Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Гербы Берасця 


Аўтар: Церабунь Ганна,
Дадана: 25-07-2013,
Крыніца: Церабунь Ганна. Гербы Берасця // Спадчына. 1993. №6. С. 13-15.



Гербам, як эмблемам суверэннае ўлады, знакам прызнання дзяржаўнасці заўсёды надавалася сур'ёзнае значэнне. Сымболіка старажытных гербаў, што адлюстроўвалася на сцягах, шчытах, пячатках, падкрэслівала толькі адпаведнай дзяржаве, гораду або роду ўласцівае месца, указвала на геаграфічнае, гістарычнае становішча, юрыдычны статус уладара герба.

Гербы Берасця.

Свой герб, і, мяркуючы па дакументах, не адзін, меў i горад Берасце. Магдэбургскае права ён атрымаў у 1590 г. Аднак сведчанняў пра герб Берасця да сярэдзіны XVI ст. у гістарычных крыніцах не выяўлена.

Росшукам герба горада займаўся берасцейскі магістрат у 1924- 1939 гг., пра што даведваемся з перапіскі магістрата з архівамі i музеямі, прыватнымі бібліятэкамі, органамі дзяржаўнае ўлады Польшчы.

3 чэрвеня 1927 г. магістрат звярнуўся ў дэпартамент мастацтва i культуры міністэрства веравызнанняў i грамадскай адукацыі Польшчы з лістом: «У выніку пошукаў... з мэтаю ўдакладнення сапраўднага герба горада Берасця над Бугам (Берасце-Літоўскае) у дзяржаўных i прыватных бібліятэках i архівах, маем наступны матэрыял:

1. Барташ Папроцкі. «Гербы польскага рыцарства» - «горад Берасце карыстаўся гербам у выглядзе нацягнутага лука з страною на чырвоным полі».

2. Балінскі i Ліпінскі. «Старажытиая Польшча ў плане гістарычным, геаграфічным i статыстычным» - «Малады кароль Жыгімонт Аўгуст заўжды памятаў пра Берасце i ў адным з сваіх прывілеяў 1554 г., падвышаючы муніцыпальнае значэнне горада, прысвоіў яму герб або пячатку: на чырвоным полі замак ці вежа, збудаваная ў сутоцы рэк».

3. У Кракаўскім архіве (крыніца не ўказаная) знойдзены герб, датаваны 1845 г. Ен мае такі відарыс: «Геральдычны шчыт, падзелены гарызантальна на дзве часткі - у верхняй на блакітным полі профілем злева намаляваны зубр, а ў ніжняй - сутока рэк, г. зн. вусце Мухаўца й Буга. На пагорку, дзе сыходзяцца рэкі, падымаецца на дрэўку дзяржаўны расейскі штандар з царскім арлом».

4. «Геаграфічны слоўнік» (Варшава, 1880. Т. I. С. 404) падае сведчанне, паводле якога герб г. Берасця - Пагоня блакітнага колеру на чырвоным полі [1].

5. Нарэшце ў рукапісе «Становішча гарадоў Каралеўства ў 1790 г.» пад шыфрам - справа № 3, л. 16, што захоўваецца ў варшаўскім зборы бібліятэкі маярату гр. Пжэздзецкіх, знойдзена адбітая на папяровым дакуменце, складзеным у г. Берасці-Літоўскім 18 лістапада 1789 г. пячатка з выяваю нацягнутага лука з укладзенай стралою i тэкстам: «Sigillum civitat Bresłensis Magni Duc Litvanjae». Як вынікае з прыведзеных вышэй цытатаў згаданых дакументаў, ёсць разыходжанні ў апісанні герба г. Берасця аўтарам XVI ст. Барташам Папроцкім i аўтарамі «Старажытнай Польшчы» i «Геаграфічнага слоўніка», якія жылі ў XIX ст., ды, нарэшце, аўтарам працы XVIII ст. «Становішча гарадоў каралеўства ў 1790 г.».

Не маючы магчымасці ўстанавіць ісціну паводле першакрыніцаў, а з другога боку, не ведаючы дакладна, ці сапраўдны герб, які сёння ўжывае горад, магістрат вельмі просіць міністэрства даць сваё меркаванне наконт узнятае праблемы, г. зн. паведаміць, які з апісаных гербаў трэба лічыць сапраўдным для Берасця».

З далейшае перапіскі вынікае, што дэпартамент мастацтва i культуры даручыў архівам разгледзець узнятае Берасцейскім магістратам пытан не.

18 лістапада 1927 г. дырэктар Галоўнага архіва старажытных актаў у Варшаве накіраваў магістрату ліст наступнага зместу: «Праведзеныя пошукі ў галоўным архіве ў актах Кароннай Метрыкі (агульных i канцылярскіх); Літоўскай Метрыкі (толькі часткі кніг, што ў наяўнасці ў архіве, астатнія - у Маскве), Пастаяннай Рады, Дэпартамента Паліцыі, Берасцейскай эканоміі не далі вынікаў. У сувязі з гэтым справа накіраваная ў Казённы архіў (без асаблівых надзей на вынік) i ў Віленскі архіў, бо там знаходзяцца справы Вялікага Княства Літоўскага.

Калі гэтыя дадатковыя пошукі не прынясуць плёну, застаецца выбар: герб з лукам, апісаны Папроцкім i вядомы паводле арыгінальнай пячаткі, або герб з замкам, апісаны ў каралеўскім прывілеі. Не ведаю паходжания пячаткі, якой кары.стаюцца цяпер,- калі яна сучаснага вырабу, выкананая не паводле старога ўзору, а зробленая па апісанні, то трэба ад яе адмовіцца, бо яна не адпавядае прывілею, што вызначае больш просты малюнак.

Улічваючы гэта: 1) арыгінальная пячатка XVIII ст.- дакладнае сведчанне, якое адпавядае традыцыям Папроцкага... 2) невядома, ці быў прыняты на практыцы герб, прысвоены Жыгімонтам Аўгустам, бо няма ніводнага ўзору - з Існуючых гербаў прымальны толькі герб з лукам. У той-жа час горад можа выбраць сабе іншы герб на падставе прывілея Жыгімонта Аўгуста, даручыўшы выраб узору мастаку адпаведнай кваліфікацыі або такой установе, як, напрыклад, музей імя Баранецкага ў Кракаве. Праект неабходна перадаць на экспертизу кваліфікаванай камісіі (абавязковы ўдзел: а) архівіста, 6) геральдыста, в) мастацтвазнаўцы]».

У «Штогодніку горада Берасця на 1930 год» (Берасце, 1929) аўтар гісторыка-геаграфічнага нарыса пра горад Віктар Мандальскі на падставе вышэйзгаданых крыніцаў падае апісанне i відарысы гербаў Берасця. Ён адмаўляў герб з зубрам i расейскім штандарам як пазнейшы i як сымбаль расейскай дзяржаўнасці i схіляўся да герба з відарысам лука, а герб, якім з пачатку 20-х гадоў карыстаўся горад (вежа ў сутоцы рэк), лічыў «фантастычным».

Кракаўскі музей імя Баранецкага ў лісце ад 8 жніўня 1933 г. на падставе доследаў вучоных-геральдыстаў выказаў меркаванне, што сапраўдны берасцейскі герб змешчаны ў кнізе Папроцкага. Яго ўжывалі, як сведчыць гарадская пячатка, яшчэ на пачатку XVII ст.

Музей прапанаваў магістрату заказаць малюнак герба вядомым мастакам-графікам Кінастоўскім.

За герб з лукам i стралой выказалася ў 1937 г. I міністэрства веравызнанняў i грамадскай адукацыі.

Аднак у кастрычніку 1937 г. Віленскі дзяржаўны архіў паведаміў берасцейскім гарадскім уладам пра знаходку ў актах продажу зямлі ад 4 лктапада 1592 г. i ад 18 снежня 1651 г. пячатак з гербам Берасця, зацверджаным Жыгімонтам Аўгустам (вежа ў сутоцы рэк). I таксама ў дакументах ад 1 чэрвеня 1639 г. 14 студзеня 1666 г. знойдзена пячатка берасцейскага бурмістра з відарысам лука з нацягнутай цецівой. На просьбу гарадскіх уладаў у Берасці былі выкананыя гіпсавы адбітак пячаткі з вежай, фотакопіі знойдзеных дакументаў i малюнак герба з дакументаў 1592 i 1651 гг.

У верасні 1938 г. гарадскія ўлады, заручыўшыся згодаю міністэрства веравызнанняў i грамадскай адукацыі, прапанавалі гарадской радзе на зацверджанне герб: на чырвоным полі замак (вежа) у сутоцы рэк. Магчыма, такі варыянт меў права на жыццё.

У перапкцы берасцейскага магістрата з установамі ёсць ліст познанскіх архівістаў, якія тлумачылі розныя варыянты берасцейскага герба тым, што Ў мінулым гарадская рада, бурмістар, лаўніцкая калегія ўжывалі кожны свае пячаткі. Вось гэта i абумовіла складанасць выбару герба.



[1] Паводле «Усеагульнай энцыклапедыі» (Варшава, 1931. Т. 2. С. 252) гэты герб належаў Берасцейскаму ваяводству, утворанаму Ў 1569 г. (Гл. стар. 14).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX