Папярэдняя старонка: Краязнаўства

'Панна Марыя'. Гарадзенскія ўспаміны 


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 26-01-2022,
Крыніца: Талочка Ул. 'Панна Марыя'. Гарадзенскія ўспаміны // Наша слова.pdf № 4, 26 студзеня 2022.



Жменя ўспамінаў

У жніўні 1896 г. у Гародні, на лаве ўступнага класа гарадской гімназіі, якая месцілася ў па-дамініканскіх мурах, разам з іншымі 40 аднакласнікамі, сядзеў мілы, трошкі таўсташчокі, як маленькі хлопчык на карціне італьянскага барока, вучань Андрэй Радзішэўскі. Надзвычай цёмны школьны пакой першага паверха з поўдня меў невялікія вокны на недасягальнай для малых вышыні. Зараз ужо памёрлы, наш настаўнік і кіраўнік класа Карсуньскі, слаўны больш сваёй строгасцю, чым вялікай педагагічнай практыкай, увесь доўгі першы школьны год быў адзінай глебай і воссю жыцця 40 вучняў, апранутых у шэрыя курткі (бо яшчэ не былі гімназістамі і не насілі абрыдлую форму з "маскоўскімі кашулямі" якія апраналіся цераз галаву). З хаосам, уласцівым свайму ўзросту, які не мог перамагчы і сам Карсуньскі, а 9-й раніцы мы ўваходзілі ў клас каб у паўзмроку правесці ў ім шмат гадзін. Добра памятаю, як Андрэйка сядзеў праз некалькі радоў лавак перада мной, як выклікаў яго наш настаўнік і загадваў нешта чытаць па-руску. Атрымлівалася ў яго гэта не надта добра, бо маці Андрэя была ўдавой і паходзіла з Кароны, ён доўга песціўся дома і, як і яго старэйшая сястра Люцыя, меў моцны варшаўскі, напеўны акцэнт і не было нават надзеі, што ён яго калісьці пазбавіцца. Гэта дадавала яму клопату і крыўдзіла Карсуньскага, педагога таго ж кшталту, што і віленскія Дадыкін ці Турцэвіч. Не давалася Радзішэўскаму руская проза але асаблівы цяжка яму было дэкламаваць рускія вершы бо замежны акцэнт ствараў камічны эфект. Нешматлікія рускія ў класе насміхаліся над ім і з-за яго панскага выгляду і варшаўскага акцэнту і далі яму не надта дасціпную, але па іх перакананні вельмі смешную мянушку "панна Марыя". Відочна, што мянушка яму не падабалася, але бядак мусіў яе цярпець нават і ў старэйшых класах.

Яшчэ ва ўступным класе Андрэйка неаднаразова хварэў і прапускаў заняткі. У такім выпадку да мяне заўсёды прыходзіў ці ардынарац яго дзядзькі Стэфанскага, афіцэра рускай арміі, ці яго слуга, каб узяць для хворага хатнія заданні. Для Арцішэўскага я быў добрым вучнем, бо ён, у асноўным, вучыўся сярэдне і навуку браў сваёй пільнасцю, дапамогай сястры і нават зубрэннем.

Пераход у першы клас у самым простым сэнсе ўзняў нас на гару, на другі паверх, дзе пасля капітальнага рамонту было светла і ўтульна. Папраўдзе, з ім мы былі ў адным класе, але ў дзвюх розных групах, што як паказвае школьная практыка, заўсёды аддзяляе адных ад другіх, асабліва калі гэты падзел трымаецца некалькі гадоў. Па звычаях гарадзенскай гімназіі мы сустракаліся толькі на занятках па рэлігіі і гімнастыцы, якія праводзіліся супольна. Андруляк (гэтак яго потым пачалі называць) умеў добра вызубрыць для ўрока па рэлігіі бібляістыку і патрапіць у ласку да нашага досыць капрызнага катэхета, які заўсёды глядзеў на яго з замілаваннем.

У старшых класах, дзе падзелаў на групы ўжо не было, некалькі гадоў мы з ім зноў вучыліся разам. Тады ў майго калегі пачалі праяўляцца здольнасць і замілаванне да матэматыкі. Пераважна атрымліваючы па іншых прадметам тройкі, ён хутка стаў адным з лепшых у класе матэматыкаў, і, як гэта бывае пры такіх схільнасцях, пачаў рыхтавацца да кар'еры інжынера. Адначасова Радзішэўскі зблізіўся з гарадзенскай арганізацыяй ППС, якая ў той час, а былі гэта 1903 - 1905 гг., ужо мела сваіх прыхільнікаў сярод гімназістаў. Гэты крок ён зрабіў па чыста ідэалагічных прычынах. Дзейнасць маладога ППС-аўца складалася з ціхай працы ў гімназіі для пашырэння арганізацыі і г. д., я нават не памятаю, каб Андрушка хоць калі выступаў з палітычнай прамовай.

У 7-м класе ён прасядзеў два гады і таму атрымаў атэстат на адзін год пазней за мяне. Партыйная праца ўсе ж не перашкодзіла яму ў навуках. З добрым атэстатам ён паступіў у Пецярбургскі горны інстытут. Пільна аддаючыся тэхнічным навукам, Радзішэўскі не пакідае і партыйную працу. Руская атмасфера паўплывала на яго такім чынам, што ён стаў лявей за ППС. Ад агульных знаёмых, якія разам з ім атрымлівалі вышэйшую адукацыю, я ведаў, што Радзішэўскі вылучаўся сваёй інтэлігентнасцю і глыбокай ідэйнасцю, што не было звычайным сярод рускага студэнцтва. Менавіта тады, я ўбачыў яго апошні раз у сваім жыцці. Гэта было, калі ён разам з сястрой падышоў да нас пасля адной з культурна-этычных канферэнцый, якія ў Гародні праводзіў ксёндз Ст. Мілкоўскі, і пацікавіўся адносінамі касцёла да сацыяльных пытанняў.

Пасля гэтага ніколі яго больш не сустракаў. Што ён рабіў падчас вайны, не ведаю. Ад тых, хто вярнуўся з Расіі, даведаўся толькі, што пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., калі бальшавікі прагналі Керанскага, Андрэй Радзішэўскі быў сярод іх як адзін з выбітных камуністаў. Пад псеўданімам Арскі напісаў цэлы шэраг артыкулаў на эканамічна-грамадскія тэмы ў "Известиях", "Правде", некаторыя з іх выдаваліся асобнымі брашурамі. Такім чынам стаў адным з тэарэтыкаў бальшавізму, якія працуюць над умацаваннем камуністычнай ідэалогіі. Атрымаў высокае становішча каля кіраўніка металургіі Шляпнікава. Нават праціўнікі лічыць яго за чалавека, які мае цвёрдую ідэалогію. У працы яму заўсёды дапамагала выпускніца гарадзенскай гімназіі, руплівая прыхільніца камуністычнай праграмы, сястра Люцыя. У 1920 г., падчас перамоваў у Рызе фігураваў нейкі Арскі, але не буду цвердзіць, што гэты савецкі эксперт і насамрэч быў Радзішэўскі.

У палове 1923 г. у "Виленском утре" выпадкова убачыў на першай старонцы дэпешу з Пецярбурга пра кангрэс польскіх камуністаў, які прайшоў пад старшынствам Андрэя Радзішэўскага, як "вождя польских коммунистов в России". Тады ён сказаў, што асяродкам, дзе рыхтуецца пераварот у Польшчы, будзе Лодзь, а зробіць пераварот польскі рабочы, які стане пад сцяг камунізму. Да гэтага часу ён нічым не адрозніваўся ад іншых рускіх камуністаў ва ўрадзе, і таму цікава, што ў яго выявілася нацыянальная індывідуальнасць. Як бачым, у Расіі Радзішэўскі заняў месца ў польскім камуністычным руху разам з іншымі польскімі камуністамі, такімі як Дзяржынскі, Мархлеўскі, Радванскі, Бабінскі …

* * *

З старэйшых і малодшых калегаў Радзішэўскага па гарадзенскай гімназіі ў партыі камуністаў у Расіі з палякаў бачым братоў Уладзіслава і Станіслава Матушэвічаў (першы з іх зараз, здаецца, займае нейкую пасаду ў савецкім прадстаўніцтве ў Коўне, другі працуе ў польскім школьніцтве ў Пецярбургу, абодва былі ў Вільні і выступалі на мітынгах 1919 г.). З рускіх бачым Караткова, які ў 1923 г. - член УЦВК-а ў Маскве, Аляксандра Дыяканава, які ў 1920 г. быў старшынём вышэйшага трыбунала ў Маскве. Цікава, але ніхто з яўрэяў - нашых калег па гімназіі - не выбіўся ў пярэднія шэрагі камуністаў, нягледзячы на тое, што ў гімназічных страйках і дэманстрацыях 1905 г. яны прымалі самы чынны ўдзел.

Добра памятаў панскі твар калегі па школьных гадах Андрэя Радзішэўскага, і цяжка мне ўявіць яго зараз у якасці правадыра польскіх камуністаў. Розныя думкі пра яго з'явіліся ў нас, былых выхаванцаў гімназіі, калі 24 красавіка гэтага года мы сабраліся на агульны з'езд. Успаміналі мы гэтую трагічную постаць, якая была для нас калісьці такой блізкай і мілай.

Ад перакладчыка: Андрэй Тэафілавіч Арскі-Радзішэўскі быў расстраляны ў 1934 г.

Jadźwing [Ул. Талочка]. Manicheizm na Białorusi // Pregląd Wileński. 1924. № 2. S. 2-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX