Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман 


Аўтар: Віцьбіч Юрка,
Дадана: 18-03-2018,
Крыніца: Мінск, 1995.



ЧАСТКА І

Ад Аўтара

І

II

III

ІV


ЧАСТКА І

Ад Аўтара

Нарыс «Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман» прысьвечаны паходжаньню і лёсу геаграфічных назоваў у Беларусі, паводля навуковых дадзеных і народных паданьняў. У нарысе прыгадваецца больш за 500 нашых назоваў - гарады, мястэчкі, паасобныя гістарычныя вёскі, гарадзішчы, крушні замкаў, узвышшы, вазёры, рэкі, рэчкі, балоты, пушчы і г.д. У сувязі з колькасьцю назоваў сталася патрэбнай іх клясыфікацыя, як напрыклад - назовы гістарычнага паходжаньня (Тураў, Заслаўе, Рагнедзіна, Барысаў і г.д.), ад рэкаў і вазёраў (Полацак, Віцебск, Пінск, Беласток і г.д.), рэлігійнага паходжаньня (Пярунаў Мост, Ігумен, Духаўшчына, Мар'іна Горка і г.д.), ад людзкіх прозьвішчаў (Азарычы, Баранавічы, Сьвір і г.д.), ад флёры і фаўны (Берасьце, Ельня, Бабруйск і г.д.), тапаграфічныя (Гомель, Рагачоў, Масты і г.д.), ад выкапняў і заняткаў насельніцтва (Ляды, Буды, Менск і г.д.), рознага паходжаньня (Нясьвіж, Чавусы, Слонім і г.д.). Адначасна з тым ці іншым назовам прыгадваю гістарычныя і літаратурныя помнікі, што маюць да яго дачыненьне (Пачатны Летапіс, «Баркулабаўская Кроніка», «Слова пра паход Ігаравы», і г.д.), фальклёр (гістарычныя песьні, прыказкі і г.д.), карыстаюся літаратурнымі рэмінісцэнцыямі (Купала - Магілеў, Багдановіч - Ваўкавыск, Жылка - Вільня і г.д.), прыгадваю выдатных Беларусаў (Леў Сапега - Астроўна, Кастусь Каліноўскі - Мастаўляны, Цётка - Новая Вялейка і г.д.). І калі глыбокапаважаны чытач яшчэ раз пераканаецца ў непаўторнасьці і прыгажосьці нашае Бацькаўшчыны, дык значыцца аўтар дасягнуў тае мэты, да якое імкнуўся ў сваёй працы.

І

Магутны Божа, Ўладар сусьветаў,

Вялізных сонцаў і сэрц малых,

Над Беларусяй ціхой і ветлай

Рассып праменьне Свае хвалы.

Натальля Арсеньнева, «Малітва»

У Вечным горадзе, паблізу аркі Септымуса Севера, пабудаванай у 203 годзе ў гонар перамогі над Партамі, узвышаецца надгробак Ромулюса. Хто, незалежна ад свае нацыянальнасьці, ня ведае яшчэ з часоў свайго маленства паданьня аб двух братох, дзіцях Ромулюсе і Рэмусе, якіх выгадавала сваім малаком ваўчыца? Не падлягае сумлеву, што гэта прыгожая легэнда. Аднак разам з тым яна надзвычай характэрная для нашае Прамаці - старое і мудрае Эўропы. Запраўды - ад малака ваўчыцы паўстае грозны мужны Рома, Рым. І адразу-ж прыгадваецца гэтак званы «Трэйці Рым», што мае ня менш характэрны назоў - Масква. На мове фінскіх народаў «масква» - чорная, брудная вада. Ці наўрад у той далёкі час Масква-рака, разам з сваймі прытокамі нагадвала сучасны натуральны каналізацыйны сток, але для Масквы, як для сталіцы сьпярша Маскоўшчыны, а потым царскае і савецкае Расеі, назоў стаўся прароцкім, сымбалічным.

Ня менш цікавае паходжаннье маюць назовы сталіцаў двух суседніх нам народаў. Украінскія навукоўцы спрабуюць прыстасаваць да паходжаньня назову свае сталіцы і гоцкае «куе» і ангельскае «кеу», але народ пасвойму разьвязвае гэтае пытаньне. Паводля паданьня, прыйшлі зьнекуль тры браты - Кій, Шчэк, Харыў і сястра іхняя Лыбядзь. Ад старэйшага брата горад атрымаў назоў Кіеў, у якім дагэтуль ёсьць Шчэкавіцкая гара з старадаўнымі могілкамі, вуліца Харывіца, а паблізу ад гары і вуліцы выгінаецца рэчка Лыбядзь, што ўцякае ў славуты Дняпро. Польскія навукоўцы прыйшлі да выснаву, што іхняя сталіца паўстала зь вёскі, якая калісьці належыла рыцару Варжу. І тут таксама народ стварае сваё паданьне. На беразе Віслы, каля сталага перавозу празь яе, жыла за даўнейшыя часы прыгожая ўдава Сава. Яна ня ў стане была даць сабе рады ні з сахой ні зь нератам, а таму сталася кухаркай для шматлікіх падарожнікаў. І яна гэтак смачна варыла розныя стравы, што ейныя кліенты - купцы і жаўнеры, урадоўцы і паломшкі - яшчэ з ракі голасна крычэлі ёй: «Варж Сава!»

Калі ўзяць пад увагу, што гэрбам Варшавы, якая спачатку называлася Варжсава, ёсьць грэка-рымская німфа Сырэна, дык ці не адбілася ў ёй празаічная толькі на першы погляд наяда Сава.

Мы Беларусы нагэтулькі прызвычаіліся да дарагіх нашаму сэрцу геаграфічных назоваў свае краіны, што часам проста не заўважваем іхняе сваеасаблівасьці і прыгожасьці. Між тым досыць параўняць беларускія назовы з расейскімі. У Расейцаў, акрамя прыгаданае Масквы, ёсьць Калуга, Тула, Кастрама, Самара, Пенза, Тамбоў і розныя іншыя Арзамасы. Усе гэтыя назовы не расейскага паходжаньня і нічым рашуча аб славянах ня прыгадваюць, што зразумела, бо Расейцы, паводля навуковае мэтрыкі аб нараджэньні, зьяўляюцца эўразійцамі, славянамангольскім гібрыдам. Паказальна, што назоў таго-ж Арзамаса паходзіць ад эрзі-моўнага адгаліненьня народу Мардвы, які належыць да Фіна-Уграў. У нас-жа за малым усе геаграфічныя назовы ёсьць беларускага, славянскага паходжаньня. Гэта нашыя далёкія па часе і родныя па крыві продкі ахрысьцілі нашыя ўзвышшы і балаты, рэкі і вазёры, пушчы і парогі, гэта яны надалі імя працярэбляным імі шляхом і гасьцінцам, як і заснаваным імі гарадом, мястэчкам і вёскам. Запраўды, прыгадайце - Вялейскую Падкову і Наваградзкі Горб, Качайла і Жакаўскі Мох, Князь і Сьвітазь, Бярозу і Лань, Налібокі і Вокаўскі Лес, Рубу і Перакагрыж, Горадню і Смаленск. Мы тубыльцы нашае краіны і калі прыгадваем пра яе, дык паводля вершу Пятруся Броўкі:

Былога быліны, старога паданьні

Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны

Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх

Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,

Па хвалях Дняпра і шырокай Дзьвіны.

Бацькоў нашых слава на іх узьбярэжжах,

Гамоняць пра гэта бары-байкары,

Гамоняць пра гэта і Полацку вежы

І Турава сьцены, і шум Белавежы,

І роднага Менску сівыя муры.

Нашая нацыя нараджалася ў вагні і крыві, якія потым праходзяць праз усю гісторыю Беларусі ад Менскае Нямігі да Вяліскага Пакроўскага поля. Не дарма для першых БНР-аўцаў наш дзяржаўны сьцяг стаўся бел-крывававогнена-белым. Не выпадкова таксама для першых нацдэмаў аднэй з нацыянальных эмблемаў сталася шыпшына, зь яе нібы крывававогненымі кветкамі і гострымі дзідамі. Не аднойчы нашыя ворагі спрабавалі ўвогуле сьцерці нашае імя з памяці людзтва і з мапы Эўропы. Тым больш ня лічыліся ніколі акупанты з нашымі геаграфічнымі назовамі, спрабуючы заўсёды і ў гэтай галіне зьнішчыць бязь сьледу нашае роднае і накінуць нам чужое.

Яшчэ вялікі князь маскоўскі Зьмітра Данскі зьіначыў стары Клічаў, пра які адзначыў летапіс: «Туде живяху Кривичи» на Асташкаў. Потым Іван Жахлівы, у часе Лівонскіх войнаў, перайменаваў горад Белы ў Багародзіцын, Себеж у Івангорад, Дзьвінск у Барысаглебск, Ніжні замак у Полацку ў Стралецкі і г.д. Усе гэтыя зьмены народ ськінуў, як тое лушпавіньне, яшчэ да сьмерці Івана Жахлівага. Ідучы пазьней сьледам расейскага царызму, расейскі бальшавізм зьмяніў Менск на Мінск, Парэчча на Дзямідаў, Ігумен на Чэрвень, Раманава на Ленін, Койданава на Дзяржынск, Вызну на Чырвоную Слабаду, Князь або Жыд на Чырвонае, Прапойск на Слаўгорад і г.д. У сувязі з калектывізацыяй і асабліва з прычыны ўзбуйненьня калгасаў зьніклі дзесяткі тысячаў беларускіх вёсак, разам з сваймі часта-густа паэтычнымі назовамі, набыўшы імёны Варашылава і Кірава, Гусарава і Паталічава, Панамарэнкі і Цанавы. І калі ні адзін геаграфічны назоў у СССР - хай сабе і Волга і Эльбрус не забясьпечаныя ад перайменаваньня, дык у БССР гэтыя зьмены набылі асабліва зьдзеклівы характар.

Сталіца, горад мены - Менск ператварыўся ў Мінск адначасна з дэкрэтам аб перайменаваньні Тыфліса ў Тбілісі. Хіба гэтае ня сьветчыць аб асаблівай увазе «старэйшага брата» да «малодшага»? Парэчча набыло імя расейскага камісара, забітага тут вяліскімі паўстанцамі. Назоў мястэчка Раманаў, старэйшы за дынастыю Раманавых, і можа яшчэ раз даводзіў трапнасьць нашае пашыранае прыказкі: «Ні адзін Гаўрылка, што ў Полацку». Дадатак Жыд да возера Князь зьяўляецца па свайму паходжаньню не юдафобскім, а юдафільскім. Нарэшце самае спалучэньне гэтых назоваў сьветчыць аб дэмакратычнай істоце беларускага народу. Да перайменаваньня Клімавіцкага раёну ў Калінінскі, у гонар бескаляровага «ўсесаюзнага старшыні» Міхала Калініна, магчыма спрычыніліся беларускія нацкамуністыя, бо гэтай зьмене надае жартаўлівы характар ручэй Калінішча, які адвеку працякае праз горад Клімавічы. Што датычыць мястэчка Вызны, дык яно сталася Слабадой ды яшчэ Чырвонай, магчыма якраз таму, што ні адно роўнае па колькасьці насельнікаў мястэчка Беларусі не дало гэтулькі змагароў з расейскім бальшавізмам - паўстанцаў, партызанаў і нацдэмаў, колькі слаўная Вызна.

Бяз сумлеву пальма пяршынства ў галіне перайначваньня нашых геаграфічных назоваў належыць рознакаляровым расейскім імпэрыялістым, але разам з тым яны не зьяўляліся адзінокімі. Гэтак яшчэ Немцы-рыцары Лівонскага ордэну або мечнікі перайменавалі Дзьвінск у Дынабург, Разьніцу ў Рэжыцу, Лужын у Люцын. Створаная адначасна імі прыгожая легэнда аб трох сёстрах Разаліі, Люцыі і Марыі, ад якіх нібы паўсталі Рэжыца, Люцын і Марыенгаўзэн, ня вытрымлівае ніякае крытыкі. Сваяцкія спадкаемцы мечнікаў - гітлераўцы, пэўне ў сувязі з спэцыфічнымі беларускімі ўмовамі, не перайменавалі, на ўзор Ліцманштадту, Менску ў Кубэнштадт. Яны абмежаваліся вылучна перайменаваньнем накінутых Расейцамі вулічных назоваў накшталт імя Сьцяпана Разіна, Карла Маркса, Розы Люксембург і г.д. у імя Бісмарка і Мольтке, Нібэлюнгаў і Горста Вэзэля. Аднак Беларусы, ня вызнаючы ні першых ні другіх назоваў, надалі ў часе вайны сваім сталічньм вуліцам імя 25 Сакавіка, Рагнеды, Францішка Скарыны, Кастуся Каліноўскага, Алеся Гаруна, Іваноўскага і г.д.

Ад Расейцаў і Немцаў, ад імпэрыялістычных двохгаловага арла, сярпа з молатам і свастыкі ня шмат чым розьняцца ў накідваньні свайго іншыя «дабрародныя й пачэсьлівыя нашыя мілыя суседзі», як дыпляматычна і разам з тым гіранічна мянуе іх наш старадаўны гістарычны дакумант. У Палякаў мілагучны назоў Берасьце выбухнуў чужым ды цяжкім для нашае вымовы - Бжэсьцем на Бугу, Беласток ператварыўся ў Бялысток і г.д. Калі для Латышоў Дзьвіна ёсьць Даўгава, а горад - пілс, дык Дзьвінск, у які ўжо раз за сваю гісторыю зьмяніў сваё імя, стаўшыся - Даўгаўпілс. Адначасна яны перафарбавалі Рэжыцу ў Рэзэкне, а Люцын у Лютцэ. Лятувісы дадалі да нашых назоваў свой -эс, але, ня гледзячы на гэтае, Вільнюс не зацьміў сваёй славай вядомую ўсяму сьвету Вільню. Украінцы за часы Пятлюры, а потым Бандэры, магчыма ў сувязі з надзвычай кароткім часам для геаграфічных рэформаў абмежаваліся толькі транскрыпцыйнымі зьменамі Берасьця на «Бэрэстя», ды Пінска на «Пінськ».

Там, дзе пануе акупант, заўсёды знойдзецца, акрамя тысячаў нязломных змагароў зь ім, і падпарадкаваны яму калябарант. Празь некаторы час акупант, замест удзячнасьці, зламае таму самаму найбольш тыповаму калябаранту ў часе допытаў два рабры, а потым сашле дажывотна аж на Ігарку. Але пакуль тое сталася, прыдворны паэта Андрэй Аляксандровіч, якога маем на ўвазе, вырашыў належным чынам ушанаваць праф. Отто Шмідта, што пасьля пагібелі «Чэлюскіна» праз Амэрыку і Эўропу вярнуўся ў Маскву. Даведаўшыся, што праф. Шмідт нарадзіўся ў Магілеве, Аляксандровіч прачытаў яму на менскім вагзале адмысловы верш, які канчаўся вернападданай прапановай зьмяніць назоў Магілева на Шмідт. У той-жа дзень гэты верш Аляксандровіча зьмясьціла на самым пачэсным месцы газэта «Зьвязда» - ворган ЦК КП(б)Б, пагляды якой зьяўляліся абавязковымі для ўсіх сталічных і пэрыфэрыйных, савецкіх і падсавецкіх грамадзянаў. І тым ня менш Магілеў не адгукнуўся ні на прапанову калябаранта, ні на дырэктыву акупанта. Ён захаваў свой стары назоў, што дастаў ад легэндарнага асілка Магілы, пра высокую магілу якога зазначыў Янка Купала:

Над ёю часам дрэвы палі

І горад вырас, як зь зямлі.

Яго Магілевам назвалі,

Бо йнакш прыдумаць не маглі.

II

Калі параўняць паміж сабой мапы Беларусі ад Х ст. і да сучаснасьці, можна побач з шматлікімі гістарычнымі назовамі, якія захаваліся да нашых дзён, заўважыць і шмат гэткіх, паўз носьбітаў якіх абыякава цяпер праходзіць картограф. Яны або заняпалі, ператварыўшыся з магутных калісьці гарадоў у маленькія вёскі, або зусім зьніклі. Іхні лёс нагадывае часам лёс Ігуменскага возера, што высахла бязь сьледу, а ў 1798 г. у ім ледзь-ледзь не патануў швэдзкі кароль Карл ХII, або лёс возера Салаты ў Горадзенскай пушчы, якое ў вадну з рабінавых ночаў 1841 г. пракапала сабе канал даўжынёю ў 15 кілямэтраў ды выцякла дарэшты праз рэчку Ратнічанку ў Нёман. А часам падобныя яны да рэчкі Паніклі ў Вокаўскім лесе, якая ў сваёй хуткай плыні чатыры разы зьнікае пад зямлёй і кажны раз нараджаецца зноў чыстымі крыніцамі і бяжыць да ракі Мяжы, каб, спалучыўшыся зь ёю, трапіць у Дзьвіну. Таму перш чым перайсьці да Туравае Студні і Трапы Траяна, да Магілы Міндоўга і Альгердавага Шляху, мы ня можам амінуць гэтых напаўзабытых сялібаў, атуленых гарадзішчамі, курганамі і славай, тых якраз сялібаў, аб гісторыі якіх трапна зазначыў у часы нашага адраджэньня незабытны Карусь Каганец:

«І на гэтай нашай зямлі спрадвеку нашы дзяды-прадзеды жылі, каторыя ня раз Грэкамі, Немцамі і Рымлянамі трасьлі ... А мы?

Мы - ня знаю, хто мы такія ...»

У 50 кілямэтрах ніжэй Дзьвінску амывае Дзьвіна ўзвышша Герзак, на якім абы-дзе захаваліся зямляныя наспы. Гэта ўсё, што засталося ад калісьці магутнага Гэрсіка - фарпосту Палачанаў у змаганьні зь мечнікамі. Але й сяньня мы чуем запісаны ў 1206 г. хранікёрам Генрыкам і падобны да лябедзінае песьні плач апошняга тутэйшага князя Ўсевалада: «О, Гэрсік, любы горад, о спадчына маіх бацькоў! Лепш не нарадзіцца мне зусім на сьвет, чым бачыць пажар майго гораду і зьнішчэньне майго народу».

Дарэчы, як істотна розьніцца гэты плач беларускага князя ад суму савецкага паэты Аркадзя Куляшова:

Паў горад Віцебск. З думкай горкай

Мы йшлі наўсьцяж Дзьвіны.

Паў Віцебск. Мы яго махорку

Яшчэ курылі да вайны.

На Магілеўшчыне загубілася ў лясох ціхае мястэчка Галаўчыно. Гэта колішні горад «Голотечск», дзе ў 1071 г. Усяслаў Вялікі змагаўся з Уладзіміра-Валынскім князем Яраполкам. Тамашнія захавалі паданьне, што за даўнія часы іхняе цяперашняе мястэчка налічвала 15 цэркваў і 100 кузьняў.

Паблізу адзін ад аднаго знаходзяцца ў паўночнай Віцебшчыне сяло Емянец і мястэчка Езярышча. Праз горад Емянец праяжджаў у 1245 г. Аляксандар Неўскі. Езярышча, як багаты і вялікі горад, прыгадваецца і ў «Кнізе Вялікі Чарцёж» Івана Жахлівага і ў запісах Райнгольда Гайдэнштайна, сакратара Сьцяпана Батуры. Калі з прычыны Лівонскіх войнаў Емянец заняпаў, дык на зьмену яму і часткова запазычыўшы ягоны назоў, паўстаў у XV ст. горад Невель, празь які цячэ рэчка з цалкам запазычаным назовам Емянка. Ад колішняга Езярышча захавалася, акрамя назову, старажытнае гарадзішча на высьпе аднайменнага возера.

На Сеньненшчыне на паўвысьпе возера Стрэжаў бадай нічога не засталося ад Стрэжава - гораду, які належыў унуку Ўсяслава Вялікага князю Рагвалоду, што спакінуў па сабе слынны Рагвалодаў камень. Толькі ўзьбярэжная вёска Стрыжва нагадывае сваім назовам далёкае мінулае. На Смаленшчыне былі гарады Жэчыцы, Каспля, Сьвіркалучча і Зарой. І Жэчыцы і вельмі багатая калісьці Каспля, што прыгадваюцца яшчэ ў «Расьціславае Грамаце» 1150 г., дайшлі да сучаснасьці, як сёлы. Сьвіркалучча таксама ператварылася ў сяло Сьвіркавы Лукі. Зарой, што знаходзіўся на мяжы Смаленскага княства, заняпадаючы паступова, як горад, спачатку стаўся сялом Зарытае, а потым тутэйшыя абшарнікі накінулі яму сваё прозьвішча - Корсіка.

Мястэчка Любань над ракой Арэсай зьяўляецца водгукам вялікага гораду Любашаны, падобна таму, як сяло Кукарава на Ігуменшчыне ёсьць сьлед вялікага гораду з тым-жа назовам. Ад таго гораду засталося мноства паганскіх і хрысьціянскіх магільнікаў, на якіх вялізарныя каменныя крыжы ад часу і вагі напалову праваліліся ў зямлю. І паміж магільнікамі ляжаў пры дарозе камень Пястун. Ён невялікі, але ў народзе існавала паданьне, што ўсе тыя, хто паспрабавалі патурбаваць ягоны супакой, адразу гублялі зрок. На Піншчыне, на вузкай паўвысьпе возера Нобель, зь якога пачынаецца рака Струмень, можна заўважыць сьляды гораду Міндоўга Нобель. І дагэтуль існуе на беразе мястэчка з аднайменным назовам.

Паблізу ад цяперашняга Рагачова былі ў старасьвеччыну аж два вялікія гарады - Лучын і Хлепен. Першы дайшоў да нас, як сяло Лучына, у вакалічнасьці якога знаходзіцца больш за 100 курганоў і 2 гарадзішчы. Хлепен ня менш чым раней вядомы, як Жлобін. Яшчэ ў 1189 г. прыгадваецца стары Брагін, калі кіеўскі князь Рурык на вясельлі свайго дзесяцігадовага сына з васьмігадовай Верхаславай, дачкой Суздальскага князя Ўзяслава, даў маладым «дары многи и горад Брагин». Пазьней у XVII ст. тут у маёнтку Гарадзішча, у палацы князёў Вішнявецкіх упяршыню абвесьціў аб сваім царскім паходжаньні Зьмітра Самазванец, аб чым сьветчыць уцалелы надпіс на камені каля фантану. У часе казацкіх войнаў Брагін дарэшты зьнішчылі Палякі, помсьцячыся за тое, што ён падтрымаў Нябабу, Напаліча і Хвэську. Гэтае зьнішчэньне, як і наступнае адраджэньне, знайшлі адбітак у творы славутага ўзвышэнца Ўладзіміра Дубоўкі:

Няма дзяцюкоў тых, дзяўчыны няма,

А вырас на беразе Брагін.

Навокал мястэчка - істужкай рака,

Назвалі Брагінкаю людзі,

Ня кіне яна на паноў наракаць

Да помсты і звала і будзе.

Калісьці ў Віцебску на Сёмуху каля бабінцу Чорнае Тройцы, што на Пескаваціку, давялося мне пачуць сьляпога старца-лерніка. Адсунуўшы назад торбу, перабіраючы пальцамі рукі клявішы і круцячы правай корбу, ён у такт лерным гукам пяяў:

Падымалісь чорны хмары,

Неба пакрывалі.

І пяяў ён ня голасна, і самы голас, падбіты старасьцю, дрыжэў, але гэтулькі пачуцьця ўкладаў музыка ў сваю песьню, што здавалася ягоныя нявідушчыя вочы бачаць і хмары, і полымя, і даўную зацятую бітву. І можа ні адзін наш музычны інструмант гэтак не адпавядаў ягонай песьні, як задуменная, засмучоная лера.

Прыхадзілі злы Татары,

Пад Крычавам сталі.

Даўно ўжо парасла пустазельлем магіла таго дзеда. Ніхто ня пераняў ягоную забароненую леру. Аднак усёроўна досыць толькі прыгадаць сваю краіну, як загучыць у душы бясконца, зачэпляная ў ёй калісьці лернікам, струна:

Запалілі стары Крычаў, -

Канцы запалілі ...

А ён запраўды стары. Паводля навуковых прыпушчэньняў і народных паданьняў, Крычаў заснавалі яшчэ Крывічы - людзі аднае крыві, надаўшы яму сваё імя Крывічаў. Зь цягам часу назоў гэты зьіначыўся, але як ужо зазначана ў дачыненьні да гораду Невялю і рэчкі Емянкі ды вёскі Стрыжва і возера Стрэжаў, менш за ўсё падлягаюць зьіначаньню назовы рэкаў і вазёраў. Таму рэчка з двумя назовамі - Крычаўка або Крывічанка, што, працякаючы праз Крычаў, у ім далучаецца да Сожу, пацьвярджае верагоднасьць і навуковых прыпушчэньняў і народных паданьняў. А ў іншым паданьні, што сьцьвярджае, нібы горад атрымаў свой назоў ад крыку Татараў, можа акурат адбіваецца той час, калі ён згубіў сваё ранейшае імя. Аб старасьвеччыне гораду сьветчыць яшчэ і царква ў імя прарока Ільлі, пабудаваная на месцы мольбішча Пяруну, і падзямельныя ходы-лёхі мураваныя з трывалае цэглы, якія ідуць ад колішняга замку пад Сож. Аб Крывічох, акрамя Крычава, нагадвае таксама вялікае сяло Крывічы, што шырака разьляглося ў Наваградчыне паміж лукавінамі Нёману. І нарэшце некаторыя гісторыкі даводзяць, што другі вядомы назоў Ніжняга замку ў Вільні - Крывы, які не адпавядае ні тапаграфіі мясцовасьці, ні пляну ягонае пабудовы, зьяўляецца зьіначаньнем першапачаткавага назову - Крывіцкі.

Аб Дрыгвічох, частка якіх зь невядомае прычыны адкалолася ад свайго плямя і, трапіўшы на Балканы, спакінула свой сьлед у назове ракі Драгавіцы, сьветчыць у Беларусі стары Драгічын. Цяпер гэта маленькі горад над Бугам, а калісьці зьяўляўся заходняй сталіцай Дрыгвічоў - людзей, што пасяліліся на балотах, на дрыгвах. Тут у 1238 г. князь Даніла перамог крыжакоў, тут у 1274 г. пасьля зацятага змаганьня ўсё зьнішчыў і спаліў князь Тройдэн. І тут цяпер ціха. Навет рэшткаў не захавалася ад старадаўняе тутэйшае сьвятыні - царквы Божае Маці. Толькі сіні Буг, падмываючы штогод усё больш і больш Замкавую Гару, якая на 45 сажняў уздымаецца над ім, агаляе ейныя лёхі.

Яшчэ «Повесть временных лет» зазначае, што «два браты Радим, а другой Вятко... и пришедша седоста Радим на Сожу». Ня дарма таму глыбокі Сож мянуецца ў тагачасных летапісах, як «Путь на Радимиче». Аднак калі ўсе іншыя плямёны стварылі свае собскія княствы, дык колькасна нешматлікія, у параўнаньні зь імі, Радзімічы - людзі родныя паміж сабой - свае дзяржавы не займелі. «Пачатны летапіс» сьцьвярджае, што Алег у 885 г. прымусіў іх плаціць, акрамя Хазараў, даніну і яму. У 984 г. іх перамог на берагох рэчкі Пясчанкі, а ў той час ракі «Пішчаны» кіеўскі ваявода Воўчы Хвост. Сяньня толькі маленькае мястэчка Радомля зь вялізным старажытным гарадзішчам сьветчыць сваім назовам аб Радзімічах і, паводля навуковых прыпушчэньняў, зьяўлялася іхняй сталіцай. Аднак беларускі народ у сваім фальклёры перахаваў шмат паданьняў аб сваіх продках - Радзімічах.

Наш навуковец Аркадзь Смоліч першым ужыў у сваёй «Геаграфіі Беларусі» назоў - Радань - у дачыненьні да тае часткі Беларусі, дзе жылі калісьці Радзімічы. Падмурак гэтаму назову паклаў другі наш выдатны навуковец Аўдакім Раманаў, які для сваіх мастацкіх твораў навет абраў адмысловы псэўдонім - Радзіміч. Пазьней гэты назоў прапагавалі Зузэмюль і Пачопка, якія для тых, хто зь імі сустракаўся або чытаў іхнія творы, зусім не зьяўляліся напоўанэкдатычнымі асобамі, а добрымі патрыётамі. І хочацца думаць, што гэты новы геаграфічны назоў - Радань - у дачыненьні да тае часткі сучаснае этнаграфічнае Беларусі, дзе калісьці змагалася і працавала жменька родных паміж сабой людзей, станецца нарэшце агульнапашыраным і дарагім для ўсіх Беларусаў.

Калі думаеш пра Ноўгарад-Севярскі, які чамусьці на сучасных мапах апынуўся паза межамі этнаграфічнае Беларусі, дык адразу прыгадваецца з «Пачатнага Летапісу» - «Сели на Дзесне и па Семи и па Суле и назвалися Севера». Гэта тыя Севяране, пра якіх «Повесть временных лет» зазначае: «Радимичи, Вятичи и Север один обычай имяхуть». Потым пад сталым ціскам з боку Полаўцаў і Татараў адбылося некалькі масавых перасяленьняў Севяранаў у зямлю Дрыгвічоў. Пазьней, на бадай што бязьлюдзьдзе, прыйшлі тагачасныя Ўкраінцы. Аднак і цяпер толькі ў самым Ноўгарадзе-Севярскім гавораць па-ўкраінску, а ў ягонай ваколічнасьці скрозь ужываюць тамтэйшы дыялект нашае мовы, да стварэньня якое прылучыліся калісьці і нашыя продкі - Севяране. Ад Севяранаў таксама паходзяць пашыраныя па ўсёй Беларусі селішчы Сяўрукі, зь якіх найбольшае - мястэчка Сяўрук ляжыць на паўдня ад Гомелю.

Тысячагадовы Тураў па адных дадзеных сталіца Драўлянаў - людзей, што жылі паміж дрэваў, у лясох ды пушчах, па другіх Тураў заснаваў, паводля летапісца Нестара, вараг Тур, які зьявіўся сюды адначасна зь зьяўленьням у Полацку варага Рагвалода. Перш за ўсё трэба зазначыць, што вараскае паходжаньне полацкага Рагвалода сяньня самым грунтоўным чынам аспрэчваецца. Ня менш спрэчна і вараскае паходжаньне тураўскага Тура, калі навет параўняць ягонае імя зь імем больш гістарычна вядомага трубчэўскага князя Буй-Тур-Усевалада. Як прыпушчаюць некаторыя навукоўцы, Тураў займеў сваё імя ад вымерлае цяпер жывёлы тура, зь якіх апошні быў забіты ў 1627 г., і, у параўнаньні зь якім ягоны бліжэйшы сваяк, сучасны «імпэратар пушчаў» - магутны зубар, здаецца за дробным. Ці гэтак ці ня гэтак, ці князь Тур заснаваў Тураў, ці ад тура займеў горад свой назоў, але ў цяперашнім Тураве ёсьць і Тур-калодзеж і Турава Гара. Існуе ў народзе паданьне, што Тур-калодзеж, які атрымаў свой назоў ад хрышчэньня ў ім Тура, пазьней Татары, у часе свайго нападу, даверху закідалі груднымі дзяцьмі, і на працягу сямі год пасьля гэтага зь яго, замест вады, крыніцай біла мацярынскае малако. Паводля іншага паданьня Тур-калодзеж мае тры дны: мядзянае, сярэбранае і залатое. Калі прарвецца гэтае залатое дно, дык вада з калодзежу затопіць увесь сьвет. Побач з Туравай Гарой, на месцы даўняга мольбішча Пяруну, знаходзіцца адна з тых 80 цэркваў, што былі ў Тураве ў XVІ ст. Ільлінская, а паблізу ад яе курган Крычаў, назоў якога, як сьцьвярджаюць тураўцы, паходзіць, падобна гораду Крычаву, ад крыку Татараў і запраўды, паводля архэалёгічных дасьледваньняў, ён накапаны за тыя часы. Вакол Турава шмат могільнікаў, курганоў і гарадзішчаў, а паміж імі - Сямірадзец, паблізу якога з Прыпяці выглядаў вялізарны каменны крыж. Існуе паданьне, што яго некалькі разоў спрабавалі выцягнуць з ракі на бераг, але адразу-ж уся Прыпяць пакрывалася крывёю, нібы сьмяротна параненая.

Значны сьлед у геаграфічных назовах нашае Бацькаўшчыны спакінула плямя Велятаў або Люцічаў, якія, паводля дасьледваньняў вядомага навукоўца Шафарыка, мелі за сваю ваяўнічасьць яшчэ мянушку - Ваўкоў. Яны моцна даліся ў знакі і Вікінгам і Франкам, але потым пад ціскам германскіх плямёнаў у цяжкім і няроўным змаганьні зь імі ў сваёй бальшыні анямечыліся, а частка іх пачала пакідаць сваю Заходнюю Прыбалтыку, пасоўваючыся паступова на ўсход. Іхняе імя, як прыпушчаюць, знайшло адбітак ня толькі ў назовах гарадоў, але і ў назове дзяржавы Міндоўга - Літвы.

Існуе цікавае польскае паданьне аб заснаваньні Вільні і паходжаньні ейнага назову. Пасьля паляваньня князь Гедзімін лёг адпачываць на маляўнічым узвышшы, пад якім у Вяльлю ўцякае Вялейка. Яму прысьніўся зялезны воўк, што стаяў на гэтым узвышшы, і выцьцё якога, сугучнае выцьцю ста ваўкоў, шырака разьлягалася на ўсе чатыры бакі сьвету. Пад вялікім уражаньнем гэтага сну, Гедзімін паклікаў мудрага каплана Ліздэйку, які растлумачыў, што на тым месцы, дзе стаяў зялезны воўк, мае паўстаць магутны горад і слава аб ім, як выцьцё таго ваўка, прагучыць шырака на ўсе бакі сьвету. Пасьля прароцтва Ліздэйкі Гедзімін пабудаваў на ўзвышшы замак Вільню, у які й перанёс сваю сталіцу з Трокаў.

Гэтая легэнда знайшла вялікі адбітак у паэзіі, але ня вытрымлівае навуковае крытыкі. Папершае, Вільня вядомая пад гэтым назовам яшчэ задоўга да Гедзіміна. Паводля «Летапісу Быхаўца»: «Обяреть собе великий князь Швинторог местцо на пущи, велми хорошо, подле реки Вельи, где река Вильня упадает у Велью, и просил сына свово Скирмонта, абы на тым местцу было жеглище вчинено». Дарэчы, Катэдральная плошча сучаснае Вільні яшчэ ў мінулым стагодзьдзі менавалася далінай Сьвінтарога, дзе яго калісьці пахавалі, а катадральны сабор пабудаваны на месцы мольбішча Пяруну, заснаванага князем Ськірмантам. У сувязі з гэтым некаторыя навукоўцы прыпушчаюць, што Вільня атрымала свой назоў ад Вяльлі і Вялейкі. Падругое, калі прыгадваеш польскае паданьне, адразу дзівіць, што Гедзіміну чамусьці прысьніўся польскі «вільк». Між тым Гедзімін, акрамя свае роднае летувіскае мовы, добра валодаў тагачаснай беларускай і ці наўрад ведаў польскую гэтак, каб навет сьніць яе, бо Польшча тады аніякай больш-менш значнай вялічынёй не зьяўлялася.

Нарэшце існуе таксама і больш празаічнае паданьне, што назоў Вільні паходзіць ад звычайных вілаў, якія ў сувязі з рэкамі нагадывае тапаграфія тутэйшае мясцовасьці. Аднак і гэтае не пазбаўленае сэнсу паданьне бледне, калі прыгадваеш, што ў ангельскіх, нямецкіх і скандынаўскіх навуковых крыніцах Веляты-Люцічы мянуюцца, як - Wilzi, Witzi, Wilsi. І больш мэтазгодна прыпушчэньне, што дарагі для нас горад заснавалі крэўныя сваякі Крывічоў - Веляты-Люцічы-Ваўкі.

Паўстаньне Вільні, ейны рост і росквіт не зьяўляліся чымсьці лагодным, аб чым сьветчыць прыказка - Не адразу Вільня станавілася, або навет лаянка - Каб табе хадзіць у Вільню горы капаць. Наш народ будаваў яе з рыдлёўкай у руках і зь мячом за паясом. Таму яна для нас яшчэ больш даражэйшая. І таму мы глыбака верым у прароцтва Ўладзіміра Жылкі:

О, Вільня родная, каханая,

Цябе зальле Крывіцкі рух.

Пасьля ўспаміну аб Велятах-Люцічах-Ваўкох зразумела чаму мае нашая краіна старадаўны Ваўкавыск, пра беларускасьць якога гэтак добра прыгадаў Максім Багдановіч:

Што «кнігу гэтую раб Божы, дзяк Гапон

Дзеля душы сьпісаў у месьце Ваўкавыску

У рок сем тысяч сто васьмы з пачатку дзён».

Адсюль зразумела таксама, чаму на Піншчыне, паблізу ад Струменю ёсьць вялікае і старажытняе сяло Вяляцічы, як ёсьць такое-ж сяло на Барысаўшчыне. Тым навукоўцам, хто бярэ пад сумлеў паходжаньне нашага тэрміну «волат» ад Вялятаў-Люцічаў, трэба прыгадаць, што шматлікія курганы ў барысаўскіх Вяляцічах народ называе валатоўкамі і тут-жа паблізу ад Манастырскага Лесу ёсьць Валатоўкавае поле. Нарэшце нельга ў сувязі зь Вялятамі амінуць Валатоўкі ў Віцебску, дзе дарэчы, паводля летапісаў, у 1602 г. быў пасаджаны віцяблянамі на кол украінскі казацкі атаман Дубіна, які магчыма вырашыў, што Беларусь надаецца для ўкраінскае экспансіі.

У сувязі з геаграфічнымі назовамі гістарычнага паходжаньня, што маюць дачыненьне да племяў, нельга амінуць трох плямён, зь якіх адно дайшло да сучаснасьці, як народ. Гэта - Яцьвягі, Дулеба і Лівы.

Ад шматлікага і магутнага калісьці фінскага плямя Ліваў, бязьлітасна перамагаючы якіх, паўстаў Лівонскі ордэн, засталіся толькі некалькі дзесяткаў тысячаў, што жывуць на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора паміж Віндавай і Лібавай. Да іхняга заняпаду спрычыніліся Немцы з Расейцамі, і ня дарма дагэтуль Лівы над труной нябожчыка пяюць: «Ідзі з гэтага сьвету ў сьвет вечнае шчаснасьці, дзе цябе ўжо ня ў стане пакрыўдзіць ні Немец, ні Расеяц». Ад Ліваў паходзіць назоў вялікага возера Сьвібла, што ў паўночнай Віцебшчыне паміж Неўлям і Себяжам. Паводля паданьня, пашыранага паміж Беларусамі і Латгальцамі, на беразе возера калісьці жылі ў поўнай згодзе два плямя - Сьвевы і Лівы. Дачка старшыні Сьвеваў пакахала прыгожага юнака Ліва, і бацькі абодвух рыхтаваліся да вясельля. Але зьнекуль зьявіўся багаты Немец і пачаў падарункамі ды пагрозамі дамагацца каханьня прыгожае Сьвявянкі. Бацька яе, каб адчапіцца ад Немца, запрапанаваў яму на працягу аднае ночы пабудаваць праз возера мост. Немец згадзіўся, але калі перад досьвіткам запяяў певень, зьверху зваліўся вялікі двухсажнёвы камень. Мост застаўся недабудаваным, Немец, пад якога шыўся чорт, назаўсёды зьнікнуў, а Сьвявянка пабралася зь Лівам. Дагэтуль возера падзяляе напалам каменная марэнавая града, што мае назоў Чортаў Мост, і ў пачатку якое на беразе ляжыць вялізарны валун. Самое-ж возера раней называлася Сьвеўлівы і толькі зь цягам часу ператварылася ў Сьвібла.

Аб вядомых калісьці Дулебах - суседзяў Драўлянаў на поўдні нагадываюць сваім назовам рака ды сяло Дулеба на Ігуменшчыне. Крыху большы сьлед спакінулі на мапе нашае краіны ваяўнічыя Яцьвягі. Дагэтуль для навукоўцаў паходжаньне і зьнікненьне гэтага вялікага плямя здаецца ня менш цьмяным і незразумелым, чым гісторыя мідзянаў. Розныя навуковыя прыпушчэньні ў гэтай галіне ўсё-ж ня маюць пад сабой належнага падмурку. Дзівіць, што плямя, якое калісьці далося ў знакі ўсім сваім суседзям, бадай не адбілася ў нашым фальклёры. Толькі колішні горад Яцьвяг на Беласточчыне, вёска Яцьвезь, паблізу Ляхавічаў на Случчыне, ды возера Яцьвязь на Наваградчыне, нагадываюць цяпер аб суворых Яцьвягах.

Прыгадаўшы раней, у сувязі з Драўлянамі, князя Тура, зусім пасьлядоўным зьявіцца пераход да славутых дачкі і ўнука ягонага сябры, а магчыма і сваяка Рагвалода - Рагнеды зь Ізяславам. Яны знайшлі значны водгук ня толькі ў гісторыі, але й у геаграфіі нашае краіны. Падарожжа па гэтых сьвятых для нас месцах лепш за ўсё распачаць зь мястэчка Заслаўя, што на Меншчыне. Гэта ціхае мястэчка на першы пагляд нічым не нагадывае ранейшага гораду Ізяслаў, аб якіх прыгадвае яшчэ летапісец Нестар. Аднак, крыху агледзіўшыся, вы адразу пераканаецеся, што ўсё вакол нагадывае Рагнеду ды князя, ад якога яно атрымала свой назоў і які яшчэ васьмігадовым хлапчуком схапіўся за меч, каб абараніць жыцьцё свае маткі. Адначасна вам прыгадаецца, што якраз ад гэтага князя пайшлі з пашанай успамінаныя ў літаратурных і гістарычных помніках - «Ізяславічы» і што аб ім і ягоных спадкаемцах зазначана: «меч изымают Рагваложыя внуки». Месьцячкоўцы пакажуць вам месца, дзе бяз малага 1000 год таму знаходзіўся палац Ізяслава, рэчкі Княгіньку і Чарніцу, а паміж імі гарадзішча княгіні Рагнеды, што чарніцай-манашкай скончыла сваё жыцьцё, Чорную Гару, дзе быў заснаваны ёю манастыр. Яны пакажуць вам на поўнач ад мястэчка лагчыну, што засталася ад высахлага возера Рагнедзь, а на поўдзень раскапаную і зьняважаную Магілу Рагнеды. І нарэшце тут перахоўваўся старадаўны і цудатворны абраз Заслаўскае Божае Маці, што, паводля паданьня, належыў Рагнедзе і перад якім яна малілася.

У Надзьвіньні між маляўнічымі вазёрамі, якіх паблізу амінае рака Дрыса, прытока Дзьвіны, знаходзіцца парослая векавымі дубамі Гара Рагнеды. Паводля народнага паданьня, чэлядзь кіеўскага князя Ўладзіміра забіла тут каменным молатам полацкага князя Рагвалода з сынамі, а потым тут-жа суродзічы пахавалі ягоную дачку Рагнеду-Гарыславу, выконваючы гэтым ейную перадсьмяротную просьбу. Магчыма гатае паданьне і адпавядае праўдзе, бо калі ў 1866 г. навукоўцы дасьледвалі Магілу Рагнеды ў Заслаўі, дык у знойдзенай і багата звонку аздобленай труне адсутнічаў касьцяк. Затое наступнае паданьне ёсьць усяго толькі прыгожы домысл, у якім аднак адбіліся адвечныя мары народу: скрозь і на Полаччыне і на Віцебшчыне кажуць, што напярэдадні вайны зьяжджае з Гары Рагнеды на белым кані магутны, увесь закуты ў панцыр коньнік. На Дзьвіне-ж, паміж Дрысай і Дзьвінскам, знаходзіцца старажытнае і прыгожае мястэчка Краслаўка. Калісьці гэта адзін з заходніх полацкіх прыгарадаў, які менаваўся Гарыслаўка, у гонар другога імя Рагнеды-Гарыславы, што цалкам адпавядала ейнаму жыцьцю. Паводля паданьня Гарыслава не аднойчы наведвала сваю Гарыслаўку і ў гэтым няма падставаў сумлявацца, бо да прыгранічнага заходняга полацкага прыгараду - гістарычнае Гэрсікі адсюль 70 кілямэтраў, а яшчэ далей, паблізу сучаснага Ашэрадэна, амывала Дзьвіна найбольш заходні з усіх Барысавых камянёў.

На Раслаўшчыне Ізяслаў і Рагнеда знайшлі адбітак у трох геаграфічных назовах - сяло Саслаўль, мястэчка Рагнедзіна і ўрочышча Ляпёхі. Цяперашняе сяло Саслаўль адзначана на мапах ХII ст., як вялікі горад Ізяслаўль. Паблізу ад Саслаўля ў прыгожай мясцовасьці на трох рэчках, зь якіх адна Чарняўка сваім назовам нагадывае рэчку Чарніцу ў Заслаўі, разьляглося мястэчка Рагнедзіна. У двох кілямэтрах ад мястэчка знаходзіцца ўрочышча Ляпёхі і адразу-ж прыгадваецца Ляпёха - адзін з найбольш прыбліжаных слугаў Рагнеды.

Паміж вялікімі вазёрамі ляжыць горад Браслаў або Братыслаў, які заснаваў полацкі князь Брачыслаў - унук Рагнеды, сын Ізяслава і бацька Ўсяслава Вялікага. Гэта якраз той славуты князь, які спакінуў на гістарычных мапах «Шлях Брачыслава», што йдзе ад Полацку да Ноўгараду, і які перамог кіеўскага князя Яраслава Мудрага.

Паміж нашымі геаграфічнымі назовамі, што прыгадваюцца ў нашым найвыдатным помніку старадаўнага пісьменства ХII ст., «Слове пра паход Ігаравы» і бадай бязь зьменаў дайшлі да сучаснасьці, ёсьць два, якія ўсяляк спрабуюць амінуць або перакруціць нясумленныя навукоўцы. Якраз таму трэба на іх адмыслова затрымацца.

Некаторыя камэнтатары «Слова» да выразу зь яго «рища в тропу Трояна», або ў перакладзе Янкі Купалы на нашую сучасную мову і больш падрабязна:

Сьлед Траянавы сочачы, скоры

Цераз полі, даліны на горы!

- прыцягваюць вядомы Траянаў Вал у Бесарабіі, накапаны ў часы рымскага імпэратара Траяна. Паводля новых навуковых дадзеных, гэтая трапа пралягала праз раслаўскія лясы і ў ейным канцы ўзьнікла сучасная Траянава Слабада. Гэта зусім магчыма, бо паза гістарычным Траянам і ягоным валам у нашай старажытнай мове існаваў тэрмін «траян», што ўжываўся ў дачыненьні да здагадлівага, здатнага, выдатнага чалавека, якім зьяўляўся прыгаданы ў сувязі з трапой князь Алег Гарыславіч.

Далей «Слова» ў сувязі з Усяславам Вялікім зазначае:

І скочыў праз поле і лог

К Нямізе з Дудутак ваўком.

Колішнія Дудуткі захаваліся да нашых дзён, як мястэчка Дудзічы, што на Ігуменшчыне. Беларускасьць сучасных Дудзічаў падкрэсьлівае тое, што яны і бліжэйшая ваколічнасьць далі Беларусі Ўладзіміра Хадыку, Сымона Баранавых і Ўладзіміра Дудзіцкага. Раздушыла скала савецкага катаржніка Хадыку, пакутуе на Калыме Баранавых, на эміграцыі былы канцлягернік Дудзіцкі, якога псэўдонім паходзіць ад родных Дудзічаў і які ў вадным з сваіх добрых вершаў «Маем сілу і край свой» адбіў нязломнасьць нашага народу ў паэтычным звароце:

Гляньце, край наш цудоўны -

Расьпялі й павесілі

На крыжы апляваным ...

Як зьдзек такі вынесьці!?

Імя полацкага князя Барыса - сына Ўсяслава Вялікага і дзядзькі Еўфрасіньні-Прадславы цалкам данёс ад 1102 г. да сучаснасьці горад Барысаў. Ад гэтага-ж князя часткова дайшлі да нашых дзён вядомыя Барысавы камяні з прачулым надпісам пад крыжам: «Госпадзі, памазі рабу свайму Барысу».

Акрамя назову горад перахаваў і ўласьцівы нашаму народу супраціў захопнікам. Ягоныя шматлікія работнікі не аднойчы сваймі палітычнымі забастоўкамі змагаліся супраць расейскага царызму і той перабудаваў старадаўны будынак тутэйшага замку ў турму. Двойчы паўставаў Барысаў супраць расейскага бальшавізму, і на Чычагоўскіх Батарэях, што ўзвышаюцца над горадам, ляжыць у брацкіх магілах пасьля паўстаньня 1919 г. і работніцкага галоднага бунту 1933 г. больш за тысячу расстрэленых, пераважна жанчын і падлеткаў. У ваколічных вядомых барысаўскіх лясох змагаліся дарэшты з адвечным усходнім захопнікам Юрка Моніч і Лукаш Семянюк... Старадаўны, вольналюбны беларускі Барысаў годны свайго старадаўнага слаўнага імя.

Вялікая дачка нашага народу сьвятая Еўфрасіньня-Прадслава, кроў ад крыві і Рагнеды і Ўсяслава Вялікага, акрамя вялікага духоўнага сьледу ў нашай нацыянальнай душы, спакінула выдатны матар'яльны помнік - Спаса-Еўфрасіньеўскі манастыр. Хто толькі не спрабаваў зьнішчыць царкву Сьвятога Спаса - нашую народную сьвятыню? Ейныя фрэскі зьнішчалі езуіты, ейныя сьцены разбуралі гарматы Івана Жахлівага, Напалеона, Гітлера, Сталіна, але яна, у часе пабудовы якое дойліду Івану паводля народнага паданьня дапамагалі анёлы, існуе дагэтуль. Зьнікнуў бязь сьледу крыж Еўфрасіньні-Прадславы, цудоўны твор Лазара Богуша, аднак ніхто ня ў стане выкрэсьліць яго з народнае душы, дзе ён гучыць, як покліч:

Зь мячом Рагнеды, з крыжом Прадславы

За Маці-Беларусь!

Ад полацкіх Ізяславічаў пераходзім да князёў смаленскіх, аб якіх нагадываюць сваймі назовамі два гарады нашае Радані - Мсьціслаў і Раслаў. Паводля летапісу, горад Мсьціслаў атрымаў сваё імя ў 1180 г. ад тутэйшага першага князя Мсьціслава Раманавіча, але разам з тым ён ужо вядомы, як Мсьціслаў у «Расьціслававае Грамаце» ад 1150 г., паводля якое плаціў даніну лісамі. Ад далёкае старасьвеччыны захаваліся тут рэшткі вайсковых умацаваньняў на ўзвышшах - Замак і Дзявочая Гара. Можа ні адзін з гарадоў Беларусі не зазнаў гэтулькі ліха ад Масквы, колькі Мсьціслаў. Назаўсёды ўвайшла ў гісторыю «Трубяцкая разьня» 1654 г., пасьля якой тыя тутэйшыя жыхары, што выпадкова засталіся ў жывых, атрымалі мянушку «мсьціслаўскія недасекі». Затое цар Аляксей Міхайлавіч прысабечыў дадатковы тытул - «князь Мсьціслаўскі», род якіх распачаў сын Альгерда Вялікага князь Люгвені-Альгерд. Раслаў, як сьветчыць летапіс, атрымаў сваё імя ад Яраслава, брата полацкага князя Ізяслава. Пэўне, якраз у сувязі з гэтым паўсталі на Раслаўшчыне горад Ізяслаў і сяло Рагнедзіна. Пазьней горад Раслаў, дарэшты разбураны, зноў закладае Ўладзімір Манамах. Тут захаваліся дагэтуль два тагачасныя ўмацаваньні - Сотнікава Гарадзішча і Бурцава Гара, што некалі назызалася Манамахавай. Магчыма пазьней наш народ адмовіўся ад славы Манамаха, якога шапкай каранаваліся Раманавы, і надаў гары сваё, нікім не накінутае імя.

На Нёмне, дзе Меншчына мяжуе зь Ігуменшчынай, знаходзіцца напоўзабытае гістарычнае мястэчка Магільна. Гэты назоў вельмі характэрны для месца, дзе нарадзіліся Міндоўгавічы, як дынастыя. Тут у 1235 г. адбылася лютая бітва войска сына Лютавара і бацькі Міндоўга князя Рынгольда, які паводля сьветчаньня Ўваскрасенскага Летапісу паходзіў з полацкіх князёў. У ўсякім разе не ад Лютавара і не ад Рынгольда пайшлі Міндоўгавічы, як дынастыя, але яны абодвы заклалі падмурак пад гэтую дынастыю. Войска Рынгольда, што складалася пераважна зь Беларусаў, перамагло пад Магільнай моцную кааліцыю тагачасных украінскіх князёў. Тут меў месца найбольшы ў параўнаньні з усім ранейшым рэванш і за Рагвалода, і за крыўду Рагнеды, і за радзіміцкую даніну Алегу, і за Нямігу, і за палон Усяслава Вялікага і г.д. Дагэтуль мястэчка Магільна, зямля ў якім перамешана з чалавечымі касьцямі, нагадывае суцэльны магільнік.

Не Міндоўг заснаваў Наваградак, назоў якога паходзіць ад даўняга вайсковага ўмацаваньня-гарадзішча, што значна раней прыгадваецца ў летапісах, як Наваградак Крывіцкі. Затое за Міндоўга гэты старажытны беларускі горад стаўся другой па часе сталіцай аб'яднанае Літвы і ўжо мянуецца Наваградак Літоўскі. Пазьней назоў Наваградка зьіначыўся на Навагрудак, што ня выпадкова. Горад ляжыць у цэнтры ўзгор'я Наваградзкі Горб, якога вышэйшы пункт - Замковая Гара знаходзіцца ў самым Наваградку. Зь яе, ад велічных крушняў старога замку, маляўнічы далягляд пашыраецца вакол на дзесяткі кілямэтраў. Побач з гатай гарой узвышаецца другая вядомая ў народзе, як Магіла Міндоўга.

Яшчэ за часы Міндоўга нарадзіўся і дагэтуль захаваўся геаграфічны назоў Шайбак Поле ў дачыненьні да ўрочышча, якое знаходзіцца ў 50 кілямэтрах на паўночны захад ад Ліды. Гэта тут Міндоўг перамог татарскую гарду хана Шайбака. Затое сумны лёс пасягнуў назоў гораду Крутагор'е, што зьяўляецца сьветкай славы Ськірмунта, які перамог тут Татараў у 1241 г., праз восем год Міндоўга, а значыцца і нашае. Зь цягам часу заняпаўшы Крутагор'е набыло імя пераможанага і забітага пад ім хана Койдана, стаўшыся вядомым, як мястэчка Койданава, што на Меншчыне. За савецкія часы імя хана зьмяніла імя блізкага яму па духу шэфа чэкістых, і Койданава сталася Дзяржынскам. Аднак калі Койдан усё-ж меў гістарычнае дачыненьне да Койданава, дык Паляк па нацыянальнасьці Фэлікс Дзяржынскі толькі тое, што бальшавікі вырашылі ператварыць прыгранічны з Польшчай беларускі Койданаўскі раён у штучны польскі. А яшчэ магчыма да перайменаваньня спрычынілася і тое, што якраз апрычнікі Дзяржынскага раздушылі ў крыві гэраічнае тутэйшае антыбальшавіцкае паўстаньне, вядомае пад назовам Койданаўскае Незалежнае Рэспублікі, якая на чале з слаўным Паўлюком Калечыцам нейкі час праіснавала ў 1920 годзе.

Пры ўспаміне аб годным свайго бацькі Гедзіміна славутым Альгердзе Вялікім, што «прислонил своё кап'е да Москвы», перш за ўсё прыгадваецца паміж геаграфічных назоваў Альгердаў Шлях. Схэматычны накід яго пазьней зрабіў Райнгольд Гайдэнштайн. Значна пазьней яго дасьледваў А. Сапуноў, але й сяньня можна спазнаць яго па зарослых, але прыкметных прасеках у лясох, па адхонных спусках да рэчак, па перакопах праз узгоркі, па гацях на балатох, па вугальлю ад спаленых вёсак, па знойдзеных абапал яго шышаках і палашах. Ён ідзе ад Полацку паўз мызы Рудні, праз раку Вушач, паўз Мядзьведжае возера проста на Чортаў Мост і, прайшоўшы каля Бахонкавае Гары, губляецца паблізу сучаснага гораду Глыбокага.

Альгердавай Гарой пачало называцца таксама ўзвышша Ламіха ў Віцебску пасьля таго, як Альгерд умацаваў мурамі Ўзгорскі замак, што на ёй знаходзіўся. Як вядома, Альгерд быў жанаты з адзінай дачкой апошняга віцебскага князя Яраслава і перабудаваў асабліва дарагую для віцяблянаў царкву Дабравешчаньня, што захавалася дагатуль. У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя губэрнатары, перайменаваўшы Альгердаву Гару ў «Ваксал Гару», скарысталі яе для пагулянак. У сувязі з гэтым добры Беларус Н. Нікіфароўскі ў сваёй кнізе «Старонкі зь мінулага Віцебску» абураецца на тых, чые «ногі гэтак лёгка топчуць касьцякі незабытных абаронцаў віцебскае цьвярдыні». У 1882 г. увогуле палову гары скапалі, каб пабудаваць «Окружной Суд», а ў 1940 г. бальшавікі меліся скапаць і другую палову, каб пашыраць будынак «Областного Комитета КП(б)Б». І ўрэшце рэштаў пасьля вайны яе скапалі, каб пабудаваць на ейным месцы тэатр. Між тым здавалася, халі сьцісьнеш у даланях жменьку зямлі з Альгердавае Гары, дык паміж пальцамі зацурчыць кроў нашых продкаў.

На першы пагляд калісьці горад, а цяпер вялікая вёска Лошніца, што на Барысаўшчыне, набыла свой назоў ад лосяў, якія дагэтуль ня перавяліся ў тутэйшых лясох. Прынамсі знаны Шпілеўскі ў сваім вядомым творы гэтак і растлумачвае паходжаньне ейнага назову, але зусім інакш разьвязвае гэтае пытаньне народ. Паводля паданьня, за даўнія часы праходзіў тут зь вялікім войскам праз дрымотныя лясы князь Вітаўт. Ён кудысьці сьпяшаўся, але калі яго затрымала навальніца, дык загадаў сваім драбам-пяхотнікам расьцерабіць лес і заначаваць на высокім узвышшы паблізу рэчкі. Драбы, выкапаўшы пячору, абклалі яе ўнутры скурамі і гэткім чынам пабудавалі Вітаўту ложак. З таго часу бязыменная дагэтуль рэчка сталася Ложай, а гара зь пячорай і горад, што на ёй паўстаў - Ложніцай. І гэтае паданьне ня супярэчыць навуковьш дадзеным, бо запраўды Лошніца паўстала ў канцы ХІV ст., калі Вітаўт праходзіў тут у паходзе зь Вільні да Воршы супраць Сьвідрыгайлы. Яшчэ больш пацьвярджае гэтае паданьне тое, што далей на ўсход, каля вёскі Крупкі, захаваліся сьляды старадаўняе дарогі, якую народ называе Вітаўкай, а калодзеж паблізу вёскі Масалаі, вядомы вакол, як Вітавы.

Імя Вітаўта Вялікага адбілася шмат у якіх нашых геаграфічных назовах ды гістарычных помніках. Альгердаў Шлях знаны таксама ў народзе, як Вітавы шлях, бо тут двойчы Вітаўт прайшоў па сьледу свайго стрыечнага брата, значна яго скараціўшы. На Дзьвіне ў 20 кілямэтрах ніжэй Вяліжу дагэтуль існуюць назовы Вітава Гара і Вітавы Мост, пра якія ўпяршыню прыгадвае яшчэ Гайдэнштайн. На Лепельшчыне паблізу ад колішняга гораду, а цяпер мястэчка Варанеч, былі два Вітавы камяні. Адзін зь іх, што ляжаў на беразе возера Варанеч, меў шэсьць высечаных паглыбленьняў і ў народзе менаваўся Вітавы талеркі. Другі, які знаходзіўся на беразе ракі Вушачы, што працякае праз возера, меў таксама два высечаных паглыбленьні, падобных да відэльцаў, і ў народзе карыстаўся пашанай пад назовам Вітавы відэлькі. Паводля паданьня, на гэтых камянёх палуднаваў Вітаўт. Гэтае паданьне верагоднае, бо ў 1426 г. Вітаўт запраўды штурмаваў крэпасьць Варанеч. У Беларусі вядомыя таксама дагэтуль Вітавы гаці, Вітавы броды, Вітавы лазьні і г.д. Дарэчы адзін расейскі дасьледнік гіранічна заўважыў, што недзе на Вялейшчыне вельмі благі мост праз бадай высахлую рэчку Беларусы шануюць і называюць Вітавым. Гэтае перш за ўсё сьветчыць аб тым, які глыбокі і добры сьлед спакінуў у народнай памяці Вітаўт. Гэтае, падругое, таксама сьветчыць толькі аб тым, што народ, які за часы Вітаўта будаваў празь вялікія рэкі вузорныя масты, за часы Раманавых пачаў перакідаць праз рэчкі кладкі. А ўвогуле трапна зазначыў наш паэта пра Беларусь:

І колькі Вітавых Магіл

І замкаў каралевы Боны.

Асабліва ненавісны для Расейцаў дагэтуль кароль Сьцяпан Батура, за часы якога Масква ладне вычула тыя воўчыя клыкі, што зьяўляліся ягоным асабістым гэрбам, спакінуў на мапе Беларусі Батураву Гару. Вельмі характэрна, што яна, атуленая магутнымі дубамі, узвышаецца над падуладнай зубрам Белавескай пушчай. Аднак, што датычыць надзвычай маляўнічага возера Баторын, дык яно пад гэткім назовам прыгадваецца яшчэ за Гедзімінавічаў. У цэнтры іншае нашае пушчы - Аўгустоўскае ляжыць паміж двумя вазёрамі горад Аўгустоў. Паводля архэалёгічных дасьледваньняў, тут яшчэ за часы Дрыгвічоў знаходзілася значнае селішча, назоў якога да нашага часу не дайшоў. Значна пазьней на парослым пушчай попелішчы ў 1560 г. знаны кароль Жыгімонт Аўгуст - сын каралевы Боны і муж Барбары Радзівіл заснаваў горад, накінуўшы яму сваё імя.

Вялікая Паўночная вайна, што акрамя мноства курганоў спакінула сьлед і ў геаграфіі Беларусі, зьяўлялася працягам Лівонскіх войнаў. Аднак за дзьвесьця год істотна зьмяніліся адносіны Рэчы Паспалітае да Беларусаў і наадварот. Таму, калі ў часе Лівонскіх войнаў Літва-Беларусь сталася фронтам, што, абараняючы сябе ад расейкага імпэрыялізму, абараняў тым самым і ўласьціва Польшчу, дык у часе Паўночнае вайны яна сталася арэнай для змаганьня двух імпэрыялістых - Расейцаў і Швэдаў, - зь якіх кажны меў свайго кандыдата на хісткі трон польскага караля. Нашая гістарычная прыказка:

Стуль Маскалі, а стуль Швяды,

Дзе падзецца з такой бяды?!

- сьветчыць ня столькі аб падбітасьці нашага народу, як дзяржаўнага, колькі аб заняпадзе Польшчы, якая ў сувязі зь ігнарацыяй Літвы згубіла ролю вялікае дзяржавы. Затое, што Літоўскі Канцлер Карл-Станіслаў Радзівіл урачыста сустрэў у сваіх Карэлічах Пятра Першага і ўсяляк падтрымліваў ягонага кандыдата Аўгуста Другога, пазьней Швэды зусім спустошылі Нясьвіж, Мір і Карэлічы. Затое, што віцябляне даслалі Карлу ХII вялікую для таго часу суму ў 7 тысяч талераў і падтрымлівалі ягонага кандыдата Станіслава Ляшчынскага, Пётр Першы цалкам спаліў Віцебск. Той-жа лёс і з тае-ж прычыны пасягнуў Магілеў. Гарматы Старога Быхава, што супрацьставіліся Пятру Першаму, былі сасланыя ў Кіеў, які раней падпаў пад уладу Масквы. Дагэтуль даліна Дняпра паміж Магілевам і Буйніцкім манастыром называецца Карлавай Далінай, паблізу ад якое знаходзіцца ўрочышча вядомае да нашых дзён, як Швэдава Зьмена. З другога боку ўрочышча пад Крычавам займела назоў - Пятроў Луг, захаваліся таксама да сучаснасьці Вал Пятра Першага ў Копысі, акопы ў Воршы і г.д. А можа найбольш цікава тое, што ўрочышча паблізу ракі Дзебры, дзе затрымаўся байдак Пятра Першага, мела тады і дагэтуль захавала надзвычай характэрны для захопніка назоў - Грабеж.

Усё-ж ні Рурыкавічы, ні Раманавы бадай не знайшлі адбітку на мапе Беларусі. Запраўды, прыгадайце ў Расеі - Пецярбург, Пятразаводзк, Пецяргоф, Кацярынбург, і гэтак скрозь аж да Аляксеяўскага Равеліна і Аляксандраўскага Цэнтрала. Украіна займела тады - Кацярынаслаў, Елізаветград, Мікалаеў; Каўказ - Кацярынадар і г.д. У Беларусі вылучэньнем хіба зьяўляецца вялікае сяло Аляксеяўскае на Невельшчыне. У XVIII ст. адзін з улюбенцаў Кацярыны Другое, абураны паўстаньнем тутэйшых панцырных баяраў, надаў гэтаму сялу вульгарную мянушку. У часе Першае Сусьветнае вайны яго, паводля адмысловага царскага рэскрыпту, перайменавалі ў гонар царэвіча Аляксея. Аднак бязумоўна ня ў гонар царэвіча Аляксея, закатаванага сваім бацькам Пятром Першым, а ў імя апошняга царэвіча Расейскае імпэрыі.

Не паддаюцца ўліку ўсе геаграфічныя назовы ў Беларусі, што паходзяць ад даўняга вайсковага ўмацаваньня-гарадзішчаў. Перш за ўсё іхняя нязьлічоная колькасьць сьветчыць аб сталым змаганьні нашага народу з чужацкімі захопнікамі. На першы пагляд сучасьніка ўзвышша на высьпе ці на паўвысьпе возера, або паміж рэкамі і рэчкамі, з насыпанымі вакол валамі ці выкапанымі акопамі і абгароджанае (адсюль - гарадзішча) драўлянымі сьценамі, магчыма здаецца сьціпльм. Аднак ня трэба ніколі губляць пачуцьця гістарычнае пэрспэктывы да часу аддаленага ад нас на шмат стагодзьдзяў, бо навет на вачох нашага пакаленьня закутыя ў жалезабетон лініі Зігфрыда і Мажыно сталіся сьціплымі ў параўнаньні з атамовай бомбай. Не забывальна таксама тое, што ўзброены прашчой Давід забіў Галіяфа. Дарэчы характэрна, што гэтая біблійная падзея адбілася ў гэрбе гораду Невелю. І пры ўспаміне аб гарадзішчах прыгадваецца слаўны меч нашых стакроць слаўных продкаў, які ўшанаваў узвышэнец Уладзімір Жылка:

Абцёр пабожна йржу часу благога,

І заблішчэў старых стагодзьдзяў сон,

І напіс на клінку, нібы закон, -

«Да рэшты бой!» зірнуў загадам строга.

На высокім правым беразе Нёману, дзе ўцякае ў яго рэчка Гараднічанка, разьлёгся з давен даўна колішні Горадзен, які Расейцы зьіначылі ў Гродно, а для нас ён заўсёды Горадня. Не Казімір Ягелёнчык і не Сьцяпан Батура, што любілі гэты горад, заснавалі яго, а Дрыгвічы. І не Стары Замак Сасаў, і ня Новы Замак, дзе ў часе агоніі «Шкумацьцёвае імпэрыі» - Рэчы Паспалітае адбыўся «Нямы Сойм» цікавяць нас тут. Нас расчульваюць рэшткі Ніжняе Замкавае царквы, пабудаванае ў пачатку ХII ст. на падмурку яшчэ старэйшае царквы, у якім знойдзены паганскі аўтарны камень. Нас расчульваюць крушні Барысаглебскае, або Калажанскае царквы, што на Калажанскай Гары і пабудаваная ў 1064 г. Характэрна асьветчаньне сучасных расейскіх дасьледнікаў Вароніна і Крамера, якія, наўсуперак афіцыйнай бальшавіцкай лініі, шчыра зазначылі: «Помнікі Горадні з ХII ст. нагэтулькі сваеасаблівыя ў сваіх будаўнічых норавах і ў сваёй багатай шматкаляровасьці вонкавага ўпрыгожаньня, што падобную шматкаляровасьць расейская архітэктура мела толькі ў XVІ-XVII стагодзьдзях».

На Віцебшчыне там, дзе ў прытоку Вобалі ў рэчку Гаражанку ўцякае рэчка Няшчэрда, знаходзіцца маленькі павятовы Гарадок. На правым беразе Гаражанкі, у гарадзкім садзе Ліпках захаваліся сьляды даўняшняга ўмацаваньня - акопы, што абмяжоўваюць сабой чатырохкутовую пляцоўку. Насупраць на левым беразе можна заўважыць рэшткі замкавага каменнага, нібы крывавага муру, і пад ім унізе крыніцу з чыстай, як сьляза, крыштальнай вадой, якую наш народ паважае за сьвятую. Расейскі навуковец Арцыбашэў у сваім «Повестовании о России» прыпушчае, што гэта і ёсьць той самы Гарадзец, які зьяўляўся ўдзелам полацкага князя Ўладара Глебавіча, аднак ня ў стане чым-небудзь сваё прыпушчэньне пацьвердзіць. Ужо невядома, хто і калі заснаваў, як хто і калі разбурыў гарадзішча і замак, але адно не падлягае сумлеву, што тут пралілося шмат беларускае крыві. Б'е з-пад крывавага муру сьвятая крыніца. Плача па сваіх сынох Беларусь.

На ахутанай паданьнямі Віцебшчыне, у трох кілямэтрах ад мястэчка Янавічы каля ўзвышша, на якім калісьці было гарадзішча, ёсьць вёска Гарадок. Паводля паданьня, запісанага яшчэ няўтомным Н. Нікіфароўскім, а пазьней пачутага ў Гарадку аўтарам гэтых радкоў, пасярод гарадзішча за даўнія часы стаяла царква, што разам зь сьвятаром і ўсімі парахвіянамі правалілася пад зямлю. Гэтае сталася ў часе Божае Службы з просьбай аб ратаваньні ад татарскае навалы. Шмат разоў чулі тут некаторыя з-пад зямлі і трызвон і царкоўныя сьпевы, хаця час Божае Службы ў падзямельнай царкве і ў ваколічных сёлах супадае цяпер толькі на Вялікдзень. Аднойчы падзямельная царква паднялася зусім да паверхні і пад ейны ўрачысты трызвон, што чуўся далёка вакол, зьявіўся з-пад зямлі шпіль з крыжам, але, калі вяскоўцы рынуліся з рыдлёўкамі, каб адкапаць яе, дык яна яшчэ глыбей правалілася пад зямлю. Мне не давялося пачуць на тым узвышшы падзямельнага звону. Аднак разам з тамтэйшымі вяскоўцамі і створаным імі паданьнем глыбака веру, што ніколі не парасьце ні лесам, ні хмызьняком тое старое гарадзішча, бо прыйдзе час і назаўсёды выйдзе навонкі падзямельная царква.

Паміж іншымі нязьлічонымі Гораднямі, Гарадзішчамі, Гарадкамі і Гарадзеямі варта прыгадаць два суседнія Гарадкі на Меншчыне, зь якіх адзін Гарадок Саламярэцкі, што адзначаны ў летапісу пад 1161 г., ляжыць на рацэ Вячы, а другі ня менш старадаўны Гарадок Астрашыцкі на рацэ Усьвяжы. Заслугоўвае ўвагі колішні прыгарад Турава Давід-Гарадок, што ляжыць на выспах ракі Гарыні. Ягоны назоў паходзіць ад князя Тура, які пасьля хрышчэньня атрымаў імя Давід. Нельга ня прыгадаць таксама пра найбольш заходні з усіх нашых Гарадкоў - мястэчка Гарадок на Беласточчыне. Горадзен на Пружаншчыне, прыгожае мястэчка Гарадзішча на Наваградчыне, паблізу ад якога знаходзіцца высокае ўзвышша з валамі і вёска з характэрным назовам - Акопы. Нарэшце нельга амінуць старадаўны горад, а цяпер мястэчка Горадню на Піншчыне. Помніце, як паводля «Слова пра паход Ігаравы» адбілася сьмерць князя Ізяслава Васількавіча на гэтай самай гістарычнай Гародні?

Засмуцілася вясёласьць,

Песьні замаўкаюць

І жалобна, сумна трубы

У Гародні граюць.

На Магілеўшчыне, на паўвысьпе возера Галабай, ёсьць старое мястэчка Мікуліна Гарадзішча. Здаўна і за часы Літвы, і за часы Рэчы Паспалітае, яно зьяўлялася апошнім зборным пунктам для паасобных аддзелаў войска, якое адгэтуль рушылася далей на Маскву. Па сярэдзіне мястэчка захавалася вялікая яма. Паводля народнага паданьня, тут калісьці на Вялікдзень правалілася царква і мікулінцы не закапваюць гэтай ямы, зь якой некаторыя чулі трызвон.

На Сеньненшчыне паблізу ад мястэчка Талачын і вельмі прыгожае рэчкі Усьвіж Бук знаходзіцца старажытная вёска Высокі Гарадзец. Тут у 1901 г. нарадзіўся выдатны беларусхі пісьменьнік Міхась Зарэцкі. У 1936 г. НКВД расстраляла яго, але, як характэрна, што іменна ў Высокім Гарадцы ён узгадаваўся. На ўскраіне гэтае вёскі адвеку ляжаў валун, вядомы ў народзе пад назовам - Сьцяпан, або Кравец. Калісьці - расказвалі дзяды - Сьцяпан валодаў цудоўнай сілай. Досыць было толькі ўвечары прынесьці да яго скроеную тканіну і папрасіць:

- Сьцяпан, пашый мне жупан! - як раніцай на паверхні камяню ляхала вопратка. Доўгі час Сьцяпан абшываў тутэйшых сялянаў, атрымаўшы ад іх яшчэ назоў - Кравец, аж пакуль аднойчы адна недарэчная жанчына адважылася пажартаваць зь яго. Яна прынесла абыяк скроеную тканіну і загадала:

- Сьцяпан, пашый мне ні тое ні сёе!

Назаўтра яна пабачыла, што ейная просьба паслухмяна выкананая, і рукавы вопраткі прышытыя ня там, дзе трэба. Аднак пасьля гэтага абражаны Сьцяпан назаўсёды кінуў шыць. У 90-х гадох мінулага стагодзьдзя вядомы навуковец А. Раманаў нечакана знайшоў на гэтым камяні пад мохам крыж зь літарамі і пераканаўся, што гэта адзін з Барысавых камянёў. Калі ў 1939 г. аўтару гэтых радкоў давялося наведаць Высокі Гарадзец, дык ён з жалем даведаўся, што 14 ліпеня 1934 г. бальшавікі падарвалі гэты гістарычны камень. Не забывайма ніколі ні пра стрэл, што забіў нашага выдатнага пісьменьніка, ні пра выбух, што зьнішчыў нашую нацыянальную сьвятыню.

На ўскраіне Полацку знаходзіцца невялікае, але глыбокае Валоўе возера. Паводля аднаго з паданьняў, яго калісьці з усіх бакоў абкружаў горад, і гэта магчыма адпавядае праўдзе, бо ў XVІ ст. у Полацку налічвалася больш за 100 тыс. жыхароў. Назоў возера, таксама паводля паданьня, паходзідь ад вялізнага белага вала, які ў часе моцньгх навальніцаў, невядома скуль зьявіўшыся, адганяў ад возера ўсіх, хто хацеў да яго падыйсьці. І гэтае паданьне не пазбаўленае сэнсу. Як сьветчыць летапіс, на беразе Валоўяга возера, у сьвятым гаю, было за даўнія часы мольбішча Пяруну. У народнай памяці гэтая быліца не захавалася, але затое ў паданьні зьявіўся вол, як вартаўнік сьвятыні. Аднак да назову Валоўяга возера спрычыніўся ня вол, а вал, накапаны на ягоным беразе яшчэ за часы Ізяславічаў, што абараняў Полацак ад Ноўгараду. Тут у 1562 г. Іван Жахлівы, вынішчыўшы перад гэтым напалову полацкіх Беларусаў, уласнаручна тапіў Жыдоў, тут у 1812 г. адбыліся дзьве лютыя бітвы. У часе першае, у жніўні, маршал Напалеона Удыно атрымаў сваю 27-ую па ліку рану і яго зьмяніў маршал Сен-Сір. У часе друтое ў кастрычніку на самым валу быў ранены Сен-Сір.

На Берасьцейшчыне, на рацэ Ласьне знаходзіцца вялікае мястэчка Камянец Літоўскі. Тут, як і ў суседніх Берасьці Літоўскім ды Высокім Літоўскім, ніколі ня жылі Летувісы, а назоў іх тлумачыцца тым, што нашая Бацькаўшчына Літва падкрэсьліла на сваім прыграніччы прыналежнасьць гэтых гарадоў да яе. Назоў Камянец мястэчка набыло ад пабудаванага ў ім у канцы ХIII ст. вайсковага ўмацаваньня - каменнае белае вежы, якую наш народ называе стаўпом. Маючы ў вышыню 17 сажняў, у вакружыну - 16, зубчасты верх і амбразуры, яна ўзвышаецца над ракой, за якой распачынаецца Белавеская пушча. Абкружаная яка таксама глыбокім ровам, які ў часе небясьпекі хутха напаўняўся вадой. Яе не амінуў слаўны Власт, зазначыўшы ў сваім творы з адпаведным назовам «Векавечная мяжа»: «А вежа, якую будаваў тады Радар, і дагэтуль стаіць у мясцовасьці Камянцом званай».

Ад беларускіх геаграфічных назоваў, да паходжаньня якіх спрычыніліся нашыя плямёны, Ізяславічы, Міндоўгавічы, Гедзімінавічы, Сьцяпан Батура, Жыгімонт Аўгуст, Паўночная вайна, старадаўнія вайсковыя ўмацаваньні, пераходжу цяпер да тых назоваў гістарычнага паходжаньня, што стаяць паза кагадзе адзначаным распарадкам. І зноў магілы і кроў.

Шырока разьлёгся па абодвух берагох Дняпра і рэчкі Дубравенькі стары Магілеў. Ягонае паходжаньне знайшло раней прыгаданы добры адбітак у паэме Янкі Купалы і ня менш прыгожа адбіўся ён у «Летапісцу» Максіма Багдановіча:

Ён пільна летапіс чацьверты піша год

І сьпісвае ўсё ад слова і да слова

З даўнейшых граматак пра долю Магілёва.

Паводля паданьня, тут жылі калісьці ў непралазных лясох атаманы Магіла, Машэка і Гвозд. Яны затрымлівалі князёўскія ды купецкія стругі, што шлі па Дняпру з тутэйшай данінай і заморскімі таварамі. Народ з цяплынёй прыгадвае іх, як нашых Робін Гудаў, што заўсёды дзялілі свой здабытак зь сялянскай ды мяшчанскай галечай. І таму гораду, што паўстаў на іхніх магілках, яны з пашанай надалі імя Магілеў, а прадмесьце ягонае дагэтуль вядомае, як Гваздоўка. Але гэтае паданьне ўсё-ж ня зусім супадае з навуковымі дадзенымі. У самым горадзе архэалёгі раскапалі вялікую стаянку чалавека каменнага веку з мноствам краменнае зброі. Чалавек на досьвітках гісторыі пабудаваў гарадзішча на беразе Дубравенкі, што часткова захавалася да нашых дзён. Там, дзе Дубравенка ўцякае ў Дняпро, яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя былі курганы, у якіх знайшлі ўсе рэчы, адзначаныя для пахавальнага абраду нашых продкаў. У XVІ ст. былі тут накапаныя тры вялікія валы, ад якіх і гарадзкі парк, што ўзьнікнуў пазьней, ведамы пад назовам - Вал. За авалоданьне гэтымі вайсковымі ўмацаваньнямі не аднойчы адбываліся крывавыя бітвы, а ў выснаве іх шмат вялікіх і малых магілаў, ад якіх і паходзіць назоў нашага Магілева. Не дарма сьвятар Аляксей Мсьціславец у славутай «Баркулабаўскай Кроніцы» за 1580 г. адзначае: «Москву от Могилева отперли, побили, отогнали. Страшно было трупу московского гледети, реку Днепр сильным трупом язовища загородили, из колько недель днепровое рыбы не ядали и воды не пивали, для великого гнюсу трупу московского».

Як сьветчаць польскія гісторыкі, вядомы кіеўскі князь Яраслаў Мудры, адціснуўшы ў часе паходу Яцьвягаў, заснаваў у 1044 г. на іхняй зямлі горад Курганы. Крыху пазьней Кіяўлянаў адсюль зноў выціснулі Яцьвягі, потым Яцьвягаў Беларусы, а горад Курганы набыў невядомы па свайму паходжаньню назоў - Трокі. Гэты горад, што зьяўляўся цьвярдыняй Літвы ў змаганьні з Крыжакамі і ейнай другой па часу сталіцай, стаўся адным з найдаражэйшых для Беларусаў гарадоў. Ланцуг вакольных маляўнічых вазёраў - Лука, Бэрнардынскае, Галва, Татарскае, Акніяны і іншыя, што ўжо самыя па сабе зьяўляліся перашкодай для захопнікаў, набылі яшчэ большую вайсковую вартасьць, калі на горнай высьпе возера Галвы паўстаў злучаны зь берагам таемным падзямельным лёхам магутны замак, які па сваіх архітэктурных рысах нагадываў нідэрляндзка-францускія замкі. Ён знаны пад назовам - Замак Гедзіміна, а часам - Замак Кейстута. Тут нарадзіўся і памёр Вітаўт Вялікі. У самых Троках яшчэ ягоная жонка Ўльляна Гальшанская пабудавала Юр'еўскую царкву, а Вітаўт ахвяраваў у яе падараваны яму візантыйскім імпэратарам Мануілам Другім абраз, што потым стаўся шырока слынны, як цудатворны абраз Троцкае Божае Маці. Пазьней на месцы гэтае праваслаўнае царквы паўстаў фарны касьцёл, у якім і перахоўваўся цудатворны абраз. Вакол Трокаў наш народ стварыў шмат паданьняў. Самае возера Галва, паводля аднаго паданьня, патрабуе штогод ад людзей даніну і навет потым ня выкідвае на бераг сваей ахвяры. Гэтым яно між іншым розьніцца ад возера Нарач, што за галодныя гады выкідвала на бераг шмат рыбы. Ад крушняў замку, якія вакол амывае Галва, як сьцьвярджае іншае паданьне, часам чуюцца перадсьмяротныя крыкі Крыжакаў. Тут некаторыя бачылі за нашыя часы і Кейстута, і Гедзіміна, і Альгерда, і Вітаўта. І крушні гэтыя, парослыя шыпшынай, для нас Беларусаў ня менш даражэйшыя, чым для Немцаў крушні замкаў Барбаросы.

На Піншчыне ёсьць вялікае сяло Стахаў, што ляжыць на рэчцы Прыпяткі, прытокі Прыпяці. На першы пагляд ягоны назоў паходзіць ад імя, але гэтае прыпушчэньне адпадае, бо сяло ўжо на мапах ХII ст. уваходзіла, як горад Стахаў у склад Тураўскае зямлі. Таму больш адпаведным праўдзе здаецца наступнае паданьне. Паводля яго, за даўнія часы эмігрант з Усходу князь Карачэўскі на чале нязначнага аддзелу зьнішчыў сотню Полаўцаў, што трапілі ў Піншчыну. У падзяку князь атрымаў у вечнае і патомнае валоданьне ня толькі поле бітвы, але й гатулькі зямлі вакол яго, дзе чуўся гук паляўнічага ражка з поля. Ад гэтых ста Полаўцаў і назоў Стахаў, селішча, што пазьней паўстала на полі зацятае бітвы.

На паўночнай Віцебшчыне пралягло ад Невялю да Себяжу ўзгор'е - Райскія Горы, якія зьяўляюцца вадападзелам паміж Дзьвіной і Вялікай. У гэтых Райскіх Горах найбольшую вядомасьць мае Багатыр Гара, што знаходзіцца паблізу мястэчка Расоны. На гэтай гары, паводля народнага паданьня, за даўнія часы жыла жанчына вялізарнага росту і гаткай-жа сілы. Ваду на сваю гару яна насіла за 10 вёрст з возера Няшчэрды адразу па два цэбры, зь якіх у кажны ўлазіла 15 судаў, або 30 вёдраў, а каромыслам ёй паслужыўся - дубовы калодзежны вочап. Аднойчы яе затрымалі Татары і запыталіся:

- Як бліжэй патрапіць да Полацку?

Жанчына адказала, што ніколі й ня чула пра гэткі горад, а між тым зь ейнае гары ў яснае надвор'е сьвяцілася белай плямай над лясамі за дзесяткі вёрстаў Сьвятая Сафія. Раззлаваныя Татары рынуліся на жанчыну. Яна сваім каромыслам бадай што ўсіх іх перабіла, але-ж адна з татарскіх стрэлаў трапіла ёй проста ў сэрца. Яе пахавалі на ейнай гары, што з таго часу атрымала адмысловы назоў Багатыр Гара і таксама тады з апракінутых ёю цэбраў пацякла рэчка Багатырка, што бязупынку цячэ дагэтуль.

На Случчыне ў старадаўным мястэчку Клецку, што на рацэ Ушы, знаходзіцца возера Красны Стаў. У 1503 г. Татары зьнішчылі дарэшты тагачасны горад Клецак і паланілі ўсіх ягоных жыхароў, што толькі засталіся пасьля бітвы ў жывых. Аднак праз тры гады Татары тут-жа займелі зьнішчальную паражку, і пераможцы, акрамя багатае здабычы, вызвалілі яшчэ 40 тысяч нявольнікаў. Татарскіх трупаў было гэтулькі, што яны загацілі сабой тутэйшае возера і яно бязыменнае дагатуль атрымада ад народу назоў - Красны Стаў.

На Радані, на рэчцы з характэрным назовам - Гародня знаходзіцца мястэчка Татарск. Паводля паданьня, тут неаднакроць адбываліся бітвы з Татарамі, аб чым сьветчаць і шматлікія курганы, што атуляюць сабой сучасны Татарск. Тыя курганы, безь якіх нельга ўявіць сабе тыповы беларускі ляндшафт, тыя самыя курганы, аб якіх сказаў наш пісьменьнік:

Ад Белавежы да Дзьвіны

Адзін за адным пайшлі курганы.

У нашым фальклёры кроў заўсёды мае эпітэт - рудая, красная, але ня чырвоная, што пашыралася і на геаграфічныя назовы. Гэтак на Віцебшчыне паблізу павятовага Гарадка цячэ ручай Красінец, які набыў свой назоў пасьля зацятых бітваў, што адбываліся на ягоных берагох у часе Лівонскіх войнаў. За тыя-ж часы найбольшая каменная вежа Верхняга замку ў Полацку набыла назоў Краснае. У тым-жа Полацку, паблізу валу Ніжняга Замку, мост праз Палату называецца Красным. У 1812 г. на гэтым масту і вакол яго адбылася бітва ратнікаў расейскага генэрала Вітгенштэйна з жаўнерамі Сен-Сіра. Сама Палата, у які ўжо раз парудзела ад крыві, а мост празь яе стаўся Красным.

Акрамя прыгаданага раней мястэчка Магільна на Ігуменшчыне, ёсьць у нас яшчэ мястэчка Магільна на Віцебшчыне паблізу возера Сьвібла. Ейны назоў паходзіць ад шматлікіх курганоў і паганскіх могільнікаў. На тэй-жа Віцебшчыне ў Віцебска-Невяльскай Градзе ёсьць гара - Магіла Буды. Некаторыя навукоўцы прыпушчаюць, што ў назове гары адбіўся легэндарны народ будыны, аб якіх прыгадаў яшчэ Гэрадот. Аднак паводля народнага паданьня тут пахаваны старажытны крывіцкі правадыр Буда. Паводля іншага больш празаічнага паданьня, зь яе часам зьяжджае белая буда, запрэжаная тройкай добрых таксама белых коняў. Дарэчы ў нашых паданьнях гэтулькі коняў, што адразу прыгадваецца наш дзяржаўны гэрб «Пагоня». З бадай суседняй з Магілай Буды гары Галубец, што паблізу вёскі Галубцоўская, часам зьяжджае, як сьцьвярджаюць сяляне, сівы, як голуб, дзед на белым кані і зьнікае, калі хто паспрабуе да яго наблізіцца. А часам з гары зьбягае пара таксама белых коняў. Яны нагэтулькі вялізарныя, што ад іхніх падковаў дрыжаць і Магіла Буды і Галубец ды пачынаюць хвалявацца бліжэйшыя вазёры Лосьвіда і Дубакрай.

Усё-ж бадай мітычныя атаманы Магіла, Машэка і Гвозд, аб якіх нам пяялі маткі яшчэ ў калыханках, бліжэй да паўстаньня Магілева, чым створаная яшчэ мечнікамі і апяваная прыбалтыцкімі Немцамі Разалія да паўстаньня замку Розітэн, як перайменавалі гэтыя захопнікі нашую Рэжыцу. Латышы, ідучы нямецкім сьледам, зьіначылі Рэжыцу на Рэзэкнэ. Гэты назоў таксама чужы, штучны і незразумелы для Беларусаў, што адвеку і дагэтуль складаюць большасьць насельніцтва і ў Рэжыцы і ў ейнае ваколічнасьці. Між тым ранейшы назоў Рэжыцы, на месцы старога гарадзішча якое Немцы пабудавалі замак Розітэн - Рэзіца, а яшчэ больш даўны - Разьня. Прыгадаўшы з нашае гісторыі і «Трубяцкую Разьню» ў Мсьціслаўлі, прыгадаўшы таксама калісьці Радніцкую, а пасьля 1611 г. Разьніцкую вуліцу ў Смаленску, можна зрабіць толькі адзін выснаў, што назоў Рэжыцы паходзіць ад бязьлітасных бітваў вакол яе Славянаў зь Немцамі. Аднак і тады, калі горад называўся Розітэн, як і цяпер, калі ён называецца Рэзэкнэ, цячэ празь яго рэчка зь гістарычна адпаведным яму назовам - Рэжыца.

Не заўсёды народнае паданьне супадае зь гістарычнай праўдай. Аднак яшчэ больш адыходзяць ад яе радаводныя сьпісы магнатаў. Доказам і першага і другога зьяўляюцца назовы мястэчка Дукоры на Ігуменшчыне і вёскі Басолі, што на рацэ Вобшы ў Вокаўскім Лесе. Паводля генэалягічнага дрэва магнатаў Ашторпаў, яны самыя паходзяць ад швэдзкіх каралёў, а іхнюю рэзыдэнцыю - Дукоры нібы заснаваў рымскі легіянэр Дук. Не падлягае сумлеву, што Дукора ніколі не належыла да Рыму, затое вядома, што спачатку яна мянавалася Дуксора (ад лац. dux - князь) і зьяўлялася асабістай маёмасьцю вялікага князя Літвы. Потым Дукора, як той паўгрош каронны, пачала пераходзіць з рук у рукі і нарэшце гаспадаром яе стаўся Францішак Ашторп - сын жаўнера дэзэртыра з швэдзкае арміі Карла ХII. Жадаючы зацьміць усіх тытулаваных магнатаў сваім жыцьцём, Ашторпы пабудавалі тут вялізарны палац, пры якім быда добрая, слынная на ўсю Польшчу аркестра і цырк, прычым і музыкі і цыркачы складаліся вылучна з прыгоньнікаў. Няма таму нічога дзіўнага, што Лявон Ашторп навет патрапіў у мастацкую літаратуру. Калі ў 1851 г. ён ехаў зь Менску ў Дукору, дык мост празь Сьвіслач каля вёскі Пяскі ня вытрымаў цяжару ягонае карэты, якую цягнула дзесяць коняў, і праваліўся. Больш чым напалову мэталёвая карэта адразу пайшла на дно, а зь ёю і Ашторп. Ягоная пагібель знайшла адпаведны адбітак у эпіграме тагачаснага польскага паэты Ігната Легатовіча, якое вольны пераклад наступны:

Сьмерць Аштарпа ў Дукоры зробіць зьмену значную:

Паны піць кінуць, мужыкі есьці пачнуць.

Паводля паданьня, пачатак вёскі Басолі паклалі яшчэ ў часе Лівонскіх войнаў босыя, або абосыя, як тут кажуць, уцекачы з-пад Віцебску. Запраўды ў той час тут у дрымотнай пушчы паўстала шмат новых вёсак, але ўсё-ж вёска Басолі ўпяршыню прыгадваецца ў «Рэвізкіх Сказках» толькі на пачатку мінулага стагодзьдзя. Аднак адразу яна набывае шырокую вядомасьць з тае прычыны, што ейныя жыхары рабілі рознае музычнае начыньне - цымбалы, леры, жалейкі, дуды, іскрыпкі і басэтлі, або басолі, як іх скрозь называюць у Надзьвіньні. І калі суседзі басольцаў, каб падзарабіць на хлеб, ішлі на плытох да Рыгі, дык яны разыходзіліся далёка ўва ўсе бакі, як тыя нашыя вандроўныя музыкі, у сувязі зь якімі яшчэ «Максім Кніжнік» у сваім «Апокрыфе» зазначыў: «Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым». І нарэшце ў самай вёсцы Басолі аўтару гэтых радкоў пашанцавала запісаць песьню, што пацьвярджае паходжаньне ейнага назову і пачатак якое помніцца дагэтуль:

Ні да хлеба, ні да солі,

Калі граюць на басолі.

Дзяржаўныя межы, як і ў часы незалежнасьці нашае краіны, гэтак і ў часы ейнае залежнасьці, бадай ніколі ня супадалі з этнаграфічнымі межамі беларускага народу. Яны, як і межы ваяводзтваў, губэрняў, вобласьцяў, зьяўляліся штучнымі. У гэтым сэнсе няма істотнае розьніцы, калі параўняць мяжу, што сталася гэткай паводля Андрусаўскага часовага замірэньня 1667 г., зь мяжой Рыскае мірнае ўмовы 1920 г., або зь межамі сучаснае БССР. Тым ня менш гэтыя межы, якія асабліва на ўсходзе нагадывалі франты, уплылі на геаграфічныя назовы. Паказальна, што ў самым цэнтры нашае краіны, на Меншчыне, знаходзіцца мястэчка Рубяжэвічы, якое калісьці зьяўлялася прыгранічньм для Літвы. Яно перайшло некалі, як пасаг ад Радзівілаў да Вітгенштэйнаў, пасьля для тутэйшае царквы цар Аляксандар Другі ахвяраваў ікону - усё гэтае не заслугоўвае нашае ўвагі. Затое прыгадваецца, што якраз у Рубяжэвічах наш выдатны нашанівец Андрэй Зязюля, маючы на ўвазе тутэйшыя рэчкі Сулу і Перакуль, напісаў:

Дык чаго-ж ты Сула

Так булькочаш, шуміш

І сьпяшыш, як страла

Із пад'ёмістых выш?

Ці ня бруй Перакуль

Закруціў галаву...

- і далей -

Пачакай, не ўцякай,

Агляніся сюды,

Дзе так многа бяды...

Дзе гарэ брат ратай.

Трэба прыгадаць таксама вёску Кардон у 20 кілямэтрах на паўднёвы захад ад Вяліжу, у назове якой адбілася дзяржаўная мяжа ў пачатку XVІ ст. Літвы і Маскоўшчыны. Потым згодна зь мірнай умовай 1582 г. гэтая мяжа пасунулася на ўсход і ад яе атрымала свой назоў рака Мяжа, што ў 25 кілямэтрах на паўночны ўсход ад Вяліжу ўцякае ў Дзьвіну, і на якой Віцебскі ваявода Пац пабудаваў прыгранічную крэпасьць. Дарэчы трэба зазначыць, што нямецкі Рэйн, назоў якога паўстаў яшчэ тады, калі ён зьяўляўся граніцай паміж германскімі плямёнамі падуладнымі Рыму і вольнымі Саксамі, у літаральным перакладзе на нашую мову азначае - Мяжу. Гэта значыцца, што для нямецкага вуха гімн «Варта на Райне» тое самае, што «Варта на Мяжы». У Мяжу ўцякае ручай, які неаднакроць прыгадваецца ў розных летапісах і таксама мае адпаведны назоў - Рубеж. Яшчэ Н. Нікіфароўскі зазначыў, што вяліскія Беларусы называюць бельскіх і парэцкіх зарубежынцамі, а тыя іх - Літвінамі. І на захад ад ракі Мяжы і далёка на ўсход ад яе адвеку і дагэтуль жывуць Беларусы. Паказальна, што якраз у смаленскіх Беларусаў запісаў В. Дабравольскі прыказку, якую пазьней меў мужнасьць працытаваць у сваім правапісе Язэп Лёсік:

- Тату, тату, лезе чорт у хату.

- Дарма, сынку, абы не маскаль.

Канчаючы разьдзел нашых геаграфічных назоваў гістарычнага паходжаньня, хочацца прыгадаць возера Князь, або Жыд, што на Мазыршчыне. Бальшавікі, угледзіўшы ў гэтым назове контррэвалюцыю, надалі возеру недарэчны назоў - Чырвонае. Між тым стары назоў і ня сьветчыў на карысьць князёў і не зьяўляўся антысэміцкім. Паводля народнага паданьня, што дагэтуль перахавалася ў ваколічных вёсках, возера належыла калісьці князём Алелькавічам-Слуцкім. Адзін з гэтых князёў зьненавідзеў роднага брата і пасадзіў яго ў замак, адмыслова для гэтае мэты пабудаваны пасярэдзіне возера. Вялізарная паводка разбурыла гэты замак, пахаваўшы пад ягонымі крушнямі зьняволенага князя. Адсюль і паходзіць першы назоў - Князь. Паводля другога паданьня, адзін з князёў Радзівілаў у другой палове XVII ст. пасадзіў тут у замак сваю палюбоўніцу Жыдоўку, якую потым пасягнуў лёс князя зь першага паданьня. Адсюль - Жыд. Запраўды, пасярэдзіне возера над вадой ёсьць рэшткі паляў і падмуркі нейкае вялізнае камяніцы. Паводля трэйцяга паданьня, другі назоў багатага на рыбу возера паходзіць таму, што ў ім пераважна вядзецца гэтак званая кашэрная рыба, якая паводля рэлігійных прадпісаньняў ужывалася Жыдамі: шчупакі, акуні і аджэры. З гэтых усіх паданьняў можна зрабіць выснаў, што ў былым назове возера няма нічога князяфільскага, як і юдафобскага. Навет бальшавікі вычулі ўсю штучнасьць свайго назову і недарэчнасьць перайменаваньня старога, бо ў сучасным рэпэртуары Беларускага Дзяржаўнага Тэатру опэры і балету значыцца балет кампазытара Залатарова - Князь Возера. Аднак ня выпадкова гэты балет атрымаў Сталінскую прэмію. Напісаны ў «пляне сацыялістычнага рэалізму», ён амінаючы народныя паданьні, пабудаваны вылучна «на клясавым змаганьні» галечы зь феадалам і канчаецца шчасьлівым жыцьцём калгасьнікаў.

III

Ня першы раз і не апошні мусіць

баліць душа, і рады не дасі.

Сьніцеся мне вы, рэкі Беларусі

і ты журботная вазёраў сінь.

Уладзімір Дудзіцкі

Значная частка гарадоў, мястэчак і вёсак у Беларусі набыла свой назоў ад шматлікіх у нас рэкаў і вазёраў. Гэта зразумела, бо паводля аблічэньня нашага навукоўца Бурбіса, агульная даўжыня беларускіх рэкаў складае 26 тысяч кілямэтраў. Гэта зразумела таксама таму, што калі ў гісторыі чалавецтва наагул існавалі рачныя цывілізацыі, дык і ў нас рэкі зьяўляліся першымі гістарычнымі шляхамі. Яшчэ за шэсьць стагодзьдзяў да Нараджэньня Хрыстовага сустракаецца ў навуковых крыніцах тагачасны Барысфэн, а цяпер Дняпро. Пасьля Гэрадот прыгадвае ў сваёй «Мэльпамэне» Дзьвіну, а Палескае Лядавіковае Возера, рэшткам якога зьяўляецца возера Князь або Жыд, гэтак і ўвайшло ў гісторыю зямлі пад назовам Гэрадотавага Мора. Пазьней вядомы «Шлях з Варагаў у Грэкі», што злучаў па Дняпры, Ловаці і Волхаву Балтыцкае мора з Чорным. Аднак да другое паловы Х ст. гэты шлях меў іншы напрамак, аб якім зазначае летапісец: «Двина идет на полунощье и внидет в море Варяжское. Темже и из Руси может ити по Двине в Варяги». Таксама знайшлі адбітак у гісторыі нутраныя водныя шляхі, як напрыклад, «путь на Радимиче» - Сож. Значаньне ўсіх гэтых водных шляхоў нагэтулькі вялізнае, што ні адзін навет вялікі горад, як Кіеў, Полацак, Ноўгарад, Смаленск ня ў стане былі накінуць ім свайго назову. Наадварот, рэкі накідвалі свой назоў гарадом, што паўставалі на іх. Ува ўсякім разе ня Дзьвіна ад Дзьвінску і ня Піна ад Пінску. Дарэчы, шмат хто ў Надзьвіньні і ня ведае пра свой-жа беларускі Пінск, але скрозь можна пачуць у ім песьню:

Цягне Янка наш віціну

Ды кляне ён рэчку Піну.

Нельга ўявіць сабе Беларусь без вазёраў. Хто ня ведае пачатку «Возера» Максіма Багдановіча?

У чарцы цёмнай і глыбокай

Плешча, пеніцца віно;

Хмелем сьветлым і халодным

Калыхаецца яно.

Ня менш прыгожа прыгадаў аб вазёрах Міхась Машара:

У сініх балот ёсьць крыніца,

Там семдзесят восем вазёр,

Там пробуе ноч утапіцца

Дажджом ападаючых зор.

Запраўды Віленшчына налічвае каля 400 вазёраў, а на Віцебшчыне іх больш за 2500. Аднак, акрамя паэтычнае прыгожасьці, адбілася ў нашых вазёрах і суворая, мужная проза. Калі рэкі мелі значаньне гістарычных шляхоў, дык вазёры вялізарнае вайскова-стратэгічнае.

Яшчэ Райнгольд Гайдэнштайн прыгадвае, што Беларусы, байкатуючы польскі сойм, спрабуюць час ягонага скліканьня адцягнуць да вясны, спасылаючыся на свае рэкі, вазёры і балаты, якія, адтаяўшы, адразу стрымліваюць актыўную ўзімку вайсковую дзейнасьць Масквы. Не дарма таксама Іван Жахлівы, акупаваўшы Беларусь, пабудаваў каля ейных рэкаў і вазёраў шмат замкаў, для якіх характэрны замак Суша, што паўстаў у 1566 г. на высьпе аднайменнага возера. У гэтай моцнай каменнай цьвярдыні знаходзілася 6 тысяч стральцоў, 23 гарматы, 132 гакоўніцы, 123 доўгія рушніцы, 100 бочак пораху і 4822 зялезных ядры. Усё-ж праз тры гады пазьней, за пяць вёрст ад Сушы, на беразе возера Пола адбылася заўзятая бітва гэраічнага беларускага аддзелу з расейскімі захопнікамі. Пасьля яе паўстаў на ўзгорку над возерам Пола вялікі гранітавы крыж з прачулым надпісам:

1569
Тут пали в поле 200 жавнир во Христу
поставил по битве, по зари...

У 1939 г. мне давялося шукаць гэтага крыжа і, трапіўшы ў Сокарава, з болем пераканаўся, што ў 1932 г. бальшавікі, пракладаючы шасу паміж мястэчкамі Вулай і Бачэйкавым, падарвалі яго аманалам. Чаму ты ня рынулася на іх тады, радзімае Пола? Відавочна цяпер усё значаньне вазёраў для нашых продкаў, як і зразумела чаму гарадзішчы і замкі, што паўставалі каля іх, найчасьцей атрымлівалі іхні назоў. І ня выпадкова таму пяе наш народ:

Вада даражэй мёду і віна.

Аднак закон аб наданьні рэкамі і вазёрамі свайго назову гарадом, мястэчкам і вёскам не заўсёды пашыраецца на рэчкі, назоў якіх часта мае адваротнае паходжаньне. Бязумоўна трэба мець на ўвазе, што калішнія паўнаводныя рэкі зь цягам часу зьмялчэлі, ператварыўшыся ў цяперашнія рэчкі, як напрыклад Палата. Хаця ўжо той-жа Гайдэнштайн (XVІ ст.) называе Палату «невялічкай рэчкай», але затое архэалёгі знайшлі ў ейным рэчышчы рэшткі вялікага чаўна часоў Рагнеды (Х ст.), а ў курганох на ейным узьбярэжжы дыргемы - арабскія грошы, якія пацьвярджаюць, што Палата зьяўлялася водным гістарычным шляхам. Таксама трэба ўлічваць, што глыбокія і хуткія рэчкі з стромкімі берагамі, абараняючы сабой замак, надавалі яму імя, як Віцьба Віцебску. Але ўва ўсякім разе не ад Крывічанкі атрымаў свой назоў Крычаў, не ад Лідзейкі Ліда, не ад Ваўкавыі Ваўкавыск і гэтак далей аж да вельмі характэрнага ў гэтым сэньсе назову Воршы. Паказальна, што народная гістарычная песьня прыгадвае ня рэчку Крапіўну, а горад Воршу:

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці,

А як з Воршы уцякалі

Рэчку невялічку пракліналі:

- Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як нашая слава тутака прапала.

Дарэчы, з часу тае зацятае бітвы мінула 390 год, але ня высахла дагэтуль і ніколі ня высахне невялічкая Крапіўна.

Каб не заблудзіцца паміж шматлікімі геаграфічнымі назовамі, што паходзяць ад рэкаў і вазёраў, лепш прыгадваць іх у сувязі з басэйнамі Дзьвіны, Дняпра, Нёману і Віслы. Аднак і гэтую парадкавасьць распачынае найвыдатнейшы ў нашай гісторыі горад.

У кажнага народу, акрамя ягонае сучаснае сталіцы, ёсьць свой сьвяты Аахэн, які ён любіць і шануе. Для Беларусаў ім зьяўляецца Полацак - калыска нашае культуры і дзяржаўнасьці. Горад, адпорнасьць якога адбіла скандынаўская сага ў сваёй прыпеўцы - «Ударылі ў мячы!» Горад, што займеў імя, як сьцьвярджае «Пачатны Летапіс»: «...дзеля рэчкі, што ўцякае ў Дзьвіну, іменем Палата». Горад, што далучыў, як сьветчыць яшчэ «Слова пра паход Ігаравы», да агульнага назову свайго народу - Крывічы, яшчэ мясцовы назоў - «грозныя палачане». Горад Рагвалода, Рагнеды-Гарыславы, Брачыслава, Усяслава Вялікага, Еўфрасіньні-Прадславы, Лазара Богуша, дойліда Івана, Францішка Скарыны. Горад, у якім, трапіўшы на абмытае крывёю прашчураў узвышша Верхняга замку, дзе стаіць Сьвятая Сафія, а ўнізе ўцякае ў Дзьвіну Палата, ськідаеш з галавы шапку.

Неяк у часе вайны апоўначы закінуў мяне сьляпы лёс у Полацак. Навет у дзень ня лёгка знайсьці адпаведны кірунак у горадзе, ад вуліц якога засталіся толькі коміны ды падмуркі, але тым цяжэй гэтае ў пахмурную кастрычніцкую ноч. Ня зірне з вакна выпадкова ўцалелае хаты на вуліцу забароненае сьвятло, ня сустрэнецца ў таксама забароненыя для руху гадзіны і падарожны. Не аднойчы наведываў я перад тым Полацак, але цяпер пасьля доўгага блуканьня бездапаможна прысеў на ганку спаленае бальшавікамі хаты. Няўтульным здаўся мне ягоны халодны камень і ўсё-ж лепш тут дачакацца досьвітку, чым трапіць пад кулю нямецкага патруля. Мяне вакол апанавала цемра, якую высака нада мной перасякалі ў розных напрамках праменьні пражэктараў, але што мне з таго, калі іх цікавіла паднябесьсе, а не зямля. Тым ня менш, каб ня чуцца зусім самотным, я сачыў за іхняй гульнёй ды прыслухоўваўся да гулу самалётаў, якія прыцягнулі сюды на бадай суцэльнае попелішча свой сьмяротны цяжар. І раптам тое, што я пабачыў, здалося мне цудам. Блукаючы два прамяні перасякліся паміж сабой, стварыўшы высока над слаўным горадам на небе вялізны крыж, але адначасна бліснуў на зямлі другі крыж, аздоблены лілеямі і дзідамі. Толькі на момант бліснуў ён у беспатольнай цемры, аднак я адразу спазнаў знаёмы мне з маленства крыж Сьвятое Сафіі. Я перахрысьціўся ў той бок, дзе ён бліснуў, і неўзабаве адшукаў свой чарговы і тымчасовы прытулак. Ладне вады з таго часу далучыла Палата да Дзьвіны, іншыя рэкі з чужымі назовамі цякуць цяпер побач мяне, але ўсё-ж хочацца да скону свайго жыцьця захаваць у душы той сьвяты, родны незабытны арыентыр.

А можа хто-небудзь усьміхнецца дый палічыць мяне дзіваком, заўважыўшы паміж маіх асабістых рэліквіяў маленькі кавалак звычайнае цэглы, для якога тым ня менш заўсёды было ў маім вандроўным хатылі пачэснае месца. А што мне з тае ўсьмешкі? Ён звычайны толькі на першы пагляд. Часам бярэш гэты кавалак у рукі больш пяшчотна, чым Жыды на выгнаньні ладунку зь зямлёй сіёнскай. Гэта маленькая частка яшчэ тае вялізнае сьвятыні, звон якое чуў з далёкае чужыны Ўсяслаў Вялікі.

Наступнае месца за Полацкам займае на Дзьвіне па свайму адбітку ў нашай гісторыі бадай тысячагадовы Віцебск. Паводля адных навуковых дадзеных, ён набыў сваё імя ад купцоў з гораду Вісбі, сталіцы суворае выспы Гатлянд на Балтыцкім моры, якія заснавалі яго на шляху «з Варагаў у Грэкі». Паводля іншых навуковых крыніцаў і народных паданьняў, ён стаўся Віцебскам ад рэчкі Віцьбы, што паміж Альгердавай і Ўсьпенскай Гарой, дзе ўзвышаўся зьнішчаны бальшавікамі выдатны помнік мастацтва - сабор, уцякае ў Дзьвіну. Гісторыя Віцебску цалкам знайшла адбітак у вядомай прыказцы: «Кепска каля Віцебску, а ля Воршы 'шчэ горшы». Не дарма мясцовасьць паміж Віцебскам і Воршай вядомая пад назовам Смаленскае Брамы. Якія толькі чужынцы ня йшлі праз гэтую браму паміж вялікімі рэкамі - Дзьвіной і Дняпром - з усходу на захад, або з захаду на ўсход, але Віцебск з гонарам ператрываў усё. Паводля апошніх весткаў з усіх гарадоў Беларусі пасьля Другое Сусьветнае вайны найбольш папакутваў ад бальшавіцкіх рэпрэсіяў Віцебск. У ім не засталося і дзесятае часткі колішняга насельніцтва. Аднак Віцебск ператрывае і гэтае.

Старадаўны, беларускі, непакорны Віцебск. Тут, як зраднікаў, кінулі ў мяшку ў палонку на Дзьвіне князя Пяструцкага, а князя Гальшанскага ськінулі з Замкавае Гары ў тую-ж Дзьвіну, тут, як шпегаў, спалілі смаленскага мітрапаліта Гарасіма, а лоўчага Хведара Вясну ськінулі з Вусьценскае вежы Верхняга замку, тут пасадзілі на кол украінскага казацкага атамана Дубіну і гэтак скрозь аж да часоў нацдэмаў. Галоўны інквізытар на Канстанцкім Саборы ў 1415 г., дамагаючыся спаленьня на вогнішчы славутага чэха Яраніма Праскага, распачынае сваё абвінавачваньне словамі: «У Літве існуе спрадвеку многалюдны горад, называны Віцебскам». Тутэйшы жыхар Марка Лытка атрымаў шляхоцкую годнасьць і прозьвішча Фэлінскага за тое, што ў 1605 г. пад Фёліным на чале 500 віцеблянаў, дарэшты зьнішчыў значнае расейскае войска. Гэты горад 28 верасьня 1705 г. цалкам спаліў Пётр Першы, бо ён падтрымліваў Карла ХII. У гэтым горадзе Напалеон Банапарт сказаў прызначанаму ім губэрнатару Беларускае губэрні маркізу Пастарэ: «Глядзіце на Беларусь, як на саюзніцу, а не як на заваяваную краіну». Ці ня ўплыло на яго таксама тое, што калі 16 ліпеня 1812 г. ён уяжджаў на буланым кані ў Віцебск, дык жанчыны абсыпалі яго дробнымі чырвонымі гвазьдзікамі, і таму ўладар Эўропы здаўся апырсканым з трывуголкі да батфортаў крывёю. Цяжка навет пераказаць усё тое, што бачыў Віцебск. Не дарма кароль Жыгімонт III гэтак тлумачыць у сваім прывілеі дарававы ім Віцебску гэрб: «... в блекитном полю абраз Спаса Збавіцеля и притом трохи нижей меч голы чырвоны, што ся мает розуметь кровавы, бо рыцарская харобрасть и доблесть их витеблянов засветчана даволи».

Трэйці, калі не па гістарычнаму мінуламу, дык па вялічыні горад на Дзьвіне - Дзьвінск не патрабуе тлумачэньня свайго назову. Магчыма ні адзін горад у Беларусі не зьмяніў гэтулькі раз свайго імя, як Дзьвінск. Пасьлядоўна ён вядомы, як Дюнебург, Новенене, Невгін, Барысаглебск, Динабург, Дзьвінск і цяпер - Даўгаўпілс. Заснавалі замак Дюнебург Немцы-мечнікі ў 1275 г., які потым некалькі раз зьнішчала Літва, але Немцы яго зноў аднаўлялі. Разбуралі пазьней замак і Палякі і Расейцы, пакуль нарэшце жыхары не спакінулі горад пры ім, заснаваўшы ў 20 кілямэтрах ніжэй па Дзьвіне сучасны Дзьвінск. Аднак у 19 ст. Расейцы пачалі зноў перарабляць горад Дзьвінск у крэпасьць, якая, ня гледзячы на свае недахопы, адыграла значную ролю ў часе Першае Сусьветнае вайны. І хаця гэрб Дзьвінску - на чырвоным полі мітычны грыф зь мячом у руцэ, вельмі характэрны для яго, як для крэпасьці, але грыф гэты не беларускага паходжаньня і змагаўся за інтарэсы нашых нацыянальных ворагаў. А што датычыць іхніх перайменаваньняў Дзьвінску, дык адразу ўстае ў памяці пачатак усіх прывілеяў нашых вялікіх князёў Літвы, пачынаючы ад Гедзіміна: «Мы старыну не парушаем, а навіну не накідваем».

Дарэчы цікава, што лёс гораду Дзьвінску, у сэньсе перайменаваньняў, займеў і пасажырскі параход «Дзьвінск», які курсаваў на Дзьвіне паміж Віцебскам і Вяліжам. Пасьля таго, як Дзьвінск адыйшоў да Латвіі, дык параход, хаця ён належыў латвійскаму падданаму, застаўся ў бальшавікоў, але займеў новы назоў - «Іосіф Бараноўскі» у гонар ягонага старога капітана. Пазьней калі капітана арыштавалі за тое, што ён ня выканаў пляну перавозкі пасажыраў, параход стаўся «Сьцяклоў», бо гэты бальшавік, хаця пад іншым прозьвішчам, але нарадзіўся ў Віцебску. Пасьля расстрэлу Сьцяклова параход набыў імя Яжова, бо той калісьці, як салдат тутэйшага гарнізону, спрычыніўся да Кастрычніка ў Віцебску. Пасьля расстрэлу Яжова, параход стаўся «Бальшавік». Здавалася, цяпер ён забясьпечаны ад далейшых перайменаваньняў, але пасьля скарачэньня назову камуністычнае партыі пэўне-ж на колах параходу зьявіўся новы назоў. Нам прыгадалася эпапэя параходу «Дзьвінск», як і ў сувязі з горадам Дзьвінскам, гэтак і ў сувязі зь лёсам назоваў шматлікіх калгасаў, што тымчасам пакрысе выціскаюць назовы нашых вёсак.

У вышнявінах Дзьвіны там, дзе яна вузейшая, чым пад Дзьвінскам, або Полацкам, але ўсё-ж глыбокая і хуткая, ляжыць на мяжы Віцебшчыны і Вокаўскага Лесу стары Вяліж. Магчыма што горад набыў свой назоў ад рэчкі Вяліжкі, аднак Гайдэнштайн у 1580 г. аб ім зазначае: «Вяліж некалі быў вельмі людным і ад вялічыні атрымаў свой назоў». Можа Гайдэнштайн і мае рацыю, бо кароль Жыгімонт III, даючы заўсёды прыгранічнаму Вяліжу вельмі паказальны гэрб - залаты крыж, а пад ім голы меч - дадае ў сваім прывілеі: «За некалькі сот год толькі пяцьдзесят мяшчанаў з жонкамі ды дзецьмі пры замку вяліскім засталося, бо ад войскаў непрыяцельскіх, якія штурмы да замку чынілі пабітыя ў сваім аднастайным адпору... на пасадзе гарадзкім няма цяпер ні аднае хаты, толькі пні непатрэбныя на попелішчы ад Масквы выпаленых». І гэтак скрозь - ад часоў Вітаўта, аб якім нагадывае пад Вяліжам Вітавая Гара, і аж да славутага Вяліскага супрацьбальшавіцкага паўстаньня. Скрозь - крыж і мёч.

Якраз тут у лістападзе 1918 г. сьнег парудзеў ад крыві паўстанцаў, тут пазьней нарадзілачя народная гістарычная песьня, у сувязі з адным з шматлікіх тутэйшых партызанаў:

У Вяліжы дождж ідзе,

А ў Віцебску сьлізка;

Хавайцеся бальшавікі,

Бо Нілёнак блізка,

- тут на адным толькі Пакроўскім полі ляжыць больш за тысячу расстраляных чакістымі патрыётаў і нарэшце тут на гэтых магілах знайшлі бальшавікі сьціплы вянок з надпісам, што сьветчыць толькі аб нязломнасьці народнага духу: «Усіх нас не расстраляеце!»

У самым цэнтры Вокаўскага Лесу знаходзіцца горад Белы. Прыпушчэньне, што ягоны назоў адбівае наш сучасны нацыянальны назоў, ня вытрымлівае крытыкі. Упяршыню ў гісторыі горад прыгадваецца, як Белы яшчэ за часоў Альгерда, гэта значыцца тады, калі іншыя народы нас і мы самыя сябе менавалі вылучна Ліцьвінамі. Магчыма, што Белы набыў сваё імя ад рэчкі Белай, якая ўцякае ў ім у раку Вобшу, прыток Мяжы. Паводля паданьня, горад спачатку хацелі закласьці на месцы цяперашняга сяла Вярхоўя, але паводка змыла зь берагоў усё падрыхтаванае для пабудовы і там, дзе яна гэтае падрыхтаванае зноў выкінула на бераг, узьнікнуў сучасны горад. Можа да перасяленьня спрычынілася не паводка, а тое-ж самае ўцякацтва жыхароў, як і ў Дзьвінску. Сяло Вярхоўе вядомае з сваіх старадаўніх капальняў вапны, якая пазьней цалкам ішла адсюль на пабудову смаленскае сьцяны. Таму побач з паходжаньнем назову ад рэчкі Белае, можна таксама прыпусьціць, што, уцякаючы ад цяжкае працы ў капальнях, вярхоўцы афарбавалі ў колер вапны і назоў новага гораду. Ува ўсякім разе ці ад рэчкі ці ад вапны паходзіць назоў гораду, але спробы Івана Жахлівага перайменаваць яго ў Багародзіцын, як і пазьнейшае зьіначаньне ў Бельскую Пераправу, ня мелі аніякага посьпеху. Белы застаўся Белым.

На поўнач ад Вокаўскага Лесу ляжыць горад Таропец. Ён асабліва цікавы тым, што ўсе рэчкі вакол яго цякуць на поўнач да ракі Ловаці, але затое рака Таропа, ад якое паходзіць ягоны назоў, выгінаючыся паміж вытокамі гэтых рэчак, плыве адна на поўдзень, да Беларусі. Трапляючы па дарозе ў вялікія вазёры, Таропа захоўвае каля іхніх правых берагоў і сваю плынь і адменны колер свае вады. Нарэшце яна далучаецца да Дзьвіны, крыху ніжэй ад ейных грымотных Веражунскіх парогаў, дзе парослыя лесам скалы на 60 сажняў узвышаюцца над Дзьвіной. Гэты рух і напрамак Таропы набываюць сымбалічнае значаньне, калі прыгадаць, што ў Таропецкай Уваскрасенскай царкве перахоўваўся Цудатворны абраз Эфэскае Божае Маці. Паводля паданьня ён напісаны сьвятым эвангелістам Лукой, а паводля гістарычных дадзеных візантыйскі імпэратар Мануіл Комнэн і канстантынопальскі патрыярх Лука Хрызаверх падаравалі яго прападобнай Еўфрасіньні-Прадславе для ейнае царквы Сьвятога Спаса. Дарма што абраз у 1239 г., як багаславеньне віцебскага князя Брачыслава Расьціславіча - апошняга «Ізяславіча» - на шлюб свае дачкі з князем Аляксандрам Неўскім, трапіў у Таропец. Дарма, што зь цягам часу ён стаўся вядомы, як Карсунскі. Мімаволі здаецца, што знарок пацякла родная Гаропа да Дзьвіны, каб разам зь ёю трапіць да Полацку і перадаць яму багаславеньне ягонае сьвятыні.

Ёсьць у Беларусі ціхія маленькія мястэчкі, што па свайму веку значна старэйшыя за шумныя вялікія гарады. Некаторыя з гэтых гарадоў наагул ня існавалі ў той час, калі яны, зьяўляючыся вялікімі гарадамі, рабілі гісторыю. Потым народ праклаў новыя гістарычныя шляхі, і гэтыя колшнія гарады, апынуўшыся паза імі, паступова заняпалі, ператварыўшыся ў мястэчкі. Да ліку гэтых мястэчкаў належыць старадаўны Усьвят, што паўстаў на тым месцы пшяху «з Варагаў у Грэкі», дзе з возера Усьвят цячэ на поўдзень да Дзьвіны рака Усьвяча, а зусім паблізу ад возера цячэ на поўнач рака Ловаць. Пасьля гэтага дзівіць, што Усьвят упяршыню прыгадваецца ў гісторыі на 46 год раней за Менск, на 121 год раней за Гомель, на 309 год раней за Беласток. Прыгадваецца ў сувязі з унукам Рагнеды полацкім князем Брачыславам, які пасьля заўзятага змаганьня зь Кіевам займеў два гарады «Всвяч і Вітбеск». Ня дзівіць таксама, што ў 1245 г. тут па дарозе зь Віцебску ў Ноўгарад затрымаўся князь Аляксандар Неўскі, зяць віцебскага князя Брачыслава, як ня дзівіць і тое, што два гады тут жыў Альгерд, жанаты з дачкой апошняга віцебскага князя Яраслава - Марыяй. Затое дзівіць, што, трапіўшы ў склад расейскае імпэрыі, Усьвят паслядоўна належыць кн. Вяземскаму, гр. Зубаву, Энгельгардту, кн. Юсупаву, кн. Пацёмкіну, гр. Рыбап'еру, Дурасаву, Ідэну, Бальфуру, Аршыдстыаду, гр. Шувалаву, Радзянку. Што агульнага паміж Альгердам Вялікім і штальмэйстрам двара ягонае імпэратарскае вялікасьці Радзянкам? Аднак ніхто ня ў стане забіць беларушчыны нашых гарадоў і мястэчак. Характэрна, што якраз зь сям'і ўсьвяцкага кажамякі паходзіць А.Сапуноў, які дасьледваў Альгердаў Шлях і аб якім пісаў выдатны сын нашага народу П.Крэчэўскі: «Пачэсныя імёны мясцовых гісторыкаў і этнаграфаў, што будзілі думку аб Беларусі - Сапунова, Стукаліча, Нікіфароўскага, Даўгалы, Раманава ды іншых яскрава гавораць аб тым захапленьні, якое выклікала беларуская нацыя, як старэйшая й найбольш чыстая галіна славянства ў навуковых колах».

Лёс Усьвята падзяліў калішні зялікі горад і моцная крэпасьць Езярышча, што атрымала свой назоў ад аднайменнага возера. Цяпер гэта маленькае мястэчка ў паўночнай Віцебшчыне, у якім ад мінулага засталіся рэшткі вялікага гарадзішча на высьпе возера, ды паданьне аб прыгожай дзяўчыне, што часам зьяўляецца тут з двума вялізнымі сабакамі, але разам з тым ня робіць людзям аніякага ліха. Наадварот - закахаўшыся ў тутэйшага рыбака Якуша Вяхотку, яна паказала яму на высьпе вялікі скарб. У 60 кілямэтрах на паўночны захад ад мястэчка Езярышча знаходзіцца вялікае сяло Езярышча, што прылягае да іншага таксама аднайменнага возера.

Прастору паміж двума Езярышчамі калісьці скрозь насялялі панцырныя баяры, якія ў сваіх правох і абавязках нагадвалі казацтва. Паводля прывілеяў, атрыманых за часоў Вітаўта, пацьверджаных потым Сьцяпанам Батурай, яны зьяўляліся вольнымі ад прыгону, мелі ладне собскае зямлі, а затое ў часе вайны зьбіраліся да свае харугві на сваіх конях, із сваёй зброяй і ў сваіх панцырах. Расейскі царызм за некалькімі дзесяткамі панцырных баяраў прызнаў казацкія правы, але затое 11 тысячаў іх залічыў у дварцовыя прыгоньнікі. Некалькі разоў, асабліва за цара Мікалая Першага тут выбухалі паўстаньні супраць ураду, пасьля якога шмат былых панцырнікаў атрымалі, замест згубленых панцыраў, кайданы сібірскіх катаржнікаў. Расейскі бальшавізм абваліўся на патомкаў панцырных баяраў. І цяпер бадай ня сустракаецца на Віцебшчыне адно з найбольш пашыраных у ёй раней прозьвішчаў - Панцырны.

Калі Дзьвінск атрымаў свой назоў ад самае Дзьвіны, дык значная колькасьць іншых гарадоў і мястэчак на ёй набылі сваё імя ад ейных прытокаў. Гэтак зьверху ўніз па плыні першым сустракаецца мястэчка Вула. На рагу дзьвюх рэкаў Дзьвіны і Вулы захаваліся сьляды Батуравага шанцу і стварэньне яго якраз тут ня выпадковае. Яшчэ за даўнія часы рака Вула і перавалокі злучалі Дзьвіну з прытокам Дняпра ракой Бярозай, а ў 1797 г., паводля праекту яшчэ караля Жыгімонта III, на зьмену перавалокам прышла Бярэзінская сыстэма каналаў.

Паміж Полацкам і Дрысай уцякае ў Дзьвіну рака Дзісна; абедзьве маюць супрацьлеглы бег - першая йа захад, другая на ўсход. І наш народ не абмінуў сваеасаблівага бегу Дзісны. Калісьці ад дзьвінскіх плытагонаў давялося мне пачуць паданьне пра матку Дзьвіну і ейных дачок. А яна іх шмат мае і вялікіх і дробных. Нарадзіўшыся сама за даўнія часы ў Вокаўскім Лесе, Дзьвіна ў сваёй пуцявіне да мора паступова падхапіла Таропу і Мяжу, Усьвячу і Касплю, Лучосу і Вобаль, Вулу і Палату. Яна сьпяшалася да мора, але ўвесь час ейны неўтрапёны рух затрымлівалі парогі. Чакаючы Дзьвіну, зьбірала Дзісна ў сваім возеры ваду. Нарэшце паназьбірала яе гэтулькі, што, здаецца, вось-вось сама вада цераз край пацячэ да ракі Сьвенты, а зь ёю да Вяльлі. А Сьвента-ж тут зусім паблізу і ў ціхае надвор'е навет чуваць, як шуміць яна, выгінаючыся паміж курганамі. Аднак Дзісна рынулася ў супрацьлеглы ад Сьвенты бок, насустрач сваёй маткі-Дзьвіне. Рынулася, каб разам зь ёй перамагчы ейныя найбольшыя парогі - Перакагрыж і Жалязьніцу, Бродыж і Сярэбраніцу, Улан і Глінавец, Гусар і Ціхую Рубу. Рынулася, каб потым з маткай ды з усімі сваймі сёстрамі дабегчы да Балтыцкага мора.

Там, дзе ўцякае ў Дзьвіну Дзісна, стаіць аднайменны ёй горад Дзісна, пабудаваны яшчэ палачанамі. Аб значаньні гэтага гораду для палачанаў сьветчылі аж тры Барысавых камяні, што былі крыху ніжэй на Дзьвіне. Нельга ня прыгадаць сумнага лёсу гэтых камянёў, бо ён яшчэ раз даводзіць, што расейскі бальшавізм, у зьнішчэньні нашых нацыянальных сьвятыняў, зьяўляецца спадкаемцам расейскага царызму. І першы і другі камяні, вядомыя ў народзе пад назовам «Пісаньнікаў» і «Барысаглебскіх», на крыжы якіх з глыбокай верай хрысьціліся плытагоны, яшчэ ў 1818 г., падарвала «Управление Путей Сообщения» (Кіраўніцтва Шляхоў Зносін), спасылаючыся на тое, што нібы камяні перашкаджалі плытагонам. Трэйці Барысаў камень, вядомы яшчэ пад назовам «Сулібор», Расейцы ў 1879 г. выцягнулі зь Дзьвіны і перавезьлі ў Маскоўскі гістарычны музэй. Бальшавікі, зьнішчыўшы ў Беларусі таксама ці мала Барысавых камянёў, за адно перайменавалі праваўзьбярэжную частку Дзісны - Дзісьненскую Слабаду ў Луначарскае, у гонар свайго наркома... асьветы і культуры.

Там, дзе ў Дзьвіну ўцякае Дрыса, палачане заснавалі свой прыгарад, вядомы цяпер, як горад Дрыса, а тады - Дрысь. Гэтак частыя тут паводкі абедзьвюх рэкаў зьнішчылі рэшткі вайсковага ўмацаваньня, што было на іхнім рагу. І нарэшце там, дзе ў Дзьвіну ўцякае рака Друя, што злучала Полацак з вазёрамі Браслава, паўстаў горад Друя, які калісьці некаторы час менаваўся Сапежын, бо яго абралі сваёй рэзыдэнцыяй князі Сапегі. Празь нейкі час з аднаго боку ад гораду на рацэ Друі ўзьнікла мястэчка Друйск, а насупраць, па друті бок Дзьвіны - мястэчка Прыдруйск. Шуміць Дзьвіна, прабягаючы каля Друі, у якой нішто цяпер не нагадвае ейнага ранейшага назову. І ў параўнаньні з гэтым адвечным ды несьмяротным шумам магутнае ракі блякне эпіграма Андрэя Рымшы на гэрб калісьці славутага беларускага роду:

Жывіце-ж, Сапегаве, усі у многія лета!

Ваша слава слыць будзець, покуль станець сьвета!

Калі пасьля Дзьвіны і ейных прытокаў перайсьці да вазёраў Надзьвіньня, што надалі сваё імя гарадом і мястэчкам, дык першым прыгадваецца вялізнае, глыбокае і бурнае возера Асьвея. На ім ёсьць значная выспа з самым кароткім у Беларусі і разам з тым незразумелым геаграфічным назовам - Ду. За даўнія часы праз возера праходзіў водны шлях, што злучаў Дзьвіну зь Вялікай, Полацак з Псковам, а таму на ягоным беразе і паўстала гарадзішча Асьвея. Шмат чаго гаротнага бачыла Асьвея ў мінулым, але найбольшага ліха дазналася і яна і ейная ваколічнасьць у часе Другое Сусьветнае вайны. Здаўна латыскія нацыяналы, акупаваўшы сьпярша з дапамогай кайзэраўскага генэрала графа Рудыгера фон дэр Гольца Дзьвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі паветы Віцебшчыны, у якіх большасьць насельніцтва складалі Беларусы, марылі аб далейшым прасоўваньні на ўсход. Таму, калі нямецкія нацы загадалі латыскім нацы ліквідаваць партызанаў у Асьвейшчыне, дык лютасьць гэтых гайдукоў у дачыненьні да мірнага насельніцтва зьдзівіла навет іхніх паноў. Латыская эс-эс дывізія ператварыла ўвесь раён у пустэльню, спаліўшы жыўцом у зачыненых хатах больш за 15 тысяч старых, жанчын і дзяцей. Гэтыя фашыстоўскія найміты - кроў ад крыві і плоць ад плоці бальшавіцкіх наймітаў - латыскіх стралкоў, што раздушылі ці мала супрацьбальшавіцкіх паўстаньняў у Беларусі, нагадваюць нам у сувязі з Асьвеяй толькі Татараў часоў Батыя.

Таксама ад вазёраў паходзіць назоў гораду Люцына, які паступова меў назовы - Лужа, Луйцэн, Лудзен, Лучын, Люцын і нарэшце Латышы ў сваю чаргу перайменавалі яго ў Лудзе. Паводля навуковых дадзеных, замак Люцын пабудаваў магістар лівонскага ордэну, паводля нямецкага паданьня, назоў і замку і гораду паходзіць ад дзяўчыны Люцыі, сёстры якое Разалія і Марыя, нібы, таксама знайшлі адбітак у назовах Рэжыцы і Марыенгаўзэна. Не падлягае сумлеву, што замак запраўды пабудавалі мечнікі, як і ня зьдзіўляе самы назоў Люцын, бо ведаем у Беларусі іншую Люцынку - хвальварак пад Менскам, дзе бяз малага 50 год пражыў Дунін-Марцінкевіч і дзе ў ягонае дачкі вучыўся Ядвігін Ш. Аднак у 1892 г. вядомы навуковец А.Раманаў, раскапваючы паблізу ад крушняў замку старажытнае гарадзішча, знайшоў пад ім шырака вядомы цяпер паміж навукоўцамі Люцынскі магільнік, які, як сьветчыць мноства знойдзеных пахавальных рэчаў, належыў Крывічом. Акрамя дасьледваньня А. Раманава, сьцьвярджаюць беларускае паходжаньне гораду і ягонага назову два возеры, паміж якімі ён паўстаў і якія дагэтуль захавалі свой першы назоў - Вялікая і Малая Лужы.

У паўночным Надзьвіньні, на ўзвышанай паўвысьпе вялікага Себяскага возера, якую злучае з сухазем'ем вузкі пярэсмык, існуе здаўна горад Себяж. У геалёгіі гэткая паўвыспа мае назоў - «оз», але паводля народнага паданьня возера самое намыла паўвыспу, каб затуліць сабой свой горад ад ворагаў. Аднак усё-ж Себяж стаўся адным з найпакутных гарадоў Беларусі. Яго некалькі разоў зьнішчалі дарэшты, але ён адраджаўся зноў. За Івана Жахлівага Расейцы спрабавалі накінуць яму новае імя - Івангорад, за цара Аляксея Міхайлавіча расейскія ваяводы ягоны замак перайменавалі ў Крэмль, у 1705 г. яго спаліў Пётр Першы. І адпаведны адбітак знайшла гісторыя Себяжа ў радкох закатаванага бальшавікамі паэты Алеся Дудара:

Ішлі людзі празь Себяж на захад,

Ня згубіўшы шукалі чагосьці

І пад замчышчам сохнуць і чахнуць

Беларускія белыя косьці.

У паўднёвым Надзьвіньні ёсьць вялікае Лукамльскае возера, пра якое існуе паданьне, што яно ў галодныя гады, падобна возеру Нарач, выкідвала на сваё ўзьбярэжжа рыбу. З усходняга берагу возера ня бачыш заходняга, каб не Катарсы - маляўнічае ўзгор'е, што ідзе адсюль аж да Лепельскага возера. Лукамльскае возера злучае зь Дзьвіной рэчка Лукамка, прыток Вулы, і там, дзе яна выцякае зь яго, за даўнія часы паўстаў на ўзвышшы горад Лукамля, набыўшы свой назоў ад возера і рэчкі. Яшчэ зацяты вораг нашага народу кіеўскі князь Уладзімір Манамах, які ў 1084 г. у Менску не пакінуў паводля летапісу «ни челядина, ни скотины», спаліў перад гэтым у 1078 г. горад Лукамлю, помсьцячыся Ўсяславу Вялікаму. З тутэйшых князёў Лукамльскіх вядомы Іван, які адмыслова паехаў на службу да Івана Трэйцяга, што першы пачаў менаваць сам сябе царом «всея Русй», а пра Беларусь-Літву недарэчна гаварыў: «Из старины от наших прародителей наша отчина», каб забіць яго. Аднак Масква праз сваіх шпегаў даведалася аб гэтым і спаліла Івана Лукамльскага ў клетцы на Балотнай плошчы. З таго часу горад паступова ператварыўся ў мястэчка, зьмялчэла і адсунулася ад яго аж на два кілямэтры возера, рэчка, паглыбляючы сваё рэчышча, на палову падмыла тутэйшае замчышча, але не падуладна часу несьмяротная слава нашых прашчураў.

Паблізу Віцебску, каля возера Астроўна, ляжыць пад тым-жа назовам старадаўняе, але напоўзабытае ціхае мястэчка. Над вузкімі вулічкамі зь сьціплымі хатамі ўзвышаецца каменная вежа з гадзіньнікам. Яна яшчэ помніць, як тут у час вайны 1812 г. расейскі генэрал Астэрман-Талстой загадаў свайму корпусу: «Стаяць і паміраць!», і як нэапалітанскі кароль маршал Мюрат на чале свае коньніцы кідаўся ў ватаку з крыкам: «Харобрыя, за мной!». Аднак ужо ніякага сьледу не засталося ад дарагога для нас будынку, у якім у 1557 г. нарадзіўся «Бацька Бацькаўшчыны», найвялікшы наш дзяржаўны муж - Леў Сапега. Мне ўсё-ж пашанцавала знайсьці на прыгожым узгорку над возерам, паводля старых плянаў і народных паданьняў, тое месца, дзе ён знаходзіўся, і ўявіць сабе, што ў незалежнай Беларусі тут паўстане помнік. Тымчасам працягваецца гэтае ўпартае змаганьне за незалежнасьць Беларусі, або колішняе Літвы, у якім чынны ўдзел браў Леў Сапега, што пакінуў патомкам у сваім «Літоўскім Статуце» запавет: «Уставуем тэж: хто-бы з бітвы ўцёк, за слушным довадам ад гэтмана, цераз вырак наш гаспадарскі іменьне і чэсьць траціць».

Калі ад Надзьвіньня перайсьці да геаграфічных назоваў, што паходзяць ад Дняпра і ягонага басэйну, дык перш за ўсё прыгадваецца Смаленск. Бяз сумлеву назоў Смаленску паходзіць ад смалы, але разам з тым гэтая смала мела зусім іншае прызначэньне, чым у шматлікіх нашых Будах, Смалявічах і Смалянах. У канцы мінулага стагодзьдзя архэалёгі, пачаўшы раскапваць ланцуг зяліхіх курганоў на беразе Дняпра, адразу-ж пераканаліся, што гэта і ня курганы, або валатоўкі ці сопкі - колішнія магілы, і не капцы - даўнія вярставыя слупы, а сховішчы смалы, прысыпаныя зьверху зямлёй. Гэтая знаходка пацьвердзіла ранейшае навуковае прыпушчэньне аб значаньні і ролі даўняга Смаленску. Горад паўстаў на сярэдзіне воднага шляху «з Варагаў у Грэкі» і ў цэнтры перавалокаў з Дняпра ў басэйн возера Ільмень. У дадатак, з гэтым водным шляхам тут крыжаваўся водны шлях з-за Камы, з Баўгараў Вялікіх, у Нямеччыну. Не дарма Вокаўскі, або Волакаўскі Лес, што зь геаграфічнага пункту гледжаньня зьяўляецца часткай Надзьвіньня, гістарычна бадай заўсёды належыў да Смаленшчыны. Тут князі ды купцы смалілі свае ладне пашарпаныя ў парогах Дняпра, Волхава і Дзьвіны чаўны - адсюль і назоў Смаленск.

Беларушчына Смаленску яшчэ з тых часоў, калі Канстантын Парфірагэнэт прыгадаў яго, як «Мілініск», а поўлегэндарны Аскольд амінуў, бо горад быў «вялік і мног людзьмі», і да сучаснасьці не падлягае сумлеву. Прыгожа зазначыў наш паэта аб нашых гарадох:

Гарады там - Менск і Вільня,

Магілеў, Гародня

І Смаленск зь сьцяной цаглянай

Разьляглі выгодна.

Аднак акурат «сьцяна цагляная», згубіўшы сваё вайсковае значаньне, захавала сымбалічнае, што спакідае ў Беларусаў значны нясмак.

Калісьці Крывіцкі, а потым Літоўскі Смаленск зьяўляўся найбольш усходнім фарпостам заходняе цывілізацыі. Як характэрна, што дагэтуль смальняне лічуць патронам свайго гораду сьвятога Мяркура Смаленскага, якога, паводля паданьня, Божая Маці прыслала сюды з Рыму для абароны хрысьціянства і які ў 1238 г. сам загінуў пад Даўгамосьцям, але перамог Татараў. Як паказальна, што «Смаленскую Гандлёвую Праўду» 1229 г. стварылі Смаленск, Полацак і Віцебск з аднаго боку, а з другога - Рыга, Вісбі, Любэк, Брэмен і Дортмунд. Як адзначана, што паводля слоў летапіса сьвятары рычэлі, як ваўкі, на сьвятога Аўрама Смаленскага і мітрапаліта Клімента Смаляціча за тое, што тыя ў сваіх казаньнях, якрамя Слова Божага, спасылаліся на Гамэра, Арыстотэля і Плятона. Мы не забывайма ніколі, якой несьмяротнай славай пакрылі сябе ў 1410 г. пад Грунвальдам зацятыя смаленскія палкі зь Юрыям Лугвеніявічам на чале. Не дарма іменна Смаленшчына дала Беларусі Сапегаў. Тут пісаў свой славуты летапіс Аўрамка. Ня выпадкова невядомы аўтар уклаў патрыятычную прамову на сойме 1589 г. іменна ў вусны каштэляна смаленскага Івана Мялешкі, які кінуў у вочы каралю: «Многа тут такіх, што хоць нашая костка, аднак сабачым мясам абрасла і ваняе». Мы разумеем таксама гнеўны ліст Камуніяка ў 1665 г. да аднае з гэтых «косткаў» - ваяводы Піліпа Абуховіча, у якім зазначаецца: «... Мы бедныя, у кажехох сем лет ад маскалёў Смаленск абаранялі, то вы, мудрэйшыя, у собалях, за чатырнаццаць тыдняў яго ёй аддалі».

Потым, перамагаючы наш супраціў, падміноўваючы нашую нацыянальную апрычонасьць, сюды прыйшла Масква. Гэта яна пабудавала на нашых касьцёх і супраць нас цьвярдыню, сьцяна якое працягнулася аж на дзесяць кілямэтраў, нагадываючы сабой ня нашыя беларускія замкі, а вядомы кітайскі мур. Але дарма. Хаця і прабуе Масква адгарадзіць ад нас Беларусаў Смаленск азіяцкім мурам, самыя назовы вежаў якога накшталт Зімбулка, Шамбелка, нагадываюць Татараў, усё-ж дагэтуль перахоўваецца ў тутэйшым саборы дарагі для нас іржавы і руды ад часу і крыві шышак сьвятога Мяркура.

Паблізу ад Смаленску знаходзіцца мястэчка Катынь, што атрымала свой назоў ад рэчкі Катынаўкі, якая тут уцякае ў Дняпро. Цяпер гэтае мястэчка вядомае ўсяму сьвету, і ягоны назоў, стаўшыся назоўнікам, набыў іншае выпадковае, але разам з тым трапнае тлумачэньне. У ваколічнасьці Катыні на працягу красавіка і травеня 1940 г. бальшавікі расстралялі каля 10 тысяч палонных польскіх ахвіцэраў, закапаўшы потым іх у вялікіх агульных магілах. 1 красавіка 1944 г. Немцы раскапалі гэтыя магілы, і крывавая трагэдыя набыла сусьветны водгук. Хаця нямецкі фашызм у кажным вялікім і малым горадзе пакінуў такія-ж магілы ім замардаваных, а таму расейскі бальшавізм спрабаваў абвінаваціць яго і ў Катыні, але й тутэйшыя жыхары і міжнароднае сьледзтва давялі, што да тутэйшых магілаў спрычыніўся расейскі бальшавізм. І сяньня назоў Катыні пашырыўся на ўсе месцы масавага зьнішчэньня бальшавікамі сваіх ворагаў. Да нашых беларускіх Катыняў належаць Пакроўскае Поле ў Вяліжы, дзе ў вагульных магілах ляжыць каля тысячы беларускіх паўстанцаў і партызанаў, Чычагоўскія Батарэі ў Барысаве, дзе пасьля паўстаньня 1919 г. і галоднага бунту 1933 г. закапана таксама каля тысячы Беларусаў, Духаўскі Роў і Мазурына ў Віцебску, Бярозавец каля Глыбокага і г.д. і г.д. аж скрозь па ўсёй нашае крывёю ды сьлязамі абмытае зямлі. І хаця самае мястэчка ня спрычынілася да бойні, што паблізу ад яго адбылася, і хаця ягоны старадаўны назоў паходзіць ад рэчкі, але набыў ён іншы сэнс - каты.

Там, дзе ў Дняпро ўцякае рэчка Шклавянка, за даўнія часы паўстаў горад Шклоў. Як шмат іншых нашых калішніх гарадоў, ён паступова заняпаў. Яшчэ за караля Аўгуста III Шклоў атрымаў паказальны гэрб - бязьмен, або кантар, што сьветчыла аб ягоным гандлёвым значаньні. Пазьней Кацярына Другая, набыўшы ў Беларусі мільёны «крепостных» (прыгоньнікаў), падаравала Шклоў, як тыя пальчаткі, сьпярша князю Пацёмкіну, а потым графу Зубаву. Апошні пабудаваў вялізны палац, і за ягоныя часы зьявіўся характэрны выраз: «Магілеў, што паблізу Шклова». Аднак у 1885 г. крушні гэтага палацу былі разабраныя і прададзеныя, як цэгла. Мы сумуем аб тымчасовым заняпадзе нашага Шклова і адначасна не абыходзіць нас заняпад чужых і варожых нам князёў ды графоў.

Да ліку найбольш дарагіх для Беларусаў гарадоў належыць Слуцак, або колішні - Случеск, Случек, што ляжыць на рацэ Случы, прытокі Прыпяці і значыцца ўваходзіць у басэйн Дняпра. Аднак калі назоў гораду паходзіць ад ракі, дык тая атрымала свой назоў таму, што калісьці злучала Нёман з Дняпром, Вільню і Менск зь Кіевам, Балтыцкае мора з Чорным. Дарэчы гэтак-жа паўстаў назоў калісьці прыналежнага да нашае дзяржавы гораду Вязьмы - ад «связывать» (злучаць). Калі думаеш пра Вязьму, адразу-ж прыгадваецца раман Міхася Зарэцкага «Вязьмо», як звычайна наш народ называе саломяны джгут для зьвязваньня снапоў. Таму якраз Вязьма і сталася Вязмай, што праз раку Вязьму яна зьяўлялася «вязьмом» паміж басэйнамі Волгі і Дняпра. Адсюль, зразумела, вялікае гістарычнае значаньне гораду, што паўстаў на Случы і ўпяршыню прыгадваецца яшчэ ў 1116 г.

Наш народ адзначыў значаньне Слуцку ў сваёй гістарычнай песьні:

Із-за Слуцка, із-за Клецка

Едзе дружба маладзецка,

Ад княжаці із-пад Мінска

Ваяваці места Пінска.

Аднак разам з тым народная прыказка - У Слуцку ўсё па людзку - успрыймаецца, калі мець на ўвазе ягоную былую гісторыю, як гіронія. Запраўды можа ні адзін горад у Беларусі гэтак не характэрны для нутраных братазабойчых войнаў, як Слуцак. Тройчы нападалі на горад Татары, але калі ў першы раз у 1503 г. яны спалілі яго, дык у наступным годзе князь Сымон нагнаў іх каля Прыпяці і зьнішчыў дарэшты, а ў 1506 г. удава Сымона княгіня Наста адагнала ад гораду самога Махмет-Гірэя. І хіба не трагічна для нашае нацыянальнае еднасьці, што праз тры гады Слуцак цалкам спустошыў князь Міхал Глінскі, помсьцячыся за тое, што прыгожая Наста адмовілася стацца ягонай жонкай. Самы назоў возера Князь адбіў у сабе шкодную для ўсіх нас спрэчку князёў Слуцкіх паміж сабой. У 1579 г. ня толькі Слуцкае княства, але й ягоную сталіцу, падзялілі паміж сабой тры князі. З 1673 г. аж па 1732 г. за Слуцак спрачаліся Радзівілы з Сапегамі. У дадатак тут, у сувязі з кальвінізмам, распальвалася Палякамі не ўласьцівая нашаму народу веравызнавальная варажнеча, аб якой сьветчыць гістарычная прыказка:

Старша Слуцка фара

Чым нямецка вяра.

Аднак, ня гледзячы на спрэчкі князёў ды ксяндзоў, Случчына сталася кузьняй, дзе гартаваліся нашыя нацыянальная еднасьць і дух. У сьлед за Тодарам Еўлашэўскім, Альгердам Абуховічам і г.д., адсюль выйшлі пісьменьнікі нашаніўцы - Цішка Гартны, Хведар Чарнышэвіч, Алесь Гурло і іншыя. Гэта тут пазьней нарадзіліся пісьменьнікі - Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Максім Лужанін, Рыгор Мурашка, Янка Скрыган, Юрка Гаўрук, Алесь Вечар, Міхась Кавыль, Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Крушына, Лявон Случчанін, Янка Золак, Арыстарх Крот і ці мала іншых. Гэта тут у сьнежні 1920 г. Беларусы - сяляне, мяшчане, шляхцічы, праваслаўныя, каталікі, бацькі і сыны - стварылі суцэльны слаўны Слуцкі Фронт БНР, што на прапягу месяцу стрымліваў наступ расейска-мангольскае гарды. Гэта тут маткі, жонкі і сёстры вышывалі на бел-чырвона-белых сьцягох лёзунг: «Тым, што першыя паўсталі і пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.»

І гэта тут разам зь ягоным аўтарам, удзельнікам паўстаньня паэтам Макарам Краўцовам, загартаваўся ў вагні наш нацыянальны гімн, што канчаецца палкім заклікам:

Браты, да шчасьця мы падходзім,

Хай гром грыміць яшчэ мацней;

Ў крывавых муках мы народзім

Жыцьцё рэспублікі сваей.

На высокім левым беразе Піны, што пануе над тамабочнымі нізінамі Зарэчча, яшчэ за дрыгвіцкія часы паўстаў Пінск. Упяршыню ён прыгадваецца ў Лаўрэнціявым летапісу за 1097 г. Шмат ліха зазнаў ён калісьці ад Татараў, але найбольшае займеў ад гэтмана Януша Радзівіла, які, помсьцячыся за падтрымку горадам атамана Нябабы, зьнішчыў 14 тысяч пінчукоў, спаліў 5 тысяч дамоў, два каталіцкія кляштары, дзьве праваслаўныя і дзьве вуніяцкія цэрквы. Тутэйшая тагачасная разьня па сутнасьці нічым ня розьніцца ад «Трубчэўскае разьні» ў Мсьціслаўлі, і якраз тады нарадзілася народная гістарычная песьня, што канчаецца зваротам:

Мы прад Юрыям закленчым,

Памолімся і заплачам,

Каб яго сьвятая сіла

Паканала Радзівіла.

Пінск здаўна зьяўляецца сталіцай беларускага Палесься, на якое таксама здаўна і дагэтуль прэтэндуюць тры народы - Палякі, Расейцы і Ўкраінцы. Аднак на свае дамаганьні яны заўсёды атрымлівалі адпаведны адказ ад беларускага Пінска. Спробы Палякоў давесьці, што - «палешуцы - шчэп польскі» (паляшукі - польскае галінаваньне), скончыліся масавьм уваходам паляшукоў у Беларускую Грамаду і ўрэшце-рэштаў высьцябаньнем лазовымі дубцамі палескага ваяводы Даўнаровіча. Расейцы паспрабавалі выкарыстаць свой улюблены палітычны козыр - веравызнавальны, але рэхам гэтага зьявіўся напісаны і выдадзены пінчуком Міхасём Ключановічам зборнік беларускіх праваслаўных паэзіяў «Золак Хрыстоў». Тую частку паляшукоў, якая з прычыны прарасейскага клеру адкалолася ад праваслаўя і далучылася да баптыстых, ачоліў слаўны паляшук, стары беларускі адраджэнскі і рэлігійны дзеяч Дзекуць-Малей. Наезды Ўкраінцаў за часы Пятлюры і пазьней скончыліся хіба тым, што паляшукі не пажадалі ні аднае школы на ўкраінскай мове. І гэтая калісьці дрыгвіцкая зямля давеку нашая. Час тут усё больш і больш працуе на нас. Адыйшла ўжо ў нябыт калішняя прыказка: «Я не чалавек, а Пінчук». Зьнікае, хаця й пазьней, чым там-сям у Беларусі, саманазоў - тутэйшыя. Між іншым сам па сабе назоў гэты зусім ня сьветчыць аб страце свайго нацыянальнага твару і характэрна, што Эстонцы акрамя назову - эсты называюць сябе «Мао Міс», або ў літаральным перакладзе - тутэйшыя. У ўсякім разе прыемна, што пераважная бальшыня тых, якіх дзяды называлі сябе - паляшукамі, пінчукамі, тутэйшымі, цяпер на пытаньне аб іх нацыянальнай прыналежнасьці, адказваюць:

- Беларусы!

У вышнявінах ракі Друці, правага прытоку Дняпра, што зьяўляўся калісьці адным з водных гістарычных шляхоў, паўстаў за даўнія часы горад Друцк. Упяршыню аб ім прыгадваецца яшчэ ў 1092 г., калі кіеўскі летапісец, у сувязі з цудоўнымі зьявамі ў Полацку, зазначыў: «се же знаменье поча быти от Дрьютска». Прыгадваецца ён і ў навучаньні Ўладзіміра Манамаха, якога два сыны ў 1116 г. паланілі ўсіх жыхароў Друцку і высялілі на чужыну, каб насяліць імі новы горад Жэльню. І калі тагачасны Ўкраінец Уладзімір Манамах нагадывае нам па свайму захопніцтву толькі тыповага Расейца Івана Жахлівага, які падобна ўсім расейскім царом каранаваўся «Шапкай Уладзіміра Манамаха», дык паўстаньне Жэльні нічым ня розьніцца ад паўстаньня савецкага гораду Калінінграда, былога Кёнігсбэргу, і яшчэ ранейшага Крулеўца. Зьмялчэла з таго часу рака Друць. Яшчэ за царскія часы род тутэйшых слаўных князёў Друцкіх разьбіўся на выгнаньні адсюль аж на 5 галінаў, як: Друцкія-Сакалінскія, Д.-Любяцкія, Д.-Горскія, Д.-Падбярэскія, Д.-Азёрскія. За савецкія часы зьніклі на берагох Друці шматлікія шляхоцкія засьценкі, як і зьнікнуў цудатворны абраз Божае Маці зь Бялынічаў, што над ёй. Засталося маленькае мястэчка ды найбольшае ў Беларусі гарадзішча - сьветка нашае славы.

Наступнай за Друцьцю далучаецца да Дняпра Бяроза. Там, дзе ў Бярозу ўцякае рака Сьвіслач, яшчэ здаўна ўзьнікнуў горад Усьвіслач, што дайшоў да нашых дзён, як мястэчка Сьвіслач. Паўстаньне гэтага гораду не выпадковае - ён зачыняў сабой уваход у раку, на якой вышэй стаялі Ізяслаў і Менск. Таму зразумелыя і шматлікія бітвы, што вакол яго адбываліся. Яшчэ ў 1510 г. кароль Жыгімонт скардзіцца, што Расейцы спрычыняюць Сьвіслачы непараўнальна больш ліха, чым Татары. У 1535 г. Расейцы цалкам спальваюць Сьвіслач, перабіўшы ўсё ягонае насельніцтва ад старых да малых. Пэўне-ж, гэта яшчэ раз даводзіць усю беспадстаўнасьць легэнды аб трох усходніх братох.

Пераходзячы да радзіміцкага Сожу, перш за ўсё прыгадваецца народнае паданьне, што аж з-пад самага Смаленску ён бяжыць навыперадкі, абы толькі абагнапь бацьку свайго Дняпро. Яшчэ ў ХII ст. там, дзе ўцякае ў яго рака Чачэра, паўстаў горад Чачэрск. Народ сьцьвярджае, што назоў і ракі і гораду паходзіць ад нейкае народнасьці - чачакі, але гэтае паданьне нічым рашуча не пацьвярджаецца. Спачатку горад, падзяляючы лёс народу, пераходзіў ад аднаго княства да другога, потым, згубіўшы Магдэбурскае права і стаўшыся прыватнай уласнасьцю, перажыў панаваньне шматлікіх феадалаў, пакуль нарэшце Кацярына Другая, «отторженная возвратих», падаравала яго графу Чарнышову. Трэба зазначыць, што апошні па плянах славутага Растэлі пабудаваў тут тры каменных праваслаўных цэрквы і касьцёл, размаляваныя ўнутры італійскімі мастакамі. Тады-ж у сярэдзіне гораду пабудаваны ў гатычным стылю чатырохпавярховы будынак ратушы, які меў пяць вежаў. Увесь гэты, хаця й ня наскі, але прыгожы архітэктурны ансамбль, цяпер часткова зьнішчаны, а часткова зьіначаны бальшавікамі.

Ніжэй на Сожы, паблізу ад вусьця маляўнічае Бесядзі, знаходзіцца горад Ветка. Няма ў нашай мове слова - ветка, але расейскія эмігранты, заснаваўшы ў другой палове XVII ст. горад, Ветку, мелі на ўвазе выспу Вятох, на якой і каля якое ён узьнікнуў. Нашая Бацькаўшчына здаўна зьяўлялася прытулішчам для ўцекачоў з Усходу і невядома выпадкаў, каб яна іх выдавала. Пад ейную ахову бяжалі з Залэтое Арды тамашнія апазыцыянэры, для якіх характэрныя Мэнглі-Гірэі, што пазьней сталіся крымскімі ханамі. Сюды-ж уцякалі, ратуючыся ад маскоўсхага дэспатызму, баяры, для якіх паказальны князь Курбскі. Калі пурытаны, квакеры, гугеноты бяжалі ад рэлігійных перасьледваньняў у Амэрыку, дык у Літву бяжалі ад вогнішчаў маскоўскае інквізыцыі стараверы, заснаваўшы Ветку. І памыляецца той, хто думае, што вынаходнікам прымусоаае дэпартацыі ўцекачоў зьяўляецца расейскі бальшавізм, яшчэ за часы царыцы Анны Іванаўны ў 1735 г. расейскі царызм гвалтам дэпартаваў зь Веткі і ейнае заколічнасьці 10 тыс. старавераў, пазьней у 1764 г. Кацярына Другая загадала генэралу Маслову дэпартаваць адсюль яшчэ 20 тыс. старавераў. Аднак і ў першы і ў другі раз маскалі-стараверы вярнуліся назад у тую краіну, што сталася для іх маткай, а ня мачыхай.

Спакідаючы ў сувязі з водным паходжаньнем геаграфічных назоваў басэйн Дняпра і пераходзячы да басэйну Нёману, трэба адразу-ж зазначыць, што сам Нёман, ня гледзячы на тое, што зьяўляецца сымбалям нашага нацыянальнага адраджэньня, не адбіўся значна на геаграфічных назовах. У ўсякім разе назовы, што ад яго паходзяць, ня перавышаюць чалавецкі век, як мэтэаралёгічная станцыя Наднёман каля мястэчка Пясочны, гута і пасёлак Нёман у той-жа ваколічнасьці, станцыя і пасёлак Нёман, дзе чыгунка крыжуецца з ракой. Вось бадай і ўсё. Таму ў гэтым сэньсе нас больш цікавіць маленькае, але старадаўняе мястэчка Вузда, што займела свой назоў ад рэчкі Вузьдзянкі, якая праз Вусу спалучаецца зь Нёманам. Амінаючы старасьвеччыну, хочацца прыгадаць, што паблізу ад Вузды ў вёсцы Нізок нарадзіўся ў 1904 г. у беднай сялянскай хаціне выдатны паэта Паўлюк Трус. Нарадзіўся, каб праз 25 год памерці ад тыфусу самотным у калідоры савецкае бальніцы, але спакінуўшы шмат выдатных твораў, паміж якімі, як Сымбаль Веры, гучаць радкі:

І пайшоў я ў сьвет

У вагняцьветны прасьцяг,

У залатыя прасторы прадвесьня,

Каб душою гарэць,

Ў бурным моры жыцьця,

Беларусі дарыць свае песьні.

Там, дзе паціху цячэ Міранка, каб спалучыцца ніжэй з ракой Вушай, прытокам Нёмана, узвышаецца напоўразбураны велічны замак, а вакол яго горад Мір. Паводля народнага паданьня, назоў гораду паходзіць ад мірнае ўмовы, якая кімсьці і калісьці тут складалася, але гісторыі гэтая ўмова невядомая і застаецца толькі геаграфія - назоў гораду паходзіць ад назову ягонае рэчкі. Мір здаўна аблюбавалі магнаты і ў XVІ ст. Юры Ільлініч пабудаваў тут замак у гатычным стылі з 5 вежамі. Ад гэтага замку, што пасьля зьмяніў шмат гаспадароў, паўстаў род князёў Мірскіх. Калі князі Мірскія перавяліся, дык паводля каралеўскага прывілею іхняе імя, як дадатак атрымала адна галіна князёў Сьвятаполкаў, а другая іх галіна з тае-ж прычыны сталася Сьвятаполк-Чацьвяртынскімі. Пазьней магнатаў тут зьмянілі Цыганы і Жыды. Цыганы час ад часу абіралі тут свайго караля на ўсю Літву і Польшчу, зь якіх апошні памёр у 1790 г. Аб тутэйшых Цыганох-рамесьніках нагадвае нашая пашыраная прыказка: «Майстар зь Міру, што цяў, то дзіра».

Аб Жыдох гандлярох склалася прыказка на жыдоўскай мове: «Калі дзяўчына едзе ў Мір, дык гэта значыцца неўзабаве вясельле».

1, 2, 3 і 4 красавіка 1919 г. тут паміж замкам і Міранкай адбылася зацятая бітва Слуцкага Зьяднанага Батальёну з 3-м Менскім палком Губчака. І гэтае паўстаньне, да якога далучыліся жыхары Міру, зьяўляецца папярэднікам Слуцкага паўстаньня.

На Баранавіччыне, на рэчцы Мышанцы, што ўцякае ў раку Шчару, левы прыток Нёману, ляжыць маленькае мястэчка Новая Мыш. І хаця Баранавічы на працягу двух пакаленьняў сталіся вялікім горадам, яны зь гістарычнага пункту гледжаньня нагадываюць хлапчука ў параўнаньні зь дзядоўскім векам Новае Мышы, што знаходзіцца ад іх на адлегласьці пяці кілямэтраў. Дарма што з прычыны войнаў не захаваўся тут навет сьлед ад Хадкевіцкага замку, але затое зь гісторыі ведама, што славуты беларускі род Хадкевічаў інакш ня менаваўся, як «графы на Мышы». І таму калі трапляеш у Новую Мыш, дык прыгадваюцца словы славутага гэтмана з прадмовы да выдадзенага ім, хай сабе і ня тут, Эвангельля: «Памысьліў быў есьмі, іжа бы сію кнігу, выразумленьня радзі простых людзей, пералажыці на простую молву».

Адна з найпрыгажэйшых нашых рэкаў Вяльля. Кажны па свойму, але з аднолькавай цяплынёй падыйшлі да яе два ўзвышэнцы. Паводля Максіма Лужаніна:

Галасьней,

Жаласьней,

Паплылі,

Загулі,

Заігралі

Пакручастай Вяльлі

Выгінастыя хвалі.

Паводля Ўладзіміра Жылкі:

Завулкаў сон і ціш кляшторная

Вяльлі празрыстай глыбіня.

І калі сама красуня Вяльля знайшла значны адбітак у паданьнях і мастацкай літаратуры трох народаў - беларускага, польскага і лятувіскага, дык ахрышчаныя ёю, але параўнальна маладыя па свайму паходжаньню гарады Вялейка і Новая Вялейка не багатыя ў гэтай галіне. Толькі шматлікія заводы Новай Вялейкі прыгадваюць нам, што тут калісьці сваймі палкімі прамовамі на беларускай мове абуджала ў работнікаў нацыянальную і рэвалюцыйную сьвядомасьць Алёіза Пашкевічанка. Пайменна тут яна, тады дзяўчына, атрымала ад іх годных ёй часам у бацькі і дзяды цёплую мянушку - Цётка, якую і абрала сваім літаратурньм псэўдонімам. І калі ў беднай сялянскай сям'і на Лідчыне нарадзілася Алёіза Пашкевічанка, дык тут у Новай Вялейцы нарадзілася незабытная для нашага народу Цётка, што на чужыне марыла пра зварот туды:

Дзе пацеркай белай Вяльля прабягае,

Дзе Вільня між гораў гняздо сабе ўе.

Наш сіні Буг адбіўся і ў прыгожым апавяданьні Власта «Векавечная мяжа» і ў сугучным яму народным паданьні. За даўгія часы жыў зьмей Крыгавей, падпарадкаваны польскаму каралю Ляху ды варожы беларускаму князю Радару. Усё-ж аднойчы спаймаў Радар Крыгавея і, запрогшы ў саху, у якой лямех важыў 500 пудоў, пачаў пракладаць мяжу. Калі глыбокая разора дайшла да вялікае, тады яшчэ безназоўнае, ракі, загадаў князь зьмею: «Гайда, бух!», каб той скакаў у раку. Зьмей, пераплыўшы на той бок, сканаў, але пасьпеў крыкнуць свайму гаспадару:

- Помні, ляша, толькі па Бух наша!

З таго часу рака сталася Бугам і мяжой паміж двума народамі, беларускім і польскім, як рака Сан паміж польскім і ўкраінскім, што мае падобную прыказку:

- Помні, ляша, па Сан наша!

Дарма расейскі паэта Пракоф'еў у сваёй паэме «Расея», паэтызуючы імпэрыялізм свайго, а нам адвеку варожага народу, зазначае:

За вакном ляжыць Расея наша

Ад Амур-ракі і за Дзьвіну.

Дарма ў тэй-жа пісаніне ён далей піша пра Расею:

Няхай жыве Вялікая!

Прыпала доля ёй

Ад Буга і да Ціхага

Падняць усіх на бой.

Дарма! Тымчасам! Крушыць Дзьвіна пуцявіне да Балтыцкага мора ў сваіх парогах жорсткі даляміт і плыве на захад родны сіні Буг.

На Беласточчыне, на рацэ Супрасьлі, што праз Нараў спалучаецца з Бугам, знаходзіцца старадаўны дрыгвіцкі горад, а цяпер мястэчка Супрасьль. Яшчэ ў ХІ ст. тут быў манастыр, ад якога дагэтуль захаваліся Супраскі летапіс і Эвангельле. Пазьней магнаты Хадкевічы аднавілі манастыр, пабудавалі ў ім выдатную па сваёй архітэктуры царкву і друкарню. Высокая царква, з чатырма вежамі па кутох і аднэй пасярэдзіне, нагадывала і старадаўную Полацкую Сафію і сярэднявечны замак, а ўнутры была расьпісаная ў 1557 г. фрэскамі. У ёй на працягу больш чым чатырох стагодзьдзяў перахоўваўся Цудатворны абраз Супраскае Божае Маці, які япіскап Ёсіф Салтан прывёз з Смаленску. Друкарня, дзе манахі-базыльяне друкавалі царкоўныя кнігі для ўсяе Беларусі, перайшла ў пачатку мінулага стагодзьдзя да друкара Арона ў Беластоку. У 1939 г., празь некалькі тыдняў пасьля свайго прыходу сюды, бальшавікі ператварылі царкву ў склад, зьнішчыўшы пры гэтым іканастас і папсаваўшы фрэскі. Няма ведама, дзе цяпер знаходзіцца абраз, перад якім з глыбокай верай маліліся Беларусы: «Ня маем іншае дапамогі, ня маем іншае надзеі, акрамя Цябе, Маці Збавіцеля нашага».

На прытоку Супрасьлі рэчцы Белай, займеўшы ад яе свой назоў, шырака разьлёгся Беласток, адзін з найбольшых гарадоў Беларусі. Заснаваны яшчэ ў 1320 г. князем Гедзімінам, ён доўгі час быў нязначнай вёскай, аж пакуль у пачатку XVIII ст. граф Браніцкі, швагер апошняга польскага караля Станіслава Павятоўскага, абраў яго сваёй рэзыдэнцыяй, пабудаваўшы палац, што захаваўся дагэтуль. Усё-ж не палац, а шматлікія хвабрыкі, што зьявіліся тут пасьля далучэньня гораду да Прусаў, садзейнічалі ягонаму вельмі хуткаму росту. І хаця Беласток ужо ладне часу, як выперадзілі ў галіне прамысловасьці Менск, Віцебск, Гомель, Магілеў, ён застаецца нашым ткацкім цэнтрам, уяўляючы для Беларусі тое, што для Ангельшчыны Манчэстар, для Расеі - Іванава Вазьнясенск, для Польшчы - Лодзь.

Прыгадаўшы Беласток і Супрасьль, нельга амінуць балючага для нашага народу пытаньня, якое акрамя Беласточчыны пашыраецца на частку Падлесься і Белавескае Пушчы. Сам Беласток зьяўляўся жыдоўскай выспай у беларускім моры. Паводля дадзеных Рамэра за 1909 г. Жыдоў тут налічвалася 82% у той час, як у Вільні 51%, а ў Віцебску 52%. Мы разумеем таму любоў Жыдоў да гэтага гораду, у выснаве якое ў Ню Ёрку паўстаў 10-павярховы будынак «Беластоцкага Цэнтру», а ў Ізраэлю вёска Беласток. Мы падзяляем трагэдыю жыдоўскага народу, калі 23 жніўня 1943 г. фашыстыя па зьвярынаму зьнішчылі ў Беластоку 40 тысяч Жыдоў. Беларусы, ня гледзячы на тое, што Немцы адразу далучылі Беласток да «III Райху» і варожа ставіліся да іхняга нацыянальнага руху, арганізавалі тут «Беларускае Аб'еднаньне», што займела 29 філіяў, стварыла 150 школаў, якія ахапілі 400 настаўнікаў і 18 тыс. вучняў, рэдагавала і выдавала беларускую газэту, якое 30 тыс. паасобнікаў адразу разыходзіліся. І вось Ялтанская канфэрэнцыя ў лютым 1945 г., аднаўляючы штучную лінію Кэрзона, вырашыла адарваць Беласток ад маскоўскае калёніі - БССР і перадаць яго маскоўскаму пратэктарату - Берутаўскай Польшчы. Праз кроў Жыдоў, закатаваных фашыстымі, празь сьлёзы Беларусаў, прымусова дэпартаваных адсюль бальшавікамі на ўсход, праз ласку Сталіна, сюды прыйшлі Палякі - асаднікі Берута. Аднак добра заўважыў аб гэткіх падзелах наш народны паэта:

Нас падзялілі! Хто? Чужаніцы!

Чорных дарог махляры!

К чорту іх межы! К д'яблу граніцы!

Нашы тут гоні, бары.

ІV

І хадзіў Ён па ўсім забраным краі: і па Меншчыне, і па

Віленшчыне, і па Магілеўшчыне, і па Задзьвінскай зямлі.

Максім Багдановіч, «Апокрыф»

Нашыя шматлікія геаграфічныя назовы рэлігійнага паходжаньня апрычоныя і прыгожыя. Паводля іх навет можна спазнаць, дзе канчаецца Беларусь, бо адразу за ейнай этнаграфічнай мяжой на ўсходзе сустракаем Пятрапаўлаўскае, Прачыстае, Уваскрасенскае ў Гжацкім павеце, Спаскае і Аляксандраўскае ў Сычаўскім павеце, Фёдараўскае ды аж Усьпенскае-Сабакіна ў Вяземскім павеце. Нам затое ўласьцівыя гэткія назовы, як Духаўшчына, Маркаўшчына, Мікалаеўшчына і г.д. Адзіным вылучэньнем зьяўляецца вядомае сяло Новаспаскае, што пад Ельняй, але гэта якраз тое вылучэньне, якое падкрэсьлівае агульнае правіла.

Для нашых геаграфічных назоваў рэлігійнага паходжаньня характэрна таксама тое, што, апрача хрысьціянства, у іх адбілася і паганства. Стаўшыся яшчэ за часы Рагнеды і Прадславы, раней за Аўкштоты і Жамойды, добрымі хрысьціянамі, Беларусы разам з тым часткова цалкам, а часткова зьіначыўшы, перахавалі паганскае абрадавае кола. Зьвяртаючыся ў сваіх малітвах да Хрыста Збавіцеля, да Божае Маці, да сьвятых, яны адначасна ў сваім фальклёры з пашанай прыгадваюць бадай усіх колішніх багоў свайго Алімпу. Хіба не характэрна, што, як сьветчыць Адам Ганоры Кіркор, яшчэ ў 1855 г. каля Докшыцаў сяляне хавалі ад сьвятароў і паліцыі ідала. Гэтая двуіснасьць адбілася на беларускіх нацыянальных эмблемах. Наш дзяржаўны тысячагадовы гэрб славутая «Пагоня» сымбалізуе сабой бога Ярылу, а наш дзяржаўны вайсковы знак - Двукрыж, узяты з шчыту «Пагоні», ведамы, як Ярылаў Крыж. Разам з тым ніколі Расея або «Сьвятая Русь» ня мела столькі ўкрыжаваньняў ды капліцаў, колькі Беларусь. Гэты наш родны краявід добра адбіўся ў тых радкох закатаванага бальшавікамі паэты Паўлюка Шукайлы, якія другому расстралянаму імі пісьменьніку Міхасю Зарэцкаму савецкая цэнзура забараніла ўзяць за эпіграф да свайго раману «Крывічы»:

На Беларусі вада з крыві,

Палеткі з курганоў і крыжоў.

Не падлягае сумлеву, што самы тэрмін «паганства» ў дачыненьні да веравызнаньня нашых прашчураў кімсьці ды калісьці накінуты і зусім ня імі створаны. Мы патомкі ня глумімся зь іхняга веравызнаньня і зусім ня думаем, што зьмена веравызнаньняў у той час адбылася лагодна і не хваравіта. Мімаволі прыгадваецца гістарычная прыказка: «Дабрыня хрысьціў мячом, а Пуцята крыжом». Дарэчы гэта той самы Дабрыня, які параіў кіеўскаму князю Ўладзіміру забіць Рагвалода з сынамі і сьмяротна пакрыўдзіць Рагнеду. Прыгадваецца таксама высокапатрыятычная «Малітва Пяруну», аўтар якое паэта Кастусёнак, або слаўны Канстантын Езавітаў, распачынае яе зваротам нашых продкаў:

Пярун, наш Бацька,

Ясны Божа Грому!

Даруй нам!

Жрацы Хрыста нас ашукалі!

Мы Табе малілісь Залатому -

Нас мячамі ксьцілі

І ў вадзе купалі.

Далей аўтар, ідэялізуючы языцтва, падкрэсьлівае, што, калі Беларусы маліліся Пяруну, тады яны:

Крушылі косьці варагу-гаду,

Зьмяталі брамы муроў Царграду.

І канчаецца яна просьбай:

Памажы, Пярун, нам,

Бог наш Грозны, Мілы,

Цяць галовы гадам

Ад чванлівых плеч.

Магчыма нейдзе ў парослых шэрсьцю закутках душы і знаходзіць гэтая малітва прашчураў спрыяльны водгук, але адразу падмінаюць яго сонечныя радкі з «Апокрыфу»: «Калі скончылася сем тысяч год ад стварэньня сьвету, Хрыстос ізноў зыйшоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым казалі прарокі».

Паводля «Максіма Кніжніка» прамовіў Хрыстос сьвятому Пётры, што беднасьць беларускага народу спалучаецца з багацьцем ягонае душы. І канчаецца «адшуканы Максімам Багдановічам рукапіс» прачулымі словамі:

«І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым і мяккім пыле дарогі сьляды.

Але гора вам, людзі, бо даўно ўжо затапталі вы іх.

Амін».

Бог грому і маланкі, бог навальніцы Пярун знайшоў непасрэдны водгук у двух нашых геаграфічных назовах. Паблізу Сьвянцянаў знаходзіцца гара Пяркунаса або Пяруна, якую дагэтуль шануюць Беларусы і Летувісы. Магчыма, што й назоў старадаўных Сьвянцянаў паходзіць ад сьвятасьці гэтага месца для абодвух народаў. На Ігуменшчыне шырака вядомы Пярунаў Мост. Аднак, калі імя гэтага бога сталася ў нашай сучаснай мове тэрмінам раўназначным тэрміну - гром, калі таксама сплаўлены маланкай пясок або белямніты народ называе ня йнакш, як - пяруновыя стрэлы, дык языцкі бог Пярун знайшоў сабе і бадай намесьніка ў далейшым хрысьціянскім сьветапаглядзе нашых продкаў - прарока Ільлю. Перахаваўся ў нашай мове і «пярун», як гром, але ўжо выкліканы калясьніцай прарока Ільлі, што праяжджаючы на ёй па небу, нараджае навалы. І характэрна, што да пераважнай бальшыні нашых назоваў, якія паходзяць ад прарока Ільлі, ўскосна спрычыніўся й бог Пярун, бо бадай усе старадаўныя і гэтак пашыраныя Ільлінскія цэрквы будаваліся на месцы мольбішчаў Пяруну.

Сонечны Ярыла, сын Дажбога і Лады, што адбіўся ў нашым дзяржаўным гэрбе, не знайшоў адбітку ў нашых геаграфічных назовах, але затое, як летувіскі Сьветавід надаў сваё імя гары Сьветкавізна. Гэтая гара, парослая вялізнымі дубамі, знаходзіцца на Беласточчыне, над Нарваю, паблізу мястэчка Харошчы. Зь цягам часу Беларусы, пасоўваючыся на захад, адсунулі адсюль Летувісаў, але перахавалі назоў гэтае гары і з пашанай да яе ставіліся, што зразумела. Калі ў нашым фальклёры прарок Ільля ўсё-ж дагэтуль ня выціснуў дарэшты Пяруна, дык сьвяты Юры ня перамог цалкам Ярылы. Таму адразу знаходзіць водгук у беларускім сэрцы прароцтва Натальлі Арсеньневай:

Чакай! Ярылаў белы конь

Праменьмі, уплеценымі ў грыву,

Прапаліць сьмерць і сьпеў падкоў

Абвесьціць сьвету дзень шчасьлівы.

На Смаленшчыне, у 10 кілямэтрах на паўднёвы ўсход ад Смаленску, знаходзіцца вялікае сяло Рай, аб якім у нашым фальклёры існуе прыказка: «Знаю, што ты з Раю, ды як завуць, ня знаю». Вядома, што назоў Рай звычайна набывалі загарадныя рэзыдэнцыі тутэйшых князёў - іхнія Вэрсалі. Таму існуе навуковае прыпушчэньне, што тут калісьці час ад часу жылі смаленскія князі. Аднак гэтае прыпушчэньне нічым не пацьвярджаюць ні летапісы, ні паданьні. І разам з тьм адразу прыгадваюцца і матка збожжа - Жытняя Баба і гаспадары поля - Спарыш, Рай і Багач. У нашым выдатным нацыянальным багацьці - у песьнях - ёсьць дажыначная песьня, запісаная яшчэ працавітым П. Шэйнам:

Хадзіў Раю па вуліцы,

Раю мой Раю!

Ніхто старажытнага Раю да сябе не запрашае, ніхто больш у хату да сябе ня просіць. Толькі адзін Іванька ветліва просіць Раю завітаць у ягоную хату, і прачулы зварот канчаецца:

У мяне жнейкі маладыя,

Раю мой Раю!

У мяне кубачкі залатыя,

Раю мой Раю!

На Віцебшчыне, там, дзе ізь Зялёнага возера выцякае рака Лучоса, што ў Віцебску спалучаецца зь Дзьвіной, ляжыць старадаўны горад Бабінавічы. Тут ёсьць старажытнае гарадзішча, але й у назове гораду і ў помніках, што спрычыніліся да гэтага назову, адбіўся значна старэйшы за гарадзішча час. На першы пагляд назоў Бабінавічы, як і назовы ўсіх нашых мястэчкаў з канчаткам на -чы, паходзіць ад людзкога прозьвішча, ад нейкіх у дадзеным выпадку Бабінавічаў, што тут першымі пасяліліся. Аднак у запраўднасьці назоў гораду паўстаў яшчэ ад Ськіфаў, што спакінулі тут некалькі «каменных бабаў» - вычасаных з тутэйшага камяню ідалаў, свае невядомае дагэтуль на імя багіні. Няма цяпер тут «каменных бабаў», зьнішчаных камсамольцамі. Затое захаваўся назоў мястэчка, празь якое цячэ апетая замардаваным бальшавікамі паэтам Тодарам Лебядой:

Лучоса ціхая,

У ёй закату чырвань

Даўно схавалася

Нямая ціш над лесам...

Шматлікія ў Беларусі Дзявочыя горы паходзяць пераважна, ня гледзячы на празрыстасьць свайго назову, не ад тае ці іншае дзяўчыны або дзяўчат. Ім даў сваё імя старажытны бог Дзіў, і толькі зь цягам значнага часу гэты назоў зьіначыўся на іншы. У нашым фальклёры Дзіў існуе дагэтуль і прыгожа прыгадаў яго ў сваім вершы «Беларусь» Зьмітрок Бядуля:

Тут воўк ня воўк, а чалавек закляты,

Тут корч ня корч, а той-жа селянін,

А бусел-птух - ня птушка, а араты,

Вартуе Дзіў абшар лугоў, далін.

Аб тым, што Дзявочыя горы парадзіў Дзіў, сьветчыць вялікае даўняе Дзявочае гары ў Мсьціслаўлі. Паводля народнага паданьня, на ёй адбылося змаганьне Пяруна з прарокам Ільлёй, і пасьля гэтага на месцы мольбішча Пяруну паўстала Ільлінская царква, аб існаваньні якое прыгадваюць гістарычныя дакуманты.

Хаця шматлікія нашыя Ляды паходзяць ад лясных попелішчаў земляробскага прызначэньня, але паводля навуковага прыпушчэньня ў некаторых зь іх адбіліся багіні Лада і Лель. У нашым фальклёры бальшыня песьняў гэтак званага шыльнага панядзелку мае прыпеўку: «Лада, мая Лада!». Яшчэ П.Бяссонаў атаесамліваў гэтую сьпеўную Ладу з багіняй Ладай, а зь ім пасьля згадзіўся П.Шэйн. Пазьней А.Сапуноў знайшоў у архіве Полацкае кансысторыі вельмі характерную скаргу Расейца сьвятара адмыслова разам зь дзесяткамі іншых сьвятароў пераселенага царызмам з Куршчыны на Віцебшчыну, што: «Калі ў царкве пяюць "Алелуя!", дык Беларус хаця й хрэсьціцца, але думае пра сваіх Лелю і Ладу». І паводля навуковага прыпушчэньня назоў мястэчка Ляды, што на Ігуменшчыне, паходзіць не ад лядаў, але ад багіні Лады. Аб гэтым сьветчыць і тое, што дагэтуль тут на курганох захаваліся сьляды языцкіх ахвярнікаў. Характэрна, што ў XVII стагодзьдзі тут Уладзіміру Кірыку зьявілася Божая Маці. Пазьней на месцы цудоўнага зьяўленьня паўстаў адпаведны яму Дабравешчанскі манастыр, у якім перахоўваўся цудатворны абраз Ляданскае Божае Маці.

Ідучы ланцугом узвышшаў, пераразае з паўдня на поўнач Віцебшчыну маляўнічая Віцебска-Невельская Града. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя расейскі геалёг Нікіцін, першы дасьледуючы яе, адзначыў: «Глыбокія прорвы, даліны і катліны чаргуюцца тут з горамі, якія маюць блізка што няпрыступныя, стромкія спады. Мапы не даюць аніякага ўяўленьня аб гэтым горным краявідзе». І самы высокі пункт Грады, на поўнач ад гораду Гарадку, мае назоў Паганаўская Гара. Не падлягае сумлеву, што на ёй, як на самай высокай, скуль краявід пашыраецца на дзесяткі кілямэтраў вакол, Крывічы мелі мольбішча свайму невядомаму богу. Таму невядомаму богу, аб якім Апостал Народаў Павал сказаў:

22. - Афіняне! Па ўсяму бачу я, што вы неяк асабліва пабожныя.

23. Бо праходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана «невядомаму богу». Пра Яго, Якога вы ня ведаеце, я маюся казаць вам».

Разьдзел 18. Дзяяньні Сьвятых Апосталаў.

Калі старадаўныя языцкія багі і багіні карыстаюцца ў нашым фальклёры пашанай, дык чорт яе ня мае. Характэрны ў гэтым сэнсе ўзгорак Шайтан, што знаходзіцца ў ваколічнасьці нашага старажытнага Мазыру. Паводля народнага паданьня, чорт неяк вельмі раззлаваўся на Мазыр і пастанавіў яго дарэшты зьнішчыць. Дзеля гэтага ён схапіў вялікую гару і панёс, каб ськінуць уночы на зьненавіджаны ім горад. Аднак калі магутны Рым выратавалі гусакі, дык Мазыр, у замку якога ў палове XVІ ст. было 5 вялікіх гармат - «дзел сьпіжных», 14 сярэдняга калібру гармат або сарпаткаў і 53 дробных гарматы-гакоўніцы, нечакана выратаваў ранічны певень. Пачуўшы пеўня, чорт, як заўсёды, спалохаўся і ўпусыцў гару, што, зваліўшыся паза горадам на зямлю, набыла ягонае імя - Шайтан. Бязумоўна пераможаны пеўнем чорт у вачох народу значна ніжэй, чым Пярун, з дапамогай якога ён зьмятаў «брамы муроў Царграду». Чорта прыгадаў таксама народ, надаўшы возеру, што паблізу ад ракі Сервач перасякло дарогу з Карэлічаў у Мір, назоў - Чортава Вока. Возера гэта маленькае, але вельмі глыбокае, і, калі клалі празь яго мост, дык давялося стачаць палі. Цяжка навет пералічыць усе Чортавы Масты на шляхох і гасьцінцах, да якіх належыць і Чортаў Мост на Альгердавым Шляху - як правіла, паводля паданьняў, заўсёды небясьпечныя.

Ёсьць на роднай Дзьвіне добра знаёмая мне грымотная скала Чорт. Шмат плытоў пабіў гэты самы Чорт з прычыны прымхаці рачное плыні каля яго. Яшчэ Чорта ня відаць і толькі чуваць ягоны рык, як плынь сама пачне адносіць плыт ад яго. Але гора таму неспрактыкаванаму плытагону, што цалкам пакладзецца на ласку плыні. Яна потым, адштурхнуўшыся ад камяністага берагу, кіне, як мага, плыт на самую скалу і часам на тутэйшых узьбярэжных могілках плытагонаў стане больш аднэй магілай. Затое той плытагон, які, умываючыся потам перамагае з дапамогай трохпудовых дрыгалкаў плынь і накіроўвае свой плыт проста на скалу, не шкадуе пасьля, што давялося тым самым зірнуць у вочы сьмерці. За якія пяць сажняў перад сабой, Чорт, разразаючы ваду і абліўшы ёю плытагонаў ад лапцяў да маргелкаў, адштурхне іхні плот у бок ад сябе і, прамільгнуўшы бадай што побач, як рукой дастаць, застаецца ззаду. Тады ськідаюць плытагоны, як адзін, шапкі ды хрэсьцяцца на крыжы гаротнага ўзьбярэжняга могільніку.

Ад чорта натуральны пераход да ведзьмы. Трэба зазначыць, што калі нашыя сяляне вызнавалі бадай вылучна вядзьмакоў, дык нашыя шляхцічы - ведзьмаў. Цікавы ў гэтай галіне ліст паловы XVIII ст. кіраўніка маёнтку да ягонага гаспадара графа Тышкевіча: «Яснавяльможны пане! З тымі сялянамі, якія вяртаюцца назад, дакладваю, што з Вашага дазволу спаліў я шэсьць чараўніцаў: тры прызналіся, а іншыя - не. Дзьве зь іх вельмі старыя, трэйцяя таксама год пяцідзесяці, ды ў дадатак яны адзінаццаць дзён усе прасядзелі ў мяне пад кадзьдзю і пэўне-ж іншых зачаравалі. Вось і цяпер панскае жыта ў двох мясцох заламанае. Я зьбіраю зь дзесяці касьцёлаў сьвянцоную ваду, каб згатаваць на ёй кісель: гавораць, канечне ўсе ведзьмы зьбягуцца, каб пасмакаваць гэтага кісялю; тады займею яшчэ больш работы».

Сучасьніку толькі на першы пагляд гэты ліст нагадае анэкдот, бо ў запраўднасьці ў ім адбілася сярэднявечная трагэдыя, ахвярай якое сталіся нашыя гаротныя, падбітыя цяжкім жыцьцём жанчыны: гістэрычкі, а часам - вар'яткі. Ад гэтак званых ведзьмаў паходзіць назоў рэчкі Ведзьмы, прытокі Шчары. Цяперашняе мястэчка Станіславаў, што ляжыць на гэтай рэчцы, калісьці таксама менавалася Ведзьма.

На мяжы паміж геаграфічнымі назовамі языцкага і хрысьціянскага паходжаньня знаходзяцца, як ужо адзначаліся, тыя, што атрымалі сваё імя ад прарока Ільлі. Аднак першапачатковы языцкі вобраз Ільлі, як спадкаемца Пяруна, паступова ахутваецца хрысьціянскай цяплынёй, і з грамавіка, паводля фальклёру, ён ператвараецца ў сейбіта і жняю. Калісьці «валачобныя - людзі добрыя» на Вялікдзень пяялі пра тое, як запытваецца Божая Маці:

Скажы, Пятро, скажы, Паўла,

Скажыце шчыру праўду:

Дзе Ільля прабывае?

Хрыстос Уваскрос, сын Божы!

Сьвяты Ільля ў чыстым полі ярыну дасявае.

А ў іншай сваёй прачулай песьні пяялі:

На сустрач Ільлі сам Ісус Хрыстос:

- Ільля сьвяты! Дзе быў, пабываў?

- Сам, Ісус Хрыстос, я жыта зажынаў.

Два нашых мястэчкі набылі свой назоў ад Ільлінскіх цэркваў - мястэчка Ільля на Вялейшчыне і мястэчка Ільліно ў вышнявінах Дзьвіны. Аднак, калі першая царква паўстала на месцы мольбішча Пяруну, дык другая ўваходзіць у лік 6 цэркваў, якія загадаў у 1447 г. пабудаваць у Беларусі кароль Казімір у вадзнаку ўдзячнасьці за тое, што на Ільлін дзень танула і ледзь выратавалася каралева. Гэтае здарэньне для нас зразумела яшчэ таму, што Ільлін дзень часта супадае з навальніцай, залевай і паводкай, што адбілася навет у прыказцы: «Ільля нарабіў гнільля». Дарэчы, пасьля гэтага дню і вада халадзее, бо, як сьцьвярджае народ, прарок Ільля кідае ў яе кавалак лёду, а лось абмочвае ў ёй свае рогі. Што датычыць ракі Ільлі, левае прытокі Вяльлі, дык яна, наўсуперак іншым геаграфічным назовам, набыла назоў ад мястэчка Ільлі, а не накінула яму свой.

На Смаленшчыне, там, дзе ручай Хвосьць уцякае ў рэчку Царэвіч, прытоку Вопі, знаходзіцца невялікі горад Духаўшчына. Назоў досыць хуткае рэчкі тлумачыцца тым, што ў XVIII ст. тады сяло Духаўшчына зьяўлялася прыватнай уласнасьцю маскоўскіх цароў. Затое беларушчыну Духаўшчыны падкрэсьлівае назоў ручая. За даўнія часы ён менаваўся Хвасьцец, у расейскую геаграфічную наменклятуру ён трапіў, як Фоска, але духаўшчынцы, што падобна ўсім Беларусам, ня вызнаюць гуку Ф, называюць яго, які падзяляе іхні горад на дзьве часткі - Хвосьць. Аб старажытнасьці і беларушчыне Духаўшчыны сьветчыць таксама тое, што тутэйшы кірмаш ня супадаў з тутэйшымі фэстамі, а прыпадаў на Ільлю. Магчыма тут калісьці існавала Ільлінская царква, аб якой не засталося ніякага ўспаміну ў актах, але народная памяць глыбейшая ад іх. Нарэшце і сваё імя горад набыў не ад вялікага сабору з маскоўскімі цыбулінамі-кумпаламі, але ад у беларускім стылі пабудаванае царквы ў імя Сьвятога Духа. Хтосьці калісьці разбурыў Ільлінскую царкву, бальшавікі зьнішчылі Духаўскую царкву, але ня зьіначылі назову Духаўшчыны - гарадку Ільлі і Сёмухі. Ня ўпрыгожваюць цяпер тут хаты бярозавым маем, кветкамі і аерам, ня кідаюць нашыя красуні-дзяўчаты ў Хвосьць вянкі, ды не пяюць яны пры гэтым:

Сьвяты Дух Тройца!

Дазволь нам гуляці,

Вянкі завіваці,

- але адразу прыгадваецца ўзвышэнец Уладзімір Жылка:

І веру радасна я болей, чым калі

Ў вялікі лёс і шлях радзімае зямлі:

Абуджаны народ быліц дазнае сказ, -

Узрушыць, як адзін, пры сьвеце бліскавіцы.

Прыдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час,

Дай думам сёмушным і казкам дай зьдзяйсьніцца!

Яшчэ ў пачатку нашага стагодзьдзя Маркаўшчына знаходзілася ў трох кілямэтрах ад Віцебску. Потым па дзьвюх вуліцах - Максіма Горкага і Розы Люксэмбург сюды прыйшоў разам з трамваем горад, паглынуў старажытную Маркаўшчыну і навет значна працягнуўся далей. Паміж гмахамі і комінамі шматлікіх хвабрык і заводаў згубіліся рэшткі каменнае сьцяны ды нявысокае званіцы на беразе Дзьвіны - гэта ўсё, што засталося ад зьняважанага Маркавага манастыра, вакол якога й паўстала за даўнія часы Маркаўшчына. Сам манастыр займеў свой назоў не ад апостала і эвангелістага Маркі - патрона Вэнэцыі, а ў сувязі з тым, што заснаваў яго земянін Марка. Ужо ў ХII ст. паблізу ад манастыра на Дзьвіне вялізны валун стаўся адным зь бязыменных Барысавых камянёў - з крыжом, але бязь літараў. Першыя тутэйшыя манахі пэўне былі ня толькі духовымі воямі, бо ў ХIII ст. Немцы-мечнікі скардзяцца на «маркаўскіх гайдамакаў». Аб далейшым значаньні манастыра сьветчыць тое, што кароль Сьцяпан Батура прызначыў у 1576 г. ягонага ігумена Феафана Рпінскага архіяпіскапам Полацкім. У 1691 г. князь Багдановіч Агінскі пабудаваў тут царкву ў імя Сьвятое Тройцы. У 1913 г. «Управление Путей Сообщения» (Кіраўніцтва Шляхоў Зносін) падарвала тутэйшы Барысаў камень. У 1936 г. бальшавікі разбурылі адзін з найвыдатных помнікаў беларускае драўлянае архітэктуры - царкву Сьвятое Тройцы, і тады-ж зьнікнуў зь яе цудатворны абраз Віцебскае Божае Маці.

Калісьці, працуючы над гісторыяй віцебскіх хвабрык і заводаў, мне давялося завітаць да аднае знаёмае ватэршчыцы зь вялікае лёнапрадзільнае хвабрыкі «Дзьвіна». Можа «Дзьвіной» гэтую хвабрыку назвалі таму, што поту і сьлёзаў на ёй, пабудаванай Бэльгійцамі, пралілося ня менш, чым вады нясе родная Дзьвіна. А можа й таму, што яна сталася гэткая-ж непакорлівая, як Дзьвіна. Прынамсі ў 1907 г. работніцы і работнікі яе вывезьлі за ейныя вароты на тачцы асабліва ненавіскага ім дырэктара Прун'е, які за тыдзень перад тым зазначыў:

- Я чуюся на Маркаўшчыне ня горш, чым у Конго.

За савецкія часы хвабрыка «Дзьвіна» набыла імя «зялезнага наркома» Лазара Майсеявіча Кагановіча і запраўды, як закутая ў залезныя кайданы, прыціхла. На маю просьбу расказаць аб гаротным мінулым Маркаўшчыны, ватэршчыца адразу згадзілася, і ейнае апавяданьне захавалася ў памяці дагэтуль.

«Прывялі мяне бацькі на «Дзьвіну» васьмёхгадовай дзяўчынкай. Ад шостае да шостае падносіла я шпулі да ватэраў. Гэткіх нас, зь якіх старэйшаму ішоў адзінаццаты, мелася сорак з чымсьці. Білі нас майстры і падмайстры, білі наглядачы, што ніколі не разлучаліся зь бізунамі. Нарэшце мы ня вытрымалі і ў 1912 г. усе сорак, як адзін, забаставалі. Выйшлі мы з хвабрыкі на вуліцу і нібы ўпяршыню пабачылі, што паблізу цячэ Дзьвіна. Рынуліся мы бегма да яе, каб пакупацца. Тут нехта нам сказаў, што ўся хвабрыка спынілася. А запраўды, каб гадзіньнік спыніўся, досыць выцягнуць зь яго навет самае маленькае колца. Мы спачатку спалохаліся, але, калі, ськінуўшы зь сябе латаную ды пералатаную вопратку, пабачылі на сваіх сьпінах безьліч пісагоў, дык із злосьцю адказалі:

- Ну, і няхай стаіць!

Аднак, скупаўшыся, пайшлі зноў на хвабрыку, дзе нам не накінулі капейкі на дзень, аб якой мы прасілі, і не пазбавілі ад бізуноў. А ўначы пасьля забастоўкі абудзілі мяне сьлёзы маткі. Сьхілілася яна нада мной і, працягваючы пахавіты буйны яблык, гаворыць:

- На, ластаўка мая. Айцец Афінаген табе першае прынёс з свае яблыні, - дый плача гэтак, як толькі можа плакаць маці.

Гэта пра ранейшую Маркаўшчыну, пра якую можна й казаць і пісаць. Цяпер паслухай, братка, пра тое, што забаронена казаць дый пісаць. Паслухай, можа калі й напішаш і людзі пра гэтае даведаюцца, але на мяне не спасылайся. Нягодная я людзкое ўвагі. Проста камень хачу з душы ськінуць. Сама я разам зь іншымі пад прымусам галасавала, каб манастыр зачыніць. І вось прыехалі зачыняць і ўсіх манахаў арыштавалі. Толькі аднаму старэйшаму, векам згорбленаму ды сівому ераманаху Афінагену сказалі:

- Ідзі адсюль народны вораг на ўсе бакі. Сам неўзабаве здохнеш.

А куды яму йсьці, калі ўсе ягоныя сваякі, або тут павыміралі, або ў Сібір паміраць павысыланыя. Мы-ж тыя самыя, што галасавалі і дапамагалі потым айцу Афінагену, хто чым можа. Але ня доўга ён пасьля гэтага пражыў. На першы дзёнь мінулага Раства падабралі яго ў колішнім манастырскім садзе замёрзлым. Ляжаў ён, аберуч абдымаючы яблыню-антонаўку, якую калісьці сам пасадзіў, а зьверху яго прысыпала сьнегам. Пэўне зьлітаваліся над ім тыя самыя анёлы, што Дзіцятку Хрыста славілі. Схадзі, братка Віцьбіч, пакланіся Афінагенавай яблыні. Можа пасьля гэтага зразумееш нашую Маркаўшчыну».

На мяжы Случчыны і Наваградчыны, там дзе ў Нёман уцякае рэчка Турчанка, шырака разьляглося калісьці мястэчка, а потым сяло Мікалаеўшчына. Па адных дадзеных назоў гэты паходзіць ад царквы ў імя сьвятога Мікалая Мірлікійскага, па другіх ад колішняга гаспадара сяла Мікалая Радзівіла. Сьпярша прыгадваецца, што Мікалаяў Радзівілаў было тры - Сіротка, Чорны і Руды і пэўне-ж Чорны спрычыніўся да назову, але потым засланяюць усіх трох у сьвядомасьці два вялікія Беларусы, якія паходзяць зь Мікалаеўшчыны - Язэп Лёсік і Якуб Колас. Дзядзька і старэйшы за яго на два гады пляменьнік, царскі палітычны катаржнік і царскі палітычны астрожнік, народны трыбун і народны паэта. Мікалаеўшчына дала Беларусі выдатнага Язэпа Лёсіка, які пазьней сказаў сваім спадкаемцам-вучням: «Вашыя сьвечкі запаленыя і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыйдзіцеся вы па Беларусі, каб панесьці за сабою вялікую радасьць уваскрашэньня Беларусі».

І гэта тут у Мікалаеўшчыне:

Зьбіраўся скарб, струменіўся няспынна,

Вясёлкавым ірдзеньнем мне сьпяваў

І выхаду шукаў

Адбітак родных зьяў

У словах-вобразах, у песьнях вольна-плынных,

- што Якуб Колас зьбіраў не для сябе асабіста, а для свайго народу:

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар

Дае пясьняр.

Дарэчы, а можа хто-небудзь з нашых праведнікаў прыгадае, што Якуб Колас двойчы сталінскі ляўрэат? Пэўне-ж яны ня маюць аніякіх грахоў, калі кідаюць камяні ў нашага народнага паэту.

Аднойчы ўвечары ў Менску Ўладзімір Дубоўка і Мікола Равенскі, выдатныя паэта і кампазытар, вырашылі ў пільнай справе наведаць Якуба Коласа. Дайшоўшы да ягонае хаты, яны пабачылі, што дзьверы на вуліцу адчыненыя. Яны ўвайшлі ў першы пакой, потым у другі, нікога не сустракаючы, і нарэшце пачулі скрыпку і сьпяваньне. У паўзмрочным пакою стаяў сьпіной да тых, што ўвайшлі, Якуб Колас і пад скрыпку ў паўголас пяяў:

Колесницегонителя фараона погрузи

чудотворяй иногда мойсейский жезл.

Заўважыўшы Дубоўку і Равенскага, Якуб Колас спалохаўся і сказаў:

- Як вы няўпрыцям увайшлі. Вы нічога ня бачылі і ня чулі. Добра?

Гэта і ёсьць жывы, запраўдны, сучасны Якуб Колас, народны паэта Якуб Колас.

На Лепельшчыне, на беразе прыгожага, падобнага па свайму ўзьбярэжнаму абрысу да маладзіка Чарэйскага возера, знаходзіцца цяперашняе мястэчка Чарэя, а ў XV ст. сталіца Чарэйскага княства. І зь якога боку не пад'яжджаць да Чарэі, адусюль аж за дзесяць кілямэтраў відаць паблізу ад яе на зялёным фоне лясоў ды пералескаў белы будынак, вядомы ў народзе пад адпаведным назовам Белае Царквы. Гэты самы назоў пашырыўся і на ваколічнасьць гэтае царквы, што знаходзіцца ў чатырох кілямэтрах ад Чарэі і ўзвышаецца над возерам. Калісьці валодалі тут князі Пяструцкія, бліжэйшыя сваякі Сапегаў. Аднаго зь іх - Міхаіла - князь Сьвідрыгайла ў 1433 г. патапіў у Віцебску ў Дзьвіне, другі - Літоўскі праваслаўны мітрапаліт Місаіл заснаваў у 1454 г. на высьпе возера манастыр. Зь цягам часу, разам з домам кн. Пяструцкіх, заняпаў гэты манастыр, але ў 1599 г. яго аднавіў славуты Леў Сапега і адначасна пабудаваў на беразе царкву ў імя Сьвятое Тройцы, што больш знаная і ў народзе і ў літаратуры пад назовам Белае Царквы.

Мне давялося ў 1939 г. трапіць у Белую Царкву. Сама царква за год перад тым сталася сховішчам збожжа калгасу імя Вароўскага, які падтаптаў пад сябе бліжэйшую вёску Сеньніцы. Разам з усімі абразамі зьнікнуў тады і цудатворны абраз Белацаркоўскае Божае Маці. Аднак яшчэ задоўга перад бальшавікамі зьняважылі чатырохсотгадовы будынак Расейцы, паставіўшы над ім, што дагэтуль захаваў рысы старасьвеччыны, свой шырокі кумпал. І калі раней царква па лёгкасьці сваіх прапорцыяў нагадывала карабель, што, здаецца, вось-вось адарвецца ад узвышша і паплыве над вазёрамі ды гаямі Лепельшчыны, дык цяпер нязграбны барабан прыціснуў яе да зямлі. Зь нявыказным пачуцьцём на сэрцы, я неўзаметку спакінуў сяброў навуковае экспэдыцыі і прысеў на беразе насупраць выспы з крушнямі былога праваслаўнага, а потым базыльянскага манастыра. Можа я й ня бачыў тады гэтыя крушні, бо прыгадаўся мне вялікі дзяржаўны муж Леў Сапега, што, стаўшыся сам каталіком, будаваў таксама для сваіх суродзічаў і праваслаўных і вуніятаў цэрквы. Мне прыгадаліся таксама, акрамя тутэйшае Белае царквы, Жоўтая царква ў Менску, Чорная Тройца ў Віцебску, Ніжняя царква ў Горадні, Спаса на Акопах у Смаленску, Белая ды Жоўтая царква ў Стаўпцох і г.д. Наш народ, які па сваёй натуры зьяўляецца глыбака рэлігійным, у выніку прымусовых веравызнавальных зьменаў, што знайшлі адбітак у словах паэты:

З двух бакоў айцы дубінай

Заганялі нас у рай,

- пачаў нарэшце называць цэрквы ды касьцёлы не па сьвятых, а па колеру іхніх сьценаў, ці па месцу знаходжаньня. І за гэтымі згадкамі я навет не заўважыў, як побач прысеў сівы дзед і, азірнуўшыся вакол, распачаў гутарку:

- Ты, таварыш, калі ўвайшоў у царкву, хай сабе й зьняважаную, дык шапку ськінуў. Дый у гэны алешнік зашыўся не дарма. А мяне не палохайся. Хаця я чалавек урадавы, але ня шпіён. Прыйшлі гэна тады да мяне дый кажуць: «Пільнуй, дзед Піліп, калгаснае збожжа, бо ты ў Бога верыш і красьці ня станеш, як тыя раённыя пацукі». Аднак алешнік ад іх не абароніць. Усё перавялі, усё нішчуць. Запраўды - Вароўскія. Вось гэныя крушні на абтоку празь месяц пачнуць раскапваць, ды з гэнае цэглы ў мястэчку лазьню будаваць, а ня хопіць цэглы, дык і Белую Царкву раскапаюць. З сваіх рук бруд змываюць, а затое душы іхнія каростай парасьлі. Я часам прыду ў царкву, зачынюся зь сярэдзіны, ды ўкленчыўшы перад гакам, на якім вісеў цудатворны абраз, малюся:

- Зьлітуйся, Прасьвятая Божая Маці нашая Белацаркоўская, пазбаў сваіх мужыкоў-хрысьціянаў ад гэнае горшае за Татараў напасьці.

На Ігуменшчыне, у найвузейшым міжрэччы Пцічы і Сьвіслачы, ляжыць здаўна вядомае мястэчка Мар'іна Горка. Хаця тутэйшая царква і прысьвечаная Вусьпеньню Божае Маці, але ўсё-ж не мястэчка ад царквы, а царква ад ахутанага паданьнямі назову мястэчка набыла сваё прысьвячэньне. Паводля аднаго народнага паданьня, тут яшчэ за даўнія часы быў на ўзвышшы языцкі могільнік зь вялізным камянём пасярэдзіне, вакол якога адбываліся трызны. Наш навуковец Шпілеўскі знайшоў у старадаўнім лісьце манаха Грозаўскага манастыра працяг гэтага паданьня, а менавіта - праяжджаў паўз трызны сьвятар-місіянер і абураны ёю акрапіў магільнік сьвятой вадой. Пасьля гэтага ўзвышша развалілася на дзьве часткі і ў прорву, што сталася на ёй, праваліўся камень. Запраўды, нібы пацьвярджаючы ліст грозаўскага манаха, узвышша, на якім цяпер стаіць Вусьпенская царква, мае выгляд раздвоенага. Паводля другога паданьня, у бліжэйшай вёсцы Лядцы жыў таксама за даўнія часы пабожны селянін Сідар. Ён цяжка захварэў і ніякае зельле яму больш не дапамагала, аж пакуль не зьявілася яму ў сьне Божая Маці. Яна абяцала яму вылячэньне, калі ён на тым узвышшы, дзе моляцца язычнікі, паставіць крыж і капліцу зь ейным абразом. Калі Сідар гэтае выканаў, дык адразу выздаравеў і рэштку свайго жыцьця пражыў паблізу капліцы.

Шмат іншых цудаў узьвялічылі абраз Мар'інагорскае Божае Маці. Наш народ з глыбокай верай расказвае, што калі каплічка пазьней не аднойчы згарала, дык абраз заставаўся ў цэласьці. Ён з тэй-жа шчырай верай прыгадвае, што калі ў 1812 г. Французы паспрабавалі зьняважыць абраз, дык асьлепнулі. І селішча, што зь цягам часу паўстала вакол каплічкі, а пазьней царквы на аблюбаваным Божай Маці ўзвышшы, атрымала назоў Мар'інае Горкі. Тысячы сялянаў за дзесяткі і сотні кілямэтраў зыходзіліся сюды кажную «маладзіковую нядзелю», каб ушанаваць абраз Божае Маці. Гэтае характэрнае для Беларусаў наагул сужыцьцё хрысьціянства зь языцтвам можа найбольш паказальна для Мар'інае Горкі, якая, перш чым стацца гэткай, зьяўлялася сьвятой для нашых прашчураў. Зьняважана цяпер Вусьпенская царква, пераробленая пад кінотэатр тутэйшага сельска-гаспадарскага тэхнікуму. Няма ведама, дзе цяпер цудатворны абраз, але, паводля найноўшага народнага паданьня, ён абавязкова абвесьціцца зноў. Ахоўвае Ігуменшчыну і ўсю Беларусь Мар'інагорская Божая Маці.

На рэчцы Ігуменцы, прытоку ракі Волмы, на старадаўных шляхох ад Чарнігава і Магілева да Менску ляжыць горад Ігумен. Ці наўрад назоў гораду паходзіць ад рэчкі, бо яна вельмі плыткая, каб навет у старадаўныя часы стацца водным гістарычным шляхам. Мае таксама разьбежнасьць з праўдай і народнае паданьне, упяршыню і без камэнтараў зьмешчанае ў друку навукоўцам Д. Шэндрыкам. Паводля гэтага паданьня, на месцы цяперашняга возера, што знаходзіцца ў трох кілямэтрах ад гораду на бабруйскім шляху, калісьці было языцкае мольбішча, да якога адусюль зыходзіліся вялікія натоўпы. Адна падарожніца «манашка-ігуменьня з Афонскае Гары», пабачыўшы гэтае, зьвярнулася да сялянаў з прачулым словам, пасьля чаго яны пабудавалі на месцы мольбішча хрысьціянскую царкву, у якой неўзабаве зьявіўся цудатворны абраз Божае Маці. Празь нейкі час тубыльцы вырашылі зноў аднавіць языцтва, але калі пачалі адбудоўваць мольбішча паблізу царквы, тая правалілася і на ейным месцы сталася глыбокае возера, а цудатворны абраз зь яе апынуўся ў Лядзкім манастыры, што знаходзіцца ў 19 кілямэтрах ад Ігумену на менскім шляху. Дык вось ад гэтае ігуменьні з Афону нібы і атрымаў свае імя Ігумен.

Запраўды вузкая паўвыспа на Эгейскім моры Афон або Сьвятая Гара мае каля 20 манастыроў, але ад веку паміж імі ня было ні аднаго жаноцкага. Суворы, тысячагадовы манастырскі статут не дазваляе ні аднэй жанчыне - ні царыцы, ні рабыні - наведаць Афон. Таму калі сын Міндоўга Войшалк або Лаўр, перш чым заснаваць Лаўрышаўскі манастыр каля Наваградку, паломнічаў на Афон, дык сьвятая Еўфрасіньня-Прадслава ў часе свайго падарожжа на Сьвятую Зямлю яго абмінула. Аднак, калі Ігумен атрымаў свой прыгожы назоў не ад ігуменьні з Афону, дык у ўсякім разе ад ігумена і можа навет з таго самага Лядзкага манастыра, дзе запраўды з пачатку XVIII ст. перахоўваўся цудатворны абраз Божае Маці. Бальшавікі перайменавалі Ігумен у Чэрвень. Нам Беларусам няма аніякае падставы цешыцца з таго, што ў чэрвені 1920 г. у Ігумене польскіх акупантаў зьмянілі расейскія. Мы зь цяплынёй прыгадваем ігумена Лаўра ці Войшалка сына Міндоўга, ігумена Данілу Паломніка, ігуменьню сьвятую Еўфрасіньню-Прадславу Полацкую, ігумена сьвятога Апанаса Берасьцейскага, а разам зь імі таго нязнанага сьціплага ігумена, якога сан стаўся назовам нашага гораду Ігумена.

У Віцебску, спакідаючы з гулам Езувіцкі мост і, прарваўшыся паміж Альгердавай і Вусьпенскай гарамі, выбягае ўся запененая Віцьба на прастору, каб нарэшце далучыцца да хуткае Дзьвіны. За тысячагодзьдзі яна нацягнула сюды гэтулькі пяску, жвіру ды каменьня, што навет Дзьвіна ня здолела, падхапіўшы іх з сабою, пацягнуць далей і сама тут на палову звужэла. У 1865 г. і Віцебшчыну і Вокаўскі Лес наведаў сухмень, а таму абмялела Дзьвіна, што прымусіла Віцьбу капаць сабе ў сваіх наносах глыбейшае, чым заўсёды, рэчышча. І нечакана ўвесь вялікі горад ад Пескаціку да Лукішкаў, ад Юр'евае Горкі да Гутараўшчыны ўскаланула чутка - Віцьба адкапала ёю-ж калісьці пахаваны вялізарны камень, на якім быў гэткі-ж вялізны высечаны крыж, адшараваны пяском ды абмыты вадой.

Паводля прыпушчэньня некаторых навукоўцаў, магчыма якраз на гэтым камяні, які ў той час называўся Жыдоўскім, у 1435 г. князь Сьвідрыгайла спаліў Смаленскага мітрапаліта Гарасіма, у вадзнаку чаго пазьней на ім высяклі крыж. Пераважная бальшыня навукоўцаў даводзіла, што гэта адзін з шматлікіх бязіменных Барысавых камянёў - з крыжам, але бязь літараў, зь якіх бліжэйшы ляжаў адсюль усяго толькі ў 6 кілямэтрах паблізу Маркаўшчыны. Аднак народ надаў выкапанаму Віцьбай каменю назоў Язафатаў у імя Полацкага архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча, забітага ў 1623 г. на Вусьпенскай гары. Пад гэтым назовам камень і вядомы цяпер паміж навукоўцаў.

Да самае асеньняе паводкі Дзьвіны, што пакрыла вадой наносы Віцьбы, хадзілі віцябляне дзівіцца на валун з крыжам. Яны спадзяваліся адведаць яго і ў наступны год, але дарма. Калі сплыла ўніз вясеньняя паводка, дык яны пабачылі, што Віцьба, закапаўшы сваё леташняе рэчышча, пракапала сабе ў сваіх наносах новае. З таго часу прайшло бяз малага сто год, павыміралі і тыя, хто бачылі Язафатаў камень, і дзеці іхнія, але рэчка штовясны, зьмяняючы рэчышча, тым ня менш ніколі не адкапала зноў таго самага каменя. Навет пазьней архэалёгі, пракапаўшы свае глыбокія траншэі, да яго не дасталіся.

Шмат чаго бачыла рэчка Віцьба з таго часу, як нарадзілася з чыстых лясных крыніцаў, шмат народнай крыві, сьлёзаў і поту па ёй сплыло і пэўне знарок, каб перахаваць Язафатаў камень ад царскага і бальшавіцкага дынаміту, яна глыбака яго пад сабой тымчасова пахавала.

На Ельніншчыне, на рацэ Дзясьне ляжыць вялікае сяло Новаспаскае, што атрымала свой назоў ад Спаскае царквы. Гэтае беларускае сяло набыло сусьветную вядомасьць з тае прычыны, што ў 1804 г., у маёнтку паблізу яго, нарадзіўся Міхал Глінка. Ён, як кампазытар, адыграў у расейскай музыцы ролю раўназначную ролі Пушкіна ў расейскай літаратуры. Не падлягае сумлеву, што ў ягонай творчасьці знайшлі шырокі адбітак беларускія элемэнты і гэтае вызнаваў сам Глінка, падкрэсьліваючы: «Музыку піша народ, а мы, кампазытары, яе толькі аранжуем». Аднак, калі музыка запраўды спачатку зьяўлялася беларускай, дык аранжоўка яе паступова сталася вылучна расейскай. Калі «Камарынская», або - «жолуд расейскага сымфанізму» запраўды адбіла непакорлівасьць сялянаў Беларусаў вядомае яшчэ ў XVII ст. Камарыцкае воласьці, што належыла сьпярша да Літвы, а пазьней, зьяўляючыся асабістай уласнасьцю цара Барыса Гадунова, паўстала супраць «своего барина», дык опэра «Жыцьцё за цара» варожая і чужая для нашага народу, адзін з найвыдатнейшых сыноў якога забіў цара. Таму зусім ня выпадкова ў Пушкіна пасьля гэтае опэры склалася экспромтам характарыстыка творчага шляху кампазытара:

Ты не глинка,

А фарфор.

Таму таксама ня выпадкова ў Смаленску ёсьць помнік з надпісам: «Глинке - Россия. 1885 г.»

І пабачыўшы гэты помнік, мы прыгадваем з сумам безіменныя, даўно ўжо зраўняныя зь зямлёю магілкі, пад якімі ляжаць нашыя «Сымоны Музыкі». І што нам з таго, што Глінка па свайму паходжаньню Беларус? Што гэта ягоных продкаў Глінскіх з Горадзеншчыны дабром прыгадвае гісторыя Беларусі? Паэта Мікола Вярба ў вадным з сваіх прачулых твораў зазначае пра Беларусь, што яна:

Міцкевічу была Літвой!

Глінку і другім Русьсю.

- і ад імя свайго і ўсіх нас дадае -

А мне Ты чым,

Як я

Сын Твой?

Чым?

Мне над усё

Сьвятых-Сьвятым.

Пераходзячы да тых селішчаў, што атрымалі свой назоў ад сялібаў рэлігійнага прызначэньня, прыгадваюцца Манастырок, два Пагосты і Ськіток. Калі тэрмін манастырок не патрабуе тлумачэньня, дык пад пагостам звычайна разумеюць селішча, што складаецца вылучна з парахвіяльнае царквы і будынкаў тых, хто адпраўляе ў ёй Божую Службу і вартуе яе. Ськіты звычайна ўзьнікалі паблізу ад манастыру ў лесе або ў пячорах - калі ў манастыр прыходзілі сьвецкія асобы, каб стацца манахамі, дык ськіты будавалі манахі, што жадалі яшчэ больш суворага, чым у манастыры, жыцьця і самоты.

На Барысаўшчыне, у гістарычным сяле Вяляцічах ёсьць на тутэйшай рэчцы выспа вядомая пад назовам - Манастырок. Вельмі магчыма, што тут калісьці быў манастыр, ад якога засталася старая драўляная царква. У ёй знаходзіўся цудатворны абраз Божае Маці, які паводля народнага паданьня ўпяршыню зьявіўся манахам, што прыйшлі зь Кіеву ў Вяляцічы. Да гэтага абраза сьцякаліся адусюль, асабліва ў «маладзіковыя надзелі», тысячы Беларусаў. На дарозе да царквы яны спакідалі мноства драўляных вотумаў, бо, як шчыра верыць народ, разам зь кінутым каля сьвятыні адбіткам ці выразкам часткі чалавечага цела зьнікае і тая хвароба, што да яго прычапілася.

Нашыя два Пагосты паступова ператварыліся ў мястэчкі, але захавалі ранейшыя назовы. Пагост на Ігуменшчыне, што ляжыць на рацэ Пагашчанцы, прытоку Бярозы, належыць да найбольш старажытных нашых мястэчкаў. Вядома, што ён зьяўляўся прыгарадам адзначанага на мапах XV ст. вялікага гораду Кукарава, які ляжаў ад яго на 8 кілямэтраў. Пагост на Случчыне, што ляжыць на рацэ Случы, ня менш старадаўны. Яшчэ ў 1617 г. ён перайшоў да Радзівілаў, як пасаг за апошняй з роду Слуцкіх-Алелькавічаў княгіняй Софіяй, што сталася пазьней нашай некананізаванай сьвятой і чыё мошчы перахоўваліся ў Слуцкім Траецкім манастыры.

Сяло Ськіток знаходзіцца на Гомельшчыне, на беразе Сожа, і зьяўляецца рэшткай старадаўнага Цярэшкаўскага манастыра, заснаванага ў 1630 г. Зьнікнуў манастыр, але сьлед па ім застаўся ў назове Ськітка. Аднак побач з добрым і сьвятым існавала благое і злачыннае. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя ў ваколічнасьці Ськітка каля вёскі Прыбыткі ўзвышалася на беразе ракі Вуці вялізная хвоя, вядомая ў народзе пад назовам Шыбеньніцы. Тут за часы Рэчы Паспалітае адбываліся найбольш лютыя кары. Найчасьцей пакаранаму разразалі жывот і, прыбіваючы выцягнутую кішку да хвоі, прымушалі потым бізунамі бегаць вакол яе. Можа й карча ўжо не засталося ад тае жудаснае хвоі, але ніякі палітык ня ў стане выкараніць яе з памяці народу, ад імя якога даў прысуд ягоны найвярнейшы сын узвышэнец Уладзімір Дубоўка ў сваёй паэме з адпаведньм назовам «Плач навальніцы»:

І сьціскалася ў вусны нявыказнае гора

І тапілася ў вачох часіна адплаты.

Каб за тое за ўсё, што сягоньня і ўчора

Вогнішчамі абшары палатаць.

Сьвяты Жыватворны Крыж - вялікі сымбаль хрысьціянства, знайшоў адбітак у трох геаграфічных назовах - вёска Вольгін Крэст у ваколічнасьці Пскова, мястэчка Крэйцбург паблізу гораду Якабштадту на Дзьвіне і вялікае сяло Хрэст таксама на Дзьвіне, у 28 кілямэтрах вышэй Вяліжу. Вольгін Крэст і Крэйцбург пад ціскам з боку Расейцаў і Немцаў апынуліся паза нашай этнаграфічнай мяжой, але за тое маюць з намі гістарычную лучнасьць.

Калі кіеўскі летапісец зазначае: «О Пськове-граде от летописания не обретается вспомяну, то от кого создан бысть и которыми людьми», дык за тое архэалёгамі даўно ўжо даведзена, што тут жылі некалі Крывічы. Тое-ж самае пацьвярджаюць этнаграфы і мовазнаўцы. У летапісе за той час, у 903 г., у сувязі зь кіеўскім князем Ігарам прыгадваецца «приведоша ему жену от Пськова именем Ольгу». Паводля народнага паданьня, Вольга была перавозьніцай праз раку Вялікую ў сяле Выбуты пад Псковам, а згодна зь іншым паданьнем, ад яе атрымала свой назоў цяперашняя вёска Вольгін Крэст. Таксама і народнае паданьне і летапіс сьцьвярджаюць, што вядомую Віцебскую царкву Сьвятога Дабравешчаньня пабудавала княгіня Вольга. Запраўды сьпярша навуковец Паўлінаў, а потьм Даўгяла і пазьней Шчакаціхін, дасьледуючы кладку гэтае царквы, прыйшлі да выснаву, што яна пабудаваная ў Х ст., а ў ХІV ст. перабудаваная князем Альгердам.

У 1237 г. мечнікі заснавалі на Дзьвіне замак Крэйцбург, Латышы пераклалі назоў цяперашняга мястэчка на Крустпілс, а яшчэ да мечнікаў і Латышоў тут існаваў полацкі прыгарад - Крыжбор. Аб беларушчыне сьветчуць дагэтуль, апрача курганоў, яшчэ назовы найбольшых на Дзьвіне тутэйшых парогаў - Перакагрыж, Гусак, Бродыж і Ціхая Руба. Паміж дзьвінскіх плытагонаў ёсьць прыказка: «Прабег Янка Перакагрыж дый кажа - Браткі, Рыгу бачу».

Да Рыгі адсюль яшчэ 150 кілямэтраў і зразумела таму, як цяжка перамагчы грымотны Перакагрыж.

Расейская геаграфічная намэнклятура ведае сяло «Крест», але наш народ называе самае сяло і вялікія парогі паблізу яго - Хрэст. Існуе прыпушчэньне, нібы гэты назоў зьіначыў у пачатку мінулага стагодзьдзя Расеец абшарнік Пціцын, які, паходзячы з Волгі, перайменаваў таксама свой маёнтак, што знаходзіўся ў трох кілямэтрах ад Хрэсту, у Жагулі. Аж да нашых дзён тутэйшыя сяляне прыгадваюць аб ім зь нянавісьцю. Дагэтуль на беразе Дзьвіны захавалася каменнае крэсла, на якім абшарнік звычайна сядзеў, аглядаючы прыгонных дзяўчат, што, паводля ягонага загаду, купаліся ў рацэ. Ён шырака карыстаўся таксама «правам першае ночы», пакуль нарэшце ня стаўся ахвярай яго. Яшчэ хлапчуком мне давялося наведаць змрочны навет з вонкавага выгляду палац у Жыгулях. У вадным зь ягоных пакояў быў вялікі пярсыдзкі дыван з рудымі ад крыві плямамі. Гэта на ім зьняважаны малады забіў сякерай абшарніка. І не аднойчы потым бачылі сяляне здані маладых, якіх замардавалі гайдукі перад палацам. Што дзіўнага, калі ў 20-ых гадох нашага стагодзьдзя тутэйшыя сяляне спалілі палац, але паданьне аб ім несьмяротнае. А можа і назоў - Хрэст паходзіць ад крыжа пакутаў, што разам з усім нашым народам несьлі на плячох там гаротнікі.

Нельга ўявіць сабе калішняга беларускага гораду або мястэчка бяз Жыдоў. Па дадзеных 1909 г. у Беластоку іх налічвалася 82% ад агульнае колькасьці жыхароў, у Берасьці - 73%, у Горадні - 64% і г.д. Яшчэ больш было іх у мястэчках, як напрыклад у Лапічах на Ігуменшчыне - 84%, у Карме на Гомельшчыне - 90%, у Янавічах на Віцебшчыне - 93% і г.д. Гэтая адсутнасьць прапорцыі паміж Беларусамі і Жыдамі залежыла не ад іх, а спрычыніліся да яе - сьпярша Рэч Паспалітая Польская, а потым Расейская імпэрыя. Апрача дыскрымінацыйнае рысы жыдоўскае аселасьці, паза якой Жыды ня мелі права жыць, ім, паводля іншага закону Расеі, забаранялася навет у межах іхнае аселасьці жыць у сельскіх мясцовасьцях. Калі дадаць да гатага, што і ў гарадох ім спачатку дазвалялася сяліцца толькі ў «гэтта» - адмыслова прызначаным месцы, дык адразу прыгадваецца малюнак выдатнага мастака, віцебляніна Юлія Пэна - «Сьпіна старога Жыда». На гэтым малюнку пададзены ззаду стары, які ідзе няма ведама куды, сашчапіўшы за сьпіной рукі. Ягонага твару ня відаць, але досыць зірнуць на ягоную сьпіну, каб вычуць нявыказны цяжар, што ляжыць на сьпіне народу. У параўнаньні з гэтым малюнкам, блекнуць статыстычныя адсоткі і як паказальна, што стварыў яго, пазьней забіты бальшавікамі Пэн.

Ня ў прыклад іншым народам, Жыды не накінулі Беларусам ні аднаго свайго геаграфічнага назову, тыя, што маюць да іх дачыненьне, нададзеныя самымі Беларусамі. Паміж імі нельга абмінуць двух назоваў рэлігійнага паходжаньня - Школішча ў Магілеве і Кагальны Роў у Гомелі.

Паводля граматы караля Жыгімонта Трэйцяга ад 1626 г., магілеўскім Жыдом дазвалялася жыць толькі паза горадам у мясцовасьці, якая ад іхняе сынагогі атрымала назоў - Школішча. Пазьней у 1646 г. кароль Уладыслаў Чацьверты пацьвердзіў гэтую грамату. У 1654 г. за часы акупацыі Магілева царом Аляксеем Міхайлавічам тутэйшым Жыдом загадалі пакінуць навет Школішча і перасяліцца адсюль у Польшчу, але па дарозе, яшчэ ў магілеўскім прадмесьці - Пячэрску іх бадай усіх перабілі стральцы. Аднак з часоў Жыгімонта і да часоў Сталіна праіснавала тая старая драўляная сынагога, ад якой паходзіць назоў Школішча.

У 1937 г. мне давялося наведаць магілеўскую сынагогу разам з Жыдам паводля свайго паходжаньня і выдатным нашым пісьменьнікам, узвышэнцам Зьмітраком Бядуляй. Мы доўга шукалі гэтую сынагогу, бо сустрэчныя не адказвалі нам на запытаньне аб ёй, а толькі, або падазрона аглядалі нас з галавы да ног, або пагардліва ўсьміхаліся - ёсьць, маўляў, недарэкі на сьвеце, што шукаюць сынагогу. Толькі калі Зьмітрок Бядуля пажыдоўску зьвярнуўся да старога з тэй-жа сьпіной, што на малюнку Пэна, ён ахвотна і падрабязна растлумачыў нам, як да яе патрапіць. І вось нарэшце праз адчыненыя насьцеж дзьверы мы ўваходзім у зьняважаную сьвятыню. За часы свайго існаваньня яна, сьціплая паводля свайго памеру, умяшчала мора людзкога гора, якое на сьвята Ём Кіпур пад гукі сьвяточнага рогу-шыфора асьвятлялася адвечнай надзеяй: «Лшона Габоа Бійрушалайм!» У наступным годзе ў Ярусаліме!

Унутры сынагога была размаляваная таленавітай рукой Шагала - прадзеда сучаснага, сусьветнага вядомага, мастака Марка Шагала, што калісьці дзесяцігадовым хлапчуком прыйшоў зь мястэчка Лёзна ў Віцебск, каб вучыцца ў Пэна. Нязвычайны наагул для сынагогаў сьценапіс тут, абыйшоўшы ўсе забароны, напоўніў будынак дарэшты незабытнай сымболікай біблійных прарокаў. Праз два гады мне давялося наведаць зноў Магілеў, але, сьпяшаючыся па знаёмай ужо дарозе да сынагогі, я на ейным месцы не пабачыў навет і падмурка. У 1938 г. яе разбурылі бальшавікі і ейныя бёрны парэзалі на калодзежныя зрубы. І калі думаеш цяпер пра сынагогу на магілеўскім Школішчы, дык заўсёды адначасна прыгадваецца закатаваны ў 1941 г. наш выдатны Зьмітрок Бядуля, які тады ў зьняважанай бальшавікамі сьвятыні наўзрыд плакаў.

Можа нідзе яшчэ ў Беларусі гэтак побач ня выпукляліся нацыянальныя і сацыяльныя супярэчнасьці Расейскай імпэрыі, як у Гомелі. Бадай у самым цэнтры гораду ў лагчыне, па абодвух берагох бруднага ручаю, здаўна і да апошняе вайны існаваў Кагальны Роў, які ўпяршыню прыгадваецца ў 1649 г., калі казакі выразалі 1500 ягоных жыхароў-Жыдоў. І хаця пазьней у 1844 г. царскі ўрад скасаваў Кагал - жыдоўскае на рэлігійных падставах пабудаванае самакіраўніцтва, але Роў, дзе жылі вылучна Жыды, застаўся Кагальным. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя тут забаранілі ўсякае будаўніцтва. Таму жудаснае ўражаньне пакідалі бяз усякага парадку сто з гакам год таму пабудаваныя хаціны зь дзіравымі, парослымі імхом стрэхамі. Яны ў розныя бакі пахіліліся, на палову да самых вакенцаў урасьлі ў зямлю і, як кульгавага падтрымліваюць муліцы, гатак іх падпіралі калы ды жэрдкі. Тут у галечы нараджаліся, у галечы жылі, у галечы паміралі. А над самым Кагальным Ровам узвышаўся прыгожы і вялікі палац гаспадара гораду Гомелю Паськевіча - графа Эрыванскага і князя Варшаўскага, самыя тытулы якога паходзяць ад прыгнечаных царызмам народаў. Вакол палацу раськінуўся, абгароджаны мурам, вялізны парк з гротамі, аранжарэямі, дзе ўзімку цьвілі хрызантэмы, ды вазёрцамі, на якіх плавалі лебядзі. Бліжэй да самага палацу былі помнікі з карарскага мармуру над магіламі ўлюбёных графа - князёўскіх сабакаў.

Калісьці ў далёкім дзяцінстве даўся мне ў знакі на ўсё жыцьцё напоўсьляпы скрыпач. На ім ня вопратка, а шкумацьцё. Ягоная хворая жонка, што засталася ў самай убогай хаціне мястэчка, ужо ня ў стане была залатаць латы на латах свайго мужа. Спыняючыся каля кажнай хаты, скрыпач іграе і пяе:

Ідэл міт зэйнэм фідэл

Эр ёт мільёнэн гэлд.

(Жыд з сваёй іскрыпкай

Заробіць мільлёны грошаў).

Часам адчыніцца вакно і яму кінуць капейку, а часьцей вакно не адчыняецца, бо няма паза ім і капейкі. І ён бадай вобмацкам ідзе далей. У ягоных руках не Страдыварыюс і сам ён не Паганіні, але месьцячкоўцы яго любяць. Калі ўжо навет «Ідэл міт зэйнэм фідэл» пяе пра мільлёны грошай, дык і мы - Беларусы ды Жыды - дадзём яшчэ сабе рады.

Божа, што зьлітаваўся над сваім абраным народам і зьвярнуў яму Ізраіль, прыслухайся да нашых малітваў і зьвярні нам Беларусь!

Пераважную бальшыню нашых вазёраў ды валуноў-камянёў пакінуў нам вялікі ледавік, але, абмінаючы геалёгічную прозу, Беларусы, з прычыны самае існасьці свае нацыянальнае натуры, апаэтызавалі іхнае нараджэньне. Няма ніводнага возера ў Беларусі, вакол паходжаньня і назову якога ня створана тая ці іншая, але заўсёды цікавая легэнда. Надзвычай характэрныя ў гэтай галіне вазёры - Сьвятое, Сьвятазер'е і Сьвітазь. Ужо ў народных паданьнях зьніклі прычыны, у сувязі зь якімі цэрквы праваліліся пад зямлю, а на іхнім месцы зьявіліся вазёры, але затое народ з пашанай да іх ставіцца і надаў ім адпаведныя назовы. Гэтак паўстала ў чатырох кілямэтрах ад Мсьціслаўля Сьвятазер'е або Кіркорава возера. Калі прыгадаць, што Мсьціслаўль чамусьці не чапалі Татары, дык ці не адбілася ў зьнікненьні царквы «Трубяцкая разьня», учыненая «единоверным старшим братом». Гэтак паўстала і возера Сьвятое ў ваколічнасьці цяперашняга гораду Асіпавічы. Аднак яно розьніцца ад Сьвятазер'я сваёй шырынёй і глыбінёй. Цяпер Сьвятое значна зьменшылася, але тады, паводля паданьня, на 12 кілямэтраў заліло ўсю ваколічнасьць. Вяроўку з патапцом апушчалі тамашнія на 15 сажняў і гэтак не дасталі ягонага дна. І разам з тым на абодвух гэтых вазёрах ня ўсе, але шмат хто чуў званы затопленых цэркваў, а ў сьвятую Вялікоднюю ноч: «Хрыстос Уваскрос!»

Возера Сьвітазь, што на Наваградчыне, набыло сусьветную вядомасьць дзякуючы Адаму Міцкевічу. Адно зь беларускіх паданьняў, паводля якога на дне возера знаходзіцца горад, што праваліўся пасьля малітвы бездапаможных дзяўчат у часе нападу шматлікіх ворагаў, сталася тэмай для яго выдатнае баляды «Сьвітазь». Тысячы турыстых наведалі пасьля вельмі маляўнічае возера зь сінімі, нібы вочы сьвітазянак, кветкамі лёбэліі і дзівіліся на брукаваную дарогу, што вядзе да падводнага гораду. Але да жыхароў узьбярэжнага сяла Міратычы, зь якога магчыма і паходзіў «паляўнічы тутэйшы» - галоўны герой баляды, яна не дайшла. Адзін зь іх, як сьветчыць годны даверу Адам Ганоры Кіркор, на пытаньне аднаго з турыстых:

- Ці бачылі вы калі-небудзь сьвітазянак? - адказаў:

- З таго часу, як паніч выехаў і паненкі зьніклі.

І тут-жа дадаў, што возера ўсё больш і больш падмывае свае высокія паўночны і паўднёвы берагі. Хоча яно сплысьці дарэшты, або ў Шчару, або ў Сэрвач і капае сабе шлях да іх. А калі толькі прарвецца Сьвітазь, дык з галавой пакрые ўсіх паноў ды падпанкаў, а на бераг нарэшце выйдуць усе тыя нашыя гаротнья дзяўчаты разам з нашым паляўнічым.

Прыгадваючы нашыя геаграфічныя назовы рэлігійнага паходжаньня, нельга абмінуць сяла Міколка, рэчку Грамніцу і Пятніцкі ручай. Сяло Міколка на Ігуменшчыне паблізу мястэчка Лошы нічым рашуча не нагадвае перш - лешпага расейскага сяла - «Николаевское». Ягоны назоў паходзіць ад вельмі цікавае па сваёй архітэктуры былое вуніяцкае царквы ў імя сьвятога Мікалая Мірлікійскага, аб якім нашыя старцы - лернікі пяялі:

А хто Мікалая любіць,

А хто Мікалаю служыць, -

Таму сьвяты Мікалай

На ўсякі час памагай,

Мікалаю!

На самым царкоўным цьвінтары ўзвышаўся шматвяковы дуб, які карыстаўся вялікай пашанай з боку насельніцтва. І гэтае ня зьдзіўляе, бо некалі дубы прысьвячаліся Пяруну. Як і ня зьдзіўляе таксама паданьне, што хтосьці калісьці закапаў пад гэтым дубам вялікі скарб. Паваліць дуб не чалавек, а пярун, і тады выйдзе навонкі скарб, якога хопіць на ўвесь абшар, дзе толькі чуваць званы з царквы сьвятога Мікалая, што ў сяле Міколка.

На Барысаўшчыне, паблізу ад мястэчка Плешчаніцы, цячэ рэчка Грамніца, якое берагі ўсе ў курганох. Вам адразу прыгадваецца грамніца-сьвечка, безь якое нельга ўявіць беларускую хату. Згатаваная з чыстага воску, асьвянцоная на Грамніцы, яна спадарожнічае Беларусу ў ягоным жыцьцёвым шляху. Яе запальваюць і калі пакутуе парадзіха, і калі багаслаўляюць да шлюбу і калі, не пагрукаўшы дзьвярыма, прыходзіць сьмерць. Яе запальваюць, і калі б'юць пяруны, і калі распачынаюць сяўбу. Гэта аб ёй прыгадаў у сваім творы «Ян і маці» Максім Багдановіч:

Сьвечка сьвеціць, сьвечка зьзяе, сьвечка дагарае

І ў панурай, цеснай хаце хлопец памірае.

Пятніцкі ручэй, які, працякаючы праз Смаленск, надаў свой назоў частцы гораду - Пятніцкаму Канцу, сам дастаў назоў ад Пятніцкае царквы, калісьці пабудаванае над крыніцай, што зьяўляецца пачаткам ручэю. Сьвятая Параськева, імя якое ў перакладзе на нашую мову азначае - пятніца, сталася для Беларусаў абароньніцай нязьлічоных сьвятых крыніцаў, сталася аднэй з найбольш шанаваных у Беларусі сьвятых. Яшчэ за часы Гедзіміна ў сталічнай Вільні жонка Альгерда і апошняя віцебская князёўна Марыя пабудавала на месцы мольбішча богу Рагутысу Пятніцкую царкву. А народ пабудаваў над сваймі крыніцамі тысячы капліцаў, прысьвечаных Параськеве-Пятніцы. Сьціплыя па сваіх памерах капліцы, у сярэдзіне якіх апрача абраза сьвятое Параськевы была студня, ніколі не зьмяшчалі тысячы багамолаў, што часам за сотню кілямэтраў ішлі сюды на прошчу.

На Віцебшчыне найбольш шанавалася капліца Пяценка ў Вяліжы. Да яе ў дзесятую пятніцу па Вялікадню сыходзіліся нязьлічоныя багамолы - апрача вяліскіх, бельскія, парэцкія, сураскія, усьвяцкія, гарадоцкія, невельскія, віцебскія. Яны прыходзілі, а ня прыяжджалі, каб ня зьневажыць сьвятыню. Яны ў часе Божае Службы ў Пяценцы стаялі на ўзгорках, паміж якімі яна знаходзілася. І гэтыя ўзгоркі здаваліся пакрытымі сьнегам ад сьвяточных сьвітаў, абшытых каляровай тасьмай. Па намётках розьніліся замужнія кабеты ад дзяўчат з каралямі на шыі. Багамолы па чарзе праходзілі ў капліцу, прыкладаючыся да абраза, пакідаючы каля студні вышываныя ручнікі або пасмы кудзелі. Выйшаўшы з капліцы, набіралі ў бутэлькі сьвятую ваду, што па латку, над якім узвышалася Ўкрыжаваньне, выбягала з студні навонкі. Ужо дваццаць год таму разбурана вялікая Пяценка, але ніхто ня ў стане зьнішчыць ейную крыніцу з празрыстай халоднай сьвятой вадой. Адну з тых шматлікіх крыніцаў, пра якія навет на царскай катарзе, у Сібіры, на ленскай баржы № 18, дзе ён пакутваў за Беларусь, прыгадаў з жалем выдатны Алесь Гарун:

Чаму з маленства, з ураджэнства

Ў жыцьцёвы май

Ня ўмеў, як маці, шанаваці

Цябе мой Край?

То-ж я з Тваёю ключавою

Сьвятой вадой?

Напіўся болю аб нядолі

Бядзе людзкой?

Дарма, што сьветлы Нёман меншы па сваёй даўжыні за шырокі Дняпро і хуткую Дзьвіну. Дарма, што за даўнія часы ён не стаўся гэткім гістарычным шляхам, як яны. Затое пазьней стаўся ён сымбалям нашага нацыянальнага адраджэньня, знайшоўшы адпаведны адбітак і ў народных паданьнях і ў мастацкай літаратуры. Аднак калі вядома, што Дняпро пачынаецца з Клёцавае імшары, а Дзьвіна паблізу ад калыскі Дняпра з возера Дзьвінец, дык скуль пачынаецца Нёман, дагэтуль дакладна невядома.

Бальшыня навуковых дасьледваньняў і народных паданьняў даводзяць, што цяперашняя рэчка Вуса, якая цячэ з-пад Сьвятое Гары і прачула апяяная паэтам Алесям Салаўём, калісьці менавалася Нёман, другія тое-ж самае сьцьвярджаюць наконт рэчкі Вузьдзянкі, што пачынаецца ў пяці кілямэтрах ад мястэчка Вузды, трэйція сьветчаць, што гата мястэчка Лоша спрычынілася да перайменаваньня Нёману ў рэчку Лошу, і нарэшце чацьвертыя прыпушчаюць, што рэчкі Вуса і Лоша, спалучыўшыся разам каля мястэчка Пясочнага, нараджаюць Нёман.

Паміж шматлікімі народнымі паданьямі ёсьць адно, якое сьветчыць, што цячэ Нёман з-пад альховага корчу. Між тым у нашым фальклёры альха належыць да «юдашавых дрэваў». Калі дубы, бярозы, ліпы, хвоі, яліны і г.д. для Беларуса сьвятыя ці бадай сьвятыя, дык з крывавых сьлёзаў выгнанае з раю Эвы нарадзілася рабіна, зь сьлёзаў ськінутага зь неба д'ябла крушына, на асіне Юда павесіўся, а на алешыну «кроў пусьціў» - таму ў асіны горкі смак, а ў сьвежай драўніне алешыны крывавы колер. Не, не з-пад альховага карчу распачынаецца Нёман. Сам народ заўсёды самае дарагое для сябе шанаваў, як сьвятое.

Мы Беларусы незалежна ад таго, скуль мы - ці з-пад Дзьвіны, ці з-пад Прыпяці, ці з-пад Дняпра, ці з-пад Бугу, ведаем, як цячэ Нёман праз Налібокі і Дакудаўскія дубовыя лясы, перахапіўшы ў дарозе Бярэзань і Шчару, мы чуем, як, пракапваючыся праз Горадзенскае ўзгор'е, грыміць ён у сваіх парогах - Швец ды Кравец, Калатоўка ды Бічы. Нёман для ўсіх нас адзіны і непаўторны. І калі нашыя нашаніўцы сумна зазначалі:

Вісьне скарга ўздоўж Нёмна

Беларусі сына,

- дык мы яшчэ пабачым, як нарэшце і назаўсёды:

Даўшы хвалям вольны ход,

Прыпадыйме бацька Нёман

На хрыбце магутным лёд.

І няхай хтосьці ды дзесьці спрачаецца аб тым - скуль паходзіць Нёман. Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX