Папярэдняя старонка: Краязнаўства

Бераг майго роду 


Аўтар: Шаблюк Валеры,
Дадана: 23-11-2017,
Крыніца: Шаблюк Валеры. Бераг майго роду // Спадчына 1997. №5. С. 148-166.



СЛОВА ПРА СЯБРА

Згадваю аўдыторыі гістарычнага факультэта БДУ, дзе мы з ім адкрывалі мацярык беларускай мінуўшчыны, чытаючы на лекцыях прафесара Абэцэдарскага "Каласы пад сярпом тваім " Уладзіміра Караткевіча...

Згадваю нашы вандраваньні па Беларусі - Нясвіж i Наваградак, Браслаўскія азёры i Гарынь у ваколіцах Давыд-Гарадка, дзе ў наш памаранчавы намёт вырашыў заявіцца з неафіцыйным візітам прадстаўнік тамтэйшага мядзвежага корпуса...

Згадваю спрэчкі з літоўскімі калегамі ў піўніцах Старое Вільні...

Кліо любіць такіх, як Валеры Шаблюк, - удумлівых i грунтоўных, самавітых i іранічных рамантыкаў i крыху эпікурэйцаў.

Валеры паспеў абараніць дысертацыю i выдаць дзве кнігі: "Сельскія паселішчы Верхняга Панямоння XIV-XVIII стст." i "Двор у Туганавічах прысвечаную радавому гнязду Міцкевічавай каханай Марылі Верашчакі.

На думку археолагаў з Інстытута гісторыі Акадэміі навук, адпрацаваўшы методыку даследавання сельскіх паселішчаў, Валеры адкрыў цэлую сялянскую цывілізацыю. Ягоныя працы сведчылі пра агульнасцъ матэрыяльнай культуры беларускіх земляў перыяду позняга Сярэднявечча i Новага часу.

1 траўня 1997 г. Валерыя, аднаго з кіраўнікоў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, можна было ўбачыць у калоне, што ішла па праспекце Скарыпы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Праз некалькі гадзін трагічны выпадак абарваў яго жыщё.

Смерць выбірае лепшых. А можа, сапраўды, Бог стварае па нябёсах тую Беларусь, якую мы няздольпыя збудавацъ тут, па зямлі.

Але Божая іскра, якой быў надзелены Валеры, не згасла. Яна доўжыць свае існаванне ў ягоных дзецях, у ягоных захопленых гісторыяй вучнях i студэнтах, у ягоных кнігах, у тым ліку i у гэтай, няскончанай, фрагмент якой прапаную чытачам "Спадчыны", узгадаўшы наш з Валерам заплыў на Лошы i пляшку шампанскага, адкаркаваную i выпітую проста ў рачной плыні, у тым месцы, дзе яна ужо атрымлівае поўнае права звацца нёманскаю.

Калі небудзь нашы душы зноў сустрэнуцца там.

Уладзімір АРЛОЎ.

Валеры ШАБЛЮК. БЕРАГ МАЙГО РОДУ

У кожнага з нас ёсць свой родны бераг - зямля продкаў, крыніца, з якой пачыналася гісторыя твайго роду. Для мяне такой мясцінай з'яўляецца Пясочнае - старадаўняе мястэчка ля вытокаў Немана. Гэты куток нашай Бацькаўшчыны я палюбіў з маленства i цягнуўся да яго ўсё жыццё. Вось i цяпер на памяць з тых ужо далёкіх часоў прыходзяць ціхія зорныя ночы ля рыбацкага вогнішча на Нёмане, духмяныя стажкі прырэчных лугоў, маляўнічыя руіны наднёманскага маёнтка. I, вядома, людзі - незвычайнай шчырасці i дабрыні, гатовыя падзяліцця апошнім нават з незнаемым чалавекам. Такімі былі мой дзед Іван Іванавіч i бабуля Валянціна Рыгораўна, карэнныя пясачанцы. Іхняя хата ў буздзе была заўсёды запоўнена госцьмі - блізкімі i далёкімі сваякамі, суседзямі, вядомымі пісьменнікамі ці школьнікамі. Мне дагэтуль сніцца ўтульны зялёны дворык на вуліцы Школьнай. Дзед быў настаўнікам беларускай мовы i літаратуры, скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, чытаў на памяць творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Чарота, сябраваў з многімі беларускімі літаратарамі. Менавіта ён прышчапіў мне першую любоў да сваёй роднай зямлі i мовы. Чалавек звычайна маўклівы i разважлівы, ён мог як ніхто адным трапным словам вызначыць сутнасць чалавека. Кожную вольную часіну Іван Іванавіч прысвячаў кнігам. Ураджэнец Пясочнага, паэт Анатоль Астрэйка, які даводзіўся дзеду сваяком, у сваёй аўтабіяграфіі пісаў: "Прыехаў ў родныя мясціны i мой дзядзька Іван Іванавіч Шаблюк. Ён некалі скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю i недзе працаваў на Палессі. Прыехаў ён у Пясочнае ажно на трох падводах:, хоць сям'я складалася з жонкі i дваіх дзяцей - сына Уладзіміра (мой бацька.- В.Ш.) i дачкі Ларысы. Землякі абступілі Івана, а радня была вельмі рада, што ix сваяк прывёз аж цэлых тры падводы ўсялякага дабра. Як жа яны былі расчараваны, калі гэтае дабро аказалася не анучамі, а кнігамі...". З кнігамі дзед не развітаўся да апошніх гадзін свайго жыцця.

Бабуля Валя, колькі я яе памятаю, заўсёды была ў руху. То яна мітусілася ля печкі, то працавала на агародзе, а па вечарах спяшалася ў местачковы клуб на спевы. А якія стравы яна магла прыгатаваць! Была сярод ix i свая "фірменная" мачанка, якую i дарослыя i дзеці чакалі з асаблівым нецярпеннем. Апошні раз я бачыў бабулю за некалькі дзён да яе смерці. Знясіленая ад пакутлівай хваробы, без крьівінкі на твары, яна ўжо ведала, што хутка памрэ, але вочы бабулі свяціліся ўсмешкай.

