Папярэдняя старонка: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні

Частка 4 


Аўтар: Луцкевіч Лявон,
Дадана: 03-12-2011,
Крыніца: Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. Вільня, 1998.

Спампаваць




МІЖВАЕННАЯ ПАРА

ЗНОЎ У БАЗЫЛЬЯНСКІХ МУРОХ

ТУТ ЖЫЛІ БЕЛАРУСКІЯ ДЗЕЯЧЫ

ГРАМАДА Й ІНШЫЯ БЕЛАРУСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ

ІЗНОЎ НА ЗАВАЛЬНАЙ ВУЛІЦЫ

ПА СЬЦЯЖЫНАХ СТАРЫХ МОГІЛКАЎ


Вандруючы па Вільні, паспрабуем знайсьці мясьціны, зьвязаныя з культурна-грамадзкім жыцьцём беларусаў пасьля першай сусьветнай вайны. Іх Віленская вулачка. даволі шмат, але яны яшчэ не дасьледаваныя. На гэта паўплывала тое няспрыяльнае палітычнае становішча, якое йснавала на працягу апошніх амаль паўсотні гадоў.

Пэрыяд паміж першай і другой сусьветнай вайной у лёсе Вільні адыграў своеасаблівую ролю. Нестабільнасьць і незавершанасьць палітычных пераўтварэньняў у Эўропе пасьля першай сусьветнай вайны адбіліся на нацыянальным, грамадзкім, культурным жыцьці гораду. Пачатак XX ст. прынёс моцны ўздым нацыянальна-вызваленчага руху сярод прыгнечаных карэнных жыхароў Вільні й яе навакольля, якія больш ста гадоў адчувалі сябе пазбаўленай правоў нацыянальнай меншасьцю.

Рыскі мірны дагавор паміж Савецкай Расеяй і адроджанай Польшчаю для мясцовага насельніцтва абярнуўся не вызваленьнем, а заменай гаспадара, заменай аднаго прыгнятальніка іншым, і яно зноў апынулася ў становішчы прыгнечанай меншасьці.

Найбольш гэта датычыла беларусаў і літоўцаў, для якіх бурлівыя рэвалюцыйныя падзеі пачатку XX ст. сталіся моцным штуршком да абуджэньня нацыянальнай годнасьці.

Зразумела, што беларускі адраджэнскі рух, які так шырака разгарнуўся ў перадваенным часе, ня мог спыніцца і ў новых варунках.

Першае дзесяцігодзьдзе міжваеннага пэрыяду вылучалася асаблівай грамадзкай актыўнасьцю беларусаў. Ішло змаганьне за правы беларускага народу, шырокім фронтам вялася культурна-асьветніцкая праца. Кансалідацыя беларускіх сілаў самых розных напрамкаў абумовілі значныя дасягненьні ў гэтай несупыннай барацьбе.

На жаль, тыя сілы, якіх непакоіў рост нацыянальнай сьвядомасьці сярод беларусаў, што трапілі пад уладу Польшчы, рабілі ўсё дзеля разьяднаньня беларускага руху. Нягледзячы на страты, да самага пачатку другой сусьветнай вайны працягвалася барацьба супраць асыміляцыі Заходняй Беларусі польскімі ўладамі, і Вільня заставалася галоўным асяродкам у справе захаваньня нацыянальнага аблічча гэтага краю.

Мы ўжо адзначылі ў нашых вандроўках, што толькі пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны, калі Вільня і ўся Віленшчына апынуліся ў, па-сутнасьці, акупаванай Савецкай Літве, беларускае культурна-грамадзкае жыцьцё цалкам перастала тут існаваць... Усё ж гэта ня быў аканчальны скон, бо сёньня пачынаецца павольнае, цяжкое, пакутлівае абуджэньне.

ЗНОЎ У БАЗЫЛЬЯНСКІХ МУРОХ

А ў пошуках мясьцінаў, дзе канцэнтравалася беларускае культурна-грамадзкае жыцьцё Вільні ў міжваенным часе, мы яшчэ раз зазірнем у слынныя Базыльянскія муры. Каб не паўтарацца, толькі коратка нагадаем, што менавіта ў міжваенным часе ў гэтым будынку ўтварыўся вельмі моцны асяродак, сапраўдны беларускі культурны цэнтар Вільні.

Згадаем таксама, што тут па йніцыятыве ксяндза Адама Станкевіча быў створаны прытулак для беларускіх дзетак , якіх асіраціла прамінулая вайна, тут адкрылася Віленская Беларуская Гімназія (35), створаная намаганьнямі беларускай інтэлігенцыі Вільні.

Тут знаходзіўся й інтэрнат для гімназістаў, бо ж ня ўсіх бацькі жылі ў самым горадзе. У Базыльянскіх мурох адкрыўся першы Беларускі нацыянальны Музэй гістарычна-этнаграфічнага напрамку з багатым архівам і бібліятэкай, ролю якога сёньня цяжка пераацаніць (74). Дык ня дзіва, што адраджэньне гэтага музэю зьяўляецца летуценьнем усіх тутэйшых сьвядомых беларусаў ды знаходзіць усьцяж шырэйшае зразуменьне і ў самой Беларусі.

Разьмяшчалася тут і беларуская драматычная майстроўня, якою кіраваў ведамы тэатральны дзеяч, карэнны віленчук Франьцішак Аляхновіч (75). Пэўны час тут была сядзіба Таварыства Беларускай Школы. Усё гэта адносіцца да пачатку дваццатых гадоў, а дакладней нават за пару гадоў перад тым.

Нават існаваньне тут закладзенай яшчэ ў XIX ст. праваслаўнай духоўнай сэмінарыі мела нейкі уплыў на фармаваньне кадраў беларускай інтэлігенцыі, бо ў сваёй бальшыні сэмінарысты былі беларускімі юнакамі. I хаця напрамак выхаваньня ў ёй быў яўна русыфікатарскі, усё ж нейкая частка выпускнікоў сэмінарыі папоўніла рады беларускай творчай інтэлігенцыі. Некаторыя зь іх нават сталі вядомымі дзеячамі беларускай культуры, як, напрыклад, народны артыст Беларусі Генадзь Цітовіч.

Але вернемся да Беларускага Музэю ймя Івана Луцкевіча, які разьмяшчаўся тут з 1921 да 1944 году. Музэй займаў сьціплы куточак у вялізным кляшторным гмаху, а, дакладней, на першым паверсе ягонага паўднёвага крыла з правага боку. Памяшканьне было зручнае тым, што мела зусім асобны ўваход цераз дабудаваны вонкавы ганак. Да таго ж уваход забясьпечвалі моцныя каваныя жалезныя дзьверы, якія йснуюць і цяпер, толькі імі не карыстаюцца. На першы погляд узьнікае ўражаньне быццам тут нічога не зьмянілася з таго часу, хаця мінула бязмала паўсотні гадоў, як музэй мусіў пакінуць гэтае сваё прыстанішча.

Нават на вонкавай сьцяне ганка між двума праёмамі, як на сьмех тырчыць той самы цьвік, на якім мацавалася шыльда музэю.

Думка пра аднаўленьне ў Вільні Беларускага Музэю ўзьнікла ў колах старэйшага беларускага грамадзтва ў канцы 80-ых гадоў у час славутай перабудовы. Тады здавалася, што нарэшце зьявілася магчымасьць свабадней выказваць думкі й дамагацца выпраўленьня тых крыўдаў, якія былі нанесеныя беларусам пасьля гэтак званага "вызваленьня Вільні".

Аднак ад першых намаганьняў аднаўленьня музэю мінула ўжо шмат гадоў, а вынікі зусім сьціплыя. I ўсё ж гэтыя намаганьні не спыняюцца. Але перш чымсь весьці гаворку пра сучаснае становішча, мы яшчэ раз адновім у памяці гісторыю музэю, пастараемся ўявіць сабе яго ў тым выглядзе, які ён меў да зьліквідаваньня.

Музэй быў створаны з багатых прыватных калекцыяў, сабраных археолягам, этнографам і грамадзкім дзеячом Іванам Луцкевічам. Ён распачаў сваю зьбіральніцкую дзейнасьць яшчэ ў юнацкія гады, недзе ў апошнім дзесяцігодзьдзі мінулага веку. Па ягонай ініцыятыве ў 1918 годзе ўзьнікла ў Вільні Беларускае Навуковае Таварыства, якому зьбіральнік і ахвяраваў перад сьмерцю ўсе свае калекцыі для будучага нацыянальнага музэю. Музэй быў адкрыты ў 1921 годзе як грамадзкая ўстанова Навуковага Таварыства ды ўтрымліваўся часткова зь дзяржаўных датацыяў ажно да 1939 году. У кастрычніку 1939 году Таварыства было зьліквідаванае акупаваўшай Вільню Савецкай уладай шляхам арышту й вывазу бальшыні яго сяброў. ГІасьля перадачы Вільні Літве й ажно да ліквідацыі ў 1945 годзе музэй існаваў як дзяржаўная ўстанова - сьпярша ў сыстэме Інстытуту Літуаністыкі, а пазьней Акадэміі Навук Літвы. Ліквідацыя беларускага музэю ў Вільні была злачынным актам, пазбаўленым юрыдычнай асновы й скіраваным супраць беларускай культуры й беларускага насельніцтва Літвы. Яна павінна разглядацца як парушэньне правоў чалавека й грамадзяніна беларускай меншасьці ў Літве.

Як некалі выглядаў музэй, можна сабе ўявіць толькі на падставе шматлікіх фатаздымкаў, публікацыяў у друку ды ўспамінаў яшчэ жывых сьведкаў ягонага йснаваньня: з ганку ўваходзілася ў прасторныя сенцы, зь якіх вялі дзьверы - налева ў экспазыцыйныя залі, наўпрост - у архіў, адначасна й рабочы габінэт, направа - ў бібліятэку.

Нягледзячы на дужа сьціплае памяшканьне - пяць экспазыцыйных пакояў - музэй быў дужа шырокага профілю. У ім зьберагаліся калекцыі: археялагічная, сфрагістычная, нумізматычная; калекцыя мэдалёў і крыжоў; слуцкія паясы й дываны Нясьвіскай, Гарадзенскай і Слуцкай мануфактураў; беларускія народныя музычныя інструмэнты, творы народных разьбяроў, абразы й карціны XVI -XIX ст., а таксама тагачасная беларуская старажытная зброя, рукапісныя кнігі й старадрукі ад XIV да XVIII ст.

З найболып каштоўных экспанатаў былі: Скарынаўская Біблія, яе частка; Статут Вялікага княства Літоўскага, друк 1588 году; пячаткі на сыгнэтах Полацкіх князёў Усяслава Чарадзея з XI ст. і князя Барыса з XII ст.; сьцяг паўстанцаў 1863 году. Кнігазбор музэю складаўся са збораў Луцкевіча, часткі бібліятэкі Раманава і ўсяе бібліятэкі Даніловіча, - усяго звыш 14 тысячаў тамоў. У археалягічным аддзеле было каля 200 экспанатаў, знойдзеных пры раскопках курганоў Яўстафіем Тышкевічам, самім Луцкевічам, асобныя прадметы з калекцыяў Гэнрыка Татура. Зрэшты, пералічыць усе толькі самыя цікавыя прадметы ды архіўныя дакуманты ў кароткай зацемцы проста немагчыма...

Выходзячы з музэю, можна было яшчэ раз акінуць вокам магутнага князя Ўсяслава з дружынаю, які пазіраў з карціны Пётры Сергіевіча, ды на дзівосныя выявы касьмічных візыяў Язэпа Драздовіча, якімі былі завешаныя амаль усе сьцены ў сенцах.

Сёньня ж адно толькі можна з сумам спыніць позірк на жалезных дзьвярох ды адыйсьці з надзеяй на аднаўленьне музэю, якая ўсё яшчэ цепліцца ў сэрцах беларусаў-віленчукоў...

I ўсё ж найбольш значным і масавым беларускім асяродкам у Базыльянскіх мурох была ў міжваенным часе Віленская Беларуская Гімназія (35). Яна пратрывала там амаль да самае вайны, за выключэньнем апошняга году. Яе асноўнае значэньне было ў выхаваньні кадраў нацыянальна сьвядомай беларускай інтэлігенцыі. Патрыягычнае ўзгадаваньне моладзі ставілася на першае месца. Амаль усе прадметы, за невялікім выключэньнем, выкладаліся па-беларуску. Вучняў ядналі гурткі мастацкай самадзейнасьці, ладзіліся розныя імпрэзы. Вакол гімназіі канцэнтравалася грамадзкае жыцьцё беларусаў усяго нашага гораду. Калі сёньня й адраджаецца беларускае школьніцтва ў Вільні, дык гімназія ўсё яшчэ застаецца недасягальным эталонам.

***

У мінулай вандроўцы па Вільні мы разьвіталіся ў панадворку колішняга Базыльянскага кляштару (5), які ў міжваенным часе граў пачэсную ролю цэнтра беларускай культуры й асьветы. Апынуўшыся перад брамай, якая вывядзе нас на Вастрабрамскую вуліцу, міжволі кідаем позірк на вокны Беларускі Інстытут Гаспадаркі й Культуры на Вастрабрамскай. сьціплага памяшканьня над самай брамаю: там у самым пачатку дваццатых гадоў жыў пісьменьнік, літаратуразнаўца й выкладчык літаратуры ў Віленскай Беларускай Гімназіі Максім Гарэцкі. А крыху пазьней, у сярэдзіне дваццатых гадоў, тут пасяліўся будучы народны артыст Беларусі Рыгор Шырма, які ў той час кіраваў хорам у гімназіі.

Калі наведваеш сёньня гэты куток віленскай беларушчыны, узьнікае роздум і пра яго мінулае, і пра сучаснае становішча, і пра далейшы яго лёс. Вельмі старажытная й зьменлівая гісторыя гэтага архітэктурнага помніка Вільні, які й дасюль па даўняй публічнай школы, адозва да беларускага народу, узоры дэклярацыяў і заяваў, растлумачаньні дзяржаўнага заканадаўства аб школах у Польшчы, якое ў адносінах да беларусаў практычна не выконвалася.

У адозве былі гэткія словы: "Грамадзяне-беларусы! Каб здабыць лепшую будучыню, трэба здабыць сваю родную беларускую школу! Бацькі Беларусы! Калі вы хочаце, каб дзеці вашыя не выракаліся сваіх сярмяжных бацькоў, любілі мазольную працу, сваю мову, сваю Бацькаўшчыну й ёй служылі, калі хочаце вызваленьня нашага народу з путаў цемры й нядолі - дык неадкладна дамагайцеся сваёй роднай беларускай школы!" Што ж, у нечым гэты заклік застаўся актуальны й сёньня, хоць бацькі мо ўжо й не сярмяжныя...

Будынак былога Базыльянскага кляштару на Вастрабрамскай, 9 (5), меў яшчэ адзін панадворак, які выходзіў на Конскую вуліцу. На гэтым панадворку была тая частка будынку, дзе знаходзілася актавая заля гімназіі. Туды ж часткова выходзілі вокны памяшканьняў, дзе нейкі час жылі са сваімі сем'ямі дзеячы, зьвязаныя з гімназіяй і, наогул, зь беларускім рухам. Сярод іх - сэнатар Вячаслаў Багдановіч, які жыў тут з перапынкам ад 1904 да 1929 году; сакратар гімназіі Лукашэвіч; дырэктар гімназіі Радаслаў Астроўскі; Вольга Мароз, вядомая сярод вучняў, як цётка Вольга, якая прыбірала памяшканьні гімназіі ды абслугоўвала буфэт, дзе за невялікую плату падчас вялікай перамены можна было выпіць шклянку гарачай гарбаты з самавара ды зьесьці сьвежую булачку.

На Вастрабрамскай вуліцы ў панадворку дому пад нумарам 7, дзе колісь быў жаночы кляштар,па суседзтву з фільгармоніяй жыў з сям'ёй славуты беларускі грамадзка-палітычны дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі (78). Жыў тут ажио да арышту па справе Сялянска-Работніцкай Грамады і ўрэшце да выезду ў Савецкі Саюз, дзе згінуў у гады сталінскага тэрору... Між іншым, ён быў аўтарам той мэлёдыі, якая гучыць перад кожнай беларускай перадачай радыё "Свабода"- пачатак песьні "Люблю наш край", напісанай на словы Канстанцыі Буйла, ды аўтарам музыкі да рамансу Максіма Багдановіча "Зорка Вэнэра".

На тым баку, што й Базыльянскія муры, калі мінуць фільгармонію й яшчэ адзін дом, на самым рагу вуліцаў Вастрабрамскай і Гетманскай, знаходзілася з 1926 году кнігарня Беларускага Выдавецтва ў Вільні (66). Кнігарня мае даўнюю гісторыю, як мы ўжо згадвалі, да таго часу яна знаходзілася на Завальнай, 7, дзе месьцілася й рэдакцыя газэты "Наша Ніва" (59).

Калі кнігарня перабралася на новае месца, дык яе загадчыкам быў сьпярша Манкевіч, а пасьля Ігнат Мятла, брат вядомага грамадоўскага дзеяча Пятра Мятлы, які таксама заўчасна загінуў у сталінскіх засьценках. У кнігарні прадаваліся беларускія кніжкі, календары, часопісы й газэты, а таксама прылады да пісаньня, папера, сшыткі - усё, што патрэбна для школьнага навучаньня. Вучні Віленскай Беларускай Гімназіі (35), якая была непадалёк, прыходзілі сюды купляць розныя школьныя дапаможнікі.

Амаль насупраць, на другім баку вуліцы, таксама ў нарожным доме на Вастрабрамскай вуліцы, 2, была другая, але прыватная беларуская кнігарня, якая належыла да кнігара Станіслава Станкевіча (79). Узьнікла яна ў 1928 годзе й мела той самы асартымэнт тавараў, што й кнігарня Выдавецкага Таварыства.

Дом гэты напрыканцы другой сусьветнай вайны быў зруйнаваны - цяпер там пустая пляцоўка для стаянкі транспарту.

Станіслаў Станкевіч, якога ў беларускім грамадзтве, каб ня зблытаць з кім іншым, часта дабразычліва гэтак і называлі "кнігар", па-сутнасьці быў ня проста кнігаром, гаспадаром невялічкай крамы. Гэта быў сапраўдны беларускі асьветнік, шчыры патрыёт, да таго ж паэт.

На жаль, у 1944 годзе падчас адступленьня немцаў зь Вільні кнігарня згарэла, нічога не ўдалося ўратаваць. Гэта было не адзінае няшчасьце, якое напаткала яе гаспадара... Увосені 1945 году Станіслаў Станкевіч быў арыштаваны й асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня ды яшчэ паўстолькі высылкі. Вярнуўся ён у Вільню праз 9 гадоў з падарваным здароўем. Памёр у 1964 годзе, пахаваны на могілках Новыя Росы. Там бачым сьціплае надмагільле з надпісам на беларускай мове: "Сьвятой памяці Станіслаў Станкевіч. Беларускі асьветнік. 1886-1964. Душы яго неба."

Паходзіў ён зь вёскі Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні, адкуль родам многія беларускія дзеячы. Вясковы хлапчук, хаця й зь цяжкасьцю, здолеў здабыць сякую-такую асьвету ды далучыцца да беларускага грамадзкага руху. У 20-х гадох настала пераехаў у Вільню.

Тут, у Вільні, былі выдадзеныя два зборнічкі ягоных вершаў, просьценькіх, але шчырых:

Мне не забыці край і вёску,

дзе я радзіўся, падрастаў,

і той загон, тую палоску,

дзе быдла пасьвіць я ганяў.

Рана застаўшыся бяз маці, пісаў пра сябе гэтак:

Быў найбольшы ў хаце,

меў дзевяць гадочкаў.

Асталося бяз маці

пяць сыноў і дочка.

У вершах кнігара скрозь любоў да роднай старонкі, да беларускага люду, вера ў лепшую будучыню:

Што нам доля, беларусы,

верце, так жа ўсьміхнецца,

зьгінуць зьдзекі і примусы

і нядоля ўся мінецца...

Сам ён лепшай долі не дачакаўся, але выгадаваў дзяцей, беларусаў-віленчукоў, дачку Міраславу й сына Яраслава, шчырых патрыётаў. Ёсьць ужо ўнукі й праўнукі, - мо ім доля ўсьміхнецца, мо яны здолеюць захаваць віленскую беларушчыну ?

Вялікай і вельмі канкрэтнай заслугай Станіслава Станкевіча была праяўленая ім супольна зь пісьменьніцай Зоськай Верас ініцыятыва выдаваць беларускія адрыўныя календары. Першы каляндар быў на 1926 год. Выдаваліся яны рэгулярна ажно да пачатку другой сусьветнай вайны.

Усё гэта міжволі згадваецца, калі мы адыходзім з таго сумнага месца, дзе некалі стаяла зруйнаваная вайною беларуская кнігарня, ды накіроўваемся знаёмым ужо нам маршрутам па Вялікай вуліцы ў бок Катэдральнага пляцу. Мінаем зьлева гарадзкую ратушу, дзе цяпер музэй мастацтва, справа касьцёл Сьв.Казіміра (34), яшчэ зусім нядаўна музэй атэізму, а ў царскія часы эпохі Мураўёва-вешальніка - галоўны праваслаўны сабор Вільні. Касьцёл гэты быў закладзены ў самым пачатку XVI ст. ордэнам езуітаў, а цяпер ізноў хораша адрэстаўраваны й аддадзены вернікам.

Не даходзячы да царквы Сьв.Мікалая, паварочваем направа ў завулак Савіча, які злучае Вялікую вуліцу з вуліцай Бакшта, і знаходзім дом пад нумарам 12, дзе ў кватэры нумар 5 жыў зь сям'ёй Станіслаў Станкевіч (80).

Дом на Вастрабрамскай, дзе месьцілася кнігарня Станіслава Станкевіча. Зд. 30-х гадоў.

Але яшчэ на падыходзе да яго варта зьвярнуць увагу на першы за касьцёлам Сьв. Казіміра трохпавярховы дом, куды ў другой палове трыццатых гадоў быў перанесены інтэрнат Віленскай Беларускай Гімназіі (81). Раней інтэрнат знаходзіўся разам з гімназіяй у Базыльянскіх мурох. Толькі цяпер улады загадалі называць яго не беларускім інтэрнатам, а інтэрнатам Паўночна-Ўсходніх земляў. Перанесены ён быў па ініцыятыве самога віленскага ваяводы Людзьвіка Бацяньскага, каб інтэрнат быў больш на відоку. Ваявода асабіста апекаваўся Беларускай Гімназіяй і праз сваіх агентаў сачыў (зрэшты, даволі безпасьпяхова), каб у ёй не заводзілася "камуністычная крамола".

А тымчасам у гэтым памяшканьні, нягледзячы на трывожныя часы, калі ў паветры адчуваўся подых другой сусьветнай вайны, моладзь бесклапотна ладзіла час ад часу вечарыны, на якія хлопцы запрашалі дзяўчатаў-гімназістак, граў аркестар, танцавалі самыя модныя на той час танцы: танга й факстроты, ды не забываліся й на беларускія народныя танцы...

Адсюль пойдзем памаленьку зноў па знаёмым ужо шляху ўніз па Вялікай вуліцы ды дойдзем да невялічкай пляцоўкі перад Пятніцкай царквою (2).

Сюды мы ўжо аднойчы завандравалі ў пошуках тых старажытных віленскіх хрысьціянскіх храмаў, якія ўзьніклі да афіцыйнага хрышчэньня Літвы, калі насельніцтва й нават князі яшчэ моцна трымаліся паганскай веры. Як цьвердзіць гісторык мінулага стагодзьдзя Адам Кіркор, раней на гэтым месцы знаходзілася паганская сьвятыня бажка Рагуціса, які зьяўляўся літоўскім адпаведнікам рымскага бога Бахуса. Але ад той сівой даўніны перанясемся зноў у той час, які зьяўляецца прадметам нашых пошукаў у гэтым цыклі вандровак, гэта значыць у міжваенны час.

Першая сусьветная вайна пакінула Пятніцкую царкву ў напаўразбураным стане, які дазваляў праводзіць там багаслужбы. Справай яе аднаўленьня заняўся беларускі праваслаўны айцец Аляксандар Коўш, адзін з тых нямногіх самаахвярных беларускіх царкоўных дзеячоў, якія паставілі сваёй мэтай забяспечыць беларускаму народу слова Божае на роднай мове. Ён здолеў дамовіцца з кансысторыяй, каб царква гэтая была прызначаная для вернікаў-беларусаў, у першую чаргу для вучняў Віленскай Беларускай Гімназіі (35), ды асабіста шчыра ўзяўся за кіраўніцтва рамонтам царквы. Рамонт быў хутка завершаны, і ў Пятніцкай царкве пачаліся сталыя багаслужбы з пропаведзямі на беларускай мове, у першую чаргу для беларускай моладзі - вучняў і студэнтаў. Наведвалі яе й сьвядомыя беларусы старэйшага пакаленьня. Сам жа айцец Аляксандар выкладаў у той час рэлігію для праваслаўных у Віленскай Беларускай Гімназіі.

Ня выключана, што й цяпер гэтая невялічкая зграбная цэркаўка магла б прытуліць тутэйшых беларускіх вернікаў, калі б яны самі праявілі большую актыўнасьць. Бязумоўна, на перашкодзе стаяць непрыхільныя адносіны да беларушчыны з боку праваслаўнага духавенства, хаця сярод яго ёсьць вельмі шмат беларусаў па паходжаньні. Ды той, хто ўжо аднойчы адступіўся ад свайго народу, будзе найбольш зацята адстойваць сваю пазыцыю.

Абмінаем справа Пятніцкую царкву й па вузкім завулачку спускаемся да рэчкі Вялейкі, над якой стаіць вялікі Прачысьценскі сабор (3), што ад пачатку XV ст. быў мітрапалітальным храмам аўтакефальнай праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага.

I ён мае ўскоснае дачыненьне да віленскай беларушчыны міжваеннага часу, бо ў ім доўгі час працаваў рэгентам царкоўнага хору знаны беларускі культурна-грамадзкі дзеяч, фальклярыст і музыказнаўца Рыгор Шырма. Вядома, калі пасьля вайны Рыгор Шырма стаў у Савецкай Беларусі дужа заслужаным дзеячом музычнай культуры й народным артыстам, ды шмат гадоў узначальваў Саюз кампазытараў рэспублікі, - гэты фрагмэнт ягонай творчай біяграфіі старанна замоўчваўся. Але ж сам дзядзька Рыгор, нягледзячы на ўсе складанасьці таго паднявольнага часу, у душы заставаўся веруючым чалавекам, шчырым патрыётам, які ніколі не забываў сваіх даўніх сяброў і зь вялікім сантымэнтам адносіўся да сваёй віленскай мінуўшчыны.

У 1928 годзе Шырма са сьціплай кватэркі ў Базыльянскіх мурох перабраўся зь сям'ёй у царкоўны дом насупраць Прачысьценскага сабору на вуліцы Сьв.Ганны (82), цяпер вуліца Майроніса. Тут ён жыў ажно да пачатку другой сусьветнай вайны, калі мусіў пакінуць Вільню назаўсёды.

Пра гэты дом хораша згадвае Вера Сьнітчанка, у той час ужо жонка выдатнага беларускага вучонага й грамадзкага дзеяча Браніслава Тарашкевіча. Яна пісала ў публікацыі 1983 году:

"У канцы 20-х гадоў мне часта прыходзілася бываць у Вільні. Тады я затрымлівалася ў памяшканьні Таварыства Беларускай Школы, ці ў сям'і Шырмы. У той час Рыгор Раманавіч з жонкай Клаўдзіяй Іванаўнай, з дачкой - школьніцай і маленькім сынком жыў на вуліцы Сьв.Ганны ў падобным да сутарэньня памяшканьні. Кватэра была нецікавая - вільготная й цемнаватая, Дом на бул. Майроніса, дзе жыў Рыгор Шырма. Пабудаваны па проекту Лявона Вітан-Дубейкаўскага. але гаспадары, хоць у той час ім матар'яльна цяжка жылося, былі заўсёды ветлівыя й бадзёрыя. Ад іх сям'і як бы веяла дабрынёй, зычлівасьцю з пэўнай доляй гумару. У той час Шырма арганізаваў аматарскі хор, якім дырыгаваў. Сьпеўкі гэтага хору адбываліся часамі ў яго дома. I вось я тут пабачыла, якім ён мог быць патрабавальным і строгім, калі нехта са сьпевакоў быў няўважлівы. Бо музыка была для Рыгора Раманавіча заўсёды нечым сьвятым... Лічу, што ўсе, Каму дарагая беларуская песьня, ніколі не забудуць яе нястомнага зьбіральніка - Рыгора Шырму."

Беларускі Народны Дом.

Старэйшыя віленчукі-беларусы яго не забываюць. Іхнімі намаганьнямі на муры дому, у якім жыў Р. Шырма, у студзені 1994 г. была ўрачыста адкрытая й асьвенчаная мэмарыяльная табліца з барэльефным партрэтам артыста ды надпісамі на літоўскай і беларускай мовах.

Зараз за касьцёлам Сьв. Ганны (12), ад якога й была ўзятая колішняя назва вуліцы, бачым будынкі, у якіх у міжваенным часе месьціўся Мастацкі факультэт Віленскага унівэрсытэту (83). Тут здабывалі асьвету такія вядомыя беларускія мастакі, як Пётра Сергіевіч ды Міхась Сяўрук, тутака выкладаў выдатны мастак, наш слаўны зямляк прафэсар Фэрдынанд Рушчыц.

У суровыя ваенныя гады падчас нямецкай акупацыі, калі Віленскі Беларускі Музэй (74) быў выселены з Базыльянскіх муроў (5), каб абсталяваць там ваенны шпіталь, - у адным з гэтых будынкаў экспанаты музэю атрымалі сваё апошняе прыстанішча. Празь Вільню прайшоў фронт, але музэй захаваўся ў цэласьці. Толькі дзякуючы злачыннай змове Савецкай Літвы й Савецкай Беларусі, і з дабраславенства Масквы ён быў аканчальна зьліквідаваны ў 1945 годзе. Гэтак пасьлядоўна зьнішчаліся тады ўсе праявы беларускай нацыянальнай культуры.

За гэтымі будынкамі з таго самага боку вуліцы бачым яшчэ адзін двухпавярховы дом, які даўней значыўся пад нумарам 2. Гэта ўжо быў апошні дом, за ім відаць было браму ў гэтак званы Бэрнардынскі сад, дзе й цяпер раскінуўся цяністы парк, даўняе месца шпацыраў і адпачынку віленчукоў у самым цэнтры гораду, прыгожы зялёны куток на беразе Вялейкі. У гэтым будынку ад пачатку 20-х гадоў знаходзіўся Беларускі Народны Дом (84). Уваходзілася туды цераз ганак, што налева па фасаду, а займаў ён першы паверх будынку. Тут ладзіліся вечарыны, чыталіся лекцыі, часам спыняліся ў ім некаторыя беларускія дзеячы, якія праездам бывалі ў Вільні.

Сёньня ўжо амаль не засталося сьведкаў тых часоў, ды ўсё ж у Радашкавічах жыве яшчэ Вера Андрэеўна Сьнітчанка, якой ужо болей за 90 гадоў. Яна многа памятае пра беларускае грамадзкае жыцьцё ў Вільні міжваеннага часу. Вось што яна апавядае пра згаданую вышэй установу: "У 1928 годзе падчас суда Грамады я часта затрымлівалася ў памяшканьні Таварыства Беларускай Школы, якое было ў доме нумар 2 па вуліцы Сьв. Ганны. Мяне запрашала да сябе Надзея Маркаўна Калядзянка, па мужу Шнаркевіч, якая працавала сакратаром ТБШ і мела там свой пакойчык. У доме гэтым была досыць вялікая заля са сцэнай, канцэлярыя Таварыства, пакой сакратара й яшчэ два пакоі, дзе маглі спыняцца прыехаўшыя па справах ТБШ. Часам жылі там бяздомныя вучні.

У залі чыталіся рэфэраты, арганізоўваліся канцэрты. Добра памятаю лекцыю спадара Янкі Станкевіча й канцэрт жонкі настаўніка Сіняўскага - мілай, але з прычудамі жанчыны."

Як апавядаў адзін зь віленскіх вэтэранаў, настаўнік Янка Багдановіч, нейкі час у гэтым доме працавала Беларуская настаўніцкая сэмінарыя. Гэта адносіцца да канца 20-х, пачатку 30-х гадоў. Існавала яна нядоўга, паводле архіўных дадзеных была закрытая польскімі ўладамі ў 1932 годзе.

У памяці віленчукоў захавалася й існаваўшая ў гэтым доме прыблізна ў тым самым часе сталоўка для беларускіх студэнтаў.

Студэнты, як вядома, у бальшыні былі небагатыя, а тутака была магчы- масьць невялікім коштам добра паабедаць. Сталоўка не ставіла перад сабой камэрцыйных мэтаў. Апекаваліся ёю на грамадзкіх пачатках жонкі беларускіх дзеячоў, у тым ліку дырэктара гімназіі Астроўскага, сэнатара Багдановіча, пасла Тарашкевіча, настаўнікаў Паўловіча й Шнаркевіча, сьвятароў Кульчыцкага й Каўша. Паводле графіку штодня прыходзіла новая гаспадыня, складала мэню, сачыла за парадкам на кухні. Яны вельмі дбалі пра якасьць харчаваньня, часам сёе-тое з прадуктаў і прысмакаў прыносілі з дому. Апавядаюць, што амбіцыі гаспадыняў і іх сталае спаборніцтва ўрэшце прывялі да парушэньня іхніх хатніх бюджэтаў і сталоўку давялося зачыніць. Мо гэта была не адзіная прычына, сёньня сказаць цяжка.

Мы ж тым часам з вуліцы Сьв.Ганны па Каралеўскай вуліцы выправімся ў бок знаёмага ўжо нам Катэдральнага пляцу дый таксама пашукаем там сьлядоў беларускага жыцьця міжваеннага часу.

Ад Катэдральнага пляцу пачынаецца праспэкт Гедыміна, які яшчэ да мінулай вайны лічыўся бадай самай галоўнай і прэстыжнай вуліцай Вільні, толькі ў той час ён насіў ймя Адама Міцкевіча, а ўпершыню зьявілася на мапе гораду як Георгіеўскі праспэкт. Мабыць назва была ўзятая ад касьцёлу гэтага сьвятога, які захаваўся да нашых дзён.

ТУТ ЖЫЛІ БЕЛАРУСКІЯ ДЗЕЯЧЫ

На самым пачатку вуліцы паварочваем налева ў завулак, які меў назву Гарбарскі, а цяпер Одміню, што зьяўляецца даслоўным перакладам яго назвы на літоўскую мову. У трэцім доме направа на другім паверсе ў трыццатых гадох жыў Антон Нэканда-Трэпка, актыўны дзеяч Беларускай Касьцёл Баніфратраў. Сацыялістычнай Грамады, бадай, ад самага яе заснаваньня (85). У 1922/1923 навучальным годзе ён уваходзіў у склад Рады Беларускага Навуковага Таварыства. Пра гэта сьведчаць шматлікія фатаграфіі, што рабіў сам гаспадар, які быў, дарэчы, даволі добры фатограф.

Вуліца Людвісарская.

Толькі ў 1937 годзе адбыліся дзьве такія імпрэзы: у студзені літаратурны вечар, прысьвечаны паэзіі Натальлі Арсеньневай і Максіма Танка, крыху пазьней - сустрэча са сьпеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім, кампазытарам Канстанцінам Галкоўскім і кіраўніком народнага хору Рыгорам Шырмай. Трэпка, працуючы на дзяржаўнай пасадзе, быў нядрэнна забясьпечаны матар'яльна й таму меў магчымасьць запрашаць да сябе сяброў Рады Таварыства й прадстаўнікоў творчага актыву. Такім чынам ягоная кватэра ў пэўнай ступені была месцам, дзе канцэнтравалася грамадзкае жыцьцё віленскай беларускай інтэлігенцыі.

Ад Гарбарскага завулка цераз былы Баніфратэрскі завулак, які носіць цяпер імя архітэктара Лаўрына Гуцэвіча, трапляем на невялічкую пляцоўку насупраць касьцёлу Баніфратраў (38). Дарэчы, на ёй нядаўна быў пастаўлены помнік гэтаму выдатнаму архітэктару, які ў XVIII ст. быў прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту.

Стоячы на гэтай пляцоўцы, бачым дом на рагу завулка Гуцэвіча й вуліцы Леіклос (колісь-Людвісарскай), у якім жыў знаны беларускі літаратурны крытык і публіцыст Уладзімер Самойла (86).

Самойла родам зь Менску, вучыўся ў Пецярбурскім і Маскоўскім унівэрсытэтах. Яшчэ ў 1907 годзе, працуючы ў газэце "Минский курьер", узьнімаў пытаньне пра неабходнасьць беларускай школы, тамака першы ў літаратурнай крытыцы належна ацаніў талент Янкі Купалы, апублікаваў рэцэнзію на ягоную "Жалейку", друкаваў ягоныя вершы.

У Вільні Самойла жыў з 1919 году, актыўна ўдзельнічаў у друку Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Належыў да тых дужа сумленных, ідэйных і, адначасова, вельмі сьціплых людзей, якія мала дбалі пра сваю кар'еру й жыцьцёвы камфорт. У згаданым доме Самойла жыў у дваццатых - пачатку трыццатых гадоў у маленечкай аднапакаёвай кватэры амаль на падстрэшшы разам з жонкаю й сынам.

У адрозьненьне ад Трэпкі жыў Самойла ў вельмі цяжкіх матар'яльных умовах, але жыцьцяпісы гэтых абодвух дзеячоў скончыліся ў тым самым трагічным для беларускай інтэлігенцыі Вільні верасьні 1939 году. Абодва яны трапілі ў чорныя спісы бальшавіцкага камісара Івана Фролавіча Клімава, які быў накіраваны сюды са спэцыяльнай злачыннай місыяй. Вільня была ачышчаная ад беларускай інтэлігенцыі, а Трэпка й Самойла загінулі ў сталінскіх засьценках у першыя гады свайго зьняволеньня. Ад'яжджаючы зь Вільні, Клімаў вывез у Менск і прымадону віленскай апэрэты Яніну Кульчыцкую, але ж у якасьці сваёй жонкі, ды пакінуў віленчукоў бязь іхняй улюбёнай актрысы.

У Савецкай Беларусі памяць пра Самойлу была забароненая, толькі да 100-годзьдзя Янкі Купалы дазволілі ўспомніць, што Самойла быў першы настаўнік нашага народнага песьняра, ды яшчэ пра яго сяброўства з расейскім паэтам А. Блокам.

З гэтага месца вуліца Леіклос даволі стромка падымаецца ўгору й мы даходзім па ёй ажно да таго месца, дзе яна ўпіраецца ў Віленскую вуліцу. Вялікі трохпавярховы дом на самым рагу зь Віленскай вуліцай, які значыцца пад першым нумарам, таксама варты нашай увагі. Праўда, цяпер гэты дом знаходзіцца ў стадыі капітальнага рамонту, яго будуць грунтоўна перабудоўваць, дык выгляд яго ня дужа цікавы.

Калі глянуць на яго з процілеглага боку вуліцы Леіклос, дык зьлева ад варотаў у панадворку ўбачым аднапавярховую прыбудоўку. У ёй з 1926 да 1930 году месьцілася беларуская друкарня ймя Франьцішка Скарыны (87). Яе арганізавала Беларуская Хрысьціанска-Дэмакратычная Партыя, тут друкавалася газэта "Беларуская крыніца", заснаваная яшчэ з 1919 году, а таксама розныя кніжкі й брашуры на беларускай мове.

У вялікім жа доме на трэцім паверсе зь левага боку відаць вокны кватэры, якую да вайны займаў зь сям'ёй Янка Пазьняк, які нейкі час быў рэдактарам "Беларускай крыніцы" (88). Сёньня ў Беларусі больш вядомае ймя ягонага ўнука Зянона Пазьняка, лідэра Беларускага Народнага Фронту. Дык вось тут Зянонаў родны дом, а значыць Вільня ягоны родны горад Міжволі хочацца прывесьці словы ўспамінаў самога Зянона Пазьняка, апублікаваных у 1990 годзе ў выглядзе эсэ пад назваю "Глёрыя патрые":

Ізноў шчымщь мае сэрца па Вільні.

Па бедным магм юнацтве.

Сінія горы на гарызонце.

Зянон затужыў па Вільні. Цёплым ліпеньскім адвячоркам у шасьцідзесятых гадох трапіў ён у свой родны горад - вось як ён піша пра гэта:

"Прыйшоў на былую Людвісарскую ў цэнтры старой Вільні й сеў пад вярбой насупраць мураванага дому, дзе некалі да вайны жыў мой дзед, бабуля, мой бацька. Побач меншы дамок, у ім знаходзілася друкарня "Беларускай крыніцы"... Надыйшла ноч. Можна было пайсьці заначаваць да дзядзькі ці да сяброў, знаёмых. Але навошта, калі так цёпла на вуліцы, на душы й на сэрцы.

Сьвецяцца вокны ў старым доме. Нехта ж пасяліўся. Заходзіць ня буду, бо я там не жыву, бацька загінуў на фроньце, дзеда ў 1939 закатавалі сталіністы-бальшавікі, бабуля памерла. Ды што дом - горад ужо ня той. Перамяніліся людзі й вуліцы, надпісы й гаворка.

...У Вільні кожны камень дыхае беларускай гісторыяй...

О, Вільня, як жывіш ты мае сэрца!

У час спатканьня йду на пляц.

Вось мур,

Дзе апошні позірк Каліноўскага.

Доўга гляджу,

Каб панесьці з сабой у душы..."

Будынак друкарні ймя Ф. Скарыны на Завальнай.

Друкарня ймя Франьцішка Скарыны яшчэ Сквер на Завальнай вуліцы. двойчы мяняла месца свайго знаходжаньня. Усе яны былі ня дужа далёка ад месца заснаваньня, дык маем нагоду й магчымасьць зазірнуць сёньня й туды. Перасякаем Віленскую вуліцу й завулачкам трапляем на Завальную вуліцу. Павярнуўшы налева й мінуўшы два дамы, мы апынаемся каля дому нумар 6, куды ў 1930 годзе й была перавезеная друкарня (89). У 1936 годзе яна зноў зьмяніла свой адрас, разьмясьціўшыся амаль насупраць папярэдняга дому, на Завальнай, 1. Цяпер гэты дом ужо ня йснуе, ён быў разбураны падчас апошняй вайны (90).

Нам жа застаецца толькі пастаяць у суме на тым месцы, дзе некалі была друкарня, якая грунтоўна ўпісалася ў гісторыю хрысьціянска-дэмакратычнага руху й на працягу многіх гадоў была ягоным віленскім цэнтрам. Тутака апроч друкарні знаходзіліся рэдакцыі такіх беларускіх пэрыёдыкаў, як "Беларуская крыніца", "Шлях моладзі", "Калосьсе", тутака знаходзілася й беларускае кнігавыдавецтва, якое ў другой палове трыццатых гадоў выдала нямала каштоўных беларускіх кніжак. На старонках часопісаў дэбютавала й друкавалася бадай бальшыня ўсіх тагачасных паэтаў і пісьменьнікаў Заходняй Беларусі. Сярод іх дастаткова згадаць Міхася Машару, Міхася Васілька, Максіма Танка ды шмат іншых. Сярод публіцыстаў вылучаўся ў першую чаргу ксёндз Адам Станкевіч і іншыя беларускія ксяндзы-патрыёты. Рэдактарам "Калосься" быў Янка Шутовіч, пэўны час "Шлях Моладзі" рэдагаваў Янка Багдановіч, супрацоўнічалі Чэсь і Язэп Найдзюкі.

На жаль, той зруйнаваны двухпавярховы дом беларускага выдавецкага цэнтру, які не вылучаўся сваёй архітэктурнай адмет- насьцю, не захаваўся нават на старых фатаздымках. Але месца гэтае прыкметнае й цяпер. Яно так і засталося незабудаванае: тут хораша дагледжаны сквэр з лавачкамі й кветнікамі, а ў глыбіні гэтай пляцоўкі, пад самаю гарою, пастаўлены помнік літоўскаму пісьменьніку Пятрасу Цьвірку.

Зусім непадалёк адсюль быў яшчэ адзін беларускі выдавецкі цэнтар. Гаворка пра яго ў наступнай вандроўцы.

ГРАМАДА Й ІНШЫЯ БЕЛАРУСКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ

Адна з выдатнейшых старонак нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі міжваеннага часу - гэта гісторыя Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, якая не выпадкова была названая прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту Ежым Тамашэўскім палітычным фэноменам. Дык пашукайма сягоньня тыя мясьціны нашага гораду, якія былі зьвязаныя з Грамадой і яе дзеячамі.

Цэнтральнай постацьцю ў гэтай масавай арганізацыі беларусаў, як зь вёскі, так і з гораду, быў Браніслаў Тарашкевіч. Ён родам з-пад Вільні, нарадзіўся ў засьценку Мацюлішкі былой гміны Міцкуны, у Вільні скончыў гімназію, прымкнуў да беларускага руху яшчэ да першай сусьветнай вайны, быў блізкі да асяродзьдзя, што гуртавалася вакол газэты "Наша Ніва".

Пасьля ж вайны ён асталяваўся ў Вільні й адразу актыўна ўключыўся ў грамадзка-палітычную працу. Быў загадчыкам беларускага сэктару пры Дэпартамэньце асьветы, адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы. У 1921-1922 гадох ён жыў на вуліцы Бакшта, 21 (91). Гэты аднапавярховы дамок захаваўся да нашых дзён безь якіх-колечы зьменаў.

Затым Тарашкевіч перасяліўся на Віленскую, 12, у кватэру 7. Гэты дом мае значна большае значэньне, бо менавіта тут у двадцатых гадох зарадзіўся сваеасаблівы цэнтар самага радыкальнага беларускага палітычнага руху. Тут знаходзілася й рэдакцыя беларускіх газэтаў левага кірунку, разьмяшчаліся беларускія грамадзкія арганізацыі, а гэтаксама жылі, акрамя Тарашкевіча, і некаторыя іншыя дзеячы руху, такія, як Антон Грыневіч, Язэп Драздовіч, Мікола Шыла (92).

Сёньня напамінам аб тым, што гэты дом быў асяродкам беларускага вызваленчага руху, зьяўляецца мэмарыяльная табліца ў гонар Браніслава Тарашкевіча на літоўскай і беларускай мове з барэльефам вучонага, якая была ўстаноўленая зь ініцыятывы Таварыства Беларускай Культуры ў Літве ў 1993 годзе.

Беларускія арганізацыі знаходзіліся ў панадворку ў левым крыле дому. Каб трапіць туды, трэба было прайсьці праз браму ў цэнтры фасада. Вонкавы выгляд будынка мала зьмяніўся з таго часу, як месьцілася тут рэдакцыя беларускіх радыкальных газэтаў і грамадзкія арганізацыі, але інтэр'еры пераробленыя поўнасьцю.

А цікава было б зазірнуць туды й пабачыць, як усё выглядала знутры. Жменю зьвестак пра гэта знаходзім у манаграфіі Аляксандры Бэргман пра Браніслава Тарашкевіча (Варшава, 1977). Яна піша, што Тарашкевіч жыў з 1922 году на Віленскай, 12. Гэты дом - месца гістарычнае для беларускага руху. У паліцыйных дакумэнтах уся радыкальная беларуская прэса інакш не называлася, як "прэса зь Віленскай, 12". У гэтым доме часта адбываліся паліцыйныя вобыскі. Тут таксама была сядзіба Цэнтральнага Сакратарыяту Грамады.

На першым паверсе разьмяшчаліся ў розным часе пакоі, дзе знаходзілася рэдакцыя беларускіх часопісаў, бюро Таварыства Беларускай Школы, Школьная Рада, Беларускі Студэнцкі Саюз...

Адзін ці два пакоі былі прыватным памяшканьнем некалькіх беларускіх дзеячоў-халасьцякоў. У адным зь іх жыў кампазытар Антон Грыневіч, у другім пакоі - мастак Язэп Драздовіч. Тарашкевіч займаў трохпакаёвае памяшканьне на другім паверсе ў правай частцы гэтага крыла. Заўсёды жыў у яго нехта з крэўных, пераважна з моладзі, якая вучылася ў Вільні. Так было да 1923 году. Пазьней ён жыў тут з жонкай, цешчай і сынком.

Дасьледчык Сьцяпан Говін у кніжцы "Друк Заходняй Бела- русі" (Менск, 1974 г.) пералічвае каля двух дзясяткаў назваў газэтаў. Іх назвы мяняліся пасьля чарговых канфіскацыяў і забароны іх уладамі. Яны выдаваліся яшчэ да заснаваньня Грамады й далей ужо падчас яе йснаваньня, - і ўсе іхнія рэдакцыі знаходзіліся ў згаданым доме.

Цяпер гэты дом на Віленскай мае нумар 37. Пісьменьніца Зоська Верас, якая з 1923 году пяць гадоў была нязьменным адміністратарам рэдакцыяў беларускіх радыкальных газэтаў, а з 1927 году яшчэ й рэдактарам дзіцячага часопісу "Заранка", Дом на Віленскай, 12. вельмі падрабязна апавядае пра гэты дом у сваіх "Успамінах". Дарэчы, дагэтуль яны, на жаль, так і не былі цалкам апублікаваныя ў беларускім друку.

Зоська Верас успамінае: "Сымон Рак-Міхайлоўскі, пагаварыўшы з Антонам Луцкевічам, кажа мне: "Так вось што, панічка, мы вам прапануем заняць месца адміністратара ў рэдакцыі нашых газэтаў..." Дамовіліся мы з Рак-Міхайлоўскім спаткацца на наступны дзень у беларускай кнігарні. Тады пайсьці ў друкарню Левіна, пазнаёміцца з гаспадаром і наборшчыкамі, а адтуль за сьцяной, ці лепш сказаць за дзьвярыма, зьмяшчаецца Таварыства Беларускай Школы, а далей калідор, зь якога дзьверы вядуць у пакойчык Антона Грыневіча, і ў пакой Беларускага Студэнцкага Саюзу, і вялікі, амаль цёмны пакой, дзе жылі некаторыя "зіцрэдактары"."

Дом на Віленскай, 8.

Тут, мабыць, трэба паясьніць сучаснаму чытачу, што на тагачасным журналісцкім жаргоне "зіцрэдактарамі" называлі адказных рэдактараў апазыцыйных газэтаў, асноўная роля якіх была за сканфіскаваныя ўладамі крамольный артыкулы йсьці на адсідку ў вастрог і адбыць прызначанае пакараньне. Газэта ж мяняла назву й назначаўся новы адказны рэдактар.

Зоська Верас пісала далей: "Вось мы ўжо на месцы. Глыбокая брама вядзе на вялікі брукаваны панадворак, налева - даўгі двухпавярховы будынак; на партэры - рад вокнаў. Амаль на рагу ўваход у сені, зь якіх направа - кухня, дзе была экспэдыцыя, тут фальцаваліся газэты, наклейваліся адрасы й вязаліся пачкі. Проста у самую рэдакцыю... Уражаньне страшэннае - зімна, цёмна, брудна. Адзінае вакно зарасло павуціньнем і пылам. У рэдацыйным пакоі стаяў адзін самы просты стол - вузкім бокам да вакна - з адной шуфлядай, тры крэслы й адна канцылярская шафа з трыма паліцамі. Вось і ўсё. Газэту падпісваў на той час (гэта значыць быў "зіцрэдактарам"), калі не памыляюся, Мікола Шыла. Адміністратарам быў аграном Янка Пачопка. Ніякія матар'ялы ў газэту (апрача карэспандэнцыяў зь вёсак), у рэдакцыі не рыхтаваліся. Матар'ялы зьбіраліся ў кіраўнікоў газэты й ім наборшчыкі прыносілі карэктуру. Акрамя згаданых ужо Сымона Рак-Міхайлоўскага й Антона Луцкевіча, кіраўнікамі й супрацоўнікамі былі Браніслаў Тарашкевіч, Пётр Мятла, Уладзімер Самойла."

Дом на Віленскай, 12 якраз найбольш вызначаўся ў беларускім руху, як месца рэдакцыяў даграмадоўскіх радыкальных газэтаў, у асноўным кіраваных Беларускім Пасольскім Клюбам, і грамадоўскай прэсы ажно да ліквідацыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Пасьля ліквідацыі Грамады й арышту яе актыву дом гэты паступова страціў сваё значэньне.

Калі мы ўжо знаходзімся на Віленскай вуліцы, дык зусім непадалёк, усяго цераз два дамы, амаль насупраць касьцёла Сьв.Кацярыны, быў будынак пад нумарам 8, цяпер гэта нумар 41-шы (93). Ён таксама ў дваццатых гадох меў самае непасрэднае дачыненьне да беларускага руху. У вялікай кватэры нумар 3, на другім паверсе, быў Беларускі Каапэратыўны Банк, якім кіраваў праваслаўны сьвятар Аляксандар Коўш. Гэта была вельмі калярытная постаць у беларускім руху, бо ён адзін зь нямногіх нраваслаўных сьвятароў, што шчыра ймкнуліся да беларусізацыі праваслаўнай царквы, выкладаў у беларускай гімназіі Закон Божы, а адначасова супрацоўнічаў зь Сялянска-Работніцкай Грамадой. Падчас разгрому Грамады быў арыштаваны адначасова з Браніславам Тарашкевічам у студзені 1927 году. Яго абвінавацілі ў тым, што цераз ягоны банк ішлі грошы з Масквы для Грамады на падпольную работу супраць Польшчы. На судзе абвінавачаньні не былі даказаныя й яго апраўдалі.

У левым крыле, якоевыходзіла на панадворак, у трох невялічкіх пакойчыках жыў зь сям'ёй Антон Луцкевіч. У гэтым жа крыле з 1927 да 1929 году знаходзілася рэдакцыя сельскагаспадарчага часопісу "Саха", адзін год - 1931 - тут жа рэдагаваўся дзіцячы часопіс "Заранка". У гэтым самым памяшканьні разьмяшчалася й Беларускае Каапэратыўнае Таварыства "Пчала", якое гуртавала пчаляроў і выдавала свой часопіс "Беларуская борць". Пасьля ліквідацыі цэнтру на Віленскай, 12, тут на нейкі час асталяваўся Беларускі Студэнцкі Саюз. Ён таксама меў свой друкаваны ворган пад назваю "Студэнцкая думка".

Калі ў нас сёньня вялася гаворка пра Грамаду, дык варта згадаць, што самым непасрэдным чынам зь ёю быў зьвязаны сатырычны часопіс "Маланка". Ён выдаваўся ад студзеня 1926 да сьнежня 1928 году. Сатырычны часопіс "Маланка" выходзіў адзін раз на два тыдні, нават на тытуле ягоным было пазначана "Маланка смаліць што два тыдні", ды быў цесна зьвязаны з грамадоўскім рухам. Часопіс падтрымліваў і прапагандаваў палітычную праграму Грамады, быў востра апазыцыйны, асуджаў палітыку сацыяльнага й нацыянальнага ўціску, якую праводзілі польскія ўлады ў Заходняй Беларусі. Часта канфіскаваўся ўладамі.

Адказным рэдактарам часопіса быў Іван Маразовіч - псэўдонім Янка Маланка. Апрача Янкі Маланкі ў ім друкаваліся творы Міхася Васілька, Міколы Засіма, Ініцкага (псэўдонім Уладзіслава Паўлюкоўскага), Гальяша Леўчыка, Янкі Пачопкі й іншых. Быў багата ілюстраваны малюнкамі й карыкатурамі Горыда, Маразовіча, Васілеўскага, Драздовіча.

Рэдакцыя "Маланкі" знаходзілася аднак пад іншым адрасам, чымся ўсе астатнія грамадоўскія газэты. Вядомыя два адрасы, зьвязаныя з рэдагаваньнем "Маланкі": вуліца Гетманская, 4 (94), па суседзтву з узгаданай ужо Беларускаю кнігарняю, і добра вядомая з папярэдніх вандровак - Завальная, 7.

Вяртаючыся да міжваеннага пэрыяду, неабходна адзначыць, што, нягледзячы на ліквідацыю Грамады, якая сьпярша ўзьнікла як пасольскі клюб беларускіх прадстаўнікоў у польскім парлямэньце, і, нягледзячы на незаконны арышт бальшыні беларускіх паслоў, усё ж да 1931 году беларусы яшчэ аканчальна ня страцілі свайго прадстаўніцтва ў Сойме. На падставе выбараў, якія адбыліся ў сакавіку 1928 году, было абрана пяць паслоў; у тым ліку - Дварчанін, Гаўрылік, Валынец, Грэцкі, Стагановіч - у лютым 1929 году яго замяніў Крынчык. Гэтыя паслы стварылі свой новы пасольскі клюб, які атрымаў назву "Змаганьне" і быў легальнай апазыцыйнай фракцыяй у парлямэньце. У пачатку 1929 году клюб стварыў свае мясцовыя сакратарыяты ў многіх паветах Заходняй Беларусі й аб'ядноўваў той самы палітычны актыў, што ўзьнік пры йснаваньні Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Палітычны напрамак "Змаганьня" быў такі самы, як і Грамады. Клюб падтрымліваў дзейнасьць Таварыства Беларускай Школы, выдаваў легальныя беларускія газэты, якія, як і раней, праз свой востра радыкальны характар часта мянялі назвы. Вось прыблізны іх пералік: "На варце", "Сьвет", "Сьвітаньне", "Да працы", "Праца", "Голас працы", "Наша газэта"... Адказнымі рэдактарамі былі па чарзе - Войцік, Міска, Мазоль, Марцінчык.

Сядзіба клюбу "Змаганьне" знаходзілася на Піўной, 11, цяпер гэты дом мае адрас вул. Даўкшы, 13, цераз 12, рог вуліцы Ванагяліса (K.Vanagelio), - вонкава ён зусім не зьмяніў свайго выгляду (95).

Лёс клюбу "Змаганьне", па-сутнасьці, паўтарыў лёс Грамады. Яго радыкальную апазыцыйную накіраванасьць выкарыстала падпольная Кампартыя Заходняй Беларусі, фактычна ператварыўшы яго ў сваю парлямэнцкую фракцыю, кіраваную з-за мяжы. Гэта й мусіла прывесьці да таго, што 30-га жніўня 1930 году польскія ўлады арыштавалі паслоў Сойму й кіраўнікоў "Змаганьня", ды неўзабаве зьліквідавалі ўсе 50 мясцовых сакратарыятаў. Мо гэта й была мэта камуністаў...

Паводле прыгавору суда над кіраўнікамі й актывістамі "Змаганьня", які адбыўся ў Вільні ў 1931 годзе, паслы Дварчанін, Гаўрылік, Валынец і Крынчык атрымалі прысуд да 8-мі гадоў турмы кожны. На гэтым й закончыла сваё йснаваньне беларускае парлямэнцкае прадстаўніцтва ў міжваеннай Польшчы.

Ды ўсё ж іншыя беларускія арганізацыі дзейнічалі й далей да самага пачатку вайны. Гэтак Беларускі Каапэратыўны Банк і Таварыства "Пчала" перабраліся ў дом 1 па вуліцы Гданьскай, цяпер гэта вуліца Ісьляндзкая, дзе знаходзіліся да 1932 году (96).

Затым абедзьве арганізацыі былі перанесеныя на Каралеўскую вуліцу, 3, цяпер вуліца Барбары Радзівілянкі (36). Гэты дом мы ўжо згадвалі ў папярэдніх вандроўках, бо ў мінулым стагодзьдзі ў ім жыў і памёр Уладзіслаў Сыракомля. Тут з 1932 году й амаль да самай вайны трымаліся апошнія беларускія арганізацыі. Была тут і рэдакцыя часопіса "Беларуская борць", які выдаваўся з 1934 да 1938 году як ворган Таварыства "Пчала", а рэдактарам ягоным нязьменна была тая самая Зоська Верас.

ІЗНОЎ НА ЗАВАЛЬНАЙ ВУЛІЦЫ

Мы зноў апынуліся на вуліцы Завальнай, назва якой вельмі вымоўна сьведчыць пра яе паходжаньне. Некалі гэта быў шлях звонку гарадзкога абарончага муру, як тады казалі - за гарадзкім валам. Прыблізна ён знаходзіўся ў прамежку ад Медніцкай (ці Вострай) брамы, паўз Троцкую браму й далей скіроўваўся у напрамку Замкавага комплексу. Але міналі вякі, і горад разбудоўваўся далёка за першапачатковую тэрыторыю Старога Места. Кальвінскі касьцёл. Дарога ўздоўж гарадзкога валу зрабілася добра забудаванай вуліцаю, але ж да сёньняшняга дня захавала сваю старажытную назву. Цяпер яе ня дужа дакладна пераклалі на літоўскую мову ў выглядзе Піліма, што азначае Валавая вуліца, дзе бадай згублены яе першапачатковы сэнс.

Па ёй мы ўжо неаднойчы вандравалі. Мы знайшлі тут ажио тры адрасы, дзе была друкарня ймя Франьцішка Скарыны й выдавецкі цэнтар беларускай хрысьціанскай дэмакратыі. Сёньня пройдзем ад скрыжаваньня Завальнай зь Вялікай Пагулянкай з вуліцай Троцкай у кірунку праспэкту Гедыміна.

Другі дом належыў да Зыгмунта Нагродзкага, які быў вялікім прыяцелем Франьцішка Багушэвіча (42). Паэт часта наведваў пана Зыгмунта, сябраваў зь ім, бавіў нямала часу ў шчырых гутарках з гаспадаром. Пра гэтую сувязь быў апублікаваны цікавы аповед у "Запісах" Беларускага Навуковага Таварыства за 1938 год. Складзены ён быў на падставе гутарак з Нагродзкім, які яшчэ жыў у міжваенным часе. Ідучы далей па гэтым баку вуліцы, трэба было мінуць дом эвангеліцка-рэфармаванай парафіі, разбураны падчас апошняй вайны. За ім пачынаўся вялікі пляц, дзе Зыгмунт Нагродзкі меў склад сельскагаспадарчых машынаў сваёй гандлёвай фірмы. Нагродзкі быў некалі ў кантакце з выдаўцамі газэты "Наша Доля". У многіх яе нумарох друкавалася рэкляма фірмы: "У Вільні на Завальнай вуліцы, 1 прадаюцца вельмі добрага гатунку гаспадарчыя машыны: малацілкі, манежы, сячкарні, арфы-веялкі амэрыканскай выдумкі". Вядома, "Наша Доля" атрымлівала за рэкляму адпаведную плату ад даволі багатага купца. Фірма Нагродзкага йснавала ў Вільні яшчэ і ў міжваенным часе.

Між іншым нагадаем, што адразу за складам - вядомы з папярэдніх вандровак дом пад нумарам сёмым, дзе была Беларуская кнігарня, рэдакцыя беларускіх газэтаў "Наша Ніва" і "Гоман" ды там жа жыў вядомы дзеяч Вацлаў Ластоўскі (59,60).

Тымчасам кінем позірк на другі бок вуліцы. У трэцім доме справа ад згаданага ўжо скрыжаваньня вельмі доўгі час жыў кампазытар Канстанцін Галкоўскі (97). Пасяліўся, бадай, яшчэ перад першай сусьветнай вайной і жыў недзе да шасьцідзесятых гадоў. Тады яму далі памяшканьне ў новым доме на набярэжнай Вяльлі непадалёк Зялёнага мосту, дзе ён закончыў свой зямны шлях ва ўзросьце 88 гадоў (98).

Прафэсар Галкоўскі меў самае непасрэднае дачыненьне да беларускага артыстычнага жыцьця Вільні ў дваццатых і трыццатых гадох. Гарманізаваў беларускія народныя песьні, пісаў песьні й рамансы на словы беларускіх паэтаў, чытаў лекцыі па музыказнаўству для вучняў Віленскай Беларускай Гімназіі.

Быў у цесным кантакце зь беларускімі дзеячамі. Блізка сябраваў і супрацоўнічаў з Рыгорам Шырмай, Міхасём Забэйдам-Суміцкім. Калі Забэйда прыяжджаў у Вільню з канцэртамі, дык заўсёды меў у рэпертуары песьні й рамансы Галкоўскага, які таксама быў ягоным сталым акампаніятарам. У рэпэртуары Народнага хору Шырмы было многа апрацаваных Галкоўскім народных песень і ягоныя арыгінальныя творы.

На фасадзе дому на Завальнай, дзе кампазытар Галкоўскі пражыў больш сарака гадоў, цяпер устаноўленая мэмарыяльная табліца на літоўскай і расейскіх мовах, аднак прозьвішча кампазытара пададзенае ў зьмененым літоўскім гучаньні.

Непасрэдна за домам, дзе жыў Галкоўскі, знаходзіцца касьцёл рэфармаваных эвангелікаў ці кальвіністаў, збудаваны ў нэаклясычным стылі з калёнамі й портыкам на фасадзе. Дасюль на франтоне захаваўся цікавы барэльеф, а некалі над ім былі тры скульптурныя фігуры, якіх цяпер ужо няма. Пабудаваны быў у першай палове XIX ст. паводле праекту прафэсара Віленскага Унівэрсытэту архітэктара Падчашынскага (99).

Цікава, што ў міжваенным часе адным са сьвятароў гэтага касьцёлу быў Павал Дыліс, тыповы прадстаўнік беларуска-літоўскага памежжа, які выкладаў па-беларуску Закон Божы для кальвіністаў, вучняў Віленскай Беларускай Гімназіі. А арганістам быў беларус, дарэчы праваслаўны, прафэсар Канстанцін Галкоўскі, на працягу амаль усяго міжваеннага часу, жывучы тут па-суседзтву.

Калі гаворка йдзе пра беларускую творчую інтэлігенцыю Вільні міжваеннага часу, дык нельга абмінуць мастака Пятра Сергіевіча. Амаль увесь жыцьцёвы й творчы шлях ягоны прайшоў у Вільні, у якую Сергіевіч трапіў дваццацігадовым юнаком. Яму пашэнціла паступіць на мастацкі факультэт Віленскага унівэрсытэту, дзякуючы прафэсару Фэрдынанду Рушчыцу, які дужа спагадліва паставіўся да здольнага вясковага хлопца.

У дваццатых і пачатку трыццатых гадоў Сергіевіч жыў на Партовай вуліцы. Цяпер гэта вуліца Паменкальнё (Pamenkalnio), 32 (100).3аймаў на першым паверсе памяшканьне тыпу магазіна. Тут жа знаходзілася й мастэрня. Варункі тут і для жыльля й для працы былі дужа неспрыяльныя, але ж у тыя цяжкія часы маладому мастаку даводзілася задавальняцца й гэтым. У гэтым непрытульным і халодным памяшканьні былі створаныя яго першыя карціны.

Сергіевіч у Вільні заўсёды належыў да актыву беларускай творчай інтэлігенцыі міжваеннага часу. Удзельнічаў у многіх грамадзкіх пачынаньнях, быў членам Беларускага Навуковага Таварыства, цесна супрацоўнічаў зь Беларускім Музэем у Вільні, апекаваўся ім на грамадзкіх пачатках.

Найдаўжэйшую й найбольш плённую частку свайго жыцьця - больш за сорак гадоў - Пётра Сергіевіч пражыў у доме на Антакольскай вуліцы, 30. Тут зьявілася на сьвет большая частка яго мастацкай спадчыны. Тут наведвалі яго сябры - выдатныя мастакі Літвы й Беларусі, дзеячы культуры абодвух народаў. Адсюль яго працы неаднойчы вандравалі на пэрсанальныя мастацкія выставы ў Літве й Беларусі.

Памёр Сергіевіч у лістападзе 1984 г. Пахаваны на ваенных могілках на Антокалі.

ПА СЬЦЯЖЫНАХ СТАРЫХ МОГІЛКАЎ

Калі ў турыста, які прыехаў у Вільню, будзе крыху часу, каб прайсьці цераз цэнтар Старога Места, дык варта наведаць старыя могілкі, што знаходзяцца ў гарадзкіх межах. А ўжо кожнаму карэннаму віленчуку-беларусу наогул пажадана ведаць, дзе на гэтых могілках пахаваныя вартыя нашай пашаны заслужаныя дзеячы Беларусь

Царква Сьв. Эўфрасіньні Полацкай на праваслаўных могілсках.

Ня ўсе старыя могілкі Вільні захаваліся да нашых дзён. Гэтак падчас другой сусьветнай вайны былі разбураныя жыдоўскія могілкі, аканчальна зьнішчаныя ўжо пасьля вайны. Зьліквідаваныя былі таксама татарскія могілкі ў цэнтры гораду, эвангеліцкія могілкі паміж Малой Пагулянкай (сёньня вуліца Каліноўскага) і Туравай гарой, якія выкарыстоўваліся вернікамі лютэранскай і кальвініскай канфэсіяў.Тыя ж могілкі, якія захаваліся, цяпер лічацца мэмарыяльнымі, іх ахоўваюць, там амаль ня робяць новых пахаваньняў. Менавіта там можна знайсьці безьліч магілаў заслужаных віленчукоў, а сярод іх шмат і нашых суродзічаў.

З гэтых могілкаў, якія ўпісаліся ў межы старой часткі гораду, найболып вартыя нашай увагі могілкі на Антокалі, затым праваслаўныя могілкі з царквой Сьв. Эўфрасіньні (102) ды шырака вядомыя могілкі Росы. Ад іх і пачнем вандроўку па старых кладзішчах Вільні.

Каталіцкія могілкі Росы (103), заснаваныя ў другой палове XVIII ст. Яны цікавыя ня толькі таму, што йснуюць ужо больш за дзьве з паловай сотні гадоў, але й таму, што тут ёсьць магілы выдатных людзей Вільні, дзеячоў культуры розных нацыянальнасьцяў, - вельмі характэрная рыса нашага гораду. Тут пахаваныя й многія выдатныя дзеячы беларускага руху.

У час заснаваньня могілкі разьмяшчаліся ў прыгарадзе з тою самаю назваю Росы за гарадзкою сьцяною, асобныя фрагмэнты якой захаваліся й да сёньня. Найлепшым арыенцірам, каб трапіць на могілкі, зьяўляецца Вострая Брама. Калі падыходзіць да брамы звонку гораду, дык перад ёю трэба павярнуць направа, прайсьці ўсю колішнюю Піўную вуліцу, цяпер М. Даўкшос, затым ізноў павярнуць направа й, перайшоўшы мост над чыгункаю, дасягнуць парослых дрэвамі могілкавых абшараў, перад уваходам у якія месьціцца вежачка капліцы. Пры заснаваньні могілкі не былі агароджаныя. У самым пачатку XIX ст. тэрыторыя могілкаў пашырылася. Як сьведчыць гісторык Адам Кіркор, драўляны паркан вакол могілкаў быў збудаваны ў 1801 годзе, але ў 1812 годзе падчас вайны яго спалілі французы. У 1820 годзе вакол могілкаў быў збудаваны мур, які мы бачым і цяпер.

Пасьля першай сусьветнай вайны Росы яшчэ больш пашырыліся, да іх далучылася частка, якую завуць Новыя Росы, аддзеленая ад Старых вузкаю вулачкаю. У 1936 годзе перад могілкамі была агароджаная асобная тэрыторыя, на якую перанесьлі магілы польскіх легіянэраў, загінуўшых падчас першай сусьветнай вайны, а ў самым цэнтры пахаваная маці й сэрца маршала Пілсудзкага. Сам Пілсудзкі - "тутэйшы", ён родам з фальварка Зулава, што ў паўсотні кілямэтраў ад Вільні.

Паміж пахаванымі на Росах варта ўспомніць бацьку паэта Юліюша Славацкага, архітэктара й прафэсара Віленскага ўнівэрсытэту Лаўрэнція Гуцэвіча, мастака Франьцішка Смуглевіча, паэта Ўладзіслава Сыракомлю, графа Яўстафія Тышкевіча, беларускага археоляга родам з Лагойшчыны, які быў закладчыкам Віленскага музэя старажытнасьцяў і старшынёю Віленскага археалягічнага таварыства. Нас жа будуць цікавіць у першую чаргу магілы дзеячоў беларускага адраджэньня, пісьменьнікаў і асьветнікаў, якія былі пахаваныя ўжо ў XX ст.

Калі зайсьці на могілкі праз галоўную браму, павярнуць направа й мінуць збудаваную ў гатыцкім стылі капліцу з чырвонай цэглы, дык адразу за ёю пабачым помнік з шэрага граніту на магіле пісьменьніка-нашаніўца Ядзьвігіна Ш., сапраўднае прозьвішча Антон Лявіцкі (1868 -1922). Помнік быў пастаўлены у 1937 годзе коштам беларускай грамадзкасьці Вільні. З гэтага месца сьцежкі разыходзяцца ў розныя бакі, а мы збочым налева ды падымемся на невялічкае ўзвышша, якое прынята называць Літарацкай горкай.

На гэтай горцы найболып магілаў, якія прыцягваюць увагу беларусаў. Ідучы ўверх па сьцежцы, убачым зьлева магілу Яўстафія Тышкевіча, а троху далей пахаваны Уладзімір Сыракомля. Направа ад сьцежкі - магіла Уладзіслава Талочкі, беларускага публіцыста й каталіцкага сьвятара. Далей - краязнавец і аўтар зьмястоўнай працы пра ашмянскі павет Чэслаў Янкоўскі, за ім Людзьвік Абрамовіч, публіцыст і рэдактар польскага тыднёвіка "Пшэглёнд Віленьскі", дзе друкаваліся многія беларускія аўтары. Падымаемся вышэй і, мінаючы магілу літоўскага мастака й кампазытара Чурлёніса, падыходзім да магілы Казімера Сваяка, сапраўднае прозьвішча Кастусь Стэповіч, беларускага паэта й каталіцкага сьвятара, які памёр у 1926 годзе. Азірнуўшыся назад, добра відочны каменны крыж на магіле Лявона Вітан-Дубейкаўскага, архітэктара й грамадзкага дзеяча нашаніўскай пары, ягоныя пабудовы можна знайсьці ня толькі ў Вільні, але й па ўсёй Беларусі.

На працягу апошніх гадоў на Літарацкай горцы зьявіліся дзьве новыя магілы. Сюды са зьліквідаваных эвангеліцкіх могілкаў быў перапахаваны драматург Франьцішак Аляхновіч, а зусім непадалёк узьнікла й магіла братоў Івана й Антона Луцкевічаў. Перапахаваньні зробленыя па йніцыятыве й высілкамі Таварыства Беларускай Культуры ў Літве. Урачыстае асьвячэньне захаваньня адбылося 27-га сакавіка 1993 году. У процілеглым куточку могілкаў ёсьць сьціплае надмагільле Ўладзіслава Паўлюкоўскага, паэта й мастака, які жыў у Вільні, супрацоўнічаў у заходнебеларускім пэрыядычным друку.

На Новых Росах магіла Станіслава Станкевіча - кнігара, паэта й асьветніка. У кароткай вандроўцы ўсіх вартых увагі магілаў нам сёньня не абыйсьці...

Па даўняй традыцыі віленчукі апякуюцца гэтымі могілкамі, даглядаюць іх. Гэты звычай заўжды падтрымлівала нябожцыца Зоська Верас, яна прыносіла на гэтыя магілы кветкі са свайго сьціплага гародчыку...

Адносна недалёка ад могілкаў Росы, у колішнім прыгарадзе з назваю Ліпаўка знаходзяцца Сьвята-Эўфрасіньеўскія праваслаўныя могілкі. Ha іх ёсьць невялічкая царква Сьв. Эўфрасіньні Полацкай. Паводле дадзеных дасьледчыка гісторыі Вільні таго самага Адама Кіркора могілкі закладзеныя ў 1815 годзе. Царква ж збудаваная ў 1838 годзе намаганьнямі заможнага віленскага купца Ціхана Фролавіча Зайцава, які тут пахаваны й над магілай якога ёсьць асобная мураваная каплічка. У 1865 годзе царква была капітальна адрэстаўраваная й значна ўпрыгожаная.

Нашыя суродзічы-віленчукі заўжды наведвалі гэтыя могілкі, каб ушанаваць памяць сваіх блізкіх і шматлікіх прадстаўнікоў тутэйшай беларускай інтэлігенцыі. Сярод іх шмат тых, хто непасрэдна зьвязаны зь Віленскай Беларускай Гімназіяй. Тут пахаваны першы дырэктар гімназіі Міхал Кахановіч, затым дырэктары Аляксандар Міхалевіч, Сяргей Паўловіч, Мікола Анцукевіч. З настаўнікаў гімназіі знайшлі тут вечны спачын Алёна Сакалова-Лекант, якая выкладала родную мову на працягу ўсяго йснаваньня гімназіі, Сымон Кароль з жонкаю Зінаідай, Язэп Шнаркевіч з жонкаю Надзеяй, Мікола Ільяшэвіч, працаўніца гімназіі Вольга Мароз, некаторыя гімназісты ды шмат іншых, - усіх тут цяжка пералічыць. З праваслаўных сьвятароў-беларусаў неабходна адзначыць сямейныя магілы Кульчыцкага, Роўды, Рулінскага, Дзічкоўскага, радню сьвятара Аляксандра Каўша, месца захаваньня якога невядомая, бо быў расстраляны нямецкімі акупантамі. Нельга абмінуць увагаю й магілы прафэсара Антона Антановіча, дасьледчыка татарскіх Аль-Кітабаў, пісаных па-беларуску арабскім пісьмом; таксама музыказнаўцы й кампазытара Паўла Карузы, пахаванага побач з жонкаю. Вядома, гэта яшчэ ня поўны пералік: каб пералічыць усе беларускія магілы на Ліпаўцы, трэба бадай скласьці асобны даведнік...

У апошні час намаганьнямі Таварыства Беларускай Культуры ў Літве пры падтрымцы грамадзкасьці на Эўфрасіньеўскіх могілках пастаўленыя трывалыя надмагільлі: у 1994 г. скульптурны помнік на магіле Паўла Карузы, а прыблізна цераз год, увосень 1995 году, надмагільле над магіламі сям'і сьвятара Каўша, завершанае каменным Эўфрасіньеўскім крыжам з чорнага граніту.

Мо варта нагадаць, што на мэмарыяльных могілках на Антокалі пахаваны знаны беларускі кампазытар Канстанцін Галкоўскі й мастак Пётра Сергіевіч, а на ўскраіне гораду Верхнія Панары ёсьць таксама старыя могілкі, дзе пахаваная пісьменьніца Зоська Верас.Старыя віленскія могілкі патрабуюць болып да- кладнага даследваньня ў пошуках магілаў тутэйшых беларусаў. Тут уся надзея на нашую моладзь. Гэтыя могілкі, густа парослыя дрэвамі й кустоўем, вабяць сваім сумным хараством і ўтульнасьцю. Дык ня дзіва, што нашыя паэты мелі жаданьне сугучнае з жаданьнем аўтара гэтых радкоў [1] - спачыць вечным сном у любай іхняму сэрцу Вільні. Як жа хораша выказаў гэта Ул. Жылка ў сваім "Тэстамэньце":

На могілках зацішных Росы

Хачу спачыць ад каламут.

Сачыцьмуць мой спакой найпільней

Муры маёй старой каханай Вільні.



[1] Згодна з жаданьнем Лявон Луцкевіч намаганьнямі сяброў Таварыства Беларускай Культуры пахаваны на могілках Росы, побач з магілай Івана й Антона Луцкевічаў (рэд.).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX