзьве ночы, а брат частаваў паслоў. Іван прыехаў яшчэ раз разьвітаццд і перадаў у дар стары абраз з дамаляванай унізе выявай укленчанай Алены.
Князёўна са сьвітай ехала праз Мажайск, Вязьму, Смаленск, Полацак і Вільню. На Літве яе сустракалі з энтузіязмам. Праваслаўныя спадзяваліся на паляпшэньне свайго становішча, а каталікі цешыліся з думкі, што шлюбны зьвязак станецца гарантам трывалага міру. 3 маскоўскага боку суправаджалі Алену князь Рапалоўскі з жонкай, група знакамітых баяраў ды поп Фама. У Смаленску, які належаў тады Вялікаму Княству Літоўскаму, народ на чале з праваслаўным біскупам Восіпам выйшаў вітаць новую валадарку за пяць вёрстаў ад гораду. Алена слухала набажэнствы ва ўсіх цэрквах, а ў Полацку была пачцівая да жонкі і дачкі Забжэзінскага, якіх запрасіла да свайго стала і налівала ім віно.Жадаючы мець большую свабоду, Алена адмовілася ад васьміконнага вазка, прысланага Аляксандрам, і ехала ў бацькоўскім, засланым собалямі.Па дарозе прыбывалі да яе пасланцы маладога з рознымі прэзэнтамі і далучаліся да аршаку: тут былі слынны князь Канстанцін Астроскі, князі Глінскія, а таксама дзьве першыя каталіцкія пані Літвы - Радзівілава і Гаштольдава.
Вялікі князь выехаў сустрэць Алену за тры вярсты перад Вільняй. Спатканьне адбылося на чырвоным сукне, якое разаслалі на полі. Нарачоныя паціснулі рукі і сказалі адно аднаму некалькі прыемных словаў. Абедзьве сьвіты стралялі ў паветра на віват. У горад Алена ўехала вазком, Аляксандар - конна. У Вільні вялікі князь паехаў адразу ў катадральны касьцёл; Алена найперш накіравалася да царквы Прачыстай Багародзіцы, дзе яе прывітаў мітрапаліт Макары і натоўп вернікаў. Пасьля набажэнства княгіня Рапалоўская і баярыні на праваслаўны звычай распусьцілі Алене косы, надзелі ёй на галаву расейскі вясельны вэлюм і абсыпалі хмелем. Пасьля гэтага паехалі да каталіцкага касьцёла на шлюб, які выканаў біскуп Табар. Але і там Макары і Фама напаўголасу чыталі малітвы, сьвіта малілася па-праваслаўнаму, княгіня Рапалоўская трымала над маладой вянок, а сама Алена, каб падкрэсьліць адзінства цырымоніі ў дзьвюх розных сьвятынях, стаяла на тых самых сабалях, што і ў царкве. Па ўрачыстасьці Аляксандар адбыў у Верхні замак, а ягоная жонка - у Ніжні. Назаўтра адбылося ўручэньне зяцю падарункаў ад цесьця (найкаштоўнейшы - залаты крыж, аздоблены каменьчыкамі), пасьля чаго прыёмы і гуляньне цягнуліся два тыдні, аж да Вялікага Посту. На дзень шлюбу малады меў трыццаць чатыры гады, а ягоная выбраньніца няпоўных васемнаццаць.
Аляксандар знайшоў у асобе Алены памяркоўную і добрую жонку. Новая вялікая княгіня была ўраўнаважаная, лагодная і паслухмяная, а муж празь некалькі гадоў прыкмеціў, што яна мае моцную індывідуальнасьць і багата энэргіі. Здолела захаваць прыхільнасьць да Літвы і Масквы ў абставінах, калі гэтыя дзяржавы ваявалі. Набыла славутасьць як энтузіястка праваслаўя ды адначасна падтрымлівала добрыя стасункі з шэрагам каталіцкіх духоўных асобаў і з ордэнам францішканцаў. Зь іншых ейных адметнасьцяў былі ведамыя захапленьне музыкай (спрычынілася да пераезду з Кракава ў Вільню слыннага капэльмайстра Генрыха Фінека), а таксама здольнасьці да вырашэньня сваіх маёмасных справаў. Апроч таго, для Аляксандра немалое значаньне меў той факт, што жаніўся з дужа прыгожай кабетай. Паўвекам пазьней панегірысты, якія пісалі ў гонар Эльжбеты Аўстрыйскай, падкрэсьлівалі ў лісьлівай форме, што маладая жонка Жыгімонта Аўгуста па прыгажосьці не саступае нават каралеве Алене маскоўскай. Сам Аляксандар меў неэфэктны выгляд: нізкі, касьцісты, але вызначаўся фізычнай сілай. Хутка пасьля шлюбу Аляксандар пажадаў, каб Алена апранулася ў строй літоўскі, затым адаслаў ейную маскоўскую сьвіту, а ў атачэньне ўвёў каталікоў. Усе гэтыя перамены Алена прыняла без адпору. Хутка навучылася размаўляць папольску, хоць з мужам і зь ліцьвінамі заўсёды гаварыла па-расейску.
Аляксандар запісаў жонцы шэраг маёнткаў і ключоў. Так, 28 жніўня 1501 г. у Горадні яна атрымала Княжыцы, Смаляняны, Крэдыжыцы, Лёчыцы, Чырчыніск, Браслаў, Цярэшын, Жыжмонты, а таксама замак Папова Гара і Магілеўскае стараства. Бальшыня валоданьняў знаходзілася ў Віленскім і Троцкім ваяводзтвах, некаторыя блізь Менску, толькі Папова Гара - ля мяжы ды неўзабаве сталася здабычай Масквы. У 1503 г. Алена атрымала яшчэ Магілеў. Частка тых маёнткаў належала ёй пажыцьцёва, а іншыя магла перадаваць манастыром, што неаднойчы рабіла. Як руплівая гаспадыня, наведала ўсе маёнткі, а ў некаторых нават і жыла па некалькі тыдняў. У 1502 г. судзілася зь нейкім суседам за поле і кавалак лесу ў адным з маёнткаў.
Даволі хутка Алена з усяе маскоўскае сьвіты пакінула толькі старую няньку, кухара і двух баяраў. Адаслала нават папа Фаму, замяніўшы яго мясцовым спаведнікам. Празь нейкі час Іван III прыслаў у Вільню князя Рамаданоўскага з жонкай, ды Алена не працівілася, калі Аляксандар адаслаў назад і іх. Канцлерам вялікай княгіні быў праваслаўны Іван Сапега, кройчым Юры Гальшанскі, ключнікам - князь Абалецкі, падстолім - каталік Ян Радзівіл, а першай пані - Соф'я з князёў Заслаўскіх Радзівілава.
Тым ня менш прысутнасьць праваслаўнай пані ў Віленскім замку абурала значную частку каталікоў, якія хацелі, каб Алена зьмяніла веравызнаньне. Распачаўся ў розных формах ціск. Ужо хутка па шлюбе прыбылі зь візытам цешча Эльжбета Ракушанка, дзьве маладзенькія швагеркі і швагер Фрыдэрык Казіміравіч, толькі што абраны кардыналам. Сваякі бавілі ў Вільні месяц і намагаліся схіліць Алену да пераходу ў каталіцызм. Аднаго дня Эльжбета папрасіла нявестку правесьці яе да касьцёла, спадзеючыся там намовіць яе да ўдзелу ў набажэнстве. Вялікая княгіня суправаджала цешчу аж да дзьвярэй сьвятыні, але адмовілася пераступіць парог і накіравалася заміж гэтага ў царкву. Сам Аляксандар жадаў бы бачыць жонку каталічкай, але не прымушаў яе да зьмены веравызнаньня. Затое ў атачэньні валадара ціск зьдзяйсьняў найперш віленскі біскуп Войцех Табар, ліцьвін, вывучаны ў Кракаве, прыхільнік сілавога вырашэньня праблемы з праваслаўнымі. Ен наведваў Алену, дамагаючыся, каб хоць прыняла вунію і прызнала вяршэнства папы. У адказ пачуў: «Я бяз волі бацькі зрабіць гэтага не магу». У тым жа кірунку дзейнічалі таксама і бернардзінцы.
Як сталая наступніца праваслаўя, Алена дбала пра цэрквы. У Вільні цікавілася саборам Прачыстае Багародзіцы, прызначыўшы на ягонае ўтрыманьне набыты маёнтак Загоры, і ўпрыгожвала Пакроўскую царкву. Паза сталіцай падтрымала ініцыятыву Хадкевічаў аб узьвядзеньні манастыра над Супрасьлю. 10 мая 1500 г. прымала ўдзел у ягоным асьвячэньні і падаравала кляштару частку царкоўных кнігаў, атрыманых ад бацькі. Манахі прызналі яе сваёй дабрадзейкай і пастаянна маліліся за ейнае здароўе. Праўдападобна, што пад уплывам жонкі Аляксандар у 1497 г. надаў значную зямельную маёмасьць кляштару сьв. Мікалая ў Кіеве, а ў 1499 г. выдаў праваслаўнаму духавенству прывілей у судовай сфэры, а таксама забараніў сваім ураднікам умешвацца ў справы царкоўных прыбыткаў.
У той час літоўскае праваслаўе перажывала крызіс. Мітрапаліта Макарыя паблізу Кіева захапілі татары і забілі. Ягоным наступнікам стаў біскуп смаленскі Язэп Булгарыновіч. Новы ўладыка, як прыхільнік царкоўнай вуніі, 25 жніўня 1500 г. паслаў ліст да папы рымскага з послухам і вызнаньнем веры паводле дэкрэту Флярэнтыйскага сабору. Аднак Аляксандар VI Борджыя адхіліў гэтую спробу аб'яднаньня з той афіцыйнай прычыны, што Язэп быў пасьвячоны схізматыкамі, а не лацінскім патрыярхам Канстанцінопаля. На самой справе папа ня верыў у рэальнасьць вуніі, пра што выказаўся ў лісьце да біскупа Войцеха Табара. Намаганьні мітрапаліта не былі адзінкавыя. Такіх жа поглядаў трымаўся канцлер Алены Іван Сапега. Ен прызнаў уладу папы і атрымаў ад яго згоду на ўзьвядзеньне сьвятыні, дзе набажэнствы адпраўляліся б і на лаціне і на стараславянскай мове. Бальшыня гісторыкаў лічыць, што Алена зацікаўлена ставілася да гэтай ініцыятывы, якая вырашала шмат ейных асабістых праблемаў. Магчыма, традыцыя маці спрасьціла для ўнучкі Палеалёга прыняцьце такога падыходу.
У першых гадох жыцьця на Літве вялікая княгіня шмат падарожнічала, часта суправаджала мужа ў ягоных інсьпекцыях, наведаўшы хуткапа шлюбе Горадню, у 1497 г. Полацак, Віцебск і Смаленск, а ў снежні 1499 г.- Берасьце. У 1499 г. цяжка і доўга хварэла, пра што муж двойчы паведамляў цесьцю і цешчы. Па выздараўленьні напаткаў Алену нечаканы ўдар - пачалася вайна (3 траўня 1500 г.) з Масквой. Галоўнай зачэпкай яе Іван III выстаўляў невыкананьне зяцем умоваў шлюбнай дамовы. Першыя месяцы вайны прынесьлі Івану III шэраг перамогаў, бо дробныя северскія князі дружна прызнавалі ягонае вяршэнства, а 6 жніўня маскоўскае войска захапіла Пуціўль, дзе паланіла князя Багдана Глінскага. Ваявода князь Канстанцін Астроскі быў пёраможаны ў бітве пад Ведрашу і трапіў у няволю разам з князямі Друцкімі. У выніку Літва страціла вялізны абшар земляў. Аляксандар разам з жонкай накіраваўся ў Браслаў, бліжэй да тэатру ваенных дзеяньняў. Ягоным адзіным посьпехам сталася падпісаньне міру зь Лівонскім ордэнам.
Між тым здарылася падзея, якая цалкам зьмяніла кірунак інтарэсаў мужа й жонкі. 17 чэрвеня 1501 г. раптоўна памёр у Таруні кароль Ян Ольбрахт. Аляксандар атрымаў вестку пра гэта ўжо 25 чэрвеня і адразу вырашыў заняць польскі сталец. Але меў супернікаў у асобах сваіх братоў - Уладзіслава і Жыгімонта. Яшчэ адзін брат, кардынал Фрыдэрык, трымаў ягоны бок і схіліў маці-каралеву падтрымаць мужа нялюбай ёй Алены. 25 ліпеня вялікі князь літоўскі афіцыйна высунуў сваю кандыдатуру і чакаў у Мельніках вынікаў элекцыі. 19 жніўня яго абралі каралём Польшчы, але моцна абмежавалі манаршую ўладу. 25 кастрычніка элект зацьвердзіў гэтыя абмежаваньні і накіраваўся ў Кракаў. Аляксандар ехаў бяз жонкі, бо ейны статус з гледзішча веры ў Польшчы быў неакрэсьлены. Пачаліся перамовы пра каранацыю праваслаўнай жонкі караля. Біскупы, аднак, не згаджаліся, а папа іх падтрымаў. У выніку кардынал Фрыдэрык усклаў карону толькі на Аляксандра.
Алена ў гэты час жыла на Літве. У Польшчу выбралася ў сьнежні і 4 лютага 1502 г. урачыста ўехала ў Вавельскі замак. На жаданьне мужа яна прыняла тытул каралевы, і так усімі называлася, толькі спарадычна ў дакументах гаворыцца пра «...жонку караля польскага вялікую княгіню літоўскую». У пабудаванай пры Соньцы Гальшанскай вавельскай капліцы пачалі адбывацца праваслаўныя набажэнствы, што выклікала абурэньне. Наагул схізма манархіні ў Кракаве ўражвала значна мацней, чым у Вільні. Апазыцыю ўзначальваў капітул, які дамагаўся новага хрышчэньня Алены. Дыскусію праводзілі публічна, што раззлавала караля. Ен зьвярнуўся да брата як да кракаўскага біскупа і запатрабаваў спыніць галосныя абгаворы сямейнае справы. Толькі скончыліся публічныя дыскусіі пра тое, ці каралева ёсьць хрысьціянка, як бернардзінцы высунулі больш памяркоўную канцэпцыю пераходу на каталіцызм, якая абумоўлівала толькі афіцыйнае прызнаньне папы безь неабходнасьці новага хрышчэньня. Такое ж думкі трымаліся і францішканцы. Тым ня менш Алене, пазбаўленай падтрымкі Івана III і літоўскага атачэньня аднаверцаў, было ў Кракаве значна цяжэй утрымацца ў веры бацькоў, і тое, што яна ў поўнай ізаляцыі здолела вытрымаць моцны націск, сьведчыць пра сілу ейнага характару.
Тым часам вайна працягвалася, хоць пасьля захопу вялізных абшараў Севершчыны маскоўскі націск прыкметна саслабеў. Вугорскі кароль Уладзіслаў Ягелончык зрабіў спробу пасярэднічаць, і ягонае пасольства наведала Маскву. Не дало яно вынікаў, але Іван III прыслаў дачцэ віншаваньні ды згадзіўся на прыезд літоўскіх паслоў. У маі 1502 г. каралева вярнулася ў Вільню разам з Эразмам Цёлкам і Янам Ласкім. Аляксандар зьявіўся там у кастрычніку. Па дарозе напісаў да Фрыдэрыка, дамагаючыся польскай падтрымкі для Літвы, а таксама прапануючы, каб Каронная Рада папрасіла ягоную жонку аб пасярэдніцтве ў заключэньні міру. Заходзіла пра тое, што ў зьвязку з вайной Алена хацела кантактаваць з бацькам толькі зь ведама і ўпаўнаважаньня падданых. У ваеннай дапамозе Рада адмовіла, але Фрыдэрык афіцыйна зьвярнуўся да каралевы ад імя епіскапату, каб паспрыяла перамовам з бацькам. Хутка пасьля гэтага Аляксандар пісаў у Вугоршчыну Уладзіславу: «Пра мір зь вялікім князем маскоўскім клапоціцца зараз наша жонка».
Падрыхтаваныя для Масквы лісты былі агульнай справай Алены і Сапегі. Датаваныя 2 студзеня 1503 г. Усё пасланьне складалася з чатырох лістоў, блізкіх па зьмесьце: да бацькі, да маці, да братоў -- Васіля і Юрыя. Яны былі прадыктаваныя Сапегу, але ў лісьце да маці мелася прыпіска каралевы. Да бацькі зьвярталася з найвышэйшым шанаваньнем: «Я, служанка і дачка Твая і падножак Твой», хоць падпісвалася «каралева і вялікая княгіня». У зьвязку з вайной вялікае значаньне набывала сьцьверджаньне Алены, што нідзе ані ў Полыычы, ані на Літве ніхто не перашкаджаў ёй удзельнічаць у праваслаўных набажэнствах. Незвычайны характар мела прызнаньне: «З таго часу, як прыйшла ў Літву, дык робіцца адна бяда. Чакалі тут, што са мной прыйдзе з Масквы дабро, вечны мір, любоў, дружба, дапамога супроць татараў, а прыйшло ўсё злое: вайна, бітвы, пажары гарадоў і вёсак, разьліў хрысьціянскай крыві, удаўство, сіроцтва дзяцей, няволя, адчай, плач і стогны». Усё пасланьне было заклікам да міру і выказвала цяжкую асабістую сытуацыю манархіні ў часе вайны. Алена ўжыла нават такі аргумант: «Адвеку ніхто ня чуў, каб бацька ваяваў зь дзецьмі».
Гэтыя лісты ўзяло афіцыйнае пасольства, якое суправаджаў канцлер Алены Сапега. Перамовы былі вельмі цяжкія. Літоўскі бок дамагаўся напачатку вяртаньня ўсіх, занятых Масквой, земляў, а потым - паловы. Масква, наадварот, патрабавала адступленьня ёй нездабытых да таго часу Смаленску й Кіеву. Сапега наведаў асобна найперш Івана III, а пазьней - Зою, апавядаючы пра выключна цяжкую сытуацыю іхнае дачкі, з прычыны якой афіцыйна вядзецца вайна. Вялікі князь ня выказаў, аднак, хваляваньня, а прасіў перадаць Алене пра вартасьці пакутніцтва за веру. Усё ж заклік каралевы даў пэўныя вынікі. Соф'я ў той час памірала; ейныя просьбы прымусілі мужа на саступкі па другасных пытаньнях, што ўмажлівіла заключэньне міру на 6 гадоў. Ен быў падпісаны 28 сакавіка 1503 г. Вялікі князь, аднак, не даў згоды на прызнаньне дачкой Флярэнтыйскай вуніі, што дазволіла б ёй каранавацца.
У 1502 г. памёр мітрапаліт Язэп, а новым уладыкам з дапамогай каралевы стаў Іона Пратасевіч, ейны спаведнік. Яго не цікавіла справа вуніі. У 1504 г. Аляксандар выдаў прывілей праваслаўным на Літве, у якім, між іншым, абяцаў, што сяляне ў маёнтках, якія набываюць каталікі, ня будуць змушацца да зьмены веры. Алена аднавіла ў Вільні сабор Прачыстай Багародзіцы, а ў Спаскай царкве зьмясьціла абраз Хрыста - даўняя маёмасьць візантыйскіх Палеалёгаў. Адбудавала царкву ў Менску і фундавала тут манастыр.
У 1504 г. на сойме ў Радамлі Аляксандар першы раз у жыцьці захварэў, і хвароба паралізавала левую палову цела. 22 чэрвеня яго прывезьлі у Кракаў, у верасьні ён пачуў сябе лепш, пачаў хадзіць без кійка і зноў сядаць на каня. У кастрычніку каралеўская пара пакінула Кракаў, ня ведаючы, што робіць гэта назаўжды. У Вільні здароўе Аляксандра пагоршылася. Напачатку хворага даглядаў Мацей з Блоні, які, перадусім, стараўся зьменшыць боль. Потым да лячэньня прыцягнулі знахара Балінскага (вэнгра, які карыстаўся прозьвішчам жонкі). Ен абяцаў вылечыць караля за два тыдні, дзеля чаго прымусіў хворага пацець. У выніку такога лячэньня стан здароўя Аляксандра пагоршыўся. Алена з Ласкім выгналі шарлатана з замку. У зьвязку з наездам татараў Аляксандар вырашыў ехаць у Ліду, каб сваёй прысутнасьцю мацаваць дух войска. Каралева з групай дараднікаў спадарожнічала мужу. У Лідзкім замку Аляксандар склаў тастамант, якім абвяшчаў Жыгімонта галоўным спадчыньнікам і наступнікам стальца, а таксама давяраў яму апеку над Аленай: «Каб яе бараніў, і каб заставалася ў належнай пашане па канец свайго веку». Пагаршэньне стану здароўя прымусіла караля і Алену вярнуцца ў Вільню. Аляксандар ня мог ехаць ані конна, ані ў вазку, яго везьлі на насілках паміж двух коней. У сьвіце былі канцлер Ян Ласкі, біскуп Табар, Ян Забжэзінскі, іншыя паны-рада. 4 верасьня прыбылі ў Вільню, Аляксандар і Алена занялі Ніжні замак. Неўзабаве манарх страціў мову. У гэты час прыйшла вестка, што Глінскі разьбіў татараў пад Клецкам. Аляксандар ад радасьці плакаў і складаў удзячна рукі. 19 верасьня сардэчна разьвітаўся з жонкай, прыняў апо.шняе намашчэньне і ўначы сканаў. Алена засталася ўдавой. Ей было трыццаць гадоў.
Пачаліся спрэчкі пра месца пахаваньня Аляксандра. Паводле традыцыі гэта павінен быць Вавель. Але літоўскія ўраднікі, падтрыманыя ўдавой, дамагаліся, каб месцам вечнага спачыну сталіся склёпы Віленскага касьцёла сьв. Станіслава. Пахаваньне было надзвычай урачыстае. За труной ехаў трыццаць адзін жалобны вазок, за імі вялі трыццаць двух коней, затым восем рыцараў несьлі харугвы Полыпчы і Літвы, а чацьвёра - атрыбуты ўладара: скіпетр, меч, дзяржаву, карону.
Гэта было 17 кастрычніка, а 20-га малодшага брата Аляксандра Жыгімонта абралі вялікім князем літоўскім, ды праз паўтара месяца і польскім каралём.
Некалі Алена пісала да бацькі, што ейнае высокае становішча і чын жыцьця гарантаваныя, пакуль жыве муж, а потым можа напаткаць розная крыўда. Але лёс удавы склаўся прыстойна. Жыла яна пераважна ў Ніжнім замку, шмат езьдзіла па сваіх маёнтках, асабліва ў Браслаў. У 1507 г. Жыгімонт надаў каралеве Бельск з ваколіцамі, Сураж і Бранск. У 1510 г. выдаў братавай прывілей, паводле якога яна рабілася патронкай Сьвята-Траецкага манастыра ў Вільні з правам прызначэньня арцымандрыта. Бязьдзетная былая манархіня шчодра дапамагала праваслаўным сьвятыням. У Браславе залажыла жаночы манастыр і царкву сьв. Барбары.
Каралева-ўдава была багатая і мела вялікія скарбы. Баялася, аднак, што будзе абрабаваная, і таму перадала іх на захаваньне віленскім францішканцам, зь якімі заўжды мела добрыя стасункі. Манахі сьцьвярджалі пазьней, што ў іх знаходзілася толькі частка скарбу Алены. Невядома, дзе трымала рэшту; некаторыя мёркавалі, што даверыла яе князю Астроскаму, які па сьмерці каралевы фундаваў з тых сродкаў будаўніцтва царквы. Частка скарбу, што захоўвалася ў францішканцаў, каштавала 400.000 дукатаў, што адпавядала васьмі гадавым даходам польскіх каралёў. Былі гэта пераважна каштоўныя каменьчыкі, залатыя і сярэбраныя рэчы. Займалі яны 16 вялікіх куфраў; паказальна, што пасьля сьмерці Алены тры натарыя ня здолелі апісаць за поўны дзень зьмесьціва аднаго куфра.
Грошы гэтыя каралева, аднак, не скарыстала, а спрычыніліся яны да вялікай жыцьцёвай няўдачы Алены. Каля 1511 г. Алена вырашыла вярнуцца ў Маскву, бо ў Вільні чулася самотна, а ў Маскве жыла радня. Апроч таго, нешта значыла і праблема прэстыжу: была зараз напаўзабытая ўдава ў краі, дзе раней выступала як жонка валадара. Варта падкрэсьліць, што амаль усе аўдавелыя манархіні, якія нарадзіліся за межамі краіны, па розных прычынах пакінулі Польшчу. У дадзеным выпадку атрымаць згоду Жыгімонта на ад'езд было для Алены немагчыма як з нагоды благіх стасункаў з Масквой, так і з увагі на набыты скарб. Каралева вырашыла паехаць без дазволу швагра. Дзеля гэтага планавала наведаць свае блізкія да маскоўскай мяжы маёнткі, адкуль яе павінен забраць спэцыяльна высланы Васілём атрад. Плян гэты быў выпрацаваны з пасольствам Васіля, якое наведала Алену ў 1511 г. Месцам спатканьня абралі Бранск. У прызначаны час прыбыла туды маскоўская выправа на чале з князямі Адоеўскім і Курбскім. Аднак Алена не прыехала, бо нейкі здраднік паведаміў пра ейныя пляны віленскаму старасту, які забараніў гвардыяну францішканцаў - Яну Камароўскаму - выдаць каралеве хоць якія ейныя рэчы. Таксама ваявода Радзівіл, да якога гвардыян зьвярнуўся за парадай, рэкамендаваў яму затрымаць скарбы. Сітуацыю ўскладняў той факт, што Камароўскі быў тым ордэнскім манахам, якому каралева асабліва давярала. Выбухнула гневам, калі менавіта Камароўскі адмовіўся вярнуць ёй уласнасьць. У дадатак зьявіліся некалькі паноў на чале з Радзівілам і забаранілі Алене ехаць у Бранск. Абураная каралева паскардзілася Жыгімонту, і той адмяніў забарону ваяводы.
У 1513 г. Алена зноў патрабавала вяртаньня сваіх скарбаў, і на гэты раз атрымала 40 залатых кубкаў. Потым, літаральна празь некалькі дзён, раптоўна памерла. Ей было 37 гадоў. Камароўскі занатаваў у хроніцы, што яе атруціў ключнік на загад ваяводы Радзівіла, які меў жаданьне прыгарнуць каштоўнасьці былой каралевы. Іншыя крыніцы не пацьвярджаюць гэтага абвінавачаньня. Скарбы Алены потым атрымала каралева Барбара Заполья. У лісьце да кракаўскага біскупа Жыгімонт Стары з палёгкай скончыў паведамленьне пра сьмерць братавай словамі: «Гэтым дзяржаве нашай ня мала паменшала клопату».
Пахавалі Алену ў саборы Прачыстай Багародзіцы. Будынак быў разбураны, калі расейцы, гасячы Касьцюшкаўскае паўстаньне, займалі Вільню.
Напачатку на руінах сабору пабудавалі дадатковы корпус унівэрсытэту, пазьней - аднавілі царкву, ды ў выніку ўсіх гэтых пераменаў труна каралевы Алены згінула.
БОНА СФОРЦА Д'АРАГОНА - ДРУГАЯ ЖОНКА ЖЫГІМОНТА СТАРОГА
2 траўня 1489 г. адбыўся шлюб Гіяна Галеаца Сфорца, князя Міляна, зь Ізабэлаю Арагонскаю. Шлюб пачаўся з разладу. Ужо падчас прывітаньня маладой Гіян Галеаца - праўдападобна захоплены іншаю жанчынаю - не хацеў пацалаваць яе, што прадугледжвалася пратаколам, а па шлюбе зусім пазьбягаў жонку. Аднак дзед Ізабэлы, Фэрдынанд I д'Арагона, кароль Нэапаля, прыстрашыў Сфорцаў сур'ёзнымі палітычнымі вынікамі, а арцыбіскуп Міляна напалохаў маладога мужа пякельнымі мукамі. Урэшце Гіян Галеаца 26 красавіка 1490 г. стаў выконваць свае абавязкі. Надалей сумеснае жыцьцё княскае пары складалася шчасьліва. Сын Франчэска нарадзіўся 30 студзеня 1491 г., а пасьля - тры дачкі, між якімі серадольшая, Бона, нарадзілася ў замку Вігевана 2 лютага 1494 г. а 13 гадзіне 30 хвілінах, як пазьней запісала гэта ў сваім малітоўніку.
21 кастрычніка 1494 г. памёр Гіян Галеаца. Па ягонае сьмерці князем Міляна меў стаць брат Боны, малы Франчэска. Але Мора абвесьціў сябе паноўным, а цэсар Фрыдэрык III выдзеліў яму інвэстыцыю. Узурпатар перасяліў тады ў свой двор сям'ю нябожчыка - Ізабэлу з трыма дзецьмі, бо наймалодшая дачка Блянка памерла.
Бясспрэчна, што Бона расла ў зусім іншых культурных умовах, ніж усе папярэднія польскія каралевы. У двары Гіяна Галеаца ў Парме быў нейкі час Леанарда да Вінчы. У чатыры гады ці пяцігадовай дзяўчынкаю бачыла яго ў Міляне, калі маляваў «Тайную вячэру». Нэапаль быў таксама важным асяродкам навукі й мастацтва часоў Адраджэньня. Нават падчас побыту на высьпе Ісхіі каралеўскай сям'і спадарожнічала знакамітая паэтка Вікторыя Калёна. Настаўнік Боны, Крызастома, Калёна, сябра Акадэміі Пантана, паэт школы Пэтраркі, вучыў яе латыні, гісторыі, тэалёгіі, праву, геаграфіі, прыродзе, філязофіі ды матэматыцы. Апроч таго, мела ўрокі танца й музыкі. Спрыяла разьвіцьцю таксама і жыцьцё сьвецкае, тэатральныя прадстаўленьні, цікавыя гульні й маскарады. Любіла ўпрыгажэньні, вартасьці якіх палягалі ня толькі на наяўнасьці каштоўных камянёў, але і на тым, што былі яны праўдзівымі творамі мастацтва.
Гэтак і маральныя прынцыпы розьніліся ад тагачасных польскіх. Княгіня Ізабэла не хавала сваіх захапленьняў, цётка Еана IV слыла з частай зьмены каханкаў, ды нават старая Еанна III мела скандальныя прыгоды. Князёўну вучылі, што трэба пазнаць мужчынаў, каб змагчы імі кіраваць. Пляткавалі, нібыта маладая Бона мела ўцехі з Гектарам Пігнатэлі, сынам пана з Тарыта.
Іншаю асаблівасьцяй італьлянскіх звычаяў было высокае становішча незаконных нашчадкаў. Дзякуючы гэтаму, Ізабэла ды ейная дачка прымалі пазашлюбных сваякоў, якія нават насілі прозьвішча Сфорца ці д'Арагона. Па тагачасных паняцьцях Бона была ўжо амаль старою дзеўкаю. Жыгімонт 1 аўдавеў 2 кастрычніка 1515 г. Меў тады 48 гадоў. Засмучаны сьмерцяю каханае Барбары, перш ня думаў пра новы шлюб, да якога, аднак, у зьвязку з тым, што не было наступніка стальца, імкнулася ягонае атачэньне. Ян Ласкі высунуў кандыдатуру Ганны з Радзівілаў, удаву мазавецкага князя Конрада IV. Больш цікавым было сватаньне цэсара, які прапанаваў трох кандыдатак: сваю ўнучку, арцыкнягіню Элеанору Габсбуржанку, Бону ды Еану IV Арагонскую. Жыгімонт напачатку выбраў Элеанору, але на шлюб не пагадзіўся ейны брат ды апякун Кароль, які ўжо прызначыў яе для караля Эмануэля Партугальскага. У зьвязку з гэтым Ягелон пастанавіў весьці перамовы пра руку дачкі Сфорцаў.
4 сакавіка 1517 г. прыбылі ў Вільню да Жыгімонта цэсарскі пасол Зыгмунт Гербэрштэйн ды прадстаўнік княгіні Ізабэлы - Крызастома Калёна. Прывезьлі партрэт князёўны й прыступілі да абмеркаваньня шлюбных умоваў. Польскі бок дамагаўся 200 тыс. дукатаў пасагу, а таксама гарантыі, што Бона атрымае ў спадчыну ўсю маёмасьць маці. Калёна прыняў тыя ўмовы ды выправіў слугу Антанэта, які за 23 дні прыбыў зь Вільні да Бары, прывозячы радасную навіну, што Бона стане каралеваю Польшчы.
22 ліпеня рушыла зь Літвы да Нэапаля пасольства Ягелонаў: ксёндз арцыдзякан Канарскі, пляменьнік кракаўскага біскупа ды Станіслаў Астрарог, каліскі кашталян. Спадарожнічаў ім Калёна. Пасланьнікі спаткалі Бону з маці, калі накіроўваліся з Бары да Нэапаля. Уезд у гэтае места быў урачысты. Сама Ізабэла прыбыла, праўда, інкогніта, але зь ейнаю дачкой ехалі Канарскі ды Астрарог з аршакамі, пасланьнікі цэсара, віцэ-кароль, а таксама прадстаўнікі Дзяржаўнае Рады. 18 мулаў везьлі куфры з падрыхтаванай выдравай. Трыумфуючая Бона насіла жалобу па нядаўна памерлай Еаньне III, і адзіная ейная спадніца была з цудоўнай залатой парчы.
Паслы паведамлялі Жыгімонту з Нэапаля, што маладая хутчэй нагадвае багіню, ніж зямянку, ды паслалі яму туфель, а таксама памеры Боны. Шлюб прызначылі на 6 сьнежня 1517 г. на дзень сьв. Мікалая, патрона Бары. Правёў яго ў замку Кастэль Капуана ксёндз Канарскі ў прысутнасьці арцыбіскупа ды шасьцёх мясцовых біскупаў. Маладога заступаў Астрарог, які за кожным разам цалаваў свае пальцы, а потым датыкаўся да маладой. Бона была ў выключна прыгожай й бязьмерна каштоўнай сукні, абшытай залатымі бляшкамі. Прыёмы, балі і турнэ доўжыліся да 26 сьнежня.
Пад канец сьнежня Бона рушыла з Бары ў Польшчу ў таварыстве звыш 300 італьлянцаў. 11 красавіка 1518 г. аршак перакрочыў мяжу Польшчы. Першая начоўка ў новай айчыне прыпала на Асьвенцім.
Жыгімонт І сустрэў жонку недалёка Кракава. У атачэньні саноўнікаў чакаў яе ў Маравіцы на полі, высланым пурпуровым сукном перад чырвоным намётам. Бона пацалавала яго ў руку, а той прыціснуў ейную галаву да грудзей. Новую паню вітаў на лаціне прымас Ласкі, славячы вартасьді ды гаворачы, што польскаму каралю апроч сына нічога не бракуе ды што нараджэньне нашчадка чакае польскі народ. Князёўна Ганна Мазавецкая з Радзівілаў, якая сама нядаўна хацела пашлюбавацца з Жыгімоятам, цяпер віншавала шчасьлівую суперніцу ад імя польскіх дамаў. Стралялі гарматы, а сабраныя сфармавалі калёну, якая рушыла праз Браму Флярыянскую на Вавэль. Апроч італьянцаў, ва ўрачыстым уезьдзе браў удзел аршак цэсарскага пасла Казімера брандэнбурскага ў 140 коняў, Іпаліта д'Эстэ - у 357 коняў, князеўны Ганны Мазавецкай - у 243.
18 красавіка 1518 г. адбылася бяседа ў залі абітай залацістай матэрыяй. Абое каралеўства сядзелі ў каронах. Прыём доўжыўся восем гадзінаў.
Наступнага дня былі танцы. Распачала іх Бона з адной са сваіх дворных. У другой пары таньчыў маркграбі Казімер з князёўнаю Ганнай Мазавецкай. Вечарам таго ж дня госьці праводзілі каралеўскую пару да спальні, дзе манарх сеў на ложак з правага боку, Бона - зь левага, а самыя засталіся на лавах пад сьценамі. Служба падала віна й салодкага. Назаўтра раніцой, паводле звычаю, жонка атрымала падарункі ад мужа. Уручаў іх кашталян сандамерскі. Дары Жыгімонта (чатыры залатыя ланцужкі, тры падвескі, чатыры кавалкі парчы) лічыліся каштоўнымі і выказвалі шлюб пяцідзесяціаднагадовага з дваццацічатырохгадовай дзяўчынай. 3 часткі тае парчы Бона пазьней заказала рызы для кляштару на Яснай Гуры.
У вачох сучасьнікаў новая каралева не была ўжо першай маладосьці. Падданыя сьведчылі, што вызначалася прыгажосьцяй. Паэты параўноўвалі з багінямі ды німфамі, і гэта не было выключна рэнэсансавай лісьлівасьцяй. Невысокая, з роўнымі і белымі зубамі, валасы мела сьветлыя, а вейкі і бровы зусім цёмныя, «рукі, прыгажэй за якія знайсьці немагчыма» ды «па-анёльску цудоўныя вочы» - так пісалі Канарскі й Астрарог з Бары ў Кракаў. Была вельмі зграбная, а шматкроць падкрэсьлена, што выдатна таньчыла. 3 гадамі папаўнела ды наагул зьмянілася; на партрэтах пастарэлай манархіні ўжо нельга знайсьці іншых сьлядоў прыгажосьці, апроч вялікіх, выразных вачэй. Але не прыгажосьцяю славілася Бона. Найважнейшай вартасьцяй дачкі Сфорцаў было разуменьне палітыкі, злучанае з нерастрачанай энэргіяй ды амбіцыямі. Вызначалася таксама моцнаю воляю й уменьнем прымаць рашэньні. Лёгка выбухала гневам, а з гадамі скандалы італьлянкі станавіліся гвалтоўныя. Падала тады на падлогу, плакала, праклінала, ірвала на сабе валасы і драпала твар. Гаварылі, што падчас такіх сцэнаў Бона не ашчаджала ня толькі караля, але й самога Бога. Наагул была менш набожнай, ніж ейныя папярэдніцы на польскім стальцы, ды гэта адбілася на звычаях двара. Але складала касьцёлам і кляштарам розныя каштоўныя ахвяры, колькі разоў адбывала пельгрымкі да Чанстаховы, а таксама на Сьвяты Крыж; на Вавэлі апекавалася капліцаю сьв. Мікалая - патрона Бары, ды падтрымлівала традыцыйны ў Сфорцаў культ сьв. Францішка, абраз якога вісеў у ейнай спальні. У дзейнасьці палітычнай не была пераборлівая, прымала п'аслугі людзей з дурною славаю, прыязныя дачыненьні мела, прыкладам, з ваяводзінай мазавецкай Даротаю Дзяргоўскаю, што славілася свабоднымі норавамі, ды, напэўна, Бона вельмі дапамагала карупцыі на Вавэлі.
Жыгімонт амаль адразу ўпадабаў другую жонку. Перш яна прывабіла сваёй прыгажосьцяй, але неўзабаве займела над ім уладу як мацнейшая асоба, бо кароль быў «мудры, уважлівы, чульлівы, шчыра набожны, ляяльны, справядлівы й сумленны» (Канапчынскі), але з гадамі ягоная энэргія трацілася, ды італьлянка штораз больш уплывала на палітычныя рашэньні мужа. Наагул, манарх ня раз дазваляў кіраваць сабою. Празь некалькі гадоў па іхным шлюбе канцлер Шыдлавецкі з пэўным перабольшаньнем пісаў: «Каралева да таго апанавала караля, што бязь ейнае волі нічога ня робіцца». Не азначае гэта, аднак, што жонка цалкам падпарадкавала сабе Жыгімонта. Лічыўся ён і з думкамі саноўнікаў («Кароль нічога ня ўчыніць сам, а зробіць усё, чаго хочуць важныя сэнатары»,- гаварыў Крыцкі), маральныя прынцыпы манарха ды ягоныя прагабсбурскія сымпатыі супярэчылі прынцыпам і палітычнай лініі каралевы. Апроч таго, некаторыя гісторыкі мяркуюць, што перадапошні Ягелон на польскім стальцы ня быў такі бязвольны, пазбаўлены энэргіі ды нягеглы дзяржаўны дзяяч.
Сама Бона і ейнае італьлянскае атачэньне аказалі пэўны ўплыў на лад жыцьця й культуру палякаў, дзякуючы чаму зьмяніліся некаторыя грубыя норавы. Праўдападобна. менавіта тады ўпершыню ў вавэльскіх пакоях пачуліся галасы няведамых дагэтуль папугаяў. А жанчыны маглі адкрыць шыю ды нават насіць дэкальта. Шмат аўтараў пішуць, як каралева абмежавала абжорства ды п'янства падчас сьвецкіх прыёмаў і спрычінілася да скарачэньня часу, адведзенлга на бяседы, што раней доўжыліся шмат гадзінаў.
Хутка па шлюбе Бона зацяжарала. 3 тае прычыны не магла спадарожнічаць мужу, які ўвосень 1518 г. падаўся ў Берасьце на Літоўскі сойм. 18 студзеня 1519 г. нарадзілася каралеўна, названая ў гонар бабкі Ізабэлай. Роды былі лёгкія. Жыгімонт, бацька дзьвюх дачок ад першага шлюбу, не хаваў свайго расчараваньня. Але пад канец года манархіня зноў была ў такім стане. Неўзабаве засталася адна, бо муж рушыў з войскам на паўночныя землі ў зьвязку з распачатаю прускаю вайною з Альбрэхтам Гогенцолернам, магістрам крыжацкага ордэну. Тады захварэла малодшая падчарыца Ганна й памерла 8 траўня 1520 г., а 25 - была пахаваная. Мачаха з любоўю апекавалася ёю, і Жыгімонт дзякаваў за «чулыя мацярынскія клопаты». У гэты ж пэрыяд яна чакала родаў, і кароль, які быў у Торуні, меў надзею, што нарэшце дачакаецца сына. 1 жніўня так доўга й нецярпліва чаканы каралевіч пабачыў сьвет. Адна з прыслугаў Боны вывесіла тады з акна Вавэля чырвоны пасак, а на той знак ейны бацька, Ян Зарэмба, ваявода каліскі, сеў на каня ды пагнаў яго з аршакам у Торунь. Хрост адбыўся бяз бацькі 1 верасьня 1520 г., а каралевіч атрымаў імёны Жыгімонт Аўгуст. Кароль пабачыў яго толькі ў траўні 1521 г., калі вярнуўся зь пераможнай прускай бітвы ў сталіцу.
У 1521-1522 гг. каралева правяла акцыю пацьверджаньня дзедзічных правоў Жыгімонта Аўгуста на Літву. Не пагаджалася з пазыцыяй прыхільнікаў цеснага злучэньня Вялікага Княства з Каронаю. Каб іх пераканаць, хацела сама падацца ў Вільню, але муж не пагадзіўся з-за малых дзяцей. Ліставалася з Гаштольдамі й Радзівіламі, дзякуючы каторым наступства каралевіча было пацьверджанае 4 сьнежня 1522 г. У адмену за гэта выклапатала ў караля для Юрыя Радзівіла прызнаньня Троцкай кашталяніі, а Станіславу Гаштольду - ваяводзтва Наваградзкага. У тых намаганьнях за ўмацаваньне пазыцыі дынастыі памагаў каралеве віленскі біскуп Ян з князёў літоўскіх, сын Жыгімонта й Кацярыны Тальнічанкі, зь якім Бона мела найлепшыя стасункі.
Манархіня гаспадарыла ва ўладаньнях, стала павелічала свае даходы. У 1524 г. заклала ў Клецкім старастве Сяняўку, першае зь мястэчак, пабудаваных ёю. Апроч уласных дасягненьняў, багацтва ейнае расло таксама праз наданьні мужа. Ужо ў 1519 г. атрымала ад яго на Літве 2 княствы: Кобрынскае й Пінскае. Каб імі валодаць, чакала тры гады, пакуль тыя лічыліся за пажыцьцёвымі ўладальнікамі. 21 лютага 1524 г. Жыгімонт ахвяраваў жонцы амаль бязьлюдную пушчу ад Нарвы па Жмудзь - 200 км у даўжыню ды 50 у шырыню. Матываваў свой дар каханьнем да жонкі, а таксама тым, што «меў на ўвазе ейную растаропнасьць ва ўсіх учынках, лад ды мудрае кіраўніцтва». Аканомам сваёй літоўскай маёмасьці каралева зрабіла Івана Міхалавіча Харэвіча. Тымчасам у Польшчы адбыліся падзеі, якія выклікалі адмоўнае стаўленьне каралевы. У красавіку 1521 г. апошняя польска-крыжацкая вайна закончылася мірам. Магістар Альбрэхт Гогенцолерн, пляменьнік караля Жыгімонта, падаўся тады на Захад, шукаючы дапамогі ў цэсара ды князёў Рэйха. Дапамогі такой ён не атрымаў ды пастанавіў правесьці сэкулярызацыю ордэну й паведаміў Жыгімонту I, што як сьвецкі дзедзічны князь Усходняй Прусіі застанецца васалам Польшчы. Праект той падтрымаў канцлер Шыдлавецкі й іншыя сэнатары. Такім чынам, 10 красавіка 1525 г.- насуперак каралеве - дайшло да слыннай прысягі ў Кракаве. Бона не прымала ў ёй беспасярэдняга ўдзелу. Але ва ўрачыстым шэсьці праз рынак ішла з мужам і абедзьвюма каралеўнамі, Ядзьвігай ды Ізабэлай, таксама з сынам, але потым толькі выглядала з акна камяніцы (карціна Матэйкі ў гэтым месцы недакладная), затое малы Жыгімонт Аўгуст быў запраўды пры бацьку, на руках ваяводы Гераніма Ласкага.
У 1522-1527 гг. Бона яшчэ цяжарала чатыры разы. 13 жніўня 1522 г. нарадзілася каралеўна Зоф'я. Жыгімонт быў тады на Літве ды пабачыў дачку, калі тая мела 6 месяцаў. Ейная маці хутка зноў чакала дзіця. Падчас гэтае цяжарнасьці перажыла трагічныя хвіліны. У красавіку 1523 г. разам з мужам і падчарыцай падалася на Ясную Гуру. Па вяртаньні 5 траўня а 8 гадзіне раніцы адбыўся няўдалы замах на караля.
Вінаваты, што страляў з кароткай зброі, ня быў выкрыты. Бона тады мусіла задумацца, які быў бы лёс ейны ды дзяцей - сям'і элекцыйнага ўладара,- калі б Жыгімонта забілі. 18 кастрычніка 1523 г. каралева нарадзіла дачку Ганну. А праз тры гады, 1 лістапада 1526 г., прыйшла на сьвет каралеўна Кацярына.
У жніўні 1527 г. Бона была зноў цяжарная. Нягледзячы на гэта, прыняла ўдзел у ловах, што адбываліся ў Непаламіцах, бо вельмі любіла паляваньні. Зь Літвы прывялі вялізнага мядзьведзя. Зьвер, напачатку непаваротлівы, потым задраў шмат сабакаў, ды ўрэшце кінуўся на людзей і заатакаваў каралеву. Тая пачала ўцякаць, але конь спатыкнуўся й выкінуў яе зь сядла. Пасьля таго выпадку Бона прадчасна нарадзіла 20 жніўня 1527 г. сына, ахрышчанага Войцех Ольбрахт, які памёр у той жа дзень. У выніку Бона доўга хварэла ды болей не цяжарала. Было ёй 33 гады, а Жыгімонту - 60.
Пазыцыя каралевы на ягелонскім двары ўмацавалася. Гаспадарачы добра, мела значныя сумы з надаваных мужам маёмасьцяў у Кароне і на Літве. Дзякуючы даходам, станавілася ўладальніцаю новых земляў ды з энтузіязмам працягвала, перш у Вялікім Княстве, а пасьля 1530 г. і ў Кароне, распачатую мужам адразу па ўступленьні на сталец акцыю вяртаньня скарбаў закладзеных каралеўскіх земляў. На Літве, апроч выкупу, пачала таксама спраўджваць юрыдычныя правы магнатаў на землі.
У тых, хто быў пазбаўлены адпаведных тытулаў, забіралася вялікакняская ўласнасьць. Некаторым знаным саноўнікам, дзеля аслабленьня іхнае моцы, пакідаліся спрэчныя абшары пажыцьцёва. Адначасна каралева распачала абарону дробнай шляхты ад уціску магутных уладальнікаў. Датычыла гэта найперш райградзка-гоняндзкіх маёмасьцяў Радзівілаў. Ведама, што працэсы, якія вяла манархіня, не заўсёды мелі юрыдычную аснову, а спрытная італьлянка ўмела наймаць выгадных сьведкаў.
У 1526 г. адбыліся значныя палітычныя падзеі. Туркі рушылі на Вугорыю ды 29 жніўня атрымалі перамогу пад Магачам. У той бітве загінуў кароль Людвік II, і на ім патухла вугорска-чэская галіна Ягелонаў. Вестка аб паразе хутка дайшла да Вавэля. Спадкаберкаю Людвіка станавілася ягоная сястра Ганна. Фактычную ўладу меў бы Фэрдынанд Габсбург, ейны муж. Але нацыянальнай партыі гэта не адпавядала, і яна падтрымала Яна Заполію, брата першае жонкі Жыгімонта I. Пазыцыя Польшчы ў маючым адбыцца канфлікце мела вялікае значаньне. Бона адразу выслала на Вугоршчыну Бэрнарда Прэтвіча, каб з'арыентаваўся ў тамтэйшых настроях. Пачала таксама разважаць пра кандыдатуру мужа на сталец ды пасьля доўгай размовы 2 кастрычніка схіліла яго да згоды дамагацца стальца. Але Фэрдынанд выявіў добры спрыт, дзякуючы якому сойм у Празе ўжо 24 кастрычніка абраў яго каралём. Насуперак усялякім перашкодам 24 лютага 1527 г. Фэрдынанд і Ганна былі ўрачыста каранаваныя ў Празе ў катэдры сьв. Віта.
На Вугоршчыне абвесьцілі двух манархаў: Яна Заполію і Фэрдынанда Габсбурга, што вяло да грамадзянскай вайны. Бона была за першага ды памагала яму ў вярбоўцы войскаў. Меркавала (слушнасьць такога гледзішча сумлеўная), што нацыянальны кароль у Будзе ўзмоцніць эўрапейскую раўнавагу, абароніць Польшчу ад туркаў ды абмяжуе экспансію немцаў. Была нават згодная на паразуменьне з султанам, які таксама не хацеў бачыць на Вугоршчыне Габсбургаў. У эпоху крыжовых паходаў хаўрусы з магамэтамі разглядаліся як здрада хрысьціянству. На Вавэлі рашучымі праціўнікамі такога збліжэньня былі канцлер Шыдлавецкі ды падканцлер Таміцкі. У выніку Жыгімонт абвесьціў 20 лютага 1527 г. нэўтралітэт, чым абцяжарыў Заполію вербаваньне ахвотнікаў. У дадатак аўстрыяцкая партыя распачала гутарку пра заручыны Жыгімонта Аўгуста з дачкою Фэрдынанда, нядаўна народжанай арцыкнязёўнай Эльжбетай.
22 верасьня 1527 г. войскі Фэрдынанда разьбілі Заполію, які ўцёк у Полыычу ды пасяліўся ў Тарнове як госьць гетмана Яна Тарноўскага. Бона пачала клапатаць пра ягоны зварот у Вугоршчыну. Накіравала да караля Яна вернага Ваўрынца Мышкоўскага, і на ейнае даручэньне адведаў няшчаснага манарха маршалак Пётра Кміта. Старалася таксамадапамагчы выгнанцу ў вербаваньні новых войскаў. Тады ўпершыню пачала складаць пляны выданьня дзевяцігадовай каралеўны Ізабэлы за пажылога Заполію.
Зь ініцыятывы Боны Геранім Ласкі падаўся ў Стамбул, дзе 29 лютага 1528 г. атрымаў ад султана абяцаньне памагчы выгнаньніку, ды без адпаведных правоў заключыў дзесяцігадовае замірэньне ад імя Польшчы, ад якога, аднак, Жыгімонт адмежаваўся. Тады Бона адобрыла збліжэньне зь нявернымі.
28 кастрычніка 1528 г. Заполія вярнуўся на Вугоршчыну і з дапамогаю туркаў набыў значную частку краю ўлучна з сталіцаю. Стаўся такім спосабам практычна васалам султана, а папа адлучыў яго ад царквы. 13 студзеня 1530 г. кардынал Катцінара ад імя цэсара Караля V абвінаваціў на кансысторыі прымаса Польшчы за супрацоўніцтва з туркамі. Клемэнс VII праклінаў сівога Ласкага, называючы яго «сынам цемнаты, братам Юдаша Іскарыёты, арцыбіскупам па імені, але па справах арцыд'яблам». Манархіня распачала абарону часовага хаўрусьніка, але старэнькі так праняўся абвінавачаньнем, што ў траўні 1531 г. памёр.
Жыгімонт Аўгуст быў ня толькі старэйшым, але й па сьмерці Войцеха (Ольбрахта) адзіным сынам каралеўскае пары. Маці яго вельмі любіла і ні ў чым не адмаўляла. Аднак бачыла ягоны мяккі характар і гаварыла, што меў нарадзіцца дзяўчынкаю, тады як Ізабэла - хлопцам. Бона хацела прадоўжыць залежнасьць Жыгімонта Аўгуста ад сябе. Як пісаў Ажахоўскі: «Не дазваляла, каб ад ейнага боку адыходзіў, хоць быў ужо не маленькі». 3 сынам, як і з дочкамі, размаўляла на роднай мове. Каралевіч меў выхавацеля італьлянца, які ва ўсім слухаўся Бону. Каралеву цікавіла інтэлектуальнае разьвіцьцё хлопца, але падданыя жадалі больш навукаў рыцарскіх, а менш кніжных. Што да дочак, дык Бона найбольш любіла Ізабэлу, ніж тры малодшыя каралеўны. Ганарылася сваёй улюбёнкай ды забясьпечыла ёй лепшую адукацыю. Між сёстрамі толькі яна навучалася латыні.
Але свае галоўныя амбіцыі лучыла з сынам. Шмат гадоў рыхтавала тое, што апроч яе ніколі нікому ў Польшчы не ўдалося. А менавіта - пастанавіла, каб Жыгімонт Аўгуст б выбраны каралём яшчэ пры жыцьці бацькі. Было б гэта важным крокам у кірунку ўзмацненьня манаршай улады. Наступным этапам плянавалася падняцьце хлопца на Вялікае Княства. 3 гэтаю мэтаю неўзабаве па трагічным паляваньні ў Непаламіцах уся каралеўская сям'я рушыла на Літву. 5 сакавіка 1528 г. адбыўся ўрачысты ўезд у Вільню. Там Бона пачала шукаць прыхільнікаў. Дапамагаў ёй адданы біскуп Ян зь літоўскіх князёў. Падтрымлівалі яе ў асноўным сэпаратыстыя, але ўмела так-сама нэўтралізаваць супраціўленьне прыхільнікаў блізкіх зьвязкаў з Каронаю. Хвароба Жыгімонта І увосень 1528 г. дапамагала каралеве ў гэтай справе. Усё трымалася ў таямніцы ад палякаў. 18 кастрычніка 1529 г. наступіла ўрачыстае ўзвышэньне Жыгімонта Аўгуста на вялікакняскі сталец. Дзевяцігадовы хлопец займаў месца паміж бацькамі ў найвялікшай залі Дальняга замка ў Вільні. Уручылі яму меч і шапку вялікага князя. Прысутнічалі ўсе літоўскія магнаты. Каралева трыумфавала.
Затое наступная спроба здабыць каралевічу высокую пасаду скончылася беспасьпяхова. Паміж 1522 і 1526 гг. памерлі адно за адным княгіня Ганна Мазавецкая ды ейныя сыны Станіслаў і Януш. У атручаньні маладых людзей і іхнай маці абвінавачвалі дачку плоцкага ваяводы Кацярыну Радзіеўскую, пакінутую па чарзе абыдвума братамі. Выканала яна гэта з пасярэдніцтва шляхцянкі Клічэўскай Тую апошнюю зь нейкаю памагаткаю спалілі жыўцом. Абедзьве былі прывязаныя да слупоў ды «пякліся чатыры гадзіны, пакуль памерлі». Дачку ваяводы судзіць не адважыліся. 13 верасьня 1526 г. кароль захапіў Мазоўшу, але статус гэтага краю заставаўся няясны. Сэпаратыстыя хацелі бачыць на стальцы князёўну Ганну, сястру Станіслава й Януша, а Гогенцолерны лічылі, што яна пашлюбіцца зь Вільгельмам, братам Альбрэхта прускім князем. Але ў краіне дамінавала думка: як патухне род Пястаў Мазоўша далучыцца да Кароны. Затое каралева хацела пасадзіць там Жыгімонта Аўгуста як незалежнага князя. Дзеля гэтае мэты знайшла падтрымку ў часткі мясцовай шлях ды некаторых літоўскіх паноў. Але сойм далучыў тыя землі да Польшчы. У выніку няўдалых намаганьняў Боны пачалі абвінавачваць яе ў атручаньні Пястаў мазавецкіх. Хадзілі чуткі, нібыта атруту прыгатаваў італьлянскі аптэкар манархіні. Можа таму і была прызначаная спэцыяльная камісія, якая заключыла, што княжычы памерлі сваёй сьмерцяю.
Пасьля вынясеньня Жыгімонта Аўгуста на Вялікае Княства каралева запабегла аб элекцыі сына пры жыцьці бацькі. Адбылося гэта ў сьнежні 1529 г. на Пётркаўскім сойме. Ягонае рашэньне - плён шматлікіх высілкаў Боны. Прапанову ўнёс падканцлер Таміцкі. Пасьля дэбатаў, што доўжыліся тыдзень, была прынятая ўхвала. Падканцлер пісаў да манархіні ў Кракаў: «бракуе слоў, каб расказаць, як хутка і згодна, насуперак чаканьням, адбылася элекцыя». У ліку пратэстуючых быў прымас Ласкі. Бацькі ад імя сына паручыліся, што дарослым Жыгімонт Аўгуст складзе прысягу, якою зацьвердзіць шляхоцкія прывілеі. А таксама ня будзе ўладарыць, пакуль жывы бацька. 6 студзеня дэлегацыя сэнату афіцыйна паведаміла Боне і ейнаму сыну пра вынікі элекцыі. Тая элекцыя ў пэўным сэнсе станавіла сабою дзяржаўны пераварот.
Нягледзячы на выказаны пратэст, Ласкі даў згоду на каранацыю. Адбылася яна 20 лютага 1530 г. у Вавэльскай катэдры. Прымасу памагалі дзевяць біскупаў. Наступнага дня, седзячы між бацькамі, Жыгімонт Аўгуст прыняў на рынку традыцыйную прысягу кракаўскіх мяшчанаў на вернасьць.
Пасьля каранацыі сына Бона скіравала сваю энэргію на павелічэньне маёмасьці дынастыі, што ўзмацняла каралеўскую ўладу. Пісала да Мацяеўскага: «Ведаем, што вяльможы найболей прагнуць убоства каралеўскага дому. Але ня дасьць ім Пан Бог той пацехі». Дзякуючы дапамозе Жыгімонта Старога, свайму бясспрэчнаму таленту, а таксама пэўнай жорсткасьці, мела вялікія посьпехі ў памянёнай справе. Ня грэбавала нават малымі аб'ектамі,- як адзінкавыя будынкі ў гарадох ці млыны на вёсках. Цікавілася польска-літоўскім памежжам, Мазоўшай, Падляшшам, вадазборам Нёмана, Палесьсем, Валыньню ды Падольлем. На тых абшарах завалодала вялізнымі прасторамі, што даходзілі нават (у Паланзе) да берагоў Балтыкі. На Літве набыла ўсе, за выняткам аднаго, удзельныя княствы. За кароткі час стала валадаркаю калясальнага багацьця, у тым ліку на Падляшшы - Бельск, Бранск, Тыкоцін, Седльцы, Мельнік; на Літве - Горадня, Кобрын, Пінск; на Валыні ды Падольлі - Бар, Крамянец і Ковель. 22 сьнежня 1533 г. Юры Радзівіл страціў на карысьць манархіні Горадню, тады ж Гаштольд - Бельск, Бранск, Сураж, Нараў і Клешчалі. Часам спэкулявала набыткамі, перапрадаючы з выйгрышам тое, што выкупіла ды судзілася з падданымі.
Каралева будавала замкі, шпіталі, касьцёлы й школы, рабіла спробы мэліярацыі і камасацыі земляў, апрацоўвала пусткі і закладала сады. Мястэчкі атрымлівалі магдэбурскае права. У пушчах паўставалі паселішчы. Аканомамі ставіла пераважна з дробнай шляхты. Пабудавала канал у ваколіцы Пінска і мост праз Буг. Такая акцыя падрывала моц магнатаў, зь якімі ад часу элекдыі Жыгімонта Аўгуста Бона перастала лічыцца. Дзейнасьць каралевы спрыяла дробным і сярэднім зямянам. Паказальны факт, што ў 1532 г. мясцовая шляхта самахоць сабрала грошы ды аддала Боне, каб тая выкупіла бельскую зямлю ў Гаштольда.
У сталіцы Вялікага Княства фундавала мармуровае надмагільле Вітаўту з лацінскім надпісам: «Бона Сфорца, польская каралеяа, зкакамітаму ўладыку Аляксандру Вітаўту [...] збудаваць казала гэты помнік» і таксама ў Вільні, як і ў Горадні, перабудавала замкі ў рэнэсансавым стылі.
Калі Жыгімонту споўнілася 16 гадоў, ён павінен быў скласці прысягу, але палата дэпутатаў не хацела яе прыняць. Тады на загад бацькі малады кароль прысягаў толькі ў прысутнасці сэнатараў. Жадаючы прыняць рашэньне аб падатках, Жыгімонт Стары ў 1537 г. падчас жніва склікаў паспалітае рушэньне, мяркуючы, што шляхта за магчымасць вярнуцца дамоў ахвотна адкупіцца грашыма. Тым часам натоўп, сабраны пад Львовам, пачаў бунтаваць. Г. Зв. "пеўневая вайна" доўжылася сем тыдняў. Бунтары востра крытыкавалі самога манарха, але болей ягоную жонку - за ўмяшаньне ў палітыку ды зьбіраньне маёнткаў (падымалі галаву і арандатары ў страху за свае інтарэсы), кідалі таксама абвінавачаньні ў дрэнным выхаваньні сына. Перапала нават каралеўскаму лекару - Валенціні, бо жыў ён па-магнацку. Абвінавачвалі манархіню ў парушэньні прававых нормаў пры зьбіраньні земляў. Адзін з кіраўнікоў шляхты, Пётра Збароўскі, гаварыў: «Каралева гэтулькі значыць, колькі хоча, а хоча гэтулькі, колькі ёй падабаецца». Сабраныя высунулі 36 патрабаваньняў, якія абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, а таксама прывілеі Касьцёла і сэнатараў. За караля заступаўся гетман Тарноўскі, у якога нават стралялі, тады як Пётра Кміта паводзіў сябе двудушна - выступаў у ролі трыбуна шляхоцкага і адначасна заспакойваў бунтароў. У той пэрыяд Бона была ў Кракаве, але праз падканцлера Мацяеўскага перадала мужу наказ, як ён мусіць трымацца, а шляхту папракала ў хцівасьці ды нежаданьні наладзіць правапарадак. Жыгімонт рытарычна пытаў, ці было б добра для краіны, каб ягоная жонка за свае грошы набывала маёмасьць у Італіі, не пераводзячы яе ў Польшчу? На шчасьце, для дынастыі бунт скончыўся без патрабаваньняў якіх-небудзь абавязкаў. Але эфэкт псыхалягічны «пеўневай вайны» быў вялізны, і пазыцыя двара значна аслабла, вынікам чаго сталася ўрачыстае пацьверджаньне Жыгімонтам Старым таго факту, што польскі сталец надалей будзе элекцыйны. Апроч таго, соймы ў 1539- 1540 гг. падкрэсьлілі, што маёмасьць, якая лічыцца за італьлянкай,- дзяржаўная ўласнасьць. У зьвязку з гэтым пасьля бунту значна зьменшыўся выкуп Бонаю закладзеных каралеўскіх маёнткаў.
Пад Львовам шмат увагі аддавалі маладому каралю, бо споўнілася яму тады 17 гадоў. Але ён не выказваў ніякіх інтарэсаў да палітычнага жыцьця ды цалкам заставаўся пад уладаю маці. Пасьля каранацыі атрымаў на Вавэлі ўласны апартамент (дагэтуль меў толькі адзін палац) і асобны двор. За гувэрнёра быў яму, верны Боне, гнезьненскі кашталян Пётра Апалінскі. Каралеву папракалі, што сын вядзе нярыцарскі лад жыцьця. Збароўскі пад Львовам казаў, што Жыгімонт Аўгуст «марнуе час у Кракаве ў атачэньні паненак у сьпевах і плясах».
У 1538 г. з увагі на грамадзкую думку выправілі маладога караля ў паход пад апекаю тетмана Тарноўскага. Дарога была цяжкая, і расьпешчаны адзіны сынок пачаў скардзіцца на невыгоды. Вестка пра гэта дасягнула Вавэля, і маці, як піша Гурніцкі, «заенчыла, наракаючы й лямантуючы. Так доўжыліся тыя ляманты ды просьбы», што бацька адклікаў сына на агульнае незадавальненьне. Між дочкамі каралева найболып увагі аддала Ізабэле. Думала выдаць яе за Яна Заполію. У ейным бачаньні розьніца ў веку не была перашкодаю, бо свой шлюб уважала за ўдалы. Вясною 1535 г. Бона прыняла канчатко- вае рашэньне. Належала яшчэ атрымаць падтрымку мужа, які сваёю згодаю змушаў Яна прымірыцца з Габсбургамі. Такі мір падпісаны быў 24 лютага 1538 г. у Варадыне. Вугорцы мелі двух афіцыйных каралёў, бо Заполія панаваў на болыыай частцы краю ўлучна з сталіцаю. Але ўлада ягоная лічылася пажыцьцёвай, а пасьля гэтыя землі муселі стаць валоданьнем Габсбургаў з умоваю выплаты магчымым нашчадкам суперніка вялікай кампэнсацыі. Тая сума пры даўгох аўстрыяцкага двара не спрыяла аб'яднаньню краю, на што і разьлічвала Бона. Пасьля заключэньня міру на Вавэлі зьявіўся пасланьнік караля Яна, які неафіцыйна ўдакладніў канчатковыя ўмовы шлюбу. Аднак пазьней Польшча мела канфлікт з Турцыяй за Малдову, і Заполія, залежны ад султана, пабаяўся ў такі час шлюбавацца.
15 студзеня 1539 г. вялікае пасольства вугорскае ў 700 коняў на чале зь біскупам Стэфанам Брадарыесам прыбыло ў Кракаў. Таго ж дня на ўрачыстай аўдыенцыі вугорцы папрасілі ў Жыгімонта рукі найстарэйшай дачкі. 28 студзеня а 12 гадзіне адбыўся шлюб рег ргосііга. Некалькі дзён доўжыліся забавы і турнэ. Падчас тых урачыстасьцяў Бона склала шчодрую ахвяру Вавэльскай катэдры, праўдападобна жадаючы шчасьця для ўлюбёнай дачкі.
Ізабэла са сьвітаю паехала праз Буду ў Бялград. Па дарозе яе сустрэў Ян. 23 лютага 1539 г. адбыўся шлюб і каранацыя. Летам наступнага году ў адсутнасьці Яна Заполіі ягоная жонка нарадзіла сына. Дзіця ахрысьцілі імёнамі Ян Жыгімонт. Немалады бацька быў тады ўжо цяжка хворы. Паклікаў найбліжэйшых дараднікаў і наказаў ім, каб па ягонае сьмерці не аддавалі Вугоршчыны Габсбургам, ды насуперак умовам каранавалі немаўля. А 22 ліпеня ён памёр.
Гэты выпадак актывізаваў Бону. Пачала яна намаўляць дачку, якая хацела вярнуцца ў Кракаў, дамагацца кароны для Яна Жыгімонта. Перш шукала мужавай згоды, але той, ацаніўшы сытуацыю, радзіў Ізабэле не пагаджацца з маці. Гэтак з Кракава плылі да Буды зусім розныя парады ад кожнага з бацькоў. Падобна розныя пазыцыі мелі яны і адносна памежных дзяржаваў. Жыгімонт напісаў у Ведэнь, што яму папраўдзе дарагія і дачка і ўнук, але яшчэ даражэй хрысьціянства. Тады як каралева пачала шукаць дапамогі ў султана.
Тымчасам перад Бонай стаяла праблема шлюбу сына з аўстрыйскай арцыкнязёўнай. Калі Эльжбета мела чатыры гады, то была дамова, што шлюб адбудзецца як споўніцца ёй шаснаццаць. Па меры набліжэньня тэрміну расьлі варожыя стаўленьні да гэтых плянаў. У 1543 г. паўстала пытаньне пра заручыны Жыгімонта Аўгуста з францускай каралеваю Малгажатаю, дачкою Францішка 1 Валуа, прычым падтрымліваў іх сам султан. Нягледзячы на гэта, стары кароль і прагабсбурскія прыхільнікі на чале з падканцлерам Мацяеўскім ды гетманам Тарноўскім былі за аўстрыйскі шлюб. Нарачоная прыбыла ў траўні 1543 г. ды пятага таго ж месяца адбыўся шлюб і каранацыя. Бона не хавала нянавісьці да нявесткі. Не магла нават змусіць сябе ўручыць канвэнцыйны падарунак і зрабіла гэта значна пазьней. Потым, як праўдзівая ведзьма, прыгатавала ёй перасьлед: не дазваляла мець уласнай кухні, прыказала дочкам не размаўляць з братавай, затрудняла кантакты з Ведэнем, а перадусім намаўляла сына проці некаханай жонкі.
Адносіны Боны да Эльжбеты былі складаныя. Апроч нянавісьці ўладарнай свекрыві мелася таксама зайздрасьць кабеты ў сталым веку. На Вавэлі былі зараз дзьве каралевы. Адну называлі «маладая». Другая хацела б менавацца «вялікай», а прыняўся прыметнік «старая». Варта таксама памятаць, што тады ж ненавісны бацька нявесткі выцясьняў Ізабэлу і адзінага ўнука зь іхных вугорскіх уладаньняў. Бона непамерна помсьцілася на Эльжбеце за крыўды сям'і Заполіяў. Зрэшты, гэта і не хавала. Сваю слынную гутарку з Марсупінам (пасланьнікам Фэрдынанда) скончыла сьцьверджаньнем, што яна любіць сваю дачку гэтак, як і Габсбург сваю, а да Фэрдынанда напісала, каб добра ставіўся «да Найясьнейшай Дачкі Нашай, Каралевы Вугорыі Ізабэлы, якую мы шчыра любім, ды каб нашая любоў да дзяцей была ўзаемная». Але адносіны Боны да нявесткі мелі і палітычны характар. Габсбургі меркавалі, што ў выніку шлюбу Жыгімонта Аўгуста іхны ўплыў у Польшчы значна вырасьце. Ды гэтага ня сталася, а наадварот, пасланьнікі зь Ведэня цяпер адступілі і муселі адстойваць Эльжбету, не кранаючы іншых пытаньняў. Старая манархіня гэта добра разумела і выкрывала «ў найгвалтоўных і абразьлівых выразах», што Марсупін шпіён, прысланы рымскім каралём дзеля арганізаваньня «бунту», а таксама, што Габсбургам не ўдасца кіраваць на Вавэлі.
Летам 1543 г. успыхнула эпідэмія, і двор пакінуў Кракаў. Бона пастанавіла тады разлучыць мужа з жонкаю. Дзеля гэтага паслала дваццацітрохгадовага Жыгімонта Аўгуста на Літву, а Эльжбету забрала з сабою ў Варшаву. Было гэта сур'ёзнаю памылкаю, бо, вырваўшыся з-пад кантролю маці, сын хутка пачаў па-свойму займацца палітыкай ды закахаўся ў пекную ўдаву ваяводы троцкага Барбару з Радзівілаў Гаштольдаву. Ягонае стаўленне да маці перш не мянялася, ён штодня пісаў да яе. А жонцы за некалькі месяцаў ня выслаў ніводнага ліста. Увосень 1544 г. у Берасьці Літоўскім сустрэлася каралеўская сям'я. Але ўсё складвалася ня так, як хацела старая манархіня. Жыгімонт I, насуперак Боне, перадаў сыну ўладу на Літве, а пасьля гэтага Эльжбета з мужам паехалі ў Вільню. Тымчасам адносіны з сынам пачалі псавацца. У Жыгімонта Аўгуста ўжо даўно былі супярэчлівыя пачуцьці да маці, і цяпер варожыя эмоцыі паступова выяўляліся. А Бона ня выказала гібкасьці ды абуралася на шэраг учынкаў сына. Папраўдзе, малады кароль жыў у Вільні бяздумна, выдаткоўваў шмат грошай ды мацней захапляўся Барбараю. У дадатак у палітычных справах не зважаў на жаданьні манархіні. Такім чынам, наступная сустрэча маці й сына ў траўні 1545 г. адбылася ў атмасфэры крыўдаў і ўзаемных нараканьняў. Жыгімонт Аўгуст прыехаў тады ў Кракаў, каб вярнуць пасаг жонкі з рук пасланьнікаў Фэрдынанда. Цікава, што вораг Боны, гетман Тарноўскі, вітаў маладога караля перад брамамі горада. Стары бацька плакаў' з радасьці, што бачыць сына. А Бона прывітала з каменным тварам і выказвалася пра яго крытычна пры чужых, так, што нехта (мала з'арыентаваны) пракамэнтаваў: «ня любіць яна яго». Толькі раз Жыгімонт Аўгуст меў доўгую гутарку з маці. На ягоную прапанову Тарноўскі зьвярнуўся да Фэрдынанда з таемнаю просьбаю перахапіць грошы, якія манархіня выслала ў Італію. Побыт мала- дога караля быў перапынены нечаканым паведамленьнем, што 15 чэрвеня 1545 г. памерла ў Вільні Эльжбета. Гэта змусіла яго вярнуцца, каб пахаваць жонку.
У 1545-1546 гг. Бона мела вялікі посьпех. Карыстаючыся з таго, што за маладой каралевай Эльжбетай прызнавалася аправа, саступіла ёй сваю, а сама раздабыла новыя землі на Мазоўшы, якія прыносілі непараўнальна болыыы даход. 11 сакавіка 1545 г. са згоды сойму Жыгімонт 1 зацьвердзіў тыя зьмены. Варшава ды іншыя гарады знаходзіліся цяпер у валоданьні гаспадарлівай італьлянкі. Эльжбета хутка памерла, і прагабсбурскія прыхільнікі выказалі жаданьне, каб ейная сьвякроў узяла ранейшую аправу. Дамагаўся гэтага Мацяеўскі. Тарноўскі нават страшыўся пакінуць пасаду, а на сойме ў сьнежні 1545 г. шмат земскіх дэпутатаў досыць востра выказвалася проці даходаў манархіні. Але каралева ўтрымала сваю здабычу ды нават адваявала розныя прывілеі ў мазавецкіх уладаньнях.
Па сьмерці нявесткі Бона пачала плянаваць, каб малады кароль ажаніўся з адзінаю дачкою Альбрэхта Гогенцолерна, князёўнаю Ганнаю Зоф'яй і валодаў Прускім Княствам па сьмерці ейнага бацькі. Тое, што Жыгімонт Аўгуст закахаўся папраўдзе, у разуменьні маці ня шкодзіла гэтым праектам. Каралева ніколі не спадзявалася, што летам 1547 г. сын употай ажэніцца са сваёй каханай. Стрыечны брат Барбары Мікалай Чорны Радзівіл увосень 1547 г. паведаміў пра гэта манаршай пары. Навіна была такою неспадзяванаю, што бацькі не хацелі паверыць, а Бона напісала да некалькіх паняў, каб далі поўную інфармацыю. Заходзіла ня толькі пра паходжаньне выбраньніцы, але й пра ейныя свабодныя норавы. Дрэнныя паводзіны пек- най ваяводзіны набылі галоснасьць ды нават, каб толькі невялікая частка плётак адпавядала праўдзе, дык і тады Радзівілаўна ашаламляльна розьнілася б ад тагачасных польскіх манархіняў.
Але доўга не давялося суцяшаць сябе надзеяй, што зьвесткі, прывезеныя Чорным, фалыпывыя. Неўзабаве пацьвердзіў іх сам Жыгімонт Аўгуст, калі прыехаў на сьнежаньскі сойм у Пётркаў. Пасьля размовы з бацькамі ды іхным рашучым уеіо закаханы малады чалавек афіцыйна абвесьціў пра свой шлюб.
Старая манархіня з усёй энэргіяй пачала тады барацьбу проці Барбары. Азначала гэта сутычку з сынам. Выдатна разумелі такую сытуацыю ня- добразычліўцы каралевы - сэнатары. Канцлер Мацяеўскі, які жадаў, каб малады кароль пашлюбаваўся з князёўнаю лятарынскаю, аднак, падтрымаў выбар Жыгімонта Аўгуста, бо меў перакананьне, што ў гэтай сытуацыі дойдзе да моцнай сваркі Боны з сынам. Сама маці лічыла, што альбо пераканае, альбо зломіць сына. Вестку пра ягоны шлюб успрыняла вельмі бурліва: плакала, ірвала на сабе валасы і думала, што напаткала яе катастрофа. Нямоглы бацька цалкам не пага- джаўся з сынам. «Справа гэтая няслушная і быць ня можа»,- сказаў яму ў Пётркаве. І пачалі яны клапатаць аб адмене шлюбу. Стары кароль, які меў зьверхную ўладу над Вялікім Княствам, разаслаў лісты да літоўскіх паноў, дзе забараняў прызнаваць шлюб, каторы нясе «ганьбу Кароне». Напісаў таксама да дзьвюх замужніх дочак: Ядзьвігі ды Ізабэлы, каб прасілі брата парваць зьвязак. Сама каралева зьвярталася да сэнатараў: «шлюб гэты быў бы пачаткам упадку дзяржавы». Увесну 1548 г. павінен быў разыграцца новы акт драмы. Жыгімонт Аўгуст меўся схіліць Раду Вялікага Княства Літоўскага, каб прызнала ягоную жонку, хоць Жыгімонт Стары выступіў рашуча проці гэтага.
Тымчасам 3 сакавіка 1548 г. каралеўская пара вярталася на Вавэль зь недалёкай вандроўкі. Вітала яе ў катэдры кракаўская капітула. Кароль пачуваў сябе нібыта добра, але хутка цяжка захварэў. Бона шчыра ім апекавалася ды выконвала паслугі, што ў іншых выклікалі агіду. Як пазьней напісала да Ізабэлы, манарх «апошнюю хваробу і трывогу блізкай сьмерці пераносіў з такою мужнасьцяй ды цярплівасьцяй, зь якімі прывык пераносіць усе цяжкасьці жыцьця». Быў да апошняй хвіліны пры памяці. Памёр у пры- сутнасьці жонкі, дачок ды найбліжэйшых сэнатараў 1 красавіка 1548 г. у Вялікодную Нядзелю. Меў тады 81 год, а Бона 54.
Сьмерць мужа цалкам зьмяніла сытуацыю каралевы. Уладарыў ужо сын, і не было дзеля чаго заставацца на Вавэлі. Цяпер галоўнаю падтрымкаю сталі аграмадныя ўладаньні, што трымала ў Полыпчы, на Літве ды ў Італіі. Тым ня менш не скарылася, а пастанавіла надалей ваяваць з Барбараю, Габсбургамі, сынам ды групай варожых сэнатараў. А сын перадусім быў заняты клопатамі з Барбарай і 17 красавіка прадставіў яе Княскай Радзе як сваю жонку. Да маці накіраваў наразе з халодным лістом літоўскага кройчага Яна Радзівіла, роднага брата Мікалая Чорнага, а стрыечнага Барбары.
24 траўня Жыгімонт Аўгуст прыбыў у Кракаў ды прывітаў маці й сёстраў ля труны старога манарха. Захоплены думкамі пра Барбару, ня выказаў вялікага жалю з прычыны сьмерці бацькі. Пахаваньне прызначыў на 26 ліпеня, каб пасьпець паведаміць цэсара й папу.
Неўзабаве пасьля пахаваньня каралева з дочкамі пакінула Вавэль і пераехала на Мазоўшу, дзе была ейная аправа. Адтуль працягвала вайну зь нявесткаю. Варта падкрэсьліць, што дагэтуль апіралася на апазыцыю і афіцыйна змагалася за прэстыж стальца. Але ніякая іншая справа не была такою папулярнаю, як гэтая. Прымас Дзяржгоўскі ў Кракаве прапанаваў свае паслугі манархіні ды склікаў у Гнезьне зьезд мясцовых сэнатараў, скіраваны проці прызнаньня Барбары. Зноў наблізіўся да ўдавы Пётра Кміта. Каралева ж шукала новых хаўрусьнікаў між шляхтаю, чаго дагэтуль не рабіла. У гэтым асяродку другі шлюб Жыгімонта Аўгуста быў успрыняты варожа, бо баяліся ўмацаваньня ўлады магнатаў. Аб'явілася таксама апазыцыя, зь якою старая манархіня не магла быць салідарнай. Познанскі кашталян Андрэй Гурка марыў скінуць Ягелонаў ды перадаць сталец арцыкнязю Максыміляну, брату памерлай Эльжбеты Аўстрыячкі. Такія тэндэнцыі Бона натуральна не падтрымліва- ла, але выкарыстоўвала як аргумант, што сын мусіць пакінуць ненавісную Радзівілаўну. І не зважала на тое, што ейныя дзеяньні падціналі аўтарытэт караля на парозе ягонага ўрадаваньня.
Абурэньне на манарха расло з кожным днём. Але закаханы муж у верасьні 1548 г. прывёз Барбару ў Корчын. Сам неўзабаве паехаў на сойм у Пётркаў. Перажыў там бязьмерна драматычныя моманты, калі ўся палата дэпутатаў укленчыла перад ім, просячы, каб дзеля дабра Польшчы пакінуў жонку. Нягледзячы на гэта, 23 лютага 1549 г. Жыгімонт Аўгуст прывёз Радзівілаўну на Вавэль, дзе яна заняла апартаменты Боны. У ваколіцы Пётркава (Гамолін) прыбыла таксама і манархіня. Там дайшло да новай сваркі між ёю й сынам. Каб падбіць шляхту проці маці, кароль загадаў схапіць нейкую кабету зь ейнага атачэньня, якая нібыта была чараўншдю, па мянушцы «Вялікая Галавешка». Жанчыну пасадзілі ў клетку ды мучылі, пакуль тая не прызналася, што на загад Боны мелася з дапамогыо чараў умярцьвіць Барбару. Каралеве ня выпала вызваліць невіноўную - Вя-лікую Галавешку пакаралі сьмерцяю.
У Гамоліне Бона двойчы прыняла цэсарскага пасла. Скардзілася яму на сына, што не дае сродакаў ва ўтрыманьне сёстраў, аднак пасланнік прыехаў падтрымаць Жыгімонжа Аўгуста. Наагул, крытыкаваны шлюб прызналі некаторыя былыя праціўнікі. У зьвязку з гэтым сталася актуальнай і каранацыя Барбары, што адбылася 7 сьнежня 1550 г. Жыгімонт Аўгуст тады пісаў да швагра: каралева-ўдава хацела б лепш памерці, ніж дачакацца такога ўзвышэньня нявесткі.
На час каранацыі Радзівілаўна была ўжо сьмяротна хворая. Відаць, таму Бона пастанавіла прызнаць яе. З гэтаю мэтаю шукала найперш кантактаў зь Мікалаем Чорным, а пазьней зьвярнулася і да караля. У выніку 31 сакавіка 1551 г. духоўнік Боны ксёндз Лісманін на Вавэлі склаў адпаведную вусную дэклярацыю і ўручыў лісты. Жыгімонт Аўгуст дзеля такой імпрэзы склікаў усіх кракаўскіх сэнатараў. Але ў глыбіні душы старая манархіня ніколі не прызнала гэтага «нізкага» шлюбу. Таму ў ейным малітоўніку, дзе занатоўвала даты нараджэньня сваіх дзяцей, дзе ўпісала зьвесткі пра першую і трэцюю жонку Жыгімонта Аўгуста, няма ні слова пра Барбару, якую да свайго сямейнага кругу так і не залічыла.
Неўзабаве па афіцыйным прызнаньні сьвекрыві, 8 траўня, Радзівілаўна памерла. Бона не прыняла ўдзелу ў пахаваньні, але загадала аб усім ёй дакладна паведаміць. Магчыма, лічыла, што ўдасца зноў наблізіцца да сына, бо ад часу сьмерці мужа адносіны між імі былі варожыя.
Шмат увагі аддавала Бона Варшаве, якую хацела зрабіць цэнтрам гаспадарчага жыцьця. У тагачасным чатырнаццацітысячным горадзе ўвяла новыя проціпажарныя правілы ды падтрымала заснаваньне майстэрняў («млыноў», як тады менавалі), у якіх адбельвалі палатно, выраблялі паперу і шліфавалі мэталёвыя інструманты. 3 выдадзеных тады пастановаў, датычных маёмасьці, найважнейшаю была валочная памера, што праводзілася ў Вялікім Княстве. У 1549 г. апавесьцілі загад «яе каралевы міласьці», каб у ейных маёнтках былі абмераныя ворныя землі, лясы, аблічаныя хаты ды памеры павіннасьцяў. Дагэтуль такія зьвесткі не занатоўваліся, а вызначаліся «на вока». Адзінкаю памеры стала валока (21,25 га), якая складалася з 30 моргаў. Падданых падзялілі на дзьве катэгорыі: паншчынных і чыншавых, а зямлю, у залежнасьці ад урадлівасьці, на тры клясы. Далейшым этапам сталася злучэньне зямельных надзелаў, новае плянаваньне забудовы вёсак - «вулічкамі», ды злучэньне 100-150 ланаў у адно войтаўства. Жыгімонт Аўгуст сьледам за маці загадаў правесьці такую ж памеру на каралеўскіх землях.
У мазавецкі пэрыяд свайго жыцьця Бона была пераважна ў Варшаве, хоць наведвала і іншыя замкі. Займала дзьве рэзыдэнцыі: пястаўскі Вялікі дом і Малы дом на месцы забудовы цяперашняга замку, а таксама Яздаў. Мураваны яздаўскі замачак быў замалы для яе і двара, дык пачала будаваць значна большы драўляны. Стала былі з каралеваю ды цалкам залежалі ад ейнае волі тры малодшыя дочкі, якія мелі: Зоф'я - 26, Ганна - 25, Кацярына - 22 гады.
Бона і надалей шмат увагі аддавала сыну. У студзені 1552 г. сустрэлася з манархам у Радаме, калі той вяртаўся зь Літвы пасьля пахаваньня Барбары. Мела зь ім доўгую размову, пераважна пра замужжа дочак. Гутарка заходзіла пра магчымых кандыдатаў, нават і Гогенцолернаў, проці якіх была ўперад. Прапанавала каралю павялічыць пасагі сёстраў, бо тады і яна даложыць з уласнае скарбонкі. 20 студзеня каралева справакавала яшчэ адно спатканьне, нібы выпадковае, у Казянецкай пушчы. На гэты раз толькі перакінуліся словам. Падчас памянёных сустрэчаў Жыгімонт Аўгуст западозрыў маці ў атручваньні ягоных дзьвюх жонак. Надалей паводзіў сябе так, нібы сама каралева яму пагражала,- быў у рукавічках, ці трымаў у руках хустачку, каб ня мець кантактаў з прадметамі, што маглі быць атручаныя. Няцяжка здагадацца, як было цяжка маці з прычыны такіх паводзінаў адзінага сына, які ў дадатак яшчэ і апавядаў пра гэта чужым людзям. Прычым не малады кароль першы абвінаваціць Бону ў атручваньні, а плёткі пусьцілі князі мазавецкія, потым іх падтрымалі Габ- сбургі, калі памерла Эльжбета Аўстрыячка.
Увесну 1553 г. прыехала ў Плоцк Ізабэла з сынам. Быў гэта час, калі шыхаваліся да вясельля Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай Аўстрыячкай, сястрою Эльжбеты, першай жонкі манарха. Нарачоная мела 19 гадоў і была ўжо ўдавою князя Мантуі. Хутка ў Плоцку зьявіўся кароль, і ўся сям'я праз многа гадоў сабралася разам. Шлюб адбыўся 22 чэрвеня 1553 г. у Кракаве. Новую каралеву вёз ейны брат арцыкнязь Фэрдынад, які пачаў выказваць знакі ўвагі каралеве Кацярыне. Лічылі нават, што дойдзе да шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст ня бачыў у ім пэрспэктывы. На афіцыйных прыёмах старая манархіня саступала першае месца Ізабэле. Такім спосабам хацела паказаць перад Габсбургамі першынства правоў на сталец сваёй дачкі.
На пачатку 1556 г. Бона выдала замуж каралеўну Зоф'ю. Пад канец 1555 г. прыбылі ў Варшаву пасланьнікі 67-гадовага князя Генрыка брун- швіцкага, які меў дарослага сына, прасіць ейнае рукі. У студзені 1556 г. у Варшаве адбыўся шлюб рег ргосііга, на які зьехалася сям'я Ягелонаў. Гэта было іхным апошнім агульным спатканьнем. Хутка па вясельлі пакінуў Варшаву Жыгімонт Аўгуст. Маці яго больш ужо ніколі не пабачыла.
Шлюб Зоф'і адбыўся якраз у апошнія дні побыту старой каралевы ў Полыпчы. Даўно рыхтавалася яна выехаць у Італію ды частку сваіх дахо- даў складала ў вэнэцкім банку. Вялікую суму выслала за пасярэдніцтвам Яна Лёранца Папакоды яшчэ перад шлюбам Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай. У 1552 г. занепакоены кароль паведамляў Радзівілу Чорнаму, што «Каралева Яе Міласьць Маці наша [...] выслала шаснаццаць тысячаў партугалаў, а таксама тры тысячы дукатаў [...] Яна так многа і часта высылае, што нічога не застанецца». Баяўся, каб тыя грошы не прапалі для дынастыі. Адначасна спрабаваў затрымаць ад'езд Боны, як пісаў да Радзівіла,- узяць маці «ў кляшчы». Але гэта была мэтода адваротная той, што магла б яе спыніць. Надзвычай разгневаная Бона па-свойму любіла і надалей сына. Засталася б хіба з ахвотаю ў Польшчы, каб толькі Жыгімонт Аўгуст зьмяніўся да яе. Ды гэта не наступала, тады манархіня пачала ваяваць за дазвол выехаць і вывезьці скарбы. Афіцыйна хацела ехаць на курорт, скардзячыся на падагру. Абяцала вярнуцца, калі сонца і вада прынясуць ёй палёгку. Нарада сэнатараў у ейнай прысутнасьці аднагалосна выказалася проці. Палымяную прамову сказаў падканцлер Ян Пшарэнбскі, матывуючы сваю пазыцыю тым, што Полыыча будзе мець фінансавыя страты, а таксама - выезд маці Валадара выкліча негатыўнае стаўленьне ў іншых гаспадарствах. Ды як насьмешка гучала - ведаючы адносіны Боны да сына - спроба пераканаць каралеву, што на «дзетачак сваіх ня зможаш глядзець». Тым ня менш італьлянка пазьней з павагаю адзначыла, што Пшарэнбскі - адзіны ўчцівы сэнатар, які рупіцца пра дабро Рэчы Паспалітай і караля. Іншаму апанэнту, кракаўскаму біскупу Андрэю Забжыдоўскаму кінула, што сам сваю самасьць купіў за грошы, а цяпер вучыць яе маралі. Сэнатары прасілі Ізабэлу, каб схіліла маці да нявыезду, але вугорская каралева ня толькі адмовіла, але й пачала агітаваць яе хутчэй ажыцьцяўляць намеры. Бона зьвярталася па дапамогу да Караля V і ангельскай каралевы Марыі Тудар, зь якою лучылі сваяцкія зьвязы праз Арагонаў. У выніку атрымала падтрымку і магла вярнуцца на бацькаўшчыну. Але ў апошнюю хвіліну Жыгімонт Аўгуст прыстрашыў карамі ўсім, хто будзе дапамагаць Боне. Загад той апавесьцілі на Варшаўскім рынку. Абураная маці пісала, што: «ейны гвалт праз таго, каго ў жываце насіла, ад яго цярпела і які, калі мае што добрае, дык ад яе мае. Ад яе жыцьцё, ад яе і каралеўская сталіца, за гэта ўсё ... ён трымае яе ў няволі». Ізабэла тады зьвярнулася да брата, і загад быў адменены.
3 лютага 1556 г. праз пару дзён пасьля выезду Зоф'і Бона пакінула Варшаву. Раніцаю а восьмай гадзіне пасьля набажэнства некалькім сэнатарам паказала замкнутыя склепы, дзе ляжалі каштоўнасьці на пасаг дзьвюм малодшым дочкам. Сказала, што ключы наразе забірае з сабою, а ў патрэбны час прышле, каб каралеўны ведалі, што гэтыя прадметы ад яе, а не ад брата. Потым зноў пайшла ў касьцёл, а за ёю - трыццаціпяцігадовая Ганна і трыццацігадовая Кацярына. Разьвіталася зь імі ў палацы, даючы кожнай дарагі пярсьцёнак. Перад каралеваю ехалі 24 вазы зь серабром, золатам і каштоўнасьцямі пад вартаю Вільгі, старасты астраленцкага. Ен казаў, што ахвотна дазволіць сябе затрымаць, каб толькі тыя скарбы не вывозіць з Польшчы. Як перакрочылі мяжу на Шлёнску, дык разышліся пагалоскі, што банда разбойнікаў з 150 асобаў мае намер напасьці на Бону. Падарожжа адклалі на тыдзень. У Ведэні спаткалася з Фэрдынандам. Упершыню шматгадовыя праціўнікі сустрэліся прыязна.
28 красавіка прыехала ў Вэнэцыю. Жыла ў палацы свайго кузіна, маркграбія Фэрары. 12 траўня 1556 г. была ў Бары. Тут даведалася, што Кароль V адрокся ад стальца, перадаючы Гішпанію з Нэапалем свайму сыну Філіпу II. Карона цэсарская прыпала Фэрдынанду аўстрыяцкаму, дагэтуль рымскаму каралю, што пацьвердзіла элекцыя. Бона мела тады 62 гады, а пакінула Польшчу праз 38 гадоў побыту там.
У Італіі каралева жыла то ў Бары, то ў Нэапалі. Філіп II падараваў ёй палац насупраць касьцёла, дзе была пахаваная маці Боны, княгіня Ізабэла. У гэтым жа будынку памерла некалі Еанна IV. Манархіня пастанавіла пабудаваць грабніцу сваёй сям'і. 5 ліпеня 1556 г. паслала да мілянскіх патрыцыяў ліст, што хоча фундаваць капліцу Сфорцаў у тамтэйшай катэдры.
Ізабэла ж пасьля ад'езду маці пакінула Варшаву ды праз Львоў падалася ў Саноку. У Вугорыі Фэрдынанд меў тады розныя непрыемнасьці, у зьвязку з чым нацыянальная партыя накіравала пасольства да Заполіяў. Ізабэла з сынам прынялі яго ў жніўні 1550 г. Прысутнічаў і пасланьнік султана. У кастрычніку выгнаньнікі вярнуліся йа Вугоршчыну, дзе 25 лістапада сойм урачыста абвесьціў Яна Жыгімонта паноўным і давёрыў рэгенцтва ягонай маці «як каралеве Вугорыі па праву каранаванай».
Бона, як толькі прыехала ў Італію, адчула моцны націск, каб княства Бары пераказала Філіпу. Апроч гэтага, прасіў той і вялікую пазычку. 8 лютага 1557 г. паведаміла гііппанскаму манарху біскупу Мусо, што з увагі на овае дзеці ня можа саступіць уладаньне, але будзе памятаць пра Філіпа ў гадзіну сьмерці. Аднак пазычыла яму 430 тыс. дукатаў, за што мела браць 43 тыс. гадавых як працэнты. Каралю Філіпу тады былі патрэбныя грошы, бо французы напалі на Нэапаль.
29 красавіка 1557 г. Бона пісала, што: «з ласкі Божай мае найлепшае здароўе». Але ў палове лістапада неспадзявана захварэла. Атруціў яе лекар Ян Антоніо з Макераты, якога падкупіў Папакода, што дзейнічаў у інтарэсах Філіпа II. Нібыта мэдык падаў Боне атручаныя лекі. Згодна са звычаем, сам выпіў на вачох каралевы, лічачы, што ўратуецца ад прыгатаванай уперад атруты. Аднак Папакода не дазволіў яму прыняць лекі проці атруты ды так пазбыўся непатрэбнага сьведкі. 17 лістапада паўпрытомнай манархіні зачыталі падрыхтаваны тастамант, дзе Бары й уладаньні ў Італіі запісвала на Філіпа II (шмат са спадчыны перападала Папакоду), на сына - маёмасьць у Польшчы, малодшым дочкам 50 тыс. дукатаў, а Ізабэле 10 тыс. штогод з даходаў уладаньняў у Фоджыі. Прысутнічалі судзьдзя, натарыюш і восем сьведкаў. Падобна, манашка Марына, трымаючы руку пад падушкай, падымала галаву хворай, што нібыта азначала знакі згоды. Наступнага дня каралева прыйшла да памяці і выказала сваю апошнюю волю, дзе ўсю маёмасьць запісвала на Жыгімонта Аўгуста, апроч часткі спадчыны, што перадала дочкам і іншым асобам. 3 гэтага відаць, што і надалей вельмі любіла сына. Памерла 19 лістапада зусім адзінокай, маючы 63 гады. Папакода абвесьціў тады першы тастамант, паводле якога Бары былі стра- чаныя для Ягелонаў. Цела манархіні паклалі перш у замкавай капліцы, дзе яно ледзь не згарэла, калі труну ахапіў агонь ад сьвечак, як усе адышлі ад яе. 4 кастрычніка была пахаваная ў касьцёле сьв. Мікалая ў Бары. Жыгімонт Аўгуст нават ня выказаў жалобы, калі 10 студзеня 1558 г. інфармаваў сэнат пра сьмерць каралевы. Між дочкамі найболыы перажывала сьмерць маці Ізабэла. Пазьней сын шмат гадоў судзіўся за спадчыну, але вярнуў толькі частку багацьця, а таксама пакінутых наяўных грошай. Правы на пазычку, выдзеленую Філіпу II, ці на слынныя «нэапалітанскія сумы» празь вякі прад'яўляліся наступнымі польскімі каралямі.
Барбара Радзівілянка - другая жонка Жыгімонта Аўгуста
Блізу 1515 г. Юры Радзівіл, на той час кіеўскі ваявода, пашлюбаваўся з Барбарай Калянкай з Далёва, дачкой ваяводы падольскага, наступніцай вялікіх уладанняў на Украіне. Радзівілы належалі да літоўскіх "панятаў", гэта значыць да магнатаў недынастычнага паходжання, якія яшчэ ў XIV ст. займалі ніжэйшае месца на сацыяльнай лесвіцы, чым "княжаты", што вялі радаводы ад нашчадкаў Гедыміна ці Рурыка. Аднак у XV ст. яны зраўняліся са старадаўнімі родамі ў прэстыжы і заможнасці, а ў наступным стагоддзі мелі над імі выразную перавагу. Бацька Юры, Мікалай, быў ужо адным з найзначных ураднікаў Вялікага Княства, займаў па чарзе пасады смаленскага намесніка, кашталяна троцкага, ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага. Ягоны старэйшы брат, таксама Мікалай, атрымаў у 1518 г. ад імператара Максіміляна Габсбурга тытул князя Святой Рымскай імперыі на Ганёнзах ды Мядзелах. Аднак гэтая галіна роду загасла ў 1542 годзе. Сястра Юры, Ганна, узяла шлюб з Конрадам III Рудым (Пястам) і была апошняй удзельнай мазавецкай княгіняй. Па скону мужа Ганна спрабавала дамагчыся рэгенцкіх правоў ад імя сваіх малых дзяцей. Сваімі паводзінамі яна набыла славу жанчыны распуснай. Гэта і сталася галоўнай прычынай бунту шляхты, якая адсунула ад улады Ганну і ейнага фаварыта Андрэя Жалінскага. Аднак княгіня не была адназначна пераможана шляхтай, бо прымас Польшчы Ласкі схіляў Жыгімонта Старога падчас ягонага ўдаўства ажаніцца з Ганнай.
Сам Юры быў малодшы сярод некалькіх сыноў вялікага канцлера. Падобна бацьку, ён займаў найвышэйшыя пасады. Так, ад 1520 г. ён - кіеўскі ваявода, праз два гады - троцкі кашталян, потым - кашталян віленскі, а з 1531 г.- таксама і гетман вялікі літоўскі. Вядома, што па колькасці падуладных Радзівілы ў 1528 г. саступалі ў ВКЛ толькі Кіжгайлам; яны мелі 70 тысячаў сялянаў.
У Юры было трое дзяцей: сын Мікалай, празваны пазней Рудым, і дзве дачкі - старэйшая Ганна ды малодшая Барбара. Апошняя прыйшла на свет паміж 1520 і 1523 гадамі. Дакладна вядома, што дзень нараджэння Радзівілянкі 6 снежня. Ейны бацька быў вельмі набожны, чаго, аднак, не скажаш пра дзяцей ды пляменнікаў. Барбара праз усю маладосць прысвячала рэлігійнай практыцы няшмат часу і ўвагі, а браты - родны Руды і стрыечны Мікалай Чорны - хутка пачалі цікавіцца пратэстанцкімі навінамі і з часам сталіся руплівымі прыхільнікамі кальвінізму.
Пра сямейныя стасункі Радзівілаў звестак амаль няма. Вядома, што Барбара, якую пазней папракалі абыякавасцю да іншых людзей, была моцна прывязаная да Мікалая Рудога, а ён адплочваў сястры такімі ж пачуццямі. Захаваная карэспандэнцыя паказвае, што стасункі Барбары з маці складаліся сардэчна. Затое яна магла баяцца бацькі, які раптоўна выбухаў гневам; нават заможныя суседзі асцерагаліся, што вялікі гетман паб'е іх ці пацягае за бараду. Тым не менш дочкі гетмана мелі неабмежаваную свабоду. Незычліўцы сцвярджалі, што старэйшая сястра Ганна, не маючы мужа, мела дзяцей, Барбару папікалі, быццам перад шлюбам мела шмат каханкаў. Пляткарылі, нібыта іхная маці таксама не заўсёды была верная мужу.
Юры Радзівіл у справе замужжа дачок заключыў дамовы з двума магнацкімі родамі - Гаштольдамі і князямі Астрожскімі. Ганна мусіла стаць жонкай Станіслава Гаштольда. Аднак, калі дасягнула шлюбнага ўзросту, сям'я заручонага адмовілася трымацца дамовы і пачала планаваць шлюб Станіслава з паннай Забярэзінскай. Абураны Радзівіл выклікаў Гаштольдаў на суд караля Жыгімонта Старога (дамовы, што датычылі шлюбу, гарантаваліся грашовым закладам). Нягледзячы на ўхілісты прысуд караля, Гаштольд пагадзіўся ажаніцца з Ганнай, але Радзівіл прапанаваў яму малодшую дачку, мяркуючы старэйшую выдаць за князя Іллю Астрожскага. 20 кастрычніка 1536 г. у Радуні ў прысутнасці Жыгімонта Старога была падпісаная новая дамова - пра шлюб Барбары ды Станіслава Гаштольда. Аднак князь Ілля закахаўся ў Беату Касцялецкую і сарваў заручыны з Ганнай, у звязе з чым Радзівіл распачаў новы судовы працэс, гэтым разам ужо з князем Астрожскім. Насуперак намаганням, гетман не здолеў да канца жыцця выдаць старэйшую дачку замуж.
Вынікам сарваных і адноўленых дамоваў між наймагутнымі родамі Літвы сталіся заручыны Барбары са Стасем Гаштольдам. Гаштольды, уплывовыя ды заможныя, як і Радзівілы, былі, апроч таго, параднёныя з князямі Гальшанскімі і Алелькавічамі, а праз іх атрымалі сваяцтва з Ягайлавічамі і вялікімі князямі маскоўскімі. Бацька заручонага, Альбрэхт, быў ваяводам віленскім, а з 1522 года і канцлерам Вялікага Княства. Быў такі час, калі ён змагаўся з Радзівіламі (нават палілі замкі адзін аднаго). Пазней яны аб'ядналіся супроць намаганняў Боны ўзмацніць цэнтральную каралеўскую ўладу ў ВКЛ.
Станіслаў Гаштольд нарадзіўся ў 1507 г. На дзень шлюбу быў ужо ваяводам наваградскім. Тытул той, праўда, меў з дзяцінства. Шлюб адбыўся 17 траўня 1537 г. у прадстаўнічай сядзібе Гаштольдаў - Гераноях (Геранёнах), дзе на паўзгорку стаяў мураваны замак. Пан малады лічыў 30 гадоў, панна маладая - 14 ці 17. Ейны пасаг складаў 8000 коп літоўскіх грошаў, апроч таго, мела выдатную выправу. Са свайго боку, муж прызначыў ёй на выпадак, калі застанецца ўдавой, замак Сідараў разам з наваколлем.
Па розных звестках можна меркаваць, што першае замужжа Барбары праходзіла без вялікага разладу. Хоць падставы дзеля таго былі. Па-першае, Гаштольды не мелі дзяцей, што набірала значэнне, бо Станіслаў быў апошні ў родзе. Па-другое, муж і жонка не трымаліся шлюбнай прысягі на вернасць. Некаторыя нават меркавалі, што менавіта муж заразіў Барбару французскай хваробай. 3 другога боку, ужо ў снежні 1537 г. маладую ваяводзіну папракалі пазашлюбнымі амурамі. Станіслаў, цалкам залежны матэрыяльна і псіхічна ад свайго ўсемагутнага бацькі, не мог імпанаваць ганарыстай жонцы. Здаецца, у гэты час яе і пачалі называць "вялікай распусніцай Літвы". Шмат хто параўноўваў ейную прыгажосць з прывабнасцю Алены Траянскай.
3 Жыгімонтам яна пазнаёмілася падчас ягонага побыту ў Вільні ў 1541-1542 гг. Знаёмства было афіцыйным і напачатку нічога не абяцала.
Малодшая Гаштольдава належала да першых сем'яў Вялікага Княства. Ейныя пазіцыі, аднак, падарвалі дзве смерці. У 1537 г. памёр цесць, які дзесяцігоддзе адыгрываў галоўную ролю ў вялікакняскай Радзе, а ў 1540 г. сканаў і ўплывовы бацька. 30 чэрвеня 1542 г. Станіслаў Гаштольд атрымаў Троцкае ваяводства. Але нядоўга ён цешыўся з гэтай вялікай намінацыі. У снежні таго ж года Станіслаў нечакана памёр. На ім загас род Гаштольдаў. Іхныя землі паводле старадаўняга літоўскага права сталі ўласнасцю вялікага князя, толькі маці Станіслава, Соф'я Гаштольдава (з князёў Вярэйскіх), атрымала дазвол карыстацца імі да канца свайго веку.
Па смерці мужа Барбара разам з маці жыла найчасцей у Вільні ці ў недалёкіх Гераноях. Гэты перыяд жыцця Радзівілянкі адзначаны шматлікімі любоўнымі прыгодамі. Некалькімі гадамі пазней Андрэй Гурка вылічыў па імёнах 38 каханкаў Барбары, прычым назваў людзей рознага стану: ураднік, шляхціч, багаты, бедны, слынны, невядомы, манах, мешчанін, селянін, старшы конюх... Адным з пералічаных меўся быць нават блізкі сваяк, Мікалай Чорны Радзівіл. Але гэтыя звесткі паходзяць з колаў, варожых Радзівілянцы, і, напэўна, дужа перабольшаныя. Без сумлеву, што ніводзін з тых паноў не цешыўся доўга ласкамі прыгожай удавы, ці, магчыма, яна не адчувала моцнага пачуцця.
На падставе антрапалагічнага вывучэння вядома, што ростам Барбара была 160 сантыметраў, і ў тыя часы яна лічылася высокай. Мела светлыя валасы і добрыя моцныя зубы. 3 партрэтаў даследнікі зрабілі апісанне. Яна была зграбная, з дасканалымі прапорцыямі цела і прывабным абліччам, з даволі доўгім носам, які меў невялічкую гарбінку, і з цёмнымі вялікімі вачыма. Сучаснікі адзначалі алебастравы колер твару, слодыч позірку, прывабнасць рухаў. Некаторыя трымаліся думкі, што ў прыгажосці Радзівілянкі таілася якаясь "нячыстая" сіла, і вінавацілі ў чарах, дзякуючы якім яна дасягнула вялікага ўплыву на караля.
У кастрычніку 1543 г. здарылася падзея, якая змяніла ўсё далейшае жыццё Барбары. У Гераноі завітаў Жыгімонт Аўгуст. Афіцыйнай мэтай візіту было вырашэнне справы са спадчынай Гаштольдаў. Дэталі адведкаў невядомыя; мяркуюць, аднак, што менавіта тады адбылося першае збліжэнне між будучымі жонкай ды мужам. Пра гэта сведчыць тое, што пабыўку сваю Жыгімонт афіцыйна падоўжыў з прычыны заразы, якая ахапіла Вільню. Аднак Гераноі былі не адзіным бяспечным месцам на Літве. Калі вялікі князь пакідаў двор Гаштольдавай, для абодвух маладых людзей было відочна, што распачаты раман атрымае цікавы працяг.
Падчас гэтага блізкага знаёмства з троцкай ваяводзінай Жыгімонт Аўгуст прабыў на Літве толькі некалькі тыдняў. Бацька перадаў яму праўленне Вялікім Княствам, пакінуўшы ўсё ж за сабой найвышэйшую ўладу. Першая жонка Жыгімонта Аўгуста, Альжбета Аўстрыячка, гэтым разам не суправаджала мужа, хоць мелася хутка прыехаць. Жыгімонту споўнілася 24 гады. Невысокі, шчуплы, дробны, смуглявы (абліччам нагадваў сваю італьянскую, па маці, каралеве Боне, радню). Часта апранаўся ў чорнае і насіў шмат каштоўнасцяў, да калекцыянавання якіх меў вялікую схільнасць. Характар меў скрытны, любіў ловы і гульні, здолеў ужо здабыць дасведчанасць у спакушэнні жанчын. Жонку сваю не кахаў, як пісаў у Вену пасланнік Фердынанда Габсбурга, "прывёз з сабою на Літву з Кракава некалькі наложніц". Жыгімонт Аўгуст вольна валодаў лацінай, італьянскай ды нямецкай мовамі, па культурным выхаванні на некалькі галоваў перавышаў магнатэрыю і шляхту, якую ведала Барбара. Нічога дзіўнага, што князь зацікавіў, а хутка і выклікаў палкія пачуцці маладой удавы.
Неўзабаве каханкі пачалі бачыцца рэгулярна. Цяпер Барбара часцей жыла ў маці ў Віленскім палацы Радзівілаў, што суседнічаў з вялікакняскім замкам. Нягледзячы на тое, што Жыгімонт Аўгуст значна болей, чым з нясмелай жонкай, лічыўся з бацькамі,а дакладней, з уладарнай маткай, пад моцным уплывам якой знаходзіўся, усё ж прыезд у Вільню ў 1544 годзе Альжбеты Аўстрыячкі выразна ўскладніў сітуацыю. Але жонка Жыгімонта пачала цяжка хварэць, і перспектыва ўдаўства вялікага князя набыла актуальнасць. Пра раман мужа з Радзівілянкай Альжбета, праўдападобна, ведала. Зацікаўленае асяроддзе звярнула ўвагу, што вялікі князь часцей выказвае ласку да Радзівілаў; гэта праявілася ў відочнай перавазе над іншымі наданнямі і грашовымі ахвяраваннямі. Найперш пакрыў Мікалаю Рудому кошт перабудовы віленскага палаца, пазней падараваў Мікалаю Чорнаму 400 залатых, ягонаму брату, кройчаму Яну Радзівілу - 200 залатых, а Мікалаю Рудому - 300 залатых.
Майскімі днямі Жыгімонт Аўгуст выехаў у Кракаў, каб прыняць прысланы з Вены пасаг Альжбеты. Там ён атрымаў вестку, што 15 чэрвеня 1545 г. ягоная жонка памерла. Вялікі князь вярнуўся ў Вільню, дзе 24 жніўня адбылося пахаванне. Насуперак афіцыйнай жалобе, Жыгімонт выходзіў на людзі разам з Барбарай і тады ж загадаў злучыць мостам і крытай галерэяй замак з садам радзівілаўскага палаца, у якім ужо стала жыла каханая. Ейную маці пазней надта дакаралі, што свядома палегчыла любоўныя сустрэчы дачкі з вялікім князем.
У спатканнях Жыгімонта Аўгуста з Барбарай істотную ролю адыгрывалі ловы. Падлічана, што ў 1546 г. Жыгімонт затраціў на іх у пушчах Вялікага Княства 223 дні, галоўным чынам у Белавежы і над Вітрамі. Князь браў на ловы двух вялізных сабакаў - Грыфа ды Сыбілу, а ягонае жыццё асцерагала колькі вопытных стральцоў, з якіх адзін загінуў, ратуючы Жыгімонта Аўгуста ад кіпцюроў параненага мядзведзя. Не заўжды, аднак, паляванне было небяспечным. На двары ў Рудніках, дзе даволі часта наведвала яго Барбара, вялікі князь страляў у спецыяльна прыгнаных звяроў праз акно аздобленага золатам ды пурпурам пакоя. Прыкладам, пасля палявання ў Белавежскай пушчы ў студзені 1546 г. у Польшчу было адпраўлена 100 бочак засоленага мяса зуброў, значную частку раздалі ў межах Вялікага Княства.
Вольныя ад ловаў дні былі занятыя бяседамі, турнірамі і балямі. Дзеля забаваў троцкай ваяводзіны Жыгімонт Аўгуст выпісаў лебедзяў, гэтых птушак кахання, якіх змясціў на адным з астравоў на Вільні, а ў лістападзе 1545 г. завёў жывога льва. Меншым атракцыёнам былі вярблюды і навучаныя мядзведзі. Апроч таго, віленскі двор гудзеў ад карлаў і блазнаў, сярод якіх найслынным быў немец Клейндыст. Усё гэта, зразумела, патрабавала вялікіх выдаткаў.
Выпадковая прыгода, якой было першае спатканне Жыгімонта Аўгуста і Радзівілянкі, ператварылася ў моцнае і ўзаемнае пачуццё. Маладога князя-ўдаўца належала, аднак, ажаніць, і зацікаўленыя каралеўскія двары пачалі вылучаць матрыманіяльныя прапановы. Некаторыя з іх падтрымлівала Бона, занепакоеная ладам жыцця любімага сына, ягонай працяглай сувяззю з прывабнай удавой. Сам Жыгімонт Аўгуст выслаў на Захад свайго двараніна Ласоту, каб прыгледзеўся да незамужных князёўнаў. Галоўнымі кандыдаткамі лічыліся; Ганна, дачка Альбрэхта, князя прускага, і таксама Ганна, князёўна Ферары, сваячка французскага караля. Здаецца, што ў гэты перыяд Жыгімонт не браў пад увагу магчымасць шлюбу з Радзівілянкай, але і яна напачатку не імкнулася да гэтага. Затое найбліжэйшыя сваякі троцкай ваяводзіны ўжо меркавалі пра забеспячэнне Барбары каронай. Адначасна пайшлі пагалоскі на тэмы такога шлюбу па абшарах Вялікага Княства.
Праўдападобна, што ў гэты час Жыгімонт Аўгуст зрабіў адзіную ў жыцці спробу разарваць сувязь з Барбарай. Такое рашэнне было, відаць, выклікана моцным ціскам асяроддзя, галоўным чынам, бацькоў. Пра гэта сведчаць два факты. У сувязі з чуткамі пра магчымы шлюб з удавой Гаштольдавай летам 1547 г. дваранін Тарло па даручэнню прускага князя спытаў у Жыгімонта: колькі праўды ў такіх пагалосках? Вялікі князь не толькі запярэчыў гэтым чуткам, але акрэсліў такі шлюб, як "заняпад, якога Бог не дапусціць". Другім довадам разлучыцца з Барбарай была рэакцыя Жыгімонта Аўгуста на шантаж ейных братоў. Аднаго дня яны раптам пачуліся дужа скампраметаванымі сувяззю Жыгімонта з іхнай сястрой і пажадалі, каб не наведваў яе. Жыгімонт пагадзіўся і пэўны час не сустракаўся з Барбарай.
Аднак хутка дайшло да новага спаткання каханкаў, ініцыятарам якога, хутчэй за ўсё, была Барбара. Яно, гэтае спатканне, можна сказаць, стала гістарычным, ва ўсялякім разе, адлюстравалася ў гістарычнай літаратуры. Паводле старой беларускай хронікі, ноччу ў пакой, дзе былі Барбара і Жыгімонт, увайшлі абодва браты Радзівілы і пачалі вымаўляць вялікаму князю за тое, што парушыў княскае абяцанне. У адказ яны пачулі:"Скуль ведаеце, што мой цяперашні прыход да вашай сястры не памножыць вашыя славу, гонар і маёмасць". На тыя адназначныя словы браты паклікалі падрыхтаванага ксяндза, які спалучыў каханкаў шлюбам у прысутнасці маці Барбары, ейных братоў і прыязнага ім Кіжгайлы. Адбылася гэтая падзея недзе паміж 28 ліпеня і 5 жніўня 1547 г. Жыгімонт Аўгуст меў тады 27 гадоў, а Барбара Радзівілянка - 24 (ці таксама 27).
Шлюб садзейнічаў, наколькі дазваляюць меркаваць сціплыя звесткі, зменам у паводзінах Жыгімонта: ён стаў больш рашучы ў сваіх дзеяннях, чым раней, адчуў сябе адказным мужчынам, здольным змагацца за правы сваёй жонкі. Наймацней гэтая змена выявілася ў стасунках з маткай. 3 чалавека, некалі яму самага блізкага, Бона, заняўшы варожую пазіцыю да Радзівілянкі, ператварылася ў ненавіснага праціўніка. 3 моманту шлюбу галоўным імкненнем вялікага князя стала легалізацыя таемнай жаніцьбы, што найбольш поўна давала толькі каранацыя.
Прызнанне Барбары за маладую каралеву Польшчы сустракала дзве істотныя перашкоды. Першая ўзнікла з упартага супраціўлення бацькоў, другая - з адпору шляхты. Жыгімонт Аўгуст разумеў сітуацыю, хоць напачатку недаацаніў абурэння шляхецкай масы. Ен вырашыў трымаць шлюб у таямніцы, паступова рыхтуючы грамадскую думку да ўзрушэння. Першыя весткі пра змену свайго становішча даслаў бацькам, Жыгімонту Старому ды Боне, праз Мікалая Чорнага, які ў жніўні таго года, г. зн. дзён праз дзесяць пасля шлюбнай ночы, выправіўся ў Кракаў, а потым з уласнымі справамі - у Вену. У Кракаве Радзівіл адшукаў Жыгімонту Аўгусту некалькі прыхільнікаў у асобах непрыязных да Боны канцлера, кракаўскага біскупа Мацяеўскага ды гетмана Тарноўскага. 3 апошнім Мікалай Чорны меўся ў блізкім часе парадніцца. У Вене ён атрымаў ад імператара Карла V княскія тытулы для сябе, для роднага брата Яна і для стрыечнага брата Мікалая Рудога. 3 той хвіліны Мікалай Чорны менаваўся князем на Олыцы і Нясвіжы, а Мікалай Руды - на Біржах і Дубінках. Для Тарноўскага Радзівіл дамогся графскага тытулу. Аднак у сувязі з настроямі шляхты, непрыхільнай да такіх адрозненняў, княжацкі тытул пачало ўжываць толькі наступнае пакаленне Радзівілаў.
Па нядоўгім сямейным жыцці настала першае працяглае расстанне Жыгімонта і Барбары. Сам вялікі князь паехаў у Польшчу, а жонку, баючыся за яе, вырашыў змясціць у Дубінках, замку Радзівілаў, што знаходзіўся за дзень шляху ад Вільні. Барбары кампанавалі маці, Мікалай Руды, а таксама стараста мярэцкі Станіслаў Давойна. 3 Вільні выехалі 19 лістапада, а назаўтра, ужо ў Дубінках, у Барбары пачаўся матачны крывацёк. Яна лічыла, што гэта выкідыш, і надта бедавала над сваёй няўдачай. (Давойна пісаў Жыгімонту Аўгусту, што "Яе Мосць, жонка Вашай Мосці, страшна тое перажывала, плакала і шмат разоў млела"). Другім непрыемным здарэннем зрабіўся абвал падлогі ў кутнім пакоі, прычым Барбара ды ейны брат толькі ў апошні момант паспелі адскочыць. Барбара дапушчала, што гэта быў замах на яе жыццё. Безумоўна, яна ведала пра родную сястру мужа Ядзвігу, якая ў выніку такога ж выпадку назаўжды засталася калекай, а ейны муж, брандэнбургскі электар, уратаваўся тым, што паспеў ухапіцца за бэльку. Жыгімонт Аўгуст таксама падазраваў, што раптоўнае абвальванне падлогі магло быць вынікам змовы, "бо зараз шмат злых людзей, якім у радасць такому паспрыяць".
На пачатку наступнага года Жыгімонт Аўгуст удзельнічаў у паседжаннях Пётркаўскага сойму. Там ужо ўсіх хвалявала пагалоска пра ягоны таямнічы шлюб. Усе ганьбілі мінулае Барбары, у асобе якой каралеўскі шлюб успрымаўся як абраза маральнасці. Падкрэсліваючы, што з гледзішча паходжання Радзівілянка не саступае ані Барбары Заполіі, ані Соньцы Гальшанскай, Жыгімонт Аўгуст прызнаўся ва ўсім бацькам, на што бацька запярэчыў такімі словамі: "справа нягодная і быць ня можа". І пажадаў скасавання шлюбу. У адказ сын афіцыйна паведаміў пра свой шлюб сойму і вырушыў з Пётркава ў Сандамір на вяселле Мікалая Чорнага з Альжбетай Шыдлавецкай, сястрой жонкі гетмана Тарноўскага. У тым варожым да ягонай маткі асяроддзі ён знайшоў шмат прыхільнікаў свайго ўчынку. Ахвотна падымалі там тосты ў гонар "каралевы Барбары".
Па вяртанні на Літву Жыгімонт Аўгуст сустрэў вялікае ўзрушэнне, падагрэтае лістамі бацькоў. Жыгімонт Стары на падставе захаванай найвышэйшай улады ў Вялікім Княстве, якой скарыстаўся, дарэчы, першы і апошні раз, забараніў прызнаваць "непрыстойны шлюб", які "пляміць усю Карону", і лічыць "ваяводзіну Гаштольдаву" за манархіню. Непрыяцелі Жыгімонта Аўгуста закідвалі Вільню пасквілямі, якія знеслаўлялі Барбару. Аднак вялікі князь не зламаўся і выказаў моцную сілу характару. Вырашыў урачыста ўзвесці каханую жонку на вялікакняскі сталец. 3 гэтай нагоды пачаў фармаваць ейны двор, галоўным чынам са сваякоў Барбары, а таксама з ворагаў Боны. Аднак не меў пэўнасці, што падрыхтаваная ўрачыстасць не будзе байкатавацца вышэйшымі ўраднікамі, якім, апроч усяго, не надта хацелася адкрыта станавіцца супроць Жыгімонта Старога. Але напярэдадні рашучай спробы сілаў вялікі князь атрымаў паведамленне, якое змяніла сітуацыю. 8 красавіка 1548 г. у Вільню прыбыў ганец з весткай, што кароль Жыгімонт Стары сканаў. Малады Жыгімонт Аўгуст застаўся адзіным валадаром Польшчы і Вялікага Княства.
Ен здолеў скарыстацца з новых абставінаў. Перадусім паспяшаўся легалізаваць правы жонкі на землях Літвы. Дзеля таго кароль склікаў 17 красавіка Раду. Адначасна загадаў таемна прывезці з Дубінак жонку. Падчас паседжання Рады абвясціў пра свой шлюб, пасля чаго запрасіў у залу Барбару, якая чакала гэтай хвіліны ў блізкім пакоі. Рада прыняла Радзівілянку без дзейнага пратэсту (што ўжо было поспехам), але так шчыра без энтузіязму, што Радзівілы не адважыліся зачытаць уголас прыгатаваную на гэты святочны выпадак паэму. 3 таго дня Барбара пасялілася ў вялікакняскім замку і афіцыйна выступала ў ролі жонкі валадара. Так яны пражылі разам два шчаслівыя тыдні, а 30 красавіка Жыгімонт Аўгуст выехаў у Кракаў.
Малады кароль, апынуўся перад супраціўленнем грамадства, памераў якога Польшча раней не ведала. Шмат месяцаў увага засяроджвалася выключна на адным пытанні - на справе прызнання Барбары Радзівілянкі каралевай. Адпор вырастаў з некалькіх розных прычынаў. Па-першае, шляхта, якая з даўніх часоў пераадольвала магнатаў, асцерагалася, што шлюб караля будзе пачаткам праўлення алігархіі. Па-другое, узвышэнне Радзівілаў узбуджала зайздрасць іншых заможных радзінаў. Па-трэцяе, выяўляліся ўдзельныя настроі і непрыхільнасць палякаў да ліцвінаў. Нарэшце, панавала шчырае абурэнне на ранейшы чын жыцця троцкай ваяводзіны. Тое апошняе пытанне набыло нават ранг афіцыйнага абвінавачання. Варта памятаць, што мезальянс караля дапасаваўся да існуючай глыбокай сваркі між каралевай Бонай ды ейнымі праціўнікамі, што, як даносіў прускаму князю Альбрэхту ягоны карэспандэнт, "галовы шляхты самі па сабе досыць гарачыя ўсё больш і больш падаграюцца саноўнікамі каралеўства, якія самыя між сабою не маюць згоды".
На чале апазіцыі Жыгімонту Аўгусту стала каралева-маці, безупынна актыўная, дзякуючы сваім багаццям і палітычным сувязям. Сярод магнатаў найболыыымі праціўнікамі Радзівілянкі былі маршалак вялікі каронны і ваявода кракаўскі Пётр Кміта, ваявода сандамірскі і маршалак дворны Ян Танчынскі, а таксама познаньскі кашталян і стараста генеральны вялікапольскі Андрэй Гурка (той самы, што хутка выкажа здольнасць да вышуку "кампрамату"). Дзякуючы пасадам і папулярнасці, ён меў у сваім рэгіёне вялікі ўплыў. Нарэшце, шляхецкая грамада стварыла табар, таксама варожы новай каралеве. На шчасце Жыгімонта Аўгуста, апазіцыя была падзеленая на малыя і вялікія суполкі: маці, якая змагалася супроць прызнання Барбары, пільнавала інтарэсы сына; між рознымі групоўкамі магнатэрыі існавалі значныя непаразуменні; сярод шляхты выразна акрэсліліся два лагеры: вялікапольскі, які дапушчаў магчымасць дэтранізацыі Жыгімонта Аўгуста і замяшчэння яго кімсьці з Габсбургаў, і малапольскі, які ў значнай меры кантраляваўся Бонай і абмяжоўваў свае жаданні толькі скасаваннем шлюбу караля з Гаштольдавай.
Агульная нянавісць знаходзіла выйсце ў абразлівых прамовах, памфлетах і абвінавачваннях. Ваявода Танчынскі заклікаў убачыць Вавель лепш заняты туркамі, чым Радзівілянкай. Мікалай Рэй непрыстойна пісаў пра "паршывае цела" каралеўскай жонкі, а Станіслаў Ажахоўскі жаліўся, што калі "распусніца" стане каралевай, дык будзе апякаць іншых вераломных жанчын. Менавіта тады Гурка падлічыў усіх даўніх каханкаў Барбары; былі ўзгаданыя грахі ейнай маці і цёткі, прыгадалі ці вымыслілі раман з Мікалаем Чорным і нават вінавацілі маладую каралеўскую пару ў сувязі кровезмяшальнай, бо нібыта Барбара - пазашлюбная дачка Жыгімонта Старога. Польшча была закіданая друкаванымі памфлетамі, якія падкідвалі таксама каралеве, а Мікалаю Чорнаму прыбівалі цвікамі да дзвярэй. Танчынскі пагражаў Радзівілам "горлам", кароль быў вымушаны паслаць 3000 сваіх дваранаў і жаўнераў, каб вырваць падчас сойміка сваіх найважнейшых прыхільнікаў Мацяеўскага і Тарноўскага з рук узбуджанай шляхты; найбольш гарачыя асобы нават прапаноўвалі знішчыць Радзівілянку ды ейных братоў.
Тым не менш Жыгімонт Аўгуст здолеў стварыць у Кароне невялікую групоўку прыхільнікаў Барбары. Дзякуючы гэтым людзям быў арганізаваны прыезд Барбары з Вялікага Княства ў Карону. Адносна простай справай было забеспячэнне яе асістэнтамі з літоўскіх саноўнікаў, без якіх прыбыццё каралевы не мела б належнай вагі. У верасні 1548 г. Барбара выправілася з Вільні; яе суправаджалі, апроч іншых, троцкі ваявода Януш Гальшанскі і князь Слуцкі. На каронных землях пад Лукавам Барбару віталі сабраныя вялікімі намаганнямі польскія сенатары, ад імя якіх прамаўляў адзіны сярод прысутных касцельны дастойнік плоцкі біскуп Андрэй Наскоўскі. Спатканне мужа і жонкі адбылося пад Радамам і было старанна прадумана Жыгімонтам Аўгустам. Карэта Барбары спынілася перад чорным французскім сукном, на другім баку якога стаяў кароль. Павольна крочачы, муж і жонка сустрэліся на палове дарогі. Абодва былі прыгожа прыбраныя і літаральна абсыпаныя каштоўнымі камянямі. Жыгімонт Аўгуст дэманстраваў любоў і павагу да жонкі, жадаючы развеяць усе спадзеі тых, хто лічыў, што ён пакіне жонку. Ды ўсё ж везці Радзівілянку ў Кракаў Жыгімонт Аўгуст пакуль не адважыўся. Ен выправіў Барбару ў Новы Корчын, а сам паехаў у Пётрыкаў на сойм.
Сойм быў багаты на драматычныя здарэнні. Калі дэпутат Падлядоўскі прыгразіў хатняю вайною, уся пасольская палата першы і адзіны раз у гісторыі Польшчы апусцілася перад каралём на калені, просячы, каб Жыгімонт дзеля дабра краіны пакінуў Барбару. На адказ караля, што не парушыць шлюбнай прысягі, прымас абяцаў разнесці гэты грэх на ўсіх жыхароў, у чым быў падтрыманы іншымі біскупамі, а маршалак Кміта запэўніў, што папа рымскі дзеля шчасця Рэчы Паспалітай віну тую адпусціць. Сойм закончыўся перамогай караля ў тым, што не дайшло да рашэнняў, якія не далі б магчымасці з'яўлення Радзівілянкі ў Вавельскім замку.
13 лютага 1549 г. Барбара прыбыла ў польскую сталіцу. Урачыстасць крыху засмуцілася з-за адсутнасці кароннага маршалка Кміты, які спецыяльна выехаў з Кракава, каб не браць удзелу ў прывітанні маладой каралевы. Гараджане чакалі каралеўскі поезд ля гарадской брамы. Вітаючы каралеву ў катэдральным касцёле, прадстаўнік капітула прыводзіў гістарычныя аналогіі: "...Аляксандра Вялікага, які не пасаромеўся з нявольніцаў жонку браць, і Абрахама, які служанку ўзяў жонкаю". На шчасце, "вітанне" прамаўлялася на лаціне, і, дзякуючы гэтаму, гордая, пагардлівая Радзівілянка не зразумела красамоўных аналогіяў.
Распачалося будзённае жыццё ў сталіцы. Заміж засцеражэнняў, выказаных Барбары братамі ў лісце, што палкае каханне хутка мінае, стасункі між мужам і жонкай не падлеглі пераменам, хоць каралева відочна пачувалася цяпер больш упэўнена. Кароль любіў рабіць жонцы падарункі і найчасцей дараваў каштоўныя камяні, сярод якіх галоўнае месца занялі славутыя перлы, якія выкупіла па смерці Жыгімонта Аўгуста каралева Францыі Альжбета. Пышнасць і раскоша, якімі Жыгімонт абкружыў Барбару, сталіся прычынай пакутлівай заўвагі габсбургскага пасля Яна Ланга, што ў параўнанні з другой жонкай першая (Альжбета Аўстрыячка) "нялепшае ад слугі мела ўтрыманне".
Вядома, што Радзівілянка ўвяла ў жыццё кракаўскага двара дзве навацыі. Да яе ў Вавельскай катэдры падчас імшы дваране караля і панны з асяроддзя каралевы стаялі ў касцёле дзвюма групамі паасобна. Цяпер ім дазволілі не дзяліцца. Барбару папікалі, што ў выніку гэтага новаўвядзення пачаліся падчас службы чутныя хіхіканні ды шэпты. Па-другое, раней вавельскі этыкет паслядоўна ўзвышаў мужчынаў над жанчынамі. Цяпер каралева прабіла ў гэтым парадку дзірку, уводзячы звычай, што кароль і ўраднікі мусяць чакаць, пакуль яна ўбярэцца ў свае строі. Паколькі гэты адказны занятак займаў нямала часу, дык абурэнне прыхільнікаў мілай сэрцу даўніны, што стаялі ў сенях з гадзіну, як на варце, не мела мяжы.
1 мая 1549 г. Жыгімонт Аўгуст запісаў на жонку наданне, пры гэтым першы і адзіны раз у гісторыі Рэчы Паспалітай яно выключна датычыла валоданняў у межах Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Мерач, Берштаны, Румшышкі ды інш.). Гэта было выразам пераканання, што карэнная Польшча незычлівая да Барбары. Адначасна пасыпаліся шчодрыя наданні яе братам. Руды атрымаў Кейданы (па смерці Гаштольдавай, маці Станіслава), ваяводства троцкае і каштоўнасці, а Чорны - канцлерства ў Вялікім Княстве, 100 тысячаў талераў і Віленскае ваяводства.
Хоць становішча караля ў дзяржаве з кожным днём узмацнялася, аднак Барбара ўсё яшчэ мела непрыяцеляў, а можа нават набыла і новых ворагаў, бо канфедэрацыі магнацкіх груповак часам змяняліся па сваім складзе. Напрыклад, уражлівым фактам стала далучэнне да Боны стрыечнага брата Барбары кройчага Яна Радзівіла. Адначасна аслабла падтрымка, якую Радзівілянка мела ад гетмана Тарноўскага. Вялікае напружанне выклікала планавае падарожжа Жыгімонта Аўгуста ў Вялікапольшчу.Барбара хацела кампанаваць мужу ў гэтай паездцы, баючыся расстання. Рашэнне сястры ехаць у Познань выклікала гнеў Мікалая Чорнага, які крычаў, што каралева не ўсведамляе сабе, колькі спатрэбіцца слуг, каб зрываць абразлівыя ўлёткі. Здаецца, карціна, што стаяла за гэтай тэзай, прымусіла Барбару адмовіцца ад падарожжа.
Дзеля змяншэння апазіцыі Жыгімонт Аўгуст падкупляў некаторых праціўнікаў, ды, апроч таго, выканаў і важную палітычную справу. Ен замірыўся з былым цесцем, імператарам Фердынандам, і 2 траўня 1550 г. падпісаў з ім дамову, якая гарантавала Жыгімонту дапамогу падчас магчымага мяцяжу шляхты. Скарыстоўваючы замірэнне, кароль пусціў пагалоску, што нібыта на каралеўскіх землях знаходзяцца саюзныя яму габсбургскія аддзелы. Апроч таго, на бліжэйшы сойм меўся прыбыць пасол Фердынанда, каб падтрымаць Жыгімонта Аўгуста перад усёй соймавай палатай. Паседжанні пачаліся 4 траўня і прынеслі каралю трыумф. Такія праціўнікі, як маршалак Кміта, познанскі кашталян Гурка і прымас Дзяржгоўскі перайшлі на ягоны бок. Імператарскі пасол Сігізмунд Гербэрштэйн публічна абвясціў, што ягоны ўладар падтрымае Жыгімонта Аўгуста ў выпадку бунту. Гэтая дэкларацыя моцна паўплывала на развіццё і вынікі паседжанняў сойму.
Барбара тымі днямі знаходзілася ў Непаломіцах. Чулася яна блага, і таму кароль паспяшаўся да яе. Яму калегавалі свежаспечаныя саюзнікі. 24 жніўня ўжо ўсе разам выехалі на некалькі дзён у Вісьнічы - сядзібу Пятра Кміты, новага прыяцеля. Відаць, тут было пастаноўлена здзейсніць каранацыю Барбары. Каб атрымаць падтрымку прымаса, Жыгімонт узгадніў з ім праект дэкрэту, выдадзенага пазней, у снежні 1550 г., які абавязваў трымацца ранейшых статутаў пра іншаверцаў.
Урачыстасці, што адкладаліся з-за фізічных пакутаў Барбары, адбыліся 7 снежня 1550 г. Каранацыю здзейсніў прымас у прысутнасці бальшыні польскіх біскупаў. Гэта была апошняя радасная падзея ў жыцці Радзівілянкі, якую перамагала хвароба. Сутнасць хваробы невядомая. Даследнікамі вылучаныя тры версіі. Першая лічыць за падставу цяжкай хваробы венерычнае заражэнне. Другая называе прычынай смерці заражэнне ад лекаў на бясплоднасць. Трэцяя версія акрэслівае хваробу каралевы як рак. (Але існавала і не абвергнутая чацвертая версія, адпаведна якой Барбара была атручаная.
Неўзабаве пасля каранацыі стан здароўя каралевы значна пагоршыўся. Медык Барбары пачаў лічыцца з магчымасцю блізкага скону пацыенткі. Радзівілянка худнела і слабла пры захаваным апетыце. Відаць, была ў гэты час надта непаслухмяная, бо кароль прасіў Мікалая Рудога, каб пераканаў сястру трымацца лекарскіх загадаў. Хутка хворую ахапіла гарачка, а на жываце выступіў гуз. Напужаны Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да швагроў, просячы прыслаць шаптухаў. Мікалай Чорны прыслаў трох вядзьмарак, а Руды - чацвертую. Адна з тых дасведчаных жанчын выклікала давер у Жыгімонта Аўгуста, і ён даручыў ёй жонку, якую шаптуха з клопатам даглядала. 6 сакавіка нарыў лопнуў, і хворая пачулася лепш.
Вось у такім стане Барбара сустрэла свой доўгачаканы трыумф - каралева Бона вырашыла афіцыйна прызнаць яе за нявестку. Падставай паслужыла каранацыя, а таксама, відаць, і меркаванне, што Барбара доўга не пражыве. Пасля ўзгаднення з Жыгімонтам Аўгустам дэталяў гэтай акцыі спаведнік Боны з'явіўся на ўрачыстай аўдыенцыі 31 сакавіка 1551 г. Барбара ляжала ў ложку, акружаная мноствам паняў і паноў, бо кароль запрасіў на тую ўрачыстасць усіх маючых быць у Кракаве дастойнікаў. Спаведнік-францішканін аддаў Барбары ліст ад Боны, а ўголас засведчыў, што каралева-маці "прыгаварыла прызнаць і шанаваць Вашу каралеўскую Мосць як сваю дачку і найлюбімую нявестку".
Але радасць перамогі над свякрухай была хуткацечная і не паправіла здароўя. Барбара без скаргаў цярпела пакуты. На пачатку траўня непрыхільны да каралевы дваранін Баяноўскі даносіў прускаму князю: Няма нікога, хто верыў бы, што яна можа жыць, аднак дагэтуль не перастае барвіць твар, каб падманваць нас да апошняга свайго ўздыху". У такіх абставінах Мікалай Чорны пачаў меркаваць пра пахаванне і дамагаўся ад караля згоды пахаваць жонку з адпаведнай велічнасцю ў катэдральным касцёле на Вавелі, побач з іншымі польскімі каралямі і каралевамі. Жыгімонт Аўгуст захацеў вывезці жонку з такой неспрыяльнай атмасферы да Напаломіцаў. 3 гэтай нагоды збудавалі вялікі воз, у які можна было паставіць для хворай ложак. Воз не мог праехаць праз браму, дык кароль загадаў рушыць муры. Аднак напярэдадні ад'езду 8 траўня а 14-й гадзіне Барбара сканала.
Адразу ж да намаганняў Чорнага далучыўся Руды, і абодва браты дамагаліся пахавання Барбары ў скляпеннях Вавельскай катэдры, што мусіла падвысіць бляск роду. Кароль, аднак, вырашыў трымацца волі памерлай: пакласці яе на вечны спакой у Вільні, у менш варожым асяроддзі.
25 траўня жалобны поезд вырушыў з Кракава ў Вільню. Жыгімонт Аўгуст ехаў за труной, а ў кожным мястэчку і вёсцы ішоў пешшу, не абмінаючы лужаў і балота.
Праз месяц Барбару Радзівілянку ў сярэбранай з пазалотай кароне пахавалі ў Віленскім касцёле св. Станіслава, побач з першай жонкай Жыгімонта Аўгуста.
Пражыла Барбара на свеце 31 (ці 28) гадоў.