Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Повязі Рэчыцы з амэрыкай у пачатку XVII ст. 


Аўтар: Кіпель Зора,
Дадана: 10-08-2024,
Крыніца: Кіпель Зора. Повязі Рэчыцы 3 амэрыкай у пачатку XVII ст. // Спадчына. 1998. №4. С. 181-195.



На першы пагляд гэта падаецца малаверагодным, нават фантастычным. Аднак повязь была, i сталася гэта праз адну калярытную асобу ў гісторыі калянізацыі Амэрыкі, капітана Джона Сьміта, які ў 1607 годзе заснаваў i быў губэрнатарам першай сталай ангельскай калёніі ў Паўночнай Амэрыцы, у Джэймстаўн у штаце Вірджынія. Восьжа капітан Сьміт у 1607 годзе «адкрыў Амэрыку», a толькі чатыры гады перад тым, у 1603 годзе, быў у Рэчыцы.

Артыкул мой будзе складацца фактычна з дзьвюх частак. Перш-наперш пра самога Джона Сьміта ды што яго прывяло ў Рэчыцу. У другой частцы я пастараюся апісаць Рэчыцу, якою яна была ўжо тады i што зь ёй пазьней ста­лася.

Джон Сьміт нарадзіўся ў 1580 годзе ў невялікім гарадку недалёка ад Лівэрпулю ў Ангельшчыне. Бацькі яго мелі фарму, былі даволі заможныя, але навучаньне Джон атрымаў толькі пачатковае. З малых гадоў у яго быў прыгодніцкі сьверб. У пошуках прыгодаў падаўся ў Нідэрлянды, дзе ў той час была вайна з Гішпаніяй - Галяндзкая вайна за незалежнасьць. Калі Сьміту было 20 гадоў [значыцца ў 1600-м годзе], вярнуўся назад у Ангельшчыну, каб апанаваць навуку вайсковай язды.

Джон Сьміт.

A ўлетку 1601 году салдат-прыгоднік Джон Сьміт трапляе ў мадзярскае войска i ў бой з туркамі. Хутка выслужыўся i атрымаў званьне капітана. Бравы капітан Сьміт шмат i храбра змагаўся, але ў аднэй з бойкаў у Трансыльваніі - Карпацкая частка цяперашняй Румыніі - пры пераходзе Карпатаў быў вельмі паважна ранены i трапіў у та­лон да туркаў. Maлады здаровы арганізм перамог, ад ранаў аправіўся, аднак свабоду страціў.

Праз некаторы час, калі ўжо быў дастаткова дужы, з канвоем іншых палонных ён быў адпраўлены ў старажытны рынкавы горад на Дунаі, Аксыопаліс [што знаходзіцца амаль на граніцы цяперашняй Румыніі i Баўгарыі]. На рын­ку яго хутка купіў нейкі Башаў Багал для падарунку для сваёй нарочанай, якая жыла ў Канстанцінопалі, куды Сьміта й накіравалі. Адбывалася ўсё гэта недзе зімой i ранняй вясной 1603 году.

У Канстанцінопалі нарочаная Башаў Багала Чарыца спаткала Сьміта вельмі прыязна. Малады прыгожы чужынец заімпанаваў ёй i зацікавіў. Была яна добра ўзгадаваная, ведала мовы. Сьміт, у часе свайго блуканьня па Эўропе, таксама пазнаў мовы - яны маглі дамовіцца, i хутка выявілася, што Сьміт не багаты мадзярскі лорд, якога нібыта Багал уласнаручна ўзяў у палон, а куплены на рынку ангелец. Маладая турчанка вельмі загневала на свайго нарочанага за такое ашуканства. Сьміт усё больш i больш ёй падабаўся - яны шмат часу праводзілі разам. Аднак гэта рабілася патаемна, бо Чарыца баялася, каб маці яе не даведалася пра іхную су вязь ды не прадала яго зноў. Дзеля гэтага Чарыца вырашыла адправіць Сьміта да свайго брата. Брат Чарыцы меў недзе далека ў стэпах свой «цімар».

Турэцкая Атаманская імпэрыя ў той час дасягнула сваіх найбольшых памераў i ўплываў - прасьціралася ад Адрыятыкі да Касьпійскага мора. Каб заахвочваць калянізацыю аддаленых дзікіх мясцовасьцяў, турэцкі паша даваў сваім выслужаным ваякам надзелы зямлі й кіраўніцтва цімарамі, свайго роду вайсковымі фарпостамі. На такіх цімарах яны был i поўнымі ўладарамі, маленькімі царкамі. Вось у адзін з такіх цімараў, на другі далёкі бераг Чорнага Мора, i пас л ал i Сьміта.

Дарэчы тут зазначыць, што аб усіх Сьмітавых прыгодах мы даведваемся зь ягоных успамінаў «True Travels» («Запраўдныя падарожжы»).

Сваё падарожжа па Чорным моры, праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора i далей на Дон, Сьміт дакладна й маляўніча апісвае ў сваіх мэмуарах.

Пасля шасьці-сямі дзён падарожжа ўверх па Доне яны выладаваліся з чаўноў i яшчэ пасьля двухдзённай дарогі апынуліся нарэшце ў Налбрыц, у правінцыі Тартарыі, дзе жыў брат Чарыцы - Цімор Баша. Там Сьміт неспадзявана быў вельмі няпрыязна спатканы братам Чарыцы, нягледзячы на суправаджальны ліст.

Брат, мусіць, адразу зразумеў пачуцьці сястры, яе прыязнасьць да Сьміта i не ўпадабаў яго. Загадаў цалкам абгаліць яго, адабраць ад яго адзеньне - далі яму бала­хон з грубой воўны, падвязаны паскам зь нявырабленай скуры, павесілі на шыю ярмо, i стаўся ён ізноў нявольнікам - «рабом з рабоў», як ён сам кажа.

Але, відавочна, Сьміт быў не такі, каб доўга цярпець няволю. Аднаго дня, улетку, як ён працаваў на полі - малаціў пшаніцу, - зьявіўся Цімор Ваша, ca сваім візытам-наглядам над рабамі. Зьявіўся ён тым разам адзін, прычапіўся нечага да Сьміта i пачаў яго біць. Сьміт схапіў біч i пачаў адбівацца i зьбіў Цімор Баша да сьмерці. Узяў яго вопратку, каня, пшаніцы ў дарогу i кінуўся наўцёкі ў стэп.

Два ці тры дні блукаў ён так па Дзікім Полі, аж пакуль не натрапіў на вялікую дарогу. На гэтай дарозе на скрыжаваньнях ён заўважыў умоўныя знакі. Так, прыкладам, паўмесяц паказваў дарогу на Крым, сонца - на Кітай, крыж, безумоўна, у кірунку хрысьціянскай краіны. Вось гэтым крыжам i пайшоў Сьміт. 16 дзён ён ехаў праз стэпы за крыжам. Было гэта ўлетку. Ягоныя запасы ежы, мусіць, даўно скончыліся, вады ў той мясцовасьці таксама няшмат было. Стомлены, сасмаглы, галодны, у весь час пад стра­хам быць злоўленым i ўзятым у палон, ён ужо зусім страціў надзею выйсьці жывым з гэтае прыгоды, як натрапіў на гарнізон маскавітаў, у «Аэкопаліс, на рацэ Дон».

Аднак тут паўстала праблема - ніякага Аэкопалісу, дзе мог стаяць гарнізон маскавітаў у тэй мясцовасьці тады не існавала. Гэткіх недакладнасьцяў з экзатычнымі незразумелымі геаграфічнымі назовамі ў Сьмітавых успамінах шмат, так што нават да нядаўнага часу, асабліва турэцкі палон, уцёкі з палону i далейшае падарожжа ня прымаліся сур'ёзна - лічыліся фантазіяй, вынікам церазьмерна багатага ўяўленьня. Пісаў свае ўспаміны Сьміт значна пазьней, больш як 20 гадоў пасьля сваіх прыгодаў эўрапейскіх i амэрыканскіх, што ня зусім добра памятаў, стараўся ўстанавіць па картах, найчасыдей вельмі недакладных, паводле тагачасных геаграфічных апісаньняў, якіх, дарэчы, было вельмі мала. Дык ня дзіва, што Сьмітава апісаньне выдаецца на першы пагляд не зусім праўдзівым.

Толькі ў сярэдзіне гэтага стагодзьдзя пачалі паважна вывучаць гэтую частку Сьмітавага падарожжа. Зьявіліся артыкулы мадзярскіх аўтараў, дзе дакладна, сьлед за сьледам, разьбіралася ягоная мадзярская прыгода. Іншыя аўтары зацікавіліся яго турэцкім i маскоўскім шляхам, найпаважнейшы зь ix Філіп Барбур, які ў 1957 годзе напісаў артыкул «Падарожжа капітана Сьміта праз Турэччыну й Расею», але i зь ім можна спрачацца. Адно такое спрэчнае пытаньне - гэта першы маскоўскі гарадок, на які натрапіў Сьміт. Два маскоўскія гарады, якія ў канцы XVI ст. найбольш выступалі ў стэп, былi Белгарад на Данцы i Аскол на рацэ Аскол, які ад Масквы быў крыху больш як 200 кілёмэтраў. У 1599 годзе, аднак, з мэтай абароны ад татарскіх нападаў, быў пабудаваны горад Царэў Барысаў (які знаходзіўся-б у цяперашняй Харкаўскай вобласьці). Пабудаваны ён быў на загад цара Барыса Гадунова - адсюль i назоў Царэў Барысаў. I ў 1603 годзе гэта быў самы паўднёвы Маскоўскі фарпост на Данцы (а не на Доне). Паўстаў ён даволі штучна, бо задалёка на поўдні i нядоўга праіснаваў - яго на пазьнейшых картах i ня знойдзеш.

Вось-жа найбольш праўдападобна, што якраз на гэты абаронны гарадок i натрапіў Сьміт. Праўда, назоў Аэкопаліс зусім ня гучыць падобна да Царэў Барысаў, аднак апісаньне яго дае нам усе падставы меркаваць, што гэта быў якраз той самы Барысаў горад, як яго інакш называлі. Паводля Сьміта, меў ён: «Умацаваньне, зробленае з подбойных драўляных сьценаў, a паміж імі зямля й каменне, так умацаванае папярэчнымі бярвеньнямі, што яны былі вельмі трывалымі супроць усяго, акрамя агню. Вакол ix глыбокі роў i частакол з маладых соснаў». Тагачасная хроніка апісвае Царэў Барысаў наступна: Горад быў выруб­лены з сасны, сьцяна была двайная ў 4 сажны, кал я гораду зямельны вал, з бакоў плецень, кал я яго глыбокі роў».

Як бачым, апісаньні амаль ідэнтычныя.

Сьміта прывялі да губэрнатара, які пасьля даўгіх апытанняў пераканаўся, што Сьміт не злачынец, a сапраўды ўцякун з турэцкага палону, загадаў зьняць зь яго ярмо, а лэдзі Каламіта задаволіла ўсе яго патрэбы. Зноў жанчына прыйшла яму на дапамогу, як ён сам не прамінуў зазначыць. Такіх жанчын у Сьмітавым жыцьці было шмат, са­мая славутая, аднак, амэрыканская індзейка Пакагонтас, якой ён заўдзячвае ня толькі жыцьцём, але й наагул існаваньнем Амэрыканскай калёніі.

Кал i Сьміт трохі адпачыў, адышоў ад сваёй цяжкой прыгоды, яго накіравалі далей, углыб краіны.

Тры галоўныя татарскія шляхі, Мураўскі, Ізюмскі i Калміўскі, праходзілі з Крыму па Дзікім пол i - шляхі, якімі крымскія татары нападалі на Маскву. Царэў Барысаў i другія гарады-крэпасьці i былі пабудаваныя з мэтай адбіваць такія напады. Адным з гэткіх шляхоў, самым усходнім, Калміўскім, альбо інакш - Сакма Калміўская (Сьмітава - Замаласке), i пайшоў караван на Чарнаўск (Карагнаў, паводле Сьміта). Кіраваліся яны на поўнач, бо з тых маскоўскіх фарпостаў усіх вандроўнікаў i ўсіх татарскіх i турэцкіх палонных адпраўлялі ў Маскву.

Сьміт пэўна-ж быў ня ў стане загадваць ці нават прапанаваць, куды ехаць, бо цалкам залежаў ад сваіх праваднікоў, якія й павялі яго праз Чарнаўск, Ялец (Лечы ў Сьміта) i нарэшце ў Данкоў.

Тут якраз i пачынаецца шлях Сьміта, які нас найбольш цікавіць. Зь нейкае прычыны, якую Сьміт не падае, марш­рут яго рэзка павярнуў на захад да Бранску (Берніске, паводле яго), далей на поўдзень на Ноўгарад Северскі - «Новгорад ін Сэбірыя». Тут перайшоў мяжу - добра, у той час войнаў з Маскоўшчынай ня было, i мяжу перайсьці было нескладана - i апынуўся на тэрыторыі Беларусі «У межах Літуаніі ў Рэчыцы на рацэ Ніпэр». Праз Дняпро ён перабраўся недзе каля Рэчыцы i адтуль ішоў ужо да Рэчы­цы правым берагам - у тым мейсцы ўсе дарогі ішлі пра­вым берагам Дняпра, бо левы, нізкі бераг, быў балоцісты i часта заліваўся паводкамі. Рэчыца была адзіным беларускім горадам, які Сьміт успамінае (Бранск i Ноўгарад Северскі тады ўжо не належалі да Вялікага Княства Літоўскага), хоць прайсьці ён мусіў i праз Гомлю, бо дарога з Ноўгараду Северскага вяла праз Гомлю - дарогаў другіх ня было. Але Гомлі ён чамусьці не ўспамінае.

У Рэчыцы спаткалі Сьміта гасьцінна, i ён пра гэта не прамінуў успамянуць у сваіх мэмуарах. Затрымаўся ён праўдападобна ў замку ці, ва ўсякім выпадку, быў гасьцём нейкай афіцыйнай асобы, як выглядае зь яго выразу: «Адкуль мяне з той-жа добрай увагай праводзілі ў падобны спосаб, у Карасьцень («Кароскі») - значыцца, меў афіцыйнага правадніка.

Ні Лоева, ні Брагіна, празь якія ён мусіў праходзіць, каб папасьці ў Карасьцень, што ўжо ва Ўкраіне, ён не ўспамянуў. У Брагіне ў той час быў князь Адам Вішнявецкі, багаты малады гуляка, любіў піры, прыймаў гасьцей. На ягоным двары заўсёды было шмат людзей з роз­ных краінаў - таму дзіва, што Сьміт нічога не ўспамянуў пра Брагін. Тлумачыцца гэта хіба тым, што ў Брагіне якраз у тым часе аб'явіўся Лжэдзімітры, i Адам Вішнявецкі, мусіць, меў поўныя рукі зь ім i на праход Сьміта праз Брагін не зьвярнуў увагі, i Сьміт таксама прамінуў Брагін незаўважаным.

Вось так Сьміт пакінуў краіну, «дзе яго спатыкалі так, як ніколі ў сваім жыцьці, ні раней, ні пазьней ён ня быў прыйманы з большым рэспэктам, увагай i гасьціннасьцю. Ні адзін губэрнатар, дзе ён праходзіў, не прамінуў даць яму нейкі падарунак, у дадатак да звычайнага штодзённага пажытку й адзеньня». Краіну, «дзе людзі заможныя добра адзетыя, хаты іхнія маюць цікавыя мэблі. Іншыя хаты збудаваныя зь бярвеньняў, паложаных адзін да аднаго, злучаныя на канцох» (тут ён дае апісаньне нашых вясковых хатаў). Не прамінуў ён усгіамянуць i пра дарогі праз балоты, зробленыя з маладых дрэваў, паложаных адзін пры адным, якія часам цягнуліся праз два-тры дні падарожжа.

Далей пайшоў Сьміт праз Украіну, Галіцыю, Польшчу, Трансыльванію, дзе ён напаткаў сваіх старых сяброў i да­лей у Мадзяршчыну i, нарэшце, у Ангельшчыну, дзе ў хуткім часе рыхтавалася экспэдыцыя ў Новы Сьвет. I ў 1607 годзе ён ужо ў Амэрыцы.

Спадзяемся, што Сьмітава стэпавая прыгода памагла яму далей у Амэрыцы, прыгатавала яго да суровага жыцьця Калёніі, што й беларуская Рэчыца прычынілася да засваеньня Амэрыкі.

Якой жа была Рэчыца ў той час, увосень 1603-га году, якой яе Сьміт убачыў?

Рэчыца разьмясьцілася на правым крутым беразе Дняпра. На самым беразе стаяў стары замак, пабудаваны яшчэ Вітаўтам у пачатку XV ст. Замак-крэпасьць займаў тэрыторыю прыблізна аднаго гектару, меў пяць вежаў у фор­ме шматграньніку, якія былі пакрытыя стрэшкамі-шатрамі. У некаторых зь вежаў былі вартоўні. Увесь замак быў апаясаны зямельным валам i глыбокім ровам. Замак злучаўся з горадам пад'ёмным мостам. У замку былі жылыя памешканьні, дзе жыў дзяржаўца-арандатар замку, у замку-ж адбываліся земскія суды i перахоўваліся судовыя кнігі. Па-за замкам знаходзілася гандлёвая плошча, будынкі магістрату, дамы больш заможных гараджанаў, заежджы дом.

Другая лінія абаронных умацаваньняў акружала гэтую цэнтральную частку. Асноўная частка гораду знаходзілася паміж другім i трэцім умацаваньнем. Як бачым, Рэчыца была вельмі паважна ўмацаваная. Яна тварыла разам з Рагачовам, Шкловам, Магілёвам, Старым Быхавам i Воршай сыстэму абароны на Дняпры. Як ужо было зазначана вышэй, ніякіх канфліктаў ні войнаў з Расеяй у той час ня было. У 1600 годзе Сапега паехаў у Маскву дзеля заключэньня перамір'я, якое й было падпісанае ўвосень 1601 году. Да 1602 году былі акрэсьленыя новыя межы паміж Масквой i Вялікім Княствам, i пасьля гэтага заставы на мяжы был i паслабленыя. У 1603 годзе нават не знаходзіцца ніводнага ўспаміну аб нападах татараў на Літву. Казакі таксама сядзелі ціха. Значыцца, войска ў Рэчыцы ў той час ня было. Тым больш што яшчэ й раней, у 1593 годзе, Жыгімонт Ваза пісаў да Крыштафа Радзівіла, гетмана Вялікага Княства: «Пабачыўшы, што служба ротмістраў на замках нашых украінных падчас перамір'я з суседам нашым Маскоўскім не патрэбная i скарбу нашаму шкодная - загадаў скасаваць». Утрыманьне замкаў ляжала на руках дзяржаўцаў. Рэчыца абаранялася тады толькі двума ці трыма сталымі вартаўнікамі-салдатамі, якіх утрымлівала грамада- двух, a дзяржаўца - трэцяга. Акрамя таго, грамада пастаўляла па шэсьць старажоў, а «тыя старажы» - паводле аднэй прывілеі, выдадзенай Жыгімонтам Старым - «маюць замку ў варот сьцерагчы i клікаці i ўсякія іншыя паслуп на тым замку ў Рэчыцы служыці»,- як прыкладам, дровы загатоўваць, рабіць папраўкі i рамонты i падобныя паслугі.

Калі-б Сьміт быў у Рэчыцы ў нядзелю, а гэта зусім магчыма, бо ўсё тады прыстасоўвалася i выкарыстоўвалася, - ён меў прыемнасьць пабыць на рынку. Рынак у Рэ­чыцы ў той час быў вельмі багаты, бо якраз была ўжо восень - недзе ў верасьні. Ураджай у 1603 годзе, паводля Баркулабаўскай хронікі, быў добры. Лета было гарачае. 3 бліжэйшых вёскаў i мястэчкаў прывозілі на продаж збожжа: жыта, авёс, пшаніцу, гародніну, сена, мёд, воск, рыбу, жывёлу (хатнюю жывёлу можна было прадаваць на рынку ў акрэсе ад сьв. Барталямэя, 24 жніўня, аж да мясапосту). Купцы з Магілёву прывозілі крамныя рэчы, а скуплялі сельскагаспадарчыя: воск, мёд, скуры. 3 далёкіх мясцовасьцяў, з-за мяжы, прывозілі соль, салёную рыбу, садавіну, турэцкую бакалею, міндаль i іншыя смакалыкі. Прадаваліся на рынку таксама мясцовыя вырабы, як прыкладам, вырабы жалеза з балотнай руды, якая здабывалася на мейсцы, аднак прысутнасьць фосфару ў мясцовай рудзе рабіла жалеза вельмі крохкім i прыдатным толькі да са­мых простых ужыткаў, так што больш складаныя прылады бы л i прывозныя. Предавал іся гэтаксама i вырабы мясцовых вінакураў, але гэта ўжо ў корчмах.

Была ў Рэчыцы гэтаксама мытная камора, дзе зьбіралася мыта зь мясцовых купцоў за ўвоз ды вываз тавараў за мяжу, а зь іншаземцаў за продаж тавараў на мясцовых рынках ці за перавоз праз тэрыторыю Вялікага Княства. Мыта зьбіралася ў скарб вялікага князя. Пошліна была грашовая ці таварамі. Транзакцыі запісваліся ў мытныя кнігі. Былі i іншыя падаткі, якія складалі бюджэт гораду - гандлёвае мыта на мяса i жывёлы, каторае аплаціць мела асоба, якая купляла. Прыкладам, за каня трэба было заплаціць 4 грошы падаткаў, калі конь каштаваў рубель, інакш кажучы, 4 %. Падаткі на лоўлю рыбы былі большыя - кажная дзясятая злоўленая рыба ішла на падаткі.

Насельніцтва ў той час было каля дзьвёх тысячаў. Рэчыца жыла поўным гаспадарствавым жыцьцём, была незалежнай, самазабесьпячальнай.

Была ў Рэчыцы тады адна праваслаўная царква - Уваскрасенская. Пабудаваная яна была даўно - паводпе аднэй з крыніцаў, у 1079 годзе.

Дата гэтая дае мне нагоду зірнуць крыху ў папярэднюю гісторыю Рэчыцы.

Рэчыца здаўна была горадам значным, ляжала на гандлёвым шляху з варагаў у грэкі. Бачыла частыя баі. Перш падлягала нападам чарнігаўскіх князёў, пазьней, у 1214 годзе (першы летапісны ўспамін аб Рэчыцы), князь Мсьціслаў Ноўгарадзкі цалкам зьнішчыў горад i часова прылучыў яго да свайго княства. У XIV ст., пры Гедыміне, увайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Ад 1392 да 1430 году Рэчыцай валодаў Вітаўт - ён i ўмацаваў яе i пабудаваў замак.

У 1511 годзе, паводле граматы, дадзенай Жыгімонтам Старым, Рэчыца атрымала права ўносіць падаткі непасрэдна ў скарбніцу, як было за Вялікага Князя Вітаўта. Такім чынам, Рэчыца атрымала частковае магдэбурскае права. Затым, у 1561 годзе, Жыгімонт Аўгуст даў асобную грамату жыхаром Рэчыцы, у якой было больш дакладнае апісаньне падаткаў i павіннасьцяў, а гэтаксама пра­ва суду i гандлю. У 1566 годзе быў заснаваны Рэчыцкі павет, i Рэчыца сталася павятовым горадам. З заснаваньнем павету былi ўведзеныя й павятовыя земскія суды, на якіх вырашаліся спрэчныя справы маёмасьці, зямельныя спрэчкі i падобнае. Крымінальныя справы, забойствы, напады, крадзяжы разьбіраліся гарадзкім альбо замкавым судом. Мясцовыя гарадзкія справы кіраваліся магістратам - выбраны ворган самаўраду, як i ва ўсіх гарадох з магдэбурскім правам,- зьбіраліся падаткі, пастанаўлялася, як гэтыя грошы будуць выкарыстаныя.

Першы прыход казакоў у Рэчыцу ў канцы 1595 пачатку 1596 году ня быў для Рэчыцы трагічным. Налівайка i яго казакі, уцякаючы з Магілёву, дзе ён нарабіў шмат шкоды, затрымаўся ў Рэчыцы, аднак ня зьнішчыў яе. Тут ён толькі напісаў свой славуты ліст да Жыгімонта Вазы, прапанаваў свае паслугі каралю. Адказу ад карал я ён не атрымаў i хутка пакінуў Рэчыцу.

Далейшая гісторыя Рэчыцы ня менш калярытная й цікавая.

У 1634 годзе менскі ваявода Аляксандар Слушка (раней быў старастам Рэчыцкім) заснаваў у Рэчыцы Дамініканскі манастыр i касьцёл Сьвятое Троицы. Манастыр меў пры сабе забудовы i невялікую бібліятэку ў 270 тамоў. Быў скасаваны ў 1832 годзе, a дзераўляны касьцёл згарэў у 1862 годзе. Хутка пасьля гэтага пачалі будаваць новы мураваны, але так i ня выканчылі. У першай палове XVII ст. была пабудаваная i ўніяцкая царква Сьвятога Мікалая (на пляне сярэдзіны XVII ст. яна ўжо пазначаная). Пераведзеная на праваслаўную недзе ў 1810 годзе, яшчэ да таго як былі скасаваныя ўсе ўніяцкія цэрквы ў 1839 годзе. Праваслаўная царква, як ужо было зазначана, існавала здаўна.

Ад 1648 году пачаліся ў Рэчыцы непакоі. Казакі пад кіраўніцтвам Хмяльніцкага пачалі бунтавацца на Ўкраіне, якая, як ведама, пасьля Люблінскае вуніі 1569 году належала Кароне. Паступова бунты перакінуліся на Беларусь. Хмяльніцкі накіраваў Нябабу арганізоўваць паўстанцаў на беларускіх землях, i тут Рэчыца шмат пацярпела. У 1648 годзе Нябаба захапіў Рэчыцу. Уладыслаў Валовіч бараніў Рэчыцу, але казакі мелі большую сілу i перамаглі. Казакі падышлі тады аж пад Слуцак. У канцы 1648, пачатку 1649 году, аднак, войскі Вялікага Княства на чале з гетманам Янам Радзівілам адбілі Рэчыцу, i Радзівіл расклаўся абозам пры Рэчыцы празь зіму. Адсюль рабіў выправы супроць казакоў i разьбіў аддзелы Крычэўскага i Падабайлы пад Лоевам. Стоячы пад Рэчыцай, Радзівіл яшчэ больш умацаваўся i вырашыў будаваць мост праз Дняпро. У верасьні 1650 году прыступілі да будовы. Ня ведама, як доўга прастаяў той мост, бо пасьля ведама, што ў Рэчыцы моста ня было.

У 1650 годзе Нябаба зноў захапіў Рэчыцу, пабыў там больш як месяц i рабаваў горад, а паводле савецкіх гісторыкаў «раздаваў бедняком маёмасьць паноў i шляхты». Наагул, савецкая беларуская гістарыяграфія робіць з казакоў народных герояў; старая расейская - абаронцаў праваслаўя; польская літаратура робіць ix бандытамі. Цяжка разабрацца, хто зь ix мае рацыю, але для Беларусі казакі нарабілі шмат шкоды. Нябаба пазьней быў цалкам разьбіты Радзівілам i загінуў пад Рэпкамі.

Пасьля гэтага Рэчыца яшчэ колькі разоў пераходзіла з рук у рукі. У 1653 годзе зноў там была галоўная кватэра войска Вялікага Княства. Пэўна-ж, яна цярпела ад войнаў, але найбольшае зьнішчэньне Рэчыцы сталася ў 1654 годзе, капі казацкія палкі Залатарэнкі падышлі пад Рэчыцу. Казакі рэвалізавалі з расейскім войскам аб заняцьці беларускіх земляў. Залатарэнка 15 ліпеня 1654 году піша цару Аляксею Міхайлавічу, што войскі яго ўзялі шмат гарадоў, а замкі, якія калісь казакам шмат шкоды чынілі - у Рэчыцы, Жлобіне, Рагачове й Гомлі, былі агню прыданыя. Замак Рэчыцкі быў зьнішчаны, пасьля муры яго людзі разабралі на свае патрэбы - засталіся толькі руіны.

Казакі i маскоўскі цар былі адбітыя, аднак Рэчыца пачала паступова занепадаць, хоць яшчэ трымалася да канца i пад Расею трапіла толькі ў 1793 годзе, пасьля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

Пад Расеяй Рэчыца зусім заняпала - сталася глухім мястэчкам, якіх было дзясяткі на паўднёвым усходзе Беларусі.

Рэчыца зноў крыху аправілася, пасьля таго як у 1885 годзе была праведзеная пінская чыгунка i ў Рэчыцы была чыгуначная станцыя. У Рэчыцы таксама была й карабельная прыстань, адна з важнейшых на Дняпры. Але Рэчыца ўсё-ж засталася правінцыяй.

Нягледзячы на свой правінцыяналізм, Рэчыца, аднак, дала нам шмат цікавых людзей.

У 1829 годзе ў Рэчыцы нарадзіўся Уладзімер Спасовіч, веда мы праўнік, публіцысты, літаратуразнаўца. Бацька ягоны, Даніла Спасовіч, менскі лекар, пасьля павятовы лекар

Рэчыцкага павету, скончыў Віленскі ўнівэрсытэт, быў праваслаўны беларус. Маці - каталічка. Уладзімер Спасовіч, сам праваслаўны, стаўся тыповай ахвярай часу. Сам ня ведаў, хто ён такі, быў i расейцам i палякам, ведаў добра, што ён ня тое i не другое, увесь час сябе шукаў, але так i не знайшоў. Быў, між іншага, добра знаёмы з Алаізай Ажэшкавай. Працаваў над падрыхтоўкай крытычнага выданьня Статуту Вялікага Княства Літоўскага, але праект гэты не ажыцьцявіўся, бо згарэла друкарня, якая мела выдаць ягоную працу - манускрыпт загінуў.

Затое, як бы ў кампэнсацыю за адну загубленую душу, Рэчыца дала нам другую. У 1867 годзе ў Рэчыцы нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі эканаміст, гісторык i этнограф. Пра яго шмат можна гаварыць, аднак я абмяжуюся адной яго цытатай: «Палякі, - пісаў ён, - лічаць яе (Беларусь) амаль што ня Польшчаю, велікарусы амаль Велікарасеяй i нават маларусы, у асобе аднаго львоўскага прафэсара, прызналі беларусаў амаль маларусамі». Вось супроць такіх псэўданавуковых паглядаў Доўнар-Запольскі ўсё сваё жыцьцё i змагаўся.

Дык вось якая была Рэчыца ў нашай гісторыі, зь яе ўздымамі й падзеньнямі, a такіх Рэчыцаў у нас сотні, толькі ix трэба вывучаць.

Цяпер ад старой Рэчыцы i сьлед прапаў. Ад замку нават руінаў не засталося - на мейсцы, дзе быў замак, цяпер дзіцячы гарадзкі парк. Са старых будынкаў захавалася толькі адна Ўсьпенская царква, пабудаваная ў 1872 годзе. Там цяпер Краязнаўчы музэй.

Закончыць хочацца на вясёлай ноце. Вось-жа ў 1964 годзе каля Рэчыцы былі адкрытыя паклады нафты. Нафта здабываецца, ды наагул праспэкты ў Беларуci на нафту неблагія. Дык, можа, некалі i беларусы, як цяпер арабы, будуць нафтай гандляваць i сьвету дыктаваць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX