Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Сем вежаў Навагрудка 


Аўтар: Гайба Мікалай,
Дадана: 12-11-2010,
Крыніца: 'Культура' № 26 (946) / 26.06 - 2.07.2010 г.



Узнікненне Навагрудскага замка адносіцца да сярэдзіны ХІ ст. Прыкладна з гэтага часу паселішча на навагрудскіх узвышшах можна лічыць горадам. Тым больш, 1044 годам датуецца і першая згадка Навагрудка ў летапісах.


Першая каменная

І хоць археолагамі не выяўлены пэўныя ўмацаванні пачатковага этапа існавання паселішча, не выключана, што Замкавая гара і Малы замак былі абкружаны сценамі з гарызантальных бярвенняў або частаколам, а земляны вал быў насыпаны пазней - на пачатку ХІІІ ст., - з паўночнага боку замкавай гары. Ён жа ўтварыў роў, які запаўняўся вадою і стаў важным элементам абароны старажытнага горада. Некаторыя гісторыкі падтрымліваюць версію, што каля крапасных сцен на той момант магла стаяць і мураваная вежа-данжон. Але нават калі яе і не было, у гэты час навагрудскi дзядзiнец быў ужо магутнай крэпасцю, пра што сведчаць як абарончыя збудаваннi, так i разнастайная зброя, знойдзеная пад час раскопак.

Напрыканцы XIV - на пачатку XV стст. у Навагрудскім замку распачаліся вялікія будаўнічыя работы, якія супалі з агульнай падрыхтоўкай Вялікага княства Літоўскага да вырашальнай бітвы супраць рыцараў Тэўтонскага ордэна. З мэтай перашкодзіць маштабным планам крыжакі двойчы спрабавалі захапіць замак: у 1391 г. адбыўся паход на Навагрудак Конрада Валенрода, а ў 1394 г. - новы штурм замка крыжацкім войскам на чале з магістрам ордэна Конрадам фон Юнінгемам і маршалам Вернерам Цэтынгерам.

З гэтага часу драўляны замак пачаў паступова ператварацца ў каменны. Першай мураванай стала вежа Шчытоўка (Цэнтральная), у якой зрабілі праезджую браму. Новая вежа была пяціпавярховай, вышынёй каля 25 метраў з перакрыццямі на бэльках, а таўшчыня сцен на ўзроўні першага паверха дасягала 2,7 метра. Дах вежы пакрываўся спачатку гонтай, а потым плоскай чарапіцай - дахоўкай. З цягам часу на ўсход ад Шчытоўкі паўстала высокая прызмападобная Касцельная вежа, што мела тры паверхі, на кожным з якіх было па чатыры байніцы. Наступнымі пабудавалі Пасадскую і вежу Малая брама (яе фрагмент, між іншым, захаваўся да нашага часу). Уваход у браму замыкалі дзверы на дубовых брусах-засаўках, якія "ўтапляліся" ў тоўшчы сцен. Насупраць Малой брамы, у нізе гары, адкуль выцякае крыніца, узвялі Калодзежную вежу. Да таго ж, быў зроблены адмысловы праход да вады, што дазваляла абаронцам крэпасці вытрымліваць зацяжныя асады ворагаў.

Чарговы этап умацавання Навагрудскага замка прыпадае на канец XV - пачатак XVІ стст. і звязаны з частымі нападамі крымскіх татар на беларускія землі. Якраз тады ў паўночна-заходнім куце Навагрудскага замка была ўзведзена магутная мураваная вежа Дазорца памерамі 14 на 14 метраў. У адрозненне ад іншых вежаў замка чатырохметровы падмурак Дазорцы меў ганкападобную форму. Хуткае развіццё артылерыі і ўдасканаленне тактыкі асады зрабілі Малую браму не вельмі надзейнай. Таму ў гэты ж час распачалося будаўніцтва дадатковай вежы - непадалёк ад Калодзежнай, якая бараніла з боку гарадскіх пасадаў подступы да ўвахода ў замак. Новая Меская вежа-брама злучылася прасламі сцен з Калодзежнай і Малой брамай і стала цэнтрам своеасаблівага мураванага бастыёна, пад аховай якога знаходзілася дарога ў замак. Гэтыя дадатковыя ўмацаванні значна павысілі абарончыя якасці Навагрудскай крэпасці. У выніку яна стала сямівежавай і была адной з наймагутнейшых на беларускіх землях.

Узбраенне навагрудскага гарнізона, як паведамляюць дакументы, у 1551 г. складалася з гакаўніц, гармат сярэдняга калібру. Тут меліся фальканет вялікі двухфунтовік, фальканет сярэдні з ядрамі ў адзін фунт і серпянціна, якая страляла паўфунтовымі ядрамі. Гісторыя Навагрудскага замка мае не толькі славутыя, але і трагічныя старонкі. У прыватнасці, у ходзе вайны 1654 - 1667 гг. войскі Маскоўскага княства двойчы бралі Навагрудак. Горад і замак вельмі пацярпелі пад час асады 1655 г., калі месца захапілі казакі Залатарэнкі. Часткова адноўлены ў 1660 г., замак ізноў быў заняты войскамі князя Хаванскага - гэтым разам без бою: наёмны гарнізон, які не атрымаў своечасова плату за службу, адамкнуў браму ворагу. Вежы замка Меская, Калодзежная, Малая брама і Пасадская, а таксама праслы сцен былі разбураны да падмуркаў. Улічваючы моцныя разбурэнні і спусташэнні Навагрудка, сойм Рэчы Паспалітай у 1661 г. вызваліў горад ад падаткаў на чатыры гады. Але і гэта не дапамагло таму аднавіць былую моц. У час Паўночнай вайны, двойчы - у 1706 і 1708 гг., - праз Беларусь праходзіла войска шведскага караля Карла ХІІ. На пачатку лютага 1706-га шведскія войскі ўвайшлі ў Навагрудак, дзе размясцілі свой гарнізон колькасцю 270 чалавек і ў выніку давяршылі разбурэнне ўмацаванняў Навагрудскай крэпасці.


Жыццё ў замку

Пад абаронай сцен і вежаў Навагрудскай крэпасці праходзіла жыццё не аднаго пакалення жыхароў Навагрудка. З сярэдзіны ХІІІ ст., а магчыма, і раней, горад стаў цэнтрам асобнага Навагрудскага княства, а дзядзінец - яго рэзідэнцыяй. Першым вядомым нам тутэйшым князем быў Ізяслаў, які прыгадваецца ў летапісах пад 1235 годам. Забудова Замкавай гары ў той час была даволі незвычайная. Тут, у паўночнай частцы, былi сканцэнтраваны толькi пабудовы гаспадарчага прызначэння. Паўднёвая ж частка пляцоўкi была заселена залежнымi ад феадала гараджанамi. Засталося нявысветленым, дзе ж у ХІІ - ХІІІ стст. жыў уладар замка i яго акружэнне. Мяркуючы па ўласцiвай Навагрудку пераемнасцi ў домабудаўнiцтве, тагачасная знаць размяшчалася ў паўночнай частцы пляцоўкi каля вала. Там у XIV ст. стаяў каменны дом феадала, а пазней - палац, што прымыкаў да Шчытоўкі.

У сярэдзіне ХІІІ ст. Навагрудак актыўна ўключыўся ў ваенна-палітычныя падзеі, якія прывялі да ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Гэты горад пэўны час быў нават рэзідэнцыяй вялікага князя, а пазней караля - Міндоўга. З канца XIV ст. у вежы Шчытоўка размяшчаліся пакоі вялікакняжацкага намесніка.

З XVI ст. Навагрудак стаў важным адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Адметна, што з 1581-га па 1775-ы тут адбываліся пасяджэнні Галоўнага Літоўскага трыбунала, а ў адной з вежаў замка размяшчаўся ягоны архіў.


Не толькі муры...

Дзякуючы археалагічным раскопкам, можна даведацца, як выглядала ў пачатку XVIII ст. забудова замка. Напрыклад, даследаванні 1993 г., калі побач з вежай Малая брама быў закладзены раскоп плошчай 100 кв. м., выявілі даволі шчыльную забудову. І найперш - жылыя будынкі памерам 3х3, 3х4 метра, размешчаныя амаль усутыч адзін да аднаго. Пры гэтым, гаспадарчых пабудоў побач з імі не выяўлена. Паміж дамамі- выкладзеная дошкамі дарога, якая вяла ў бок існуючай на той час замкавай царквы, што мае таксама багатую гісторыю.

Успенскі храм быў створаны на тэрыторыі замка ў першай палове XIV ст. Верагодна, яго будаўніцтва распачалося яшчэ пры вялікім князе літоўскім Гедыміне, калі Навагрудак быў яго рэзідэнцыяй. Тым больш, каля 1316 г. горад стаў кафедрай першага заходнерускага (літоўскага) мітрапаліта Феафіла. Магчыма, пабудавалі царкву і трохі пазней- пры сыне Гедыміна Карыяце, якому ў свой час належала Навагрудскае ўдзельнае княства. Менавіта тут у 1415 г. адбыўся сабор праваслаўных епіскапаў ВКЛ, дзе быў выбраны незалежны ад Масквы мітрапаліт Рыгор Цамблак. Важнай адметнасцю гэтай царквы было і тое, што ў ёй з ХVI ст. знаходзілася Ікона Маці Божай Навагрудскай, - вядомая шматлікімі цудамі, у тым ліку, па ўспамінах паэта Адама Міцкевіча, і яго ацаленнем. Пазней, пры заснаванні ў Навагрудку мужчынскага і жаночага базыльянскіх манастыроў, Замкавая царква выкарыстоўвалася імі для асобных богаслужэнняў.

У другой палове XIV ст. на тэрыторыі замка паўстае і двухпавярховы каменны будынак свецкага прызначэння. Мяркуючы па археалагічных знаходках, гэта быў княжацкі палац, які выкарыстоўваўся для ўрачыстых прыёмаў. Безумоўна, у гэтым палацы прымалі вялікага князя Вітаўта, які ў 1395 г. заклаў на ўзгорку ля падножжа замка фарны (прыходскі) касцёл. Несумненна, гасцяваў тут і польскі кароль Уладзіслаў Ягайла пад час заключэння ім у фарным касцёле шлюбу з Сафіяй Гальшанскай у 1422-м...

***

Мінула ўжо 300 гадоў з таго часу, як былі разбураны замкавыя ўмацаванні. Да пажару 1751 г. працягвала сваю дзейнасць толькі Замкавая царква. Але ў пачатку 1870-х гадоў яе разабралі на цэглу. Сёння на Замкавай гары Навагрудка захаваўся на глыбіні звыш аднаго метра толькі яе падмурак. Доўгі час пра стан замкавых вежаў-руін ніхто не клапаціўся. Больш за тое: у 1802 г. гарадзенскі губернатар Бенігсан даў дазвол навагрудскаму гараднічаму маёру Скалону разабраць рэшткі замкавых вежаў для брукавання вуліц горада. А напрыканцы ХІХ ст. на тэрыторыю замчышча пачалі звозіць смецце з усяго горада, якое пакрыла амаль двухметровым пластом руіны замкавых пабудоў. З ліку страт замка можна назваць і наступныя: у самым пачатку мінулага стагоддзя абрушыліся дзве сцяны Касцельнай вежы, а ў гады Першай сусветнай вайны абвалілася паўднёвая сцяна вежы Шчытоўка. Аднак да нашага часу захаваліся малюнкі і фотаздымкі гэтых муроў да падзення іх сцен, што дазваляе ўявіць іхнюю веліч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX