У Расійскай імперыі электраэнергія выраблялася на дзяржаўных, гарадскіх (ці муніцыпальных), а таксама прыватных электрастанцыях, прычым колькасць прыватных электрастанцый значна перавышала колькасць дзяржаўных і гарадскіх. Так, па звестках Рускага тэхнічнага таварыства, у 1913 годзе з двух дзясяткаў буйных электрастанцый шаснаццаць з'яўляліся прыватнымі. Электрастанцыя ў Мінску была муніцыпальнай.
Першыя вопыты па электраасвятленні ў Мінску праводзіліся на вадакачцы ЛібаваРоменскай чыгункі тэхнікам Кабяком 21 снежня 1886 года. Электрамашына прыводзілася ў рух паравым рухавіком вадакачкі. У гэты дзень паглядзець на навінку сабралася шмат мінчан. У 1892 годзе гарадская ўправа разглядала пытанне аб увядзенні ў горадзе электрычнага асвятлення. Праз два гады было куплена абсталяванне з усімі прыладамі за 10,5 тысячы рублёў у Лібаўскага казённага порта. Разам з мантажом размеркавальных сетак яно абышлося гораду прыкладна ў 20 тысяч рублёў.
Электрастанцыя пачала працаваць 12 студзеня 1895 года. Яна знаходзілася на правым беразе ракі Свіслач разам з вадапомпавай станцыяй. У горадзе было ўстаноўлена 390 лямпачак напальвання: 140 для асвятлення вуліц Петрапаўлаўскай, Праабражэнскай, Губернатарскай, Захар'еўскай, 80 - у зімовым тэатры, 60 - у летнім і 110 у прыватных спажыўцоў. Гараджане хутка ацанілі перавагі новага асвятлення - ужо праз тры гады горад меў 1 100 лямпачак напальвання: 240 на вуліцах, 420 у тэатрах і 430 у прыватным спажыванні. Пасля 1905 года з'явіліся і першыя электралямпы вольтавай дугі. Яны перыядычна запальваліся ў тэатры, цырку, на гуляннях.
Аднак амаль што адразу набытае абсталяванне электрастанцыі вычарпала свае магутнасці. Частковыя ўдасканаленні ў 1897 і 1900 гадах далі часовы эфект. На пачатку стагоддзя электрастанцыя знаходзілася ў крызісным становішчы. Запыты спажыўцоў не задавальняліся, даходы скараціліся з 16,3 тысячы рублёў у 1903 да 13,5 тысячы ў 1904 годзе [1].
З 1905 года Мінск быў ахоплены рэвалюцыйным рухам. 31 жніўня вуліцы не былі асветлены, баставалі нават ліхтаршчыкі, якія павінны былі запальваць нафтавыя лямпы [2]. Узбуджаныя і незадаволеныя дырэктарам электрастанцыі інжынерам Корзунам рабочыя вырашылі «паступіць з ім як прынята на фабрыках - вывезці яго на тачцы... Як толькі ён з'явіўся на станцыі, працоўныя акружылі яго, накінулі на галаву мяшок, паклалі на тачку і вывезлі яго на вуліцу са словамі: «Такіх нам не трэба». Сп. Корзун сам вызваліўся з мяшка і ўцёк» [3]. Яго месца заняў інжынер Маркевіч, але ў сакавіку 1908 года ён з'ехаў з Мінска. Наступным дырэктарам электрастанцыі стаў інжынер Грабоўскі, саўладальнік электратэхнічнага бюро [4].
У канцы 1907 года была праведзена рэканструкцыя мінскай электрастанцыі. Прэса пісала, што ў пастаўленых на гарадскую электрастанцыю «Усеагульнай Электрычнай кампаніяй» машынах знойдзены істотныя няспраўнасці, але на працягу двух тыдняў машыны павінны быць адрамантаваныя [5]. Зімой 1907-1908 гадоў паведамлялася, што «электрычныя правады, якія да гэтага часу пастаянна кралі, цяпер увесь час ірвуцца пры скіданні снегу з дахаў» [6].
У сакавіку 1908 года «Кур'ер Літэўскі» надрукаваў вялікі аналітычны артыкул аб праблемах электрыфікацыі Мінска. Спачатку невядомы аўтар адзначыў, што гарадская электрастанцыя «гэта з усіх пунктаў гледжання вельмі карысная інстытуцыя, аднак узнікае шмат пытанняў, якія лепш вырашыць зараз, бо заўтра будзе позна. Сучасная станцыя была пабудавана і пачала працаваць каля трох гадоў таму на месцы ранейшай - ненадзейнай і састарэлай, з высокім сабекоштам электраэнергіі. Пры гэтым былі пашыраны электрычныя сеткі, усталяваны новыя машыны і генератары, акумулятары і гэтак далей, усё гэта зроблена вельмі рацыянальна. Члены электрычнай камісіі, утворанай гарадской радай, разумелі, што не могуць правесці рэканструкцыю ўласнымі сіламі і вырашылі перадаць усе работы сур'ёзнай спецыялізаванай фірме. Вялікая ўвага была нададзена складанню правільнага кантракта, і гэту працу камісія выканала добра. Па кантракце работы праводзіла «Усеагульная Электрычная кампанія», і ў выніку горад атрымаў добра пабудаваную, сучасную і надзейную станцыю.
Заслуга за добрае правядзенне работ належыць камісіі, якая складаецца з сп. Эмануіла Абранпольскага (старшыня) і чальцоў, сп. К. Плаўскага і інж. Лісоўскага.
Важна таксама гэтак жа добра арганізаваць эксплуатацыю - як у тэхнічным плане так і ў фінансаваэканамічным. Тут пачынаюцца вельмі важныя памылкі, якія з'явіліся зза адсутнасці адмысловых ведаў у галоўных кіраўнікоў (электрычная камісія), або зза стандартна нерацыянальнай эканоміі (камісія фінансавая), якая можа давесці да развалу такую справу, як электрастанцыя.
Адной з асноўных памылак, якая мае нават грамадскае значэнне, ёсць неразуменне важнасці ўжывання электраэнергіі для прамысловых мэт. Як вядома, ужыванне рухавікоў мае велізарнае значэнне для развіцця ўсякай прамысловасці. Электраматоры - гэта той клас рухавікоў, якія, пачынаючы ад швейных машын і заканчваючы самымі магутнымі фабрычнымі рухавікамі, найбольш зручныя ў выкарыстанні. Аднак з эканамічнага пункту гледжання ўжыванне электраматораў мэтазгодна ў прамысловасці толькі тады, калі электраэнергія досыць танная, не даражэй 15 капеек за кілаватгадзіну. Але камісія ўсталёўвае кошт у 27 капеек за кілаватгадзіну, г. зн. гэтулькі, колькі бярэцца за асвятленне памяшканняў. Мела б сэнс энергію для працы рухавікоў прадаваць танней, што спрыяла б развіццю прамысловасці, дало дадатны эканамічны эфект і ў канчатковым выніку спрыяла б развіццю горада.
З пункту гледжання сабекошту энергіі рашэнне камісіі не вытрымлівае крытыкі. Электрычная нагрузка нераўнамерная на працягу дня, але нават пры нізкай нагрузцы станцыі даводзіцца падтрымліваць пастаянную работу. Выгадней было б мець больш раўнамерную нагрузку і для таго са скідкай прадаваць энергію для працы рухавікоў падчас мінімуму нагрузкі. У часы мінімуму можна было б прадаваць энергію па 6 капеек за кілаватгадзіну ці нават яшчэ танней.
Другі, вельмі слабы бок электрычнай гаспадаркі - поўнае ігнараванне важных патрабаванняў станцыі фінансавай камісіяй і недастатковы адпор супраць яе смяротнай эканоміі з боку электрычнай камісіі... Калі не будзе вырашана кадравае пытанне... гарадская станцыя можа хутка ператварыцца ў руіны.
Той, хто мае элементарнае ўяўленне пра эксплуатацыю электрычнай станцыі, ведае, што станцыя такога памеру, як мінская, можа існаваць нейкі час без дырэктараінжынера з вышэйшай адукацыяй і вялікімі грашовымі патрабаваннямі, адсутнасць жа добрага, высокакваліфікаванага манцёра, здольнага прысвяціць станцыі ўвесь свой час, можа самым адмоўным чынам адбіцца на яе лёсе. Тым больш, калі сярод астатняга персаналу няма дастаткова кваліфікаваных людзей. … Наогул, для горада было б выгадней аддаць станцыю ў прыватныя рукі» [7].
Нягледзячы на пашырэнне энергетычнай гаспадаркі, слабым месцам заставаліся размеркавальныя электрычныя сеткі: «У шматлікіх месцах горада адчуваюцца моцныя ваганні напружання (ад 175 да 250 В, у той час калі звычайнае напружанне павінна быць 220 В), напрыклад у раёне тэатра, кінематографа і г. д. Пры гэтым мае месца цьмянае ці наадварот, празмернае свячэнне лямпаў» [8] . Таму ў сакавіку 1908 года электрычная камісія «прымае энергічныя меры для атрымання ад гарадскіх улад сумы ў 29 500 р. за гарадскія сеткі» [9].
Аднак і ўвосень 1908 года сітуацыя не палепшылася: «Мінск. Непарадкі з электрычнасцю. У апошні час электрычнае асвятленне моцна міргае, напружанне вагаецца і лямпы вулічнага асвятлення псуюцца, зза чаго нявінныя перад Богам абывацелі трапляюць у бруд, б'юць насы і г. д. Усё гэта ў Мінску ёсць «хлеб штодзённы» і гараджане з гэтым збольшага звыкліся. Але электрастанцыя змагла зрабіць і больш вялікія непрыемнасці - поўнае адключэнне электрычнага току, нягледзячы на дамовы па энергазабеспячэнні. Нядаўна ў выніку невыканання станцыяй сваіх абавязкаў кансіліум з трох дактароў на працягу гадзіны чакаў з'яўлення току, каб ужыць рэнтгенаўскі апарат. Факт не патрабуе каментарыяў» [10].
У сакавіку 1908 года было афіцыйна дазволена падключаць электрычныя рухавікі і плаціць пры гэтым 29 капеек за першую тысячу кілаватгадзін і па 16 капеек за наступныя кілаватгадзіны, што, відавочна, было не выгадна для прамысловасці горада [11].
У выніку «кінематограф Штрэмера, не задаволены тарыфам на электраэнергію, усталяваў уласную дынамамашыну з нафтавым рухавіком, які забруджвае паветра для некалькіх суседніх хат. Гараджане скардзяцца і патрабуюць ад ўлад прыняць меры» [12]. У маі 1908 года газеты паведамілі, што нафтавы рухавік кінатэатра Штрэмера на рагу вуліц Захар'еўскай і Францішканскай, адрэгуляваны. Рухавік меў атрутны выхлап зза недапалу паліва ў цыліндрах [13]. Але справа гэтым не закончылася. Нават адрэгуляваны рухавік усё роўна атручваў паветра сваім суседзям, і таму ўладальнік кінатэатра ўсталяваў высокую трубу для выхлапу. Гэта не спыніла скаргаў. Тады Штрэмер праз прэсу патлумачыў, што яго праследуюць суседзі за тое, што ён немец [14]. Праз некалькі тыдняў прэса працягвала пісаць: «Нафтавы рухавік Штрэмера застаецца галоўнай тэмай спрэчкі паміж уладамі горада і ўладальнікам кінематографа. Ніяк не атрымліваецца, каб рухавік працаваў без дыму і смуроду. Здаецца такая гаспадарчая справа павінна вырашацца без палітыкі, але вакол яе разварочваюцца нейкія незразумелыя кабінетныя гульні» [15].
Энергасістэма горада мела праблемы з улікам электрычнай энергіі: «Мінск. Ад абанентаў мясцовай электрастанцыі прыходзяць частыя скаргі на пастаяннае парушэнне нормаў у адносінах паміж станцыяй і абанентам. Лічыльнікі - нагода для канфліктаў. Падлучэнні прыватных сетак у шматлікіх месцах прыводзяць да няправільнай працы лічыльнікаў і да вялікіх рахункаў на спажытую энергію. У дадатак, няма інструкцый, па якіх можна было б адсачыць правільнасць працы лічыльнікаў. Усё гэта можа прывесці да таго, што станцыя так і застанецца напаўзаконнай, напаўсямейнай і толькі на чвэрць прафесійнай справай» [16].
Увосень «Кур'ер Літэўскі» адзначыў, што у Мінску развялося шмат самазваных электраманцёраў, якія займаюцца мантажом унутраных праводак з розных няякасных матэрыялаў і таму бяруць за працу значана меней, чым кваліфікаваныя электрычныя бюро. Для выканання электратэхнічных прац патрэбны добрыя тэхнічныя веды і адпаведны інжынерны нагляд - усе тое, чаго няма ў «танных» работнікаў. Напрыклад, такія работнікі ніколі не выконвалі ахоўнага занулення абсталявання і іншых неабходных тэхнічных мер бяспекі. Таксама зза недакладнага мантажу прыбораў уліку, розных хітрыкаў з нулявым дротам гарадская электрычная кампанія ці, наадварот, спажыўцы энергіі мелі вялікія грашовыя страты. «Выкананне электратэхнічных работ патрабуе добрага матэрыялу, акуратнасці і высокай кваліфікацыі». У якасці прыкладу прыводзіўся яўрэйскі шпіталь, які, сэканоміўшы на мантажы праводак, зза памылак мантажнікаў плаціў шалёныя грошы па лічыльніку [17].
У 1909 годзе электраэнергіяй карысталіся: 11 цэркваў, касцёлаў, сінагог, 137 крам, 84 прыватныя кватэры, 16 фабрык, 8 клубаў і спартыўных таварыстваў, 7 тэатраў і кінематографаў, 6 цырульняў, 19 банкаў, 17 рэстаранаў і гасцініц, 7 навучальных устаноў, 4 бальніцы і лячэбніцы, дабрачынныя ўстановы, казармы, лазня, фатаграфія.
Ускраіны горада паранейшаму асвятляліся газавымі ліхтарамі. У 1892 годзе іх было 647, а праз дзесяць гадоў - 960. У далейшым колькасць газавых ліхтароў скарачалася ў сувязі з увядзеннем больш сучасных напальных ліхтароў [18], якраз у 1910 годзе для асвятлення раёнаў горада, дзе няма электрычнасці, гарадскія улады закупілі нафтавыя напальныя лямпы [19].
У сакавіку 1910 года з'явілася інфармацыя аб чарговай рэканструкцыі мінскай электрастанцыі, для чаго адбыліся кансультацыі з вядучымі замежнымі фірмамі [20]. Хутка стала вядома, што для рэканструкцыі патрэбна 160 000 рублёў [21], але гарадскія ўлады палічылі магчымым выдзяліць толькі 105 000 рублёў [22]. У маі 1910 года запрашэнне на тэндарныя таргі атрымалі 24 фірмывытворцы энергетычнага абсталявання. У планах рэканструкцыі была закупка дызельнага рухавіка магутнасцю 230 к. с. [23]
На пачатку кастрычніка ўжо актыўна вяліся работы па рэканструкцыі станцыі, але новы дызельны рухавік і новы генератар яшчэ не былі зманціраваныя [24].
У канцы верасня 1910 года «Кур'ер Літэўскі» пісаў: «Станцыя водаправоднаэлектрычная. Пашырэнне станцыі выклікала вялікі рост абанентаў. У апошні час да размеркавальных сетак далучана 1?0 абанентаў. Наогул іх зараз 500, а ў мінулым годзе было 240. За пашырэнне станцыі трэба быць удзячнымі энергіі і высілкам сучаснага старшыні Электрычнай камісіі інжынера Вацлава Цывінскага, які прыйшоў у Электрычную камісію на месца К. Плаўскага і цяпер стаў яе старшынёй. Для далучэння ўсіх перспектыўных абанентаў павіны быць усталяваны новыя машыны. Машыны паставіць фірма Нобеля, якая перамагла свайго канкурэнта фірму «Вестінгаўз», бо мела неабходнае абсталяванне на складах і магла хутка даставіць рухавік сістэмы дызель.
Пачаліся работы па пракладцы новых кабеляў па асноўных вуліцах горада: Захар'еўскай, Францішканскай, Падгорнай і на Нізкім Рынку. Новыя кабелі могуць прапусціць у тры разы большы ток, чым існуючыя.
За апошні год ад электрычнасці брутадаход склаў 75 000 рублёў (у папярэднім годзе 56 000 руб.). Вада прынесла даход у 60 000 рублёў (у папярэднім годзе 59 000 руб.). Чысты даход ад продажу электрычнасці і вады склаў 79 000 рублёў (у папярэднім годзе 67 000 руб.)… Знізіўся сабекошт (калі не ўлічваць амартызацыю машын і працэнты па крэдыце) кілаватгадзіны з 9,5 да 7 капеек. Поўны сабекошт роўны 1? капеек за кілаватгадзіну, у папярэдні год - 15 капеек» [25].
У кастрычніку былі пераабраны члены гарадской Электрычнай камісіі. «Грабоўскі да апошняга часу быў дырэктарам электравадастанцыі, а зараз, пасля абрання ў камісію, пакінуў пасаду дырэктара. ... Важкай праблемай станцыі з'яўляецца адсутнасць здольных манцёраў - самага неабходнага персаналу на кожнай сучаснай электрастанцыі, якая патрабуе добрага абслугоўвання. Мінская станцыя мае патрэбу ў кваліфікаваных манцёрах яшчэ больш, чым іншыя, бо мае велічэзную акумулятарную батарэю, якая без якаснага абслугоўвання хутка сапсуецца. Можа, пасля пашырэння станцыя дачакаецца рацыянальнага продажу электраэнергіі для механічных мэт - да гэта часу ў нас не ужываюцца электрарухавікі і электрычнасць не выкарыстоўваецца ў прамысловасці» [26].
Праз некалькі дзён паведамлялася, што ў горадзе пашыраюцца электрычныя сеткі, а на гарадской электрастанцыі ўсталёўваецца рухавік Дызеля. Персанал станцыі пачаў пракладваць магістральныя кабелі па вуліцах горада [27].
У канцы лістапада 1910 года «ўсталяваны віленскай фірмай Маліноўскага і Гушчы рухавік сістэмы «дызель» пачаў працаваць. Усе мантажныя работы выкананы дасканала. Сам рухавік выдатнай якасці і працуе стабільна. Рухавік будзе прыводзіць у дзеянне дынамамашыну фірмы Сіменс, якую таксама ўсталявала тая ж віленская фірма» [28]. Аднак вечарам 29 снежня горад апанавала цемра - нядаўна ўсталяваны «рухавік сістэмы «дызель» лёгка пашкоджаны і часовы не працуе» [29]. Хутка стала вядома, што паломка рухавіка адбылася зза дрэннай ачысткі паліва [30].
Ужо на пачатку наступнага, 1911 года стала вядома, што магутнасці станцыі хутка зноў будзе недастаткова для ўсіх жадаючых далучыцца да размеркавальных сетак. З гэтай нагоды «Віленскі кур'ер» паведаміў цікавую інфармацыю з гісторыі электрыфікацыі горада: «Першае электрычнае асвятленне ў Мінску было зроблена ў аптэцы Гутоўскага. Электратэхнічныя працы ў аптэцы праводзіліся за кошт горада - для рэкламы, але ўладальнік аптэкі ўсё роўна не згаджаўся нават на такі варыянт. Зараз у любой, нават самай малой краме ёсць некалькі лямпаў. Людзі зразумелі вялікую спраўнасць такога асвятлення, а калі падлічыць усе выдаткі - дык нават і таннасць электрычнага святла. Асабліва пачало развівацца электрычнае асвятленне, калі былы старшыня Электрычнай камісіі, інжынер Вацлаў Цывінскі вырашыў здаваць лічыльнікі электрычнай энергіі ў арэнду. Хутка станцыю зноў трэба будзе пашыраць у 2-3 разы» [31].
У студзені 1911 года на станцыі прыступіў да працы новы дырэктар - інжынер Тадэвуш Корзун, а былы дырэктар Грабоўскі пачаў кіраваць службай водазабеспячэння горада. «Новы дырэктар скончыў тэхналагічны інстытут у Пецярбургу. На працягу года ён ужо кіраваў мінскай станцыяй, але ў 1906 годзе пакінуў гэтую пасаду і да апошняга часу працаваў у Германіі на паважных пасадах. Можна чакаць, што новы дырэктар наладзіць выпрацоўку і перадачу электрычнай энергіі і правядзе новую рэканструкцыю станцыі. На апошнім пасяджэнні гарадской рады гучалі галасы перадаць станцыю ў прыватныя рукі» [32]. Гэта той самы чалавек, якога рабочыя вывезлі на тачцы падчас рэвалюцыйных хваляванняў.
Практычна адразу новы дырэктар станцыі загадаў узяць усе працы па мантажы ўнутраных праводак у прыватных дамах і ўстановах пад пільны тэхнічны кантроль , «гэта правільна, бо існуючыя тэхнічныя бюро не паспяваюць выконваць такія працы для ўсіх жадаючых, а аднаасобнікіпрыватнікі, часцей за ўсе яўрэі, абсалютна не ведаюць электратэхніку. Зза гэтага ўзнікае вялікая колькасць канфліктаў паміж станцыяй і спажыўцамі электраэнергіі» [33]. Новы дырэктар адразу пачаў шукаць высокакваліфікаванага старшага электраманцёра станцыі [34]. Здаецца, што знайсці на добрыя грошы інжынера было лягчэй, чым кваліфікаванага манцёра.
На пачатку лютага 1911 года прэса надрукавала фінансавую справаздачу электрастанцыі, з якой было відаць, што справа выпрацоўкі электраэнергіі вельмі выгадная [35].
Ужо 22 сакавіка 1911 года ў гарадской управе прайшоў тэндар на пастаўку і мантаж другога рухавіка сістэмы «дызель» з дынамамашынай. Удзельнічалі фірмы: нямецкая «Альгемайне ЭлетрыцытасГесельхафт», амерыканская «Вестінгаўз» і віленская «Віленскае будаўнічае бюро». Выйграла віленская фірма, якая за 43 180 рублёў прапанавала рухавік фірмы Нобеля (250 конскіх сіл) з дынамамашынай фірмы Сіменс [36].
У канцы чэрвеня зноў пачалася копка траншэй, «у найбліжэйшы час электрычныя кабелі будуць укладзены пад зямлю на галоўных вуліцах цэнтра горада» [37]. Работамі кіраваў дырэктар станцыі інжынер Тадэвуш Корзун: «Ад аўторка ўкладзена ўжо 8 000 метраў кабелю. Укладка ідзе камерцыйным спосабам, таму кошт укладкі - 5 капеек за метр замест 18 капеек за метр, якія прыйшлося б заплаціць, калі б укладкай займалася тэхнічнае бюро. Горад будзе выглядаць больш эстэтычна, калі не толькі сілавыя кабелі будуць схаваныя пад зямлю, але замест ліній на слупах пад зямлёй пракладуць і размеркавальныя сеткі» [38].
У ліпені 1911 года на новыя сілавыя кабельныя сеткі пададзена напружанне: «Праз некалькі дзён працы новых сетак тэхнічны персанал станцыі адзначыў меншыя страты электрычнай энергіі. Калі раней на станцыі трымалі 240 вольт, каб у спажыўцоў было 220 вольт, дык цяпер станцыя трымае напружанне 230 вольт» [39].
Пасля заканчэння прац па мадэрнізацыі гарадской станцыі яе агульная магутнасць дасягнула 950 конскіх сіл. Да станцыі былі падлучаны Віленскі вакзал, земскі шпіталь і тыя спажыўцы, якія паспелі скласці ўсе неабходныя дакументы.
Здаецца, гэта стала апошняй мадэрнізацыяй станцыі перад Першай сусветнай вайной.
Але ў канцы 1911 года магутнасць станцыі была зноў вычарпана. З улікам неабходнасці пашырэння трамвайных ліній планавалася пабудаваць другую электрастанцыю ў раёне Брэсцкага вакзала.
Выпрацаваная ў 1913 годзе на гарадской станцыі электраэнергія размяркоўвалася наступным чынам: 68,5 % - абанентам, 10,2 % - для асвятлення вуліц, 2,3 % - на патрэбы гарадскога кіравання, 18,7 % - страты [40].
Нягледзячы на практычна выбуховае развіццё электраэнергетыкі, у Мінску ўсё яшчэ выкарыстоўваўся пастаянны ток, зза чаго было немагчыма вырашыць шматлікія тэхнічныя праблемы і што прадвызначала тэхнічнае адставанне.
[1] Шибеко 3. В., Шибеко С. Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. Мінск, ?990. С. 130-132.
[2] Kuryer Litewski № 3, 3(?6) września 1905.
[3] Kuryer Litewski № 151 (252), 8(2?) lipca 1906.
[4] Kuryer Litewski № 41, 9 lutego (3 marca) 1908.
[5] Kuryer Litewski № 286, 21 grudnia (3 stycznia) 1907.
[6] Kuryer Litewski № 12, 15(28) stycznia 1908.
[7] Kuryer Litewski № 42, 20 lutego (4 marca) 1908.
[8] Kuryer Litewski № 48, 27 lutego (11 marca) 1908.
[9] Kuryer Litewski № 63, 16(29) marca 1908.
[10] Kuryer Litewski № 245, 24 października (6 listopada) 1908.
[11] Kuryer Litewski № 63, 16(29) marca 1908.
[12] Kuryer Litewski № 65, 19 marca (1 kwietnia) 1908.
[13] Kuryer Litewski № 104, 7(20) maja 1908.
[14] Kuryer Litewski № 157, 11(24) lipca 1908.
[15] Kuryer Litewski № 174, 31 lipca (13 sierpnia) 1908.
[16] Kuryer Litewski № 129, 7(20) czerwca 1908.
[17] Kuryer Litewski № 282, 7(20) grudnia 1908.
[18] Шибеко 3. В., Шибеко С. Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. Мінск, 1990. С. 132.
[19] Kuryer Litewski №20, 17(30) stycznia 1910.
[20] Kuryer Litewski №69, 27 (9 kwietnia) marca 1910.
[21] Kuryer Litewski №80, 9(22) kwietnia 1910.
[22] Kuryer Litewski №85, 15(28) kwietnia 1910.
[23] Kuryer Litewski №88, 21 kwietnia (4 maja) 1910.
[24] Kuryer Litewski №216, 24 września (7 października) 1910.
[25] Kuryer Litewski №220, 29 września (12 października) 1910.
[26] Kuryer Wileński № 25, 31 października (13 listopada) 1910.
[27] Kuryer Wileński № 30, 7(20) października 1910.
[28] Kuryer Wileński № 43, 23 listopada (6 grudnia) 1910.
[29] Kuryer Wileński № 72, 30 grudnia (12 stycznia) 1910.
[30] Kuryer Wileński № 2, 4(47) stycznia 1911.
[31] Kuryer Wileński № 10, 14(27) stycznia 1911.
[32] Kuryer Wileński № 20, 26 stycznia (8 lutego) 1911.
[33] Kuryer Wileński № 26, 2(15) lutego 1911.
[34] Kuryer Wileński № 29, 6(?9) lutego 1911.
[35] Кошт асноўных сродкаў электрастанцыі ў 1906 г. складаў 178 292 рублі, у 1909 г. - 194 540 рублёў (дадаўся кошт акумулятараў) а ў 1910 г. - 234 151 рубель (дадалася вартасць новага дызельнага рухавіка і новай дынама-машыны).
Чысты прыбытак:
1906 г. - 1 317,95 руб.
1907 г. - 3 824,48 руб.
1908 г. - 11 574,07 руб.
1909 г. - 24 240,14 руб.
1910 г. - 32 408,72 руб.
Гл: Kuryer Wileński № 49, 2(15) lutego 1911.
[36] Kuryer Wileński № 69, 27 marca (9 kwietnia) 1911.
[37] Kuryer Wileński № 18(138), 22 czerwca (5 lipca) 1911.
[38] Kuryer Wileński № 19(139), 23 czerwca (6 lipca) 1911.
[39] Kuryer Wileński № 32(152), 10(23) lipca 1911.
[40] Шибеко 3. В., Шибеко С. Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. Минск, 1990. С. 133.