Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў гасцях у князя "Пане Каханку"[1]
Старонкі гісторыі Нясвіжа
Чэслаў Янкоўскі
Ад перакладчыка: 25.10.1926 г. Нясвіж наведаў маршал Юзаф Пілсудскі з афіцыйнай мэтай ускласці крыж "Virtuti Militari" на саркафаг свайго былога ад'ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў у 1920 г. і быў пахаваны ў фамільнай крыпце Нясвіжскага касцёла. Пасля афіцыйнай цырымоніі Пілсудскі накіраваўся ў палац, дзе яго сустракаў Антоні Альбрыхт Радзівіл. На ўрачыстым прыёме маршал узняў тост у гонар дома Радзівілаў, каб ён "заставаўся такі сама вечны, як гэтыя старыя муры Нясвіжа". Аднак палітычнай мэтай прыезду Пілсудскага было жаданне атрымаць саюзнікаў супраць польскіх "эндэкаў" пасля арганізаванага Пілсудскім "майскага перавароту" (1926 г.) і ўхвалу планаў "санацыі". У сядзібу Радзівілаў спецыяльна для гэтага з'ехаліся прадстаўнікі "віленскіх кансерватараў" - галоўным чынам мясцовая арыстакратыя і заможныя абшарнікі з былых Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў Расійскай імперыі (у ліку каля 200 асоб). На сустрэчы прысутнічалі лідары "віленскіх кансерватараў" - князь Альбрыхт Радзівіл (1885-1935), князь Януш Радзівіл (1880-1967), князь Яўстах Сапега (1881-1963), граф Ян Тышкевіч (1896-1939), граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, граф Ежы Чапскі (1861-1930), граф Эмерык Чапскі (1897-1979), Аляксандр Хамінскі (1859-1937), Аляксандр Мяйштовіч (1864-1943), прадстаўнік віленскага архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ксёндз Валерыян Мяйштовіч, Людвік Хамінскі (1890-1953), Караль Незабытоўскі (1865-1952), Зыгмунт Даманскі і іншыя.
Юзаф Пілсудскі прабыў у Нясвіжы 12 гадзін і ўжо 26 кастрычніка быў у Варшаве. Станіслаў Мацкевіч, рэдактар газеты "Słowo", якая была афіцыйным выданнем "віленскіх кансерватараў", у сваёй газеце апалагетызаваў Юзафа Пілсудскага і параўноўваў яго з каралём Станіславам Панятоўскім. Першая старонка газеты была ўпрыгожана выявамі караля Станіслава Панятоўскага і Пілсудскага з датамі: "1785. - 15.IX." і "1926. - 25.X.". Ніжэй гэтых партрэтаў вялікага памеру былі надрукаваны партрэты меншых памераў князёў Альбрыхта і Караля Радзівіла "Пане Каханку". У гэтым нумары газеты надрукавана справаздача ўрачыста сцяў, выступы прысутных на сустрэчы і г. д. Цікавы гістарычны артыкул Чэслава Янкоўскага, пераклад якога друкуецца ніжэй, быў размешчаны на 2-й і 3-й старонках гэта нумара газеты.
Падзеі апісаныя ў дыярыўшы мелі наступную падаплёку.
Пры абранні новага караля Адам Казімір Чартарыскі падтрымаў кандыдатуру свайго стрыечнага брата Станіслава Панятоўскага, аказаў яму энергічнае садзейнічанне і сам адмовіўся ад дамаганняў на карону. Аднак на пераломе 1784/1785 г. адбылася непрыемная падзея ў жыцці Чартарыскіх - яны сталі ахвярай даносу, як быццам князь Адам Казімір узначаліў змову з мэтай забойства караля. Справа выклікала вялікі рэзананс у тагачаснай Варшаве, жыхары якой падзяліліся на прыхільнікаў князя Адама і яго ворагаў. Аднак суд, які скончыўся ў красавіку 1785 г., даказаў адсутнасць змовы.
Таму паездка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіж мела за мэту пошук падтрымкі сваёй ўлады сярод магнатаў і шляхты. З дыярыўшу бачна, што ў гэтым сэнсе паездка стала выніковай.
У адказ, улетку 1786 г. Адам Казімір Чартарыскі падарожнічаў па Валыні і Падоллі, як быццам з мэтай агледзець маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі, але сапраўднай мэтай было жаданне наладзіць кантакты з лідарамі антыкаралеўскага лагера: Станіславам Шчэнсным Патоцкім і Францішкам Ксаверыем Браніцкім. Абшарнікі з розных куткоў краіны пачалі прыязджаць у Пулавы на перамовы перад сесіямі сойма, які ўвайшоў у гісторыю як Чатырохгадовы сойм.
Верагодна, найбольш дакладнае і поўнае апісанне падарожжа караля Станіслава Аўгуста ў Нясвіж і гасцінаў манарха ў радзівілаўскім замку, захаваў для нас безыменны рукапіс, які знаходзіцца ў бібліятэцы Рычынскіх [2].
Аніводны тэкст уласнага пяра, як напрыклад, праца Крашэўскага "Кароль у Нясвіжы", не дадае да падзей, пра якія пойдзе гаворка, ні маляўнічасці ні дакладнасці ні сугестыўнасці, што так дзейнічае на ўяўленне чытача. Наадварот, захаванне стылю і выказванняў ананімнага ўдзельніка каралеўскага падарожжа, які несумненна пісаў свой дзённік па свежых уражаннях, перанясе нас у здавалася б далёкія часы, якія мы сёння можам сабе ўявіць толькі таму, што мы ведаем Нясвіж.
Сапраўды ёсць у гэтым, сёння вельмі ўскраінным горадзе, нешта такое, у чым канцэнтруюцца шляхі нашай гісторыі.
Нясвіж! Магічнае слова.
Нясвіж, гняздо роду Радзівілаў!
Устаньце на валы Нясвіжскага замка і азірніцеся. Нясвіж як само старадаўняе Вялікае Княства Літоўскае ляжыць вакол вас. Над ім, на магутнай столі неба, як зорка, ззяе Пагоня, а з замкавых валоў насустрач ёй граюць Трубы Радзівілаў (маецца на ўвазе герб Радзівілаў "Трубы" - Л. Л.).
* * *
Стаяў выключна дажджлівы і халодны верасень 1784 г.
Але вандроўка ў Нясвіж ужо была вырашана і абвешчана раней. Калі віленскі ваявода Караль князь Радзівіл сустракаўся з Найяснейшым Панам у Бельску, ён звярнуўся да манарха і запрасіў яго ў Нясвіж, а потым iterum iterumque (лац., "зноў і зноў", "шматкроць" - Л. Л.) запрашаў яшчэ. Ужо было вядома, што разам з каралём у Нясвіж павінен ехаць біскуп Нарушэвіч, падкаморы ВКЛ Храптовіч, генерал-маёр Камарэўскі, сакратар літоўскай пячаткі Белапятровіч і г. д., і г. д. Караля павінны была суправаджаць вялікая світа. Наперад выйшлі эскадроны народнай кавалерыі, яны мелі ахоўваць Найяснейшага Пана паміж Нясвіжам і Гародняй.
Кароль Панятоўскі рушыў да князя Радзівіла з Варшавы і 15 верасня шчасліва даехаў да Снова. Да Нясвіжа заставалася толькі вялікая міля, і манарх спыніўся на начлег ва ўтульнай і прасторнай сядзібе Рдултоўскіх.
Тут ужо сабралася значная колькасць паноў і пань каб вітаць караля: смаленская кашталянова, абозны ВКЛ Лопат з жонкай, кашталян Плятэр, шамбелян Мараўскі, Аскеркі, Бжастоўскія, Марыконі, Сулістроўскія. Сюды ж прыехаў і віленскі ваявода з братам, князем Геранімам, але яшчэ да абеду, толькі ўбачыўшы караля, яны хутка вярнуліся ў Нясвіж. Як толькі кароль спыніўся ў сядзібе Рдултоўскіх, адразу ў Нясвіжы зайгралі гарматы, выказваючы радасць з-за хуткага прыезду Міласцівага Пана. Стрэлы былі добра чутныя ў Снове. І гэты гук гармат, асабліва картаўн [3], падараваных каралём Сабескім, будзе суправаджаць доўгую працэсію карэт ад ганка Сноўскай сядзібы да брамы рэзідэнцыі Радзівілаў.
Паперадзе ехала адкрытае ландо-карэта ў якім сядзеў кароль Станіслаў Аўгуст, апрануты ў гусарскі мундзір народнай кавалерыі. Адусюль з'язджалася шляхта, каб сустрэць караля, і калі ён дабраўся да Малева троцкага кашталяна князя Юзафа Радзівіла, раней надзвычай вялікая калона шляхты яшчэ падвоілася. Таксама і натоўпы сялян вышыхтаваліся па абодва бакі дарогі і безупынна віталі караля віватамі.
Тут за Малевам два княжыя конюхі падаравалі каралю пародзістага бахмата [4] пад вялікім, багата вышытым чапраком, на выпадак, калі б кароль захацеў конна ўехаць у Нясвіж. Кароль адмовіўся, бо не быў гатовы ехаць верхам, але ласкава падзякаваў за ўвагу да сябе і далей працягваў шлях у адкрытым ландо.
За паўмілі да Нясвіжа, у полі стаяў эскадрон народнай гусарскай кавалерыі. Па просьбе генерал-лейтэнанта Мараўскага і польнага пісара Плятэра, Найяснейшы Пан загадаў спыніць карэту і палову гадзіны назіраў за манеўрамі кавалерыі. Калі рушылі далей, дык ужо да шасці тысяч людзей - пешых, конных і ў брычках, суправаджалі манарха да Нясвіжа.
"На апошнім пагорку перад Нясвіжам, з якога, як на далоні быў бачны ўвесь Нясвіж, - піша аўтар дыярыўша - мы ўбачылі ўшыкаваную ў золата конную харугву нясвіжскай ардынацыі, складзеную са шляхты, у аднастайных цёмна-сініх кунтушах з чорнымі адваротамі і ў жупанах саламянага колеру ("paille"), з доўгімі дзідамі кармазынавага і чорнага колеру, на грудзях кірасы, на галовах жалезныя шышакі. Наперадзе камандзір харугвы палкоўнік Янкоўскі з буздыганам у руцэ. Дасканалая старалітоўская гусарыя".
Ад гэтага ўзгорку да самога Нясвіжа - на працягу якой чвэрці мілі, па двух баках уздоўж дарогі багатымі шэрагамі стаялі княжацкія стральцы са сваімі, як да параду, коньмі ад нясвіжскага скарбу, а потым, па чарзе ваяводствы Віленскае і Менскае са сваімі паветамі. Найяснейшаму Пану перагарадзіў дарогу генерал артылерыі Сапега ў атачэнні шматлікіх афіцэраў, і праз імгненне паказаўся сам віленскі ваявода, які прыбыў, каб сустрэць манарха на мяжы свайго княства.
Ён сядзеў на дзіўна прыгожым турэцкім кані пад бясцэнным дыўдыкам [5]. Сам ён быў прыбраны ў мундзір свайго ваяводства (кунтуш - цёмна-сіні, жупан - амарантавы (ружова-чырвоны - Л. Л.)), на галаве меў сабаліную шапку з брыльянтавым аблямаваннем. Яго каня вялі два шталмайстры.
Каля карэты манарха князь "Пане Каханку" спыніўся і з каня сказаў вітальную прамову:
- З невымоўным задавальненнем, - казаў ён - вітаю вас, Найяснейшы кароль, у маім доме … і пакорліва падзяку складаю. - Ён нагадаў пра шматдзённую гасціну ў Нясвіжы караля Уладзіслава IV. - Няхай, самыя далёкія нашчадкі, увекавечаць, кароль, тваю славу. З любоўю жыхароў, маеш поўны давер народа, як і твой продак Стэфан.
Кароль Станіслаў Аўгуст слухаў прамову Радзівіла стоячы ў адкрытым ландо, і калі князь перастаў гаварыць, адказаў яму і іншым ў такой цішы, што ўсе навокал мелі магчымасць пачуць дасканалае красамоўства караля, якое разбудзіла чуллівыя сэрцы. У адказ загучалі прывітанні ад маршалкаў ваяводстваў і паветаў, кароль адказаў усім з уласцівым яму красамоўствам. Калі прамовы былі вычарпаны, князь-ваявода з сенатарамі і дыгнітарыямі рушыў перад карэтай караля. "Відовішча гэта, - пісаў аўтар дыярыўша - немагчыма намаляваць словамі, хіба толькі той, хто быў на элекцыі караля, можа сабе гэта ўявіць".
Гэтак ганарова даехалі да першай трыумфальнай брамы, пастаўленай у прадмесці Нясвіжа. Тут караля прамовай і падарункамі вітаў кагал на чале з рабінам. У самым цэнтры горада, ля гарадской брамы, стаяў магістрат горада. З прамовай выступіў войт нясвіжскай магдэбургіі, і кароль з ласкавай усмешкай дакрануўся да ключоў горада. Паехалі далей, але карэты з-за неапісальнай колькасці народу маглі рухацца толькі вельмі павольна. Паўсюль - у дзвярах, у вокнах, на комінах - галава да галавы. На рынкавай плошчы, каля ратушы - гарнізон: да тысячы нясвіжскіх грэнадзёраў пад камандай Радзішэўскага, генеральнага каменданта міліцыі Радзівілаў. Каля касцёла езуітаў бесперапынна давалі агонь драгуны.
Карэты спыніліся. У касцёл, пад стрэлы гармат, ігру труб і аргана на хорах, пры стрэлах ручной зброі, караля правёў біскуп Вадзінскі і пантыфікальных шатах. Калі кароль спыніўся перад кафедрай, пакрытай аксамітам, па яго баках сталі 30 вояў з ног да галавы ў жалезных латах (з замкавай збройні) і біскуп сказаў Te Deum. Выступіў пробашч касцёла, смаленскі кусташ кс. Кантэмбрунк (аўтар дыярыюша памылкова піша - Калембрунк).
Нягледзячы на тое, што моцна стаміўся, Станіслаў Аўгуст адказаў на гэтыя прамовы. "Не выказваючы празмерную стомленасць, - піша аўтар дзённіка, - першы ў народзе прамоўца, з заўсёды свежым, бадзёрым і поўным думак розумам, сказаў столькі прыгожых і сур'ёзных слоў у адказ на прамову пробашча і згадаў векапомную славу Радзівілаў, што здавалася ў гэтай святыні мы чуем нейкае боства".
Гэта быў апошні этап доўгага шляху. З касцёла паехалі проста ў замак. Пасля прэзентацыі каралю ключоў ад цытадэлі і брамы, уехалі на дзядзінец, і тады сціхлі гарматы, якія да гэтага моманту бесперапынна стралялі. Была другая гадзіна папаўдні. Кароль увайшоў у перапоўненую Гетманскую залу, прывітаў натоўп гасцей, якія яго чакалі і, нядоўга пабыўшы, пайшоў у прызначаныя яму пакоі, каб хоць крыху адпачыць.
Каралю падрыхтавалі дасканалыя, прыбраныя ў бясцэнныя габелены, апартаменты. Тут быў усталяваны трон Яна ІІІ, які Радзівілы атрымалі ў спадкі.
Пасля кароткага адпачынку "ў сябе", кароль зноў выйшаў у Гетманскую залу, дзе ўжо сабраліся дамы. Сярод самых элегантных дам, гонар свайго дома трымала смаленская ваяводзіна Юзэфава Тышкевічава [6]. Як і большасць іншых дам, яна знаходзілася ў сваяцтве з Радзівіламі. Тышкевічаву прадставіла каралю сястра гаспадара дома, пісарава ВКЛ Мараўская [7]. Сам кароль, можа, і па парадзе кагосьці з прысутных, звярнуў увагу на вялікі плафон, толькі што па-майстэрскі намаляваны да прыезду манарха прыдворным нясвіжскім мастаком Эсткам [8]. Складаная карціна выклікала захапленне і абмеркаванне, бо ўсімі быў заўважаны знак Задыяку бягучага месяца, у якім кароль наведаў Нясвіж [9].
Падалі на стол. Пры "першым" стале разам са світай Найяснейшага Пана, сядзелі асобы з фаміліі Радзівілаў. Рэшта сталоў была расстаўлена па розных залах і пакоях, бо не было магчымасці паставіць іх у адзін пакой. Пры тостах за здароўе манарха гучалі гарматныя салюты на замкавых валах. Кароль узняў келіх за здароўе гаспадара дома і яго брата падкаморыя.
Пасля абеду пачаўся канцэрт замкавага аркестра. Кароль піў каву і забаўляўся размовай, потым сышоў у свае апартаменты, каб прадыктаваць адказы на карэспандэнцыю, якая ўжо дайшла з Варшавы. Ён вярнуўся ў салон а 6-й гадзіне, каб адкрыць баль у першай пары з ваяводзінай Тышкевічавай, але і з іншымі дамамі кароль таксама неаднаразова танчыў. Каля 10-й, калі па знаку была запаленая ілюмінацыя, манарх сеў у каляску са смаленскай ваяводзінай, літоўскай пісаравай і генералам Камарэўскім і аб'ехаў увесь горад, потым паназіраў яго з-за ставаў - пэўна, з-пад Слуцкай брамы. Гэта было па-сапраўднаму чароўнае відовішча.
Быў асвечаны ўвесь Нясвіж. Казалі, што запалілі каля паўмільёна лямп. Першы дзень знаходжання караля ў Нясвіжы скончыўся ў плынях святла далёка за поўнач. Такой ілюмінацыі ў Нясвіжы не было ні раней, ні потым.
***
На наступны дзень, у пятніцу 17 верасня, безыменны сведка побыту караля Станіслава Аўгуста пад дахам Радзівіла, пісаў, што Міласцівы Пан пасля ўчарашніх клопатаў спаў вельмі добрым сном да 8-й гадзіны, а ў 10-й гадзіне паклікаў да сябе шамбеляна Мараўскага і разам з ім пайшоў у скарбец князёў Радзівілаў.
Скарбец! Вось гэта быў скарбец!
Манарх, непараўнальны знаўца ювелірных вырабаў, твораў мастацтва і гістарычных помнікаў, на працягу трох гадзін вывучаў скарбец, і можна сцвярджаць, што раней ён не бачыў усіх гэтых карцін, парцаляны, каштоўных камянёў і інсыгніяў радзівілаўскага дома, наданняў і папер манархаў, кубкаў і сервізаў, зброі і даспехаў, ажно да аўтэнтычнай егіпецкай муміі. Недахоп часу не дазволіў манарху ўсё дасканала даследаваць (па словах ЯВ пана дэ Вёбе, які адказваў за скарбец. Кароль Станіслаў Аўгуст прэзентаваў у скарбец янычарку (янычарскае ружжо. - Л. Л.), некалі вырабленую для князя Мікалая Сіроткі з выгравіраваным на ёй сваім уласным імем. Найяснейшы Пан добра разумеў, што яму не трэба тут нічога вельмі моцна хваліць, бо па загадзе добрага гаспадара, Вёбе старанна занатоўваў усё, што было найбольш даспадобы каралю, каб потым, па старым звычаі, падараваць яму гэта.
Пасля наведвання скарбца адбылася прагулка па валах і агляд фартыфікацыі замка, які, як вядома, акружаны ставамі і недаступнымі багнамі. Пасля вяртання ў свае апартаменты, кароль даў аўдыенцыю, якая працягвалася амаль што да абеду, які зноў быў пададзены на некалькі сталоў, бо ў Нясвіж прыбывала ўсе больш асоб. Пасля абеду ўсе сабраліся на канцэрт спевакоў і віртуозаў розных інструментаў, а праз пару гадзін, пасля адпачынку караля, у замкавым тэатры была дадзена опера, як у музычным гэтак і ў тэатральным планах складзеная князем Мацеем Радзівілам [10]. У спектаклі браў удзел і балет.
"Да акцёраў гэтага спектакля - піша хранікёр - не толькі паставіліся добра, але і ацанілі іх належным чынам, усе яны былі мясцовыя людзі, у большасці ўзятыя з гміны". Асабліва падабаліся танцавальныя эвалюцыі. Відовішча закончыў апафеоз - над бюстам караля запалілася магутнае сонца, мудрагеліста складзенае з крыштальных плітак, адлітых ва Урэччы, пры гэтым уся балетная трупа ўвянчала Дастойнага Госця гірляндамі і пры гэтым "паліла парфуму".
Спектакль працягваўся да самай поўначы. Глядзельная зала тэатра, якая магла змясціць да тысячы чалавек, была перапоўненая. Кароль раз за разам падаваў сігналы для апладысментаў і не шкадаваў сваіх знакаў поўнага задавальнення.
Наступны суботні дзень пачаўся з наведвання слыннага нясвіжскага архіва, дзе, як вядома, згодна з прывілеям яшчэ Жыгімонта Аўгуста, захоўваліся самыя важныя акты датычныя уніі Польшчы і Літвы. Прагледзеўшы бясцэнныя рукапісы і друкі, Найяснейшы Пан наведаў смаленскую ваяводзіну і князя ваяводу, які ў сваёй такарнай майстэрні (бо гэтаму рамяству ён аддаваўся з вялікім запалам) ахвяраваў каралю табакерку ўласнай работы са слановай косці, выкладзеную знутры золатам.
Пасля вельмі добрага абеду з канцэртам пры чорнай каве, перад змярканнем, адбылося паляванне на ваўкоў за прадмесцем якое мае назву Новае Месца. Усё адбылося вельмі добра, бо Найяснейшы Пан уласнаручна забіў да 20-ці ваўкоў. Таксама меліся наўпрост да альтанкі з каралём выпусціць мядзведзя, але ніякая чалавечая сіла не магла выпхнуць звера з гушчару, дзе, аднак, па загадзе караля, яго ўпартасць каштавала яму жыцця. Увечары ўся Альба [11] была асветленая штучнымі агнямі і ілюмінацыяй, кароль назіраў за гэтым з палаца ў Альбе. Было на што паглядзець! Запалілі да 800 000 лямп, для чаго спатрэбілася некалькі тысяч чалавек. Кароль быў у захапленні ад такога прыгожага эпізоду прыёму і аб'ехаў багата ілюмінаваныя каналы і алеі Альбы, пасля чаго пайшоў у альтанку, дзе сабралася шмат людзей і дазволіў усім танчыць. Потым, з чыстым сэрцам, узняў тост і выпіў увесь келіх шампанскага віна:
- Шоб ліха нэ знаў дом Радзівілаў! [12]
Наступіла нядзеля. Пасля імшы ў замкавай капліцы, кароль паўторна паехаў у Альбу, каб бліжэй агледзець пабудаваныя там для сяброў і сваякоў Радзівілаў з густам аформленыя "хаткі" з садком пры кожнай "хатцы" і нават з дзікім паркам. Тут ён зрабіў візіт генералавай Фэргінавай, якая жыла ў Альбе, і князю Мацею. У гэтай рэспубліцы Альба, князь-ваявода быў "войтам", усе з'яўляліся грамадзянамі, а караля віталі хлебам з соллю, як быццам у нейкай незалежнай дзяржаве.
Пасля абеду і канцэрту Станіслаў Аўгуст наведаў пахаванні Радзівілаў у падзямеллі па-езуіцкага касцёла і накіраваўся ў кляштар Бенедыктынак. А ўвечары, на самым вялікім ставе, пры моцнай ілюмінацыі, была разыграная марская бітва - нібыта атака на фартэцу (зробленую з дрэва і размаляваных палотнішчаў), якую князь-ваявода назваў Гібралтарам.
На раніцы панядзелка, кароль ездзіў у адведзіны ў Завушша, рэзідэнцыю Макрэцкіх - паўтары мілі ад Нясвіжа - відочна разам з вялікай колькасцю дастойнікаў і шляхты. На абед вярнуліся ў Нясвіж. За абедзенным сталом князь-ваявода ўрачыста абвясціў, што для памнажэння агульнага вяселля і з-за рацыі побыту Найяснейшага Пана пад нясвіжскім дахам, дае поўную амністыю трыццаці арыштантам, сярод іх і нават крымінальнікам, якія адбываюць кару ў замкавай вязніцы. Пасля абеду за кляштаром св. Крыжа распачалося паляванне на мядзведзяў, якіх у колькасці 20-ці вывезлі ў клетках і выпусцілі каля альтанкі караля і іншых гасцей. Зразумела, што кароль стаяў у альтанцы не адзін, а з вялікай кампаніяй. Найяснейшы Пан страляў мядзведзяў, як бекасаў - але не бракавала і драматычнага эпізоду. Стараста Шыдлоўскі ўдарыў параненага мядзведзя дзідай, і яго ледзь не забіла раз'юшаная жывёла - быў павалены і загінуў бы, калі б яму на дапамогу не падбег стражнік Юдыцкі. Толькі тады, яны разам перамаглі мядзведзя на вачах у караля, біліся з ім ледзь не грудзі ў грудзі.
Пасля палявання наступіў гучны баль з вячэрай, які працягваўся да позняй ночы.
Нягледзячы на гэта, на наступны дзень кароль з 7 раніцы пачаў аўдыенцыі, а каля 9-й выехаў у звярынец Альбы каб паляваць на дзікоў і ласёў. Некаторыя дамы ўзялі ўдзел у ловах конна. "Найяснейшы Пан, - занатоўвае аўтар дзённіка - не пажадаў забіць болей, чым 9 ласёў і 7 дзікоў".
Пасля адпраўкі каралём пошты ў Варшаву і абеду - новая забава: серэнада на замкавым дзядзінцы княжацкіх пікінёраў і конных леснікоў на рагах і валторнах, а потым назіранне з вокнаў за барацьбой лася з двума мядзведзямі ў адмыслова для гэтага пабудаваным звярынцы. Калі бойка пайшла горш … для мядзведзяў, кароль з акна стрэліў з мушкета і забіў абодвух, а пераможцу дараваў жыццё. Потым наступіла прэзентацыя коней - іх у Нясвіжы было не мала. На стайні працавала 15 канюшых, надворная міліцыя мела да тысячы коней, толькі для цугаў трымалі 24 кучараў … і колькі падканюшых, шталмайстраў, фарэйтараў, фурманаў, пагоншчыкаў мулаў [13]!
Апошні дзень каралеўскай гасціны завяршыўся балетам у замкавым тэатры, але спектакль працягваўся параўнальна не доўга. Манарх разам са сваім дваром рыхтаваўся да заўтрашняга вяртання.
Перад ад'ездам кароль Станіслаў Аўгуст шчодра сыпаў падарункамі. Князь-ваявода і яго брат атрымалі багатыя табакеркі з партрэтам Яго Каралеўскай Мосьці, абсыпаныя дыяментамі, пані Мараўская атрымала гадзіннік, таксама абсыпаны дыяментамі, і цэлы шэраг асоб атрымаў, хто пярсцёнак, хто бранзалет, ці нешта іншае, каштоўнае.
І пад гарматныя стрэлы, акружаны незлічоным дваром, кароль Станіслаў Аўгуст выехаў з Нясвіжа ў Мір, дзе ў старажытным замку быў пышна праняты літоўскім харунжым Солтанам і яго жонкай, пасля чаго рушыў у Шчорсы падканцлера Храптовіча і далей у Гародню.
***
Так, сапраўды па-каралеўску прымаў, вітаў і частаваў апошняга манарха ў сваім Нясвіжскім замку віленскі ваявода Караль князь Радзівіл "Пане Каханку".
[1] Cz. J. Stanisław August Poniatowski w gościnie u księcia "Panie Kochanku". Karta z dziejów Nieświeża // Słowo. 1926. № 251. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[2] Бібліятэка Рачынскіх - гарадская публічная бібліятэка, заснаваная ў 1829 г. у Познані. У 1821 г. граф Эдвард Рачынскі набыў у прускіх уладаў зямельны ўчастак на Вільгельмпляц (цяпер плошча Свабоды) пад бібліятэку, якая была пабудаваная ў 1822-1828 гг. - Л. Л.
[3] У дадзеным выпадку - асадных гармат вялікага калібру. - Л. Л.
[4] Нізкарослы, татарскі, стэпавы конь. - Л. Л.
[5] У дадзеным выпадку - ядвабная капа на кані. - Л. Л.
[6] Ганна з Пацеяў, другая жонка перадапошняга смаленскага ваяводы ў 1775-1790 гг. Юзафа Скуміна-Тышкевіча (1716-1790), маці апошняга з галіны Скумінаў-Тышкевічаў, польнага гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча, уладальніка маёнтка Гародна на Лідчыне (атрымаў яго ад сваёй стрыечнай бабулі Саламеі Радзівіл), які быў жанаты з пляменніцай караля Станіслава Аўгуста. - Л. Л.
[7] Ігнацы Фелікс Мараўскі гербу Дамброва (1744-1790) - генерал-маёр войска ВКЛ у 1768 г., генерал-лейтэнант у 1783 г., маршалак галоўнага суда ВКЛ у 1783-1784 гг., літоўскі вялікі пісар у 1783-1787 гг. Удзельнік Радамскай канфедэрацыі. Быў сынам нурскага скарбніка Міхала і Кацярыны з Міравіцкіх, кліентаў нясвіжскага роду Радзівілаў. Ігнацы стаў афіцэрам прыдворнай міліцыі Радзівілаў. У 1764 г. у якасці харунжага (афіцэра-кадэта) гусарскага войска князя Караля Радзівіла "Пане Каханку" ваяваў супраць расійскага ўмяшання ў польскія выбары, удзельнічаў у бітве пад Слонімам. Неўзабаве пасля гэтай бітвы стаў мужам сястры князя Тэафіі Канстанцыі Радзівілаўны, таксама ўдзельніцы бітвы, што было гучным мезальянсам, але адкрыла яму шлях да вышэйшых пасадаў. Пахаваны ў Нясвіжы, быў бацькам генерала Караля Мараўскага. - Л. Л.
[8] Пра мастака Эстку шмат піша Юзаф Крашэўскі ў аповесці "Кароль у Нясвіжы". - Л. Л.
[9] Маецца на ўвазе знак Панны, па іншых звестках - Шаляў - адзін са знакаў Задыяку. - Л. Л.
[10] Мацей Радзівіл (1749-1800), дзяржаўны дзеяч, кампазітар, драматург. Нарадзіўся ў сям'і Леана Міхала Радзівіла і атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. З канца 1770-х гг.зблізіўся з віленскім ваяводам Каралем Радзівілам "Пане Каханку". Вялікі падкаморы літоўскі ў 1786-1790 гг., кашталян віленскі з 1790 г., пасол на сойм 1780 г. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794 г., уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Дараваў асабістую волю сваім сялянам, якія прымалі ўдзел у паўстанні. Апошнія гады жыцця правёў у сваім маёнтку Паланечка (на Наваградчыне), які ў гэты час стаў знаным культурным асяродкам у краі. - Л. Л.
[11] Альба - палацава-паркавы комплекс на паўдзённым ускрайку Нясвіжа. - Л. Л.
[12] Кароль прамаўляе тост па-беларуску, часткова з паляшуцкім акцэнтам: "Szob licha ne znau dom Radziwillou!", што не дзіва, бо кароль нарадзіўся ў Воўчыне (сучасны Камянецкі р-н Берасцейскай вобласці) і ведаў менавіта такую беларускую мову. Для мяне цікавым з'яўляецца сам факт нармальнасці ўжывання беларускай мовы сярод вяршкоў тагачаснай арыстакратыі. - Л. Л.
[13] Муламі ў некаторых нашых мясцінах называлі валоў. - Л. Л.