На невялікім пагорку на ўскраіне Узды, над бярозкай, ляжаць мае дарагія дзед Іван i бабуля Валя. Ix светлай памяці, а таксама памяці ўсіх маіх продкаў прысвячаецца гэтая кніга.

I.

Для мяне вельмі сімвалічнае тое, што гісторыя майго рода, прынамсі гісторыя напісаная, пачынаецца там, дзе бярэ пачатак наша славутая рака. Дарэчы, пытанне пра месца вытокаў Немана, як мне здаецца, да сённяшняга дня нельга лічыць вырашаным. Афіцыйнай з'яўляецца зафіксаваная ў розных энцыклапедыях i даведніках думка, нібыта вытокі Немана знаходзяцца каля вёскі Верх-Нёман Уздзенскага раёна Мінскай вобласці, адкуль пачынаецца невялікая рэчка Неманец. Назва Неманец i сапраўды з'яўляецца памяншальнай у адносінах да Нёмана i калі б апошні быў непасрэдным працягам Неманца, то ўсё было б зразумелым. Але рэч у тым, што калі мы паглядзім на карту, то ўбачым, што Неманец упадае ў Лошу, а Лоша - прыток Бусы. З месца зліцця Лошы i Вусы рака атрымлівае назву Нёман. Такім чынам, Неманец не можа разглядацца як пачатак Немана. З геаграфічнага пункту гледжання было б больш правільным за верхняе цячэнне Немана лічыць Вусу. Адзначым, што такой думкі яшчэ ў другой палове XIX ст. прытрымліваліся аўтары артыкула пра Нёман у "Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага i іншых славянскіх краін" (т. 7, с. 82).

Але для мяне, як i для ўсіх пясачанцаў, Нёман пачынаецца з Пясочнага.

Вытокі нашай вялікай ракі ўжо ў старажытнасці прыцягвалі ўвагу гісторыкаў. На сярэднявечных картах можна ўбачыць, што Нёман, ці Хронан, як яго называлі на лацінскі манер, пачынаецца з вялікага возера непадалёку ад Слуцка. А весь вядомы гісторык Мацей Стрыйкоўскі ў 70-я гг. XVI ст. спецыяльна прыязджаў у Пясочнае, каб на свае вочы паглядзець на гэтае месца: "Пабачыў вытокі Нёмана, які пачынаецца за пяць міль ад Капыля, непадалёку мястэчка Пяскі, князёў Слуцкіх, на гэтым месцы я быў".

Адносна паходжання назвы ракі існуе некалькі гіпотэз. Некаторыя з навукоўцаў выводзяць назву Нёман з балцкіх. Іншыя - з фінскіх моваў. Ёсць меркаванні i пра змешаныя, балта-славянскія карані гэтага слова.

Ваколіцы Пясочнага былі заселеныя людзьмі ў далёкім мінулым, яшчэ ў эпоху каменнага веку. Уздоўж берагоў Нёмана здаўна знаходзілі крамянёвыя прылады працы старажытных людзей. Напрыклад, у 1866 г. каля засценка Навасады быў знойдзены цэлы скарб такіх рэчаў (сякеры, секачы i г. д.). Людзей у гэтыя мясціны прываблівала, перш за ўсё, рака, якая паіла, карміла i доўгі час з'яўлялася адзіным шляхам зносін сярод неабсяжных, глухіх лясоў. На працягу I тысячагоддзя н. э. землі ў басейне Нёмана былі заселеныя плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі, якія адносіліся да балтаў. У канцы ж гэтага тысячагоддзя ў вярхоўі Нёмана з усходу i паўднёвага ўсходу прыходзяць першыя групы ўсходнеславянскага (дрыгавіцкага) насельніцтва. Пэўны час Нёман i яго прытокі был i натуральнай мяжой паміж балтамі i славянам!. 3 той далёкай пары балція i славянскія назвы ў ваколіцах Пясочнага цесна пераплятаюцца. Да славянскіх адносяцца такія тапонімы, як

Тур'я, Дубаўка, Церахава, Рэпішчы, Быстрыца, да балцкіх - Лоша, Вуса, Лоцьвіны, Аношкі.

Пясочнае належыць да ліку тых нешматлікіх паселішчаў, дакладны час узнікнення якіх нам вядомы. XVI ст. у Беларусі было адзначана рэзкім уздымам усіх галін гаспадаркі i ростам насельніцтва. Засяляліся ўсё новыя тэрыторыі, павялічваліся плошчы ворных земляў, будаваліся гарады i вёскі. Прыродныя багацці Беларусі i працавітасць людзей адкрывалі вялікія магчымасці для ўнутранага i знешняга гандлю. У гэты час усё большую ўвагу землеўладальнікаў прыцягваюць сплаўныя рэкі, найперш тыя, якія злучаліся з Балтыйскім морам i Заходняй Еўропай. Уздоўж берагоў Немана ўзнікаюць шматлікія мястэчкі - паселішчы земляробаў, рамеснікаў i гандляроў. Мястэчкі рабіліся цэнтрамі мясцовых сельскагаспадарчых рынкаў i звязвалі ў адзіны гаспадарчы механізм двары феадалаў, вёскі, гандлёвыя шляхі.

У XVI ст. мясцовасць, дзе пачынаўся Нёман, уваходзіла ў склад Слуцкага княства Алелькавічаў. Князь Юрый Алелькавіч (1531-1578) вырашыў скарыстацца зручным геаграфічным становішчам гэтай зямлі i заснаваць тут мястэчка. У адказ на яго просьбу 12 лютага 1568 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст выдаў прывілей, у якім было запісана: "Мает князь Слуцкий на том грунте имения своего Копыльского на врочищу Песочной, над рекою Немном лежачом, местечко людьми своими и прихожими вольными засадити и в нем торг мети каждое недели в тот день, в который его милость похочет. В том местечку вольно будет ему корчмы вольныя, со вшеляким шинком и речми строевными допустити подданым своим держати также купецтв, гандлев с товары их уживати, которым вольности и вшеляких пожитков князь слуцкий его милость, малжонка, дети, потомки и по них будучие шчадки их с оного местечка своего за сим листом Нашим вживати мают вечно, по тому, яко иные князи Панове того Паньства нашего Великого Панства Литовского таковых вольностей з ласки нашое Господарское уживают..." Менавіта з гэтай даты i пачынаецца біяграфія Пясочнага. На пясчаных пагорках левага берага Нёмана з'явіліся першыя жыхары мястэчка. Ну а назву яму "падказала" сама мясцовасць. Дзеля таго каб ператварыць гэтыя пяскі ва ўрадлівую зямлю i жыць з яе пладоў, спатрэбілася нястомная праца некалькіх пакаленняў пясачанцаў.

Пасля заснавання Юрыем Алелькавічам мястэчка пачынаюцца канфлікты паміж ім i ваяводам віцебскім панам Станіславам Пацам, які валодаў суседнімі маёнткамі ў Магільнай i Сямёнавічах. Прычына гэтых канфліктаў зразумелая - узнікненне прыстані i рамесніцка-гандлёвага паселішча на самым пачатку Нёмана стварыла Пацам канкурэнцыю i тым самым змяншала даходы. Да гэтага часу адзіным мястэчкам у вытоках ракі было Магільнае. Тут адбываліся таргі i кірмашы, на яісія з'язджаліся жыхары верхнянёмнскіх вёсак. Тут дзейнічала першая на рацэ прыстань, i таму Пацы мелі значны прыбытак. Стварэнне другога мястэчка з прыстанню непазбежна прыцягвала да сябе частку людзей i тавараў. Паміж Пацамі i Алелькавічамі ў 70-80-я гг. XVI ст. адбываюцца судовыя справы. У 1578 г. паводле пастановы Менскага земскага суда Пац быў абавязаны заплаціць Алелькавічам 2 тыс. 874 капы [1] 22 грошы за "побитие и поранение подцаных его милости Княжати Слуцкага мещан песочинских и за побрание маетности их". Урэшце, Пацы былі вымушаныя змірыцца з новым становішчам.

У 1612 г. памірае дачка Юрыя, княгіня Соф'я - апошняя з Алелькавічаў, i ўсё Слуцкае княства разам з Пясочным пераходзіць да яе мужа, падчашага літоўскага Януша Радзівіла. Прыблізна ў тэты самы час Радзівілы набываюць у Пацаў Магільнае i амаль увесь басейн верхняга Нёмана ўваходзіць у склад ix уладанняў (ужо да канца XVI ст. да Радзівілаў рознымі шляхамі перайшлі двары Мікалаеўшчына, Свержань, Дзераўная, Мір). Януш Радзівіл добра разумеў эканамічныя выгоды ад валодання такой важнай тэрыторыяй i карыстаўся з гэтага. Яшчэ ў 1602 г. ён прадаў славутаму ваяводу, гетману Яну Хадкевічу за 60 тыс. коп грошай літоўскіх чатыры моргі [2] зямлі (каля трох гектараў.- В.Ш.) у Пясочным на пабудову прыстані віцін [3] спіхлераў [4] i вартаўніковай хаты.

Размяшчэнне на такой важнай гандлёвай артэрыі, як Неман, безумоўна, садзейнічала эканамічнаму развіццю Пясочнага. Праходзіў праз мястэчка i старадаўні сухаземны ішіях па маршруце: Берасце - Пружаны - Ружаны - Жыровіцы - Палонка - Крошын - Нясвіж - Рымашы - Пясочнае - Сямёнавічы Пяцеўшчына - Лошыца - Менск i далей на ўсход.

А цяпер прасочым шлях забудовы тагачаснага мястэчка. Адразу ж адзначым, што недахопу ў будаўнічых матэрыялах тут не назіралася. З усіх бакоў да Пясочнага падступалі неабсяжныя лясы ("Пясачанская пушча"), гліну здабывалі ва ўрочышчы Глінішча, якое знаходзілася побач з мястэчкам з боку Немана, ну а пяском i камянямі прырода адарыла гэтую мясціну з лішкам. Спачатку на самым беразе ракі, як i меркавалася, адзодзіцца месца пад рум. Тут складвалі будаўнічы лес, стаялі будынкі пад іншыя тавары, што вывозіліся ўніз па рацэ.

Быў рум калісьці ля ракі,

I ўдзень, i ўночы плытагоны

Сасны стрыжнёвай камлюкі

Ля берага вязалі ў згоны.

(А.Астрэйка, 1939 г.)

На гэтай самай тэрыторыі ставяцца хата i гаспадарчыя пабудовы чалавека, які адказваў за парадак на руме ("румаўнічы"). Ён жа, звычайна, выконваў ролю перавозчыка праз Нёман, паколькі побач з румам была зручная пераправа.

Забудова самога мястэчка пачыналася з рынкавага пляцу (у раёне сучасных Дома культуры i сярэдняй школы). Ён меў форму прастакутніка i з усіх чатырох бакоў ("кватэр") даволі шчыльна забудоўваўся хатамі местачкоўцаў. Ад рынку, перпендыкулярна i паралельна да яго, разбіваліся вуліцы, падзеленыя на пляцы жыхароў.

Першае гаспадарчае апісанне (інвентар) Пясочнага датуецца 20 снежня 1638 г., калі мястэчка ўжо было часткай Капыльскага княства Радзівілаў. Да гэтага часу тут паспелі змяніцца два пакаленні жыхароў. Мястэчка мела ўстойлівую планіровачную структуру, але працэс далейшай забудовы працягваўся дастаткова інтэнсіўна. На рынку размяшчаліся 36 хат. Большасць сядзібных пляцаў мела аднолькавыя памеры - па чатыры пруты [5] (каля 95 кв. м).

На чацвёртай частцы рынку (бліжэйшай да Немана) стаяла карчма ("дом тасцінны"), падворак якой ахопліваў плошчу 9,5 прутаў (прыблізна 225 кв.м). Першы кантракт на арэнду пясачанскай карчмы датуецца 1593 г. Згодна яму, княгіня Соф'я здавала карчму на два гады нясвіжскаму гэбраю Пейсаху Эльяшэвічу за 20 коп літоўскіх грошай у год з магчымым працягам такой арэнды. Цяпер на месцы колішняй карчмы - пустка, а на паверхні зямлі да сённяшняга дня трапляюцца чарапкі посуду ды кавалкі пячной кафлі з выяваю арла (герб Радзівілаў). На рынкавым пляцы стаялі праваслаўная Пакроўская царква з могілкамі, папоўскі дом i княжыя спіхлеры.

Местачковы млын месціўся на спецыяльна выкапаным канале ca ставам ("капаніца"), які быў праведзены да Пясочнага ад ракі Лошы. Нават пры сучаснай тэхніцы гэтая справа ўяўляецца няпростай.

У тагачасным мястэчку налічвалася сем вуліц: Красная, Старыцкая, Слуцкая, Піліпавая, Малышкоўская, Лагвіноўская i Мастовая. Для забудовы прызначалася i Глінская вуліца, якая прымыкала да трэцяга квартала рынку, але ўсе адведзеныя тут для жылля 16 пляцаў былі незабудаваныя. Большасць назваў вуліц была звязаная з паселішчамі ці асобнымі тапаграфічнымі аб'ектамі мясцовасці. Вуліца Малышкоўская вяла ў напрамку да Немана, на правым беразе якога амаль насупраць Пясочнага цягам першай паловы XVII ст. будаваўся фальварак Малышкоўшчына (пазней Над-Нёман). Яшчэ дзве назвы вуліц мястэчка былі звязаныя з вёскай i дваром Старыца i горадам Слуцкам (адпаведна Старыцкая i Слуцкая). Невялічкая вуліца Мастовая (на ёй было ўсяго два будынкі -"шпіталь" i "дом для ўбогіх") спускалася да ракі, дзе быў ужо наладжаны мост. Вуліца Красная ішла з рынкавага пляцу ў бок Краснага поля. Нарэшце назвы дзвюх астатніх вуліц (Лагвіноўская i Піліпавая) становяцца зразумелымі, калі мы пазнаёмімся з прозвішчамі іхніх жыхароў у 1638 г. У той хаце, з якой пачыналася Лагвіноўская вуліца, жыў Якім Лагвіновіч, а ў канцавой хаце Піліпавай вуліцы - Піліпава ўдава.

Плошчы сядзібных вулічных пляцаў вагаліся ад 4 да 12 прутаў (адпаведна, 95 i 285 кв.м). Плата за кожны прут сядзібнай плошчы складала адзін грош для тых местачкоўцаў, чые двары знаходзіліся на рынку, а з вулічных пляцаў плацілі трохі менш. Усяго ў Пясочным у 1638 г. налічвалася 160 двароў. З інвентару таксама вынікае, што працэс забудовы мястэчка быў у стадыі інтэнсіўнага развіцця. У розных частках мястэчка знаходзіліся 132 "пустыя", гэта значыць прызначаныя для жылля, але яшчэ не заселеныя пляцы. У межах мястэчка існавалі агароды, гуменныя i ворныя ўчасткі ("моргі польныя"). Апрача таго, вялікая колькасць ворнай зямлі i сенажацяў была замацаваная за местачкоўцамі ва ўрочышчах у наваколлі Пясочнага: на Рэпішчах, у Церахаве, на Ізбішчы, над рэчкамі Дўбаўкй, Быстрыца, Вуса, Тур'я i іншых месцах. Агульная колькасць ворнай зямліў мястэчку складалася з 44 валок [6] (каля 940 га) i звыш 330 гуменных i польных моргаў (прыблізна 234 га). Больш за 618 моргаў (каля 440 га) займалі сенажаці. Такім чынам, галоўным заняткам жыхароў Пясочнага здаўна была сельская гаспадарка. Ёю былі занятыя практычна ўсе местачкоўцы. Але жылі тут i рамеснікі: млынар Адам Яновіч, Іван Чабатар, Грышка Бондар, Марцін Каваль, Іван Рашэтнік, Багдан Кажамяка, Піліпеня Дойлід, Сяргей Рыбак, Гаўрыла Стырнік [7]. Быў сярод ix i мой далёкі продак Марцін Каваль, у якога тады было яшчэ адно прозвішча - Шабельнік. Так у сярэднявеччы называлі майстроў па вырабу халоднай зброі. Паступова, на працягу ХVII ст., гэтае "прафесійнае" прозвішча ператварылася спачатку ў Шаблюковіча, а потым i ў Шаблюка. Менавіта з Марціна Шабельніка (Каваля) i пачынаецца мой радавод.

З якіх жа мясцін з'явіліся ў Пясочным яго першыя жыхары, сярод якіх былі i мае продкі? Паколькі мястэчка заснавалі князі Слуцкія, то зразумела, што асноўная частка насельніцтва была пераселеная сюды з іншых паселішчаў Слуцкага княства. Пасля таго як уладальнікамі Пясочнага сталі Радзівілы, яны маглі запрашаць у мястэчка людзей са сваіх шматлікіх маёнткаў. З дакументаў вядома, што ў новыя мястэчкі ix гаспадары актыўна агітавалі перасяляцца i людзей з земляў іншых феадалаў. Недахопу ў такіх "добраахвотніках" не было, паколькі жыхары заснаваных мястэчак на пэўны час вызваляліся ад павіннасцяў, ды i надалей мелі больш эканамічных ды юрыдычных правоў, чым сяляне.

А цяпер паспрабуем прасачыць некаторыя радзінныя гнёзды першых жыхароў Пясочнага. Продкі Марціна i яго брата Здана Шабельнікаў, мяркуючы па прозвішчы, якое першапачаткова азначала род заняткаў чалавека, маглі жыць у адным з тых гарадоў ці мястэчак Алелькавічаў i Радзівілаў, дзе існаваў замак. Майстры-збройнікі жылі побач з замкамі i забяспечвалі ix сваімі вырабамі. Бліжэйшымі да Пясочнага паселішчамі-замкамі былі Капыль, Слуцк i Койданава. У апісаннях гэтых гарадоў другой паловы XVI - першай чвэрці XVII ст. неаднаразова згадваюцца шабельнікі. Такім чынам, мае продкі, найхутчэй, былі пераселеныя ў Пясочнае з аднаго з пералічаных вышэй гарадоў. На новым месцы патрэбаў у ix "ваенным" рамястве не было, i таму Здан ужо ў 1638 г. займаўся земляробствам, ну а Марцін выбраў сабе больш знаёмую прафесію, звязаную з апрацоўкаю металу.

Вельмі часта сярод тагачасных жыхароў Пясочнага сустракаюцца прозвішчы з канчаткам на "еня", якія ўласцівыя для Цэнтральнай Беларусі (Случчына, Капыльшчына) - Казленя, Трахіменя, Піліпеня, Якіменя i інш. Відавочна, што гэтыя людзі з'явіліся ў Пясочнае з суседніх вёсак i мястэчак. Таксама як i Янка Pымaшaўлянiн [8] Радзівон Осавец [9]. А вось i больш далёкія перасяленцы - Грышка Цырын [10], Сава Віцебскі, Фёдар Маскалевіч. Сярод першых жыхароў мястэчка былі таксама сем'і Нікановічаў, Бушыловічаў (Бушылаў), Пішчыкаў, Стасевічаў, Ламакаў, Мікулаў, Сянькевічаў. Некаторыя з гэтых прозвішчаў можна i сёння сустрэць у жыхароў Пясочнага. Каля чатырох стагоддзяў не перарываецца ланцужок пакаленняў гэтых родаў.

Мяркуючы па імёнах i прозвішчах, большасць местачкоўцаў была праваслаўнымі беларусамі. Побач з імі жылі Стэфан Ляхоўскі i Яська Жарскі, якія, напэўна, мелі польскія карані i належалі да каталікоў. Каталіцкія імёны сустракаюцца i сярод першых Шабельнікаў-Шаблюкоў (Mapцін, Крыштаф, Валенці). Магчыма, мой род спачатку прытрымліваўся каталіцкай веры. Адзначым, што ў тых гарадах, адкуль у Пясочнае маглі перасяліцца мае продкі (Слуцк, Капыль, Койданава), існавалі каталіцкія абшчыны i касцёлы. Асабліва шмат каталікоў у XVI-XVII стст. жыло у Койданаве, дзе касцёл узнік намнога раней за царкву. Зрэдку сярод жыхароў тагачаснага Пясочнага сустракаюцца прозвішчы балцкага паходжання (Піркуць, Кірман, Капліс, Клімант). Ліцвінскія карані мелі Павел i Грышка Ліцвіны. Ян Ясінскі, верагодна, меў сваімі продкамі татараў. А вось Фёдар Пустапішка, найверагодней, быў выхадцам з украінскіх земляў. Шматнацыянальную палітру першых насельнікаў мястэчка дапаўняў гэбрай Еська - арандатар, які трымаў карчму.

Паводле свайго сацыяльнага статусу практычна ўсе жыхары з'яўляліся мяшчанамі. Грышка Агінскі, хоць i насіў прозвішча славутага княскага роду, але быў напэўна колішнім падданым гэтых князёў. Ян Ясінскі i Мікалай Пішчык былі дробнымі шляхціцамі (зямянамі). Яны валодалі большай колькасцю сядзібных пляцаў i зямельных надзелаў у параўнанні з іншымі местачкоўцамі. Напрыклад, Ян Ясінскі ў розных частках мястэчка меў пяць пляцаў пад забудову, дзьве валокі зямлі i яшчэ некалькі ворных i сенажатных дзялянак. Да ліку заможных жыхароў трэба аднесці i войта (местачковы стараста) Грышку Шаха, для якога было адведзена шэсць сядзібных пляцаў i больш валокі ворнай зямлі, сенажацяў i польных моргаў.

У першых апісаннях мястэчка, на жаль, няма звестак пра жьшлё i гаспадарчыя пабудовы жыхароў. Аднак, улічваючы інвентары іншых уладанняў, можна зазначыць, што забудова Пясочнага не магла істотна розніцца ад астатніх мястэчак сярэднявечнай Беларусі. Апрача хаты на падворку звычайна знаходзіліся свіран (клець), хлеў, павець пад дровы. У некаторых дварах размяшчаліся лазні i вінакурні, пра што сведчыць патрабаванне ў інвентары 1642 г. да войта Пясочнага перанесці гэтыя будынкі за межы мястэчка з-за пагрозы пажараў.

А цяпер пазнаёмімся з тымі павіннасцямі, якія выконвалі ў першай палове XVII ст. жыхары Пясочнага на карысць Радзівілаў. За валоданне "дымам" (дваром), ворнай зямлёй, агародамі, сенажацямі местачкоўцы плацілі землеўладальніку вызначаную грашовую плату ("чынш"). Напрыклад, з кожнае валокі плацілі па 62 грошы, а таксама пастаўлялі ў двор салянку [11] аўса, дзве курыцы i воз імху з пушчы. Вольнымі ад уплаты былі зямянскія валокі, царкоўныя i войтавыя. Усе выплаты павінны былі адбыцца за два тыдні да дня святога Марціна.

Наступным тэрмінам разліку з феадалам быў прызначаны дзень святога Марціна, а той небарака, каму гэтага не ўдавалася зрабіць ізноў, адпраўляўся ў вязніцу. Жыхары, якія не мелі валок, былі абавязаныя прывозіць з пясачанскай пушчы па капе драніц альбо заплаціць 15 грошай. Местачкоўцы павінны былі таксама рамантаваць грэблі, масты, даваць падводы на патрэбу двара, хадзіць у пушчу на звярыныя ловы, працаваць на прыстані, пастаўляць па неабходнасці матросаў i лоцманаў на віціны.

ІІ.

Мірнае жыццё мястэчка, а гэта быў першы перыяд яго гісторыі, працягвалася да сярэдзіны XVII ст. У гэты час полымя вайны паміж Рэччу Паспалітай i Масковіяй перакінулася i на Пясочнае.

Само мястэчка i навакольныя вёскі былі моцна разбураныя маскоўскімі войскамі, а некаторыя паселішчы, як напрыклад вёска Аношкі, зусім знішчаныя. Карціна страшэннага спусташэння Пясочнага паўстае перад намі з інвентару 1665 г. У мястэчку засталіся цэлымі толькі 43 двары. Пагарэлі i сядзібы майго продка Арцёма Шаблюка, сына Марціна, якія месціліся на рынку, Малышкоўскай i Лагвіноўскай вуліцах. Гэтыя дзве вуліцы, як i Мастовая, былі практычна цалкам знішчаныя i з таго часу аж да XIX ст. не забудоўваліся. Сляды спусташэння мястэчка назіраліся i пазней. Чэх Бернгард Танар, які праязджаў праз Пясочнае ў 1678 г., адзначаў, што места гэтае зусім разбуранае i бязлюднае. Тым не менш, людзі паступова вярталіся на папялішчы, будавалі новыя хаты, аднаўлялі палеткі. Жыццё працягвалася. У 1693 г. колькасць двароў у мястэчку павялічылася да 73.

У другой палове XVII ст. у Пясочным з'явіліся i некаторыя новыя сем'і: Лапічы, Казаковічы. Быў сярод гэтых "навасёлаў" i мой далёкі продак па бабулі Валянціне Яўхім Бендзь (Бендзя). Адкуль перасялілася ў Пясочнае радзіна Бендзяў, сказаць цяжка. Прозвішча гэтае мае польскія карані. Паколькі Пясочнае з'яўлялася ўладаннем Радзівілаў, то, найхутчэй, Бендзі таксама былі ix падданымі i жылі раней на тэрыторыі аднаго са шматлікіх княжых маёнткаў. З другога боку, i жыхароў Пясочнага Радзівілы таксама маглі перасяляць у іншыя мясцовасці. Напрыклад, сем'і Бендзяў у 1786 г. жылі ў невялікай вёсцы Балевічы, што ўваходзіла ў склад Дзераўнянскага маёнтка Радзівілаў. У XVIII ст. адна з сем'яў Бендзяў жыла i ў вёсцы Маласкоўшчына (цяпер Над-Нёман), побач з аднайменным фальваркам.

У XVIII ст. у мястэчку працягвалі шчыльна забудоўвацца старыя вуліцы: Слуцкая, Красная, Старыцкая, Піліпаўская (у гэты час яна ўсё часцей называецца Грывеньскай ці Грывецкай). Памеры двароў местачкоўцаў былі практычна такія ж, як у час заснавання паселішча. Плошча большасці сядзібных пляцаў складала 4-7 прутоў (прыкладна 95-165 кв.м), а самы вялікі двор займаў плошчу 3000 кв.м. Пасля разбурэнняў у сярэдзіне ХУІІст. на Капыльскай вуліцы да XIX ст. ужо не адводзілі пляцы над двары, а размяшчалі ворныя надзелы. Агароды, гуменныя i ворныя ўчасткі сустракаліся i на іншых вуліцах мястэчка.

У XVIII ст. узнікае новая вуліца (Крайняя) i завулак (Вузкі), якія знаходзіліся з усходняга боку мястэчка. Аднак i на ix жылая забудова яшчэ адсутнічала. Местачковыя сядзібы тут сфармуюцца ўжо ў наступным стагодцзі.

Шырыня местачковых вуліц вагалася ад 5 м (Крайняя), да 12 м (Красная, Капыльская). Паводле інвентару 1701 г. у Пясочным былі 83 двары, у 1734 - 88, у 1744 - 97, у 1768 - 104, 1781 - 119 двароў i 436 жыхароў (232 мужчыны i 204 жанчыны). Такім чынам, мястэчка павольна развівалася, i ўсё ж у XVIII ст. насельніцтва ў Пясочным было менш, чым у першай палове XVII ст. Пясочнае падзяліла лёс тых беларускіх гарадоў i мястэчак, найвышэйшы росквіт якіх адбыўся да вайны 1654-1667 гг.

На працягу XVIII ст. адбыліся пэўныя змены ў забудове мястэчка. Недзе напачатку стагоддзя на пясчаным пагорку непадалёку ад рума будуецца невялічкая драўляная капліца святога Дзімітрыя (на плошчы каля 16 кв.м). Згодна з мясцовым паданнем, гэтая капліца была больш старажытнай, чым Пакроўская царква, што, аднак, не пацвярджаецца пісьмовымі крыніцамі. У другой палове XVIII ст. пры папоўскім доме, што стаяў побач з царквой, дзейнічала школа ("дом бакаларскі"). На рынкавым пляцы з боку Краснай вуліцы ў пяць радоў стаялі местачковыя спіхлеры (там, дзе ў 1638 г. месціліся княжыя). У 1734 г. ix было 76, а ў 1744 г.- 81, i гэта значыць, што практычна кожная сям'я мела свой спіхлер.

У інвентары 1744 г. ёсць кароткае апісанне забудовы аднаго з местачковых двароў, якім валодаў Паўлюк Бендзь - перавозчык праз Нёман. Ён жыў на беразе ракі, побач з румам. Сядзіба Паўлюка складалася з ужо досыць старых хаты ("халупа"), дзвюх стадол [12] i варыўні [13].

У дакуменце 1781 г. ёсць даволі падрабязнае апісанне пясачанскай карчмы. Гэта была вялікая карчма з заездам. Заезд з дзвюма брамамі для ўезду i выезду павозак размяшчаўся ў цэнтры карчмы. Уздоўж сцен тут былі зробленыя яслі для коней. Тут жа размяшчаліся i экіпажы ("абозы"). Будынак карчмы быў ужо даволі стары, з брусаванага дрэва, пакрыты зверху драніцамі. Па абодвух баках ад заезду знаходзіліся амаль аднолькавыя памяшканні, частка з якіх прызначалася для гасцей, а астатнія - для сям'і гаспадара. На адным баку карчмы была "ізба" з чатырма вокнамі "белага" i "простата акруглага шкла", двума сталамі, зэдлам, дзвюма вуглавымі лавамі, крыжовай печчу з зялёных кафляў i цаглянай хлебнай печчу з комінам. Акрамя ізбы ў гэтай частцы будынка знаходзіліся невялікі бакавы пакой з акном "зялёнага" шкла, каморка ("бакоўка") з маленькім вакенцам i спіжарня [14]. З боку рынку да гэтай часткі карчмы была прыбудаваная яшчз адна каморка. На другі бок ад заезду месцілася аналагічная першай "ізба", а таксама "бакоўка" i камора з дзвярыма, якія выходзілі на рынак. Да карчомнага двара адносіліся таксама два невялікія свіраны, варыўня, чатыры хлявы, саладоўня, бровар i гумно. Гумно i хлявы былі пакрытыя саломай, а бровар, свіран, варыўня i саладоўня - драніцамі.

Над ставам, на капаніцы, як i раней, круціў сваё адзінае кола стары млын. Ён быў збудаваны са склюдаванага дрэва, а дах накрыты драніцамі. Унутры млына знаходзіліся: "скрыня нікчэмная", "кош подлы", але "камні добрыя", Вялікі латок i іншыя млынарскія прыстасаванні.

Рамяство млынара ў Пясочным было спадчынным. Прынамсі, млынар Лявон Мікула ў 1781 г. меў дакумент, згодна з якім яго продак "кананіцу расканаў i ваду з Лошы ў яе ўпусціў".

Рум у другой налове XVIII ст. быў у занядбанні. Будынак над Нёманам, дзе існавала прыстань, паводле дакументаў, "на нічога ўжо не здатны". Чатыры спіхлеры пад тавары стаялі пустыя, без дахаў i варот.

У XVIII ст. гаспадарка мястэчка мела, як i ў папярэдняе стагоддзе, сельскагаспадарчы, пераважна земляробчы характар. У інвентары 1701 г. з рамеснікаў згадваюцца толькі цесля для будаўніцтва віцін, румаўнічы, млынар, два бортнікі i асочнік [15].

У апісаннях 30-40-х гг. XVIII ст. сустракаем таксама такія рамесныя спецыяльнасці, як слесар, каваль, ляснічы, стражнік. У 1744 г. у невялічкай хаце каля царквы жыў мастак Даніла Саковіч. На гэтым пералік местачковых рамеснікаў можна, бадай што, i закончыць. Практычна кожная сям'я ў Пясочным (у тым ліку i рамеснікі) мела зямельныя надзелы, агароды, сенажаці, якія i з'яўляліся для ix асноўнай крыніцаю існавання. Як i сто гадоў таму, зямельныя i сенажатныя дзялянкі местачкоўцаў размяшчаліся цераспалосна ў розных урочышчах вакол Пясочнага. Колькасць валок у мястэчку ў першай палове XVIII ст. заставалася ранейшай - 44, а пад канец стагоддзя зменшылася да 42. Пры гэтым гаспадарьі валодалі надзеламі ад 1/8 да 1/2 валокі, але большасць мела надзелы памерамі ў 1/3 i 1/4 валокі.

З інвентароў другой паловы стагоддзя можна даведацца пра колькасць цяглавай жывёлы ў жыхароў мястэчка. У 1768 г. на 104 двары прыпадала ўсяго толькі 52 кані i 7 валоў. А вось у 1781 г. забяспечанасць насельніцтва рэзка павялічваецца: 118 валоў i 64 кані на 119 двароў. Валы выкарыстоўваліся пры ворыве, а коні, у асноўным, як гужавы транспарт. Частка местачкоўцаў займалася i пчалярствам. У 1781 г. у Пясочным быў 41 вулей з пчоламі.

У XVIII ст. назіраюцца пэўныя змены ў складзе насельніцтва мястэчка. Некаторыя роды ў выніку войнаў, эпідэмій ці перасялення ў іншыя месцы знікаюць з Пясочнага. Мы ўжо не сустракаем такіх прозвішчаў, як Ясінскі, Казленя, Шах, Шэпель, Якіменя, Піліпеня, Бокун i іншыя. Разам з тым, у канцы XVII - першай палове XVIII стст. сюды перасяляюцца новыя сем'і: Цярэшкі, Клюйкі, Чайкоўскія, Бараны, Белазаровічы, Умрэйкі, Астрэйкі. У большасці гэта былі выхадцы з недалёкіх ад мястэчка вёсак i засценкаў Капыльскага княства. Родным "гняздом" Астрэйкаў, напрыклад, быў засценак, а пазней веска з аднайменнаю назвай, прыкладна за 9 км на паўднёвы ўсход ад Пясочнага. Зазначым, што прозвішчы з канчаткам на "эйка" (Астрэйка, Умрэйка i г.д.), на думку лінгвістаў, маюць балцкія карані. Гэта разам з мясцовымі тапонімамі таксама пацвярджае той факт, што ваколіцы Пясочнага ў старжытнасці былі заселеныя балцкімі плямёнамі.

У 1744 г. войтам у мястэчку быў мой продак па бабулі Мірон Бендзь. Гэта быў заможны гаспадар, у якога ў мястэчку меліся тры пляцы над забудову, некалькі зямельных надзелаў i агародаў, два спіхлеры на рынку, тры чвэрці валокі ворыва, два валы, два кані, вулей з пчоламі. Модную гаспадарку трымаў i яго сын Ілюк (Ілья), які ў 1768 г. быў адзіным з местачкоўцаў, хто меў двух валоў i каня, а ў 1774 г., як i яго бацька, служыў войтам. Напэўна, з тых часоў i склалася местачковая прыказка ў адносінах да жанчын гэтай сям'і: "Бяндзёўна - ня ўсім роўна", якая не забылася яшчэ i ў XX ст. А вось Шаблюкі былі не такімі багатымі гаспадарамі. У сярэдзіне XVIII ст. Грышка Шаблюк, як i яго продкі, жыў на трэцім квартале рынкавага пляцу, трымаў аднаго вала, каня i тры вуллі з пчоламі.

Якія ж павіннасці выконвалі жыхары Пясочнага ў другой палове XVII - XVIII стст.? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў інвентарах мястэчка гэтага часу.

На дзень святога Міхаіла пясачанцы былі абавязаныя плаціць з кожнага забудаванага i незабудаванага прута па два грошы, з агароднага i гуменнага прута па адным грошы, з польнага морга - па 15 грошаў, сенажатнага - 10, а з валокі - па пяць злотых. Апрача таго, у двор яны былі павінныя даставіць адзін карэц [16] слуцкай меры аўса i адну курыцу, плаціць па злотаму валовага з валокі, аддаваць кожны трэці сноп з палеткаў, хадзіць на начную варту, выдаваць штомесячна стацыі [17] на слуцкі гарнізон, дастаўляць па паўкапы драніц, выцягваць i зацягваць у рэчку віціны, выходзіць на сенакосы ("гвалты"), масціць масты, насыпаць грэблі, чысціць Нёман i капаніцу.

У першай палове XVII ст. непадалёку ад Пясочнага пачынае фармавацца панскі двор (фальварак), які называўся Малышкоўшчына (Маласкоўшчына), а пазней - Над-Нёман. Адзначым, што для большасці іншых мястэчак перадумовай ix узнікнення з'яўлялася існаванне двароў феадалаў. Як бачым, у Пясочным адбывалася адваротная з'ява: спачатку ўзнікла мястэчка, а потым будуецца панскі двор. Двор i мястэчка былі ў той час адзіным i непарыўным гаспадарчым механізмам. Таму ix гісторыю трэба разглядаць разам.

Двор узнік на невысокай тэрасе правага берага Нёмана, крыху ніжэй Пясочнага. На сённяшні дзень тут захаваліся руіны палаца i вежы, аранжарэі, стайняў, уязная брама i рэшткі некаторых іншых гаспадарчых будынкаў другой паловы XIX - пачатку XX ст. Велічная прыгажосць гэтай мясціны адразу вабіць да сябе кожнага, хто наведае. яе. Дух старасветчыны яшчэ не пакінуў колішні фальварак.

А цяпер з дапамогаю пісьмовых крыніц перанясемся ў XVIII ст. i ўбачым, якім быў двор у той час. Увесь фальварак вакол агароджаны высокім плотам. Пры ўездзе размяшчаецца брама. У цэнтры падвор'я стаяў драўляны сядзібны дом на шэсць вакон. Побач знаходзіліся агарод, сад i гаспадарчыя будынкі: свіраны, бровар, варыўня, стайня, а трохі далей - хлявы, адрына, гумно. Паводдаль, на выгане, пры дарозе на Пясочнае, стаяла невялічкая карчма. Да фальварку з боку Пясочнага прымыкала маленькая, на пяць двароў, вёска Маласкоўшчына (Над-Нёман).

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай

Пясочнае апынулася ў складзе Расейскай імперыі. Гэты год, можна сказаць, i завяршыў другі этап у развіцці мястэчка. У 1795 г. новыя ўлады правялі перапіс яго насельніцтва (г. зв. "рэвізская сказка"). Паводле гэтага дакумента, у Пясочным было 114 хрысціянскіх двароў з 472 жыхарамі, гэта значыць, у сярэднім прыкладна па чатыры чалавекі на адну сям'ю. Яшчэ адзін двор (карчму) трымаў, як i раней, гэбрай-арандатар.

Надыходзіла новае, трэцяе ў гісторыі Пясочнага стагоддзе...

Публікацыя Наталлі ШАБЛЮК.



[1] Адзінка вымярэння, роўная 60.

[2] Морг - 0,71 га.

[3] Рачныя судны.

[4] Гаспадарчы будынак для захоўвання збожжа i іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.

[5] Прут - 23,7 кв.м.

[6] Валока - 21,36 га.

[7] Стырнік - рулявы, лоцман на віцінах.

[8] Рымашы - засценак, а пазней веска ў Капыльскім раёне.

[9] Восава - веска ў Капыльскім раёне.

[10] Цырын - мястэчка ў колішнім Наваградскім павеце.

[11] Салянка - шостая частка бочкі літоўскай, прыблізна 68 л.

[12] Адна з назваў гумна.

[13] Невялікі гаспадарчы будынак з печкай-каменкай для захоўвання сельскагаспадарчых прадуктаў.

[14] Пакой, дзе захоўваліся харчовыя запасы (мука, крупы, вяндліна і г.д.).

[15] Асочнікі ахоўвалі панскія лясы i ўдзельнічалі ў паляванні.

[16] Мера сыпкіх рэчываў, роўная прыблізна 102 л.

[17] Падатак на ўтрыманне.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX