Папярэдняя старонка: Кнігі

Вільня. Кароткі гістарычны нарыс 


Аўтар: В. Я.,
Дадана: 17-11-2019,
Крыніца: Спадчына. 1998. №2. С. 156-188.; 1998. №3. С. 196-238.



Друкуецца паводле: В. Я. Вільня. Кароткі гістарычны нарыс. Б.м., (ЗША?), 1984.


О, Вільня, родная, каханая,

Цябе залье Крывіцкі Рух!

Ул.Жылка.


I. Далёкае мінулае Вільні

II. Вільня сталіцай

III. Насельніцтва Старой Вільні

IV. Расьцьвет

V. Шэрыя дні Вільні

VI. Вільня ў апошнія гады існаваньня Вялікага Княства Літоўскага

VII. Вільня - губэрніяльным горадам Расейскай Імпэрыі

VIII. Сацыяльнае i нацыянальнае адраджэньне, пачаткі зацікаўленьня мясцовай мовай i беларускім рухам

IX. Кастусь Каліноўскі

X. Вільня ў канцы XIX i пачатку XX ст.

XI. Вільня ў міжваенным часе

XII. З станцыі ў цэнтар горада

XIII. У цэнтры горада над Вільлёй

XIV. На ўсход ад вуліцы Горкага

XV. Раён Россы

XVI. На захад ад вуліцы Горкага

XVII. Беларускія вогнішчы Вільні

Віленская вуліца

Вастрабрамская вуліца

Завальная вуліца

Друкарні беларускіх друкаў

Заканчэньне

Газэты i часапісы, выдаваныя ў Вільні на беларускай мове

Літаратура

I. Далёкае мінулае Вільні

Недалёка ад месца, дзе Віленка ўліваецца ў Вільлю, калісьці была пераправа. Рэчку перасякаў тут шлях, які ішоў з Прыбалтыкі ў старадаўні беларускі горад Полацак, сталіцу ў той час Полацкага Княства на Беларусі. Каля гэтай пераправы з часам вырас пасёлак, a там, дзе сягоньня вуліца Бакшты, паўстала абароннае гарадзішча, якое з гадамі ператварылася ў умацаваньне. Вакол яго пасялілася рознае насельніцтва. Гэтую мясьціну, ад назову рэчкі Вільны, або Вільні (гэтак калісьці называлася Віленка), называна В i л ь н я й. Гэтак праз соткі гадоў называла i называе цяпер свой горад навакольнае мясцовае насельніцтва.

Цёмная ноч крые пачаткі Вільні, але рускія летапісы ўспамінаюць пра князёў Вільні ўжо ў XI i XII стагодзьдзі. Згодна зь імі, каля 1070 г. у Вільні княжыў Расьціслаў, сын беларускага полацкага князя Рагвалода. Пазьней успамінаюцца Давід I i Давід II, якога сын Гердэн, або Ердэн, княжыў у Полацку (1264 г.). З гэтага выходзіць, што Вільня ў сваім пачатку была зьвязана зь беларускім Полацкам.

Адзін зь летапісаў расказвае, што пасьля сьмерці Давіда II князем Вільні стаў Сьвінтарог, які ў даліне між Вільлёй i Вільнай устанавіў месца культу Пяркуна i распаліў у яго гонар там вечны агонь. З таго часу там былі паленыя целы паганскіх князёў Вільні [1].

Што да часу княжаньня паасобных князёў у Вільні, летапісы не зусім з сабой згодныя, але ўсе яны паказуюць на лучнасьць Вільні ў сваім гістарычным пачатку з беларускім Полацкам.

Канец XII i пачатак XIII ст. - гэта час вялікіх пераменаў у мяжуючых з сабой беларускіх i летувіскіх землях. На Беларусі Полацкае Княства распалася на некалькі дробных княстваў, як Менскае, Віцебскае, Слуцкае i інш. Існавалі яшчэ княствы Горадзенскае, Наваградзкае, Пінскае, Тураўскае i Смаленскае. Ha летувіскіх землях пачаўся тады працэс дзяржаўнай арганізацыі. У такім парадку на землях Беларусі i Летувы стварылася ўлада вялікага князя, які пачаў падпарадкоўваць сабе паасобных князёў. За першага такога князя трэба лічыць Міндоўга. Папа Рымскі прызнаў яму каралеўскую карону як сымбаль найвышэйшай улады i незалежнасьці. Карона была пакладзена на яго галаву ў 1252 г. у Наваградку. Гэтак стварылася дзяржава, якая звалася ЛІТВОЙ, або ВЯЛІКІМ КНЯСТВАМ ЛІТОЎСКІМ. Многа розных бедаў перажыла яшчэ пасьля Міндоўга гэтая дзяржава, але ўсё ж такі створаная вялікакняская ўлада ўтрымлівала еднасьць i цэласьць яе земляў.

II. Вільня сталіцай

Каля 1323 г. вялікі князь Гедымін (1315-1341) выбраў Вільню на сталіцу Вялікага Княства. За яго часу разбудавана абаронныя замкі. Ведамыя зь ix тры. Гэта: Крывы, які праўдападобна знаходзіўся на правым беразе Віленкі, Ніжні i вышэй на гары Верхні. Да нашых дзён захаваліся толькі разваліны з адной вежай Верхняга Замку. Пасьля Крывога i Ніжняга замкаў не асталося нават сьледу. Ужо ў тым часе была праўдападобна ў Вільні царква пад назовам сьв. Мікалая. Праўдападобна таксама за Гедыміна пастаўлена i першыя дзеравяныя касьцёлы айцоў Дамініканаў i сьв. Францішка.

За княжаньня Альгерда (1345-1377) Вільня разраслася ў вялікі горад. Сьведчыць аб гэтым хоць бы колькасьць цэркваў. У тым часе былі ўжо пабудаваныя: царква Прачыстай Божай Маці, мураваная царкоўка сьв. Праксэды (Пятніцкая), царква на Верхнім Замку, Траецкая i ўспомненая ўжо сьв. Мікалая.

Яшчэ раней, у другой палавіне XIII ст., прыціснутыя крыжацкімі ордэнамі балцкія плямёны, праўдападобна, дзесь з-над Дубісы пры ўваходзе яе ў Нёман, перанясьлі ў Вільню асяродак свайго паганскага культу. Над Вільлёй, пад гарой, якую пазьней названа Замкавай, была праўдападобна пастаўленая сьвятыня Пяркуна i вежа. На месцы той сьвятыні была пазьней пабудаваная каталіцкая катэдра, a вежа дабудаваная i зроблена зь яе званіцу.

За Гедыміна i Альгерда Вялікае Княства разраслося ў вялікую дзяржаву. У яе межах былі ўжо амаль усе землі сяньняшняй Беларусі, Летувы i вялікая частка Украіны. З паўночы i захаду ўсіліліся, аднак, напады крыжакоў, што блага адбілася на Вільні. Яшчэ за жыцьця Альгерда тры разы крыжакі падыходзілі пад самую Вільню. Першы раз у 1365 г. пад камандай самога вялікага магістра Вінрыха фон Кніпродэ. Замкаў не ўзялі, але навакольныя пасёлкі зьнішчылі. Дзесяць гадоў пазьней пад камандай Готфрыда фон Ліндэна, падтрыманага рыцарствам Нямеччыны i Францыі, крыжакі зьявіліся ізноў пад Вільняй. У 1377 г. паўтарылі тое самае.

Яшчэ больш узмоцніліся напады крыжакаў пасьля сьмерці Альгерда, калі паўстаў раздор між сынам Альгерда Ягайлам i яго дзядзькам Кейстутам i Вітаўтам. Скарысталі з гэтага крыжакі. У 1383 г. узялі яны Коўна, Трокі, дайшлі да Вільні i спалілі ізноў прыгарадныя пасёлкі.

У 1390 г. паўтарылася тое самае. Пад камандай маршалка Энгельгарта Рабэ 4 верасьня крыжакі падышлі пад Вільню i зьнішчылі касьцёл сьв. Марыі на Пясках. Праўдападобна за справай Вітаўта, які ў той час быў зь імі ў саюзе, не чапалі цэркваў. На шосты дзень крыжакі ўзялі Крывы Замак. Пры гэтым згінуў брат Ягайлы Карыгайла i каля 2 тысяч чалавек. Ніжні Замак, дзе камандаваў другі брат Ягайлы Скіргайла, адкінуў атакі крыжакоў. Пры гэтым згінуў брат Вітаўта Таўцьвіл.

У 1392 г. Вітаўт i Ягайла пагадзіліся. Вялікакняскі пасад у Вільні заняў Вітаўт. Ягайла, пакліканы палякамі на караля Польшчы, выехаў у Кракаў. Гэтая згода занепакоіла крыжакоў. Яны прадчувалі ў гэтым благі канец для сябе i ад восені 1392 г. да лета 1394 г. аж шэсьць разоў нападалі на Вялікае Княства. У 1394 г., пасьля сутычкі з войскам Вітаўта пры Рудоміне, крыжакі акружылі віленскія замкі. Горад моцна разбурылі, але замкаў не ўзялі. Гэта быў іхны апошні напад на Вільню.

Крыніцай матар'яльных i людзкіх запасаў Вільні была Ашмяншчына i далейшыя беларускія землі. Разумелі гэта крыжакі i стараліся адгарадзіць Вільню ад тых земляў. Дзеля гэтага яны нападалі на Ашмяны й Меднікі, да каторых падыходзілі ціхачом, празь лясы, г. зв. запушчанскім трактам. Захаваліся апісаньні двух такіх нападаў на Меднікі. У 1394 г. (некаторыя крыніцы падаюць 1395 г.) крыжацкі паход мінуў Коўна, Вільню, перайшоў Мерачанку i цераз Алькенікі й Салечнікі пайшоў на Ашмяну. Ашмяна бачна баранілася, i адтуль крыжакі пайшлі на Меднікі. Тут пад замкавым мурам вялікі магістар ордэну Конрад Зольнэр арганізаваў для рыцарства банкеты i гульні. Адгэтуль пачаўся ix адступ. Ці замак быў імі ўзяты, няма ведама.

Пад годам 1402 спамінаецца, што ў часе бітвы з крыжакамі згарэў замак з усімі яго абаронцамі.

Апрача войнаў, нішчылі Вільню пажары. Многа бяды прынёс пажар у жніўні 1399 г. Пад годам 1419 спамінаецца, што пажар зьнішчыў цэлы горад.

Пры ўпарадкаваньні i адбудове гораду многа зрабіў вялікі князь Вітаўт.

III. Насельніцтва Старой Вільні

Вінаградаў у сваім «Путеводнтеле...» з 1908 г. піша, што насельніцтва Вільні ўжо ў самых пачатках існаваньня горада было рознапляменнае, аб чым сьведчаць хоць бы старадаўнія назовы частак горада. Гэтыя назовы таксама паказваюць, якія часткі горада былі заселеныя тым ці іншым жыхарствам. Згодна Вінаградаву, прастора гораду на ўсход ад Імбар (гэтак калісьці называлася вул. Вялікая) да рэчкі Вільні i далей, як Зарэчча, Папоўшчына, Вострае Кола i на поўдзень Росы, была занятая рускім (беларускім) насельніцтвам. Таксама больш менш разважае польскі дасьледнік Вільні Мечыслаў Ліманоўскі [2].

Узяўшы пад увагу, што суседнімі землямі рускімі для Вільні былі тут землі крывіцка-дрыгавіцкія, ці, інакш, па цяперашняму - беларускія, значыць, рускае насельніцтва Вільні мусіла выводзіцца з гэтых земляў як найбліжэйшых i ў сёньняшняй тэрміналёгіі было гэтае насельніцтва беларускае.

На захад ад Вялікай вуліцы i рускай часткі гораду, піша далей Вінаградаў, пасяліліся прышэльцы. Тут былі выхадцы з Жамойці, ад чаго i быў назоў вуліцы - Жамойцкая, прусы й немцы, ад чаго быў назоў вуліцы Нямецкай, пазьней жыды - вуліца Жыдоўская i г. д. Летувісы жылі каля Замкавай Гары. У канцы XIV i пачатку XV ст. Вітаўт рабіў паходы на поўдзень, адкуль прыводзіў татараў. Асяляў ix на Лукішках, i тая частка горада называецца Тартарыяй. Была таксама вуліца Татарская.

22 сакавіка 1387 г. вялікі князь Ягайла пазволіў жыхарам Вільні арганізаваць свой самаўрад. Да гэтага часу гараджане мусілі слухаць цівуна (старасты , якога назначаў вялікі князь).

Год раней, у 1386 r.f Ягайла i Вітаўт з сваімі дварамі, a таксама частка баяраў, прынялі каталіцтва. Гэта было адным з пунктаў дагавору між Польшчай i Вялікім Княствам пры пакліканьні Ягайлы на караля Польшчы. У Вільні паўстала тады ў 1383 г. каталіцкае біскупства i пачалі ставіць першыя каталіцкія касьцёлы. Духавенства новай веры было з Польшчы. Дзеля гэтага новую веру пачалі тады называць тут польскай, або ляцкай, a каталікоў таксама палякамі, або ляхамі.

Ад 1415 г. пачаў тут заўсёдна жыць праваслаўны мітрапаліт (Грыгоры Цамблак). У XVI ст., за часу в. кн. Жыгімонта II, у Вільні лік цэркваў даходзіў да 20.

IV. Расьцьвет

За Вітаўта жыцьцё ў Вільні многа ажывілася. Вільня сталася рэзыдэнцыяй ваяводы й кашталяна. Да Вільні зьяжджаліся паслы з Польшчы, Ноўгараду, Пскова i ад розных манархаў. У Вільню ехалі татары, i тут Вітаўт назначаў ім ханаў (Бэтабулу i Гэрэмфэрдэна). Вільня ў той час была ўжо слаўнай. Калі Вітаўт пастанавіў каранавацца на караля, у Вільню наехала многа манархаў. Прыехаў з Польшчы кароль Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль II, магістры крыжацкіх ордэнаў, татарскія ханы, валоскі гаспадар, многа ўдзельных князёў, легат Папы Рымскага i да т. п. Каранацыя ў вызначаным часе не адбылася. Перасланая імпэратарам Жыгімонтам карона была ў Польшчы затрыманая, a ў міжчасе Вітаўт памёр.

Пасьля кароткага й бурнага княжаньня Сьвідрыгайлы й Жыгімонта за Казімера прыйшоў для Вільні зноў лепшы час. Два разы ў год (на Тры Каралі i Ўнебаўзяцьце) былі ўстаноўленыя кірмашы. Вільнянам дазволена было гандляваць сваімі таварамі па ўсім краі бяз платы падатку. Павялічана таксама плошчу горада, далучыўшы прастору, названую Пагулянкай. Раздавана як нагароды пляцы пад будовы.

У Вільні пазьней часта перабываў сын Казімера Казімер, які па сьмерці Каталіцкім Касьцёлам быў прызнаны сьвятым i апекуном гораду й Вялікага Княства.

Таксама бурна разьвівалася Вільня за княжаньня тут Казімеравага сына Аляксандра. Напады на ўсходняй мяжы з Маскоўскай дзяржавай i на паўдні з татарамі зрадзілі ў вільнян думку абгарадзіць места мурамі.

«Білі нам чалом, - гаворыць тагачасная грамата ўжо караля Аляксандра ў тагачаснай беларускай мове, - войт, бурмістры i райцы i ўсі мешчане... штобы таму месту нашаму какое шкоды ад паганства не было... a быхмі казалі ім вакола места будаваціся мурам».

Працу над будовай гарадзкіх муроў пачата ў 1498 г., a скончана ў 1506 г. (так падае Кіркор; Ромэр ізноў піша, што пачата ў 1503 г.г a скончана ў 1522). Уваход i выхад з гораду сьцерагло пяць брамаў. Былі гэта: Медніцкая, Рудніцкая, Троцкая, Вілейская i Чырвоная. Пазьней было аж дзевяць брамаў.

Найбольшы расьцьвет гораду наступіў за апошніх Ягайлавічаў, гэта Жыгімонта II i яго сына Жыгімонта Аўгуста. Каля 1524 году пачала тут працаваць першая друкарня ўва ўсходняй Эўропе. Была гэта беларуская друкарня слаўнага перакладніка i выдаўцы Бібліі на тагачаснай беларускай мове Францішка Скарыны. У гадох 1524-25 выйшлі ў Вільні першыя друкі - «Апостал» i «Малая падарожная кніжка». Ад 1522 г. пры каталіцкім катэдральным касьцёле была адкрыта школа для дзяцей горада, a ад 1530 г. - пры каталіцкім касьцёле сьв. Яна. У тым часе паўстала тут першая фабрыка паперы. Працаваў таксама манэтны двор.

У тыя гады Вільня мела i свае няшчасьці. Места было ў вялікай большасьці забудаванае дзеравянымі будовамі, якія лёгка станавіліся ахвярай агню. Пажары нішчылі горад у гадох 1513, 1530 i 1557. У гадох 1506 i 1553 насельніцтва гораду касіла маравая зараза. Але Вільня пасьля кожнага такога няшчасьця адбудоўвалася нанова, штораз больш будавалі мураваныя будынкі i прыгажэйшыя палацы й сьвятыні, a насельніцтва гораду расло.

У 1533 г. у віленскім магістраце (управе) службовыя абавязкі выконвалі бурмістры й райцы (дараднікі), a такіх імёнах i прозьвішчах: Грыгоры Мэка, Гаўрыла Аліхваровіч, Мікула Сэсковіч, Адашка Семяновіч, Юры Нестука, Васіль Хвяткевіч.

На полі мэтрыкальнай кнігі віленскіх купцоў, падаючы сьпіс віленскіх бурмістраў i райцаў, дапісаная ўвага з XVII ст.: «Русь уся бязь ляхаў» (русінамі ў тым часе называна тут беларусаў). З гэтага ўсяго відаць, што горадам правілі ў тым часе беларусы i то праваслаўнага веравызнаньня. Дзеля гэтага хіба Жыгімонт II у 1536 годзе выдаў загад, каб было «палова той рады i бурмістраў рэлігіі рымскай, a палова рэлігіі грэцкай».

Сын Жыгімонта II Жыгімонт Аўгуст асяліўся ў Вільні за жыцьця бацькі. Тут ён астаўся ўдаўцом пасьля Эльжбеты з Габсбургаў, тут ён ажаніўся з удавой пасьля Гаштольда Барбарай з Радзівілаў, што пазьней, як быў пакліканы на караля ў Польшчу, выклікала там цэлую буру i прынясло многа клопату, бо тамтэйшыя паны не хацелі прызнаць важным ягонае жанімства.

Ужо самае тое, што Жыгімонт Аўгуст як вялікі князь жыў у Вільні, спрыяла таму, што горад рос i цьвіў. Шмат будавалася. Былі выкліканыя адумыслоўцы й майстры зь Італіі, Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы i іншых краёў, ставілі тут прыгожыя дамы i палацы, перабудоўвалі, будуючы мураваныя віленскія замкі. Беручы прыклад зь вялікага князя, будавалі тут свае палацы мясцовыя магнаты Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Кішкі, князі Слуцкія, Астроскія i інш. Вільня сталася адным зь перадавых сталічных гарадоў Эўропы з насельніцтвам праўдападобна каля 100.000 чалавек.

Жыгімонт Аўгуст залажыў у Вільні першую мастацкую галерэю i сабраў кнігазбор, больш за тысячу апраўленых у скуру кніг, якія пазьней сталіся асновай віленскай унівэрсытэцкай бібліятэкі. На загад Жыгімонта Аўгуста была таксама напісаная гісторыя Вялікага Княства. На вялікі жаль, да нашага часу яна не захавалася.

У 1547 г. Сойм Вялікага Княства выдаў пастанову, дзе прасіў, «абы Яго Каралеўская Міласьць рачыў водле старадаўнага абычаю двор літоўскі на сваім дварэ хаваці... a то для таго, іжбы браця i сынове нашы, на дварэ Яго Міласьці служачы, цьвічыліся рыцарскіх учынкаў, тым ся ласкі Яго Міласьці даслугоўвалі...».

У 1548 годзе памёр Жыгімонт II, бацька Жыгімонта Аўгуста i кароль Польшчы. Жыгімонт Аўгуст быў ужо выбраны каралём Польшчы, i трэба было пераяжджаць яму ў Кракаў. Быў ён цяпер вялікім князем тут i разам каралём у Польшчы. У Кракаве неўзабаве памерла яго жонка Барбара. Аж адтуль вёз ён яе ў Вільню, каб тут пахаваць сярод сваіх. Хаця Жыгімонту Аўгусту трэба было даўжэйшы час быць у Польшчы, але ён i далей дбаў аб сваю Вільню, аб адпаведную арганізацыю гораду, яго гандаль i рамяство. Тут ён у 1561 годзе прымаў прысягу ад магістра інфлянцкага ордэну Готгарда Кэттлера на вернасьць Вялікаму Княству. Тут рабіў вясельле для сястры Кацярыны, якую выдаў замуж за фінскага князя Яна. Тут Жыгімонт Аўгуст уладжваў справы ня толькі Вялікага Княства, але й Польшчы. Пішучы аб тым часе, Крашэўскі ў сваёй вялікай працы «Wilno» піша, што ў той час Вільня не была ўжо другой сталіцай (ён бярэ пад увагу Польшчу й Вялікае Княства), але першай i адзінай.

Пры Жыгімонтах, як каралях Польшчы, перабываў таксама польскі каралеўскі двор i польскія палітыкі. Гэта ўсё, a таксама вялікая колькасьць прыехаўшага з Польшчы каталіцкага сьвятарства, рамесьнікаў i купцоў, спрычынілася да таго, што ў Вільні ўсё часьцей можна было пачуць польскую мову. Узмоцніла гэта яшчэ больш рэлігійная рэфармацыя. Каля 1533 году ў Вільні пачала ўжо працаваць i лацінска-польская друкарня. Рэфарматарскі рух прыйшоў сюды з захаду i стаўся модным сярод мяшчанства i магнатаў. Мяшчане захапляліся пераважна лютэранізмам, сярод магнатаў шырыўся кальвінізм. Апекунамі кальвінізму былі тут Радзівілы.

Ад 1556 г. пры касьцёле сьв. Яна пачала працаваць першая вышэйшая школа, якая навучала права.

У 1569 г. адбылася вунія (злучэньне) Вялікага Княства i Польшчы ў адну дзяржаву пад назовам Рэчыпаспалiтaй.

У 1572 г. памёр Жыгімонт Аўгуст, апошні вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага i разам кароль Польшчы з роду Гедыміна.

V. Шэрыя дні Вільні

З сьмерцяй апошняга вялікага князя Жыгімонта Аўгуста скончыўся фактычна й бурны расьцьвет места Вільні. Пачаліся шэрыя, няраз нават чорныя дні. Вялікае Княства Літоўскае й Польшча ад часу Люблінскай вуніі тварылі цяпер адну дзяржаву - Рэчпаспалітую. Хаця Вільня i далей аставалася сталіцай Вялікага Княства, але ў Рэчыпаспалітай пяршынства трымаў ужо Кракаў, a пазьней Варшава. Там перабываў каралеўскі двор, там гуртавалася жыцьцё Рэчыпаспалітай. У Вільні не было ўжо такога руху, як за вялікіх князёў Жыгімонтаў, пачынаўся застой у гандлі, лік насельніцтва не павялічваўся. Раней была тут, як на той час, даволі вялікая рэлігійная свабода. Вялікая частка жыхарства належала да хрысьціянскай усходняй царквы, частка да рымска-каталіцкай заходняй царквы. Жыды вызнавалі сваю рэлігію, a татары сваю. Кожны мог верыць так, як дыктавала яму яго сумленьне, не баючыся, што за свае перакананьні адрубяць яму галаву або спаляць на агні, як гэта рабілася тады ў другіх краінах. Вызнаўцы паасобных рэлігіяў свабодна выконвалі рэлігійныя практыкі, стаўлялі тут свае сьвятыні. У палове XVI ст. прыйшла рэлігійная рэфармацыя i выклікала тут многа шуму. Для барацьбы з рэфармацыяй каталіцкі віленскі біскуп Пратасевіч паклікаў з Польшчы ў Вільню ордэн Езуітаў. Малады i энэргічны ордэн адразу павёў тут вострую атаку на іншаверцаў. Старэйшае грамадзянства езуіты пераконвалі на публічных дыспутах, для маладзейшага пакаленьня ў 1570 г. адкрылі ў Вільні сваю школу пад назовам калегіі, якую ў 1578 годзе кароль Сьцяпан Баторы перамяніў у акадэмію.

Перад вялікаднем 1581 году ў Вільні спалена два вазы кнігаў. Гэта быў толькі пачатак. Так перамяняліся ў попел i дым старабеларускія кнігі, бо былі ж яны не каталіцкія, a іншаверчыя. Зa караля Сьцяпана Баторага ад 1581 г. Вільня сталася яшчэ рэзыдэнцыяй Найвышэйшага Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага.

За панаваньня караля Жыгімонта Вазы (1587-1632) справа гораду значна пагоршылася. Узмоцнілася рэлігійнае змаганьне праваслаўных з вуніятамі, каталікоў з рэфарматарамі й праваслаўнымі. Радзівілы й Хадкевічы павялі барацьбу між сабой, творачы ў горадзе ваенны лягер. Урэшце пажар 1610 году стравіў 4700 дамоў, замкі й дзесяць сьвятыняў. Да гэтага далучыліся голад i хваробы. Насельніцтва гораду зьменшылася на адну трэць.

За караля Уладыслава (1632-1648) горад пачаў адбудоўвацца нанова. Адбудавана замкі, будавана новыя дамы i сьвятыні. Кароль Уладыслаў любіў Вільню. Паміраючы, зажадаў, каб яго сэрца пакінулі ў Вільні. Было яно перахоўванае ў капліцы сьв. Казімера катэдральнага касьцёла.

Цяжкі час прыйшоў ізноў для Вільні за караля Яна Казімера Вазы (1648-1668). На край, вынішчаны войнамі, якія раней вёў Жыгімонт Ваза, пазьней паўстаньнем казакоў на Украіне i народным у паўднёвай Беларусі, звалілася маскоўскае нашэсьце. Маскоўская армія 30 чэрвеня 1655 г. заняла Менск i сунулася на Вільню. Невялікая армія Януша Радзівіла, часткова разьбітая, пакінула Вільню i адышла ў Летуву. У горадзе паўстаў перапалох. Хто мог, уцякаў на захад, у Польшчу. Не мінаваць ім было бяды: у Польшчу прыйшлі швэды. Абозы павярнулі назад. У часе ваеннай анархіі напала на ix у Польшчы мазавецкая шляхта, аграбіла, пабіла. Многа з ix не вярнулася да сялібаў, a тыя, што вярнуліся, нямнога што знайшлі, бо таксама ўсё было панішчана.

Некаторыя манахі з праваслаўнага манастыра сьв. Духа, нягледзячы, што ішлі з Масквы ix аднаверцы, аказаліся аж у Кёнігсбэргу на Прусіі.

29 ліпеня 1655 г. Вільня была занятая маскоўскім войскам пад камандай князя Хаванскага з саюзным казацкім войскам пад камандай Залатарэнкі. Хаця мясцовае войска гетмана Януша Радзівіла зь Вільні выйшла, аднак, відаць, мусілі адбывацца нейкія баі i рабіліся тут страшныя рэчы, бо налічваюць, што ў тым дні мела згінуць аж дваццаць пяць тысяч жыхароў. Горад гарэў цэлых сямнаццаць дзён.

VI. Вільня ў апошнія гады існаваньня Вялікага Княства Літоўскага

На шосты год вайны з маскоўскай дзяржавай мясцовае войска пад камандай гетмана Міхала Паца ў 1661 г. ізноў вярнулася ў Вільню. У Верхнім Замку астаўся, аднак, маскоўскі гарнізон, які яшчэ доўгі час непакоіў горад артылерыйскім абстрэлам. За гэта пазьней камандуючаму гарнізонам князю Мышацкаму на рынку ў Вільні адрублена галава.

Зьнішчаны горад, страціўшы палавіну насельніцтва, пачаў адбудоўвацца ізноў. Замкі, аднак, ужо так i асталіся ў руінах. Не было каму ўжо імі заняцца. Кароль Ян Казімер Ваза пасьля нешчасьлівых войнаў з Швэцыяй i Масквой, даведзены бязладзьдзем магнатаў, адрокся кароны Рэчыпаспалітай i выехаў за мяжу. Яго наступнік Міхал Вішнявецкі панаваў кароткі час. Пакліканы на караля польскаю шляхтаю польскі гетман Ян Сабескі ня быў у Вялікім Княстве добра паважаны. Супроць яго выступалі тут Пацы, a пазьней i Сапегі, на якіх Сабескі стараўся аперціся ў змаганьні з Пацамі. Асабліва не любіў Сабескага гетман Вялікага Княства Літоўскага Казімер Сапега i з сваімі староньнікамі стараўся адняць ад яго карону Рэчыпаспалітай. Ён раскватараваў сваё войска ў маёнтках каталіцкага біскупа Бжастоўскага, які падтрымліваў Сабескага. Пакрыўджаны біскуп у 1694 г. выкляў гетмана, a калі ніжэйшае духавенства падтрымвала Сапегу, біскуп загадаў пазакрываць касьцёлы. Касьцёлаў у той час у Вільні было ўжо многа. Рэлігія каталіцкая сталася ў Рэчыпаспалітай урадавай. Мясцовыя магнаты, як раней хутка прымалі модную ў XVI ст. рэфармацыю, так пазьней хутка яе пакінулі, калі перастала быць моднаю, i прынялі каталіцызм, бо каталіцкі быў каралеўскі двор, каталіцкія былі школы, якія ўтрымлівалі езуіты, дзе паны вучылі дзяцей. Старое мясцовае пісьмо i мова былі забываныя, бо ix ня вучана, ў гэтых школах. Не заахвочвана ix да мясцовага патрыятызму, робячы ўсім гэтым вялікую крыўду мясцоваму насельніцтву й краю. У такіх абставінах сойм Рэчыпаспалітай у 1696 г. пастанавіў, што ад таго часу ў Вялікім Княстве ўрадавай мовай мае быць мова польская, a не, як дагэтуль, мова руская (як тады яшчэ называлі мову беларускую). Страціўшы мову, мясцовыя магнаты, баяры, a нават часткова мяшчанства, трацілі i пачуцьцё асобнай нацыянальнасьці, a разам i сваёй нацыянальнай салідарнасьці. У краі, апрача ваенных зьнішчэньняў, закаранілася бязладзьдзе.

Калі Вялікае Княства знаходзілася ў вышэйапісаным стане, у Рэчыпаспалітай пачалі панаваць саксонскія каралі Аўгуст ІІ i Аўгуст III.

Аўгуст II у саюзе з расейскім імпэратарам Пятром ублытаў Рэчпаспалітую ў цяжкую вайну з Швэцыяй. У 1702 г. Вільню занялі швэды, пазьней пяцідзесяцітысячная расейская армія Пятра. У 1708 г. ізноў прыйшлі швэды. Да ваенных падзеяў далучыліся пажары, голад i хваробы. Людзі паміралі на вуліцы. У 1710 г. памерла тут 34 000 насельніцтва.

Горад нішчылі яшчэ вялікія пажары ў гадох 1715, 1737, 1741, 1748 i 1749.

У другой палове XVIII ст. прыйшоў спакайнейшы час. Пачалася ізноў паволі адбудова горада.

У 1773 г. быў разьвязаны Езуіцкі ордэн. Віленская акадэмія перайшла ў рукі сьвецкіх. Названа яе цяпер Галоўнай Школай Вялікага Княства. Былі арганізаваныя тады ў ёй чатыры факультэты: тэалёгія, фізыка, права i мэдыцына. Была таксама створана школа мастацтва i архітэктуры. Яшчэ раней, у 1752 г., у Вільні была заложаная астранамічная абсэрваторыя. У Вільні працавалі ў тым часе такія выдатныя архітэктары, як Гуцэвіч i Шульц, маляры Смуглевіч i Рустэм. У 1759 г. езуіты пачалі тут выдаваць на польскай мове першую тыднёвую газэту пад назовам «Кур'ер Літоўскі», a пазьней, у гадох 1762 - 1789, «Газэту Віленскую».

У 1789 г. у Вільні была створаная вайсковая школа інжынэрыі i артылерыі. Фактычным яе кіраўніком быў Якуб Ясінскі (родам праўдападобна з падляскай шляхты, якая служыла ў Сапегаў).

Вялікае Княства Літоўскае, як i цэлая Рэчпаспалітая, хілілася, аднак, ужо да ўпадку. Расея ўвяла сюды сваё войска i ў 1708 г. раскватаравала яго нават у самай Вільні. Мясцовыя магнаты й паны ў сваёй большасьці гадзіліся з такім станам. У 1794 г. у Рэчыпаспалітай дайшло да барацьбы з расейскім войскам. Падняў палякоў змагар за вольнасьць Амэрыкі, выходца зь Беларусі, ген. Тадэвуш Касьцюшка. Уначы з 22 на 23 красавіка 1794 г. Якуб Ясінскі, кіраўнік вайсковай школы, з мясцовымі аддзеламі выгнаў расейскі гарнізон зь Вільні. Для кіраваньня краем стварылася ў Вільні Найвышэйшая Рада Літоўская, якая камандаваньне войскам перадала Ясінскаму. Дагэтуляшняга гетмана Касакоўскага за здраду краю i супрацоўніцтва з расейскім войскам ваенны суд прысудзіў павесіць, што зараз жа i было выканана. Акрамя змаганьня за нацыянальную свабоду i незалежнасьць, Ясінскі дамагаўся роўнасьці для ўсіх грамадзян краю. Гэта не спадабалася мясцовым магнатам, a таксама тагачаснаму кіраўніцтву Рэчыпаспалітай. Пачалася нагонка супроць Ясінскага i Найвышэйшай Рады Літоўскай. 21 травеня Касьцюшка загадаў, каб Найвышэйшая Рада Літоўская спыніла дзейнасьць, a 4 чэрвеня камандаваньне над войскам перадаў ген. Міхалу Вяльгорскаму. Гэта падкасіла паўстанчыя сілы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вяльгорскі бязьдзейнічаў. Бачачы гэта, Ясінскі з сваімі аддзеламі, ахоўваючы Вільню, 26 чэрвеня на сваю руку атакаваў расейскія корпусы Мікалая Зубава i Бэнінгсэна, што былі ў Солах. Ясінскі забраў Солы, але ягоныя сялянскія аддзелы, узброеныя косамі, ня вытрымалі ў далейшых баях артылерыйскага агню. Ясінскі мусіў адступіць. Пасьля гэтага адносіны Ясінскага з Вяльгорскім так завастрыліся, што Ясінскі мусіў выйсьці з-пад каманды Вяльгорскага. У міжчасе Вяльгорскі, пры пагаворках вільнян аб здрадзе, вывеў войска зь Вільні на захад.

У такім стане 18 i 19 ліпеня Зубаў атакаваў горад. Разьбіў пад Вільняй ахоўчы аддзел Мэйдэна i прымусіў яго адступіць. Гораду, аднак, тады яшчэ ня ўзяў. У горадзе было яшчэ тры сотні салдат пад камандай Юрыя Грабоўскага. На дапамогу ён змабілізаваў гараджан. Наступныя расейскія аддзелы затрымалі стрэлы пры Вострай Браме. Яны зь сьмяротна раненым сваім палкоўнікам Дэёвам i іншымі афіцэрамі адступілі назад. У Катлоўцы Дэёў пат мёр. Яшчэ за маёй памяці падвіленскія старэчы паўтаралі з гэтай нагоды вершык:

«Дэёва ад Вострай Брамы да Катлоўкі

Нёс конь без галоўкі».

Доля Вільні была цяжкая. Горад быў пакінуты ўсімі. 12 жніўня заняло яго расейскае войска.

Раней яшчэ Ясінскага назначыў Касьцюшка камандуючым войскам, што стаяла на мяжы Вялікага Княства i Польшчы, называным наднарвянскай дывізіяй. Бараніў ён Варшаву перад наступаючай арміяй Суворава, не згадзіўся далей адступаць i там згінуў. Ня знойдзена нават яго цела. Праўдападобна было ўкінутае ў Віслу.

Ясінскі вырас на ідэалах францускай рэвалюцыі. Быў, як на той час, вялікім радыкалам. Не любіў шляхты i ўважаў, што прычынай зла ў той час была якраз шляхта. Ён уважаў, што адзіным ратункам будзе, калі шляхта будзе выразаная.

Разам з упадкам паўстаньня наступіў канец Рэчыпаспалітай i разам Вялікага Княства Літоўскага. Вільня перастала быць сталіцай i сталася губэрніяльным горадам Расейскай імпэрыі.

VII. Вільня - губэрніяльным горадам Расейскай Імпэрыі

У выніку падзелу Рэчыпаспалітай Вільня з 1795 г. апынулася ў межах Расейскай імпэрыі. Сталася яна цяпер толькі галоўным горадам Віленскай губэрні. Рэзыдэнцыя вялікіх князёў - Ніжні Замак - ужо ў першых гадох расейскай улады (1799-1803) быў разбураны, i на яго мейсцы пасаджаны парк, так званы «Цялятнік».

З Верхняга Замку засталася толькі частка муру i адна вежа, якою карысталіся для аптычнага тэлеграфу. Былі тады таксама разабраныя муры гораду i брамы, за выняткам Вострай Брамы, якую раней называлі Медніцкай.

Галоўную школу ў Вільні з 1803 г. назвалі Імпэратарскім Віленскім Унівэрсытэтам. Школьныя справы даручана князю Адаму Чартарыскаму, які да ўнівэрсытэту прыцягнуў лепшыя сілы ня толькі зь земляў былога Вялікага Княства, але i Польшчы. Вільня сталася асяродкам польскае культуры на беларускіх i летувіскіх землях. У некаторых гадох тут больш выдавалася кнігаў на польскай мове, як у самай Польшчы.

Карыстаючы з спакайнейшага часу, горад ізноў будаваўся, a насельніцтва прыбывала, дайшло ізноў да 100.000 асоб.

Нягледзячы на моцную палянізацыю краю, ня ўсё было яшчэ страчана. Жылі яшчэ ў тым часе ўспаміны мінулага i туга за страчаным. На зьезьдзе шляхты ў Вільні пастаноўлена прасіць цара аб аўтаномію. Найбольшым ініцыятарам і староньнікам такой думкі быў Міхал Клеафас Агінскі. У 1811 г. падаў ён цару Аляксандру I мэмарыял, у якім прасіў зь земляў, дзе абавязваў Статут Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку зь земляў валынскай i кіеўскай, утварыць ізноў Вялікае Княства Літоўскае пад апекай цара. Бачна, пад пагрозай вайны з Францыяй, цар да такой справы тады паставіўся прыхільна, але канкрэтна нічога яшчэ не было зроблена, a ўвесну 1812 г. Вільню заняло францускае войска Напалеона.

Частка шляхты спадзявалася на перамогу Напалеона i вязала зь ім надзеі ўнезалежніцца ад Расеі. Быў утвораны часовы урад для зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, на чале якога стаяў граф Солтан.

Увосень таго ж 1812 году француская армія павярнула назад. Галоднае i перамёрзлае войска рабавала ўсё i зьядала, што толькі далося. За адыходзячай францускай арміяй край i Вільню заняло ізноў расейскае войска, i жыцьцё вярнулася на папярэдні лад. Цар аб утварэньні ВКЛ не хацеў цяпер i гаварыць.

У першых гадох пасьля вайны ўсё было захавана пастарому. Школьным куратарам i далей быў Адам Чартарыскі. Унівэрсытэт працаваў як i перад вайной. Куратар i Віленскі Ўнівэрсытэт кантралявалі i іншыя школы i то ня толькі ў горадзе, але амаль па ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ, a менавіта ў губэрнях Віленскай, Горадзенскай, Віцебскай, Магілеўскай i Менскай, a нават Кіеўскай i Падольскай. Усюды ў школах уведзена польскую мову. Газэты «Кур'ер Літоўскі», рэд. Эўз. Славацкі (1797-1834), «Дзённік Віленскі», выд. у 1805 г., a пазьней 1815-1831, «Тыгоднік Віленскі» - 1815-1822 г., рэд. Лялевэль, Балінскі i Шыдлоўскі i іншыя выдаваліся на польскай мове. Горад i край пры расейскай царскай уладзе палянізаваліся як ніколі раней. Памагала гэтаму, як відаць, туга за мінулым, за Рэччупаспалітай, якую ў той час атаесамляна з разуменьнем Польшчы.

Пасьля 1820 г. дайшло да першых варожых адносінаў між палякамі i расейцамі. Прычынай быў Унівэрсытэт i яго студэнцкія арганізацыі. Ужо ў гадох 1805 - 1808 пры Ўнівэрсытэце стварылася Таварыства прыяцеляў навукі пад назовам «Філяматаў», да якога пазьней належаў i паэт Адам Міцкевіч. Пад уплывам Філяматаў паўстала пазьней новая арганізацыя «Прамяністых». Гэтую арганізацыю царскія ўлады закрылі, бо яна, як здагадываліся рускія, займалася вальнадумствам. На яе мейсцы стварыўся ўжо тайны «Саюз Філярэтаў». Гэты саюз быў царскімі ўладамі ў 1823 г. раскрыты. Наступілі арышты. Былі тады арыштавалі Адама Міцкевіча i яго прыяцеля Яна Чачота, зьбіральніка беларускіх народных песень.

У 1830 г. у гэтак зв. «Крулеўстве Польскім», створаным Венскім Кангрэсам пасьля разгрому Напалеона, пачалося паўстаньне супроць Расеі. На вестку аб паўстаньні ў Польшчы пачалася партызаншчына таксама ў землях заходняй Беларусі й Летувы. Многа студэнтаў Віленскага Унівэрсытэту пайшло ў партызаны, іншыя ўцяклі за Нёман у Польшчу. Партызанка, аднак, хутка аслабела, i Варшава пастанавіла выслаць дапамогу. Армія, высланая з Kapaлеўства Польскага пад камандай Гелгуда, дайшла да Вільні, але 7 чэрвеня 1831 г. у Панарскіх гарах была разьбітая i адступіла. У выніку такіх падзеяў Віленскі Ўнівэрсытэт 1 травеня 1832 г. быў закрыты. На яго мейсца была створаная каталіцкая Духоўная Акадэмія i Мэдыка-Хірургічная Акадэмія (абое закрыта ў 1842 г.).

VIII. Сацыяльнае i нацыянальнае адраджэньне, пачаткі зацікаўленьня мясцовай мовай i беларускім рухам

У часе, калі пачалося вострае змаганьне між сабой польскасьці i расейшчыны, зьявіліся першыя знакі ажыўленьня мясцовых элемэнтаў. Ужо раней некаторыя студэнты Віленскага Ўнівэрсытэту, хаця ён быў ведзены на польскай мове, цікавіліся i мясцовай мовай, простай, як яе тады называлі, бо гаварыў гэтай мовай просты народ. Паны, багацейшая шляхта i багатае мяшчанства гаварылі ўжо папольску. Некаторыя студэнты, хоць выходзілі з паноў (просты народ у той час доступу да навукі ня меў), спачувалі, аднак, простаму народу, зацікавіліся простай мовай, пачалі сьпісваць i сьпяваць ягоныя песьні. Асабліва вызначыўся гэтым Чачот. Ен нават сам пісаў вершы на мове «простага народу». Яшчэ з большай сілай справа гэтая ахапіла студэнтаў Мэдыка-Хірургічнай Акадэміі, арганізаванай пасьля закрыцьця Ўнівэрсытэту зь яго мэдыцынскага факультэту. Тут Францішак Савіч арганізаваў тайнае «Таварыства Дэмакратычнае», якое пачало шырыць кліч нацыянальнай вольнасьці i роўнасьці ўсіх людзей у краю. У 1837 г. Савіч навязаў лучнасьць з падобнай польскай арганізацыяй, кіраванай Шымонам Канарскім. Арганізацыя ў 1839 г. мела ўжо каля трох тысяч сяброў. У тым жа, аднак, годзе Канарскі на паштовай станцыі ў Крыжоўцы пад Вільняй быў жандарамі пазнаны i арыштаваны. Арганізацыя распалася. У 1839 г. у Вільні Канарскага расстралялі, a Савіча з найбліжэйшымі яго супрацоўнікамі Загорскім i Рубчынскім выслана на Каўказ у шараговыя салдаты бяз права авансу.

Русыфікатарскі наступ нa мясцовае насельніцтва пачаўся з цэлай сілай. У тым жа 1839 г. зьнеслі царкоўную вунію, a вуніятаў прыпісалі да праваслаўных. У наступным, 1840 г., мясцовае права - Статут ВКЛ - замянілі расейскім правам. У тым жа 1840 г. загадам з дня 18 ліпеня цар Мікалай I забараніў карыстацца назовам «Б е л a р у с ь». У 1842 г. каталіцкую Духоўную Акадэмію перанесьлі ў Пецярбург, a Мэдыка-Хірургічную Акадэмію закрылі. У тым часе, калі ў краінах Заходняй Эўропы буйна разьвівалася навука, a разам зь ёю тэхніка й поступ, землі былога Вялікага Княства пад царскай расейскай уладай асталіся зусім пазбаўленыя вышэйшых школаў.

Паншчына, адсталасьць у сацыяльных адносінах, нацыянальны й рэлігійны ціск выклікалі штораз большае незадаваленьне ў краю. Незадаваленьне сярод простага народу расло таксама. Шырылася яно пад уплывам надыходзячых з захаду аповедаў аб вольнасьці сялян i роўнасьці ўсіх людзей. Усё гэта выклікала яшчэ большае абурэньне на рускіх мясцовага насельніцтва i супраціў супроць ix i іхнага цара.

У 1846 г. дайшло да закалотаў сярод сялянства Віленшчыны й Горадзеншчыны, a ў наступным годзе ў Віцебшчыне. Па ўсім краі гэтыя забурэньні ўзнавіліся ў 1858-1859 гадох.

18 жніўня 1861 г. у Вільні адбылася вялікая дэманстрацыя супроць царскай расейскай улады. Дайшло да баёў з рускімі. 11 чалавек было забіта i больш сотні паранена. 11 верасьня таго году каля пятнаццаці тысяч жыхароў Горадні выйшла таксама на вуліцы дэманстраваць супроць цара.

Разам з сацыяльным i нацыянальным аднаўленьнем сярод грамадзянства на землях былога Княства Літоўскага ўзмацнялася зацікаўленьне мясцовай мовай, этнаграфіяй, гісторыяй. Пры кожнай нагодзе, пакрыёма, у розных мовах, у краю, паколькі гэта было магчымым, a таксама за мяжой пачалі зьяўляцца працы, прысьвечаныя тутэйшым справам.

У Вільні ў 1835 г. была ўжо выдадзеная катахізмоўка для каталікоў у мясцовай, як тады пачалі яе называць, мове. У 1844 г. Ян Чачот выдаў зборнік беларускіх песьняў пад назовам «Пёснкі весьнячэ з-над Немна i Дзьвіны». У 1846 г, зьявілася «Сялянка» Дуніна-Марцінкевіча - першая опэра ў беларускай мове. Музыку да «Сялянкі» напісаў Манюшка. Ён разам зь іншымі хацеў выдаваць беларускі часапіс у Вільні. Да зьдзейсьненьня гэтага тады не дайшло. Магчыма, не дапусьцілі да гэтага царскія ўлады [3]. У 1861 г. выйшла першая чытанка для дзяцей.

Гэты вельмі слабы яшчэ мясцовы грамадзкі рух названа беларускім, ад назову краю Беларусь, a мясцовую мову, якую калісьць называлі тут рускай, a пазьней, як ужо раней успаміналася, простай, цяпер назвалі беларускай.

IX. Кастусь Каліноўскі

Летам 1862 г. з Горадні прыехаў у Вільню Кастусь Каліноўскі. Ён ужо ў тым часе супольна з Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сонгінам, Яўхімам Грынівецкім, пры супрацоўніцтве пазьнейшага генэрала Парыскай Камуны Валерага Ўрублеўскага, выдаваў на беларускай мове нелегальную газэту пад назовам «Мужыцкая праўда».

У Вільні Каліноўскі ўвайшоў у склад г. зв. «Камітэту руху», які існаваў тут ужо ад восені 1861 г. Камітэт гэты арганізаваны быў Людвікам Зьвяждоўскім для кіраваньня рэвалюцыйным рухам у Вільні i агулам на тэрыторыі былога Вялікага Княства.

З пачаткам 1863 г. пачалося паўстаньне ў Польшчы. Разам зьявіліся партызанскія аддзелы ў землях Беларусі й Летувы. Кіраўніцтва паўстаньнем узялі тут у свае рукі адсталыя шляхоцка-дваранскія элемэнты. Яны стварылі г. зв. «Аддзел кіруючы правінцыямі Літвы», які падпарадкавалі паўстанчаму ўраду ў Варшаве. 11 сакавіка «Камітэт руху» быў распушчаны, a Каліноўскі высланы ў Горадзеншчыну з абавязкам ваяводзкага паўстанцкага камісара.

Калі пад ударамі царскай арміі паўстаньне ў краі пачало заціхаць, Каліноўскага выклікалі ў Вільню ізноў. Стаўся ён цяпер сапраўдным кіраўніком паўстаньня ў Беларусі й Летуве. Разам зь Язэпам Каліноўскім, Люцынам Марыконі, Уладыславам Малахоўскім, Ігнатам Лапацінскім i Каралём Фалевічам Кастусь Каліноўскі ператварыў «Аддзел» у «Камітэт кіруючы Літвой». Прадстаўнік варшаўскага паўстанчага ўраду ад таго часу меў тут толькі дарадчы голас, таксама як прадстаўнік віленскага калчтэту ў Варшаве. Каліноўскі верыў, што паўстаньне ўдасца зрабіць народным, падняць сялянскія гушчы ня толькі Беларусі й Летувы, але таксама Расеі. Шляхце ня верыў i гаварыў: «Каб выгінула б уся шляхта, то гэта была бы толькі заслужаная ёю кара, a край на гэтым нічога ня страціў бы». Як мог, стараўся паўстаньне прадоўжыць да вясны. Выйшла, аднак, іначай. Уначы з 9 на 10 лютага 1864 г. дзесяць аддзелаў царскага войска акружылі «сьвятаянскія муры», i Каліноўскага арыштавалі. Яго памешканьне аддзяляла толькі вузенькая Ўнівэрсытэцкая вулічка ад імпэратарскага палацу, у якім была рэзыдэнцыя генэрал-губернатара М.Мураўёва, што кіраваў супрацьпаўстанчай акцыяй i шукаў Каліноўскага па ўсёй Беларусі i Летуве. На сьлед Каліноўскага навёў арыштаваны ў Менску паўстанчы эмісар Парафіяновіч, які ня вытрымаў у допытах.

Каліноўскі ўсю віну за паўстаньне ўзяў на сябе i на тых, каго ня было ўжо ў краі або агулам у жывых. У часе допытаў трымалі Каліноўскага ў мурох падамініканскага манастыра пры Дамініканскай вуліцы. Адтуль Каліноўскі пераслаў яшчэ «Пісьмо з-пад шыбеніцы», якім заклікаў беларускі народ змагацца далей за сваё права i волю.

14 сакавіка 1864 г. царскі ваенны суд «шляхціца Каліноўскага, 26 г., за тое, што быў сябрам рэвалюцыйнага Камітэту Літвы, a потым галосным начальнікам паўстаньня ў тутэйшым краі...» пастанавіў «Пакараць сьмерцяй цераз расстрэл». Відаць, Мураўёў зьмяніў прысуд.

22 сакавіка таго ж году, акружаны моцным аддзелам расейскага войска, Каліноўскі быў выведзены з турмы i вуліцамі, пазьней званымі Віленскай, Гданьскай, Партовай, Стычнёвай i Сьвятаюрскай, пры вялікім натоўпе народу, заведзены на Лукіскі пляц i там павешаны. Калі пры чытаньні прыгавору назвалі яго шляхціцам, Каліноўскі запярэчыў: «У нас няма шляхты, у нас ўсе роўныя». Гэта былі апошнія яго словы.

Паданьні перадаюць, што Каліноўскі разам зь іншымі сябрамі паўстаньня быў таемна пахаваны на Замкавай Гары. Там у часе I усясьветнай вайны віленскім грамадзянствам былі пастаўленыя высокія дзеравяныя крыжы. Так на Замкавай Гары скончыў свой змагарскі шлях Кастусь Каліноўскі.

Разам з Каліноўскім патухаў церазь нейкі час слабенькі яшчэ малады вызвольны беларускі рух.

X. Вільня ў канцы XIX i пачатку XX ст.

Разгром паўстаньня адбіўся ўзмоцненай русыфікацыяй гораду i краю. З гораду вывезьлі памятнікі, якія мелі нешта супольнае зь мясцовай гісторыяй i культурай. Нават архітэктуры горада прыдавана чужы выгляд. Раней па-беларуску забаранялася друкаваць лацінскімі літарамі, a ад 1867 г. забаронена зусім.

Эканамічна Вільня ў другой палове XIX ст. пачала разрастацца. Да гэтага спрычынілася будова чыгункі. Работы для чыгункі ў ваколіцах Вільні пачалі ўжо ў травені 1858 г. Першы цягнік з Дзьвінску да Вільні прыехаў 4 верасьня 1860 г. Па пляне цягнікі пачалі хадзіць у Пецярбург i Коўна ад 15 сакавіка 1862 г., a да Варшавы ад 6 верасьня 1862 г, Разам з чыгункай у Вільні пачалі будаваць фабрыкі. Лік насельніцтва ў 1897 г. дайшоў да 150.000 чалавек.

Тут у канцы XIX ст. жылі i працавалі першыя клясыкі беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч, А.Гурыновіч, пазьней Зьмітрок Бядуля.

У такіх абставінах застала горад XX ст. i рэвалюцыйные рухі ў Расейскай імпэрыі. Пачаліся мітынгі, штрайкі i дэманстрацыі. Між іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі працавала тут Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. Да барацьбы супроць царскай улады гарачымі прамовамі на мітынгах заклікала беларуская паэтка Аляіза Пашкевіч (Цётка). Вільняне выйшлі з дэманстрацыямі супроць царскага самаўладзтва на вуліцы. 16 кастрычніка 1905 г. на Георгіеўскім праспэкце (цяпер Леніна) дайшло да сутычкі з войскам. Было пяць чалавек забітых i каля трыццаці параненых. На другі дзень у паховінах забітых узяло ўдзел сорак тысяч вільнян.

У выніку такіх рэвалюцыйных падзеяў толькі цяпер у Расейскай імпэрыі Беларусы атрымалі права на свой легальны друк. Да гэтага часу# апрача расейскага, можна было друкаваць яшчэ па-польску, a пазьней па-летувіску.

Беларускі друк дагэтуль быў нелегальны. Нялёгка Беларусам давялася першая здабыча. За гэта, піша С.Александровіч у «Пуцявінах роднага слова», - лепшыя сыны прыгнечанага беларускага народу трапілі на шыбеніцу (К.Каліноўскі) ці ў суровую сібірскую высылку (А.Дарэўскі-Вярыга), знаходзіліся пад наглядам паліцыі (В.Дунін-Марцінкевіч) або, ратуючыся ад судовай расправы, апынуліся далёка ад радзімы (Ф.Багушэвіч).

1 верасьня 1906 г. выйшаў у Вільні першы нумар беларускай легальнай газэты «Наша доля». Але доля яе таксама была цяжкая. Выйшла яе толькі шэсьць нумароў, a з гэтых чатыры былі сканфіскаваныя. 11 студзеня 1907 г. царскі суд загадаў спыніць выданьне газэты, a рэдактара й выдаўцу замкнуць на год у крэпасьць.

Яшчэ ў часе існаваньня «Нашай долі» 10/23 лістапада 1906 г. выйшаў першы нумар другой легальнай беларускай газэты пад назовам «Наша ніва». Праіснавала яна да першай усясьветнай вайны i ў беларускім жыцьці адгуляла вялікую ролю. Будзіла беларускі народ, узгадавала цэлы шэраг беларускіх пісьменьнікаў i паэтаў, выдавала беларускія кнігі.

Акрамя «Нашай Нівы», у Вільні было заложана Беларускае выдавецкае таварыства, якое ставіла сабе мэтай выдаваць i пашыраць беларускі друк. Выдавецтва «Палачанін» выдала дзьве кнігі. У 1908 г. стварылася выдавецтва «Наша хата» пры бібліятэцы-чытальні «Знаніе», пры Георгіеўскім праспэкце, 4-10. «Наша хата» выпусьціла ў сьвет каля 15.000 паасобнікаў беларускіх кніг. Ад 1908 г. пачаў у Вільні выходзіць часапіс для Беларусаў-каталікоў «Беларус». Ён таксама надрукаваў каля 15.000 паасобнікаў беларускіх кніг. У гадох 1910 - 1913 выйшлі ў Вільні «Беларускія календары». Наймацнейшае беларускае выдавецтва паўстала ў 1913 г. пад назовам «Беларускае Выдавецкае Таварыства». Было яно пры вул. Каштанавай, 5-4. За кароткі час існаваньня, бо спыніла яго вайна, таварыства выдала каля 42.000 паасобнікаў кніг.

Наагул беручы, лік выданьняў беларускіх кніг, як бачым, вялікім ня быў, але i час быў нялёгкі. Акрамя розных асабістых рэпрэсіяў, царская цэнзура сканфіскоўвала беларускія часапісы i кнігі, разбурала работу, a гэта прыносіла вялікія страты беларускім патрыётам.

Выдавецкая беларуская работа ня спынілася ў Вільні i ў часе вайны. Гуртавалася яна цяпер каля газэты «Гоман», a выдавалі ў першую чаргу школьныя падручнікі, каб імі забясьпечыць беларускія школы, даволі густа адкрытыя на той час.

Вільня сталася ізноў, як i калісьці, у час залатой пары BKЛ у XVI ст., пару магутнасьці, асяродкам беларускага пісьменства, літаратуры. У канцы XIX i пачатку XX ст. яна зрабілася асяродкам беларускага адраджэньня.

XI. Вільня ў міжваенным часе

У 1914 г. пачалася I усясьветная вайна. 19 верасьня 1915 г. Вільню занялі немцы. Нягледзячы на тое, што горад застаўся цэлы, настаў цяжкі час. Фабрыкі не працавалі, не было заработкаў, настаў голад. Тысячы гараджан з сваёй маемасьцю на плячох выходзіла з гораду, каб штонебудзь з гэтага на вёсцы вымяняць на хлеб. Але i на вёсцы было цяжка. Нямецкае войска, калі што знаходзіла на вёсцы, забірала сабе; нямецкія патрулі, расстаўленыя вакол горада, забіралі i ад тых, каму ўдавалася нешта вымяняць.

Але i ў цяжкі час беларускі адраджэнцкі рух у Вільні ня спыніўся. Як вышэй сказана, на мейсцы «Нашай нівы» ў Вільні пачала выходзіць новая беларуская газэта 'Томан», выдаваліся далей беларускія кнігі, ствараліся новыя беларускія арганізацыі, школы. Беларуская мова сталася раўнапраўнай іншым мовам.

Большае значэньне надавалі немцы летувіскаму руху. Дазволілі тварыць летувіскую дзяржаву i за найвышэйшую мясцовую ўладу прызналі Летувіскую Тарыбу (Раду), якая стварылася ў Вільні 23.ІХ.1917 г.

У канцы сьнежня 1918 г. нямецкае войска пачало пакідаць горад. Разам пераняслася Летувіская Тарыба зь Вільні ў Коўна. Уладу ў горадзе прабавала ўзяць у свае рукі «Польская арганізацыя вайсковая». Дайшло да крывавых сутычак з пачынаючай савецкай уладай.

19 красавіка ў Вільню ўвайшлі польскія вайсковыя аддзелы, прысланыя з Варшавы. У далейшым, аднак, польскае войска ня вытрымала націску савецкага войска, якое 14 ліпеня 1920 г. заняло Вільню. Савецкая ўлада перадала Вільню Летуве. Сувальскі дагавор з польскім варшаўскім урадам пацьвярджаў такі стан. Пацьвярджала гэта таксама пераможная ваенная кааліцыя г. зв. Антанты. Нягледзячы на ўсё гэта, калі савецкі фронт на захадзе заламаўся, польскія аддзелы ген. Жалігоўскага 9 кастрычніка 1920 г. занялі Вільню ізноў, нібы творачы г. зв. «Сярэднюю Літву», якую ў рэшце рэшт у 1922 г. цалкам далучылі да Польшчы.

Нацыянальныя, сацыяльныя i праўныя праблемы яшчэ больш завастрыліся. Эканамічна Вільня ў тым часе разьвівалася слаба. Стаялі фабрыкі, якія працавалі тут перад вайной. У горадзе былі тысячы беспрацоўных. Асабліва цяжка з працай было беларусам, якія ў сваёй большасьці былі без работы, бяз сродкаў да жыцьця. На вёсцы не было лепш. Зямельнай рэформы не было праведзена. З аднаго боку, цэлыя сем'і мусілі выжыць з 2,5-гэктаровых гаспадарак, a побач вёсак ляжалі часта, нават адлогам, панскія землі, маёнткі. Праўна беларусам i летувісам гарантавана свабоду карыстацца сваёй мовай у школах i ўрадах. Аднак на справе палякі стаялі на тым, што няма ніякіх беларусаў, a ёсьць толькі «крэсы» з простым народам i простай мовай. Беларуская інтэлігенцыя, беларускія арганізацыі, школы, сьвятарства былі пад наглядам польскай паліцыі i польскага сьвятарства, якія рабілі на ix розныя націскі, каб яны спынілі сваю беларускую працу, адышлі ў цень.

Вынік быў той, што ўзрос рэвалюцыйны рух. У 1925 г. пачала арганізоўвацца «Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада» з цэнтральным камітэтам у Вільні, з гарадзкімі i павятовымі аддзеламі ў іншых гарадох i гурткамі па вёсках. На чале Грамады стаяў ураджэнец Лаварышак з-пад Вільні Браніслаў Тарашкевіч. Нягледзячы на напады польскай паліцыі i яе баявых дружын на грамадоўцаў, неўзабаве Грамада сталася самай вялікай, самай моцнай палітычнай арганізацыяй у беларускіх землях, што былі пад Польшчай. Яна згуртавала звыш 100 тысяч сяброў. Тарашкевіч стаўся адной з найбольш ведамых асобаў у Зах. Беларусі. Пад уплывам Грамады ў Вільні былі Беларускае Выдавецкае Таварыства, Беларускае Навуковае Таварыства, Таварыства Беларускай Школы, Беларускі Банк i другія арганізацыі. Напалоханыя ростам Грамады, польскія паны ў 1927 г. павялі тэрор супроць сяброў Грамады. Арыштавалі беларускіх паслоў у польскі сойм i 850 самых актыўных сяброў Грамады. Пачаліся судовыя расправы над імі, арганізацыя была разагнана. Правадыроў судзіў акруговы суд у Вільні (пры Лукіскім пляцы). Суд цягнуўся цэлыя тры месяцы, ад 22 лютага да 22 травеня 1928 г. Разам з разгромам Грамады пачаўся наступ на ўсё беларускае жыцьцё.

У 1938 г. пачалі палякі закрываць апошнія беларускія легальныя арганізацыі ў Вільні i па ўсёй Зах. Беларусі. Закрылі Беларускі Нацыянальны Камітэт, які рэпрэзэнтаваў беларусаў пад Польшчай i існаваў ад 1919 г., Таварыства Беларускай Школы, Беларускі Інстытут Гаспадаркі i Культуры i інш. Закрылі апошнія беларускія газэты: «Нашу волю», «Крыніцу» i «Шлях моладзі», не дазваляючы выпускаць новыя.

У такіх абставінах, у вышыні шалёнага польскага каталіцкага шавінізму i імпэрыялізму, Вільню застала II усясьветная вайна. У другой палове верасьня 1939 г. горад заняла савецкая армія i ў канцы таго ж году перадала Вільню Летуве, a крыху пазьней, як гаварылі, Летуву забрала сабе. Ізноў пачала выходзіць беларуская газэта «Крыніца», працаваць культурна-асьветнае таварыства i гімназія.

Аднак i ў тым часе не абышлося без памылак. Адміністрацыю i другія ўстановы абселі ковенскія летувісы. Яны глядзелі на Вільню сваімі шавіністычнымі вачыма. Для ix усё тут было летувіскае, нават насельніцтва, якое толькі не гаворыць па-летувіску. Не было ніякіх саступак i зразуменьня для беларусаў, якіх была колькасная перавага ў горадзе, a тым больш у ваколіцы. Летувісы, ранейшыя жмудзякі i аўкштоты, забыліся, што яны ўзрасьлі на беларускай культуры, што былі яны i іхны край правінцыяй у ВКЛ. Пра Летуву ў той час ня было ніякай гаворкі.

Гэты дзікі наступ летувісаў на ўсё беларускае спыніла II усясьветная вайна. Па створанай з ласкі Масквы Летувіскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы ў 1940 г. нічога не засталося. 23 чэрвеня 1941 г. на Вільню пасыпаліся бомбы. Горад занялі нямецкія гітляроўскія вайсковыя часткі, i толькі ў ліпені 1944 г. выгнала ix савецкая армія I Беларускага фронту.

XII. З станцыі ў цэнтар горада

Вільня, кожная частка яе - гэта частка гісторыі беларускага народу: магутнасьці, залатой пары культурнага росту, заняпаду i адраджэньня. Многа аб Вільні напісалі чужынцы, але мала мы - Беларусы, колішнія будаўнікі й гаспадары. Гэтая праца ёсьць хіба першай спробай даць зьвесткі зь беларускага жыцьця ў Вільні, аб ролі Вільні ў беларускім дзяржаўным i нацыянальным жыцьці. Ясна, як першая спроба, ёсьць кароткай, сьціплай i няпоўнай. Лепшую працу напішуць мо іншыя. Маей мэтай ёсьць зьвярнуць увагу на месца, зьвязанае з жыцьцём беларускага народу. Сабраць i запісаць падзеі, якія яшчэ ў людзкай памяці, бо з часам яны загінуць, a ворагі нашыя пакажуць Вільню зь іншага боку, нават такой, якой яна не была, каб толькі мець з гэтага карысьць сабе.

За выхадны пункт я выбраў чыгуначную станцыю. Збудаваная яна ў гадох 1858 - 1860. Зьнішчаная ў часе II Усясьветнае вайны. Адбудавалі яе ў пасьляваенны час. Ад станцыі ідзем направа i даходзім да чыгуначнага маста, да вуліцы Горкага. Калісь гэтая вуліца i гэтая частка горада называлася Ліпоўкай. Канчаецца яна шляхамі, зь якіх адзін вядзе на Меднікі, Ашмяну, Маладэчна i Менск, другі - на Ліду. Але ідзем у цэнтар налева. Пачынаецца вуліца, якая перад вайною называлася Вастрабрамскай. Тут у мурох на левым баку ў час нямецкай акупацыі ў гадох 1941-1944 была беларуская гімназія i настаўніцкая сэмінарыя. У той час, калі ў цэнтральнай Беларусі нямецкімі ўладамі сярэднія школы былі забароненыя, вышэйуспамянутыя школы ў Вільні адгулялі вялікую ролю, бо для некалькі сотак моладзі давалі сярэднюю асьвету i адначасна баранілі яе ад вывазу на работу ў Нямеччыну.

Далей па тым самым баку, у апошніх гадох перад вайной, жыў каталіцкі сьвятар Вінцэнты Гадлеўскі, змагар за беларускую мову ў касьцёлах i былы вязень за гэта польскай каталіцкай турмы, адзін з рэдактараў-выдаўцоў у гадох 1936-1939 газэты «Беларускі фронт». Замучаны гітляроўцамі ў 1943 г.

Насустрач Вострая Брама, адзіная абаронная брама зь дзевяці, якая захавалася да нашага часу. Збудована яна каля 1508 г. Раней звалася Медніцкай. У ёй знаходзіцца старажытны, слаўны на ўсю Беларусь, Летуву i Гіольшчу абраз Божай Маці. Мінаем Вострую Браму, пабудаваны ў 1635-1655 гг. касьцёл сьв. Тэрэзы, - i дайшлі да Сьвятадухаўскіх муроў. Праўдападобна царква была тут ужо за часу Альгерда, але час хіба яе зьнішчыў, i ў 1597 г. брацтва сьв. Тройцы выбудавала тут ізноў царкву й манастыр. У 1638 г. пабудавана мураваную царкву. Тут брацтва ўтрымлівала школу, у якой працавалі такія ведамыя навукоўцы й грамадзкія дзеячы таго часу, як Стафан i Лаўрэн Зізаніі i М.Сматрьцкі. У школе вучылі, апрача мясцовай мовы, якую тады называлі яшчэ рускай, таксама грэцкую, лаціну й польскую. Школа гэта з посьпехам канкуравала зь езуіцкай акадэміяй.

У 1588 г. пачала тут працаваць брацкая друкарня. У 1596 г. з гэтай друкарні выйшлі тры падручнікі. Сярод ix падручнік Л.Зізанія «Навука ку чытаньню i разуменьню пісьма славенскаго», у якім быў дадзены першы слоўнік мясцовае мовы. Друкарня гэтая працавала да палавіны XVII ст., гэта ёсьць да ваенных падзеяў у Вялікім Княстве Літоўскім.

На гэтай самай вуліцьі ў міжваенную пару пад № 2 празь нейкі час існавала беларуская кнігарня Манкевіча, a пазьней - беларуская кнігарня Станіслава Станкевіча. На другім баку вуліцы пад № 1 перад 1930 г. была беларуская кнігарня «Надзея».

Налева стаяць г. зв. пабазылянскія муры, у якія ўваходзім цераз прыгожую, выбудаваную ў стылі ракако, браму. Мінаем званіцу, - i мы перад царквой сьв. Тройцы. Царква тут стаіць ад часу Альгерда. Была яна пастаўлена на славу трох пакутнікаў за хрысьціянскую веру, замучаных у тым месцы паганцамі. Былі гэта: Няжыла (Антоні), Кумец (Ян) i Круглец (Яўстахі). Сьмерць ix прыпісана пазьней князю Альгерду. Думаю, што гэта чыстая выдумка Альгердавых ворагаў. За часу Альгерда выбудавана найбольш цэркваў у Вільні, хрысьціянкамі былі яго жонкі, хрысьціянінам быў хіба i ён сам, калі на месца яго пахаваньня паказуецца царква Прачыстай Божай Маці над Віленкай. Гэта ўсё пярэчыць абвінавачваньню Альгерда ў забойстве Антонія, Яна i Яўстахія. Магчыма, што згінулі яны ў часе якіхсь беспарадкаў у горадзе.

Першая царква была дзеравяная. На яе месца гетман Вялікага Княства Канстанты Астроскі ў памяць перамогі над маскоўскім войскам пад Воршай, пачынаючы з 1514 г., пабудаваў у гатыцкім стылі царкву мураваную. У 1748 г. царква згарэла. Яе адбудавалі, прыдаючы ёй прыкметы ракаковага стылю. У тым часе выбудавана таксама ўваходную браму. Раней яшчэ, у палавіне XVII ст., вяльможа Януш Тышкевіч дабудаваў да царквы капліцу на сямейныя грабніцы. Унутры царквы находзіцца намагільны памятнік бурмістра горада Атаназага Брагі. Тут таксама находзіцца старасьвецкі абраз Маці Божай, які дачка Івана III Алена прывезла з сабой, выходзячы замуж за вялікага князя Аляксандра. Да II Усясьветнае вайны ў гэтай царкве находзіліся яшчэ іконы слаўнага віленскага мастака Смуглевіча.

Ад 1608 г. царква i навакольныя муры належалі да вуніяцкага закону Базылянаў i былі ў яго руках да 1827 г. У тым годзе закон Базылянаў быў царскімі ўладамі забаронены. Пасьля гэтага над царквой дабудавана дзеравяную капулу, каб была больш падобная да расейскіх цэркваў.

У міжваенны час у пабазылянскіх мурох за царквой месьцілася Беларуская гімназія, Беларускае навуковае таварыства i Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. У музэі перахоўваліся старадаўнія беларускія рукапісы й друкі, пячаткі й манэты, уборы ды іншыя прадметы. Быў гэта скарб беларускай культуры i гісторыі. У гадох 1919-1920 у гэтых мурох месьцілася Беларуская Рада Віленшчыны i Горадзеншчыны.

У 1938 г. польскія ўлады гімназію перанесьлі ў муры пры вул. Дамініканскай. Скарбы Беларускага Музэю ў ваенны час расейцы зь летувісамі расьцягнулі i прыдзялілі да іншых музэяў, каб не прыпамінаў мінулае Беларусі.

Канчаецца старая вуліца Вастрабрамская (адрэзак цяперашняй вул. Горкага). Налева ад яе адыходзіць вуліца Конская. Тут у перадваенны час была рэдакцыя газэты «Родны Край», якую выдавалі Радаслаў Астроўскі з прыхільнікамі.

Далей цягнецца вуліца таксама пад назвай Горкага, a калісьці называлася яна Вялікая, a яшчэ раней Імбары, бо былі тут склады. Пры гэтай вуліцы, у доме бурмістра Бабіча, у 1522 г. пачала працаваць першая друкарня ў Беларусі, першая на ўсходняй Эўропе. Была гэта беларуская друкарня Францішка Скарыны. З гэтай друкарні выйшлі ў сьвет першыя друкаваныя ў Вільні кніжкі: «Апостал» i «Малая падарожная кніжка».

Пры гэтай вуліцы, у доме Мамонічаў, у 1575 г. пачала працаваць іншая беларуская друкарня, у якой з пачатку працаваў праўдападобна вучань Скарыны Мсьціславец. Друкарня гэтая, як на той час, выпусьціла вялікую колькасьць кніг. Тут друкаваліся буквары (1593), друкаваўся Статут Вялікага Княства Літоўскага ў 1588 г. i іншыя.

Даходзім да ратушы. Ратуша была збудаваная ўжо ў XV ст. Побач яе з аднаго боку стаяў стоўп, з другога вісельня. Тут карана злачынцаў. Ратушу часта перабудоўвалі. Апошні раз ад асноў перабудаваў ратушу ў 1783 г. ведамы віленскі архітэкт Гуцэвіч.

Направа, у бок Віленкі, ляжыць самы стары горад. Мінаем касьцёл сьв. Казімера з 1604 г. i затрымліваемся ізноў перад старыннай царквой сьв. Мікалая. Існавала яна таксама ўжо за часу Альгерда. Зьнішчаную пажарам, адбудаваў яе ў 1514 г. гетман Канстанты. Астроскі. Апошні раз была перабудаваная за часу Мураўёва згодна ягонаму загаду. Некалькі крокаў далей ізноў помнік нашай старасьветчыны - царква Пятніцкая, таксама з часу Альгерда. Выбудавала яе першая жонка Альгерда, віцебская княжна Марыя, якая тут i пахаваная. Першая царква была ўжо ў стане развалін, адбудаваная ў 1864 г. у стылі на жаданьне Мураўёва. У міжваенны час тут адбываліся багаслужбы для вучняў Беларускай гімназіі.

Канец вуліцы Горкага зваўся раней вуліцай Замкавай, забудаваны старадаўнімі камяніцамі.

XIII. У цэнтры горада над Вільлёй

З вуліцы Горкага выходзім на пляц Гедыміна (раней называўся Катэдральным). Перад намі галерэя мастацтва, перад гэтым катэдральны касыдёл сьв. Станіслава. Першы касьцёл тут, як i іншыя, другія, быў дзеравяны, пабудаваны ў 1387 г. Пазьней выбудавана мураваны i з часам некалькі разоў яго перабудоўвалі. Апошні выгляд надаў яму ў канцы XVIII ст. слаўны архітэкт Гуцэвіч.

Каля касьцёлу знаходзіцца адзінаццаць капліцаў. Катэдральны касьцёл быў на вышыні мясцовай архітэктуры, мастацтва й гісторыі. Апісаньне ўсяго гэтага зойме немалую кнігу. Тут знаходзіўся скарбец, у якім у 1598 г. налічвана 230 прадметаў сярэбраных i залатых. У часе пазьнейшых войнаў многа прадметаў з скарбца прапала, але i тыя, што захаваліся, мелі вялікую гістарычную вартасьць.

Тут былі пахаваныя: князь Карыгайла Альгердавіч, забіты ў 1390 г., Аляксандар Вігунд - брат Ягайлы, вялікі князь Вітаўт, яго другая жонка - княжна смаленская Ганна, брат Вітаўта вялікі князь Жыгімонт I, вялікі князь Сьвідрыгайла, князь Міхал, сын Жыгімонта, называны Міхайлушкам, сьвяты Казімер, вялікі князь i кароль Польшчы Аляксандар, жонкі Жыгімонта Аўгуста Альжбета i Барбара. Тут перахоўвана сэрца караля Ўладыслава Вазы.

Побач з катэдральным касьцёлам у бок Замкавай гары знаходзіцца Ніжні Замак - рэзыдэнцыя вялікіх князёў. Калі Вільню захапілі расейцы, замкі, абарончыя муры i брамы ў гадох 1799-1803 былі разабраныя, каб толькі зьнішчыць памяткі гісторыі Беларусі. На месца Ніжняга замку пасаджана парк, названы «цялятнікам».

Зь Верхняга замку асталася толькі адна вежа, якую ўладкавалі да аптычнага тэлеграфу.

Гэтыя замкі былі пабудаваныя за часу вялікага князя Гедыміна. Акружала ix Віленка, якой рэчышча ўваходзіла ў Вільлю каля катэдральнага касьцёла. Цяперашні ўваход Віленкі ў Вільлю зроблены раскопам гары, праз што вада акружала замкі з усіх бакоў. Першыя замкі былі дзеравянымі, мураваныя выбудавалі ў першай палове XV ст., за часу вялікага князя Вітаўта. Пазьней былі перабудаваныя. Да развалу ix давяла вайна з маскоўскай дзяржавай у 1654 - 1661 гг. Вільню захапіла маскоўскае войска. У 1660 г. войска Вялікага Княства пад камандай гетмана Міхала Паца выгнала расейцаў зь Вільні. Але ў Верхнім замку астаўся тады яшчэ маскоўскі гарнізон, які сваёй артылерыяй доўгі час непакоіў горад. За гэта каманданту гарнізона князю Мышацкаму на рынку (хіба перад ратушай) адсеклі пазьней галаву. Замкамі не было каму заняцца, a з гадамі яны ператварыліся ў разваліны. Так было па ўсім Княстве Літоўскім, ды самое Княства хілілася да заняпаду.

Пад Замкавай гарой праходзіць вуліца Піянэраў. Перад вайной называлася Каралеўскай. Тут пад № 3 у той час быў Беларускі Банк, выдаваліся «Беларускі Летапіс» i «Беларуская Борць».

Насупроць мастацкай галерэі (Катэдры) цягнецца праспэкт Леніна, у міжваенны час - вул. Міцкевіча, a яшчэ раней Георгіеўскі праспэкт. Перад Першай Усясьветнай вайной пад тагачасным № 4 была тут бібліятэка-чытальня «Знаніе» i беларускае выдавецтва «Наша хата».

Пад гэтым самым нумарам у час нямецкай акупацыі ў 1941-1944 гг. знаходзіўся Беларускі Нацыянальны Камітэт, які быў свайго роду прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва места i ваколіц.

Ідучы гэтай вуліцай далей, даходзім да пляцу Леніна, раней званага Лукіскім. На гэтым пляцы, як ужо ўспаміналася, у 1864 г. быў павешаны дыктатар паўстаньня Кастусь Каліноўскі i іншыя.

Па левым баку гмах, у якім у перадваенным часе месьціўся акруговы суд. Тут у 1928 г. адбыўся вялікі i доўгі суд над 850 правадырамі i актывістамі Грамады.

Праходзячы каля Лукіскага пляцу, няможна ня ўспомніць пра кірмаш на «Казюка». Кірмашы на 4 сакавіка, на «Казюка», былі ўведзеныя даўно. Раней адбываліся яны на Катэдральным пляцы; у пачатку XX ст. перанесена ix на пляц Лукіскі. На 4 сакавіка з блізкіх, a нават з далёкіх ад Вільні раёнаў, на пляц зьяжджаліся вазы з хатнімі вырабамі зь дзерава, гліны, ткацкімі, рознага роду абаранкамі, пернікамі ў форме сэрца рознай велічыні i т. п. Студэнты й вучні арганізоўвалі выступы, канцэрты ды розныя імпрэзы. Кірмашы трывалі некалькі дзён. Хто мог сьпяшаў на «Казюка», каб спаткаць знаёмых, паглядзець на іншых i сябе паказаць, набыць нешта з народных вырабаў, a ўжо абавязкава купіць слаўных смаргонскіх абаранак i «сэрца» для сябе i сваіх блізкіх. Прыяжджалі ў той час таксама з усіх старон экскурсіі. Горад у час «Казюка» ажываў.

Раўналежна да праспэкту Леніна, над Вільлёй, цягнецца вуліца К.Пажэлас, якая ў міжваенны час звалася Зыгмунтоўскай. Тут пад № 24, у панадворку, у гадох 1936-1938, мелі свой дом беларускія ксяндзы Марыяне. Жылі ў ім студэнты тэалёгіі пад кіраўніцтвам ведамага беларускага паэты-пісьменьніка Вінцука Адважнага (кс. Язэпа Германовіча). Якое было жыцьцё беларусаў тады, можа паказаць тое, што супроць дома кс. Марыянаў паліцыя стаўляла свайго чалавека, які ўвесь час сачыў, хто туды заходзіць. У 1938 г. ксяндзы Марыяне былі зь Вільні выселеныя. Студэнты Марыяне перавезеныя былі ў Варшаву, a a. Германовіч выехаў у Кітай. Кітайцы перадалі яго саветам. Ен адсядзеў у турме ў Сібіры некалькі гадоў. Калі саветы выпусьцілі яго, праз Польшчу выехаў ён у Лёндан i там па нейкім часе памёр.

З тагачаснай касьцельнай улады, на чале якой стаяў мітрапаліт Ялбжыкоўскі, ніхто не запратэставаў супроць такога тэрору беларускіх ксяндзоў польскай паліцыяй. Зусім магчыма, што гэтак паступіла на жаданьне шавіністычнага польскага духавенства паліцыя.

За мастом на Вільлі, які раней зваўся Зялёным, цяперашняя вуліца Фэлікса Дзяржынскага. Называлася перад вайной Кальварыйскай як i цэлы квартал гораду. У гэтым раёне жыў i працаваў грамадзкі дзяяч i паэт, афіцэр Уладыслаў Казлоўскі. Стаяў ён на чале групы, якая ўважалася нацыяналістычнай. Выдавала яна сваю газэту «Наш Шлях». У час вайны Казлоўскага забілі расейцы.

На захад, за другім мастом на Вільлі, частка горада называлася Зьвярынцам. Там у міжваенны час жыў беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Ён доўгія гады сядзеў на Салаўках. Саветы выменялі яго за Б.Тарашкевіча. Пазьней замардавалі яго ў Маскве, a Аляхновіча замардавалі ў час вайны ў Вільні, у рэдакцыі, у якой ён працаваў. Ён выдаваў, калі не памыляюся, газ. «Беларускі голас».

Ідучы ў другі бок ад пляцу Гедыміна, мінаем мост на Віленцы, i перад намі раён гораду над Вільлёй, званы Антокалем. З гэтай часткай гораду зьвязана жыцьцё й праца беларускага мастака Пётры Сергіевіча. Тут зь ягонага атэлье выходзяць малюнкі, паказваючыя прыгожасьць беларускай прыроды, гісторыі, людзей.

Гонарам Антокаля i Вільні ёсьць касьцёл сьв. Пятра й Паўлы, выбудаваны на месцы дзеравянага ў гадох 1668 - 1676 гетманам Міхалам Казімерам Пацам. На фасаднай сьцяне ёсьць надпіс:

«Regina pacis funda nos in pace».

(Каралева спакою, умацняй нас у спакоі).

Пад касьцельным парогам пахаваны, згодна зь ягонай воляй, сам заснавальнік касьцёлу. Паказуе на гэта, пры ўваходзе направа, умураваная ў сьцяне табліца з словамі: «Hic jacet peccator» (тут ляжыць грэшнік). На левай сьцяне стары абраз паказуе сцэну з часу маровага паветра ў 1700 г.

Касьцёл гэты ёсць жамчужынай віленскага барока. Яго ўнутраная старана настолькі багатая, што праф. Клос у сваім правадніку піша, што, каб усё апісаць, трэба асобная вялікая манаграфія. Радзіць ён перадусім зьвярнуць увагу на надзвычайны крыштальны сьвечнік у форме лодкі, вісячы ў копуле, далей на партрэт заснавальніка над уваходам да закрыстыі па левай старане, на прысланую з Рыму папам у 1700 г. цудоўную фігуру Хрыста i на ікону Хрыста Ўкрыжованага, якія гетман Пац забіраў з сабою, ідучы ў ваенныя паходы. Пры ўваходзе ляжаць мядзяныя катлы, прывезеныя Пацам з-пад Хоціма, узятага ад туркаў.

XIV. На ўсход ад вуліцы Горкага

Вузкія вулічкі i завулкі ад вуліцы Горкага (былой Вялікай i Замкавай) вядуць уніз, над Віленку. Як ужо спаміналася, некаторыя дасьледнікі цьвердзяць, што тут знаходзілася самая старая Вільня. Тут, дзе сягоньня вуліца Бакшта, у бок рэчкі мела быць збудаванае першае ўмацаваньне, пад вокам якога разрастаўся горад.

Над Віленкай затрымліваемся перад трыма касьцёламі. Касьцёл сьв. Францішка, або Бэрнардынскі, быў пабудаваны ў 1469 г. за вялікага князя Казімера. Быў ён дзеравяны. Мураваны пабудавана ў 1525 г. Адначасна быў ён абаронным пунктам. Побач стаіць касьцёл сьв. Анны. Быў ён пабудаваны ў канцы XIV ст. зь дзерава. У ім пахавана трэцяя жонка вялікага князя Вітаўта Юліяна з Гальшан. Касьцёл, мураваны ў гатыцкім стылі, пачалі будаваць у 1502 г. Некалькі разоў нішчыў яго пажар, i таму ўнутры няма нічога цікавага. Вонкавы выгляд яго ёсьць прыгожым. Кажуць, што касьцёл гэты так спадабаўся Напалеону, што ён гаварыў: «каб мог, на далоні перанёс бы яго ў Парыж».

Трэці, касыдёл сьв. Міхала, выбудаваны ў 1596 г., ведамым абаронцам самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага i яго беларускай мовы, канцлерам Львом Сапегам. У гэтым касьцёле пахаваны i сам Сапега з сваімі блізкімі. У часе вайны з Маскоўскай дзяржавай у 1655 г. казакі перабілі схаваных у касьцёле людзей, пазабіралі труны, выкінулі зь ix нябожчыкаў i разрабавалі касьцельныя каштоўнасьці.

Пасьля прылучэньня Вільні ўвосень 1939 г. да Летувы, ксёндз Адам Станкевіч адпраўляў тут багаслужбы для беларусаў-каталікоў.

Далей над Віленкай стаіць царква Прачыстай Божай Маці. Царква тут была ўжо за вялікага князя Альгерда i была дзеравянай. У ёй, як некаторыя цьвердзяць, пахаваны сам вялікі князь Альгерд. Тут таксама былі пахаваныя праваслаўныя мітрапаліты ВКЛ Рыгор Цамблак i др. Тут пахавалі жонку вялікага князя Аляксандра Алену - дачку цара Івана III. Царкву нішчылі пажары. У 1514 г. адбудаваў яе гетман Канстанты Астрогскі. Аднак была разбураная разам з упадкам ВКЛ. Адбудавалі яе ў гадох 1864 - 1868 згодна з воляй i загадам Мураўёва.

Вуліцай Зарэчнай даходзім да Полацкай. Нейкі час, перад II Усясьветнай вайной, у доме тады пад № 4 жыў i рэдагаваў беларускі земляробска-гаспадарчы месячнік «Самапомач» дзяяч на грамадзкай, культурнай i гаспадарчай ніве інж. Адольф Клімовіч. Памёр у 1970 г. Далей пад № 9 апошнія гады перад вайной i ў час вайны жыў вялікі беларускі патрыёт, які ўсё, што меў, усю сваю працу i жыцьцё аддаў для беларускай справы, ксёндз Адам Станкевіч. Памёр на выгнаньні ў Тайшэце ў 1950 г. Кватэру ўтрымлівала беларуская дзяячка, быўшая арганізатарка i кіраўнічка беларускага прытулку, Марыя Шутовіч, у якой у тым яшчэ часе знаходзілі прыпынішча многія беларускія студэнты i гімназіяльныя вучні. Памерла 14.ХІ.1975 г.

Ідучы далей Полацкай вуліцай, даходзім да магільніку, званага Бэрнардынскім. Магільнік гэты заснавана ў 1810 г. Пахаваныя тут многія прафэсары Віленскага Ўнівэрсытэту: прыроднік Станіслаў Юндзіл, Язэп Струміла, матэматык Міхал Пэлка Палінскі i др.

Там у 1950 г. беларускае грамадзянства Вільні пахавала сваю дзяячку на культурнай ніве гр. Ганну Шутовіч.

З вуліцы Полацкай пераходзім на вуліцу М.Маргітэс, якая раней называлася Папоўскай. Называлася таму так, што калісьці жылі там вуніяцкія ксяндзы. Перад вайной жыў тут беларускі паэт Краўцоў Макар (Косьцевіч). Загінуў ён у часе вайны, a жонка Ганна, пакінутая сама сабе, памёрла ў вялікай бядзе ў 1971 г. Тут таксама жыў беларускі грамадзкі дзяяч, удзельнік Слуцкага паўстаньня інж. Бусел (таксама загінуў у часе вайны) i заслужаны дзяяч на беларускай школьнай ніве Сяргей Паўловіч.

Тут жа каля вуліцы, у бок Вільлі, узвышалася раней гара, называная магілай Гедыміна. Згодна старадаўніх пераказаў, там меў быць пахаваны вялікі князь Гедымін. У часе Першай Усясьветнай вайны гару гэтую часткова скапалі.

XV. Раён Россы

Частка гораду на поўдзень ад вуліцы Бакшты i Зарэчча называлася раней Россы.

Ад вуліцы Горкага на поўдзень ідзе вуліца Субач. На пляне з 1648 г. названая Сабачая. Там, дзе ад яе адыходзіць вуліца Бакшты, калісьці была абаронная брама. У ёй жыў кат. Ён адначасна быў гіцлем - лавіў сабак. Ад гэтага, магчыма, вядзецца назва вуліцы. Тут пад № 2 ад 1922 г. месьцілася рэдакцыя беларускай газэты «Крыніца».

Далей за брамай Субач агульную цікавасьць выклікаюць падзямельныя склепы на гары, якая цяпер уваходзіць у пасэсію «Рэспубліканскага Дзіцячага Дому». Вакол гэтага месца нарасло шмат аповедаў. Найстаршы хіба аповед падае, што калісьці там жыў смок базылішак, які ўсё жывое забіваў сваім позіркам. Каб ратаваць горад перад ім, адзін юнак увайшоў у склеп, падставіў базылішку люстра, i той, як убачыў свой позірк, здох.

Другі аповед перадае, што тут калісьці адбылася вельмі зацятая бітва з крыжакамі. Ад пралітай крыві нават вада ў калодзежы ў падзямельлі сталася чырвонай. У 1907 г. інжынэры Валіцкі i Міхневіч займаліся нейкі час дасьледаваньнем гэтага падзямельля, зрабілі плян падземных скляпоў, a нават знайшлі стары калодзеж, у якім вада была сапраўды чырвонай.

Аблічана: каб вывязьці зямлю пры будове такіх склепаў пры сягоньняшняй тэхніцы, адна трохтонная грузавая машына мусіла б зрабіць 2400 абаротаў. Акрамя гэтага, уложана паўтара мэтры грубыя муры па бакох i адзін мэтр таўшчыны сталяваньне. Усё гэта зрабілі нашыя продкі, носячы цяжар на сваіх сьпінах.

У XVI ст. тут быў форт (умацаваньне, званае з арабскага барбаканам), які з гэтай стараны бараніў доступы да абаронных муроў i вежаў гораду. Народныя аповеды перадаюць, што адгэтуль ішлі падзямельныя пераходы да Трок i г.д. Тое самае гаворыцца ў народных расказах пра Мядніцкі замак, што ён меў падзямельныя пераходы, якія лучылі яго з Крэвам i Трокамі, a будавалі ix волаты, якія ўзаемна перакідваліся прыладамі працы зь Меднік у Крэва i адтуль у Меднікі. Вязаньне з сабой у народных аповедах Трок, Вільні, Меднік i Крэва, на маю думку, сьведчыць аб тым, што якраз гэтыя землі былі калыскаю, з якой пазьней вырасла ВКЛ.

На поўдзень ад вуліцы Субач ёсьць могілкі, закладчыкам якіх быў бурмістар Базылі Мільлер. Заложаныя ў 1769 г., называюцца Россы. Уваход да ix ад вуліцы Россы.

Недалёка ад уваходу, направа, знаходзіцца магіла беларускага паэта Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). У 1937 г. зь ініцыятывы рэдакцыі «Шлях Моладзі» грамадзянства Заходняй Беларусі з дробных складак паставіла Ядвігіну Ш. помнік. 6.VI. 1936 г. была паложана пліта на магіле другога беларускага паэты Казімера Сваяка, якая знаходзіцца вышэй, на г.зв. «горцы літаратараў». Тамсама пахаваны паэт Уладыслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). На гэтым магільніку шмат магілаў вядомых дзеячоў Вільні i краю.

XVI. На захад ад вуліцы Горкага

Ад ратушы пачынаецца вуліца Музеяўс. Старадаўняя яе назва - Нямецкая, a яшчэ раней - Манэтная. Тут яшчэ вялікі князь Гедымін пасяляў немцаў. Калісьці гэты раён быў гандлёвым цэнтрам гораду. У XVI ст. быў тут манэтны двор Княства i Трыбунал - вярхоўны суд. Цяпер гэтае месца прыпамінае аб страшнай трагедыі мінулай вайны. Тады ў раён па левай старане вуліцы Музеяўс гітлероўцы сагналі ўсё жыдоўскае насяленьне гораду, стварылі гета. Насяленьне гета памірала ад голаду i хваробаў, a таксама цэлымі калёнамі было выводжана ў Панары i там расстрэльвана. Праўдападобна зьнішчана там каля 100.000 чалавек. Раён гета, як i вуліца Музеяўс, быў зьнішчаны.

У гэтым раёне стаіць касьцёл сьв. Мікалая. Некаторыя цьвердзяць, што на гэтым месцы быў збудаваны першы каталіцкі касыдёл у Вільні. Мураваны пабудаваны тут каля 1440 г., i ў такім выглядзе ператрываў ён да нашых дзён.

У міжваенны час польскае каталіцкае сьвятарства мела пад сабой некалькі дзясяткаў касьцёлаў. Для беларусаў-каталікоў не дало ані аднаго. (...) Падзяліліся зь беларусамі летувіскія ксяндзы, у чыіх руках быў у той час касьцёл сьв. Мікалая.

Вышэй на поўнач, на рагу вуліц Горкага i Сруогос, стаіць касьцёл сьв. Яна. Першы касьцёл выбудавана ў 1387 г., але некалькі гадоў пазьней тут пачалі будаваць касьцёл мураваны. Праўдападобна ў ім вялікі князь Вітаўт меў задуму каранавацца на караля. Праф. Клос падае, што касьцёл гэты раней называўся катэдральным, i толькі як быў перададзены езуітам, Папа назначыў на катэдральны замкавы касьцёл сьв. Станіслава.

У міжваенны час касьцёл сьв. Яна быў касьцёлам для студэнтаў. У мурох пры касьцёле, у апошніх гадох перад вайной, жыў ксёндз Станіслаў Глякоўскі - вучыцель Беларускай гімназіі. Быў ён вялікім прыяцелем моладзі. Арганізаваў дапамогу для бедных вучняў, рэдагаваў i выдаваў беларускую газэтку для дзяцей. У 1943 г. замучаны гітлероўцамі.

Радам з касьцёлам сьв. Яна пачынаюцца муры ўнівэрсытэту. Тут у 1579 г. езуіты арганізавалі акадэмію. Мела яна тады толькі два факультэты: філязофіі i тэалёгіі, пазьней яшчэ права. У 1753 г. заснавана пры акадэміі астранамічную абсэрваторыю, якой кіраваў М.Пачобут. У 1773 г. акадэмія была рэарганізаваная ў Галоўную Школу Вялікага Княства. Вучылі ў той час ужо фізыку, хімію, матэматыку, мэдыцыну. У 1793 г. арганізавана тут катэдру архітэктуры, a пазьней мастацтва, графікі i скульптуры. Пасьля прылучаньня Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай імпэрыі Галоўную Школу ў 1803 г. рэарганізавалі, i ад таго часу звалі яе Імпэратарскім Віленскім Унівэрсытэтам. Была дадана яшчэ катэдра аграноміі.

У 1832 г. царскія ўлады Ўнівэрсытэт закрылі. Да 1842 г. працавалі яшчэ створаныя зь некаторых факультэтаў Мэдыка-хірургічная i Духоўная акадэміі.

Ізноў унівэрсытэт адкрыты ў Вільні ў 1919 г. У перадваенныя гады, калі польскія адміністрацыйныя ўлады закрывалі апошнія беларускія арганізацыі i праявы беларускага культурнага жыцьця, студэнты, згуртаваныя ў Беларускім Студэнцкім Саюзе, карыстаючы, што на культурныя выступы на тэрыторыі Ўнівэрсытэту дазвол давала ўнівэрсытэцкая ўлада, арганізоўвалі для грамадзянства Вільні канцэрты беларускай песьні i гульні. Імі кіравалі Р.Шырма i Ів. Хвораст. У г. зв. калённай аўлі арганізавана першыя канцэрты ў Вільні ведамага беларускага сьпевака Міхася Забэйды-Су міцкага.

У гэтых мурох, пры Ўнівэрсытэцкай вуліцы, да часу арышту жыў дыктатар паўстаньня ў Беларусі i Летуве ў 1863 г. Кастусь Каліноўскі.

Ідучы далей, мінаем касьцёл сьв. Тройцы з XVI ст., пазьней яшчэ некалькі разоў перабудаваны, i даходзім да падамініканскіх муроў з касьцёлам сьв. Духа з XIV ст.

У гэтых мурох у 1864 г. як вязень быў трыманы арыштаваны Кастусь Каліноўскі. Адгэтуль выйшла яго «Пісьмо з-пад шыбеніцы» да беларускага народу. Адгэтуль яго вялі на сьмерць, што чакала на Лукіскім пляцы. Тут у скляпох пад касьцёлам у 1934 г. адрыта грабы i некаторыя склепы, напоўненыя скамянелымі ўжо трупамі. У адзін такі склеп заходзіў я сам. Як глыбокі ён быў, ня ведаю, але калі пробаваў зыбацца, то пада мной траслося, як гэта бывае на падмоклых тарфяных лугох, столькі там было трупаў. Да апошніх дзён ня выясьнена, скуль гэтыя трупы ўзяліся. Магчыма, што гэта былі ахвяры войнаў i эпідэміяў XVII ст.

У мурох насупроць касьцёла пры Дамініканскай, 3/5, у гадох 1938-1941 была Віленская Беларуская Гімназія.

У гэтай частцы гораду, пры вузенькім завулку сьв. Ігната, у міжваенны час была турма, так званы «цэнтральны арышт». У гэты арышт у апошнія перадваенныя дні 1939 г. паліцыя звозіла беларускіх актывістаў з гораду й ваколіцы i адгэтуль асобным цягніком вывозіла зь Вільні ў ведамы канцэнтрацыйны лягер Бярозу Картускую.

Пры вуліцы Татарскай, 15, у 1936 г., у часе так званага народнага фронту ў Польшчы, месьцілася рэдакцыя беларускай газэты «Наша Воля».

Пры вуліцы Людвісарскай, 1, у гадох 1926-1930 працавала беларуская друкарня імя Фр.Скарыны.

Ідучы далей на захад, даходзім да вуліцы Людос Гірос, даўней называнай Віленскаю.

XVII. Беларускія вогнішчы Вільні

Вільня як у старадаўны час была сталіцай беларускага народу, яго дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, так у новым часе сталася сталіцай яго адраджэньня. Адгэтуль выйшлі першыя легальныя беларускія газэты «Наша доля», «Наша Ніва», «Беларус», "Гоман". Тут перад I Усясьветнай вайной вялі працу беларускія выдавецтвы: «Наша хата» (пры Георгіеўскім праспэкце, 4-10, разам зь бібліятэкай «Знаніе»), «Палачанін» (друкаваў у друкарні Марціна Кухты), «Беларускае Выдавецкае Таварыства» (пры вул. Каштанавай, 5-4). У Вільні пачаў дзейнасьць Першы Беларускі Музычна-Драматычны гурток, які ладзіў беларускія вечарынкі, ставіў спэктаклі, даваў канцэрты. Яго хорам кіраваў ведамы кампазытар i дырыжор Людамір Рагоўскі. Зь Вільні бралі прыклад іншыя беларускія гарады.

У гадох I Усясьветнай вайны Вільня дамагалася прызнаньня беларускае мовы раўнапраўнай зь іншымі мовамі. Тут дзейнічалі беларускія арганізацыі: Беларускі Камітэт, Беларускае Т-ва Дапамогі Ахвярам Вайны, Беларускі Клюб i іншыя. Працавалі вучыцельскія курсы, якія прыгатаўлялі вучыцялёў для арганізаваных беларускіх школаў. У 1917 г. адкрыта беларускі дзіцячы прытулак «Золак» (пры Бэрнардынскім завулку, № 7), a з пачаткам 1919 г. беларускую гімназію. У днях 25-28 студзеня 1918 г. арганізавалася Беларуская Рада Віленшчыны, a 12-14 чэрвеня 1919 г. Беларуская Цэнтральная Рада Віленшчыны i Гарадзеншчыны, якая знаходзілася на Вастрабрамскай вуліцы ў Базылянскіх мурох, a яе галоўнымі прадстаўнікамі былі Бр.Тарашкевіч, Аляксюк, Кахановіч, а. Кушнеў. З пачаткам 20-х гадоў у Вільні, апрача гімназіі, працавала яшчэ 7 беларускіх пачаткавых школ.

Рыскі мірны дагавор з дня 18.III.1921 г. падзяліў Беларусь. Заходняя Беларусь зь Вільняй асталася пад Польшчай. Вільня тады сталася цэнтрам беларускага арганізацыйнага жыцьця Заходняй Беларусі. Тут былі цэнтры беларускіх арганізацыяў i палітычных партыяў. Зь Вільні па ўсёй Заходняй Беларусі рассылаліся дзясяткамі тысяч беларускія газэты, часапісы, кніжкі i іншыя друкі, якія арганізавалі беларускае грамадзтва, падтрымлівалі яго грамадзкае, культурнае i нацыянальнае жыцьцё. Самыя большыя асяродкі беларускасьці ў Вільні знаходзіліся пры Віленскай, Вастрабрамскай i Завальнай вуліцах.

Віленская вуліца

Самым раньнім вогнішчам беларускага нацыянальнага адраджэньня была Віленская вуліца. Цягнулася яна ад вул. Троцкай на паўдні аж да так званага Зялёнага мосту на Вільлі на поўначы. У старадаўны час называлася Вілейскай.

Тут пад № 32 знаходзілася рэдакцыя першай легальнай беларускай газэты «Наша доля». Дазвол на яе выдаваньне атрымаў 12.VIII.1906 г. жыхар Вільні Іван Тукеркес, сын Адама. Першы нумар выйшаў 1(14) верасьня 1906 г. Тады толькі, пасьля рэвалюцыі ў Расеі, беларусы атрымалі права мець свой друк. Да гэтага часу быў толькі расейскі i польскі, часткова летувіскі. Беларускі друк царскім урадам быў забаронены. Доля першай легальнай беларускай газэты таксама не была лёгкай. Выйшла толькі шэсьць нумароў, зь якіх большасьць была сканфіскаваная. Апошні нумар выйшаў 1 сьнежня 1906 г. Далейшы выхад газэты быў забаронены, a рэдактара пакаралі турмой на 1 год.

Пад № 20 церазь нейкі час знаходзілася рэдакцыя другой легальнай беларускай газэты «Наша Ніва». Першы яе нумар выйшаў 10 лістапада 1906 г., i яна выходзіла штотыдня аж да жніўня 1915 г., калі пад Вільню падышоў нямецкі фронт. «Наша Ніва» згуртавала беларускіх паэтаў i пісьменьнікаў, разыходзілася па ўсёй Беларусі i крышталізавала краёвае нацыянальнае пачуцьцё сярод беларускага народу. Адгуляла вялікую ролю ў яго ўсьведамленьні i адраджэньні.

Пад № 12, у памешканьні 6 гэтага дому, у 20-х гадох знаходзіліся рэдакцыі розных беларускіх грамадзкіх i палітычных газэтаў i часапісаў, сакратарыяты Таварыства Беларускай Школы, Школьнай Рады, Беларускага Студэнцкага Саюзу, a ад 1925 г. яшчэ Цэнтральны Сакратарыят Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Там жылі i працавалі кампазытар Антон Грыневіч i мастак Язэп Драздовіч. У памешканьні 7 таго дому ад 1922 да 1925 г. жыў праф. Бр.Тарашкевіч, беларускі вучоны, палітычны дзяяч, пасол ад беларусаў у польскі сойм, пазьней правадыр стотысячнай беларускай партыі - Сялянска-Работніцкай Грамады, найбольшай партыі ня толькі ў Беларусі. У 1927 г. польскімі ўладамі Грамада была разгромлена, a Тарашкевіч зь іншымі дзеячамі арыштаваны, суджаны i ўвосень 1933 г. высланы ў Савецкі Саюз, выменяны на Фр.Аляхновіча. Там яму далі работу ў Маскве, a ў 1938 г. таксама арыштавалі i ў 1941 г. замардавалі. Гэтак памаглі палякам расправіцца зь ім.

Пад № 18 была рэдакцыя газэты «Беларус» (раней была на Сямёнаўскай, 6-5). Была гэта адна зь першых беларускіх газэтаў для беларусаў-каталікоў. Выходзіла штотыдзень ад 14 студзеня 1913 г. да 30 ліпеня 1915 г.

У доме пад № 14 у апошніх гадох перад I Усясьветнай вайной жыў i рэдагаваў «Нашу Ніву» вялікі беларускі паэт Янка Купала.

Пад № 23 у часе першай нямецкай акупацыі знаходзіўся Беларускі камітэт.

Н.Сташкевіч («На пути к истине», Менск, 1983), піша, што Беларускі Народны Камітэт (БНК) у Вільні ўзьнік пры немцах вясной 1915 г. Гэта разыходзіцца з праўдай, бо Вільню немцы занялі толькі 19 верасьня 1915 г. З гэтага ясна, што Беларускі Камітэт (не БНК) узьнік не раней як увосень 1915 г. З пачаткам 1916 г. Беларускі Камітэт арганізаваў у Вільні вучыцельскія курсы, якія першы выпуск настаўнікаў далі ўвосень 1916 г. (гл: Запісы, кніга 2, Бел. Інст. Нав. i Мастацтва, Мюнхэн, 1963, с. 197). Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні ўзьнік значна пазьней.

Каб злучыць у адно ўсе кругі i палітычныя кірункі беларускага грамадзтва, у 1917 г. у лістападзе быў створаны Арганізацыйны Камітэт дзеля скліканьня агульна-беларускай нацыянальнай канфэрэнцыі. У Арганізацыйны Камітэт увайшлі:

ксёндз Ян Семашкевіч зь Меднікаў ад беларускага каталіцкага духавенства, пратаярэй А. Міхал Галянкевіч i ераманах а. Саваціў ад праваслаўнага духавенства, далей: Язэп Ліцкевіч, Вінцэнты Сьвятаполк-Мірскі, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Язэп Салавей, Дамінік Сямашка, Янка Станкевіч, Казімер Шафнагель, Язэп Туркевіч.

Ксяндзу Семашкевічу цяжка было даяжджаць у Вільню, i ў сьнежні ён папрасіў выкрасьліць яго зь ліку сяброў Камітэту. Затое былі прынятыя новыя сябры: Пётр Вянсовіч i Эдвард Мацкевіч.

Арганізацыйны Камітэт знаходзіўся пры Віленскай вуліцы, 23. Да зьдзейсьненьня думкі аб стварэньні прадстаўніцтва беларускіх грамадзкіх i палітычных арганізацыяў дайшло толькі ў 1919 г. Тады 25 травеня 1919 г. быў арганізаваны Беларускі Нацыянальны Камітэт у Вільні, у склад якога з часам увайшлі прадстаўнікі ўсіх беларускіх грамадзкіх i палітычных арганізацыяў Зах. Беларусі.

У гадох 1926-1928 выступілі зь Бел. Нац. Камітату прыхільнікі Савецкага Саюзу i прыхільнікі супрацоўніцтва з польскім урадам. У БНК асталіся толькі арганізацыі незалежніцкага самастойнага кірунку. У студзені 1938 г. БНК быў закрыты польскімі ўладамі. У апошнія гады БНК быў пры вул. Завальнай № 6-10, a ад 1934 г. да закрыцьця пры Завальнай, 1.

Вастрабрамская вуліца

Пра Вастрабрамскую вуліцу коратка гаварылася ўжо раней. Цяпер крыху шырэй. Пачнем ад № 9 Базылянскіх муроў. Да I Усясьветнае вайны была ў ix праваслаўная духоўная сэмінарыя. Як Вільню занялі немцы, зьмясьцілі там свой лазарэт (шпіталь). У канцы 1918 г. немцы пачалі прыгатаўляцца да выхаду з гораду. Дзякуючы стараньням Івана Луцкевіча, немцы Базылянскія муры перадалі Беларускаму Камітэту для арганізаваньня ў ix гімназіі. З пачаткам 1919 г. Вільню занялі бальшавікі. Таксама з пачаткам таго ж году была адкрытая Віленская Беларуская Гімназія. Працу пачалі 1 лютага. Сталася яна кузьняй кадраў беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі. Першым яе дырэктарам быў Міхась Кахановіч, a настаўнікамі Леаніла Чарняўская, Алёна Сакалова-Лекант, кс. Адам Станкевіч, Іван i Антон Луцкевічы, Катовіч, Юліяна Мэнке, Натальля Францлебэн, Максім Гарэцкі. У 1921 г. дырэктарам гімназіі стаў праф. Бр.Тарашкевіч. Далей зь ведамых мне дырэктараў былі: Міхалевіч, Р.Астроўскі, з 1936 г., калі гімназія была перанесена польскімі ўладамі на Дамініканскую вул., 3/5, - Анцукевіч, Кавалевіч, Б.Кіт; калі Вільню перадана Летуве, - кс. Адам Станкевіч; у часе нямецкай акупацыі ў гадох 1941-1944 - Францішак Грышкевіч (гімназія за яго часу знаходзілася на Вастрабрамскай вул. пад № 29).

У Базылянскіх мурох у 1919-1920 г. працавала Беларуская Цэнтральная Рада Віленшчыны i Гарадзеншчыны. Там таксама былі Беларускае Навуковае Таварыства i Беларускі Музэй, які названа імем ведамага беларускага дзеяча i патрыёта, заснавальніка музэя Івана Луцкевіча. Музэй быў у цяжкіх матарыяльных умовах, але існаваў. Працавалі ў ім бясплатна. У часе вайны перанесена яго з Базылянскіх муроў у будынак пры касьцёле сьв. Ганны пры вул. Сьв. Анны. Апошнімі яго дырэктарамі былі мгр. Мар'ян Пецюкевіч i мгр. Янка Шутовіч. Перад вайной вёў яго Антон Луцкевіч - брат аснавальніка Івана. У часе вайны, нямецкай акупацыі, у гэтым музэю працаваў яшчэ польскі кампазытар Тадэвуш Шэлігоўскі, каторы гарманізаваў беларускія народныя песьні. Пасьля апошняе вайны летувісы i расейцы разрабавалі яго.

Каля Базылянскіх муроў на Вастрабрамскай вуліцы былі дзьве беларускія кнігарні: «Надзея» Манковіча, др. І.Станкевіча i Ст.Станкевіча. Ст.Станкевіч вёў сваю кнігарню да самай вайны.

Пры гэтай вуліцы, як спаміналася раней, жыў вялікі беларускі патрыёт i дзяяч кс. Вінцэнты Гадлеўскі, a пад № 29 у часе нямецкай акупацыі працавала Беларуская гімназія. Увесну 1944 г. сьвяткавала яна 25-ыя ўгодкі. Было гэта адначасна пахавальным днём гімназіі. Хутка пасьля таго сьвяткаваньня падыйшоў фронт. У новых умовах, пасьля 25 гадоў існаваньня, да далейшага жыцьця гімназія не паднялася. Вось як «браты» зрабілі зь ёю!

Завальная вуліца

Завальная вуліца бярэ сваю назву ад таго, што калісьці была яна за абаронным валам, якім быў акружаны горад (з часам савецкай улады называецца Комьяўнімо i В.Капсуко).

Пад № 3 у гадох 1823-1862 жыў паэт Уладыслаў Сыракомля (Л.Кандратовіч). Пад уплывам «вясны народаў» на захадзе напісаў верш, які пачынаецца:

Заходзіць сонца пагоднага неба I вее вецер з заходніх нябёс. Здароў будзь, вецер з заходняга боку, Добрыя весьці ты для нас прынёс...

Друк беларускі ў той час расейскай цэнзурай быў стрымліваны. Беларускіх вершаў Сыракомлі захавалася вельмі мала.

Пад № 6 у гадох 1930-1934 быў Беларускі Нацыянальны Камітэт, Беларускі Інстытут Гаспадаркі i Культуры i іншыя арганізацыі, a таксама Беларуская друкарня імя Фр.Скарыны.

Пад № 7 у гадох 1916-1917 знаходзілася рэдакцыя «Гоману». Ад 1 да 3 нумару, г. зн. да 16.VI.1916 рэдакцыя i адміністрацыя былі разам, пазьней адміністрацыя была перанесеная на Малую Стафанскую пад № 23 у дом Клецкіна. Рэдактарам «Гоману» быў Вацлаў Ластоўскі. Газэта выходзіла два разы на тыдзень. У міжваенны час да 1934 г. пад гэтым нумарам была беларуская кнігарня «Пагоня».

У 1934 г. быў перанесены з № 6 пад № 1 Беларускі Нацыянальны Камітэт, Беларускі Інстытут Гаспадаркі i Культуры, Беларускі Студэнцкі Саюз, Студэнцкае таварыства Беларусаведы, цэнтар партыі Беларускай Хрысыдіянскай Дэмакратыі, якая ў 1936 г. прыняла назву Беларускае Народнае Аб'яднаньне, кнігарня «Пагоня» i друкарня імя Фр.Скарыны. Як бачым, у апошніх гадох перад вайной на Завальнай вуліцы былі амаль усе легальныя беларускія арганізацыі.

Адгэтуль выходзіла ў сьвет «Крыніца» - тыднёвік БХД (БНА), рэдактарам якой быў Янка Пазьняк. Газэта была закрыта палякамі ў 1938 г. Тут была рэдакцыя «Шляху моладзі», месячніка, які друкавалі ў друкарні імя Фр.Скарыны пад рэдактарствам Мар'яна Пецюкевіча, a пазьней Язэпа Найдзюка. «Хрысьціянскую Думку» выдаваў кс. Адам Станкевіч спачатку для беларусаў каталікоў, a пасьля закрыцьця беларускіх газэт як тыднёвік агульнабеларускі. Назоў быў захаваны стары, бо на новую газэту палякі не давалі дазволу. Адгэтуль выходзіў месячнік каапэратыўна-гаспадарчы «Беларуская самапомач», рэдактарам быў інж. Адольф Клімовіч, i «Калосьсе» - квартальнік літаратурна-навуковы, пад рэдакцыяй мгр. Яна Шутовіча. Тут друкаваліся i разыходзіліся ў сьвет тысячы паасобнікаў беларускіх кніжак.

Канчаючы гаварыць пра Завальную вуліцу, нельга ня ўспомніць пра Зыгмунта Нагродзкага, які на рагу вуліц Завальнай i Пагулянкі (цяпер Капсуко i Басанавічяўс) меў краму зь сельскагаспадарчымі прыладамі. Вось жа ў канцы мінулага стагодзьдзя ён разам зь сельскагаспадарчымі прыладамі распаўсюджваў першае выданьне «Дудкі беларускай» Фр.Багушэвіча, выданай у 1891 г. у Кракаве. Хто купляў штось з прыладаў, даставаў разам i «Беларускую дудку», a калі тое выданьне разышлося, Нагродзкі выслаў грошы на другое выданьне, якое выйшла ў 1896 г.

Друкарні беларускіх друкаў

Раней ужо спаміналася пра друкарню Марціна Кухты, у якой друкаваліся першыя беларускія газэты i кніжкі. У гадох 1906-1914 яна была пры вуліцы Дварцовай, 4, a ў гг. 1914-1915 пры вуліцы Татарскай. Пазьней была пад назвай «Рух». М.Кухта быў летувісам i пасьля вайны пераехаў у Летуву, вывозячы частку друкарні. Яна друкавала «Нашу Ніву», у час вайны «Гоман», іншыя беларускія газэты й творы беларускіх паэтаў i пісьменьнікаў. З гэтай друкарні выйшла першае выданьне зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», i яна ўвекавечаная Багдановічам. Малады паэт, паміраючы на сухоты, у 1917 г. у Крыме, напісаў хіба апошнія радкі:

У краіне сьветлай, дзе ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты.

У 1918 г. з гэтай друкарні выйшла першая граматыка сучаснай беларускай мовы - «Беларуская граматыка для школ» праф. Бр.Тарашкевіча.

У пазьнейшы час вялікую ролю адгуляла друкарня імя Фр.Скарыны. Думка аб стварэньні сваёй друкарні ўзьнікла сярод беларускага грамадзтва з нагоды сьвяткаваньня ў 1925 г. 400-годзьдзя беларускага друку ў Беларусі - у Вільні, дзе ён быў заснаваны каля 1525 г. Фр. Скарынам.

Дзеля рэалізацыі пляну ўзьнікла ціхая суполка, якую стварылі беларускія паслы ў сойм кс. Адам Станкевіч i Фабіян Ярэміч, кс. В.Гадлеўскі, тады пробашч у Жодзішках, i кс. Андрэй Цікота - ігумен айцоў Марыянаў у Друі.

Арганізацыйныя захады пачаліся ўвясну 1926 г., a вялі ix Фабіян Ярэміч i Язэп Найдзюк. Нанялі яны памешчаньне пры Людвісарскай вуліцы № 1, купілі машыну. Другая машына, меншая, як тады паціху гаварылі, была купленая кс. Андрэем Цікотам. У траўні 1926 г. друкарня пачала работу. На славу першага беларускага друкара i заснавальніка ў пачатку XVI ст. друкарні ў Вільні, першай друкарні ў ВКЛ, a нават ува ўсёй усходняй Эўропе, Францішка Скарыны, друкарню назвалі яго імем.

Кіраўніком друкарні спачатку быў Альбін Стэповіч, пазьней Язэп Найдзюк. Апекаваўся ёю кс. Адам Станкевіч. У хуткім часе прыгатавана сваіх маладых друкароў. Працавалі яны ня толькі ахвярна як друкары, але да гэтага, пачынаючы з 1929 г., бясплатнай працай пачалі выдаваць месячнік для беларускай моладзі «Шлях Моладзі». У гэтым месячніку зьявіліся першыя літаратурныя i публіцыстычныя творы Ю.Жывіцы, што жыве цяпер на Чужыне i піша. Яго рэдактарам быў студэнт Мар'ян Пецюкевіч, a пазьней Язэп Найдзюк.

З часам друкарня разраслася, i ёй было патрэбнае большае памешчаньне. Каля 1930 г. друкарню перанесьлі ў дом пры Завальнай вуліцы, 6-10. Займала яна там ніжні паверх. Над друкарняй былі беларускія арганізацыі. У 1934 г. перанесьлі яе на Завальную, 1, куды таксама перанесьліся беларускія арганізацыі i кнігарня «Пагоня». Там працавала яна да 1944 г., a перастала існаваць як беларуская друкарня разам з паўторным «вызваленьнем» Вільні, калі беларускае нацыянальнае жыцьцё спынілася - чырвоная мятла ўсё падмяла. Аднак, як адна паэтэса сказала: Вільня шэпча па-беларуску.

За час свайго існаваньня друкарня імя Фр.Скарыны, апрача газэт i часапісаў, надрукавала каля 150 назваў беларускіх кнігаў i брашур. Сваёй працай яна зрабіла вялікі ўклад у скарбніцу беларускай культуры i нацыянальнага адраджэньня.

Пры гэтым трэба яшчэ зазначыць, што ня ўсе беларускія друкі ў Вільні выходзілі з друкарні Фр.Скарыны. Празь нейкі час у міжваенным пэрыядзе працавала невялікая друкарня беларуса Знамяроўскага. Ён між іншымі кнігамі надрукаваў i выдаў у 1927 г. «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» праф. У.Ігнатоўскага. Была гэта другая кніга гісторыі Беларусі, выданая ў Вільні. Першая выйшла тут у 1910 г., напісаная Властам (В.Ластоўскім). У апошнія гады перад вайной працавала таксама малая друкарня беларуса М.Багаткевіча, ранейшага друкара друкарні Фр.Скарыны. Друкавала яна газэту «Беларускі фронт», якую выдавалі кс. В.Гадлеўскі, адвакат Шкялёнак, лекар Шчорс i мгр. Папуцэвіч.

Беларускія друкі выходзілі таксама з жыдоўскіх друкарняў. Адзначыліся ў гэтай працы друкарні Левіна пры Нямецкай вуліцы i Б.Клецкіна пры Мала-Стафанскай, 23. Клецкін ня толькі выпускаў з сваёй друкарні беларускія кнігі, але нават сам выдаў некалькі беларускіх кніг.

Заканчэньне

Гэты кароткі нарыс паказуе прошласьць i нацыянальны характар Вільні. Мечыслаў Ліманоўскі, пішучы пра «Найстарэйшую Вільню», сьцвярджае, што была гэта «руская Вільня», што ў цяперашнім разуменьні значыць - беларуская. Такой яна была да XVI ст. Сьведчыць пра гэта колькасьць цэркваў, a ў XVI ст. было ix каля 20.

Насельніцтва Вільні пачало мяняцца ў XVII - XVIII стст., калі пасьля грамадзкага ўсхваляваньня, выкліканага рэлігійнай рэфармацыяй, вялікая частка жыхароў Вільні ад праваслаўнай i вуніяцкай цэркваў перайшла ў «польскую веру» - каталіцкую. Далейшы ўплыў на характар насельніцтва Вільні мела русыфікатарская палітыка цароў маскоўскіх, у выніку чаго этнічна адно насяленьне Вільні разьдзялілася на «польскае» (каталіцкае) i «рускае» (праваслаўнае), a пад «рускім» разумелася тады ўжо рускае-маскоўскае, расейскае. Пры гэтым трэба зьвярнуць увагу на тое, што ў XVIII - XIX стст. палову насельніцтва Вільні, a часам нават большую, складалі жыды. У 1888 г. на 107.286 жыхароў Вільні 56.708 асоб было жыдоўскага паходжаньня. Польскія палітыкі, збройна прылучаючы ў гадох 1919-1922 Вільню да Польшчы, апраўдвалі свой учынак тым, што, маўляў, гэта робяць, бо ў Вільні жыве высокі працэнт палякоў, i таму Вільня польская. Выходзячы з такога апраўданьня, можна было б сказаць, што Вільня ёсьць жыдоўскім горадам, бо найбольш ix было там.

Калі ўжо дайшло да жыдоўскага насяленьня, трэба хоць некалькі слоў аддаць i яму, a асабліва адносінам жыдоўска-беларускім. У адрозьненьне ад часткі польскага насельніцтва, жыды адносіліся ляяльна да краёвых спраў.

У 1917 г., у часе нямецкай акупацыі, летувісы склікалі зьезд прадстаўнікоў да Вільні, які паклікаў Дзяржаўную Раду (Тарыбу). Яе прызналі немцы. Сваёй працай Тарыба мела ахапіць ня толькі летувіскія землі, але таксама i беларускія. Дзеля гэтага ў Тарыбе прадбачвалася 12 месцаў для летувісаў, 6 для беларусаў, 3 для жыдоў, 2 для палякоў i адно для расейцаў. Беларусы на такі падзел мейсцамі не пагадзіліся i ў Тарыбу не пайшлі. Гэтаксама зрабілі i жыды.

9 кастрычніка 1920 г. Вільню збройна заняло польскае войска пад камандай ген. Л.Жалігоўскага, устанавіла г. зв. «Сярэднюю Літву» i пачало арганізоўваць выбары ў віленскі сойм, які фармальна Вільню меў прылучыць да Польшчы.

Тыя выбары байкатавалі летувісы i беларускія арганізацыі. Не пайшлі да ix i жыды.

На пачатку працы Беларускай Гімназіі ў Вільні было шмат маладых жыдоў. У апошніх гадох перад II Усясьветнай вайной нацыяналістычная частка польскага студэнцтва на Віленскім Унівэрсытэце ў аўдыторыях вызначала для студэнтаў жыдоў асобныя лаўкі па левай старане. Жыды не сядалі, аднак, на гэтыя лаўкі, a стаялі. Беларускія студэнты з-за салідарнасьці з нацыянальнымі меншасьцямі, наперакор польскім нацыяналістам, сядалі на лаўкі, вызначаныя для жыдоў (з собскіх успамінаў).

У верасьні 1939 г. Вільню захапіла II Усясьветная вайна. У яе падзеях жыдоўскае насельніцтва Вільні было зьнішчанае. Частка насяленьня, якое чулася палякамі, выехала ў Польшчу. Не перажыло вайны шмат беларускага насельніцтва Вільні, асабліва інтэлігенцыі.

Ад рэдакцыі. Падаем табліцу зьменаў назоваў віленскіх вуліцаў, згаданых у тэксьце.

Пачынаючы з 1940 г., пачало шмат наплываць у Вільню з Жэмайці i з Расеі. У школы ўвялі летувіскую мову i рускую. Былі адкрытыя i польскія школы, адкрыта аддзел польскай мовы пры вышэйшай пэдагагічнай школе, дазволена арганізаваць польскі хор «Wilia», выдаваць польскую газэту «Czerwony sztandar», a таксама пачалі выдаваць на польскай мове раённыя газэты для раёнаў, дзе жылі толькі беларусы. Пра беларусаў новыя чырвоныя летувіскія i рускія паны не хацелі ведаць i слухаць.

Адраджэньне беларускае спынілася, бо ў цяжкіх палітычных умовах пад палякамі яно не змагло яшчэ моцна замацавацца i ўзрасьці на належную вышыню. Вынішчаныя вайною беларусы яшчэ паслабелі, a слабыя ня маюць прыяцеляў. Гэтак вядзецца спакон вякоў.

Тое самае спаткала жыдоўскае насельніцтва, што перажыло бяду.

Канчаючы гэты нарыс, хачу сказаць яшчэ пра падвіленскае насельніцтва. Бясспрэчна, з пункту гледжаньня рэлігійнага, гэтае насельніцтва ёсьць у большасьці каталіцкае. Бяда ў тым, што тут нацыянальнае разуменьне зблытанае з рэлігіяй. Гістарычна мы ведаем, што каталіцтва прыйшло сюды з Польшчы, як «польская вера», i беларусы-каталікі залічаліся да палякоў. Мова гэтага насельніцтва, аднак, была беларуская, аб чым гаворыць Карскі ў сваіх працах («Беларусы», т. I.) У такім асяродзьдзі, у 1869 г. 23 лістапада нейкі ксёндз Ян Баркоўскі ў касьцёле ў Тургелях пад Вільняй гаварыў пропаведзь па-беларуску. Рабіў гэта пад уплывам пробліскаў надыходзячага нацыянальнага адраджэньня ці зь іншых меркаваньняў, няма ведама. Магчыма, гэты самы ксёндз пераехаў у Шарашова i там таксама гаварыў пабеларуску. Гэта не спадабалася польскім ксяндзам. Нацыянальная сьведамасьць пранікала да гэтага насяленьня памалу i ў вельмі неспрыяльных абставінах. Нягледзячы на гэта, падвіленскае насельніцтва дало такіх выдатных беларускіх нацыянальных герояў, як усім ведамага Францішка Багушэвіча (Сьвіраны каля Вільні пры Ашмянскім шляху), які клікаў беларусаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», Алеся Бурбіса, беларускага грамадзкага i палітычнага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў першай беларускай палітычнай арганізацыі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, перайменаванай у 1903 г. на Беларускую Сацыялістычную Грамаду, правадыра Рэвалюцыйнага Камітэту ў Мэйшаголе каля Вільні ў 1905 г.; праф. Браніслава Тарашкевіча (Міцкунская воласьць), выдатнага навукоўца i палітычнага дзеяча, выбранага беларусамі ў 1922 г. на пасла ў польскі сойм, правадыра ў 1926-1927 стотысячнай Беларускай Сялянска-Рабочай Грамады. У той-жа Міцкунскай воласьці ў 1922 г. беларускае насельніцтва прасіла віленскага біскупа, каб у касьцёле ў Лаварышках была ўведзена беларуская мова. Сваю просьбу 120 асоб паўтарыла ў 1925 г. З таго часу ў падвіленскіх мясцовасьцях пачалі зьяўляцца беларускія арганізацыі: як мне ведама, гурток Грамады ў 1926 г. у Рудаміні (10 км на поўдзень ад Вільні), у 1928 г. гурток Беларускага Інстытуту Гаспадаркі i Культуры ў Новай Вілейцы (цяпер у межах горада Вільні), у Медніках, пазьней перанесены ў в. Курганы Шумскай воласьці, у 1929 г. у Кердзееўцах (Гірдзеўцах), пазьней перанесены ў в. Юшкі Тургельскай вол., у Кяйпунах Тургельскай вол., далей у Мураванай Ашмянцы.

Беларускі нацыянальны рух узмацніўся тут у 1940 г., калі Летува пачала ператварацца ў ЛССР.

У школьным годзе 1940/41 на бацькоўскім зборы ў школе ў Тургелях у прысутнасьці партыйных i адміністрацыйных прадстаўнікоў было пастаноўлена аб навучаньні ў школе ў мясцовай мове - беларускай. Зь некаторых мясцовасьцяў у аддзелах асьветы ў Вільні былі пададзены просьбы аб навучаньні ў школах па-беларуску. Аддзел асьветы, як мне ведама, у школы ў Тургелях, Табарышках, Яціунах, Слабадзе-Тракелях накіраваў беларускіх настаўнікаў.

Гады нямецкай акупацыі прынесьлі цяжкія страты беларусам. Настаўніцкі калектыў у Тургельскай школе быў разгромлены. Кіраўнік школы з жонкай у паважным стане былі замучаныя прысланымі забойцамі. Тое самае спаткала настаўніка той школы Войцеха Шутовіча. Настаўніка Міхася Шчаснага вывезена на работу ў Нямеччыну. Былога служачага ў валасной управе ў Тургелях Блавіча Яна i селяніна Міхалоўскага Францішка ў в. Ажэвічы каля Тургель застрэлілі польскія акоўцы. Настаўніка Цьвячкоўскага Антона Яшунскай школы забраў з сабой нейкі праходзячы нямецкі аддзел (a мо пераадзетыя банды?), i болей да школы ён не вярнуўся.

На вёску Гірдзеўцы (б. Тургельская вол.) варожыя элемэнты навялі немцаў. Лавілі Гасюля Флярыяна, але таму ўдалося ўцячы. Застрэлілі яго брата Паўла Гасюля i спалілі ix сялібу.

У 1943 г. прыехалі на грузавым самаходзе ўзброеныя, у масках, i забралі: у вёсцы Кяйпуты - Шавэйку Юліяна i Шавэйку Браніслава, у вёсцы Бігердах - Федаровіча Яна, у вёсцы Лайбішкі (Тургельская вол.) Чаплоўскага Язэпа i Чаплоўскага Яна. Усіх ix пастралялі ў лесе каля вёскі Юшкі. Польскія акоўцы зьбілі ў вёсцы Бігерды ведамага беларускага дзеяча Тургельшчыны, краўца, старэчу ўжо Федаровіча Яна, які ў хуткім часе памёр, a ў вёсцы Місючанах высеклі шомпаламі, разьдзетага, таксама краўца Ярмалковіча Міхася.

Вясной у 1944 г. у вёсцы Сірвіды (Шумскай вол.) мясцовая моладзь пабілася з акоўцамі. У выніку той бойкі аддзел АК акружыў вёску, спаліў сялібу Вайцяхоўскіх, Андрыеўскіх i Баяровічаў. Акрамя гэтага, расстралялі там каваля Вайцяхоўскага Фэлікса i Андрыеўскага Пятра. Тое самае зроблена ў тым часе ў суседняй вёсцы Гудзі. Там акоўцы спалілі сялібу Пачопкаў, a Пачопку Мацея i Пачопку Антона забілі.

Гэта дзеі, зь якімі мне давялося спаткацца. A ці яны ўсе? Тысячы i тысячы было такіх у той час у Беларусі!

У часе нямецкай акупацыі, пасьля жыдоў, у падвіленскіх паўднёва-ўсходніх воласьцях найцяжэйшыя страты мела беларускае жыхарства. Беларускі вясковы актыў быў зьнішчаны. Беларускі дух, аднак, застаўся з прыхаванай варожасьцю да ўсяго чужога. Падвіленскае беларускамоўнае жыхарства далей асталася сьведама i падсьведама вернае сваім традыцыям, хоць без сваей школы, без сваей інтэлігенцыі, пакінутае на сваю долю, перажывае цяжкі нацыянальны ціск пад ботам «братоў» у чырвонай вопратцы, згодна з запаветам Леніна пад «сонцам сталінскай канстытуцыі». У такіх умовах яно пражыло стагодзьдзі. Думаю, што вытрымае з сваёй мовай i далей, дачакае спрыяльных умоваў для свайго культурнага i нацыянальнага жыцьця.

Гэта адбудзецца тады, калі над Беларусьсю будзе палымнець бел-чырвона-белы сьцяг i бараніць межы вольнай нашай дзяржавы Пагоня. Дай Божа, каб гэта сталася хутчэй!

1983 г.

Газэты i часапісы, выдаваныя ў Вільні на беларускай мове

НАША ДОЛЯ, першая легальная беларуская газэта, што выходзіла ад 1(14).IX да 1(14).XII. 1906 г.

НАША НІВА, выходзіла ад 10.ХІ.1906 да 7.ХІІ.1915 г. Тыднёвік. Агульнабеларуская газэта.

САХА, выходзіла ад красавіка 1912 г. да кастрычніка 1913 г, Месячнік. Гаспадарчы часапіс.

БЕЛАРУС, выходзіў лацінскімі літарамі для беларусаў-каталікоў. Тыднёвік.

КРАПІВА, выйшаў толькі адзін нумар у кастрычніку 1912 г. Гумарыстычна-сатырычны часапіс.

У часе I Усясьветнае вайны

ГОМАН, выдаваўся ад 15.11.1916 да 1918 г. Агульна-беларуская газэта.

У міжваенны час

НЕЗАЛЕЖНАЯ БЕЛАРУСЬ, ад 3.ІХ. да 10.XI. 1919 г. Выйшла 14 нумароў.

КРЫНІЦА, выдавалася лацінкай ад 7.IX. 1919 да 1925 г. i

БЕЛАРУСКАЯ КРЫНІЦА, ад 1925 да 1938 г. Тыднёвік Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі, a з 1936 г. Беларускага Народнага Аб'яднаньня. У 1938 г. закрытая палякамі.

БЕЛАРУСКІЯ ВЕДАМАСЬЦІ, выдавалася ад 14.ІХ.1921 да студзеня 1922 г. Забароненая польскімі ўладамі г. зв. Сярэдняй Літвы

ЗМАГАНЬНЕ, выходзіла ад 28.Х.1923 да 31.1.1924 г. Выдавала левае крыло Беларускага Пасольскага Клюбу. Забаронена палякамі.

НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ, выдавалася ад З.ІІІ. да 18.V. 1923 г. Забаронена, выходзіла пад назвай

НАША НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ, да 25.VI.1923 г. Газэта радыкальнага рэвалюцыйнага характару. Забаронена i пад зьмененым назовам.

НАШ ШЛЯХ, выдаваўся ад 1922 да 1925 г. Часапіс Беларускага Студэнцкага Саюзу ў Вільні.

НАШ СЬЦЯГ, выдаваўся ад 5.VI. да 12.VIII.1923 г. Газэта Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі. Забаронена палякамі. Дзеля гэтага пасьля кожнай забароны выходзіла пад іншым назовам:

ПАДНЯТЫ СЬЦЯГ, VIII.1923.

СЬЦЯГ, 19.VIII.1923 г.

СЬЦЯГ НАРОДА 23.VIII.1923 г.

ВОЛЬНЫ СЬЦЯГ, 26.VIII. да 14.X.1923 г.

СЬЦЯГ ВОЛІ, X.1923 г.

ВОЛЯ НАРОДУ, 21-25.Х.1923 г.

ГОЛАС БЕЛАРУСА, выд. ад 14.11 да 19.IV.1924 г. Забаронена. Да лістапада 1924 г. выходзіла пад назовам:

СЫН БЕЛАРУСА, забаронена i пад гэтым назовам.

СТУДЭНЦКАЯ ДУМКА, часапіс Беларускага Студэнцкага Саюзу пры Ўнівэрсытэце Сьцяпана Баторага. Выдавалася нерэгулярна ў гадох 1925 - 1935.

БЕЛАРУСКАЯ ДОЛЯ, выдавалася ад 11.1. да 21.У.1925 г. Газэта Беларускага Пасольскага Клюбу. Выйшла 36 нумараў. Далей была забаронена.

СЯЛЯНСКАЯ НІВА, 1925-1930. Газэта Беларускага Сялянскага Саюзу. Выйшла 199 нумараў.

ЖЫЦЬЦЁ БЕЛАРУСА, 19.VIII 12.ХІ.1925 г. Газэта Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Выходзіла тры разы ў тыдзень. Забаронена.

БЕЛАРУСКАЯ НІВА, XI. 1925 111.1926. Тыднёвік БСР Грамады. Выйшла 35 нумароў. Далей забаронена. Выходзіла пад назовамі:

БЕЛАРУСКАЯ СПРАВА, 9.III 31.VII. 1926 г. Выходзіла два разы на тыдзень. Забаронена.

НАРОДНАЯ СПРАВА, 19.VII.-27.ХІ.1926 г. Выходзіла два разы на тыдзень. Забаронена.

НАША СПРАВА, 30. IX. 1926 22.1.1927 г. Забаронена.

НАШ ГОЛАС, 26.1. - 28.11.1927 г. Забаронена, забаронена таксама i БСГ Грамада.

НАША ПРАЎДА, 30.III - 24.ІХ.1927. Газэта прасавецкага характару. Забаронена.

НАША ПРАЦА, I 29.X. 1927. Як вышэй. Забаронена.

БЕЛАРУСКАЯ ХАТА, 7.Х. 19.ХІІ.1926. Штотыднёвая газэта Беларускага Сялянскага Саюзу.

АВАДЗЕНЬ, з 31 .XII. 1924 г. Гумарыстычна-сатырычны двухтыднёвік. У 1926 г. яго месца заняла

МАЛАНКА, выходзіла нерэгулярна i рэдка да 25.11.1933 г.

ЗАРАНКА, з 1927 да 1933 г. Дзіцячы часапіс. Выходзіў нерэгулярна.

БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРА, літаратурна-грамадзкі месячнік. Выходзіў у 1927 г. Рэдактар Умястоўскі.

ХРЫСЬЦІЯНСКАЯ ДУМКА, выходзіла лацінкай з 1927 г. як рэлігійны часапіс беларускіх каталікоў, выдаваны кс. Адамам Станкевічам. 3 1936 г. з прычыны закрыцьця шматлікіх беларускіх газэт сталася агульнаграмадзкім тыднёвікам. Выходзіла да вайны.

РОДНЫЯ ГОНІ, грамадзка-культурны i літаратурна-мастацкі ілюстраваны часапіс. Выходзіў з III да Х.1927 г. Забаронены.

ШЛЯХ МОЛАДЗІ, з 1927 да 1939 г. месячнік беларускай моладзі, рэд. Язэпам Найдзюком.

НАПЕРАД, з 12.ХІІ.1929 г. газэта Цэнтр. Саюзу Культ. i Гасп. Арганізацыяў (Цэнтрасаюзу). 3 10.Х.1930 пад назовам

НАРОДНЫ ЗВОН, ад 23.XII.1930, a з 6.1.1931 як

БЕЛАРУСКІ ЗВОН да 2.XII.1932 г.

БЕЛАРУСКІ ЛЕТАПІС, штомесячнік, культурна-грамадзкі i літаратурны ворган ТБШ. Выходзіў з травеня 1933 да 1938 r., у некаторых гадох пад назовам «Летапіс ТБШ». У гадох 1934-1935 у сувязі з забаронай ТБШ не выходзіў. У 1938 г. забаронены.

БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА, з 3.11.1926 да 9.111.1928 г. газэта Часовай Беларускай Рады, a пазьней Беларускай Нацыянальнай Рады.

БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭТА, з 8.VI. 1933 да 30.1.1934 г. газэта КПЗБ. Забаронена.

САМАПОМАЧ, з 1933 да 1939 г. зямляробска-каапэратыўны часапіс. Рэд. інж. Адольф Клімовіч.

КАЛОСЬСЕ, з 1935 да 1939 г., літаратурна-навуковы квартальнік. Рэд. Ян Шутовіч.

НОВЫ ШЛЯХ, 1937-1937. Газэта беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Рэд. Ул. Казлоўскі.

РОДНЫ КРАЙ, 1934-1938. Газэта групы Р.Астроўскага.

НАША ВОЛЯ, з 24.ХІІ.1937 да 23.VIII. 1938. Газэта КПЗБ. Рэд. Вінцук Склубоўскі. Забаронена.

ЗОЛАК, 1936-1937. Часапіс беларускіх сацыял-рэвалюцыянэраў, выдаваны на шклографе нерэгулярна. Выд. інж. Бусел, Аўгень Аніско i Косьцевіч.

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ, 1937-1938. Незалежная беларуская газэта. Выходзіла нерэгулярна.

БОРЦЬ, выд. др.Войценка.

ПРАЛЕСКІ, дзіцячы часапіс.

У часе II Усясьветнай вайны

ВІЛЕНСКАЯ ПРАЎДА, з 22.IX. да 12.Х.1939 г. штодзённая газэта на беларускай мове Часовай управы Вільні.

КРЫНІЦА, з I да VI. 1940 г. беларуская газэта для Вільні i ваколіцы ў межах Летувы.

БЕЛАРУСКІ ГОЛАС (?), рэд. Аляхновіч, забіты рускімі ў час нямецкай акупацыі.

Літаратура

Borejsza J.W. Patriota bez paszportu. 1970.

Jasienica P. Polska Jagiellonów. 1967.

Kirkor A. Przewodnik po Wilnie i jego okolicach. - W., 1889.

Kłos J. Wilno. Przewodnik krajoznawczy. - Wilno, 1937.

Kordowicz W. Kontstanty Kalinowski. 1955.

Łapiński A. Zygmunt Stary a Kościół Prawosławny. - W-wa, 1937.

Land S., Plewkiewicz M. Portret Jakuba Jasińskiego. 1964.

Ochmański J. Historia Litwy. - Wrocław, 1967.

Po okolicach Wilniusu. - Wilnius, 1963.

Romer J. Wilno, Poznań, 1934.

Syrokomla W. Wycieczki po Litwie. 1857.

Śapoka A. Lietuvos istorija. - Kaunas, 1936.

Limanowski M. Najstasze Wilno. - In: «Wilno i Ziemia Wileńska» - Wilno, 1930, t. 1.

Александровіч C. Пуцявіны роднага спова. - Мн., 1971.

Беларускі Каляндар. - Беласток, 1965.

Виноградов А. Путеводитель по городу Вильне и его окрестностям. - Вильна, 1904.

Медонис А. Туристы o Вильнюсе. 1965.

Над «Успамінамі Эдуарда Паўловіча». Ніва, 1963, № 33.

Успаміны.

Баршчэўскі А. «Ніва», 1971, № 39, «Беларуская літаратура».

Bułat J. Reportaże z Wileńskich Podziemi. - Wilno, 1966.

Bergman A, Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. - Warzsawa, 1977.

Limanowski M. Wilno i Ziemia Wileńska. - Wilno, 1930.

Запісы, кніга 2, Бел. Інст. Навукі i Мастацтва. - Мюнхэн, 1963. - С. 193.

Tapiński A. Zygmunt Stary a Kościół Prawosławny. - Warszawa, 1937.



[1] Chlebowski В. ("Słownik Geograficzny...", 1895) пра Вільню піша: "...Stwierdzono, że już w XI w. byli udzielni książęta wileńscy. Około r. 1070 siedział na Wilnie Rościsław, syn Rohwołoda, ks. Potockiego, Słuckiego i Druckiego. Po nim nastąpił syn jego Dawid jako książę. Dalej syn tego Dawid II, którego syn Gerden, albo Erden, panuje w Połocku (1264). [Год 1070 паданы памылкова. Магчыма, тут ідзе пра под 1170, бо ў тым часе жыў Рагвалод (Васіль), сын Барыса, які раней быў князем Полацкім, Друцкім, a можа якісь час i Слуцкім. Калі ягоны сын Расьціслаў быў князем Вільні, пазьней яго сын Давід I i ўнук Давід II, то Гердэн быў праўнукам Расьціслава.]

Wkrótce występuje na widownię potężny i sławny Giedymin już nie jako udzielny książę wileński, lecz jako pan całej Litwy i Rusi. Wielkiego Giedymina nasi historycy mianują synem Witenesa, a mieli jeszcze trzeciego brata Weina, także ks. połockiego. Widzimy stąd łączność rodową z przeważnym domem połockim.

Lecz jednocześnie gdy jedni z Rurykowiczów siedzący w Połocku lub drobnych księstewkach ruskich, są wyznawcami wiary Chrystusa, inni panujac nad bałwochwalczą Litwą i Żmujdzią, czczą, lub może udają, że są czcicielami Perkunasa, jak i cała Litwa, jak i sam Giedymin, Kiejstut i Olgierd (Kirkor, Bazylika Litewska, st. 4).

Далей, пішучы пра Вільню, падае: "...Jakoż po śmierci Dawida II ks. wileńskiego, gdy syn jego Gerden panuje w Połocku, nim Witenes objął rzędy wielkoksiążęce (1293) na Wilnie siedział, jak pisze latopis Bychowca (...) niejaki Świntorog. Ten książę wileński przy ujściu rzeki Wilny (Wilejka) do Nerisu (Wilia), w dolinie okolonej górami i pokrytej odwiecznym lasem dębowym wzniósł ołtarz na cześć Perkunasa, rozniecił ogień święty, a miejsce to na całopalenie zwłok książęcych przeznaczył (Narbut, I, c. IV, 248)".

[2] "Wilno i ziemia Wileńska", 1930, разьдзел "Najstarsze Wilno", s. 133: "...Podnosząc się z mostu na Wilence, ulicą Miłosierną (...) na taras ulicy Bakszty, mijamy Sobór metropolitalny i zbliżamy się do dwóch cerkwi, które wiążą się też ze starym Wilnem, mianowicie do cerkwi czy cerkiewki Praksedy Piątnicy, zwanej już za Zygmunta Starego pieszczotliwie Piacionką, oraz cerkwi św. Mikołaja.

Ilość cerkwi, czy mniejszych cerkiewek była tu ongiś większa, skoro zważymy, że obok metropolitalnej, przy bramie Spaskiej stała cerkiew św. Spasa (Chrystusa Zbawiciela), zaś bliżej już Piacionki na rogu dzisiejszego Łatoczka (...) cerkiew św. Mikołaja, nazwana Uśpieniem...

W związku z przeprawą na Wilence było zatem ruskie Wilno... Nigdzie indziej, tylko tu przy brodzie i na tarasie ulicy Bakszty wyrosło ono z biegiem czasu, najprawdopodobniej początkowo z osady rybackiej". [S. 136: "...Prze­prawa przez Wilenkę, wpływ Połocka i rozwój ruskiego miasta od Połocka... to są prawdziwe podstawy Wilna Giedyminowskiego".

[3]У Нацыянальнай Бібліятэцы ў Варшаве ёсьць пісьмо Манюшкі з 3 сьнежня 1849 г. да А. Валіцкага, у якім чытаем: "Podbereski Pamiętnika tom pierwszy ukończył, drugi zacznie się po nowym roku, zdaje się że będzie redaktorem pisma Białoruskiego, o którem znowu mówić zaczynamy - Syrokomla przyjeżdża na kilka tygodni do Wilna, zdaje się wspólnie coś napiszemy".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX