Папярэдняя старонка: Кнігі

Снайдэр Тыматы. Рэканструяваньне нацыяў 


Аўтар: Снайдэр Тыматы,
Дадана: 13-01-2013,
Крыніца: Мінск, 2010.



Рэканструяваньне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569-1999 гг.).

Главы з кнігі

Прадмова

Праца сучаснага амерыканскага гісторыка Тыматы Снайдэра * ўражвае тым, што навука ў ёй мяжуе з публіцыстыкай, з мастацкім словам. Сюжэт будуецца на найноўшых здабытках заходняй гістарыяграфіі, у тым ліку польскай і летувіскай. Аўтар дэманструе нечаканыя ракурсы гісторыі, арыгінальныя інтэрпрэтацыі, незвычайныя ацэнкі і высновы. У цэнтры яго твору стаіць Летува, а дакладней - гісторыя выпрацоўкі і рэалізацыі летувіскай нацыянальнай ідэі, а калі яшчэ больш дакладна, - дык роля ў гэтым працэсе гістарычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, Вільні і суседніх дзяржаваў. Гаворка ідзе пра перамогу Летувы і ў той самы час пра страты Беларусі.

Беларускаму чытачу будзе карысным пазнаёміцца з развагамі незаангажаванага гісторыка аб тым, што такое летувіскі этнічны нацыяналізм, хто быў памочнікам Летувы ў спрэчцы за Вільню і чым матывавалася тая дапамога. Так крытычна летувіскую гістарычную канцэпцыю, здаецца, яшчэ ніхто не ацэньваў. У выніку своеасаблівай эксьпертызы, якую правёў Тыматы Снайдэр, выяўленыя вытокі шматлікіх гістарыяграфічных міфаў.

Цяпер, калі Летува ўлілася ў Еўразьвяз, яе падыходы да ўласнай гісторыі мусяць адпавядаць еўрапейскім стандартам. Еўрапейская традыцыя не змагаецца з міфамі - яна зьніжае іх статус, пазбаўляе арэалу выключнасьці, бясспрэчнасьці, абсалютнасьці і тым дае роўную магчымасьць для міфатворчасці (а гэта - рэч непазбежная) усім народам з агульнай гістарычнай спадчынай. Так, здабыткі Рымскай імперыі належыць усім заходнееўрапейскім краінам. "Прыватызоўваць" яе ніхто не спрабуе.

Беларускую гістарыяграфію амерыканскі гісторык, на жаль, ведае мала. Ва ўсякім разе, ён ня вельмі крытычна ставіцца да шмат якіх тэрмінаў і ацэнак мінулага Беларусі, запазычаных з працаў польскіх і летувіскіх гісторыкаў. Недасканалае веданьне беларускай гісторыі прымушае аўтара карыстацца аналогіямі і ўласнымі рэфлексійнымі мадэлямі, якія часам разыходзяцца з гісторычнай праўдай. Гэтая акалічнасьць запатрабавала шэрагу каментарыяў да тэксту. (Тым больш, што Т.Снайдэр перабольшвае культурныя этнічна польскія ўплывы на Беларусь і недаацэньвае небясьпеку і эфектыўнасьць русіфікацыйнай палітыкі ў Расейскай імперыі.)

Аднак важна іншае. Беларусь, мяркуючы па працы Снайдэра, паступова cтановіцца паўнавартасным суб'ектам міжнароднай гістарыяграфіі. Мінулае суверэннага еўрапейскага народу ўжо нельга замаўчаць.

Летува, безумоўна, дае гераічны прыклад нацыянальнага самасьцьвярджэньня. Але ці прыдаецца яе досьвед для Беларусі, якая здавён выбірала больш "шляхетны" шлях? Летувіская перамога - хутчэй трагічная. Летувіскі нацыянальны праект выбудаваны на скажэньні гісторыі. Цаной яго рэалізацыі сталася разбурэньне ўнікальнай культурнай прасторы з цэнтрам у Вільні. Ад таго пацярпела ня толькі Беларусь. Дык ці варта зайздросьціць летувісам? Такая думка міжволі прыходзіць пасьля прачытаньня тых разьдзелаў кнігі Тыматы Снайдэра, якія прысьвячаюцца праблемам нацыянальнага самасьцьвярджэньня народаў былога Вялікага Княства Літоўскага.

Уладзімер Арлоў, Захар Шыбека, доктар гістарычных навук



Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну

(Частка 1 з кнігі «Рэканструяваньне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569-1999 гг.)»

Разьдзел 1. Вялікае Княства Літоўскае (1569-1863гг.)

O Litwo! Ojczyzna moja… a

Адам Міцкевіч. "Пан Тадэвуш" (1834г., Парыж)


У Сярэднявеччы Вялікае Княства Літоўскае было адной з наймагутнейшых дзяржаваў ва Ўсходняй Еўропе. У 1991г. Літоўская Рэспубліка стала адной зь невялікіх краінаў Балтыі. Яе сталіца - Вільня - у мінулым была сталіцай ВКЛ. Але за вонкавай пераемнасьцю хаваюцца велізарныя зьмены. Пяць стагодзьдзяў, што папярэднічалі 1991г., летувіская мова ў Вільні ня толькі не была дзяржаўнай - большасьць жыхароў ёю не карысталася. Перад Другой сусьветнай вайной у кожнай трэцяй хаце гаварылі на ідышы, на вуліцы, у касьцёле і школе - па-польску, а там, дзе сканчаўся горад, - па-беларуску. У 1939г., калі Савецкі Саюз адрэзаў Вільню ад Польшчы, амаль ніхто зь месьцічаў не размаўляў па-летувіску. Як жа сталася, што "Літва" сёньня азначае тое, што азначае, - невялікую незалежную нацыянальную дзяржаву са сталіцай у Вільні? Як сучаснасьць зьвязаная зь мінуўшчынай (і ці зьвязаная ўвогуле)?

Сучаснасьць вытлумачаецца як вынік няспраўджаньня іншых магчымасьцяў. Зь сярэдзіны XVIст. і да сярэдзіны ХХст. Вільня была цэнтрам польскай і габрэйскай цывілізацыяў b. Перш чым зрабіцца сучасным летувіскім горадам, Вільня страціла сваю польскасьць і габрэйскасьць. Калісьці Вільня была сталіцай вялікай шматнацыянальнай дзяржавы. Каб яна зрабілася сталіцай невялікай краіны, мусілі не ажыцьцявіцца планы адрадзіць на новым этапе ў форме федэрацыі колішняе Вялікае Княства. Ня стаў горад ні расейскім, нягледзячы на амаль дзьвесьце гадоў панаваньня Масквы і Пецярбургу, ні беларускім, нягледзячы на значную колькасную перавагу ўсходніх славянаў сярод сялянства. У Вільні перамагла мадэрная c летувіская нацыянальная ідэя, што палягае на гістарычным і моўным чыньніках. (Аднак жа мы пабачым, што летувіскім нацыянальным дзеячам, якія марылі пра Вільню, мала чым маглі дапамагчы гісторыя і мова.) Як у такіх абставінах на пэўнай тэрыторыі замацоўваецца пэўная нацыянальная ідэя? І чаму тая, а ня іншая?

Навачасныя нацыянальныя ідэі паўсталі ў шчыльнай лучнасьці і ў жорсткай барацьбе са сваімі папярэдніцамі. "Гістарычная пераемнасьць", "справядлівасьць", усё тое, што складае падмурак нацыянальнай гісторыі ў дзяржаве, было калісь зброяй у зацятым, зь непрадказальнымі вынікамі, змаганьні. У наступных пяці разьдзелах лёс Вільні аналізуецца ня толькі ў сьвятле пасьпяхова ажыцьцёўленай літуанізацыі, але і з гледзішча тых мэтаў і планаў, што зьвязвалі з горадам палякі, беларусы, расейцы, габрэі. Таму надалей Вільня будзе называцца тым імем, якім карысталіся яе насельнікі: для летувісаў гэта Vilnius, для палякаў - Wilno, для беларусаў - Вільня, для габрэяў - Vilne, для расейцаў - Вильно (затым - Вильна, пазьней - Вильнюс). Магчыма, гэтая размаітасьць назваў спачатку створыць нязручнасьць, але затое яна дазволіць ўбачыць сутнасьць некаторых палітычных спрэчак і змусіць з добрай доляй скепсісу паставіцца да "канчаткова вызначаных геаграфічных фактаў". Такім чынам у барацьбе ідэяў, плыняў, дзяржаваў мы зможам разгледзець тое, чым яна была насамрэч, - этапы пераўтварэньня раньнемадэрнай нацыі d эліты ў ВКЛ у новыя мадэрныя нацыі. Каб хада падзеяў не ўяўлялася непазьбежнай, перадвызначанай, мы засяродзімся на яе зьвівах ды крутых паваротах, на выпадковасьцях, непаразуменьнях, нечаканых наступствах. Зьвернем увагу і на перамогі, і на паразы.

У дачыненьнях паміж нацыянальнымі ідэямі і палітычнай уладай няма нічога простага. Розныя слаі грамадзтва па-рознаму вызначаюць сваю нацыянальную прыналежнасьць, што можа стаць перашкодай да паразуменьня ў лёсавызначальных пытаньнях. Нацыянальным ідэям уласьцівая пэўная моц, зь якой могуць скарыстацца ў сваіх палітычных мэтах чужынцы, што дбаюць толькі пра сваю выгаду. Умовы, у якіх нараджаюцца нацыянальныя ідэі, адрозьніваюцца ад тых, у якіх яны набываюць уплыў. Гістарычна абгрунтаваныя - на практыцы аказваюцца недзеяздольнымі, новаствораныя - даволі каструбавата падганяюць пад сябе гісторыю дзеля "пераемнасьці традыцыі". Самыя дзейсныя нацыянальныя ідэі зьвязаныя са скажэньнем мінулага. Каб зразумець, як ім удаецца неўпрыкмет зьмяняць даўніну, трэба аднавіць гістарычную праўду. Мы ставім сабе на мэце ня выправіць нацыянальныя міфы, а выявіць грамадзка-палітычныя ўмовы, у якіх яны паўсталі й увабраліся ў моц. У гэтым і наступным разьдзелах мы акрэсьлім абрысы раньненавачаснай нацыі, што папярэднічала навачасным нацыянальным ідэям Летувы, Беларусі і Польшчы, - і такім чынам пабачым, наколькі нядаўна высьпелі апошнія. Каб разабрацца, якая спадчына дасталася нацыянальным дзеячам ХХст., неабходна вярнуцца да сярэднявечнага Вялікага Княства Літоўскага і польска-літоўскай Рэчы Паспалітай у раньнім новым часе. Цяперашняя спрэчка за Vilnius паўстала на тле ранейшай нацыянальнай ідэі, што існавала на землях гістарычнае Літвы.

Вялікае Княства Літоўскае (1385 - 1795 гг.)

У XIII-XIVст.ст. вялікія князі літоўскія былі аднымі з найвялікшых ваяроў у Еўропе. Яны захапілі велізарны абсяг - ад карэнных балцкіх земляў, праз усходнеславянскія тэрыторыі далей на поўдзень - да Чорнага Мора. Зьбіраючы па кавалках тое, што засталося ад Кіеўскай Русі пасьля мангольскае навалы, паганская Літва ўвабрала ў сябе большую частку ўсходнеславянскага сьвету e. Праваслаўнае баярства Русі, звыклае да ўлады манголаў, бачыла ў Літве не заваёўніка, а хаўрусьніка. І між тым, як вайсковая моц Літвы пасоўвалася на поўдзень, цывілізацыя Русі - праваслаўе, царкоўнаславянская мова, сталая традыцыя права - пасоўвалася на поўнач, у Vilnius. Калі цэнтар праваслаўна-славянскай цывілізацыі пасунуўся з Кіева ў Vilnius, на літоўскія землі сталі прэтэндаваць дзьве магутныя каталіцкія дзяржавы - Тэўтонскі Ордэн і Польскае каралеўства. Вялікія князі літоўскія, якія маліліся паганскім багам, хітрамудра намагаліся як найбольш атрымаць за свой хрост. Напрыканцы XIVст. вялікі ннязь Ягайла выгандляваў за навяртаньне ў каталіцтва польскую карону. Польскія магнаты, якім вельмі не хацелася бачыць на троне Габсбурга, прапанавалі Ягайлу руку адзінаццацігадовай каралеўны Ядзьвігі, а таксама права спадкаемства на польскі трон. У 1385г. у Крэве "вялікі князь літоўскі, уладар і дзедзіч рускі" ('dux magnus Litvanorum Russiaeque dominus et haerus naturalis') пагадзіўся на далучэньне сваіх земляў да Польшчы. У наступным годзе ён прыняў хрост і пад імем Уладзіслава Ягайлы быў абраны на польскага караля. Персанальная вунія захоўвалася паводле наступных пагадненьняў, якія аднаўлялі й падкрэсьлівалі самастойнасьць Літвы, а таксама аб'ядноўвалі польскую і ліцьвінскую шляхту. Дынастыя Ягелонаў уладарыла ў Польшчы і Літве амаль два стагодзьдзі - да 1572г.

Яшчэ да Крэўскай вуніі 1385г. з гледзішча рэлігіі й мовы Літва была хутчэй праваслаўна-славянскай f, чым паганска-балцкай краінай. Абяцаньне Ягайлы адносна навяртаньня ў каталіцтва датычыла асабіста яго ды ягоных падданых-паганцаў. Большасьць жыхароў падуладных яму земляў і шмат хто зь ягонай радзіны ўжо былі праваслаўнымі хрысьціянамі. Вынікам хрышчэньня Ягайлы сталася ня столькі хрысьціянізацыя паганскай краіны, колькі прыход рыма-каталіцтва на пераважна праваслаўныя тэрыторыі. Каталіцызм усталёўваў культурныя сувязі паміж Літвой і Еўропай і ствараў патэнцыял для польскага ўплыву. Хрост вялікага князя літоўскага ў каталіцкую веру азначаў, што Літва ня будзе праваслаўнай дзяржавай у тым сэнсе, што Масковія. Адначасова прыняцьце Ягайлам каталіцтва давала Масковіі магчымасьць выступаць абаронцай праваслаўя. На той час, як Літва далучыла да сябе Кіеў, праваслаўны мітрапаліт ужо пераехаў ва Ўладзімір-на-Клязьме. Паколькі мітрапаліт жыў у Масковіі, Літве стала складаней даводзіць сваё права лічыцца спадкаеміцай Русі. У Ягайлы быў шанец залагодзіць сітуацыю - у 80-х гадох XIVст. ён мог выбіраць паміж каталіцкай Польшчай і праваслаўнай Масковіяй. У 1382г. ён нават пагадзіўся ўзяць шлюб з дачкой Дзьмітрыя Данскога і прыняць праваслаўе. Аднак план меў дзьве заганы: па-першае, праваслаўе не абараніла б Літву ад тэўтонскіх рыцараў, якія ўважалі яго за ерась; па-другое, праваслаўе ў Літве стварыла б перавагу для славянскага баярства, ужо болей шматлікага, болей цывілізаванага ў параўнаньні з балцка-літоўскай радзінай Ягайлы. Польская карона і каталіцкі крыж лепш стасаваліся з інтарэсамі Ягайлы як у зьнешняй, гэтак і ва ўнутранай палітыцы: яны выступалі надзейнай абаронай ад крыжакаў, стваралі грунтоўныя падставы для наступу далей на Ўсход і дадаткова вылучалі Ягайлу і ягоных нашчадкаў.

Калі адкласьці ў бок палітыку, у Сярэднявеччы Польшча і Літва мелі больш агульнага, чым можа падацца. Уяўляючы, як у 1385г. ліцьвіны й палякі вялі перамовы пра вунію ці ў 1410г. планавалі сумесны напад на тэўтонскіх рыцараў пад Грунвальдам, трэба памятаць, што яны маглі сумовіцца ня толькі на лаціне, але і на славянскіх мовах. Мясцовыя версіі царкоўнаславянскай мовы, прынесенай праваслаўнымі сьвятарамі з поўдня, заклалі аснову канцылярскай славянскай мовы g, якой карысталіся суды Вялікага Княства. З анэксіяй Галіцыі (гэтыя землі былой Кіеўскай Русі ў Польшчы называлі "ваяводзтва Рускае" - Województwo Ruskie) у Польшчы таксама зьявіліся праваслаўныя - сьвятары й перапісчыкі царкоўнаславянскіх тэкстаў. Запанаваўшы ў колішняй Кіеўскай Русі, Польшча і Літва ўспрынялі і яе культурныя здабыткі. Палякаў і жыхароў ВКЛ не настолькі падзяляў моўны бар'ер, як, скажам, сучасных палякаў і немцаў. Пасьля 1386г. судовае справаводзтва вялося на лаціне і дзьвюх асобных славянскіх мовах: польскай - у Польскім каралеўстве і канцылярскай славянскай - у Вялікім Княстве. Яшчэ стагодзьдзе летувіская заставалася гутарковай мовай вялікіх князёў літоўскіх і іхнага атачэньня, але ў палітыцы польска-літоўскай дзяржавы яна не адыгрывала колькі-небудзь значнай ролі. 1

У наступным разьдзеле мы пабачым, што балцкая летувіская мова сталася падмуркам для фармаваньня навачаснай летувіскай нацыі. Тут жа мы a fortiori h засьведчым ейнае нязначнае становішча ў Вялікім Княстве Літоўскім раньняга Новага Часу. Апошнім вялікім князем, які ведаў летувіскую, быў, бадай што, Казімір IV (памёр у 1492г.). У 1457г. пацьверджаньне прывілеяў Літвы Казімір IV склаў па-лацінску і на канцылярскай славянскай, а звод законаў свайго гаспадарства ў 1468г. - на канцылярскай славянскай. Пры Казіміры ў Польшчы зьявіўся друкарскі варштат: кракаўскія друкары выдавалі кнігі па-польску і па-царкоўнаславянску, але не па-летувіску. Каля 1517г. першадрукар Вялікага Княства Літоўскага Францішак Скарына выдаў значную частку Бібліі ў беларускім варыяньце царкоўнаславянскай 2. Можна знайсьці біблійныя пераклады пачатку XVIст. на русінскую - мясцовы славянскі дыялект i, але не на летувіскую - мясцовы балцкі дыялект. Адрозна ад Скарынавага, гэтыя пераклады Старога Запавету рабіліся непасрэдна з габрэйскай. Відаць, іх выканалі літоўскія габрэі, якія ведалі габрэйскую і размаўлялі русінскай. 3 Паколькі за тым часам па-русінску гаварылі і мясцовыя хрысьціяне, і юдэі, пераклады маглі прызначацца або для хрысьціянаў, або для юдэяў, або для тых і другіх. Адно пацьверджаньне прывілеяў мясцовых габрэяў датавалася як году "семтисях двадцат второго" 4 - на ўказе караля польскага і вялікага князя літоўскага, напісаным канцылярскай славянскай, год пазначаны і паводле ўсходняй, і паводле заходняй традыцыі - 7022/1524г. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529г. напісаны канцылярскай славянскай. У сваіх адказах ліцьвінскай шляхце ў Вільні ў 40-х гадох XVI ст. вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст вытлумачваў Статут на канцылярскай славянскай, мяшанай з польскай.

У Масковіі дзяржаўную мову ВКЛ, якую мы пайменавалі "канцылярскай славянскай", называлі "ліцьвінскай" або "беларускай". Хоць сучасныя расейскія гісторыкі часам называюць яе рускай, тагачасным кніжнікам-маскавітам даводзілася перакладаць літоўскія статуты на маскоўскі дыялект, каб імі можна было карыстацца. 5 Канцылярская славянская істотна адрозьнівалася ад польскай, але ў рэчышчы дынастычнай вуніі з Польшчай яна заклала падмурак для распаўсюду польскай мовы і польскага духу. Ужо з 1501г. у юрыдычныя тэксты, пісаныя канцылярскай славянскай, пранікаюць польскія тэрміны і нават польская граматыка. У прадмове да Статуту ВКЛ 1566г. адзначаецца, што на практыцы літоўская шляхта ўжо карысталася польскай. 6 Акт Люблінскай вуніі 1569г., якім утваралася польска-літоўская Рэч Паспалітая, напісаны толькі па-польску. Польская мова набыла адпаведны статус у Літве ня ў выніку іміграцыі палякаў, а праз паступовае прыняцьце палітычнага ладу, што ўсталёўваўся ў Польшчы і з 1569г. замацоўваўся ў польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Што прычына тут была ў палітычнай культуры, а не ў асабістым паходжаньні, падкрэсьлівае і Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588г., які надаваў шляхецкую годнасьць габрэям, навернутым у хрысьціянства. Праз Польшчу далей на Ўсход пашыраліся тэндэнцыі еўрапейскага права: калі сярэднявечныя перапрацоўкі рымскага права ніколі не даходзілі да Масковіі, то са Статутаў 1566г. і 1588г. відаць, як у Літве набываюць усё большую вагу рымскія (і германскія) узоры. 7 У эпоху Рэнесансу шмат што з прынесенага ў Польшчу з Італіі на лаціне прыйшло з Польшчы ў Літву па-польску.

Па меры таго як польскі дыялект узьняўся ў Польшчы да статусу літаратурнае мовы, у Літве ён падмяніў сабою канцылярскую славянскую і русінскі дыялект. У эпоху Адраджэньня польская і літоўская шляхта сталі карыстацца адною моваю, што паспрыяла стварэньню адзінай палітычнай нацыі раньняга Новага Часу. Аднак жа існуе істотная, знакавая розьніца паміж пераходам ад лаціны да польскай у Польшчы і ад канцылярскай славянскай да польскай у Літве. У Польскім каралеўстве мясцовы дыялект - польскі - разьвянчаў прынесеную звонку літаратурную мову - лаціну. Узвышэньне польскай да роўнасьці з лацінай адпавядала агульнай тэндэнцыі ў лацінамоўнай Еўропе - тэндэнцыі, пачатак якой паклала італійскае "моўнае пытаньне". 8 У Вялікім жа Княстве Літоўскім прынесеная звонку мова - польская - выціснула з ужытку традыцыйную тутэйшую мову палітыкі і права - канцылярскую славянскую - і заступіла дарогу мясцоваму дыялекту - русінскаму, - не дала яму разьвіцца ў літаратурную мову j. Як мы ўжо бачылі, балцкая летувіская мова даўно страціла сваё палітычнае значэньне. Літва па-свойму адказала на ўзьнятае Адраджэньнем моўнае пытаньне. У Італіі пасьля Дантэ, а затым і ва ўсёй хрысьціянскай Еўропе дыялекты ўзвышаліся да літаратурных дзяржаўных моваў. У ВКЛ адлегласьць паміж мовай культуры й палітыкі, з аднаго боку, і мясцовым дыялектам, з другога, павялічылася, а не паменшылася. Польская як агульная высокая мова добра адпавядала патрэбам дзяржаўных структураў і ідэалам раньненавачаснай Рэчы Паспалітай. Але яна не змагла даць рады зьяўленьню аднайменных новачасных нацыянальна-дэмакратычных ідэяў.

Раньнемадэрная і мадэрныя нацыі

Выяўляючы пераемнасьць паміж раньнемадэрнай і мадэрнай палітыкай, трэба дакладна ўсьведамляць іх адрозьненьні. Польская нацыя раньняга Новага Часу, якую супольна стварала і літоўская шляхта, далёка не адпавядала знаёмаму нам навачаснаму канцэпту нацыі. Яна палягала на прынцыпе грамадзянства вялікай Рэчы Паспалітай, шляхта якой карысталася шырокімі заканадаўча замацаванымі правамі. Да пачатку XVIст. польская шляхта гарантавала сябе ад адвольных дзеяньняў з боку караля, дамаглася ключавой ролі ў зьнешняй палітыцы і права адхіляць новыя законапраекты. Дзяржаўны лад Польшчы ўсё больш і больш абапіраўся на канстытуцыйны падмурак, таму ў яе склад маглі надоўга ўваходзіць адзінкі, якія мелі сваю асобную традыцыю мясцовага права, напрыклад, Прускае герцагства. 9 Польская сістэма таксама была ўзорам для шляхты ў суседніх краінах, бо тая імкнулася замацаваць і пашырыць уласныя прывілеі. 10 Прымаючы пастанову наконт канстытуцыйнай вуніі з Польшчай, літоўская шляхта хацела атрымаць такія ж правы, прывілеі і гарантыі. За часам дынастычнай вуніі з Польшчай Літва ператварылася ва ўсходнеславянскую краіну, дзе шляхта мела правы, сувымерныя з правамі суверэна. Паводле Люблінскай вуніі 1569г., літоўская і польская шляхта ўваходзіла ў адзіны сойм, супольна абірала караля. Літва захоўвала ўласную назву, структуру кіраваньня, фінансавую сістэму, заканадаўства і войска. Такім чынам, Рэч Паспалітая ўзьнікла як шляхецкая рэспубліка, дзе міф пра сармацкае паходжаньне аб'ядноўваў шляхту розных нацыянальнасьцяў і рэлігіяў і адмяжоўваў яе ад усіх астатніх. 11

Пасьля 1569г. літоўская шляхта пачала атаясамліваць сябе з пальшчызнай ня толькі палітычна, але і культурна. Часам гэта праяўлялася ў пераходзе на асьвечаны арэолам Рэнесансу польскі альфабэт, часам - у навяртаньні з праваслаўя ў рыма-каталіцызм. У ВКЛ Рэфармацыя і Контаррэфармацыя разьвіваліся сваім асобным шляхам. Як і арыстакратыя Еўропы, шмат хто зь ліцьвінскай шляхты ў 50-х-60-х гадох XVIст. прыняў кальвінізм. Праваслаўных прываблівала ў пратэстанцтве ня толькі дагматыка, але і падабенства да ўсходняй царквы ў традыцыях і абрадах: дазвол на шлюб сьвятароў, ужываньне мясцовай мовы ў багаслужбах, прычасьце хлебам і віном для парафіянаў. У адрозьненьне ад нямецкай і францускай арыстакратыі, якая зьмяняла адную заходнюю царкву на іншую, ліцьвінская шляхта, як правіла, далучалася да Рэфармацыі праз пераход з усходняга хрысьціянства ў заходняе. 12 У былых праваслаўных ліцьвінкіх сем'ях наступнае пакаленьне пасьля навернутых у пратэстанцтва зазвычай прымала рыма-каталіцкую веру. Гэтак у ВКЛ пратэстанцтва сталася міжвольным хаўрусьнікам каталіцызму. Прыняць заходняе хрысьціянства - спачатку ў выглядзе пратэстантызму, а потым і каталіцкай веры - праваслаўную ліцьвінскую шляхту падштурхнула не самое каталіцтва, а Рэфармацыя. Вядома, Контаррэфармацыя ўзяла на ўзбраеньне тактыку сваіх супернікаў-пратэстантаў. Ужываньне каталікамі польскае мовы (хоць яны выдалі і некалькі кніг па-летувіску) умацоўвала прэстыж польскай культуры сярод ліцьвінкае шляхты, а празелітызм наблізіў да ліцьвінскіх сялянаў польскую мову. 13 У 1579г. езуіты адкрылі ў Wilno сваю акадэмію. Іх антыпратэстанцкая прапаганда спалучалася з заклікамі да праваслаўных прызнаць зьвершнасьць Рыму. 14

Хоць рыма-каталіцызм і называлі "верай польскай", але яна зусім не была абавязковым складнікам "польскага" патрыятызму нават пасьля Контаррэфармацыі. Гэта пазьней нацыяналісты, гледзячы назад, будуць бачыць у рэлігіі, як і ў мове, адзнаку нацыянальнай прыналежнасьці. Але на той час яшчэ не існавала міжканфесійнай барацьбы за тое, каб навязаць гэтым землям нямецкі прынцып cuius regio, eius religio k або францускі un roi, un foi, un loi l. Статут ВКЛ 1566г. складала камісія зь пяці праваслаўных і пяці каталікоў. Актыўны дзеяч контаррэфармацыі ў Літве паляк Аўгустын Ратундус [Augustyn Rotundus] сябраваў зь віленскім ваяводам Мікалаем Радзівілам Чорным (1515-1565гг.) - галоўным прапагандыстам ідэяў Рэфармацыі (спачатку лютэранства, потым кальвінізму, нарэшце антытрынітарызму). Польскі католік Ратундус напісаў вялікую працу ў абарону літоўскага права, якую надрукаваў літоўскі пратэстант Радзівіл. Таксама Ратундус адрэдагаваў і пераклаў на лаціну Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566г. Ён быў згодны з Радзівілам, што Літва - " respublica bene ordinata" m 15. Найзнакаміцейшы з польскіх езуітаў Пётр Скарга (1536-1612гг.) прысьвяціў у 1577г. выданьне сваёй галоўнай працы кіеўскаму ваяводзе праваслаўнаму князю Канстанціну Астроскаму. Праўда, у гэтым выпадку ідыліі не атрымалася: ганарлівы, амбітны Астроскі, які дабіваўся заключэньня царкоўнай вуніі на сваіх умовах, выкупіў і спаліў увесь наклад. Палітычны лад Рэчы Паспалітай засноўваўся на талерантнасьці ня толькі да розных формаў заходняга хрысьціянства, але і да ўсходняй царквы. Варшаўская канфедэрацыя 1573г. замацавала рэлігійную талерантнасьць у дачыненьні да шляхты ўсіх хрысьціянскіх канфесіяў. Талерантнасьць толькі да хрысьціянства (хоць і ў розных формах) і толькі для аднаго вузкага кола ў грамадзтве можа падацца нам нецярпімасьцю, але на той час Варшаўская канфедэрацыя ня мела аналагаў у Еўропе.

Раньнемадэрная канцэпцыя польскай нацыі n была адначасова і больш абмежаваная, і шырэйшая за навачасныя нацыянальныя ідэі, што прыйшлі ёй на зьмену. Больш абмежаваная - таму што навачасны нацыяналізм ахоплівае ўсіх прадстаўнікоў меркаванае нацыі, між тым як польская нацыя раньняга новага часу ўлучала толькі надзеленую правам голасу палітычную сілу і выключала ніжэйшыя станы грамадзтва. Аднак раньнемадэрная нацыя не была эканамічным класам: усе магнаты належалі да шляхты, але сярод шляхты магнаты складалі непараўнальную меншасьць. Багатыя гараджане, ня ўзьведзеныя ў шляхецкую годнасьць, не маглі лічыцца грамадзянамі. Разам з тым, раньненавачасная канцэпцыя нацыі была шырэйшай за мадэрную, таму што апошняя вымагае цэнтралізаванай дзяржавы, між тым як у Рэчы Паспалітай захоўвалася асобнае заканадаўства, а таксама асобныя сістэмы кіраваньня ў Польшчы і Літве. Раньнемадэрная канцэпцыя нацыі была шырэйшай і з асабовага гледзішча, бо навачасная ідэя нацыянальнай прыналежнасьці мае на ўвазе адзінства культурных каранёў і адданасьці дзяржаве, між тым як раньнемадэрная польская ідэя дапускала, што шляхта можа належаць да адной культуры і іншай дзяржавы. У стаўленьні да мовы адлюстроўваецца абмежаванасьць і шырыня раньнемадэрнай канцэпцыі. Лічылася за норму, калі шляхціч карыстаўся адной мовай - польскай - у палітыцы і з роўнымі сабе і іншай - сёньня б мы назвалі яе беларускай ці летувіскай - у сваім доме і з прыгоннымі.

Шляхціч мог быць "літоўскага" паходжаньня, "польскай" дзяржавы і "рускай" (ці "грэцкай") веры. Паколькі ў склад Літвы здавён уваходзілі пераважна праваслаўныя землі, у тым ліку ледзь ня ўся Кіеўская Русь, Літву называлі "рускім" валадарствам. Далучаючы ў 1385г. свае тэрыторыі да Польшчы, Ягайла дзейнічаў як "вялікі князь літоўскі, уладар і дзедзіч рускі". У дамове 1449г. паміж Польшчай-Літвою і Масковіяй першая паймянёная "рускай" дзяржавай, другая - "маскоўскай". Пасьля падзеньня Канстантынопалю ў 1453г. Масковія пачала прэтэндаваць на палітычную і духоўную ролю апірышча праваслаўя, спадчыньніцы Бізантыі й пераемніцы Кіеўскай Русі. Гэтак Масковія апраўдвала свае войны супраць суродзічаў - усходніх славянаў у Літве, вялікія князі якой ужо сто гадоў уважалі сябе пераемнікамі кіеўскіх князёў. 16 Насамрэч жаданьне Масковіі быць Русьсю падштурхнула Літву да Польшчы. Распачаўшы ў 1558г. Лівонскія войны, Іван ІV Жахлівы (на чале Маскоўскай дзяржавы з 1530-га па 1584-ы год, абвешчаны царом у 1547г.) прысьпешыў польска-літоўскую вунію 1569г. Вядома, у той час Польшча-Літва таксама прэтэндавала на назву "Русь": вось як пералічваюцца тытулы Жыгімонта Аўгуста ў прывілеі 1569г.: "Кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі і г.д. уладар і дзедзіч". Абыходжаньне Івана Жахлівага зь мяцежнымі баярамі таксама рэзка кантраставала з прывілеямі, нададзенымі шляхце ў тым жа годзе Жыгімонтам Аўгустам. 17

Хоць у XVIIст. Рэч Паспалітая атрымлівала вялікія перамогі ў войнах з Масковіяй, а ў 1683г. кароль Ян Сабескі ўратаваў Вену ад туркаў, чым здабыў Польшчы славу, у XVIIIст. Рэч Паспалітая цярпела паразу за паразай. Як мы пабачым з шостага разьдзелу, паўстаньне на Ўкраіне ў сярэдзіне XVIIст. нанесла Рэчы Паспалітай незагойную рану. Рэч Паспалітая ня здолела стварыць фінансавы і вайсковы падмурак сучаснай дзяржавы. Пасьля некалькіх першых удачаў выбары манархаў саслужылі благую службу дзяржаўным інтарэсам. Каралі, якія не маглі заснаваць дынастыі, менш дбалі пра дабрабыт Рэчы Паспалітай. Каралі-замежнікі менш імкнуліся заглыбляцца ва ўсе складанасьці польскай палітыкі. Шырокія правы польскай і літоўскай шляхты нават давалі Расейскай імперыі (назва Масковіі з 1721г.) магчымасьць падрываць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Паколькі ў яе Сойме дзейнічала права liberum veto, каб заблакаваць любыя рэформы, было дастаткова аднаго хабару. Цар Пётр І (кіраваў ад 1682г. да 1725г.) атрымаў выхад да Балтыйскага мора і зрабіў усё магчымае, каб зьнясіліць Рэч Паспалітую. Маскоўская дэспатыя карысталася з польскай анархіі. Аднак чым болей занепадала ў XVIIIст. Рэч Паспалітая як дзяржава, чым болей размываліся гэтак шанаваныя прынцыпы талерантнасьці, тым болей Вялікае Княства Літоўскае апаноўвала пальшчызна. Што калісьці было адзнакай шляхетнасьці, зрабілася адзнакай статусу. Такім чынам пальшчызна квітнела ў Літве праз усё XVIIIст. і яшчэ доўгі час пасьля таго, як ад Рэчы Паспалітай засталіся адныя згадкі. 18 Культура Рэчы Паспалітай працягвала разьвівацца, між тым як яе ўладныя ўстановы не змаглі эвалюцыянаваць, каб адпавядаць сучасным умовам. У 1772г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй. Апошняй спробай польска-літоўскай шляхты мадэрнізаваць сістэму дзяржаўнага кіраваньня ў Рэчы Паспалітай стала Канстытуцыя 3 траўня 1791г. Яна абвяшчала польска-літоўскую шляхту адзінай палітычнай нацыяй, скасоўвала права liberum veto і імкнулася ўсталяваць мадэрную цэнтралізаваную рэспубліку. 19 Аднак гэтыя рэформы падштурхнулі ў 1793г. Прусію і Расею да другога падзелу. Пасьля паразы ў 1794г. антырасейскага паўстаньня Касьцюшкі ў 1795г. адбыўся трэці - канчатковы - падзел. Рэч Паспалітую сьцерлі з палітычнае карты Еўропы.

За цараваньнем Кацярыны ІІ (1762-1796гг.) Расейская імперыя паступова захапіла ледзь ня ўсё Вялікае Княства Літоўскае: у 1772г. - Полацак, у 1793-м - Менск і нарэшце ў 1795-м - Вильно. Інкарпараваўшы Літву, Расея атрымала эліту, якая размаўляла па-польску, сялянства, якое ў большасьці карысталася, як бы мы сёньня сказалі, беларускай мовай, і гарады й мястэчкі, населеныя пераважна габрэямі. Зьнішчэньне Рэчы Паспалітай азначала зьнішчэньне дзяржаўнага ладу, што, нягледзячы на розныя мясцовыя прымхі, забясьпечваў талерантнасьць грамадзтва да габрэяў. 20 У адначасьсе большасьць габрэяў у сьвеце апынулася ў Расеі. Калі на Венскім кангрэсе 1815г. Расея прырэзала да сябе яшчэ ладную частку былой Рэчы Паспалітай улучна з Варшавай, амаль што ўсе палякі таксама апынуліся ў Расейскай імперыі. Адное толькі ВКЛ, без уліку Ўкраіны і ўтворанага на Кангрэсе Польскага Каралеўства, дало Расеі больш польскай шляхты o, чым было рускіх дваранаў ва ўсёй імперыі. На пачатку ХІХст. больш царскіх падданых ўмелі чытаць па-польску, чым па-расейску. Некаторыя польска-літоўскія магнаты, напрыклад, князь Адам Чартарыйскі, набылі надзвычайны ўплыў пры двары цара Аляксандра І (1801-1825гг.). Так, Чартарыйскі спрычыніўся да прыняцьця ў Расейскай імперыі заканадаўчага акту аб юдэях. 21

Зьнішчэньне Рэчы Паспалітай і наступнае ўсталяваньне рысы аселасьці суправаджаліся спробамі ўнесьці радыкальныя зьмены ў юдаізм і ў лад жыцьця габрэйскай грамады. Мы вернемся да гэтага ў трэцім разьдзеле. Тут толькі адзначым, што перамены палягалі на панадтэрытарыяльных гістарычных міфах (дастаткова згадаць, напрыклад, хасідызм, які паўстаў на Ўкраіне пасьля сьмерці ў 1760г. Баала Шэм Това) ці на агульнаеўрапейскіх тэндэнцыях (як-то Хаскала - юдэйскае Асьветніцтва). Хоць гэтыя плыні й сыходзіліся ў Vilne, аднак яны розьніліся ад традыцыяў, прынятых у Вялікім Княстве Літоўскім. Штосьці накшталт сьвецкай габрэйскай палітыкі вымалявалася толькі напрыканцы ХІХст. Сярод царскіх падданых хрысьціянскае веры замест раньнемадэрнага канцэпту шляхецкай нацыі марудна, непасьлядоўна распаўсюджвалася навачасная ідэя нацыі як супольнасьці носьбітаў адной мовы. У ХІХст. вылучэньне асобных нацыяў хрысьціянскае веры ў Літве было доўгім, складаным працэсам, які ня ўштукоўваецца ў жорсткія схемы сучасных нацыяналістаў. "Прызма", празь якую можна назіраць, як раньнемадэрны ліцьвінскі патрыятызм "раскладаецца" на асобныя "колеры" нацыянальных ідэяў, - паэма "Пан Тадэвуш", завершаная выбітным паэтам-рамантыкам Адамам Міцкевічам у 1834г.

Расейская імперыя і Літва-айчына

Міцкевіч (1798-1855гг.) нарадзіўся ў Сьвяты вечар праз тры гады пасьля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай. У ягоным родным Наваградку гучалі дзьве мовы - польская і ідыш. Мясцовыя літоўскія татары толькі што збудавалі сабе новы мячэт. Побач былі летувіскія вёскі, аднак большасьць сялянаў размаўляла па-беларуску. Выхоўваўся Міцкевіч ў годнай польскай шляхецкай сям'і, хоць ягоны бацька, верагодна, меў праваслаўныя карані, а маці - габрэйскія. 22 Будучы паэт атрымаў вышэйшую адукацыю ў Віленскім універсітэце. Лёс гэтай навучальнай ўстановы выдатна ілюструе дылему, што паўстала перад непісьменнай імперыяй, у якой раптам апынулася багата пісьменных шляхецкіх сем'яў. На пачатку ХІХст. палітыка Расеі зводзілася да таго, каб захаваць дасягнутае польскамоўнай адукацыяй, а не праводзіць русіфікацыю падданых, якія ў будучыні маглі прынесьці вялікую карысьць імперыі. У 1803г. Аляксандар І надаў Віленскай акадэміі, заснаванай езуітамі ў 1579г., статус універсітэту. Мовай навучаньня ў ім была польская. Універсітэт і ўся Віленская навучальная акруга падпарадкоўваліся сябру, дарадцу і настаўніку цара Аляксандра князю Адаму Чартарыйскаму (1770-1861гг.). Віленскі ўніверсітэт - найбуйнейшы ў імперыі - дастаўся Расеі ад Рэчы Паспалітай,. Ён умацоўваў цэлае пакаленьне мясцовай эліты, такой, як Міцкевіч, у веры, што мова культуры, мова палітыкі - польская. Выхаванцы ўніверсітэту і іншых навучальных установаў краю рабілі здабыткам гісторыі, літаратуры, паэзіі спадчыну кагадзе зьнішчанага Вялікага Княства Літоўскага. 23 (Так здарылася, што некаторы час сакратаром Чартарыйскага і ягоным непасрэдным кіраўніком былі ўкраінцы. Напрыканцы XVIIIст., пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, палякі апынуліся пад уладай Расейскай імперыі. На стагодзьдзе раней, пасьля падзелу Ўкраіны паводле Андрусаўскага замірэньня, тое самае адбылося з украінцамі.)

Немагчыма сабе ўявіць, як бы разьвіваўся паэтычны талент Міцкевіча, калі б той не атрымаў універсітэцкай адукацыі на сваёй роднай польскай мове ў сваёй роднай Літве. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пазнаёміцца з паэтавым шэдэўрам - паэмай "Пан Тадэвуш", завершанай у парыскім выгнаньні ў 1834г. Гісторыя варажнечы й каханьня паміж сем'ямі ліцьвінскае шляхты сканчаецца вясною 1812г., калі войска Напалеона рушыць празь літоўскія землі на Маскву. У Міцкевіча ліцьвінская шляхта далучаецца да францускага войска. Так яно і было насамрэч - трынаццацігадовым хлопчыкам будучы паэт сам стаўся таму сьведкам. Сярод шляхты, якая ў 1812г. ваявала на баку Напалеона, была траціна студэнтаў Віленскага ўніверсітэту. У вайне перамог цар Аляксандар. Атрымаўшы назад Літву, ён вырашыў не зачыняць Віленскага ўніверсітэту. У 1815г. яго брама расчынілася і для Адама Міцкевіча. Студэнт, які будзе навучацца на дзяржаўную стыпендыю, запісваецца ва ўніверсітэт пад імем Адам Напалеон Міцкевіч. Доўгацярплівасьць расейскага цара ў дачыненьні да ўніверсітэту, дзе ўзгадоўвалася ліцьвінская шляхта, каб ваяваць супраць ягонай жа імперыі, дазволіла Міцкевічу атрымаць адукацыю па-польску. Пасталеўшы, паэт стварыў прасякнуты тугой па радзіме шэдэўр, у якім змаганьне супраць Расеі зьвязвалася з трагедыяй Польшчы. 24

Калі Міцкевіч навучаўся ва ўніверсітэце, польска-літоўская шляхта была ўпэўненая ў абавязковым адраджэньні Літвы, якое прывядзе да ўтварэньня новай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. На шляху да ажыцьцяўленьня гэтай ідэі стаялі не варожыя адно адному нацыянальныя рухі - на той час іх не існавала, - а расейская імперская дзяржава. Надзеі на адраджэньне натхнялі Міцкевіча і яго аднакашнікаў - сяброў таварыства філаматаў. Па заканчэньні ўніверсітэту Міцкевіча выбавілі ад нуднай, цяжкай працы ў Ковенскай гімназіі арышт, турма і высылка ў Расею. Гады, праведзеныя ў высылцы ў Адэсе, Пецярбурзе, Маскве, а затым на эміграцыі ў Дрэздэне і Парыжы, сталіся неверагодна плённымі на самую лепшую з калі-небудзь напісанай польскай паэзіі. Міцкевіч ня ўдзельнічаў у антырасейскім паўстаньні 1830-1831гг., з паразай якога распачалася эпоха рамантызму ў польскай палітычнай думцы. Пасьля паўстаньня ўлады зачынілі Віленскі ўніверсітэт. Але жыцьцё ягоных студэнтаў працягвалася - у Літве, Польшчы, у Расеі, у Еўропе. Паэзія самога Міцкевіча гарманічна спалучала чалавечы й нацыянальны смутак. Рэч Паспалітую ўжо не аднавіць, паэту больш ня ўбачыць сваёй роднай Літвы. "Пан Тадэвуш" створаны ў 1832- 1834гг., адразу пасьля паўстаньня. Сёньня кожны польскі і летувіскі школьнік ведае пачатак паэмы: O Litwo! Ojczyznа moja… 25

Паколькі творы Мцкевіча на свой лад пераасэнсоўваліся наступнымі пакаленьнямі, неабходна разгледзець постаць Міцкевіча ў кантэксьце ягонага часу. Як і іншыя еўрапейскія рамантыкі, Міцкевіч марыў "стварыць новы сьвет на руінах старога". 26 Для рамантыкаў Заходняй і Цэнтральнай Еўропы Француская рэвалюцыя і Напалеон зьнішчылі стары лад, і перад імі паўстала задача замацаваць новыя ідэі ў палітыцы й культуры. Для Міцкевіча і польскіх рамантыкаў падзелы Польшчы азначалі сьмерць старога ладу, а Француская рэвалюцыя і Напалеон кінулі жменю надзеі на яго аднаўленьне. Пасьля паразы Напалеона ў шляхты колішняга Вялікага Княства Літоўскага не засталося іншых магчымых хаўрусьнікаў, апроч сялянаў, сярод якіх яна жыла. Рамантычныя творы Міцкевіча раскрывалі палітычную дылему. Калі рамантыкам іншых пазбаўленых дзяржаўнасьці нацыяў, як, напрыклад, італійцам і немцам, было адносна нескладана далучыць "просты народ" да новаўзьніклай "палітычнай нацыі", то на абсягах былой гістарычнай Літвы ўсё выглядала значна складанейшым. Гердэрава ідэя пра тое, што кожны народ мае свой адметны дух, зь цяжкасьцю дастасоўвалася да тэрыторыі, дзе доўгі час разнастайнасьць мясцовых звычаяў, моваў і веравызнаньняў не замінала адчуваць прыналежнасьць да адзінай палітычнай нацыі. Праблема палягала ня толькі ў культурнай размаітасьці, але і ў тым, што ў Літве яшчэ жыла памяць пра ўласную дзяржаўнасьць. У сярэдзіне ХІХст. ідэя аб'яднанай Нямеччыны або Італіі пакідала вялікую прастору для ўяўленьня, бо нічога падобнага раней не існавала. Ідэя адзінай Польшчы адразу ж абуджала прывід зусім нядаўна памёрлай Рэчы Паспалітай - тым болей, што літаральна перад сконам яна абвясьціла першую ў Еўропе Канстытуцыю. Міцкевіч бачыў Літву і як складнік гэтай дзяржаўнай традыцыі, і як калыску рамантычных каштоўнасьцяў - гармоніі, хараства, жыцьцёвай моцы, асалоды. Калі Гердэр верыў, што славяне прынясуць у Еўропу жыцьцёвую моц юнацтва, то Міцкевіч верыў, што Літва адродзіць усю Рэч Паспалітую. 27

Міцкевічава раньненавачасная ідэя "Літвы" як радзімы некалькіх народаў, якім, аднак, урэшце наканаваная польскасьць, прайшла праз супярэчнасьці, цалкам заканамерныя для стагодзьдзя, што карэнным чынам зьмяніла ўяўленьні пра нацыянальную прыналежнасьць. Хоць сам паэт ня быў польскім нацыяналістам "фальклёрнага" тыпу, а нага яго ніколі не ступала па вуліцах Варшавы ці Кракаву, пасьля сьмерці Міцкевіча ў 1855г. ягоная цудоўная паэзія перакінула масток да "фальклёрнага" польскага нацыяналізму. Хоць ён ніколі не ўяўляў Літвы асобна ад Польшчы, ягоныя вобразы выкарыстоўваліся летувіскімі нацыянальнымі дзеячамі, надавалі ім яшчэ больш ўпэўненасьці ў іхнай адметнай этнічнай і нацыянальнай тоеснасьці. У канцы ХІХст. у паўночна-заходнім кутку колішняга Вялікага Княства Літоўскага летувіская мова сталася падставай, каб вылучыць асобную культурную супольнасьць, з чаго скарыстаюцца новыя нацыянальныя дзеячы "этнічнай Літвы". Для гэтага ім трэба было зрабіць Міцкевіча летувіскім нацыянальным паэтам. Іронія лёсу ў тым, што паводле этнічнага вызначэньня нацыяў, што склаліся ў цэнтральнай Польшчы і паўночна-заходняй Літве, калі добрасумленна асьвятляць гістарычныя тэндэнцыі, Міцкевіч мусіў бы стаць не палякам і не летувісам, а беларусам. Урэшце, Міцкевіч нарадзіўся сярод усходнеславянскага сялянства, якое мы б сёньня назвалі беларускім. На гэтым жа фоне адбываецца і дзеяньне "Пана Тадэвуша". Бадай, яшчэ большая іронія лёсу ў тым, што найбольш вернымі духу Міцкевіча выявіліся беларуская шляхта, беларускія пісьменьнікі: яны не ўхапіліся за свае "этнічныя" перавагі, каб давесьці сваё выключнае права на Міцкевіча як "свайго" нацыянальнага паэта. Этнічная навачасная нацыянальная ідэя, якая б ахоплівала Міцкевічаву Літву - колішняе Вялікае Княства - павінна была б засноўвацца на "мове" большасьці - дыялектах, якія мы сёньня назвалі б беларускімі. Аднак акурат гэтага і не адбылося. Этнічная нацыянальная ідэя - сіла палітычная, яе посьпех ці параза не залежаць ад памеру, як цяпер кажуць, "этнічных супольнасьцяў". Як мы будзем даводзіць у наступным разьдзеле, палітыка адкрыла найшырэйшае поле для інтэрпрэтацыяў "Пана Тадэвуша" ў духу, найдалейшым ад першасных аўтарскіх памкненьняў - у духу летувіскага і польскага этнічнага нацыяналізму. І яна ж фактычна пакінула па-за ўвагай самае дакладнае адлюстраваньне ідэяў Міцкевіча ў палітыцы - беларускі і польскі федэралізм.

Выпрабаваньнем раньненавачаснай літоўскай нацыянальнай ідэі, прамоўленай Міцкевічам, сталася паўстаньне 1863г. супраць расейскай улады. Знаходзіліся такія выключныя асобы, хто верыў, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую можна адрадзіць у хаўрусе польскамоўнай шляхты зь летувіска- ці беларускамоўным сялянствам. У часе паміж паразай Расеі ў Крымскай вайне 1856г. і адменай царом Аляксандрам ІІ прыгоннага права некаторыя прадстаўнікі літоўска-польскай шляхты дамаўляліся скасаваць прыгон на ўмовах, якія б задаволілі і землеўладальнікаў, і сялянаў. 28 Якуб Гейштар (1827-1897гг.) агітаваў ліцьвінскіх шляхцічаў даць волю сялянам раней, чым гэта зробіць цар. У сваёй акрузе Гейштар дамогся посьпеху, але па ўсёй Літве шляхта ўпусьціла свой шанец - не паверыла ў непазьбежнае. Гейштар уважаў сябе польскім шляхцічам, які будуе хаўрус з польскім народам, - і пры гэтым кіраваў школай, дзе навучаньне вялося на летувіскай мове. Для яго тут не было ніякай супярэчнасьці. 29 Гейштар выступаў супраць таго, каб уздымаць антырасейскае паўстаньне, бо лічыў яго заўчасным. Але ў 1863г. ён аб'яднаўся з радыкальна настроеным Кастусём Каліноўскім, які, абяцаючы сялянам зямлю, зьвяртаўся да іх на іхнай роднай мове - беларускай. 30 Хоць у постаці Антанаса Мацкявічуса сёньня бачаць проталетувіскага нацыяналіста, ён змагаўся за аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў часовым задзіночаньні з Польшчай. 31 У 1863г. кожны з трох намагаўся пераканаць сялянаў змагацца за сваю долю і ня надта даваў веры, што тых хоць крыху абыходзіць аднаўленьне рэспублікі. Яны і іншыя лідэры паўстаньня не былі ўжо патрыётамі раньнемадэрнага кшталту, апанаванымі ідэяй адрадзіць шляхецкую рэспубліку. Але яны не былі яшчэ навачаснымі нацыяналістамі, гатовымі паставіць знак роўнасьці паміж нацыяй і народам. Іх спроба пазбавіцца ад расейскай улады, зьвярнуўшыся па дапамогу да народу, выявіла дзьве дылемы. Ужываньне іншых моваў, апрача польскай, сьведчыла за тое, што неўзабаве адбудзецца зварот да нацыянальнай палітыкі новага ўзору. Па-першае, калі сялянаў заклікаюць рызыкаваць жыцьцём на іхнай роднай мове, вядома, яны будуць разьлічваць, што на гэтай мове можна будзе размаўляць ды чытаць і ў спакайнейшыя часы. Па-другое, патрэба даць сялянам зямлю, каб дамагчыся іхнай падтрымкі, ставіла шляхту перад цяжкім выбарам паміж асабістай бясьпекай і нацыянальным вызваленьнем.

Пасьля паразы паўстаньня 1830г. Міцкевіч смуткаваў па раньненавачаснай палітычнай нацыі. Пасьля паўстаньня 1863г. сталі разьвівацца навачасныя нацыянальныя ідэі.



a Літва! Бацькоўскі край! Ты як здароўе тое:

Ня цэнім, маючы, а страцім залатое -

Шкада…

(пераклад Язэпа Семяжона)

b Аўтар называе польскую і габрэйскую культуры цывілізацыямі, каб падкрэсьліць іх унікальнасьць і выключную ролю для Вільні. (Тут і далей заўвагі навуковага рэдактара.)

c Прыняты ў сучаснай еўрапейскай гістарыяграфіі тэрмін, які характарызуе падзеі і зьявы Новага Часу.

d Нацыяў у сучасным сэнсе гэтага слова тады не было. Аўтар ужывае такі тэрмін, каб абазначыць кансалідаваную частку грамадзтва, шляхецкую эліту, дзеля параўнаньня сапраўдных нацыяў і папярэдніх супольнасьцяў.

e Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася агульнымі намаганьнямі паганскай Літвы і хрысьціянскіх старабеларускіх княстваў.

f Можна сказаць: і беларускай.

g Прыняты ў навуковых дасьледаваньнях сучаснай Летувы і некаторых заходніх краінаў тэрмін для абазначэньня старабеларускай літаратурнай мовы, якая склалася на аснове царкоўнаславянскай.

h тым болей (лац.)

i Маецца на ўвазе беларуская гутарковая мова.

j Паводле беларускага мовазнаўцы А.Жураўскага, самастойная беларуская літаратурная мова склалася каля сярэдзіны ХV ст.

k чыя ўлада, таго і вера (лац.)

l адзін кароль, адная вера, адзін закон (фр.)

m добра ўладкаваная рэспубліка (лац.)

n Генэзіс нацыі пачынаўся з кансалідацыі «вярхоў» грамадзтва ня толькі ў Польшчы, але і ў большасьці заходнееўрапейскіх краінаў. Па сваім складзе аграрная эліта ВКЛ і Рэчы Паспалітай была шматэтнічнай. Таму больш дакладна будзе гаварыць не пра польскую, а пра шляхецкую палітычную нацыю.

o У дадзеным выпадку - беларуска-літоўскай шляхты. У часы ВКЛ мясцовую шляхту не называлі польскай.



1 Juliusz Bardach. Studia z ustroju i prawa Wielkiego Księstwa Litewskiego. Warsaw: PWN, 1970, 18-21; S.C. Rowell. Lithuania Ascending. Cambridge: Cambridge University Press, 1994, Z96-Z99; Zigmas Zinkevičius. The History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1996, 71-76. Пра палякаў і немцаў - Paul Knoll. The Rise of the Polish Monarchy. Chicago: University of Chicago Press, 1971.

2 Перавыдадзеная як "Біблія: Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынаю ў 1517-1520 гадах". Miнск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1990-91. Ягоная царкоўнаславянская нясе ў сабе каларыт гаворкі славянскай шляхты ВКЛ і ўплыў чэскай Бібліі, зь якой Скарына працаваў у Празе. J. Sadouski, "A Linguistic Analysis of the Four Books of Kings Printed by Skaryna in 1518". Доктарская дысертацыя, University of London, 1967, 22.4-22.6. Прозу Скарыны на мясцовым дыялекце гл.: "Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны". Miнск: Навука і тэхніка, 1991; гл. таксама Arnold McMillin. Die Literatur der Weissrussen. Giessen: Wilhelm Schmitz, 1977, 40-47.

3 Moshe Altbauer. The Five Biblical Scrolls in a Sixteenth-Century Jewish Translation into Belarusian (Vilnius Codex 626). Jerusalem: Dorot, 1992,13-37. Гл. таксама Paul Wexler. "The Reconstruction of Pre-Ashkenazic Jewish Settlements in the Slavic Lands in the Light of the Linguistic Sources"// Antony Polonsky (рэд.), From Shtetlto Socialism, Лондан: Littman Library, 1993, 3-18.

4 Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529 tudzież Rozprawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563. Poznań: Drukarnia na Garbarach 45,1841,112. Прывілеі надавалі габрэям права трымацца сваіх законаў і сваёй рэлігіі, мовы і традыцыяў у справах сваёй грамады, а таксама займацца гандлем, ня маючы гарадзкога грамадзянства. Гл. Jacob Goldberg. Jewish Privileges in the Polish Commonwealth. Jerusalem: Israel Academy of Sciences and Humanities, 1985,1-40.

5 Гэты подзьвіг паўтарылі ў наш час: у 1960г. у Менску Статут 1529-га году пераклалі на расейскую, каб яго маглі вывучаць савецкія навукоўцы. Тады сьцвярджалі, што мова Статуту (адназначна не расейская) - насамрэч беларуская.: пад рэд. K.I. Яблонскіса. Статут Великого Княжества Литовского 1529 года. Miнск: Aкадемия наук БССР, 1960, 3-12. Найслушней разглядаць канцылярскую славянскую як асобнае моўнае ўтварэньне. Гл. Jonas Zmuidzinas. Commonwealth polüno-lithuanien ou l'Union de Lublin. Paris: Mouton, 1978, 79-82; Juliusz Bardach. "Od aktu w Krewię do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów" // Jerzy Kłoczowski і інш. (рэд.), Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowowschodniej. Lublin: IESW, 1999,14-18; Stanislovas Lazutka. "Jeżyk Statutów Litewskich i Metryki Litewskiej"// Lithuania, 1-2 (22-23), 1997, 26~33.

6 Уводзіны да Статуту 1566-га году, напісаныя каля 1576г. Аўгустынам Ратундусам Мялескім, гл. Archiwum Komisji Prawniczej, том 7. Cracow: Polska Akademia Umiejętności, 1900, xx; гл. таксама Jūrate Kiapene. "The Grand Duchy and the Grand Dukes in the Sixteenth Century" // Richard Butterworth (рэд.). The Polish-Lithuanian Monarchy in European Context. Houndmills: Palgrave, 2001, 86-87.

7 Галіна Дзербіна. "Права i сям'я ў Беларусі эпохі Рэнесансу". Miнск: Tэхналёгія, 1997.

8 Harvey Goldblatt. "The Emergence of Slavic National Languages" // Aldo Scaglione. The Emergence of National Languages. Ravenna: Loggo Editore, 1984,125,165.

9 Karin Friedrich. The Other Prussia. Cambridge: Cambridge University Press, 2000.

10 Пра палітычную сістэму - гл. Andrzej Kamiński, "The Szlachta of the Polish-Lithuanian Commonwealth" // Ivo Banac, Paul Bushkovitch (рэд.); The Nobility in Russia and Eastern Europe. New Haven, Conn. Yale Russian and East European Publications, 1983, 17-46; а таксама Mariusz Markiewicz. "The Functioning of the Monarchy During the Reign of the Electors of Saxony" // Butterwick. Polish-Lithuanian Monarchy, 172-192. Гл. таксама Daniel Stone. The Polish-Lithuanian State, 1386-1795. Seattle: University of Washington Press, 2001.

11 Кароткі агляд гістарыяграфіі Люблінскае вуніі падаюць Bardach. Studia z ustroju i prawa, 11-18, і Zmuidzinas. Commonwealth polono-lithuanien, 143-151. Істотныя расейскія інтэрпрэтацыі вуніі 1569г. - M.K. Любавский і И.И. Лаппо. Сутнасныя польскія, украінскія, беларускія і летувіскія ацэнкі выказваюць Яхім Лялевель, Міхайла Грушэўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі і Адольфас Шапока.

12 Паганскія ліцьвінскія сем'і пераважна прынялі каталіцкую веру ў 1387г., але большасьць ліцьвінскіх баяраў вызнавалі праваслаўе і заставаліся праваслаўнымі яшчэ два стагодзьдзі. Калі пачалася Рэфармацыя, у Vilnius'е было нашмат больш праваслаўных цэркваў, чым каталіцкіх касьцёлаў.

13 Jerzy Ochmański. "The National Idea in Lithuania"// Ivo Banac, Frank Sysyn (рэд.) Concepts of Nationhood in Early Modern Europe. Cambridge, Mass.: Ukrainian Research Institute, 1986, 312-313.

14 Найлепшым сьведчаньнем - шматлікія публікацыі Пятра Скаргі пасьля 1577г. пра пратэстантызм і праваслаўе. Pisma wszystkie, 5 тамоў. Warsaw: UltimaThule, 1923-1930.

15 Rozmowa Polaka z Litwinem. Берасьце: Drukarnia Radziwiłłowska, 1565; Maurycy Krupwicz (рэд.). Sobranie gosudarstvennykh i chastnykh aktov, kasaiushchikhsia istorii Litvy i soedinennykh s nei vladienii, Vilnius: Zavadzkago, 1858, 38-39; Marja Baryczowa, "Augustyn Rotundus Mieleski, wójt wileński, pierwszy historyk i apologeta Litwy"// Ateneum Wileńskie, ІІ (1936), 144. Існуе некаторая доля верагоднасьці, што Ратундус лічыў сябе навукоўцам, здольным выказвацца "добра сфармуляванымі фразамі", phrases bien arrondies. У класічнай лаціне слова "rotundus" магло азначаць "добра сфармуляваны". Напэўна, упершыню ў гэтым сэнсе яго выкарыстаў Цыцэрон у "Прамоўцы", вядомым Ратундусу. Але ў XVIст. гэтая верагоднасьць была ня большай, чым сёньня: хутчэй за ўсё, наш Ратундус быў проста вельмі добра ўкормлены. Каб зразумець розьніцу паміж нацыяй раньняга Новага Часу і Новага Часу, трэба адчуваць, калі сэнс слова зьмяняецца, а калі - не: "rotundus" у XVIст. і цяпер - адное і тое ж. Словы "польскі" або "літоўскі" - вядома, азначаюць цяпер зусім ня тое, што тады.

16 Paul Bushkovitch. "National Consciousness in Early Modern Russia"// Banac, Sysyn, Concepts of Nationhood, 356-357; Jarosław Pelenski. "The Origins of the Official Muscovite Claim to the 'Kievan Inheritance"// Harvard Ukrainian Studies, І, І(1977), 48-50.

17 Andrzej Kaminski. Republic vs. Autocracy. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1993.

18 Гл. "Акты, издаваемые Виленскою археографическою коммиссиею", "Акты, издаваемые Aрхеографическою коммиссиею, высочайше учрежденною в Вильне" і "Акты, издаваемые Виленскою коммиссиею для разбора древних актов".

19 Artūras Tereškinas. "Reconsidering the Third of May Constitution and the Rhetoric of Polish-Lithuanian Reforms"// Journal of Baltic Studies, 27, 4 (1996), 300. Гл. таксама Andrzej Walicki. The Enlightenment and the Birth of Modern Nationhood. Notre Dame, Ind.: University of Notre Dame Press, 1989; Larry Wolff. Inventing Eastern Europe. Stanford: Stanford University Press, 195-283.

20 Гл. Gershon David Hundert. "Some Basic Characteristics of the Jewish Experience in Poland"// Polonsky. From Shtetlto Socialism, 19-25; M.J. Rosman. The Lords' Jews. Cambridge, Mass.: Ukrainian Research Institute, 1990, 1-22.; а таксама Salo Wittmayer Baron. A Social and Religious History of the Jews, том. 16. New York: Columbia University Press, 1976.

21 Jacob Goldberg. "Privileges Granted to Jewish Communities As a Stabilizing Factor in Jewish Support" // Chimen Abramsky, Maciej Jachimczyk, Antony Polonsky (рэд.). The Jews in Poland. Oxford: Blackwell, 1986,31-54; Daniel Beauvois. "Polish-Jewish relations in Russian territory" ibid., 81; Artur Eisenbach. The Emancipation of the Jews in Poland, 1780-1870. Oxford: Basil Blackwell, 1991,126-127,158-160.

22 Сам Міцкевіч узяў за жонку жанчыну габрэйскага паходжаньня. Заблытаныя карані Міцкевіча - прыклад агульнае тэндэнцыі таго часу. Гісторык Яхім Лялевель (1786-1861гг.) быў сынам нямецкага шляхціча. Для Міцкевіча панятак этнічнай нацыянальнасьці ня меў ніякага сэнсу, таму "раскрыўшы" паходжаньне ягоных дзядоў і бацькоў, нельга вызначыць, кім "насамрэч" быў Міцкевіч. Гл. Anne Applebaum. Between East and West. London: Macmillan, 1995, 114-122; Irena Grudzińska-Gross. "How Polish is Polishness?"// East European Politics and Societies, 14, i (2000), 5ff; Neal Ascherson. Black Sea. New York: Hill and Wang, 1996, I44ff. Пра татарскі мячэт гл. Jan Tyszkiewicz. Tatarzy na Litwie i w Polsce. Warsaw. PWN, 1989, 287. Фундаментальнае дасьледаваньне жыцьця й творчасьці Міцкевіча - Wiktor Weintraub. The Poetry of Adam Mickiewicz. The Hague: Mouton, 1954.

23 Пашырэньне польскамоўнай адукацыі ў Расейскай імперыі ніяк не закранула габрэяў. У Vilnius'е "вакно ў сьвет" для габрэяў стварыла расейская мова, а ня польская.

24 A. Bendzhius і інш. Istoriia Vil'niusskogo universitetą. Vilnius: Mokslas, 1979, 64-66; Daniel Beauvois. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich 1803-1832, vol. І. Lublin: KUL, 1991, 37-39, 273-275. Прыклад Міцкевіча - далёка не адзінкавы. Варта згадаць хаця б Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833гг.). Ягоны паланэз "Разьвітаньне з Радзімай" у ля-міноры - самы знакаміты твор з польскае барочнае музыкі.

25 Параўнайце Міцкевічавыя радкі, прысьвечаныя страчанай Літве, з Пушкінскімі пра знойдзены Пецярбург: Природой здесь нам суждено//В Европу прорубить окно,//Ногою твердой стать при море. Міцкевіч сябраваў з Пушкіным. Гл. Jerzy Tomaszewski. "Kresy wschodnie w polskiej myśli politycznej"// Wojciech Wrzeziński (рэд.) Miedzy Polską etniczną i historyczną. Wrocław: Ossolineum, 1988; 97ff.; а таксама И.И. Свирид. Между Петербургом, Варшавой и Вильно. Mасква: OGI, 1999.

26 Jacques Barzun. Classic, Romantic, and Modern. Garden City, N.Y.: Doubleday, 1961,14.

27 Nina Taylor. "Adam Mickiewicz et la Lithuanie" // Daniel Beauvois (рэд.). Les confins de l'ancienne Pologne. Lille: Presses Universitaires, 1988, 70.

28 Н.Н. Улащик. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. Mасква: Наука, 1965, 5-6.

29 Jakób Gieysztor. Pamiętniki, том І. Vilnius: Bibljoteka Pamiętników, 1913, 36, 61,136.

30 K. Kaлиновский. Из печатного и рукописного наследия. Miнск: Беларусь, 1988. Гл. таксама Piotr Łossowski, Zygmunt Młynarski. Rosjanie, Białorusini, i Ukraińcy w Powstaniu Styczniowym. Wrocław: Ossolineum, 1959, 166-186; John Stanley. "The Birth of a Nation"// Béla Király (рэд.). The Crucial Decade. New York: Brooklyn College Press, 110-119.

31 Egidijus Aleksandravičius. "Political Goals of Lithuanians, 1883 -1918 " // Journal of Baltic Studies, 23, 3 (1992), 230-231; Nerijus Udrenas "Book, Bread, Cross, and Whip: The Construction of Lithuanian Identity within Imperial Russia". Доктарская дысертацыя, Brandeis University, 2000.


Разьдзел 2. O Litwo! Ojczyzna moja… (1863 - 1914гг.)

Матыль цудоўны, ўтоплены ў бурштыне,

На векі гэткім самым застанецца.

Адам Міцкевіч, "Конрад Валенрод" a (Пецярбург, 1828г.)

Пасьля 1863г. ажыцьцяўляць сучасную палітыку азначала адкінуць, як цяжкое бярэмя, ідэю Рэчы Паспалітай і ўспрыняць сялянства зь ягонай мовай як нацыю. Першымі гэта зразумелі на скрайнім паўночным захадзе былога Вялікага Княства - там удушэньне паўстаньня 1863г. сталася каталізатарам навачаснай летувіскай нацыянальнай ідэі, што абапіралася на моўны чыньнік. Канчатковае скасаваньне прыгону паскорыла мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі - у выніку склаўся новы клас заможных летувіскіх сялянаў. 1 Рашэньне імперскіх уладаў прывабліваць студэнтаў з колішняе Літвы ў Пецярбург замест Варшавы спрыяла фармаваньню новай сьвецкай эліты. Непасьлядоўная дэпаланізацыя школаў гэтаксама міжволі падштурхнула нацыянальныя працэсы, бо расейская культура выявілася значна менш прывабнай для летувіскай моладзі, чым польская. Цягам наступных дзесяцігодзьдзяў летувіскі нацыянальны рух складалі сяляне летувіскага паходжаньня, якія вучыліся чытаць на роднай мове ў школе, дэкласаваная польскамоўная шляхта, якая наноў засвойвала летувіскую, сацыялісты, дактары, якія атрымалі адукацыю ў расейскіх універсітэтах, і рыма-каталіцкія сьвятары. 2 Летувіскія нацыянальныя дзеячы бачылі ў паўстаньні 1863г. вялікую памылку палякаў і разьлічвалі выпрацаваць лепшую нацыянальную стратэгію. Гэтае новае пакаленьне замест узброенай барацьбы зьвярнулася да нацыянальнай культуры. Тут яны, фактычна, мала чым адрозьніваліся ад асноўнай пасьля 1863г. плыні польскіх патрыётаў - пазітывістаў, для якіх сродкам стварыць нацыянальную супольнасьць была практычная "арганічная праца". 3 Калі для палякаў гэтае "вяртаньне да вытокаў" азначала ўмацаваньне апірышча нацыянальнай эліты сярод шырокіх масаў, то ад летувісаў патрабавалася перш-наперш нацыяналізаваць сябе. Вытокі летувіскай дзяржаўнасьці ляжалі пахаваныя пад друзам гісторыі. Шмат стагодзьдзяў летувіская мова не адыгрывала ніякай палітычнай ролі. Вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кніг па-летувіску. Апошні вялікі князь, які хаця б ведаў летувіскую, памёр у той самы год, калі Калумб адкрыў Амерыку. Ня толькі гістарычныя традыцыі Вялікага Княства былі замацаваныя ў дакументах на польскай ці канцылярскай славянскай (блізкай да беларускай) - усё ўдавала на тое, што і летувіскаму сялянству надта карцела паўтарыць гістарычны прыклад сваіх сьвятароў ды паноў. Усё ХІХст. летувіскамоўныя сяляне засвойвалі беларускую мову b - яна была той славянскай глебай, якая дазваляла надалей асімілявацца ў палякаў ці расейцаў. У некаторых сялянскіх сядзібах дзяды размаўлялі па-летувіску, бацькі - па-беларуску, а дзеці - па-польску. Так адная сям'я ўвасабляла гістарычную тэндэнцыю, якой летувіскія дзеячы марылі надаць адваротны ход. Каб спаланізаваць сваіх дзяцей, заможныя сяляне дасылалі іх у школы, дзе мовай навучаньня (ці, прынамсі, адзнакай прэстыжу) была польская. Відочная хісткасьць патрыятычных пачуцьцяў у народзе дадала летувіскім дзеячам пафасу. А таемнае разуменьне, што самі яны гавораць і чытаюць па-польску лепш, чым па-летувіску, прыспорыла іх у справе нацыянальнага адраджэньня.

Айчына - этнічная Літва

Летувіскія патрыёты ў пошуках выйсьця зьвярталіся да ўяўнага Вялікага Княства Літоўскага. Яны адмовіліся ад рэальнай пераемнасьці з традыцыяй раньняга новага часу на карысьць міфу пра сярэднявечную Літву і Vilnius да Люблінскай вуніі з Польшчай у 1569г. Яны рабілі стаўку на мову, якая ніколі не адыгрывала колькі-небудзь значнай ролі ў раньнемадэрным Вялікім Княстве, - летувіскую - і на слой грамадзтва, які заўжды заставаўся на ўзбочыне ў палітыцы ВКЛ, - летувіскамоўнае сялянства. Іх апанавала рамантычная настальгія па часох паганства. Для іх вунія 1569г. з Польшчай выглядала дэспатыяй паноў над сялянствам, а "паны"-сучасьнікі (польска-ліцьвінская шляхта) уяўляліся здраднікамі народу. Як асэнсаваньне нацыянальнай гісторыі перагукалася з сапраўднымі праблемамі будучай нацыі, гэтак і адчуваньне несправядлівасьці, уласьцівае летувіскім нацыянальным дзеячам, тлумачылася нізкім сацыяльным паходжаньнем шмат каго зь іх.

Калі Літве было наканавана стварыць навачасную нацыю, то яна мусіла быць нацыяй сялянскай. І лідэрам гэтай сялянскай нацыі даводзілася змагацца з тымі, хто меў вышэйшы статус у грамадзтве, на хісткай - моўна-гістарычнай - глебе. Са скасаваньнем прыгону й адкрыцьцём школаў для сялянскіх дзяцей у іх зьявіўся палітычны шанец, калі не ўпэўненасьць ва ўласных сілах. Летувіскі рух нарадзіўся ў Сувалкаўскай губерні, дзе прыгоннае права адмяніў яшчэ ў 1807г. Напалеон. Наступным лёсавызначальным крокам стала русіфікацыя пасьля падзеяў 1863г. польскіх школаў. У 1867г. Марыямпальская вучэльня, што да 1863г. была інструментам паланізацыі, ператварылася ў расейскую гімназію. Польскую мову выкінулі з праграмы - замест яе ўвялі летувіскую. З Марыямпальскай гімназіі выйшлі два выбітныя дзеячы летувіскага адраджэньня - Ёнас Басанавічус і Вінцас Кудзірка. Адораныя дзеці заможных сялянаў, абодва меліся стаць каталіцкімі сьвятарамі, абодва скарысталі лепшыя магчымасьці, якія адкрывала ім расейская сістэма адукацыі. Гэтак расейскія ўлады, спрабуючы нейтралізаваць у Літве польскі ўплыў, міжволі стварылі сацыяльную прастору для летувіскага нацыянальнага руху, узьніклага на летувіскай моўнай глебе.

Ужытыя пасьля 1863г. гістарычныя і моўныя мадэлі ўжо даўно існавалі. Найбольш пераканаўча іх выклаў Тэадор Нарбут (1784-1864гг.) у шматтомнай польскамоўнай гісторыі Літвы, надрукаванай у 1835-1841гг. Падсумаваў Нарбут чатыры тысячы старонак высновай, што гісторыя Літвы "перапынілася" ў 1569г., і метафарычна зламаў сваё пяро на магіле тагачаснага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. 4 Велізарная праца Нарбута навукова абгрунтоўвала палітычную тэзу пра тое, што мадэрная летувіская ідэя мусіць чэрпаць з крыніцаў Сярэднявечча, а ня раньняга новага часу. У ХІХст. Нарбута цытавалі часьцей за ўсялякае іншае дасьледаваньне з гісторыі Літвы. 5 Насамрэч мадэрную летувіскую ідэю выказаў крыху раней - і па-летувіску - Сімонас Даўкантас (1793 - 1864гг.). Аднакашнік Міцкевіча па Віленскім універсітэце, Даўкантас падзяляў Міцкевічава захапленьне сярэднявечнай Літвою. Даўкантас, бадай, быў першым, хто ў вуніі 1569г. з Польшчай пабачыў капітуляцыю, а ў распаўсюдзе польскай мовы - зьнішчэньне вышэйшай мясцовай культуры. У 1822г. ён выклаў свае цьверджаньні ў першай навуковай гісторыі Літвы па-летувіску. І хоць гэтая праца так і ня выйшла ў сьвет да 1929г., у 1845г. зьявіўся яшчэ адзін грунтоўны досьлед.

Калі летувіскія гісторыкі стваралі новую перыядызацыю, якая ўслаўляла Сярэднявечча і ганіла раньні Новы Час, то паэзія Міцкевіча як найярчэй выяўляла гэтую былую славу. Месца дзеяньня ягоных паэмаў "Гражына" (1823г.) і "Конрад Валенрод" (1828г.) - сярэднявечная Літва. Забаўна, што яшчэ адную падставу ідэалізаваць Сярэднявечча дала міжвольная сутворчасьць Даўкантаса і Міцкевіча. У 1822г. Даўкантас пераклаў юначае літаратурнае практыкаваньне Міцкевіча на летувіскую, памылкова прыняўшы яго за сапраўдны ўрывак са старажытнай хронікі. Пазьней Даўкантас улучыў Міцкевічаў аповед пра князёўну Жывілу ў свае гістарычныя працы. У 1884г. вызначылі, што сапраўдны аўтар "Жывілы" - Міцкевіч, але на той час паданьне пра яе ўжо заняла важнае месца ў летувіскай нацыянальнай культуры. 6 "Разьвянчаньне" Жывілы ўжо нічога не зьмяняла. Таксама Міцкевіч прыдумаў яшчэ адную князёўну - Гражыну (дарэчы, у ХІХст. гэта было пашыранае ў Літве дзявочае імя). Аднак паміж паэтам-рамантыкам і ягонымі летувіскімі чытачамі існавала вялікая розьніца. Міцкевіч завершыў уступ да паэмы "Конрад Валенрод" цытатай з Шылера: "Што песьня робіць несьмяротным, загінуць мусіць у жыцьці". Для Міцкевіча старажытная Літва сапраўды загінула, і ў "Пане Тадэвушы" ён тужыць па Літве раньняга Новага Часу - Літве, аб'яднанай з Польшчай у Рэч Паспалітую. Аднак летувіскія нацыянальныя дзеячы былі згодныя з Нарбутам і Даўкантасам: гісторыя Літвы скончылася ў 1569г., і адрадзіць неабходна тую, сярэднявечную, Літву. Менавіта такая гістарычная схема выбудоўвалася ў першых навачасных летувіскіх публікацыях.

У 1883г. Ёнас Басанавічус (1851-1927гг.) вырашыў заснаваць летувіскамоўную газету. Калі ён навучаўся ў Марыямпальскай гімназіі, выкладаньне перавялі з польскай на расейскую мову, а да прадметаў дадалася летувіская. Разам зь іншымі летувіскімі маладзёнамі Басанавічус атрымаў магчымасьць працягнуць адукацыю ў сталічных універсітэтах. У Маскве ён слухаў лекцыі францускіх прафесараў, пасябраваў з баўгарскімі патрыётамі і надрукаваў некалькі працаў з гісторыі Літвы (па-польску). У 1879г. ён скончыў медыцынскі факультэт і эміграваў у Баўгарыю, дзе працаваў доктарам і працягваў вывучаць гісторыю Літвы. У 1882г. ён апынуўся ў Празе, пазнаёміўся зь дзеячамі чэскага нацыянальнага руху. Як і ягоныя баўгарскія сябры, чэхі падкрэсьлівалі веліч сваёй дзяржавы ў Сярэднявеччы і знаходзілі апраўданьні паразе, што напаткала іх у раньнім Новым Часе. У Празе Басанавічус і вырашыў распачаць летувіскамоўнае выданьне. Ухапіўшыся за папулярны ў Празе вобраз нацыі, якая абуджаецца і выходзіць зь цямрэчы на сьвятло, Басанавічус вырашыў назваць яго Aušra ("Заранка"). 7

У 1883г. Басанавічус дамовіўся з суайчыньнікамі, што жылі ў Нямеччыне, наконт выданьня газеты. Хоць летувіская мова ў Расейскай імперыі і не была пад забаронай, але дазвалялася выкарыстоўваць толькі кірылічны альфабэт. У Нямеччыне летувіскія дзеячы маглі выдаваць газету па-летувіску лацінкай, а потым кантрабандным шляхам перавозіць яе празь мяжу. Басанавічус рэдагаваў першыя нумары ў Празе, а за друк у Нямеччыне адказваў Юргіс Мікшас. Калі апошні праз амурную прыгоду мусіў зьехаць з краіны, яму наступнічаў Ёнас Шлюпас, які атрымаў найбагацейшы досьвед кансьпірацыі ў Польскай сацыялістычнай партыі "Пралетарыят". Але і Шлюпас, у сваю чаргу, быў высланы з Прусіі. 40 нумароў "Aušra" папулярызавалі ідэю пераемнасьці зь мінулым - да 1569г., - зь Вялікім Княствам Літоўскім асобна ад Польшчы. Дух "Aušra" жывіўся дасьледаваньнямі Даўкантаса і Нарбута, а таксама паэзіяй Міцкевіча. 8

Няма нічога дзіўнага ў тым, што "Aušra" ў сваім рашэньні адкінуць раньні Новы Час і зьвярнуцца наўпрост з мадэрнасьці да Сярэднявечча пайшла шляхам, пракладзеным чэскімі патрыётамі. Люблінская вунія 1569г. была для летувісаў тым жа, чым для чэхаў - бітва на Белай Гары: крыжом на магіле нацыянальнай гісторыі. Яна давала магчымасьць вінаваціць ва ўсім чужынцаў, апяваць сярэднявечную даўніну, тлумачыць сацыяльнае паходжаньне летувіскіх дзеячаў і ўзьвялічваць просты народ. 9 Як Люблінская вунія (нібыта) з коранем зьнішчыла шляхту Літвы, гэтаксама параза на Белай Гары (нібыта) ператварыла чэскую шляхту ў вузкі гурток заежджых авантурыстаў. А значыць, нацыянальнаму адраджэньню быў патрэбны прыток сьвежай крыві, і нацыянальныя традыцыі, якія неабходна вярнуць, захаваліся толькі сярод простага люду. У абодвух выпадках гэтая сінтэза Сярэднявечча і Новага Часу першапачаткова выкладалася на мове высокай культуры, прынятай у раньняй мадэрнасьці. Для чэхаў гэта была нямецкая, для летувісаў - польская. Вярнуцца да роднай мовы свайго народу - азначала зрабіць вельмі істотны крок, але і тут паўставала безьліч супярэчнасьцяў.

Даўніна, хараство, моц

У 80-х гадох ХІХст. "Aušra" прапагандавала гэтую схему на мясцовым дыялекце - па-летувіску. Як мы заўважылі, назва "Aušra" ("Заранка") выяўляе агульную для ўсіх нацыяў са слабой дзяржаўна-культурнай традыцыяй метафару: маўляў, тое, што ўдае на сьмерць, - насамрэч толькі сон, і заснулы прачнецца, калі ноч зьменіцца днём. Аднак нават простая спроба занатаваць гэтую ідэю па-летувіску раскрывае больш глыбокія магчымасьці падобнага вобразу. Ідэя нацыянальнага абуджэньня нясе ў сабе звабу выкарыстаць ва ўласных інтарэсах сваю ж адсталасьць, удасканаліўшы ранейшыя здабыткі іншых. Напрыклад, альфабэт напраўду прыдумалі толькі аднойчы. 10 Аднак яго мусяць перастварыць нацыянальныя дзеячы, якія жадаюць дайсьці да простага народу, кадыфікаваць яго гаворку як літаратурную мову - гэтак практычная патрэба спаўняецца нацыянальным пафасам. І пра гэта сьведчыць ня назва, а правапіс "Aušra". У гістарычных выданьнях "Aušra" пішацца праз š, хоць у 1883г. звычайна пісалі " auszra". Розьніца ўзьнікла таму, што ў тагачаснай летувіскай, як правіла, карысталіся польскім правапісам, дзе гук [ш] перадаецца дыграфам sz, а рэдактары газеты імкнуліся ўвесьці чэскі правапіс, дзе š чытаецца як [ш], каб іх мова менш нагадвала польскую. Друкаваньне ў Расейскай імперыі тут ні пры чым: у абодвух правапісах выкарыстоўваўся лацінскі альфабэт, таму абодва былі пад забаронай. Расейская паліцыя канфіскавала б і "Aušra", і "Auszra" - дазвалялася выдаваць толькі штосьці накшталт "Аушра". Рэч у тым, што летувіскія нацыянальныя дзеячы імкнуліся ўсяляк вызваліць летувіскую культуру з-пад польскага ўплыву.

У тым, як летувіская мова запазычыла чэскі правапіс, можна ўгледзець чатыры прадоксы гісторыі.

1) У Сярэднявеччы, да аб'яднаньня Польшчы зь Літвою, польская зрабілася пісьмовай мовай акурат пад уплывам чэскай. 11 Таму польскі правапіс, прынесены ў Вялікае Княства Літоўскае ў раньнім Новым Часе, адпавядаў правапісу старачэскай. На некалькі стагодзьдзяў пазьней чэхі, каб пазбавіцца ад зычных дыграфаў, а таксама некаторых іншых літараў, што для іх атаясамліваліся зь нямецкай, увялі фанетычныя сімвалы, якія і запазычылі летувіскія нацыянальныя дзеячы Новага Часу. Пасьля гэтай рэформы сучасная чэская мова стала таксама больш адрозьнівацца ад польскай, у якой захаваліся элементы старачэскага правапісу і, каб пазначыць адзін зычны, выкарыстоўваліся дыграфы. Гэты міжвольны "пабочны эфект" чэскай рэформы, пра які шкадавалі некаторыя чэскія панславісты, і прывабіў летувісаў, бо для іх супернікам нумар адзін была польская культура. Напрыклад, традыцыйна ў чэскай, польскай, літоўскай мовах гук [в] перадаваўся літарай w, як і ў нямецкай. Па рэформе ў чэскай і летувіскай замест w пачалі пісаць v. Гэтаксама ва ўсіх трох мовах дыграф cz азначаў гук [ч]. Па рэформе ў чэскай і летувіскай замест cz зьявіўся č. Такім чынам, у сваім змаганьні з пальшчызнай летувісы супрацьпаставілі старому чэскаму правапісу больш новы.

2) Але паколькі ў Расеі забаранялася выкарыстоўваць лацінскі альфабэт, летувісы ў Вильне не маглі ўжываць ні адзін, ні другі правапіс. Таму яны карысталіся чэскім правапісам у сваёй (збольшага) рэфармаванай мове па той бок мяжы - у нямецкай Усходняй Прусіі. Такім вось вакольным шляхам правапіс, прызначаны абмежаваць распаўсюд нямецкай культуры, трапіў у Нямеччыну.

3) Гэты парадокс - яшчэ глыбейшы. Адная частка чэскага дамешку ў літоўскі правапіс складалася з замены sz на š і cz на č. Другая, прапанаваная на шмат гадоў раней нямецкім мовазнаўцам Аўгустам Шляйхерам [August Schleicher], зводзілася да адмовы ад польскага ł і замены w на v. Так што ўрэшце за чэскія рысы, якія б прытушылі польскі ўплыў на летувіскую мову ў Расеі, часткова выказваўся немец.

4) Рамантычная хваля ў нямецкай навуцы выяўлялася, апрача іншага, і ў цікаўнасьці нямецкіх філолагаў да летувіскае мовы. У некаторай ступені гэтая хваля была пакліканая вызваліць нямецкую культуру з-пад францускага ўплыву. Калі не заблытацца сярод гэтых люстэркаў, то можна пабачыць, што напрыканцы ХІХст. ідэі нацыянальнай прыналежнасьці пераламляліся ў Еўропе самым непрадказальным чынам. Між тым мясцовыя нацыяналісты сузіралі вобраз, які ім бачыўся выразным, чыстым і прыгожым. Да таго ж правобраз нацыяналізму ў ХІХст. нам дае Францыя, якую шмат хто на ўсход ад Рэйну лічыў і радзімай палітфіласофіі, і ўзорам нацыянальнай дзяржавы. 12

У Еўропе існаваньне літаратуры ўсе ўважалі за абавязковую умову, каб вылучаць нацыю. Таму амаль поўная адсутнасьць летувіскай літаратуры прыкрывалася падвоенай увагай да неад'емных вартасьцяў мовы. Басанавічус сьцьвярджаў, што фармальная дасканаласьць летувіскае мовы - доказ высокай цывілізаванасьці жыхароў старажытнае Літвы. Паколькі са сьвецкай літаратуры, каб падмацаваць гэтыя прэтэньзіі, амаль нічога не засталося, у якасьці аргументу замест здабыткаў мовы спасылаліся на даўніну мовы. У мястэчках Тасканіі сярэднявечныя вежы захаваліся не насуперак, а дзякуючы эканамічнаму заняпаду ў раньнім Новым Часе. Гэтаксама ў Літве летувіская мова захавала сваё старадаўняе хараство не насуперак, а дзякуючы неўжываньню ў літаратуры раньняга Новага Часу. Галоўны цяжар лацінскіх, нямецкіх, францускіх неалагізмаў прыйшоўся на долю польскай, а не летувіскай мовы. Надзвычай скаладаная летувіская граматыка захавалася ў цьмяным маўленьні сялянаў. Сам Міцкевіч называў летувіскую "найстаражытнейшай мовай, якой размаўляюць на Еўрапейскім кантыненьце". У 1843г. ён прасочваў сувязь летувіскай з санскрытам (а летувісаў - са зьніклым індускім племем). На восем гадоў раней гісторык Нарбут у першым томе вялізнай напісанай па-польску "Гісторыі літоўскага народу" паказаў сувязі паміж летувіскай мовай і санскрытам. Нарбут зьвяртаўся да такіх нямецкіх аўтарытэтаў, як, напрыклад, Якаб Грым (1785-1863гг.), граматыст і філолаг, а таксама зьбіральнік народных казак. Даўкантас у сваім досьледзе 1845г. карыстаўся мовазнаўчымі працамі Шляйхера. 13 І Міцкевічаў вобраз старажытнае Літвы часткова будаваўся на нямецкіх крыніцах, як то гісторыя Прусіі Аўгуста фон Катцэбю [August von Kotzebue] (1761-1819гг.). 14 Падкрэсьліваючы асобнае становішча летувіскай мовы, і Даўкантас, і Нарбут, і Міцкевіч абапіраліся на фалькларыстычны складнік нямецкага рамантызму і на дасягненьні нямецкіх навукоўцаў. Больш за тое, у выгнаньні ў Парыжы Міцкевіч кантактаваў з францускімі гісторыкамі, напрыклад, з Жулем Мішле [Jules Michelet]. Прафесарам Калеж дэ Франс Міцкевіч даводзіў старажытнасьць летувіскай мовы ў лекцыях па-француску. 15 Можна заўважыць пэўную іронію лёсу ў тым, што зробленыя або публічна абвешчаныя ў Нямеччыне і Францыі высновы пра летувіскую мову пазьней зробяцца кутнім камянём літоўскага нацыяналізму. Аднак да гэтых навуковых высноваў ніколі б не прыйшлі, каб не адная жорсткая ісьціна: стагодзьдзямі балцкія летувіскія дыялекты існавалі амаль у поўным адрыве ад высокай культуры.

У "шэрую гадзіну" ХІХст., калі адной колькасьці было мала, каб казаць пра існаваньне нацыі, калі нацыянальныя дзеячы яшчэ адчувалі повязь з раньненавачаснай культурай, у іх прысутнічала патрэба даказаць, што новае можа суладна дастасоўвацца да старога. Ва ўсёй Еўропе нацыяналісты-рамантыкі ў ХІХст. трымаліся адзіных крытэраў, каб вызначаць нацыю: неабходная высокая культура, доказ яе існаваньня - літаратура, але ўжо лепш старажытная традыцыйная культура, чым ніякай. Калі няма прыгожага пісьменства, даўніна йдзе паперадзе хараства. Падтрымліваючы цьверджаньні Грыма, Нарбута і Міцкевіча пра старажытнасьць летувіскае мовы, летувіскія дзеячы пакаленьня "Aušra" разам з тым імкнуліся давесьці, што іх мова здолее несьці цяжар сучаснай літаратуры. Згодныя зь Міцкевічам, што высокая культура суадносіцца з адметным палітычным лёсам, летувіскія пісьменьнікі пераклалі паэзію Міцкевіча на сваю мову, каб абвергнуць ягонае меркаваньне, што мовай высокай культуры ў Літве будзе польская. Калі летувіскай мовай можна перадаць незвычайную паэзію Міцкевіча, - разважалі яны, - тады летувісаў можна лічыць за асобную нацыю з уласнай будучыняй. Рытуальныя паклоны ў бок польскай культуры, якія рабілі літаратары-адраджэнцы, рыхтык дзюдаісты, меліся засьведчыць роўнасьць летувісаў як нацыі. Прыкладаліся неверагодныя намаганьні, каб пераскочыць цэлы этап і нарэшце зрабіць даўніну - хараством. 16

Хараство патрабавалася перадусім дзеля таго, каб пераканаць палякаў вакол сябе і палякаў у сабе. Каб паўстаў нацыянальны рух, каб хараство ператварылася ў моц, нацыянальным дзеячам мусіць паверыць хтосьці яшчэ. Крыху маладзейшы за Басанавічуса паэт Вінцас Кудзірка (1858-1899гг.) знайшоў сьцяжыну паміж даўніной і хараством, каб дайсьці да народу. Ён ішоў пакручастымі шляхамі, праз засваеньне, а не адмаўленьне раньнемадэрнай пальшчызны. Хоць Кудзірка, як і Басанавічус, вывучаў летувіскую ў Марыямпальскай гімназіі, тая яго спаланізавала. Возьмем ягоныя ўспаміны пра школьныя гады: "Інстынкт самазахаваньня падказваў мне не размаўляць па-летувіску і ўважліва сачыць, каб ніхто не заўважыў, што мой бацька носіць грубую сялянскую вопратку і ўмее гаварыць толькі летувіскай. Я з усіх сілаў намагаўся размаўляць па-польску, хоць атрымлівалася кепска. Калі да мяне прыяжджаў бацька ці хто іншы са сваякоў, я трымаўся ад іх убаку, варта мне толькі было заўважыць, што глядзяць аднакашнікі ці шляхцюкі. Я спакойна размаўляў зь імі толькі сам-насам або па-за сьценамі гімназіі. Я пачуваўся палякам, а значыць, і шляхцічам, я ўсмактаў польскі дух". 17 Хтосьці запытаецца, чаму Марыямпальская гімназія гэтак па-рознаму паўплывала на Басанавічуса і Кудзірку: першы стаў за гады навучаньня сьвядомым летувісам, а другі адчуў сябе палякам. Адказ нагадае нам, наколькі істотныя ў расейскай імперскай палітыцы найдрабнейшыя дэталі. Басанавічус, крыху старэйшы за Кудзірку, навучаўся ў Марыямпалі, калі яшчэ дзейнічала ваеннае становішча, а забарона на польскую абапіралася на расейскія штыхі. Калі ў 1872г. ваеннае становішча адмянілі (Кудзірка быў тады на другім курсе), польская мова зноў па ўсёй Літве паціху пратачылася ў навучальныя праграмы. Як мы бачым, нават Марыямпальская гімназія зноўку стала прыладай паланізацыі.

Як і Басанавічус, Кудзірка атрымаў вышэйшую адукацыю не ў Літве, а ў адным з універсітэтаў Расейскай імперыі. Толькі Кудзірка навучаўся ў Варшаве, пачуваўся там палякам, упершыню далучыўся да палітычнай барацьбы разам з польскімі сацыялістамі. Але ўрэшце ягоная шчыльная сувязь з Польшчай паслужыла летувіскай справе. Калі Басанавічус вучыўся ў баўгарскіх і чэскіх адраджэнцаў, то Кудзірка змог засвоіць, а ня проста адрынуць здабыткі польскай культуры. Басанавічусу прыйшла ў галаву бліскучая ідэя прамінуць усе перыпетыі гісторыі раньняга Новага Часу і, падобна да чэхаў і баўгараў, уславіць Сярэднявечча. Кудзірка прывязаў раньнемадэрную польскую ідэю да мэтаў летувіскага руху - ён прыняў яго па вяртаньні з Варшавы ў 1889г. Кудзірка спрычыніўся да таго, каб выявіць Літву ня толькі адрознай ад Польшы гістарычна, як рабіў Басанавічус, але і роўнай Польшчы нацыяй у сучаснасьці. У Кудзірку заўсёды жыла думка пра статус, нягледзячы на ўсе ягоныя хістаньні і спробы пераўзысьці сябе. Патрэба быць носьбітам культуры ў юнацтве прымусіла яго выдаваць сябе за шляхціча. У больш сталым узросьце на гэтай самай патрэбе палягала ягоная задума ўзвысіць сялянства да ўзроўню палітычнае сілы і гэтак надаць высакаронасьці свайму паходжаньню. Захапленьне польскасьцю ў 70-х гадах ХІХст. дало яму моцы кінуць ёй выклік у 90-х. Глыбокае веданьне польскай дало яму магчымасьць скарыстаць Міцкевіча дзеля стварэньня новай сялянскай нацыі. У Варшаве Кудзірка пабачыў, як польскія нацыяналісты робяць зь Міцкевіча навачаснага польскага патрыёта. У адказ Кудзірка перастварыў Міцкевічаў шэдэўр у духу сучаснага летувіскага патрыятызму. Тужлівы першы радок паэмы: O Litwo! Ojczyzna moja… у перакладзе Кудзіркі загучаў поўным надзеі "Літва! Наша айчына!" У 1898г. Кудзірка ўлучыў гэтак пераствораны першы радок зь Міцкевічавага "Пана Тадэвуша" ў верш, які стаў летувіскім нацыянальным гімнам. 18

Праз два пакаленьні пасьля Міцкевіча сэнс паняткаў зьмяніўся. Адрозна ад Міцкевіча, Кудзірка верыў, што "айчына" - гэта родны край летувіскай нацыі, якой належыць мець сваю дзяржаўнасьць. У такім разуменьні, неадпаведным калі ня літары, дык духу арыгіналу, словы Міцкевіча, перакладзеныя і крыху зьмененыя, зрабіліся дэвізам летувіскага нацыянальнага руху. Гэта ўжо нешта большае за парадокс - так доўгатрывалая ідэя раньнемадэрнай Рэчы Паспалітай ператварылася ў адную з многіх магчымых мадэрных нацыянальных формаў. Параза ў 1830-м зьявіла сьвету у "Пане Тадэвушы" сталы Міцкевічаў рамантызм. Параза ў 1863-м падзяліла гэтую "плынь" на некалькі асобных нацыянальных "ручаёў". Як і Міцкевіч з польскімі рамантыкамі пасьля паўстаньня 1830г., Кудзірка зь летувіскімі рамантыкамі пасьля паўстаньня 1863г. марыў стварыць "новы сьвет на руінах старога". Але для яго старадаўняя польска-літоўская Рэч Паспалітая ўжо была руінай.

Айчына - Вялікае Княства

Для летувісаў як нацыі новы адлік часу пачаўся з 1863г. Што да палякаў і беларусаў, то тут цяжэй вызначыць, калі сканчаецца цямрэча раньняга Новага Часу і пачынаецца сьвітанак мадэрных нацыянальных ідэяў. У той час, калі новае пакаленьне летувіскіх нацыянальных дзеячаў у 80-х-90-х гг. ХІХст. акрэсьлівала асобную летувіскую нацыю са сваёй адрознай гісторыяй, палякі і беларусы ў Літве разглядалі яе як геаграфічны і палітычны панятак. Для іх належаць да Літвы азначала захоўваць традыцыі Вялікага Княства. Шмат хто зь іх не надаваў нацыянальнаму пытаньню ніякай значнасьці. У "тутэйшасьці" шляхты часта выяўлялася сьвядомае адмаўленьне ад усялякай ідэалогіі, якая не стасавалася зь мясцовымі рэаліямі і традыцыямі. 19 У "тутэйшасьці" сялянаў у ваколіцах Вільні быў практычны адказ на складаныя працэсы моўнай асіміляцыі, а таксама дыпламатычны спосаб ухіліцца ад неабходнасьці стаць на бок альбо польскамоўнай шляхты, альбо расейскамоўнага чынавенства. 20 Зрэшты, напрыканцы ХІХст. меркаваньне пра вышэйшасьць польскай мовы як сродку зносінаў было ня менш пашыранае, чым у гады Міцкевічавага юнацтва. 21

Нават пасьля 1863г. шляхта, якая мела пэўныя палітычныя амбіцыі, магла спрабаваць прыстасаваць традыцыі Вялікага Княства да патрабаваньняў сучаснай палітыкі. Найбольш значным прадстаўніком гэтай плыні быў польскі рэвалюцыянер і дзяржаўны дзеяч Юзэф Пілсудзкі (1867-1935гг.), нашчадак выбітных ліцьвінскіх шляхецкіх фаміліяў і па бацькавай, і па матчынай лініі. 22 Вучыўся Пілсудзкі ў русіфікаваных школах у Wilno. Пасьля высылкі ў Сібір ён вярнуўся ў Літву і ў 90-х гадах ХІХст. стаў на шлях польскага сацыяліста. Як мы далей пабачым, менавіта ён адыграў галоўную ролю ў стварэньні ў 1918г. Польскай дзяржавы і пазьнейшай інкарпарацыі Wilno. Ягоныя патрыятычныя пачуцьці грунтаваліся не на мадэрным - этнічным ці моўным - вызначэньні Польшчы, а настальгіі па рэспубліканстве Вялікага Княства - для Пілсудзкага яно супрацьстаяла арыстакратыі ў гісторыі Расеі. Пілсудзкі, які казаў пра сваю ліцьвінскасьць, размаўляў на літаратурнай польскай мове, якую засвоіў у сям'і, на жывой беларускай, якую чуў у ваколіцах Wilno, і на грубай расейскай, якой навучыла Сібір. Мы зразумеем, што ён ня здолеў зрабіць што-небудзь дзеля Літвы акурат праз тых самых хаўрусьнікў, якія дапамаглі яму столькі зьдзейсьніць дзеля Польшчы. 23

Як і Пілсудзкі, беларускія дзеячы таксама зьвярталіся да спадчыны ВКЛ і да сацыялістычнага федэралізму. Аднак тым, хто жадаў адрадзіць ВКЛ пад новай назвай - Беларусь, - істотна замінала атаесамленьне з пальшчызнай у раньнім Новым Часе. Трыста гадоў польская на гэтай зямлі была мовай культуры, яе абаранялі мясцовая рыма-каталіцкая эліта і рыма-каталіцкі касьцёл, яе ўмацоўвалі мільёны ейных носьбітаў далей на захад. Хоць ліетувіскую і немагчыма было ніяк супастаўляць з польскай паводле статусу ў грамадзтве, але балцкая летувіская мова яскрава вырозьнівалася сваёй іншасьцю. Нягледзячы на тое, што колькасьць носьбітаў летувіскае мовы скарачалася, іхнае геаграфічнае месцазнаходжаньне служыла для іх лепшым прыкрыцьцём, чым для беларусаў - іхнае. Беларуская мова апынулася ў самым незайздросным становішчы: некадыфікаваны славянскі дыялект нізкага статусу, які паводле сваіх марфалагічных рысаў знаходзіўся паміж польскай і расейскай мовамі, а ягоныя носьбіты ў грамадзтве знаходзіліся паміж польскай культурай і расейскай уладай. Для беларускіх сялянаў польская - а пазьней і расейская - былі мовамі высокіх культурных здабыткаў, а тое, што мы сёньня завем беларускай, - простай гаворкай простага люду. Каб узьняцца да вышэйшага стану ў грамадзтве, селянін мусіў размаўляць па-польску ці па-расейску і стаць палякам ці расейцам. 24 Моўнае падабенства, якое гэтак дапамагала Рэчы Паспалітай і Вялікаму Княству Літоўскаму ў раньнім Новым Часе, ператварылася ў цяжкое бярэмя для кожнага, хто імкнуўся разьвіваць мадэрны беларускі моўны нацыяналізм.

Дык навошта тады ўплішчваць беларусаў туды, дзе і так цесна? Навошта зьвяртаць увагу на носьбітаў беларускае мовы і беларускіх нацыянальных дзеячаў, калі іхныя прэтэньзіі на Вільню рэдка хто ўспрымаў усур'ёз, калі сучасная беларуская нацыя яшчэ так і не сфармавалася? Лёс беларускай галіны на дрэве Вялікага Княства Літоўскага сьведчыць, наколькі небясьпечна прымаць моўныя, ці "этнічныя", супольнасьці мінулага за простых папярэднікаў цяперашніх нацыянальных групаў, за големаў, якіх мусіць ажывіць магія Новага Часу. Калі мадэрная нацыя ўжо склалася, яе гісторыкам даволі проста "даказаць", што тая паходзіць ад "этнічнай супольнасьці". Таму няўдача беларускай ідэі - вельмі карысная праверка тэорыі практыкай. Тут мы сутыкаемся з "этнічнай супольнасьцю", якая колькасна нашмат пераўзыходзіла ўсе іншыя ў гэтых краёх. Паводле перапісу насельніцтва Расейскай імперыі ў 1897г., у Віленскай губерні на беларускай размаўляла больш жыхароў, чым на ўсіх астатніх мовах разам. У Віленскай, Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Віцебскай губернях - памежных тэрыторыях гістарычнае Літвы - па-беларуску размаўлялі тры чвэрці насельніцтва. У ХХст. гэтая "этнічная супольнасьць" не стварыла мадэрнай нацыі. У параўнаньні зь літоўскім і польскім пасьпяховым досьведам параза беларускай ідэі дапамагае зразумець, штó ўсё ж такі трэба нацыянальным рухам для перамогі. Калі б посьпех залежаў ад вернасьці традыцыям Вялікага Княства ці ад колькасьці носьбітаў мовы, беларусы мелі б больш падставаў для аптымізму, чым усе астатнія. Няўдача беларускага руху - вынік выпадковага зьбегу грамадзка-палітычных абставінаў, які ня вытлумачыць з гледзішча тэорыі нацыяналізму, і таму ён заслугоўвае ўвагі гісторыкаў. 25

Айчына - беларуская Літва?

Мару пра беларускую Літву ўвасобіў у прыгожым слове паэт Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1807-1884гг.). Выхадзец з дробнай польска-літоўскай шляхты, ён атрымаў адукацыю ў Пецярбурзе. У 1840г. у Вільні пабачыў сьвет ягоны першы твор - польска-беларуская камічная опера, музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка. 26 У 1859г. Дунін-Марцінкевіч завершыў працу над беларускім перакладам Міцкевічавага "Пана Тадэвуша". Як і летувіскія адраджэнцы, пра якіх мы казалі, Дунін-Марцінкевіч не сумняваўся, што найлепш сьведчаць пра годнасьць народнай мовы доказы яе роўнасьці з польскай, а самым пераканаўчым будуць пераклады з польскай літаратуры. Ён востра адчуваў двухбаковы ціск славянскіх літаратурных моваў: паводле ўласнага прызнаньня, узяцца за пераклад "Пана Тадэвуша" на беларускую яго падштурхнуў ня польскі арыгінал, а расейскі пераклад. Як і летувіскія дзеячы, Дунін-Марцінкевіч, калі можна так сказаць, абапіраўся на падтрымку самога паэта. Міцкевіч называў беларускую "найбагацейшай, найчысьцейшай мовай старажытнага паходжаньня". Дунін-Марцінкевіч хацеў пацьвердзіць гэтыя словы перакладам Міцкевічавага аповеду "пра беларускую шляхту" на мову, якой маглі чытаць "беларускія сяляне". 27 Задума надзвычай амбітная, бо ў арыгінале гэтая вельмі доўгая паэма вызначаецца дзівоснай прыгажысьцю і складанасьцю, а беларускія гаворкі на той час так і заставаліся некадыфікаванымі. Хоць у XVIст. беларуска-русінскі дыялект і выкарыстоўваўся як літаратурная мова, пасьля таго, як на зьмену яму прыйшла польская, па-беларуску пісалі вельмі мала.

Папярэдні крок ужо быў зроблены: беларускі фальклёр пераклаў на польскую Ян Чачот (1796-1847гг.). Ён разам зь Міцкевічам вучыўся ў Wilno, належаў да таго ж таемнага таварыства філаматаў, праз усё жыцьцё заставаўся сябрам геніяльнага паэта. Міцкевіч паказаў беларускія народныя традыцыі ў паэме "Дзяды" (1822г. і 1832г.) і пісаў пра польскамоўную шляхту на беларускамоўных землях у "Пане Тадэвушы". Тым часам ягоны сябар Чачот зьбіраў народныя песьні і перакладаў іх на каларытную, але ж літаратурную польскую мову. 28 У практычным плане занятак Чачота быў нашмат прасьцейшы, чым у Дуніна-Марцінкевіча. У грамадзтве, дзе сацыяльны статус меў надзвычайную важнасьць, перакласьці фальклёр на літаратурную мову - гэта адное; перакласьці шэдэўры літаратуры на мову сялянаў - зусім іншае. Можа, рафінаваная публіка і адчуе замілаваньне, калі ёй аддадуць запэцканую перліну, знойдзеную ў сьвінушніку. Але адсюль зусім не вынікае, што ёй спадабаецца глядзець, як іхныя ўласныя перлы кідаюць перад сьвіньнямі c.

Праблема нізкага статусу беларускай мовы ўплывала і на саміх беларускіх патрыётаў. Мала хто зь іх вельмі высока ставіў беларускага селяніна. Як Чачот і Міцкевіч, Дунін-Марцінкевіч таксама адчуваў сябе патрыётам старой раньненавачаснай Рэчы Паспалітай, дзе мовай палітыкі і культуры была польская. Але пры гэтым Дунін-Марцінкевіч разумеў, што польская пачынала выконваць ужо іншую палітычную функцыю ў іншага тыпу палітыцы. Незалежна ад намераў Міцкевіча той факт, што ягоныя паэма пісаліся па-польску, спрыяў кансалідаваньню моўнай (этнічнай) польскай нацыі. 29 Між тым як польская зыходзіла "да нізоў" у Польшчы, беларускія патрыёты спадзяваліся ўзьняць "да вярхоў" беларускую ў Беларусі. Дунін-Марцінкевіч ведаў, што ў краёх, дзе адбывалася дзеяньне "Пана Тадэвуша", размаўлялі на беларускіх дыялектах, і марыў узвысіць іх да літаратурнай мовы, каб дапамагчы беларускаму народу ў Міцкевічавай Літве.

Другое кола праблемаў было абумоўленае палітычнымі абставінамі, у якіх жылі і працавалі аўтары. Калі палякі мелі магчымасьць друкаваць "Пана Тадэвуша" ў арыгінале, калі існаваў расейскі пераклад, то пераклад Дуніна-Марцінкевіча сканфіскаваў расейскі цэнзар, паколькі той напісаны лацінкай, а не кірыліцай. 30 Беларускую мову ў тыя часы яшчэ не забаранялі - проста на ёй нельга было пісаць лацінскімі (польскімі) літарамі. На бяду Дуніна-Марцінкевіча, тытульная старонка беларускага перакладу адкрывалася надпісам "Pan Tadeusz" - акурат як па-польску, а не "Пан Тадеуш", як па-расейску. Летувісы абышлі праблему - зьвярнуліся да суайчыньнікаў у Нямеччыне. Дунін-Марцінкевіч ня меў такой магчымасьці, бо ўсе беларусы жылі ў Расейскай імперыі. Былі мужныя беларускія патрыёты; былі дыялекты, якія маглі стаць пісьмовай мовай; былі мільёны людзей, якія маглі навучыцца чытаць на ёй. Аднак у сярэдзіне ХІХст. амаль не было людзей, якія б валодалі толькі беларускай d, не было дзе друкаваць беларускія выданьні, не было рынку продажу беларускіх кніг.

Польшча, Літва, Расея: Беларусь?

Праблемы, здавалася б, створаныя расейскай імперскай палітыкай, часьцяком карэніліся ў традыцыях пальшчызны і рыма-каталіцызму ў ВКЛ - традыцыях, якія беларусы імкнуліся адрадзіць. Напачатку расейская ўлада падтрымлівала структуры, што некалі дзейнічалі ў ВКЛ. Ордэн езуітаў, скасаваны ў 1773г. папам Кліментам XIV, на тэрыторыі Расейскай імперыі бесьперашкодна працягваў сваю дзейнасьць. Да 1820г., калі езуіты трапілі пад забарону і ў Расеі, у іхных акадэміях, вучэльнях, друкарнях панавала галоўным чынам польская мова. Віленскі ўніверсітэт, заснаваны ў 1579г. як езуіцкая акадэмія, і Віленская адукацыйная акруга, дзе карысталіся польскай, праіснавалі да 1832г. Статут ВКЛ 1588г. дзейнічаў да 1840г. Хоць мовай Статуту была канцылярская славянская, падобная да беларускай, на мясцовых шляхецкіх соймах і ў судзе прамаўлялі па-польску. У рэлігійным жыцьці, адукацыі, заканадаўстве расейскія ўлады спачатку падтрымлівалі на землях колішняга ВКЛ пальшчызну. Гэта можа падацца дзіўным, але толькі на першы погляд. У гады цараваньня Аляксандра І было яшчэ далёка да навачаснага нацыяналізму, праз прызму якога мы разглядаем гісторыю польска-расейскіх дачыненьняў. Гэты ракурс зьявіўся толькі пасьля 1863г. А на начатку ХІХст. кіраваць азначала ўлучыць у сістэму мясцовую эліту, а не задзейнічаць масы. І Аляксандар верыў, што найлепшай глебай, каб зрабіць новую эліту часткай Расейскай дзяржавы, будуць агульныя прынцыпы асьветніцтва, якім навучаў ягоны сябар-паляк Чартарыйскі. 31

ХІХ стагодзьдзе на тэрыторыі старажытнай Літвы мала чым адрозьнівалася ад XVIIIcт.: польская палітыка зноў і зноў правальвалася, між тым як польская культура пераможна рушыла наперад. Акурат гэтае меў на ўвазе беларускі гісторык родам з дробнай шляхецкай сям'і ў Віленскай губерні e Мітрафан Доўнар-Запольскі (1867-1934гг.), калі называў палітыку Аляксандра І "паланізацыяй". 32 Доўнар-Запольскі нарадзіўся пасьля 1863г., таму ён разглядаў тыя падзеі ў сьвятле нацыянальных ідэяў, якіх тады яшчэ не было. Але ён слушна падкрэсьліваў, што да 1863г. на беларускіх землях пашыраўся ўплыў польскай культуры. Нават пасьля паўстаньня 1830-1831гг. шляхта, якую цяпер называюць беларускай, магла зусім не зважаючы на мову і звычаі сялянаў, сярод якіх яна жыла, без усялякіх праблемаў удзельнічаць у польскай і расейскай палітыцы. 33 Несумненна, са скасаваньнем у 1840г. Статутаў Вялікага Княства Літоўскага беларуская шляхта шмат у чым страціла свой традыцыйны статус, а з адменай у 1861г. прыгоннага права - і статус сацыяльны. Тады пасьля 1863г. некаторая частка шляхты зьвярнулася да летувіскай народнай нацыянальнай ідэі, а некаторая - да беларускай. Тут яны сутыкнуліся з інстытуцыйнай праблемай, якую толькі пры павярхоўным разглядзе можна залічыць да наступстваў расейскага панаваньня.

За тыя паўстагодзьдзя, што расейскія ўлады дазвалялі беларускай шляхце ўлівацца ў польскую высокую культуру, было зьнішчанае рэлігійнае апірышча, на якім у народзе магло б скласьціся ўяўленьне пра асобную беларускую нацыю. На момант апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795г., бадай, чатыры пятых сялянаў у ВКЛ належалі да вуніяцкай царквы. 34 У 1839г. вуніяцкую царкву на гэтых землях паглынула расейскае праваслаўе. Калі летувіскія дзеячы маглі выкарыстоўваць каталіцкую веру як знак адрознасьці ад Расеі, то беларускім заставалася толькі шкадаваць пра страту "сваёй" вуніяцкай царквы. 35 З 1863г. беларускія патрыёты аплакваюць лёс вуніі. Аднак у 1839г. вуніяцкая царква зусім не была нацыянальнай беларускай. Створаная для Рэчы Паспалітай, яна карысталася польскай мовай. Яе ерархі амаль два стагодзьдзі не ўжывалі мясцовы дыялект. Хоць пераход з польскай на расейскую напачатку даваўся пакутліва, урэшце ўсё зводзілася да зьмены адной чужой літаратурнай мовы на іншую. Сапраўды, у аўстрыйскай Галіцыі вуніяцкая царква сталася нацыянальнай, але дзеля гэтага спатрэбілася больш за стагодзьдзе дзяржаўнай падтрымкі і канкурэнцыя з Расеяй у міжнародных стасунках. Калі б у Беларусі захавалася вуніяцкая царква, магчыма, яна б і стала нацыянальным беларускім інстытутам, але гэта вымагала б разрыву зь яе традыцыямі раньняга Новага Часу, а не іх працягу. 36

Літва этнічная ці гістарычная?

1863 год стварыў пэўную сацыяльную прастору для летувіскага нацыянальнага руху - і адняў тыя драбніцы, што былі ў беларусаў. Тым, хто падтрымліваў ідэю этнічнай Літвы летувіскага народу зь ягонай вуснай гаворкай, пасьля 1863г. Расейская імперыя неяк спрыяла. Тых, хто выступаў за ідэю шляхетнай Літвы на аснове трыдыцыяў Рэчы Паспалітай і разьвіцьця беларускіх дыялектаў, усяляк душылі. 1863 год паклікаў да жыцьця новае - мадэрнае - пакаленьне летувіскіх нацыянальных дзеячаў, між тым як беларускія патрыёты засталіся паміж прывабнай польскай культурай і ўзмацнелай расейскай уладай. Узгадайма Кастуся Каліноўскага, польскамоўнага шляхціча-ліцьвіна, які ў 1863г. заклікаў сялянаў да барацьбы ў памфлетах, друкаваных па-беларуску. У эпоху "масавай палітыкі", якая пачалася пасьля 1863г., ягоны ход - зьвярнуцца да простага народу - меў бы бліскучыя персьпектывы. Гэтага, аднак, нельга сказаць пра сродак звароту - беларускую мову. Пасьля паўстаньня 1863г. беларусам у Расейскай імперыі забаранялася друкаваць кнігі па-беларуску. Да 1905г. усё беларускае нацыянальнае адраджэньне адбывалася ў далёкіх Кракаве, Познані і Вене f. 37 У 90-х гадох ХІХст. Францішак Багушэвіч, яшчэ адзін нашчадак дробнашляхецкага роду зь Віленшчыны, друкаваў свае беларускія вершы ў Кракаве - беларускай мовай, польскім правапісам. Польская лацінка шырока ўжывалася ў беларускім друку нават пасьля 1905г., калі ў Расейскай імперыі афіцыйна дазволілі беларускую мову. Першае значнае перыядычнае выданьне "Наша Ніва" друкавалася ў дзьвюх версіях: лацінкай і кірыліцай. Хоць Багушэвіча і лічаць бацькам беларускай літаратуры, ягоная паэзія ў Расейскай імперыі ня мела вялікага ўплыву. У 1908г. яго творы забаранілі - ужо не за беларускую мову, а за настальгічны сум па дарасейскіх парадках. 38

Можа падацца, што летувіскія дзеячы сутыкаліся з тымі самымі праблемамі. З 60-х гадоў ХІХст. забароненыя ў Расеі летувіскія выданьні выходзілі ў Нямеччыне, а летувіскім нацыянальным рухам кіравалі ажно з Баўгарыі і Злучаных Штатаў. Дык чаму ж летувісы здолелі пасьля 1863г. стварыць арганізаваны нацыянальны рух, а беларусы - не? g Што на першы погляд здаецца перашкодай, абярнулася перавагамі. Напрыклад, неабходнасьць ірваць з гісторыяй. Хоць летувіская нацыянальная ідэя вымагала надзвычайнага палёту гістарычнае фантазіі, было непараўнальна прасьцей прыдумляць гісторыю, пішучы таўшчэзныя тамы, чым зьмяняць традыцыю, зьмяніўшы паводзіны эліты. Традыцыя мае дачыненьне да таго, што людзі робяць цяпер, між тым як гісторыя апавядае пра тое, што нібыта рабілася калісьці даўно. Дзе сканчаецца традыцыя і пачынаецца гісторыя, у вялікай ступені залежыць, як выяўляецца, ад сацыяльнага паходжаньня нацыянальных дзеячаў. Тут ізноў летувісы атрымалі нечаканую перавагу перад беларусамі. Выхадцам зь ніжэйшых станаў грамадзтва, сем'і якіх ніколі не адыгрывалі ніякай ролі ў палітыцы за раньнім Новым Часам, было прасьцей паставіцца да ўсёй мінуўшчыны як да гісторыі. Летувіскія дзеячы - сялянскія дзеці, многія зь якіх навучаліся на расейскай мове, - шчасьліва праскочылі некалькі стагодзьдзяў і загаварылі пра адраджэньне. Беларускія дзеячы - польскамоўная рыма-каталіцкая шляхта - загразьлі ў багне праўдзівай існай традыцыі, якую яны ўспрынялі ад сваіх бацькоў і дзядоў. Ідэя этнічнай Беларусі з апірышчам на просты народ і ягоную мову далася ім нашмат цяжэй, чым ідэя этнічнай Літвы - летувісам. Калі летувіскія дзеячы, каб паказаць разрыў з Польшчай, вынаходзілі новы альфабэт, беларусы выкарыстоўвалі польскі правапіс, каб дыстанцавацца ад Расеі.

Тут трэба згадаць, што беларуская - мова славянская, яна мае шмат агульнага і з польскай, і з расейскай, а летувіская - балцкая, вельмі адрозная і ад той, і ад другой. Пэўная частка летувіскамоўнага сялянства на сабе адчула, штó азначала забарона расейскіх уладаў друкаваць летувіскія выданьні лацінкай. І летувіскім дзеячам гэта было на руку. Калі дзяржава пазбаўляе грамадзтва таго, што яно цэніць, то, вяртаючы людзям гэтыя каштоўнасьці, можна здабыць сабе іх падтрымку. Тут беларускія дзеячы зноў апынуліся ў горшым становішчы. У Расейскай імперыі ані ў царкве, ані ў школе не вучылі грамаце па-беларуску. Пісьменныя сярод беларусаў ужо ўмелі чытаць па-польску ці па-расейску. Таму з забароны на беларускую мову беларускім дзеячам не было ніякай карысьці: не было людзей, якім бы не ставала беларускай мовы, як летувісам не ставала летувіскай. У выніку летувіскамоўныя дзеячы і сьвятары, якія размаўлялі зь летувіскімі сялянамі на іхнай роднай мове, мелі перавагу перад рускамоўным чынавенствам і польскамоўнай шляхтай. Але ў беларускіх дзеячаў была значна меншая фора перад расейскімі і польскімі канкурэнтамі. Гэтак лінгвістычная выпадковасьць перадвызначыла ступень уплыву нацыянальных дзеячаў на мясцовае насельніцтва.

Цяпер мы зьвернемся да, бадай, аднолькава балючай праблемы і для летувісаў, і для беларусаў - эміграцыі нацыянальных дзеячаў. Хоць у кожным сьпісе пакутнікаў за бацькаўшчыну значнае месца належыць эміграцыі, яна можа прынесьці вялікую карысьць нацыянальнай справе. Зразумела, Міцкевіч прыгожа і цалкам шчыра сумаваў па дрэвах сваёй роднай Літвы, але факт застаецца фактам: ён сьмяротна нудзіўся працай у Ковенскай гімназіі. Ён здолеў зрабіцца вялікім паэтам дзякуючы зьняволеньню, высылцы і эміграцыі. Ягоныя выдатныя паэмы, якія мы тут цытавалі, пабачылі сьвет у Пецярбурзе, Дрэздэне, Парыжы. Вядома, ён усюды, дзе б ні быў, знаходзіў польскае кола. Гэта надзвычай істотна. Летувісы, якія зьехалі з Расеі ў нямецкую Ўсходнюю Прусію, каб друкаваць там "Aušra", былі, як і Міцкевіч, рамантыкамі, апанаванымі тугой па страчанай радзіме. Але ж, як і Міцкевіч, яны маглі атрымліваць дапамогу ад сваіх суайчыньнікаў. У Нямеччыне жыло калі 100.000 летувісаў. "Кніганошы", якія перапраўлялі ў Расею летувіскі друк, праяўлялі дзівосы арганізаванасьці, але, прынамсі, справа была таго вартай. Што да беларусаў, то ўсе яны жылі на тэрыторыі Расейскай імперыі, таму проста не маглі перасячы мяжу і супрацоўнічаць зь іншымі беларусамі. Тыя нешматлікія дзеячы, якія спрабавалі надаць імпульс беларускаму нацыянальнаму руху з далёкага Кракава, амаль што не знаходзілі ахвотных да супрацы ды й самі мелі ўсе шанцы заглынуцца ў навакольнай польскай стыхіі. Усё, што яны выдавалі па-беларуску на тэрыторыі Ўсходняе Прусіі, каб быў нейкі плён, даводзілася перапраўляць на вялізныя адлегласьці. Як мы бачым, падзеленасьць можа мець свае перавагі.

Гэтыя чыньнікі - сацыяльнае паходжаньне нацыянальных дзеячаў, характар мовы, межы імперыі - не стасуюцца з класічнымі прыкладамі фармаваньня нацыяў. Па-першае, іх, як правіла, ня згадваюць нацыянальныя дзеячы, калі тлумачаць прычыны свайго посьпеху ці паразы. Па-другое, усьведамленьне гэтых фактараў разбурае агульнапрынятае ўяўленьне, што "этнічныя супольнасьці" выступаюць як "протанацыі". На той час "этнічная супольнасьць" беларускамоўных сялянаў у дзесяць разоў пераўзыходзіла "этнічную супольнасьць" летувіскамоўных сялянаў ды яшчэ прырастала коштам апошняй. Аднак летувіскі рух вылучыўся ў самастоўную сілу, а беларускі - не. Па-трэцяе, гэтыя чыньнікі ў некаторай ступені супярэчаць меркаваньню, што нацыі ствараюцца дзяржавамі на этапе мадэрнізацыі. Пасьля 1863г. расейская палітыка міжволі паспрыяла іншым нацыянальным рухам, але ніколі за часам расейскага панаваньня хоць колькі-небудзь значная частка жыхароў сталіцы ВКЛ не называла сябе "расейцамі". 39 "Расейскасьць" некаторых выбітных віленчукоў неадрыўная ад традыцыяў Вялікага Княства Літоўскага.

Літва як вялікарасейская айчына

Пасьля 1863г. расейскія ўлады звычайна бачылі ў польскай эліце ворага, у летувіскім нацыянальным руху - спосаб паслабіць гэтага ворага, а ў беларускім сялянстве - частку расейскага народу. Мясцовая шляхта страціла значную долю свайго ўплыву - і таму, што пасьля 1863г. іх карала цэнтральная ўлада, і таму, што пасьля 1861г. некаторыя іхныя землі адышлі сялянам. У нацыянальным пытаньні Расея ўпершыню зьвярнула ўвагу на шырокія масы. 60-я гады ХІХст. сталіся паваротным пунктам у падыходзе Расеі да гістарычнай Літвы - Паўночна-Заходняга Краю, але працэс гэты ішоў марудна і складана. Цяпер замест таго, каб аддаваць кіраваньне простым народам у рукі мясцовай эліты, Расея пачала настройваць народ супраць гэтай эліты, скарыстаўшы нацыянальнае пытаньне ў інтарэсах дзяржавы.

Рэпрэсіі супраць польскай шляхты пасьля 1863г. зьвязваюцца зь імем генерал-губернатара М. Мураўёва, дасланага ў Вильну, каб задушыць паўстаньне. За сваю жорстасьць ён атрымаў па-расейску, па-польску і па-літоўску мянушку "вешальнік". Мураўёў бачыў у паўстаньні нацыянальную вайну паміж расейцамі і палякамі за Вильну. У паўстаньні ён знайшоў пацьверджаньне сваёй ідэі, што палякі - бунтаўнікі ад нараджэньня, а Расея - штосьці кшталту нацыянальнай дзяржавы. У Пецярбурзе Мураўёва любілі ня толькі за лютасьць сатрапа, але і за ўменьне практычна рэалізаваць сваё бачаньне нацыянальных працэсаў. Калі ён разглядаў Літву як тэатар ваенных дзеяньняў паміж палякамі і расейцамі, то гэтак яно і сталася. Ягоная палітыка перакрэсьлівала ідэю гістарычнага Вялікага Княства Літоўскага. Як мы памятаем, Кастусь Каліноўскі пісаў па-беларуску, падтрымліваў царкоўную вунію і лічыў сваёй бацькаўшчынай Вялікае Княства Літоўскае. На загад Мураўёва яго павесілі ў 1864г. у Вильне як завадатара польска-каталіцкага закалоту.

Такая палітыка нечакана стварыла перадумовы, каб правесьці іншы нацыянальны падзел на ўсіх узроўнях грамадзтва. Да 1863г. беларускамоўнае сялянства, якое складала пераважную большасьць насельніцтва ў Паўночна-Заходнім Краі, найчасьцей менавала сябе "ліцьвінамі". Пасьля 1863г. расейская рэлігійная палітыка, рэпрэсіі, а таксама расейскія прынцыпы нацыянальнага падзелу выціснулі гэтае традыцыйнае ўяўленьне на ўзбочыну грамадзкай сьвядомасьці. Імперская ўлада лічыла праваслаўных за рускіх і гэтак змушала выбіраць паміж этнонімамі. У канцы ХІХст. носьбіты беларускае мовы называлі сябе "рускімі", калі вызнавалі праваслаўе, "палякамі" - калі належалі да рыма-каталіцкага касьцёлу, і "тутэйшымі" - калі заставаліся "самі сабою". Зьнішчыўшы ў народнай сьвядомасьці гістарычны сэнс "літоўскасьці", расейская ўлада расчысьціла шлях новаму - этнічнаму - азначэньню Літвы і спрасьціла задачу летувіскім дзеячам. 40

Пасьля 1863г. расейскія гісторыкі, як і летувіскія нацыянальныя дзеячы, таксама наноў адкрылі для сябе Вялікае Княства Літоўскае - толькі апошнія бачылі ў ім птушаня, што вылецела з гнязда Расейскае дзяржавы. Паразу паўстаньня 1863г. яны падносілі як "канец чужынскага польска-каталіцкага панаваньня" на "спаконвечных расейскіх праваслаўных землях" - падобныя эўфемізмы ўваходзілі ў Расеі ў шырокі ўжытак.

У 1898г., калі ва ўсёй астатняй імперыі палякі да стагодзьдзя Міцкевіча адкрывалі помнікі выдатнаму паэту, у Вильне расейцы разам зь іншымі "вернападданымі" ўзьвялі статую генерал-губернатара Мураўёва. Міцкевіч абудзіў у патрыётаў надзеі на вызваленьне Wilno з-пад расейскай улады. Мураўёў паскорыў іх ператварэньне ў мадэрны нацыяналізм. Аднак з 1863г. штосьці зьмянілася - пра гэта сьведчыць кар'ера князя П.Д. Сьвятаполк-Мірскага, генерал-губернатара Вильны ў 1902-1904гг. Мураўёў, зь ягонай зьвярынай лютасьцю, быў патрэбны цару, каб удушыць бунт. Мірскі, зь ягонай далікатнай натурай, быў у фаворы ў імператрыцы. Мураўёў кіраваў выключна абапіраючыся на старыя метады. Мірскі выношваў планы грандыёзных рэформаў. Як і Мураўёў, Мірскі не сумняваўся, што палякі (разам са сваімі хаўрусьнікамі-габрэямі) - найвялікшыя ворагі Расеі ў Вильне і гістарычнай Літве. Адрозна ад Мураўёва, Мірскі не атаясамляў польскасьць і каталіцтва. Ён даводзіў, што ў выніку імперскай палітыкі каталікі - не-палякі рабіліся палякамі паводле нацыянальнасьці, што танчэйшы падыход мог бы перацягнуць летувісаў і беларусаў на бок Расеі. У 1904г. генерал-губернатар Мірскі пераканаў цара дазволіць карыстацца лацінкай у летувіскай мове. У 1905г. на пасадзе міністра ўнутраных справаў Мірскі нават падтрымліваў беларускасьць. Вядома, Мірскі ня бачыў за гэтымі нацыянальнымі рухамі будучыні ў кантэксьце вялікага гістарычнага змаганьня паміж Польшчай і Расеяй. На ягоную думку, летувіская і беларуская ідэя мусілі запаволіць апалячваньне і дапамагчы Расеі выйграць час для ейнай непазьбежнай перамогі. 41

Некаторыя ўдзячныя летувіскія дзеячы зразумелі, што Мірскі не зьбіраецца гвалтам наводзіць парадак на падначаленых яму землях. Як і дзясяткі іншых расейскіх чыноўнікаў, пастаўленых царом ажыцьцяўляць ягоную ўладу ў Польшчы і Літве, Мірскі паходзіў са старажытнага ліцьвінскага шляхецкага роду. Большасьць шляхты ў Вялікім Княстве мела праваслаўныя карані, і з прыходам расейскай улады Мірскія разам зь іншымі "вярнуліся ва ўлоньне праваслаўя". Пісьменная польска-літоўская шляхта дала Расейскай імперыі ня толькі багата чыноўнікаў, але і некаторых мысьляроў-кансерватараў. Вялікарасейскую ідэю на пачатку ХХст., калі Мірскі быў генерал-губернатарам Вильны, можна вызначыць як імперскую з навачасным нацыянальным элементам. У яе ўлучаўся і складнік новых нацыянальных ідэяў - настолькі, наколькі ён тлумачыў неабходнасьць "вярнуць" "страчаныя" славянскія землі і народы ва ўлоньне Расеі. У гэтым кантэксьце Вялікае Княства Літоўскае разглядалася як літоўска-расейская дзяржава, адарваная ад Расеі Польшчай і каталіцкай царквой і цяпер вернутая да Расеі і праваслаўя.

Вялікарасейскі погляд на гісторыю надзіва падобны да таго, які ўзялі на ўзбраеньне пасьля 1863г. летувіскія дзеячы. І летувіскія нацыяналісты Новага Часу, і расейцы зыходзілі з таго, што трэба адкінуць эпоху раньняй мадэрнасьці - два стагодзьдзі гісторыі Рэчы Паспалітай - і зьвярнуцца да сярэднявечнай Літвы, бо тая адпавядае патрэбам сучаснай палітыкі. Летувісы бачылі ў падзеях Сярэднявечча гісторыю этнічнай летувіскай нацыі ва ўласнай дзяржаве. Расейцы разглядалі гісторыю ВКЛ як частку ўласнай мінуўшчыны. Пасьля 1863г. і летувісы, і расейцы вярнуліся да прынятых у Сярэднявеччы назваў сталіцы ВКЛ. Для летувісаў горад стаў называцца Vilnius, для расейцаў - Вильна, але і тыя, і другія адмовіліся ад распаўсюджанай датуль польскай назвы Wilno. І летувіская, і расейская нацыянальныя гістарыясофіі ўяўляюць сабою сінтэзу Сярэднявечча і Новага Часу і прапускаюць раньнемадэрны этап. Дзеля пераемнасьці зь сярэднявечнай спадчынай абедзьве версіі настойваюць на правядзеньні радыкальных пераменаў, каб парваць з рэшткамі раньняга Новага Часу. Абедзьве апраўдвалі кардынальны разрыў зь сямейнымі традыцыямі дзеля вышэйшай логікі гісторыі. Летувіскія дзеячы часьцяком паходзілі з польскамоўнай шляхты і "вярталіся да сваіх каранёў", атаясамляючы сябе з народам. Царскія чыноўнікі часьцяком паходзілі з польскамоўнай шляхты і "вярталіся да сваіх каранёў", прымаючы праваслаўе і дапамагаючы цару зьбіраць усходнеславянскія землі.

Гэтыя расейцы ня толькі верылі ў зьліцьцё ўсіх усходніх славянаў у адзіную расейскую нацыю - яны самі былі ўвасабленьнем падобнай гістарычнай персьпектывы. Верагодней за ўсё, Мірскі ня бачыў ніякай іроніі ў сваім вяртаньні ў Вильню. Літва была і ягонай айчынай.



a Пераклад Пятра Бітэля.

b Аўтар некрытычна ставіцца да аднаго з міфаў летувіскай гістарыяграфіі. Яна мэтанакіравана перабольшвае працэс беларусізацыі Летувы ў ХІХ ст., каб абгрунтаваць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на беларускамоўную частку Віленшчыны.

c Тут аўтар у параўнаньнях польскай і беларускай мовы відавочна страчвае пачуцьцё меры.

d Відаць, маецца на ўвазе тое, што амаль не было людзей, пісьменных у беларускай мове.

e М.Доўнар-Запольскі нарадзіўся ў г.Рэчыцы былой Менскай губерні.

f Натуральна, ня ўсё беларускае адраджэньне адбывалася ў замежжы, а тым больш у Вене.

g Тут аўтар памыляецца. Беларусы стварылі арганізаваны нацыянальны рух (дастаткова ўзгадаць «Гоман», БСГ, «Нашу Ніву»), хоць па сваім размаху ён быў слабейшы за летувіскі.



1 Andreas Moritsch. "The January Insurrection and the Emancipation of Peasants in the Polish-Russian Provinces" // Bela Kiraly (рэд.). The Crucial Decade. New York: Brooklyn College Press, 180-182.

2 Algis Kasperavičius. "Kształtowanie się narodu litewskiego"// Krzysztof Jasiewicz (рэд.). Europa nie prowincjonalna. Warsaw: Rytm, 1999, 218-223; Miroslav Hroch. Social Preconditions of National Revival in Europe. Cambridge: Cambridge University Press, 1985, 89; Vytautas Merkys. "Biskup Motiejus Valanczius a polityka narodowościowa rządu Rosji" //Jerzy Kłoczowski і інш. (рэд.). Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine, Lublin: IESW, 1994, 317-318.

3 Jerzy Jedlicki. A Suburb of Europe. Budapest: Central European Press, 1999; Stanislaus Blejwas. Realism in Polish Politics. New Haven, Conn.: Yale Concilium on International and Area Studies, 1984.

4 Teodor Narbutt. Dzieje narodu litewskiego, том 2. Vilnius: Marcinkowskiego, 1841, 492.

5 Virgil Krapauskas. Nationalism and Historiography. Boulder, Colo.: East European Monographs, 2000, 31,108.

6 Tomas Venclova. "Native Realm Revisited: Mickiewicz's Lithuania and Mickiewicz in Lithuania". Цытуецца паводле рукапісу, 1-5, надрукаванага ў Zeszyty Literackie, 70 (2000). Падобную ролю адыграла і паэзія Юзафа Ігнацыя Крашэўскага. Пра Даўкантаса гл. таксама Jonas Zmuidzinas. Commonwealth polono-lithuanien ou l'Union de Lublin.Paris: Mouton, 1978,148.

7 Jean Pelissier. Les principaux artisans de la Renaissance Nationale Lituanienne. Lausanne: Léman, 1918, 25-45.

8 Jerzy Ochmański. Litewski ruch narodowo-kulturalny w XIX wieku. Białystok: PAN, 1965, 137ff.; Krapauskas. Nationalism and Historiography, 15.

9 Jiří Rak. Byvalí Čechove. Prague: H&H, 1994,127-140. Гл. таксама Vladimir Macura. Cesky sen. Prague: Lidové noviny, 1998,14-53.

10 David Diringer. The Alphabet, том І. New York: Funk and Wagnall, 1968,157-164.

11 Francis Dvornik. The Slavs in European History and Civilization. New Brunswick: Rutgers University Press, 1962, 301-303; Norman Davies. God's Playground, том І. New York: Columbia University Press, 1982, 69.

12 Liah Greenfeld. Nationalism. Cambridge: Harvard University Press, 1992.

13 Narbutt. Dzieje narodu litewskiego. том І, 454-464; Krapauskas. Nationalism and Historiography, 74.

14 Wiktor Weintraub. The Poetry of Adam Mickiewicz. The Hague: Mouton, 1954,115. Згаданая праца - Preussenš ältere Geschichte, 4 тамы., Riga: Hartmann, 1808.

15 Пра Міцкевіча ў Францыі гл. Andrzej Walicki. Philosophy and Romantic Nationalism. Notre Dame, Ind.: University of Notre Dame Press, 1997, 265-267.

16 Гл. Vladimіr Macura. Znamení zrodu.Prague: H&H, 1995, 61-79. Летувіскія дзеячы хацелі таксама давесьці, што Міцкевіч быў летувісам у этнічным сэнсе, а ня толькі ліцьвінам - у палітычным. Яны шукалі пацьверджаньняў, што Міцкевіч ведаў летувіскую мову. А ўвогуле звычка зьвяртацца да гісторыі, каб кампенсаваць пачуцьцё нямогласьці, гэткая ж старая, як і самая гісторыя. Гл. Anthony Grafton. The Footnote. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 2000, 155.

17 Цытуецца паводле: Czesław Miłosz. "Rodziewiczówna"// Kultura, 522. (1991), 21.

18 Pelissier. Les principaux artisans. 45-59; Venclova. "Native Realm Revisited". 22.

19 Bardach "Polacy Litewscy i inne narody Litwy historycznej" // Kłoczowski. Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. 366.

20 Ryszard Radzik. "Samookreślenie jako element świadomości etnicznej ludu białoruskiego w XIX wieku"// Przegląd Wschodni, 4, 3 (1997), 616.

21 Valerius Czekmonas. "O etapach socjolingwistycznej historii Wileńszczyzny i rozwoju polskiej świadomości narodowej na Litwie" // Kłoczowski. Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine, 457-463.

22 Wacław Jedrzejewicz. Kronika Życia Józeja Pilsudskiego, том І, London: Polska Fundacja Kulturalna, 1997, 15-16.

23 Іншы адказ - сацыялістычны інтэрнацыяналізм. Казімеж Келес-Краўз, выбітны тэарэтык марксізму ў партыі Пілсудзкага, паходзіў з ліцьвінска-польскай сям'і. Гл. Timothy Snyder. Nationalism, Socialism, and Modern Central Europe. Cambridge, Mass.: Harvard University Press for Ukrainian Research Institute, 1997. Маладога Фелікса Дзяржынскага (1876-1926гг.) выключылі зь Віленскай гімназіі за тое, што ён размаўляў па-польску. Дзяржынскі зьвярнуўся да сацыялістычнага інтэрнацыяналізму, далучыўся да Люксембурскага крыла польскіх сацыялістаў, якія адмаўлялі ідэю адроджанай Польскай дзяржавы, і завершыў жыцьцё ў камуністычнай Расеі старшынём ЧК. Robert Blobaum. Feliks Dzierżyński and the SDKPiL. Boulder, Colo.: East European Monographs, 1983. Гл. таксама Bohdan Cywiński. Rodowody niepokornych. Paris: Spotkania, 1985; Norman Naimark. The History of the "Proletariat ". Boulder, Colo.: East European Monographs, 1979.

24 Piotr Wróbel. Kszal'towanie siį bialoruskiej świadomości narodowej a Polska. Warsaw: Wydawnictwo Uniwersytetu Warszawskiego, 1990,16.

25 Лічбы прыведзеныя паводле Steven Guthier. "The Belorussians: National Identification and Assimilation"// Soviet Studies, 29, i (1977), 40-47. Пра "этнічныя супольнасьці" і нацыянальную гісторыю гл. Jeremy King. "Loyalty and Polity, Nation and State"ю Доктарская дысертацыя, Columbia University, 1998, 29-33. Гл. таксама Anthony Smith. The Ethnic Origins of Nations. Oxford: Blackwell, 1986.

26 M.В. Доўнар-Запольскі. Гісторыя Беларусі. Miнск: Беларуская энцыклапедыя, 1994, 360; Celina Gajkowska. "Wincenty Marcinkiewicz"// Polski Slownik Biograficzny, том 19, Wrocław: Ossolineum, 1974, 588-590.

27 Міцкевіч цытуецца паводле: A.A. Лойка, В.П. Рагойша (рэд.). Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя. Miнск: Вышэйшая школа, 1988, 32; Дунін-Марцінкевіч цытуецца паводле: Збор твораў. Miнск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1958, 370.

28 Jan Czeczot. Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny. Vilnius: Zawadzkiego, 1839. Гл. таксама T.В. Валодзіна. "Ян Чачот і браты Тышкевічы" // Фальклор. Miнск: Беларуская навука, 1997, 6; Marceli Kosman. Historia Białorusi. Wrocław: Ossolineum, 1979, 219; Weintraub. Poetry, 13; Arnold McMillin. Die Literatur der Weissrussen. Giessen: Wilhelm Schmitz, 1977, 82-83.

29 Walicki. Philosophy and Romantic Nationalism, 73.

30 Ян Запруднік. Беларуc. Boulder, Colo.: Westview, 1993, 54-55; Kosman. Historia Białorusi, 220.

31 Edward Thaden. Russia's Western Borderlands, 1710-1870. Princeton, N.J.: Princeton University Press, 1984, асабліва 54, 68-69, 79, 121, 126; Patricia Grimsted. The Foreign Ministers of Alexander I. Berkeley: University of California Press, 1969,104-150.

32 Доўнар-Запольскі. Гісторыя Беларусі. 250.

33 Соф'я Кузьняева. "Нацыянальнае адраджэньне і нацыянальная сьвядомасьць беларусаў у першай палове XIX cт."// Беларускі гістарычны агляд,І, І (1994), 57.

34 Уладзімір Сосна. "Уніяцкае пытаньне ў беларускай вёсцы"// M. Біч і П. Лойкa. З гісторыі уніяцтва ў Беларусі. Miнск: Экаперспектыва, 1996, 90-92.

35 Л.K. Taрасюк, "Адлюстраваньне уніяцкай тэматыкі ў творчасці Францішка Багушэвіча"// Ryszard Luźny, Franciszek Ziejka, Andrzej Kępiński (рэд.) Unia brzeska, Cracow: Universitas, 1994,526-531.

36 Адчуваньне інстытуцыйнай ролі царквы ў 30-х гадах ХІХст. перадае Г.И. Шалевский: гл. Последнее возсоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии. Петербург, Сельскаго Вестніка, 1910.

37 Jan Zaprudnik. "National Consciousness of the Byelarussians and the Road to Statehood" // Vitaut Kipel, Zora Kipel (рэд.) Byelorussian Statehood, Нью-Ёрк: Byelorussian Institute of Arts and Sciences, 1988, 13; Jan Jurkiewicz. "Nasze widzenie Białorusinów w XX w." // Dzieje Najnowsze, 27, 2 (1995), 68.

38 Nicholas Vakar. Belorussia. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1956, 82-83. Рэкамендацыя цэнзара // Францішак Багушэвіч. Tворы. Miнск: Беларусь, 1967, 202-205.

39 Дзеля справядлівасьці варта адзначыць заўвагу Эрнста Гельнера, што дзяржавы на этапе мадэрнізацыі часам утвараюць адную нацыю, а часам і больш. Ernest Gellner. Nations and Nationalism.Ithaca: Cornell University Press, 1983.

40 Henryk Głębocki. Fatalna sprawa. Cracow: Arcana, 2000; M. Прудников. "Чего же хочет Польша?" Пецярбург: Главное управление военно-учебных завадений, 1863. Radzik. "Samookreslenie". 612-614; M. Koszelew."Polacy w oczach Białorusinów"// Dzieje Najnowsze, 27, 2 (1995), 83-85.

41 Theodore Weeks. Nation and State in Late Imperial Russia. Dekalb: Northern Illinois University Press, 1996, 45-73; Theodore Weeks. "Russification and the Lithuanians"// Slavic Review, 60, i, (2001), 109; Dominic Lieven. Nicholas II. New York: St. Martins 1993, i34-!35; Witold Rodkiewicz. Russian Nationality Policy. Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998, 226-231; Pelissier. Les principaux artisans, 158-159; O русской правде и польской крuвде, Mасква: Университетская типография, 1863, 28-29. 42. Łukasz Chimiak. Gubernatorzy Rosyjscy w Królestwie Polskim. Wroclaw: FNP, 1999, 70-79; Andrzej Chwalba. Polacy w służbie Moskali. Warsaw: PWN, 1999, 66; Paul Bushkovitch. "The Ukraine in Russian Culture"// Jahrbücher för Geschichte Osteuropas, 39. 3 ( I99 I). 347-350. Гл. таксама Л.Е. Горизонтов. Парадоксы имперской политики. Mасква: Индрик, 1999; Vakar. Belorussia, 73. Іосіф Гурко, генерал-губернатар Варшавы і самы знакаміты русіфікатар у польскай гісторыі, таксама меў польска-ліцьвінскія карані.


Разьдзел 3. Першая сусьветная вайна і віленскае пытаньне (1914 - 1939гг.)

Сьмерць, хіба, мне толькі дасьць спакою.

Адам Міцкевіч. "Дзяды" a (1832г., Дрэздэн)


Да 1914г. колішнюю сталіцу Вялікага Княства Літоўскага марылі бачыць сваім палітычным цэнтрам летувіскія, беларускія і польскія дзеячы. Для габрэяўў - найбольш адметнай супольнасьці гэтага места - яна была духоўнай сталіцай. Для чынавенства пры ўладзе - старажытным расейскім горадам. Большасьць школаў - расейскамоўныя, большасьць культавых будынкаў - рыма-каталіцкія касьцёлы, больш за траціну жыхароў - габрэі. З 1863г. насельніцтва Віленскай губерні ў Расейскай імперыі павялічылася больш як удвая, гараджанаў паболела амаль утрая, а колькасьць віленчукоў узрасла болей як у тры разы. 1 У эпоху індустрыялізацыі й урбанізацыі на захадзе Расейскай імперыі кожнае наступнае пакаленьне пасьля 1863г. было больш адукаваным і больш "гарадзкім" за папярэдняе. Захавалася размаітасьць назваў места: Vilnius па-летувіску, Wilno па-польску, Вільня па-беларуску, Вильна па-расейску і Vilne на ідышы. Пасьля рэвалюцыі 1905г., калі упершыню паўстала праблема прэтэньзіяў розных этнічных супольнасьцяў на "свой" горад, гэтае шматмоўе сьведчыла пра ўсё большую непрымірымасць у іхных пазіцыях.

Для летувіскіх дзеячаў Vilnius быў сталіцай ВКЛ, збудаванай Вялікім Князем Гедымінасам на досьвітку слаўнай літоўскай гісторыі. Яны ўсё часьцей бачылі ў сярэднявечным Вялікім Княстве папярэдніка незалежнай Летувіскай дзяржавы ў ейных прыкладных этнічных межах. Хоць летувіскія дзеячы і працавалі пераважна ў Vilnius'е, тамтэйшае летувіскамоўнае насельніцтва скаладала абсалютную меншасьць (можа, 1-2 %). 2 Хоць практычна падставай вылучаць летувісаў у асобную этнічную супольнасьць была мова, летувіскія дзеячы даводзілі сваё права на Vilnius, зыходзячы з гістарычных чыньнікаў. Неадназначнасьць такога становішча прыкрывалі фармулёўкі, да прыкладу, з праграмы Летувіскай дэмакратычнай партыі (1902г.), у якой казалася пра незалежную Летуву ў ейных "прыблізных этнаграфічных межах". Падчас рэвалюцыі 1905г. створаны левымі і цэнтрысцкімі партыямі Летувіскі нацыянальны сойм заклікаў да абвяшчэньня Летувіскае аўтаноміі "зь ядра цяперашняй этнаграфічнай Літвы", куды б уваходзілі Vilnius і прылеглыя землі. "Цяперашняя" і "этнаграфічная" спалучаюцца невыпадкова. Паводле прыкладу польскіх нацыянал-дэмакратаў і іншых тагачасных нацыяналістаў, летувіскія дзеячы вылучалі этнаграфію навукова абгрунтаваную і падлеглую палітычным зьменам. На іх думку, насельнікі Vilnius'у і ваколіцаў, якія лічыліся палякамі ці беларусамі, насамрэч былі польска- ці беларускамоўнымі летувісамі. Пры ўдалым зьбегу абставінаў "этнаграфічная Літва" магла б пашырыцца. 3 Як мы пабачым, яны мелі рацыю.

Беларускія нацыянальныя дзеячы вялі ў Вільні ня меншую працу за сваіх супернікаў-летувісаў. Яны таксама зьвярталіся да часоў Вялікага Княства, уважалі сябе за ягоных спадкаемцаў і называлі Вільню сваёй сталіцай. 4 Але, адрозна ад летувісаў, перакананых, што вунія 1569г. скасавала незалежнасьць Літвы, беларускія дзеячы выступалі за адраджэньне Рэчы Паспалітай b. Як мы заўважылі, тут выяўляецца істотная розьніца ў інтэрпрэтацыі гісторыі. У летувіскім асяродку крытычнае стаўленьне да аб'яднаньня з Польшчай пачало выяўляцца ў 40-х гадах і атрымала шырокі распаўсюд у 80-х гадах ХІХст. Але ніводны беларускі мысьляр да 1910г., здаецца, нават ня ставіў пад сумнеў дадатную ролю Рэчы Паспалітай. 5 На пачатку ХХст. правы беларусаў на Вільню адстойвалі сацыялісты - выхадцы з польскамоўных рыма-каталіцкіх шляхецкіх сем'яў. Для іх сацыялістычны інтэрнацыяналізм не супярэчыў традыцыйнаму федэралізму. 6 Падчас рэвалюцыі 1905г. польскія і летувіскія партыі выявілі рашучасьць і займелі падтрымку масаў. Што да беларускага руху, то ён дасягнуў нязьмерна сьціплейшых вынікаў: беларуская ідэя пачала складаць сур'ёзную канкурэнцыю імперскаму "западно-руссизму". 7 Першае значнае перыядычнае выданьне - "Наша Ніва" - зьявілася ў 1906г. Да 1914г. ніхто не ўздымаў пытаньня пра дзяржаўную самастойнасьць беларускае нацыі c. У Вільні беларускамоўнае насельніцтва нашмат пераўзыходзіла летувіскамоўнае, а ва ўсёй Віленскай губерні носьбіты беларускае мовы скаладалі больш за палову. У Віленскай, Менскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях - памежных тэрыторыях гістарычнае Літвы - беларускамоўнае насельніцтва складала тры чвэрці. Аднак беларускія сяляне нідзе ня выйгралі ад індустрыялізацыі, і беларусы нідзе не вялі рэй у гарадзкім жыцьці. Ва ўсіх гарадах, дзе носьбіты беларускай мовы скаладалі значную частку насельніцтва, яны адрозьніваліся ніжэйшым узроўнем адукацыі ў параўнаньні зь іншымі этнічнымі супольнасьцямі. 8

Летувіскія і беларускія дзеячы надавалі вялікую ўвагу Vilnius'у/Вільні. Аднак на іх саміх Wilno ніяк не зважала. У 1914г. у грамадзкім жыцьці панавала польская мова, хоць і адрозная ад той, якой размаўлялі ў Варшаве. Пад уладай Расейскай імперыі ў Wilno і Віленскай губерні ( Wilenszczyzna) замацавалася своеасаблівая польская культура. Нягледзячы на шэраг законаў, скіраваных на тое, каб зямельная ўласнасьць перайшла ў рукі праваслаўных і расейцаў, большасьць зямлі ў Віленскай губерні належала палякам. 9 У 1914г. паводле колькасьці насельніцтва ў Wilno на першым месцы былі палякі - яны крыху апярэджвалі габрэяў. У залежнасьці ад таго, якога пункту гледжаньня прытрымлівацца, у Wilno і ваколіцах або вялі рэй прадстаўнікі польскай нацыянальнасьці, або такой не было ўвогуле - пераход на польскую мову ўспрымаўся хутчэй як далучэньне не да асобнай нацыянальнай супольнасьці, а да паважанага кола ў грамадзтве. 10 У гістарычнай Літве ніхто ня згадваў пра "абуджэньне" "сапраўднай" нацыянальнай сьвядомасьці сярод польскамоўнага насельніцтва, бо прывабнасьць польскай культуры не выклікала сумневаў, а самое валоданьне польскай мовай сьведчыла пра сацыяльны статус. У колішнім Вялікім Княстве пальшчызна разглядалася не як "этнічная" дадзенасьць, якую намаганьнямі актыўных дзеячаў трэба ператварыць у палітычную сілу, а як чалавечая якасьць, уласьцівая (незалежна ад "этнічнага" паходжаньня) тым, хто вызначаў правілы "культурных паводзінаў".

Эліта, якая прыняла гэты варыянт пальшчызны (пасьля 1905г. іх сталі зваць "краёўцамі"), адрозьнівала яго ад пальшчызны на землях Кароны Польскай. Яны ведалі пра крэўную сувязь сваіх радоў зь літоўскай шляхтай, часта самі размаўлялі на дзьвюх ці трох мовах, і таму для іх Вялікае Княства Літоўскае ўяўлялася найпрыўкрасьнейшай часткай польскае спадчыны. Гэтыя палякі бачылі ў Wilno цэнтр цывілізацыі, якую яны стварылі, захавалі і марылі выяўляць у адроджанай Польшчы. Wilno для іх зусім не было "этнічным" польскім местам у паўночна-ўсходнім кутку будучай "этнічнай" Польшчы - яны ставіліся да Wilno як да сталіцы гістарычнае Літвы, для якой хаўрус з Каронай Польскай заўсёды заставаўся стрыжнем палітыкі. Сваёй радзімай у палітычным сэнсе ўсе краёўцы бачылі Літву пасьля 1569г. Большасьць зь іх не сумнявалася, што гістарычная Літва на новым этапе ўвойдзе ў агульную супольнасьць з Каронай Польскай, аднак некаторыя ўважалі за лепшае пакінуць гэтае пытаньне на разгляд будучага сойму ў Wilno. 11 "Краёўцы" былі больш вернымі пасьлядоўнікамі Міцкевіча, чым нацыяналісты Новага Часу - і польскія, і летувіскія. На пачатку ХХст. палітычныя погляды "краёўцаў" аформіліся праз патрыётаў-сацыялістаў кшталту Пілсудзкага ў ідэю федэралізму.

Літоўскія палякі меркавалі, што іхную пальшчызну традыцыі Вялікага Княства ўзвышаюць над усялякай іншай і што польская культура ўвогуле вышэйшая за летувіска- ці беларускамоўную. Але чым шырэй распаўсюджвалася навачасная канцэпцыя нацыянальнасьцяў, тым больш гэтае ўсьведамленьне двайной перавагі ператваралася ў пастку. З аднаго боку, паколькі адчуваньне вышэйшасьці ў параўнаньні з Каронай Польскай палягала на мясцовых традыцыях, зь ім не маглі пагадзіцца ў Варшаве і Кракаве. Доказам - тое, што Міцкевіча ўсё часьцей успрымалі як проста польскага паэта. З другога боку, існавала рызыка, што ўзрошчваньне тых самых мясцовых традыцыяў прынясе горкія плады. Тых, хто на польскай мове распачынаў летувіскае і беларускае нацыянальнае адраджэньне, ніякім чынам не асуджалі, бо бачылі ў фальклёры частку спадчыны ВКЛ. 12 Але навачасныя нацыяналісты, якія парываліся кінуць выклік паноўнай польскай культуры, карысталіся вобразамі й тропамі гэтых твораў, перакладалі іх на летувіскую і беларускую мовы. Калі пасьля 1905г. пэўная частка рыма-каталіцкай эліты "здрадзіла" беларускаму й летувіскаму нацыянальнаму руху, а зь сялянскага асяродзьдзя зьявіліся актыўныя дзеячы летувіскага адраджэньня, пальшчызна як сьвядомы выбар паступова апынулася ў становішчы слабейшага. 13

Падчас рэвалюцыі 1905г. Літоўская асамблея/сойм дамаглася ад царскіх уладаў значных саступак. Адсюль некаторыя літоўскія палякі, напрыклад, Міхал Ромэр (пазьней вядомы як Міколас Ромерыс, 1880-1945гг.) вынесьлі ўрок: летувісы як нацыя - гэта сіла, да якой трэба ставіцца паважна. На думку Ромэра, гістарычная Літва мусіла адрадзіцца як шматнацыянальная дзяржава летувісаў, беларусаў, габрэяў і палякаў, у ёй маглі б весьці рэй летувісы, а палякі - ажыцьцяўляць сувязь паміж рознымі культурамі. Мадэрным нацыянальным дзеячам нялёгка было прыняць гэткае нестандартнае рашэньне, адпаведнае традыцыям ВКЛ і чуйнае да новага ў летувіскім руху. Так, сапраўды: у нечым падобныя ідэі калісьці выношвалі такія летувіскія дзеячы, як Басанавічус і Шлюпас. 14 Але, як мы бачылі, летувіскія нацыяналісты сутыкнуліся з практычнымі праблемамі ў засваеньні шматнацыянальных культурных здабыткаў і ў выніку прыйшлі да этнічнага вызначэньня Літвы. На той час, як некаторыя літоўскія палякі пагадзіліся пайсьці на гэткі кампраміс, летувіскія дзеячы ўжо мелі цьвёрды намер замест польскай культуры ўсталяваць летувіскую ў збольшага этнічных межах Літоўскай дзяржавы. 15

Што да габрэяў, то іх сувязь са старажытнай цывілізацыяй не выклікала сумневу, а відавочная адрознасьць сьведчыла сама за сябе. Габрэяў падобныя праблемы не абыходзілі. У 1914г. яны складалі 40% насельніцтва Vilne і бадай, тры чвэрці гандляроў у горадзе. За чатыры стагодзьдзі ў "літоўскім Ерусаліме" атайбавалася мноства габрэяў. 16 "Літоўскі" у гэтым выпадку азначае "прыналежны да Вялікага Княства Літоўскага", а ў ягоны склад уваходзілі і Менск (на той час - 51% габрэйскага насельніцтва), і Гомель (55%), і Пінск (74%), і Віцебск (51%). Тагачасны Віцебск найлепш вядомы з карцінаў Марка Шагала (1887-1985гг.), які адтуль родам. Vilne быў адным з найбуйнейшых цэнтраў талмудычнае навукі, у ім жыў, напрыклад, Эліях бэн-Саламон (1720-97гг.), вядомы як віленскі Гаон, жорсткі крытык хасідызму. (Дарэчы, ня варта перабольшваць супярэчнасьці паміж Гаонам і хасідамі: як і апошнія, ён займаўся практычнай кабалай, вывучаў лекавыя зёлкі ў хрысьціянаў і нават спрабаваў стварыць Голема.) У ХІХст. Vilne быў галоўным цэнтрам Хаскалы - габрэйскага Асьветніцтва - у Расейскай імперыі. Цікава, што менавіта тыя, хто гадаваўся на ідэях Хаскалы, сталі заснавальнікамі габрэйскіх палітычных партыяў. Хоць у палітыцы ўдзельнічала абмежаванае кола сьвецкае моладзі, самая атмасьфера гораду спрыяла палітычнаму зарганізаваньню габрэяў (у рамках гістарычна магчымага). Чаго не было, дык гэта палітычнага асімілянцтва, калі публічнае ўжываньне паноўнай мовы зьвязваецца з лаяльнасьцю да палітычнага рэжыму (як, напрыклад, у сучасных Вене і Львове). У Vilne з хрысьціянскіх культураў вяла рэй польская рыма-каталіцкая, а палітычная ўлада належала праваслаўнай Расеі. І напрыканцы ХІХст. габрэі ў Літве ня мелі ніякіх ілюзіяў наконт таго, што польская культура магла б лібералізаваць расейскі палітычны рэжым. 17 Дзякуючы адслоненасьці віленскіх габрэяў ад польскай палітыкі, у Vilne, адрозна ад Lemberik'у/Львову, нараджаліся іншыя падыходы да навачаснай габрэйскай палітыкі.

Хоць сіянізм - гэта форма нацыяналізму, а марксізм - інтэрнацыяналізму, і той, і другі стваралі праблему для польскай культуры ў Vilne. І сіяністы, і габрэйскія сацыялісты выказвалі большае непрыманьне польскай, чым летувіскай, нацыянальнай ідэі. Яны зыходзілі з таго, што летувіская дзяржава будзе шматнацыянальнай і слабой, а польская - нацыянальнай і моцнай. Сіянізм узьнік як "нацыяналізм у адказ", як спосаб захаваць габрэйскую нацыю, даць ёй адчуць уласную годнасьць абяцаньнем роднай зямлі. Гэта быў вельмі своеасаблівы нацыянальны праект, бо габрэі пераважна пражывалі ў гарадох і мястэчках усёй былой Рэчы Паспалітай (большасьць зь іх увайшлі ў "рысу аселасьці" ў Расейскай імперыі). Сіяністы не маглі прэтэндаваць на еўрапейскія тэрыторыі на падставе колішняй дзяржаўнасьці або сучаснага дэмаграфічнага стану - іхная меркаваная радзіма знаходзілася ў Азіі (паводле іншых версіяў - у Афрыцы). Сіяністы не маглі спаборнічаць у барацьбе за землі Вялікага Княства. Але ўжываньне ідышу і прыхільнае стаўленьне да іўрыту дапамагалі ім яшчэ больш адасобіць габрэйскую культуру ад польскай. Габрэйскія сацыялісты, наадварот, зьвязвалі будучыню зь еўрапейскай ці сусьветнай рэвалюцыяй. У выніку гэтага вялікага пераруху на парадку дня зноў мусіла апынуцца пытаньне спадчыны ВКЛ і нацыяналістычных памкненьняў. А пакуль трэба было рыхтаваць рэвалюцыю, і для габрэйскіх сацыялістаў мовамі палітыкі сталі расейская і ідыш. Габрэі раздражнялі польскіх палітычных дзеячаў тым, што карысталіся расейскай, а ня польскай. У адным з такіх выпадкаў Пілсудзкі прапанаваў як кампрамісны варыянт ідыш. 18 У 1897г. сацыялісты-русафілы габрэйскага паходжаньня з гістарычнай Літвы заснавалі ў Вильне Бунд. Потым яны адыгралі сваю ролю ў рэвалюцыі 1905г. у мясцовым маштабе і ўжо вядучую ролю - у бальшавіцкай рэвалюцыі 1917г.

Сусьветная вайна і нацыянальныя амбіцыі

Бальшавіцкая рэвалюцыя і Першая сусьветная вайна зрабілі магчымым утварэньне новых дзяржаваў на землях гістарычнае Літвы. Параза Расейскай імперыі і яе распад абумовілі зьяўленьне Летувіскай і Польскай дзяржаваў і іх змаганьне за Vilnius/Wilno. Пасьля вайны паміж Польшчай і бальшавіцкай Расеяй у 1919-20гг. і сутычак паміж польскім і летувіскім войскам у 1920г. Польшча захапіла Wilno. Хоць аперацыю арганізавалі польскія федэралісты, яна паслужыла справе польскіх нацыяналістаў.

Мы засяроджваліся на польскім федэралізьме ў Віленскай губерні, між тым як галоўныя накірункі польскага нацыяналізму вызначаліся ў Варшаве, Лодзі, Кракаве, Познані і на землях цэнтральнай Польшчы. На абсягах былой Кароны Польскай гістарычныя і сацыяльныя супярэчнасьці надалі польскай ідэі мадэрны нацыянальны кірунак. Тут польскамоўная эліта мела дачыненьні зь сялянамі, якія таксама размаўлялі на польскай, а не якой іншай мове, з габрэйкім і нямецкім насельніцтвам гарадоў і мястэчкаў і праваднікамі расейскай, нямецкай або аўстрыйскай імперскай палітыкі. Той факт, што некаторыя тэрыторыі, дзе працоўныя і сяляне размаўлялі па-польску, не належалі да колішняй Кароны Польскай, толькі ўзмацняў моўны нацыяналізм у параўнаньні з гістарычным. Напрыканцы ХІХст. моўны нацыяналізм у цэнтральнай Польшчы мог паяднаць эліту і масы: можна было не саромецца, размаўляючы зь людзьмі на зразумелай ім мове, і самая гэтая мова, ужо даўно кадыфікаваная, вызначалася высокім узроўнем разьвітасьці і багацьцем. Сапраўды: у цэнтральнай Польшчы галоўным клопатам польскіх патрыётаў сталася захаваньне польскай культуры, а пазнакамі польскай нацыянальнасьці служылі польская мова, рыма-каталіцкая вера і веданьне рамантычнай паэзіі. 19 У Wilno польскі патрыятызм быў пашыраны сярод шляхецкіх сем'яў, якія згадвалі гісторыю дзяржаўнасьці ВКЛ. Між тым польскія патрыёты на землях Кароны Польскай - Нацыянальна-дэмакратычны рух Рамана Дмоўскага (1864-1939гг.) - займаліся падрыхтоўкай польскіх працоўных і сялянаў да стварэньня мадэрнай нацыянальнай дзяржавы.

Дмоўскі і Пілсудзкі былі носьбітамі двух розных тыпаў пальшчызны і па-рознаму бачылі Польшчу. У сацыялістычным федэралізьме Пілсудзкага яскрава выявілася рэакцыя палякаў у Літве на тагачасную палітычную сітуацыю. Падпольная сацыялістычная агітацыя Пілсудзкага ў Расейскай імперыі натуральным чынам вынікала з уяўленьня ўсходніх палякаў пра сябе як пра культурную эліту, надзеленую вышэйшай ведай пра парадак рэчаў. У прынятай у 1892г. праграме Польскай сацыялістычнай партыі (ППС) - партыі Пілсудзкага - ставілася задача стварыць федэратыўную дзяржаву. Сацыялістычны федэралізм - штосьці сярэдняе паміж раньнемадэрным патрыятызмам і навачаснай "палітыкай масаў" - адрозьніваўся ад нацыянал-дэмакратыі Дмоўскага трыма істотнымі чыньнікамі. Па-першае, сацыялістычны федэралізм быў працягам успадкаванай традыцыі, а не вынаходжаньнем гісторыі. Шляхта, якая імкнулася аднавіць Вялікае Княства Літоўскае, абапіралася на канцэпт нацыі, што перадаваўся з пакаленьня ў пакаленьне. Па-другое, ідэі сацыял-федэралізму распаўсюджваліся не праз асьвету масаў, а праз падпольную працу ў коле правераных таварышаў. У ППС Пілсудзкага горача абмяркоўваліся нацыянальныя пытаньні, але да расколу ў 1905г. кіраўніцтва партыі ніколі не разглядала магчымасьці ісьці за масамі, а ня весьці іх. Па-трэцяе, сацыял-федэралісты зыходзілі з азначэньня нацыі не як моўнай супольнасьці, а сацыяльнай групы з адпаведным статусам у грамадзтве. Для іх сэнс быў ня ў тым, каб бачыць у кожным, хто жыве на акрэсьленай тэрыторыі, прадстаўніка адной этнічнай супольнасьці (якая, такім чынам, мае права на сваю нацыянальную дзяржаву), а ў тым, каб прызнаваць адрознасьці і скіроўваць іх на стварэньне рэспубліканскай польскай ідэі. Дзеці ўсходнепольскіх шляхецкіх сем'яў, упэўненыя ў сваёй вышэйшасьці ў параўнаньні зь мясцовым летувіскім і беларускім сялянствам ды габрэямі, яны верылі, што гэтая рэспубліка абярэ польскую культуру. У Расейскай імперыі да 1914г. шмат хто сярод палітыкаў-кансьпіратараў схіляўся да гэтай ідэі, і ёсьць падставы меркаваць, што ў дэмакратычнай Польшчы пасьля 1918г. польская шляхта Віленшчыны галасавала за левых федэралістаў. 20

Сын каменячоса зь нейкага "мядзьвежага кута" ў цэнтральнай Польшчы, Дмоўскі зрабіў іншыя палітычныя высновы зь іншай гістарычнай сітуацыі. Калі Пілсудзкі ўяўляў сабе польскую палітычную нацыю на ўсім шматнацыянальным абсягу, які быў яму радзімай, то Дмоўскі бачыў станаўленьне этнічнай польскай нацыі ў зацятым змаганьні з падступнымі габрэямі і дысцыплінаванымі немцамі. Дмоўскі вызначыў крытэры, паводле якіх палякі адрозьніваліся ад іншых нацыянальнасьцяў, - мова і рэлігія. Даводзячы неабходнасьць аб'яднацца на падставе гэтых асаблівасьцяў і бараніцца ад іншых, Дмоўскі спасылаўся на папулярны ў той час сацыял-дарвінізм. Пілсудзкі адчуваў тугу па мінулым. Дмоўскі называў сябе "сучасным палякам" і не хаваў намеру цалкам пазбавіцца ад таго, што засталося ад польска-літоўскай Рэчы Паспалітай, каб на яе месцы сфармавалася навачасная польская самасьвядомасьць. Хоць Пілсудзкі і быў сацыялістам, Дмоўскага больш хвалявала пытаньне сацыяльных пераўтварэньняў і ідэалагічны зьмест "палітыкі масаў". Перад Першай сусьветнай вайной Дмоўскі ў змаганьні за сацыяльныя перамены не арганізоўваў такіх яркіх акцыяў, як Пілсудзкі і ягоныя сацыялісты, але Дмоўскі зрабіў больш дзеля вызначэньня польскасьці як нацыянальнасьці. Да 1914г. прапанаванае Дмоўскім азначэньне польскасьці сталася ледзь не агульнапрынятым, а Нацыянальна-дэмакратычны рух, які ён узначальваў, - найбольш уплывовай палітычнай сілай на польскіх землях. 21 Менавіта ягоная партыя атрымлівала найбольшую колькасьць галасоў на выбарах, што праводзіліся пасьля 1918г.

Ідэі Пілсудзкага і Дмоўскага мелі значэньне ня толькі з гледзішча сацыяльнай гісторыі. Яны ўплывалі на разьвіцьцё падзеяў у вырашальныя моманты гісторыі, калі на першы погляд здавалася, што ўсё вырашае толькі збройная сіла. Напрыканцы Першай сусьветнай вайны ў Wilno ішло змаганьне паміж: 1) носьбітамі дзьвюх розных канцэпцыяў пальшчызны; 2) прыхільнікамі інтэрнацыяналісцкага, шматнацыянальнага і мадэрнага, нацыянальнага вызначэньня "Літвы"; 3) бальшавікамі, польскімі, летувіскімі і беларускімі дзеячамі за рэальны кантроль над горадам. Да 1918г. ва ўсіх згаданых групаў: інтэрнацыяналістаў зь земляў былога ВКЛ (і славянаў, і габрэяў, і балтаў), якія зрабіліся бальшавікамі, пасьлядоўных прыхільнікаў традыцыяў ВКЛ, якія зрабіліся польскімі ці беларускімі сацыял-федэралістамі, летувіскіх нацыянальных дзеячаў і польскіх нацыяналістаў - склаліся цьвёрдыя перакананьні пра належную форму дзяржаўнасьці й уладкаваньня дзяржаўных межаў. Бальшавікі чакалі прыйсьця камунізму ў Вильну; польскія і беларускія сацыял-федэралісты зыходзіліся ў тым, што Wilno/Вільня будзе сталіцай шматнацыянальнай дзяржавы; польскія і летувіскія нацыяналісты згаджаліся, што Wilno/Vilnius увойдзе ў склад нацыянальнай дзяржавы (толькі не згаджаліся, якой канкрэтна). Як мы пабачым, параўнаўча з нацыянальнай або інтэрнацыянальнай, федэралісцкую ідэю было цяжэй ажыцьцявіць. Федэралізм вымагаў скрайняй узважанасьці ў вызначэньні межаў, кампрамісаў паміж мясцовымі элітамі, згоды жыхароў. Натуральна, тут узьнікала значна болей складанасьцяў, чым з простым захопам Wilno альбо бальшавіцкай Расеяй, альбо нацыянальнай дзяржавай.

Выявілася, што польскія й летувіскія нацыяналісты мелі рацыю. Wilno/Vilnius анэксавала нацыянальная дзяржава, прычым палякі не памыліліся ў тым, штó гэта была за дзяржава. Хоць польскія нацыяналісты атрымалі перамогу і спраўдзілі свае прадказаньні, насамрэч яны складалі далёка не наймацнейшую супольнасьць. У мясцовым маштабе, магчыма, нават найслабейшую. Адрозна ад летувіскіх нацыяналістаў і беларускіх федэралістаў, яны зусім не разьлічвалі на масавую падтрымку на землях колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Адрозна ад бальшавікоў і польскіх федэралістаў, яны ніколі не ўзначальвалі войска, што захоплівала Wilno. Адрозна ад усіх астатніх груповак (улучна з бальшавікамі), яны ніколі ня згадвалі традыцыяў Вялікага Княства Літоўскага. Перамога як іхных ідэяў дзяржаўнасьці, гэтак і поглядаў на ўладкаваньне дзяржаўных межаў сьведчыць пра перавагу навачасных нацыянальных ідэяў у моманты распаду імперыяў. На баку Пілсудзкага была рэальная моц, але ён заблытаўся ў складанасьцях федэралісцкага праекту. Калі іншыя партыі адхілілі ідэю федэрацыі, Пілсудзкаму нічога больш не заставалася, як кінуць свае сілы на падтрымку дзейснай палітыкі Дмоўскага. Гэта была ня столькі перамога Польшчы, колькі адной зь дзьвюх канцэпцыяў Польшчы. Гэта быў ня столькі прыклад нацыянальнага самавызначэньня ў паваенным часе, колькі трыюмф мадэрнага нацыяналізму над традыцыйным шматнацыянальным патрыятызмам Вялікага Княства Літоўскага (і ў некаторай ступені над бальшавіцкім інтэрнацыяналізмам).

Да 1918г. паэзію Міцкевіча, спароджаную тугой па Вялікім Княстве, ужо дастасавалі да канонаў навачаснага польскага і летувіскага нацыяналізму. У 1920г. жаўнераў, якія ўзялі Wilno і далучылі яго да польскай нацыянальнай дзяржавы, натхнялі федэралісцкія ідэі Пілсудзкага і спадзеў адрадзіць ВКЛ. Цяпер давайце ад іроніі гісторыі перанясемся на палі ваенных дзеяньняў і паглядзім, як гэта атрымалася.

Першая сусьветная і польска-расейская вайна

Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі ў лістападзе 1917г. і заканчэньня Першай сусьветнай вайны ў лістападзе 1918г. у Паўночна-Заходнім Краі (былым ВКЛ) склалася надзвычай заблытаная сітуацыя. Нямецкая армія капітулявала перад Брытаніяй, Францыяй і ЗША на захадзе, але не здавалася на ўсходзе. Між тым як Чырвоная армія і белагвардзейскія палкі ваявалі адно з адным, на землях гістарычнае Літвы мясцовыя палітыкі абвяшчалі нацыянальную незалежнасьць і спрабавалі стварыць уласныя арміі. Польская дзяржаўнасьць абапіралася на абвешчаную Антантай падтрымку нацыянальнага самавызначэньня. Але заходнім дзяржавам бракавала вайсковае моцы, каб забясьпечыць патрэбныя ім вынікі на ўсходзе. Нямецкія войскі адыходзілі непасьлядоўна, часьцяком знаходзілі спосаб застацца і змагацца з бальшавікамі. 22

Летувіскія і беларускія дзеячы спадзяваліся скарыстацца з прысутнасьці нямецкіх войскаў як з прыкрыцьця, каб стварыць уласныя дзяржавы, перш чым прыйдуць бальшавікі. Першымі вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх прэтэньзіяў на Вільню беларусы. У сакавіку 1918г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з ініцыятывы Антона Луцкевіча (1884-1946гг.) абвясьціла Вільню часткай незалежнай Беларусі. Актывісты БНР уяўлялі сабе Беларусь шматнацыянальнай, іх тэрытарыяльныя прэтэньзіі спалучаліся з заявамі аб талерантнасьці. Луцкевіч імкнуўся аднавіць Вялікае Княства Літоўскае ў форме сучаснай сацыялістычнай федэрацыі ад Балтыйскага мора да Чорнага d. Абвяшчэньне незалежнасьці адбылося пад нямецкай акупацыяй, але безь нямецкай падтрымкі. Так ці іначай, перад прыходам у Менск Чырвонай Арміі ў сьнежні 1918г. Луцкевіч і большасьць сяброў Рады БНР пакінулі горад. У Вільні яны прапаноўвалі стварыць беларуска-летувіскую канфедэрацыю. Беларускія сацыялісты e верылі, што федэрацыя стане для Вільні паратункам ад "клерыкальна-буржуазнай" летувіскай нацыянальнай дзяржавы. 23 Летувіскіх лідэраў, якія на той час самі апынуліся ў вельмі незайздросным становішчы, не цікавіла такое "выратаваньне". Так скончыўся (прынамсі, пакуль) праект адраджэньня гістарычнай Літвы пад назвай "Беларусь". Але быў і невялікі станоўчы вынік. Нягледзячы на сваю цэнтралізаванасьць, бальшавіцкая партыя паабяцала беларускім дзеячам, якія засталіся ў Менску, заснаваць Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. 24 Спачатку ў яе склад уваходзіў літаральна лапік зямлі вакол Менску, але пасьля ўтварэньня ў 1922г. Савецкага Саюзу БССР значна пашырылася і праіснавала семдзесят гадоў.

Бальшавіцкая рэвалюцыя вызваліла летувіскіх палітычных дзеячаў ад усялякіх вернападданьніцкіх пачуцьцяў да Расеі, а вайна дапамагла летувіскім нацыяналістам ясна акрэсьліць свае мэты. У апошні год вайны ў іх прачнуўся апетыт да поўнай незалежнасьці. У верасьні 1917г. Летувіская нацыянальная рада (Тарыба) пад аховай нямецкай арміі заявіла ў Vilnius'е пра неабходнасьць стварыць незалежную Летувіскую дзяржаву "ў этнаграфічных межах". Немцы, якія падтрымалі абвяшчэньне Каралеўства Польскага, не хацелі дапусьціць, каб палякі прэтэндавалі на Wilno і Летуву. Летувіскія дзеячы выдатна ведалі пра гэтыя стратэгічныя планы Нямеччыны і спрабавалі выкарыстаць іх з найбольшай выгодай для сябе. 25 11 сьнежня 1917г. у Vilnius'е Тарыба абвясьціла незалежнасьць, адначасова прыняўшы статус нямецкага пратэктарату. Летувіскія дзеячы з хваляваньнем сачылі, як на перамовах у Брэсьце-Літоўскім і нямецкі бок, і бальшавікі спасылаліся на права нацыяў на самавызначэньне, каб давесьці свае прэтэньзіі на Летуву. У лютым 1918г. Тарыба зноў абвясьціла незалежнасьць, на гэты раз не запэўніваючы Нямеччыну ў сваёй вернасьці. Берлін амаль не зьвярнуў на гэтае ўвагі, бо нямецкія войскі пасоўваліся ўглыб Расеі. І толькі параза Нямеччыны на заходнім фроньце дала Тарыбе магчымасьць праводзіць іншы курс. 26 Часу сьвяткаваць не было. Чырвоная армія пачала імклівы наступ. Пасьпешлівыя перамовы пра тое, каб накіраваць польскія войскі на абарону Летувы, праваліліся ў сьнежні 1918г. Ня здолеўшы стварыць уласнае войска, летувіскі ўрад эвакуяваўся зь безабароннага Vilnius'у далей на захад - у Каўнас. Мясцовыя польскія добраахвотнікі не маглі супрацьстаяць Чырвонай арміі, і тая 5 студзеня 1919г. захапіла горад. Vilnius зрабіўся сталіцай Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якую ўзначалілі два летувіскія камуністы. На некаторы час гэтае ўтварэньне аб'ядналася зь Беларускай ССР, і Vilnius зрабіўся сталіцай ЛітБелССР. Для літоўскага патрыёта, польскага федэраліста і рэспубліканца-сацыяліста Пілсудзкага горшага выніку нельга было ўявіць. Ён плакаў у Варшаве. 27

Аднак ні ў Варшаве, ні ў Каўнасе гэты вынік не лічылі канчатковым. На пачатку 1919г. наяўнасьць ці адсутнасьць войска мала ўплывала на ўяўленьні летувісаў і палякаў пра Vilnius/Wilno. Летувіскія лідэры бачылі Vilnius сталіцай сваёй нацыянальнай дзяржавы і са сваіх скрайне слабых пазіцыяў патрабавалі, каб Польшча адмовілася ад прэтэньзіяў на горад. Пілсудзкі, які на той час стаяў на чале Польскай дзяржавы, быў гатовы аддаць Wilno летувісам, пры ўмове што Летува аб'яднаецца ў федэрацыю з Польшчай. Думка пра аб'яднаньне была ненавісная летувіскім палітыкам - яны баяліся пашырэньня польскай высокай культуры, польскага прыгнёту і ўжо марылі пра поўную незалежнасьць. 28 Пілсудзкі і іншыя польскія федэралісты не зусім разумелі гэтыя страхі й памкненьні, хоць і займалі больш ліберальную пазіцыю параўнаўча са сваімі супернікамі ў Польшчы. Нацыянал-дэмакраты Дмоўскага меркавалі, што калі маленькая Летува і выжыве, у яе ня будзе іншага выбару, апроч як зрабіцца сатэлітам Польшчы. 29 У адным думкі польскіх і летувіскіх нацыяналістаў зыходзіліся: польска-літоўская Рэч Паспалітая памёрла, і ўсе спробы ўтварыць шматнацыянальную федэрацыю - марныя.

Практычнае пытаньне барацьбы з бальшавіцкай уладай разглядалася ў сьвятле гэтых маральных імператываў. У лютым 1919г. польскае войска рушыла на ўсход, каб ваяваць з Чырвонай арміяй. Польскі Сойм ня змог адназначна акрэсьліць тэрытарыяльныя прэтэньзіі Польшчы ў гэтай неаб'яўленай вайне, затое змог прыняць заяву пра неабходнасьць вызваліць "паўночна-ўсходнія правінцыі Польшчы зь іхнай сталіцай - Wilno". 30 21 красавіка 1919г. войска Пілсудзкага выгнала Чырвоную армію зь Wilno. Летувіскія і беларускія камуністы ўцяклі ў Менск і вінавацілі адно другога ў паразе ЛітБелССР. Перад паходам на Wilno Пілсудзкі даслаў у Каўнас яшчэ аднаго літоўскага паляка - Міхала Ромэра, каб паспрабаваць утварыць польска-летувіскі ўрад, але ніхто зь летувіскіх міністраў не падтрымаў гэтай задумы. 22 красавіка віленчукі пачулі, як Пілсудзкі ў "Адозьве да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага" паабяцаў, што мясцовае насельніцтва атрымае дазвол самастойна абіраць сабе ўрад. Гэтую прамову асудзілі і польскія, і летувіскія нацыяналісты. Польскія нацыянал-дэмакраты ў Варшаве лічылі абсурдным ставіцца да Wilno іначай як да звычайнага польскага места. Летувіскі ўрад у Каўнасе пабачыў у звароце Пілсудзкага да гісторыі Вялікага Княства маску, пад якой хаваецца польскі імперыялізм.

Улетку 1919г., калі дзяржавы Антанты ў Парыжы спрабавалі канчаткова вызначыць тэрытарыяльныя межы ў Еўропе, паміж польскімі і летувіскімі войскамі адбыўся шэраг сутычак, якія, аднак, нічога ня вырашылі. У жніўні 1919г. Пілсудзкі прапанаваў правесьці два плебісцыты: адзін - на землях, занятых польскімі войскамі, другі - у астатняй Летуве. Летувіскія лідэры адмовіліся на той падставе, што Vilnius - этнічная летувіская тэрыторыя, незалежна ад волевыяўленьня насельніцтва. Міністар замежных справаў Аўгустынас Вальдэмарас сказаў, што "нацыя складаецца болей зь мёртвых, чым з жывых", і гэта, трэба меркаваць, спараджала пэўныя праблемы з практычным падлікам галасоў. 31 Тады ў жніўні 1919г. Пілсудзкі паспрабаваў скінуць летувіскі ўрад у Каўнасе, але ягоныя змоўцы не знайшлі прыхільнікаў сярод летувісаў і неўзабаве апынуліся пад арыштам. Калі б хтосьці зь летувіскіх лідэраў і падтрымліваў альянс з Польшчай, то гэты правал змусіў бы іх замоўкнуць.

Узімку 1919-1920гг. Пілсудзкі верыў, што Расею можна разьбіць на полі бою і што тады віленскае пытаньне нарэшце вырашыцца. У красавіку 1920г. Польшча ў хаўрусе зь пятлюраўскай Украінай пачала наступ на бальшавіцкую Расею. Прыкладна тады ж пачаліся перамовы паміж бальшавіцкім і летувіскім урадамі. На той час як у ліпені 1920г. Летува і бальшавіцкая Расея былі гатовыя падпісаць двухбаковую дамову, ваенная ўдача адвярнулася ад Польшчы. Рыхтуючы завяршальны ўдар, бальшавікі прапанавалі Vilnius Летуве ў абмен на бесьперашкодны рух Чырвонай арміі празь Летуву ў Польшчу. Летува пагадзіліся далучыць адпаведны сакрэтны пратакол да Маскоўскай дамовы ад 12 ліпеня 1920г. Чырвоная армія хутка заняла Vilnius, а пазьней вярнула яго Летуве. Але ў жніўні 1920г. польскае войска спыніла наступ Чырвонай арміі на подступах да Варшавы, а потым і выгнала Чырвоную армію з Польшчы. 32 Калі б улетку 1920г. палякі зазналі паразу, бальшавіцкая Расея несумненна, праглынула б маленькую летувіскую дзяржаву. Летувіскі ўрад, занепакоены праблемай Польшчы, верыў, што перамога бальшавікоў і гарантуе летувіскую незалежнасьць, і забясьпечыць перадачу Vilnius'у Летуве. У гэтым летувісы, вядома, памыляліся. 33

Калі ў верасьні 1920г. дэлегацыі Польшчы і бальшавіцкай Расеі пачалі ў Рызе перамовы аб міры, дзяржавы Антанты змушалі Польшчу і Летуву да замірэньня. Бакі дасягнулі палітычнага пагадненьня 7 кастрычніка 1920г., пры гэтым Vilnius заставаўся па летувіскі бок мяжы. Пілсудзкі ўжо таемна спланаваў вайсковую аперацыю, каб вярнуць Wilno Польшчы й адрадзіць надзею на аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага. Ён даручыў гэтую місію генералу Люцыяну Жалігоўскаму (1865-1947гг.). Яшчэ адзін літоўскі паляк, Жалігоўскі быў афіцэрам расейскай арміі, ажаніўся з расейкай, размаўляў на польскай, якую б мы на слых прынялі за беларускую, - іншымі словамі, сапраўды ўзгадаваўся на традыцыях Вялікага Княства. У звароце да афіцэраў "літоўска-беларускай" дывізіі, што рушыла на Wilno, Пілсудзкі апелюе да мясцовага патрыятызму: "Вы з гэтых краёў, вы ўжо трымалі ў руках зброю - дык давершыце справу дома". 34 9 кастрычніка 15-тысячнае войска на чале з Жалігоўскім увайшло ў Wilno. Летувіскія часткі не аказалі ніякага супраціву, а польскае насельніцтва вітала армію Жалігоўскага. 12 кастрычніка ён абвясьціў пра ўтварэньне "Цэнтральнай Літвы", якая мелася стаць адной з акругаў Літвы, аб'яднанай у федэрацыю з Польшчай.

Астатнія дзьве меркаваныя акругі - этнічная Летува са сталіцай у Каўнасе і Беларуская Літва са сталіцай у Менску. Ідэя аб'яднаць у складзе Літвы некалькі акругаў і ўлучыць яе ў федэрацыю з Польшчай узьнікла не на пустым месцы. Яна выказвалася падчас паўстаньня 1863г., дзесяцігодзьдзямі абмяркоўвалася сярод сацыялістаў. Аднак у кантэксьце 1920г. ажыцьцявіць яе не было магчымасьці. Каб адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае ў складзе федэрацыі, патрабавалася сама мала тры акругі, а Жалігоўскі зь Пілсудзкім маглі заснаваць толькі адную. Летувіскі ўрад у Каўнасе ня меў ніякага жаданьня ператвараць сваю Летуву ў акругу, а захоп Каўнасу сілай ня толькі не стасаваўся з прынцыпамі федэралізму, але і падштурхнуў бы еўрапейскія дзяржавы да актыўных дзеяньняў. Польскія нацыянал-дэмакраты паклапаціліся пра тое, каб беларуска-літоўская акруга ніколі ня ўзьнікла ў рэчаіснасьці. У той самы дзень, калі Жалігоўскі абвясьціў пра ўтварэньне "Цэнтральнай Літвы", польская дэлегацыя ў Рызе адмовілася ад прапанаваных бальшавікамі Менску і іншых земляў, занятых на той час польскім войскам. Усе разумелі, што гэта азначала сьмерць федэратыўнай ідэі. У польскай дэлегацыі задаваў тон нацыянал-дэмакрат Станіслаў Грабскі (1871-1949гг.), які дамагаўся ўтварэньня такой польскай дзяржавы, дзе зьвершнасьць належала б палякам. Ён здолеў адхіліць федэралісцкую лінію, якую праводзіў хаўрусьнік Пілсудзкага Л. Васілеўскі. 35 Дэлегацыя прадстаўляла дэмакратычны польскі ўрад і Ўстаноўчы Сойм, а не Пілсудзкага - галаву дзяржавы. За Пілсудзкім стаяла войска, афіцэрства, а за Грабскім - Устаноўчы Сойм, дзе пераважалі нацыянал-дэмакраты.

Ідэю федэрацыі пахавалі польскія нацыянал-дэмакраты ў Варшаве і Летувіскі ўрад у Каўнасе. Яны пасьлядоўна выступалі супраць утварэньня беларускай і этнічнай летувіскай акругаў. Гэтак мадэрныя нацыяналісты моўчкі пагадзіліся стварыць новыя нацыянальныя дзяржавы і паставіць крыж на раньнемадэрных традыцыях польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Калі казаць дакладна, гістарычная Літва скасавала Люблінскую вунію 1569г.

Наступствы Рыскай дамовы для розных народаў у 1921-39гг.

Беларусь. Беларускія дзеячы разглядалі Рыскую дамову як здраду, як сваю трагедыю. Пазьней Беларусь атрымае і іншыя ўдары, але пасьля Рыгі Варшаву цяжка было ўспрымаць як хаўрусьніка беларускай справы. Хоць за Польшчай і засталіся Wilno ды некаторыя заходнебеларускія землі, гэтага было мала, каб ідэя федэрацыі ўспрымалася ўсур'ёз. Паводле Рыскай дамовы, як і хацелі нацыянал-дэмакраты, беларускамоўная меншасьць у Польшчы была нешматлікай і жыла ў вясковых раёнах. Бязь Менску маленькая купка беларускай інтэлігенцыі ніяк не магла выступаць хаўрусьнікам у якім-кольвек польскім палітычным утварэньні. А калі Менск дастаўся бальшавікам, у беларускай нацыянальнай справе ў Польшчы пачалі бачыць прыхаваны бальшавізм. Савецкі Саюз сапраўды вельмі моцна прывабліваў польскіх беларусаў. Пасьля падпісаньня ў 1921г. Рыскай дамовы ў 1922г. намінальна СССР узьнік як федэрацыя рэспублік, у тым ліку і Беларускай ССР са сталіцай у Менску. Пазіцыя Савецкага Саюзу (яе, дарэчы, падтрымліваў Камуністычны Інтэрнацыянал) была ў тым, што тэрыторыя БССР мусіць пашырыцца на захад за кошт этнічных беларускіх земляў, якія адышлі да Польшчы.

У 20-я гады ХХст. "экспарт камунізму" ў Польшчу грунтаваўся на эксплуатацыі антыдзяржаўнага нацыяналізму і "зямельнага голаду" сярод сялянаў. У першыя гады свайго існаваньня Савецкі Саюз карыстаўся дзьвюма ленінскімі тактычнымі знаходкамі - ідэямі хаўрусу зь сялянствам і нацыянальнага самавызначэньня, - каб распаліць рэвалюцыю ў Польшчы. Агітацыя за мяжой суправаджалася рэальнымі дзеяньнямі на сваёй тэрыторыі. Савецкі Саюз кіраваўся этнічным прынцыпам у вызначэньні межаў - прынцыпам, на якім палягаў рэваншызм БССР і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі. У 1923-м, 1924-м і 1926-м гадох межы БССР пасоўваліся на ўсход за кошт Расейскай Федэрацыі. У 20-я гады ХХст. Масква падтрымлівала беларускую культуру. Калі за царскім часам школаў зь беларускай мовай навучаньня не было, то ў 20-я гады Савецкая Беларусь магла пахваліцца існаваньнем Акадэміі Навук, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, Інстытуту беларускай культуры f, Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі і 4.000 беларускіх школаў. Менавіта ў Савецкай Беларусі быў напісаны першы сур'ёзны падручнік з беларускай гісторыі. Ён, аднак, ня выйшаў з друку, а яго аўтара выслалі ў Маскву. 36

Праз усе 20-я-30-я гады ХХст. палякі праводзілі рэпрэсіі, зачынялі беларускія школы і садзілі палітычных праціўнікаў ў турму. Беларускі рух у Вільні прыходзіў у заняпад. Беларускія дзеячы ня мелі амаль ніякіх магчымасьцяў паскорыць распаўсюд навачаснай нацыянальнай ідэі па-за Вільняй - у такіх скрайне адсталых рэгіёнах, як, напрыклад, Палесьсе. Палітыка польскіх уладаў не дазваляла стварыць беларускую нацыянальную супольнасьць. Зь іншага боку, у 30-я гады ХХст. ў сталінскім Савецкім Саюзе зьнішчылі савецкую беларускую супольнасьць, што паўстала ў 20-х. Розьніцу паміж польскай і савецкай палітыкай яскрава засьведчыў лёс Браніслава Тарашкевіча (1892-1938гг.) Ён нарадзіўся непадалёк ад Вільні, вучыўся ў самім горадзе, у маладосьці належаў да польскіх і беларускіх арганізацыяў у Расейскай імперыі. У міжваеннай Польшчы Тарашкевіч быў адным з найбольш уплывовых прыхільнікаў беларускае справы - паслом (дэпутатам) Сойму, дырэктарам беларускіх школаў g, заснавальнікам і кіраўніком сялянскай арганізацыі "Грамада". У 1925г. ён увайшоў у склад КПЗБ. Асуджаны на зьняволеньне Тарашкевіч за чатыры гады ў турме пераклаў усяго "Пана Тадэвуша". У 1933г. адбыўся абмен вязьнямі паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Рукапіс перакладу Тарашкевіч узяў з сабою. Але надрукаваць яго ня мог. Яму нават не дазволілі пасяліцца ў Савецкай Беларусі. У 1937г. яго арыштавалі ў Маскве, а ў 1938-м - расстралялі. Рукапіс перакладу "Пана Тадэвуша" захавала ўдава Тарашкевіча. 37

Польшча. Рыская дамова, падзел Беларусі і захоп Wilno азначалі сьмерць Міцкевічавага ўяўленьня пра ВКЛ як складнік палітычнага жыцьця Польшчы. Прадстаўніка федэралісцкай традыцыі Пілсудзкага канчаткова перамог прыхільнік адзінай нацыянальнай ідэі Дмоўскі. Нацыянал-дэмакраты атрымалі перамогу і ў міжнародных зносінах, і ва ўнутранай палітыцы, таму што вызнавалі простыя падыходы. Апрача таго, ім давала значную перавагу палітычная геаграфія. Абраны ў лютым 1920г. Устаноўчы Сойм прадстаўляў цэнтральную Польшчу, бо ўсходняя на той час знаходзілася пад акупацыяй Чырвонай арміі. Таму ў ягоным складзе пераважалі нацыянал-дэмакраты, якім не хацелася далучаць столькі ўсходніх земляў, каб была неабходнасьць ствараць федэрацыю. Падтрымаўшы Рыскую дамову, Устаноўчы Сойм адсунуў усходнюю мяжу Польшчы на захад настолькі, каб не ўтвараць федэрыцыі, але не настолькі, каб стварыць монанацыянальную дзяржаву. Падарыўшы паводле Рыскай дамовы Менск, Каменец-Падольскі, Бярдзічаў і навакольныя землі бальшавікам, нацыянал-дэмакраты пакінулі сотні тысячаў палякаў (многія зь іх выступалі за польска-летувіска-беларускую федэрацыю) пад ласкавай апекай Масквы. У 30-х гадах ХХст. большасьць савецкіх палякаў выслалі ў Сібір ці Казахстан. Апроч таго, адмовіўшыся ад земляў на ўсходзе, нацыянал-дэмакраты скарацілі патэнцыйнае ўсходнеславянскае насельніцтва Польшчы на прыкладна 2 мільёны, а габрэйскае - на сотні тысячаў. 38 Нацыянал-дэмакраты ведалі, што робяць. Калі б польская мяжа пасунулася далей на ўсход, яны б ніколі не атрымалі перамогі на выбарах у Сойм h. Як паказала галасаваньне 1922г., насельніцтва Польшчы ў межах паводле Рыскай дамовы пароўну падзялілася ў сваіх прыхільнасьцях да нацыянал-дэмакратаў ды правых, з аднаго боку, і сацыялістаў ды нацыянальных меншасьцяў, з другога. 9 сьнежня 1922г. галасы левых, цэнтрыстаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў забясьпечылі абраньне першым прэзідэнтам Польшчы Габрыэля Нарутовіча. Праз тыдзень ён загінуў ад рукі правага фанатыка. Як і Пілсудзкі, Нарутовіч быў паляк літоўскага паходжаньня і выступаў за роўныя правы нацменшасьцяў. Забойства Нарутовіча сталася цяжкім ударам для Пілсудзкага, і той неўзабаве - на некаторы час - адышоў ад палітыкі.

Частковы посьпех Пілсудзкага ў Wilno зь непазьбежнасьцю ператварыўся ў паразу, сутыкнуўшыся з уяўленьнямі нацыянал-дэмакратаў пра Польшчу. Калі польскія й летувіскія нацыяналісты пахавалі ідэю Пілсудзкага пра адраджэньне ВКЛ, Wilno паглынула польская нацыянальная дзяржава. 8 студзеня 1923г. гарадзкія ўлады, пастаўленыя Жалігоўскім, правялі пры падтрымцы польскіх войскаў выбары ў мясцовы сойм. Габрэйскае, беларускае і летувіскае насельніцтва байкатавала выбары, якія адбыліся з мноствам парушэньняў. Аднак тое, што ў Wilno прагаласавала 54,4% выбарцаў, паслужыла магутным палітычным сігналам. А байкот выбараў з боку няпольскага насельніцтва прывёў да таго, што пераважную большасьць у мясцовым сойме склалі прыхільнікі анэксіі Wilno Польшчай. Калі азірацца назад, можа падацца, што Wilno быў "этнічным" польскім местам. Але насамрэч усё наадварот: захоп Wilno стаўся першым крокам да разбурэньня традыцыйнага патрыятызму і абвастрэньня польскага й летувіскага этнічнага нацыяналізму. Правёўшы рэферэндум, Польшча анэксавала Wilno і прылеглыя землі, а дзяржавы Антанты прызналі гэтыя межы.

Летува. Як разьвіваўся б летувіскі нацыяналізм, каб Польшча аддала Vilnius/Wilno Летуве? Пілсудзкі й Жалігоўскі, як і шматлікія польскамоўныя жыхары Wilno, што прагаласавалі за анэксію, называлі сябе літоўскімі грамадзянамі. Тут выяўляецца вельмі істотная розьніца паміж верай Пілсудзкага ў гістарычную Літву й імкненьнем Дмоўскага анэксаваць "польскі" горад. Пілсудзкім кіраваў традыцыйны патрыятызм, Дмоўскім - этнічны нацыяналізм. Аднак былы паплечнік Пілсудзкага літоўскі паляк Міхал Ромэр падкрэсьліваў, што, заняўшы Wilno, Пілсудзкі замацаваў такі тэрытарыяльны падзел, які забясьпечыў росквіт і польскага, і летувіскага нацыяналізму. Незалежна ад намераў Пілсудзкага, летувісы ніяк не маглі бачыць у захопе гораду дзеяньняў, стасоўных з традыцыямі Вялікага Княства. Мы ўжо заўважалі, што Летуву ядналі зь Vilnius'ам гістарычныя повязі. Як бы Пілсудзкі ні тлумачыў свае дзеяньні, захоп гораду збройнай сілай ня мог не падштурхнуць летувіскіх нацыяналістаў ад палітычнага да этнічнага разуменьня нацыі. Больш за тое, падкрэсьлівае Ромэр, праз анэксію Vilnius'у Летувіская дзяржава засталася бяз літоўскіх палякаў і габрэяў - менавіта той часткі насельніцтва, якая магла б зрабіць летувіскае грамадзтва больш заможным, а летувіскую палітыку - больш прагматычнай. Ромэр ведаў, што габрэі ўвогуле спачувалі летувіскай справе, бо лічылі, што шанцы на паважлівае стаўленьне да іхных правоў былі б большымі ў вялікай шматнацыянальнай Летуве са сталіцай ў Vilne. За гэта габрэям ў 1919г. аддзячылі першымі пагромамі. 39

Пры любых межах у нацыянальных дзяржавах на землях былога ВКЛ іх жыхары апынуліся б перад неабходнасьцю выбару. Пасьля 1920г. сьвецкія габрэі прыйшлі да высновы, што ў польскім Wilno бараніць свае інтарэсы яны змогуць толькі праз асобныя габрэйскія палітычныя арганізацыі. Заявіўшы пра сваю адданасьць той ці іншай нацыянальнай дзяржаве, хрысьціяне ўмацоўваліся ў адпаведным нацыянальным вызначэньні праз далучанасьць да праблемаў свайго нацыянальнага грамадзтва, праз асяродак, праз наяўнасьць дзяржаўнай улады. Большасьць літоўскіх палякаў схілілася альбо да Летувіскай, альбо да Польскай дзяржавы. Сам Ромэр, колішні паплечнік Пілсудзкага, потым яго пасол і нарэшце ягоны крытык, у 1920-м годзе зрабіў канчатковы выбар на карысьць Летувы, зьмяніўшы імя на летувіскі лад - Ромерыс. Ён сумленна служыў летувіскай дзяржаве і грамадзтву як судзьдзя, прафесар права, рэктар Каўнаскага ўніверсітэту. Ён пасьлядоўна выступаў супраць радыкальнага нацыяналізму і шмат зрабіў дзеля замірэньня з Польшчай. Выбар іншых быў пазначаны ня меншым драматызмам. Гэтак Габрыэль Нарутовіч, забіты першы прэзідэнт Польшчы, даводзіўся братам Станіславасу Нарутавічусу, чальцу прэзідыюму Летувіскай Тарыбы і першага летувіскага ўраду.

O Litwo! Ojczyzna moja…

Адрозна ад іншых літоўскіх палякаў, Пілсудзкі пасьля Першай сусьветнай вайны так і ня здолеў зрабіць выбар паміж Польшчай і Летувою, так да канца і не пагадзіўся з тым, што сьвет складаецца з нацыянальных дзяржаваў, грамадзяне якіх належаць да аднаго этнасу. Захапіўшы Wilno і сапсаваўшы адносіны зь летувісамі, прынамсі, на цэлае пакаленьне наперад, Пілсудзкі казаў, што "ня можа ня ставіцца да іх як да братоў". Зразумеўшы бесьперсьпектыўнасьць федэралізму, ён усё ж так і ня змог прыняць нацыяналізм. Большасьць ягоных суграмадзянаў у Польшчы не падзяляла ягоных рэспубліканскіх ідэяў, і ўрэшце Пілсудзкі ўтаймаваў палякаў пры дапамозе вайсковай сілы і асабістай харызмы. У 1926г. Пілсудзкі прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту. Ён ня верыў, што польскія грамадзяне могуць годна яго замяніць, але і ня марыў пра абсалютную асабістую ўладу. Дзевяць гадоў Пілсудзкі кіраваў Польшчай, якая дзячыла яму адно расчараваньнямі ды пачуцьцём варожасьці. Па сьмерці ў 1935г. ягонае цела пахавалі ў Вавельскім замку ў Кракаве, побач з польскімі каралямі, у тым ліку і зь літоўскімі Ягелонамі. А сэрца вынялі з грудзей і пахавалі ў Wilno, на могілках Росы, побач з магілаю маці.

Ты як здароўе тое: ня цэнім, маючы, а страцім залатое - шкада…

Пілсудзкі добра разумеў, што страціў Літву ў Міцкевічавым сэнсе. Калі што-небудзь магло больш выразна сімвалізаваць разрыў між гістарычнай Літвой і сучаснай Польшчай, чым аддзяленьне сэрца Пілсудзкага ад цела, дык толькі адсутнасьць у Wilno за Пілсудзкім сталага помніка Міцкевічу. Манументы найвыбітнейшаму польскаму паэту сьведчылі пра ягоную прысутнасьць у польскіх гарадох, дзе ніколі не ступала нага Міцкевіча, напрыклад, у Варшаве ды Кракаве. А места, дзе Міцкевіч вучыўся і адкуль яго выслалі, так і ня здолела яго ўганараваць. Царская Расея такі крок забараняла, бо Міцкевіч увасабляў неаспрэчна варожыя Расеі ідэі: трывалую польскую цывілізацыю на ўсходнеславянскіх землях, культуру рыма-каталіцкай царквы, што ўвесь час прыцягвала новых вернікаў, іншае ўяўленьне пра нацыю, якое не змаглі адолець ні расейскае войска, ні расейская школа. А ў незалежнай Польшчы віленскія палякі ня здолелі паразумецца адносна таго, штó азначала постаць Міцкевіча і як яго трэба выявіць. Wilno ўзялі зброяй ды выбарамі. Навошта тады паэмы ды прароцтвы?

Матыль цудоўны, утоплены ў бурштыне…

У Wilno, як і ва ўсёй міжваеннай Польшчы, навачасны нацыяналізм сваёй зацятасьцю падаграваў рамантычныя настроі, ды ня мог надаць ім жыцьцяздольнасьць. Найлепш пацьвярджаюць гэта спробы палякаў пасьля захопу Wilno ўзьвесьці помнік Міцкевічу. Генрал Жалігоўскі склікаў адмысловую камісію, але яна не падтрымала ніводнага праекту. Тады мясцовы гарнізон Войска Польскага выступіў з ініцыятывай паставіць статую паэта каля сваіх казармаў, на тым баку Вяльлі, куды не распаўсюджвалася юрысдыкцыя гарадзкіх уладаў. Жаўнеры выбралі велічэзны фармалісцкі праект мастака-авангардыста Зьбігнева Пранашкі. Як толькі з драўлянага пастамента ўпала покрыва, помнік зрабіўся прадметам для кпінаў віленчукоў. Уплывовая газета наракала, што найвялікшы з палякаў усіх часоў выяўлены "шэрым прывідам". 40 Мадэль-гмах так ніколі і не адлілі ў бетоне. Улетку 1939г. у помнік трапіла маланка, і яго абломкі скаціліся па схіле ды ўпалі ў раку. Створаны Пранашкам вобраз Міцкевіча быў навеяны радком ягонага выдатнага суперніка Юліюша Славацкага, у якім Міцкевіч параўноўваўся зь літоўскім богам. Помнік напаткаў той самы лёс, што і літоўскія паганскія стоды па ўвядзеньні хрысьціянства.

Вайскоўцы адкрылі свой помнік, але гарадзкія ўлады працягвалі шукаць нейкую больш прымальную альтэрнатыву. У 1939г. у Wilno ствараўся іншы помнік Міцкевічу. Улетку таго году польска-габрэйскі скульптар Генрык Куна давяршаў працу над гранітнымі барэльефамі. У верасьні ў ягоны няскончаны твор трапіла нямецкая бомба. Калі можа быць нешта больш сімвалічнае за зьнішчэньне помніка ўдарам маланкі ў ліпені 1939г., дык толькі зьнішчэньне помніка бліцкрыгам - «маланкавым ударам» нямецкага войска ў верасьні. Польшчу захапілі і падзялілі нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз. У 1939г. Сталін аддаў Wilno Летуве, а ў 1940-м інкарпараваў Летуву ў склад Савецкага Саюзу. У 1941г. Нямеччына напала на Савецкі Саюз, і ў 1941-44гг. адбывалася вынішчэньне віленскіх габрэяў. У час нацысцкай акупацыі гранітныя пліты, што засталіся ад помніка Куны, пашырылі цэнтральную алею на адных з могілак. 41 У 1944г. вярнулася Чырвоная армія і ў Летуве зноў усталявалася савецкая ўлада. У 1944-46гг. віленскіх палякаў дэпартавалі.

Навекі гэткім самым застанецца.

У савецкай Летуве гэтыя гранітныя пліты, здаецца, вывезьлі з могілак і перадалі мясцовай акадэміі мастацтваў. Вы скажаце, краіна, вядома, зазнала русіфікацыю, мастацтва - каталагізацыю, а паэт - забыцьцё? Не, горад зусім не ператварыўся ў расейскае Вильна - стаўся летувіскім Vilnuis'ам. Міцкевіч зусім ня зьнік у невараці - стаўся летувіскім нацыянальным паэтам. У 1984г. летувісы здолелі зрабіць тое, з чым не далі рады палякі: у Vilnuis'е адкрылі помнік Міцкевічу (дакладней, Міцкявічусу) скульптара Гедымінаса Якубоніса. У 1996г. у незалежнай Летуве некалькі гранітных плітаў зь першага помніка ўмантавалі ў пастамент новага. Польскі помнік - каменныя аскалепкі - алея на могілках - фрагменты помніка ў акадэміі мастацтваў - летувіскі помнік… Такі пакручасты шлях магло прыдумаць толькі ўяўленьне рамантыка, а спраўдзіць - толькі рамантычная ідэя нацыянальнага ўваскрасеньня, насуперак усяму ўвасобленая ў публічнае мастацтва і палітычнае жыцьцё. Падчас Першай сусьветнай вайны летувісы атрымалі Vilnuis, пры савецкай уладзе - літуанізавалі яго грамадзкае жыцьцё, забралі сабе ў палякаў вялікага паэта і нарэшце здабылі незалежнасьць. Пра тое, як гэта сталася, - у наступных двух разьдзелах.



a Пераклад Сержука Мінскевіча.

b Дакладней, беларускія дзеячы выступалі за адраджэньне ВКЛ у федэратыўным альянсе з Польшчай, а з 1880- гадоў - за аўтаномію Беларусі ў складзе Расейскай імперыі.

c Пасьля рэвалюцыі 1905-1907гг. Іван Луцкевіч прапагандаваў ідэю нацыянальнай дзяржаўнасьці ў форме беларуска-ўкраінскай федэрацыі.

d Пасля абвяшчэньня БНР Антон Луцкевіч не імкнуўся аднавіць ВКЛ, тым больш "ад мора да мора". Ён імкнуўся захаваць БНР праз стварэньне федэрацыі зь любой суседняй краінай ці групай краінаў.

e Беларускі рух уяўляецца аўтару выключна сацыялістычным, хоць насамрэч ён уключаў і клерыкальна-дэмакратычную плынь (В.Гадлеўскі і інш.).

f Заснаваны ў 1922 г. Інстытут беларускай культуры ў 1929 г. быў пераўтвораны ў АН БССР.

g Дырэктар Віленскай беларускай гімназіі ў 1921-1922 гг.

h І ніколі не маглі б асіміляваць беларусаў, што і стрымлівала палякаў больш за ўсё астатняе.



1 M.В. Довнар-Запольский. Народное хозяйство Белоруссии, 1861 - 1914г.г. Госплана БССР, 1926, 8-28.

2 Падчас афіцыйнага пераліку 1909г. у горадзе зарэгістравана 205,250 жыхароў. Зь іх 1.2% - летувісы, 20.7% - расейцы, 37.8% - палякі і 36.8% - габрэі. Р. Гаучас, А. Видугирис. "Этнолингвистическая ситуация литовско-белорусского пограничья"// География, 19 (1983), 62-63. Паводле дадзеных перапісу 1897г., у горадзе налічвалася 40% габрэяў, 31% палякаў і 2% летувісаў. Nicholas Vakar. Belorussia. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1956, 12. Гл. таксама Zinkevičius. History of the Lithuanian Language, 288; Piotr Eberhardt. "Przemiany narodowościowe na Litwie w XX wieku"// Przegląd Wschodni, 1, 3 (1991), 456-457.

3 Цытата за 1902г. - Egidijus Aleksandravičius. "Political Goals of Lithuanians, 1883-1918"// Journal of Baltic Studies, 23, 3 (1992), 234; за 1905г. - Jean Pelissier. Les principaux artisans de la Renaissance Nationale Lituanienne. Lausanne: Léman, 1918, 177; гл. таксама Alfonsas Eidintas, Vytautas Žalys. Lithuania in European Politics. New York: St. Martins, 1999, 39; Piotr Łossowski. Stosunki polsko-litewskie 1918-1920, Warsaw: Książka i Wiedza, 1966, 35-40.

4 Vitaut Kipel, Zora Kipel, (рэд.). Byelorussian Statehood, New York: Byelorussian Institute of Arts and Sciences, 1988, 32-36, 37-51, 125-129.

5 Adam Maldzis. "Belaruska staulenne da Liublinskai unii"// Jerzy Kłoczowski і інш., (рэд.). Unia lubelska i tradycje integracyjne w Europie irodkowo-wschodniej, Lublin: IESW, 1999. I54-I55.

6 Miхал Біч. "Aд iдэі аднаўлення Рэчы Паспалітай да барацьбы за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы"// Kłoczowski і інш. (рэд.). Unia lubelska, 173.

7 Аляксандр Цьвікевіч. «Западно-руссизм». Мінск, Навука і тэхніка, 1993 [1928], 314.

8 Guthier. "The Belorussians: National Identification and Assimilation" // Soviet Studies, 29, i (1997), 40-47; Piotr Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Litwie. Warsaw: Przegląd wschodni, 1997, 46; Piotr Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Białorusi, Warsaw: Editions Spotkania, 1994, 14. Падлікі базуюцца на зьвестках перапісу 1897г.

9 Пра зямлю - Witold Rodkiewicz. Russian Nationality Policy. Lublin: Scientific Society of Lublin, 1998,79; пра мову - Zofia Kurzowa. Język polski Wileńszczyzny i kresów północno-wschodnich. Warsaw : PWN, 1993, 221-311.

10 Польскасьць гэтых палякаў паходзіла на "германскасьць" аўстрыйскіх лібералаў перш чым Аўстрыя зьвярнулася да масавай нацыянальнай палітыкі. Pieter Judson. Exclusive Revolutionaries. Ann Arbor: University of Michigan Press, 1996.

11 Juliusz Bardach. "O świadomości narodowej Polaków na Litwie i Białorusi"// Wojciech Wrzeziński (рэд.). Między Polską etniczną i historyczną. Wrocław: Ossolineum, 1998, 246-247; Аляксандар Смалянчук. " Гістарычная сьвядомасьць і ідэалёгія палякаўБеларусі і Літвы на пачатку ХХ стагодзьдзя"// Беларускі гістарычны агляд, 1,2, (1995), 32-40.

12 Michał Römer. Litwa. Lviv: Polskie towarzystwo nakladowe, 1908; Bardach. "Polacy Litewscy"// Jerzy Kłoczowski і інш. (рэд.). Belarus, Lithuania, Poland, Ukraine. Lublin: IESW, 1994, 372-373.

13 Зьвесткі паводле вынікаў перапісу 1897г.

14 Eidintas, Žalys. Lithuania in European Politics. 18; Egidijus Motieka. "Początki novożytnego państwa litewskiego"// Krzysztof Jasiewicz (рэд.). Europa nie prowincjonalna. Warsaw: Rytm, 1999, 224-231; Rimantas Miknys. "Wilno i Wileńszczyzna w koncepcjach Michała Römera i krajowców"// ibid., 70; Vytautas Berenis. "Problem dziedzictwa kulturowego Wielkiego Księstwa Litewskiego w ideologii litewskiego ruchu narodowego"// ibid., 467-473.

15 Былі спробы выкарыстаць польскую мову як сродак наноў літуанізаваць пісьменную частку грамадзтва. Tadeusz Bujnicki. "Polskojęzyczne pisarstwo Litwinów w Wilnie"// Greta Lemanaitė, Paweł Bukowiec (рэд.). Litwa. Cracow: WUJ, 1998, 117-122.

16 Паводле цытаваных вышэй зьвестак пераліку 1909г., у горадзе пражывала 37,7% палякаў і 36,8% габрэяў. Паводле дадзеных перапісу 1897г., габрэяў налічвалася 40,4%, палякаў - 30,9%. Пра гандаль гл. Nancy and Stuart Schoenburg. Lituanian Jewish Communities. New York: Garland, 1991, 354.

17 Moshe Rosman. Founder of Hasidism. Berkeley: University of California Press, 1996, 36-37; Ezra Mendelsohn. Zionism in Poland. New Haven, Conn.: Yale University Press, 1981; Marsha Rozenblit. The Jews of Vienna 1867-1914. Albany, N.Y.: SUNY Press, 1983, 175-195. Гл. таксама Joshua Levisohn. "The Early Vilna Haskalah" Доктарская дысертацыя, Harward University, 1999.

18 Harry Tobias. The Jewish Bund in Russia. Stanford, Calif.: Stanford University Press, 1972, 46, 52-53; Henri Minczeles. Vilna, Wilno, Vilnuis. Paris: Éditions de la Découverte, 1993.

19 Stefan Kawym. Ideologia stronnictw politycznych w Polsce wobec Mickiewicza 1890-1898. Lviv: Filomat, 1937; Józef Kozłowski. " My z niego wszyscy…" Warsaw: Czytelnik, 1978.

20 Ацэнкі грунтуюцца на дадзеных, сабраных Джэфры Копштэйнам і Джэйсанам Вітэнбергам (Jeffrey Kopstein, Jason Wittenberg) у рамках праекту "Rethinking the Social Bases of Dictatorship and Democracy in Interwar East Central Europe."

21 У 1939г. Ксаверы Прушынскі зьвязаў сацыяльнае паходжаньне Дмоўскага з новым тыпам польскага нацыяналізму. Niezadowoleni i entuzjaści. Warsaw: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1990, 637-644. Гл. таксама Andrzej Walicki. "The Troubling Legacy of Roman Dmowski"// East European Politics and Societies, 14 , 1 (2000), 12-30; Brian Porter. When Nationalism Began to Hate. Oxford: Oxford University Press, 2000; Patrice Dabrowski. "Folk, Faith, and Fatherland"// Nationalities Papers, 28, 3 (2000), 397-416.

22 Vejas Liulevicius. War Land on the Eastern Front. Cambridge: Cambridge University Press, 2000.

23 Біч. "Ад ідэі аднаўленьня Рэчы Паспалітай", 174-175. Цытуецца паводле: "Vasil Zacharka"// Kipel and Kipel. Byelorussian Statehood. 97.

24 Ivan Lubachko. Belorussia under Soviet Rule. Lexington: University of Kentucky Press, 1972, 24-25.

25 Antanas Smetona. Die litauische Frage. Berlin: Das neue Litauen, 1917, 29.

26 Stanley Page. The Formation of the Baltic States. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1959, 30-97; Wiktor Sukiennicki. East Central Europe During World War I, том 2, Boulder, Colo.: East European Monographs, 1984, 668-705.

27 Andrzej Garlicki. "Wilna żądają wszyscy"// Robert Traba (рэд.). Tematy polsko-litewskie.Olsztyn: Borussia, 1999, 72.

28 Piotr Łossowski. Po tej i tamtej stronie Niemna. Warsaw: Czytelnik, 1985, 105; Juozas Gabrys. L'Etat Lithuanien et Mitteleuropa. 1917; Lituanus. La vérité polonaise sur les Lithuaniens. Lausanne: Bureau d'information de Lithuanie, 1917.

29 Piotr Eberhardt. "Wizje i projekty Polskiej Granicy Wschodniej w latach 1914-1921"// Przegląd Wschodni, 5, 2 (1998), 348-351.

30 Piotr Wandycz. Soviet-Polish Relations, 1917-1921. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1969, 110.

31 Alfred Erich Senn. The Great Powers and the Vilna Question. Leiden: Brill, 1966, 55.

32 Norman Davies. White Eagle, Red Star. London: Macdonald and Co., 1972, Lucjan Żeligowski. Wojna w roku 1920. Warsaw: Polska zjednoczona, 1930.

33 Wandysz. Soviet-Polish Relations. 209; Eidintas, Žalys. Lithuania in European Politics. 70, 77; Andrzej Ajnenkial. "Od aktu 5'ego listopadu do traktatu ryskiego"// Mieczysław Woiciechowski (рэд.). Traktat Ryski 1921 roku po 75 latach. Toruń: Wydawnictwo Universytetu Mikołaja Kopiernika, 1998, 27.

34 Lucjan Żeligowski. Zapomniane prawdy. London: Mildner and Sons, 1943, 32-43; цытата Пілсудзкага - паводле Bohdan Skaradziński. "Fenomen litewsko-białoruskich formacji Wojska Polskiego"// Jasiewicz. Europa nie prowincjonalna. 902. Гл. таксама Andzrej Nowak. Polska i trzy Rosje. Cracow: Arkana, 2001, 326-332.

35 Jan Dąbski. Pokój ryski. Warsaw: Kulerskiego, 1931, 78; Witold Wojdyło. "Traktat w Rydze w concepcjach politycznych obozu narodowego"// Wojciechowski. Traktat Ryski 1921. 53-55. Гл. таксама Krzysztof Kawalec. "Narodowa Demokracja wobec traktatu ryskiego," ibid., 31-45. Пра Васілеўскага - гл. Barbara Stoczewska. Litwa, Białoruś, Ukraina w myśli politycznej Leona Wasilewskiego. Cracow; Księgarnia Naukowa, 1998. Пра Пілсудзкага і Васілеўскага - гл. Wasilewski. Józef Pilsudskį: Jakim go znalem. Warsaw: Rój, 1935.

36 Я маю на ўвазе M.В. Доўнар-Запольскага. Гісторыя Беларусі. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1994. Рукапіс быў завершаны ў 1926г. Пра эксплуатыцыю сялянаў саветамі і нацыянальныя пытаньні ў Польшчы - гл. George Jackson. Comintern and Peasant in East Europe,1919-1930. New York: Columbia University Press, 1966, 22,182.

37 Пераклад надрукавалі ў камуністычнай Польшчы: Adam Mickiewicz. Pan Tadeusz. trans. Bronisław Taraszkiewicz, Olsztyn: Pojezierze, 1984.

38 У беларускай гістарыяграфіі існуе традыцыя задаваць пытаньне, што б здарылася, калі б паводле Рыскай дамовы ўсе «этнічныя беларускія землі» адышлі да Савецкай Беларусі або што было б, калі б нейкім чынам удалося стварыць незалежную Беларускую дзяржаву. Але насамрэч падобных варыянтаў не існавала. Гл. Уладзімір Ладышаў, Пётр Брыгадзін. "Рада БНР пасля Рыжскага дагавора 1921г."// Беларускі гістарычны часопіс. 1 (1997), 48-50.

39 Міхал Ромэр у Каўнасе - Юзэфу Пілсудзкаму ў Варшаву, 15 траўня 1922// Anna and Andrzej Rosner (рэд.). Pasmo czynności ciągiem lat idące, Warsaw: Krąg, 1992,158-162; пра пагром - Ezra Mendelsohn. The Jews of East Central Europe. Bloomington: Indiana University Press, 1983, 52; пра падзеі 1918-1920гг. - Łossowski. Stosunki polsko-litewskie; гл. таксама Alfred Senn. The Emergence of Modern Lithuania. Westport, Conn.: Greenwood Press, 1975.

40 Słowo (Wilno), 1 лістапада 1924г., 1.

41 Piotr Myślakowski, "Losy wileńskich pomników Mickiewicza"// Biuletyn Stowarzyszenia Wspólnota Polska, кастрычнік 1998г.


Разьдзел 4. Другая сусьветная вайна і віленскае пытаньне (1939-1945гг.)

Равесьнікі дынастыі князёў літоўскіх

У Белавежы, ў сьвіцязянскіх, кушалёўскіх

Лясах і цёмных пушчах, дрэвы - старажылы!

Вы чарамі красы калісь прываражылі

Пад шаты крон сваіх трывала і надоўга

Дзяржаўнага Вітэнаса, вялікага Міндоўга.

Калісьці Гедымін, палюючы ў Панарах,

Адпачываў на шкуры пры агні на нарах

І гладзіў поўсьць мядзьведжую, закалыханы шумным

Напевам дрэў ды і Ліздзейкі сказам думным.

Ён цешыўся з аднолькавым замілаваньнем

І зьзяньнем вод ракі Вільлі, і буркатаньнем

Крыніц Вілейкі, як двайнятак у калысцы.

А там, дзе сёньня Вільня - сьведчаць летапісцы -

Яму прысьніўся воўк жалезны апаўночы.

Князь зразумеў тады, што сон быў знак прарочы,

І горад заснаваў, паклаўшы першы недзе

Свой камень закладны. З тых пор паміж мядзьведзяў,

Зуброў і вепрукоў, як рымская ваўчыца,

І Вільня ў нетры пушч. Зь яе саскоў карміцца

І Кейстуту з Альгердам выпала, і слаўным

Нашчадкам - воінам-князям, у бітвах спраўным

З прышэльцаў воінствам ды і не ў меншай меры

У аблавах на зуброў ці на другога зьвера.

Так нам, нашчадкам іхнім, сном таго шчасьліўца,

Нібы з гары ўказальным пальцам празарліўца,

Быў лёс Айчыны вызначан беспамылкова:

Жалеза і лясы, Літва, - твая ахова!

Адам Міцкевіч. "Пан Тадэвуш" a (1834г., Парыж)

Да верасьня 1939г., калі нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз захапілі Польшчу, Wilno стаў па сутнасьці габрэйскім местам Vilne b. Віленскім габрэям былі ўласьцівыя ўсе тыя рысы, якія хацелі б бачыць у сваіх супольнасьцяў мясцовыя патрыёты-хрысьціяне. Габрэі больш вырозьніваліся сярод астатняга насельніцтва, чым беларусы, летувісы і нават палякі. Хоць колькасна ў Vilne габрэі і саступалі палякам, тым ня менш, яны складалі траціну жыхароў гораду. Яны жылі тут на працягу многіх пакаленьняў, іх пісьмовая гісторыя на гэтых землях налічвала не адное стагодзьдзе. Старэйшыя размаўлялі не па-польску, а па-расейску (напамін пра часы Расейскай імперыі). Але пісьменнасьці габрэйскага насельніцтва, іх адчуваньню ўласнай гісторыі маглі пазайздросьціць дзеячы ўсіх астатніх нацыянальных рухаў. Большасьць дзяцей атрымлівала адукацыю на ідышы або на іўрыце. Vilne заставаўся буйным цэнтрам габрэйскае культуры ў міжнародным маштабе. Адрэзаныя ад Кіеву й Адэсы савецка-польскай мяжой, габрэі навучаліся ў Vilne, чым часткова вярталі гораду ягоны статус часоў ВКЛ. У 1925г. у Vilne быў заснаваны YIVO - Інстытут юдаікі. У асяродак Yung Vilne уваходзілі выбітныя паэты, якія пісалі на ідышы, як, напрыклад, Абрам Суцкевер (нар. у 1913г.). Адсюль можна зрабіць выснову, што ў міжваенным Vilne адукаваная габрэйская грамада спрычынілася да не аднаго, а трох праектаў "нацыянальнага адраджэньня", якія канкуравалі міжсобку. Першы палягаў у пашырэньні на тэрыторыі Польшчы габрэйскай народнай культуры на ідышы, другі - у распаўсюдзе іўрыту, бо наперадзе чакала вяртаньне ў Палестыну, трэці - у імкненьні авалодаць дзяржаўнай мовай і асімілявацца ў польскае грамадзтва.

Габрэйская грамада ўсіх узростаў, асабліва моладзь, выяўляла значна большую палітызаванасьць параўнаўча зь іншымі насельнікамі гораду. Паколькі сярод габрэяў не было ні шляхты, ні сялянства, яны пазьбеглі сацыяльных канфліктаў ды комплексаў, што перасьледавалі ў міжваеннай Польшчы іншыя палітычныя групы, якія спрабавалі прапанаваць сваім нацыянальным супольнасьцям аб'яднаўчую масавую ідэалогію. Але, зь іншага боку, габрэі не маглі дасягнуць згоды адносна таго, дзе знаходзіцца іх сапраўдная арэна палітычных дзеяньняў: у Польшчы ці Палестыне, а таксама ці могуць вернікі ўдзельнічаць у палітыцы, а калі могуць, дык у якой ступені. Палітычнае жыцьцё габрэйскай грамады ў горадзе было - калі такое ўвогуле магчыма - яшчэ больш размаітым і раздробненым, чым у палякаў. Тут адыграла сваю ролю ізаляванасьць у грамадзтве і скрайне няпэўны статус габрэяў у польскім горадзе. Нягледзячы на гэтыя абставіны, дасягненьні габрэйскай супольнасьці глыбока ўражвалі. Як разьвіцьцё габрэйскай культуры апярэдзіла нават самы творчы палёт фантазіі нацыянальных гісторыкаў, гэтак зварот габрэйскай грамады да навачаснай палітыкі ў ХХст. сваім плёнам пераўзышоў вымогі ўсіх хрысьціянскіх народаў. Не выклікала ніякіх сумневаў, што Vilne стаўся літоўскім (ці нават сапраўдным паўночным) Ерусалімам, адной са сталіцаў іншай Еўропы - габрэйскай цывілізацыі ашкеназаў, якія называлі сваёй роднай мовай ідыш і ўтваралі асобную супольнасьць, што да 1941г. разьвівалася паводле сваёй уласнай логікі. 1

Але існаваў і іншы горад - польскае Wilno. Разам з Варшавай, Львовам і Кракавам Wilno быў адным з чатырох цэнтраў польскай цывілізацыі. Да 1939г. у Wilno польская заставалася мовай улады й культуры, мовай, прынятай у большасьці раёнаў гораду, як і ў большасьці сем'яў. Вяскоўцы таксама ўсё часьцей і часьцей зьвярталіся да польскай мовы. Юзэф Пілсудзкі аднавіў Віленскі ўніверсітэт у 1919г. - роўна праз стагодзьдзе пасьля таго, як яго скончыў Адам Міцкевіч. Як і ў 1803-1830гг., гэтак і ў 1919-1939гг. у Віленскім універсітэце атрымлівалі польскамоўную вышэйшую адукацыю палякі, расейцы, беларусы, летувісы. Гэтым разам у ім навучаліся, а часам - асіміляваліся і габрэі. Праз наступствы міграцыі, а яшчэ праз тое, што дзяржаўная ўлада належала Польшчы, большасьць з 220.000 віленчукоў вызначала сябе палякамі. Сярод іх некаторую частку складалі габрэі, для якіх назваць сябе палякам азначала засьведчыць вернасьць Польскай дзяржаве і павагу да польскай культуры, або пальшчызна была проста справай меркантыльнага разьліку. Але шмат хто, нарадзіўшыся ў беларускамоўнай сям'і, зрабіўся палякам, вывучыўшы польскую ў школе ці ў войску альбо пазьней, у сталым узросьце. Ніякая нацыянальная супольнасьць, за выняткам габрэяў, не магла скласьці канкурэнцыі ў Wilno палякам. Міжнацыянальныя праблемы зводзіліся пераважна да таго, што пасьля сьмерці Пілсудзкага ў 1935г. Польская дзяржава і польскія ўладныя ўстановы абмяжоўвалі правы габрэяў. Польская ўлада не абавязкова карысталася пашанай як у габрэяў, так і ў іншых меншасьцяў, але яна была рэальнасьцю і ўспрымалася як такая да 1939г., калі Польская дзяржава спыніла сваё існаваньне.

Калі ж узяць летувісаў ці беларусаў, то іх прысутнасьць у міжваенны час у Vilnius'е/Вільні, наадварот, ледзь адчувалася c. 2 Заснавальнік "Aušra" Ёнас Басанавічус да сваёй сьмерці ў 1927г. узначальваў у Vilnius'е навуковае таварыства. У 1918-1925гг. віленскім рыма-каталіцкім біскупам быў летувіс Юргіс Матулайціс. Але ўсё роўна ў горадзе жыло замала летувісаў, каб можна было казаць пра разьвіцьцё асобнай летувіскай культуры. Вільня лічылася цэнтрам беларушчыны ў Польшчы, але гэтае азначэньне вельмі адноснае. Польскія мясцовыя ўлады разбуралі самыя асновы беларускай супольнасьці: адмаўляліся перадаваць тэлеграмы па-беларуску, сканфіскоўвалі беларускія газеты, зачынялі беларускія школы. Некаторы час беларускую культуру калі не падтрымлівалі, дык хаця б трывалі. Вільня была цэнтрам беларускага літаратурнага жыцьця ў Польшчы. З практычных меркаваньняў і праваслаўныя, і каталіцкія сьвятары пачалі ўжываць беларускую мову. У Польшчы адрадзілася скасаваная Расейскай імперыяй вуніяцкая царква - цяпер у ёй бачылі магчымую беларускую нацыянальную інстытуцыю. Езуіты, якія адыгралі далёка не апошнюю ролю ў тым, што канцылярскую славянскую на пачатку XVIIст. замяніла польская, у 20-х гадох ХХст. дзеля зручнасьці сталі карыстацца беларускай мовай. Як мы пабачылі, адным з чыньнікаў, што абумовілі ўзьнікненьне на каталіцка-праваслаўным узьмежжы польскай нацыі ў раньнім Новым Часе, стаўся пераход мясцовых езуітаў і вуніяцкай царквы на польскую мову. Прызнаньне сьвятарствам беларускай мовы сьведчыла пра пачатак магчымага станаўленьня сучаснай беларускай нацыі. 3

Vilnius жыў сваім асобным дыпламатычным жыцьцём. Фармальна ў 1920-1938гг. Летува і Польшча знаходзіліся ў стане вайны за Vilnius/Wilno. Летувісы ў міжваенны час былі адрэзаныя ад сваёй намінальнай сталіцы. Пераехаўшы ў Каўнас, летувіскі ўрад перапыніў зь Vilnius'ам тэлефонную сувязь, а таксама чыгуначны рух. Фактычна няскончаная вайна замінала падтрымліваць чалавечыя кантакты (хоць, вядома, знаходзіліся і такія, хто меў па два пашпарты). 4 Летувіская дзяржава, ажыцьцяўляючы свой нацыянальны праект, разглядала Vilnius як надзённую палітычную праблему і пры гэтым міфалагізавала ягоную гісторыю. У адукацыі юнакоў вялікую ролю адыгрывала войска: непісьменнасьць сярод мужчынаў (а яны атрымлівалі ў войску сваю порцыю нацыянальна прыпраўленай гісторыі) зьменшылася зь 15-і да аднаго адсотка. Два дзесяцігодзьдзі летувіскіх школьнікаў вучылі, што Vilnius - этнічна летувіскі горад. 5 У школе Міцкевічавага "Пана Тадэвуша" праходзілі ў скарочаным перакладзе, зь якога прыбралі ўсе згадкі пра Польшчу і палякаў. 6 Старажытныя паданьні, што захаваліся дзякуючы Міцкевічу (як, напрыклад, Гедымінаў сон пра жалезнага воўка), знайшлі свой працяг у палітычным жыцьці незалежнай Летувы. "Жалезны воўк" - назва падпольнай фашысцкай арганізацыі, забароненай у 1930г. Слупамі грамадзянскай супольнасьці ў Летуве былі "Саюз вызваленьня Vilnius'у", фундацыя 'Vilnius' і газета "Наш Vilnius". Дзень 9 кастрычніка, калі ў 1920г. Жалігоўскі ўзяў Vilnius, стаўся днём нацыянальнай жалобы. Праз увесь міжваенны час віленскае пытаньне адыгравала надзвычайную ролю ў летувіскай унутранай палітыцы, бо палітычныя праціўнікі абвінавачвалі адно аднаго альбо ў патураньні палякам, альбо ў паслухмяным падпарадкаваньні Лізе Нацыяў.

На міжнародных форумах летувіскія лідэры заяўлялі, што найбольшая небясьпека міру ў Еўропе зыходзіць ад Польшчы. Прэм'ер-міністар Аўгустынас Вальдэмарас, кіруючыся ім сфармуляваным прынцыпам: "Вораг майго ворага - мой сябар", - разьлічваў, што варажнеча паміж Савецкім Саюзам і Польшчай дапаможа Летуве вярнуць Vilnius. Прававой падставай летувіскіх прэтэньзіяў на Vilnius была дамова 1920г. з бальшавіцкай Расеяй. Пакт аб ненападзеньні, падпісаны ў 1926г. з Савецкім Саюзам, выглядаў для летувісаў так прывабна ў тым ліку і таму, што Саветы прызнавалі летувіскія прэтэньзіі на Vilnius. У 1927г. Вальдэмарас адказаў адмовай на просьбу брытанскага, францускага й італійскага амбасадараў усталяваць дыпламатычныя адносіны з Польшчай. Крыху пазьней у тым самым годзе Вальдэмарас пераконваў свайго латыскага калегу, што Польшча ўяўляе большую небясьпеку, чым Нямеччына і Савецкі Саюз. А ў 1928г. ён сказаў брытанскаму міністру замежных справаў Остыну Чэмберлену, што савецкая пагроза - "чыста тэарэтычная", у той час як польская - "цалкам рэальная". 7 У гэтым меркаваньні летувіскага боку не было стратэгічнага праліку. Летувіскія лідэры зыходзілі з таго, што іх культуры, а значыць, і іх нацыі, пагражае Польшча. Яны не адчувалі падобнай пагрозы з боку Расеі. Як бы гэта ні выглядала дзіўна, яны па-свойму мелі рацыю: летувіская культура ніколі не выходзіла пераможцай у спаборніцтве з польскай і ніколі не саступіла б расейскай.

Пазьней, калі Вальдэмарас зрабіў пэўныя крокі да замірэньня з Варшавай, ён сутыкнуўся з тым, што і грамадзянская думка, і летувіскае войска былі рашуча супраць любых саступак Польшчы зь летувіскага боку. 8 Гэтая праблема ўвесь час стаяла перад аўтарытарным рэжымам Антанаса Сьметаны: у 30-я гады ХХст. стала зразумела, што ворагі Польшчы - СССР і Нямеччына - зусім не сябры Летуве. (Так склалася, што жонка Сьметаны была полькай, і, як і ўсё ягонай пакаленьне летувіскіх нацыяналістаў, ён добра размаўляў па-польску.) Сьметана і разам зь ім шмат хто зь літоўскай палітычнай эліты ўрэшце пабачылі, што варагаваньне з Польшчай не абароніць Летувіскую дзяржаву, што Vilnius - не адзінае значнае пытаньне ў міжнародных зносінах. Але ўжо самое пашырэньне летувіскай нацыянальнай ідэі зрабіла для Летувы вельмі праблематычным паварот назад у зьнешняй палітыцы. Мара вярнуць Летуве Vilnius як нішто іншае натхняла маладых летувіскіх нацыяналістаў, што атрымлівалі адукацыю ці служылі ў войску пасьля Першай сусьветнай вайны. Маладое пакаленьне ў большасьці пачало ставіцца да Сьметаны як да баязьліўца, бо той не адваяваў горад. 9 Патрабаваньне вярнуць Vilnius легла ў падмурак летувіскай нацыянальнай ідэі. У ягонай пастцы апынуўся і сам "бацька нацыі". Нарэшце ў 1938г. Летува ўсталявала з Польшчай дыпламатычныя адносіны - пасьля прад'яўленага Польшчай ультыматуму. Нават гэтай чыста фармальнай саступкі хапіла, каб адхіліць ад улады ўрад і каб сам Сьметана сутыкнуўся з апазіцыяй вялікай часткі грамадзтва.

1939-ы год: перадача Vilnius'у

Калі ў верасьні 1939г. нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз зьнішчылі Польскую дзяржаву, у цэнтры ўвагі зноў апынулася віленскае пытаньне. У сакрэтным пратаколе да пакту Молатава- Рыбентропа ад 23 жніўня 1939г. Савецкі Саюз і Нямеччына адзначалі, што неабходна паважаць "інтарэсы Летувы ў Віленскім краі". Абодва бакі спадзяваліся выкарыстаць Vilnius у сваіх інтарэсах, каб маніпуляваць летувіскім урадам. Калі 1 верасьня 1939г. нямецкія войскі пачалі імклівы наступ на Польшчу, гэта азначала, што віленскае пытаньне зноў адкрытае. Летувіскі ўрад адмовіўся ад прапановы немцаў - Vilnius у абмен на сумесныя баявыя дзеяньні ў Польшчы. Брытанія і Францыя былі б супраць такога кроку, а як адрэагуе Савецкі Саюз, на той час дакладна ніхто ня ведаў. 10 Сьметана і ягоны ўрад разьлічвалі, што ў кароткатэрміновай персьпектыве нямецкая ўлада будзе горш за савецкую, у сярэднетэрміновай - што Савецкі Саюз выйдзе пераможцам у меркаванай вайне зь Нямеччынай, а ў доўгатэрміновай - што калі за Vilnius давядзецца заплаціць незалежнасьцю, то лепей заключыць гэткае пагадненьне з СССР. 11 Такі вось прагматызм - цьвярозы погляд на рэчы з пазіцыі адсутнасьці сілы. 19 верасьня 1939г. Чырвоная армія заняла Вильну, а летувіскі прадстаўнік у Маскве зьвярнуўся з просьбай перадаць горад Летуве. 27 верасьня Сталін і Рыбентроп перагледзелі ранейшае пагадненьне, так што цяпер Летува і Вильна апынуліся ў савецкай зоне ўплыву.

Як і летувіскія дыпламаты, беларускія дзеячы - і ў Польшчы, і ў БССР - выказвалі свае прэтэньзіі на Вільню. Пасьля падзелу Польшчы між Нямеччынай і СССР Сталін атрымаў усе землі міжваеннай Польшчы, дзе жыло беларускамоўнае насельніцтва. Гэты крок вітаўся - прынамсі, спачатку - шмат якімі беларускімі дзеячамі, якія сьцьвярджалі, што прадстаўляюць 3-мільённую беларускую супольнасьць у Польшчы. Апрача ўсяго іншага, яны не сумняваліся, што дзякуючы савецкай экспаньсіі Вільня апынецца ў межах Беларускай ССР. Гэта была не звычайная незьдзяйсьняльная мара, якую спарадзілі ўяўленьне пра Беларусь як спадкаемцу ВКЛ, рэпрэсіі палякаў супраць беларускай культуры і любоў да Вільні. Гэтую веру ў беларускіх дзеячах міжваеннай Польшчы падагравалі беларускія камуністы з СССР - яны самі чакалі, што БССР прырасьце Віленшчынай. Зрэшты, і Камінтэрн вызначыў, што "Заходняя Беларусь" уключае ў сябе Вільню і Віленскі край. Ад ЛітБелССР узору 1919г. са сталіцай у Вільні БССР тады аддзялялі ўсяго нейкіх дваццаць гадоў.

Падчас падрыхтоўкі да захопу Вільні ў верасьні 1939г. усё сьведчыла за тое, што горад аддадуць Савецкай Беларусі. Іван Клімаў, які ўзначальваў савецкую адміністрацыю Заходняй Беларусі, на пачатку верасьня атрымаў паўнамоцтвы абвясьціць Вільню сталіцай Заходнебеларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі d. 15 верасьня на пасяджэньні беларускага НКВД Вільня разглядалася як частка былых польскіх земляў, што трэба далучыць да БССР. У Віленскім краі акупацыю 17 верасьня і скасаваньне польскіх дзяржаўных інстытутаў падтрымлівалі беларускія, габрэйскія і польскія камуністы. Калі 19 верасьня савецкія войскі ўвайшлі ў Вільню, пачаў ажыцьцяўляцца план перадачы гораду. Савецкія акупацыйныя ўлады вялі прапаганду па-беларуску. Савецкія газеты даводзілі гістарычную абгрунтаванасьць правоў Беларусі на Вільню і тлумачылі, што Вялікае Княства Літоўскае было беларускай дзяржавай. 24 верасьня на сходзе беларускіх актывістаў Клімаў заявіў, што Вільню далучаць да Савецкай Беларусі. 12 Людзі, якія шмат ахвяравалі дзеля ідэі беларускай Вільні, радасна віталі гэтае паведамленьне. Што і Вільня, і Беларусь будуць савецкімі, за радасным узрушэньнем, мабыць, забылася.

Сярод перакананых у неабходнасьці перадаць Вільню БССР быў Антон Луцкевіч - заснавальнік народжанай у 1918г. пад нешчасьліваю зоркаю Беларускай Народнай Рэспублікі і вядучы беларускі дзеяч у міжваеннай Польшчы. Усе значныя асабістыя дасягненьні і палітычныя няўдачы Луцкевіча зьвязаныя зь Вільняй. У Вільні ён пачаў сваю палітычную дзейнасьць як сацыял-дэмакрат і патрыёт. У Вільні перад Першай сусьветнай вайной ён дапамагаў заснаваць і рэдагаваць першую беларускую газету. У Вільні ўзначаліў Беларускую Раду, якая ў 1918г. абвясьціла незалежнасьць Беларусі. У Вільні надрукаваў ліст пратэсту супраць інкарпарацыі беларускіх земляў Польшчай пасьля 1921г. У Вільні выкладаў у Беларускай гімназіі (пакуль яго ня звольніла польская адміністрацыя). У Вільні стаяў на чале беларускіх асьветніцкіх арганізацыяў (пакуль яго не арыштавалі польскія ўлады). У Вільні амаль дваццаць гадоў быў дырэктарам Беларускага музею. У Вільні завершыў пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. Колішні прыхільнік аднаўленьня ВКЛ, Луцкевіч за два дзесяцігодзьдзі польскага панаваньня пранікся такою агідаю да польскае ўлады, што быў гатовы паверыць: Савецкая Беларусь і савецкая Вільня адпавядаюць гістарычным чаканьням беларускага народу e . 13

Напрыканцы верасьня 1939г. Сталін усё ж вырашыў аддаць Вильну Летуве і стварыць на яе тэрыторыі вайсковыя базы. Луцкевіч і іншыя беларускія лідэры ў Вільні, якія паверылі, што горад перададуць ім, апынуліся за кратамі. Луцкевіч памёр у савецкай вязьніцы. Беларусы сталіся першымі - і забытымі - ахвярамі рашэньня Сталіна далучыць Вільню да Летувы. Тое, што надзеі беларусаў атрымаць Вільню не апраўдаліся, зашкодзіла беларускай справе значна болей, чым нават арышты і сьмерць лідэраў беларускага руху. Па-першае, гэта азначала, што беларускамоўнае насельніцтва з прылеглых да Вільні земляў на дадзеным этапе не далучыцца да беларускай нацыянальнай ідэі. Па-другое, перадача Вільні Летуве (неўзабаве яна стане Літоўскай ССР) пацьвярджала агульнапрынятае меркаваньне, што спадкаемцай Вялікага Княства Літоўскага выступае не Беларусь, а Летува. Паколькі адбылося зьліцьцё старой палітычнай назвы і новага этноніма "Літва", то небеларусы ня бачылі сувязі паміж сучаснай Беларусьсю і Вялікім Княствам Літоўскім. Беларускіх камуністаў, якія ў верасьні 1939г. увайшлі ў Вільню зь вялікімі надзеямі на будучыню, таксама спасьцігла расчараваньне. Як і вуніяцкія сьвятары ў ХІХст., беларускія камуністы займаліся ў горадзе сваёй мары зьбіраньнем архіўных дакументаў Вялікага Княства. Калі Сталін аддаў горад Літве і яны вымушаныя былі зьехаць, то прыхапілі з сабою ў Менск тэчкі, якія скралі зь Віленскага архіву. 14

1 кастрычніка 1939г. летувіскі міністар замежных справаў Юозас Урбшыс даведаўся, што за Vilnius давядзецца расплочвацца прысутнасьцю савецкіх войскаў у Летуве і што, паводле дамовы паміж нацысцкай Нямеччынай і СССР ад 28 верасьня 1939г., Летува апынулася ў савецкай зоне ўплыву. 2 кастрычніка летувіскі ўрад дэмабілізаваў сваю армію. 10 кастрычніка 1939г., роўна празь дзевятнаццаць гадоў і адзін дзень пасьля таго, як войска Жалігоўскага захапіла Wilno, Урбшыс падпісаў з Савецкім Саюзам пагадненьне, згодна зь якім Vilnius адыходзіў Летуве. 20 тысячаў савецкіх салдатаў у Летуве - такі быў кошт Vilnius'у і прылеглых земляў (агульная плошча - 2.750 кв. міляў, насельнітва - 475.500 чалавек). 15 Летувіскія лідэры і ўсё летувіскае грамадзтва пераважна рэагавалі на гэтае пагадненьне радасьцю ад далучэньня Vilnius'у і ўсплёскам сімпатыяў да СССР. Страх перад савецкай уладай зьмякчала вера ў тое, што як бы ні скончылася вайна, Масква пакіне Vilnius за Летувою. Летувісы меркавалі, што з прыходам савецкай улады спыніцца повязь Vilnius'у з Польшчай, і такім чынам Віленскі край можна будзе літуанізаваць. 16 Далей мы пабачым, што гэтыя, здавалася б, дзіўныя разьлікі, абумоўленыя страхам не перад расейскай, а перад польскай культурай, выявіліся даволі слушнымі. Сёньня гэта выглядае цяжкавытлумачальным, але шмат якія тагачасныя летувіскія інтэлектуалы нават спачувалі савецкаму рэжыму. Напрыклад, выбітны летувіскі правазнаўца Міколас Ромерыс, які пісаў у сваім дзёньніку: "Я сам ставіўся зь вялікай сімпатыяй да Саветаў, покуль зь імі не сутыкнуўся. І ў любым выпадку я аддаваў перавагу савецкай рэвалюцыі перад гітлераўскім нацыянал-сацыялізмам". 17

Вось так дзякуючы супадзеньню інтарэсаў Савецкага Саюзу і Летувы Vilnius апынуўся ў складзе пакуль яшчэ незалежнай Летувіскай дзяржавы. Нязгодных з такім паваротам мясцовых беларусаў дэпартаваў з пакуль яшчэ незалежнай Летувы савецкі НКВД. Польскаму ўраду ў выгнаньні летувіскія ўлады заявілі, што ўвесь міжваенны час Vilnius з прававога гледзішча належаў Летуве. 18 Не зважаць на дэмаграфічныя рэаліі было цяжэй. Калі 28 кастрычніка 1939г. летувіскія вайскоўцы прайшліся па горадзе, то адчулі шок, пабачаўшы "замест казачнай князёўны вуліцы чужога Wilno, невядомага места, дзе размаўлялі на чужой мове". 19 Гэта толькі пераканала летувіскіх інтэлектуалаў у іхнай веры, што польскамоўнае насельніцтва - насамрэч "паланізаваныя летувісы", якіх трэба літуанізаваць. Ідэю паклалі ў падмурак летувіскай палітыкі. Як казаў галава віленскай адміністрацыі і прэм'ер-міністар Летувы Антанас Мяркіс, яе мэтай было "прымусіць усіх думаць, як летувісы," і "вывесьці зь Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемент". 20 Палякам і габрэям [1], нават тым, якія нарадзіліся ў горадзе, часта адмаўлялі ў летувіскім грамадзянстве. Ромерыс у сваім дзёньніку адзначаў, што падзел паводле этнічнага, а не геаграфічнага ці палітычнага прынцыпаў ускладніў у Vilnius'е фармаваньне хоць якой лаяльнасьці да Летувіскай дзяржавы. Мясцовая летувіскамоўная газета "выкрывала" палітычных дзеячаў, якія прынялі ў 1920г. польскую ўладу. Такім чынам ім адразалі усе шляхі, каб стаць вернымі грамадзянамі Летувы ў новых умовах 1940-га году. 21 Маладая нацыя хутка пазбавілася ад пэўнай долі няшчырасьці, неабходнай у дарослай палітыцы. Асьлепленыя радасьцю, летувісы перасталі рэальна ўспрымаць астатні сьвет. Калі войскі Вермахту занялі Парыж, палякі і летувісы спрачаліся за польскія тэатры ў Wilno/Vilnius'е. Калі на пачатку 1940г. Летуву запаланілі савецкія войскі, у Каўнасе абмяркоўвалі пагрозу з боку разьбітай, расьсечанай на кавалкі Польшчы. 22

У чэрвені 1940г. Савецкі Саюз скасаваў незалежнасьць Летувы. 14 чэрвеня міністар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў прад'явіў ёй ультыматум з патрабаваньнем стварыць новы ўрад. На наступны дзень Чырвоная армія ўвайшла ў Vilnius. У ліпені ў атмасьферы ўсеагульнага жаху адбыліся выбары, якія "ўзаконілі" новы рэжым. Саюз працоўнага народу на чале з камуністамі аб'явіў, што набраў 95% галасоў. "Просьбу" Летувы аб уваходжаньні ў склад Савецкага Саюзу задаволілі 3 жніўня. Да 6 жніўня Чырвоная армія яшчэ большымі сіламі заняла новыя пазіцыі ўжо ў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. З чэрвеня 1940г. да чэрвеня 1941г. савецкі НКВД дэпартаваў у Сібір і Казахстан ад дваццаці да трыццаці тысячаў летувісаў, палякаў, габрэяў. 23 У ліпені 1940г. дэпартавалі былога прэм'ер-міністра Меркіса і міністра замежных справаў Урбшыса. Прэзідэнт Сьметана быў вымушаны ўцякаць.

Як і ў міжваеннай Польшчы, у Летуве часоў Сьметаны дзяржаўная ўлада фармавала адзіную нацыю. І летувіскія, і польскія ўлады выхоўвалі грамадзянаў у духу нацыяналізму; і адныя, і другія ўсяляк спрабавалі зьменшыць уплыў нацыянальных меншасьцяў на палітыку і культуру. Абедзьве дзяржавы ўжывалі фізічныя рэпрэсіі ў дачыненьні да лідэраў нацыянальных меншасьцяў, якія, лічылася, пагражаюць дзяржаве. І ў абедзьвюх краінах да канца 30-х гадоў афіцыйнай палітыкай стаўся антысемітызм (праўда, у Польшчы - у большай ступені, чым у Летуве). Аднак калі нацысцкая Нямеччына і Савецкі Саюз зьнішчылі ў 1939г. Польскую дзяржаву, а ў 1940-м - Летувіскую, на іх тэрыторыях склаліся ўмовы, каб праводзіць абсалютна новую нацыянальную і расавую палітыку. Нацысты і савецкія камуністы рабілі тое, чаго ніколі не было ў незалежнай Польшчы і Летуве: яны дэпартавалі і фізічна зьнішчалі сотні тысячаў, мільёны людзей на падставе нацыянальнай ці расавай прыналежнасьці. Нацысцкі і савецкі рэжымы праводзілі якасна зусім іншую лінію, чым Польшча і Летува.

Гэта відаць нават на прыкладзе польска-летувіскіх дачыненьняў пры нямецкай і савецкай уладзе. У 1940-41гг. мэта савецкай палітыкі была ў тым, каб абезгаловіць польскую, а затым і летувіскую супольнасьці праз дэпартаваньне нацыянальных элітаў. Нямецкая палітыка ў дачыненьні да палякаў у Летуве пасьля 1941г. калі й адрозьнівалася формаю, дык вельмі нагадвала савецкую сваёй жорсткасьцю. 24 Нацысты дазволілі летувісам стварыць паліцэйскія атрады самааховы Saugumas, якія ўзаконілі ў Wilno напады летувісаў на палякаў. 25 Калі ў 1939-40гг. Летувіская дзяржава ажыцьцяўляла дыскрымінацыю палякаў у Wilno, а ў 1940-41гг. Савецкі Саюз дэпартаваў палякаў зь Wilno, то ў 1941-44гг. летувіская самаахова на чале са сваімі нямецкімі гаспадарамі забівала палякаў у Wilno. Пры нямецкай уладзе змаганьне паміж летувісамі й палякамі за Vilnius/Wilno, якое раз-пораз выбухала ў 1939-40гг., перайшло на ўзровень грамадзянскай вайны мясцовага маштабу. З восені 1943г. падпольная польская Армія Краёва ў Wilno і прылеглых раёнах нападала на падразьдзяленьні летувіскіх паліцыянтаў-калабарацыяністаў і раззбройвала іх. У адказ летувіскія паліцыянты каралі сьмерцю цывільнае польскае насельніцтва. Каб адпомсьціць, палякі нападалі на летувіскія вёскі. 26

Канец габрэйскага Vilne

Самай адметнай рысай нацысцкай палітыкі ў акупаваным 24 чэрвеня 1941г. Vilnius'е. сталася вынішчэньне габрэяў. Нацысты мелі на мэце забіць у Летуве кожнага габрэя без выключэньня, і ім гэта амаль удалося. 27 Сапраўды, у захопленай немцамі Еўропе Летува была першай краінай, дзе габрэяў пачалі зьнішчаць у масавым маштабе. Vilnius адрозьніваўся ад астатняй Летувы тым, што тут са зьяўленьнем фашыстаў летувісы нашмат больш засяродзіліся на паляках, чым на габрэях. Летувіская эліта намагалася пераканаць немцаў, што менавіта летувісы, а не палякі заслугоўваюць права кіраваць горадам. Толькі ў Vilnius'е летувісы меркавалі, што пагромы дэстабілізуюць іхную даволі хісткую ўладу. У Vilnius'е польскае пытаньне мела для летувісаў большую значнасьць, чым габрэйскае. 28

На землях, два гады таму акупаваных Савецкім Саюзам, пачалося "канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня". Як і на астатнім Усходнім фроньце, у Vilnius'е і ў Летуве нацысты скіроўвалі гнеў прыніжаных, паняволеных саветамі народаў супраць габрэяў. 29 У ліпені 1941г. на ўсёй тэрыторыі Летувы фашысты ўвялі наўпроставае ваеннае кіраваньне. 2 ліпеня 1941г. у Vilnius прыбыла айнзацкаманда-9 Нямецкага райху. Папоўніўшы свае шэрагі тысячамі летувіскіх добраахвотнікаў, яна пачала вынішчаць віленскіх габрэяў. У ліпені - жніўні 1941г. нямецкія і летувіскія жаўнеры з айнзацкаманды схапілі сотні габрэяў. Тыя знайшлі сваю сьмерць у пясчаных ямах Панарскага лесу. У значнай ступені да забойстваў у Панарскім лесе спрычыніліся летувіскія добраахвотнікі з гэтак званага "сьпецаддзелу" ( Ypatingas Burys). У верасьні 1941г. да пясчаных ямаў сагналі і там расстралялі 3.700 габрэяў. 6 верасьня 38.000 габрэяў зьмясьцілі ў два невялікія гета, яшчэ 6.000 расстралялі ў пясчаных ямах. Падчас сямі "акцыяў" у кастрычніку - лістападзе 1941г. больш за 12.000 габрэяў з гета вывезьлі да ямаў і там расстралялі. Да канца 1941г. - усяго за паўгода акупацыі - фашысты (з дапамогай летувісаў) зьнішчылі прыкладна 21.700 віленскіх габрэяў. Пасьля лістапада 1941г. тэмпы ліквідацыі габрэяў запаволіліся, бо Вермахту патрабавалася рабская працоўная сіла, і асуджаныя на сьмерць габрэі такім чынам атрымалі адтэрміноўку. Гета зьліквідавалі ў верасьні 1943г. З 10.000 габрэяў, вывезеных адтуль гэтым разам, 5.000 загінулі ў газавых камерах Майданэку, некалькі сотняў - у пясчаных ямах, 30 астатнія трапілі ў працоўныя лагеры ў Эстоніі, дзе большасьць зь іх зьнішчылі перад прыходам у 1944г. Савецкай Арміі. З прыкладна 70.000 габрэяў, што жылі ў Vilnius'е ў 1939г., не загінулі ў вайну, магчыма, тысячаў сем. 31

Захаваліся некаторыя габрэйскія ўстановы. YIVO неверагодным чынам удалося перабрацца ў Нью-Ёрк. Але габрэйская цывілізацыя Vilne была цалкам разбураная. І асноўнай тэмай пры ўвекавечаньні памяці пра яе сталі некалькі гадоў ейнага зьнішчэньня, а ня некалькі стагодзьдзяў яе існаваньня. Зь дзясяткаў літаратараў, што належалі да Yung Vilne, выжылі толькі тры. Адзін зь іх, паэт Абрам Суцкевер, пераехаўшы зь літоўскага Ерусаліму ў сапраўдны Ерусалім, зрабіўся сімвалам пераносу габрэйскай культуры на зямлю Ізраілю. 32 Зьнічшэньне літоўскага Ерусаліму азначала, што гістарычная Літва незваротна страчаная. Панарскі лес, дзе пачалося "канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня", - гэта той самы лес, які апяваў Міцкевіч. Геніяльны паэт не ўяўляў Літвы без габрэяў.

Канец польскага Wilno (1944 - 1946 гг.)

Калі фашысты ліквідавалі ў Vilnius'е гета, вермахт адступаў па ўсёй лініі фронту. У 1944г. у Вильну вярнулася Чырвоная армія. На горад тады прэтэндавалі, па-першае, палякі, якія хоць і паменелі ў ліку, але, безумоўна, складалі большасьць насельніцтва, па-другое, летувісы, пачуцьці якіх распальвала ўласная вера ў тое, што яны сталіся ахвярамі польскай, савецкай і нацысцкай акупацыяў Vilnius'у, і, па-трэцяе, саветы, у руках якіх зноў апынулася рэальная ўлада. У тым, што палякі і летувісы ня здолелі выступіць супраць саветаў адзіным фронтам, няма нічога дзіўнага. 33 Польская Армія Краёва змагалася ня толькі за незалежнасьць Польшчы, але і за вяртаньне ёй Wilno. Большасьць яе жаўнераў не ўяўляла аднаго без другога. Таму летувісы бачылі ў Арміі Краёвай агента польскага імперыялізму. 34 Калі ў 1944г. Чырвоная армія падышла да Вильны, польская Армія Краёва ўжо заняла прылеглыя тэрыторыі. Атака палякаў на нямецкія пазіцыі ў Wilno не прынесла жаданага выніку. Толькі 13 ліпеня 1944г. Чырвоная армія пры падтрымцы палякаў захапіла Вильну. Потым саветы інтэрнавалі польскіх салдатаў, а Сталін аднавіў Літоўскую ССР са сталіцай у Vilnius'е. Польскія палітычныя дзеячы прыяжджалі ў Маскву, прасілі, каб ім вярнулі Wilno, але Сталін разьлічваў, што больш выйграе, калі пакіне горад за летувісамі. 35

Сталін ведаў, што з гледзішча культуры горад быў польскі [2]. Пасьля "канчатковага вырашэньня габрэйскага пытаньня" ён больш чым калі раней быў польскі і "этнічна". Сталін таксама ведаў, што для палякаў няма нічога горшага за летувіскую ўладу - так яго інфармаваў Лаўрэнці Берыя (1899-1953гг.), які ачольваў НКВД. Тэкст сьведчыць сам за сябе: "Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вильны з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-літоўску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вильна будзе далучаная да Заходняй Беларусі - абы не да Літвы". 36 Зразумела, што на той час, пасьля вынішчэньня габрэяў, пераважную большасьць жыхароў гораду складалі менавіта палякі, хоць Берыя ніводнага разу не ўжывае гэтага слова. Аднак на палітыку Сталіна самавызначэньне народу ніяк не ўплывала, і меркаваньне віленчукоў нічога не вызначала. І, вырашыўшы аддаць Vilnius Летуве, Сталін зрабіў захады, каб горад ніколі больш ня быў арэнай барацьбы паміж палякамі і летувісамі. Тут, як і ўздоўж усёй астатняй савецкай мяжы, на тэрыторыях, што да вайны належалі Польшчы, нацыянальныя пытаньні вырашаліся пры дапамозе этнічных чыстак. Як толькі ў ліпені 1944г. яшчэ неафіцыйна новая савецка-польская мяжа пралегла далей на захад, Савецкі Саюз пачаў праводзіць палітыку "абмену насельніцтвам" паміж Літоўскай ССР і Польшчай. У 1939-41гг. саветы дэпартавалі эліту на ўсход, углыб СССР. У 1944-46гг. польскае насельніцтва як такое дэпартавалі з заходніх раёнаў СССР у Польшчу. У 1944-48гг. запісаліся палякамі і зьехалі зь Vilnius'у ў камуністычную Польшчу 100.000 чалавек [3]. Як заўважыў у лістападзе 1944г. Ромерыс, за некалькі месяцаў польскае пытаньне ў Vilnius'е "перастала існаваць". 37

У 1945г., пасьля таго, як Савецкі Саюз зноў авалодаў Vilnius'ам, Сталін вырашыў не ўтвараць Польскай Савецкай Сацыялістычнай ці Польскай Аўтаномнай Рэспублікі, а перанесьці польскую мяжу далей на захад. Ён вырашыў утварыць Літоўскую ССР са сталіцай у Vilnius'е і выслаць палякаў у камуністычную Польшчу. Калі ў Wilno не засталося польскай інтэлігенцыі, колішняя федэралісцкая традыцыя польскага патрыятызму зусім прыйшла ў заняпад. Федэралісцкая ідэя заўсёды палягала на тым, што цэнтрам распаўсюду элітарнай польскай культуры было Wilno. Са зьнікненьнем у горадзе адукаванага польскага насельніцтва ад гэтай ідэі нічога не засталося. Пасьля дэпартацыі палякаў у 1944-46гг. у Wilno скончылася панаваньне польскай культуры, якое зазвычай храналагічна прывязвалі да стварэньня ў 1569г. Рэчы Паспалітай. Пераселеныя на захад, у камуністычную Польшчу, літоўскія палякі не маглі адстойваць федэралісцкую ідэю на сваім новым месцы жыхарства. Для шмат каго зь іх цэнтральная Польшча заўсёды была чужой краінай. Адарваныя ад родных мясьцінаў, яны не маглі праводзіць ідэю мясцовага патрыятызму. Ва ўмовах цэнзуры яны не маглі надрукаваць свае прапановы датычна земляў, захопленых Савецкім Саюзам, або нават свае мемуары. Трапіўшы ў пастку новых грамадзкіх рэаліяў, яны гадавалі дзяцей, якія сваім нацыянальным самаўсьведамленьнем нічым не адрозьніваліся ад астатніх маладых палякаў, што выхоўваліся ў "аднароднай" камуністычнай Польшчы. "Літва" ў гістарычным сэнсе зьнікла, Wilno стаў, як гаворыцца ў знакамітым пасьляваенным вершы, "безыменным горадам". 38

Як мы пабачым, ён набыў імя Vilnius.



a Пераклад Язэпа Семяжона.

b Аўтар перабольшвае. Роля польскай культуры ў Вільні заставалася вызначальнай.

c З такім меркаваньнем наконт беларусаў цяжка пагадзіцца. Ніжэй аўтар сам адзначае актыўнасьць беларускага руху ў Вільні, дзе ён адчуваўся шматкроць мацней, чым праявы летувіскай прысутнасьці.

d Стварэньня такой рэспублікі не планавалася.

e Антон Луцкевіч добра разумеў, што такое сталінская дыктатура, але мусіў шукаць кампрамісу з бальшавікамі дзеля ўратаваньня беларускай інтэлігенцыі і беларускай справы.

[1] А таксама і беларусам

[2] Нават у гэты час Вільня заставалася таксама адным з цэнтраў беларускай культуры.

[3] Большую іх частку складалі этнічныя беларусы.



1 Ezra Mendelsohn. The Jews of East Central Europe. Bloomington: Indiana University Press, 1983, 11-84; Jerzy Tomaszewski (рэд.). Najnowsze dscdeje Żydów w Polsce, Warsaw: PWN, 1939,179-198. Гл. таксама Czesław Miłosz, Rodzinna Europa, Paris: Instytut Literacki, 1980, 78-89.

2 Перапіс 1931г. выявіў, што ў горадзе з 195.100 насельнікаў 65,9% былі палякі, 28,0% - габрэі, 0,9% - беларусы і 0,8% летувісы. Летувіскія дэмографы прызнавалі, што ў горадзе было мала летувісаў.Piotr Eberhardt. "Przemiany narodowościowe na Litwie"// Przegląd Wschodni, 1, 3 (1991), 468-469.

3 Пра беларускую культуру - Nicholas Vakar. Belorussia. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1956,121-135; Aleksander Wabiszczewicz, "Sytuacja szkolnictwa białoruskiego na Białorusi zachodniej"// Małgorzata Giżejewska and Tomasz Strzembosz (рэд.). Społeczeństwa białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach pólnocno-wschodnich ІІ Rzeczypospolitej. Warsaw: ISP PAN, 1995,190, 198; Aleksiej Litwin, "Problem Białorusi w oficjalnej polityce polskiej," ibid., 17-21.

4 Miłosz. Rodzinna Europa. 58.

5 Algis Kasperavičius "Relituanizacja i powrót do macierzy"// Robert Trąba (рэд.). Tematy polsko-litetuskie, Olsztyn: Borussia, 1999, 103; Nerijus Udrеnas, "History Textbooks and the Making of the Nation State" Masters thesis, Brandeis University, 1995,14.

6 Tomas Venclova. "Native Realm Revisited" цытуецца паводле рукапісу, 23, надрукававана па-польску ў Zeszyty Literackie, 70 (2000).

7 Цытуецца паводле Iver Neumann. "Poland as a Regional Great Power"// Iver Neumann (рэд.). Regional Great Powers and International Politics. New York: St. Martins, 1992, 134-135. Гл. M. Anysas. Der litauische-polnische Streit um das Wilnagebiet. Wurzburg: K. Triltsch, 1934, 1-2, 10; Augustin Voldemaras. La Lithuanie et ses problèmes. Paris: Mercure Universel, 1933,15-18.

8 Alfonsas Eidintas, Vytautas Žalys. Lithuania in European Politics. New York: St. Martins, 1999,140-141.

9 Ibid., 122.

10 David Crowe. The Baltic States and the Great Powers. Boulder, Colo.: Westview Press, 1993, 83.

11 Eidintas, Zalys. Lithuania in European Politics. 180-181.

12 Marek Wierzbicki. Polacy i Białorusini w zaborze sowieckim. Warsaw: Volumen, 2000,155-156; Iwanow. "Sprawa przynależności Wilna i problemy narodowościowe na Białorusi"// Giżejewska, Strzembosz. Społeczeństwa, 85-89.

13 Polski Słownik Biograficzny, vol. 18, Wrocław: Ossolineum, 1973, i, 514; Aнтон Луцкевіч. Успаміны аб працы першых беларускіх палітычных арганізацый. Miнск: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1991; Arnold McMillin Die Literatur der Weiss-russen. Giessen: Wilhelm Schmitz, 1997,122.

14 Regina Zepkajte."Okupacja Wilna przez Armie Czerwona"// Giżejewska, Strzembosz. Społeczeństwa, 305.

15 Crowe. The Baltic States, 99-106, Alan Bullock. Hitler and Stalin. New York: Knopf, 1992, 645; Zepkajte. "Okupacja Wilna przez Armie Czerwona" 302; Algis Kasperavičius. "Stosunek władz i społeczeństwa Litwy do Polaków ne Wileńszczyźnie"// Giżejewska and Strzembosz/ Społeczeństwa, 307; Krzysztof Tarka "Spór o Wilno"// Zeszyty Historyczne, 114 (1995), 60; Sabaliūnas. Lithuania in Crisis, 151-153. Hillel Levine. In Search of Sugihara. New York: Free Press, 1996.

16 Leonas Sabaliūnas. Lithuania in Crisis. Bloomington: Indiana University Press, I972, 153; Kasperavičius. "Relituanizacja i powrót do macierzy". 108.

17 Запіс ад 9 ліпеня 1941г. у ягоным дзёньніку (Dziennik). Аддзел рукапісаў (Rankraščiu Skyrius) бібліятэкі Віленскага універсітэту, F75-13. Herector VUBR.

18 Прававой падставай гэтых прэтэньзіяў было пагадненьне з бальшаваіцкай Расеяй ад 12 ліпеня 1920г.

19 S. Kairys. "Iš Vilniaus sugrįžus?"// Mintis, 10, 1939, 330, цытуецца паводле Kasperavičius. "Relituanizacja," 109.

20 Sabaliūnas. Lithuania in Crisis, 162. Гл. таксама Crowe. The Baltic States, 143.

21 Дзёньнікавыя запісы ад 4 лютага 1940г. і 21 сакавіка 1940г., VUBR F75-13. Гл. таксама Longin Tomaszewski. "Społeczeństwo Wileńszczyzny wobec władzy Litewskiej i sowieckiej"// Giżejewska, Strzembosz. Społeczeństwa, 329; Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Litwie, 1997,151.

22 Kasperavičius. "Stosunek władz i społeczeństwa Litwy do Polaków na Wileńszczyźnie", 313; Zepkajte. "Okupacja Wilna przez Armię Czerwona", 310-314.

23 Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Litwie, 153-154.

24 У дадзенай працы не разглядаецца падабенства нацысцкага і савецкага рэжымаў. Гл. Charles Maier. The Unmasterable Past. Cambridge, Mass.: Harvard University Press, 1988; Hans-Ulrich Wehler, Entsorgung der deutschen Vergangenheit? Munich: Beck, 1988; Peter Baldwin (рэд.). Reworking the Past. Boston: Beacon Press, 1990; François Furet. Le passé d'une illusion. Paris: Calmann-Levy, 1995; Timothy Snyder."Coming to Terms with the Charm and Power of Soviet Communism"// Contemporary European History, 6, i (1997), 133-144; Stephane Courtois (рэд.). Le livre noir du communisme. Paris: Robert Laffont, 1997.

25 Пад прыкрыцьцём нямецкае ўлады літоўскія нацыянал-экстрэмісты заклікалі нацыстаў ачысьціць Vilnius ад палякаў і былі расчараваныя, калі выявілася, што немцы маюць іншыя планы. Kasperavičius, "Relituanizacja," 114-115.

26 Статыстычная справаздача за сакавік 1943г., (34/67), F. R1399, A1, B. 9; "Lagebericht. Wilna, IV A i (Gestapo)," F. R1399, A1, B. 100; "An den Herrn Höheren SS-und Polizeiführer Ostland und Russland Nord in Riga. Verhalten litauischer Sonderkampfverbände," 11 траўня 1944г.; "Lagebericht. Bandentätigkeit," 24 красавіка 1944г., F. R1399, ai, B. 100, L. 1; Даклад каменданта СС Тытэля Екельну ў Рыгу, 15 траўня 1944г., F. R1399, ai, B. 106; усё ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Летувы, Vilnius.

27 Dina Porat. "The Holocaust in Lithuania"// David Cesarini (рэд.). The Final Solution, Routledge: New York, 1994,160.

28 Yitzhak Arad. "The 'Final Solution" in Lithuania"// Yad Vashem Studies, 11 (1976), 241; Yitzhak Arad. Ghetto in Flames. Jerusalem: Hava, 1980, 43-48.

29 Konrad Kweit. "Rehearsing for Murder"// Holocaust and Genocide Studies, 12, 1 (1998), 3- 26. Пра ролю летувіскіх габрэяў падчас савецкай акупацыі - Dov Levin. Baltic Jews under the Soviets. Jerusalem: Hebrew University 30, 43.

30 Arad. Ghetto in Flames. 429-432; Marc Dvorjetski. Le Ghetto de Vil'na. Geneva: Union O.S.E., 1946; дзёньнік Іcchak Rudaszewski. Lithuania . 3 (1991), 35-49; Michael Mac-Queen. "The Context of Mass Destruction"// Holocaust and Genocide Studies, 12, 1 (1998) 27-48. Гл. таксама Knut Stang. Kollaboration und Massenmord. Frankfurt am Main: Peter Lang, 1996,73-112.

31 Апроч таго, у 1939-41гг. у Vilne ўцяклі 15.000 габрэяў з Варшавы і цэнтральнай Польшчы. Большасьць зь іх напаткалі сваю сьмерць у Летуве.

32 Abraham Novershtern. "Yung Vilne"// Yisrael Gutman, Ezra Mendelsohn, Jehuda Reinharz, Chone Shmeruk (рэд.). The Jews of Poland Between the two World Wars. Hanover, Mass.: Brandeis University Press, 1989,386.

33 Tarka. "Spór o Wilno", 83.

34 Kasperavičius. "Relituanizacja", 117.

35 Sovetskii faktor, 73.

36 Teczka specjalna J. W. Stalina, 48.

37 Дзёньнікавы запіс ад 6 лістапада 1944г., VUBR, F75-13.

38 "Хто будзе шанаваць безыменны горад?" пытаецца Чэслаў Мілаш у першым радку вершу "Безыменны горад" (надрукаваны ў 1969г.). Czesław Miłoszs "Miasto bez imienia". Пра лёс летувіскіх палякаў гл. Jerzy Surwillo. Rachunki nie zamknięte. Vilnius: Magazyn Wileński, 1992, напр. 318.


Разьдзел 5. Эпілог: Vilnius у Савецкай Літве (1945 - 1991гг.)

Вось гэтак струны лютні ад удару

Зазвоняць і парвуцца. Гулкім тонам

Пачнуць мелодыю, як быццам звонам,

Але канца яе ўжо не бывае.

Адам Міцкевіч. "Конрад Валенрод" a (Пецярбург, 1828г.)

Эпіграфам да гэтай часткі кнігі былі першыя радкі з "Пана Тадэвуша" - шэдэўра, створанага Міцкевічам у 1834г. У ХІХ-ХХст.ст. зьмест фразы O Litwo! Ojczyzna moja…істотна зьмяніўся. Сутнасьць гэтых зьменаў прасочваецца, калі мы пачынаем аналізаваць кожнае з трох словаў у першым радку. Першая зьмена зьвязаная з тым, як нацыянальныя дзеячы ХІХст. вызначалі сябе і свае нацыі, - са зьместам першага слова - "Літва". Мы назіралі, як туга па колішнім Вялікім Княстве Літоўскім зь ягонай палітычнай нацыяй саступіла жаданьню стварыць новыя нацыянальныя дзяржавы. У апошняй траціне ХІХст. выявіліся супярэчнасьці Міцкевічавага рамантызму, стала зразумела, якія эканамічныя, грамадзкія, моўныя праблемы нясе ў сабе ідэя пальшчызны раньняга Новага Часу і які патэнцыял для іх вырашэньня мае навачасны нацыяналізм. Расьцярушаныя пасьля 1863г. па асобных перакладах на нацыянальныя мовы, тропы настальгічнага рамантызму паслужылі справе нацыяналістаў, апанаваных ідэяй "адраджэньня" нацыянальных дзяржаваў. У той час, як польскія федэралісты і беларускія патрыёты захавалі вернасьць духу Міцкевіча, мадэрныя польскія і літоўскія нацыяналісты да канца ХІХст. увянчалі яго лаўрамі свайго "нацыянальнага паэта". У сьвеце складанай міжнароднай палітыкі прапанаванае этнічнымі нацыяналістамі прачытаньне Міцкевіча выявілася больш плённым. Горшыя чытачы апынуліся лепшымі прарокамі.

Наступная зьмена зьвязаная з тым, што дзяржаўная незалежнасьць вядзе да пэўнай прымітывізацыі ў разуменьні панятку "нацыя", з тым, штó адбываецца, калі жаданьне ператвараецца ў валоданьне, - са зьместам слова "мая". З развалам імперыяў напрыканцы Першай сусьветнай вайны носьбіты розных нацыянальных ідэяў: навачаснага нацыяналізму, раньнемадэрнага федэралізму, бальшавіцкага інтэрнацыяналізму - уваходзяць у канкурэнцыю між сабою на палітычным, вайсковым, дыпламатычным узроўні. На тэрыторыі былога ВКЛ пераможцамі ў гэтай барацьбе выйшлі польскія і летувіскія нацыяналісты, а таксама (у пэўнай ступені) бальшавікі. У выніку ўтварыліся незалежныя дзяржавы: польская і летувіская, якія праіснавалі два дзесяцігодзьдзі, і Беларуская ССР, якой было наканавана пражыць семдзесят гадоў. Мы бачылі, што ў тым, каб зрабіць нацыянальны склад аднародным, Другая сусьветная вайна, "канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня" і сталінскія дэпартацыі адыгралі непараўнальна большую ролю, чым палітыка міжваеннай Польшчы і Летувы. Пасьля вайны праз палітыку Савецкага Саюзу ад раньненавачаснай традыцыі федэралізму зусім нічога не засталося. Найбольш істотную ролю ў гэтым адыграла рашэньне аддаць гістарычна шматнацыянальны Vilnius Літоўскай ССР.

Як Wilno, горад, дзе да 1939г. пры польскай уладзе летувісы складалі абсалютную меншасьць, у 1991г. зрабіўся сталіцай нацыянальнай Літоўскай дзяржавы Vilnius'ам? Каб узьвесьці новы будынак, спатрэбілася зруйнаваць стары. Нацысты і камуністы сваімі дзеяньнямі стварылі фізічную і палітычную прастору, у якой Vilnius мог адрадзіцца летувіскім горадам. Новая акупацыя Летувы і Vilnius'у саветамі дала штуршок да пераасэнсаваньня Міцкевічавага "айчына". Пасьля Другой сусьветнай вайны Vilnius стаўся летувіскім у мадэрна-нацыянальным сэнсе. За гады савецкай улады ў месьце, дзе калісьці вучыўся Міцкевіч, запанавала летувіская культура. Спраўдзілася старая мара летувіскіх нацыяналістаў. Як мы бачылі, зразумець і вытлумачыць гэтую падзею можна толькі ў кантэксьце вынішчэньня ў Vilne/Wilno габрэйскай і польскай культураў. У Халакост загінула каля 90% віленскіх габрэяў, пасьля вайны пераехала ў Польшчу каля 80% віленскіх палякаў. Савецкая ўлада праводзіла агульную палітыку перасяленьня, якой на мясцовым узроўні кіравалі летувіскія камуністы. Празь некалькі тыдняў пасьля капітуляцыі Нямеччыны, 30 траўня 1945г., палітбюро ЦК Кампартыі Літвы вырашыла скіраваць усе сілы рэспублікі на тое, каб выселіць зь Vilnius'у палякаў. 1

Летувіскі Vilnius

Па ўсёй тэрыторыі Літоўскай ССР, за выняткам Vilnius'у, з тых, хто запісаўся палякамі, перасялілі ў Польшчу толькі траціну. Дзясяткі тысячаў палякаў-вяскоўцаў ніхто не змушаў да рэпатрыяцыі, яшчэ дзясяткі тысячаў з тых, хто падаў заяву на пераезд у Польшчу, атрымалі адмову. Супраць гэтай палітыкі, якую адкрыта праводзіла летувіская камісія па рэпатрыяцыі, пры кожнай нагодзе пратэставалі польскія камуністы. Увесну 1945г. шмат палеткаў у Польшчы ляжалі неўзараныя, і польскі бок чакаў польскіх сялянаў зь Летувы. У некаторых выпадках афіцыйныя асобы Літоўскай ССР, адказныя за рэпатрыяцыю, патрабавалі ад кандыдатаў выдадзеных за немцамі дакументаў, якія б пацьвярджалі, што іх уладальнікі - палякі. Як мінімум, у адпаведнасьці зь літарай пагадненьня аб рэпатрыяцыі, яны патрабавалі даказаць, што кандыдат меў польскае грамадзянства. Аднак у Vilnius'е ўсё адбывалася зусім іначай. Тут рэпатрыяцыйная камісія зыходзіла з таго, што палітыка СССР палягала ў стварэньні новага - летувіскага - Vilnius'у. Кожнага віленскага паляка змусілі напісаць заяву аб рэпатрыяцыі, і 80% тых, хто запісаўся палякамі, сапраўды перасялілі ў Польшчу. 2 Так адбылася дэпаланізацыя Wilno, якая сталася паваротным пунктам у гісторыі летувіскай нацыі. З самага свайго ўзьнікненьня летувіскі нацыянальны рух марыў пра тое, каб здабыць Vilnius. У 1905-м і 1918-м гадох летувіскія нацыянальныя дзеячы любілі працаваць менавіта ў Vilnius'е. У міжваенны час галоўнай праблемай Летувы нязьменна заставаўся захоп Vilnius'у ў 1920г. палякамі. Аднак Vilnius ніколі ня быў летувіскім горадам з гледзішча навачаснага нацыяналізму - з гледзішча нацыянальнай прыналежнасьці яго жыхароў.

Паводле зьвестак перапісаў, што праводзіліся ў СССР, можна прыблізна ўявіць, як разьвіваліся далейшыя падзеі. У 1959г. з 236.100 віленчукоў 79.400 (34%) назваліся летувісамі, 69.400 (29%) - расейцамі, 47.200 (20%) - палякамі, 16.400 (7%) - габрэямі, 14.700 (6%) - беларусамі. Упершыню ў новай гісторыі летувісы былі самай шматлікай нацыянальнай супольнасьцю ў Vilnius'е. 34% у 1959г. супраць 1-2% у 1939г. - такі рост ня можа ня ўражваць. Але разам з тым, летувісы ўсяго крыху колькасна пераўзыходзілі расейцаў і амаль удвая саступалі ўсім славянам разам узятым (расейцам, палякам, беларусам). Да 1989г., калі ў Савецкім Саюзе праводзіўся апошні перапіс, насельніцтва Vilnius'у павялічылася больш як удвая і дасягнула 576.700 жыхароў, зь якіх летувісы складалі большасьць - 50,5%. Колькасьць расейцаў, палякаў і беларусаў зьменшылася адпаведна да 20-і, 19-і і 5-і адсоткаў. Нават усе разам славяне цяпер саступалі летувісам. 3 Калі прыняць пад увагу распаўсюджаную версію пра русіфікатарскую савецкую палітыку, калі прыняць пад увагу, што за той жа час савецкая ўлада зрусіфікавала Менск, Рыгу і Талін, гэтыя лічбы вымагаюць абавязковага тлумачэньня.

Нацыянал-камунізм

Часткова літуанізацыя Vilnius'у тлумачыцца тым, што летувіскія камуністы пайшлі на кампраміс з савецкім кіраўніцтвам. У другой палове 40-х гадоў летувіскія камуністы праводзілі палітыку Сталіна - зьнішчалі тых, хто змагаўся супраць савецкай улады, праводзілі дэпартацыю, калектывізацыю. Летувіс Антанас Сьнечкус (1903-1974гг.) быў сакратаром ЦК Літоўскай камуністычнай партыі з 1936г. да самай сваёй сьмерці. Ён перажыў закалоты міжваеннага часу, вайну, пасьляваенныя чысткі, перажыў Сталіна і Хрушчова, пражыў немалы адрэзак брэжнеўскай эпохі. У камуністычнай гісторыі даўжэй узначальваў партыю толькі Мао. Сьведка міжваенных палітычных перыпетыяў, ён разумеў, што цэнтральным пытаньнем для летувіскіх нацыяналістаў быў Vilnius. 4 Атрымаўшы яго насуперак беларускім камуністам, Сьнечкус разьлічваў распарадзіцца гэтым найкаштоўнейшым здабыткам з максімальнай карысьцю. Можна меркаваць, што, дэпартаваўшы палякаў, Сьнечкус са сваімі летувіскімі таварышамі зусім не хацеў пабачыць на іхным месцы расейцаў. Вядома, камуністы іншых нацыянальнасьцяў разумелі, штó азначае Vilnius для летувісаў. Урэшце, на пачатку існаваньня Літоўскай ССР большасьць Літоўскай кампартыі складалі не-летувісы. 5 У імя ўмацаваньня савецкай улады ў рэспубліцы нацыянальнымі сродкамі кадры, прысланыя зь іншых рэспублік, кіравалі ўласным адыходам на другасныя ролі ў палітыцы Літоўскай ССР.

Разам з савецкімі Латвіяй і Эстоніяй Літва атрымала дазвол весьці выкладаньне ва ўніверсітэце на мясцовай мове. Пасьля Другой сусьветнай вайны наноў адкрыўся - гэтым разам як летувіская навучальная ўстанова - Віленскі ўніверсітэт, заснаваны ў XVIст. як езуіцкая акадэмія, падтрыманы ў першай траціне ХІХст. царом Аляксандрам, адноўлены палякамі ў 20-я-30-я гады ХХст. Увосень 1945г. 86,4 % студэнтаў значыліся летувісамі і толькі 1,6% - палякамі. Да вайны, у 1937-38-м навучальным годзе, роднай мовай 72,6% студэнтаў была польская і толькі 2,7% размаўлялі па-летувіску. Наўрад ці можна ўявіць больш радыкальную перамену. Сапраўды, па трох пазіцыях у савецкай Літве нацыянальны характар універсітэту выяўляўся больш яскрава, чым у міжваеннай Польшчы. Па-першае, дакладная лічба ў 86,4% сьведчыць пра выразны намер прыцягнуць у Vilnius вяскоўцаў-летувісаў. Па-другое, калі ў міжваенны час Віленскі ўніверсітэт быў установай, дзе беларусаў асімілявалі, то пасьля вайны Віленскі ўніверсітэт стаў установай, куды беларусаў не прымалі. Нягледзячы на тое, што вакол Vilnius'у месьціліся беларускамоўныя вёскі, што ад Vilnius'у да мяжы з БССР - толькі 40км, колькасьць беларускіх студэнтаў трымалася на ўзроўні прыкладна 1%. 6 Па-трэцяе (і гэта самае галоўнае), у Савецкім Саюзе нацыянальнасьць замацоўвалася ў асабістых дакументах. Статыстычныя дадзеныя пра родную мову студэнтаў 1937-38гг., пры Польшчы, грунтаваліся на зьвестках, атрыманых са словаў студэнтаў. У пасьляваенным - летувіскім - універсітэце "нацыянальнасьць" студэнтаў вызначалася паводле запісу ў іхных агульнаграмадзянскіх савецкіх пашпартах.

Гэтыя карэнныя перамены стварылі адметны мясцовы фон, на якім ажыцьцяўлялася агульная савецкая палітыка ўрбанізацыі. Пасьля вайны Vilnius застаўся фактычна пусты, а побач жылі летувіскія сяляне - значыць, іх колькасьць у горадзе мусіла павялічыцца. Аднак, як сьведчыць прыклад русіфікаваных паўднёвых і паўночных суседзяў Літоўскай ССР, урбанізацыя па-савецку не прадугледжвала, каб тытульная нацыя рэспублікі вяла рэй у яе сталіцы. Выяўляецца, што ў Літве павольная індустрыялізацыя спрыяла міграцыі ў сталіцу мясцовага насельніцтва, а ня масаваму прытоку перасяленцаў з усяго СССР, які зазналі Талін, Рыга, Менск. 7 Апроч таго, часткова праз забарону на планаваньне сям'і і аборты з боку каталіцкага касьцёлу ў 50-я - 60-я гады ХХст. у летувіскіх сем'ях было вельмі шмат дзяцей. І ўсё ж пытаньні нацыянальнага вызначэньня нельга зьвесьці да нараджальнасьці і дэмаграфіі. Калі былыя вяскоўцы і іх дзеці называюць сябе летувісамі, то гэты палітычны факт выяўляе зьмену сацыяльнай сітуацыі. Цягам прыкладна чатырохсот гадоў уздым па сацыяльнай лесьвіцы ў Wilno суправаджаўся засваеньнем польскай культуры. Цяпер, пасьля зруйнаваньня цэнтраў польскай культуры на землях гістарычнай Літвы, гэты шлях быў перакрыты. Літуанізацыю Vilnius'у трэба разглядаць у рэчышчы ня толькі фізічнага выдаленьня палякаў з гораду, але і скасаваньня польскай цывілізацыі як увасабленьня гарадзкога ладу жыцьця.

Нават праз стагодзьдзі асіміляваньня ў гарадзкую культуру вяскоўцы могуць збольшага нечакана сьцьвердзіць перавагу ўласнае культуры ў гарадзкіх мурох. 8 Дзеля гэтага трэба, каб тыя, хто раней вёў рэй у горадзе, страцілі сваю зьвершнасьць або ўвогуле сышлі са сцэны. У Wilno гэта датычылася палякаў. Да перасяленьня ў 1944-46гг. палякі ня проста складалі колькасную большасьць - яны выступалі носьбітамі гарадзкой (вышэйшай) культуры. Якасьць азначала ня менш, чым колькасьць. Напрыканцы ХІХст. расейскія губернатары Вильны баяліся польскай шляхты акурат таму, што польская культура мела вялікую асіміляцыйную моц. Тыя, хто стаяў ля вытокаў летувіскага руху, баяліся нават не саміх палякаў, а прывабнасьці польскай культуры, гэткай знаёмай ім з уласнага досьведу. У міжваенны час летувіскія дзяржаўныя дзеячы, якія патрабавалі вярнуць Vilnius, баяліся польскай цывілізацыі. У 1944- 46гг. праведзенае летувіскімі камуністамі перасяленьне палякаў перакрэсьліла шматвекавую традыцыю польскага культурнага панаваньня ў Wilno. Рашэньне выселіць палякаў зь Vilnius'у, але пакінуць іх на вёсцы прымалі людзі, абазнаныя ў гісторыі нацыянальнасьцяў. У выніку палякі зрабіліся ў Літве тым, чым ніколі не былі, - сялянскай нацыяй. Яны ня проста скараціліся ў колькасьці - яны панізіліся ў стане.

Дзьверы перад летувісамі расчыніліся. У 50-х гг. ХХст. яны змаглі стаць тымі, кім ніколі раней не былі, - гарадзкой нацыяй. Упершыню ў новай гісторыі летувіская мова зрабілася ў Vilnius'е адзнакай статусу. Каб узвысіцца ў грамадзтве, польская больш не патрабавалася. Дзеці бацькоў-вяскоўцаў ці местачкоўцаў, якія нарадзіліся ў Vilnius'е ў 50-я - 60-я гады, маглі навучацца ў гарадзкіх летувіскамоўных школах. За першыя дзесяць гадоў савецкай улады колькасьць агульнаадукацыйных сярэдніх школаў павялічылася ў чатыры разы. У школах Літоўскай ССР вывучэньню летувіскай мовы надавалася больш увагі, чым у даваенных летувіскіх школах. 9 У 60-я гады ў Vilnius'е большасьць шаснаццацігадовых юнакоў і дзяўчатаў, у якіх летувісам быў адзін з бацькоў, лічылі сябе летувісамі. 10 Хоць у Vilnius'е ніколі раней не было летувіскага ўніверсітэту, шматлікае новае пакаленьне моладзі ўспрымала ягонае існаваньне як штосьці само сабой зразумелае. Паводле перапісу 1989г., прыкладна 10% летувісаў мелі аднаго з бацькоў іншай нацыянальнасьці. А ў некаторых выпадках нават абодва бацькі не былі летувісамі. 11 Пры савецкай уладзе летувіскасьць у Vilnius'е набыла асіміляцыйную моц.

Яшчэ адзін асобны кампраміс заключылі між сабою летувіскія камуністы і летувіская інтэлігенцыя. Каля 20.000 летувісаў змагаліся супраць савецкай улады. Большасьць зь іх альбо загінула, альбо зазнала высылку ў Сібір. З 1945-га па 1953-і год з савецкай Літвы дэпартавалі 120.000 жыхароў, ці 5% насельніцтва. У выгнаньні апынуліся шмат вядомых летувіскіх пісьменьнікаў і навукоўцаў, а таксама 1.000 з 1.300 рыма-каталіцкіх сьвятароў. 12 Пасьля 1953г. шмат хто з дэпартаваных вярнуўся на радзіму. Яны пабачылі савецкую Літву са сталіцай у Vilnius'е, які ператвараўся ў горад летувіскай культуры. Адразу пасьля сьмерці Сталіна пачаў расьці працэнт летувісаў у Літоўскай кампартыі. Шмат хто зь летувіскай інтэлігенцыі прыняў пагадненьне, згодна зь якім у абмен на ўступленьне ў кампартыю яны атрымлівалі адносную свабоду захоўваць летувіскую культуру. І гэта прынесла велізарны плён. Адбылося ўнармаваньне летувіскай літаратурнай мовы, яна ўзьнялася на ўзровень мовы навукі. Заўважныя посьпехі мела летувіская паэзія і проза. Віленскі ўніверсітэт зрабіўся цэнтрам балцкіх досьледаў. 13

Рамантызм празь вякі

Гэты кампраміс трымаўся дзесяцігодзьдзямі. У 1970г. прапарцыйная колькасьць летувісаў у кампартыі ўжо не была несувымернай з доляй летувісаў сярод грамадзянаў рэспублікі (адпаведна 66% і 80%). У той год Літоўская ССР заняла трэцяе (пасьля Эстоніі і Латвіі) месца ў СССР паводле даходаў на душу насельніцтва. 14 У рамках савецкае ідэалогіі летувіскія камуністы маглі ганарыцца ня толькі эканамічнымі посьпехамі, але і разьвіцьцём летувіскае культуры. І першы сакратар ЦК Кампартыі Літвы Сьнечкус у выдадзенай у 1970г. кнізе зьвязаў народную любоў да сваёй сталіцы Vilnius'у з прыездам у горад у 1895г. Леніна. 15 Мелася на ўвазе, што Літва абавязаная сваёй сталіцай клопату камуністычнай партыі. Сапраўды: пераемнік Леніна Сталін аддаў Vilnius Літве. Сталіну і яго наступнікам нельга адмовіць у разуменьні таго, штó істотна для летувісаў. Дзеля кампрамісу зь летувіскім народам яны пайшлі нават на зьмены ў расейскай мове. Ленін, калі быў у горадзе, называў яго па-расейску " Вильна". Гэтую назву ў расейскамоўных гістарычных выданьнях замянілі на летувіскую " Вильнюс". Мы бачылі раптоўнае гвалтоўнае зьнішчэньне габрэйскага Vilne і польскага Wilno, разважалі, чаму не апраўдаліся надзеі стварыць беларускую Вільню. Неабходна патлумачыць, чаму пры савецкай уладзе расейская Вильна саступіла летувіскаму Vilnius'у.

Мы заўважылі, што ў міжваенны час летувіскія палітыкі баяліся расейскай культуры менш, чым польскай, а ў 1939г. чакалі, што з прыходам савецкай улады разбурыцца повязь горада з польскай культурай і Летува атрымае магчымасьць літуанізаваць Vilnius. Слушнасьць гэтага цьвярозага разьліку, зробленага ва ўмовах надзвычайнага ціску, ніяк не дазваляе лічыць летувіскі нацыяналізм іррацыянальным. У пасьляваеннай Летуве пацьвердзілі сваю палітычную жыцьцяздольнасьць неаспрэчна рамантычныя ідэі. Тое, што расейская мова саступіла перад летувіскай, змушае нас яшчэ раз зьвярнуцца да моўнага чыньніку, які адыгрываў значную ролю ў станаўленьні летувіскай нацыі. Як мы пабачылі, яскравая адрознасьць балцкай летувіскай мовы ад славянскіх у вялікай ступені абумовіла посьпех летувіскага нацыянальнага руху напрыканцы ХІХст. У міжваенны час Летувіская дзяржава разьвівала асьвету на летувіскай мове. У савецкай Літве летувіская зноў жа служыла сімвалам пераемнасьці з гістарычным мінулым. Розьніца паміж славянскімі і балцкімі мовамі кідаецца ў вочы. Думку пра большую чысьціню летувіскай мовы ў параўнаньні са славянскімі выказалі рамантыкі. У народнай сьвядомасьці ўяўленьне пра шчыльную сувязь летувіскай мовы з санскрытам (што навукова пацьвярджаецца мовазнаўцамі) дасюль застаецца магутнай крыніцай нацыянальнага гонару. Гэта сьведчыць пра жыцьцяздольнасьць рамантычных традыцыяў, іх пасьпяховую прапаганду пры розных палітычных рэжымах і ўрэшце канчатковую перамогу пры савецкай уладзе. 16

Як жа саветы падтрымлівалі рамантычны нацыяналізм? У разьдзеле 2 паказвалася, што летувіскі нацыяналізм канца ХІХст. палягаў на рамантычных тропах, пушчаных у абарот нямецкай літаратурай пасьля Вялікай францускай рэвалюцыі, пераствораных Міцкевічам у 20-я - 30-я гады ХІХст., спляжаных літоўскімі нацыянальнымі дзеячамі ў 80-я гады ХІХст., перакладзеных на мову палітыкі падчас рэвалюцыі 1905г. У разьдзеле 3 ішла гаворка пра тое, як летувіскія нацыяналісты з прапагандысцкай падтрымкаю незалежнай Летувіскай дзяржавы засяродзіліся на захопе Польшчай у 1920г. нібыта летувіскага Vilnius'у. Пасьля 1920г. раньненавачасная, гістарычная ідэя Літвы амаль што сышла ў нябыт. За асобнымі выняткамі і сярод палякаў у Wilno, і сярод летувісаў у Каўнасе да 1939г. ўжо стала замацавалася этнічная ідэя нацыі. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў Vilnius'е, які належаў савецкай Літве, перамагла этнічная летувіская нацыянальная ідэя.

Стары жарт: " Vilnius - Летуве, Летуву - расейцам" - насамрэч не адпавядаў рэчаіснасьці. Летува зрабілася савецкай, а паміж "расейскім" і "савецкім" выявілася пэўная адрознасьць, асабліва ў Vilnius'е. Мары летувіскіх рамантыкаў ХІХст. у версіі летувіскіх нацыяналістаў ХХст. спраўдзіліся пры савецкай уладзе. Ажыцьцявілася паяднаньне Сярэднявечча і сучаснасьці. Калі ў Vilnius'е запанавала летувіская мова, гэта азначала, што перакінуты мост над безданьню паміж марамі пра уласную зьвершнасьць і сярэднявечным магуцьцем. Захаваньне мовы зьмякчыла ў Vilnius'е (як у свой час і ў астатняй Літве ў міжваенны перыяд) удар, нанесены ў раньнім Новым Часе "безьдзяржаўнасьцю". Вядома, пры савецкай уладзе мова была для летувісаў, (дарэчы, і для ўсіх прыбалтаў) адзнакай адметнасьці. Але пры гэтым савецкая ўлада дазволіла летувісам пацьвердзіць на практыцы ідэі рамантыкаў, што даўніна і хараство нацыі захоўваюцца ў яе мове. Першую гісторыю летувіскай мовы па-ангельску, у якой для сусьветнай навуковай супольнасьці раскрываецца роднаснасьць летувіскай мовы і старажытнай протаіндаеўрапейскай, напісаў выпускнік Віленскага (за савецкім часам) універсітэту. 17

Этнічны нацыяналізм - ня толькі ў Літве, але і па ўсім сьвеце - не шануе неадназначных раньненавачасных традыцыяў і ўслаўляе мроі пра сярэднявечную чысьціню і магуцьце. У Vilnius'е савецкая ўлада парвала са спадчынай раньняга Новага Часу больш рашуча, чым можна было б чакаць ад усіх летувіскіх уладных установаў. Пакт Молатава - Рыбентропа перакрэсьліў Люблінскую вунію. 1939-ы год перакрэсьліў год 1569-ы. У 1841г. гісторык-рамантык Нарбут метафарычна пераламіў сваё пяро, каб выказаць пратэст супраць утварэньня польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. У 1939г. Молатаў і Рыбентроп сваім пяром падпісалі дакумент, які скасоўваў повязі паміж Польшчай і Літвой. У 1569г. утварылася найвялікшая раньнемадэрная нацыя ў Еўропе. У 1939г. пачаўся канчатковы падзел летувісаў і палякаў на невялікія мадэрныя этнічныя нацыі. Пры гэтым Савецкі Саюз даў летувісам магчымасьць зьвесьці да мінімуму старыя гістарычныя сувязі з Польшчай. Калі летувіскія камуністы выконвалі ролю пасярэднікаў у пошуку вялікага кампрамісу паміж савецкай уладай і летувіскім грамадзтвам, то ўсе бакі ўспрымалі Польшчу як агульнага ворага. Павялічыўшы тэрыторыю Летувы за кошт Польшчы, Сталін і яго пераемнікі маглі называць сябе гарантамі існага status quo. 18 Праз усе савецкія часы летувіская інтэлігенцыя ганьбіла палякаў за "акупацыю" Vilnius'у ў 1920г. Гэтая іх пазіцыя ў прынцыпе стасавалася з агульнай лініяй Савецкага Саюзу на выкрыцьцё "імперскіх закідаў" Польшчы, і таму закіды летувісаў улады трывалі спакойна. Нават у 80-х гадах ХХст. летувіскія палітычныя дзеячы, як правіла, верылі, што палякі апантаныя ідэяй вярнуць Vilnius і ні перад чым ня спыняцца дзеля сваёй мэты. 19

Як і ва ўсім Савецкім Саюзе, у Літоўскай ССР забаранялася згадваць пакт Молатава - Рыбентропа. У гарбачоўскія часы на масавых дэманстрацыях летувісы называлі яго нацыянальнай трагедыяй. Гэта сьведчаньне мужнасьці. Яны абвяшчалі сябе непавіннымі ахвярамі сакрэтных дамоваў. Гэта сьведчаньне няпамятлівасьці - у іх выніку Летува атрымала Vilnius. Акупацыя ў 1939г. Летувой Vilnius'у калі і згадвалася, дык толькі як яго "вяртаньне". Для летувісаў было само сабою зразумела, што пакт Молатава - Рыбентропа - незаконны, але наступнае далучэньне Vilnius'у да Летувы - законнае. Напрыканцы 80-х гадоў ХХст. летувіскі нацыянальны рух разгортваўся пад лозунгам: "Скасаваць пакт Молатава - Рыбентропа". 20 У літаральным сэнсе скасаваньне пакту Молатава - Рыбентропа азначала б перадачу Vilnius'у Польшчы. Калі на пачатку 90-х адбываўся распад Савецкага Саюзу, савецкае кіраўніцтва ў Маскве і палякі ў Vilnius'е адразу пра гэта загаварылі b.

Імёны і факты

Цягам стагодзьдзя летувіскі нацянальны рух, незалежная Летува і Літоўская ССР усяляк падрывалі сувязі з Польшчай, абумоўленыя традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага, - і пры гэтым ўвесь час спасылаліся на Міцкевіча. Панятак "Літва" напоўнілі новым зьместам: "сучасная нацыянальная адзінка са сталіцай у Vilnius'е". У ідэалогіі да гэтага спрычыніўся нацыянальны рух, у сьферы нацыянальных чаканьняў - Летувіская дзяржава міжваеннага часу, а на практыцы - савецкая Літва. Як мы пабачылі, Vilnius у Літоўскай ССР даў рады з тым, што не атрымалася ў польскага Wilno міжваеннай пары: у 1984г. у Vilnius'е адкрылі помнік нацыянальнаму паэту Міцкевічу (Міцкявічусу). Каля помніка Міцкявічусу праходзілі мітынгі летувіскага нацыянальнага руху, які падштурхнулі да актыўных дзеяньняў рэформы генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова ў другой палове 80-х гадоў ХХ ст. c

Адным зь лідэраў гэтага руху быў Вітаўтас Ландзбергіс (нар. у 1932г.). Гісторыя яго сям'і наастачу яшчэ раз красамоўна нагадае нам пра сутнасную розьніцу паміж раньнемадэрнай ліцьвінскай і мадэрнай летувіскай нацыямі. У ХІХст. сям'я Ландзбергаў, як і астатняя ліцьвінская шляхта, атаесамляла сябе з раньненавачаснай польскай цывілізацыі. На пачатку ХІХст. Казімеж Ландзберг навучаўся па-польску ў Віленскім універсітэце Расейскай імперыі. Як і Міцкевіч, ён не сумняваўся ў вышэйшасьці польскай мовы і вяртаньні польска-літоўскай Рэчы Паспалітай. Падчас паўстаньня 1830-31гг., параза ў якім натхніла Міцкевіча на стварэньне "Пана Тадэвуша", Казімеж Ландзберг змагаўся ў Варшаве супраць улады Расейскай імперыі. Як мы бачылі, пасьля паўстаньня ў Літве зачынілі польскія школы і Віленскі ўніверсітэт. Але ўсё адно паміж 1831-м і 1863-м гадамі ніхто не аспрэчваў перавагу польскай культуры на землях гістарычнай Літвы.

Аднак гісторыя наступнага пакаленьня ў сям'і Ландзбергісаў нагадвае нам, што пасьля паўстаньня 1863-64гг. сфармавалася новая расейская нацыянальная палітыка. Габрыэль Ландзберг таксама выхоўваўся ў польскамоўнай сям'і, але, адрозна ад свайго бацькі, навучаўся ў летувіскай гімназіі. Атрымаўшы магчымасьць вучыцца ў расейскім універсітэце, ён вярнуўся з Масквы дзеячам летувіскага нацыянальнага руху. Габрыэль узяў шлюб з полькай і размаўляў з жонкай па-польску. Хоць сам ён так дасканала і не авалодаў летувіскай мовай, але ганарыўся, што ўсе пяцёра яго дзяцей добра гавораць па-летувіску. Яго малодшыя дзеці дасягнулі паўналецьця ў Расейскай імперыі пасьля рэвалюцыі 1905г. Мы ўжо бачылі на прыкладзе Міколаса Ромерыса, што менавіта пасьля 1905г. шмат якія літоўска-польскія шляхецкія сем'і пачалі ўсур'ёз успрымаць мадэрную летувіскую нацыянальную ідэю.

Гісторыя наступнага пакаленьня ў родзе Ландзбергісаў сьведчыць, наколькі істотным было віленскае пытаньне для летувіскіх дзеячаў і як захоп гораду палякамі ў 1920г. азмрочыў здабыцьцё незалежнасьці. Наймалодшы зь пяці дзяцей Габрыэля вырас і стаў архітэктарам Вітаўтасам Ландзбергісам-Жэмкальнісам (1893-1993гг.). Адзін зь ягоных твораў міжваеннага часу зьвязаны з замкам Гедыміна ў Vilnius'е. Горад на той час належаў Польшчы, і для летувіскіх нацыяналістаў замак быў як адвечная мара. У пэўным сэнсе Другая сусьветная вайна паспрыяла ўвасабленьню мастацтва ў жыцьцё. Калі ў 1939г. Савецкі Саюз аддаў Vilnius Летуве, Ландзбергіс-Жэмкальніс першым зь летувіскіх жаўнераў увайшоў у замак Гедыміна - ці, прынамсі, так ён распавядаў свайму сыну. У 1939-40гг., у кароткую паўзу перад далучэньнем Летувы да СССР, і потым у Літоўскай ССР Ландзбергіс-Жэмкальніс праектаваў летувіскі Vilnius. ("Жэмкальніс", дарэчы, - гэта проста летувіская калька з "Ландзберг".) Сёньня яго імем завецца адная з вуліцаў Vilnius'у.

Пры абмежаваньнях, што існавалі ў Літоўскай ССР, ягоны сын Вітаўтас Ландзбергіс прысьвяціў сябе мастацтву не такому маштабнаму. Вітаўтас Ландзбергіс-малодшы - прыклад таго, што магла дасягнуць летувіская інтэлігенцыя пры савецкай сістэме. У 1955г. ён скончыў кансерваторыю па класе фартэпіяна, у 1969г. абараніў доктарскую дысертацыю па музыказнаўстве. Трыццаць гадоў выладаў, напісаў шмат кніг. Ён дасьледаваў музыку летувіскага мастака і кампазітара Мікалоюса Чурлёніса (1875-1911гг.). У 1961г., пасьля таго, як за сталінскім часам мастака ўсяляк бэсьцілі, яго вярнулі ў летувіскі нацыянальны пантэон. Восем кніг Ландзбергіса, прысьвечаных Чурлёнісу, сьведчаць пра адданасьць аўтара летувіскай нацыянальнай культуры, якая, вядома, павінна разьвівацца і ўзбагачацца новымі творамі. Урэшце, Вітаўтас Ландзбергіс належаў да першага ў сям'і Ландзбергісаў пакаленьня, якому роднай мовай была ня польская, а летувіская. Дарэчы, Мікалоюс Чурлёніс, якога цяпер усе летувісы ведаюць як "мастака нацыі", у дзяцінстве ня ўмеў размаўляць па-летувіску - яго роднай мовай была польская. Летувіскай ён навучыўся ў сваёй жонкі Соф'і Кімантайтэ (1886-1958гг.). Ня варта бачыць тут нейкае "вяртаньне да народных вытокаў" - жонка яго, пісьменьніца і перакладчыца, правяла вызначальныя для станаўленьня асобы гады ў кракаўскім мастакоўскім асяродку, вядомым пад назвай "Маладая Польшча". Чурлёніс пачаў называць сябе летувісам толькі пасьля рэвалюцыі 1905г. У выпадку з Ландзбергісам і аб'ектам ягоных навуковых зацікаўленьняў нацыянальнасьць трэба разглядаць не як наканаванасьць, а як палітычны выбар у акрэсьленых гістарычных абставінах. 21

Гэткі гістарычны выбар ў сучаснасьці зьліваецца ў дзіўным сугуччы з супольнымі міфамі нацыянальнай гісторыі. У летувіскім выпадку выбар на карысьць навачаснага летувіскага нацыяналізму азначаў разрыў зь яшчэ адчувальнымі традыцыямі Рэчы Паспалітай за раньнім Новым Часам дзеля гістарычнага міфу пра сярэднявечнае Вялікае Княства Літоўскае. Гэта было адмаўленьне ад аднаго прачытаньня Міцкевіча на карысьць іншага: адкідаўся той факт, што Міцкевіч ушаноўваў раньнемадэрную Рэч Паспалітую, палітызаваліся створаныя ім рамантычныя міфы пра сярэднявечнае Вялікае Княства. Гісторыя роду Ландзбергісаў (ці, дакладней, родавага імя) нагадвае, якім чынам раньненавачасную польскую нацыю падмяніла мадэрная летувіская, як на зьмену ідэі польскамоўнай "палітыкі элітаў" прыйшла ідэя летувіскамоўнай "палітыкі масаў". Летувіская нацыянальная палітыка імкнулася спалучыць Сярэднявечча з сучаснасьцю насуперак раньняй Новай гісторыі. Ад раньнемадэрных прынцыпаў законнасьці, шляхецкай улады і палітычных інстытутаў Рэчы Паспалітай адмовіліся. Даўніна і хараство сярэднявечнай гісторыі надавалі ў наш час законнасьць спробам захапіць уладу дзеля народу.

Імя Ландзбергіса - Вітаўтас - нагадвае міф пра сярэднявечную Літву, які лічыцца нацыянальнай гісторыяй. Вітаўт Вялікі - вялікі князь літоўскі часоў Сярэднявечча - выступаў супраць вуніі з Польшчай. У міжваеннай Летуве імя Вітаўта Вялікага зьвязвалася з "залатым векам" Літвы да Люблінскай вуніі 1569г. і з рэваншысцкімі планамі летувісаў адносна Vilnius'у. У Літоўскай ССР імя Вітаўта па-ранейшаму сімвалізавала варожасьць да пальшчызны. 22 Калі летувісы вызваліліся ад савецкай улады, Вітаўта Вялікага зноў узвысілі да найвыбітнейшых нацыянальных герояў. Вітаўтас Ландзбергіс мацаваў палітычнымі сродкамі тую ідэю нацыянальнага адраджэньня, сімвалам якой быў Вітаўт Вялікі, - аднаўленьне старажытнай Літвы асобна ад Польшчы. У 1988г. Ландзбергіса абралі лідэрам летувіскага нацыянальнага руху 'Sąjūdis'. У 1990г. ён старшынстваваў на сесіі парламенту, калі абвяшчалася незалежнасьць Летувы. У 1991г. Ландзбергіс абраны старшынём парламенту незалежнай Літоўскай Рэспублікі са сталіцай у Vilnius'е. У верасьні таго ж году ўрад Ландзбергіса пачаў дыпламатычныя перамовы з Польшчай, у ходзе якіх Ландзбергіс патрабаваў, каб Польшча прызнала летувіскі статус міжваеннага (у 1920-39гг.) Vilnius'у.

Гэткую нязвыклую дыпламатыю спарадзіла своеасаблівае бачаньне мінулага, якое адмаўляла повязь з Польшчай за раньнім Новым Часам на карысьць рамантычнай ідэі сярэднявечнай Літвы. У гэтым была адметнасьць летувіскага нацыяналізму, мэтанакіраваны адказ на панаваньне польскай культуры, прывабнасьць якой добра ведала кожнае пакаленьне летувіскіх нацыяналістаў. Нават рамантычную ідэю сярэднявечнай Літвы - гэтага Эдэмскага саду ў летувіскай міфалогіі - найпрыгажэй выказаў па-польску Міцкевіч. Конрад Валенрод, герой аднайменнай паэмы Міцкевіча, радкамі зь якой адкрываецца гэты разьдзел, - сярэднявечны ліцьвінскі рыцар. Яго подзьвіг у тым, што, схаваўшы сваё сапраўднае імя, ён бязьдзейнічае на службе ў ворага, покуль не надыходзіць вырашальны момант. Прыдуманае Міцкевічам для сваёй гераіні імя - Гражына - увайшло ў летувіскую мову. Гэтак звалі, напрыклад, жонку Ландзбергіса. Зварот да Сярэднявечча і адмаўленьне раньняй мадэрнасьці спалучаліся са стварэньнем мадэрнай этнічнай нацыі ды ім і абумоўліваліся. Даўніна летувіскай мовы ператварылася ў хараство летувіскай культуры, а затым хараство культуры ператварылася ў моц масавай пісьменнасьці і ўсеагульнае выбарчае права. Гэтыя чыньнікі, вядома, мелі велізарную сілу самі па сабе.

Як і пасьля Першай сусьветнай вайны, летувіскія ўлады пасьля распаду СССР замацоўвалі гістарычныя міфы ў масавай сьвядомасьці. Патрэбу народу ў гістарычнай праўдзе задавальнялі перавыданьні гісторыкаў міжваеннага часу, асабліва найбольш вядомага нацыянальнага гісторыка і міфатворцы Адольфаса Шапокі. У 90-х гадах па-летувіску выйшла нават неверагодных памераў праца Нарбута, напісаная па-польску. Як і пасьля Першай сусьветнай авйны, па распадзе СССР існавала небясьпека, што гістарычныя міфы, замацаваўшыся як палітычны дыскурс, не дадуць летувіскаму ўраду праводзіць разумную міжнародную палітыку. Можна было небеспадстаўна меркаваць, што страх перад польскай цывілізацыяй, дарэчны ў сітуацыі нацыянальнага адраджэньня, аслабіць Летувіскую дзяржаву на міжнароднай арэне. І першыя крокі летувісаў не давалі падставаў для аптымізму. Першапачатковая халоднасьць Ландзбергіса ў дачыненьнях з Польшчай сустрэла разуменьне нацыі. Прычым нацыянальны кансэнсус склаўся надзіва хутка і выявіў адметную зьнітаванасьць усіх пакаленьняў у летувіскім грамадзтве. Калі на пачатку 90-х гадоў летувіска-польскія дачыненьні забуксавалі, а летувіскіх школьнікаў папрасілі назваць самую ганебную падзею ў нацыянальнай гісторыі, тыя найчасьцей згадвалі вунію 1569г. з Польшчай. 23



a Пераклад Пятра Бітэля.

b Загаварылі і ў Беларусі. Вярхоўны Савет Беларусі прымаў на гэты конт спецыяльную заяву.

c Да рэформаў Міхаіла Гарбачова падштурхнуў нацыянальны рух ня толькі ў Літве, але ў большасьці рэспублік СССР.



1 Włodzimierz Borodziej, Stanisław Ciesielski, Jerzy Kochanowski. "Wstęp"// Przesiedlenie ludności polskiej 23- 25; Valentinas Brandišauskas. "Migracje i przemiany demograficzne na Litwie"// Krzysztof Jasiewicz (рэд.). Europa nie prowincjonalna. Warsaw: Rytm, 1999, 1123.

2 Przesiedlenie ludności polskiej, ІІІ; on Polish authorities awaiting Polish peasants, 109ff; 159; 361-364.

3 Piotr Ebeihardt. Przemiany narodowościowe na Litwie. Warsaw: Przegląd Wschodni, 1997,167; Piotr Eberhardt. Polska ludność kresowa. Warsaw: PWN, 1998, 114-123; Benedict Anderson. The Spectre of Comparison. London: Verso, 1998, 36-45.

4 У афіцыйных квазі-мемуарах гэты перыяд падаецца як барадзьба за ўратаваньне "летувіскае нацыі". M. Bordonaite, TovaryshchMatas, Vilnius: Mintis, 1986, 89.

5 Barbara Christophe. Staat versus Identität. Cologne: Wissenschaft und Politik, 1997, 41.

6 A. Бенджюс і інш. История Вильнюсского университета. Vilnius: Mokslas, 1979, 154, 194; Marceli Kosman. Uniwersytet Wileński 1579-1979. Wrocław: Ossolineum, 1981, 57.

7 Н.A. Aйтов, В.Г. Мордкович, М.Х. Титма. Советский город. Масква: Мысль, 1988, 212-222; Romuald Misiūnas, Rein Taagepera. The Baltic States. London: Hurst, 1983,106,125.

8 A.J.P. Taylor. The Habsburg Monarchy, 1809-1918. London: Hamilton, 1948.

9 Vytautas Vaitiekūnas. "Sovietized Education in Occupied Lithuania"// V. Stanley Vardys (рэд.). Lithuania under the Soviets. New York: Praeger, 1965,186-187,194.

10 V. Stanley Vardys. "Modernization and Baltic Nationalism"// Problems of Communism, September-October 1975, 43.

11 Marek Sliwiński,Valerijus Cekmonas. "Świadomość narodowa mieszkańców Litwy i Białorusi"// Przegląd Wschodni, 4, 3 (1997), 585; Vesna Popovska. National Minorities and Citizenship Rights in Lithuania. Houndmills: Palgrave, 2000, 45-49.

12 Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Litwie, 176-179; Nicolas Werth. "Apogée et crise du goulag"// Stephane Courtois (рэд.). Le livre noir du communisme, Paris: Robert Lafont, 1997, 262.

13 Zigmas Zinkevičius. The History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1996,32.2-324; Misiūnas,Taagepera. The Baltic States, 159-165.

14 Vardys. "Modernization and Baltic Nationalism", 38-40; Eberhardt. Przemiany narodowościowe na Litwie, 203.

15 Антанас Снечкус. Советская Литва на пути расцвета. Vilnius, 1970.

16 Параўнайце з: Leonidas Donskis. "Lithuania at the End of the Twentieth Century"// Aleksandr Dobrynin, Bronius Kuzmickas (рэд.). Personal Freedom and National Resurgence. Washington, D.C. Paideia, 1994,59-74; Douglas Spitz, William Urban. "A Hindu Nationalist View of Baltic History" // Journal of Baltic Studies, 24 3 (1993), 297.

17 Zinkevičius. History of the Lithuanian Language.

18 Virgil Krapauskas. "Marxism and Nationalism in Soviet Lithuanian Historiography" // Journal of Baltic Studies, 23,3 (1993), 255; Tomas Venclova/ "Litwo, ojczyzno nasza"// Lithuania, 26-27 (1998)! 78; Jacek Borkowicz. "Polska-Litwa" // Polska w Europie, 12 (1993), 34-35; Alicja Nagórska. "Języki-narody-kultury"// Lithuania, 5 (1991), 194; Stephen Burant, Voytek Zubek. "Eastern Europe's Old Memories and New Realities"// East European Politics and Societies, 7, 2 (1993), 375.

19 Greta Lemanaitė. "Stereotyp Polaka w oczach Litwina"// Teresa Walas (рэд.). Narody i stereotypy. Cracow: Międzynarodowe Centrum Kultury, 1995, 90-94. Гл. таксама Marek Sliwiński. "Conscience nationale et la perception géopolitique des habitants de la Lithuanie" // Pierre Allan, Jan Skaloud (рэд.). The Making of Democracy. Prague: Economics University Press, 1997,134-140; Kultura, 441-441 (1984), 133-135; Sliwiński and Cekmonas, "Świadomość narodowa mieszkańców Litwy i Białorusi," 538-585.

20 Alfred Erich Senn. Gorbachev's Failure in Lithuania. New York: St. Martin's, 1995, 31; Izidors Vizulis. The Molotov-Ribbentrop Pact of 1939. New York: Praeger, 1990;

Christophe. Staat versus Identität. 104-122. Гл. таксама V. Stanley Vardys. "Lithuanian National Politics"// Problems of Communism, July-August 1989, 54, 62; Aleksandra Niemczykowa, "Litwa na drodze do suwerenności"// Lithuania, 17 (1995), 105.

21 Vytautas Landsbergis. Lithuania: Independent Again. Seattle: University of Washington Press, 2000; пра Чурлёніса гл. A.E. Senn. "The Lithuanian Intelligentsia of the Nineteenth Century"// Aleksander Loit (рэд.). National Movements in the Baltic Countries. Stockholm: Center for Baltic Studies, 1985, 314; Misiūnas, Taagepera. The Baltic States, 148. Гл. таксама Popovska. National Minorities, 57; Vytautas Landsbergis, "Pieśń o tym, kim jesteśmy"// Lithuania, 1 (1990), 16-21. Рэабілітацыя Чурлёніса была часткова вынікам намаганьняў Антанаса Венцлавы.

22 Alvydas Nikžеntaitis. "Der Vytautaskult in Litauen und seine Widerspiegelung im Denkmal"// Nordost Archiv, 6, i (1997), 131,138-141. Параўнайце з: Antanas Caplinskas. Vilnius Streets. Vilnius: Charibde, 2000.

23 Vytautas Toleikis. "Historia w szkole litewskiej w perspektywie stosunków polsko-litewskich"// Robert Trąba (рэд.). Tematy polsko-litewskie. Olsztyn: Borussia, 1999, 210-212; Birute Vareikiene. "Od konfrontacji do zrozumienia"// ibid., 216-225; Christophe. Staat versus Identität. 141-165; Adolfas Šapoka. Vilnius in the Life of Lithuania. Toronto: Lithuanian Association, 1962.


Андрэй Катлярчук. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // Arche 2(25) - 2003. Менск

Timothy Snyder. The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus 1569-1999. Yale University, 2003. -367 p.

Андрэй Катлярчук (нар. 1968 у Новачаркаску) - гісторык. Выкладае ўва ўніверсытэце Паўднёвага Стакгольму. Апошняя публікацыя - кніга "Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў" (Менск, 2002).

Сёлета ў ЗША выйшла манаграфія выкладчыка польскай і ўсходнеэўрапейскай гісторыі Ельскага ўнівэрсытэту Цімаці Снайдэра "Адбудова нацый. Польшча, Украіна, Летува, Беларусь". Нягледзячы на сваю маладосьць (год нара-джэньня - 1962), Цімаці Снайдэр досыць вядомы дасьледнік гісторыі нашай часткі Эўропы. Ягоная першая праца "Nationalism, marxism, and modern Central Europe: a biography of Kazimierz Кеllеs-Кrаuz, 1872-1905" (1997, Украінскі дасьледчы інстытут Гарвардзкага ўнівэрсытэту) атрымала прэмію Оскара Халецкага, што прысуджаецца за найлепшыя дасьледаваньні ўсходнеэўрапейскай гісторыі.

Другая работа Снайдэра мае ўсе шанцы стаць навуковым бэстсэлерам. Не шукаючы простых адказаў на складаныя пытаньні, аўтар паспрабаваў паглядзець на драматычныя, часам брутальныя факты гісторыі нацыянальных рухаў народаў былой Рэчы Паспалітай з пункту гледжаньня нэўтральнага навукоўца, не заангажаванага ў нацыяналістычную летувіскую ці беларускую, польскую ці ўкраінскую гістарыяграфію. Кніга чытаецца як прафэсійны й адначасова дэтэктыўна цікавы твор. Складаецца яна з трох частак, прысьвечаных адпаведна Вялікаму Княству Літоўскаму (Летуве й Беларусі), Украіне й Польшчы.

У гэтым артыкуле гаворка пойдзе толькі пра беларуска-летувіскую частку працы (сс. 13-102). Ужо ейная назва "Спрэчкі за летувіска-беларускую Айчыну" робіць сэнсацыю, бо амаль упершыню (калі не лічыць англамоўных працаў нашых эмігрантаў) у сучасны заходні дыскурс гісторыі Літвы ўводзіцца, як паўнапраўная ўдзельніца, Беларусь. Падразьдзел мае наступны зьмест:

- Вялікае Княства Літоўскае (1569- 1863);

- Літва! Мая айчына (1863-1914);

- Першая сусьветная вайна і пытаньне Вільні (1914-1939);

- Другая сусьветная вайна і пытаньне Вільнюсу;

- Эпілёг: савецкі летувіскі Вільнюс (1945-1991).

Пачынаецца тэкст з славутых радкоў Адама Міцкевіча "Літва! Мая Айчына, ты як здароўе...", ад якіх адштурхоўваюцца аўтарскія развагі пра лёс ВКЛ. Ужо першы сказ задае плянку дыскусіі: "Калісьці Вялікае Княства Літоўскае дамінавала на ўсходзе Эўропы. 3 1991 году Літоўская Рэспубліка - гэта маленькая краіна на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Вільня, былая сталіца ВКЛ, сёньня сталіца сучаснай Рэспублікі. Паўтысячагодзьдзя перад 1991 годам летувіская мова не была ані моваю віленскіх уладаў, ані моваю віленскіх вуліц. Да другой сусьветнай вайны гутарковай мовай трэцяй часткі віленскіх дамоў была жыдоў-ская; моваю вуліц, касьцёлаў і школ была польская; моваю навакольля была беларуская. У 1939 амаль ніхто ў Вільні не гаварыў па-летувіску" (с. 15).

Аўтар задаецца пытаньнем: як адбыліся гэткія вялізныя перамены, як сталася, што сёньня ВКЛ асацыюецца на Захадзе выключна з сучаснай Летувой? Каб адказаць на гэтае пытаньне, ён пачынае з тлумачэньня, што Вялікае Княства Літоўскае й Рускае заўсёды было дзяржаваю дзьвюх элітаў, балцкай і ўсходнеславянскай. Пра гэта сьведчыць тытулятура гаспадароў ВКЛ як "вялікіх князёў літоўскіх і рускіх". Пад літоўскімі (Litvanorum) і русінскімі (Ruthenirum) меліся на ўвазе перадусім палітычныя эліты, баяры, а не шматэтнічныя месты ці вёска. Кажучы пра колькасную перавагу ўсходнеславянскай эліты, Снайдэр зазначае, што нават перад Крэўскай уніяй 1385 году ў рэлігійньш і моўным сэнсах Літва была больш праваслаўнай, славянскай, чымся паганскай балцкай дзяржавай. Цэнтар праваслаўя перамясьціўся з Кіева ў Вільню (с. 17). Менавіта таму Ягайла вагаўся паміж праваслаўем і каталіцтвам. Ёсьць зьвесткі, што ў 1382 годзе Ягайла меўся ажаніцца з дачкой Дзьмітрыя Данскога ды прыняць праваслаўе. Ад такога пляну ён адмовіўся зь дзьвюх прычынаў. Першае - праваслаўе не абараніла б Літвы ад Ордэну. Па-другое, гэты крок азначаў бы канчатковае дамінаваньне славянскай эліты ў ВКЛ, што магло выклікаць грамадзянскую вайну (с. 18). Тым ня менш, пасьля пэрсанальнай уніі Літвы й Польшчы ўрад карыстаўся трыма мовамі: супольнай лацінскан, польскай у Польшчы ды, згодна з вызначэньнем Снайдэра, блізкай да беларускай "афіцыйнай славянскаю мовай" (Chancellery Slavonic) у ВКЛ. Апошні вялікі князь, які ведаў балцкую мову, Казімер, памёр у год, калі Калюмб ад-крыў Амэрыку (с. 32). У дачыненьнях з элітай ВКЛ Казімер, апошні балцкамоўны гаспадар літоўскі, карыстаўся старабеларускай мовай. Гэтая мова стала мовай права і адміністрацыі. Гэта значыць, выбар прыйшоўся на мову, зразумелую ўсёй палітычнай нацыі Літвы. У часы гаспадарства Казімера ў Рэчы Паспалітай былі надрукаваныя першыя кнігі, але не па-летувіску, а на польскай ды царкоўнаславянскіх мовах. Першадрукар Літвы Францішак Скарына друкаваў кніжкі беларускім варыянтам царкоўнаславянскай мовы. Літаратура ВКЛ таксама да XVI стагодзьдзя стваралася выключна на "рускай" мове. Гэтая мова была гутарковаю мовай шляхты й жыдоў ВКЛ, моваю Статутаў ВКЛ і моваю палітычнага жыцьця дзяржавы. Яна адрозьнівалася ад расейскай актавай мовы Маскоўшчыны, "маскоўскай" з пункту гледжаньня ліцьвінаў. Маскоўская эліта называла дзяржаўную мову ВКЛ "літоўскай" альбо "беларускай" ды перакладала беларускія тэксты (с. 19).

Такім чынам, згодна з высновамі Снайдэра, у палітычных структурах ВКЛ дамінавала ўсходнеславянская (протабеларуская) этнічная група, што ў пэрспэктыве стварала добрыя шанцы для беларускага нацыяналізму адаптаваць спадчыну ВКЛ у Новы час. Але гэтага не адбылося.

Пасьля Люблінскай уніі 1569 году руская эліта ВКЛ, паводле Снайдэра, хутка палянізавалася (с. 20-25). 3 таго часу шляхціц ВКЛ натуральна мог быць "ліцьвінам" па паходжаньні, "палякам" па палітычнай сьведамасьці й "русінам" па канфэсіі (с. 24). Менавіта ў такім асяродзьдзі праз тры гады па сконе Рэчы Паспалітай нарадзіўся самы славуты ў сьвеце ліцьвін Адам Міцкевіч. Снайдэр заўважае, што толькі паўсталы ў другой палове XIX стагодзьдзя нацыяналізм стварыў парадокс, калі адзін паэт пачаў лічыцца геніем трох розных народаў. Палякі зрабілі Міцкевіча сымбалем Польшчы. Летувісы трансфармавалі Міцкевіча ў нацыянальнага паэта Літвы. Між тым, на думку Снайдэра, Міцкевіч, які меў праваслаўныя і жыдоўскія карані, паводле сучаснай дэфініцыі "ня быў ні польскім, ні летувіскім, але беларускім паэтам" (с. 29). Ён нарадзіўся і стварыў свайго "Пана Тадэвуша" на ўсходнеславянскай зямлі ВКЛ, сярод сялянаў, якіх сёньня ўвесь сьвет ведае як беларусаў (с. 29). Згодна з сучаснай лёгікай Міцкевіч ёсьць прадстаўніком даміноўнай этнічнай групы былога ВКЛ - беларусаў, а ня польскамоўнай шляхты ці балцкай меншасьці, таму ён беларускі паэт. Менавіта так вырашаюцца гэтыя пытаньні ў сучасным сьвеце. Але гэта цяпер. Снайдэр падкрэсьлівае, што для часоў Міцкевіча быць ліцьвінам значыла натуральна ўспрымаць як цэлае часткі адной мясцовай традыцыі - польскую, беларускую й летувіскую. Напрыклад, паўстанец 1863 году Якуб Гейштар (1827-1897), што лічыў сябе палякам, заснаваў прыватную летувіскую школу для сялянаў. Ён ня бачыў у гэтым ніякай супярэчнасьці. Кастусь Каліноўскі і Антанас Мацкявічус, якія ў сучаснай Беларусі й Летуве лічацца бацькамі адпаведна беларускага і летувіскага нацыяналізму, карысталіся польскай мовай і бачылі будучыню толькі ў адбудове фэдэрацыі ВКЛ і Польшчы (с. 30). Роднай мовай аднаго з самых вядомых у сьвеце летувісаў Мікалаюса Чурлёніса была польская, летувіскай мове ён навучыўся ў сталым веку ад сваёй жонкі (с. 100). Толькі працэс крышталізацыі польскага, беларускага й летувіскага рухаў паставіў перад мясцовай элітай пры канцы XIX - на пачатку XX стагодзьдзяў праблему выбару й самаідэнтыфікацыі. Агульнавядомы прыклад братоў Іваноўскіх, адзін зь якіх стаўся лідэрам беларускіх нацыяналістаў, другі - летувіскім прафэсарам, урэшце, трэці - польскім палітыкам. Снайдэр дадае іншы прыклад - ліцьвінскую шляхецкую сям'ю Нарутовічаў. Адзін сын, Габрыэль, стаўся першым прэзыдэнтам Польшчы, другі, Станіславас, - сябрам "Тарыбы", першага кіраўнічага органу незалежнай Літвы (с. 70).

У другой частцы, "Літва, мая Айчына (1863-1914)", Снайдэр аналізуе тое, якім чынам спадчыну ВКЛ адаптавалі сучасныя летувіскі, беларускі рухі, польскія краёўцы ды расейскія палітычныя колы. Першым разглядаецца летувіскі нацыянальны рух. Снайдэр піша, што росквіту летувіскага руху па 1863 годзе паспрыяла палітыка расейскіх ул.адаў. Пасьля паўстаньня 1863 году расейскія аналітыкі вырашылі ў супрацьвагу моцнаму польскаму руху падтрымаць летувіскі нацыяналізм. У выніку дзяржаўная расейская вышэйшая вучэльня ў летувіскім Марыямпалі стала кузьняй летувіскай эліты. Мову балцкіх сялянаў царскія ўлады зрабілі ў гэтай вышэйшай вучэльні мовай навучаньня.

Летувіская гістарычная і мастацкая літаратура ідэалізавалі ВКЛ да 1569 году і трактавалі яго гісторыю пасьля Люблінскай уніі з выразным антыпольскім ухілам. Для летувісаў гэтая унія сталася сымбалем нацыянальнай катастрофы накшталт бітвы ля Белай Гары для чэхаў. Выпускнікамі вучэльні ў Марыямпалі былі "бацькі" летувіскага руху канца XIX - пачатку XX стагодзьдзя Ёнас Басанавічус (пазьней выпускнік Маскоўскага ўнівэрсытэту) ды Вінцас Кудзірка (с. 36-38). Абодва дзеячы ігнаравалі складаную ў сэнсе этнічнай дэфініцыі гісторыю ВКЛ раньняга Новагу часу і канцэнтраваліся на, як здавалася, зразумелым і слаўным балцкім Сярэднявеччы (с. 39). Заўважым, што летувіская гістарыяграфія дагэтуль хварэе на гэтыя хібы. У выніку летувісы з згоды расейскіх уладаў выбудавалі міт ВКЛ як этнічна "літоўскай" дзяржавы. Гэты міт зрабіўся фундамэнтам, на якім летувіскія дзеячы пачалі адбудову новай летувіскамоўнай Літвы. Каб аддаліць летувіскі альфабэт ад польскага, за аснову правапісу быў узяты чэскі варыянт.

На працягу трох стагодзьдзяў шляхта ВКЛ існавала ў сьвеце польскай мовы і культуры. Таму ліцьвіны - шляхта польскай культуры - досыць варожа паставіліся да плебэйскага летувіскага руху, на чале якога стаялі ксяндзы сялянскага паходжаньня ды дзеці свабоднага заможнага сялянства, хутаранаў (у сэрцы летувіскага руху, на Сувальшчыне, прыгон быў скасаваны на пачатку XIX стагодзьдзя). Іншым было стаўленьне да беларускага руху. Тая самая польскамоўная шляхта брала масавы ўдзел у стварэньні беларускага руху, разглядаючы яго як частку агульнапольскага. Тутэйшыя польскамоўныя магнаты-"краёўцы" падтрымлівалі беларускіх актывістаў. У сваю чаргу, беларускія дзеячы мелі сымпатыі да ідэі адбудовы Польска-Літоўскай фэдэрацыі.

Як падкрэсьлівае Снайдэр, "бацька" новай польскай Рэспублікі Юзаф Пілсудзкі нарадзіўся ў шляхецкай (дадамо: і лютэранскай) сям'і на тэрыторыі былога ВКЛ, быў і лічыў сябе ліцьвінам, гаворачы па-польску ўдома, па-беларуску на двары й па-расейску ў сібірскай ссылцы (с. 41). Ліцьвінам быў "бацька" Сярэдняй Літвы генэрал Люцыян Жалігоўскі - зь летувіскага пункту гледжаньня "акупант". Жалігоўскі таксама ўмеў гаварыць па-польску, па-беларуску ды па-расейску, бо меў жонку-расейку й быў афіцэрам царскага войска (с. 64). Як Пілсудзкі, так і Жалігоўскі не гаварылі па-летувіску, ня ведалі летувіскай ці жмудзкай культуры, але іх родным домам была Літва. Будучыню адноўленага ВКЛ яны бачылі толькі ў фэдэрацыі мультыкультурнай Літвы з Польшчай.

Адначасова зь летувіскім рухам зарадзіўся нацыяналізм беларускі. Снайдэр падкрэсьлівае, што, як даміноўная этнічная група на землях былога ВКЛ, беларусы мелі ўсе шанцы перамагчы ў барацьбе за літоўскую спадчыну (с. 42). Ён дадае, што "этнічная група" беларускамоўных сялянаў колішняй Літвы была ў дзесяць разоў большай за яе балцкамоўных суседзяў. Першыя беларускія пісьменьнікі-ліцьвіны Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Ян Чачот пачалі працу ў слушным кірунку. Дунін-Марцінкевіч пераклаў і надрукаваў па-беларуску культавую кнігу ліцьвінаў - "Пана Тадэвуша" (тое самае зрабілі летувісы). Чачот стварыў нізку рамантычных балядаў з гісторыі ВКЛ, сабраў ды надрукаваў багаты беларускі фальклёр, працаваў над граматыкай мовы. Камплімэнты на адрас гаворкі беларусаў выказаў ягоны сябра Адам Міцкевіч. Такім чынам, першыя актывісты хацелі адаптаваць спадчыну ВКЛ пад патрэбы новага беларускага руху.

Ліцьвінам, шляхціцам паводле паходжаньня, быў "бацька" беларускай гістарыяграфіі, найбуйнейшы знаўца ВКЛ прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі. 3 падвіленскай каталіцкай ліцьвінскай сям'і паходзіў "бацька" беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч (с. 66). 3 карэнных віленчукоў быў "бацька" беларускай драматургіі Францішак Аляхновіч. Тым ня менш, летувіскі нацыянальны рух здолеў ператварыць сялянскую масу ў нацыю, а беларускі - не.

Нягледзячы на поўнае гістарычнае права, сучасныя беларускія дзеячы гэтак і ня здолелі адаптаваць літоўскай спадчыны і такім чынам крышталізаваць этнічную беларускамоўную большасьць Літвы ў сучасную нацыю. Чаму так адбылося? Адказ аўтара на гэтае пытаньне, на маю думку, ёсьць найцікавейшым месцам кніжкі (сс. 44-49). Першае - гэта сацыяльнае паходжаньне "абуджальні-каў нацыі". Тут летувісы мелі значную перавагу над беларусамі. Першае пакаленьне летувіскай інтэлігенцыі складалі дзеці заможных сялянаў - настаўнікі і ксяндзы. Гэтай сацыяльнай групе вельмі лёгка было пабудаваць з нуля новую монаэтнічнаю інтэрпрэтацыю гісторыі Літвы, у якой беларусам і палякам месца не было, заняць выразна антыпольскую пазыцыю. Першае пакаленьне беларускіх дзеячоў складалася з шляхціцаў і шляхцянак - простых нашчадкаў гістарьгчнай Літвы. Яны былі часткаю гэтай векавечнай шматкультурнай (беларуска-польска-летувіска-жамойцка-жыдоўска-татарскай) традыцыі, што не дазволіла ім вызначыць асобны беларускі шлях. Ідэя монаэтнічнай беларускай Літвы іх ня вабіла, бо была для іх відавочнаю хлусьнёй (с. 46).

Важным чыньнікам стаўся моўны фактар. Беларуская мова як славянская даволі блізкая да польскай і расейскай. Таму нават трохі адукаваны беларус заўсёды мог задаволіцца польскім ці расейскім тэкстам. Гэта моцна звужала рынак беларускага друку. Летувіская мова, наадварот, вельмі розьціцца ад славянскіх. Такім чынам, філялягічны факт вырашыў лёс нацыі. Да таго ж, пасьля паўстаньня 1863 году царскі ўрад заахвочваў летувіскую асьвету і друк (хай сабе й кірылічны), тады як беларуская мова ў той самы час апынулася пад забаронай.

Калі летувісы мелі нацыянальны касьцёл, касьцельны друк і адукацыю, беларусы па зьнішчэньні ў 1839 годзе ўніяцкай царквы згубілі сваю канфэсійную нішу. Снайдэр адзначае, што гэтую, на пачатку XIX стагодзьдзя ўжо моцна спалянізаваную царкву ня трэба ідэалізаваць. Тым ня менш, ува ўмовах існаваньня паміж расейскім і польскім уплывамі менавіта ўніяцкая царква фармальна мусіла выканаць ролю фундамэнту нацыятварэньня.

Нарэшце, калі ў летувісаў была база для разгортваньня свайго руху - пруская "малая Летува", дзе ў спрыяльных для разьвіцьця ўласнай культуры ўмовах пражывала каля 100000 балтаў, усе беларусы цалкам апынуліся ў межах Расейскай імпэрыі. Гэта пазбавіла іх вялікіх магчымасьцяў кантакту з Эўропай, падтрымкі з боку заўсёды больш нацыяналістычнай заходняй дыяспары, распаўсюджваньня ведаў пра свае нацыянальныя патрэбы ў сьвеце, зацікаўленасьці ў разыгранцы беларускай карты з боку іншых дзяржаваў. Дадамо, што менавіта нямецкі (прускі) фактар быў вырашальны ў справе дасягненьня Летувой незалежнасьці ў 1918 годзе, вырваў краіну з сфэры расейскага ўплыву.

Вось жа, такія фактары, як сацыяльнае паходжаньне нацыянальных дзеячоў, характар мовы й геаграфічная лякалізацыя, вызначылі, на думку Снайдэра, посьпех летувіскага й няўдачу беларускага старту (с. 47).

Апошні артыкул другой часткі прысьвечаны спробе расейскіх палітыкаў таксама адаптаваць спадчыну ВКЛ. Гуляючы на гістарычнай ролі "рускай" праваслаўнай шляхты ВКЛ, расейскія палітыкі пачалі адбудову міту пра Літву як "другую Заходную Русь" ці "Белую Расею". Цікава, што Снайдэр адзначае: галоўным правадніком гэтай ідэі была ліцьвінская шляхта праваслаўнага паходжаньня, якая праз "рэправаславізацыю" нібыта павярталася да сваіх каранёў. Ліцьвінамі былі найбуйнейшыя пасьля Мураўёва-Вешальніка русіфікатары краю - віленскі генэрал-губэрнатар князь Пётра Сьвятаполк-Мірскі і варшаўскі генэрал-губэрнатар генэрал Язэп Гурко. Пагодзімся з аўтарам. Сапраўды, далёкі продак губэрнатара Пятра Мірскага стражнік літоўскі Рыгор Мірскі быў адным з апошніх праваслаўных магнатаў Літвы, заўзятым сэпаратыстам, адным з арганізатараў антыпольскай Кейданскай уніі ВКЛ з Швэцыяй 1655 году. Ягоны нашчадак Пётра Мірскі, праваслаўны ліцьвін і адначасова расейскі губэрнатар, лепей за расейцаў ведаў гісторыю й становішча краю. Ён даводзіў расейскаму ўраду, што беларусы-каталікі ня ёсьць палякамі, што трэба дазволіць летувісам друк лацінкай. Гэта ня значыць, што Мірскі падтрымліваў беларускі ці летувіскі рух, зусім не. Для яго гэта была барацьба перадусім з палянафільскай элітай. Ён проста ня бачыў самастойнае будучыні Літвы па-за межамі расейскага (альбо, як ягоныя браты-шляхта, "краёўцы", - польскага) кантэксту. Верыў ён у слушнасьць расейскацэнтрычнага шляху ці не - мы ня ведаем. Але права на гэта меў, бо Вільня і Літва былі і ягоным родным домам (сс. 50-51).

Частка трэцяя прысьвечаная барацьбе за Вільню паміж польскай, летувіскай і беларускай элітамі ў 1914-1939 гадох. Аўтар даводзіць, што на золку XX стагодзьдзя беларускі рух упершыню зрабіўся сур'ёзнай альтэрнатывай імпэрскай ідэі "Заходняй Русі" і важным чыньнікам тутэйшай палітыкі. Цэнтрам руху на пачатку XX стагодзьдзя была абраная колішняя сталіца Вільня, тамака друкаваліся газэта "Наша Ніва" й кніжкі, беларускія актывісты стварылі моцную пагрозу пэрспэктывам летувіскага руху, які таксама атабарыўся ў Вільні. Вакол гораду, які належаў Расейскай імпэрыі, але быў галоўным чынам польскамоўным, пражывалі беларусы, што складалі палову насельніцтва Віленскага краю - больш, чым палякі, летувісы, жыды й расейцы разам узятыя. Вільня заставалася таксама цэнтрам польскага "краёвага" руху ды таксама руху жыдоў-"літвакоў".

Летувіскі рух дзейнічаў згодна з улас-най стратэгіяй на сэпаратызм. Беларусы ўзаемадзейнічалі з палякамі, маючы на мэце адбудову шматкультурнага ВКЛ. Асноўнае насельніцтва гарадоў Літвы - жыды - часткова падтрымлівалі расейскую культуру, часткова - польскі рух. Прыхільнікаў саюзу зь летувісамі сярод жыдоў не было, бо кіраўнікі руху ня бачылі добрых для жыдоў пэрспэктываў у ідэі монаэтнічнай Літвы-Летувы.

Першая сусьветная вайна дэтанавала ўсе рухі. Разумеючы важнасьць чыньніку Вільні, летувіскі ўрад 1918 году менавіта тут, у славянска-жыдоўскім горадзе, абвесьціў сваю новую этнічную дзяржаўнасьць. У сваю чаргу, менскі ўрад БНР вызначыў Вільню неад'емнаю часткай незалежнай Беларусі, паўсталай у межах беларускага этнасу. Зварот Юзафа Пілсудзкага "Да жыхароў былога ВКЛ" знайшоў прыхільнікаў толькі сярод тутэйшых палякаў і беларусаў ды часткі жыдоў. Другі па сіле летувіскі палітычны рух рашуча адмовіўся ад абмеркаваньня гэтае тэмы. У выніку мясцовыя польскамоўныя ліцьвіны "польска-бела-рускай дывізіі" на чале з генэралам Жалігоўскім увайшлі ў Вільню ды абвесьцілі стварэньне Сярэдняй Літвы, гэта значыць - Літвы паміж Літвой Жмудзкай і Літвой Беларускай. Яны былі сынамі гэтай зямлі і мелі на яе гістарычнае права. Сярэдняя Літва неўзабаве стала часткай Польскай дзяржавы.

Асобныя старонкі працы прысьвечаныя Беларускай ССР. Снайдэр піша, што, як калісьці летувісаў, у 1920-я гады Масква падтрымлівала беларускі рух у процівагу Польшчы. Важную ролю ў гэтым працэсе грала польская Заходняя Беларусь, брутальны вынік дамовы, падпіса-най у Рызе. Менавіта тады настроі беларускіх дзеячоў з палянафільскіх памяняліся на антыпольскія.

Значны кавалак чацьвертай часткі прысьвечаны перадачы Вільні савецкім урадам буржуазнай Летуве ўвосень 1939 году (сс. 79-84). Варта зазначыць, што аўтар цудоўна ведае беларускі аспэкт гэтай мала дасьледаванай праблемы. Снайдэр піша, што напачатку савецкая прапаганда гуляла беларускай картай. На Віленшчыне пачаў выходзіць беларускі савецкі друк, ачуняла віленская беларуская "буржуазная" інтэлігенцыя. Савецкія газэты зьмяшчалі матэрыялы пра гістарычнае права беларусаў на Вільню, пра беларускі характар гістарычнай Літвы. Але пры канцы верасьня 1939 году Сталін перадумаў ды перадаў Вільню, што мусіла стацца сталіцай адзінай савецкай Беларусі, капіталістычнай Летуве. Беларушчына была вынішчаная разам зь дзеячамі віленскага нацыянальнага руху.

Трэба зьвярнуць увагу на высновы аўтара пра наступствы гэтага сталінскага кроку для лёсу беларусаў. Падзеі верасьня канчаткова вызначылі лёс беларусаў Віленшчыны, паставілі крыж на пэрспэктыве, што яны зробяцца часткай беларускай нацыі. Згодна зь лёгікай савецкай прапаганды, з гэтага часу Летува, а не Беларусь лічылася нашчадкам ВКЛ. Супадзеньне новай этнічнай назвы краіны і адвечнага палітоніму Літва толькі палегчыла гэты шлях. Усё разам азначала спыненьне гістарьгчных дасьледаваньняў ВКЛ у Беларусі, а значыць, поўнае забыцьцё пяцісотгадовай гісторыі і хваробу на амнэзію цэлага народу (с. 81). Вынікам другой сусьветнай вайны сталася татальная колькасная ды якасная зьмена насельніцтва Вільні. Жыды былі зьнішчаныя нацыстамі з дапамогай летувіскіх калябрантаў (сс. 84-87). Польская эліта і месьцічы былі прымусова дэпартаваныя ў Польшчу. Разам з палякамі выехала шмат адукаваных беларусаў. Адвечная шматкультурная сталіца Літвы згубіла свой твар, сталася "местам безь імя" - гатовым да любых этнічных экс-пэрымэнтаў (с. 89).

Апошняя частка першага падразьдзелу працы найбольш вострая. Хіба ўпершыню ў заходняй гістарыяграфіі аналізуецца палітыка "літуанізацыі" Вільні ў паваенны час. Снайдэр адзначае, што летувіская прыказка "Vilnius mūsų, Lietuva Rusų" (Вільня летувіская, а Летува расейская) аказалася толькі прыказкай. Насамрэч Летува стала савецкай. Улічваючы моц нацыяналістычнай інтэлігенцыі і наяўнасьць мясцовых камуністаў, савецкі ўрад выкарыстаў у адносінах да Летувы мадэль усходнеэўрапейскага нацыянал-камунізму. Узамен за ляяльнасьць Масква дала картблянш на "літуанізацыю" Вільні. Калі Талін ці Рыгу хутка апанавала расейскамоўная працоўная сіла, Вільню павольна засяляла жамойцкая вёска. Коштам закрыцьця адзінага летувіскага ўнівэрсытэту ў Коўне летувісы адчынілі новы Вільнюскі ўнівэрсытэт (стары Віленскі ўнівэрсытэт выехаў у Польшчу). 3 установы шматкультурнай Вільнюскі ўнівэрсытэт пераўтварыўся ў кузьню кадраў для савецкай летувіскай эліты. Парадокс, але ў межах інтэрнацыянальнага СССР толькі ў Летувіскай ССР з дазволу Масквы побач з камуністычнай існавала нацыяналістычная ідэалёгія, заснаваная на гістарычных мітах, - рэч абсалютна немагчымая ў іншых рэспубліках. На падставе розных крыніцаў, у тым ліку статыстычных зьвестак, аўтар тлумачыць вытокі гэтага парадоксу, разьбірае крокі і мэтады літуанізацыі, абгрунтоўвае карысьць гэтага кампраміснага шляху для савецкага ўраду, мясцовых нацыяналістаў і камуністаў.

Што датычыць недахопаў і памылак работы, дык яны, як і ў кожнай навуковай працы, ёсьць, але іх адносна няшмат. Перш за ўсё, крытычную ўвагу зьвяртае на сябе стратэгічны тэзыс аўтара пра імклівую культурную і палітычную самапалянізацыю шляхты ВКЛ адразу пасьля Люблінскай уніі 1569 году. Створанае клясычнай польскай гістарыяграфіяй, такое бачаньне не вытрымлівае крытыкі. Прыгадаем добра вядомы тэзыс, перадусім з працаў сучасных польскіх гісторыкаў (Генрык Люлевіч, Анджэй Рахуба, Генрык Віснэр, Зьбігнеў Войцік) пра сэпаратызм ліцьвінаў, які не згасаў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Прыгадаем колькі фактаў, якія супярэчаць тэзе пра хуткую палянізацыю ліцьвінаў. Калі галоўнаму выдаўцу беларускамоўнага статуту ВКЛ 1588 году Ляву Сапегу прапанавалі падрыхтаваць таксама польскае выданьне, ён адказаў, што зрабіць пераклад будзе складана, бо яго веды польскай мовы не "грунтоўныя"1. Гэтак адказаў адзін з найадукаванейшых ліцьвінаў-русінаў ВКЛ. Што казаць пра звычайную дробную шляхту Пінскага ці Мсьціслаўскага паветаў, якая нават у XVIII стагодзьдзі штодзённа карысталася дыялектамі беларускай мовы. Вядома, што яшчэ пры канцы XVIII стагодзьдзя беларуская мова выконвала камунікацыйныя функцыі ў шляхецкім асяродзьдзі нават заходніх, "польскіх" паветаў ВКЛ. Як пісаў у 1820-х гадах Ян Чачот, старыя паны Наваградзкага павету, "каторы зь іх яшчэ жывы", гавораць паміж сабой ня польскаю, але беларускаю мовай. Такім чынам, сьведчаньне Міцкевічавага сябра не супадае з тэзай Снайдэра, што вялікі польскі паэт нарадзіўся на зямлі беларускамоўных сялянаў і польскай шляхты Наваградзкага павету. Паэт нарадзіўся ў асяродзьдзі "старых паноў" - беларускамоўнай у штодзённым жыцьці наваградзкай шляхты канца XVIII - пачатку XIX стагодзьдзя. Менавіта пакаленьне Адама Міцкевіча і Яна Чачота было першым пакаленьнем цалкам польскамоўнай шляхты Літвы, якая карысталася беларускай (ці летувіскай) моваю толькі ў гутарках зь сялянамі. Пра гэта пісаў польскі дасьледнік Рышард Радзік, высновы якога адназначныя: татальная й канчатковая палянізацыя літоўскай шляхты адбылася па падзелах Рэчы Паспалітай, як культурная рэакцыя на палітычнае змаганьне з Расейскай імпэры-яй2.

Вядома, што ў першай палове XVII стагодзьдзя магнацкія некаталіцкія роды ВКЛ, перадусім Радзівілы, Агінскія, Статкевічы, Мірскія, усё яшчэ кантралявалі значную частку ўлады і мелі моцны ўплыў на шляхту. Менавіта гэтая сацыяльная група падтрымлівала беларускі (праваслаўны) і летувіскі (кальвінскі) друк і культуру. На сярэдзіну XVII стагодзьдзя пратэстантамі былі гетман вялікі ВКЛ Януш Радзівіл, князь слуцкі, канюшы літоўскі Багуслаў Радзівіл, кашталян полацкі Томаш Касакоўскі, кашталян віцебскі Ян Сасноўскі ды іншыя ўплывовыя лідэры "літоўскай" нацыі. Праваслаўнымі былі ваявода менскі Аляксандар Агінскі, цівун троцкі Самуэль Агінскі, кашталян мсьціслаўскі Багдан Статкевіч, кашталян наваградзкі Самуэль Статкевіч, стражнік ВКЛ Рыгор Мірскі3. Іх палянізацыі ішла павальней, бо яны не былі каталікамі. Каля кожнага магната гуртавалася шляхецкая кліентура, якая мела няпольскую сьвядомасьць. Прыгадаем тут вядомую антыпольскую паводле зьместу "Прамову Мялешкі", створаную ў шляхецкім праваслаўным асяродзьдзі па-беларуску ў першай палове XVII стагодзьдзя. Дарэчы, паводле маіх падлікаў, у гэты час каля трэцяй часткі дакумэнтаў Мэтрыкі ВКЛ пісалася кірыліцай, па-беларуску. Першая палова XVII стагодзьдзя - час росквіту старабеларускага друку й літаратуры, галоўным спажыўцом якой была шляхта. Зьмены ў сьвядомасьці літоўскай шляхты адбыліся ў выніку войнаў сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Пратэстантаў на чале з кланам слуцка-біржанскіх Радзівілаў зьвінавалі ў здрадзе на карысьць Швэцыі, праваслаўных на чале з Агінскімі і Статкевічамі - у калябарацыі з маскалямі. У выніку некаталіцкая шляхта была выціснутая з уладных структураў каталіцкімі магнацкімі кланамі Пацаў, нясьвіскіх Радзівілаў, Сапегаў. Апошні сэнатар Рэчы Паспалітай, які ня быў каталіком, Аляксандар Агінскі, памёр у 1667 годзе. Вынікам стала амаль татальнае добраахвотна-прымусовае навяртаньне дысыдэнцкай шляхты ВКЛ у каталіцтва4, заняпад старабеларускага друку, мовы й культуры. Менавіта тады, у другой палове XVII стагодзьдзя, і адбыліся значныя зьмены ў мэнтальнасьці літоўскай шляхты ад літвацэнтрызму да польскага рэгіяналізму, формулай якога стала: "gente Lithuanus (Ruthenus), natione Polonus".

Выклікае сумнеў спроба аўтара аддзяліць мову справаводзтва ВКЛ ад гутарковай мовы ліцьвінаў і "рускай" мовы старабеларускай літаратуры (сс. 18-20). Першую мову аўтар называе, у поўнай адпаведнасьці зь летувіскай гістарыяграфіяй, "афіцыйнай славянскай мовай" (Chancellery Slavonic). Другую Снайдэр называе "рускай мовай" ВКЛ (Ruthenian). Між тым летувіская паводле паходжаньня дэфініцыя "афіцыйная славянская мова" - гэта недасканалая, далёкая ад крыніцаў мадэрнізацыя, адзіная мэта якой - зарэтушаваць ролю беларускага этнасу ў гісторыі ВКЛ. У статутах ВКЛ, як і іншых актах, гэтая мова называецца стваральнікамі тэкстаў і яе носьбітамі "рускай" на ўзор мовы літаратуры ВКЛ і прыватнага ліставаньня шляхты. Сёньня сярод філёлягаў гэтую мову прынята называць старабеларускай, бо створаная яна была на падставе беларускіх дыялектаў. Натуральна, у старой пісьмовай мове нашай шляхты ў параўнаньні з вуснай шмат лацінізмаў, іншых запазычаньняў. Як любая штучная мова, створаная адукаванай элітай, менавіта ў гэтым яна адрозьнівалася ад народных дыялектаў і штодзённай гутарковай мовы шляхты і месьцічаў. 3 прычыны прыпыненьня сталай пісьмовай традыцыі ў XVIII стагодзьдзі сучасная беларуская літаратурная мова ў XIX стагодзьдзі стваралася цапкам на падставе народных дыялектаў. Таму сучасная літаратурная мова дастаткова адрозьніваецца ад мовы старабеларускай, але не настолькі, каб філёлягу пачаць сумнявацца ў іх генэтьгчнай род-насьці5. Можна казаць, што старабеларуская мова адрозьніваецца ад сучаснай беларускай мовы, як старапольская мова адрозьніваецца ад сучаснай польскай мовы. Гэты відавочны факт прывёў да таго, што некаторыя летувіскія гісторыкі пачалі замест дэфініцыі "афіцыйная славянская мова" карыстацца навуковым паняцьцем "старабеларуская, альбо русінская мова" (напрыклад, Станіславас Лазутка).

Адной з аўтарскіх праблемаў сталі недастатковыя веды летувіскай гістарыяграфіі. Як прызнаўся аўтар, летувіская мова - адзіная з шэрагу неабходных дзеля такога дасьледаваньня, якою Снайдэр валодае слаба (с. X). У выніку ў кнізе кепска прадстаўленая Летувіская Ковенская рэспубліка 1918-1940 гадоў, яе палітыка ў адносінах да Вільні. Няма зьмястоў-най інфармацыі пра летувіскі культурны рух у Вільні 1905-1939 гадоў, які не саступаў па значнасьці беларускаму. Няма інфармацыі пра кантакты і супрацоўніцтва летувіскіх нацыяналістаў зь беларускімі дзеячамі (урадам Ластоўскага). Бяз гэтага кантэксту зьмест другой і трэцяй частак першага падразьдзелу здаецца няпоўным.

Паказальна, што высокі ўзровень ведаў дазволіў Снайдэру праігнараваць "жамойцкую" тэорыю папулярнага беларускага гістарычнага міту ВКЛ. Сапраўды, яна не вытрымлівае (дарэчы, як і летувіскі міт ВКЛ) крытыкі. Дастаткова зірнуць на мапу ВКЛ, каб убачыць, што найбуйнейшае балцкае места ВКЛ Коўна знаходзілася ў Літве, а не ў Жамойці. Што, акрамя Жамойці, ліцьвіны-балты жылі ў шэрагу "літоўскіх" паветаў ВКЛ, такіх, як Упіцкі, Вількамірскі, Ковенскі, часткова ў Троцкім і Віленскім. Гэтыя абшары гістарычнай Літвы былі заселеныя балтамоўнай шляхтай і сялянамі. Дастаткова пагартаць каталёгі крыніцаў ВКЛ, каб даведацца, што ў Літве XVII стагодзьдзя выдаваліся кніжкі на "літоўскай" балцкай мове і што менавіта гэтак ("літоўскаю") гэтую мову называла эліта балцкіх паветаў Літвы.

Іншая справа, што шляхта славянскай часткі Літвы таксама лічыла сябе ліцьвінамі (напрыклад, славуты беларускі пісьменьнік Хведар Еўлашэўскі, наваградзкі пратэстант, сын праваслаўнага ўладыкі Пінскага), а беларускую мову звала часам "літоўскай"6. Такім чынам, панятак "Літва" не супадаў зь беларускай ці летувіскай этнічнай групай ВКЛ, а панятак "ліцьвін"/"літоўскі", будучы палітонімам, выкарыстоўваўся абедзьвюма этнічна рознымі групамі шляхты. Факт існаваньня ў Літве раньняга Новага часу дзьвюх "літоўскіх" моваў (славянскай і балцкай паводле паходжаньня) зафіксавалі падарожнікі ў ВКЛ, напрыклад маскоўскі амбасадар Фёдар Куракін ды славацкі лютэранскі пастар Даніэль Крман. Іншая справа, што продкі балтамоўных ліцьвінаў складаюць меншасьць сучаснай летувіскай нацыі, створанай на жамойцкай этнічнай аснове пры манапольнай адаптацыі апошнімі супольнай культурнай спадчыны Літвы, у якой няма месца для беларусаў.

З важных англамоўных працаў апошняга часу аўтар абмінуў выдатную манаграфію фінскага гісторыка Ёханэса Рэмі пра "польскі" студэнцкі рух у Расейскай імпэрыі 1832-1863 гадоў, які, як высьветліў аўтар, фактычна быў польска-беларуска-летувіска-ўкраінскі7. Нагадаем таксама важны для вывучэньня ролі ўніяцкай царквы для беларускага руху XIX стагодзьдзя артыкул амэрыканскага гісторыка Джэймза Фліна8. Чамусьці аўтарам забытая клясьгчная праца пра нацыятварэньне на ўсходзе Эўропы чэскага гісторыка Міраслава Гроха, якая вытрымала два ангельскія перавыданьні9. Між тым Міраслаў Грох робіць шэраг важных высноваў у пытаньні сацыяльнага паходжаньня дзеячоў летувіскага руху XIX стагодзьдзя. Паводле падлікаў Гроха, толькі 4 % летувіскіх дзеячоў паходзілі з шляхты (с. 89). Складзеная Грохам мапа месцаў нараджэньня дзеячоў руху (с. 93) даводзіць, што ніводзін зь летувіскіх дзеячоў XIX стагодзьдзя не нарадзіўся ў Вільні ці на Віленшчыне. Праца чэскага гісторыка выклікала крытыку летувіскіх гісторыкаў.

На жаль, па ўсіх вышэйзгаданых праблемах Беларусь дагэтуль ня мае сур'ёзных дасьледаваньняў. Большасьць беларускіх гісторыкаў "застылі" на ўзроўні мэтадаў і праблемаў нацыянальнай гістарыяграфіі пачатку XX стагодзьдзя. Напрыклад, пры вялікай ролі Вільні для беларускага нацыяналізму дасьледаваньняў сярэднявечнай Вільні, сьвету віленскіх беларускіх месьцічаў раньняга Новага часу, старабеларускай культуры Вільні, сацыяльнай структуры беларускага віленскага руху, дзеячоў-віленчукоў няма. Веды беларускай гісторыі Вільні надалей застаюцца на ўзроўні папулярных дэклярацый нашаніўскага пэрыяду. Тая самая праблема існуе ў гістарыяграфіі ВКЛ, БНР і БССР 1920-х гадоў - трох кітоў дзяржаўнасьці Беларусі, падмурку гістарычнага права беларусаў на ўласную дзяржаву й паважны пасад у сям'і эўрапейскіх народаў. Пакуль у краіне абараняюцца дзясяткі тэматычна неактуальных па тэматыцы гістарычных дысэртацый, частка інтэлектуалаў Эўропы і Расеі ўважае Рэспубліку Беларусь за выпадковае, недарэчнае й штучнае ўтварэньне, а беларускую нацыю - як негістарычнае насельніцтва на землях Літвы. Праца амэрыканскага навукоўца Цімаці Снайдэра адна зь першых, якая дапамагае разбурыць гэты вельмі адмоўны для нас стэрэатып на Захадзе.

Наяўнасьць агромністых лякунаў у беларускай гістарыяграфіі ўскладніла працу амэрыканскага гісторыка. Тым ня менш, аўтар змог пераадолець "супраціў" матэрыялу. Карціна беларускага руху XIX стагодзьдзя выпісаная дакладна і арыгінальна. Заўважым амаль поўную адсутнасьць у працы Снайдэра фактычных памылак што да беларускай гісторыі - зьява рэдкая для амэрыканскай гістарыяграфіі. Памылковае толькі цьверджаньне пра паходжаньне Мітрафана Доўнара-Запольс-кага зь віленскай шляхты (с. 44). Насамрэч гісторык нарадзіўся далёка ад Вільні, у шляхецкай сям'і былога Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.

Абазнанасьць аўтара ў беларускай гісторыі выклікае пытаньне, якой літаратурай карыстаўся Снайдэр. У бібліяграфіі багата прадстаўленая сучасная польская беларусістыка. Гэты факт сьведчыць пра ключавую ролю сучасных польскіх вучоных у "адкрыцьці" гісторыі і культуры Беларусі для Захаду. Шмат спасылак на англамоўныя працы беларускіх эмігрантаў Мікалая Вакара, Івана Любачкі, Яна Запрудніка, Вітаўта і Зоры Кіпель, Яна Садоўскага, а таксама ізраільскага навукоўца Мошэ Альтбаўэра, амэрыканца Джона Стэнлі, знанага ангельскага беларусіста Арнольда МакМіліна. Знаёмыя амэрыканскаму гісторыку й беларускія публікацыі першакрыніцаў: пераклад Бібліі і прадмовы Скарыны, Статуты ВКЛ 1529 і 1588 гадоў, творы беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя, пераклад Браніслава Тарашкевіча "Пана Тадэвуша". Зь беларускіх часопісаў паважнае месца займае "Беларускі гістарычны агляд" з артыкуламі Соф'і Кузьняевай, Аляксандра Смаленчука ды іншых аўтараў. Сярод беларускіх манаграфій - працы Мітрафана Доўнара-Запольскага, Аляксандра Цьвікевіча, Антона Луцкевіча, Галіны Дзербінай. Аўтар карыстаўся таксама работамі Адама Мальдзіса, Міхаіла Біча, Уладзімера Ладысева, Пятра Брыгадзіна. Гэта сьведчыць, што сёньня нават геаграфічна далёкі ад Беларусі навуковец пры жаданьні можа знайсьці ўсю неабходную базавую інфармацыю пра гісторыю нашай Радзімы. У падзяках вучоным, якія дапамаглі Снайдэру парадамі пры падрыхтоўцы працы, ён згадвае добрым словам вядомых у сьвеце беларусістаў Адама Мальдзіса й Яна Запрудніка.

Кніга Цімаці Снайдэра не стварае чарговых мітаў, такіх папулярных сёньня сярод вялікай часткі беларускіх - як пралукашэнкаўскіх, так і нацыянальных - гісторыкаў. Што да мэтадалягічнага ўзроўню працы, дык яна можа быць узорам для беларускіх дасьледнікаў. Варта перакласьці ды выдаць гэтую кнігу па-беларуску.



1 Kiapienė, Jūratė. The Grand Duchy and the Grand Dukes of Lithuania in the Sixteen century: reflections on the Lithuanian political nation and the Union of Lublin. The Polish-Lithuanian Monarchy in European Context. B. 1500-1795. / Edited by Richard Butterwick. Great Britain: Palgrave, 2001. C. 86.

2 Radzik, Ryszard. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowych w Europie Środkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. P. 301.

3 Lulewicz, Henrik. Skład wyznaniowy senatorów świeckich Wielkiego Księstwa Litewskiego za panowania Wazów // Przegląd Historyczny. T. LXVIII, Z. 3, 1977. C. 425-445.

4 Напрыклад, у 1669 годзе ў мэтах працягу палітычнай кар'еры вымушаны быў прыняць каталіцтва апошні праваслаўны беларускі магнат Марцыян Агінскі. Што цікава, ён і пасьля гэтага працягваў дапамагаць праваслаўнай царкве.

5 Уладзімер Сьвяжынскі. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы ВКЛ // Меtriciana. Дасьледаваньні й матэрыялы Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Выпуск 1. Менск, 2001.

6 Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // 3 гісторыяй на "Вы". Выпуск 2. Менск, 1994.

7 Johannes Remy. Higher Education and National Identity. Polish Student Activism in Russia 1832-1863. Helsinki, 2000. 380 c.

8 Гл. пераклад у гэтым нумары часопісу.

9 Hroch M. Social preconditions of national revival in Europe: a comparative analysis of the social composition of patriotic groups among the smaller European nations. New York: Columbia Univ. Press, 2000 (1985). 220 6. Tyт cc. 87-97.



* Timothy Snyder. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus (1569 - 1999). Yale University Press, 2003

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX