Сярод шматлікіх замкаў нашай зямлі ёсць адзін малавядомы і да гэтага часу яшчэ не даследаваны гісторыкамі мастацтва - гэта Гальшанскі замак. Знаходзіцца ён у мястэчку Гальшаны і з-за таго, што яго дрэнна бачна з дарогі, замак рэдка згадваюць краязнаўцы, якія едуць па тракце Ашмяны - Гальшаны. Старыя моцныя муры замка тонуць сярод адвечных ліп. З-за зеляніны на дарогу глядзіць толькі сціплая ўязная брама.
Гэты замак быў пабудаваны ў выглядзе чатырох-кутніка кожны бок якога мае ад 70 да 80 м, ён меў чатыры вуглавыя вежы і вялікую капліцу ці касцёльчык, убудаваную ў муры замка. Сёння ад замка мала што засталося, Але тое, што засталося, сведчыць пра магутнасць муроў і багацце, якое тут некалі было. Да нашага часу захавалася два бакі гэтага чатырохкутніка і капліца. Два іншыя бакі былі цалкам знішчаны часам і рукой чалавека, і сёння толькі пагоркі зямлі паказваюць, дзе раней стаялі сцены. Ацалела адна кутняя вежа, шасцігранная ў сваёй планіроўцы і эркер пасярэдзіне большага бока простакутніка. Ад замкавай капліцы захаваліся толькі сцены і дах. А рэшткі паліхроміі і багатае ўбранне ўнутранага інтэр'еру, сведчыць пра руплівасць і гаспадарлівасць былых уладальнікаў замка.
Найбольш цікавай дэталлю для даследчыка помнікаў мастацтва, ёсць надзвычай багаты другі паверх кутняй вежы. Яго шасцікутні інтэр'ер мае два акны і прыгожы камін з гербам Сапегаў Ліс, пакой багата арнаментаваны ў рэнесансных і барочных формах. Купальнае скляпенне гэтага пакоя падзелена карнізамі на невялікія часткі, утвараючы як быццам малюнак павуціння, дзе кожны простакутнік аздоблены паліхроміяй. На блакітным фоне - арнамент лісця аканфы, якое загнута ў розныя бакі ў залежнасці ад прасторы, якую яно ўпрыгожвае.
Да рэшты ацалелых муроў вядуць два выйсці. Адно з унутранага дзядзінца ў вялікія прадсені і незвычайна шырокія сходы з невялікім ухілам. Некалі, праўдападобна, гэта быў галоўны, парадны ўваход. Другі, больш сціплы, знаходзіцца ля ўязной брамы. Ён вядзе ў шэраг высокіх і прасторных пакояў, якія анфіладай ідуць уздоўж усяго фасаднага боку замка. Першыя сходы вядуць на другі бок і сёння жылога замка. Пакоі гэтай часткі таксама вельмі прасторныя, з вялізнымі вокнамі заглыбленымі ў тоўстыя сцены і комінамі. Эркер мае форму падоўжанага авала, унутры мае багатае скляпенне, такое ж самае, як ужо было вышэй апісана.
Усе муры, якія захаваліся да нашага часу, атынкаваныя.
Аднапавярховая частка замка, месцамі мае вельмі прасторныя памяшканні, абапёртыя на некалькі слупоў, падобна, што ў мінулыя часы гэта частка была не жылой, бо пабудаваная з грубай цэглы, не атынкаваная і не мае вокнаў. Зараз тут часткова стайні і гаспадарчыя склады. Пад замкам маюцца вялікія падзямеллі і піўніцы.
Як абарончая пабудова, замак выкарыстоўвае з аднаго боку прыродныя балоты, а з другога, абарончыя равы, сляды якіх і сёння бачны месцамі ў выглядзе вялікіх ям ці да гэтага часу існага става.
Паліхромія, якая часткова захавалася ў капліцы і вуглавай вежы з камінам, не адрозніваецца асаблівай якасцю. У ёй адчуваецца прысмак нейкага мясцовага, няздольнага і дамарослага мастака. Але ў гэтым маецца і яе пэўная, вартая захавання і дэталёвага вывучэння, каштоўнасць.
Паводле падання, у Гальшанскім замку меліся і некалькі вялікіх маляваных палотнаў, налепленых на сцены пакояў, але іх, відаць, не існуе ўжо больш за некалькі дзясяткаў гадоў.
Як звычайна, з Гальшанскім замкам звязана легенда пра знаходжанне ў сцяне замураванага нябожчыка-рыцара ў даспехах і пустой місай каля яго. Знаходка рыцара, нібыта здарылася адносна нядаўна і яшчэ ёсць людзі, якія памятаюць, што падчас нейкай дробнай пераробкі была знойдзена маленькая каморка з рыцарам унутры яе. Гэтую каморку можна убачыць і сёння. Выглядае яна так, што і насамрэч было б цяжка здагадацца пра яе існаванне, і калі б не выпадак, рыцар і сёння быў бы ў каморцы. Нібыта, тагачасныя ўладальнікі замка адправілі багатыя даспехі ў адзін з музеяў Пецярбурга ці Масквы, а нябожчык рассыпаўся ў прах ад свежага паветра.
Увесь гэты прыгожы і цікавы помнік гісторыі, пакідае пасля сябе рамантычнае ўражанне. Ацалелыя муры даюць уяўленне аб велічы і вялізных маштабах замкавага падворка.
З вежы замка адкрываецца від на мястэчка і прыгожы барочны Гальшанскі касцёл, дзе знаходзіцца знакаміты саркафаг Паўла Сапегі разам з яго трыма жонкамі. Гэтае мармуровае надмагілле ёсць свайго кшталту, гістарычнай славутасцю. Бо рыцар, які ляжыць у даспехах, і тры дамы каля яго робяць несамавітае ўражанне.
Здаўна ў Гальшанскім замку знаходзіцца алейны партрэт, на якім паводле падання, намаляваны Павел Сапега. Цяжка сказаць, ці сапраўды гэта так, ва ўсялякім разе, ён зусім не падобны да Сапегі на саркафагу. А стыль партрэта хутчэй сведчыць пра яго паходжанне з першай паловы XVIII ст.
Усе гэтыя асаблівасці вельмі цікавыя і навукова не даследаваныя. Чэслаў Янкоўскі ў сваім "Ашмянскім павеце" дае кароткае апісанне замка, але, здаецца, сам ён у ім не бываў і карыстаўся чужой інфармацыяй.
Прыкладна за кіламетр ад мястэчка, на вельмі высокім узгорку, які пануе над усёй мясцовасцю, знаходзіцца старое гарадзішча. Нібыта, гэта першапачатковая сядзіба князёў Альгімунтавічаў-Гальшанскіх, нададзеная ім літоўскім князям Нарымонтам. Толькі з 1551 г., праз сваяцтва, зямля пераходзіць да Багдана Сапегі, і тады замак будуецца не на гарадзішчы, а на тым месцы, дзе ён стаіць сёння. Сын Багдана - Павел Сапега пашырыў і ўпрыгожыў замак. Кальвінісцкі збор у мястэчку Гальшаны ён аддаў францішканам, а мястэчка абдарыў ласкамі і прывілеямі. У XVIII ст. замкам валодалі Жабы, а потым па спадчыне ён перайшоў да Корсакаў.
Сёння Гальшанскі замак з'яўляецца маёмасцю сп. Ягміна, які ў ім жыве.
Jotha. Zamek Hаlszаnski // Slowo. 1936. № 265.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.