Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Калантаі і Зельзін 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 12-08-2013,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Калантаі і Зельзін // Маладосць. 2013. №2. С. 124-131.

Спампаваць




Мае бацькі паходзяць з былога Ваўкавыскага павета. Маці з-пад самага Ваўкавыска, з вёскі Калантаі, бацька з вёскі Брантоўцы, што недалёка ад Лыскава. Пра вёскі, дзе яны нарадзіліся, і цэрквы, у якіх хрысцілі, вянчалі і адпявалі маіх продкаў, гаворыцца ў гэтым нарысе.

Вёска Калантаі ў Ваўкавыскім павеце першапачаткова была каралеўскай маёмасцю. Назву сваю яна атрымала ад уладальніка маёнтка - Калантая, але ў старых дакументах таксама ўзгадваецца пад назвай Ваўкоўшчына ці Рось-Ваўкоўшчына. Упершыню ў дакументах вёска фігуруе ў 1567 годзе. «Слоўнік геаграфічны…» піша, што ў XVII стагоддзі вёска належала Мацею Румеру, старасце сумілішскаму [1], потым перайшла да ягонага старэйшага сына Стэфана, пасля - да сярэдняга, Мацея, ад яго - да малодшага, Аляксандра. У 1643 годзе вёска Рось-Ваўкоўшчына належыць ужо Францішку Казіміру Ельскаму, які прадае яе Яну Жаўранку.

У 1642-м у Калантаях будуецца драўляная царква Св. Тройцы, фундатарамі якой выступаюць абшарнікі Сямён Калантай і Ян Савін [2]. Верагодна, гэта была ўжо другая царква ў вёсцы. Фундуш для пабудовы царквы быў унесены ў акты 16 студзеня 1641 года. Сямён Калантай ахвяраваў землі і селяніна на зямлі, Ян Савін - зямлю, якая называлася Луканаўшчызна, і ўчастак зямлі ў 4 морга на пабудову хаты для святара. Пакуль застаецца нявырашаным пытанне, ці адразу царква будавалася як уніяцкая, ці нейкі час была праваслаўнай.

У 1775 годзе частка вёскі з 38 двароў знаходзіцца ў фальварку Калантаі і маёнтку Цеалін, які належыць Зыгмунту Грабоўскаму, былому харунжаму.

Захаваўся дакумент канца XVIII стагоддзя, які датычыць калантаеўскай уніяцкай царквы, з яго вынікае шмат цікавай інфармацыі:

«Року 1797, месяца мая 15 дня, у Гродна. Дакумент падрыхтаваны да інсталяцыі [3] вялебнага святара Андрэя Запольскага на празбітара Калантаеўскага, дзе зараз вольнае месца.

1797 г. Царква парафіяльная Св. Тройцы ў Ваўкавыскім павеце і дэканаце, была парафіяльнай ад даўніх часоў, ад ранейшых парахаў [4] да апошняга вялебнага святара Андрэя Ляшчынскага, фінансавалася наданнем зямлі фундатарамі Сямёнам Калантаем і Янам Савіным, палкоўнікамі ваўкавыскімі. Фундушы былі зацверджаны на земскім ваўкавыскім судзе 10 лютага 1641 г. Пра тое ж ваўкавыскія земскія акты ад 8 жніўня 1739 г. сведчаць. Царква мела ўрочышчы Лукьянаўшчызна і Лапуноўшчызна ў 94 морга. Зараз, пасля адабрання праз двор часткі царкоўных грунтоў пад карчму (фундушовага пляца, запісанага за плябаніяй, разам з садам і сенажаццю), у іншым месцы, каля царквы (дзе зараз пабудавана плябанія з садам і сенажаццю), узамен дадзены пляц і грунт». Пра «вялебнага» святара Андрэя Запольскага адзначана, «што ён цнатліва выконваў абавязкі каплана ў Новадворскай царкве, а пасля атрымання прэзенты на Калантаеўскі бенефіцыюм, пад час сваёй адміністрацыі [5], выдатна выконваў свае абавязкі і не меў аніякіх скаргаў … таму, праверыўшы ўсё акалічнасці справы вялебнага айца Андрэя Запольскага, прадстаўленнага да інсталяцыі ... Зыгмунтам з Канапніц Грабоўскім, крайчым ВКЛ, старастам Крэменецкім, надворным падкаморым Яго Каралеўскай Мосці, палкоўнікам войск літоўскіх, кавалерам ордэну Св. Анны, [Андрэй Запольскі] ніякай кананічнай перашкоды не мае і можа атрымаць інсталяцыю, пры умове таго, што ён верне царкоўную маёмасць, запісаную ў фундушы, і адновіць дакументы, якія пацвярджаюць замену пляцаў і грунтаў з сенажаццю, даных… Калантаеўскай бенефіцыяй...» [6].

Калантаі ўваходзілі ў маёнтак Цеалін Юзэфы Грабоўской, прычым, у 1800 годзе вёска мела 129 мужчын, а ў 1811 годзе - толькі 43 мужчыны, сказаўся вынік уваходжання ў склад Расійскай імперыі - рэзкае зніжэнне падатнага насельніцтва.

У 1808 годзе ўніяцкая царква ў Калантаях (Калантаеўка) над Росью - уласнасць і каляцыя Грабоўскага [7]. У дакументах 1820 года вёска - частка маёнтка Цеалін Марыны Грабоўскай (32 двары, 145 мужчын і 137 жанчын). А ў 1831 годзе - сярод трох фальваркаў пад назвай Цеалін таксама Грабоўскіх (140 мужчын і 137 жанчын).

Царква Св. Тройцы (1642 года пабудовы) у Калантаях.

Ужо ў 1835-м, не дачакаўшыся ліквідацыі уніі, царскія ўлады перапісалі ўніятаў на праваслаўных.

У 1845 годзе вёска налічвае 109 мужчын і 113 жанчын. З 1861 года Калантаі ў Біскупіцкай воласці Ваўкавыскага ўезда. Згодна з «Слоўнікам геаграфічным...» вёска мае 571 дзесяціну сялянскай і 51 дзесяціну царкоўнай зямлі, у праваслаўнай парафіі Калантаеўскай царквы 1861 вернік.

Са справы пра забеспячэнне праваслаўных цэркваў Ваўкавыскага ўезда ад 1864 года вынікае, што царква мела патрэбу ў: абразах і плашчаніцы (на 120 руб.), богаслужэбным посудзе (на 20 руб.), богаслужэбных кнігах (на 65 руб.) [8]. Вось як апісваецца старая, драўляная царква ў архіўнай справе 1867 года: «Калантаеўская прыходская царква драўляная, на каменным падмурку, вельмі старая і ў дрэнным стане, таму замест яе ў вёсцы Калантаі будуецца новая каменная царква на сродкі ўрада, будаўніцтва яшчэ не скончана. Дабірацца вернікам у царкву ў любую пару года зручна, дарогі не выклікаюць ніякіх цяжкасцяў. Акт агляду (папярэдні. - Л. Л.) складзены 19 лістапада 1840 г., тады ж вырашана пабудаваць новую царкву. Прыхаджан 632 мужчыны і 622 жанчыны» [9].

Сучасная царква Узвіжання Kрыжа Гасподняга у Калантаях, 2012 г.

У 1871 годзе недалёка ад старой драўлянай царквы была пабудавана новая, мураваная, са званіцай і мураванай агароджай. Старая царква першапачаткова заставалася на сваім месцы і лічылася прыпісной (філіяльнай) царквой. Мела напрастольнае Св. Евангелле, выдадзенае ў 1858 годзе, ахвярованае імператрыцай Марыяй Аляксандраўнай ў 1864-м, у 1871-м кніга была перанесена ў новую царкву. Нейкі час старая, драўляная царква, пабудаваная ў 1642-м, і новая, мураваная, стаялі побач. На польскай вайсковай карце 1920-х гадоў на вясковых могілках бачна яшчэ адна царква, цяпер закінутая і зарослая хмызняком. Мой родны дзядзька Мікалай распавёў, што ягоны бацька, мой дзед, расказваў, як драўляную царкву перанеслі на могілкі і выкарыстоўвалі там у якасці капліцы. Калі гэта адбылося, невядома, верагодна, дзесьці ўпачатку ХХ стагоддзя, але вядома галоўнае: сёння пад Ваўкавыскам дажывае свой век адна з нешматлікіх захаваных беларускіх старажытных драўляных культавых пабудоў - царква сярэдзіны XVII стагоддзя. Улічваючы адсутнасць даху і агульны стан, стаяць ёй засталося нядоўга.

На канец XIX стагоддзя калантаеўскі прыход налічваў 1162 вернікі мужчынскага полу і 1147 жаночага, усяго 2309 чалавек у 17 вёсках: Калантаях, Дыхнаўцах, Загор'і, Зарачанах, Косіне, Кутніках, Лічыцах, Мачульне, Навасёлках, Пекарах, Пагаранах, Падросі, Пятаках, Рексцях, Свіняшках, Скуратах, Шоўках. Самай аддаленай ад царквы была вёска Кутнікі (9 вёрст). Пры царкве мелася царкоўна-прыходское папячыцельства, працавала народная вучэльня ў Калантаях (вучылася 49 хлопчыкаў і 11 дзяўчынак) і 5 царкоўных школ: у Дыхнаўцах, Загор'і, Мачульне, Навасёлках і Шоўках - вучылася 67 хлопчыкаў і 20 дзяўчынак. Царкоўны прычт складаўся з двух чалавек - святара і псаломшчыка з заробкам 496 рублёў у год і гадавых адсоткаў ад1750 рублёў, адпісаных для заўсёднага памінання двума протаіерэямі - мясцовым Антоніем Стуковічам і маскоўскім Іаанам Зярновым. Прычт карыстаўся царкоўнай зямлёй: сядзібнай - 1494 сажня, ворнай - 38 дзесяцін 907 сажняў, сенакоснай - 3 дзесяціны 109 сажняў, лясной - 14 дзесяцін 485 сажняў, «кое-какой» - 2 дзесяціны 1187 сажняў, усяго 58 дзесяцін 1780 сажняў зямлі [10]. З 23 лютага 1892 года святаром калантаеўскай царквы служыў айцец Уладзімір Занкевіч [11]. Каля царквы да нашага часу захавалася магіла дачушкі святара, Любачкі Занкевіч (10.01.1896-19.02.1899). Таксама каля царквы пахаваны былы псаломшчык Жаромскі Ігнат Антонавіч (памёр 10.02.1893, жыў 57 гадоў).

14 верасня 1897 года, у дзень свята Узвіжання Крыжа, адбылося асвячэнне калантаеўскай жаночай царкоўна-прыходской школы. У асвячэнні ўдзельнічаў епархіяльны наглядчык за царкоўна-прыходскімі школамі протаіерэй У. Кургановіч. Літоўскія Епархіяльныя Ведамасці пісалі пра гэта: «Народ пачаў збірацца у царкву, якая не магла змясціць усіх ахвотных: людзі стаялі вакол царквы і нават за агароджай. Пад час службы боскую літургію пеў хор з навучэнцаў народнай вучэльні. Святар У. Бялевіч сказаў урачыстую прамову, пад час якой расказаў пра сэнс і значнасць жаночай школы ў лёсе сялянскай сям'і, заклікаў усіх да малітвы і падзякі за ахвяраванні для адкрыцця школы з боку дабрачынца С.В. Рэзцова і мясцовага святара, які паклаў шмат асабістай працы і клопатаў для адкрыцця школы. Потым епархіяльны наглядчык пры ўдзеле старшыні павятовага аддзялення вучэльнай рады, павятовага назіральніка царкоўных школ, святароў У. Бялевіча і І. Янкоўскага выйшлі на царкоўную салею для асвячэння абраза Казанскай Богамаці. Гэты абраз, у арэхавым з разьбой ківоце - падарунак вядомага дабрачынца Калантаеўскай царквы С.В. Рэзцова. Пасля асвячэння абраза, з хросным ходам пры шматлікай колькасці народа, абраз быў перанесена з царквы ў новую школу». Школа была асвечана, пасля чаго выступіў протаіерэй У. Кургановіч, які акрамя іншага сказаў: «Царкоўная школа - родная дачка царквы. Дай Бог, каб вашыя дзеці ведалі толькі дзве дарогі: у царкву і школу, каб сцежка да школы не зарасла перад імі». У адказ на прывітанне епархіяльнага наглядчыка выступіў прыходскі святар: «Сардэчна вам удзячны, а. протаіерэй, за вашае цёплае слова, поўнае любові да маіх вернікаў, за ваш удзел і ўвагу. Радасна вітаю асвячэнне гэтай школы, якая праз жанчын нашага прыходу стане рассаднікам асветы. ... роўна тры гады песціў я думку пра гэту школу і зараз я бачу выдатны школьны будынак і кожнай дзяўчынцы адкрыты дзверы да асветы...». Прысутныя паклонам выказалі падзяку свайму духоўнаму пастыру [12].

Напрыканцы XIX стагоддзя тут нарадзіліся мае бабуля і дзядуля па маці: Грыб (у дзявоцтве Мішковіч) Антаніна Фёдараўна (1894-1976) і Грыб Аляксандр Яфімавіч (1887-1970).

У 1914 годзе вёска мае 70 двароў, у якіх жывуць 196 мужчын і 208 жанчын, пры дарозе з вёскі Яцвязь у Калантаі маецца хутар з 2 двароў, тут жывуць 4 мужчыны і 6 жанчын. У царкоўным прычце 1 двор: 11 мужчын і 7 жанчын.

25 верасня 1920 года тут адбыўся бой паміж польскімі жаўнерамі і Чырвонай Арміяй, у выніку якога раніцай чырвонаармейцы былі выбіты з вёскі, узяты палонныя і захоплены абоз.

У 1921-1939 гадах вёска знаходзіцца ў гміне Біскупцы. Разам з Лазамі, Пораслю і Зыгмунтавым складае грамаду Калантаі.

У 1928 годзе вадзяны млын з'яўляецца ўласнасцю яўрэйскай суполкі: В. Каплана, Я. Айона, В. Эпштэйна.

У 1932 г. у сяле Калантаі Ваўкавыскага павета частка вернікаў вырашыла перайсці ў каталіцтва візантыйска-славянскага абраду. Члены камітэта па будаўніцтву праваслаўнай царквы запрасілі вікарыя візантыйска-славянскага абраду па Віленскай епархіі Яна Харчанка, які прыбыў 14 лістапада. Ён заклікаў насельніцтва прыняць каталіцтва, абяцаў спагнанне нізкіх поплаткаў за рэлігійныя паслугі, ільготы ў выкананні абавязацельстваў па будаўніцтву царквы.

Даведаўшыся пра гэтым, 16 лістапада прыбыў праваслаўны благачынны, які паспрабаваў забраць у царкоўнага старасты ключы ад царквы. У адказ на адмову старасты ён адхіліў яго ад пасады і зачыніў царкву на свой замак, пасля чаго царкоўны стараста ключы аддаў. Паводле справаздачы Беластоцкага ваяводы, пасля гэтага мясцовае насельніцтва адмовілася ад арганізацыі каталіцкай парафіі візантыйска-славянскага абраду [13].

У 1935-м у вёсцы існавала школа, у якой настаўнічала Соф'я Валадкова.

З верасня 1939 года настаўніцай у Калантаеўскай школе працавала Вера Карчэўская, дзеячка заходне-беларускага руху, палітык, паэт [14]. Яна на роднай мове вучыла маю маці.


Зельзін. Раней гэта вёска знаходзілася ў Ваўкавыскім павеце, цяпер - у Зеляневіцкім сельскім савеце Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, за 60 км на паўночны ўсход ад Пружан, за 32 км на паўднёвы ўсход ад Ваўкавыска. Назва, магчыма, паходзіць ад слова «зелле», што азначае корм для жывёлы, лекавыя травы або пустазелле.

У канцы XIX стагоддзя са слоў зельзінскага святара і двух настаўнікаў запісана легенда пра тутэйшую царкву, упершыню апублікавана Пакроўскім Ф. В. у 1895 годзе ў кнізе «Археологическая карта Гроднескай губернии». Па гэтай легендзе першая зельзінская царква была пабудавана ў 1420-1430 гады нейкай князёўнай, якая ўгразла на гэтым месцы і была выратавана паляўнічымі. Паводле таго ж падання першым святаром быў айцец Чаплееўскі [15]. М. Малішэўскі ў артыкуле «З побыту белага ўніяцкага духавенства» піша пра фундатара царквы Сямёна Прохаравіча Чаплееўскага - і падае прозвішча на рускі манер: Чапліеў [16]. Па іншай версіі легенды царква пабудавана ў 1442 годзе, фундавала яе княжна, што ехала з Масквы ў ВКЛ і заблукала ў гэтых мясцінах. Паляўнічыя, якія знайшлі яе, палявалі на аленя. Яшчэ пры канцы XIX стагоддзя ў царкве захоўваўся рог тых паляўнічых, якія быццам бы выратавалі княжну. Ад першай, драўлянай царквы XV стагоддзя застаўся асабліва шанаваны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы ў пазалочанай меднай рызе і тых жа часоў масіўны дубовы крыж у пазалочанай срэбнай аправе, які ў XV стагоддзі ўжываў пры богаслужэнні першы святар царквы айцец Чаплееўскі. Крыж быў умайстраваны ў абраз з выявамі Марыі Магдалены і Логіна Сотніка вакол Багародзіцы [17]. Пра абраз Багародзіцы, старажытны крыж і аленевы рог, якія захоўваюцца ў царкве, пісаў і дырэктар Віленскага музея старажытнасцей археолаг Пакроўскі [18]. У пачатку ХХ стагоддзя ў царкве яшчэ знаходзілася кніга запісаў за 1568 год, а каля плябаніі ў Першую сусветную вайну яшчэ расла гіганцкая 500-гадовая ліпа з вялікім дуплом, у якім хаваліся дзеці. У 1743 годзе Чаплееўскія фундавалі новую царкву, якая з 1775 года ўваходзіла ў Лыскаўскую парафію (верагодна, была філіяльнай) [19]. Вядома, што ў 1780 годзе зельзінская царква страціла сенажаць [20].

Ф. В. Пакроўскі паведамляе, што непадалёк ад Зельзіна, ва урочышчы Малінаўка абшарніка Брайчэўскага, ёсць курган вышынёй у дзве сажні, дыяметрам унізе - 14 сажняў, уверсе - 1 сажань, такі ж курган ёсць і ва урочышчы Галабурдаўшчына на зямлі маёнтка Манцякі. На паабсыпаных краях малінаўскага кургана людзі знаходзілі косткі, падковы, дэталі конскай збруі. Таксама недалёка ад Зельзіна, каля дарогі ў бок вёскі Цераховічы, стаяла каменная пліта вышынёй каля 1,5 аршына і шырынёй 18 вяршкоў. На адным баку пліты быў высечаны крыж, над ім літары Н.М. а злева манаграма MARIA [21].

У XVIII стагоддзі адна частка вёскі з 4 двароў знаходзілася ў маёнтку Зельзін абшарнікаў Сухадольскіх, другая частка з 17 двароў - у фальварку Крупа Грабоўскага.

У 1800 годзе ў фальварку Падкрупы Міхала Грабоўскога працуе 41 мужчына, сярод якіх 5 вольных сялян.

У 1811-м частка вёскі знаходзіцца ў маёнтку Магілёўцы Разаліі Быхаўцавай: 41 мужчына, у 1820-м да маёнтка Магілёўцы запісана 35 мужчын і 27 жанчын, другая частка вёскі з 33 мужчынамі і 38 жанчынамі знаходзіцца ў маёнтку Падкрупы, які належыць Андрэю Брандту.

1845 год. Адна частка вёскі з 16 двароў знаходзіцца ў маёнтку Зельзін Адама Быхаўца, другая, з 8 двароў, - у фальварку Зельзін Фамы Андрэевіча Брандта і ягонай жонкі Мацільды, фальварак дастаўся ім у спадчыну ад бацькі. Брандтам належыць 8 двароў: 35 мужчын і 22 жанчыны. Прозвішчы сялян: Аўдзейчык, Панасік, Гусак, Мотыль, Канавалік, Дуброўка, Шымановіч, Двімок(5 сямей), Хаян, Цыпурка, Таўмач. Станіслаў Брандт, сын уладальніка маёнтка Зельзін, быў удзельнікам паўстання 1863 года. Пасля паўстання сасланы ў Сібір і вызвалены ў 1871 годзе з забаронай жыць у вялікіх гарадах.

1858 год. Адна частка вёскі з 40 мужчын і 45 жанчын - у фальварку Зельзін або Падкрупе Андрэя Іванавіча Брандта, другая частка з 66 мужчын і 60 жанчын - у фальварку Зельзін Адама Восіпавіча Быхаўца.

З 1861 года вёска ў навастворанай Зельзінскай воласці.

У 1865 годзе складаецца з 16 двароў: 33 мужчыны і 31 жанчына. Прозвішчы сялян:

Панасік, Аўдзейчык, Агарэлік, Козел, Гусак, Жук, Мотыль, Канавалік, Дуброўка [22].

Са справы пра забеспячэнне праваслаўных цэркваў Ваўкавыскага павета ад 1864 года вынікае, што зельзінскай царкве неабходны былі: абразы (на 200 руб.), богаслужэбны посуд (на 180 руб.), рызы і царкоўныя ўборы (на 150 руб.), богаслужэбныя кнігі (на 12 руб.) [23]. Пра царкву ў архіўнай справе 1867 года напісана: «У Зельзінскім прыходзе ... царква пабудавана з бутавага каменю, на бачным месцы, абгароджана драўлянай агароджай, побач уладкавана званіца. Вонкавы выгляд адпавядае праваслаўнаму храму, царква пабудавана ў 1839 г. і капітальна выпраўлена на сродкі прыхаджан у 1867 г. Акт агляду (папярэдні. - Л. Л.) складзены 7 лістапада 1840 г. Прыхаджан - 1354 мужчыны і 1359 жанчын» [24].

Царква Узвіжання Святога Крыжа на пачатку XX стагоддзя, здымак Яна Балзункевіча.

З 1884 года ў наёмным доме пры філіяльнай царкве ў Шэйпяках Зельзінскага прыхода працавала царкоўна-прыходская школа, у якой вучылася 24 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі, настаўнік - селянін з народных настаўнікаў [25].

Літоўскія епархіяльныя ведамасці [26] за 1887 год надрукавалі справаздачу настаўніка Зельзінскай народнай вучэльні К. Супруна пра ўрачыстасці, якія адбыліся 21 снежня 1886 года ў Зельзінскім прыходзе. У царкве меўся старадаўні абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, які раней знаходзіўся ў Горным месцы старога іканастаса. Пасля таго, як быў збудаваны новы іканастас, стары абраз апынуўся ў рызніцы і быў забыты. У 1886 годзе да свята Узвышэння Святога Крыжа святар айцец Радкевіч і царкоўны стараста М. Пучко вырашылі аднавіць абраз. Святар і стараста сабралі 50 рублёў 88 капеек у прыватных асоб, прыхаджане дадаткова ахвяравалі на гэтую справу 60 рублёў, яшчэ 45 рублёў было дададзена з царкоўных грошай. Пры садзейнічанні памешчыцы Івановай А. П., якая па сваіх справах часта бывала ў Маскве, абраз быў адвезены туды для аднаўлення. У Маскве абраз быў устаўлены ў медную пазалочаную рызу з кіётам пад арэхавае дрэва, 21 снежня абраз вярнуўся з Масквы. Па дарозе ад чыгуначнай станцыі стаіць вёска Шэйпякі з царквой - абраз першапачаткова застаўся тут. На 21 снежня былі запрошаны суседскія святары: з Лыскава айцец Іаан Дашкоўскі і з Сядзельнікаў айцец Рыгор Ціхаміраў. «21 снежня было цудоўнае надвор'е, сабралася вельмі шмат народу і Шэйпякоўская царква не ўмясціла ўсіх жадаючых. Пасля ўсяночнага чування было здзейснена малое асвячэнне вады і потым асвечаны абраз. Выступіла некалькі чалавек, з выступаў стала вядома, што маскоўскі ахвярадаўца доктар Яфімаў А. Ф. выявіў жаданне ўладкаваць у Зельзінскай царкве новы іканастас, а стары перанесці ў Шэйпякоўскую царкву».

Пасля заканчэння службы абраз Божай Маці з хросным ходам і спевамі малебнаў перанесены прыхаджанамі на руках у Зельзінскую царкву (6 вёрст). Па дарозе па просьбе памешчыцы Івановай, у яе маёнтку быў адслужаны саборны малебен. Гэтак жа па дарозе малебен быў адслужаны ў Зельзінскай валасной управе. Па прыбыцці, пасля трохразовага абыходу царквы абраз быў усталяваны на месцы. Потым у саборы былі адслужаны акафіст і малітва да Найсвяцейшай Багародзіцы… «Калі ўсе выйшлі з царквы - ужо змяркалася».

Можна быць упэўненым, што ў гэтых мерапрыемствах удзельнічалі мае прадзеды.

Кніга «Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. 1899» піша пра 1839 год як пра год будаўніцтва новай мураванай Крыжаўзвіжанскай царквы ў Зельзіне. Чамусьці сучасныя даведнікі пішуць пра будаўніцтва царквы ў 1878 годзе. «Описания церквей и приходов...» паведамляе, што разам з царквой былі пабудаваны мураваная званіца і плот, фундавалі будаўніцтва абшарнікі Ігнат Сегень і Ян Быхавец. Адначасова каля таго месца, дзе стаяла старая царква, пабудаваны дом святара. У 1899 годзе царква мела 1770 прыхаджан мужчынскага полу і 1808 жаночага (разам - 3578) якія жылі ў 13 вёсках: Зельзіне, Баярах, Бушняках, Галоўчыцах, Зеленевічах, Крупе, Кузевічах, Мазалях, Апелянавічах, Шэйпяках, Шпаках і Ярашэвічах, з якіх самыя далёкія - Баяры, Галоўчыцы і Шэйпякі знаходзіліся ў 6 вёрстах ад прыходскай царквы [27] і таму ў

Шэйпяках мелася прыпісная к прыходскай, мураваная царква Яна Багаслова ў драўлянай агароджы, пабудаваная ў 1794 годзе як каталіцкая капліца і пераробленая на праваслаўную царкву ў 1864 годзе на грошы прыхаджан і мясцовага абшарніка Антонія Радкевіча [28].

Напрыканцы XIX стагоддзя пры Зельзінскім прыходзе мелася царкоўнае брацтва і царкоўна-прыходское папячыцельства, працавалі тры царкоўныя школы: у Галоўчыцах,

Крупе і Шэйпяках, у якіх вучыліся 102 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі, і народная вучэльня. Царкоўны прычт складаўся з трох чалавек: святара і двух псаломшчыкаў. Агульны гадавы фонд, з якога выплачваўся заробак, - 592 рублі, і 3 рублі за маёнтак, які адышоў у казну. Зямлі прычт меў: сядзібнай - 2 дзесяціны 329 сажняў, ворнай - 39 дзесяцін 798 сажняў, сенакоснай - 6 дзесяцін 143 сажня, пашавай - 5 дзесяцін і 879 сажня, усяго - 52 дзесяціны і 2149 сажняў, прычым, уся зямля была пры царкве, не падзелена на шматлікія «шнуры» [29].

Пры царкве дажываў свой век «заштатны» святар - былы святар зельзінскага прыхода айцец Аляксей Радкевіч, які пачаў тут служыць яшчэ ў 1851 годзе [30]. Дзейсным святаром у царкве быў айцец Пётр Радкевіч, які займаў гэту пасаду з 29 верасня 1891 года [31]. З 10 лютага 1862 года служыў тут дыякан Апалінары Цендзевіцкі [32].

У 1900 годзе на сродкі святара Радкевіча ля царквы была пастаўлена мураваная капліца, асвечаная ў гонар святых віленскіх пакутнікаў Антонія, Яна і Яўстаха.

Тут, у Зельзіне, нарадзіліся мае бабуля і дзядуля па бацьку: Лаўрыш (у дзявоцтве - Чайкоўская) Наталля Антонаўна (1895-1980) і Лаўрыш Васіль Гаўрыілавіч (1882-1969).

У вёсцы Шэйпякі (цяпер Шэйпічы) ў 1900 годзе нарадзіўся Міхась Забэйда-Суміцкі.

У 1905 годзе тая частка вёскі, якая належала Брандту, афіцыйна пачала называцца Брантоўцы, у Брантоўцах тады было 138 жыхароў. Мой дзед Васіль пайшоў у войска з Зельзіна і, адваяваўшы як кадравы жаўнер Руска-японскую вайну, быў узнагароджаны Георгіеўскім крыжам і вярнуўся ужо ў Брантоўцы.

1914 год. У Зельзіне і Брантоўцах разам 45 двароў: 129 мужчын і 115 жанчын. Працуе вадзяны млын на рэчцы Чымбе, 1 двор: 2 мужчыны і 5 жанчын. У тым жа 1914 годзе дзеда зноў прызвалі ў войска, ён ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце і трапіў у палон. Толькі пасля заканчэння Першай сусветнай пешшу прыйшоў з Аўстрыі, дзе, як палонны, працаваў у гаспадара, у родную вёску.

У 1922 годзе Зельзінская гміна была скасавана і падзелена паміж Лыскаўскай і Падароскай гмінамі. Таму ў 1921-1939 гадах Зельзін і Брантоўцы знаходзяцца ў гміне Лыскава і ствараюць грамаду Зельзін.

Пробашч каталіцкай парафіі ў мястэчку Лыскаве Кардэля 10 чэрвеня 1929 года заняў прыпісную царкву ў Шэйпяках (якая да 1864 года была каталіцкай капліцай). Гэта адбылося па дамоўленасці з мясцовым царкоўным апекуном С. Пушком, якому ксёндз паабяцаў адрамантаваць храм. Аднак настаяцель Зельзінскай царквы айцец Аляксей Казакевіч увечары 13 чэрвеня з дапамогай вернікаў сарваў павешаны ксяндзом замок на дзвярах і заняў храм. На наступны дзень справа дайшла да сутычкі паміж каталікамі і праваслаўнымі, якую спыніў павятовы камендант паліцыі [33].

З 1940 годзе вёска ў Ружанскім, а з 1962 года ў Пружанскім раёне. У 1959-м налічвала 258 жыхароў, у 2003-м - 53 двары, 106 жыхароў.

У 1962 годзе зельзінская царква адабрана пад вясковы клуб. Царкоўнае начынне і абразы перавезлі ў лыскаўскую царкву, частку царкоўных кніг - у ружанскі касцёл. Перабудаваць царкву пад клуб не было магчымасці і, па успамінах сялян, памяшканне царквы выкарыстоўвалася як стралковы цір для вучняў.

У 1963 годзе царква пашкоджана пажарам. У 1995-м адрамантавана і асвечана мітрапалітам Філарэтам.

Артыкул часткова грунтуецца на матэрыяле з асабістага архіва ваўкавыскага гісторыка і краязнаўца Мікалая Быхаўцава.



[1] Słownik Geograficzny Krуlewstwa Polskiego... Warszawa. 1883. Т. 4. S. 272.

[2] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 380.

[3] Інсталяцыя - епіскапскае зацвярджэнне святара на пасадзе пасля таго як святар ужо атрымаў прэзенту (дазвол) ад калятара. Калятар - асоба, якая ўнесла сродкі на пабудову царквы, касцёла і мае адпаведнае права адносна яе, у дадзеным выпадку - Зыгмунт Грабоўскі.

[4] Парах - святар, які мае паўнаважанні стала кіраваць парфіяй (прыходам).

[5] Да атрымання інсталяцыі, святар называўся адміністратарам.

[6] Археографический сборник документов, издаваемый при управлении Виленского учебного округа. Вильна, 1902. Т. 13. С. 135-136.

[7] Wolyniak. Z przeszlosci powitu wolkoyskiego. Krakow, 1905. S. 116.

[8] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 1, спр. 54.

[9] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 2, спр. 26. С. 2аб-3.

[10] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 380-381.

[11] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 453.

[12] Литовские Епархиальные Ведомости. 1897. - № 40. - С. 383-384.

[13] Свирид А.Н.  Распространение католичества византийско-славянского обряда на Гродненщине в 20–30-е гг. ХХ в. // Этносоциальные и конфессиональные процессы  в современном обществе: сб. науч. ст. / ГрГУ им. Я. Купалы ; редкол.: М.А. Можейко (гл. ред.) [и др.]. – Гродно: ГрГУ, 2012. - С. 221-222.

[14] Туронок Юрий. Непокорная Вера // Деды. - 2011. - № 8. - С. 148-156.

[15] Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильна, 1895. С. 32-33.

[16] Малишевский Н. Из быта белого униатского духовенства // Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. - № 6. - С. 67.

[17] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж, 1899. Т. 1. С. 262.

[18] Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильна, 1895. С. 32-33.

[19] З архіва Быхаўцава.

[20] Литовские Епархиальные Ведомости. 1873. - № 8. - С. 84.

[21] Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильна, 1895. С. 32.

[22] З архіва Быхаўцава.

[23] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 1, спр. 54.

[24] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 97, воп. 2, спр. 26. С. 18 аб-19.

[25] Литовские Епархиальные Ведомости. 1886. - № 44. - С. 418.

[26] Литовские Епархиальные Ведомости. 1887. - № 12. - С. 98-99.

[27] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж, 1899. Т. 1. С. 262-263.

[28] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 39.

[29] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 263.

[30] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 438.

[31] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 452.

[32] Описания церквей и приходов. Гродненский православно-церковный календарь. Воронеж. 1899. Т. 1. С. 441.

[33] Загідулін, А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 98.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX