Папярэдняя старонка: Мемуары

З запісак Г. Дабрыніна 


Аўтар: Дабрынін Г.,
Дадана: 16-07-2011,
Крыніца: Спадчына № 2 - 1993. С. 78-81.



ЯК СПРАБАВАЛІ «ЎЗЬЯДНАЦЬ» СЯЛЯН-УНІЯТАЎ
з запісак Г. Дабрыніна

Прадмова і пераклад Уладзіміра СОСНЫ


У канцы XVIII ст. рэлігійнае пытаньне займала важнае месца ў зьнешняй і ўнутранай палітыцы. расейскага царызму. «Абарона» Кацярьінай II рэлігійных інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва была выгоднаю зачэпкай для ўмяшаньня ў справьі Рэчы Паспалітай і далучэньня да Расейскай імпэрыі беларускіх і ўкраінскіх земляў.

У адказ на другі падзел Рэчы Паспалітай шляхецкія патрыятычныя арганізацыі паднялі ў 1794 г. паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. Лёс гэтага паўстаньня залежаў ад пазыцьіі шырокіх народных масаў, найперш сялянства, да якога паўстанцы зьвярталіся. У гэтых умовах Кацярына II лічыла праваслаўнае яднаньне афіцыйных уладаў і сялянаў найважнейшым чыньнікам палітычнае стабільнасьці ў рэгіёне ды ізаляцыі паўстанцаў-каталікоў. 19 красавіка 1794 г. яна пісала генэрал-губарнатару менскаму, ізяслаўскаму і брацлаўскаму Ц. I. Туталміну: «Чорны народ, які жыве ў абводах нашых, а больш за ўсё нам аднаверны, палякаў паноў сваіх ненавідзіць, што самой справай даказана многімі дасюль здарэньнямі; а таму няцяжка будзе мець той [народ] у сваю карысьць, падахвочваючы заступніцтвам ад аднаверных яму» (Матераалы для чсторіш Подольской губерніш. Б. м. 1885, с. 158).

У рамках гэтага «заступніцтва» ўрад палічыў патрэбным прыслухацца да просьбаў зь некалькіх вёсак Кіеўшчыны, нядаўна павернутых да ўніі, аб вяртаньні ў праваслаўе. Кацярына II прызнала такое імкненьне ўсеагульным і 22 красавіка 1794 г. аддала ўказ аб зьняцьці абмежаваньняў да пераварочваньня ўніятаў у праваслаўе.

Украінскае і беларускае сялянства раптоўна стала аб'ектам масавага націску афіцыйных уладаў. Губэранская адміністрацыя, паліцыя былі сьпешна кінутыя на дапамогу праваслаўнаму духавенству. Але зь іншага боку на сялянаў узьдзейнічалі мясцовыя памешчыкі, якія праз залежных ад іх уніяцкіх сьвятароў у шэрагу мясьцінаў арганізавалі супраціў уладам. Пазыцыя духоўных пастыраў шмат значьіла для сялянаў, якія ў масе сваёй ня ведалі паходжаньня ўніяцкай царквы, але, апынуўшьіся ў эпіцэнтры барацьбы дзьвюх сацыяльна чужых ім палітычных сілаў, імкнуліся захаваць рэлігійна-абрадавыя традыцыі продкаў.

Колькасна вынікі «ўзьяднаньня» выглядалі вельмі ўнушальна - у праваслаўе перайшло каля паўтара мільёна ўніятаў. Аднак афіцыйнае праваслаўе тады яшчэ не змагло давесьці пачатую справу да канца, тым больш што імпэт ураду да яе астыў пасьля падаўленьня паўстаньня Касьцюшкі. Многія з «узьяднаных» вярнуліся да ўніі.

Цікавыя згадкі пра гэтыя падзеі пакінуў непасрэдньі іх удзельнік і выканаўца чыноўнік Гаўрыіл Іванавіч Дабрынін, чалавек прагрэсіўных на той час паглядаў, сьведчаньням якога няма падставаў не давяраць. Гаўрыіл Дабрынін нарадзіўся ў 1752 г. на Браншчыне ў сям'і праваслаўнага сьвятара. Гэта, відаць, прадвызначыла ягоныя першыя крокі ў духоўнай кар'ерьі, якую ён перапыняе ў 1777 г., калі прыяжджае ў Магілеў і паступае на грамадзянскую службу. 3 1787 г. пачаў пісаць успаміны, якія друкаваліся ў канцы 60-х - пачатку 70-х гг. XIX ст. часткова ў часопісах і цалкам асобнай кнігай, выдадзенай двойчы. Памёр Гаўрыіл Дабрынін у 1824 г. Прапануем увазе чытачоў пераклад вытрымак з апошняга выданьня яго мэмуараў «Истинное повествование, или Жизнь Гавриила Добрынина, им самим писанная в Могилеве и в Витебске. 1752-1823» (СПб., 1872).


... Пасьля другога далучэньня ад Польшчы краю, падзелены ён на губэрні: Менскую, Ізяслаўскую, Брацлаўскую... Многія там уніяты пажадалі, ці заахвочаны, ці прымушаны павярнуцца да царквы грэка-расійскай. З гэтае прычыны адбыўся імянны ўказ гаспадарыні імпэратрыцы, каб і ў нашых беларускіх губэрнях далучыць жадаючых уніятаў да грэка-расійскай царквы, а калі б хто з памешчыкаў стаў чыніць перашкоды, таго маёнтак браць у сэквэстар. Тады быў у Магілеве губарнатарам п. Чарамісінаў, чалавек маўклівы да бязмоўнасьці, упарты да бясконцасьці. А біскупам быў Афанасій Валь- хоўскі, які па натуры такі быў нешчасьлівы, што знаёмае яму Эвангельле ня мог чытаць без памылак і частых працяглых прыпынкаў. Да яго таксама было прадпісаньне ад сыноду, каб яны агульнымі сіламі ды згодаю выправілі ў розныя паветы розных чыноўнікаў, у ліку якіх і мне дастаўся Сеньненскі павет, дзеля далучэньня ўніятаў да царквы грэка-расійскай. Усім нам павешчана ад губарнатара зьявіцца ў саборную архірэйскую царкву; дзе, пасьля літургіі, сказана нам было з прапаведніцкага месца пратапопам Міхаілам Багуслаўскім павучаньне - дзеля няўменьня архірэйскага - у такім сэнсе: што мы прадвызначаныя, выбраныя, пакліканыя ў годнасьць апостальскую, і каб мы былі мудрыя - як зьмяя, і нявінныя - як галубы. Амін.

(...)

Выпраўляючыся ў горад Сянно і ведаючы з імяннога імпэратарскага ўказу, што загадана спытаць: «ці не жадаюць?» і што жадаючых забаронена ўтрымліваць ад іхных жаданьняў, стараўся я не адступаць ад дакладнага сэнсу гэтага прадпісаньня.

Прыехаўшы ў Сянно, узяў я з сабою земскага спраўніка і з духоўнага грэка-расійскага боку дэпутата, паводле дадзенага яму ад каманды прадпісаньня.

Разам цэркваў уніяцкіх ва ўсім Сеньненскім павеце трыццаць тры, якія ўсе мы наведалі. Да ўсялякай царквы зьбіраліся прыхаджане - папярэдне празь земскага спраўніка, каб, прыехаўшы, ня траціць часу; пры кожнай царкве чыталі ім загады, прадпісаньні, пыталіся пра свабодныя намеры іх да перамены веры ці, лепш сказаць, аднаго толькі перайменьня веры. Пераконвалі іх праз духоўнага дэпутата і не займелі ніводнай душы, жадаючай адстаць ад уніяцкай і прыстаць да грэка-расійскае царквы.

Калі ў Віцебску правялебны Ясафат Кунцэвіч-чаму прайшло ўжо гадоў каля 180, гэта значыць, у самыя смутныя для Расеі часіны - прапаведаваў веру ўніяцкую, тады, трымаючыся ўсе грэцкае веры, віцебскія жыхары забілі яго і кінулі ўніз гары, да ракі Дзьвіна. А цяпер нашчадкі іх, перавернутыя ў часе польскага кіраваньня ва ўніяты, прызнаюць яго за сьвятога сьвяшчэннапакутніка, штогод адзначаюць дзень ягонага забойства і клянуць у сваіх царкоўных песьнясьпевах ягоных забойцаў. Гэта значыць: яны клянуць сваіх прабацькоў, ад якіх атрымалі жыцьцё й спадчыну маёнтку, і клянуць цяперашніх грэка-расіянаў, пад чыім кіраваньнем працьвітаюць... Ды - даруй Божа - ці ня ўсе чалавекі ёсьць ахвяры падману, са словаў сьвятое даўніны: «непознаша, ннжё уразумеша, во тьме ходят!».

За тры тыдні, з праездам, вярнуўся я ў Магілеў і быў усюды ад губарнатара і ад архірэя абвешчаны бязбожнікам і непаслушнікам. Усе тыя, што ў губарнатара і архірэя штодзень абедалі, ахвотна таму верылі і згаджаліся; а пасьля іх уся кляса легкадумных паўтарала тое ж, так што Сеньненскі павет, уніяты й Дабрынін зрабіліся агульнай у горадзе погаласкай, ажно да тае пары, пакуль яна для сябе знайшла камень спатыкненьня, а менавіта: губарнатар неўзабаве атрымоўвае зь Пецярбурга ад генэрал-губарнатара прапанову наступнага зьместу:

«Я чытаў паведамленьне Вашае дастойнасьці, на якое запэўніваю Вас, што Дабрынін мне ня скардзіўся, а з вашых папераў, аб распараджэньні па справах уніяцкіх, знаходжу: што Дабрыніну, таксама і іншым, ня дадзена ані прагонаў, ані патрабаваных ім салдат. Дык чаму-ж, Ваша дастойнасьць, назвалі яго нядбайным, калі, наадварот, спраўнасьць ягоная і мне, і вам ужо вядомыя? Калі распараджэньні вашыя па гэтай справе не даведзены ці ня ўсе яшчэ даведзены да выкананьня, пасьпяшайцеся іх паправіць. Для аднолькавага ж дзеяньня прыкладаю вам копію з распараджэньня полацкага пана губарнатара, зь якой Ваша дастойнасьць угледзіце, між іншага, што пасланыя па справах уніяцкіх забясьпечаны прагонамі і кожны - трыма салдатамі».

(...)

Ужо праходзіць пераварочваньню ўніятаў 5 і 6 месяцаў, ужо заканчваецца год, ужо надышоў і другі, а пасланыя з паветаў не вяртаюцца; як, між тым, сапраўдныя іхныя пасады церпяць затрымку. Сёй-той даносіць: перавярнуў царкву, дзьве, тры. I, як толькі губэранскае праўленьне дастане такое паведамленьне, як раптам з процілеглага боку дастае іншыя - ад уніяцкага сьвятарства, ад прыхаджанаў, а староньнімі сьцежкамі і ад памешчыкаў - што ўніяты прымушаны пабоямі, што царква адбіта гвалтам, і інш., і інш. Пайшлі новыя дазнаньні, сэквэстры, скаргі ў праўленьне, скаргі проста ў сэнат, ад сэнату строгія патрабаваньні ад намесьніцкага праўленьня тлумачэньняў. I ў намесьніцкім праўленьні зрабілася цэлая паводка ўніяцкіх справаў. Тады ўсе загаварылі, не выключаючы й губарнатара: які прадбачлівы чалавек Дабрынін! З тога павету, дзе ён быў, няма ніводнае справы!

Наступнае дзеяньне таксама неспадзявана паслужыла ў маю карысьць: дырэктар эканоміі, будучы на пасадзе ў адным з казённых маёнткаў у Быхаўскім павеце, атрымаў там ад губарнатара даручэньне аб далучэньні да грэка-расійскае царквы ўніятаў, што пражываюць у сёлах, дзе ён знаходзіцца. З прычыны чаго дырэктар сабраў іх да царквы, чытаў, намаўляў, згаджаў; але, не дамогшыся згоды, разважыў прымусіць іх сілаю, як начальнік казённых маёнткаў, а яны супраць сілы ўсчалі крык, лямант, з чаго дырэктар эканоміі ўцяміў, што яны сярдзітыя. Некалькі зь іх узьбеглі на званіцу і ўдарылі на спалох. На трывогу зьбягаюцца хто хаваўся ў лесе і па асецях. Натоўп рос. Дырэктар эканоміі сыходзіць, даносіць губарнатару, што казённыя ўніяты ўзбунтаваліся, і просіць уціхамірыць іх збройнаю рукой.

Тады ў Магілеве кватаравала артылерыя. Яе начальнік маёр Амбразанпаў, на патрабаваньне губарнатара, дае яму гармату й кананіраў. Кананіры з гарматай рушылі праз горад на быхаўскую дарогу. Запяялі песьню; а праз колькі гадзінаў падняўся за імі, пасьля абедзеннага стала, і сам губарнатар Чарамісінаў, праведзены з пакояў застольнымі сябрамі і ўсёй сям'ёю, якая ўся зычыла яму, у сьлязах, шчасьлівае перамогі на бунтаўшчыкоў і пасьпяховага вяртаньня.

Дзеяньне й вынік паходу, увесь марш якога склаў вёрстаў зь лішкам на дваццаць,- былі такія:

Зьявіўшыся перад сялом, дзе царква ўніятаў, Чарамісінаў загадаў выпаліць з гарматы. Мужыкі, даведаўшыся прычыну нечуванага яшчэ імі грому, схаваліся са страхам і жахам, усе да аднае душы, у лясы і асеці. Губарнатар, выявіўшы пустое сяло, не знаходзіць з кім мець справу. Праходзіць другая палова дня, настае і мінае ноч. Ужо сонца на другі дзень сканчае першую палову дзённага шляху, а сяло пустое.

- Што нам рабіць,- кажа Чарамісінаў,- рана мы, браткі, стрэлілі! Ну, з кім буду я гаварыць? Каго ўціхамірваць? I каго наварочваць? Бяжыце паўсюль у розныя бакі, і ўсякага, з кім ні сустрэнецеся, каго ні знойдзеце і каго ні зловіце, упэўнівайце яго: што я нікога не застрэлю, толькі б яны ня білі ў набат і ў мяне.

Важкая і любамудрая прамова мела шчасьлівы посьпех. Мала-памалу сяляне пачалі сьцякацца і сабраліся да царквы. Губарнатар запытаў:

- Навошта вы бунтуеце?

Адзін выбраны імі стары, выступіўшы ўперад, адказаў:

- Ваша вялікая вялікасьць, сам цяпер бачыш, як мы бунтуем. Ты стрэліў, мы і спужаліся; ты загадаў нам сказаць, каб мы не баяліся і прыйшлі да твайго здароўя, мы не баімося, і мы цяпер перад тваёю міласьцю.

Губарнатар: - Навошта вы падымалі трывогу?

Мужык: - Не, мы званілі на нешпар [1]. Тады быў вечар з суботы на нядзелю, у чым пастаўляем сьведкамі свайго сьвятара і некалькі шляхты, што тады прыйшлі да царквы, Богу маліцца.

Губарнатар: - Навошта вы не паслухалі дырэктара эканоміі? Вера ўсё ж адна, тая ж хрысьціянская. Ен вас не яўрэямі хацеў зрабіць.

Мужык: - Добра, ваша, кажаш, што вера ўсё адна, тая ж хрысьціянская. А ці, ваша, пахваліў бы за тое, каб я ўзяў адзін крыж у рукі, а другі б кінуў пад ногі?

Губарнатар: - Дык чаму ж вам ня быць са мною адной веры?

Мужык: - Ты, сам здароў, ведаеш, чалавек ужо не малады! - паказваючы на губарнатарскія сівізны.- Каб табе загадвалі прыняць нашу веру, а ці захацеў бы ты быць уніятам?

Чарамісінаў распарадзіўся павярнуць гармату і тым жа шляхам і парадкам вярнуўся дадому, будучы задаволены, што ён у сілах быў і разагнаць і сабраць. Неўзабаве і за гэты подзьвіг атрымаў ён вымову зь Пецярбурга ад генэрал-губарнатара. Ад тае пары, калі дзе ў гасьцях заходзілі гарачыя спрэч- кі аб справах уніяцкіх, то, каб перарваць матэрыю, варта толькі мне сказаць: «я з гарматаю ня езьдзіў», і ўсё замоўкне з пашаны да губарнатара.



[1] Вячэрня.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX